№560
Неверагодны пераход і загадкавы аўтар
Slavamir Rawicz. The long walk. 1955. 240 бачын.
Кніга “The Long Walk” (“Доўгі пераход”) Славаміра Равіча (1915-2004), нашага земляка зь Пінску чытаецца зь цікавасьцю, вялікім напружаньнем і без перапынку. Кніга была напісаная пры дапамозе ангельскага журналіста Дональда Даўнінга і выдадзеная ў 1955 годзе. Кніга адразу сталася сэнсацыяй, і з таго часу было выдрукавана 500 000 асобнікаў на 25 мовах. У кнізе апісваюцца ўцёкі сяміасабовай групы зьняволеных зь лягеру ў Сібіры, якія за 12 месяцаў прайшлі пешкам прыблізна 6000 км. Ішлі яны праз Сібір, Манголію, Тыбэт, Гімалаі, каб дабрацца да Індыі. Арганізатарам і кіраўніком уцёкаў быў аўтар кнігі.
Паводле Равіча, ягоная сям’я мела маёнтак каля Пінска. Маці была “рускаю”, займалася ўпраўленьнем маёнтка. Бацька, паводле словаў аўтара кнігі, маёнткам асабліва не цікавіўся, а ягоным галоўным заняткам было мастацтва, маляваньне краявідаў. Яшчэ да вайны 1939 году Равіч быў паручнікам польскага войска і ўважаў сябе за паляка.
С. Равіч быў арыштаваны Саветамі 19 лістапада 1939 году ў Пінску. Сядзеў у турмах ў Пінску, Менску, Харкаве і ў Маскве на Лубянцы. Судзілі яго ў Маскве за шпіёнства на карысьць Польшы і прыгаварылі да 25 гадоў прымусовай працы ў лягеры. Таварным цягніком яго ды іншых зьняволеных павезьлі ў Іркуцк у лістападзе 1940 году. Адтуль пешкам павялі іх напоўнач у лягер № 303, які знаходзіўся на на паўднёвы-ўсход ад Якуцку. Лягернікі мусілі займацца лесарубкай.
Хутка па прыбыцьці ў лягер Равіч пачаў марыць пра ўцёкі. Падабраў сабе яшчэ шэсьць лягернікаў-аднадумцаў, якія пагадзіліся зь ягоным плянам. У гэтай групе былі: Равіч, два палякі, амэрыканец, латыш, летувіс і югаслаў. З кнігі вынікае, што аб плянах уцёкаў ведала... жонка камэнданта лягера! У сярэдзіне красавіка 1941 году яны ўцяклі зь лягера і накіраваліся пешкам у бок возера Байкал. Там да іх далучылася 17-гадовая полька Крыстына, і ужо васьміасабовая група абыйшла ўсходні бераг Байкала, каб патрапіць у Манголію.
У сярэдзіне чэрвеня 1941 году ўцекачы былі ўжо ў Манголіі. Манголы аднесьліся да іх вельмі добра: запрашалі дахаты на начлег, кармілі й давалі харчы на далейшую дарогу. Так як мэтаю групы была Індыя, то ім трэба было перайсьці пустыню Гобі, Тыбэт і Гімалаі. Па дарозе ад голаду і зьнясіленьня тры асобы памерлі, і адзін чалавек загінуў у Гімалаях. Такім чынам да Індыі змаглі дайсьці толькі Равіч, амэрыканец, латыш і югаслаў. Быў ужо красавік 1942 году.
У Індыі ўцекачоў прынялі ветліва і перадалі брытанскім вайсковым уладам. Прывезьлі іх у Калькутту і паклалі ў шпіталь на лячэньне і расьследаваньне. Равіч папрасіў, каб яго адправілі на Блізкі Ўсход, дзе ўжо было польскае войска. Амэрыканец паехаў да амэрыканскіх уладаў. Што сталася з латышом і югаславам, Равіч нічога ня піша.
Хутка пасьля выхаду кнігі ў 1955 годзе зьявіліся сумнівы наконт праўдзівасьці гэтага маршу-хадзьбы. У Лёндане падчас аўтарскага спатканьня Равіча з палякамі, якія таксама былі ў савецкіх лягерох, ён ня мог даць адказаў на заданыя яму пытаньні. Ангельскія крытыкі таксама мелі засьцярогі што да апісаньня некаторых эпізодаў у кніжцы.
Дык кім быў гэты закадкавы Славамір Равіч?
У газэце “Dziennik Polski” у Англіі ад 8 лістапада 2006 году быў артыкул А Сьвідліцкага, дзе ён напісаў пра ангельскага карэспандэнта Гью Левінсона, які займаўся расьследаваньнямі фактаў, апісаных у кнізе С. Равіча, і асобаю самога аўтара. Журналіст займаўся пошукамі толькі ў вайсковых архівах Лёндану і ў Пінску. Вось некаторыя ягоныя знаходкі:
- дакумэнты ў Лёндане паказалі, што Равіч уступіў у польскае войска ў СССР у 1942 годзе з імём Расьціслаў Русецкі-Равіч пасьля так званай амністыі для былых польскіх грамадзян, гэта значыць у час, калі, паводле кнігі, ён мусіў быць ужо ў Індыі;
- дакумэнты ў Лёндане былі супастаўленыя з дакумэнтамі ў Пінску, і такое параўнаньне паказала, што Русецкі-Равіч і Равіч – гэта адная і тая-ж асоба, бо даты народжаньня і іншыя дадзеныя аднолькавыя;
- у сьпісах лягернікаў у СССР няма імя Славамір Равіч;
- бацька Равіча быў не мастаком, а праваслаўным сьвятаром.
Калі маці Равіча (ці Русецкага-Равіча) народжанага ў Пінску была “рускаю”, а бацька праваслаўным сьвятаром, дык кім па нацыянальнасьці быў ён сам? Расейцам ці беларусам? Адказ на гэтае пытаньне могуць даць гісторыкі зь Пінску. У кніжцы Равіч уважае сябе за паляка і польскага патрыёта.
Варта тут успомніць, што ў 1942-43 гадох аўтар гэтай рэцэньзіі быў вучнем у юнацкай школе кадэтаў у Палесьціне, дзе вайсковыя заняткі вёў падафіцэр Русецкі родам зь Пінску. І гэта паводле архіўных дакумэнтаў. Шкада, што я тады не пазнаёміўся бліжэй з маім земляком зь Пінску.
Славамір Равіч ці Расьціслаў Русецкі-Равіч памёр у 2004 годзе ў Англіі ў горадзе Нотынгэм.
Міхась Швэдзюк
СКРАДЗЕНАЕ ЖЫЦЦЁ ВІТАЛЬДА ГЛІНСКАГА
6 лютага 2010
Галівуд зняў блакбастэр «Дарога дадому», у аснове якога — неверагодны лёс беларуса з Глыбоччыны.
Вясной у пракат выйдзе галівудскі фільм «Дарога дадому» (The Way Back) з Колінам Фарэлам і Эдам Харысам. У аснове сюжэта — неверагодная гісторыя ўцёкаў вязняў ГУЛАГа праз Манголію, пустыню Гобі і Гімалаі ў Індыю. Сцэнарый напісаны паводле кнігі Славаміра Равіча, ураджэнца Пінска. Яго «Доўгае падарожжа» (The Long Walk) пабачыла свет у Лондане ў 1955 годзе і было перакладзенае на дзясяткі моў.
Адным з тых вязняў, што збеглі з якуцкага лагера, быў, паводле кнігі, сам аўтар. Равіч піша, што пазней ён уступіў у армію Андэрса, ваяваў у Іране і Егіпце, а пасля вайны асеў у Вялікабрытаніі.
Там аўтар бестселера памёр у 2004 годзе.
А праз два гады грымнуў скандал: выявілася, што гісторыя была спісаная Равічам. Насамрэч з лагера ўцякаў іншы беларус — ураджэнец Глыбоччыны Вітальд Глінскі.
Ён зараз жыве ў англійскім графстве Корнуэл на марскім узбярэжжы. Просты чалавек, які ўсё жыццё будаваў аўтастрады. Толькі выпадкова праўда пра яго лёс выйшла на паверхню: сам Глінскі ніколі не даводзіў, што насамрэч ён, а не Равіч, герой «Доўгага падарожжа». Вітальд хацеў забыць увесь гэты жах. Падрабязнасцяў паходу праз Гімалаі не ведала нават яго жонка Джойс.
Сям’ю Вітальда арыштавалі ў Глыбокім у 1939 м, пасля прыходу савецкай улады. 16 гадовы хлопец атрымаў 25 гадоў лагера.
Праз маскоўскую Лубянку восенню 1940 года Глінскі трапіў у лагер №303, на паўночны захад ад Якуцка. Спачатку працаваў на лесапавале, потым, пасля траўмы, — у кузні. Жонка начальніка лагера неяк папрасіла яго парамантаваць радыё. На сцяне начальніцкага кабінета вязень пабачыў падрабязную карту Азіі. Відаць, тады і нарадзіўся план уцёкаў, ажыццявіць які ўдалося з пачаткам вайны, калі нагляд за вязнямі аслабеў.
Ноччу, у нялюдскую завею, Вітальд мінуў лагерныя вышкі. І пабачыў, што за ім па глыбокім снезе цугам ідуць яшчэ шэсць зэкаў. Ён сказаў ім, што будзе рухацца па дваццаць гадзін у дзень, пакуль не міне мяжу СССР. Калі нехта не згодны — можа вяртацца.
Да мяжы было 2,5 тысячы кіламетраў.
Так яны і пайшлі, след у след. Першы прабіваў снежную цаліну, апошнія замяталі сляды хваёвымі лапкамі.
Іх група была інтэрнацыянальная: здаравенны крымінальнік Батко — ці то беларус, ці то украінец, харват Зара — былы ўладальнік кавярні, таямнічы амерыканец Сміт, які працаваў да арышту інжынерам у Маскве, некалькі польскіх жаўнераў.
Пазней яны падабралі маладую дзяўчыну — Хрысціну Палонскую, што ўцякла з калгаса, баючыся пакарання за забойства гвалтаўніка. Дарогай яна памерла ад гангрэны.
Цяжкасці шляху — гарачыню, якая змяніла холад, смагу і голад, калі даводзілася піць мачу і есці змеяў, дарогі праз пустыні і горы — вытрымалі не ўсе. Да Індыі дайшлі Глінскі, Зара, Батко і Сміт.
Дзякуючы апошняму, падазроную кампанію не расстралялі брытанскія вайскоўцы ў Калькуце. Там жа скончылася іх неверагоднае падарожжа даўжынёй у 6,5 тысячы кіламетраў і працягласцю ў 11 месяцаў.
Трохі ачуняўшы ў індыйскім шпіталі, Глінскі запісаўся добраахвотнікам у польскую армію Андэрса. Праз Іран і Егіпет ён трапіў у Англію, удзельнічаў у высадцы саюзнікаў у Нармандыі, пасля вайны служыў у брытанскім акупацыйным корпусе ў Германіі. Урэшце, канчаткова перабраўся ў Вялікабрытанію. Шлях у родныя мясціны для ўцекача з ГУЛАГа быў заказаны.
Свае прыгоды Глінскі апісаў у спецыяльным рапарце, які падаў у польскае пасольства ў Лондане. Верагодна, там яго і знайшоў сярод іншых папер чыноўнік Славамір Равіч.
Вітальд Глінскі паўстагоддзя маўчаў пра тое, што Равіч стаў славутым, спісаўшы яго гісторыю. Хоць сюжэт «Доўгага падарожжа» трохі адрозніваўся ад рэальных падзей. Дый не ўсе удзельнікі ўцёкаў былі б радыя, калі б адкрылася праўда. Зямляк Батко, якога Глінскі пасля вайны спаткаў у Лондане, пагрозліва загадаў яму маўчаць — да вайны яго шукалі ў Польшчы за забойства. Відаць, жыў цяпер пад чужым імем і баяўся выкрыцця.
Праўда ўсплыла толькі ў 2006 годзе. Адкрыліся вайсковыя дакументы, паводле якіх зімой 1941 года Равіч служыў у Персіі і ніяк не мог уцячы з сібірскага лагера.
Журналіст BBC Х’ю Левінсан выявіў нестыкоўкі ў аповедзе Равіча і знайшоў сапраўднага героя тых падзей — Вітальда Глінскага. Зараз аб ім, як і аб Равічы, ствараюць фільм. Адно што дакументальны.
Вось такая гісторыя, у якой адзін ураджэнец Беларусі скраў жыццяпіс у іншага, а Галівуд зняў паводле яго фільм аб прыгодах паляка ў Сібіры.
Колін Фарэл у фільме “Дарога дадому”
Алесь Пілецкі паводле Newsweek, ды mirror.co.uk
Наша Ніва. Першая беларуская газэта, заснаваная ў 1906 г.
19 студзеня 2011. Гісторыя
16 каментароў:
чытачка напiсаў(ла) Люты 6, 2010 у 15:38
А ці па беларуску той прыгодніцкі раман быў выдадзены? Калі і дзе? І дзе яго можна набыць?
svb_absent напiсаў(ла) Люты 6, 2010 у 16:09
Спраўдны беларускі дзед, з выгляду
Уладзімер напiсаў(ла) Люты 6, 2010 у 17:38
“адзін ураджэнец Беларусі скраў жыццяпіс у іншага”
Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Сюжэт добра вядомы ў беларускім фальклёры: увішны жыд ашуквае рахманага беларуса.
Вось-вось напiсаў(ла) Люты 6, 2010 у 18:31
Пакуль беларусы крадуць адзін у аднаго гістарычную праўду, іншыя атрымліваюць дывідэнты.
так сабе напiсаў(ла) Люты 6, 2010 у 22:29
Спраўдны польскiі дзед, з выгляду
Максім. напiсаў(ла) Люты 6, 2010 у 22:51
Уладзіміру: Равіч быў беларусам. І ў яго кнізе «Dlugi marsz» насамрэч ягоная гісторыя. Мне не зразумела чаму так адбываецца...
Чытачцы: працы па выданню па-беларуску пачаліся ў Пінску у 2008 годзе пад кіраўніцтвам гісторыка Эдуарда Злобіна, які добра ведае гісторыю гэтай сям'і, але нажаль так і не завершаныя з-за спынення фінансавання...
Карт напiсаў(ла) Люты 7, 2010 у 11:48
Ну почему украл? История литературы знает массу случаев, когда писатели мифологизировали собственную биографию, переплетали подлинное с вымышленным. Советую посмотреть в ин-те информацию о Ежи Косинском (1933-1991), американском писателе польско-еврейского происхождения. Выдающийся случай того, что можно назвать “полной переменой декораций” в собственной жизни. Но ведь написал несколько бестселлеров, был главой американского ПЕН-клуба. Правда, кончил самоубийством.
józef III напiсаў(ла) Люты 7, 2010 у 11:56
Przecież to Polak a nie Białorusin !
mikola напiсаў(ла) Люты 7, 2010 у 12:25
kart@ tamu i skoncyu samagubstvam sto uvahodziu u pen-kliub...A kino gde pagliadet ,moza adrazu Halliwod padacca?
racologist напiсаў(ла) Люты 7, 2010 у 20:30
З выгляду дзед - класічны прадстаўнік так званае балтыйска-беламорскае малое расы: такое аблічча тыповае для беларусаў, літоўцаў, эстонцаў. А з палякаў хіба што мазуры. Асноўная маса палякаў выглядае інакш.
savos' напiсаў(ла) Люты 8, 2010 у 10:01
Мой дзед уцёк з финскага палону и пехатою ишоу з Финляндыи да Рэчыцы
Здань напiсаў(ла) Люты 8, 2010 у 15:51
józef III напiсаў(ла) Люты 7, 2010 у 11:56
Przecież to Polak a nie Białorusin !
Really? Have you checked damn DNA? How did you make "Polak" from Belarus? Is it just new KGB method?
to józef III напiсаў(ла) Люты 9, 2010 у 18:34
józef III, looks like you are just as much chauvinist and nationalist like Russians (just in a polish way). Now as you are part of EU, try to learn some impartiality and objectivity. Sick and tired of nationalists of any kind. I am glad, that the majority of my Polish friends are very friendly and civilized.
Daminik напiсаў(ла) Люты 10, 2010 у 13:45
так сабе напiсаў(ла)
Спраўдны польскiі дзед, з выгляду.
Ну і што там польскага? Тыповы мужчынскі твар Глыбоччыны!
Andrej напiсаў(ла) Люты 10, 2010 у 14:37
A ci mozna dac kankretnuju spasylku na artykuly u Newsweek, ды mirror. Cikava, chacu pacytac. Dziakuj
Witold напiсаў(ла) Студзень 16, 2011 у 15:25
Skąd redakcja powzięła informację że to był “беларус”
Прадмова
Калі мы сустрэліся ўпершыню, Славамір Равіч жыў у Вялікабрытаніі ўжо не менш за дзевяць гадоў. Ён быў палякам, адслужыў у брытанскім войску і пасяліўся ў адным з прамысловых графстваў сярэдняй Англіі, дзе вёў ціхае і сьціплае жыцьцё. Газэта, у якой я працаваў, — лёнданская “Dаіlу Маіl” — арганізоўвала ў той час экспэдыцыю ў Нэпал на пошукі еці, ці страшэннага сьнежнага чалавека, каторы, як вядома, водзіцца ў Гімалаях. З гэтай нагоды мяне накіравалі ў камандзіроўку ў Цюрых, дзе ў адным з пансіянатаў адпачываў кароль Нэпалу. Маёй задачай было паразмаўляць з адным са старэйшых нэпальскіх афіцэраў, генэралам Кайзерам. Гэта быў стары інтэлектуал і навукоўца сусьветнай велічыні, які верыў у існаваньне еці, аднак ніколі не бачыў тое легендарнае стварэньне на ўласныя вочы. Я таксама сустрэўся з некалькімі выбітнымі брытанскімі падарожнікамі, у якіх за плячыма была не адна выправа ў Гімалаі. Гэтыя людзі бачылі дзіўныя сьляды ног на высакагорным сьнезе, хоць ніколі не натыкаліся на істоту, якая магла б тыя сьляды пакінуць.
Тым часам да рэдакцыі “Dаіlу Маіl” дайшлі чуткі, што адзін паляк, які жыве ў Англіі, сутыкаўся некалі ў Гімалаях з дзіўнымі жывёламі, якія выглядалі дакладна так, як апісваюць еці. Я падумаў, што цяжка будзе апублікаваць размову з тым чалавекам, які пакінуў сям'ю за “жалезнай заслонай”. Я баяўся, што ён не дазволіць мне надрукаваць сваё сапраўднае імя і прозьвішча. Вось так я выехаў на Поўнач, нават не спадзеючыся на ўдалы газэтны матэрыял.
У першую чаргу я пазнаёміўся з місіс Равіч, яе звалі Мэры і яна была англічанкай. Муж з жонкай працавалі днём і ноччу, каб утрымліваць сваю маладую сям’ю, а калі Мэры пачала распавядаць пра містэра Равіча, я адразу зразумеў, што муж для гэтай жанчыны — самае дарагое ў жыцьці. Той часам распавядаў жонцы, што яму давялося перажыць, хоць былі такія факты, пра якія місіс Равіч магла б даведацца, толькі валодаючы польскай ці рускай мовай, таму што яе муж часта размаўляў ці нават крычаў штосьці страшнае па начах, калі яго наведвалі жахлівыя сны.
А потым я пазнаёміўся са Славамірам. ён быў сярэдняга росту, хоць па прычыне шчуплай будовы цела выглядаў вышэйшым. Містэр Равіч прывітаўся са мной холадна, але зычліва. Ён падаўся мне вельмі скрытным і ляканічным суразмоўцам, з нэрвамі, нацягнутымі нібы цеціва луку, паводзіў сябе як чалавек, які лічыць сьціпласьць найвялікшай цнотай. Я нікуды не сьпяшаўся, таму мог доўга чакаць, пакуль містэр Равіч нарэшце расслабіцца. Я ведаў, што спачатку ён мусіць скласьці добрае ўражаньне пра маю асобу, а толькі потым вырашыць, распавядаць пра свае прыгоды ці не.
Праз некалькі гадзін паляк пачаў выкладваць усё па парадку ад самага пачатку. Містар Равіч, быў чалавекам скрупулёзным і дакладным ад прыроды, таму настойваў, што спатканьне з дзіўнымі стварэньнямі Гімалаяў было толькі маленькім інцыдэнтам, які зьяўляўся часткай значна большай і важнейшай гісторыі, якая падалася мне жахлівым і сумным апавяданьнем нават у скарочанай форме. Глыбокае ўражаньне пакінулі ўва мне сіла духу і шчырасьць Равіча. Пра тое, што бачыў і перажыў, ён казаў спакойна і ўпэўнена. Мы размаўлялі да самага ранку і скончылі, толькі калі ўжо ўзышло сонца і дагарэлі апошнія дровы ў коміне.
Праз пэўны час я нанёс містэру Равічу паўторны візыт. Я прагнуў пераканаць яго, што неабходна напісаць кнігу. Той згадзіўся, але пад умовай, што я сам запішу ягоныя ўспаміны на паперы. Так і ўзьнік наш творчы тандэм.
Сумесная праца не заўсёды працякала без спрэчак. Равіч памятаў шмат розных акалічнасьцяў, якія трымаў у галаве пад замком, вырашыўшы лепей пра іх забыць, чым раскрывацца незнаёмцу. Ён хаваў у сабе тыя злыя ўспаміны на працягу многіх гадоў і цяпер баяўся пра іх распавядаць, таму не без ваганьняў пачаў ачышчаць сваю памяць ад даўно перажытых імгненьняў, якія гадамі знаходзілі выйсьце толькі ў начных кашмарах. Так, кожны трэці ўік-энд я праводзіў у таварыстве Равіча. Мы размаўлялі доўгімі начамі. Сустракаліся мы рэгулярна, на працягу цэлага года, і за гэты час я яго дасканала вывучыў. Яго ламаная англійская часта не зусім адпавядала вызначаным намі мэтам, таму мы працавалі, трымаючы пад рукой польска-англійскі і руска-англійскі слоўнікі.
Калі надышоў завяршальны этап нашых сустрэч, я заўважыў, што Равіч стаў зусім іншым чалавекам. ён скінуў з душы вялікі цяжар успамінаў і нібыта адшукаў унутраную раўнавагу. На яго твары ўсё часьцей можна было заўважыць усьмешку.
Калі казаць праўду, стары жаўнер не быў надта эмацыйным лектарам, памятаю, аднак, што прынамсі тры разы яму адмаўляла вытрымка і Славамір пачынаў плакаць. Спадзяюся, што рэдкія гарачыя сьлёзы з ягоных вачэй здолелі змыць хоць некаторыя з тых прыгнятальных выяваў мінулага, якія пужалі аўтара, як прывіды, шмат гадоў.
Рональд Даўнінг.
Лёндан, люты 1956 г.
[С. 4-5.]
********
********
VI. Канец падарожжа
Гэта было хіба пад канец студзеня 1941 года, мы пакаралі Сыбір ужо сорак дзён. Якраз тады трэцяя, і наймацнейшая, бура напала на нас з поўначы, цалкам спыніўшы канвой. Мы прайшлі каля васьмісот міль ад Іркуцка, пераправіўшыся праз дзьве вялікія ракі — Віцім і магутную Лену. Абедзьве былі скаваныя лёдам і нагадвалі шырокія, гладкія дарогі, што праляглі на неабсяжных сыбірскіх раўнінах. Цяжка было паверыць, што нашыя грузавікі загразнуць надоўга і наш павольны, але бесьперапынны рух будзе спынены. Захінаючы твары ад уколаў сухога і вострага сьнегу, жаўнерам разам з вязьнямі прыходзілася ўвесь час выкопваць з-пад сьнегу першы грузавік. Аж пакуль не настаў момант, калі нават наймацнейшыя людзкія намаганьні сталі бессэнсоўнымі ў змаганьні з сіламі прыроды. Доўгая гадзюка машын і людзей зашыпела і спынілася.
Падчас усяго падарожжа грузавікі мяняліся па чарзе. Калі гучаў загад, кіроўца першай машыны зьяжджаў убок, цягнучы за сабой прыкаваных да ланцуга вязьняў, і чакаў, пакуль яго не міне ўвесь канвой, пасьля чаго займаў месца за апошнім грузавіком. Тэрмін службы ў галаве калёны залежаў ад якасьці дарогі і надвор’я. Мы знаходзіліся на нейкай галоўнай шашы. Уздоўж яе нават беглі тэлефонныя слупы, драты на якіх правісалі ад сьнежнага цяжару. Але мы мелі мала карысьці з той няроўнай магістралі, калі яна вяла праз адкрытыя ўзвышшы, па якіх гуляў вецер, насыпаючы велізарныя гурбы, а кіроўцы за стырном не маглі нічога разгледзець праз белую сьцяну віруючых шматкоў сьнегу. Нашая група разьмяшчалася на пятай ці чацьвёртай пазыцыі ад галавы. Каля нас старшыня канвою, агледзеўшы ўмовы наперадзе, зладзіў нараду са сваімі афіцэрамі. Не ведаю, ці прадугледжвалася хоць калі-небудзь магчымасьць поўнай затрымкі канвою. Я бачыў толькі тое, што рускія на нарадзе выглядалі вельмі заклапочанымі. Павярнуўшыся сьпінай да ветру, яны размаўлялі некалькі хвілін, пасьля чаго сувязны асьцярожна залез на тэлефонны слуп і падключыў да дроту свой пераносны апарат. Калі зьлез, афіцэры паслухалі яго даклад, ківалі галовамі выражаючы згоду, і разышліся па сваіх месцах. Мы стаялі на шашы і назіралі за невялікім патрулём, які адправілі на пошукі непрадзімаемага месца для лягера.
Праз паўгадзіны нас вызвалілі з кайданоў і адправілі далей па дарозе. Мы танулі ў сьвежым сьнезе, вязьні, якія ішлі першымі, з цяжкасьцю пратоптвалі ў ім сьцежку. Грузавыя машыны паўзьлі за намі. Мы ваявалі са сьнегам яшчэ цэлую мілю, аж пакуль паласа лесу не падаравала нам блаславёны прытулак. Мы нават неяк здолелі распаліць вогнішчы, сотні вогнішчаў, і падкідвалі дровы ўсю ноч, каб не загінуць ад холаду. Здавалася, што завея вырашыла нас зьнішчыць. Людзі штурхаліся і імкнуліся заняць месца як мага бліжэй да агню. Некаторыя дурні, насуперак асьцярогам, пачалі грэць над агнём абмарожаныя рукі. Пазьней яны курчыліся і вылі ад болю, які быў выкліканы хуткім вяртаньнем крыватоку. Седзячы каля вогнішча, прыходзілася пэрыядычна пераварочвацца, бо хоць полымя і сагравала нам рукі, твар і пярэднюю частку тулава, але сьпіна хутка прамярзала. Нельга было спаць. Калі хтосьці з тых, хто сядзеў бліжэй да агню, правальваўся ў сон, суседзі моцна яго штурхалі і будзілі. Заснуў — значыць, найпраўдападобней, не прачнесься ўжо ніколі.
Завіруха трывала 24 гадзіны і цалкам засыпала грузавікі. Толькі дзякуючы вогнішчам і палявой кухні, якая ўсё яшчэ функцыянавала, мы пратрымаліся і выжылі. Купіны доўгай вострай травы, якія на працягу ўсяго паходу сустракаліся нам каля дарогі, гнуліся, хвасталі і скручваліся, сьвісьцеўшы мацней за вецер, нібы прыродныя пугі. Сьнег шыпеў і сквірчэў, калі падаў у агонь. Мы хавалі далоні ў рукавы фуфаек, а каб не адмарозіць ногі, тапталіся на месцы. Усе думалі толькі аб адным: ці выйдзем мы адсюль жывымі.
Калі завея заціхла і пайшоў лёгкі сьняжок, мне падалося, шго ў лесе запанавала поўная цішыня. Праз імгненьне да маіх вушэй пачалі даносіцца гукі лягера і гоман ціхіх размоў. Паміж дрэў яшчэ гудзеў вецер, але гэты гук быў нічым у параўнаньні з пранізваючым енкам, які мы слухалі ўвесь апошні час. Не памятаю, як доўга мы хаваліся ў тым лесе. Здавалася, што цэлую вечнасьць, але насамрэч стаялі там не больш чым два дні. Настаў доўгачаканы ранак, чысты і празрысты той незвычайнай празрыстасьцю, якая здараецца толькі ў сонечны дзень сыбірскай зімы. Пры такім надвор’і людзі дыхаюць клюбамі пары, а прастора праглядаецца на многія мілі. Рускія афіцэры паглыбіліся ў гутарку. Час ад часу глядзелі ў тым кірунку, адкуль мы прыйшлі, і правяралі час па гадзіньніках. Панаваў настрой чаканьня чагосьці важнага, што мела хутка настаць. Адны мы не ведалі, што нас чакае, расла цікаўнасьць і ўзмацнялася напруга.
Спачатку да нас даляцелі пакрыкваньні людзей. Усе павярнулі галовы ў той бок. Мы стаялі з напружанымі вачыма, аж пакуль першыя рогі не паказаліся на ўзвышшы за паўмілі.
— Алені, — не разумелі нічога разгубленыя вязьні. — Паўночныя алені з санкамі.
І сапраўды, мы разгледзелі дзесяткі аленяў, запрэжаных па двое, трое і нават па чацьвёра ў санкі, якімі кіравалі маленькія людзі з карычневымі і па-мангольску прыплюснутымі тварамі. Гэта былі асьцякі [* Асьцякі — агульная назва карэнных народаў Сыбіры: хантаў, кетаў, югаў.] — прымітыўныя пастухі, якія качавалі па сыбірскім стэпе. Іх выгляд быў для нас настолькі новым і казачным, што вырваў з апатыі і дазволіў на кароткі час забыць пра ўсе няшчасьці.
—А хай іх халера!.. — прыкрыкваў хтосьці каля мяне весела. — Вы толькі паглядзіце на іх!
Новыя твары, новае відовішча, новыя гукі... Незразумелая мова асьцякаў, распраганьне аленяў, якія, пачуўшы волю, адразу пачалі шукаць моху пад тоўстым сьнежным слоем, — гэта ўсё надоўга прыцягнула нашую ўвагу. Гэта была сапраўдная сэнсацыя ў тым асяродзьдзі і ўмовах, у якіх, як нам здавалася, нічога новага і цікавага здарыцца ўжо не можа. Мой сусед доўга не мог надзівіцца папаўненьню.
Асьцякі хуценька выпраглі аленяў. Збруя складалася з грубых доўгіх лейцаў з неапрацаванай аленевай шкуры, хамута і крывых аглобляў, якія зьяўляліся працягам бартоў простых, драўляных санак. Тыя санкі былі засланыя сабалінымі шкурамі і футрам. Асьцякі ўзялі свае торбы з ссабойкамі і падселі да нашых вогнішчаў, дзе мы якраз зьбіраліся пасьнедаць ранішняй порцыяй хлеба і гарбаты. Абарыгены былі апранутыя ў цёплыя мехавыя самаробныя шубы, глядзелі на нас са спачуваньнем сваімі хуткімі вузкімі вачыма.
З адным з іх я паспрабаваў паразмаўляць па-руску. Яму магло быць каля шасьцідзесяці гадоў, а мог мець і трыццаць, цяжка было адгадаць узрост па тых абветраных мангольскіх тварах. ён адказаў мне, што жаўнеры Чырвонай арміі прыбылі да іхняй зімовай стаянкі, якая знаходзілася ў ста мілях адсюль, і загадалі выяжджаць. Асьцякам гэта не вельмі спадабалася, але не мелі выбару, таму калі ўжо вырушылі. то хутка пераадолелі дыстанцыю, якая нас разьдзяляла. У кожных санках везьлі двух жаўнераў. Таксама ён распавёў мне пра паўночных аленяў. Я даведаўся, што на іх не так проста езьдзіць верхам, нельга проста сесьці аленю на сьпіну, бо яна вельмі слабая. Затое яны маюць вельмі моцныя шыі і плечы, асьцякі ведаюць, як трэба сядаць, каб не замучаць зьвера. Мой суразмоўца назваў сваё імя, але яно гучала так непадобна на ўсе заходнія ці рускія імёны, што я яго не запомніў.
Пасьля я сустрэўся з тым чалавекам. Ды і сам ён таемна шукаў майго таварыства, хоць у нас было вельмі мала агульных тэмаў для размовы. ён разважаў з цяжкасьцю, а фармулёўка закончаных сказаў патрабавала вялікіх намаганьняў. Ён называў нас, як і астатнія асьцякі, няшчаснымі. Традыцыйна, яшчэ з царскіх часоў, мы былі для яго народа “няшчаснымі” — рабамі рэжыму, які ва ўсе часы намагаўся вывезьці з Сібіры яе прыродныя багацьці з дапамогай бескаштоўнай працы палітычных вязьняў — людзей, якія не жадалі кланяцца чарговым тыранам.
— Мы заўсёды былі вашымі сябрамі, — казаў стары. — З даўніх-даўніх часоў, калі не нарадзіўся яшчэ мой бацька, ані бацька майго бацькі, мы заўсёды выстаўлялі на ноч перад нашымі юртамі ежу для вандроўных “няшчасных”, якія ўцякалі з катаргі і не ведалі, куды падацца. І я таксама памятаю той звычай пакідаць ежу на ноч, бо я ўжо вельмі стары чалавек.
— Ці тыя людзі, такія, як мы, — запытаў я, — ва ўсе часы спрабавалі ўцякаць ад рускіх?
— Людзі моцныя і маладыя, якія ненавідзяць няволю, заўсёды спрабавалі ўцякаць, — адказаў асьцяк. — Думаецца мне, што і ты паспрабуеш.
Уцёкі. Я паўтараў гэтае слова шмат разоў. З часоў разьвітаньня з Лубянкай мяне ніколі не пакідалі думкі пра ўцёкі. “Так, стары асьцяк мае рацыю, — падумаў я. — Маладыя і дужыя людзі, якія не жадаюць гінуць, мусяць думаць пра ўцёкі”.
“Крок управа, крок улева...” — рускія таксама пра гэта ведаюць. Але толькі вар’ят мог без жартаў дадумацца бегчы з гэтага паўночнага лядовага шляху. Калі б нават атрымалася пазьбегнуць кулі ахоўніка — што стала верагодным, калі дысцыпліна аслабла і жаўнераў, як і ўсіх, хвалявала толькі ўласнае выжываньне ў гэтым пякельным маршы, — чым бы харчаваўся аслаблены і галодны чалавек у гэтым скаваным зімой краі? Аднак стары пастух аленяў натхніў мяне ідэяй, да якой я вярнуўся трошкі пазьней: катаржнікі спрабавалі ўцякаць.
Ён распавядаў мне таксама пра жыцьцё свайго народа, пра зьвяроў і іх каштоўныя футры, пра аленяў, якіх асьцякі так пяшчотна даглядалі.
— Раней, — пажаліўся асьцяк мне, — мы мелі стрэльбы і маглі паляваць. Але бальшавікі забралі нашыя стрэльбы, і цяпер мы вымушаныя лавіць зьвяроў сілкамі.
У дзень старту паходу за санкамі агульны сьмех выклікалі пратэсты аднаго асьцяка, да санак якога, запрэжаных чатырма аленямі, было загадана прычапіць палявую кухню. Кухня складалася толькі з катла і печы і не была такой ужо цяжкай. Аднак асьцяк заявіў, што яго зьвяры ніколі не пацягнуць такога цяжару. Непрабіваемыя савецкія кухары прымацоўвалі кухню да санак, пакуль мы весела назіралі за ўсім гэтым відовішчам. Мы спачувалі асьцяку, непакоіліся, што, магчыма, яго пратэсты зьяўляюцца апраўданымі. Але ўсё прайшло добра, і мы павалачыліся наперад за нацягнутым ланцугом, які на гэты раз быў прычэплены да санак. Палявая кухня таксама паехала з намі, што мы прынялі з вялікай палёгкай. Частка жаўнераў засталася пры засыпаных сьнегам грузавіках. Я нават з жалем разьвітваўся з тымі вялікімі машынамі, якія выклікалі павагу і давер. Што з імі сталася далей, не ведаю. Напэўна, жаўнеры здолелі іх адкапаць і вярнуць гаспадарам, альбо, можа, ім на дапамогу прыгналі калгасныя трактары.
Алені разбурылі ўсю манатоннасьць паходу. Раней, калі ішлі за грузавікамі, мы глядзелі толькі сабе пад ногі, цяпер жа больш сачылі за махнатымі азадкамі аленяў ці за іх шырокімі рагамі. Мы навучыліся запавольваць тэмп, трэба было ўсім разам нахіліцца назад і пацягнуць ланцуг. Гэтую штуку мы вынайшлі падчас пераправы праз невялікую рачулку, якую зашчамілі абрывістыя берагі. Адзін алень пасьлізнуўся і пачаў падаць, іншыя перайшлі на галёп, каб таго дагнаць, што выклікала замяшаньне ў нашых шэрагах. Жаўнеры крычалі на вазьніцаў, каб супакоілі сваіх жывёл, а мы былі хутчэй задаволеныя агульным балаганам і ўсім нашым цяжарам стрымалі сані і не далі ім разагнацца. Яны бліскуча зьехалі на рачны лёд, але пераправа на другі бераг адбылася ўжо ў запаволеным тэмпе. Бедныя жаўнеры яшчэ гадзіну ніяк не маглі навесьці парадак у калёне пасьля таго цыркавога майстар-клясу па дрэсуры паўночных аленяў.
Цяжкасьці падарожжа ні на троху не зьменшыліся, і ўсё болей людзей падалі ад стомы, здаралася, што падалі нават жаўнеры. Яны мусілі цяпер самастойна сутыкнуцца з тымі цяжкасьцямі, на якія выраклі нас. Хоць яны і былі нашмат цяплей апранутыя, чым мы, і лепей харчаваліся — яны атрымлівалі кожны дзень акрамя хлеба і гарбаты яшчэ кансэрваванае мяса і суп з гародніны. Але акрамя камандуючага і хворых нікому не дазвалялася ехаць на санках. Мы ішлі адзін за адным пры ланцугах, а жаўнеры мусілі самастойна пратаптаць сабе сьцежку. Сярод вязьняў гэтая праца падала толькі на тых, хто ішоў за першымі санкамі, астатнія шпацыравалі па шырокай дарозе, як па бульвары. Акрамя таго, шмат жаўнераў былі родам з паўднёвых рэспублік.
Тыя першы раз у жыцьці перажывалі суворую паўночную зіму.
Лепей за ўсіх радзілі сабе асьцякі. Для іх была непрывычнай роля, якую прыходзілася выконваць, але ніяк не прыродныя варункі. Яны спачувалі нам, аднак былі ўпэўненыя, што чым хутчэй давязуць нас да месца прызначэньня, тым будзе лепей для нас. Незалежна ад тэмпу і надвор’я мы пераадольвалі дыстанцыю з прыблізнай хуткасьцю ў дваццаць міль за дзень. Жаўнераў аленяводы недалюблівалі. Паважалі іх толькі за тое, што мелі бляшанкі ад кансэрваў, якія вайскоўцы, згодна з загадам, старанна хавалі. У гэтай любові да бляшанак быў бачны ўвесь прымітывізм жыцьця асьцякоў. Мэталічных прадметаў ім не хапала, затое футра мелі — аж печ палі. Таму кухары таемна выменьвалі ў іх пустыя бляшанкі за скуры. Такі абмен бляшанкамі ад кансэрваў на собаля быў выгадны для абодвух бакоў, а для нас лекцыяй, наколькі адноснае разуменьне ўсіх каштоўнасьцяў. Бляшанкі павінны былі служыць кухонным начыньнем — каштоўны падарунак для сваёй кабеты пры вяртаньні дадому.
Наш халерны паход сунуўся наперад яшчэ больш за тыдзень. Мы маршыравалі пераважна па адкрытай прасторы, заўсёды далёка абмінаючы заселеныя мясцовасьці. Ланцуг, які валачыўся ў сьнезе за кожнай групай вязьняў, нагадваў пра тых, што загінулі за час падарожжа. Кожны дзень нехта паміраў. Вязень, перад якім вызвалялася пустое месца, перасоўваўся наперад, каб яго запоўніць. Даўжынёй вольнага ланцуга на канцы кожнай групы зьняволеных можна было мераць панесеныя ёй страты. Каб зьменшыць супраціў, апошняя двойка несла канец ланцуга пад пахамі. За выключэньнем хворых і старых, усе па чарзе займалі тое найгоршае месца на канцы парнай калёны.
На восьмы, а можа і на дзевяты, дзень пасьля замены грузавікоў на аленяў мы заўважылі з пагорка велізарны лес, які цягнуўся на гарызонце непарыўнай лініяй, куды толькі сягала вока. Хутка мы дацягнуліся да яго ўскрайку і сталі на досыць шырокі тракт, які вёў у глыб тайгі. Лес бараніў ад вострага ветру і дазваляў ноччу спакойна адпачыць. Мы заўважылі, што жаўнеры павесялелі. Як аказалася, яны радаваліся хуткаму прыбліжэньню канца нашай выправы. Мы ішлі яшчэ два дні ад сьвітанку да закату. Сьмяротна стомленыя людзі адшукалі рэшткі сіл у прадчуваньні апошніх гадзін дарогі. Пад вечар другога дня мы выйшлі на вялікую паляну, якая была выкарчаваная пасярод тайгі. Перад намі блішчэла сьвятло, і чуліся галасы людзей.
Гэта і было месца нашага прызначэньня: лягер 303 на паўночным беразе ракі Лены і, як я вылічыў, дзьвесьце аба трыста міль на паўднёвы захад ад сталіцы паўночнай Сбіры, Якуцка. Гэта адбылося ў першыя дні лютага 1941 года. Памятаю, як мы, сані за санямі, набліжаліся да масіўнай галоўнай брамы з тоўстых абчасаных бярвёнаў, як нас вызвалялі з кайданоў, як дзіўна адчуў я сябе ў бясьпецы, калі разам з іншымі вязьнямі швэндаўся па агароджанай тэрыторыі. Магу ўзгадаць і першую вячэру, якую ўразнастаіў суп з варанай рэпы. Мы разьвялі вогнішчы на месцы, якое аказалася пазьней нашым пляцам для збору. Да сёньняшняга дня чую гук майго прозьвішча, якое крычалі, калі правяралі сьпіс зьняволеных. Мы сядзелі каля траскучага вогнішча плячо ў плячо з Грачыніным, троху размаўлялі, я часта правальваўся ў дрымоту, уставаў, каб расхадзіць занямеўшыя канцавіны. Мае хворыя ногі прайшлі болей за тысячу міль, каб дабрацца да гэтага месца ад самага Іркуцка. Я зьдзіўляўся сам сабе, і, калі не ўлічваць поўную страту сіл, быў нават шчасьлівы. Скончыўся найцяжэйшы этап у два месяцы пешага маршу. Што бы там нас ні чакала наперадзе, але заўтрашні дзень не мог быць горшым.
Хворыя, сонныя, стомленыя — з прывычкі мы паўставалі на ногі адразу на сьвітанку. Некаторыя вязьні былі настолькі хворыя, што прыходзілася іх падымаць. Асьцякі з аленямі ад’ехалі яшчэ ноччу. Пачынаўся першы дзень майго жыцьця ў савецкім лягеры.
VII. Жыцьцё ў лягеры 303
Расьсеяўся ранішні туман, і настаў марозны, ясны дзень. У сонечным сьвятле я пачаў разглядаць месца, дзе мне было прызначана правесьці наступныя 25 гадоў жыцьця. Агароджаны лягер меў форму прамавугольніка, даўжыня якога раўнялася мілі, а шырыня прыблізна паўмілі. У кожным куце над агароджай узносілася вартавая вежа, якая стаяла на высокіх магутных слупах і была ўзброеная кулямётам. Галоўная брама знаходзілася ў заходнім карацейшым баку. У гэтай частцы лягера разьмяшчаліся баракі жаўнераў, кухня, склады і адміністрацыйныя блёкі. Прыблізна пасярэдзіне тэрыторыі лягера прабягала агароджаная паласа зямлі, якая аддзяляла вязьняў ад жаўнераў. Ні адзін вязень не мог без дазволу зайсьці на гэтую паласу бясьпекі.
Ад навакольнага лесу нас аддзялялі тыповыя ўмацаваньні савецкіх лягераў. Калі глядзець знутры, першую перашкоду складала непарыўная лінія сьпіралі калючага дроту. За дротам быў выкапаны сухі роў глыбінёй каля сямі футаў. Яго ўнутраны бераг быў нахілены пад кутом у трыццаць градусаў, але затое зьнешні ўзносіўся рэзка вэртыкальна ўвышыню. Далей ішоў першы з двух платоў вышынёй каля 14 футаў. Унутраныя бакі платоў былі зноў абматаныя калючым дротам. Паміж платамі ішла сьцежка, якая злучала будкі аховы пры галоўнай браме з усімі чатырма вежамі. Па гэтай сьцежцы прагульваўся ўзброены патруль. Па начах патрульныя бралі з сабой вартавых сабак, якіх трымалі ў клетках недалёка ад заходняй брамы.
З нашым натоўпам прыблізна ў чатыры з паловай тысячы чалавек зьмяшаліся вязьні, якія ўжо даўно прапісаліся ў гэтым лягеры. Іх было каля тысячы. Большасьць складалі фіны. Яны жылі ў чатырох вялікіх бараках, што стаялі на ўсходняй палове лягера. Тыя баракі былі ў даўжыню каля 80 ярдаў і ў шырыню каля 11. Яны былі збудаваныя з ачасаных бярвёнаў. Разьмяшчэньне баракаў адпавядала агульнаму пляну лягера — кароткія бакі былі скіраваныя на захад і ўсход. Дзьверы з маленькім ганкам знаходзіліся на доўгім паўднёвым баку, каб абараніць жыхароў ад ветру і дажджу. Мы зарыентаваліся, што баракі на дадзены момант ужо перапоўненыя, таму для новапрыбылых не знойдзецца тут месца пад дахам.
Раптам мы пачулі загад станавіцца ў чаргу па ежу. Доўгай калёнай мы паўзьлі да адчыненага акенца кухні, якая стаяла зьлева ад лягернай брамы. Мы атрымалі, як звычайна, гарачую гарбату і хлеб. Кожны імкнуўся выпіць гарбату як найхутчэй і праз другое акенца вяртаў бляшаны кубак. Гарачага напою было досыць, але падчас усяго майго побыту ў лягеры заўсёды бракавала начыньня, не толькі кубкаў, але і драўляных місак для супу.
Тым часам на сярэдзіне зборнага пляцу жаўнеры ўсталявалі пераносную драўляную трыбуну і па загадзе афіцэраў сталі вакол яе. Другая частка жаўнераў зганяла вязьняў і цесным натоўпам ставіла насупраць трыбуны. Хутка падышлі два палкоўнікі разам з узброенай аховай. Адзін з іх падняўся на трыбуну. Я стаяў у першых шэрагах, таму мог дасканала яго агледзець. Гэта быў худы элегантны мужчына, ён меў сівыя скроні і старанна пастрыжаныя вусы. На прадаўгаватым твары ад вуснаў да падбародка з ямачкай цягнуліся дзьве глыбокія зморшчкі. З усёй гэтай постаці біла халодная ўпэўненасьць у сабе, характэрная для вышэйшага камандаваньня, што прызвычаілася раздаваць загады. Тыповы прафэсійны старшы афіцэр, які пасаваў бы да войска любой краіны. ён стаяў спакойна і без усялякага хваляваньня перад натоўпам разгневаных мужчын, якія, гэта добра адчувалася, ненавідзелі ўсіх рускіх, не зьвяртаючы ўвагі на званьні. Сярод вязьняў быў чутны шэпт саркастычных камэнтараў. Калі палкоўнік паволі павярнуў галаву, каб акінуць усіх позіркам, запанавала поўная цішыня.
Ён выступаў па-руску, выразна і досыць груба.
— Я палкоўнік Ушакоў і зьяўляюся камэндантам гэтага лягера. Вы прыбылі сюды, каб працаваць, таму буду патрабаваць ад вас самаадданай працы, а таксама паслухмянасьці. Не буду казаць пра пакараньні, бо, спадзяюся, ведаеце, што вас чакае ў выпадку неадпаведнага захаваньня. Перш за ўсё мы мусім забясьпечыць вас прытулкам. Таму вашым першым заданьнем будзе пабудова ўласных баракаў. Ад хуткасьці вашай працы залежыць тое, як хутка атрымаеце дах над галавой. Ваш лёс цалкам знаходзіцца ў вашых руках. У кожнай групе ёсьць людзі, якія мараць, каб за іх працавалі іншыя. Лянівых я шкадаваць не буду, а вы і самі зацікаўленыя пільнаваць, каб кожны прыняў удзел у гэтай працы. Спадзяюся, што ў мяне з вамі не будзе ніякіх клопатаў. Я пастараюся выслухаць кожнага, хто зьвернецца са скаргай, і зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб яму дапамагчы. Тут няма дактароў, але ёсьць жаўнеры, якія вучыліся аказваць першую дапамогу. Тыя, хто ў паходзе захварэў і не можа працаваць, будуць разьмешчаныя ў старых бараках, астатнія пойдуць будаваць новыя. Гэта ўсё, што я хацеў вам сказаць.
Як толькі Ушакоў спусьціўся на зямлю, яго месца на трыбуне адразу заняў другі палкоўнік. ён не падымаўся па прыступках, а амаль заскочыў на подыюм з лісіным спрытам. У ім не было той паважнай стрыманасьці, якая выдзяляла Ушакова. У адрозьненьне ад камэнданта малады палкоўнік падкрэсьлена хваліўся сваёй уладай. Быў апрануты нават лепей за камэнданта: насіў куртку, падбітую футрам, і высокія, беззаганна вычышчаныя боты з добрай скуры. ён быў настолькі малады, што лёгка мог аказацца сынам Ушакова. Я цяпер не прыгадаю ягонага прозьвішча, але тады мусіў яго ведаць, бо быў нашым палітычным афіцэрам. Усе называлі яго проста Палітруком. Ён прыглядаўся да нас з лёгкай пагардлівай усьмешкай, хітры і задаволены сабой. Вязьні неспакойна варушыліся і чакалі нечага незвычайнага. Палітрук пачаў гаварыць, як сяржант, — абразьліва і нястрымана.
— Паглядзіце на сябе, — сказаў ён, лёгка прыпадняўшы плечы і паклаўшы рукі ў пальчатках на пояс. — Выглядаеце, як статак жывёл. Вы толькі паглядзіце самі на сябе! І гэта тыя цывілізаваныя людзі, якім здавалася, што могуць кіраваць сьветам! Ці зразумелі вы нарэшце, якія бязглузьдзіцы запіхалі вам у галаву?
Палкоўнік зрабіў паўзу, каб узмацніць эфэкт сваёй прамовы. Знайшоўся зухвалы вязень, які скарыстаўся заслонай натоўпу і адважыўся адказаць Палітруку.
— А як мы можам іначай выглядаць? — запытаў ён гучна. — Не даяце нам пагаліцца, няма ні мыла, ні нават чыстай вопраткі!
Палітрук разьвярнуўся ў яго кірунку:
— Калі яшчэ раз мяне хто-небудзь пераб’е, то я загадаю паменшыць порцыю ежы.
Ніхто больш яму ўжо не адказаў.
—Патрымаем вас тут нейкі час, — працягваў ён далей, — і, па загадзе таварыша Сталіна, зробім з вас яшчэ сьвядомых грамадзян. Той, хто не працуе, — той не есьць. Маім заданьнем зьяўляецца дапамагчы вам хутчэй стаць на правільную дарогу. Жыцьцё ў лягеры — гэта не толькі фізычная праца. Таксама можаце слухаць мае лекцыі, якія навучаць вас думаць правільна. Яшчэ ў нас маецца дасканалая бібліятэка, якой можна карыстацца пасьля заняткаў.
Больш-менш у тым самым стылі наш Палітрук прамаўляў яшчэ каля гадзіны, аж пакуль яму не надакучыла:
—Ці ёсьць якія пытаньні?
Пасьля паўзы адзін сьмелы вязень запытаў:
— А калі тут, прабачце, пачынаецца вясна?
— Забараняю задаваць дурныя пытаньні, — адказаў палкоўнік, і на тым сход завяршыўся.
На працягу некалькіх першых дзён на будоўлі баракаў панаваў хаос. Хто мог, ірваўся да працы, аднак цяжка было разьмеркаваць людзей па тых месцах, якія б найлепей адпавядалі іх кваліфікацыям. Праз тры дні ўсё функцыянавала ўжо як належыць. Група архітэктараў і геадэзістаў рабіла пляны і замеры грунту пад баракі. Маладыя работнікі капалі ў прамёрзлай зямлі канавы для фундамэнта, на які мусіла абапірацца ўся канструкцыя. Людзі, навучаныя карыстацца сякерай, абчэсвалі няроўныя пні. Але галоўная працоўная сіла кожны дзень а восьмай ранку пад узброенай аховай выходзіла за лягерную браму. Я далучыўся да тых лясных работнікаў. Дзень пачынаўся а пятай раніцы: пад’ём і паход паўсонных людзей да прыбіральні. Потым чарга па сьняданак. Посуд нам выдавалі са складоў, што стаялі па левым баку ад галоўнай брамы лягера. Выдача посуду і вяртаньне яго пасьля скончанага працоўнага дня адбывалася пад пільным кантролем. Калі мы праходзілі праз браму, вартавы правяраў кожнае прозьвішча па сьпісе вязьняў.
У навакольным лесе дамінавала сасна, але не бракавала таксама бяроз і елак. Мяне разьмеркавалі ў групу вальшчыкаў лесу. Ля лясной сьцяны мы працавалі па парах і карысталіся цяжкімі двухручнымі піламі. Але я больш любіў працаваць сякерай, якую нам выдавалі для таго, каб абсякаць галінкі з паваленага дрэва. З дзяцінства я ўмеў добра працаваць сякерай, таму не наракаў на такую працу. Кожны дзень я адчуваў вяртаньне страчаных сіл, і фізычная праца нават прыносіла своеасаблівае задавальненьне. У гадзіну дня мы вярталіся ў лягер, цягнучы за сабой на будаўнічую пляцоўку апрацаваныя за раніцу ствалы дрэваў. Пасьля абеду, які складаўся з супу, мы вярталіся назад у лес і працавалі, пакуль не сьцямнее. Кожны дзень вырасталі новыя баракі.
Пабудову сваіх баракаў мы скончылі за два тыдні пасьля прыходу ў лягер. Паставілі іх радамі, па дзесяць з кожнага боку шырокай “вуліцы”. Мне выдзелілі нары ў адным з апошніх завершаных баракаў, і я добра памятаю тое пачуцьцё бясьпекі і раскошы, якое адчуў, калі першы раз у марозную ноч зайшоў у свой новы дом. Таксама памятаю мілы пах сьвежага сасновага дрэва. Нашыя нары, па тры адна над другой, былі разьмешчаныя ўздоўж доўгіх сьцен барака. З кожнага боку стаяла па пяцьдзесят трохпавярховых нараў, зьбітых са звычайных дошак у цяжкіх драўляных рамах. У праходзе, на роўных адлегласьцях адна ад адной, былі ўсталяваныя тры мэталічныя печкі. Мы палілі іх аж да чырвонага колеру, для гэтага падкідалі ахапкамі дровы, што прыносілі кожны дзень з лесу. Старыя вязьні, якія ўжо даўно жылі ў лягеры, параілі нам заслаць цьвёрдыя дошкі нашых ложкаў мохам, які можна было прынесьці з тайгі, завярнуўшы ў фуфайку. Печы не мелі дымаходаў, толькі кароткія трубы, а клюбы дыму, накіраваныя тым шляхам, выходзілі праз квадратныя дзіркі ў даху. Пах дыму перамешваўся з водарам сасновай смалы. Я ляжаў на верхняй паліцы, скрыжаваўшы рукі пад галавой, і слухаў размовы вакол сябе.
На суседніх нарах ляжаў мужчына гадоў пяцідзесяці. Мы пачалі размаўляць пра барак, пра тое, як добра атрымалася яго збудаваць і якімі малайцамі аказаліся яго канструктары. Мы былі настолькі велікадушнымі, што нават хвалілі рускіх за іх дасканалыя печы-буржуйкі. Пасьля пачалі ўзгадваць мінулае. Мой сусед быў настаўнікам у Брэсьце і адначасова сяржантам рэзэрву. Калі прыйшлі рускія, у школе яго замянілі нейкім камуністам, які прайшоў скарочаныя, двухтыднёвыя курсы навучаньня па савецкай сыстэме. Але некаторыя маткі пачалі прыводзіць дзяцей на дом да старога настаўніка. Так працягвалася, пакуль нехта яго не здаў. Хутка настаўніка арыштавалі, правялі сьледзтва і прысудзілі дзесяць гадоў прымусовых прац. Я выказаў настаўніку свае спачуваньні, але ў той момант падумаў: “Толькі дзесяць гадоў, шчасьлівы ты, чалавеча”. Ён працягваў далей сваю гісторыю, але я ўжо засынаў, першы раз за шмат месяцаў я праваліўся ў сапраўдны глыбокі сон.
Мы праводзілі шмат часу ў бараках. Пасьля васемнаццатай гадзіны вечара вязьні мусілі знаходзіцца ўнутры пабудоў. Але, па праўдзе кажучы, можна было перасоўвацца паміж баракамі, пад той умовай, што не будзем ствараць вялікіх груп. Абодва рады баракаў знаходзіліся пад кругласутачным наглядам жаўнераў на вартавых вежах усходняй часткі лягера. Жаўнеры не ўмешваліся ў нашыя справы, пакуль хтосьці з вязьняў не прыбліжаўся да калючага дроту, што было катэгарычна забаронена. У бараку не было чым заняцца. Мы не мелі нават кніжак пачытаць, нават калі ў каго-небудзь знайшлася б кніжка, у бараку ўсё роўна не было сьвятла. Адзіным легальным заняткам пасьля васемнаццатай гадзіны было наведваньне бібліятэкі, пад наглядам Палітрука. Патэнцыйна мы мелі права раз на тыдзень, у сераду, выбірацца на палітычныя лекцыі, якія праводзіліся тым жа Палітруком. Я вырашыў, што не пашкодзіць хоць адзін вечар пакапацца ў кніжках, усё ж лепей, чым ляжаць і пляваць у столь. Аднойчы вечарам я папрасіў дазволу на наведваньне бібліятэкі і лёгка яго атрымаў.
Бібліятэка займала частку адной гаспадарчай пабудовы, што стаяла далёка ад уваходнай брамы, з левага боку. Яна знаходзілася на адлегласьці ярдаў дзесяці ад першай паласы калючага дроту, што бегла ўздоўж рова. На паліцах каля сьцен пакоя стаяла не так ужо і шмат кніг. Акрамя паэзіі Маякоўскага я знайшоў там з пяцьдзесят ілюстраваных кніжак для дзяцей з серыі “Руская азбука”. Над тым “Рускім букваром” я прасядзеў некалькі вечароў. Там друкаваліся простыя тэксты, якія расхвальвалі савецкія самалёты і савецкіх лётчыкаў, савецкія танкі і савецкіх танкістаў, савецкую Чырвоную армію, савецкіх герояў, такіх, як Варашылаў, савецкіх дзяржаўных дзеячаў, такіх, як Ленін і Сталін, савецкіх трактарыстаў і савецкіх калгасьнікаў — ну і наогул усё савецкае.
Гонарам усёй бібліятэчнай кніжнай калекцыі была двухтомная, прыгожа апраўленая, гісторыя бальшавіцкай партыі, ёй магло скласьці канкурэнцыю толькі новае выданьне Канстытуцыі Савецкага Саюза. Пасьля таго, як я правёў шмат гадзін за вывучэньнем гэтых сачыненьняў, я прыйшоў да высновы, што не варта хвалявацца аб тым, што на працягу бліжэйшых дваццаці пяці гадоў мяне здолеюць пераканаць у перавагах савецкага ці якога-небудзь іншага камунізму.
Адзін вясёлы і трохі цынічны чэх, які займаў адну з суседніх паліц, намовіў мяне наведаць серадовую размову з Палітруком. Палітрук не хаваў свайго задавальненьня ад нашага візыту і нават прысьвяціў непасрэдна нам некалькі сказаў, перад тым як пачаў сваю лекцыю, прызначаную для жаўнераў. ён казаў пра магутнасьць Савецкага Саюза і пра яго вядучую ролю ў сьвеце, пасьля пачаў крытыкаваць загніваючы капіталізм, і пры гэтым паказваў пальцам на нас. Пасьля лекцыі жаўнеры задавалі пытаньні, на якія Палітрук адказваў догматамі, вычытанымі з прац Маркса, або цытатамі Леніна ці Сталіна. Усьміхаўся нам, калі мы выходзілі са сьветлага пакоя. Тая ўсьмешка адразу б зьнікла з яго твару, калі б усяго праз некалькі хвілін здолеў пачуць, як мой чэх на пацеху ўсяго барака парадзіраваў яго лекцыю. Чэх быў акторам ад Бога, і, гледзячы на яго, усе хапаліся за бакі ад сьмеху. Па заканчэньні выступу ён адказваў на пытаньні, якія ставіла вясёлая аўдыторыя, жартаўліва зьдзекуючыся з фармулёвак марксізму, ленінізму і сталінізму. Увесь барак быў згодны, што трэба часьцей арганізоўваць выправы на палітзаняткі, бо няма нічога весялейшага.
Пазьней нашую ўвагу прыцягнула іншае дзіўнае здарэньне. Сярод вязьняў была група сьвятароў, галоўным чынам каталіцкіх ксяндзоў, але было таксама і некалькі праваслаўных. У нашым бараку пасяліўся адзін каталіцкі ксёндз. Быў позьні вечар. Мы сядзелі або ляжалі на нарах, не меўшы ніякага занятку, калі ксёндз пачаў хадзіць па праходзе і пытаць шэптам, ці згодныя мы на тое, каб ён адслужыў кароткую імшу. Хоць некаторыя не адказвалі, але ніхто не быў супраць. Ксёндз стаў пасярод барака і пачаў простае набажэнства. Памятаю, наколькі незвычайна ў тым асяродзьдзі гучалі лацінскія словы сьвятой імшы. Я бачыў ягоную постаць у слабым сьвятле распаленай печы, постаць каталіцкага ксяндза з доўгай чорнай барадой. Я зьлез з паліцы і стаў на калені. Шмат хто зрабіў тое ж самае. Ксёндз маліўся за нашае хуткае вызваленьне, а пасьля благаславіў усіх прысутных, трымаючы ў руках самаробны крыж з серабрыстай бярозы. Гэты мужчына быў худы, як жэрдка, высокі і трошкі згорблены. Яго цёмныя валасы ўжо ўпрыгожыла сівізна, хоць яму не было больш чым 35 гадоў. Не ведаю, за што яго саслалі, бо ён ніколі не распавядаў пра сябе. Называлі яго Гарыч, хоць цяжка было б знайсьці сьвятару больш неадпаведнае прозьвішча.
Пад канец месяца жыцьцё ў лягеры пацякло ўпарадкаваным рэжымам. Мы пагаджаліся ў адным, што варункі жыцьця ў гэтай забытай Богам дзіры зімой неверагодна цяжкія, але летам павінна стаць трошкі лепей. Усе працоўныя вязьні атрымлівалі фунт хлеба кожны дзень, а хворыя 12 унцый. Частку атрыманай раніцай порцыі я зьядаў разам з гарбатай на сьняданак, другую частку на абед з супам, звычайна на вячэру пасьля працы нічога не заставалася, таму я проста папіваў гарачы адвар. Здаралася, што ў нядзелю нас балавалі сушанай рыбай, але хлеб заставаўся галоўнай ежай і ўтрымліваў нас пры жыцьці. Хоць у меншай ступені, але тытунь быў таксама вельмі важным. Раз на тыдзень нам выдзялялі прыстойную порцыю махоркі і кавалак старой газэты для самакрутак. Хлеб і тытунь — гэта былі дзьве рэчы, якія мелі ў лягеры вялікую вартасьць. Зьяўляліся мясцовай валютай, якой можна было заплаціць за паслугі.
У першы месяц і далей панавала высокая сьмяротнасьць. Транспарціроўка папсавала здароўе многім з тых, хто здолеў яе перажыць. Калі мы дайшлі да лягера, некаторым з хворых выдзелілі нары ў старых бараках. Яны ляжалі там і слабелі з дня на дзень. Былі настолькі замучаныя, што не маглі змагацца са сьмерцю. Пад наглядам узброенага эскорту здаровыя вязьні выносілі іх трупы на невялікую паляну, якая ляжала пасярод лесу на адлегласьці нейкай трэці мілі ад лягера. І там у цьвёрдай, як камень, зямлі капалі магілы для іх апошняга спачыну. Я два разы прымаў удзел у такіх пахаваньнях і выпадкова адкрыў, што камэндант нашага лягера меў службовы самалёт. Шлях да могілак праходзіў каля імправізаванай узьлётнай паласы, што расьцягнулася ў самай высокай частцы лесу. На старце паласы стаяў схаваны пад брызэнтам і бярозавымі галінкамі самалёт, падобны на нашыя вучэбныя агрэгаты. Адзін з ахоўнікаў, з якім мне атрымалася перакінуцца парай слоў, сказаў мне па сакрэце, што Ушакоў сам пілатуе самалёт. Лётае ім на канфэрэнцыі ў камандаваньне Якуцкай вайсковай акругі.
Рускія рэдка ўмешваліся ў нашае жыцьцё пасьля працы. Інспэкцыі баракаў здараліся не часта, і калі праводзіліся, то вельмі павярхоўна. Вязьні, якія разам валілі лес, завязвалі паміж сабой сяброўства. Тыя, хто жадаў дзяліць агульны барак, спачатку пыталі дазволу і лёгка атрымлівалі яго. Пасьля рускія растлумачылі нам, што справы такога кшталту, як перасяленьне з барака ў барак, павінны рашацца паміж самімі вязьнямі. Пажаданае месца ў любым бараку можна было хутка атрымаць дзякуючы аплаце ў выглядзе тытуню. Адсюль у першыя тыдні, калі людзі пачалі знаходзіць старых знаёмых і заводзіць новыя сяброўствы, адбываліся бесьперапынныя пераезды з барака ў барак. Я не пазнаёміўся блізка ні з кім з маіх таварышаў па няшчасьці, хоць час ад часу сустракаўся з партнёрам па кайданах Грачыніным. Акрамя Грачыніна быў яшчэ Чэх. ён прывабліваў да сябе жартамі і весялосьцю, але не магу сказаць пра моцнае сяброўства. Існавала няпісанае правіла трымацца нацыянальнымі групамі. Мы, палякі, напрыклад, зьбіраліся кожную раніцу і сьпявалі разам “Kіеdу ranne wstają zorze” [* Калі ранкам устае зара (пол.) — каталіцкі гімн канца XVIII стагодзьдзя аўтарства Францішка Карпінскага.]. Рускія крывіліся на тыя нашыя сьпевы, але ніколі іх не забаранялі.
Лежачы вечарамі на нарах, я назіраў за дымам з печы, які вылятаў праз дзіру ў даху, у галаве круціліся розныя думкі. Навокал людзі зьбіраліся групкамі і размаўлялі напаўголаса, у гэтых нарадах бралі ўдзел і госьці з іншых баракаў. Да мяне даляталі адарваныя выразы і сказы, назвы мясцовасьцяў, вязьняў, палкоў...
— А тады яна сказала: “Каханы, не хвалюйся, вайна хутка скончыцца, а я буду цябе чакаць...” — пачуў я з аднаго боку.
— Не пашчасьціла таму вырадку. У такіх умовах няма ніякіх шанцаў вылечыць настолькі пакалечаную нагу. — З другога боку хтосьці камэнтаваў нядаўні выпадак з адным з ахоўнікаў, каторы не пасьпеў адскочыць ад паваленага дрэва.
Аднекуль я пачуў зайздросьлівую прамову, якую выклікаў лёс аднаго вязьня, які паламаў сабе рэбры:
— Вось таму фартанула, няма чаго і дадаць. Атрымаў працу ў афіцэрскім клюбе. Рабіць нічога не трэба, але колькі недапалкаў можна назьбіраць!
Усе тыя галасы праплывалі вакол мяне і складалі аснову для ўласных разважаньняў... Сасновы водар, цяплынь, дзелавітасьць тых людзей, якія адчынялі распаленую печ і падкідалі яшчэ болей дроў у полымя. У вачах зьяўляліся розныя малюнкі: то лягер, акружаны калючым дротам, то Ушакоў на самалёце, то Палітрук з жаўнерамі (колькі іх загіне на фронце). А таксама людзі вакол мяне — яны заўжды на першым пляне — маладыя і дужыя, як я, саракагадовыя, якія моцна мяне зьдзіўлялі, хоць і рухаліся павольна, былі адважнымі і цягавітымі. Былі яшчэ і тыя, каму пераваліла за пяцьдзесят, яны вялі штодзённую барацьбу за выжываньне, цяжэй за ўсё ім было на працы, асабліва тым, што жылі да вайны шыкоўна і цяпер так сьмела і з такой энэргіяй пераадольвалі цяжкасьці новага становішча. Замест таго каб распавядаць байкі сваім каханым унукам, яны мусілі цягаць паваленыя дрэвы і працаваць на роўных з людзьмі ў два разы маладзейшымі за сябе. Існуе пэўны эфэктыўны тып нязломнай адвагі, які праяўляецца, калі чалавек вымушаны змагацца з найгоршымі перашкодамі. Уласна, той адвагі ім не бракавала.
Я рэфлексаваў над усімі ўражаньнямі за дзень, але заўсёды перад тым, як заснуць, расьцягнуўшыся на высланых мохам дошках, спрабаваў абдумаць уласныя праблемы. Адна думка без перапынку пульсавала ў маёй галаве: “Дваццаць пяць гадоў у гэтым пачварным месцы”. Людзі, якіх я ведаў, пачнуць з часам паміраць. Іх месцы зоймуць іншыя, а я буду тут старэць. Дваццаць пяць гадоў? Дваццаць пяць гадоў! Акурат столькі, колькі я пражыў да сёньняшняга дня. Трэба бегчы — але як? І нават калі здолею пераскочыць калючы дрот, роў і плот — што рабіць далей, куды ўцякаць?
І тады мае думкі вярталіся да старога асьцяка і яго апавяданьняў пра “няшчасных”. Ці хто-небудзь з іх хоць калі-небудзь здолеў уцячы з Сыбіры? Пры тых адлегласьцях і ў тых умовах пра адзіночны пабег не варта было і марыць. Але нават калі падрыхтую плян уцёкаў, дзе ўзяць рашучых людзей, падрыхтаваных да такой рызыкі? На гэтыя пытаньні я ніяк не мог знайсьці адказу.
Аднойчы вечарам на шляху да прыбіральні я сустрэў Грачыніна.
— Слухай, калі б я распрацаваў плян уцёкаў, ты далучыўся б да мяне?
— Ты не жартуеш? — запытаў той і зморшчыў лоб.
— Не, ніякіх жартаў, — адказаў яму.
Грачынін задумаўся, пачаў гладзіць бараду.
—Дай мне падумаць ноч, а раніцай табе адкажу. Асьцярожны Грачынін! Я сустрэў яго наступным ранкам паміж баракамі.
— Не, — адказаў мне замест прывітаньня Грачынін. — Я пайшоў бы за табой, калі быў бы хоць нейкі шанц. Але няма ніводнага. Нават калі нас не схопяць бальшавікі, загінем у тайзе. Не хачу яшчэ паміраць.
Я толькі кіўнуў галавой. Тое ж самае пытаньне задаў Чэху. У першае імгненьне ён падумаў, што я жартую. Пасьля ўсеўся на краі паліцы і запрасіў на месца каля сябе.
— Уцёк бы з табой, — шапнуў ён, паклаўшы мне руку на плячо, — але для такой выправы патрэбныя здаровыя, дужыя людзі. Мой страўнік і так мяне даканае. Для чаго падганяць сьмерць? Са мной у дарозе былі б толькі клопаты.
Мы пасядзелі яшчэ трошкі моўчкі, пасьля чаго Чэх зноў адгукнуўся:
— Калі ў цябе атрымаецца, уцякай, сябра. Будзь асьцярожны і добра падбяры кампаньёнаў. Зычу табе посьпехаў.
Шэсьць дзён мы цяжка працавалі, а адпачывалі на сёмы. Камэндант выступаў перад намі звычайна ў нядзелю. Ён вызначаў для нас задачы, якія мы павінны былі выканаць на наступны тыдзень, зьвяртаў увагу на ўсялякія парушэньні лягернай дысцыпліны і інфармаваў пра розныя справы, зьвязаныя з лягерным жыцьцём. Дазваляў таксама задаваць пытаньні і выказваць заўвагі. Хіба на другі месяц пасьля нашага прыходу ў лягер ён выклікаў добраахвотнікаў на новую працу. Былі патрэбныя людзі, якія б разьбіраліся ў вытворчасьці лыжаў. Спачатку ніхто не выклікаўся, таму камэндант прапанаваў павялічыць дзённую порцыю хлеба для работнікаў на чатыры унцыі. Калі лыжы атрымаюцца добрымі, то порцыя хлеба можа стаць яшчэ большай. Пасьля такой прапановы адразу выклікалася больш за шэсьцьдзесят чалавек, сярод якіх быў і я. Некалі ў юнацтве я змайстраваў сабе пару лыжаў, якія нават не паехалі, таму нічога не разумеў у іх прафэсійнай вытворчасьці. Але за некалькі дадатковых унцый хлеба я быў гатовы змайстраваць хоць аўтамабіль.
Лыжную майстэрню разьмясьцілі ў другой частцы будынка з бібліятэкай. Сярод супрацоўнікаў, відавочна, знайшлося пару спэцыялістаў. Астатнія былі такія ж, як і я, нас вабіла толькі дадатковая порцыя ежы. Майстры падзялілі ўсіх нас на дзьве групы. У першую брыгаду ўвайшлі супрацоўнікі, уладкаваныя ў самой майстэрні непасрэдна на вырабе лыжаў. Другая брыгада выходзіла кожную раніцу ў лес, каб секчы бярозы і пілаваць дошкі адпаведных памераў, пастаўляючы ў майстэрню патрэбны запас сыравіны. Дзякуючы вопыту, які я набыў, зрабіўшы сабе некалі ўласныя лыжы, застаўся працаваць у самой майстэрні на выпарваньні і выгінаньні цурак. Ужо ў першы дзень, калі мы не выпусьцілі яшчэ нічога, нашую порцыю хлеба павялічылі да фунта і чатырох унцый.
Праз два дні працы першая пара лыжаў была гатовая. Сам Ушакоў правяраў іх гнуткасьць. Лыжы ляжалі абапёршыся канцамі на аддаленыя адзін ад аднаго блёкі, так што сярэдзіна вісела ў паветры. Камэндант націскаў нагой на сярэднюю частку лыжыны, аж пакуль яна не дастала зямлі. Пасьля два жаўнеры пратэставалі іх у лесе. Нашыя лыжы з гонарам прайшлі абодва іспыты, а пад канец тыдня нас зноў наведаў Ушакоў і далажыў, што пробныя экзэмпляры, якія былі пасланыя ў Якуцк, прынялі з задавальненьнем, і яшчэ мясцовая камісія прызнала, што нашыя лыжы цалкам адпавядаюць патрабаваньням Чырвонай арміі. Узнагародзіць нас за добрую працу абяцаў павялічанай да двух фунтаў штодзённай порцыяй хлеба, гэта значыць у два разы большай, чым звычайная норма. Нам выдалі таксама болей тытуню. Праз два тыдні мы выпускалі каля 160 параў лыж кожны дзень.
Нашае прывілеяванае становішча выклікала моцную зайздрасьць сярод іншых вязьняў, уладкаваных на працы ў лесе. Шмат разоў мяне пыталі, як мне не сорамна рабіць лыжы для савецкага войска. Я ніколі не ўлазіў у спрэчкі, бо меў уласны рэалістычны погляд на гэтую справу. Думаў, што ўся нашая праца ў сыбірскім лягеры прыносіла ў большай ці меншай ступені карысьць Саветам — для чаго тады, калі існуе выбар, не атрымаць цікавейшага занятку? Цікавейшага — гэта, канешне, значыць таго, за які лепей плацяць. Хто вінаваты, што аплатай зьяўляўся хлеб, які адзіны меў вартасьць у нашым нікчэмным існаваньні? Таму не варта было зьдзіўляцца, што большасьць вязьняў без прывілей нас недалюблівала. Трэба дадаць, што я, як і шмат іншых вязняў, уладкаваных на выпуску лыжаў, дзяліўся з суседзямі сваім дадатковым тытунём, а частку хлеба заносіў хворым. Але і далей нас лічылі здраднікамі. Забаўна, што ў савецкіх прыхільнікаў бясклясавага грамадзтва атрымалася адразу падзяліць нас на дзьве варожыя групы працоўных, проста выдаўшы дадатковую порцыю хлеба замест узнагароды.
Так я пачаў працаваць у цёплай майстэрні, каля вялікай, траскучай печы. Я адчуваў, як вяртаюцца сілы. У такіх умовах я мог нават надоўга пагадзіцца са сваім лёсам. Замест гэтага мяне ўсё мацней паглыналі разважаньні пра ўцёкі. Я пачаў перабіраць у галаве месцы, дзе і як можна было б схаваць лішкі хлеба. У мяне не было яшчэ ніякага канкрэтнага пляна ўцёкаў. Я нават не падазраваў, што дапамога прыйдзе з найбольш нечаканага боку.
VIII. Жонка камэнданта
З першага разу ў мяне вельмі добра атрымалася ўладкавацца добраахвотнікам на новую працу, дык чаму б не паспрабаваць яшчэ раз? Аднойчы, раніцай у нядзелю, недзе ў сярэдзіне сакавіка я паспрабаваў шчасьця зноў. Мы тады стаялі, сагнуўшыся ад марозу і лёгкай сьнежнай завеі, на штотыднёвым сходзе.
— У мяне ў пакоі стаіць радыё вытворчасьці фірмы “Тэлефункен”, — сказаў Ушакоў. — Можа, хто-небудзь з вас разьбіраецца ў гэтых апаратах і мог бы яго адрамантаваць?
Я ведаў, што такое тэлефункены — гэта нямецкае радыё. У Вільні знаходзіўся іхні завод, які выпускаў прадукцыю для ўсёй Польшчы. Мой бацька меў такі прыёмнік дома. Але ці здолеў бы я яго направіць? Людзі пачалі азірацца, прыглядацца, хто выйдзе наперад. Мы стаялі так каля хвіліны ў поўнай цішыні. “Як здолею направіць апарат, — падумаў я пра сябе, — то, можа, паслухаю, што там робіцца на Радзіме ці ў сьвеце, ад якога я быў адарваны ўжо васемнаццаць месяцаў”. Тут мяне апанаваў страх, што нехта пасьпее апярэдзіць і выхапіць такую цудоўную магчымасьць. Я хутка падняў руку ўверх і крыкнуў: “Я магу!” Да мяне падышоў сяржант і запісаў прозьвішча разам з месцам працы.
— Паклічам цябе, калі будзеш патрэбны, — адказаў Ушакоў. Гэтае рашэньне дапамагчы камэнданту аказалася лёсавызначальным і пачало апошнюю, найдзіўнейшую фазу майго жыцьця ў лягеры нумар 303. Ва ўсёй нашай ізаляванай ад сусьвету супольнасьці, якую складалі каля шасьці тысяч вязьняў і батальён войска, жыла толькі адна жанчына. Спатканьню з ёй трэба падзякаваць зламанаму тэлефункену. Наколькі я ведаю, ніхто з вязьняў раней ніколі з ёй не размаўляў.
У панядзелак раніцай у лыжную майстэрню па мяне зайшоў ганец ад камэнданта. Яго звалі Ігар. Я памятаю яго круглаваты твар.
— Камэндант цябе выклікае, — паведаміў ён ляніва. — Пайшлі.
“Пашукай якіх навін з Польшчы. Паслухай, як там ідзе вайна”, — прасілі мяне калегі, калі я выходзіў з нашай маленькай мануфактуры. Трэба прызнацца, што я троху хваляваўся па дарозе ад майстэрні да кватэры камандуючага, якая знаходзілася ля паўночна-заходняга кута цэнтральнай плошчы, адразу за афіцэрскім клюбам. Барак, у якім пасяліўся палкоўнік, звонку нічым не адрозьніваўся ад іншых хібар па суседзтву. Быў пабудаваны з круглых бярвёнаў і меў тыповыя ганак і дзьверы з паўднёвага боку. Толькі патрапіўшы за дзьверы, я заўважыў розьніцу. Сьцены былі пакрытыя гладкімі габляванымі дошкамі, у памяшканьнях былі высланыя драўляныя падлогі і столі, а печ мела комін, які выводзіў дым надвор. Амаль як сапраўдны вясковы дом, толькі што ў вокнах, як і ў іншых бараках, не было шкляных шыбаў, толькі нейкая дзіўная плёнка. Хоць яна і не была празрыстай, трэба прызнаць, што бараніла жыхароў ад ветру і прапускала сьвятло.
У праходзе паказаўся Ушакоў. Адаслаў Ігара і жэстам паказаў мне заходзіць у яго пакой.
— Пан палкоўнік, — далажыў я, забыўшыся ўжыць слова “таварыш”, — я прыбыў агледзець радыёпрыёмнік.
—Так, так. Зразумела, — адказаў Ушакоў, пасьля чаго абышоў мяне і выйшаў праз дзьверы ў іншы пакой. Я не прыдумаў нічога лепшага, як пайсьці за ім.
Каля печы, што была ўбудаваная ў сьцяну і дзяліла дом на два пакоі, сядзела жонка камэнданта. Палкоўнік штосьці ёй муркнуў і паказаў на мяне. Я нахіліў галаву і прамармытаў некалькі вітальных словаў, на што жанчына адказала ўсьмешкай і лёгкім кіўком. Я не мог адарваць ад яе вачэй. Зразумейце, яна была першай кабетай, якую я бачыў з часоў разьвітаньня з жонкай і маці ў Пінску. Я адчуваў, што паводжу сябе недарэчна, і зусім не ведаў, як выправіць сытуацыю. Я даўно не адчуваў такога сораму за свае лахманы, бараду і доўгія брудныя валасы, якія зьвісалі аж да плячэй. Але ніяк не мог адарваць ад яе вачэй. Яна ўстала, і я заўважыў, што па жаночых мерках яна была даволі высокай. Жонка камэнданта была апранутая ў доўгую спадніцу, баваўняную блюзку, вышытую кветкамі, і цёмную шарсьцяную камізэльку. Каштанавыя, бліскучыя валасы яна заплятала ў касу, якая, згодна з рускай модай, была абматаная вакол галавы. Мяне спалохала белізна скуры камэнданцкай жонкі. Не магу сказаць дакладна, але мне падалося, што ёй было каля сарака гадоў. Яна не была каралевай прыгажосьці, але яе дзявочыя рухі, паводзіны, уменьне трымацца, погляд — усё прыцягвала да сябе ўвагу. З таго кароткага ступару мяне вывеў позірк яе блакітных вачэй, у якіх я прачытаў спачуваньне і сымпатыю. Я павярнуў галаву і пабачыў Ушакова, які стаяў у дзьвярным праёме, што вёў да іншага пакоя. Палкоўнік агледзеў мяне сваім непрыхільным позіркам, але нічога не сказаў наконт таго, што я так доўга не адводзіў вачэй ад яго жонкі, бо быў заняты сваімі думкамі.
— Пайшлі аглядаць радыё, — кінуў ён у мой бок.
Той пакой, у які мы ўвайшлі, зьяўляўся адначасова і спальняй, і кабінэтам. Каля сьцяны, бліжэй да печы, стаяў цяжкі драўляны ложак, за ім шафа, у якой былі відаць разьвешаныя мундзіры. Пад супрацьлеглай сьцяной схавалася масіўная камода. Кабінэт Ушакова знаходзіўся ў дальняй частцы пакоя. Там на сьцяне вісела вялікая мапа Ўсходняй Сыбіры. Ад звычайных мапаў яна адрозьнівалася тым, што замест назваў мясцовасьцяў на ёй былі намаляваныя адны толькі лічбы. Каля мапы вісеў плян лягера і каляровы партрэт Сталіна. На лаўцы, пад пільным наглядам правадыра, стаяў радыёпрыёмнік — навюткі тэлефункен, які працаваў ад батарэі.
Ушакоў пачаставаў мяне папяросай і паставіў газавую лямпу на лаўцы каля радыё. Я зьняў тыльную сьценку апарата і пачаў правяраць правады, бо дапускаў, што адзін з іх мог парвацца. Камэндант задаваў мне пытаньні, зьвязаныя з прыёмнікам, — дзе яго выпусьцілі, колькі каштуе і як працуе. У пэўны момант, крыху павагаўшыся, я запытаў, якім чынам савецкі афіцэр стаў уладальнікам гэтага прыёмніка.
— На сваю бяду, у 1939 годзе я знаходзіўся з палком у Польшчы і там набыў гэты апарат, — адказваў той.
Гэты выраз “на сваю бяду” зьвярнуў маю ўвагу. У мяне склалася ўражаньне, якое пазьней яшчэ больш паглыбілася, што Ушакоў можа падзякаваць свайму месцу ў Сыбіры таму, што ў часы Польскай кампаніі зрабіў нейкую фатальную памылку. Сярод вязьняў панавала перакананьне, што ў лягеры нават начальства знаходзіцца ў палоне.
Камэндант вярнуўся да печы і ўсеўся на лаўку побач з жонкай. Я працаваў не сьпяшаючыся. Праз паўгадзіны пачуў, як жонка палкоўніка нечым грыміць у суседнім пакоі. Пасьля Ушакоў паклікаў мяне падсесьці бліжэй да агню. Тым часам пані Ушакова разьлівала ў кубкі гарбату і нават падсаладзіла яе сахарынам. Палкоўнік першым зрабіў некалькі глыткоў, пасьля чаго падаў другі кубак мне. Калі я вярнуўся да працы з радыё, то падумаў, што не варта нікуды сьпяшацца, бо гэта быў адзіны прыемны занятак з часу майго арышту, таму я паспрабаваў расьцягнуць задавальненьне. Калі Ігар прыйшоў па мяне, каб завесьці на абед, то я сказаў, што рамонт яшчэ не скончаны, бо дакладная праверка ўсіх правадоў і лямпаў патрабуе часу.
— Не хвалюйся, прыйдзеш зноў. Я прышлю па цябе, — сказаў Ушакоў і даў мне на разьвітаньне яшчэ адну папяросу.
— Распавядай. Што пачуў? Што робіцца на сьвеце? — пыталі знаёмыя ў чарзе па суп, да якой мяне падвёў Ігар.
— Яшчэ не наладзіў радыё. Нічога не ведаю. Мусіце троху пачакаць, — адказваў я самым цікаўным.
Ігар зайшоў па мяне і на наступны дзень. Пакуль я калупаўся ў прыёмніку, сямейства Ушаковых вырашыла распытаць пра маё жыцьцё. Жонку палкоўніка найбольш цікавіла мая сям’я і дзе я так добра навучыўся размаўляць па-руску. Я растлумачыў ёй, што мая маці нарадзілася ў Расіі.
— За што цябе сюды саслалі? — запытаў палкоўнік.
— Ні за што, — адказаў яму.
— Атрымаў дваццаць пяць гадоў, так?
Настала хвіліна цішыні, якую парушыла пані Ушакова:
— Дваццаць пяць гадоў — гэта вельмі доўга. А які ваш узрост цяпер? — Я адказаў, што нядаўна мне як раз дваццаць пяць гадоў і споўнілася. Нашая размова ўтраіх часам перарывалася доўгімі хвілінамі загадкавага маўчаньня. Яны сядзелі блізка адно каля аднаго на лаўцы, а я, скурчаны, назіраў за імі з-за тэлефункена. У пэўны момант Ушакоў запытаў, на маё вялікае зьдзіўленьне, ці думаю я, што Расія зноў будзе зацягнутая ў вайну. Для яго апошняй вайной, якую вяла Расія, была вайна 1914 года. А калі я нагадаў пра савецкія войны супраць Польшчы і Фінляндыі, адказаў так:
— Ах, гэта былі не войны, толькі вызваленьне.
Я спрабаваў зразумець, ці сапраўды ён у гэта верыць. Я прыўстаў над апаратам і паглядзеў на яго ўважліва. Але ён абыякава глядзеў у столь. Праз хвіліну палкоўнік зноў вярнуўся да разважаньняў наконт удзелу Расіі ў будучай вайне.
— У Польшчы не было таямніцай, — адказаў я яму, — што Герынг спрабаваў намовіць наш урад атакаваць савецкую Расію. Таму думаю, калі немцы будуць гатовыя, то нападуць і на вас.
Я выказаў сваю думку і адчуў нязвыклае аблягчэньне. Цяпер толькі чакаў, калі яны зьвернуць маю ўвагу на тое, што зашмат мялю языком. Але чамусьці яны нічога не адказалі.
— А як выглядала вайна ў Польшчы? — парушыла нарэшце маўчаньне Ушакова.
Я пачаў распавядаць ім пра дарогі, закаркаваныя натоўпамі ўцякаўшых кабет, дзяцей і старцаў, пра нямецкія бамбардзіроўшчыкі, якія са сьвістам атакавалі бяззбройных бежанцаў.
— Вайна, яна такая, — адгукнуўся палкоўнік. — Калі паны б’юцца, то ў халопаў галовы трашчаць.
Тады я зразумеў, што ім таксама зусім не важна, наколькі хутка я адрамантую радыё. Я заўважыў, у чым заключалася прычына паломкі, там проста адышлі кантакты батарэі. Я хутка ўсё выправіў, але ўключаць радыё не сьпяшаўся, бо ведаў, што гэта пакладзе канец маім візытам.
Ушакова пытала мяне пра жыцьцё ў Польшчы перад вайной і як апраналіся кабеты. Я адказваў, што вельмі элегантна, часта па найноўшай парыскай модзе.
—А ці насілі чаравікі на высокіх абцасах? — пацікавілася жанчына.
— Так,—адказваў я, — і выглядалі вельмі шыкоўна.
Мяне выклікалі зноў толькі праз два дні. Сябры сьмяяліся, што я ніколі не адрамантую таго прыёмніка і што палкоўнік зразумеў, які з мяне спэцыяліст, таму выклікаў сапраўднага майстра.
На трэці візыт я вырашыў уключыць тэлефункен. Камэндант сядзеў за сталом, а яго жонка забаўлялася размовай са мной. Яе цікавіла, якія фільмы я глядзеў перад вайной, і засталася вельмі зьдзіўленай, калі сказаў, што савецкія фільмы не круцілі ў польскіх кінатэатрах. Тут я злучыў кантакты, і радыё вярнулася да жыцьця. Пачаў круціць настройкі. Ушакоў кінуў сваю працу і стаў каля мяне. Мы пачулі канцэрт з Масквы, пасьля я пераскокваў са станцыі на станцыю, у пошуках сьвежых навінаў. На нейкае імгненьне пакой запоўніў знаёмы гучны голас Гітлера, ён пафасна прамаўляў на нейкім зьезьдзе нямецкай моладзі.
Ушакоў даў мне цэлы пачак махоркі і кавалак старой газэты. Ігар ужо чакаў мяне на ганку. Камэндант сказаў на разьвітаньне:
— Я нічога не разумею ў радыёпрыёмніках, таму калі будзеш патрэбны, паклічу цябе зноў.
Я вярнуўся ў майстэрню і ўсё распавёў сябрам. Найбольш іх зацікавілі немцы і выступ Гітлера. Жадалі ведаць, калі зноў пайду слухаць радыё.
— Як паломіцца, — адказаў я незадаволеным калегам.
Набліжаўся канец сакавіка. Я ад сьвітанку да позьняга вечара працаваў у майстэрні і з цеплынёй узгадваў той эпізод жыцьця з тэлефункенам. Я баяўся, што такое ніколі не паўторыцца. У той час я пазнаёміўся з незвычайным чалавекам, якога звалі Анастас Каляменас. Я бачыўся з ім раней, калі той заходзіў пагрэцца каля нашай печы. Гэта быў здаравенны мужчына, ростам каля сямі футаў, з белымі валасамі і такой жа сьветлай барадой. Ён меў вядзьмарскія шэра-зялёныя вочы. Нягледзячы на ўсе лагерныя нястачы, Каляменас важыў, пэўна, больш за пятнаццаць стоўнаў [* Стоўн — англійская мера вагі, роўная 14 фунтам, альбо прыблізна 6,35 кіляграма. Такім чынам. Каляменас важыў каля 100 кіляграмаў.]. Мне ён падаваўся сымпатычным, дабрадушным веліканам. Яго праца заключалася ў перацягваньні з лесу паваленых ствалоў бяроз і абчэсваньні іх на патрэбы лыжнай майстэрні. Аднойчы я вырашыў падняць адну з прынесеных Каляменасам калод дрэва. Спачатку я прыўзьняў яе за край, і тая не падалася мне надта цяжкай. Але калі я паспрабаваў падняць усё бервяно, трымаючы за сярэдзіну, то не здолеў дацягнуць нават да ўзроўню калена, цяжар аказаўся мне не па зубах.
— Можа, табе дапамагчы, сябра? — спытаў Каляменас. Ён нахіліўся, тузануў калоду і адным рыўком закінуў яе сабе на плячо. Я быў слабаком, але сіла таго чалавека падалася мне фэнамэнальнай. Так мы і пазнаёміліся, Анастас распавёў, што да вайны жыў у Латвіі, там меў невялікі кавалак зямлі, вёў гаспадарку і што нядаўна яму споўнілася дваццаць сем гадоў. Я таксама не хаваў нічога пра сваё мінулае жыцьцё. Думка пра ўцёкі не давала мне спакою, але мы знаходзіліся ў зусім неадпаведным месцы для размоў на такія тэмы.
— Давай яшчэ як-небудзь сустрэнемся, паразмаўляем, — запрасіў я яго з надзеяй.
— Мне будзе прыемна, — адказаў той.
З іншага боку майстэрні, поўнай пары, пачуўся голас:
— Гэй, Равіч, твой таварыш зьявіўся па тваю душу.
На ўваходзе стаяў Ігар і махаў мне рукой. Я адклаў лыжыну, пругкасьць якой павінен быў праверыць, атросься ад пылу і выйшаў за Ігарам. Ушаковы былі дома. Палкоўнік сказаў, што радыё не прымае сыгналы так добра, як раней. Я пачаў разьбіраць апарат. Усё працавала належным чынам, толькі батарэя ўжо падсела, таму і пагоршылася якасьць гуку. Я паказаў палкоўніку батарэю і сказаў, што прыйдзецца дастаць новую. ён сказаў, што зоймецца гэтым, пасьля апрануў плашч і прашаптаў жонцы, што пойдзе на афіцэрскую нараду. Яны дасканала разумелі адно аднаго і былі глыбока прывязаныя.
— Зраблю вам гарбаты, — сказала з усьмешкай жонка палкоўніка, — а вы пашукайце мне якой добрай музыкі.
Мы пачалі размаўляць пра музыку. Яна хваліла Шапэна, але яе любімым кампазытарам быў Чайкоўскі. Яна ўмела граць на фартэпіяна, але не магла яго прывезьці з сабой, гэта было для яе найбольшым расчараваньнем ад жыцьця ў Сыбіры. Я глядзеў на яе белыя вузкія далоні і доўгія пальцы з манікюрам.
— У пані рукі мастака, — адважыўся я на камплімэнт.
— Маляваньне, — прызналася яна, — пасьля музыкі зьяўляецца маім другім любімым заняткам.
Я адшукаў такую музыку, якая ёй спадабалася, і Ушакова працягвала сваё апавяданьне пад прыцішаны акампанэмэнт сымфанічнага аркестра. Яна шчабятала так, нібы жадала ўцягнуць мяне ў размову, чакала маёй споведзі. Быццам хацела мне сказаць: “Вось такое маё жыцьцё. Можаш мне давяраць і распавесьці пра сваё”. Я не зусім разумею чаму, але быў перакананы, што, не зьвяртаючы ўвагі на становішча, якое займае яе муж, гэта была сям’я выгнанцаў. Асабліва яна, —думаў я ўпэўнена, — таксама зьяўляецца тут вязьнем, як і я. Жыве тут толькі таму, што прывязаная да мужа. Сапраўдным уладаром лягера хутчэй за ўсё быў Палітрук.
Я папіваў гарбату і слухаў яе гіпнатычны голас. Яна распавяла мне пра ўсё сваё мінулае жыцьцё. Яна паходзіла з сям’і, у якой мужчыны з пакаленьня ў пакаленьне абіралі вайсковую кар’еру. Яе бацька, палкоўнік імпэратарскай гвардыі, быў забіты бальшавікамі. Малодшы брат, які знаходзіўся ў кадэцкім корпусе, калі выбухнула рэвалюцыя, памёр ад ранаў, атрыманых пры абароне Смольнага інстытута. Яны з маці вымушаныя былі ўцякаць з роднага дома пад Ніжнім Ноўгарадам. Маці неўзабаве памерла ці то ад роспачы, ці то ад хвароб, і маладая дзяўчына засталася зусім адна ў гэтай зусім новай краіне. Яна ўладкавалася працаваць на завод. Праз доўгі час сумленнага выкананьня абавязкаў яе ўзнагародзілі пуцёўкай у ялцінскі санаторый. Там, на ўзьбярэжжы Чорнага мора яна і пазнаёмілася з Ушаковым. Я вынес з размовы, што палкоўнік быў адзіным мужчынам у яе заблытаным жыцьці. Яна была цалкам адданая свайму мужу. Але не раскрыла мне, чаму так раптоўна Ушакоў быў адкліканы з Польшчы. Я даведаўся толькі, што спачатку яго выслалі ва Уладзівасток і шэсьць месяцаў кабета не атрымлівала ад мужа ніводнага ліста. Пачала яго шукаць праз старых сяброў мужа ў партыі. Ёй паведамілі па сакрэце, што палкоўніка паслалі кіраваць адным з сыбірскіх лягераў. Яна доўга грукалася ў дзьверы розных кабінэтаў, пакуль не атрымала дазволу на выезд да мужа.
Я слухаў яе апавяданьне і паступова ўпэўніваўся, што маю дачыненьне з кабетай, якая размаўляе са мной не таму, што я зьяўляюся такой ужо прывабнай асобай, і не таму, што спачувае мне, а праз тое, што проста не мае тут каму даверыцца. Аднак, не зважаючы на ўсе акалічнасьці нашага знаёмства, я бачыў у ёй інтэлігентную, эмацыйную і шчырую асобу. Гэты лягер, дзе з такой відавочнай несправядлівасьцю нішчыліся людзкія жыцьці, мусіў уразіць яе да глыбіні душы. Наш лягер не быў адпаведным месцам для жанчыны. Ушакова была карэннай рускай і безапэляцыйна верыла ў вялікую будучыню сваёй краіны. Але адначасова нарадзілася жанчынай, і не думаю, што была ў захапленьні ад тых рэчаў, якія даводзілася назіраць кожны дзень у лягеры. Я не ведаю, для чаго завёў размову пра асьцякоў. Напэўна, я перапужаўся ад таго, што яна мяне так добра разумела, і хацеў перавесьці размову з нашага мінулага на якую-небудзь іншую цікавую для дваіх тэму. Я пасьпеў толькі расказаць Ушаковай пра старога асьцяка і як ён пакідаў на ноч ежу для “няшчасных”. Яе разумныя блакітныя вочы затрымаліся на маіх.
— Вы думалі калі-небудзь пра ўцёкі?
Мяне ўразіла такое пытаньне, бо было вельмі небясьпечным. Я адкрыў быў рот, але не мог вымавіць ні слова. Толькі нязграбна, з грукатам паставіў філіжанку на стол. Але яна ўсё роўна ўважліва глядзела на мяне сваімі шырока адкрытымі, блакітнымі вачыма, у якіх праглядалася непадробная шчырасьць.
— Не жадаеце мне адказваць. Не верыце мне? — працягвала Ушакова тым самым спакойным голасам. — Я падумала толькі, што пажадаеце мне расказаць. Што са мной можна пагаварыць пра такое без боязі...
Уцёкі, уцёкі... Прачытала мае думкі і выдзерла з іх тое слова, якое азначала небясьпеку, расстрэл і надзею адначасова. Так захацелася ёй распавесьці пра мае зухвалыя мары. Але яна напужала мяне і прымусіла замоўкнуць. Я не мог гаварыць...
Зайшоў Ігар. Я падняўся на выхад. Замяшаны і расчараваны, адчуваў сябе блага, як чалавек, каторы не прыняў працягнутай сяброўскай рукі. Жонка палкоўніка халодна і афіцыйна паведаміла, што папросіць мяне зайсьці зноў, калі апарат будзе патрабаваць рамонту.
— Так, так. Звычайна. З задавальненьнем, — адказаў я.
Шмат дзён пасьля той сустрэчы я разгублена чакаў выкліку да Ушаковых. За гэты час я пасьпеў пазнаёміцца з Зыгмунтам Макоўскім, трыццацісямігадовым капітанам корпуса аховы памежжа. Гэта быў чалавек з разумным адкрытым тварам, энэргічны і ў добрай фізычнай форме. У яго было шмат рысаў, тыповых для прафэсійнага афіцэра. Я запісаў яго ў свой унутраны сьпіс кандыдатаў, дзе ўжо знаходзіўся Каляменас, не раскрываючы яшчэ Макоўскаму сваіх плянаў. Я зусім не ведаў, чаго чакаць ад Ушаковай, але спадзяваўся, як найменей, на яе добрыя парады.
Хутка жонка камэнданта выклікала мяне зноў. Была адна. Я наладжваў радыё, шукаў сьвежых навінаў для сябе і сяброў. Яна з нуды пачала скардзіцца на кароткае сыбірскае лета. Тады я набраўся сьмеласьці:
— Выбачце, шаноўная пані, за мае паводзіны падчас апошняга візыту, — сказаў я напрамую. — Відавочна, што я думаю пра ўцёкі, але тут велізарныя адлегласьці і незвычайна цяжкія прыродныя ўмовы, у мяне няма адпаведнай экіпіроўкі для такой выправы.
— Вам жа ўсяго толькі дваццаць пяць гадоў, чаго было баяцца прызнаць, што не жадаеце правесьці наступныя дваццаць пяць у гэтым жахлівым месцы? Мы павінны пра такое размаўляць. Мне тут, прызнаюся, жывецца не горш за ўсіх. У мяне ўтульны дом, нашмат лепшая ежа, чым у вязьняў, і неабмежаваная колькасьць папяросаў. Але я не здолела б пражыць тут дваццаць пяць гадоў. Я ведаю, што ўсе вязьні мараць уцячы. Чаму не скінуць гэты цяжар з сэрца і не распавесці мне пра свае намеры?
І так мы пачалі абмяркоўваць уцёкі, як нешта, прынамсі, тэарэтычна верагоднае, нібыта яны датычыліся нейкай невядомай трэцяй асобы.
—Уявім, што вязень здолеў уцячы з лягера, — што рабіць далей? Адзінай праўдападобнай магчымасьцю для яго было б бегчы на ўсход, адсюль міляў шэсьцьсот да Камчаткі, а там можна пашукаць лодку, каб плысьці ў Японію.
Але, на думку Ушаковай, гэты плян не меў шанцаў на посьпех, бо ўся Камчацкая паўвыспа знаходзілася пад пільнай аховай савецкіх памежнікаў.
— А калі б вязень здолеў пралезьці на які-небудзь цягнік у заходнім кірунку? Можа, знайшлася б праца на ўральскіх шахтах, зарабіў бы грошай, а пасьля можна паспрабаваць пакінуць Расію.
— Узьнікла б шмат цяжкасьцяў у падарожжы, з атрыманьнем дазволу на працу і іншых дакумэнтаў, — падказала вопытная жанчына.
У той дзень мы не знайшлі іншых магчымасьцяў. Толькі калі я ляжаў вечарам на нарах, да мяне дайшло, што адзіны магчымы кірунак уцёкаў, пра які Ушакова нібы спэцыяльна не ўзгадвала, вёў на поўдзень, у бок Байкала. А куды пасьля? Аўганістан. Гэтая назва гучала для мяне нейтральна і цалкам бясьпечна.
Наступнага разу мяне выклікаў сам палкоўнік. Чамусьці ён не мог навучыцца спраўляцца з тым простым у эксплюатацыі прыёмнікам, чым мяне моцна зьдзіўляў, бо выглядаў інтэлігентным чалавекам. Складалася ўражаньне, што радыё выклікала ў яго нейкі незразумелы страх і яму было прасьцей паклікаць мяне для настройкі прыёмніка.
Я прагнуў даведацца, што адбываецца на сьвеце, таму шукаў для яго навіны на розных станцыях. У той дзень Ушакоў сказаў мне, што няма ўжо ніякіх сумніваў наконт хуткага ўступленьня СССР у вайну. Я не думаю, што ён так ужо і марыў пра вайну, але, напэўна, бачыў у ёй адзіны сродак выбрацца з Сыбіры і вярнуцца да любімай жаўнерскай службы.
У прысутнасьці палкоўніка мы з Ушаковай, зразумела, не вялі фантастычных размоў пра ўцёкі. Уяўляю сабе, як бы раззлаваўся камэндант лягера, калі б даведаўся, на якія тэмы вядзе размовы польскі вязень з яго жонкай. Калі я выходзіў, палкоўнік стаяў і слухаў радыё, а яна правяла мяне да выхаду.
— Не хвалюйцеся, — прашаптала. — Усё будзе добра.
У той вечар я вырашыў паклікаць Макоўскага на размову ў прыбіральню.
— Што ты думаеш наконт уцёкаў? — запытаў я капітана.
—Зусім ашалеў? З чым жадаеш уцякаць, нават калі атрымаецца пералезьці праз плот?
— Ёсьць надзея на дапамогу ад аднаго чалавека.
— Калі сапраўды маеш плян, то я гатовы далучыцца. Хай яго халера возьме, гэты лягер.
Роля шэфа кансьпірацыі вельмі цешыла гонар Ушаковай. І сёньня не ведаю, ці сапраўды яна верыла, што я некалі паспрабую зьбегчы. Можа быць, усё гэта было толькі малой развагай для самотнай кабеты, якой надакучыла аднастайнае лягернае жыцьцё. Пэўныя рэчы, нават гледзячы з сёньняшняй пазыцыі, я не здольны сабе растлумачыць.
Абстрактны плян пачаў набываць рэальныя рысы. Ушакова прадставіла мне свае разважаньні пад гукі яе любімай сымфоніі Чайкоўскага.
— Пакінуць лягер павінна невялікая група наймацнейшых і найбольш выносьлівых людзей. З дадатковай порцыі хлеба можаце эканоміць палову фунта кожны дзень. Гэты хлеб трэба будзе сушыць на сухары за печчу ў майстэрні, а пасьля складаць у добрай схованцы. Я пашыю для вас мяшкі, усё роўна не маю чым заняцца. Таксама вам спатрэбяцца шкуры на вопратку і абутак. Афіцэры палююць на сабалёў, а жаўнеры ловяць іх сілкамі. Шкуры яны вешаюць сушыцца на дрот з боку лесу. Тыя, хто працуе ў лесе, павінны браць па адной шкуры ў дзень, каб ніхто не заўважыў недахопу. Плянуйце ўцякаць на поўдзень. Бегчы трэба ноччу, калі будзе падаць густы сьнег, які схавае сьляды.
Праз хвіліну яна дадала, быццам штосьці сабе прыгадала:
— Мой муж хутка паедзе на некалькі дзён у Якуцк на нейкія курсы для вышэйшых афіцэраў. Не хацелася б, каб нешта здарылася, пакуль лягер знаходзіцца пад яго кіраўніцтвам.
Пані Ушакова і тут засталася вернай жонкай. Я адразу пайшоў да Макоўскага.
— Уцякаем, — далажыў яму. — Можам разьлічваць на дапамогу.
— Колькі людзей жадаеш забраць?
— Шэсьць хопіць, — адказаў я пасьля кароткай паўзы.
— Добра. Знойдзем іх. Аднаго ўжо цяпер магу параіць.
— Я таксама маю аднаго, — сказаў, падумаўшы пра Каляменаса. — Пачнём зьбіраць каманду заўтра.
IX. Плянаваньне ўцёкаў
— Вунь той. — Макоўскі стаяў каля мяне падчас абедзеннага перапынку і паказваў пальцам на вязьня, што трымаўся з боку ад натоўпу. — Варта да яго прыгледзецца.
Там стаяў плячысты мужчына, нават праз бясформенную і абвіслую фуфайку было відаць яго мускулістае цела.
—Хто гэта такі?
— Ты ж сам быў уланам, павінен пазнаць брата. Мой кандыдат вахмістар Антоні Палуховіч. Яму ўжо за сорак, але ён яшчэ вельмі дужы, здаровы, падцягнуты і вынаходлівы. Дасьведчаны ў любых пытаньнях. Я пайшоў бы за ім на край сьвету. Запытаем яго?
Мы прыблізіліся да Палуховіча, які адразу мне спадабаўся. Да пляна ўцёкаў ён паставіўся, як жаўнер да пастаўленай задачы. Яшчэ яго вельмі ўзрадавала, што я таксама быў кавалерыстам.
— Не будзе лёгка, але разам дадзім рады, — адказаў стары ўлан.
У той жа вечар я падышоў са спіны да Каляменаса і паклаў руку на яго плячо. Той павярнуўся да мяне і ўсьміхнуўся:
—А, гэта зноў ты.
— Каляменас, паслухай, уцякаю адсюль разам з групай знаёмых. Ці жадаеш да нас далучыцца?
Ён паклаў мне сваю цяжкую руку на плячо:
— Што, праўда? Кажаш сур'ёзна?
Я сьцьвярджальна кіўнуў галавой:
— На поўным сур’ёзе. І зьбіраемся выходзіць ужо вельмі скора.
Велікан зноў радасна усьміхнуўся.
— Іду з вамі, — адказаў ён і засьмяяўся ва ўвесь голас, пасьля чаго ляпнуў мяне па сьпіне. — Мог бы нават несьці цябе, калі было б патрэбна. Калі мы здолелі прайсьці ўсю дарогу ад Іркуцка, падвешанымі да тых праклятых ланцугоў, то без іх зойдзем значна далей.
Так нас стала ўжо чацьвёра. Мы пачалі плянаваць дзеяньні з перакананьнем, што варта пасьпяшацца. Канчаўся сакавік, і я адчуваў, што нам засталося небагата часу. Мы пачалі ўважліва сачыць за абстаноўкай навокал. Напрыклад, мы заўважылі, што выхад патруля з вартавымі сабакамі можна пачуць па зайздросьлівым выцьці і брэху сабак, ужываных для санак, якіх трымалі ў тых жа клетках. Гэты сыгнал гучаў кожныя дзьве гадзіны. Яшчэ мы адкрылі, што патрулі ходзяць у кірунку супраць гадзіньнікавай стрэлкі, пачынаючы шлях ад галоўнай брамы.
Мы вырашылі перабірацца праз агароджу з паўднёвага боку. Трэба было перасяліцца ў крайні барак, што стаяў у той частцы лягера. Подкупам і паслугамі кожны здабыў там сабе месца. Палуховіч адшукаў Яўгена Зару, трыццацігадовага чыноўніка з Югаславіі.
— Крыху сьмеху не перашкодзіць у такой вандроўцы, — сказаў нам вахмістар. — Калі возьмем з сабой Зару, будзе, у любым выпадку, весялей гінуць.
Утрох з Макоўскім і Палуховічам, як кваліфікацыйная камісія, мы разглядалі новага кандыдата, пакуль той стаяў, нічога не ведаючы, у чарзе па ежу. Гэта быў добра складзены, але нізкаваты мужчына з чорнымі вясёлымі вачыма. З насьмешлівым выразам твару ён распавядаў нешта сваім суседзям, якія штохвіліны выбухалі сьмехам.
— Ён мне падабаецца, — вынес я прысуд. — Забіраем яго.
— Я заўсёды марыў павандраваць па сьвеце, вось мае мары і зьдзяйсьняюцца, — адказаў Зара, калі я выклаў яму наш прыблізны плян.
— Гэта можа быць апошняя вандроўка ў жыцьці, — дадаў я.
— Ведаю, але іду з вамі, — вымавіў ён і дадаў праз хвіліну: — Рускія ў гэтым лягеры не маюць ні на грош пачуцьця гумару. Чым хутчэй мы расстанемся, тым лепей будзе як для іх, так і для мяне.
Так Яўген Зара далучыўся да кансьпірацыі, разам з ім нас было ўжо пяцёра. Мы пачалі разважаць, ці не арганізаваць уцёкі дзесяці чалавек, разьбіцца на дзве групы і такім чынам ускладніць пагоню. Але адшукаць дзесяць сьмельчакоў аказалася не так проста. Двух адпаведных, як мне здавалася, кандыдатаў, знаёмых па працы ў майстэрні, напужала да дрыжыкаў у каленях само слова “уцёкі”. Для чаго наогул кранаць такую небясьпечную тэму, калі вядома, што любая спроба ўцёкаў — гэта самагубства? Яны былі задаволеныя сваім новым становішчам у лягеры. Два фунты хлеба ў дзень і дадатковая порцыя махоркі здаваліся ім багацьцем, якім яны не бачылі сэнсу рызыкаваць. Я адступіўся, зрабіўшы выгляд, што прызнаю іх правату, што гэта відавочна дурная думка, якая невядомым чынам заблукала ў маёй галаве.
Няўдачы мяне не расчаравалі, я далей працягваў сушыць хлеб за печчу і адкладаць гатовыя сухары ў схованку пад кучай забракаваных лыжаў.
Шостага кандыдата прывёў Каляменас. Ім быў Захарыюс Марцінковас, дваццацівасьмігадовы літовец, архітэктар па спэцыяльнасьці. ён меў высокі рост і жывыя вочы хлебнага колеру. Мне заімпанавала яго рашучасьць. Марцінковас згадзіўся без ваганьняў на холад, голад і ўсе іншыя цяжкасьці, якія маглі нам сустрэцца па дарозе. Ён сказаў, што калі існуе нават найменшы шанц на посьпех, то варта ім скарыстацца. Ён аказаўся каштоўнай знаходкай.
Аднойчы вечарам мы вялі шэптам нараду, і Палуховіч згадаў нейкага Шміта. Я падумаў, што, можа, гэта нехта з тых паволскіх русіфікаваных немцаў, групу якіх далучылі да нашага транспарту ва ўральскай Уфе. Гэта былі звычайныя рускія, толькі з нямецкімі прозьвішчамі. Яны паходзілі ад нямецкіх рамесьнікаў, якіх запрасіў у Расію яшчэ Пётр Першы.
— Дык ён немец? — спытаў я.
— Называецца Шмітам, але не ведаю, немец ён або француз, — адказаў вахмістар Палуховіч. — Добра размаўляе па-руску. Увесь час пра нешта думае і трымаецца асобна. Дапамог мне сваімі добрымі парадамі ў некалькіх справах. Раю пазнаёміцца.
Мы з Макоўскім вырашылі паглядзець на таго Шміта.
— Пакажу вам яго заўтра, панове, — адрапартаваў вахмістар з усьмешкай.
Наступным вечарам, калі Шміт падыходзіў да акенца, праз якое выдавалі гарбату, Палуховіч кіўнуў у яго бок галавой. Мы пабачылі дужага мужчыну са зграбным целам, але на першы погляд ён падаўся мне занадта старым, каб вытрымаць цяжкасьці падарожжа. “Не менш за пяцьдзесят гадоў”, — падумаў я, прыгледзеўшыся да яго валасоў, хоць яшчэ густых, але выразна сівеючых. Палуховіч папярэдзіў немца пра спатканьне, таму Шміт зусім не зьдзівіўся нашаму прыходу. Я прадставіўся і сказаў, што мы маем цікавую прапанову.
Я размаўляў з ім па-руску, і ён адказаў мне на той самай мове:
— Ідзіце ў бок баракаў, я пайду за вамі.
Мы рушылі наперад. ён далучыўся да нас, трымаючы ў руцэ кубак гарбаты, калі мы былі ўжо даволі далёка ад натоўпу вязьняў.
— Вельмі прыемна, джэнтэльмэны, мяне завуць Сміт, — паведаміў ён, паглядзеўшы на нас, і ўсьміхнуўся. — Наколькі я зразумеў, вы жадаеце мне нешта прапанаваць.
Мы з Макоўскім шырока паразяўлялі раты ад зьдзіўленьня.
— Сміт? — паўтарылі мы адначасова яго прозьвішча.
— Так, містэр Сміт. Я амэрыканец. Што тут такога дзіўнага? — Яго вельмі забаўляла нашае зьдзіўленьне. Але мы не маглі паверыць уласным вушам, асабліва таму, што ён размаўляў па-руску дасканала, без сьледу замежнага акцэнту.
— Прабачце, — пацікавіўся ўрэшце я, — але якім чынам містэр сюды патрапіў?
— Як ужо паведаміў джэнтэльмэнам, што зьяўляюся амэрыканцам. Як інжынэра мяне запрасіў, разам з групай пяцідзесяці амэрыканскіх спэцыялістаў, непасрэдна савецкі ўрад для будаўніцтва маскоўскага мэтрапалітэна. Гэта здарылася дзевяць, а можа, ужо і дзесяць гадоў таму. У 1936 годзе рускія вырашылі, што я зьяўляюся прафэсійным шпегам, арыштавалі мяне і пасадзілі на дваццаць гадоў.
Ён размаўляў спакойна, упэўнена, можа троху прафэсарскім тонам. Спыніў сваю гісторыю і дапіў гарбату.
— Зараз аднясу кубак, а пасьля вернемся разам да баракаў, — сказаў Сміт і пашпацыраваў у кірунку кухні, пакінуўшы нас у поўнай разгубленасьці.
Уся лава, якую выплюхнуў еўрапейскі вулкан: палякі, украінцы, латышы, эстонцы, чэхі, фіны — у савецкім лаге-ры можна было сустрэць каго заўгодна. Але амерыканец...
— Можа, давай пашукаем яшчэ троху, пэўна знойдзем англічан і французаў, — жартаваў Макоўскі.
Падышоў Палуховіч.
— І што, панове, пра яго думаеце? — запытаў.
Макоўскі паціснуў плячыма, усё яшчэ назіраючы за Смітам, каторы толькі што аддаў кубак і вяртаўся да нас.
— Аказалася, што гэта не гэр Шміт, а толькі містэр Сміт...
Палуховіч зморшчыў бровы ад зьдзіўленьня.
— І той містэр Сміт, пан вахмістар, прыехаў з Амэрыкі, — закончыў Макоўскі.
Гэтага было ўжо дастаткова беднаму Палуховічу. ён адкрыў рот, бы штосьці адказаць, але замаўчаў.
Мы павольна ішлі ўчатырох у бок баракаў, абмяркоўвалі, колькі каму засталося сядзець. Лягерны этыкет вымагаў, каб пры знаёмстве людзі пыталі адзін аднаго: “А колькі пан атрымаў гадоў?” Сміт ведаў гэтыя нормы, таму задаў кожнаму па чарзе такое пытаньне.
Гэта здарылася ў пачатку красавіка, калі мы з Макоўскім ужо мелі нары ў апошнім бараку, блізка ад увахода, а астатнія спрабавалі хутчэй перасяліцца. Мы разьвіталіся з Палуховічам і запрасілі Сміта да сябе ў госьці. Прыселі на ніжняй паліцы Макоўскага і асьцярожна азнаёмілі амэрыканца з нашым плянам. Ён сказаў, што правільна абралі дарогу на поўдзень, бо толькі яна дае нейкія шанцы выкараскацца з гэтай халепы, хоць ёсьць і іншыя людзі, якія не могуць разьвітацца з марамі пра Камчатку.
Амэрыканец не сьпяшаўся з адказам. Задаў мне некалькі разумных пытаньняў і пагрузіўся ў роздумы, а мы сядзелі моўчкі.
— Джэнтэльмэны, — адгукнуўся ён нарэшце, — я з задавальненьнем прыму ўдзел у вашай выправе і пагаджуся, што шлях на поўдзень зьяўляецца ў дадзенай сытуацыі найлепшым выбарам. Можаце на мяне разьлічваць.
Тым вечарам мы яшчэ доўга размаўлялі са Сьмітам. Усе нашыя гісторыі адносна стасункаў з рускімі былі больш-менш падобнымі — яго гісторыя была іншая. Ён паходзіў з іншага сьвету, і гэта нас заінтрыгавала. Сміт распавёў нам шмат пра сябе, акрамя адной дробязі: ні ў той вечар, ні пасьля не раскрыў свайго імя. У размовах паміж сабой мы хутка перайшлі на імёны — амэрыканец заўсёды заставаўся Смітам, часам Містэрам Смітам, прычым гэта слова “Містэр” замяняла імя.
Праз увесь яго твар праходзіў доўгі сіні шнар, які цягнуўся па левым боку ад ілба да самай шыі. Гэта быў, як ён нам растлумачыў, напамін пра выпадак на будоўлі маскоўскага мэтро, калі зваліўся экскаватар.
— Калі не ўлічваць таго выпадку, некалькі гадоў мне жылося ў Маскве вельмі добра. Праца была цікавая, зарплата высокая, і з рускімі працавалася нядрэнна. Камуністы мелі сваіх кваліфікаваных інжынэраў, але ключавыя пасады раздавалі іншаземцам. Думаю, будоўля мэтро была для іх справай прэстыжу. Уладкаваўшы замежнікаў, яны маглі, калі што не атрымаецца, зваліць усю віну на іх. Аднак я не думаў пра гэта. Жыў у Расіі, якую заўсёды марыў пабачыць, і меў шмат грошай.
У Маскве, апанаванай маніяй “пяцігодак”, Сміт і яго калегі пражывалі ў люксавых апартамэнтах, а іх кішэні былі напханыя грашыма, за якія маглі купляць самыя дэфіцытныя тавары ў крамах, зачыненых для звычайных грамадзян. Амэрыканцы прыцягвалі да сябе занадта шмат увагі. Сміт нават меў аўтамабіль, на якім штодня езьдзіў па горадзе, гэта адразу патрапіла ў картатэкі службаў бясьпекі. Яго нявеста была рускай, гэта таксама не вельмі спадабалася вышэйзгаданым службам. Але пакуль дазвалялі яму працаваць і бавіць час пасьля працы, як пажадае.
— Я і не падазраваў, што прыбліжаецца час расплаты, — працягваў ён сваё апавяданьне. — Праз год рускія, без усялякіх намаганьняў з майго боку, падвоілі мне заробак, велічыня якога была прапісаная ў кантракце. Я падумаў, што гэта прэмія за значныя посьпехі ў пабудове мэтро. З таго моманту я адчуваў сябе цалкам бясьпечным.
Аднойчы ноччу 1936 года, калі Сміт быў дома разам са сваёй дзяўчынай, у дзьверы неспадзявана загрукалі супрацоўнікі НКУС. Яны паводзілі сябе культурна і ціха, але рашуча. Арыштавалі іх дваіх, і Сміт больш ніколі не бачыў сваёй каханай. Жыхары шматкватэрнага будынка, напэўна, нават нічога і не пачулі. Раніцу ён сустрэў у камэры на Лубянцы, якая на наступныя шэсьць месяцаў стала яго домам. Ніхто не зьвяртаў увагі на яго жаданьне датэлефанавацца да амэрыканскага амбасадара.
— Якія перамены! — не спыняўся Сміт. — Сёньня ты паважаны багаты інжынэр, заўтра — амэрыканскі шпіён. Аказалася, што яны не толькі сачылі за мной, але і чыталі прыватную карэспандэнцыю. Абвінавацілі мяне галоўным чынам у тым, што ў лістах да родных у Штатах я апісваў сытуацыю ў Расіі. Тайны суд быў фарсам. Як вам ужо сказаў, мне далі дваццаць гадоў. Канфіскавалі аўтамабіль і ўсю астатнюю маёмасьць. Такім чынам кампэнсавалі сабе вытраты, панесеныя пасьля падвойнага павышэньня майго заробку. Спачатку мяне паслалі на ўральскую шахту алмазаў. Там я прапанаваў кіраўніцтву мадэрнізаваць функцыянаваньне шахты так, каб павялічыць здабычу і агульную эфэктыўнасьць. Але мой праект ніколькі не зацікавіў камуністаў. Яны жадалі ўжываць выключна фізычную і малаэфэктыўную працу вязьняў.
— Ці думаў Містэр калі-небудзь пра ўцёкі? — пацікавіўся Макоўскі.
— Я разважаў пра гэта з першага дня працы на Урале. Аднак вырашыў, што ў адзіночку не спраўлюся.
Пасьля ён распытваў нас падрабязна пра ўсе дэталі пляна, хацеў скласьці поўны вобраз нашых намераў. Прагнуў даведацца, ці арыентуемся мы наогул у адлегласьцях, ці разумеем, што толькі да мяжы з Манголіяй трэба будзе прайсьці пешшу больш за тысячу міль. Пакуль мы шэптам размаўлялі, у бараку нумар 1 жыцьцё цягнулася сваім тэмпам. Людзі заходзілі і выходзілі, атрасалі сьнег з ботаў, размаўлялі з сябрамі, грэліся групкамі каля трох распаленых да чырвані печаў. Я супакоіў Сміта абяцаньнем дапамагчы пераехаць у наш барак і нагадаў, што трэба сьпяшацца. Сміт згадзіўся са мной, што ўцякаць на поўдзень трэба да канца гэтага месяца, разьвітаўся і выйшаў на двор.
Нашыя сябры без ваганьняў прынялі таго сёмага, і апошняга, члена каманды. Мы разглядалі справу таксама і з практычнага боку, ведалі, што, калі дабяромся да англамоўных дзяржаў, нам спатрэбіцца чалавек, які будзе вольна размаўляць на гэтай мове.
— Я паехаў бы з панам у Амэрыку, калі ўжо будзем на волі, — сказаў Сміту Зара.
—Я ўсіх бы з радасьцю сустрэў у Амэрыцы, — адказаў той. За першы тыдзень красавіка ўсе пасьпелі перасяліцца ў адзін крайні барак, што трэба прызнаць першым арганізацыйным посьпехам. Таксама мы зрабілі вялікі запас шкур, калі дакладней, сабраў іх Каляменас. Калі ён насіў з лесу да майстэрні бярозавыя калоды, то падбіраў па дарозе з калючага дроту сухія шкуркі. На шліфавальным станку ў майстэрні я сплюшчыў і завастрыў сямідзюймовы цьвік. Так мы атрымалі прыладу для сшываньня цьвёрдых шкур і прабіваньня ў іх дзірак. Нашая мехавая калекцыя складалася з сабалёў, гарнастаяў, сыбірскіх лісаў і — найкаштоўнейшая рэч — са шкуры аленя, якога застрэліў на мяса нейкі савецкі афіцэр. Мы парэзалі тую шкуру на доўгія палосы для вязаньня найпрасьцейшых макасінаў, над якімі працавалі ўпоцемку па начах. Мы змайстравалі са шкуры і падвязкі. Яшчэ мы здолелі пашыць сабе са шкурак камізэлькі, якія насілі футрам усярэдзіну пад фуфайкамі. Для абароны ног мы выразалі нешта падобнае на мехавыя ўсьцілкі.
У той пэрыяд мы баяліся толькі здрады. Уся тая падрыхтоўка пачала прыцягваць шмат увагі. Хутчэй за ўсё даносчык быў бы ўзнагароджаны рускімі за добрую інфармацыю хлебам і тытунём, але не знайшлося ні аднаго юды. Тыя, хто нешта падазраваў, палічылі, напэўна, нас дурнямі, якія самі наклічуць на сябе бяду, таму моцна нас не турбавалі. Менш здагадлівыя назіральнікі не бачылі нічога дрэннага ў тым, што мы шыем сабе дадатковае адзеньне з крадзеных у рускіх шкур. У бараку нашая група трымалася асобна, а стратэгічныя пляны мы абмяркоўвалі па дарозе да прыбіральні.
Пры сустрэчы я паведаміў Ушаковай, што знайшоў шэсьць сяброў. Яна не пытала, хто яны такія, можа і не хацела ведаць. Я атрымаў ад яе абяцаны падарунак — лязо сякеры.
— Я назаўсёды запляміла сваё сумленьне, — сказала мне. — Першы крадзеж у маім жыцьці.
Я зрабіў да таго ляза ручку і гатовую сякеру даў Каляменасу, які ў мэтах кансьпірацыі заўсёды насіў яе пад адзеньнем.
Яшчэ адну патрэбную прыладу я таксама змайстраваў на працы. Гэта быў салідны нож даўжынёй у фут і шырынёй ляза ў тры дзюймы. Я зрабіў яго з кавалка паламанай рыдлёўкі, якую разагрэў у печы і выкаваў у форме нажа, а пасьля завастрыў на шліфавальным станку. Рукаятка складалася з двух кавалкаў дрэва адпаведнай велічыні і моцна аплеценых рэменем са шкуры аленя. Так, Каляменас хаваў сякеру, а я нож. Мець у лягеры нож, сякеру ці хоць што-небудзь вострае было вельмі небясьпечна. Калі б ахова раскрыла хоць бы адзін з гэтых прадметаў, то праваліўся б увесь наш плян.
Распаліць вогнішча не было для нас праблемай. Запалак, зразумела, мы не мелі, але можна было дзейнічаць дагістарычным спосабам. У лесе лёгка было адшукаць дрэвы, на якіх расьлі спэцыфічныя грыбы, якія рускія называлі губкай. Іх зрывалі і сушылі. Трэба было яшчэ мець кавалак крэмэню і пагнуты цьвік. Губка хутка загаралася ад выбітай іскры і пачынала тлець, тады трэба было моцна дзьмухаць, аж пакуль не зьявіцца полымя. Усе вязьні з часам станавіліся спэцыялістамі па разьвядзеньні вогнішчаў з дапамогай такой прымітыўнай запальнічкі.
У лягеры казалі, што надыходзіць Вялікдзень, які ў 1941 годзе выпадаў на 13 красавіка. У Вербную нядзелю, ці 6 красавіка, мы завяршылі ўсе падрыхтаваньні. Да адзеньня дадаліся доўгія футравыя шапкі, пад якімі можна было схаваць і вушы з шыяй, шапкі мы таксама хавалі пад адзеньнем. Гатовыя да падарожжа, мы хваляваліся толькі за свае скарбы: сякеру, нож, сухары, шкуры — каб толькі ў астатнюю хвіліну хто ў нас чаго не скраў.
У той дзень мяне паклікала Ушакова.
— Мужа не было сёньня раніцай на сходзе, — паведаміла яна, — бо ён выехаў у Якуцк. Я пашыла сем мяшкоў, якія вы павінны адсюль забраць — па адным за раз.
Яна стаяла спакойная і важная, а маё сэрца калацілася ад хваляваньня. Мяшок, які яна мне прынесла, не быў пусты. Я пачаў хутка маракаваць, як лепей яго схаваць. Запіхаў яго глыбока пад паху, прыгнуўся, засунуў рукі ў кішэні і, згорблены, паплёўся да барака, як чалавек або зьмерзлы, або заглыблены ў думкі. Такую небясьпечную прагулку я мусіў паўтарыць яшчэ шэсьць разоў. Я ўсьведамляў сабе, што калі мяне раскрыюць жаўнеры, то гэта будзе азначаць поўную катастрофу. Мы клалі мяшкі на нары замест падушкі, схаваўшы іх пад слоем моху. Пакуль мы знаходзіліся па-за межамі барака, то калаціліся ад страху, што нехта іх знойдзе.
У тыя астатнія дні мы здабылі стары падраны вайсковы кажух. Я распавёў сябрам пра стары фокус кантрабандыстаў — авечая шкура, якую валакуць па сьледзе, заглушае людзкі пах і зьбівае сабак з кірунку. Мы вырашылі паспрабаваць выкінуць такі фартэль. Таксама мы сачылі за надвор’ем, якое адыгрывала ў нашым пляне вырашальную ролю. Мы чакалі, калі пойдзе сьнег, а лепей моцная завіруха з непрабіваемай сьцяной сьнегу, у якім мы сталі б нябачнымі. Панядзелак быў марозны і ясны. У аўторак падзьмуў слабы вецер, зьмяшаны з ледзяным дажджом. У сераду пасьля абеду шэрыя хмары, якія нізка завісьлі на небе, напоўнілі нашыя сэрцы надзеяй. Пачаў падаць слабы сьнег. На паласе бясьпекі, якая цягнулася ўздоўж калючага дроту, пачалі ўзьнікаць гурбы. Пасьля абеду нашая сямёрка правяла кароткую нараду, на якой прагучала слова “сёньня”. Каля пяці вечара я назаўсёды пакінуў майстэрню. Мая фуфайка набухла ад схаваных пад ёй запасаў хлеба. Нож я засунуў за халяву правага бота. Мы выпілі вячэрнюю гарбату, пагрызьлі троху хлеба і па адным ці парамі пацягнуліся да барака.
Мы часта выходзілі ў прыбіральню, каб абмеркаваць апошнія дэталі. Сміт угаворваў не сьпяшацца, а чакаць, пакуль лягер не супакоіцца і не засьне. “Нам трэба дзейнічаць разумна, трэба вырушыць апоўначы. Тады ўсе вязьні ўжо сьпяць”, — так раіў Сміт. А на дварэ падалі вялікія камякі благаславёнага сьнегу і пакрывалі ўсё густой ватнай коўдрай.
Толькі Зару магло прыйсьці ў галаву наведаць якраз у той вечар штотыднёвыя лекцыі Палітрука. Спачатку мы расьсьмяяліся, але Макоўскі запытаў:
— А ўласна, чаму б і не?
У выніку мы пайшлі ўсёй групай, пакінуўшы ў бараку нашыя каштоўныя мяшкі, схаваныя на нарах пад мохам, глыбока перакананыя, што той ноччу ўсё павінна атрымацца. Мы ўселіся на апошніх радах, ветліва павітаўшыся з крыху зьдзіўленым Палітруком.
Ні на адным палітычным сходзе я не быў настолькі ўважлівым, як у той вечар, хоць, зразумела, гэта не было заслугай лектара. Палітрук — у час адсутнасьці Ушакова заставаўся старэйшым афіцэрам у лягеры — быў у дасканалай форме. Чарговы раз мы паслухалі тыраду пра тое, якім цудоўным было зьяўленьне савецкай дзяржавы, пачулі пра працу, якая робіць жывёлу чалавекам, пра самадысцыпліну як фундамэнт сацыяльнага парадку і пра несьмяротнасьць ідэалаў камунізму і інтэрнацыяналізму. “А што сказаў таварыш Сталін, калі прымаў дэлегацыю калгасьнікаў у 1938 годзе?” Адзін разумны жаўнер падняўся з лаўкі, стаў сьмірна і даслоўна працытаваў па памяці некалькі сказаў з той гістарычнай прамовы. Мы засталіся задаволенымі, Палітрук зрабіў нам на разьвітаньне яшчэ прышчэпку савецкай культуры і прамову на тэму капіталістычнага ўпадку разам з загніваньнем заходняга сьвету. Мы адсядзелі на той лекцыі добрыя паўтары гадзіны.
— Дабранач, таварыш палкоўнік, — разьвіталіся мы хорам.
— Дабранач, — адказаў Палітрук.
Калі мы вярнуліся ў наш барак, людзі пачыналі ўжо класьціся спаць. Сміт і Зара, якія займалі месцы бліжэй да выйсьця, павінны былі даць сыгнал. Мы разышліся кожны па сваіх нарах, каб легчы і чакаць. Відавочна, ніхто не заснуў, за выключэньнем Каляменаса, які на паліцы пада мной пачаў спакойна храпці.
Я ляжаў, паглыбіўшыся ў разважаньні, і слухаў грукат уласнага сэрца. Я думаў пра Ушакову і пра тое, што з ёй не разьвітаўся. Але яна, пэўна. не жадала ніякіх разьвітаньняў. Людзі навокал засыналі адзін за адным. Непадалёку ад мяне нехта гучна хроп, нехта іншы мармытаў штосьці праз сон. Адзін паўпрытомны вязень з нары бліжэй да печы ўстаў і падкінуў палена.
Нарэшце я адчуў далікатны штуршок у плячо.
— Рушым, — шапнуў Сміт.
Я асьцярожна дакрануўся да Каляменаса.
— Рушым, — паўтарыў яму.
X. Сямёрка пераходзіць Лену
Перш-найперш мы павыцягвалі з-пад моху на нарах нашыя мяшкі, да якіх былі прышытыя рэмені, дзякуючы чаму мяшок можна было закінуць за сьпіну і несьці, як заплечнік.
—Усё добра?—запытаў я ў іншых шэптам.
—Так, — адказалі мне сябры ледзьве чутна.
—Можа, хто хоча застацца, апошні раз пытаю.
У адказ цішыня.
— Выходзім, — загадаў Макоўскі.
Я закінуў мяшок на сьпіну і выйшаў на двор. У лягеры стаяла поўная ціша. Сьнег сыпаўся так густа, што я не мог разгледзець нават бліжэйшага дроту. Жаўнеры на паўднёва-ўсходняй вежы, якая ўяўляла для нас найбольшую небясьпеку, напэўна, не маглі разгледзець нічога далей за дзьвесьце ярдаў. Трэба дзякаваць лёсу за тое, што мы сядзелі ў такой глухамані, куды не давялі электрычнасьці, а значыць, і не магло быць ніякіх пражэктараў.
Ад дзьвярэй барака да ўнутранай сеткі калючага дроту нас аддзялялі нейкія сто ярдаў. Раней мы адкрылі, што пад уплывам марозу сьпіраль калючага дроту дзервянее і таму не прылягае да зямлі на ўсіх няроўнасьцях так, як павінна. Насупраць нашага барака паміж дротам і дном засыпанай сьнегам канавы зьявіўся прасьвет вышынёй у фут. Заставалася толькі там прапаўзьці не зачапіўшыся. Ад гэтага залежала пасьпяховасьць першай фазы апэрацыі.
Адзін за адным з інтэрвалам у 60 сэкунд усе перабеглі да калючага дроту. Першым пабег Зара, я стаяў і маліўся, каб ён адразу знайшоў прадугледжаную шчыліну. Другім бег літовец. Пасьля яго Сміт, Макоўскі і Палуховіч.
— Будзем спадзявацца, што яны ўжо дастаткова расшырылі тую халерную дзірку, каб і я здолеў праскочыць, — шапнуў мне Каляменас і зьнік у цемры, трымаючы ў руках мяшок, які мы дамаўляліся піхаць перад сабой, калі будзем паўзьці пад дротам. Цяпер настала мая чарга. Я адчуў, як дрыжыць сэрца і пацеюць далоні. Агледзеўся. Барак спаў мірным сном. Я рушыў наперад.
Калі я дабег да дроту, двое нашых ужо перапаўзьлі на той бок, а Сміт павольна поўз па зямлі. Астатнія прыселі і чакалі сваёй чаргі. З жахлівай хуткасьцю мы гублялі жыцьцёва важныя сэкунды, пакуль вахмістар, а пасьля яго Макоўскі, распластаўшыся, паўзьлі як вужы па сьнезе пад перашкодай. Нарэшце наперад пасунулася цяжкае цела Каляменаса, а я затрымаў ад страху подых. Латыш быў ужо на палове дарогі, калі фуфайка паміж лапаткамі зачапілася за калючы дрот. Каляменас тузануўся асьцярожна раз, другі. З нацягнутага дроту, гучна зазьвінеўшы, пасыпаліся малыя ледзяшы.
— Лезь цішэй, Анастас, — шапнуў я. — Без рэзкіх рухаў.
Нехта з таго боку агароджы забраў мяшок Каляменаса і стараўся дацягнуцца да яго сьпіны, каб вызваліць з капкана. Праляталі хвіліна за хвілінай. Ад злосьці я моцна сьціснуў зубы. Пасьля спрабаваў лічыць у галаве сэкунды да падыходу вартавых. Каляменас ляжаў нерухома, а нечыя рукі нэрвова спрабавалі яго адчапіць. Пачуўся нарэшце ціхі голас з таго боку. Каляменас ірвануўся і папоўз далей. Я глыбока выдыхнуў і рушыў за ім. Першая перашкода была пераадолена. Яна каштавала нам няпоўных дваццаць хвілін.
Мы спыніліся на беразе рова і глядзелі на высокі плот, узьнесены на другім беразе. Каляменас сасьлізнуў на дно і стаў сьпінай пад вэртыкальным супрацьлеглым берагам, моцна ўпёршыся нагамі ў сьнег. Пасьля сплёў перад сабой апушчаныя рукі, зрабіўшы нешта падобнае на стрэмя. ён падрыхтаваўся выканаць ролю жывой лесьвіцы. Мы ўсе зьехалі на дно рова. Кожны па чарзе падыходзіў да Каляменаса, апіраўся нагой на сплеценыя далоні, пасьля чаго здаравяк падкідваў уцекача наверх, каб той мог без цяжкасьці залезьці на вузкую паласу зямлі паміж краем рова і чатырох’ярдавым плотам. Калі ўсе апынуліся наверсе, некалькі каштоўных хвілін спатрэбілася нам, каб выцягнуць самога Каляменаса. Так мы ўсе апынуліся пад высокім плотам. Толькі забраўшыся на плечы латыша, магчыма было дацягнуцца да вяршыні агароджы. Хто залазіў наверх, моцна трымаўся за папярэчныя дошкі і дапамагаў падцягнуцца наступнаму. Выцягнуць самога велікана аказалася няпростай задачай. Мы з Макоўскім перахіліліся праз верх плота, іншыя моцна трымалі нашыя ногі зьнізу. Мы выцягнулі рукі і стараліся максымальна нахіліцца ўніз. Кожны павінен быў схапіць па адной руцэ Каляменаса. Тры разы мы яго ледзь не зацягнулі, не хапала ўсяго некалькіх дзюймаў, каб ён здолеў сам ухапіцца за верхні край агароджы, і кожны раз высьлізгваў з нашых рук. Мы дрыжэлі ад стомленасьці і роспачы, былі гатовыя ўжо здацца. Зрабілі кароткі перапынак, даўжынёй у хвіліну, і паспрабавалі зноў. Гэтым разам Каляменас чапляўся пальцамі за дрэва і адшукаў нейкі малы выступ. Нашыя намаганьні разам з нечалавечай моцай латыша зрабілі сваю справу, і вось мы ўтрох апынуліся на плоце.
Пад плотам ляжала яшчэ адна сьпіраль з калючага дроту, таму скакаць уніз трэба было дакладна ў глыбокі сьнег, а не як прыйдзецца. Я дрэнна разьлічыў скок і зачапіўся за востры дрот, атрымаўшы лёгкія драпіны. Цяпер мы знаходзіліся ў калідоры паміж двума платамі, па якім кружылі патрулі. Часу было ўсё меней. У той момант усе нэрвы былі настолькі напружаныя, што калі б я пачуў сабачы брэх, то, пэўна, самлеў бы. Калідор быў некалькі ярдаў у шырыню, якія мы хутка перабеглі і апынуліся перад наступнай перашкодай. На гэты раз, улічыўшы мінулую памылку, дапамаглі спачатку залезьці наверх Каляменасу. Мы імкнуліся захоўваць цішыню, і любы непажаданы гук падаваўся мне аглушальным громам. Каляменас перагнуўся праз плот і рукамі падцягваў нас аднаго за адным. Мяне асілак схапіў апошнім і зацягнуў на сьцяну. Як ашалелыя скакалі мы праз апошнія калючыя перашкоды, працягнутыя за другім плотам. Як толькі ўсе апынуліся на волі, то адразу кінуліся бегчы ў бок лесу, правальваючыся па калена ў сьнезе. За поясам у мяне была авечая шкура, да якой мы загадзя прымацавалі доўгі шнурок. Я ўзяўся левай рукой за канец таго шнурка, кінуў шкуру на сьнег і пабег, слухаючы, як яна шуршыць за сьпінай.
Мы беглі з усёй моцы, задыхаліся і кашлялі, пакуль не апынуліся перад таямнічай, пакрытай белымі шатамі тайгой. Нехта нават упаў на парозе лесу, але быў адразу падкінуты на ногі сябрамі. Пасьля таго першага апантанага бегу мы перайшлі паступова на хуткую рысь. Трошкі пасьвятлела, і настала раніца, а мы ўсё яшчэ беглі на поўдзень. Калі толькі нехта спыняўся перавесьці подых, то сусед штурхаў таго наперад, прымушаючы бегчы далей. Першы прыпынак мы зрабілі толькі каля адзінаццатай ранку, бо ніхто ўжо не мог зрабіць ані кроку. Мы пераглянуліся. Палуховіч сагнуўся папалам, абапёрся рукамі на калені і цяжка дыхаў, быццам у атмасфэры зьнікла паветра. Астатнія проста паваліся, скурчаныя, на сьнег. Ва ўсіх раты былі шырока адкрытыя, і дыхалі мы, як сабакі, высунуўшы перасохлыя языкі.
Мы стаялі на краі невысокага пагорка, пакрытага рэдкімі дрэўцамі. Аступаючыся мы спаўзьлі неяк уніз, але на тое, каб падняцца на наступнае пакатае ўзвышша, сіл ужо не хапіла. Мы вырашылі хвілін дзесяць адпачыць. Не маглі ніяк надыхацца, таму не размаўлялі. Нягледзячы на моцны мароз, усе былі пакрытыя потам. Усё яшчэ падаў сьнег, але ўжо не такі густы. Дрэвы гнуліся і трашчалі ад моцнага завываючага ветру. Як загнаныя зьвяры, мы напружвалі слых у спробах пачуць адгалоскі паляўнічых. Адно нас пужала да сьмерці — сабакі. Але чутны быў толькі шум ветру і раскалыханых дрэў. З левага боку пагорка рос густы лес.
— Пойдзем туды, — парушыў я нарэшце цішыню. — Схаваемся там ад ветру і троху адпачнём.
Усе, за выключэньнем Сміта, пачалі абурана пратэставаць.
— Равіч мае рацыю, — падтрымаў мяне Сміт.
Толькі на адной сіле волі мы пачалі ўзьбірацца пад гару і хутка затрымаліся пад магутным шырокім дрэвам. Пасьля расчысьцілі каля ствала невялікую пляцоўку і акружылі яе нізкай, але моцнай сьнежнай сьцяной. Каляменас насек сякерай некалькі галінак, якія мы расклалі паверх сьцен. Пасьля пасыпалі іх сьнегам, і дах быў гатовы. Суворыя варункі жыцьця ў Сыбіры навучылі нас, што першым правілам выжываньня зьяўляецца абарона перад забойчым ветрам. Неяк стары знаёмы асьцяк сказаў:
— Сьнег? А чаго баяцца сьнегу? Трэба толькі добра ў яго закапацца, і можна класьціся спаць. Цёпла, як пад коўдрай.
На тым прыпынку мы першы раз зазірнулі ў мяшкі. Кожны знайшоў пляскатую буханку хлеба, троху мукі, пяць фунтаў кашы, загорнутую ў газэту жменьку солі, вялікую порцыю тытуню і старую газэту. Акрамя гэтага быў яшчэ хлеб, які я высушыў за печкай. Акрамя мяшка, кожны меў яшчэ футравыя макасіны і па некалькі шкурак. Седзячы ў прытулку ў нашым будане, мы пачалі напаўголаса размаўляць. Узьнікла невялікая спрэчка наконт таго, ці можна ўжо запаліць. Вырашылі, што рызыка быць заўважанымі мінімальная, а папяросы напэўна супакояць нашыя нервы. Ад самакрутак будан запоўніўся шэрымі і цёплымі клюбамі дыму.
Пра вогнішча і гаворкі не ішло, бо мы не ўцяклі яшчэ настолькі далёка ад лягера. Усе згаладаліся, таму вырашылі падмацавацца хлебам. Толькі тады я даведаўся, што бедны вахмістар Палуховіч не меў ні аднаго зуба. Ужываньне сухога хлеба ператварылася для яго ў балючае выпрабаваньне. Але тут не было вады, каб той хлеб размачыць, таму ён доўга разьмінаў маленькія кавалкі ў сьнезе.
— Я меў цудоўныя здаровыя зубы, калі служыў пад Беластокам, — пачаў распавядаць Палуховіч. — Пасьля тыя падлы з НКУС, якія мяне дапытвалі, пачалі выбіваць на кожным з допытаў па зубе. Яны доўга сьмяяліся са свайго жарту, калі зубы скончыліся, але мне было зусім не сьмешна есьці сухі хлеб у вязьніцы голымі дзяснамі. Як толькі дабяромся да вольных краін, то першай справай устаўлю сабе новыя зубы.
— Калі выберамся адсюль, то я скінуся нават на залатыя, — пажартаваў Зара, што выклікала агульны смех.
Мы вырашылі выспацца за тыя некалькі гадзін, што засталіся да вечара, выстаўляючы аднаго зьменнага вартавога. Каляменас адразу заснуў, як замучанае дзіцё, храпеў спакойна і мэладыйна. Калі прыйшла яго чарга варты, то мы не адважыліся разбудзіць велікана. Таму, калі пачало цямнець, пад’ём скамандаваў Марцінковас. Кожны зьеў кавалак хлеба, выпаліў папяросу, і па чарзе ўсе выпаўзьлі з будана. Сьнег больш не падаў, але затое ўзьняўся вецер. Адразу на выхадзе мы адчулі востры боль ад марозу.
Усе разумелі, што трэба як найхутчэй аддаліцца ад лягера, бо на нашыя пошукі ўжо з раніцы адправіліся дзесяткі жаўнераў з сабакамі. Усю другую ноч мы беглі альбо хутка крочылі папераменна. Праз пару гадзін у мяне пачалі адмярзаць пальцы. Зьявіўся і новы боль, выкліканы адбіваньнем мяшка па сьпіне. Таму на нейкі час я перакідваў яго на грудзі. Каляменас жаліўся, што сякера за поясам націрае яму скуру на баках, таму схапіў яе пад паху. Было не надта цёмна, але хуткаму руху наперад заміналі сьнег глыбінёй больш чым ярд і няроўная паверхня гушчару лесу, пакрытая рознымі каранямі, пнямі і паваленымі дрэвамі. Пад раніцу мы перайшлі праз замёрзлы ручай з абрывістымі берагамі і сталі лягерам у лесе на другім баку.
Першыя чатыры-пяць дзён мы рухаліся пераважна па начах, а днём адпачывалі. Не было чуваць ніякай пагоні. Можа, гэта сьнег у першую ноч замёў усе сьляды. А можа, рускія вырашылі, што мы пабеглі на Камчатку, і таму паслалі ўсіх жаўнераў ва ўсходнім кірунку, бо гэта быў найпрасьцейшы і таму найверагоднейшы маршрут уцёкаў. Таму мяне вельмі асьцярожна павіншавалі за выбар кірунку на поўдзень. Пасьля мы пачалі перасоўвацца днём, рухаючыся расьцягнутай калёнай. Кожны дзень праходзілі каля трыццаці міль. Паўднёвага курсу дапамагала трымацца цьмянае сонца, якое праглядалася праз верхавіны дрэў, а таксама мох, які рос на паўночным баку дрэў. Мы мінулі яшчэ некалькі замёрзлых рачулак, якія, як мне здавалася, плылі на поўдзень і ўпадалі ў магутную Лену. Паход патрабаваў шмат сіл, гэта была штодзённая бітва з марозам і з уласнай слабасьцю, але нас вялі наперад моцная сіла духу і мара аб свабодзе, якая здольная перамагчы любыя перашкоды. Акрамя ўсяго, мы моцна сумавалі па агні і, каб падштурхнуць сябе да хутчэйшага маршу, дамовіліся распаліць першае вогнішча толькі тады, калі пабачым Лену.
Праз тыдзень падарожжа сярод нас пачалі ўзьнікаць меншыя групкі. Два бывалыя жаўнеры, Макоўскі і Палуховіч, заўсёды трымаліся разам. Марцінковас, такі паважны і сур’ёзны, хоць часам, здаралася, зьдзіўляў нас якім дасьціпным жартам, пасябраваў з Каляменасам. Маім бліжэйшым прыяцелем стаў Сміт, якога ўсе прызналі за своеасаблівага галоўнага дарадцу выправы. Вясёлы і жыцьцярадасны Зара сябраваў з усімі і адчуваў сябе добра ў любым таварыстве. Ён быў незвычайным сябруком. Памятаю, як у канцы асабліва цяжкага дня, калі мы былі настолькі выснажаныя, што не маглі падняцца і пабудаваць схованку на ноч, Зара падскочыў на сьнезе, паклаў рукі на бакі і станчыў перад намі ўласную вэрсію рускага “яблычка” ўпрысядкі. У Каляменаса ад сьмеху аж сьлёзы па барадзе пацяклі. Я ніколі ў жыцьці не сустракаў нікога весялейшага за Зару, ніхто і нішто на сьвеце не магло яго засмуціць. ён вучыў нас, што нават самыя жахлівыя сытуацыі маюць свой сьмешны бок і што нават у самым безвыходным становішчы не варта губляць пачуцьця гумару.
Падчас таго маратону да Лены нам упершыню пашчасьціла ў паляваньні. Мы заўважылі собаля, які рыўся ў сьнезе. Магчыма, ён быў паранены. Мы абступілі яго колам, і, хоць той паспрабаваў уцячы, Макоўскі забіў зьвярка адным ударам бярозавага кія. Зьвер быў падобны на лісіцу. Мы зьнялі з яго шкуру, але яшчэ не дасягнулі той ступені голаду, каб наесьціся сырым сабаліным мясам.
На восьмы, а можа, і на дзевяты дзень дарога стала лягчэйшай. Рэльеф лагодна спускаўся на поўдзень. Пад дрэвамі пачалі зьяўляцца палоскі зямлі з купінамі вострай сыбірскай травы, а на пнях было відаць усё болей моху. Аднойчы пасьля абеду лес парадзеў і перад намі адкрылася шырачэзная Лена. Рака была скаваная лёдам. У тым месцы гэта была ўжо магутная рака, хоць да Арктычнага акіяна ёй заставалася яшчэ паўтары тысячы міль. Схаваныя пад дрэвамі, мы стаялі роўным шэрагам, прыслухваліся і напружвалі зрок. Дзень быў ясны, таму любыя адгалоскі разьнесьліся б на значную адлегласьць. Аднак панавала поўная ціша. Ад берага нас аддзяляла яшчэ міля плоскай зямлі, якая ў часы паводкі, хутчэй за ўсё, ператваралася ў багну.
— Думаецца мне, што лепей будзе пераначаваць на гэтым беразе ракі, а на сьвітанку пачынаць перапраўляцца, — прахрыпеў Сміт.
Я згадзіўся з амэрыканцам і даў сыгнал астатнім разварочвацца. Хвілін праз дваццаць хадзьбы па ўласных сьлядах мы затрымаліся і пачалі майстраваць будан. Ужо сьцямнела, калі мы распалілі нашае першае вогнішча. Перад тым мы некалькі дзён сушылі пад фуфайкамі дробныя галінкі на распалку, якія цяпер хутка заняліся ад жару губкі.
Адлегласьць якую мы пераадолелі, была нічым у параўнаньні з тым, што нас яшчэ чакала наперадзе. Аднак мы адчувалі задавальненьне ад перамогі над першымі цяжкасьцямі і прыходу да берагоў Лены — першай мэты, якую сабе накрэсьлілі. Мы адсьвяткавалі гэты дзень гарачай пасоленай кашай — нашай першай гарачай ежай. Згатавалі яе на вогнішчы, слуп дыму з якога плыў высока ўгару і раствараўся ў кронах дрэў і цемры ночы. Адзіным нашым начыньнем быў невялікі алюмініевы рондаль. Акрамя яго нашае багацьце дапаўнялі яшчэ дзьве простыя драўляныя лыжкі, якія мы перадавалі па чарзе адзін аднаму вакол вогнішча, каб падсілкавацца з агульнага рондаля. Калі першая порцыя кашы зьнікла, што здарылася вельмі хутка, мы растапілі троху сьнегу і згатавалі другую. Вахмістар з задавальненьнем размачыў сваю порцыю хлеба ў кашы, і ўсе засталіся шчасьлівыя пасьля гэтага смачнага ляснога банкету. На працягу ночы мы вартавалі па чарзе, увесь час падтрымліваючы вогнішча.
Раніцай, пакуль яшчэ не настаў дзень, захоўваючы цішыню, мы перайшлі Лену — тую найбольшую раку ў краі велізарных рэк. Мы яшчэ некалькі хвілін стаялі на другім, даволі абрывістым беразе і ўглядаліся праз марознае паветра ў той бок, адкуль прыйшлі. Нэрвовая напруга мінулых тыдняў пачала адступаць. Раней кожнага з нас перасьледавала думка, што можам ніколі не дабрацца да Лены, — а вось яно, стаім на другім яе беразе, цэлыя і здаровыя. Мы з большым аптымізмам пачалі думаць пра наступны этап падарожжа.
Нехта пачаў раптам размаўляць пра рыбу. Гэта натхніла мяне на адну ідэю. Я распавёў астатнім, што зімой у Польшчы некаторыя людзі хапалі рыбу рукамі, проста прабіўшы дзірку ў лёдзе.
— Ну а калі высечам палонку, тады што? — запытаў Зара. — Будзем клікаць рыбу, каб выходзіла?
Я растлумачыў, што дзякуючы зьмене ціску паветра ў момант прабіваньня адтуліны ў лёдзе вада сама выкіне аглушаную рыбу. Аднак ніхто мне не верыў, усе думалі, што жартую, сьмяяліся і хвалілі за добрую байку, але я не здаваўся і прапанаваў паспрабаваць гэтую мэтодыку. Каляменас прынёс з лесу вялікіх памераў бервяно. Мы абралі месца на адлегласьці ярдаў дваццаці ад берага. Анастас схапіў вэртыкальна ўсталяванае бервяно зьверху, Зара і я трымалі зьнізу, каб кіраваць ударамі, і пачалі біць, як долатам, паверхню лёду. Ледзяная браня трэскалася, ламалася, і нарэшце з прабітай палонкі хлынула ледзяная вада, а разам з ёй — рыба. Чатыры рыбіны, кожная велічынёй з селядца. Мы схапілі іх адразу, расхваляваныя, як дзеці. Усе паляпвалі мяне па плячах і хвалілі за розум, а Зара нават заняўся самакрытыкай, папрасіўшы прабачэньня за тое, што не давяраў маім словам. Агульны энтузіязм прыпыніў нарэшце Сміт, які ўжо некаторы час неспакойна азіраўся навокал. Ён зьвярнуў агульную ўвагу, што нам не варта дражніць ласкавы да гэтага часу лёс і што было б бясьпечней зноў схавацца ў лесе.
Мы напіліся халоднай, чыстай вады з Лены, узьняліся на высокі бераг і рушылі наперад, у кірунку возера Байкал, наступнага этапу нашай выправы. Мясцовасьць не была для нас новай, мы ўжо праходзілі з канвоем вязьняў па гэтай пагоркавай даліне, парослай рэдкімі карлікавымі дрэвамі і кустамі.
Першую ноч пасьля пераходу праз Лену мы правялі ў кустах на невялікім узвышшы. Мы смажылі рыбу, трымаючы яе над вогнішчам на драўляных шампурах. Нашую першую сьвежую, смакавітую мясную страву дапаўняла каша.
Раніцай Марцінковас, які выйшаў па малой патрэбе, паклікаў астатніх жэстамі да сябе. Мы пашлі ў яго бок, разважаючы, што ў яго там здарылася. ён правёў нас да малой палянкі і, нічога не кажучы, паказаў рукой перад сабой. У цені дрэва стаяў дубовы крыж вышынёй больш за ярд. Мы сталі колам каля крыжа, а я пачаў асьцярожна сашкрабаць з яго плесьню і мох. У пэўны момант адчуў пад пальцамі рэльеф выразаных літар, і праз хвіліну мы пабачылі дзьве рускія літары: ВП — скарочана ад “Вечная Памяць”. Атрымалася яшчэ разабраць першыя тры літары прозьвішча і дату — 1846. Мы ўпэўніліся, што крыж быў з дубу, гэта здавалася дзіўным, бо навокал расьлі толькі хвойныя дрэвы.
— Пэўна, мы першыя людзі, якія пабачылі гэты крыж з часоў яго ўсталяваньня, — сказаў Марцінковас, вахмістар Палуховіч зьняў павольным рухам сваю футравую шапку і апусьціў галаву на грудзі. Мы пераглянуліся паміж сабой і зрабілі тое ж самае. Я памаліўся ціхенька за таго, каму быў пастаўлены крыж, а яшчэ і за посьпех нашых уцёкаў.
Абутак, які мы атрымалі ў Іркуцку, ужо зусім знасіўся. З лягернага абутку ў нас засталіся толькі анучы. Мы ўсе ўжо хадзілі ў макасінах і пераплеценых рамянямі футравых лясінах. Маршыравалі ўсё далей на поўдзень, рэгулярна па дзесяць гадзін на суткі, і пераадольвалі кожны дзень каля трыццаці міль. Хоць мы нідзе не сустракалі ніякіх людзкіх сьлядоў, ішлі і далей шырока расьцягнутай калёнай. Мы вырашылі, што калі будзем ісьці такім чынам, то нават калі аднаго ці двух зловяць, астатнія будуць мець шанц уратавацца ўцёкамі. Стасункі паміж намі станавіліся ўсё больш сардэчнымі, і ўсё даўжэй мы размаўлялі ў гадзіны вячэрніх стаянак. Часта распытвалі Сміта пра Амэрыку. Аказалася, што ён шмат падарожнічаў. Памятаю, як мне спадабалася яго гісторыя пра Мэксыку і пра аздобленае срэбрам сядло, якое ён там набыў.
Таксама распавядаў нам пра ўральскія шахты, куды першапачаткова быў сасланы, і што сустрэўся там з іншым амэрыканцам, знаёмым з Масквы. З гэтага вынікала, што Сміт быў не адзіным грамадзянінам Злучаных Штатаў, якога працаўладкаваў НКУС.
Адзін трапны ўдар палкай, кароткая пагоня, пыл узбітага ўгару сьнегу — і цудоўная вячэра з сыбірскага труса для ўсіх гатовая, а ў дадатак белае футра да і так немалога запасу шкур. Нашыя паляўнічыя посьпехі, аднак, былі выключна выпадковымі. Маючы на ўзбраеньні толькі нож, сякеру і палкі, было не так проста здабываць кожны дзень мяса. Намнога большых посьпехаў мы дасягнулі бы, ужываючы сілкі, як жаўнеры ў лягеры, але мы рухаліся наперад і не мелі часу на ўсталяваньне і праверку пастак. Пакуль што нам грэла душу каша з хлебам, а яшчэ і выпадковая рыба з трусам, атрымоўвалася так, што харчаваліся мы нават лепей, чым у лягеры. Мы бачылі таксама і сусьлікаў, якія высоўвалі свае цікаўныя пыскі з глыбокіх нор. Аднак нам не атрымалася ўпаляваць ні аднаго. Зара заўсёды спрабаваў паразмаўляць з імі піскам і курчыў сьмешныя мордачкі.
Мае таварышы былі па сваёй сутнасьці гарадзкімі жыхарамі. Я зьяўляўся адзіным, хто адчуваў сябе па-свойску сярод дзікай прыроды, і маё шчасьлівае дзяцінства на Палесьсі пачало прыносіць практычную карысьць. Мне хапала адзін раз зірнуць на сонца або на прыкметныя знакі на дрэвах, каб досыць дакладна трымацца абранага курсу. Таксама я добра памятаў мапу Паўднёва-Ўсходняй Сыбіры з дамінуючай Ленай і возерам Байкал. “Нам бы толькі адшукаць паўночны край возера, — супакойваў я сяброў. — Уздоўж яго доўгага ўсходняга берага знойдзем дарогу, якая выведзе з краіны няволі”.
Думка пра Байкал, як прыродны ўказальнік, што накіруе нас да свабоды, стала моцным стымулам, дзякуючы якому наступныя некалькі тыдняў мы хутка і настойліва ішлі наперад.
XI. Байкал і беглая дзяўчына
Зараз мне ўжо цяжка ўзгадаць, як зьмяняліся краявіды, праз якія мы праходзілі. У памяці засталіся толькі абрывістыя малюнкі Сыбіры, якія магу ўзгадаць толькі разам з нейкім важным здарэньнем, нібыта дэкарацыі ў тэатральнай пастаноўцы.
Аднаго разу мы любаваліся з лясістага пагорка на шырокую раўніну, якая расьцягнулася на некалькі дзесяткаў міль. Палі і лугі толькі недзе вельмі далёка на гарызонце сустракаліся з лясістымі пагоркамі, а пасярод усёй гэтай раўніны працякала шырокая рака. Ужо некалькі дзён мы з цяжкасьцю прасоўваліся наперад праз зарасьнік карлікавых дрэваў, разнастайных кустоў і купінаў высокай травы. З самага ранку нам прыходзілася прадзірацца праз густы туман. Першы раз мы перасталі захоўваць адлегласьць паміж сабой і пачалі трымацца ўсе разам. У пэўны момант нехта сыкнуў, каб прыцішыць астатніх. Мы стаялі як укапаныя і прыслухоўваліся.
Вельмі блізка перад намі загрымеў гартанны, канвульсіўны кашаль, пасьля пачуўся гучны тупат і трэск паламаных галінак, нібыта нейкае невядомае цяжкае цела павінна было вось-вось выскачыць на нас з кустоў. Мы стаялі яшчэ хвіліну нерухома, аж пакуль я не здагадаўся выхапіць нож. Каляменас адзіным рухам дастаў сякеру, астатнія паднялі палкі. Шалёны вэрхал сьціх. Толькі даносіліся незразумелыя гукі, якія нагадвалі цяжкае запыханае дыханьне тоўстага чалавека. Мінула яшчэ хвіліна і зноў гучна захрусьцелі кусты і затупалі ногі. Нават зямля задрыжэла вакол нас. Каляменас нахіліўся да мяне.
— Што гэта за д’ябал? —запытаў шэптам.
— Здаецца, нейкі зьвер, — адказаў я яму.
— Калі ён не падыходзіць бліжэй, то, можа, мы самі падыдзем і паглядзім, — вырашыў за ўсіх латыш.
Мы рушылі наперад, трымаючыся плячо да пляча. Праз туман я разгледзеў на адлегласьці некалькіх ярдаў размыты абрыс нейкай жывёлы, якая пераступала з нагі на нагу.
Лоб мела апушчаны ўніз і схаваны ад маіх вачэй. Я нахіліўся і падышоў яшчэ бліжэй. Перада мной стаяў алень, ён біў капытом, хрыпеў, біўся і выдыхаў пару з замыленай пысы. Як толькі ён пачуў людзкі пах, яго вочы расшырыліся і пабялелі ад сьмяротнага жаху. Пярэднімі капытамі ён вымалаціў невялікую яму ў цьвёрдай, прамёрзлай зямлі. Але не здольны быў уцячы, таму што ягоныя шырачэзныя рогі счапіліся са сплеценым карэньнем паваленага дрэва. Мяркуючы па спусташэньнях, якія ён нарабіў у барацьбе за волю, па вырытай зямлі і па яго выснажаным выглядзе, то мусіў тут мучацца ўжо некалькі гадзін. Пабачыўшы нас, алень ад перапуду забіў яшчэ раз капытамі з усёй моцы, запеніўся і захрыпеў, пасьля так аслабеў, што было відаць, як дрыжэлі ў канвульсіях яго пярэднія ногі. Мы паглядзелі на Каляменаса, а Каляменас глядзеў на агонію жывёлы, пасьля кіўнуў галавой і пакрочыў наперад.
Абышоў самца са сьпіны, залез на паваленае дрэва, стаў так, каб добра трымаць раўнавагу, і сьвіснуў сякерай, патрапіўшы дакладна па шыі. Алень упаў мёртвы на разрыхленую зямлю. Каляменас выцягнуў сякеру і выцер яе аб гетры. Нашыя спробы вызваліць заплеценыя рогі з каранёвай пасткі не прынесьлі вынікаў. Не дапамаглі нават намаганьні Анастаса, які таксама ўступіў у бітву з карэньнем. Нарэшце ён узяў сякеру і адсек галаву аленя. Мы выцягнулі тушу з гушчару, і я прыняўся за патрашэньне і сьцягваньне шкуры.
Усё адбылося так хутка, што не было часу на размовы. Першым адгукнуўся Макоўскі, пазіраючы ў бок Сміта:
— Добра, але што мы будзем рабіць з такой кучай мяса?
Я якраз ачышчаў адзін з кумпякоў і меў рукі па локаць вымазаныя ў крыві, але спыніў працу і прыўзьняўся.
— Трэба падумаць, — адказаў амэрыканец.
Містэр Сміт пасьля доўгай паўзы прызнаў, што мы ніякім цудам не зможам забраць з сабой усяго мяса. Але, з другога боку, нам вельмі не хацелася пакідаць такіх відавочных сьлядоў сваёй прысутнасьці. Каб выканаць сёньняшні плян, заставалася прайсьці яшчэ дваццаць ці трыццаць міль. Мы хутка падлічылі, колькі мяса здолеем забраць. З падлікаў вынікала, што прыйдзецца пакінуць на дарозе добрыя тры чвэрці аленя, таму Марцінковас прапанаваў простае рашэньне:
— Давайце застанёмся тут да заўтра, зьядзім колькі ўлезе, а пасьля забяром тое, што застанецца. Грэх пакідаць столькі мяса.
Аблізаўшы вусны Зара адказаў, што ў такой сытуацыі можна разьлічваць на яго дапамогу.
— Ці ўсе згодныя? — запытаў Сміт. Пярэчаньняў не было.
Мы ўзяліся за працу. Палуховіч заняўся зьбіраньнем дроў і распальваньнем вогнішча, некалькі чалавек рабілі будан, рэшта наразала мяса. Ужо праз гадзіну над агнём смажыліся найлепшыя кавалкі аленіны, насаджаныя на драўляныя калкі. З падвешанага над агнём рондаля даносіўся смакавіты пах кашы, якая варылася разам з кавалкамі нырак і мяса. Мы не маглі дачакацца, пакуль мяса дапячэцца. Я першы не вытрымаў і адрэзаў на пробу маленькі шматок. Ён быў троху цьвердаваты, але вельмі смачны. Бедны Палуховіч пазычыў мой нож і пасек сваю порцыю на дробныя кавалачкі. Як толькі згатавалася каша, ён атрымаў порцыю першым. Тлушч цёк па нашых бародах, нашыя жываты балелі ад пераяданьня, але мы ўсё пхалі ў рот новыя мясныя кавалкі, сьмяяліся і радаваліся неспадзяванаму банкету. Пад канец мы запалілі папяросы, а пасьля ўлягліся на заслужаны пасьляабедзенны сон. Пасьля двухгадзіннага адпачынку трэба было заняцца апрацоўкай аленевай шкуры.
Гэта была цяжкая і манатонная праца, я нават умудрыўся нацерці мазалі. Узброеныя кавалкамі дрэва, мы саскрабалі са шкуры рэшткі тлушчу і мяса. Таксама выкарыстоўвалі для гэтага пясок з нарытай аленем пляцоўкі. Калі б нехта ўзяўся несьці тую вялікую і цяжкую шкуру, то не здолеў бы пасьпець за астатнімі. Таму мы вырашылі зрабіць іначай: парэзалі шкуру на кавалкі, з якіх зрабілі чатырнаццаць дадатковых пар макасінаў, і для кожнага засталося яшчэ па кавалку шкуры. Я скруціў свой кавалак у рулён і прымацаваў да мяшка. Швейныя працы мы прыпынілі для яшчэ аднаго велізарнага абеду. Мы елі яшчэ і ноччу, аж пакуль жываты ледзь не палопаліся. Аленіна на сьняданак ужо не ўзбудзіла энтузіязму, але ўсё роўна ніхто ад порцыі не адмовіўся. Тое, што засталося, мы падзялілі паміж сабой, і кожны схаваў у свой мяшок салідную порцыю мяса.
Недзе ў палове дарогі паміж Ленай і Байкалам нам патрапіўся ланцуг гор. Уздым адняў шмат гадзін, толькі пасьля абеду мы апынуліся на парослым лесам супрацьлеглым пакатым баку гор. На вышыні дзьмуў моцны вецер, таму мы пачалі шукаць адпаведную схованку на ноч. І знайшлі такое, аб чым і марыць не маглі, — пакінутую паляўнічымі лесьнічоўку, збудаваную з бярвеньня. Уважліва праверылі навакольле, але асьцярожнасьць была залішняй. Старой пабудовы ніхто не ўжываў ужо шмат гадоў. Дах часткова абваліўся пасярэдзіне, а на падлозе з утрамбаванай зямлі расьлі грыбы і мох. Мы як маглі направілі дах, распалілі вогнішча і ляглі спаць. Вартавы мяняўся кожную гадзіну.
На сьвітанку Зара, якому выпала апошняя зьмена, гучна заваліўся ў лесьнічоўку.
— Хтосьці грае на скрыпцы! — закрычаў югаславін.
Мы адказалі дружным сьмехам, падумаўшы, што гэта новы жарт. Бедны Зара, якога мы ніколі не слухалі сур’ёзна, з усіх сіл імкнуўся пераканаць, што на гэты раз не жартуе:
— Кажу вам, нехта спрабуе граць на скрыпцы. Калі не верыце, схадзіце паслухайце.
Мы яшчэ троху пажартавалі, а Сміт запрапанаваў яму, каб у такт той музыкі выйшаў з хаты і не перашкаджаў спаць. Нарэшце вахмістар, гледзячы на Зару, штосьці западозрыў і вырашыў выйсьці на двор. Астатнія неахвотна пацягнуліся за ім.
Ярдаў праз дваццаць Зара даў нам знак рукой, каб прыціхлі. Насамрэч, на гэты раз ён не жартаваў. Мы пачулі дзіўны гук, хоць параўноўваць гэта са скрыпкай было яўным перабольшваньнем. Гэта нагадвала хутчэй, нібы нехта з доўгімі паўзамі біў па адной струне басэтлі. Мы зьдзіўлена пераглянуліся і павольна рушылі ў кірунку месца, адкуль даносіліся незразумелыя гукі. Мы замёрлі ў нерухомасьці на краі паляны. На другім баку ляжала дрэва, якое звалілася на зямлю, перабітае пасярэдзіне маланкай. У месцы, дзе пень узвышаўся на паўтара ярды над зямлёй, выцягнулася ўгару велізарных памераў лучына. Каля яе стаяў на задніх лапах вялікі чорны сыбірскі мядзьведзь, які згінаў лапай гэтую трэску, як лук, і адпускаў. Ён круціў галавой у розныя бакі і ўслухваўся з камічнай зацікаўленасьцю ў гукі, выкліканыя вібрацыяй. На шчасьце, вецер дзьмуў у наш бок. Мы назіралі за гэтым музычным спэктаклем некалькі хвілін, аж пакуль цацка мядзьведзю не надакучыла і ён, перавальваючыся, не пакульгаў у гушчар лесу.
Мы яшчэ доўга сьмяяліся з таго канцэрта, а Зара далучыў да свайго рэпэртуару новую камэдыю — “рускі скрыпач”. Але мядзьведзь лепей за нас умеў карыстацца тым музычным інструмэнтам. Нават Каляменас не здолеў настолькі выгнуць лучыну, каб выклікаць гучную вібрацыю. Гэта быў адзіны мядзьведзь, якога нам пашчасьціла спаткаць, хоць я чуў у лягеры, што іх да халеры водзіцца ў тайзе. А некаторыя з іх бываюць досыць небясьпечнымі, асабліва па вясьне. Нам не трапляліся і іншыя драпежнікі — ваўкі, хоць па начах мы часта чулі іх выцьцё, а днём бачылі сьляды, значна большыя за сабачыя. Мы ішлі даволі вялікай групай, пэўна, таму драпежнікі не наважваліся нас атакаваць.
Мінула некалькі тыдняў, пачаўся травень, а разам з ім мы адчулі першыя прыкметы кароткай сыбірскай вясны. Вецер аслабеў, на дрэвах пачалі зьяўляцца першыя пупышкі. Па небе цягнуліся чароды гусей і качак, якія вярталіся з выраю дадому. Але рачулкі, якія мы пераходзілі, усё яшчэ былі скаваныя лёдам, а зямлю пакрывала тоўстая скарынка сьнегу. Не зважаючы на гэта, умовы падарожжа станавіліся ўсё лягчэйшымі, і мы адчувалі, што найсуровейшая зіма засталася за сьпінай.
Апошняя рэч, якую мы маглі б пажадаць, было спатканьне з людзьмі, і да гэтага часу лёс нам спрыяў. Калі трэба было перайсьці пустую дарогу, мы заўсёды пасылалі наперад разьведчыкаў. Некалькі разоў мы бачылі па начах аддаленае сьвятло з вясковых або местачковых дамоў. Днём, бывала, атрымлівалася пабачыць аддаленыя рысы будынкаў або дым фабрычных трубаў. У такіх варунках мы рухаліся з асаблівай асьцярогай.
Часам паміж намі ўзьнікалі спрэчкі, але, праўду кажучы, яны не трывалі доўга і выбухалі звычайна пад вечар, калі мы былі аслабленыя дзённым пераходам. Нагодай да сваркі амаль заўсёды быў падзел функцый падчас разьбіўкі лягера. На шчасьце, ва ўсёй нашай сямёрцы не было мужчын, якія б антаганістычна ставіліся адзін да аднаго. Ніхто таксама не спрабаваў навязаць свайго лідэрства. Добрую ідэю ўсе прымалі і выконвалі разам. Калі немагчыма было дасягнуць паразуменьня ў нейкай справе, у ролі агульнага рэфэры выступаў “сыньёр дарадца” Сміт. Адзін раз прынятага рашэньня ніхто пазьней ужо аспрэчваць не спрабаваў. Спрэчкі аб падзеле абавязкаў пры закладаньні бівака звычайна спыняў Каляменас, які ніколі ні з кім не сварыўся, а проста падымаўся і рабіў тое, што было патрэбна. Гэта быў незвычайна працавіты, бязьмежны ў сваёй добразычлівасьці чалавек. Ён без ваганьняў заўсёды выконваў болей працы, чым ад яго патрабавалася.
З дапамогай нейкай унутранай інтуіцыі, якую немагчыма растлумачыць, мы зразумелі, што набліжаемся да возера, яшчэ да таго, як пабачылі яго вачыма. Мы адчувалі спэцыфічны пах вады, лёгкі смурод водных расьлін, а таксама іншыя цяжкія для тлумачэньня знакі, якія людзі, што выхоўваліся каля вады, улоўліваюць інстынктыўна. На дарозе, яшчэ далёка ад возера, мы знайшлі шкілет вялізнай рыбіны. Мы доўга ламалі галаву, якім чынам яна тут апынулася. Спускаючыся ўніз, мы пабачылі першыя дарогі, яны былі другаснага значэньня і страшэнна разьбітыя, але, прынамсі, нагадвалі дарогі, у адрозьненьне ад таго, што нам даводзілася бачыць раней. З боку возера вецер даносіў звон фабрычнай сырэны.
З гары мы любаваліся далінай, якая спускалася да самых берагоў возера. На захадзе, на адлегласьці ў некалькі міль, былі відаць фабрычныя пабудовы. Бліжэй узвышаліся брудна-жоўтыя абрывістыя скалы, на якіх расьлі дробныя ялінкі. Над вадой, якую мы палічылі пачаткам возера, стаялі салідныя драўляныя дамы; паміж імі былі бачныя рыбацкія лодкі, перавернутыя дагары дном, а таксама ўторкнутыя ў зямлю на роўнай адлегласьці распоркі, якія рыбакі звычайна ўжываюць для прасушкі сетак. Бачнасьць была дасканалая. У паветры панавала поўная цішыня, і дым з фабрычных комінаў уздымаўся прама ўверх. У рыбацкім пасёлку мы не пабачылі ніводнага руху. Здавалася, што дамы выкарыстоўваюцца толькі летам. У нізіне, паміж намі і вадой, пятляла дарога, уздоўж якой стаялі тэлефонныя слупы. Па колькасьці дратоў і бялеючых здалёк ізалятараў можна было зразумець, што мы патрапілі на важную магістраль.
Мы паспрабавалі ўстанавіць сваё месцазнаходжаньне і прыйшлі да высновы, што заблукалі і выйшлі задалёка на захад і дасягнулі паўночна-заходняга берага возера. Зараз трэба было паварочваць назад, каб абысьці паўночны край возера і выйсьці на яго ўсходні бок.
Так мы прасядзелі каля гадзіны, з цікаўнасьцю назіраючы за навакольлем. Нам нават падалося, што пачулі сырэну карабля. Усе былі ў вельмі добрым настроі і задаволеныя тым, што пераадолелі чарговы этап нашага маршу на поўдзень. Нас непакоіла толькі адна думка: скончылася ежа. Апошнія кавалкі аленя сталі ўжо загніваць. Мы пачалі размаўляць пра Байкал. Я распавёў сябрам, што яго глыбіня ў некаторых месцах сягае мілі і таму мы стаім ля найглыбейшага возера на сьвеце.
Я падзяліўся яшчэ і гісторыяй, якую пачуў у дзяцінстве ад дзядзькі, які змагаўся ў Сыбіры супраць атрадаў “белых” у рускую грамадзянскую вайну. Тады жаўнеры з разьбітага антыбальшавіцкага войска спрабавалі перабрацца на другі бераг Байкала па лёдзе. Але сярэдняя частка возера аказалася не да канца замёрзлай, і сотні людзей пайшлі на дно, калі лёд праламіўся. Я прыгадаў таксама, што некалі чытаў пра магутныя рэкі, якія ўпадаюць у Байкал і ствараюць там шматлікія віры і таму возера ніколі не можа цалкам замерзнуць. Нашую гутарку спыніў Сміт:
— Спусьцімся ўніз, трэба троху агледзецца.
Да дарогі было далей, чым нам здавалася. Паламаны дарожны знак паказваў кірунак і адлегласьць да вёскі ці мястэчка пад назвай Чычоўка. Напэўна, там мы нядаўна з гары бачылі фабрычныя трубы. Мы хутка перабеглі праз дарогу і зьніклі ў зарасьніках на другім баку. Паміж намі і возерам ляжала двухмільная раўніна, на якой сярод дубоў, ясеняў, бяроз, ліп і вербаў сустракаўся густы ядловец. Нам прыйшлося прадзірацца праз невысокія зарасьнікі, аж пакуль мы раптоўна не апынуліся на беразе ракі. Трэба было падумаць, ці варта перапраўляцца на іншы бераг. Шырынёй тая рэчка была каля 160 ярдаў, але пасярэдзіне лёд праламіўся і халодная вада цякла хуткай плыньню. Толькі цяпер мы пачалі турбавацца, ці ўсе ўмеюць плаваць, аказалася, што з гэтым праблем не будзе. Мы разумелі, што з гэтага моманту прыйдзецца пераплываць шмат рэк, таму перамагла думка, што не варта адкладаць першай спробы. Я выклікаўся ісьці першым. Мы зьвязалі разам рэмені, якімі кожны з нас быў падпяразаны, атрымаўся доўгі канат для бясьпечнай пераправы. Усе ўважліва сачылі за маімі рухамі, калі я стаў на лёд каля берага і пачаў асьцярожна прасоўвацца наперад. Нечакана лёд з трэскам праламіўся, і я праваліўся з галавой пад ваду. Я хутка вынырнуў і пераплыў праз незамёрзлую палонку. Паспрабаваў залезьці на лёд на другім баку, але той ламаўся пад вагой майго цела. Я спрабаваў зноў і зноў. Гэта трывала досыць доўга, пакуль нарэшце не атрымалася вылезьці з вады. Яшчэ некалькі ярдаў я прапоўз на жываце, не маючы адвагі падняцца. Прамоклы да ніткі і прамёрзлы, я даў знак таварышам, каб рушылі за мной.
Іх дарога хоць і была лягчэйшай, але таксама хавала шмат непрыемнасьцяў. Перапраўляліся па чарзе, трымаючыся за канат. Сміт, які ішоў апошнім, перавязаўся на жываце і быў амаль што перацягнуты на другі бок. Пры наступных пераправах праз такія напалову замёрзлыя рэкі я заўсёды карыстаўся дапамогай сякеры. Калі яе моцна забіваеш у лёд, то значна прасьцей выбірацца з вады.
Мы пабеглі як мага хутчэй праз гушчар добра схаваўшых нас кустоў. Пасьля паздымалі мокрыя нагавіцы, кашулі і фуфайкі, каб выціснуць іх ад вады. Пасьля апранулі ўсё назад, каб высахла на нашых целах, і энэргічным крокам рушылі ў бок возера.
Пад вечар мы затрымаліся на нараду. Здаровы розум падказваў, што калі будзем трымацца надта блізка ад берага возера, то рана ці позна нас здадуць уладам жыхары рыбацкіх пасёлкаў ці прамысловых мястэчак — тут яны яшчэ рэдка сустракаліся, але іх будзе ўсё болей па меры набліжэньня да транссыбірскай магістралі. Мы вырашылі аднагалосна ісьці на прыстойнай адлегласьці ад берага возера і трымацца як мага далей любых заселеных мясцовасьцяў. Так мы пайшлі на паўночны ўсход, усьведамляючы, што хутка зноў прыйдзецца перасякаць шашу. Праз пяць міль мы пабачылі лінію дрэў, якая прадказвала бераг наступнай ракі. Зара, які ішоў справа, параіў усім затрымацца. Мы накіравалі позірк у кірунку, які югаслаў паказваў пальцам, і пабачылі, што нешта варушыцца паміж дрэвамі каля ракі. Гэта мог быць дзікі зьвер, але мог быць і чалавек. На адлегласьці некалькіх соцень ярдаў у цьмяным сьвеце заходзячага сонца цяжка было нешта выразна разгледзець. Я наблізіўся да Зары і запытаў, што ён думае пра ўсё гэта.
— Чалавек ці зьвер, не ведаю, але нехта там зайшоў на вадапой, — адказаў той. — У кожным разе, паводзіць сябе так, быццам нас пабачыў і стараецца схавацца ад нашых позіркаў.
Астатнія ўжо падцягнуліся да нас.
— Калі гэта чалавек, — прашаптаў Макоўскі, — то трэба секануць яго добра па галаве і кінуць у раку. Не можам так рызыкаваць, каб нехта нас выдаў.
Мы разышліся шырокай лініяй — Сміт і Зара пайшлі з левага боку ад мяне, а Палуховіч, Макоўскі, Марцінковас і Каляменас з правага. Нахіліўшыся, мы рухаліся наперад ад куста да куста, пакуль не дасягнулі дрэва, аддаленага прыблізна на пяцьдзесят ярдаў ад берага. Праз яго галіны была бачная вада. Ярдаў за дзесяць ад прыбярэжнай паласы дрэў я затрымаўся яшчэ раз і прыслухаўся. Іншыя ціха набліжаліся да мяне, караскаючыся праз зарасьнік. Раптоўна нейкая фігура, якая дагэтуль хавалася нерухома за адным з пнёў, кінулася галавой наперад да кустоўя. Гэта адбылося імгненна, але я здолеў разгледзець сукенку і цяжкія боты. Я падарваўся на ногі і пабег за ёй.
Нас спыніла сьмешнае відовішча: сярод галін боўталася пара ботаў на гумовых падэшвах, з вайсковымі халявамі. Я схапіўся за тыя боты і пацягнуў з усёй моцы, каб выцягнуць на сьвет божы іх уладальніка, і праз хвіліну ляжаў, расьцягнуўшыся на зямлі з парай ботаў у руках. Тут жа нада мной нахіліўся, цяжка дыхаючы, Каляменас, разглядаючы дзьве непраўдападобна малыя ступні, абматаныя белымі анучамі. З глыбіні кустоў пачуўся ціхі плач. Усё яшчэ гатовыя на любы паварот падзей, задыханыя, мы заклапочана пераглядаліся.
—Гэта, напэўна, кабета, — шапнуў нехта няўпэўненым голасам.
Каляменас залез з галавой у кусты і штосьці далікатна адтуль дастаў. Мы ўсе яго акружылі. Так, гэта была дзяўчына, маленькая дзяўчынка з перапужанымі, круглымі вачыма, з якіх ручайкамі цяклі сьлёзы па мурзатым твары. Хвіліну назад мы былі бандай разбойнікаў, гатовых на забойства, цяпер жа стаялі нерашучыя і поўныя жалю, нібыта хлапчукі, якіх злавілі на нейкім свавольстве. Дзяўчына глянула на мяне праз сьлёзы і адразу ж апусьціла вочы.
— Прашу, не бойся нас, — сказаў я ёй па-руску.
Яна зірнула на мяне, пасьля чаго зноў правяла вачыма па суворых, зарослых тварах маіх сяброў і расплакалася яшчэ мацней. Лёгка было яе зразумець, бо мы мусілі выглядаць як банда найжахлівейшых злачынцаў.
— Ну, перастань плакаць, дзяўчо, — сказаў Палуховіч.
Усё яшчэ перапужаная, дзяўчына паспрабавала супакоіцца.
— Не пакрыўдзім цябе, — стараліся іншыя прывесьці яе ў нармальны стан. — Мы таксама маем сясьцёр, нарачоных...
Мы не ведалі, што казаць у такіх выпадках, таму спрабавалі суцяшаць яе, як немаўля. Усё яе адзеньне было завялікае і зацяжкае. Шчуплую фігуру закрывала вялікая, доўгая ватная фуфайка. З тоўстых і таксама ватных портак тырчала пара недарэчна малых і вузкіх у косьці ног. Фуфайка і порткі былі пашытыя з аднолькавага грубага матэрыялу і мелі той самы прыгнятальны шэры колер, што і нашае адзеньне. Пад расшпіленай фуфайкай дзяўчыны была бачная паношаная і ўся ў плямах фіялетавая сукенка. Шыю яна заматала, як шалікам, рукавамі зялёнага швэдра ці блузы. З-пад футравай, моцна памятай і пагрызенай мольлю шапкі выглядалі кончыкі каштанавых валасоў. Блакітныя вочы былі поўныя сьлёз. Дзяўчына была падобная на школьніцу, што пераапранулася ў вопратку дарослага мужчыны. Выглядала яна цалкам бездапаможнай, а мы, агорнутыя спачуваньнем і нерашучасьцю, стаялі вакол яе і не маглі вымавіць ні слова.
Дзяўчына падняла руку, у якой сьціскала маленькі крыжык, рукавом блузы выцерла твар ад сьлёз і паглядзела зноў на мяне. Яна стаяла на сьнезе босая, а я ўсё яшчэ трымаў яе боты. Таму я нахіліўся, каб дапамагчы ёй абуцца. Нарэшце дзяўчына загаварыла дзіўнай мяшанкай польскай і рускай моў.
— Я згубіла дарогу да калгаса, у якім працую. Я з Польшчы, і мяне сюды саслалі.
Пасьля гэтага прызнаньня яна так жаласна паглядзела на нас усіх, што мы не маглі стрымацца. Палуховіч і Макоўскі падскочылі да яе і, перабіваючы адзін аднаго, пачалі тарабаніць нешта незразумелае. Яна хіба здолела разабраць, што мы таксама палякі, што зьбеглі з лягера і што не зробім ёй нічога дрэннага. Нечакана дзяўчына кінулася мне на плечы і зноў выбухнула плачам.
— Бог такі міласэрны да мяне! Бог такі міласэрны да мяне! — паўтарала маладая полька.
Палуховіч з Макоўскім нязграбна спрабавалі гладзіць яе па галаве. Гэта была вельмі кранальная сцэна. Завельмі кранальная і завельмі гучная для адзінага з нас, які заставаўся заўжды халодным, як сталь. Сміт стаяў збоку, назіраючы за навакольлем. У пэўны момант спыніў нас па-руску:
— Хопіць ужо з тым! Забыліся, дзе знаходзімся? Мусім як мага хутчэй схавацца.
Усе падняліся і рушылі шукаць бясьпечнейшага месца...
[С. 63-132.]
********
********
Пра аўтара
Славамір Равіч нарадзіўся 1 верасьня 1915 года ў Пінску ў шляхецкай сям’і. Пасьля заканчэньня школы ён паступіў у архітэктурны каледж. У 1937 годзе Славаміра прызвалі ў Польскае войска. Службу ён праходзіў у горадзе Брэсьце. У ліпені 1939 года малады афіцэр польскай кавалерыі ўзяў шлюб са сваёй першай жонкай Верай, з якой так больш і не пабачыўся пасьля заканчэньня вайны.
Калі пачалася Другая сусьветная вайна, Славамір знаходзіўся на Заходнім фронце і ўласнымі вачыма бачыў адступленьне і разгром Польскага войска. Равіч вярнуўся ў Пінск 19 лістапада 1939 года, дзе адразу трапіў у лапы НКУС. Спачатку яго катавалі ў Мінску, потым у Харкаве. Як асабліва небясьпечнага злачынцу, які не жадае прызнавацца, Славаміра накіравалі ў маскоўскую Лубянку. Там маладому паручніку прысудзілі 25 гадоў сыбірскіх лягераў, куды яго і адправілі на цягніку разам з тысячамі іншых ваеннапалонных. Цягнік давёз іх толькі да Іркуцка, адтуль закаваныя ў кайданы вязьні зімой самастойна павінны былі дабірацца да лягера № 303, дзе пасьля таксама самастойна былі вымушаныя будаваць сабе баракі.
Славамір не зьбіраўся доўга сядзець у няволі і вясной вырашыў зьбегчы. У поўнай таямніцы сабралася група аднадумцаў у складзе трох польскіх афіцэраў, літоўскага архітэктара, латвійскага селяніна, сэрбскага чыноўніка і амэрыканскага інжынэра. Яны ўцякалі праз Сыбір, абмінаючы населеныя пункты. Па дарозе да групы далучылася яшчэ і 17-гадовая полька Хрысьціна. Іх шлях ляжаў у Індыю праз Манголію, пустыню Гобі, Тыбэт і Гімалаі. Чатыры члены групы не вытрымалі цяжкасьцяў пераходу і загінулі ў дарозе. Згодна з успамінамі Равіча, яны дайшлі да Індыі ў сакавіку 1942 года, дзе іх падабраў брытанскі патруль і накіраваў у шпіталь у Калькуце. Пасьля Славамір накіраваўся ў Ірак, каб далучыцца да фарміраванага там Польскага корпуса Уладзіслава Андэрса. Адтуль яго накіравалі ў Палестыну, там ён выкладаў у вайсковай школе. Пасьля Равіч пераехаў у Брытанію, каб прайсьці курс навучаньня на пілёта.
Пасьля вайны Славамір Равіч пасяліўся ў Англіі каля горада Нотынгема, дзе ўладкаваўся на працу дызайнэрам і ажаніўся ў другі раз з Мэры Нідхэм. У іх нарадзілася пяцёра дзяцей. У 1956 годзе ў госьці да Равічаў завітаў журналіст з Лёндана Рональд Даўнінг, які вырашыў запісаць успаміны афіцэра і выдаць кнігу “Тhе Long Walk”. Гэтае выданьне прынесла Славаміру Равічу сусьветную славу, яно было перакладзена больш чым на 25 моў, а па ўсім сьвеце было прададзена больш за паўмільёна экзэмпляраў. Равіч вёў ціхае сямейнае жыцьцё, часам даваў інтэрв’ю журналістамі або сустракаўся з фанатамі аж да 5 красавіка 2004 года.
Варта дадаць, што Славаміра Равіча неаднаразова крытыкавалі за нестыкоўкі і непраўдападобнасьць сюжэту апавяданьня, напрыклад за тое, што героі кнігі пражылі некалькі тыдняў у пустыні без вады альбо сустрэлі ў гарах сьнежнага чалавека. Адзін польскі афіцэр на сустрэчы з Равічам у Англіі нават заявіў, што пазнаў яго, і абвінаваціў у хлусьні, бо той служыў у пяхоце, а не ў кавалерыі, значыць, і ўсё, што ён кажа, можа аказацца хлусьнёй. Равіч жа, у сваю чаргу, назваў таго афіцэра правакатарам польскага камуністычнага ўрада. Пасьля сьмерці аўтара зьявілася новая вэрсія падзеяў. Яшчэ адзін беларус з горада Глыбокае Вітольд Глінскі абвінаваціў Равіча ў тым, што ён скраў і выдаў за сваю гісторыю яго ўцёкаў з ГУЛАГа, прачытаўшы яе ў вайсковым рапарце. Гэтыя скандалы дадаюць яшчэ больш пікантнасьці кнізе, пераклад якой нарэшце трапіў і да беларускіх чытачоў.
[С. 269-270.]