piątek, 2 września 2022

ЎЎЎ 1. Іван Ласкоў. Чорт ведае што. 1. Койданава. "Кальвіна". 2022.

 

                                                                  КАМАНДЗІРОЎКА

                                                                                  І.

    Джон Сьвіт балабоніў з жонкай, калі па ўсіх каналах сувязі - і унутрыінстытуцкай, і зьнешняй - пачулася:

    - Асьпіранта Сьвіта з матэрыяламі па камандзіроўцы - у шэф-залю.

    Мэры (а балабоніла менавіта яна, сам Сьвіт, напружана чакаючы поклічу, толькі устаўляў слова-другое) адразу зьмянілася з твару:

    - Камандзіроўка? Куды, Джон? Спадзяюся...

   - Не хвалюйся, каханая.

    - Спадзяюся, што не...

    - Вядома ж, не.

    - Тады куды?

    - Не ведаю, - схлусіў Сьвіт. - На Юпітэр, здаецца. Гаварылі, трэба ляцець на Юпіцер, а ляцець ніхто не хоча...

    - Як гэта “не ведаю”? А матэрыялы? Цябе ж просяць з матэрыяламі? Джоньні, няўжо туды?

    - Мэры, - зьнецерплівіўся Сьвіт. - Ты ж ведала, што за гісторыка выходзіш. Я папярэджваў, нават, не хаваў. Выключайся. Мяне чакаюць.

    Мэры яшчэ штосьці хацела сказаць, але Сьвіт выключыў сам – падфарбаваны экранам у ружовае, на самай справе беленькі, як малако, твар спуджана зьнік з экрана. Сьвіт ліхаманкава набраў код – сэйф з жалезным грукатам адчыніўся, зноў націснуў узапар сем клявіш – прасьпяваўшы ціхую песеньку. Павярнуліся на вальфрамавай восі незгаральныя керамічныя дзьверцы. Сьвіт с палёгкай уздыхнуў: маніпулятар з матэрыяламі, вынік пяцігадовай напружанай працы ляжаў на месцы – там, куды ён учора яго паклаў. Уключыў прасьвечваньне і аналізатар. Чужых дотыкаў да маніпулятара аналізатар не адзначыў.

    Сьвіт сунуў цеплаваты ад прасьвечваньня маніпулятар у бакавую кішэню курткі, але, схамянуўшыся, тут жа пераклаў ва ўнутраную, на грудзях. Націснуў агульную кнопку. Сэйф спачатку прасьпяваў песеньку, а потым мэталёва прагрукатаў. На кодавую панэль з чэрава электроннай прыстаўкі выкацілася дзевяць нулёў. Сьвіт, па штодзённай звычцы, прыдзірліва агледзеў свой кабінэт. Нідзе не валялася аніводнай паперкі. Можна было ісьці.

    На дарозе да ліфта ён напаткаў некалькі добра знаёмых, але ніхто яго не спыніў, не памкнуўся нават спыніць – значыць, інфармацыйнай згубы не адбылося, ніхто не здагадваўся, куды ён ідзе і навошта. Ліфт-амэга ужо ведаў яго ў твар і разявіў дзьверы, як толькі Сьвіт, выпрастаўшыся, стаў перад імі. Без гэтага ён у ліфт-амэгу б і не трапіў, ніякай сілай і хітрасьцю гэтыя дзьверы не расчыніць. Незгаворлівая машына, не чакаючы ад пасажыра ніякіх дзеяньняў, панесла яго не ўверх, як большасьць ліфтаў з першага паверха, а ўніз, у нейкую бездань, дзе нішто не адцягвае ўвагі Дасьведчаных ад вырашэньня нявырашаных праблем.

    Дзьверы шэф-залі, па чутках, супэр-бэтонныя, вонкава – з люстранога шкла, як і дзьверы ліфта-амэгі, паехалі ўлева, ў паз, як толькі Сьвіт убачыў сябе ў іх. Ён на імгненьне затрымаўся, не мог ён без усякага адразу пераступіць чырвоную рысу ў падлозе, што засталася на месцы дзьвярэй; тут невядомая сіла штурхнула Сьвіта ў плечы, пацягнула, як у варонку ўсьлед за караблём, і Сьвіт у першы, а хутчэй за ўсё і ў апошні раз у жыцьці апынуўся ў шэф-залі.

    Тут было людна і тлумна. Сотні дзьве мужчын і жанчын. Ледзь не ўсе саліднага, год пад восемдзесят, веку ажыўлена гутарылі між сабой; хто-ніхто ўзвышаў голас, чуліся сьмяшкі і рогат. Нейкі дзядок угледзеўшыся ў супрацьлеглы кут залі, раптам падняўся з крэслам і паімчаўся туды над галовамі іншых. У другім куце ішла перагрупоўка крэслаў – зразумела, разам з тымі, хто на іх сядзеў. Невядома адкуль зьяўляліся новыя людзі, і сьцены залі нібыта рассоўваліся, як раз настолькі, каб даць месца яшчэ аднаму ці двум. Дасьведчаныя зьяўляліся кожны разам са сваім крэслам, бо вольных месцаў у зале не было. Вольнае крэсла было толькі адно, непадалёк ад Сьвіта. Белае, яно рэзка кідалася ў вочы на чорнай падлозе. Крэсла раптам рушыла да яго, Сьвіта, а падкаціўшыся, разьвяло падлакотнікі, нібы запрашала сесьці. Але Сьвіт перад такой безьліччу славутых людзей сесьці пасаромеўся і толькі абапёрся на сьпінку. Ён тым самым нібыта выключыў усе гукі ў зале: так стала ціха. Толькі бязгучна бегалі крэслы з Дасьведчанымі, перастройваючыся: цяпер яны ўсе станавіліся так, каб Дасьведчаныя маглі бачыць Сьвіта. Іншым разам, заўважыў Сьвіт, адно крэсла праходзіла праз другое, як праз воблака, а з пярэдніх крэслаў не ўсе даставалі ножкамі да падлогі. Тут Сьвіт зразумеў. Што перастраеньне гэта рабілася не для Дасьведчаных, а для яго, Сьвіта, не тля таго, каб яны бачылі Сьвіта, а каб Сьвіт бачыў кожнага з іх. У іх жа і без таго Сьвіт быў, як на далоні, бо большасьць іх сядзела не тут, дзе Сьвіт бачыў адны іх выявы, а далёка адсюль у сваіх кабінэтах. Час Дасьведчаных занадта дарагі, каб траціць яго на пералёты з усіх канцоў сьвету ў Аклахому, на яго траціць – на Сьвіта.

    Сьвіт чамусьці – відаць ад хваляваньня – амаль нікога не пазнаваў. Ледзь згадаўся ён нават, што той, хто сядзіць за нізенькім столікам-пультам насупраць усіх – адзіны Дасьведчаны, з якім ён піў каву – шэф ягонага інстытута, Сэмюэль Фрэзэр, Дасьведчаны пятага кола.

    - Паважаныя калегі, - пачаў Фрэзэр. - як было паведамлена вам, сёньня на ваш разгляд ставіцца камандзіроўка ў дваццатае стагодзьдзе. Хаця тэма разгляду была даведзена да ўсіх Дасьведчаных загадзя, на жаль – відаць, з-за таго, што камандзіроўка неглыбокая і тычыцца толькі гісторыі нашай краіны, з васьмісот васьмідзесяці васьмі Дасьведчаных удзел прымаюць шэсьцьсот семдзесят два. Калі ў сувязі з гэтым хто-небудзь мае заявіць вета...

     Настала ціша. Сьвіт апусьціў вочы, баючыся глядзець на Дасьведчаных. Паседжаньне магло скончыцца, не пачаўшыся. Але колькі прыйдзецца чакаць новага?! Дзьве мінуты цягнуліся, як пад вадой без маскі. Нарэшце, мэханічны голас робата паведаміў:

    - Вета не скарыстана.

    - Ну што ж, калегі, - Фрэзэр заўсьміхаўся. - Справа простая. Думаю, абмеркаваньне зойме з паўгадзіны. Асьпірант Джон Сьвіт сорак дзевяты просіць камандзіроўку для высьвятленьня абставін сьмерці прэзыдэнта Тэндэра. Тэрмін камандзіроўкі – дзесяць дзён. Пытаньне, па-мойму, цікавае. Сьвіт далажыце Дасьведчаным матывы камандзіроўкі.

    Сьвіт непаслухмянай рукой дастаў маніпулятар, шчоўкнуў. На вялізным экране за яго плячамі зьявіўся твар прэзыдэнта Тэндэра, да радзімкі – на вуху за дзесяць год вывучаны Сьвітам.

    - Сьмерць прэзыдэнта Тэндэра, - сказаў Сьвіт і не пазнаў уласнага голасу, - аднаго з найболей вядомых палітычных дзеячаў дваццатага стагодзьдзя ў нашай краіне, адбылася пры загадкавых абставінах, якія не высьветлены да сёньняшняга дня. Праз пятнаццаць мінут пасьля таго, як у спальні прэзыдэнта згодна звычайнаму раскладу была адключана тэлевока, адкуль пачуліся два стрэлы. Афіцэр аховы кінуўся ў спальню і знайшоў у крэсьле труп прэзыдэнта. У далейшым гэтаму афіцэру было інкрымінавана забойства Тэндэра, на падставе таго, што ў спальню прэзыдэнта не мог трапіць ніхто іншы. Варыянт самагубства сьледзтвам быў адвергнуты па той прычыне, як напісана ў заключэньне, што “чалавек не ў стане выканаць самагубства двума стрэламі ў грудзі і галаву”. І нягледзячы на тое, што афіцэр аховы да канца абвяргаў абвінавачаньне, ён быў прыгавораны да сьмерці на электрычным крэсьле, а прыгавор быў прыведзены ў выкананьне.

    - Калега Сміт! - ускінуўся старэнькі нэгар у пятым радзе. На таблё пасярод Шэф-залі высьвецілася: “Бэнджамін Антагуа, Лісабон”. - Навошта такія падрабязнасьці? Будзьце ўпэўнены, прысутныя вучыліся ў сярэдняй школе, што вы хочаце высьветліць у камандзіроўцы?

    - Прашу прабачыць, Сьвіт, - паправіў Сьвіт. Фрэзэр адабральна кіўнуў галавой – правільна, асьпірант, падкрэсьлівай, што чуеш усё. - Што я хачу? Паглядзіце на гэтыя кадры з таго ж, дваццатага стагодзьдзя. Беспрацоўны Рубенс, выцягнуты з пятлі, тут жа кідаецца ў ваду. Джульета Тарына, жанчына сарака пяці год, кінутая маладым палюбоўнікам, зачыняецца ў кухні і адкрывае газ. Ёй здаецца, што сьмерць ідзе да яе занадта марудна, і яна страляе ў скронь з пісталета, падрыхтаванага загадзя. Нарэшце, агледжаны абсалютна аналягічны з прэзыдэнтам Тэндэрам выпадак: самагубцам банкрутам Самурам было зроблена два стрэлы: адзін – непадалёку ад сэрца, другі – у сэрца непасрэдна.

    - Ясна! - узьняў руку другі Дасьведчаны, у трыццатым радзе. “Нікель Шпіц”, - прачытаў Сьвіт на таблё. - Але якім чынам мяркуеце вы трапіць у спальню прэзыдэнта? Пры тым: ці думаеце вы, што ваша прысутнасьць можа папярэдзіць забойства ці самагубства? Спадзяюся, вы не забыліся, што менавіта ваш славуты Тэндэр высоўваў пляны то абмежаванай, то лякальнай, то “бяскрыўднай! ядзернай вайны.

    Сьвіт іранічна ўсьміхнуўся. Ён ужо асвойтаўся ў шэф-залі, яго не зловяць на глупстве:

    - Зразумела, ні ў спальню прэзыдэнта, ні ў суседні пакой для аховы пранікаць нельга. Дарэчы, гэта і немагчыма. Выключаюцца памянёнае тэлевока, аптычныя і ўвогуле любыя тэхнічныя сродкі назіраньня за палацам прэзыдэнта. Але чаму б за дзесяць дзён да дня сьмерці Тэндэра не ўзяць пад назіраньне таго самага афіцэра аховы?.. назіраньне за домам усёй аховы прэзыдэнта і без таго вялося. Так што мне дастаткова будзе падключыцца да тэлевока ФБР і атрымаць матэрыялы, якія пасьля былі або зьнішчаны ў гэтай установе, або схаваны так, што іх немагчыма знайсьці і сёньня.

    Шэф-заля з ухвалой загула. Сьвіт адчуў, што большасьці дасьведчаных спадабаўся, але сьвяткаваць перамогу было яшчэ рана. Спадабацца трэба было ўсім, усім без выключэньня, бо адно-адзінае выключэньне сваім бяздушным “вета” магло стаць на яго шляху туды, куды ён імкнуўся ўсе дзесяць год.

    - Гляньце, калі ласка, на экран. Перад вамі - дом афіцэра Карнуэля, абвінавачанага ў забойстве прэзыдэнта. Дом гэты стандартны, такія дамы былі пабудаваны менавіта для афіцэраў аховы прэзыдэнта. Усе яны, зразумела, былі “тэлефікаваны”, як жартавалі ў ФБР, гэта значыць, нашпігаваны апаратурай для падглядваньня, якую насельнікі дома не маглі адключыць, бо каналы сувязі з ФБР шматкратна дубліраваліся...

    - З гэтым усё ясна! - азваўся хтосьці з Дасьведчаных. - Але ж Карнуэль, пэўна, ведаў, у якім гнязьдзечку жыве, і мог не дазваляць ні сабе, ні побач з сабой падазроных размоў?

    - Бясспрэчна! Але жыхары такіх сяліб наіўна думалі, што апаратура толькі ў жылых пабудовах і прымалі гасьцей пад адкрытым небам. Яны не ведалі, што ў ФБР кантраляваўся кожны квадратны сантымэтар саду. I яшчэ важная акалічнасьць, - засьпяшаўся Сьвіт, баючыся, што разумнікі Дасьведчаныя зноў перапыняць яго. - Справа Карнуэля, як вайскоўца, разглядалася на закрытым паседжаньні ваеннага трыбунала, і на тым паседжаньні ФБР прад’явіла нейкія тэледакумэнты. Гэтыя дакумэнты адносіліся да дзён, што непасрэдна папярэднічалі дню забойства. Пасьля суду і прывядзеньня прыгавору ў выкананьне дакумэнты здалі на вечнае захаваньне ў сакрэтны блёк “А”. Дык вось: дакумэнтаў гэткіх у блёку “А” няма... Дзейнічаючы па маім пляне, іх можна ўзнавіць!..

    - Глыбока, Сьвіт, араце! - пачулася з кута залі.

    Большасьць Дасьведчаных заўсьміхалася, павярнулася адзін да аднаго, абменьваючыся адрывістымі фразамі. Фрэзэр націснуў на кнопку гудка, просячы цішыні:

    - Хацеў бы дадаць ад сябе сёе-тое аб самім Сьвіту. Ён не толькі выключна сумленны і працавіты, але і належным чынам загартаваны фізычна дасьледчык. Сёньня, у трыццаць два гады, яго вага восемдзесят восем пры росьце сто дзевяноста два. У свабодны ад дасьледаваньняў час ён займаецца лёгкай атлетыкай, глыбінным ныраньнем, альпінізмам. Раней быў рэкардсмэнам Зямлі па скачках у вышыню, чэмпіёнам Паўночнай Амэрыкі па боксе. Удзельнічаў у экспэдыцыях на Марс і на дно Марыінскай упадзіны. Упэўнены, што рэанімацыяй Джона Сьвіта займацца не прыйдзецца.

    - Дазволіць камандзіроўку... Дазволіць! - пачуліся галасы.

    - А што ўяўляе ваш Сьвіт у маральным пляне? - аж у першы рад, расштурхваючы крэслы, нечакана выплыў дзядок з казьлінай бародкай. “Мацьвей Селядзец. Баранавічы”, - з нейкай трывогай прачытаў Сьвіт на таблё.

    - Джон Сьвіт жанаты першым шлюбам. Мае дваіх дзяцей. На час камандзіроўкі згодны падвергнуцца стэдылізацыі. Джон Світ увогуле мала думае аб гэтым. яго галоўныя мэты - навукова-аналітычныя. Дзеля іх, як бачыце, калегі, ён просіць камандзіроўку аж на дзесяць сутак. Нагадаю, калегі, што кожныя суткі такой  камандзіроўкі каштуюць вашаму сучасьніку года жыцьця. Я асабіста пытаў Сьвіта, ці не можна абысьціся меншым тэрмінам камандзіроўкі. Сьвіт адказаў без ваганьняў, - не.

    - Дазволіць! - яшчэ болей дружна азвалася шэф-заля. Але Селядзец з Баранавіч не суняўся:

    - Паважаныя калегі! Разумею ваша нецярпеньне, усе мы людзі занятыя. Але ўсё ж такі я хацеў бы задаць асьпіранту Сьвіту пытаньне: што можна і чаго нельга ў камандзіроўцы ў мінулае?

    Сьвіт змахнуў пот з узмакрэлага ілба. Яму здалося, што ён адразу ўсё забыў.

    - Паважаны калега! - паспрабаваў абараніць Сьвіта Фрэзэр. - Навошта такія дзіцячыя роспыты? Асьпірант Сьвіт здаў усе неабходныя залікі і экзамэны самаму строгаму экзамэнатару - кампутару чатырыста восемдзесят сёмага пакаленьня Ікс-Ігрэк-Зэт. Пасьведчаньне аб гэтым - перад вамі, на экране...

    Селядзец, здалося, ажно ўскіпеў:

    - Паважаны калега! - твар ягоны пад’ехаў яшчэ бліжэй, і Сьвіт са зьдзіўленьнем адзначыў,  што гэта зусім не дзядок, а малазён, што ўдае дзядка, каб быць саліднейшым - глядзіш, такога ж веку, як і сам Сьвіт. І як гэты Селядзец зачасаўся ў такую кампанію?! - Не было яшчэ выпадку, каб у мінулае адправіўся чалавек, які не здаў тых самых залікаў і экзамэнаў. І што ж? Нашы сучасьнікі, якія лічаць сябе, вядома ж, разумнейшымі ад тых, хто жыў на Зямлі раней, ніяк не адракаюцца ад спакусы штосьці ў мінулым перарабіць. Маючы добрае сэрца, так і імкнуцца дапамагчы жабраку, выручыць бедалагу, уратаваць тапельца і гэтак далей. Нагадаю, калегі, можна сказаць, клясычны выпадак. Адпраўлены ў мэзазойскую эру для вывучэньня прычын гібелі дыназаўраў асьпірант кантрабандай захапіў у мінулае і ўвёў дыплядоку, якога пашкадаваў, узмацняльнік шкарлупіны, якім на птушкафабрыках карыстаюцца для таго, каб лепш захоўваліся пры перавозках яйкі. І што ж? Нашчадкі гэтага дыплядоку дажылі ў возеры Лёх-Нэс дажылі аж да сярэднявечча! Позьняй ноччу 31 кастрычніка 1338 года адно такое страшыдла, вылезшы для праходкі з возера, растаптала сьвятара мясцовай цэрквы Патрыка О’Ніла. Як нядаўна стала вядома, Патрык О'Ніл патаемна займаўся астраноміяй і якраз у дзень сваёй сьмерці скончыў кнігу, дзе на навуковай аснове давёў, што не Сонца вакол Зямлі, а Зямля круціцца вакол Сонца. Адзначыўшы гэту падзею ў карчме, і не заўважыўшы ў цемры пачвару, выдатны вучоны скончыў жыцьцё пад канечнасьцямі дагістарычнага паўзуна, у выніку чаго чалавецтва прыйшло да правільнага разуменьня адносін паміж Зямлёй і Сонцам толькі праз дзьвесьце год, у працы Каперніка. Такім чынам, з-за злачыннага жалю нашага сучасьніка да жывога выкапня на дзьвесьце год затармазіўся прагрэс чалавечай думкі!..

    Селядзец абвёў Дасьведчаных пераможным позіркам.

    - А асьпіранты-дывэрсанты, якія паставілі мэтай выратаваньне Хрыста? Гэта ж трэба было прыдумаць! Якое шчасьце, што міф пра Хрыста, як і даводзіла стагодзьдзі навука, аказаўся міфам!

    - Што ж вы прапануеце, калега? - крыкнуў хтосьці. – Увогуле адмовіцца ад пагружэньняў у мінулае?

    - Я прапаную пагружаць робатаў. Робатаў, цалкам падобных да чалавека Так, так! Робатаў. Робату не прыйдзе да галавы ўмешвацца ні ў чалавечае жыцьцё: ці спакушаць прабабку. Ён будзе сумленна адзначаць усё, што бачыць, і перадаваць наверх. Ну, а трапіць пад доўбню траглядыта - рэанімацыя не спатрэбіцца, а робата можна зрабіць і новага.

    - Калега, відаць, не ў курсе, - іранічна ўсьміхнуўся Фрэзэр. - Робаты выкарыстоўваюцца для вывучэньня гісторыі. Але, на жаль, эфэктыўнасьць іх малая. Людзі прымаюць нашых робатаў за ідыётаў і пачынаючы з васемнаццатага стагодзьдзя заключаюць іх у лячэбніцы. Можна сказаць, што ў гісторыкаў ужо аж лішак інфармацыі з лячэбніц. Ды і не адолее робат такую справу як забойства ці самагубства прэзыдэнта Тэндэра.

    - Ну што ж, - разьвёў рукі Селядзец з Баранавіч. - Тады прыйдзецца вашаму асьпіранту адказаць на дзіцячыя пытаньні. Калега Сміт...

    - Сьвіт, - адрэзаў  Сьвіт. Ён авалодаў сабой. - Прашу прабачэньня, Сьвіт.

    - Памятаеце, пра што вас пыталі?

    “Вось інквізытар! - падумаў Світ. - Яшчэ і памяць правярае”.

    - Памятаю. Вы спыталі, што можна і чаго нельга ў камандзіроўцы. Камандзіраванаму дазваляецца: есьці, піць, спаць і назіраць. Есьці: усё, апрача чалавечыны. Піць: ваду і водныя растворы, апрача этанолю ў любой канцэнтрацыі. Спаць: у межах цёмнага часу сутак...

                                                                                  ІІ.

    Халаднаваты бэтонны дах паціху гойдаў Сьвіта над небагатым россыпам далёкіх агнёў. У гэтым не было нічога дзіўнага, калі ўлічыць вышыню будынка. Высачэзныя гмахі заўсёды гойдаюцца, як лодкі ў акіяне.

    Гэты закінуты хмарачос Сьвіт абраў сам. Ён быў узьведзены яшчэ за дваццаць год да сьмерці Тэндэра, аб чым сьведчыла дата на франтоне, і з таго часу не перабудоўваўся. Такім чынам, гэты дах гарантаваў, што Сьвіта не перарэжа жалезам, не заваліць цэглай, не зьнясе вадой на шляху да дваццатага стагодзьдзя.

    Хмарачосаў для людзей на Зямлі не будавалі ўжо сто пяцьдзесят год, з тых часоў, як яны перасяліліся ледзь не ўсе ў адна- ці двухпавярховыя катэджы. Увысь пайшлі хмарачосы - фабрыкі расьлін. Стопавярховы хмарачос плошчай у гектар замяняў сто гектараў ворыва. Так вырашылася праблема харчаваньня. Але старыя хмарачосы, дрэнна асьветленыя, з вокнамі-байніцамі для гэтага не прыдаліся. Таму іх і закінулі, а шмат якія і разабралі, каб не засланялі сонца.

    Сьвіт зірнуў на гадзіньнік, які спэцыяльна надзеў на запясьце, як рабілася гэта  ў дваццатым стагодзьдзі. Да камандзіроўкі заставалася дваццаць хвілін...

    Усё, здаецца, зроблена і прадугледжана: пад пахай муляў – зашыты пад скуру маніпулятар – гарантыя звароту; гузікі на плпшчы, на пінжаку, на кашулі і нават на штанах тут жа успыхвалі, варта было зьлёгку на іх націснуць - усё гэта былі тэлечасовыя камэры, па якіх інфармацыя з дваццатага стагодзьдзя пацячэ ў стагодзьдзе Сьвта. Цела ачышчана звонку і знутры ад усіх мікробаў, зроблены прышчэпкі ад усіх хваробаў, якія толькі здараліся ў дваццатым і - для гарантыі - у дзевятнаццатым стагодзьдзі. У кішэнях пры кожным руху Сьвіта шамацелі ўзятыя з нацыянальнага музэю грошы - непадробныя даляры з таго самога часу, у які ён кіраваўся.

    “А ўсё ж такі, - думаў Сьвіт, лашчачы дах, ужо крыху вільготны ад расы, - як гэта дзіўна! Я, Джон Сьвіт Сорак Дзевяты, іду туды, дзе Сьвітаў яшчэ не лічылі, і мог бы стаць там Першым, але на гэта мне не дадзена права. Дарэчы, пра гэта і думаць нельга”.

    Сьвіту зрабілася страшна, што яму нельга думаць пра гэта, а ён усё ж такі думае. Думае, хаця і разумее, што думаць нельга. Яго адзіная справа ў дваццатым стагодзьдзі - назіраць і аналізаваць. Аналізаваць, дарэчы, можна і потым, вярнуўшыся. Калі нядобрыя думкі лезуць у галаву ўжо тут, то, можа, адмовіцца ад камандзіроўкі, пакуль не позна?!

    Так, ён мог бы стаць Першым. З яго ведамі. У той жа гісторыі. Колькі было раскапана археалягічных скарбаў у дваццаць першым! А што замінала Знайсьці ў дваццатым? Толькі няведаньне. Яно...

    “Божа, - застагнаў бязгучна Сьвіт, сьціснуўшы да болю кулакі, - няўжо я павінен адмовіцца? Дзесяць год працы... Дзесяць год – кату пад хвост? Няўжо?”

    Ён не думаў, што камандзіроўка скароціць яго жыцьцё яшчэ на дзесяць год, што адмовіўшыся ад яе, мог бы гэтыя ўратаваць.

    - Асьпірант Сьвіт, вы гатовы? - недзе побач пачуўся голас Фрэзэра, хоць самога Фрэзэра і не было. Шэф інстытута сам праводзіў яго ў такую далёкую дарогу.

    - Гатовы, - прахрыпеў Сьвіт, адкідаючы ўсе сумненьні.

    Ён лёг на сьпіну і пачаў чакаць. Вялізны партфэль з усім неабходным ён паклаў пад галаву, як падушку. З-за парослага частым лесам пагорка ўзьнімалася наколатае ва дрэвы, як на відэлец, сонца. Цішыню прастрачыла ціўканьне. Сьвіт павярнуў галаву. Шэранькі камячок натапыраных пёркаў цягнуў да сонца чырвоную дзюбку з бэтоннага слупа.

    У вушы стрэліла гарачым словам:

    - Пуск!

    На панэлі ў Цэнтры Кіраваньня Камандзіроўкай упаў у гняздо рубільнік. Па таблё пабеглі зьверху ўніз чатырохзначныя лічбы год. Дзесяткі людзей упіліся вачамі у экраны, на якіх з галавой на пузатым партфэлі ляжаў мужчына, апрануты ў сталёвага колеру плашч. Усяго гэтага Сьвіт не бачыў, але быў упэўнены, што яно выглядае менавіта так.

    - Ён ужо не з намі, - шоламам матыльковых крылаў данёсься да Сьвіта голас шэфа.

    Раньняя птушка зьнікла. Ява не пырхнула, не зьляцела, яна проста зьнікла, як выява на выключаным відэафоне. Слупок, на якім сядзела яна, раптам вырас. Зашумеў вецер дзесяцігодзьдзяў. Дажджы і сьнягі высыхалі, не пасьпеўшы легчы на Сьвіта, і падалі зноў. Дзень зьмяшаўся з ноччу - вакол стаяла паўцемра, як у пячоры. Потым настала поўная цемра. Сьвіт падумаў, што гэта ён заснуў ці страціў прытомнасьць і балюча ўшчыкнуў сябе за сьцягно. Ноч ад гэтага сьвятлейшай не стала. І Сьвіт зразумеў, што прыбыў на станцыю прызначэньня, бо заказваў Цэнтру палову чацьвёртай.

    Ён паляжаў, адпачываючы, з заплюшчанымі вачамі, потым расплюшчыў іх. Паглядзеў навокал. Ноч аказалася чорнай толькі ўверсе, у небе, дзе не відно было і зорак. Унізе ж яна палымнела бясконцымі ланцугамі агнёў. Жоўтымі, чырвонымі, зялёна-сінімі гірляндамі было абвешана ўсё, што хоць трошкі ўзвышалася над зямлёй. Тысячы ці мільёны лямп, кропкавых і даўгіх, як трубы водаправода, узрываліся і гасьлі, пульсавалі шалёна, ствараючы літары, чалавечыя твары, контуры аўтамабіляў і цюбікаў, крэслаў і пляшак... Нічога не разумеючы, Сьвіт пачаў чытаць літары, ледзь паспяваючы за іх мільгаценьнем: Піва “Рокі-2” - лепшае ў сьвеце!” “Купляйце піва “Рокі-2!”. “Безалькагольнае піва “Рокі-2” - найлепшы напітак для спартсмэнаў!” “Цьфу ты, - здагадаўся Сьвіт, - гэта ж гандлёвая рэкляма”. І як яны сьпяць пры такой ілюмінацыі?”

    Потым да Сьвіта зьнізу сталі даносіцца і гукі. Зрэшты, гукі былі ад самога пачатку , але Сьвіт думаў, што гэта гудзе ў ягоных вушах - як вынік пагружэньня. Але пасьля таго, як ён разабраўся з рэклямай, з аднастайнага змрочнага гуду пачаў вырывацца жалезны скрыгат, рыпеньне, кароткія ўскрыкі сырэн. Сьвіт з апаскай глянуў з хмарачосу. Ён не баяўся вышыні - альпініст! Яшчэ перад камандзіроўкай спэцыяльна колькі разоў пераначаваў ва гэтай вежы, але пасьля пагружэньня штось скранулася ў гэтым сэнсе ў Сьвіту. Гэта было вельмі непрыемна, бо яшчэ ж патрабавалася зьлезьці з хмарачоса. Таму Сьвіт прымусіў сябе павярнуцца на жывот і зьвесіць галаву з даху. На дне чатырох утвораных хмарачосамі, каньёнаў, што сыходзіліся якраз пад Сьвітам, нібыта счэпленыя адзін з адным, бясконцым гужам цяклі машыны. Гэта яны гулі, скрыгаталі, рыпелі, раўлі тысяччу жалезных глотак.

    - Не, як жа яны ўсё-такі сьпяць? - уголас падумаў Сьвіт аб продках, сучасьнікам якіх зрабіўся. - І як я сам буду тут спаць цэлых дзесяць сутак?

    Але да сну было яшчэ далёка, і Сьвіт не стаў пра гэта болей думаць. З намаганьнем, абапёршыся на дах, сеў. Пры гэтым правую руку ён балюча выцяў аб нейкі жалезны штыр, якога, Сьвіт мог у гэтым паклясьціся, да яго пагружэньня на вывучаным удоўж і ўпоперак даху не было. Добра яшчэ, што не распароў далонь - вось была б радасьць аказацца без правай, рабочай рукі ў першы ж момант камандзіроўкі. Сьвіт загадаў сабе быць болей асьцярожным, сьціснуў ручку партфэлю і чарапашым крокам рушыў да паддашкавага люку. Той аказаўся замкнуты. Сваім наборам электронных адмычак з прасьвечвальнікам Сьвіт мог лёгка адкрыць замок, але чамусьці спужаўся, што ў гэтым вялізным будынку абавязкова сустрэне каго-небудзь, пакуль дабярэцца да выхаду на першым паверсе, і рашыўся на запасны варыянт. Адным ударам загнаўшы ў дах вастрэйшы за шыла, стрыжань са стопрацэнтнага хрому, ён абвязаў сябе пас нябачнай ні ў цемры, ні пры сьвятле ніцьцю, прапусьціў яе праз блёк на тупым канцы стрыжня; другі канец ніці быў наматаны на катушку. У адну руку ўзяўшы партфэль, у другую катушку, Сьвіт скочыў. Катушка ледзь чутна засакатала тормазам, апускаючы Сьвіта з хуткасьцю адзін паверх за тры сэкунды. Час ад часу Сьвіт спыняў катушку, каб не разьвілася паскарэньне, і насьцярожана азіраўся. Ніхто ўнізе не зьвяртаў на яго ніякай увагі; зрэшты, зьвяртаць і не было каму, бо на ўсіх чатырох вуліцах не было ніводнага чалавека, апрача тых, каго закрывалі ад неба дахі аўтамашын. “Якое дзіўнае жыцьцё, - падумаў Сьвіт, - апускаючыся на асфальт. Няўжо з-за таго, што на Зямлі жыло аж шэсьць мільярдаў людзей?”

    Ён вызваліўся ад ніці, прывязаў яе свабодны канец да катушкі, а катушку прыляпіў да сьцяны, падняўшыся на дыбачкі. На такой вышыні, як ведаў Сьвіт, не кожны жыхар дваццатага стагодзьдзя змог бы дастаць - не змог бы аддзяліць ад сьцяны, бо для гэтага быў патрэбны спэцыяльны прыбор - адклейвальнік, якім Сьвіт не меў намеру дзяліцца. Катушка на дзесяць дзён зрабілася архітэктурным элемэнтам.

    На той выпадак, калі б неверагодным чынам хтосьці сапсаваў блёк ні сарваў з яго нябачную ніць, Сьвіт меў у партфэлі аэрастат і балёнчык з крышталічным вадародам.

    Сьвіт узважыў у руцэ партфэль і ўздыхнуў. Да гэтай штукі, што стала лягчэйшай толькі на блёк і катушку, ён быў цяпер прыкаваны на цэлых дзесяць дзён. Ні ў якім разе нельга было дапусьціць, каб ён трапіў у чужыя гукі. Не магло і гаворкі быць пра тое, каб згубіць з яго хоць адну драбязу. Кладучыся спаць, згодна інструкцыі Сьвіт павінен быў прывязваць партфэль, замкнуты ва ўсе электронныя замкі, да шыі. РукІ ж павінны быць свабоднымі, каб абараняць партфэль.

    Сьвіт пайшоў. Ліхтары і рэкляма давалі столькі сьвятла, што яму не трэба было прыглядвацца да назваў і нумароў вуліц. Ён ішоў як чалавек, які добра ведае горад. Так яно і было. Над плянам, выдадзеным за месяц да сьмерці прэзыдэнта Тэндэра, ён праседзееў не адну гадзіну. Ён мог бы сам каму хочаш паказаць дарогу. Але гэта катэгарычна забаранялася Правіламі пагружэньня.

    Сьвіт разумеў глыбокі сэнс гэтай, здавалася б, недарэчнай забароны. Ніякага ўмяшаньня ў мінулае, бо гэта можа нынесьці непапраўны ўрон будучаму. Ні пагаршаць, ні паляпшаць мінулае нельга. Яно павінна заставацца такім, як было - толькі тады ў будучым сыдуцца лініі ўсіх падзей мінулага. Так было вырашана Дасьведчанымі пасьля першых жа, няўдалых пагружэньняў. Камандзіраваны быў абавязаны ахвяраваць сабой (нічога страшнага, на такі выпадак маецца рэанімацыя), ці тэрмінова перапыніць камандзіроўку, калі ўзьнікае небясьпека парушыць хаду гісторыі.

    Сьвіт ішоў па вуліцах, якія то заліваліся мітусьлівым жоўта-блакітна-чырвоным сьвятлом, то правальваліся ў цемру, і міжволі думаў пра тое, што ўсе гузікі яго плашча, і пярэднія, і ва сьпіне і на рукавах, і на каўняры штоімгненна шлюць інфармацыю ў дваццаць трэцяе стагодзьдзе, а там, у Цэнтры кіраваньня камандзіроўкай, за кожнай з гэтых дваццаці чатырох гузікаў, дакладней, за тым, што яны перадаюць, пільна сочаць дваццаць чатыры інжынэры цэнтра. І яны, усе разам, бачаць значна больш за Сьвіта, у якога толькі адна пара вачэй, накіраваная толькі ўперад. яны бачаць і твар Сьвіта, якога сам ён без люстэрка бачыць не можа; бачаць, вядома, не ўвесь час, а тады, калі трапляе ў поле зроку гузіка. Сьвіт падняў руку з двума гузікамі на абшлягу, накіраваў іх на свой нос і зухавата падміргнуў. Шкада, што ён не мог перамовіцца з тымі, каму толькі што паслаў такім чынам прывітаньне: голас свой падаць ён меў права толькі пры пагрозе аварыі.

    Урэшце горад пацішэў і пацямнеў - гэта Сьвіт выйшаў на адну з вуліц ускраін. Тут не было хмарачосаў і шалёнай рэклямы; толькі зрэдку, карыстаючыся раскошнай адзінотай, як ракеты, праносіліся аўтамашын. Сьвіт, баязьліва зірнуўшы налева і направа, перакрочыў маставую, завярнуў у яшчэ больш цёмны завулак. Тут, каб лепш чытаць надпісы, ён нават надзеў акуляры начнога бачаньня. У вачах адразу пасьвяжэла. Дом “13”, - выхапіў ён дробненькія лічбы, што стаіліся на рагу дома. Далей павінен быў стаяць дом 15 - дом капітана Карнуэля. Сьпіць, відаць, бедалага, і думаць не думае, што праз дзесяць дзён зваліцца на яго стотонным каменем сьмерць таго, каго ахоўвае, кіне на электрычнае крэсла. Хлопец як хлопец, з такім сымпатычным, крыху раздвоеным падбародзьдзем... “Стоп, - абарваў сябе Сьвіт. - Для камандзіраванага ў дваццатым стагодзьдзі няма ні сымпатычных, ні агідных”.

    Ён дастаў з нагруднай кішэні прадмет, які нагадваў зубачыстку, ідля блізіру сапраўды на хаду пакалупаў у зубах, а потым апусьціў руку і разьняў пальцы. “Зубачыстка”, апісаўшы неверагодную каля зямлі дугу, без гуку прыліпла каля зямлі да жалезнага прута агароджы. Інфармацыя, якую выпампоўвай кабэль ФБР з дому Карнуэля, з гэтага моманту праз партфэль Сьвіта пайшла і ў дваццаць трэцяе стагодзьдзе. Сьвіт, зразумела, мог знаёміцца з ёю тут жа, але што цікавага магло адбывацца ў доме Карнуэля а шостай гадзіне раніцы, калі і самыя заядлыя “совы”, і “жаўранкі” сьпяць? Але, праходзячы міма сялібы, Сьвіт дзякуючы сваім акулярам убачыў у глыбіні сада вялізны чорны аўтамабіль. Машына гаспадара стаяла б у гаражы, - значыць у Карнуэля хтосьці быў? Сьвіт прыгледзеўся да вокнаў - не, з аніводнага сьвятло не прабівалася. Зразумела, Сьвіт мог неадкладна падключыцца да інфармацыі, што трансьліравалася праз ягоны партфэль, але ў такім небясьпечным месцы рабіць гэта не выпадала. Таму Сьвіт, ледзь мінуўшы дом Карнуэля, паскорыў ледзь не да бегу крок. Ён ведаў, што ў канцы завулка ёсьць невялікі парк, які яшчэ ў дваццаць трэцім стагодзьдзі ён абраў для адпачынку на гэтым этапе. Парк сапраўды быў, але быў зачынены. Сьвіта гэта не спыніла і нават узрадавала: замкнуты - значыць, пусты, і яго ніхто не ўбачыць. Агароджа была вышэйшай за Сьвіта на мэтар. Ён хацеў спачатку перакінуць у парк партфэль, у але ў час успомніў, што разлучацца з партфэлем нельга; уздыхнуў, націснуў кнопкі на абцасах - з тых адразу выперліся спружыны; два разы прысеў, разьмінаючы лыткі, а на трэці ўзьвіўся ў паветра і праз імгненьне мякка прызямліўся па другі бок агароджы. Тут жа ўтапіў спружыны назад у абцасы і, як не было анічога, пашыбаваў па дарожцы.

    Гэтым разам ён ішоў нядоўга. Паварот, другі - і чмякнуўся на лаўку, выцягнуў ногі, заплюшчыў вочы. Каб не чорны аўтамабіль перад домам Карнуэля, ён бы нават паспаў з паўгадзіны, а так -адлічыў па сэкундзе мінуту; выпрастаўся на лаўцы і паднёс да твару кішэннае люстэрка. Можна было падумаць, што ён вывучае нейкую пляму на носе; у люстэрка і праўда можна было глядзецца, але прызначэньне яго было не ў гэтым: як талерачка, па якому ў старадаўняй казцы каціўся яблычак, шкельца паказвала тое, што рабілася далёка адсюль. Сьвіт націснуў кнопку - пуста; другую - пуста... “Вось д’ябал, - нэрвова перасмыкнуў вуснамі Сьвіт, - не ў парадку кабэль іх ці адключаны?” Трэцюю ціскануў - тое самае! Сьвіт заскрыгатаў зубамі. Няўжо ўвесь плян яго рухне з-за нейкай тэхнічнай недарэчнасьці? Але тут шырокія ноздры Сьвіта зьніклі з люстэрка. Замест іх на экранчыку з’явіліся кусты руж. Чароўнае шкло запрацавала!.. Сьвіт пачаў ліхаманкава паварочваць яго сюд-туд - ружы яго не цікавілі, яму патрэбен быў хаця б таемны чорны аўтамабіль. І вось ён! Сэрца затахкала ў Сьвіта. Ля машыны стаялі двое, абодва здаліся знаёмымі. Божухна! Гэта ж Карнуэль і... прэзыдэнт Тэндэр! Той і другі па чарзе варушылі вуснамі. Сьвіт прамармытаў праклён самому сабе за тое, што забыўся сунуць у вуха гуказдымальнік, кінуў руку ў кішэню...

    - Японскі, сэр?

    Сьвіт здрыгануўся, як ад уколу ў хрыбетнік, сутаргава прыціснуў люстэрка да грудзей... Чалавек, што сказаў у яго вад вухам гэтыя словы, ужо ладкаваўся побач з ім. Сеў. Паправіў пакамечаны пінжак, дастаў грабеньчык, праараў ім ураджайнае поле сваіх валасоў, што так і засталіся тырчаць у розныя бакі:

    - Я цікаўлюся, сэр: тэлевізар у вас японскі?

    - Тэлевізар? - не разумеючы перапытаў Сьвіт.

    - Не спрабуйце, сэр, пераконваць Біа Шоблі - гэта, значыць, мяне - што ў вашай левай руцэ пральная машына. Тэлевізар ад халадзільніка Біл Шоблі яшчэ адрозьніць, сэр!

    - Вы памыляецеся, - авалодаў сабой нарэшце Сьвіт. - Гэта -люстэрка.

    Ён растапырыў пальцы так, каб кантролер не ўпаў, а назольны Шоблі ўбачыў сваё адлюстраваньне.

    - Люстэрка? - зарагатаў той. - На шаснаццаць праграм? Гэта макакі ўмеюць. І хто іх гэтаму вучыць? Запакаваць магнітафон у дамскі нэсэсэр,  выпекчы аўтамабіль з гліны, як пан бог Адама... Цяпер, значыць, такое люстэрка. Сёмая раніцы, а яно ўжо паказвае. А ўсе праграмы нашы пачынаюць а восьмай. Вельмі цікава, сэр: чые перадачы вы глядзіцё?! Ці не Маскву, выпадкова?

    - І адкуль ты толькі ўзяўся на галаву маю, - падумаў уголас Сьвіт.

    - З-пад лаўкі, сэр! Так-так, з-пад лаўкі. Біл Шоблі - сумленны айчынны бадзяга, ён нізавошта не пойдзе прасіцца на ноч у багадзельню, калі яшчэ можна заначаваць пад лаўкай.

    “Няўжо ён спаў пад гэтай самай лаўкай? - тужліва падумаў Сьвіт. - Як жа я яго не заўважыў?”

    - А цяпер дазвольце спытаць, адкуль узяліся вы.

    - Я тутэйшы. Нарадзіўся і жыў усё жыцьцё ў гэтым горадзе.

    - І нікуды не выяжджалі? - Іранічна прадоўжыў Шоблі. - Вельмі цікава: адкуль жа ў вас гэткі акцэнт?

    “Не можа быць... - Сьвіта ўжо агораў адчай. - Акцэнт? Не можа быць... Мова запраграмаваная і ўведзеная ў мозг самым найноўшым кампутарам... І ўсё адно акцэнт?

    - Вось што я скажу вам пра вас, сэр, - задаволена ўсьміхнуўся бадзяга. - Вы такі ж тутэйшы, як я кітаец. Вы прыехалі з Японіі, пра што сьведчыць ваш тэлевізар, але вы, зразумела, не японец. Вы - рускі, сэр. Рускі шпіён. Перадачу вы прымалі з Масквы, бо ў Токіё цяпер ноч. Вы рускі шпіён, і як толькі адчыніцца паліцыя, я вас туды здам...

    Кулакі Сьвіта самі сабою сьцяліся, і ён сабраў усю сваю волю, каб не парушыць ход гісторыі.

    - Ну-ну, - памяркоўна і нават крыху пакрыўджана сказаў бадзяга. - ужо і пажартаваць нельга! Чорт з вамі, разарайце нашу электронную прамысловасьць. Мне яе не шкада. Дзесяць долараў, сэр, і Біл Шоблі будзе зноў спаць пад лаўкай, быццам не прачынаўся... Праўда, сэр! Пашкадавалі б беднага бадзягу, га?

    Сьвіт не адразу зразумеў, чаго ён хоча. Скеміўшы, выхапіў нейкую паперку, - ці не у сто даляраў? Не пасьпеў разгледзець. Шпурну на лаўку, а потым зрабіў першае, што прыйшло да галавы: націснуў кнопку на пукатым баку партфэля, і той узьвіў Сьвіта ў паветра. Мільгануў перакошаны твар Шоблі. “Памылка... Якая грубая памылка! - роспачна думаў Сьвіт, лятучы над паркам. - Сьветла ўжо, сонца ўзышло”. Як толькі парк скончыўся, ён плюхнуўся на тратуар і, не запыніўшыся ні на імгненьне, пашыбаваў куды вочы глядзяць.

    Ён ішоў і жахаўся, ці не зьмяніў, крый божа, хаду гісторыі, пакуль да яго не дайшло, што раз ён яшчэ ў дваццатым стагодзьдзі, значыць, самага страшнага не адбылося. Можа, ён і ўскладніў сваю справу, але ход гісторыі стодаляравая паперка не зьмяніла: на яе бадзяга не купіў пісталета і не забіў палісмэна. Таму і не перапыніў камандзіроўку бязьлітасны ў такіх выпадках Цэнтар.

    Ён ніяк не мог разабрацца, чаму адразу ж кінуў гэтую праклятую паперку, як толькі бадзяга папрасіў яго пашкадаваць. Ды і не папрасіў нават, а так, заікнуўся толькі, ды яшчэ пасьля пагрозы здаць у паліцыю... Даў немалыя грошы, добра ведаючы, што гэта камандзіраванаму строга забаронена. Няўжо ён такі жаласьлівы, што жаласьлівасьць да продкаў жыве ў ім, як інстынкт? Тады трэба неадкладна вяртацца дадому...

    Дадому?! Толькі што “зачапіўшыся” за такі факт, як патаемная сустрэча прэзыдэнта Тэндэра з чалавекам, які яго нібыта праз дзесяць дзён пасьля гэтага забіў? Кляты Шоблі! Не даў дагледзець. Цяпер гэта можна будзе зрабіць толькі пасьля ўсплыцьця, у Цэнтры.

    Сьвіт азірнуўся, шукаючы месца, дзе ён мог бы зноў уладкавацца са сваім люстэркам. Але лавак відаць не было, хаця з аднаго боку вуліцы і цягнуўся сквэр. У канцы яе, нібы з туману, выйшла размытае сонца. Тут толькі Сьвіт зразумеў, чаму яму так цяжка дыхацца ў камандзіроўцы. “Як яны толькі жывуць у такім дыме?” - падумаў Сьвіт пра продкаў. А тут што дзеецца? Пасярод дрэў каля аўтамабіля завіхалася жанчына. Сьвіт не адразу зразумеў, што яна напінае гумавы шлянг на трубу глушыльніка. Калі б яна зрабіла гэта хутчэй, то Сьвіт, бадай што, і ўвогуле б не зразумеў. Але шлянг, відаць, быў затонкі і даўся беднай у знакі. Яна яго і сяк, і так, пакуль не здагадалася паліць на глушыльнік з рознакаляровага флякона – на тым было напісана: “Шампунь”. У сваім стагодзьдзі Сьвіт, безумоўна, дапамог бы жанчыне, а ў гэтым дапамагаць ні ў чым не меў права, і, апёкшыся ўжо на бадзягу, рашуча пайшоў быў міма, калі б жанчына не пацягнула шлянг ад глушыльніка ў салён. “Што ёй, вулічнага смуроду не хапае?” - падумаў з насьмешкай Сьвіт, але тут яго кальнула ў сэрца: ён успомніў, што чытаў у газэтах дваццатага стагодзьдзя пра такі спосаб самагубства. Сапраўды, жанчына села ў салён, шчыльна запляснула за сабой дзьверцы, падумала, павярнула галаву направа-налева, паглядзела проста на Сьвіта, але за дрэвамі не ўбачыла яго, насыпала на далонь таблетак, кінула іх у рот і хвілінку трымала далонь на роце, нібы баялася, што яны выскачуць назад, рашуча крутнула ключ і адкінулася на сьпінку крэсла. Рухавік невялічкага аўтамабіля засакатаў, як параненая птушка. Сьвіт, утаропіўся прагна ў смуглявы твар жанчыны - такі ён быў непаўторны: Цяжка было адарваць позірк ад ярка-пунсовых вуснаў - не нафарбаваных, ярка-пунсовыя самі сабой. Раптам яны пачалі цямнець - так запякаецца кроў. Сьвіт бездапаможна закруціўся ва месцы: ён не толькі не мог ратаваць сам, ён не мог і зваць на дапамогу. Ён адзіна мог страсна прагнуць, каб хтосьці іншы тут жа зьявіўся каля машын і без ягонай, Сьвітавай падказкі ірвануў дзьверцы. Але вуліца была пустая

    Сьвіт сарваўся з месца, амаль пабег, каб не бачыць апошняга імгненьня няшчаснай. І пачаў змрочна суцяшаць сябе тым, што ратаваць жанчыну было б бескарысна: ну не дай ёй кончыць з сабой у гэты час, у гэтым месцы, у гэтай машыне, дык знойдзе іншы спосаб уночы, калі ніхто не бачыць, на другім канцы горада... Бо немагчыма ўстараніць сьмерць, не ўстараніўшы прычыну сьмерці, якой ён нават не ведаў.

    Што магло прывесьці да самагубства такую прыгожую і, відаць, не галотную - з густам убраную, з аўтамабілем? Нешчасьлівае каханьне, мужчынская здрада, нечаканая ганьба? Каб паказаўся хаця б намёк, адказу на гэта, Сьвіту патрэбна было лепш ведаць людзей чужога стагодзьдзя. Ён крочыў і крочыў, не спыняючыся, з вуліцы на вуліцу, аж покуль не сталі заплятацца ногі і партфэль не перакасіў плечы, апусьціўшыся разам з левай рукой амаль да зямлі. Сьвіту вельмі карцела зьмяніць руку, але ён не мог зрабіць гэтага - правая рука заўсёды павінна быць незанятай, так вырашыў ён, адпраўляючыся ў дваццатае стагодзьдзе.

    “Трэба што-небудзь выпіць, іначай павалюся”. Вуліца, на якую яго занесьлі ногі, была яшчэ не ў цэнтры, але на ёй ужо хапала шыльдаў. Над адной з іх Сьвіт прачытаў: “Піце “Рокі-2” - безалькагольнае піва для спартсмэнаў!” “Калі безалькагольнае, то можна паспрабаваць”, - вырашыў Сьвіт і пераступіў парог. У бары не было нікога, апрача бармэна і старога ў куце залі. Сьвіт апусьціўся на крэсла каля акна; бармэн, ні слова не кажучы, грукнуў на столік куфель з падазрона жоўтай вадкасьцю.

    - Што гэта? - спытаў Сьвіт.

    - “Рокі-2”, сэр. У нашым бары, сэр, толькі “Рокі-2”!

    І, паблажліва гукнуўшы Сьвіту, адышоўся. Сьвіт абхапіў куфель рукамі. Але тоўстае шкло ад гэтага не нагрэлася, наадварот - ахалоджвалася ў далонях. Ясная справа, піва трымалі ў халадзільніку, перш чым наліць. Сьвіт міжволі падняў куфель, ужо даткнуўся яго сасьмяглымі вуснамі, але схамянуўся, паставіў, дастаў з кішэні празрыстую палачку, патрымаў хвілінку над куфлем. Валасок індыкатара ў палачцы ўспыхнуў трывожным агнём. Сьвіт, з жахам адсунуў куфель.

    - Сэр, - паклікаў ён бармэна, - не маглі б вы даць мне чаго-небудзь іншага, сапраўды безалькагольнага? Простай халоднай вады... Гэтага мне нельга.

    - Разумею, сэр. Лячыліся?

    - Ад чаго? - не зразумеў Сьвіт.

    - Ну, ад гэтага самага. Прашу прабачэньня, сэр.

    - Ах, вы вось пра што! - Сьвіт успомніў, што для дваццатага стагодзьдзя алькагалізм быў характэрнай хвасобай. - Зрэшты, лічыце, што так. Мне б абы шклянку вады. Ці нават дзьве.

    - Гэта можна, сэр, - выскаліўся бармэн. - Але па цане “Рокі”

    - Па падвойнай цане “Рокі”, - паправіў Сьвіт, каб бармэн паварочваўся хутчэй. Гэтага продка, здаецца, ён зразумеў.

    Сапраўды, бармэн вокамгненна забраў піва і прынёс высокі шкляны посуд са звычайнай вадой, узятай, відавочна, з крана. Сьвіт праверыў яе палачкай - валасок не загарэўся - і з уздыхам палёгкі адпіў буйны глыток.

    - Што вы думаеце пра нашага прэзыдэнта? - раптам падаўся да яго стары з кута.

    - Пра вашага прэзыдэнта? А чаму я павінен пра яго думаць? –дыпляматычна спытаў Сьвіт, хоць і надзвычай узрадаваўся магчымасьці пагаварыць пра Тэндэра.

    - Га, сэр - чужаземец, і яго наш прэзыдэнт не цікавіць.

    - Я не сказаў бы, што не цікавіць. Але ў мяне няма прычыны думаць пра яго пастаянна.

    - Чорт пабірай! Хацеў бы я быць на вашым чужаземскім месцы.

    - А чым вам не падабаецца ваша?

    - Я вам зараз растлумачу. - Стары падняўся і хістаючыся накіраваўся да Сьвіта. Бровы яго пагрозьліва ссунуліся, і ў Сьвіта мільганула думка, ці не прыйдзецца абараняцца, але стары бразнуў на столік куфэль з “Рокі” і плюхнуўся на крэсла:

    - Мне маё месца, чорт пабірай, не падабаецца тым, што я не магу сядзець, як вы, ля акна.

    - Чаму?

    - Бо праз акно мяне могуць забіць. Я не магу адзін сядзець ля акна, бо адзін нізавошта не заўважыш, як на цябе нацэляць пісталет.

    Ён быў яўна падпіты, гэты магутны, з раскошнай сівой барадой дзед.

    - Вы дарэмна лічыце “Рокі-2” безалькагольным напіткам. У ім зьмяшчаецца аж пяць дзесятых градуса этанолю, - сказаў Сьвіт, тонка намякаючы, што словы яго субяседніка – п’янае трызьненьне.

    - Да д’ябла “Рокі”! Не ў “Рокі” справа. Я вам кажу, што мяне зьбіраюцца забіць. Яны не могуць забіць мяне дома, таму што дома ў мяне куленепрабівальныя шыбы. Але я не магу ўсё жыцьцё праседзець дома. Яны гэта ведаюць. І яны ведаюць, дзе я п’ю “Рокі”. Сэр, калі вас цікавіць, што я думаю пра прэзыдэнта, пільна глядзіце ў акно, пакуль я буду выказвацца. Калі вы джэнтэльмэн, вы папярэдзіце мяне, убачыўшы рулю.

    - Я... не змагу, - прашаптаў Сьвіт, адчуваючы, што ніякае не трызьненьне гэта і не п’яны жарт.

    - Лухта! Нічога складанага. Вы толькі скажаце: “Бачу!”, і я - пад сталом.

    - Я не магу ўмешвацца ў вашы справы... бо я чужаземец, - знайшоў прычыну Сьвіт.

    - Па-вашаму, падказаць чалавеку, што ў яго цэляцца – значыць умяшацца ў справы чужой краіны?!

    - А хто за вамі цікуе? - спытаў Сьвіт, каб не абмяркоўваць такую непрыемную для яго рэч.

    - Людзі прэзыдэнта, хто ж яшчэ!

    - Прэзыдэнта Тэндэра? - недаверліва ўдакладніў Сьвіт.

    - Вас зьдзіўляе гэта? Вам здаецца, навошта патрэбен прэзыдэнту Тэндэру такі мураш, як Майкл О’Шндзі? А я вам кажу, што ўсе брудныя, подлыя, крывавыя людзі ў нашай гэтай краіне - людзі прэзыдэнта Тэндэра. Бо ён нічога не робіць, каб іх не было!..

    Цікава... Вельмі цікава... Выключна цікавы падыход!” - думаў Сьвіт, робячы выгляд, што глядзіць у акно, а на самой справе сочачы за тварам О’Шыдзі. Раптам краем вока ён убачыў, што з супрацьлеглага дома, з форткі высунулася даўгая вінтоўка з аптычным прыцэлам. Што рабіць?! Прадухіліць забойства - значыць самым грубым чынам парушыць хаду гісторыі. Гэта было напісана яшчэ і ў самай першай інструкцыі для камандзіраваных. Але калі б Сьвіт не зайшоў у бар, не сеў ля акна, Майкл О’Шыдзі, магчыма, аж да вечара праседзеў бы ў сваім куце і забойства не адбылося б! Такім чынам, крыкнуць старому “Бачу!” - можа і не парушыць хаду гісторыі, а наадварот, не даць парушэньню адбіцца?

    Што гаварыў у гэтыя імгненьні Майкл О'Шыдзі, Сьвіт не чуў. Ён ліхаманкава пераварушваў памяць, той яе аддзел, дзе “ляжалі” нумары вячэрніх газэт гэтага дня гэтага горада, іх старонкі здарэньняў - быў забіты ці не Майкл О’Шыдзі, магутны стары з раскошнай сівой барадой?

    Дзынкнула шыба. Майкл О'Шыдзі ўпаў галавой на стол. Са скроні ў бараду пацёк струмень крыві. Сьвіт ускочыў, увесь трасучыся ад жаху, і кінуўся вон, падхапіўшы партфэль толькі ў апошні момант.

    - Сэр, пачакайце! Пачакайце! Выклічам паліцыю! - залямантаваў бармэн. Сьвіт зразумеў гэтыя словы толькі праз два кварталы: бармэну патрэбен быў сьведка, што забіў не ён. “Нічога... Апраўдаецца... і без мяне... - падумаў ён. - Ясна любому, што стралялі праз акно”.

    I чаго яму так не шанцуе? Усяго і пражыў у дваццатым стагодзьдзі некалькі гадзін, а ўжо колькі разоў быў на валасок ад вяртаньня. А можа, наадварот, шанцуе? Са старым О’Шыдзі, здавалася, усё, у безвыходнае становішча трапіў. Але хапіла вытрымкі ўсё ж стрымацца, не папярэдзіць, хаця і лёгіка, і сэрца патрабавалі: “Крычы - бачу!” Значыць, гадзінай ці нават чвэрцю гадзіны пазьней прыгожы стары загінуў бы і без яго, Сьвіта. Іначай быць бы Сьвіту праз імгненьне пасьля стрэлу ў дваццаць трэцім стагодзьдзі... А як шкада старога. Шкада, у гэтым ужо можна прызнацца. За што забіваюць продкі такіх праніклівых і шчырых людзей?

    Відавочна, Сьвіт крыху выперадзіў падзеі, а павінна было адбыцца тое ж: хтосьці, каго выперадзіў камандзіраваны з дваццаць трэцяга стагодзьдзя, гэтаксама зайшоў у бар і сеў ля акна, і бармэн гэтаксама ж паставіў перад ім куфель “Рокі”, а Майкл О’Шыдзі, што ўжо занудзіўся ў адзіноце, падаўся да яго з тым жа пытаньнем: “Сэр , што вы думаеце пра нашага прэзыдэнта?” Той, вядома, адказаў зусім іначай, чым Сьвіт, але стары ўсё роўна падсеў да яго і папрасіў сачыць за акном, пакуль ён будзе выказвацца, а той падумаў, што ў старога з мазгамі не ў парадку... І калі б Сьвіт крыкнуў “Бачу!”, то як раз, выходзіць, і парушыў бы хаду гісторыі, бо Майкл О’Шыдзі кінуўся б на падлогу і такім чынам уратаваўся, а пасьля гэтага пайшоў дадому праз чорны ход, а пасьля, глядзіш, і зусім уцёк з гораду... Потым дзе-небудзь, дапусьцім, напіўшыся гэтага “безалькагольнага” “Рокі”, не памятаючы сябе, ён напусьціў бы на кухні газу і неабачліва запаліўшы пстрычку, каб закурыць, пусьціў бы ў паветра сяміпавярховы дом з усімі жыхарамі, у тым ліку з падлеткам, які, каб застаўся тады жывы, стаў бы прэзыдэнтам... Вось што, магчыма, прадухіліў Сьвіт, калі прамаўчаў, убачыўшы рулю ў фортцы.

    Так разважаў Сьвіт, пакуль раптоўна не зразумеў, што выгароджвае сябе, здымае са свайго сумленьня страшэнны грэх - віну ў забойстве чалавека. Што з таго, што Майкла О'Шыдзі ўсё адно б забілі, калі б Сьвіт і не зайшоў у бар, каб выпіць шклянку вады? Ён жа зайшоў і сеў ля акна, выцягнуў, хоць і не зьбіраўся рабіць таго, з кута Майкла О’Шыдзі, а ўбачыўшы рулю, накіраваную на чалавека, не закрыў яго сабой, не адштурхнуў хаця б ад акна, не кажучы ужо пра тое, што не папярэдзіў старога, як той прасіў. І на яго вачах, на адлегласьці выцягнутай рукі чалавек захлынуўся крывёй. Чалавек праніклівы і шчыры...

    Сьвіт завярнуў у двор. Можа, знойдзецца лаўка пасядзець, перш чым шукаць гатэль. Так, гатэль - вось што яму цяпер патрэбна. Атрымаць нумар з тэлевізарам і не выходзіць я яго ўсе дзесяць дзён камандзіроўкі. Дзьверы замкнуць, вокны зашторыць, тады можна глядзець у люстэрка, фіксуючы ўсё, што адбываецца ў доме Карнуэля; гэтыя дадзеныя можна супастаўляць з дадзенымі тэлевізара і газэт; газэты ж па просьбе яго гатэльная абслуга будзе насіць проста у нумар. Толькі так можна пазьбегнуць кантактаў са складаным і змрочным жыцьцём дваццатага стагодзьдзя, небясьпекі ўмяшацца ў яго.

    І, галоўнае, пазьбягаць любых размоў, калі яны не неабходныя для жыцьцядзейнасьці. Не зьвяртаць ні на што ўвагі. “Што мне да гэтых людзей, з чужога часу? Што мне да іх няшчасьцяў і радасьцей, пачуцьцяў і ўчынкаў, да жыцьцяў і сьмерцяў іх?” Але тут нібыта хтось іншы перабіў Сьвіта: “А для чаго ж ты тады спусьціўся да іх, у іх пачварнае стагодзьдзе, калі табе да іх няма ніякай справы?”

    Лаўка ў двары была - нават некалькі. Сьвіт абраў пад разгалістым каштанам, што закрываў яе ад сонца. Сеў, а дакладней, напалову лёг, адкінуў назад галаву, але, не знайшоўшы для патыліцы апоры, выпрастаў шыю. Пры гэтым ён безуважна сьлізгануў паглядам па вокнах дома. Раптам штосьці прымусіла яго вярнуць позірк да балькона на сёмым паверсе. Нейкі жывы камячок варушыўся на парэнчы гэтага балькона. Кот? Ці нейкая птушка? Далекавата было, і Сьвіт не мог разгледзець. Камячок перакуліўся праз парэнчу, павіс на ёй, і Сьвіт пачуў жудасны плач. Гэта было дзіця - двух ці трох год! Яно адчайна сукала нагамі, спрабуючы зачапіцца імі за што-небудзь, але бліскучы ліст, які закрываў балькон, быў суцэльны гладкі. Сьвіт ускочыў, дрыжучы. Ён думаў толькі аб тым, што малы не пратрымаецца болей за мінуту, і за гэтую мінуту трэба знайсьці месца, куды ён упадзе. Здалося - знайшоў!.. Расставіў ногі. Рукі былога штангіста павінны былі вытрымаць, утрымаць. Плач зьмяніўся віскам - малы сарваўся! Ён ляцеў на Сьвіта, спачатку, як куля, а потым, павялічваючыся з кожнай доляй імгненьня, як снарад, і Сьвіт міжволі адхіснуўся, але тут жа кінуўся пад малога, прыняў на рукі ўдар невымернай сілы, і ўпаў на сьпіну. Вогненны боль працяў ад галавы да пят, і настала мёртвая цішыня.

                                                                                III.

    Ён ляжаў пасярод кветак, на клюмбе, тварам уверх, сьціскаючы ў скамянелых руках нерухомае дзіця. І ўсё, што ён бачыў, таксама было нерухомым: галоўкі тульпанаў над тварам, лісьце ва дрэве, птушка ў паветры. І сам ён таксама не мог хаця б разьняць рукі, каб выпусьціць з іх, відавочна, не ўратаванага хлопца. Не мог скарацііць ніводнай цягліцы, хоць нічога яму і не балела.

    - Сьвіт! Вы чуеце нас, Сьвіт?

    Голас піскаў з ягонай нагруднай кішэні, дзе ляжаў гуказдымальнік. Каб не мёртвая цішыня вакол Сьвіта ён яго бы і не ўчуў. Хто? Чый гэта, такі знаёмы піск? Падаваў яго, несумненна, Фрэзэр.

    - Чую, - ледзь акругліў вусны Сьвіт.

    - Вы разумееце, Сьвіт, што здарылася?

    - Я парушыў хаду гісторыі? - пытаньнем ва пытаньне адказаў Сьвіт

    - Так, Сьвіт, так яно і ёсьць. На жаль, Сьвіт.

    - Значыць, ён жывы?! Жывы! – ускрыкнуў Сьвіт. - Але чаму ён не рухаецца?

    - Мы спынілі час, Сьвіт. Разумееце, Сьвіт?

    Піск замоўк, даючы Сьвіту асэнсаваць сказанае. Але для Сьвіта ў яго становішчы гэта было немагчымай справай. І дваццаць трэцяе стагодзьдзе, не дачакаўшыся, запішчала зноў:

    - Апэратары спазьніліся, Сьвіт, - толькі цяпер, прывыкшы да піску, - Сьвіт зразумеў, што гэта голас Фрэзэра. - Апэратары спазьніліся роўна на дзьве сэкунды, Вы сядзелі ў расшпіленым плашчы, больш за палову пярэдніх гузікаў была закрыта крысьсем, і яны не адразу скемілі, што адбываецца, Сьвіт! Калі б яны скемілі на дзьве сэкунды раней, вы б не зрабілі гэтага глупства! Яны б перапынілі камандзіроўку! І вы былі б тут, з намі, хай і не разабраўшыся ў сьмерці Тэндэра!

    - Вы быццам разьвітваецеся са мной, - уздрыгнуўшы без дрыжыкаў у каменным целе, выштурхнуў словы Сьвіт.

    - Ваш прадзед, Сьвіт, па сваёй віне трапіў пад машыну, праппаўнука гэтага хлопчыка, якога вы ўратавалі.

    - Вось яно як...

    А ён думаў, што час спынены, каб падрыхтаваць рэанімацыю! Ніякая рэанімацыя яму ўжо не дапаможа...

    - Значыць, я не існую? ўжо? - ледзь чутна прамовіў ён. - Але чаму я мысьлю і размаўляю?

    - Толькі таму, Сьвіт, што спынены час. На ўсёй плянэце. Выбарачна спыняць час нельга, вы гэта ведаеце. Вы размаўляеце і мысьліце дзякуючы фізыкам. На ўсе гэта, Сьвіт, працуе палова ўсіх энэргастанцый Зямлі. Працуе ўжо цэлых пяць мінут!..

    - Выключайце. Навошта гэта? З-за недахопу энэргіі на Зямлі можа адбіцца катастрофа.

    - Мы спынілі час не для таго, Сьвіт, каб паведаміць вам усё гэта. Мы хочам выратаваць вас і тым самым выправіць хаду гісторыі. Слухайце ўважліва, Сьвіт. Нават прыклаўшы напружаньне ўсіх энэргастанцый Зямлі, мы не зможам адвесьці назад час усёй плянэты болей, чым на сорак сэкунд. Ваша задача - не рухацца, Сьвіт. Не рухацца на той лаўцы, на якой вы сядзелі і будзеце зноў сядзець. Чуеце? Не рухацца! Толькі ўсяго!

    Значыць, трэба не рухацца. Не ўскочыць, не падняць рукі насустрач жывому каменю, што траціць розум ад плачу і віску. Раўнадушна глядзець, як чмякнецца ў гэтыя тульпаны камяк болю і страху. І - не парушаецца хада гісторыі. Сцалеюць і прадзед Сьвіта, і дзед, і бацька, і сам ён, Сьвіт... Можна і не глядзець. За сорак сэкунд пасьпееш і адвярнуцца...

    - Я не змагу, шэф, - глуха сказаў ён.

    - Што вы, Сьвіт! Не ачомаліся яшчэ? Разважайце разумна! Зразумейце: вы не памрэце, як герой. Вы не будзеце існаваць ні на яве, ні ў памяці нашчадкаў. Нават з вашай памяці, тых людзей, хто цаніў і любіў вас, вы зьнікнеце так, быццам вас і не было. Зьнікнуць і вашы працы, усё, зробленае ці напісанае вашымі рукамі... Разумееце? Сьвіт!

    - Разумею. І ўсё ж не змагу.

    - Гэты хлопчык, Сьвіт, якога вы ўратавалі, вырасьце вельмі дрэнным чалавекам: хітрым, лісьлівым, гатовым на любую подласьць...

    - Не змагу, шэф.

    - Слухайце, Сьвіт! З вамі гаворыць жонка.

    “Божа мілы, - падумаў Сьвіт, - за што на мяне такія пакуты”. Каб не быў паралізаваны часам, ён закрыў бы твар рукамі, а так закрыў вочы.

    - Джоньні, Джоньні, - зашчабятала праз тры стагодзьдзі Мэры, - малю цябе – паслухайся шэфа! Няўжо ты хочаш назаўсёды расстацца са мной і сынам, зьнікнуць з маёй памяці...

    - Беражы сына, Мэры...

    - Пра што ты, Джоньні! Твой Роньні зьнікне ў той жа міг, як і ты... Быццам я яго не раджала... Паслухайся шэфа!

    “Гэта ж зусім проста, - угаворваў сябе Сьвіт. - Не рухацца - гэта проста. Значна прасьцей, чым ускокваць, распасьціраць рукі і лавіць у іх дзіця, што падае з сёмага паверха. Проста! Вось толькі як перажыць той міг, калі ён... чмякнецца... побач, побач з табой... у кветкі...”

    - Выключайце энэргію! - плачучы крыкнуў ён. - Навошта дарма яе траціць? Ужо дзесяць мінут... Зямля на мяжы катастрофы! Бывайце, бывайце ўсе!

    У дваццаць трэцім стагодзьдзі шчоўкнуў рубільнік.

    Дзіця, якога цяпер не трымалі нічые рукі, з вышыні пяцідзесяці сантымэтраў чмякнулася ў тульпаны.

                                                                      З вячэрніх газэт

                                                                             Здарэньні

    На авэню Даглінг, дом 19 з балькона сёмага паверха сарваўся трохгадовы хлопчык Кай Кэмел. Дзіця ўпала на клюмбу. Кансыліюм урачоў муніцыпальнай бальніцы, усебакова дасьледаваўшы Кая, прыйшоў да высновы, што дзякуючы неверагоднаму выпадку, дзіця не атрымала ніякіх пашкоджаньняў.

                                                                             ********

                                                                             ********

                                                                          РЭЙС У ЛЕС

    - Выбачайце. Вы мяне не пазнаяце?

    Загадчык аддзела культуры двума пальцамі падняў за дужку акуляры вышэй, пад лоб – і Арцём Іванавіч канчаткова ўпэўніўся, што гэта ён.

    - Прыходзілі ў рэдакцыю?

    Арцём Іванавіч сарамліва кіўнуў:

    - Апавяданьне прыносіў. Ну, такое. Фантастычнае...

   - А чаму не захадзіце? Я і забыўся ўжо, як выглядаеце.

    Арцём Іванавіч неазначальна паціснуў плячамі.

    - А якраз учора ваша апавяданьне прачытаў. Н-на... Вы даўно пішаце?

    - Гадоў пятнаццаць.

    - I шмат у вас... такіх апавяданьняў?

    - Тры.

    - Тры?! Значыць, вы пішаце адно апавяданьне пяць год? Графаманам вас не назавеш.

    Загадчык аддзела не вытрымаў - пырснуў сьмехам: - Такой паважнасьці ў літаратурнай справе можна пазайздросьціць, - паправіўся ён. Але сьмяшынкі - Арцём Іванавіч ясна бачыў гэта - усё ж такі бегалі па яго твары.

    - Бачыце... - канчаткова сумеўся ён. - У мяне, акрамя апавяданьняў гэтых, вельмі шмат працы... Штат у музэі маленькі, шмат жанчын... то адна ў дэкрэт, то ў другой дзіця захварэе... За іх і працуеш.

    - I ўсё ж такі... Але не будзем пра гэта. Дык вось. Апавяданьне я прачытаў і павінен сказаць, што ў цэлым, па-мойму, яно ўдалося. Прыём і не новы, але сюжэт закручаны, можна сказаць... І крытыка капіталістычнага ладу пасьлядоўная. Так і трэба, па-мойму – не назольна, у яскравых, даступных мастацкіх вобразах... Вось толькі Сьвіта свайго вы не занадта ідэалізуеце, га? Усё ж такі не наш чалавек, не наш... Ён жа наступнік тых самых...

    - Мне здаецца, - памяўся Арцём Іванавіч, - што праз трыста год ужо не будзе розьніцы між нашымі і не нашымі!..

    - Вось як? Могабыць, могабыць... I фінал мяне трошкі драпнуў. Вашаму Сьвіту кажуць, што з таго дзіцяці, якое ён уратаваў, вырасьце дрэнны чалавек. I ён не можа адмовіцца ад паўторнага ўратаваньня. Тут, здаецца мне, перабор.

    - Бачыце... мне думаецца, што чалавек будучага ніколі не задумаецца, ратаваць яму ці не ратаваць дзіця...

    - А вы яшчэ і спрачацца любіце? Ну што ж. Пераконваць вас я не буду...

    - Значыць, не надрукуеце? - уздыхнуў Арцём Іванавіч.

    - Гм... Вы так мяне зразумелі?

    Загадчык аддзела культуры зьмерыў Арцёма Іванавіча пакрыўджаным поглядам.

    - Калі я не згодзен з прыватнымі дэталямі, гэта не значыць, што я не магу быць аб’ектыўным. Ндрукаваць надрукуем, можа, і без вялікай затрымкі. Але вы павінны ўлічыць, што для газэты апавяданьне ваша велікаватае. Скарачаць трэба. Можа, першы разьдзел здымеце? Гэта, па-мойму, сюжэту не пашкодзіць. І яшчэ. ВельмІ часта гаворыцца ў вас: “ход гісторыі”, “парушыцца ход гісторыі”, “парушыў ход гісторыі”. Ход гісторыі, паважаны, нельга парушыць. Ён, як вучыць нас дыялектыка, непарушны. Якія подласьці сьвету ні рабілі б ворагі прагрэсу, - разумееце?.. Гэтыя словы вам трэба абавязкова замяніць. Ну, напрыклад, “ход чалавечых адносін” ці яшчэ як...

    - Я падумаю, - узрадаваўся Арцём Іванавіч.

    - Заходзьце, падумаем разам. Ну, здаецца, падплываем. Охо-хо... колькі людцоў на гэтым трамваі! Глядзіш, у аўтобус не ўлезем. Цярпець не магу камандзіровак у Зарэчны раён.

    - А вы б папрасілі тых, да каго едзеце, каб прыслалі машыну... - асьмеліўся даць параду Арцём Іванавіч.

    - Машыну прасіць? Яны і ведаць не павінны, што я еду. Злавіць на гарачым - такая наша задача... Ну што? Наперад?

    Загадчык аддзела культуры ваяўніча паправіў акуляры і схапіў партфэль.

    - Мне сьпяшацца не трэба, - вінавата пераступіў з нагі на нагу Арцём Іванавіч. - У лес іду.

    - Так сказаць, рэйс у лес? А па што?

    - Грыбоў пашукаць. Жонка з дачкою з курорта сёньня вяртаюцца, пабалаваць хочацца. У Сачах жа грыбоў, няма, відаць.

    - Грыбоў - у такую суш? Ні сам не бачыў, ні ад знаёмых не чуў.

    - Пахаджу па мясьцінках. Можа, і пашчасьціць.

    - Ды вы і ў жыцьці фантаст, аказваецца. Ну што ж. Удачы! А наконт апавяданьня — заходзьце... Хаця б у панядзелак. Я вярнуся ўжо.

    - Дзякую! - трохі запозьнена, наўздагон крыкнуў Арцём Іванавіч. I пашкадаваў, што забыўся, як завуць гэтага, прыязнага, відаць, чалавека. А той, спрактыкавана укруціўшыся ў натоўп, праз імгненьне вынырнуў з яго каля самага выхаду з трамвая.

    Бераг, завалены даўгімі кучамі вугалю і гравію, разарванымі мяшкамі з угнаеньнямі, набліжаўся. Над шэрым вугалем курэў дым. У паветры і над ракой стаяў задушлівы пах гару. Недалёкі карэнны бераг - гара вышынёю мэтраў пад пяцьдзесят - ледзь угадваўся праз белую хмару пылу, што падымалі машыны, якія ішлі па дарозе пад ім. Машыны ішлі з парома, што ўжо выплёўваў іх сажняў на дзьвесьце ніжэй за прыстань.

    “Глядзіш, і праўда не выкалупаю нічога”, - падумаў Арцём Іванавіч. Але гэта не сапсавала яму настрою. Надрукуюць! І прозьвішча будзе. Ці можа, лепей псэўданім прыдумаць? Трэба ж спачатку паглядзець, як успрымуць пісаніну знаёмыя. Не дай божа, абсьмяюць. Апавядайненька ж такое... Фантастычнае... Чорт яго ведае, якое... Проста дзіўна, што надрукуюць. Далібог жа, сам бы не надрукаваў, каб сядзеў на месцы гэтага загадчыка... Ні за што б не надрукаваў...

    Так какетнічаў сам з сабою Арцём Іванавіч, у ар’ергардзе натоўпу пакрысе падбіраючыся да трапа. Зачарпнуўшы чаравікамі бруднага пяску, ускараскаўся на сыпкі бераг. Тыя, хто выперадзіў яго, штурмавалі аўтобус. А загадчык аддзела - дарма, што акулярык, увішны хлопец! - ужо сядзеў там і падміргнуў праз шкло, калі Арцём Іванавіч са сваім вядром прайшоў міма. Арцём Іванавіч зьняў у адказ бэрэт і пакланіўся. I амаль пабег, каб пасьпець у тайгу раней, чым яго дагоніць аўтобус: вельмі ўжо не хацелася чысьціць вопратку і адплёўвацца ад едкага пылу. А валасы!..

    Пасьпеў. Уваліўся ў сухі бярэзьнік, скочыўшы з насыпу, па якім хадзілі машыны. З хрумстам сьнегу пайшло ламацца сухое апалае сучча, трашчаць цэляфанам лісьце. Арцём Іванавіч тыцнуў інтэлігенцкім пальцам у глебу - выняў зусім сухім, нават под пазногаць гразі не набралася. “Аббягу з большага нізінкі, ды і назад, - падумаў ён. - А то і пусты прыйдзешь дамоў і  сустрэць запозьнісься”.

    То сьцяжынкамі, то напрасткі, праз бярэзьнічкі, сасоньнікі, лістоўнічнікі як нястомны ганчак, імчаў і імчаў Арцём Іванавіч, спыняючыся час ад часу, каб  нюхнуць паветра, але грыбамі не пахла. Зьдзіўляцца, вядома, не выпадала: грыбы без дажджу не растуць, а дажджу не было з месяц. Але Арцём Іванавіч упарта верыў, што ў верасьні грыбы павінны расьці і за кошт расы.

    Там, дзе ўлетку, каб перайсьці, даводзілася здымаць не толькі чаравікі, але і штаны, сёньня Арцём Іванавіч пераходзіў, як Xрыстос, любую багну. Гэта дало яму вялікую свабоду - цяпер ён мог зазіраць у такія закуткі, дзе ягоная нага павек не ступала, але што з таго было карысьці, калі і ў тых закутках замест травы стаяла сена. А колькі ў тым “сене”, каб было яно травой, чырванела б казьлячых брылёў!

    Арцём Іванавіч зусім расчараваўся. А калі ўбачыў, што сонца паднялося ўжо зусім высока, а ён адышоўся ад прыстані кілямэтраў сем-восем, цьвёрда вырашыў вяртацца назад, прычым самай кароткай дарогай пад карэнным берагам. Ён пайшоў напрасткі праз балота, куды не ў такую суш не сунуўся б нізавошта.

    Дарэмна сунуўся сюды Арцём Іванавіч і цяпер. Вады ў балоце не было, затое было куп’ё, а паміж куп’я - агідныя яміны, у якія Арцём Іванавіч правальваўся ледзь не па пояс. “Вось дзе на мамантаў паляваць”, - чамусьці падумаў ён. Зьлева і справа ля самага твару; шамацела жоўтая перасохлая асака, па дне ямін зьмяіліся моцныя, як пяньковыя вяроўкі, багуновыя карані. Там, дзе калдобіны былі асабліва глыбокімі, яны злучалі купіны ў паветры і сустракалі Арцёма Іванавіча на вышыні калена, а то і вышэй. Ні перасягнуць, ні падлезьці пад іх у цеснаце куп’я было немагчыма, заставалася толькі ірваць чаравікам. Калі каранёў пад падэшву траплялася два-тры адразу, яны не рваліся, а апускаліся, з шолахам рэжучы торф купін. Адштурхнуўшыся ад іх, Арцём Іванавіч другой нагою правальваўся ў наступную яму.

    Чым далей, тым іх рабілася болей; Арцём Іванавіч ужо не пасьпяваў заўважаць усе і раз-пораз, зачапіўшыся, падаў на купіну то плячом, то грудзьмі, то - было - і тварам. І нарэшце стаў ён зусім, затаптаўся, як стрыножаны конь, не могучы вырваць ног з нібыта драцянога сіла. Тузаючыся, упусьціў вядро, і тое пляснула ў яму, як у калодзеж... Паспрабаваў нахіліцца, узяць яго - караньнё не пускала.

    Ён стаяў і думаў, як жа проста, аказваецца, можна трапіць у бездапаможнае становішча. Вось ішоў ты па лесе, дыхаў, радаваўся маленькай удачы – ацанілі нарэшце цябе, і ў радасьці той не падумаў, ступіў не на тую сьцежку, дакладней - са сьцежкі ступіў. І - усё. Шчасьце яшчэ, што багна гэта высахла аж да дна, да таго дна, якое жывы не дастанеш нагамі.

    Але што рабіць? Тут бы наўрад і Мюнгаўзэн здолеў выцягнуць сябе за валасы. Арцём Іванавіч палез у кішэню па хустачку, каб выцерці твар, па якому проста струменіўся пот. Рука намацала! штосьці цьвёрдае... Божа прамілы, а ён і забыўся, што ў грыбы пайшоў! Ён жа зьбіраўся ў грыбы ў поўным розуме, у поўнай памяці, ён не мог пайсьці ў грыбы без нажа! Нож быў складаны, але вялікі, амаль паляўнічы, спэцыяльна напраўлены ўчора, каб на зрэзе лепей бачыць і самы тонкі чарвячы ход, - дужа ж Вера не любіла не тое каб чарвівых, але і зьлёгку паточаных грыбоў... Якое шчасьце!

    Як прабіваўся да альхоўніку, што цягнуўся танюткаю стужкай па нізе карэннага берага, потым Арцём Іванавіч у памяці ўзнавіць не мог. Што пабоішча з каранямі было, як кажуць, не на жывот, а на сьмерць, сьведчылі вымазаленыя тронкамі далоні. Арцём Іванавіч у зьнямозе ўпаў на прарэджаны, без аніводнай ягадкі, брусьнічнік. Ён ніколі не дазваляў сабе ляжаць на гэтай зямлі з яе адвечнай мерзлатой пад ягаднікам ці мохам: цьвёрда памятаў шаснаццаць год перасьцярогу аднаго тутэйшага, што ўжо даўно памёр, і дарэчы, памёр ад сухотаў – лежачы на зямлі, тут можаш схапіць сухоты. Таму, дарэчы, Арцём Іванавіч і не мог да канца прымірыцца з гэтай зямлёю, адчуць яе сваёй. Але ў гэтую мінуту ён і сядзець не мог. Ён ляжаў і ляжаў, бяссэнсна разглядваючы далоні.

    Як жа яно бывае ў жыцьці, усё вяртаўся і вяртаўся да адной і той жа думкі Арцём Іванавіч. Ідзеш і не думаеш ні пра якую жудасьць, а яна цябе пільнуе... Каб не нож... Але ці на ўсякі выпадак знойдзецца ў кішэні нож? Не насіць жа яго, не вымаючы. Кішэню адцягвае...

    Арцём Іванавіч з натугай сеў, і ўзважыў на далоні нож, з цеплынёй пазіраючы на яго. Такіх даўно ўжо не прадаюць без паляўнічага білета, якога ў Арцёма Іванавіча павек не было. Чалавек стопрацэнтны мірны, да стрэльбы, якія ў горадзе мужчыны трымалі праз аднаго, і дакранацца баяўся - ён сарамліва, ціхутка ганарыўся тым, што мае фактычна зброю. Нож адкрыў яму тайгу, у якую напачатку, без яго, Арцём Іванавіч і совацца баяўся. Нож у думках Арцёма Іванавіча ратаваў яго і ад ваўка, і ад мядзьведзя, пра якіх у ваколіцах горада не чулі ўжо гадоў пяцьдзесят. А калі зразумеў, што ні ад ваўка, ні ад мядзьведзя, ні тым больш ад дрэнных людзей нажом не адаб’есься, ужо ўцягнуўся ў тайгу і не баяўся нічога і без яго. Нават іншы раз забываць стаў дома, асабліва ў ягады ідучы...

    Арцём Іванавіч астыў хутка. Над тайгой дзьмуў моцны і не гарачы, верасеньскі вецер. Слабазялёнае лісьце альхоўніку калацілася над галавой няўдачлівага грыбніка. Скура астыла і высах пот, але дужа хацелася піць. Непадалёк у распадку хавалася ручаінка. Уласна кажучы, яе і ручаінкай нельга было назваць: так, адзін струмень, што цёк па ігліцы і лісьці з калдобінкі у калдобінку. Але цёк ён аднекуль з сярэдзіны схілу карэннага берага, цёк і ў самую пякельную гарачыню, і заўсёды ў каддобінках тых стаяла вада такая студзёная, што ад яе заходзіліся зубы. Відаць, у нутры гары тоілася ледзяная лінза, што ў гарачынь давала вады яшчэ і больш, чым звычайна.

    Канчалася ручаіна на вусьці распадку шырокім балотам, у чэрвені кіпенна-белым ад квецені багуну, а цяпер жоўта-чырвоным, пажарным - гэта перадсьмяротна гарэла дробнае круглае лісьцейка тундравай бярозкі. І тут не было вады - не справілася ручаінка ды і як справіцца ёй, калі сонца выпівае з балота, можа столькі за дзень, колькі яна прыносіць за тыдзень. А мо, і самой яе ўжо няма?! Арцём Іванавіч прысьпешыў крок.

    - Гэй, зямляк, запалкі не знойдуцца?

    Арцём Іванавіч уздрыгнуў, як заўсёды, калі бачыў у тайзе чалавека: Ідзеш сабе, ідзеш, адзін на ўсім сьвеце, і раптам - ты не адзін, і хто ён такі - той, каго ты бачыш... Хто? Гэтага з першага позірку не зразумееш.

    Чалавек стаяў ва каленях і запытальна глядзеў на Арцёма Іванавіча.

    - Цыгарэты? - чамусьці так зразумеў яго Арцём Іванавіч. - Прабачце, не палю.

    - Запалкі! - раздражнёна кінуў мужчына. - Можа, знойдуцца выпадкова? Усё ж такі ў лес ішлі.

    - А навошта... “А навошта іх браць, калі не паліш”, - хацеў быў выказацца Арцём Іванавіч, але тут жа прыгадаў, што запалкі, бадай што, і праўда мае: раніцай, калі ў кіёску ўзяў шклянку вады, прадаўшчыца замест капейкі рэшты дала пачак запалак. Ён паляпаў сябе па кішэнях. - Сапраўды, выпадкова – ёсьць.

    - Навошта? - мужчына з абсыпаным попелам рухомым тварам нервова выхапіў пачак. - Хачу піць. Вады згатаваць трэба.

    Тут Арцём Іванавіч зразумеў, што стоячы на каленях, незнаёмы раздзьмухваў вогнішча. Побач стаяў памяты чайнік – відавочна. мужчына падабраў яго непадалёк, ля ручайка не адну ўжо восень чаявалі паляўнічыя, таму шмат валялася тут пакінутага чамусьці імі.

    - Не распалю ніяк. Паўпачка было, і ўсё вецер зьнёс.

    - Што зьнёс? - не зразумеў Арцём Іванавіч.

    - Агонь.

    “Цюкнуты таварыш, ці што?” - падумаў Арцём Іванавіч.

    - Я кажу, вецер запалкі задувае, - раздражнёна растлумачыў мужчына, нібы прачытаў ягоныя думкі.

    - А навошта яе гатаваць? - асьцярожна пачаў Арцём Іванавіч, баючыся ўвесьці незнаёмага ў гнеў. - Я заўсёды п’ю з гэтага ручая проста так, і нічога.

    - Піце, што хочаце, хоць ліманад, хоць газу. А мне маё здароўе даражэйшае, - мужчыва чыркну ў запалкай і сунуў агеньчык у сухой скрутак травы. Той успыхнуў, прагарэў умомант і згас.

    - Вось так! - змрочна пракамэнтаваў мужчына. - Трава згарае, як порах, а сучча не пасьпявае загарэцца: запалка тухне.

    - Калі б чым-небудзь закрыць ад ветру, то і не тухла б. Дый не па адной запальваць, а па дзьве-тры адразу, - падказаў Арцём Іванавіч, які адчуваў сябе ніякавата ад таго, што вось - не падумаў пра здароўе іншага чалавека, даў рызыкоўную параду.

    - Гэта думка! - мужчына ўскочыў і забегаў між рэдкіх лістоўніц, сярод якіх цякла ручаінка. Вярнуўся ён з лістамі ржавай бляхі. Загну краі і ўрэзаў імі ліст у зямлю, так, што атрымалася штосьці накшталт тунэльчыка. На “дах” адразу паставіў чайнік, пакратаў, пахістаў - не зваліцца! Нагроб галінак, сунуў жмут травы. Сьціснуў пальцамі тры запалкі разам...

    Полымя загуло ў “тунэлі”, на скразьняку, прыцэльваючыся даўгімі языкамі да блізкай травы, што высьцілала спадісты ў гэтым месцы схіл да самога верху, да хвой, што расьлі там. Арцём Іванавіч скеміў, што можа здарыцца, калі языкі тыя стануць яшчэ даўжэйшымі.

    - Не падкладвайце болей! Трава зоймецца! - крыкнуў ён.

    - Такой бяды, - скрозь зубы працадзіў касьцёрны, запіхваючы суччо.

    Полымя ўдарыла з-пад бляхі, як з агнямёта і панеслася, падскокваючы, па зямлі. Яно падскоквала, як камень-галыш, пушчаны па вадзе спрактыкаванай рукой. Там, дзе падала яно, імгненна ўставалі жоўтыя ўзрывы.

    - Я ж казаў: не падкладвайце болей! Як мы цяпер патушым?

    Мужчына выпрастаўся, аслупянела паглядзеў на фронт агню, што імкліва бег ад ягонага чайніка:

    - Ну і ну. Расказаў бы хто — не паверыў, што так можа быць. На чужым жа вогнішчы распальваў. Хтосьці ж паліў да мяне — і нічога...

    - Там, наверсе, кабэль і нафтасховішча! Хутчэй - выдыхнуў Арцём Iванавіч.

    - Кабэль і нафтасховішча? Ого. Тут не адным годам пахне, - мужчына задумаўся.

    Арцём Іванавіч не мог зразумець, пра што ён думае, пра што ўвогуле можна думаць у такую хвіліну.

    - Добра, - урэшце сказаў мужчына. - Вы - справа, я - зьлева, толькі твар і кашулю ў ручаі намачу.

    I зьнік між дрэў. Арцём Іванавіч, як было дамоўлена, пабег за агнём так, каб абысьці яго справа. Ён бег, не думаючы, чым можа даць рады, ён думаў толькі пра тое, што як мага хутчэй павінен стаць перад агнём. Стаць неадольнай бэтоннай сьцяной, пажарнай заслонай, што ў час небясьпекі, як даводзілася чуць, можа адрэзаць у тэатры сцэну ад глядзельнай залі.

    Што чалавек не бэтонны, Арцёму Іванавічу стала ясна амаль адразу, як ён стаў таптаць агонь. Быў бы ён хоць у ботах... Полымя у рост травы, ледзь не па пояс, лезла пад калашыньне, горача дыхала ў твар. Увушшу стаяў трэск, у паветры - пах гарэлых сьцяблін. Нешта нагадваў гэты пах, нешта такое знаёмае, можа, нават, і не адно, нагадваў з таго самага імгненьня, калі першыя языкі агню выплюхнуліся з-пад бляхі на траву, - але што нагадвалі, успамінаць не было калі.

    Задымілі штаны. Арцём Іванавіч упэўніўся, што з яго слановага таптаньня нічога не будзе. Трэба было зьбіваць полымя, як бачыў у адным тэлевізійным фільме, адзежынай ці парусінай ці чым яшчэ. Арцём Іванавіч ірвануў быў з плячэй пінжак, але тут жа зразумеў, што ім у кашулі-безрукаўцы доўга не паваюеш. Ён азірнуўся паглядзець, як упраўляецца напарнік. Таго не было – ці то ізноў пайшоў кашулю мачыць... Варта было б памачыць і яму, але ручаінка цяпер была далёка, а агонь шыбаваў, як татарскае полчышча, галёпам.

    “Можна галінаю, дрэўцам”, - азарыла Арцёма Іванавіча. Трохі вышэй яго на схіле стаяла бярозка з напаўабтрэсеным лісьцем. Арцём Iванавіч кінуўся да яе. Бярозка была невысокая, мэтры два, але такая разгалістая, дасканалая, што ў Арцёма Іванавіча сьцялася сэрца, калі схапіўся за камель, і на галаву яму пасыпалася золата лісьця. Ускочыў, зірнуў вакол - нічога іншага блізка не было.

    - Даруй, дрэва, - прамармытаў Арцём Іванавіч. - усе адно табе не расьці. Не зламаю - згарыш. Ты на шляху агню.

    Дрэўца з жыцьцём рассталася лёгка, першым жа націскам нажа Арцём Іванавіч дайшоў да стрыжня, другім - зваліў у траву. Гольле на ім расло ад самай зямлі, але церабіць камель, каб ямчэй трымаць, не было часу. Сьціснуўшы ствол разам з высахлым, крохкім вецьцем нізу, рушыў насустрач агню. Той нібыта ляцеў над зямлёй, як жоўтая коньніца. Трава, не гарэла, а ўмомант зьнікала, бы раставала ў полымі, ад яе нічога не заставалася, як ад тых няшчасных, што загінулі ў пекле Хірасімы. Арцём Іванавіч занёс над галавой дрэўца і пайшоў махаць па лініі агню, выкошваючы жоўтае пустазельле адразу па некалькі мэтраў. “Вось гэта работка! - запела сэрца. – Вось каб яшчэ і той маўмыра так, паглядзеў бы хоць, як працуем, ды усьлед за намі, з другога канца...” Ён кінуў погляд у той канец, але маўмыру не ўбачыў. “Няўжо так часта кашулю мочыць? - занепакоіўся Арцём Іванавіч. - Аднаму не справіцца, дзьве рукі на цэлы гектар... Ці два гектары...” Раптам пад дрэўцам, калі Арцём Іванавіч прыціснуў яго да зямлі, нібы ўзарвалася штосьці. Арцём Іванавіч таргануў яго да сябе - гэта была ўжо не “каса”, а паходня, бярозка ўся, да апошняй галінкі палала. Патушыў, б’ючы аб зямлю, ды ў руках застаўся адзін каляк, якім “касіць” было немагчыма...

    А тым часам процілеглы канец лініі агню шпарка поўз уверх. вецер шпурляў ахапкі полымя ўсё бліжэй да сасоньніку. І маўмыры, які ўсё гэта ўчыніў, не было нідзе... І ў Арцёма Іванавіча апусьціліся рукі. Ён паволі пайшоў па пагарэлішчы, насустрач ветру, што нёс у ноздры такі знаёмы, сто гадоў назад забыты пах. “Паўжытнёвага пражма”, - нечакана ўспомніў, аж спатыкнуўся на роўным месцы. Трэба ж так - такая сьветлая старонка маленства прыгадалася ў такую чорную хвілю...

    Ад травы і сьледу не засталося толькі пясок, на якім стаяла, быў шэры. Сям-там ад зямлі падымаліся струменьчыкі дыму. Гэта тлелі кучкі, пакінутыя коньмі. Пакінутыя не сёлета, бо трава была густою, непатаптанай.

    Чалавека, які ўчыніў усё гэта, падпальшчыка, не было нідзе. Ён, відаць, і не спрабаваў тушыць зьбег калі нібыта мачыў кашулю. Зьбег. Чаму зьбег? Пабаяўся, што сам згарыць? Але ж гэта немагчыма на лузе! Нават, калі ўпадзеш у агонь, ён пракоціцца па табе і загасае далей...

    Пачакай. Ён жа прамармытаў тады: “Не адным годам пахне”. Годам чаго? Астрогу. За лес, за кабель, за нафтасховішча. Пабаяўся сьведкі - яго, Арцёма Іванавіча. І напляваў на тайгу, на кабель і нафтасховішча, якія ўдваіх яны маглі б уратаваць.

    Зьбег, не пакінуўшы ніякіх сьлядоў. Што ж цяпер выйдзе, калі прыімчацца людзі тушыць тайгу і напаткаюць тут Арцёма Іванавіча? Выйдзе так, што менавіта ён і учыніў усё гэта. Не ратаваў, а ўчыніў... І - не адзін год... Астрогу!.. А яго і віны ўсяго, што рэшту далі запалкамі і запалкі тыя ён не выкінуў, не згубіў, а даў у рукі падпальшчыку ды яшчэ параіў запальваць па дзьве-тры разам.

    Важна было не пакінуць і па сабе сьлядоў. Нож адцягваў кішэню, значыць, адзінае, што ён мог забыць тут - вядро. Арцём Іванавіч падхапіў яго і рынуўся прэч, плячамі да пажару. Бег то сьцяжынкамі, калі яны былі спадарожныя, то без іх. Абагнуў адно даўгое возера, потым другое. Пачаліся лугі, куды раней ніколі не заходзіў - лугі, дзе пасьвілася быдла і дзе не разжывесься нічым, нават шчаўем. У яго ўзьнікла думка бегчы аж да ракі і вярнуцца на прыстань берагам, быццам і ўвогуле ў лес не заходзіў, лавіў рыбу.

    Але калі праз сухія пратокі і непралазны астраўны лазьняк ён нарэшце прабіўся да зьмялелай ракі і апусьціў у яе рукі, каб памыць іх і напіцца – зірнуў на рукі свае, абгарэлыя, як вэнджаны кумпяк, у набрынялых вадзянках... Зірнуў на калошы, што канчаліся на шчыкалатках смуроднымі матузамі, на пінжак з такою дзюрай на візытачнай кішэні, што лез палец... Правёў далонямі па твары і аж не ўскрыкнуў ад болю. І сказаў сабе, што да цемры на прыстань не пойдзе. I не трамваем паедзе, з ягонай процьмай па-людзку апранутых людзей, а паромам. На пароме ён лёгка знойдзе неасьветлены куток, дзе перабядуе гадзіну на вадзе без даху. Па пароме, асабліва ўночы, не шпацыруюць - сярод самазвалаў, аўтапаяздоў, легкавушак, трактароў і матацыклаў, не расшпацыруесься. І ніхто не спытае, нікому не прыйдзецца тлумачыць, чаму ён такі. Пінжак, вядома, можна зьняць, кашуля цэлая. Ды штаны не здымеш...

    Вырашыўшы так, Арцём Іванавіч стаў глядзець на ваду – ніякага іншага занятку ў яго не было. Пажар, цяпер ужо далёкі, ад яго засланяў бераг, што мэтраў за пяць узвышаўся за плячамі, і лазьняк на ім. Але ні пра што, акрамя пажару, ён думаць не мог. Яму ўяўлялася як хвалі агню імкнуць і імкнуць, уздымаючыся жоўтымі грэбнямі, да нафтасховішча, і кожную хвілю чакаў выбуху. Ён ясна чуў едкі пах гару, хоць вецер дзьмуў у бок пажару, а не адтуль. Цяпер Арцёму Іванавічу ўспаміналіся ўжо не такія смачныя прэжмы, якія гатавалі з калгасных каласоў, склаўшы іх у букет і азіраючыся, каб не ўбачыў хто-небудзь з дарослых... Наплыла згадка: яму пяць-шэсьць год, у суседзяў гарыць хата. Гарыць саламяны дах, - весела гарыць, спорна, а вакол хаты сюд-туд бегаюць перамазаныя сажай людзі, сярод іх і яго, Арцёмкі, матка; румзаюць Маня і Дуня, седзячы на нейкіх клунках; бабы перадаюць вёдры з рук у рукі, нехта камандуе, мацюкаючыся на ўвесь сьвет, памінаючы і бога, і божую матку; Арцёмка ведае са слоў бабулі, што гэта грэх, і хрысьціцца; а над усім тлумам гэтым стаіць зусім не страшны, лёгкі, хоць і густы, салодкі, смачны пах гарэлай саломы.

    Як ні доўга цягнуўся гэты сурочаны кімсыці дзень, але ўсё ж пайшоў пад адхон. Вецер пачаў сьціхаць, але цяплей не стала: ноч несла верасеньскі холад. Арцём Іванавіч не стаў чакаць, калі зойдзе сонца, разьлічваючы, што яно зойдзе, пакуль ён даклыпае да прыстані. Так яно і выйшла, бо ледзь давалокся: хоць і не адчуваў голаду, ногі не абдурыш, добра ведаюць, еў ты ці не. Непадалёк ад прыстані быў курганок, з якога Арцём Іванавіч любіў пры выпадку палюбавацца дасканалай геамэтрыяй нафтасховішча, белых цыліндраў яго, што асьветленыя пражэктарам сьвяцілі і ў цемры. Яно разьмяшчалася на прасецы, уяўная вось якой праходзіла якраз праз курганок, з іншага месца на беразе выглядзець нафтабазу было немагчыма... Гэтым разам Арцём Іванавіч і падымацца не стаў, а, угнуўшы плечы, абышоў курганок нізам. Страшна было ўпэўніцца, што белая геамэтрыя болей не існуе.

    На чорным фоне вячэрняй вады намаляваўся маціцовы дэбаркадэр. Арцём Іванавіч схамянуўся: лішняга прайшоў. Прычал парому не патрабаваўся, ён апускаў ва бераг цяжкі памост, па якім на яго і з яго ішлі машыны - тым і трымаўся за бераг; месца стаянкі парома нічым не адзначалася - яго ведалі ўсе, каму яно было патрэбна, так што не дзіва, што Арцём Іванавіч, паглыблены ў нэрвовыя думкі, прачапаў міма. Не, тут штосьці не тое, цьвяроза. падумаў ён. Міма ён прайсці ніяк не мог. Там звычайна чакаюць парома машыны, шафёры вогнішчы паляць, чай п’юць... Гэтае месца бывае пустым толькі мінуту-дзьве пасьля адыходу парому, але тады ўбачыў бы сам паром... было падобна, што перанесьлі паромнае месца? Але куды?

    Хочаш не хочаш, прыходзілася шукаць чалавека. На дэбаркадары не было нікога. Затое трохі далей чуліся маладыя рэзкія галасы. Арцём Іванавіч, не спускаючыся да вады, пайшоў туды. Трое хлопцаў корпаліся ў лодачным маторы, спрачаючыся:

   - Карбюратар гэта!

    - А я кажу, шлянг...

    - Гэй, сябры! - крыкнуў Арцём Іванавіч, не падыходзячы, каб не разглядвалі ягоных штаноў. - Дзе паром прыстае: ніжэй ці вышэй?

    Хлопцы замоўклі, паднялі галовы:

    - Паром? Вы пытаецеся, паром?

    - Паром.

    - Парома да раніцы не будзе!

    - Чаму?! - аж абвяў Арцём Івававіч.

    - А вы не чыталі? Была ў газэце аб’ява: “У сувязі з мелкаводзьдзем начныя рэйсы парому, пачынаючы з 5 верасьня, касуюцца...”

    Не, не чытаў такой аб’явы наш гора-грыбнік і цяпер пакутліва думаў, што рабіць. Начаваць на беразе без цёплай вопраткі і нават без запалак немагчыма, на дэбаркадэры заля чаканьня замкнута, на лаўцы ж не ўседзіш. Заставалася адно - ісьці наверх, у пасёлак, за пяць кілямэтраў у цемры і стукацца ў маленечкую гасьцініцу, дзе, можа, пасьцеляць на падлозе. Добра хоць заўтра; нядзеля, на працу не спозьнісься. Але паказвацца ў гасьцініцу з такімі штанамі!..

    - А вы, што, у горад? - спыталі з лодкі.

    - У горад, - са скрухай, зусім без жаданьня адгукнуўся Арцём Іванавіч.

    Хлопцы паціху загаварылі паміж сабой.

    - А вы, - з нечакана ўспыхнуўшай надзеяй крыкнуў Арцём Іванавіч, - вы куды?

    - Ды мы і самі яшчэ не ведаем. Адрамантаваць спачатку трэба. Мо, дапаможаце?

    - Рад бы - не разьбіраюся, - сказаў Арцём Іванавіч, але ўсё я пасунуўся да лодкі.

    Заклапочаныя хлопцы перабіралі на карме лодачныя дэталі. Усе яны былі босыя і без кашуль, у адных майках. “Як не мерзнуць, - з зайздрасьцю падумаў Арцём Іванавіч. - Вось гэта загартоўка!” Тым не меней, як старэйшы, спытаў крыху павучальна:

    - А што ж вы не апранаецеся? Сонца заходзіпь ужо. Цяпер вечары халодныя.

    - Няма чаго апранаць, - адгукнуўся самы высокі, са стрыжанай пад нуль галавой. - Думалі гадзіне а пятай вярнуцца, ды вось заселі.

    - А вы адкуль: тутэйшыя ці мо з горада? - заміраючы, адважыўся на пытаньне Арцём Іванавіч.

    - З горада.

    - Халаднавата будзе тут начаваць! - з палёгкай пажартаваў Арцём Іванавіч, ужо ўпэўнены, што і яму самому тут начаваць не давядзецца.

    - Начаваць не будзем, - сур’ёзна сказаў стрыжаны. - На адным маторы як-небудзь дапаўзём, адзін у нас спраўны. Вось каб другі ўдалося адрамантаваць. Тады б і вас узялі.

    - Вось як! - усклікнуў Арцём Іванавіч. Сапраўды, матораў на лодцы было два. - Але ж лодкі звычайна на адным маторы ходзяць і чатырох бяруць!

    - Стараваты спраўны, - з прыкрасьцю сказаў стрыжаны. - Ды яшчэ новы прыйдзецца везьці. Не кінеш жа.

    Такім чынам, лёс Арцёма Іванавіча залежаў ад таго, Ці здолеюць хлопцы паправіць матор. Займаліся ім галоўным чынам малодшыя, з перапэцканымі рукамі хлапчукі. Старэйшы ж толькі час ад часу ўказваў, што рабіць. Арцёма Іванавіча гэта дзівіла і нават раздражняла: камандаваў бы дзе ў іншым месцы і ў іншы час, а тут і ў такую хвіліну... Каб узяўся сам, глядзіш, умомант скончылі б.

    Але, на зьдзіўленьне, падлеткі і так скончылі ўмомант. Кучаравы, з кірпатым носікам наматаў шнур, ірвануў - матор узвыў, і карма разам з рамонтнікамі ахуталася белым у прыцемку дымам.

    Стрыжаны выключыў матор, доўга глядзеў на яго, адкруціў покрыўку бака, сунуў палец:

    - Бэнзіну малавата. На пятнаццаць кілямэтраў - ці хопіць? Каб не прыйшлося ў рачнікоў па дарозе браць. Не даюць, дарма, чэрці.

    - На бэнзін знойдзем! - вырвалася ў Арцёма Іванавіча. Стрыжаны, як здалося Арцёму Іванавічу, задаволена кіўнуў і працягнуў яму руку!

    - Сядайце тут, наперадзе.

    Абапёршыся на гэтую шырокую, як вясло, руку, Арцём Іванавіч няўклюдна пераваліўся праз борт, мільгануўшы ў паветры штанамі.

    - Дзе гэта вы гарэлі? – з хітрынкай усьміхнуўся стрыжаны.

    - Гарэў? - Арцём Іванавіч неўразуменна зірнуў на калошы, быццам толькі што агледзеў. - Ах, гэта! Ды вось, дадумаўся штаны на вогнішчы сушыць. Рыбу вудзіў ды зваліўся...

    - А я думаў, вы ва пажары.

    - Пажары? Якім?

    - Тут жа, дзядзька, сёньня тайга гарэла, ля нафтабазы. Ух, гарэла! Полымя аж да неба... Ніколі такога вогнішча не бачыў! - узрушана прамовіў кірпаты.

    - Ля нафтасховішча? А-я-яй! І доўга гарэла?

    - Гадзіны тры! Ледзь бульдозэрамі нафтабазу адбілі! З верталёта пыл сыпалі нейкі!

    - А-я-яй! - паўтарыў Арцём Іванавіч, з жахам адчуваючы, што не атрымліваецца ў яго шчырага зьдзіўленьня, што фальш у ягоных словах адчуе і падлетак. - А я сяджу сабе пад берагам... З-пад берага толькі ваду і бачыш... колькі ж тайгі згарэла?

    - Аж да ЛЭП, казалі!

    Арцём Іванавіч пакруціў галавой: ЛЭП праходзіла за кілямэтар ад абрыву карэннага берага. Значыць агонь перайпюў і дарогу, што цягнулася ўздоўж абрыву недзе пасярод між ім і прасекай ЛЭП...

    - Як шкада, - вырвалася ў яго.

    - Шкада, - зноў усьміхнуўся стрыжаны і быццам падміргнуў. - Ну, рабя, заводзь! Паехалі.

    Два маторы ўдарылі разам, шпурнулі лодку наперад. Стрыжаны крутануў рулём, беручы ўлева. Гэта зьдзівіла Арцёма Іванавіча, бо і трамвай, і паром, спачатку доўга ішлі пад берагам, а потым ужо  перакладвалі курс на той бераг. Гэтая ж азьвярэлая лодка паімчала да таго берага адразу. Абодва маторы гулі аднолькава, Арцём Іванавіч не чуў розьніцы ў іх гнусавых галасах. Выскачылі на сярэдзіну. Выпадкова павярнуўшы галаву направа, Арцём Іванавіч убачыў апошні кавалачак жудасна-чырвонага сонца, што на вачах правальваўся за гарызонт вады. Вось і ён зьнік, і вада стала шэрай. Наперадзе пацямнела. Арцём Іванавіч занепакоіўся: можна было падумаць, што лодка імчыцца прама ў востраў. Ен запытальна азірнуўся на стрыжанага. Той сядзеў, насьвістваючы, зьвесіўшы локаць за борт і кіруючы лодкай адной правай рукой. Што пасьвістваў - Арцём Іванавіч толькі здагадваўся па ягоных парэпаных вуснах, сьвісту ён за гулам матораў не чуў. Ён азірнуўся назад, на падлеткаў. Тыя сядзелі глыбока ўнізе, ля апантана працуючых матораў, ад якіх цягнулася каляіна з двух жоўтых струменяў. І маторы, і хлопцы былі далёка ўнізе - ледзь не на мэтар ніжэй за Арцёма Іванавіча, гэта цягнула вага двух матораў, а вон лодкі зусім не кранаўся вады, і ў Арцёма Іванавіча ўзьнікла; пачуцьцё, што вось-вось гэты бліскучы ад пырскаў нос уздымецца яшчэ вышэй, яшчэ, і додка стане старчма, а потым - яшчэ імгненьне - і перакуліцца носам назад, накрыўшы іх чацьвярых. Тут маторы крыху пацішэлі, нос апусьціўся, і лодка павярнула ў вузкую пратоку. У пратоцы яна прыкметна збавіла ход, і Арцём Іванавіч трохі супакоіўся: “А ўласна кажучы, чаму маторка павінна ісьці маршрутам трамвая? Ён жа ходзіць вялікім круком, сьпярша ўздоўж берага туды, пасьля ўздоўж берага назад, а хлопцы ведаюць шлях праз астравы. Лодка ўсюды праскочыць... - думаў ён. Адно было непрыемна: надта ўжо вузкай была пратока, асабліва ўперадзе, дзе, здавалася, раскінуўшы рукі, кранесься абодвух яе берагоў. Але лодка ішла, ішла, а берагі не сыходзіліся, расступаліся, і Арцём Іванавіч урэшце зразумеў, - тое, што здаецца яму наперадзе берагамі, напраўдзе толькі адлюстраваньні, адлюстраваньні берагоў, і так блізка з зьбягаюцца яны ў вадзе, а не над вадой.

    І як толькі ён супакоіўся, думкі яго пайшлі па ранейшым крузе. Як жа ўсё такі сталася, што ён, нядрэнны ўвогуле чалавек і дастаткова сумленны, зьбег адтуль, дзе сумленьне яго правяралася ў такой сур’ёзнай справе? Ці ж апраўдвае гэта, што пабаяўся адказваць за чужы грэх? Хай бы і адказаў, хай! Але калі б ён, выперадзіўшы агонь, адразу даў ведаць на нафтабазу, колькі дрэў, колькі будучых грыбоў і ягад, ды што там грыбы і ягады! - колькі нэрваў бы людзям зьбярог і сам яшчэ патушыў бы штосьці... А ён пабег, як той падпальшчык, пабег і праседзеў цэлы дзень, хаваючыся ад людзкіх ваэчэй... Напісаўшы “Камандзіроўку”. Цьвёрда ўпэўнены чамусьці, што піша Сьвіта з сябе. Нават прозьвішча сваё ў гэтым “Сьвіце” зашыфраваў. Дарма, выходзіць, дарма сабой любаваўся...

    Маторы змоўклі, лодка тыцнулася ў пясок. Арцём Іванавіч, схамянуўшыся, працёр вочы, нібыта ад гэтага яму стане лягчэй пазнаць, куды яго прывезьлі.

    - У самы цэнтар, як бачыце, - сказаў з націскам стрыжаны. - На лодачную станцыю. Тут прасьцей бэнзіну купіць...

    Арцём Іванавіч намацаў у кішэні парку, дастаў і працягнуў.

    - Дзесятка? Не. Гэта занадта - засьцерагальна скрыжаваў рукі перад грудзьмі стрыжаны.

    - Бяры, бяры, - хрыпла сказаў Арцём Іванавіч. - Няма другіх.

    Хлопец павагаўся і ў сваю чаргу выняў траячку:

    - Вазьміце.

    - Што ты?! - зьдзівіўся Арцём Іванавіч! - Рэшту даеш, ці што? Навошта?

    - На трамваі білет пяцьдзесят капеек...

    - Я ж табе не за білет, а за бэнзін.

    - Не тапчыце сумленьня. Вазьміце.

    - Эх ты сумленны. Грошы ў кішэні казаў - няма.

    - Не тапчыце...

    - Бяры, - помсьліва кінуў Арцём Іванавіч ды сунуў дзесятку ў кішэньку на футболцы стрыжанага і скочыў з лодкі, набраўшы вады ў чаравікі. I не адразу сам зразумеў, што помсьціць за роспыты, дзе падпаліў штаны.

                                                           НОЧ ПАСЬЛЯ БАЛЮ

    Ехаць было чатыры прыпынкі, і аўтобус, амаль пусты, з уздыхам расчыніў дзьверы ў сваё такое ўтульнае, такое хатняе нутро. Адчыніў якраз тады, калі Арцём Іванавіч узабраўся на бераг, да павільёну з сылюэтам чайкі. Але Арцём Іванавіч спалохана адхіснуўся ад дзьверцаў.

    Ён пабег у паўцемры па вуліцы без тратуара, рызыкуючы трапіць пад машыны, што абганялі яго.

    На скрыжаваньні прыйшлося спыніцца - на чырвонае сьвятло Арцём Іванавіч ніколі не пераходзіў, калі нават вуліца была пустой. Зірнуў на гадзіньнік: без дзесяці восьмая! Хутка ж яго даімчалі. На трамваі, не кажучы ужо пра паром, ён, відаць, і да дзевятай бы не дабраўся — Два маторы ды напрасткі. Стала лягчэй дыхаць, нібы сэканомленная гадзіна штосьці мяняла.

    Не, мяняла! Хто ведае, можа Вера з Наташкай яшчэ і не дома? Самалёты - не цягнікі, затрымліваюцца - бывае.Сустракаць, вядома, ужо не паедзеш, хаця б пераапрануцца...

    Што спадзяваўся ва неакуратную работу Аэрафлота дарма, Арцёму Іванавічу яшчэ здалёк сказалі вокны яго кватэры. Яны гарэлі яскравей за ўсе іншыя ў доме, і сьвяціліся ўсе чатыры, бо перад ад’ездам Вера зьняла фіранкі, і ў пакоях, і ў кухні - Арцём Іванавіч не мог забыць нявыключаныя лямпы ўсюды. Прыляцелі! Арцём Іванавіч не змог бы сказаць, калі б яго спыталі, што ён адчувае мацней: радасьць, што жонка і дачка нарэшце дома, ці няёмкасьць, што не сустрэў. Ды яшчэ, відаць, і панепакоіцца прымусіў. Ды яшчэ ў гарэлых штанах!.. Ці будзе паблажка?

    Высьпеў плян: увайсьці так ціха, каб не пачулі, і адразу зьняць штаны - хатнія ён пакінуў якраз ля дзьвярэй, на тамбачцы, гэта ён памятаў ясна. Але яго, відаць, чакалі. Не пасьпеў закрыць за сабою дзьверы і паставіць вядро, - наляцела Наташка, кінулася, бальшуха, на шыю:

    - Татка! А мы прыехалі

    Арцём Іванавіч пацалаваў дачушку ў цёплую шчаку, для чаго яму прыйшлося крыху задраць галаву, і ў яго сарвалася:

    - Усё расьцеш?

    Наступіў на балючае месца...

    Дачушка пакрыўджана разьняла рукі, адступіла:

    - А ты ў пампасы вырваўся? Нашай адсутнасьцю карыстаесься? Дымам нейкім прапах...

    Тут і дарагая палова наблізілася:

    - Дымам? Дым, паважаныя, думаецца, для маскіроўкі. Каб заглушыць пах “Шанэля”...

    Жонка тыцнулася ў шчаку Арцёма Іванавіча, для чаго сагнула мужу шыю далёка не дзюймовачкінай ручкай:

    - Сапраўды, адзін дым... Дзе цябе насіла, Арцемій? Чаму твае жанчыны з усімі чамаданамі павінны былі без цябе ехаць з аэрапорта?

    - Усё раскажу. Дайце толькі пераапрануцца, - прамармытаў Арцём Іванавіч, са зьдзіўленьнем адзначаючы, па голасе жонкі відаць, што паблажка ўсё такі будзе.

    Арцём Іванавіч скінуў чаравікі, падхапіў з тумбачкі трыко і трушком пабег у ванную — адзінае прыстойнае месца ў кватэры, дзе ён мог зачыніцца ад сваіх “жанчын”. Распранутага яго Наташка не бачыла год з пяці.

    - Дзе ж ты быў? - спытала праз дзьверы жонка.

    - У грыбы езьдзіў. На той бок.

    - А дзе грыбы? І чаму ты такі гарэлы?

    - Тайгу тушыў.

    - Толькі гэтага табе і не ставала! Ну і што, патушыў?

    - Не. Іншыя патушылі. Бульдозэрамі.

    - Вось бачыш... Іншыя бульдозэрамі, а ты пінжаком. Ну, прызнавайся: пінжаком? Спаліў пінжак...

    - Ды ён стары. Падшэўка пацерлася.

    - Будзеш цяпер у новым у сваю тайгу хадзіць? Ну-ну...

    “Добра, што ты яшчэ штаны не разгледзела”, - думаў Арцём Іванавіч, запіхваючы іх пад ванну. Адказваючы карацей, каб не ляпнуць лішняга, на пытаньні жонкі, ён не перапыняў зьдзіўляцца: надта ўжо спакойна, аж спачувальна яна ўшчувала.

    - Даўно вы тут? - крыкнуў ён, скачучы то на левай, то на правай назе, каб нацягнуць трыко.

    - Зачакаліся вас, - з мяккім націскам адказала жонка.

    “Дзіўна... Не сварыцца... Вельмі дзіўна!” - які ўжо раз паўтарыў Арцём Іванавіч у думках, намыльваючы чорныя рукі. Сунуў пад кран - быццам як у крапіву сунуў: прачнуліся ўсе да адной болькі. Намыліў і твар, стараючыся не зьвяртаць увагі на боль. Асьцярожна прамакнуўся ручніком, зірнуў у люстэрка: на шчоках бялелі не раздаўленыя, ва ілбе чырванеў раздаўлены пухір. Хоць з ваннай не выходзь.

    - Зачакаліся вас... - паўтарыла жонка, скрабучы пазногцем дзьверы. Арцём Іванавіч прачыніў іх толькі на сваю нештангісцкую фігуру і хацеў быў шмыгнуць куды далей, нібы ў кватэры было дзе схавацца, але яго спрытна злавілі за локаць:

    - Куды без яды? Перад сном павячэраць трэба...

    Тут Арцём Іванавіч успомніў, што дзень цэлы нічога не еў, і яго пацягнула на кухню без жончыных вожак. А там... там на стале стаяла гэтулькі ўсялякага, што ў Арцёма Іванавіча, які аж месяц вёў халасьцяцкае - гэта значыць, напаўгалоднае існаваньне - вочы разьбегліся, як у зайца. Позірк кідала ад гары памідораў да гары яблык, ад танюсенька парэзанай каўбасы са сьлёзкамі тлушчу да адкрытай бляшанкі шпрот - усё гэта было адтуль, з сытага краю, куды і сам Арцём Іванавіч мог бы, ды не паехаў. Арцём Іванавіч плюхнуўся ў кут, на сваё законнае месца і ваяўніча ўскінуў відэлец, - але яго руку мякка перахапілі.

    - Не за тое, сэр, узяліся...

    А ён і не заўважыў побач з пустой талеркай фужэр! Піў Арцём Іванавіч рэдка і ніколі на ўласнай ініцыятыве, але, што хаваць: падносілі - не адмаўляўся. Ён з гатоўнасьцю схапіўся за гладкую прахалодную ножку. Дзённы кашмар скончыўся, прыйшоў нарэшце лагодны вечар у сямейным улоньні.

    У фужэр з даўгой пляшкі з нярускай наклейкай адразу палілася бардовая вадкасьць. Такія посуды, Арцём Іванавіч ведаў, заўжды закрыты разбухлым коракам, штопарам іх не выцягнеш, звычайна выпакутваеш па крошцы нажом, - прыкрая праца гэтая заўсёды даставалася на долю Арцёма Іванавіча, як мужчыны, а сёньня яго мінула, - значыць, бутэльку адкаркавалі да яго прыходу і, трэба думаць, пачалі. Тым і тлумачылася ласкавасьць. Зразумеўшы гэта, Арцём Іванавіч зусім супакоіўся: выходзіць нічога падступнага ў ласкавасьці жончынай не было.

    - Тост, - нагадала жонка, убачыўшы, што Арцём Іванавіч ад голаду можа парушыць рытуал.

    - Ну, за гэта самае! За вяртаньне ваша!

    Жонка згодна кіўнула галавой і сунула свой фужэр да ягонага.

    Шкло азвалася нязвычна даўгім, дробным звонам - Арцём Іванавіч вылупіў вочы: аказалася, што ў адным пункце сышліся тры фужэры! Праўда, у пасудзіне дачкі. крывавага пойла было толькі на дне, але ж... Арцём Іванавіч запытальна зірнуў на жонку.

    - Спакойна, сказала тая. - Спакойна. Хай яна першую кроплю лепш дома вып’е, на вачах у бацькоў, чым у падваротні.

    - Але ж усяго чатырнаццаць!

    - Цяпер яны ўсе такімі пачынаюць. Ну, паехалі...

    Арцём Іванавіч глынуў, і, як заўсёды у такіх рэдкіх выпадках, настрой яго зусім распагодзіўся.

    - Н-на, - сказаў ён, з замілаванасьцю азіраючы стол, - гэта ж сапраўдны баль!

    - Баль падчас чумы, - раптам буркнула Наташка. Арцём Іванавіч глянуў на дачку - тая, аказваецца, свае долі не выпіла: як была палова фужэра, так і засталася.

    - Наталля, - перасьцярагаючы падняла руку Вера, - бацька яшчэ не павячэраў. Не псуй апэтыту.

   - Што ў вас такое? Што прывезьлі з поўдня, апроч памідораў? - Арцём Іванавіч падхапіў на відэлец скрыль бужаніны.

    - Нічога, нічога. Еш, - жонка адной рукой пагладзіла яго па плячы, а другой паказала кулак дачцэ. Тая падцяла свае этыёпскія вусны і адвярнулася.

    - Чамадан з грашмі згубілі? Ці замест Ялты ў Архангельск трапілі? - пачаў жартаўлівы роспыт Арцём Іванавіч. - Нешта я на вас натуральнага загару не бачу. Адна парфума...

    Так гаворачы, ён без затрымкі кідаў у рот кавалак за кавалкам.

    - Загар убачыш, калі распранемся, - паабяцала жонка. - Такі табе і не сьніўся. За ўсю пуцёўку - ніводнай хмурынкі. Хочаш не хочаш, прыйшлося твар берагчы...

    Арцём Іванавіч уявіў сабе жонку загарэлую - гэта значыць, без таго, што на ёй было - і аблізнуўся. Жонка заўважыла і прыхінулася да пляча напаўзабытым мяккім.

    - Ну што ты глупства вярзеш усякае, - ледзь не плачучы, кінула Наташка, - а пра галоўнае - ні слова!

    - Цыц! - раўнула Вера. - На маці крычыш?

    - Ды кажыце вы, - дабрадушна дазволіў Арцём Іванавіч. – Новага бацьку знайшлі? Ці што? Кажы, дачушка!

    - Цётка Люба Колю забіла, вось што! - стрэліла, быццам толькі і чакала гэтага слова, Наташка. - А вы зубы выскаляеце, вось!

    Бразнуўшы аб талерку, у Арцёма Іванавіча выпаў відэлец з рукі:

    - Цётка... Якая цётка? Люба? Колю? Як?

    - Са стрэльбы!

    Наташка хлюпнула носам і адвярнулася, і Арцём Іванавіч паверыў, што гэта не жарт. Плечы яго абвялі. Машынальна ён намацаў відэлец, але той не даваўся ў пальцы. Левай рукой ён схапіўся за сэрца, чаго з ім ніколі не было.

    - Чорт ведае што, - выціснуў ён з сябе.

    - Я ж казала табе, каб маўчала! – раз’юшана крыкнула Вера. - Бачыш, да чаго давяла бацьку? Дай вады!

    Наташка скочыла да ракавіны, на поўную магутнасьць крутнула кран і падставіла шклянку пад нікеляваны струмень вады. Арцём Іванавіч глынуў, і ад сэрца крыху адлягло.

    - Не крычы на яе. Усё адно, калі ні калі, а сказаць жа прыйшлося б. Такое шыла ў мяху не ўтоіш.

    - Вечна ты яе - трэба не трэба - пад крылца бярэш.

    Наташка зыркнула на матку вачмі і выбегла з кухні.

    - Скажаш - пад крылца... Не люблю, калі побач сварацца, - паспрабаваў апраўдацца Арцём Іванавіч.

    Памаўчалі: Арцём Іванавіч – упусьціўшы міма каленяў рукі, жонка - круцячы двума рукамі фужэр.

    - Разумееш, - пачала Вера, папярэджваючы пытаньне, - мы з самалёта сыходзім - цябе няма. Прыяжджаем дадому - зноў няма. Гадзіну, другую чакаем - няма... Я і падумала, што ты там... Чаму падумала - і не ведаю, - яна адвяла позірк.

    - Чаму падумала? Я ж там даўно не быў...

    - Я падумала, да Міколы...

    - Да яго як раз і непрыемна было б пайсьці.

    - Мне Тацяна пісала ў Ялту, што Люба вярнулася ў дом.

    - Сказаць па шчырасьці, пасьля ўсяго, што навычварала, і да яё не пайшоў  бы.

    Вера выпрабавальна ўпілася Арцёму Іванавічу ў твар:

    - Так ужо і не пайшоў бы? Калі б паклікала нават?

    - Чаго яна мяне пакліча? - сказаў Арцём Іванавіч і пачырванеў. Вера, мяркуючы па яе выгляду, хацела была пакпіць з гэтага, але ўстрымалася:

    - Добра. Паверым, што яна цябе не пакліча, а калі пакліча, то ты не пойдзеш.

    - Вера, ну што ты? У такую хвіліну пра ўсякую лухту. Што там было? Як даведалася?

    - Я ж казала табе, паслала па цябе Наташку.

    Не казала гэтага Вера, але Арцём Іванавіч папраўляць - перабіваць не стаў.

    - Прыяжджае - белая ўся, рукі трасуцца. “Мамачка! Колю забілі...” Ну, ты ж ведаеш, яна з пялюшак - Коля ды Коля, дзядзька Коля ніколі не скажа... Я адразу здагадалася, што пра яго... “Хто? КалІ?” “Толькі што, цётка Люба”. “Як?” Можа, сама хай раскажа? Дакладней будзе... Я ж там не была...

    - Нічога. Расказвай сама. Навошта яе другі раз катаваць.

    - Адным словам, суседзі казалі... Там іх шмат вакол хаты тапталася.. Колька на аўтобусе з нейкімі сябрукамі прыехаў. А Люба спала. Хата зачыненая была. Ён і пачаў ламацца...

    - Спала? Калі ж гэта было? Уночы?

    - Не. А другой гадзіне прыблізна.

    - Хто ж у такі час сьпіць?

    - Ці мала што бывае?

    - Ну-ну...

    - Пачаў ламацца спачатку ў дзьверы, потым у вакно. Пры гэтым крычаў: “Нарэшце я разьлічуся з вамі! Хату адабралі, гэта вам дарма не пройдзе!” Разьбіў акно, палез у дом...

    - Ён што, п’яны быў?

    - Відаць, п’яны. Ці ж цьвярозы так будзе сябе паводзіць?

    - І што далей?

    - Люба бачыць, што заб’е, стрэльбу зарадзіла і...

    - На сьмерць?

    - Вядома, на сьмерць. З двух мэтраў.

    - Наташка бачыла яго?

    - Яго павезьлі ўжо. Яна, як толькі стрэліла, адразу выскачыла і пабегла да суседзяў - у міліцыю званіць. Ну, мінут праз пятнаццаць адразу “хуткая” і міліцыя. Кольку ў бальніцу, Любку і Лёдзю ў міліцыю.

    - Лёдзю? Лёдзя што, таксама там была?

    - Якраз надоечы перабралася, з Ігарком.

    - Што ж яна страляла? Навошта? - неўразуменна падняў вочы да столі Арцём Іванавіч. - Няўжо не справіліся б удзьвюх? Хай бы ён нават і ўлез...

    - Вядома ж, справіліся б. Ды, напэўна, не толькі гэта. Усё адразу сабралася - вось і стрэліла.

    - Бедная... Што з ёй цяпер будзе? - вырвалася ў Арцёма Іванавіча.

    - Бедная?! - злосна бліснулі вочы ў Веры. - Яна бедная. А Мікола? Забойцу шкада табе, а што земляка на трыццаць шостым годзе жыцьця забілі, табе ўсё роўна?

    - Бачыш...

    - Не апраўдвайся! Ведаю я, адкуль гэта ў цябе ідзе. Ведаю! Не абдурыш.

    Яна ўскочыла і ад сьцяны да сьцяны захадзіла па кухні: тры крокі - і паварот, зноў тры крокі - і зноў паварот. I кожны раз, праходзячы міма мужа, яна для сябе то ўлева, то ўправа адварочвала галаву.

    - Што ты выдумляеш, - ціха сказаў Арцём Іванавіч. - Не выдумляй! Нічога між намі не было. I не магло быць. Мікола, напрыклад, ніколі нічога падобнага мне не гаварыў.

    - Што ён мог ведаць? Гэта ж яшчэ да яго было.

    - Не было нічога!

    - Паверым яшчэ раз, - жонка ўздыхнула. - ТолькІ не верыцца. Як ты гэта сказаў – “бедная”! Як у цябе язык павярнуўся! Не “бедны” сказаў, а “бедная”. Бедны Мікола! Сябрам лічыў. Братам старэйшым...

    - Не рві душу, Вера, - папрасіў Арцём Іванавіч. - Давай лепш... Давай лепш вып’ем.

    Ён не ведаў, куды падзецца ад сораму. Сапраўды, як недарэчна атрымалася: першым чынам пашкадаваў забойцу, а пра забітага быццам забыўся. А забіты, і праўда, лічыў яго старэйшым братам.

    - Давай, - нібыта ўзрадавалася Вера. - Давай памянём Колю.

    Яна ўсхліпнула і наліла поўныя фужэры.

    - Давай, - згадзіўся Арцём Іванавіч, але нечаканая думка адарвала руку ад посуда: - Як гэта памянём? А што, калі ён жывы? Яго ж у бальніцу павезьлі! Да ўрачоў!

    - Не давезьлі.

    - Адкуль ведаеш?

    - Званіла я.

    Надзея, што на імгненьне ўспыхнула ў Арцёме Іванавічу, згасла.

    - Што ж, - глуха прамармытаў ён. - Тады памянём...

    Выпілі не стукаючыся і моўчкі.

    - Хто ж яго, бедалагу, хаваць будзе? - задуменна прагаварыла Вера. - МІлІцыя, ці што?

    - Чаму міліцыя?

    - Не Лёдзя ж.

    - А чаму б і не?

    - Не будзе яна. Адмовіцца. Хаця б за тое, што Колька выгнаў яе да, як яго? Санька?

    - А можа мы?

    Вера адкінулася плячмі на падвоканьне, закінула рукі за галаву, падумала. Бачна было, што пра гэта яна зусім не думала, прапанова Арцёма Іванавіча асалоды ёй не прынесла, і цяпер яна шукала, чым падмацаваць нязгоду:

    - Мы? А якое мы маем права? Хто мы яму?

    - Няўжо на гэта патрабуецца нейкае права?

    - Арцём... Ну, уяві сабе. Гэта ж выдаткі, і немалыя. А мы з Наташкай толькі што з курорта. Можа, ты якую спадчыну атрымаў?

    - Скажаш яшчэ.

    - Ды і не толькі грошы. Грошы, бог з імі, можна і пазычыць. Але няўжо ты ўнясеш нябожчыка ў нашу, такую маленькую кватэру? Як ты будзеш пасьля гэтага жыць у ёй?

    - Чаму ў кватэру? Пахаваем з яго дома...

    - Гэта ўжо не яго дом.

    - Як не яго? Гэтулькі год жыў - і не яго?

    - Ён аддаў дом за алімэнты, - няўжо ты гэтага не ведаеш?

    - Ведаю, што ён падарыў дом. Ён мне сам гаварыў пра гэта.

    - I ты паверыў?

    Арцём Іванавіч змоўк.

    - Гэта было падобна на праўду, - нарэшце вымавіў ён.

    - Як гэта трагічна, - з далікатнасьці павярнула на іншае Вера, - паміраць, не маючы родных! Добра яшчэ, калі памрэш імгненна. Мёртваму ўсё адно, жонка яго хавае або міліцыя. А вось паміраць, напрыклад, ад рака... У поўнай памяці і бездапаможнасьці...

    Яна перасмыкнула плячамі.

    - Думаць і думаць, што за тваёй труной ніхто не пойдзе...

    - Ты што, Міколу сіратою лічыш? - страпянуўся Арцём Іванавіч.

    - Гм... Сапраўды, у яго хтосьці быў.

    - Не хтосьці, а бацька.

    - Бацька? Дык трэба паведаміць! Бацька і пахавае. Ці нават туды павязе, - яўна з надзеяй сказала Вера. - Быў бы адрас!

    - Адрас... Адрас просты: рэспубліка, вобласьць, раён, вёска... Усё гэта мне вядома: рэспубліка, вобласьць, раён... Раён жа з маім суседні, - нагадаў Арцём Іванавіч. - Колькі разоў, мо памятаеш, Коля мяне суседам старэйшым называў.

    - Ну дык ідзі, адбівай тэлеграму!

    - Вёску не памятаю, - бездапаможна разьвёў рукі Арцём Іванавіч, - І як завуць таго бацьку...

    - Завуць? Сьцяпанам. Ён жа Сьцяпанавіч.... быў, - дадала Вера.

    - Правільна. Гэтага, дарэчы, і хопіць. Не сто ж Сцяпанаў Манькіных у гэтай вёсцы, у якіх сыны ў горадзе нашым.

    - Вёску ён не раз называў. Сьмяяліся яшчэ. Конскае штосьці.

    - Правільна, - Арцём Іванавіч наморшчыў лоб, - Жарабкова? Мерынава? Чорт пабірай. Перабірай, як у Чэхава... Стой! - азарыла яго. - Коля ж неяк паштоўку табе адтуль дасылаў. З адпачынку. Дзень нараджэньня твой... Захавала, можа?

    - Цёма, ты геній! - жонка падскочыла і ўзрушана пацалавала Арцёма Іванавіча ў вусны. - Вядома, захавала! Што ў мяне іх, мільён? Што я, народная артыстка? Я ўсё хаваю!

    Праз хвілінку яна ўжо вытрасала на куханную падлогу лісты і паштоўкі з палатнянай торбы:

    - Добра памятаю, ну, як сёньня... Такая паштовачка, з вожыкам... Я тады зьдзівілася так, што ён у галаве мой дзень нараджэньня трымае... Вось яна! Глядзі: сапраўды - конская назва. Толькі не конска-мужчынская, як ты думаў, а конска-жаночая: Кабылічы!

    - Дай яе сюды, - абарваў Арцём Іванавіч. - Спяшацца трэба, - растлумачыў ён, заўважыўшы крыўду ў позірку Веры.

    Трымаючы паштоўку ў руцэ, пайшоў у спальню і там нейкім чынам, не выпускаючы яе, апрануў пінжак і паўзьверх трыко штаны. І гэта не усе: у пярэдняй напяў і чаравікі, увесь час перакладваючы паштоўку з адной рукі ў другую, і толькі пасьля гэтага сунуў яе ў кішэнь пінжака. Жонка, стоячы над душой, раз-пораз рабіла спробу ўзяць паштоўку, каб патрымаць, пакуль ён абуваецца, але Арцём Іванавіч так зацята перакладваў яе з рукі ў руку, нібы баяўся, што яна зьнікне, як толькі яе перастануць сьціскаць ягоныя пальцы.

    Дзьверы ў так званую “залю”, дзе стаяў ложак Наташкі, былі зачыненыя, адтуль даносілася сучасная расхлябаная песьня, якую з надрывам выконваў нейкі ВІА - дачка слухала пласьцінку. Арцёма Іванавіча звычайна раздражнялі такія песенькі пра дзьве капейкі, ад якіх нібыта залежыць лёс чалавека і якіх немагчыма чамусьці дастаць. Гэтым разам інструмэнтаваная пашляціна прынесла яму быццам палёгку: пласьцінкі слухае - значыць, душэўнай траўмы няма, падумаў ён пра дачку.

    Але калі ён ужо амаль сышоў па лесьвіцы, наверсе бразнулі даверы - Арцём Іванавіч адразу адчуў, што гэта дзьверы яго кватэры, і адтуль пачулася:

    - Тата! Пачакай!

    Пераскокваючы праз прыступку, Наташка зьляцела з трэцяга паверха і, гледзячы бацьку прама ў вочы - рост дазваляў ёй гэта – звонка сказала:

    - Няўжо, калі той дзед не прыедзе, вы не пахаваеце Колю?

    - Што ты, дачка, - напалохаўся яе напору Арцём Іванавіч, - што ты!

    - У міліцыю не аддасьцё?

    - Не аддадзім, дачка!

    - Ты, тата, не бойся, - панізіла голас Наташка, - не бойся ўзяць у кватэру. За мяне не бойся, я - я не дзіця даўно, за мяне не бойся...

    Арцём Іванавіч некалькі разоў кіўнуў у знак згоды і пайшоў з пад’езда. Думка яго працавала напружана і цьвяроза. Ён прыгадаў, што аднойчы яму давялося ўжо адбіваць тэлеграму ўвечары, і тады ён дарэмна пабег у суседняе паштовае аддзяленьне, што ўжо зачынілі, таму цяпер адразу адправіўся на паштамт, дзе тэлеграф працаваў круглыя суткі.

    Ён пайшоў пешкі, хаця павінен быў сьпяшацца і мог пад’ехаць: яму хацелася прыйсьці на паштамт з гатовай тэлеграмай у галаве, каб не складаць яе побач з выпадковымі людзьмі. Мала было паведаміць пра сьмерць МІколы: трэба было яшчэ вырашыць, што паведаміць пра гэту сьмерць і неяк вытлумачыць, чаму паведамляе ён, незнаёмы міколаваму бацьку чалавек а не нявестка. Апрача таго, неабходна даць уласны адрас, бо зваротны адрас, дадзены па-за рамкамі тэлеграмы, па тэлеграме не перадаецца...

    Вецер кінуў у твар жменю гарадзкога пяску, зашчымелі адразу раздаўленыя вадзянкі. А Арцём Іванавіч зусім і забыўся на іх! Як жа паказацца з такім тварам у публічным месцы? “Варыянтаў няма. На жаль”, - падумаў ён і, закрыўшы твар рукавом, штурхнуў паштамскія дзверы.

    У звычайна цеснай зале амаль нікога не было, і яна гэтым разам магла б здасца Арцёму Іванавічу прасторнай, каб не паўцемра - сьвятло гарэла толькі над вакенцам тэлеграфа. Арцём Іванавіч стаў у кароткую чаргу, узяў блянк. Ён абавязкова адышоўся б у куток, каб там напісаць сваю тэлеграму, але сьвятло гарэла толькі над гэтым вакенцам, дзе стаяла кароткая чарга. Зрэшты, кожны пісаў у сваім блянку, або трымаў яго, ужо напісаны, над прылаўкам. Арцём Іванавіч закрыў свой блянк ад чаргі сагнутай у локці левай рукой і напісаў:

    “Тэрміновая. БССР ... вобласьць ... раён вёска Кабылічы Манькіну Сьцяпану”.

    “А можа, яно і не так? - засумняваўся ён раптам. - Памыляцца нельга. Трэба зазірнуць у паштоўку”. Для чаго ж я яе ўзяў?”

    Яму зусім не хацелася гэтага рабіць, бо паштоўка была адрасаваная не яму - ён ніколі не чытаў нічога, што атрымлівала жонка, але нічога не зробіш. “Дарагая Вера Васільеўна, - пачаў ён, варушачы вуснамі, - віншуем Вас з далёкага краю, Люба, Коля, Лёдзя, Саша...” Чалавека ўжо не было на сьвеце, а словы, напісаныя ім, засталіся, гучаў яго голас. Гэта так уразіла Арцёма Іванавіча, што ён заплюшчыў вочы. Але трэба было рухацца па паштоўцы далей: у тым, што ён ужо прачытаў, не было нічога з таго, што яму было патрэбна. “I наш дзядуля Захар Карпавіч...” “Як Захар Карпавіч? Ён жа, Мікола, Сцяпанавіч! - неўразуменна глянуў Арцём Іванавіч на суседзяў, нібыта тыя маглі растлумачыць, што за яно. - Глядзі, зваротны адрас: БССР ... вобласьць ... раён ... вёска Кабылічы... Манькіну Мікалаю Сьцяпанавічу”. Што за гэтым хаваецца? Ясна адно, што Захар не можа быць бацькам Сцяпанавіча. Але ў той жа час і “дзядуля”. Дзядулям чужы чалавек быць не можа. Хаця, чаму? Дзядамі ж лічацца і дзядзькі, гэта значыць дзяды стрыечныя. Але калі ён дзядзька па матцы, дык у яго можа быць зусім іншае прозьвішча! І дзе сапраўдны бацька Міколы, якому і трэба слаць тэлеграму?

    Арцём Іванавіч з канца ў канец прачытаў паштоўку, але нічога істотнага болей не знайшоў. “Нічога. У вёсках усе ўсіх ведаюць. Дойдзе”. Ён узяў новы блянк, перапісаў адрас і пасьля яго вывеў:

    “Манькіну Захару Карпавічу.

    Ваш Коля сёньня загінуў калі не зможаце прыехаць на пахаваньне паведаміце на адрас: горад ... вуліца ... дом ... кватэра ... Дабрэньку Арцёму Іванавічу”.

    Уздыхнуўшы, унізе блянка, як належна, ён зноў пазначыў свой адрас і працягнуў прыёмшчыцы - пакуль чытаў паштоўку, думаў і пісаў, чарга перад ім растала.

    Дзяўчына прабегла позіркам напісанае.

    - Даведку, - коратка кінула яна.

    - Якую даведку?

    - Аб сьмерці.

    - Навошта?!

    - Без даведкі не прыму. Не дазволена.

    - Чаму?

    - Не дазволена.

    - Чорт ведае, што. Хоць растлумачце, чаму? Які ў гэтым сэнс?

    - Дарослы чалавек, а не разумееце. А раптам гэта няпраўда. Ці ж мала жартаўнікоў?

    - Ці ж гэтым жартуюць? - абразіўся Арцём Іванавіч.

    - ЛюдзІ бываюць розныя, А мне адказвай.

    - Аюбая, - усхваляваўся Арцём Іванавіч, - хто ж мне ўночы тую даведку дасьць? А тэлеграма тэрміновая. Вы паглядзіце, адкуль ехаць! Заўтра, лічы, і адбіваць бескарысна. Калі ж адправіць зараз, яна яшчэ сёньня прыйдзе. Шэсьць гадзін розьніцы... Там і не вечар яшчэ. За ноч да самалёта дабрацца можна...

    - Я вас разумею, але і мяне зразумейце.

    - Не, вы мяне не разумееце, - знэрваваўся Арцём Іванавіч, - бачу я, і не хочуць зразумець! Вы не хочаце, каб бацька з сынам разьвітааўся. Навек.

    Ён змоўк. Дзяўчына адвярнулася і нейкі час глядзела ў цёмнае акно. Чыста памытыя яе валасы крыху ўздрыгвалі на плячах.

    - Добра. Пашпарт з вамі?

    - Пашпарт? Навошта? - зьбянтэжыўся Арцём Іванавіч, які не пасьпеў узрадавацца.

    - Хачу ўпэўніцца, што вы і ёсьць Дабрэнька Арцём Іванавіч.

    Арцём Іванавіч цьвёрда ведаў, што пашпарта ў яго няма, бо насіў яго з сабой толькі ў выключна рэдкіх камандзіроўках. Тым не меней палез ва ўсе кішэні. Як і варта было чакаць, тыя аказаліся пустымі.

    - А што-небудзь іншае... не можа яго замяніць? запабягаючы зазірнуў ён у вочы дзяўчыне.

    - Што ў вас ёсьць?

    - ТолькІ вось гэта - Арцём Іванавіч працягнуў паштоўку.

    - Што карысьці з гэтага кавалка кардону?

    - Ён прысланы маёй жонцы з той самай вёскі, у якую ідзе тэлеграма. Пяць год назад. Прозвішча маёй жонкі таксама Дабрэнька. Прозвішча чалавека, які дасылаў паштоўку, - Манькін. Адрас, на які даслана паштоўка, дакладна такі ж, які стаіць зваротным на тэлеграме, зваротны на паштоўцы - дакладна такі, на які адбіваецца тэлеграма. Пяць год такія паштоўкі чужыя людзі не хаваюць...

    Дзяўчына засмяялася:

    - Вы не сьледчым працуеце?

    - Я працую там, дзе вы, напэўна, былі яшчэ да школы. У краязнаўчым музэі.

    - Значыць, у вас прападае талент сьледчага...

    - Добра было, што Арцёма Іванавіча не падпірала чарга, што не дае час; на такія доўгія размовы.

    - А грошы хаця ў вас ёсьць? З вас сем рублёў дзесяць капеек.

    - Амаль што дарма, - з палёгкай пажартаваў Арцём Іванавіч. Грошы ён, на шчасьце, узяў.

    - Тэрміновая. Дваццаць капеек слова, - вытлумачыла дзяўчына.

    Дзесяць капеек Арцём Іванавіч застаўся вінен: грыўні ў яго не знайшлося, а дзяўчына не захацела даваць яму ажно дзевяноста капеек рэшты. Паабяцаўшы, што занясе заўтра, Арцём Іванавіч выйшаў з паштамта. Дадому ён амаль што бег, каб сагрэцца. Падганяючы, вецер біў яго ніжэй паясьніцы  мяккай, але цяжкою даўбнёй.

    Дома ўжо спалі. Арцём Іванавіч асьцярожна прайшоў на кухню, дзе на стале яшчэ стаялі рэшткі балю, але есьці яму зусім не хацелася, і ён толі адно і выпіў шклянку гарачага чаю.

    Жонка спала, Арцём Іванавіч асьцярожна лёг на край, каб не патрывожыць яе і заплюшчыў вочы. І тут жа, чаго ён зусім не чакаў, перад ім устаў Коля з шапкай цыганскіх валасоў над белым пукатым Ілбом. Гэта быў несумненна не сон - Арцём Іванавіч не змог бы заснуць так хутка, ён заўжды засынаў пакутліва доўга пры любой стоме. Гэта было так, нібыта ў чорнай зале перад ім нечакана ўспыхнуў экран. Ён з міжвольным стогнам разьняў павекі.

    - Ну што, паслаў тэлеграму?

    Відаць, абудзіў стогнам,

    - Паслаў.

    - Ну і добра. Можа, усё-такі прыедзе. Тады і гара з плеч.

    - Якое там з плеч! Што ён зможа тут, у чужым горадзе, вясковы, ды яшчэ і стары чалавек? Не, нікуды не дзенесься... Трэба думаць, як і што рабіць.

    - Заўтра будзем думаць, Усяму свой час. А цяпер...

    Яна прыліпла гарачым целам да бока Арцёма Іванавіча. Ён паімкнуўся быў адсунуцца і ледзь не зваліўся з ложка.

    - ЦІ адзін ты спаў гэты месяц? - з робленым сьмяшком спытала жонка.

    - Ведаеш, - вінавата ўздыхнуў Арцём Іванавіч, - вось закрыў вочы - а перада мной Коля. Такі малады, кучаравы... Страшна думаць, што ён у моргу. Голы, пад прасьціной. На стале ці нат на падлозе... А мы...

    - Што мы?

    - А мы жывыя. Ляжым сабе ў ложку.

    - Ну і што?

    - Неяк няёмка ў такую ноч быць занадта жывым.

    - Скажаш яшчэ... - жонка паўкрыўджана тузанула нагой, адляпілася і павярнулася на сьпіну. - Якая нам справа да морга? Кожны дзень у ім мерцьвякі ляжаць. Што ж нам, зусім не жыць?

    - Кожны дзень ляжаць такія, пра якіх ты і не чула. А тут - чалавек блізкі. Ён табе падарункі насіў, дзіця тваё гушкаў...

    - Пакуль жывеш - жыць трэба. Думаю, што калі б вы памяняліся месцамі, гэта значыць, ты ляжаў у маргу, а ён у пасьцелі з жонкай, якую не бачыў месяц...

    - Пра мёртвых - або добрае, або нічога.

    - А я нічога нядобрага казаць і не зьбіралася. Я хацела сказаць, што на тваім месцы Коля да жонкі паставіўся б цяплей! Адгаворку знайшоў. Бачу я, гэты месяц ты дарма час не траціў!

    Яна адвярнулася зусім і як скамянела. Арцём Іванавіч падняў руку, каб прабачліва пагладзіць па плячы, але перад яго ўнутраным зрокам зноў успыхнуў бліскучазубы твар Колі, і рука ўпала.

    Ён ляжаў баючыся зажмурыцца і слухаў, як вецер кідае ў шыбы пясок.

                                                                  НЯДЗЕЛЯ ТУРБОТ

    За сьнеданьнем Вера спытала:

    - Што за пажар ты тушыў?

    Сьнеданьне было позьняе: Арцём Іванавіч надоечы так натаміўся, што не змог прадраць вочы раней дзесятай гадзіны. Жонка і дачка ўсталі яшчэ пазьней: перасягнуўшы на самалёце шэсьць гадзінных паясоў, яны жылі яшчэ па маскоўскім часе.

    - Чаму пытаесься? - ад позьняга сну Арцёму Іванавічу трохі балела галава, таму і вырвалася гэтае раздражнёнае пытаньне на пытаньне.

    - Знайшла пад ваннай твае штаны. Аказваецца, ты і штаны спаліў.

    Арцём Іванавіч без ахвоты, але падрабязна расказаў усё, Вера глядзела сурова, як пракурор.

    - Ты пра гэта больш нікому не кажы, - падсумавала яна. - Ці мала што! Сам жа і вінаваты будзеш. У суд пацягнуць. Як дакажаш, што не падпальваў?

    - Хай дакажуць цяпер, што я там увогуле быў!

    - А тыя хлопцы, што везьлі цябе? Абгарэлага з галавы да пят...

    Знайшла, пра што клапаціцца, - Арцём Іванавіч устаў. - Столькі турбот з пахаваньнем. Не ведаеш, з чаго і пачынаць. Першы раз у жыцьці хаваць прыходзіцца. Хоць бы хто параіў што-небудзь...

    - Слухай, - ажывілася раптам Вера, - ён жа недзе рабіў, Мікола? Не ведаеш, дзе? Ты яго апошнім часам бачыў?

    - Тыдні два назад.

    - Ну і што? Працаваў ён тады?

    - Не памятаю. Гаварыў, здаецца, што працуе, але пяцёрку прасіў. На хлеб, казаў, ды я не паверыў. На віно, падумаў, і не даў.

    - Так што мог і не працаваць, раз пяцёрку прасіў? Але ж да Любы ўчора на аўтобусе прыехаў. Службовым. Калі не падкінуў яго хто-небудзь...

    - Якое гэта мае значэньне?

    - Вельмі вялікае! Калі ён рабіў хоць дзе, яго павінна ягоная ўстанова ці прадпрыемства хаваць. Ці, ва ўсякім разе, дапамагчы.

    - Зноў ты за тое ж! Хто б ні хаваў, толькі б не мы.

    - А ты, я бачу, проста гарыш жаданьнем.

    - Вера, не будзем спрачацца пра гэта, - папрасіў Арцём Іванавіч. - Ты ж разумееш: гэта мой абавязак. - Коля - мой зямляк, малодшы таварыш. I можа, у сьмерці яго я і сам вінаваты. Не паўплываў у час, не скіраваў на разумны шлях. І калі пачалося самае кепскае - і то не змог даць слушнай парады...

    - Вінаваты. Вядома, вінаваты! Толькі не гэтым, а тым, што на Любку заглядваўся. Што? Няпраўда? Праўда! - не вытрымала ўсё ж, тое, пра што намякала ўчора, назвала нарэшце прама.

    - Што за лухта ў цябе ў галаве! - не вытрымаў і Арцём Іванавіч. Не дапіўшы чаю, пайшоў з кватэры.

    І - бездапаможна спыніўся на ганку. Куды Ісці? У бальніцу, морг? Ці ў міліцыю? Можа, на могілкі? З чаго пачынаць? Незразумела гэта было, незразумела... Каб пахаваць, трэба сьпярша атрымаць цела. Але якое права мае ён на гэтае цела? Хто яму дасьць дазвол на гэта? Міліцыя? Ці выканкам гарсавета? Далей. Проста так, у голыя рукі, цела не возьмеш. Патрэбна труна. Значыць, перш за ўсё - ісьці ў пахавальнае бюро? А што, калі труну не дадуць без даведкі аб сьмерці, якую ўжо прасілі ў яго на тэлеграфе?

    Пабыць, вядома, прыйдзецца ўсюды. А ў першую чаргу ісьці трэба ў міліцыю, вырашыў ён. Там не толькі могуць даць дазвол на пахаваньне. Растлумачаць, што і ў якім парадку рабіць, але і раскажуць, калі захочуць, як адбылося ўсё гэта няшчасьце.

    Але ў якую міліцыю? У аддзяленьне ці, мо, адразу ў гараддзел? Гараддзел, зразумела, мае больш правоў, дазволу на пахаваньне аддзяленьне можа і не даць. Але за якую палову сутак справа, можа, і не дайшла яшчэ да гараддзела? Гараддзел быў бліжэй, таму Арцём Іванавіч накіраваўся прама туды.

    Вецер быў ужо не учорашні, але ўсё ж адчуваўся, Паўсюль у вочы кідалася яго работа: брудны пясок і сьмецьце, вымеценыя з закуткаў і неўпарадкаваных вуліц на галоўны, парадны праспэкт. На асфальце пясок не трымаўся, яго ганялі сюд-туд і самыя лёгкія павевы, пакрываючы сівізной пылу чаравікі і калошы, Пад нагамі ён трашчаў гэтак жа агідна, як і цукар, калі яго рассыплеш у кухні.

    У гараддзеле Арцёму Іванавічу не прыйшлося ісьці далей стала дзяжурнага.

    - Вы куды, грамадзянін? - жвава ўстаў зухаваты лейтэнант, быццам толькі і чакаў, што хтосьці, нарэшце, увойдзе.

    - Я? - разгубіўся Арцём Іванавіч. Ён у думках падрыхтаваў шмат пытаньняў, але не падрыхтаваўся да таго, што адказваць будзе сам.

    - Так, вы. Па якім пытаньні? Да каго?

    - Я сам не ведаю, да каго, - азіраючыся, прамовіў Арцём Іванавіч.

    - Можа, нават і да начальніка.

    - Да начальніка - заўтра.

    - То, можа, намесьнік прыме?

    - Заўтра.

    - А... Арцём Іванавіч падумаў, хто яшчэ мог бы яму дапамагчы. - А начальнік сьледчага аддзела?

    - Заўтра.

    - Што гэта ў вас за дзень такі? - усхваляваўся Арцём Іванавіч. - Ніхто не працуе!

    - А вы працуеце сёньня?

    - Божа, - дайшло да Арцёма Іванавіча, - сёння ж нядзеля!

    - Вось іменна, грамадзянін. А якая ў вас справа?

    - Справа... Справа... Справа вось якая: учора забілі майго знаёмага. У яго крэўных ніякіх... Хачу пахаваць... Як вы лічыце: дадуць мне на гэта дазвол?

    Лейтэнант зачухаў у патыліцы.

    - Хм... Сваяцтва ніякага, кажаце? Першы раз такое чую... А навошта вам?

    - Хочацца, каб па-людзку было.

    - Відаць, і праўда вам да начальніка... А гэта якое забойства? Учора два забойствы было. Ну, як забілі, хто, чым? - дадаў ён, бачачы, што наведвальнік не разумее.

    - Са стрэльбы. На вуліцы Кавалеўскай.

    - А! Жонка мужа? П’яны лез у акно. Вось дурная баба. Прабачце -            жанчына.

    - Шмат ён дадуць? - замёр у чаканьні Арцём Іванавіч.

    - Сьледзтва пакажа. КалІ выявіцца, што забіты сам пагражаў забіць могуць і апраўдаць.

    - Апраўдаць?

    - Такія выпадкі ўжо былі. Сьледзтва такое цяжка весьці. Справа ж сямейная. Паспрабуй выяві, хто вінаваты, калі гэта не на людзях. А ў жанчыны, да таго ж, абставін зьмякчаючых хоць адбаўляй: па-першае - яна жанчына, па-другое - у яе дзеці, па-трэцяе - хваробы... А ў нас мужыкоў, адны заганы, першая - гэта. - Лейтэнант шырока ўсьміхнуўся і пстрыкнуў сябе па кадыку. Стала адразу бачна, што хлопец ён малады і толькі напускае на сябе даросласьць.

    - Дык чаму вы тады сказалі “дурная жанчына”?         ч

    - А што ёй карысьці, што апраўдаюць? Мужа гэтым не верне. Бацьку не верне дзецям...

    - Але, можа, іначай нельга было?

    - Якое там нельга! ЦІ шмат п’янаму трэба? Стукнула прыкладам, і ў поўнай бясьпецы. Адным словам, заўтра заходзьце! - не зусім лягічна скочыў дзяжурны.

    - Ясна... - паківаў Арцём Іванавіч. - А ці ведаеце вы: морг, пахавальнае бюро працуюць сёння?

    - Наўрад, - катэгарычна кінуў дзяжурны. - Дзеля нябожчыкаў нядзелю марнаваць? На гэта ніводзін трунар не пойдзе.

    Арцём Іванавіч выйшаў з настроем чалавека, якому абвясьцілі, што вылет пераносіцца на заўтра. Ты нібыта адчуваеш палёгку, што адкладваюцца такія малапрыемныя рэчы, як узьлёт і пасадка, але адначасова спакой парушае прыкрасьць, што калі б не перанесьлі рэйс, заўтра яны былі б ужо ззаду. А галоўнае - ты ўжо падрыхтаваўся, зрабіў усе справы, якія павінен быў зрабіць перад ад’ездам, і цяпер няма чаго рабіць: не пачынаць жа справу, якую за гэты дзень не пасьпееш скончыць.

    Дадому адразу ісьці не хацелася; надта мізэрным было тое, што ўдалося здабыць. I ён пайшоў у процілеглы бок. Напачатку яму здавалася, што ідзе ён куды, як кажуць, вочы глядзяць, але праз некалькі шэрых кварталаў зразумеў, што нейкая сіла, якую ў сабе ён нават не падазраваў, вядзе яго на вуліцу Кавалеўскай.

    Апошні раз на гэтай вуліцы ён быў за паўтара гады і крыху зблудзіў у лябірынце драўлянай прыватнай забудовы. Тут было яшчэ брудней, чым у заасфальтаваным цэнтры, месцамі нават лужыны трапляліся, лужыны, неадольныя, ад плота да плота. – І Арцём Іванавіч пашкадаваў, што яго панесла сюды. Але тут, нечакана для сябе, зірнуўшы на таблічку за плотам, ён агледзеў, што ўжо ідзе па вуліцы Кавалеўскай – аказалася выйшаў на яё з другога канца, таму і не пазнаў. Ён суцішыў крок - мяркуючы па нумарах, засталося ці не з дзесятак дамоў. На вуліцы было пуста, але Арцём Іванавіч угнуў голаў, нібыта баяўся, што яго пазнаюць, хаця ніхто яго тут не ведаў, а каб і ведаў - чым жа ён вінаваты? Не адразу ён зразумеў, што гэта страх перад зусім іншым - так, чаго ўжо там прытварацца, страшна было ісьці туды, дзе пабыла такая жахлівая, - тым, што раптоўная, і тым, што крывавая - сьмерць.

    І яшчэ. Любу, вядома, арыштавалі, і ў доме засталіся адны дзеці - старэйшая Лёдзя, ужо са сваім сынам, але сама зусім смаркачка, і васьмігадовы Стасік. Трэба неяк іх супакоіць, спытаць, што трэба. Значыць хочаш не хочаш, трэба ісьці туды, дзе пралілася кроў. Можа, нават, па пырсках яе ісьці - хто іх з зямлі змываў? А калі і змываў, дык не ўсе заўважыў... А што сказаць ім, Лёдзі і Стасіку, што тут можна сказаць?

    Ён ішоў якраз па тым баку вуліцы, дзе стаяў няшчасны дом, дом няшчасьцяў, ён ведаў гэта, бо на дамах мільгалі няцотныя нумары, а той дом, да якога ён ішоў, стаяў пад нумарам 17. І - не вытрымаў, крута вільнуў улева, да супрацьлеглых платоў. Адтуль і ўгледзеў што на дзьвярах дома 17 у глыбіні двара вісіць чорны замок.

    Ён з палегкай выпусьціў з грудзей паветра, замок ратаваў яго ад размовы, да якой Арцём Іванавіч зусім не быў гатовы.

    Ён зноў перакрочыў вуліцу, падышоў да нізкага, як вясковага штыкетніка - так і не паставіў гаспадар. гарадзкога: трохмэтровага і без адзінай шчыліны. Ён асьцярожна зірнуў у двор. Як ён і памятаў, ад весьніц да ганку па зямлі слаўся ўтаптаны ў яе тратуар з ламаных дошак; у адным месцы ён здаўся Арцёму Іванавічу цямнейшым, быццам яно, гэтае месца, было спачатку пафарбавана, а потым фарба змыта; ён падняў позірк на дом - так і ёсьць, якраз над змытаю плямай зеўрала пабітае акно, застаўленае знутры фанэрай, Значыць, гэта і быў апошні сьлед на зямлі Міколы Манькіна, яшчэ не так даўно гарэзьлівага ўладальнік гэтага дома!..

    Арцём Іванавіч паспрабаваў уявіць, як жа яно адбылося, Дом быў новы, з каменным фундамэнтам, у зямлю ўрасьці не пасьпеў - падвоканьне Міколу прыйшлося, відаць, на ўроўні падпахі. Гэта не так і нізка для п’янага чалавека. Ды яшчэ пераплёт. Шыбы, вядома, пабіў, ды яны зусім не такія, каб плячысты мужчына мог не затрымацца ў раме. Значыць, ён абавязкова павінен быў затрымацца? Рэзаў рукі асколкамі шкла, і ўсё-такі лез? Колькі цягнулася гэта: мінуту, мінуты? Відаць, дастаткова для таго, каб Люба пасьпела зарадзіць стрэльбу. Няўжо ж у яе за гэты час не варухнулася сэрца, не падказала ёй, што з п’яным можна справіцца і іначай, як казаў дзяжурны? Прыкладам стукнуць хаця?

    Не падказала... Значыць, нічога ў сэрцы тым для Міколы ўжо не засталося. Нічога, апрача нянавісьці, якая толькі і шукае зачэпку, як вырвацца і абрынуцца лязом нажа, абухом сякеры, сьвінцом шроту. Колькі ж трэба навычвараць, каб выгадаваць такую нянавісьць у сэрцы жанчыны! Ды яшчэ якой жанчыны - Любкі! Той самай якая на курсе і бегала, і скакала, і сьмяялася хутчэй за ўсіх. прыгажэй за ўсіх, галасьней за ўсіх! Колькі трэба было сьлёз праліць гэтай жанчыне, каб потым, не міргаючы, націснуць курок адзін раз і другі, цэлячы ў грудзі, да якіх прыціскалася ці дзесяць год!

    Так пакутліва думаючы, Арцём Іванавіч нарэшце адарваў позірк ад сьляпога, застаўленага фанэрай акна, што быццам гіпнатызавала яго, і перавёў на суседняе. І раптам - здалося ці не? - вядома ж здалося: за шклом мільгануў твар Любы. Аблямаваны жалобнай чорнай хусткай, з белымі, нефарбаванымі вуснамі. Самая сапраўдная здань, падумаў Арцём Іванавіч, а здалася таму, што якраз пра яе падумаў. Замок па-ранейшаму стаяў на прабоі ўгору ключнішчам – напэўна, Лёдзя з малым перабралася зноў да сьвякрухі.

    Арцём Іванавіч пастаяў яшчэ, а потым, адваліўшыся ад штыкетніка, рашуча, не азіраючыся, рушыў з вуліцы.

    Дадому ён паехаў на аўтобусе. Час быў даўно абедзенны, і яму не хацелася, каб жонка і дачка не елі, чакалі, пакуль ён з’явіцца.

    Адчыняючы дзьверы, ён пачуў за імі гучную ўзрушаную гаворку: жончын голас і чыйсьці мужчынскі. Хто б гэта мог быць - не пасьпеў падумаць.

    - А вось і Арцём Іванавіч, - сказала Вера. Так сказала, што адчулася: задаволеная яна, і вельмі.

    - Паваротнікаў, - назваў сябе мужчына, што ўжо, відаць, рыхтаваўся выйсьці: Арцём Іванавіч ледзь не наступіў яму на бліскучы туфэль.

    - Прыемна чуць, - адгукнуўся па звычцы Арцём Іванавіч. Рэдкае прозьвішча гэтае ён недзе чуў і аксамітны голас здаўся знаёмым, і нават старанна дагледжаны твар, але добра ведаў, што з гэтым чалавекам нідзе не сустракаўся.

    - Я ўжо казаў Веры Рыгораўне, - наведвальнік далікатна паціснуў руку, працягнутую Арцёмам Іванавічам, - што ваш таварыш ці друг Мікалай Сьцяпанавіч Манькін апошні час працаваў у нас у тэатры, і клопат па яго пахаваньні тэатар бярэ на сябе. А да вас я вось чаго зьявіўся. Трэба выклікаць родных Мікалая Сьцяпанавіча. Можа, Вы дапаможаце? Маю на ўвазе іх адрасы. Ваш адрас мы знайшлі ў запісной кніжцы Мікалая Сьцяпанавіча. Разам з іншымі адрасамі, вядома. Вось хаджу па горадзе цэлы дзень... Вера Рыгораўна кажа, вы ўжо паслалі камусь тэлеграму? Праўда?

    - Праўда, - кіўнуў Арцём Іванавіч. - Бацьку. Учора яшчэ.

    - Цудоўна. А вы б не далі і нам яго адрасок? На ўсякі выпадак.

    - Гэта можна.

    Арцём Іванавіч разумеў, што раз Паваротнікаў ужо зьбіраўся ісьці, значыць, усё было ім сказана Веры, ды і адрас, хутчэй за ўсё, Вера дала. Але ж не паленаваўся ўсё паўтарыць. “Вось што значыць культура” - падумалася яму.

    - Адрас я вам ужо дала, Апалён Мацьвеевіч, - нагадала Вера.

    - Далі, далі! - паблажліва схіліў галаву Паваротнікаў. - Але хацелася б, каб Арцём Іванавіч яго праверыў.

    I падаў паперку.

    - Усё правільна, - пацьвердзіў Арцём Іванавіч, прабегшы позіркам крамзолі чалавека, што відаць, вельмі рэдка і мала пісаў. - А калі будзеце хаваць? Я хацеў бы не толькі прысутнічаць, але і прыняць удзел.

    Вера незадаволена тарганула плячом.

    Заўтра прыходзьце ў тэатар. А дзевятай. Там і падумаем. Яшчэ не ўсё ясна. Да пабачэньня! - І Паваротнікаў, з вялікаю асьцярогаю,  каб не зачапіць Арцема Іванавіча ў цеснай пярэдняй, разьвітальна ўхіліўшы голаў, выйшаў - уперад сьпінай.

    - Бачыш, з кім пазнаёміцца пашчасьціла, - усьміхнулася Вера. - Няма, як кажуць, ліха без дабра.

    - Паваротнікаў - гэта ж славутасьць наша? - успомніў Арцём Іванавіч.

    - Заслужаны, - з павагаю працягнула Вера. - А бачыш, які чалавек. Просты і далікатны. Не тое каб слова грубое - ніводнага разу голасу не павысіў.

    - А чаго яму павышаць? Не дома ж.

    - Такі чалавек усюды адзін. Прыклад для ўсіх мужчын. Як на вуліцы, так і дома. Як дома, так і на вуліцы.

    - Хопіць табе, - тырада жонкі чамусьці ўзнэрвавала Арцёма Іванавіча. Ён з раздражненьнем плюхнуўся ў крэсла.

    - Есьці будзеш? - гэтак жа раздражнёна кінула Вера. - Мы паабедалі ўжо. Не чакаць жа цябе, дзе ты там бадзяесься.

    - Не хачу. Пасьля, - Арцём Іванавіч буркнуў гэта па інэрцыі раздражненьня і толькі буркнуўшы, калі ўжо было позна, адчуў, што пасьпяшаўся. Сьнедаў даўно дый прайшоў ладны кавалак.

    - Ведаеш, што ён расказаў? - спакайней прамовіла Вера, апускаючыся побач на ложак. - Паехаў раніцай ён туды...

    - Куды?

    - На Кавалеўскую. Заходзіць, а там - адна Лёдзя. “Вы дачка Мікалая Сьцяпанавіча Манькіна?” “Так, прыёмная”. “Я павінен выканаць сумны абавязак. Нам з бальніцы паведамілі, што ваш бацька, паранены ўчора, праз дзьве гадзіны пасьля гэтага памёр...” І што, ты думаеш, гэтая... гэтая...

    - Што?

    “Дзякуй богу!” Так і ляпнула: “Дзякуй богу!”

    Яна ўпілася ў твар Арцёма Іванавіча, чакаючы, што ён скажа на гэтыя неверагодныя словы.

    - Давёў жа Мікола іх, - уздыхнуў Арцём Іванавіч.

    - Давёў не давёў - ці ж можна так? “Дзякуй богу” за тое, што чалавек памёр? Бацька, хаця б і няродны?

    - Дзякуй богу”, - паўтарыў Арцём Іванавіч. - А можа, яна пра тое, што адмучыўся, маўляў? Мог і тыдзень паміраць...

    - Не ведаю, пра што яна там, але актор, пачуўшы, ледзь не ўпаў.

    - А чаго, дарэчы, менавіта ён ходзіць?

    - Старшыня пахавальнай камісіі.

    - Чаму ён? Заслужаны і ўсё такое...

    - Пра гэта яго пытай. Са мной не дзяліўся. Не гэта важна, - ужо зусім лагодна прадоўжыла яна. - Важна, што я ўгадала: сапраўды, працаваў Коля, загінуў, як той казаў, на пасту, і хаваць яго не міліцыя будзе, а вельмі шаноўная ўстанова. Толькі навошта ты вылез “удзел прымаць”...

    - Не будзем пра гэта, - Арцём Іванавіч устаў і пашыбаваў у туалет, бо толькі тут ён мог хаця б на хвіліну застацца адзін. Ён пастаяў, тушачы у сабе злосьць, дачакаўся, пакуль яна не згасла зусім, і тузануў ручку.

    - І чаго ты злуеш? - у роздуме сказала жонка, калі ён нарэшце выйшаў. - Усё ж такі хочаш есьці, відаць. Дык еш. Сёньня твая любімая грыбная юшка.

    - Адкуль грыбы? - пра ўсе забыўся Арцем Іванавіч, апрача ўчорашніх безвыніковых пошукаў.

    - З Бутырскага рынку!

    Акрамя юшкі, грыбы для якой былі куплены ў Маскве, дзе Вера з Наташкай перасоджваліся з самалёта на самалёт, увечары яшчэ былі дранікі, якія жонка пякла не часьцей, як два разы на год – надта ўжо марудная і небясьпечная гэтая праца для далікатных рук гарадзкой жанчыны: абіраць бульбу, церці яе на драчцы... Як ні старайся, а абавязкова дзе-небудзь драпнеш, ды і скура чарнее ад бульбянога соку. Арцём Іванавіч разумеў гэта і ніколі не прасіў дранікаў, хоць сьніў час ад часу: прыступала Вера да гэтай справы толькі з уласнай ахвоты. Бачучы, як асьцярожна яна прыціскае бульбіну да драчкі, якія вялізныя кавалкі ў яе ідуць “у адвал”, яму заўсёды карцела самому нацерці бульбу, але займацца куханнай справай яму было забаронена раз і назаўжды шмат год назад. Разьленаваўшыся ад такой лафы, Арцём Іванавіч і ў тыя рэдкія дні, калі заставаўся адзін, нічога сабе не гатаваў і псаваў страўнік сухой скарынкай.

    Кухарскую манаполію Вера прыдумала не сама, узяла на ўзбраеньне прыклад Любы. Тая, за чаркай, прагаварылася аднойчы, пры Арцёму Іванавічу, дарэчы, што ў яе плян: дабіцца таго, каб Мікалай без яе адчуваў сябе сьляпым кацянём, у якога маткі не стала. “Што самага дурнога робіць большасьць жанчын? - урачыста вяшчала яна. - Прымушаюць мужоў гатаваць ды яшчэ пахвальваюць, калі ў тых хоць што-небудзь атрымліваецца. Што выхоўваецца такім чынам? Самая страшная рэч для сям’і: самастойнасьць мужчыны. Як толькі мужчыны ўбіваюць сабе ў галаву, што на кухні могуць без нас абысьціся, гэта значыць, без нас з голаду не памруць, так ты яго і бачыла! Я на Ігару апяклася з гэтым, і надалей такога не дапушчу. Ясна, Коля?” Мікола ўхмыляўся радасна, шчэрыў бялюткія зубы - вельмі яму такі падыход падабаўся. Ды і Арцём Іванавіч, калі Вера забрала кухню ў свае ўладныя, мяккія, гора ніякага не адчуў.

    Дранікі выйшлі на славу, за вячэрай шчасьлівая ад гэтага Вера шчабятала безупынку, і Арцём Іванавіч супакоіўся крыху, тое змрочнае, што гняло ўвесь дзень, адсунулася ў недалёкую далеч, і толькі хмарны твар дачкі раз-пораз вяртаў да нядобрага. Але ў такіх выпадках Арцём Іванавіч прымушаў сябе ўспамінаць пра прыход Паваротнікава і пра тое, што ён цяпер у гаротнай справе гэтай не адзін.

    Леглі спаць. Вера пяшчотна правяла далоньню па грудзях Арцёма Іванавіча, і тут толькі да яго дайшло, адкуль і юшка, і дранікі, усё гэтае стараньне. Зрэшты, узрушэньне прытупілася, дакладней, стала прывычным, і цяпер ён ужо і сам не бачыў нічога страшнага ў тым, што ляжыць у пасьцелі з жонкай, калі даволі блізкі і добра вядомы чалавек калее ў маргу. Напалову забытым рухам ён крыху няўклюдна павярнуўся да таго гарачага (“Не раўнуючы патэльня”, - пасьпеў ён пажартаваць у думках), што бунтавала побач (“Каб не сьпячыся толькі”, - яшчэ ўсьміхнуўся ён). I толькі тое гарачае, прыліпшы, апякло ад калень да падбародзьдзя, як у пярэдняй прагучаў званок.

    - Нехта ў дзьверы звоніць, - тузануўся ён.

    - Здалося, - прамовіла здушана Вера, прыціскаючыся яшчэ мацней.

    - Не, я добра чуў, - нерашуча аспрэчыў Арцём Іванавіч.

    - Ды хто там можа званіць? Адзінаццатая амаль.

    - Можа, з суседзяў хто.

    - Чаго ім трэба так позна? I адчыняць няварта.

    - Адчыняць і няварта, можа, а адгукнуцца...

    - Ды чаго адгукацца ім! Ці ж гэта прыстойна - ламацца ў дзьверы апоўначы па запалкі ці соль.

    - Без запалак іншы раз галодны спаць кладзесься... Пальцам газ не запаліш, - Арцём Іванавіч пачаў падымацца з пасьцелі.

    - ДобранькІ які! Нездарма Дабрэнька. Да ўсіх добранькі, апрача ўласнай жонкі, - раздражнёна кінула Вера, разьняўшы нарэшце рукі.

    - Ну чаго ты сярдуеш? Спытаюся і вярнуся зараз.

    - Толькі прычыны шукаеш! Ніхто там і не званіў. Няма каму званіць.

    - Сапраўды, не чутно болей, - Арцём Іванавіч вінавата апусьціў галаву на падушку.

    - Я ж казала, здалося.

    Але тут у пярэдняй зноў нерашуча празьвінела.

    - І хто там швэндаецца? - не на жарт узлавалася Вера, - Не ўставай, Наташка падыдзе.

    - Не... Не... - раптам успомніў Арцём Іванавіч. - Можа, гэта тэлеграма.

    - Адкуль ты яе чакаеш?

    - Ад Міколавых... бацькі ці каго іншага...

    Гаворачы так, Арцём Іванавіч таропка нацягваў ужо трыко, бо атрымаць тэлеграму ён не мог іначай, чым прачыніўшы дзьверы. Вера скрыгатнула зубамі - гэта Арцём Іванавіч выразна пачуў - і адвярнулася да сьцяны.

    Ён за некалькі сэкунд так цьвёрда ўпэўніў сябе, што гэта тэлеграма, што нават не стаў пытаць, хто там. Плікнуў выключальнікам, таропка накінуў на майку плашч (“тэлеграмы заўсёды дзяўчаты прыносяць”, падумаў ён, і ў памяці чамусьці мільганула ўчорашняя, што ўсё ж прыняла тэлеграму, нават з’явілася пачуцьцё, што за дзьвярыма стаіць менавіта яна).

    Але там аказаўся невысокага росту дзядзька ў паднятай з лоба аўчынай вушанцы, з задубелым у маршчынах тварам калгаснага брыгадзіра. “Вартаўнік пошты?” - падумаў Арцём Іванавіч. Каля правага бота яго стаяў старэнькі, фанэрны, якіх даўно ўжо не прадаюць, чамадан.

    - Гэта ж ці тутака, дзетачкі мае, Дабрэнькі жывуць? - спытаў дзядзька, не працягваючы, а толькі паказваючы тэлеграму, дакладней нейкае месца ў ёй. Арцём Іванавіч усё ж такі ўзяў аркушык, зірнуў - гэта была яго ўласная тэлеграма, якую ён з такімі нэрвамі адбіў учора. Значыць, вярнулася, не знайшла адрасата?.. Крыўдна... І як цяпер даць ведаць радні Міколы?..

    - А я, гэта самае, дзетачкі, Манькін Захар і ёсьць, - дадаў дзядзіка. Як жа своечасова дадаў! Бо Арцём Іванавіч ужо хацеў прасіць у яго квіток, дзе расьпісацца. І як ён не зразумеў адразу, хто перад ім? Дзе ты знойдзеш у горадзе гэтым вартаўніка, каб той так мякка, ледзь не пяшчотна сказаў і “тутака”, і “дзетачкі мае”?

    - Заходзьце, заходзьце. Прашу вас! Добры вечар, - са спазьненьнем павітаўся Арцём            падаючы руку.

    - Здрастуйця, - далонь у Захара Манькіна аказалася невялічкай і незгінальнай, як садовая рыдлёўка. А Арцёма Іванавіча ахапіла прывычная прыкрасьць. Упершыню такую ж ён адчуў гадоў з дзесяць назад, калі хавалі колішняга дырэктара. Прыпазьніўшыся на паніхіду і ад таго крыху растрапаны, Арцём Іванавіч першаму ж саслужбоўцу, з якім сутыкнуўся, ледзь не каля труны, шапнуў: “Добры дзень!” Той тузануўся ды, відаць, за малым не адказаў тым жа, але стрымаўся, перадумаў і з націскам сказаў: “Здравствуйте...” Арцём Іванавіч не адразу і зразумеў, што адбылося, праз хвілін пяць мо да яго дайшло, што яго беларускі дабрыдзень не тое каб не зусім дарэчы, а можна сказаць, зусім недарэчы выскачыў і што ў такой сытуацыі рускае “здравствуйте” - менавіта тое, што трэба казаць на пахаваньні. Аж твар абліло чырваньню: хаваюць такога чулага і справядлівага чалавека, як Сямён Сямёнавіч, а для яго - добры дзень? Але вось што дзіўна: колькі пасьля таго ні быў Арцём Іванавіч на хаўтурах, колькі сабе зарок ні даваў, а кожны раз вылятала з рота яго гэта праклятае “добры дзень”, і вось цяпер, відаць, зусім і не думаючы пра гэта, яго паправілі зноў.

    - Праходзьце, праходзьце! - прысьпешыў ён ад няёмкасьці. Але Захар Манькін, відаць, не прыкавана жыў у вёсцы, - затупаўся па пярэдняй, гледзячы на свае боты. Арцём Іванавіч схамянуўся, з тумбачкі, з кучы старога абутку выцягнуў чыесьці пантофлі, - ці не наташкіны. Манькін сеў на зэдлік, зьняў боты, зматаў і сунуў у іх анучы, застаўшыся ў шэрых шкарпэтках. Усё гэта Арцём Іванавіч адзначаў чыста мэханічна, ён усё яшчэ не мог ачомацца ад свайго дабрыдня,

    - Вось цяпер і можна ў хату, - Манькін выпрастаўся, зірнуў Арцёму Іванавічу ў твар. Арцём Іванавіч пстрыкнуў яшчэ адным выключальнікам, запаліўшы лямпу ў калідоры, каб асьвятліць шлях госьцю, - той, ступаючы ў калідор, па-гаспадарску выключыў сьвятло ў пярэдняй.

    “Ашчадны мужык, - з ухвалой падумаў Арцём Іванавіч. - Але куды яго весьці?” У адным пакоі спала жонка, у другім - дачка. За яго вырашыў Манькін, скіраваўшыся ў адзіныя адчыненыя дзверы - тыя вялі на кухню. Арцём Іванавіч увайшоў усьлед за ім і, не пытаючыся, паводле сыбірскага звычаю паставіў на газ чайнік.

    - Сядайце! Сядайце! - усклікнуў ён, убачыўшы, што Манькін топчацца каля зэдліка. Той апусьціўся з відавочнай палёгкай, выцягнуў стамлёныя ногі.

    - А я, шчыра кажучы, сёньня вас ніяк не чакаў, - сказаў Арцём Іванавіч. - Я, прызнацца, і ўвогуле не чакаў. - Такая дарога! Тэлеграма, і тая колькі ідзе... Выдаткі якія!

    - Як жа, дзетачкі, не чакалі, - з лёгкім папрокам сказаў Манькін. - Гэта ж не той дзень, каб грошы лічыць... Не такія мы злыдні...

    - Ну, прабачце! - успыхнуў ад сораму Арцём Іванавіч. - Я не так сказаць хацеў, ды сарвалася неяк... Хацеў сказаць, што гэта ж неспадзяванка. Магла і ў ложку засьпець, і не запець магла тэлеграма - мо, паедзе куды чалавек...

    - Усё, дзетачкі, выйшла складна. Я ж якраз на пошту забег, як тэлеграма ваша прыкацілася. А забег акурат, каб пэнсію ўзяць. А тут старшыня акурат у вобласьць едзе... І ўзяў, дзякаваць добраму чалавеку... Ажно на аэрадром адвёз. А там жа, па тэлеграмцы гэтай, білет маланкаю, і самалёт тут жа ляціць, і ў Маскве толечкі тры гадзінкі... Так вось апамятацца не пасьпеў, як ужо і ў горадзе вашым. І не думаў век, што патраплю, і на - патрапіў...

    Цьвёрдыя вусны яго ўздрыгнулі. Арцём Іванавіч зразумеў, што ў гэтую хвілю стары ўспомніў ізноў, навошта прыехаў.

    - А як дабіраліся да нас? – хутка спытаў ён, каб Манькін не затрымліваўся надоўга ў думках на сваім горы. - На таксі, відаць?

    - Ці ж па яго дастаісься? Як высыпалі на плошчу ўсе мы, што з Масквы прыкаціліся... А божачкі мае! Няўжо ж гэта, думаю, ўсе мы ў той бляшанцы ляцелі? Як у яе ўлезьлі?

    - Іл-62 - машына вялікая.

    - Вось і я кажу ж... I я ў чарзе, вядома ж, апошні... А тут аўтобус. Ну і я, дзетачкі вы мае, сеў...

    - Чакайце, - наморшчыў лоб Арцём Іванавіч. - Гэты ж рэйс, здаецца, у васемнаццаць нуль-нуль прыбывае. Ці мо спазьніўся? Васемнаццаць нуль-нуль па нашым, мясцовым часе.

    Не далей, як учора, Арцём Іванавіч а гэтай гадзіне павінен быў сустрэць сваіх і яшчэ памятаў яе.

    - На маім гадзіньніку, дзетачкі, тады дванаццаць было.

    - Правільна. Згодна з раскладам. Значыць, Вы дабіраліся да мяне аж пяць гадзін?! Ледзь не гэтулькі, колькі ад вашай вёскі!

    Арцём Іванавіч міжволі зарагатаў. Неяк жаласьліва ўсьміхнуўся і Манькін. Арцём Іванавіч заўважыў гэтую ўсьмешку і з прыкрасьцю сьцяў сківіцы.

    - Гэй, каб я адразу да вас! Вашу вуліцу ўсякі ведае, і пытацца не трэба.

    - А куды ж вы спачатку? - не дапяў Арцём Іванавіч.

    - Ды туды ж, да Міколы! Куды ж яшчэ? Ды цяпер ужо, не да яго, скажы, да яе...

    - Вось як! - толькі і змог сказаць Арцём Іванавіч. Яму і да галавы не прыходзіла, што Манькін спачатку скіруецца на вуліцу Кавалеўскай.

    - Як жа вы не падумалі, што туды... няварта? - Арцём Іванавіч хацеў сказаць “нельга”, але перадумаў. - Я ж і адрас свой даў...

    Што за размова магла атрымацца ў дзеда з дзяўчом, якое зусім пры чужых людзях, раніцой ляпнула: “Дзякуй богу!”? “Нават рукі, здаецца, трасуцца”, - адзначыў Арцём Іванавіч.

    - Скуль жа б ведаў я, дзетачкі, што туды няварта? Прыйшла паперка: “загінуў”. Ды ў ёй жа не сказана, як гэта так выйшла.

   “I сапраўды ж”, - Арцём Іванавіч адчуў сорам за сваё недарэчнае пытаньне. “Як гэта так выйшла” - не паведаміў, ды і нельга такое ў тэлеграме, дык чаму ўбіў у галаву, што гэты дзед павінен рабіць так, быццам ведае ўсё?

    Выручыла Вера. Не улежала ўсё ж, выйшла - як нічога не было, з ветлай усьмешкай, ужо прычасаная нават:

    - Дазвольце павітацца! Вера. А я думаю, хто гэта так позна? Дык вы - Мікалаеў бацька?

    - Так яно і ёсьць, дзетачкі мае, - лагодна мовіў Манькін, устаючы.

    - Сядзіце, сядзіце! Я зараз суп падагрэю... Гаспадар, жа, відаць, не здагадаўся? Ды аладкі во яшчэ засталіся...

    Яна кінула на Арцёма Іванавіча не надта лагодны погляд. Арцём Іванавіч разумеў, што гэтая нездаволенасьць была не з-за супу.

    - Ці блюзьніцца мне, ці ў вас і праўда грыбамі пахне? - нібыта зьдзівіўся Манькін.

    - Не блюзьніцца.

    - А я, разумнік недапечаны, думаў, што яны тут у вас зусім не вядуцца.

    - Вядуцца! Няўжо Мікалай не расказваў?

    - Ды ён змалку грыбоў і не зьбіраў, і не еў... Жалязякамі ўсё забаўляўся...

    Манькін, адвярнуўшыся, каб ніхто не бачыў, змахнуў сьлязу.

    - Ну вось! Гатова. Сьмятану дадавайце. Як вам больш падабаецца: са сьмятанай ці так?

    - Ды відаць, што так.

    - Ну і добра.

    Перш чым засіліць лыжкай юшкі, Манькін раптам закруціўся на зэдліку:

    - От жа як так сталася, вошкіны блошкі, да чужых людзей спагадных трапіў дый без гасьцінца.

    - Ну што вы! - вырвалася ў Арцёма Іванавіча. - Які там гасьцінец! Вы ж не ў госьці прыехалі...

    - Ды от так жа  атрымалася, што і гадзінкі, каб сабрацца, не было, - нібы не чуючы, цягнуў сваё Манькін, - дый кабана яшчэ не білі - рана...

    - Не думайце пра гэта! Ешце лепей, пакуль гарачае... Згаладнелі ж, відаць, - прыйшла на дапамогу Арцёму Іванавічу Вера.

    - Ды ўжо ж ем, ем... Смачная юшка ў вас - не ад’ясіся... А ўжо дранікі, далібог жа, увек бы не падумаў, што іх і ў вас тут пякуць... Як бы і з Кабылічаў не ехаў.

    - Мы з Верай Васільеўнай не тутэйшыя. Можна сказаць, асабліва я, землякі вашы, - растлумачыў Арцём Іванавіч.

    - Вунь яно як! а скуль жа?

    - Я з Загор’я выдранскага, а яна...

    - Быў у Загор’і выдранскім я, ці раз!..

    - А я – з абласнога вашага цэнтра, - усьміхаючыся сказала Вера.

    - Колькі ж вы тут жывяце? Відаць, не першы год?

    - Якое там першы! Ужо і з ліку зьбіліся. Як інстытут скончылі, так і сюды...

    - А чаго? На якія прысмакі? Тут жа, казалі, зімою пад пяцьдзесят?..

    - I болей бывае, - паблажліва ўсьміхнулася Вера. - Але затое і заробак - не сто...

    - Бачыце, - пачаў тлумачыць Арцём Іванавіч, прыгадваючы даўно забытае, - мы адзін факультэт канчалі і на апошнім курсе ўжо жанатыя былі. А як дайшло да разьмеркаваньня, то і высьветлілася, што ў гарадах вобласьці для нас пуцёвак няма, А ў вясковай школе два настаўнікі па адным прадмеце - гэта ж амаль без зарплаты. А тут Люба. Яна дык адсюль. Едзем, кажа, да мяне! У нас людзі заўсёды патрэбны, не толькі ў школе - начальствам станеце, што там школа! Узялі разьмеркаваньне вольнае і паехалі. З таго часу і жывем. I робім не ў школе. Праўда, вялікага начальства з нас не выйшла: Вера дзіцячым садам загадвае, а я - у музэі загадчык аддзела.

    А Люба - не Міколкава? - каб не забыцца, відаць, пра што хацеў спытацца, засьпяшаўся, перапыніў Арцёма Іванавіча Манькін.

    - Яна, яна! За ёю наш Арцём Іванавіч гатовы быў хоць на край сьвету, - з заўсёднай злосьцю, калі казала пра гэта, кінула Вера.

    - Значыцца, і вас завабіла, як Міколку?

    - Міколу, здаецца, яна тут недзе сустрэла, - падумаў уголас Арцём Іванавіч.

    - Нічога ты не ведаеш! Зусім і не тут, а ў турпаездцы нейкай. Па Башкірыі, ці што. На конях, Колькі яшчэ выхвалялася: “Тысячу кілямэтраў на скакуне!” Няўжо не памятаеш ужо?

    - Праўда, праўда, у Башкірыі. Служыў там Міколка тады, - зноў адвярнуўся, каб выцерці вочы, стары.

    - I як ухітрылася захамутаць? На шэсьць гадоў старэйшая, ды яшчэ з дачкой...

    - Не нам гэта судзіць, - мякка папракнуў жонку Арцём Іванавіч.

    - А каму ж, як не нам? Хто яе лепш ведае? Такога хлопца загубіла. Упэўнена, што да яе ён і іншай жанчыны не ведаў. Таму за ёй і паехаў. А яна яго... НІчога, расплаціцца цяпер. ПасядзІць, падумае.

    - Вы, Вера... прабачце, Васільеўна? - далікатна крануў раз’юшаную Веру за локаць Манькін.

    - Васільеўна.

    - Вы кажаце, пасядзіць? У астрогу, гэта самае?

    - Ну а як жа? Забіць чалавека і не адказаць за гэта? Такога савецкая ўлада не дапусьціць.

    - А яна кажа, не сядзе. Ды яшчэ сьмяецца.

    Дабрэнькі - абое - аслупянелі.

    - Вы, значыць, бачылі яе?

    - А як жа, дзетачкі мае.

    - Дзе?

    - Я ж казаў, што спачатку туды, па міколкавым адрасе езьдзіў.

    - Дык яна дома?

    - Дома. Чай сабе п’е.

    - Забіла чалавека - і дома?

    - Я ж вам, дзетачкі вы мае, брахаць не буду. Уваходжу, нічога ж не ведаючы... Сядзіць і чай п’е. “Га, з’явіўся?” кажа. “Хто тэлеграму адбіў?” “Дзіўлюся, адказваю, нявестачка, што не ты... Я ўжо думаў, і з табой што нядобрае выйшла”. “Раней у мяне гаворыць, усё нядобра было, а цяпер усё добра будзе. Твой сын мяне забіць хацеў, а я яго забіла. Цяпер у мяне, паўтарае, усё добра будзе”. Я, сказаць вам без маны, так і сеў. “Хто ж яго, -нібыта падумаў, а папраўдзе дык і сказаў, - хто ж яго, няшчаснага хаваць будзе?” Пачула - буркнула: “Толькі не я. Хай хавае, хто хоча”. Так мне млосна стала. Хто ж яго, думаю, пахавае? Я ж, дык тут чалавек чужы і нічога ж, відаць, не патраплю...

    Ён абвёў Арцёма Іванавіча і Веру невідушчымі, нейкімі шклянымі вачмі.

    - Наконт гэтага не турбуйцеся. Усё зробім. Усё! - вырвалася ў Арцёма Іванавіча.

    - То тады дзякуй вам, добрыя людзі.

    На хвіліну якую ўсе змоўклі. Вера ўстала:

    - Думаю, час спаць. Вы ж, напэўна, выматаліся дарогай?

    - Сам не ведаю, што са мною. От, здаецца, лёг бы дый праваліўся. А нечага і баюся легчы. Бы не засьнеш, а памрэш, - паскардзіўся стары.

    - Гэта ўсё нэрвы, нэрвы. Паляжыцё, адпачніцё, і лягчэй стане... Вось толькі кватэрка маленькая ў нас, у адным пакоі сіпім самі, у другім дачка - ледзь не нявеста ўжо... Можа, вам раскладушку тут, у кухні паставіць? Вы ж, відаць, чалавек прывычны да любых умоў...

    - Пастаўце, дзетачкі мае. Вядома ж, прывычны. Як той казаў, на доўгім вяну трапіцца і па сьпіне, і па баку... І ў акопах спаў, і пад стогам... А кухня ваша - чым жа яна горшая за маю хату?

    - Вось і добра, - з палёгкай уздыхнула Вера. - Не трэба Наташку будзіць ды з пакоя ў пакой сонную гнаць.

                                         З НАЧАЛЬСТВАМ НЕ ПАСПРАЧАЕСЬСЯ

    Яна сказала гэтыя словы так радасна, без усякага сьледу заклапочанасьці, што Арцём Іванавіч міжволі зірнуў на жонку - з валасамі, не прыбранымі як сьлед пасьля падушкі, у халаціку з незашпіленым ніжнім гузікам - і зразумеў, што ўзрадавалася яна не таму, што не трэба турбаваць дачку, а таму, што Наташка не будзе ўзбрыкваць зусім у сьне побач. Арцёму Іванавічу стала прыкра ад яе няўтульнага жаданьня, бо з таго моманту, як на парог ступіў Манькін, ён і думаць забыўся, у які момант прагучаў званок у дзьверы. Што з таго, што Наташка застанецца ў сваім пакоі, калі на кухні, за тонкай сьцяной будзе ці то спаць, ці то не спаць, і хутчэй не спаць чужы стары чалавек з яго невымерным горам! Зразумеў - і не стаў сьпяшацца ў ложак, усё цягнуў: сам адсунуў стол, паставіў раскладушку, у каморцы знайшоў пад стольлю матрац з не надта сьвежай матрасоўкай і таропка заслаў яго прасьцінёй. I калі ўжо Манькін лёг, не пайшоў з кухні: сам памыў посуд, чаго звычайна, аж пры дзьвюх жанчынах у хаце, ніколі не рабіў. Манькін глядзеў на яго з сумам, думаючы пра штосьці сваё; рукі ён сашчапіў на грудзях, каб яны не падалі з вузкай расладушкі - так сашчапляюць іх нябожчыкам у труне, падумаў Арцём Іванавіч. І, каб не думаць пра гэта, загаварыў з Манькіным пра тое, што не так каб і цікавіла яго: як жывецца ў Кабылічах, і ў раёне ўвогуле, і ў тым суседнім, з якога сам ён паехаў столькі ўжо год назад... Манькін без пахвальбы сказаў, што жывуць нічога, няма чаго і раўняць з тым, што было тады; але магло б быць і лепш, каб

больш гаспадарлівасьці ды ладу. Горш за ўсё, сказаў Манькін, што начальства п’е, прапівае калгас, і нікому да гэтага ніякай справы. А даўней жа так не магло быць: паспрабаваў бы такі пры Сталіне хоць капейку калгасную спляжыць, дык жыва б тут апынуўся, дзе мы з вамі гутарку вядзем. Арцём Іванавіч запярэчыў - праўда у словах вашых, вядома, ёсьць, але ж пры Сталіне жылі не лепш, гэта я памятаю добра... хоць і не меў яшчэ ў штанах кішэняў. На гэта Манькін сваіх меркаваньняў знайсьці не змог, сумеўся і выйшаў са спрэчкі тым, што спытаў, ці даўно Арцём Іванавіч быў у Загор’і. Даўно, уздыхнуў Арцём Іванавіч, як пахаваў маці, так і не стала, да каго езьдзіць. “А магілка матчына?” - раптам з папрокам ляснуў Манькін, абудзіўшы ў душы Арцёма Іванавіча даўні боль. Бачачы, што нарабіў ліха, Манькі зноў загаварыў пра іншае: што яму рабіць заўтра, з чаго пачынаць. Арцём Іванавіч растлумачыў, што пахаваньне бярэ на сябе ўстанова, у якой рабіў Мікола, што ўжо і людзі прызначаны, і трэба будзе пайсьці да іх з самай раніцы.

    Толькі пасьля гэтага Арцём Іванавіч адправіўся, як на эшафот, у спальню. На шчасьце, Вера ўжо спала, а можа, і прытваралася, што было не нашмат горш. Арцём Іванавіч лёг і болей стараўся не варушыцца, хаця і сон не ішоў. Манькіну таксама не спалася: чутно было, як ён варочаецца на раскладушцы, як тая рыпіць усімі сваімі трубкамі, - Арцём Іванавіч занепакоіўся, каб жа яна не падвяла, не развалілася ненарокам, надта старая была. Нарэшце, у кухні заціхла.

    Перабіраючы ад бяссоньня ўсю сёньняшнюю гутарку з Манькіным, Арцём Іванавіч зноў і зноў вяртаўся да яе найвастрэйшага пункту, і чаму яго так аблавушылі словы старога, што Люба дома? Ён жа сам бачыў яе праз акно! Бачыў, ды не паверыў. А раз не паверыў, то і выкінуў з галавы.

    Люба не пад арыштам. Што ж гэта значыць? Што яе невінаватасьць не выклікае сумненьняў? Значыць, не выклікае сумненьняў і віна Міколы? Няўжо такая віна, за якую караюць сьмерцю?, якую ён атрымаў. Сьмерці, бадай што, заслугоўвае толькі той, хто сам забіў ці хацеў забіць. Значыць, Мікола і праўда хацеў забіць? Мікола!

    Цяжка паверыць. Але калі Люба не пад арыштам...

    Відаць, гэтаксама думае і бацька Міколы. Нездарма ж ён не спытаўся нават. як яно усё было. Нібыта ведае з усімі падрабязнасьцямі. А на самой справе не ведае нічога! Яму нявестка сказала толькі, што забіла сына таму, што той хацеў забіць яе, і усё. Ён баіцца распытваць, баіцца сораму за МІколу, за тое, што выгадаваў такога сына, за забойства якога нават не бяруць пад арышт. Нібы шалёнага сабаку  адстралялі - за адстрэл шалёных сабак яшчэ і плоцяць, здаецца...

    Калі ж ён пасьпеў ашалець, звар’яцець, вясялун, белазуб, чарначуб, жыцьцялюб Манькін? Мікола? Міколка, як бацька гаворыць?

    Не шалёны ён быў і вар’ятам не ўдаваў, калі Арцём Іванавіч апошні раз - цяпер ужо напавек апошні! - бачыўся з ім, Увайшоў ціхутка, так, што Арцём Іванавіч і пачуў не адразу, што ў кватэры яшчэ хтосьці ёсьць» (Дзень быў гарачы, і Арцём Іванавіч наўмысна прачыніў дзьверы, каб пасьвяжэла),

    - Здравствуйте! - павітаўся. Так да канца і не сказаў ніводнага разу “ты”, хоць і быў маладзейшы толькі гадоў на пяць.

    - Здароў, - нездаволена прабурчаў Арцём Іванавіч, прыкрываючы сьпісаную старонку газэтай. Не ў час Мікола прыйшоў, засьпеў на справе якою Арцём Іванавіч займаўся выключна сакрэтна для ўсіх, хто ведаў яго. Ды і ўвогуле Мікола даўно ўжо прыносіў адно раздражненьне. Надакучыў тым, што прасіў парад - і не слухаўся іх, прасіў грошай - і не аддаваў. Надакучыў і тым, што ўжо цэлы год трапляўся на вочы толькі падпіты, таму і не верылася, што пазычае на хлеб.

    - Як жывяце? - неяк прыніжана спытаў Мікола, апускаючыся на крэсла.

    - Нармальна, Сам ты - як жывеш?

    - I я нармальна, - заўсьміхаўся раптам.

    - Няўжо?

    - Праўда, праўда. Працую.

    - Дзе?

    - У адной надзвычай культурнай установе.

    - ШтосьцІ непадобна. У надзвычай культурнай установе - і у такім кусьцюмчыку? Ты ж яго год з плячэй не здымаеш. Ён які быў у цябе: блакітны ці сіні?

    - Ат, Арцём Іванавіч, якое значэньне мае мой касьцюм! Я ж у ім не на сцэну выходжу, а абаранак кручу.

    - У кожнага чалавека павінен быць, акрамя рабочага, яшчэ і такі касьцюм, у якім да людзей зайсьці не сорам.

    - Будзе, будзе! Я б даўно купіў, толькі зарплату ў гэтай культ-установе даюць так рэдка... Вось дадуць...

    Арцём Іванавіч махнуў рукой, даючы зразумець, што не верыць ніводнаму слову.

    - Раз зарплату не даюць, дык ты, відаць, па дзесятку?

    - Не. Мне б і пяцёркі хапіла! Павячэраць ды заўтра дзень... А паслязаўтра, дырэктар паабяцаў, абавязкова аванс будзе.

    - Эх, Мікола, Мікола! - з суровай пагардай сказаў Арцём Іванавіч - Да якіх жа часоў старцом ты будзеш хадзіць? Зарабляць трэба! Хаця б і на хлеб, не на чарніла... А чарніла тым больш за свае трэба купляць!

    - Ды Арцём Іванавіч... Клянуся... Далібог жа, працую! Што вам, даведку прынесьці? Вось мая даведка - бачыце, як абадраў? - Ён падняў уверх далоні, нібы здаючыся ў палон. - Аўтобус - як конь, якому трыццаць грукнула, Зусім не хоча хадзіць. Корпаюся ды корпаюся.

    - У бічоў рукі нічым не чысьцейшыя за твае. Мыць трэба, Коля!

    - Дык не дасьцё?

    Арцём Іванавіч завагаўся. Зразумела, калі б мог не сумнявацца, што ягоныя грошы сапраўды пойдуць на сталоўку, ён не задумваючыся даў бы і дваццаць, каб выратаваць галоднага, але было невыносна думаць, што гэтыя грошы могуць пайсьці на сьмярдзючую атруту.

    - Не.

    - Ну што ж... Прабачайце...

   Ён устаў, каб ісці - болей ад Арцёма Іванавіча яму нічога не было патрэбна. Непрыемна крануты гэтым Арцём Іванавіч сам затрымаў яго:

    - Ну, дык што ў цябе з Любай? Людзі ж гавораць, што яна вярнулася ў горад?

    - З Любаю поўны парадак! - зноў заўсьміхаўся Мікола. - Я з ёю поўнасьцю разьлічыўся.

    - Як разьлічыўся? Што ты такое гаворыш?

    - Нармальна! Дом падарыў.

    - Які дом?

    - Ну, той самы, наш, у якім жылі! Як вы лічыце: ён жа мой? Я ж яго сам будаваў і усё для яго здабываў... А яна ж тады і не працавала.

    - Можа, ты і маеш рацыю, але на юрыдычнай мове, здаецца, гэта завецца сумесна нажытай маёмасьцю, гэта значыць, палова твая, палова - яе. Дык ты, значыць, адмовіўся ад свае паловы?

    - Наадрэз! Ніякага падзелу. Раз са мной не хоча жыць, хай жывуць без мяне!

    - Значыць, ты з дому сышоў?

    - Не проста сышоў, а, як кажаце вы, юрыдычна аформіў.

    - I навошта ты так зрабіў?

    Мікола сеў, зьвесіўшы галаву, памаўчаў. Паглядзеў кудысьці ўбок журботна.

    - Я ж яе кахаю. І Захарку, і Лёдзю люблю... Ну і няхай жывуць, як людзі, ва ўсім доме, а не ў нейкай палове... Можа, добрым слова як-небудзь успомняць... I яшчэ... Ці ведаеце што? Мне адна суседка сказала, з Любай яна размаўляла, і Люба сказала - кахае яна мяне...

    - Эх, вы, людзі! - аж дыханьне перахапіла ў Арцёма Іванавіча. - Што вы за людзі? Ты кахаеш яе, яна цябе... Дык памірыліся б, ды і канцы. Ну, чаго табе варта?

    - Памірыцца, кажаце?

    Ён запусьціў пальцы ў свае непралазныя кучары.

    - Зноў пад абцас, I назаўсёды?

    - Няўжо так? - зьдзівіўся Арцём Іванавіч. Пра гэта ён і не думаў.

    - Толькі так. І не іначай! Не. Я не згодзен. Колькі год пад тым абцасам, як мыш сядзеў. І не рыпаўся. А за гэты год - вырашыў: болей - ніколі!

    Аж кулаком узмахнуў.

    - Гм... А чым табе, уласна, не падабаецца гэта? Не сказаць жа, каб бедаваў? Ды і лягічна. Ты ж маладзейшы, а хто больш - ну не тое што розуму - вопыту мае? Старэйшы. Значыць, ён і павінен кіраваць.

    - Я кіраваць і не хачу... Я толькі не хачу быць пад абцасам! Хай маладзейшы - я мужчына! Разумееце? Мужчына! Эх, ды што вам казаць! Вы і самі пад абцасам, хоць за жонку і не маладзейшы.

    “Я - пад абцасам? - падумаў Арцём Іванавіч. - Няўжо? Ніколі мне не здавалася так...”

    - Не пра мяне гутарка, - абрэзаў ён Міколу. - Дзе жыць будзеш? Новы дом жа, відаць, не заўтра збудуеш?

   - Інтэрната на рабоце няма, на жаль, - уздыхнуў Мікола. - Ды я надумаўся ўжо. Пакантуюся пакуль што на прыватнай, грошы зьбяру ды дадому. Да бацькі! - растлумачыў ён, бачачы, што Арцём Іванавіч неўразуменна падняў бровы. - Трыццаць шэсьць год усяго. Няўжо не змагу пачаць жыцьцё спачатку?..

    Такая вось была размова. Два тыдні назад. Два тыдні і адзін дзень. Арцём Іванавіч добра памятаў, што была нядзеля, выхадны, таму, карыстаючыся тым, што жонка і дачка на курорце, ён і спрабаваў пісаць дома. I - не зманіў, выходзіць, Мікола: сапраўды, рабіў у тэатры – “надзвычай культурнай установе”. Вось яно як бывае: прывучыць чалавек, што яму веры няма, то і ў праўдзе не верыш. Ці мала ж ён выдумляў пра сябе такога, што хоць мэдаль вешай? Быў такі грэх у нябожчыка, быў... Не было - нянавісьці да людзей, жорсткасьці, лютасьці. Гэткага Арцём Іванавіч не заўважаў. I вось – звар’яцеў. З жонкай разьвёўся, дом адпісаў, да бацькі зьбіраўся . I - пайшоў забіваць. Азьвярэў за два тыдні. Колькі яшчэ незразумелага ў чалавеку!..

    Неўпрыкмет Арцём Іванавіч заснуў. Але штосьці рупіла яму і ў сьне, прачынаючыся, ён хапаўся за гадзіньнік і агледжваў, што ад мінулага разу прайшло то пяць, то дзесяць мінут. Не вытрываўшы такой пакуты, устаў, як толькі сонца вузкім промнем легла на падушку. Была шостая, - зьверху, з чужой кватэры пачуліся гукі Гімна.

    Па дарозе ў ванную зазірнуў у кухню - аказалася, і Манькін не сьпіць, апрануўся, сядзіць на зэдліку, а раскладушка складзена, на двух іншых зэдліках - матрац і бялізна.

    *

    Панядзелкамі музэй для наведвальнікаў зачыняўся; згодна з гэтым  выхадныя ў Арцёма Іванавіча былі як не ва ўсіх людзей; у нядзелю і панядзелак (па нядзелях у музеі заставаліся толькі наглядчыкі і экскурсаводы). Так што сёньня Арцём Іванавіч мог бы і не ісьці на работу калі б... калі б у суботу не адпрасіўся сустрэць жонку і дачку. Адпрошваючыся, ён паабяцаў дырэктару папрацаваць замест суботы ў панядзелак. Цяпер прыходзілася адпрошвацца другі раз. Новы дырэктар да дырэктара рос не ў музэі. Гэта быў, можна сказаць, прафэсійны кіраўнік; у музэй яго перавялі “на ўмацаваньне” хоць не і з не вельмі важнай пасады, але пасада тая была ў вельмі важнай установе. Да сваёй задачы “умацоўваць” ён адносіўся без усякага гумару; мала што разумеючы ў музэйнай справе, затое ныраў з галавой у любую паперку і не вынырваў, пакуль не вывучваў з лупай усе яе закуткі Пры старым дырэктары Арцёму Іванавічу, як і іншым, жылося вольна; жанчын, якія пераважалі ў калектыве, увогуле можна было хутчэй сустрэць у суседнім унівэрмагу, чым у музэйных залях. Новы не тое каб сварыўся ці пагражаў: ён проста сам, не прызнаючы выхадных, выходзіў з музэя толькі калі яго кудысь выклікалі ці па начах дадому - спаць. Ён і абедаў у кабінэце тым, што прыносіў з сабой, зачыняючыся на паўгадзіны. Калектыў меркаваў, што з такімі адносінамі да свайго страўніка дырэктар доўга не пратрымаецца, схопіць гастрыт ці язву, па санаторыях пайдзе - вось калі адпачнем! Але дырэктарскі страўнік, відаць, быў не з такіх, і за сем год не вывеў гаспадара са строю хаця б на адзін дзень.

    Зразумела, адпрошвацца ў такога чалавека было ўсё адно, што пазычаць у багатага скупянды: даць дык ён дасьць, але пасьля доўгай размовы і пад вялікі працэнт ды яшчэ і беднасьцю папракне.

    Але нічога не зробіш, прыходзілася званіць. Арцём Іванавіч адразу набраў тэлефон дырэктарскага кабінэта, хаця была яшчэ толькі палова дзевятай. І - не памыліўся.

    - Міхал Парамонавіч? Добрай раніцы вам! Дабрэнька турбуе.

    - Арцём Іванавіч? Добрай раніцы, - пачуўся падкрэсьлена ветлівы голас дырэктара.

    - Міхал Парамонавіч, такая справа... Я ў суботу абяцаў вам сёньня папрацаваць...

    - Так, і што ж?

    - Няшчасьце, Міхал Парамонавіч! Знаёмы адзін памёр... Блізкі...

    - Крэўны?

    - Не, але вельмі блізкі... Зямляк. Я вам потым раскажу. Бацька яго прыехаў - самі разумееце, здалёк і пажылы чалавек... Можна сказаць, стары... Дапамагчы трэба, клопатаў ведаеце колькі з тым пахаваньнем...

    Дырэктар памаўчаў, відаць, раздумваючы і ўзважваючы. Як той самы скупянда, што не сьпяшаецца лезьці ў кішэню па кашалёк.

    - Вядома... Так-так... Выпадак прыкры, вядома. Шкада... Экспазыцыю даўно час абнаўляць. Як раз і зрабілі б, панядзелак для гэтага зручны дзень, без наведвальнікаў...

    - Але ж...

    - Разумею, Арцём Іванавіч, разумею. Што ж, супыняйце свой чалавечы доўг. Паспрабуем справіцца без вас.

    - Дзякую, Міхал Парамонавіч! Я адраблю!

    - Прыміце спачуваньне.

    Трубка на тым канцы проваду бразнула. Прыніжаны Арцём Іванавіч выцер далоняй лоб.

    - Хадзем, - сказаў ён Манькіну. Манькін з падзякай зірнуў у вочы - хоць і чуў адно палову размовы, усё зразумеў.

    Выйшлі у двор, потым на вуліцу - і тут ірвануў вецер. Быццам толькі і чакаў, каб яны зьявіліся. А з акна дзень сонечны здаваўся ветлым - Арцём Іванавіч нават плашча не апрануў. Верасень ёсьць верасень, падумаў ён, суючы рукі ў кішэні і захінаючы на жываце крысьсе пінжака. Манькіну ў ягоным паліто, ботах і аўчынай вушанцы было, канечне, куды лепш. Але ён раптам паскардзіўся:

    - От жа, наслухаўся Міколкі, што тут у вас дзесяць месяцаў зіма, астальное лета. Аж плывеш пад гэтаю шапкай.

    - I вецер вам хоць бы што? - не зусім паверыў Арцём Іванавіч.

    - Каб не ён, дык і падзецца некуды было б.

    “Загартаваны стары”, - з зайздрасьцю падумаў Арцём Іванавіч.

    Тыцнуліся ў парадныя, за нядаўна пабеленымі калёнамі дзьверы тэатра. Перабралі шэсьць вялізных ручак - ніводныя не паддаліся.

    - Рана, відаць, - уздыхнуў Манькін.

    Арцём Іванавіч і сам спачатку так падумаў. Але ў час успомніў, што ходзячы штодзень міма гэтых дзьвярэй на работу, і з работы, і на абед, і з абеду, бачыў іх адчыненымі толькі тады, калі набліжаўся пачатак спэктакля. Нават білеты, і то чамусьці прадавалі непадалёк, ва ўнівэрмагу. Ён асьцярожна сышоў па мармуровых коўзкіх прыступках і нерашуча сунуўся вакол тэатра, шукаючы другі ўваход, якім карысталіся тут ва ўсе астатнія гадзіны сутак.

    Сапраўды, другі ўваход знайшоўся - без калён і мармуровых прыступак; немармуровыя прыступкі, бэтонныя і шчарбатыя, дарэчы, былі, але вялі яны не ўверх, а ўніз, нібыта нізкія дзьверы, абабітыя лямцам, вялі не ў сам тэатар, а ў ягоны падвал. Гэтыя дзьверы затое былі адчынены, быццам чакалі іх. Арцём Іванавіч азірнуўся на Манькіна, што цяжка тэпаў ззаду, і адступіў убок, каб прапусьціць яго першым. За дзьвярыма аказаліся яшчэ прыступкі, цяпер наверх.

    - Вам каго? - даволі строга, выходзячы з-за бар’ера, спытаў малады чалавек. Левы рукаў ягоны, пусты, быў засунуты ў кішэню пінжака.

    - Прапусьці, Юра! Гэта да мяне! - пачуўся з-за яго плячэй аксамітны голас. Арцём Іванавіч глянуў туды і з радасьцю пазнаў Паваротнікава.

    - Праходзьце, прашу, - Паваротнікаў шырокім жэстам паказаў на лесьвіцу. Узышлі на другі паверх. Арцём Іванавіч, які ніколі не трапляў у тэатар з гэтага боку, з цікавасьцю азіраўся. Направа ад лесьвіцы цягнуўся доўгі цёмны калідор з мноствам дзьвярэй з абодвух бакоў; Паваротнікаў павеў налева, да дзьвярэй адзінокіх. “Дырэктар”, - прачытаў на іх Арцём Іванавіч.

    Кабінэт быў невялічкі, адно і месьцілася ў ім, што двухтумбавы стол ды некалькі крэслаў са сьпінкамі без аббіўкі. “Як жа яны тут нарады праводзяць?” - зьдзівіўся Арцём Іванавіч, якога прывучыў да амаль штодзённых нарад ягоны новы дырэктар (“Давайце параімся...” “Давайце падумаем” - калі і раіцца, і думаць няма аб чым).

    - Дзе ж вы зьбіраецеся, калі трэба? - спытаў ён, нібыта гэта мела для яго хоць нейкае значэньне.

    - А сцэна на што? А глядзельная зала? - ахвотна падхапіў Паваротнікаў - відаць, і яму не хацелася пачынаць адразу ж з таго гаротнага дзеля чаго яны сустрэліся. Але зусім ухіліцца ад яго было немагчыма.

    - На вялікі жаль, дырэктара сарвалі. Паслалі кудысьці. На стрэчу чыгункі, ці што? Так ці інакш, а ён бы вельмі нам дапамог, бо чалавек вопытны. А тут яшчэ людзей малавата ў тэатры - сэзон жа яшчэ не пачаўся, шмат хто ў ад’ездзе. Але нічога, справімся, - падбадзёрыў ён ці то сябе, ці то Арцёма Іванавіча. - Хоць, па шчырасьці, я асабіста нікога яшчэ не хаваў. Шанцавала. неяк.

    - I мне... шанцавала, - паныла азваўся занепакоены Арцём Іванавіч.

    - Нічога, нічога. У нас ёсьць тэлефон, аўтобус і крыху грошай. Генэральскіх хаўтураў у нас, зразумела, не выйдзе, але зробім, як у людзей. Справа гонару. Не, вы падумайце толькі: жанчына забівае мужчыну, жонка - мужа. Да чаго дайшло! Во распусьціліся як! Расстрэльваць мала такіх!

    Паваротнікаў, як на сцэне, патэтычна ўзьняў рукі. Арцём Іванавіч зірнуў на яго: жартуе, ці што? Ніякага ценю ўсьмешкі.

    - Расстрэльваць - гэта вы ўжо занадта, па-мойму, - асьцярожна запярэчыў ён. - Нябожчык сам, як быццам, лез у акно забіваць... Так суседзі маёй дачцы казалі, - растлумачыў ён на недаверлівы погляд артыста. - Відаць, праўда, бо жонку яго, забойцу, не пратрымалі пад арыштам нават і дня. Ужо ўчора яна была дома.

    - Вось бачыце? Распусьцілі баб’ё. Распусьцілі! I працягваем распускаць. Забіла - і дома сядзіць. Адпачывае. Крывадушных сьведкаў рыхтуе. Вы іх яшэ пабачыце на судзе, успомніце маё словы!

    - Значыць, вы не дапускаеце, што Мікола хацеў забіць? - зрабіў выснову Арцём Іванавіч.

    - Не дапускаю? Чаму? Дапускаю. П’яны чалавек што хочаш захоча. Тут пытаньне іншае: а ці мог ён забіць? Ці мог увогуле ўлезьці праз тое акно? Вы сабе ўявіце: лезе п’яны ў акно. Дапусцім, што вы - інвалід, і нават першай групы. Няўжо не хопіць сілы штурхнуць у грудзі, ці бомкнуць па галаве патэльняй? I - дастаткова. А забіваць - навошта? Вось каб ён цьвярозы палез забіваць, тады - сьцеражыся. Дый тое: пакуль ён будзе ў акно лезьці, тройчы пасьпееш праз дзьверы да міліцыі дабегчы!

    - Даруйце, вы быццам бы на баку п’яных... А п’янства ж - само па сабе злачынства... I вельмі добра, што за яго ўзяліся...

    - П’янства само па сабе - злачынства? Не згодзен. Што ж я, выпіў шклянку віна пры сустрэчы з сябрам, і мяне - у КПЗ? Шклянку гарэлкі - у астрог? Паваліўся на вуліцы - у крэматорый? Тады давайце каля рэстарана з даўбнёй дзяжурыць і кожнага, хто з яго выйдзе, па мазгаўні...

    - Добра вам разважаць, калі на вас ніхто не нападае. А вы ўявіце сябе на месцы жанчыны, да якой у вакно лезе п’яны мужык, выкрыкваючы пракляцьці... Дзе гарантыя, што патэльню схопіце, калі на вочы трапіць стрэльба?

    - Ат, не ў гэтым справа. Ніколі не паверу, што гэты хлопец сапраўды мог бы забіць. Усяго і ведаў яго два тыдні, а ўпэўнены: не мог! Разумееце, калі чалавек працуе і пры гэтым сьпявае, такі чалавек і п’яны не кране нікога. Ведаеце, што ён сьпяваў? “Ты ж мэнэ підманула, ты ж мэнэ підвэла...” - Паваротнікаў прыгожа вывеў радкі песні. - Сьпявае ды сьпявае. Разьбірае матор, зьбірае - з песьняй... За рулём - сьпявае... А я ж ведаю, што ў аўтобусе начуе, жонка з дому выгнала. Едзем куды-небудзь – “ты ж мэнэ”... Украінец ён быў, ці што?

    - Не. З Беларусі мы.

    - Ах, так. Я ж у пашпарце бачыў. А песьня ж, здаецца, украінская?

    - Украінская. Скажыце, - Арцёму Іванавічу здалося, што ён усё зразумеў. - Вы гаворыце, ён у аўтобусе начаваў? Гэта значыць, прытулку ў яго не было?

    - Бачыў яго не раз у аўтобусе ўночы. Гаража тэатар не мае, тут, у двары, і прыходзіцца ставіць.

    - Дык можа, тым і тлумачыцца ўсё? Пакуль ночы былі цёплыя, песенькі сьпяваў. А пачалася восень, вецер задзьмуў... Тут і пачаў нэрвавацца, злавацца... Яна там у доме маім на пухавіках качаецца, а я - у ледзяной бляшанцы... Разумееце?

    - Не разумею. Нічога такога я не хачу разумець! – разьюшыўся артыст. - Бо я бачыў яго ў пятніцу - у пятніцу, ясна? I не злаваўся ён і не нэрваваўся!.. Гэта я вам кажу, як яго сябру!.. Ды вы ж і лепш яго ведаеце, чым я! КолькІ год вы былі з ім знаёмыя, га?

    - Шмат. Але яшчэ болей - з ёю. Яе, здаецца, я ведаю не горш.

    - I вы яе апраўдваеце?

    - А вам, як быццам, хочацца, каб я шкадаваў толькі яго?

    - Вы, выпадкам, не былі ў яе закаханыя? Гэта бывае.

    Арцём Іванавіч адчуў, што полымна чырванее.

    - Навошта вы так, - выціснуў ён з сябе.

    - Бачыце, я прывык: калі адбываецца штосьці незразумелае, шэршэ ля фам. I амаль што ніколі не памыляўся. Тое, што вы робіце, незразумела. У вас забілі сябра, вам гавораць, што забілі яго, відаць, нізавошта, а вы пярэчыце... Як жа гэта вытлумачыць інакш?

    - Хачу быць аб’ектыўным, - ціха прамовіў Арцём Іванавіч.

    - Значыць, вы наслухаліся яе? Не верце жанчыне. Нідзе і ніводнай! Ані жонцы, ані каханцы. Ім салгаць - што прычасацца...

    “Дапякла табе, відавочна, нейкая”, - мільганула ў галаве Арцёма Іванавіча. - А можа, і не адна”.

    Артыст замоўк і скупа ўсьміхнуўся:

    - Даруйце. Нам з вамі не спрачацца, а горкую справу рабіць... Скажыце, прыйшоў які-небудзь адказ на вашу тэлеграму?

    - Бацька прыехаў, - кіўнуў Арцём Іванавіч на Манькіна.

    Што ж вы мне не сказалі адразу? А я яшчэ думаю, хто з вамі?

    Ён ускочыў з дырэктарскага крэсла, жвава аббег стол і кінуўся да старога:

    - Прабачце, што мы між сабою, а на вас як быццам нуль увагі... Апалён Рыгоравіч, а вас?

    - Манькін я, дзетачкі мае, - ласкава сказаў той. Відаць, шумнамоўны артыст, што так горача абараняў яго Міколку, спадабаўся дзеду. - А завуць Захар... Карпавіч.

    - ВельмІ добра, што вы прыехалі... Справа не ў дапамозе, яна не асабліва патрэбна. А ёсьць сякія-такія справы. Вось, глядзіце, што аказалася ў кішэні Мікалая. Страхоўка! На чатыры тысячы рублёў. Ці не страхаваньне жыцьця? Калі так, то вы зможаце атрымаць адразу. Парайцеся ў дзярстраху...

    Манькін узяў ладна пакамечаную паперку, разгарнуў, зноў склаў, пакруціў перад вачмі і сунуў у кішэню паліто.

    - Рэчы яго, што тут, у тэатры, засталіся, я вам перадам потым. Але ведаеце, іх амаль што няма! Начаваў, можна сказаць, жыў у аўтобусе, а ў ім нічога, лічы, і не знайшлося.

    - Не трэба ніякіх рэчаў, - слаба сказаў Манькін.

    - Не кажыце так. Рэчы памёршага - гэта памяць пра яго. А памяць зьнікаць не павінна.

    - Мне яго, дзетачкі маё, і так не забыць да сьмерці. А болей каму яна, памяць тая, патрэбна? Каму я рэчы тыя аддам? Не жонцы ж яго.

    - А сыну?

    - Да сына, відаць што, цяпер і не дабярэсься.

    - Добра, цяпер пра гэта не будзем.

    - I вось што яшчэ... Вы казалі, грошай у вас трохі. Дык я дадам. Бярыце.... Каб усё па-людску было. Я разумею... Грошы на пахаваньні ляцяць...

    Паваротнікаў паклаў рукі на плечы старога; зазірнуў у вочы:

    - Добра, бацька. Калі іх не хопіць, я абавязкова зьвярнуся да вас. Ён вярнуўся за стол:

    - З чаго пачынаць будзем?

    - Мабыць... Трэба ўзяць цела, - гледзячы ўбок, адказаў Арцём Іванавіч.

    - Гэта ясна, - кіўнуў Паваротнікаў. - Але, можа, спачатку купіць труну? Каб у морг ехаць з труной.

    - Слушна, - згадзіўся Арцём Іванавіч, на міг уявіўшы, як яны бяруць цела і вязуць яго без труны. - Але дзе іх купляюць?

    - Ну, не на рынку.

    - У пахавальным бюро! - прыгадаў існаваньне такой установы Арцём Іванавіч.

    - Правільна. Вось толькі дзе яно знаходзіцца і калі адчыняецца? Ну, калі маецца тэлефон, гэта не праблема. - Паваротнікаў разгарнуў тэлефонны даведнік. - Вось яно. Нумар... - Ён зьняў трубку і пачаў набіраць нумар, але тут жа прыпыніўся: - Няўжо не працуе? - націснуў колькі разоў рычажкі, паляпаў далоньню па апараце. - Вось жа д’ябал! Адзін тэлефон у тэатры, і той не працуе.

    - Сёння па радыё абвяшчалі, што ў нейкім квартале кабэль рамантуецца. Вось у якім, забыўся.

    - Несумненна, у нашым! - Паваротнікаў раз’юшана кінуў трубку. - Рамонтнікі... Расстрэльваць такіх рамонтнікаў! Ну што рабіць? Без тэлефона мы, як без рук. Спэцыяльна ў дырэктара ключ узяў, каб тэлефон быў, і - маеш!

    - У мяне дома ёсьць тэлефон.

    - Хочаце сказаць, ёсьць сэнс перанесьці стаўку? Не. Нам трэба трымацца бліжэй да тэатра. Вы не думайце, што ён пусты. У грым-уборных з дзесятак артыстаў жыве, паўстаюць хутка. А без іх дапамогі мы з вамі гэтую справу не выцягнем, факт. Таму заменім тэлефон аўтобусам. Проста паедзем у тое бюро і купім, калі прадаюць, а не прадаюць - даведаемся, калі... Зрэшты, - ляпнуў ён сябе па лбе, - а хто павядзе аўтобус? Шафёр жа забіты. Вы аўтобус вадзіць умееце?

    - Не, - паматаў галавой Арцём Іванавіч. - Матацыкла, і то ніколі не меў.

    - I я. У вайну Т-34, праўда, ганяў, ды калі гэта было! Дый аўтобус - не танк.

    Арцём Іванавіч са зьдзіўленьнем глянуў на артыста. Яму здавалася, думалася, што Паваротнікаў куды маладзейшы.

    - Калі, дзетачкі мае, да зарэзу, то я мог бы, - падаў голас з кута Манькін. Арцём Іванавіч міжволі ўсьміхнуўся: цяпер, калі ён прыблізна ведаў узрост Паваротнікава, гэтае “дзетачкі мае”, зьвернутае да яго, прагучала сьмешнавата. - Старшыню да песнсіі вазіў. Калі той аўтобус, што на дварэ стаіць, то думаю, што патраплю.

    - I правы ёсьць? - падскочыў артыст.

    - Правоў, вошкіны блошкі, няма. Дома засталіся.

    - Не, - паразважаўшы ў думках, - сказаў Паваротнікаў. - Ці мала што. Нам з ДАІ ў сварку лезьці. Яшчэ аўтобус адбяруць. Да таго ж, Захар Карпавіч, вы горада не ведаеце, а ў нашым горадзе, па-мойму, шафёр асаблівы спрыт павінен мець... Не меншы, чым у гарах Каўказа, як ваш Мікалай казаў... Нічога. Шафёра мы знойдзем. Каб Паваротнікаў - і не знайшоў? Няўжо Паваротнікаву хто адмовіць? - артыст крыху ганарыста задраў падбародзьдзе. - Вы, Захар Карпавіч, пасядзіце тут, а мы пашукаць пойдзем.

    Арцём Іванавіч паціснуў плячмі і пайшоў за Паваротнікавым. Настрой у яго і так быў не з лепшых, а тут пачаў зусім псавацца. Учора, калі ён упершыню пагаварыў з Паваротнікавым, у яго склалася ўражаньне, што гэты ўпэўнены чалавек упэўнены таму, што ведае ўсё, што трэба, цяпер жа зьявілася падазрэньне, што ўпэўненасьць тая - не болей як акторства, а на самой справе Апалён Рыгоравіч такі ж бездапаможны, як і ён сам. Дырэктар тэатра некуды зьехаў, артысты ў адпачынку, тэлефон не працуе, шафёра няма... А што, калі і аўтобус няспраўны? Іншы раз чалавеку лягчэй памерці, чым легчы ў магілу, змрочна падумаў ён.

    Тым часам Апалён Рыгоравіч ужо гаварыў з вахцёрам:

    - Вы не ведаеце, Юра, ці ёсьць тут паблізу арганізацыі з машынамі.

    - А вам, Апалён Рыгоравіч, якая машына патрэбна?

    Не, машына нам зусім не патрэбна! Аўтубус жа ёсьць. Дарэчы, ці на хаду ён?

    “Бач ты, успомніў! Гэта абнадзейвае”, - крыху супакоіўся Арцем Іванавіч.

    - Відаць, на хаду, бо пазаўчора, калі Мікалая забілі, яго прыгналі, а не прывалаклі, - Юра, на пешаму ўражаньню, быў чалавек гаваркі, нягледзячы на калецтва.

    - Хто прыгнаў? Міліцыя?

    - Не бачыў! Чую - аўтобус гудзе, прыехаў. Ну, думаю, Мікалай тут. Доўг прывёз... Выйшаў - аўтобус стаіць, а яго няма. I ўвогуле нікога. Што за жарты, думаю? Не знайшоў дзесятку няшчасную гэту і зьбег?

    - Ён застаўся вінен вам дзесяць рублёў? - удакладніў Арцём Іванавіч.

    - Ага. Пазычыў - заўтра, казаў, прынясу. Два тыдні, як і не аддае. А ў мяне як раз кашалёк апусьцеў. Ну, і зло ж узяло, як падумаў, што зьбег!

    Арцём Іванавіч дастаў партманэ.

    - Вазьміце, - працягнуў ён Юру чырвоную паперку.

    - Не, што вы... - адхіснуўся Юра. - Што вы... Вы хто яму? Брат? Дык ён не казаў, што тут у яго родныя ёсьць. У аўтобусе начаваў...

    - Не, не брат. Зямляк. Таварыш, - крыху падумаўшы, дадаў Арцём Іванавіч.

    - Нізавошта не вазьму...

    - Вы ж казалі, зло вас узяло.

    - Гэта ж зло на жывога. А на мёртвага - якое зло...

    Абодва няўклюдна тапталіся, не ведаючы, як выбрацца з таго няёмкага становішча, у якое трапілі. Арцём Іванавіч зусім не хацеў падкрэсьліць дробязнасьць Юры, ён проста разумеў, што ў заробку вахцёра дзесяць рублёў займаюць не такое малаважнае месца, як у загадчыкаў аддзелаў, хай сабе і правінцыяльнага музэя. I яшчэ: два тыдні назад Мікола прасіў грошай і ў яго, а атрымаў у гэтага інваліда. I вяртаючы Міколаў доўг Юру, Арцём Іванавіч быццам бы выпраўляў тую, як цяпер пачало здавацца яму, памылку. Добра было відаць, што Юра не возьме, не можа ўзяць, але і Арцём Іванавіч не мог пакласьці грошы назад. Дапамог Паваротнікаў:

    - Бярыце, Юра, тут саромецца няма чаго. Вы Мікалая ведалі два тыдні, а чалавек, які жадае за яго расплаціцца... колькі год?

    - Дванаццаць. Або трынаццаць нават, - уздыхнуў Арцём Іванавіч.

    - I за гэты час ці раз даводзілася браць адзін у аднаго грошы... Ба, шаноўны Арцём Іванавіч, вы ж, здаецца, шкадавалі, што не пасьпелі яму штосьці вярнуць? Ці не якраз дзесяць рублёў?

    Паваротнікаў непрыкметна штурхнуў локцем у бок.

    - Так-так... Якраз дзесяць. Ды не, - баючыся, што не Юра не паверыць у такое шчасьлівае супадзеньне, - паправіўся Арцём Іванавіч. - Дваццаць!

    - Ну вось. Мікалай застаўся вінен вам, а Арцём Іванавіч - Мікалаю. Абсалютна будзе справядліва, калі вы возьмеце гэтыя грошы.

    Вахцёр неахвотна ўзяў дзесятку за краёчак. Кірпаценькі носік яго наморшчыўся, ён адвярнуўся.

    - Дык, Юрачка, куды нам сунуцца наконт шафёра?

    - А вунь, праз дарогу, баквэтлябараторыя. Казёл у іх, з зялёным крыжыкам. Я шафёра іхняга з Мікалаем бачыў. Вусаты такі. Дапамагаў у аўтобусе корпацца, - голас Юры памалу крэпнуў, вярталася гаварлівасьць - забываў хлопец.

    - Дзякую, Юрачка! Паглядзім, што там за вусаты такі.

    “Як усе ж такі асьцярожна павінен чалавек абыходзіцца з чалавекам” - падумаў Арцём Іванавіч, ідучы за Паваротнікавым.

    - Вы мяне проста выручылі. Дзякуй вам, - сказаў ён. Паваротнікаў зьлёгку кіўнуў галавой - маўляў, не варта, няма за што.

    Праз заднія вароты тэатральнага двара выйшлі на вуліцу. На другім, баку яе шарэў прысадзісты, пашарпаны часам дамок, на якім вісела адразу дзьве шыльды: левая паведамляла, што гэта помнік гісторыі, які ахоўваецца дзяржавай, правая - што гэта вэтэрынарна-бактэрыялягічная лябараторыя. Паваротнікаў рашуча рушыў да весьніц.

    У двары, зарослым зялёнай рамонкай і дзікім пустым ячменем, сапраўды стаяў газік з крыжыкам на борце - тут Юра памыліўся, крыжык быў сіні, а не зялёны. Зрэшты, фарба была такой цьмянай, што крокаў за дваццаць колер можна было і зблытаць.

    - Эх, каб у яго - ну хоць запальваньне не працавала, - летуценна сказаў артыст. Зразумеўшы, Арцём Іванавіч падхехекнуў.

    Загадчык лябараторыі, жаўтатвары ад нейкай хваробы, і нават з выгляду нэрвовы, адмаўляць не стаў (а Арцём Іванавіч падумаў - абавязкова адмовіць):

    - Бярыце. Калі без машыны - бярыце. Я яго ўсё адно скарыстаць не магу.

    - Чаму?

    - З пахмельля. Баюся машынай рызыкаваць. Мне яна яшчэ і заўтра спатрэбіцца.

    - А сёньня ён... не пахмяляўся? – яўна завагаўся Паваротнікаў.

    - Цяжка сказаць. Гэта з такіх экзэмпляраў, ад якіх заўсёды пахне. Нібы арганізм яго сьпірт выпрацоўвае.

    - А зірнуць на яго можна?

    - Гэтага - колькі захочаце. Хадземце!

    І павёў у канец кароткага калідора. На канапцы пад батарэяй напалову ляжаў малады яшчэ хлопец з суровымі чорнымі вусамі пад даўгім шаблепадобным носам. Моўчкі гледзячы ў столь, ён і не павярнуўся на крокі.

    - Ну што, філязофствуеш? - раздражнёна кінуў загадчык. - Устаў бы, людзі да цябе.

    Шабленосы абыякава зірнуў на ўсіх трох адразу і зноў утаропіўся ў столь.

    - Дапамажы таварышам, машына ёсьць, а шафёра няма.

    - Я ж казаў, Сямён Сямёнавіч, што сёньня не працую, -  абазваўся шафёр, не паварочваючы галавы

    - Як гэта не працую? Што, сягоньня дзень не працоўны? Сам сабе выхадны выпісаў?

    - Я ж казаў, адраблю потым... Ды і колькі разоў па нядзелях вас і з дачы, і на дачу. Не магу сёньня я, не магу!..

    Паваротнікаў перасьцерагальна падняў перад тварам загадчыка руку:

    - А што ў вас такое? - мякка зьвярнуўся ён да хлопца. - Чаму не можаце?

    - А вы што, поп? Споведзь прымаць прыйшлі?

    Ён сказаў гэта з такой нянавісьцю, што на месцы Паваротнікава Арцём Іванавіч тут жа павярнуўся б і рушыў прэч, але артыст быў, відаць, не з самых крыўдлівых:

    - Як вас завуць?

    - Раман яго завуць. Пятровіч, - з іроніяй дадаў загадчык.

    - Раман Пятровіч, у нас у тэатры вялікая бяда. Нашага вадзіцеля жонка забіла.Трэба пахаваць чалавека. Па ўсім горадзе езьдзіць сюд-туд: у морг, на могілкі... А у нас, разумееце самі, цяпер шафёра няма.

    Не сказаўшы ніводнага слова і не гледзячы ні на кого, Раман нечакана падскочыў на канапцы, і кінуўся да дзьвярэй. Ён амаль прабег зусім побач, так што Арцёму Іванавічу прыйшлося адхіснуцца. Паху сьпіртнога Арцём Іванавіч не адчуў, хаця Раман і дыхнуў яму ў твар. Зрэшты, у лябараторыі сьмярдзела, і даволі адчувальна, шмат чым - мо, ужо нюх адбіла?

    - Бачыце, што за фрукт, - разьвёў рукі загадчык.

    - А я спадзяваўся. Кажуць, бачылі яго з Мікалаем нашым, - уздыхнуў Паваротнікаў. - Ну што ж, прабачце. Пойдзем кланяцца далей, толькі вось не ведаю, куды. Яшчэ раз прабачце. - Расстрэльваць трэба такіх, - кінуў ён Арцёму Іванавічу, калі яны выйшлі на ганак. Пачуўшы гэтае “расстрэльваць” ужо у трэці раз з вуснаў такога абаяльнага чалавека, Арцём Іванавіч не змог устрымацца ад усьмешкі.

    Пайшлі да тэатра. У вочы Арцёму Іванавічу адразу кінуўся аўтобус, і здалося, што пяць мінут назад ён стаяў на іншым месцы, не ля ўвахода. “Не сьвяты ж дух яго перанёс”, - пасьмяяўся з сябе Арцём Іванавіч. Але тут бразнулі дзьверцы кабіны:

    - Сядайце. Паехалі!

    Паваротнікаў у неўразуменьні паціснуў плячмі - відаць, і да яго не адразу дайшло, што гэта той самы шабленосы, якога варта было б расстраляць. Дзьверы для пасажыраў ужо падціснуліся, адкрыўшы праход у цесны салён.

    - Ага. Дзякую! Заела сумленьне ўсё-такі, - напаўголаса кінуў Арцёму Іванавічу Паваротнікаў. - Але пачакайце хвіліначку, аднаго чалавека трэба ўзяць.

    Ён убег у тэатар так хутка, што Арцём Іванавіч, калі б і трэба было, не пасьпеў бы за ім. “Год пад шэсьцьдзесят, а такі спрыт!” - са зьдзіўленьнем і з павагай падумаў ён. I падняўся ў салён. Праз мінуту ці дзьве ў дзьвярах паказаўся Манькін, за ім артыст.

    - Уперад. Да пахавальнага бюро, - трагічна выдыхнуў ён, сеўшы на месца другога шафёра - адкідное крэсла каля капота. - А ключ? Без ключа ж не паедзеш! - раптам успомніў ён.

    - Ключ у замку запальваньня начаваў, - змрочна пасьміхнуўся шафёр. Арцёму Іванавічу, які сядзеў каля пярэдніх, адзіных дзьвярэй у салён, добра быў бачны ягоны, крыху пакрыўлены плексыглязам кабіны твар. - Добра, ніхто не агледзеў. А то б і аўтобуса ў вас не стала, не толькі шафёра.

    - Гм, - сумеўся Паваротнікаў, нібыта сорамна стала за безгаспадарчасьць сваёй установы. - Відаць, той, хто прывёў аўтобус, не здаў вахцёру ключ, а сам Юра не здагадаўся ўзяць - ён жа ў нас аднарукі, машыны яму недаступныя, ён імі і не цікавіцца. Так што яго вінаваціць не будзем. А вось міліцыя, - артыст вальней уладкаваўся ў сваім нязручным крэсьле: выцягнуў ногі, руку паклаў на капот, - яўна дала маху. Кінуць аўтобус з ключом у двары без прыстойных варот... Самім жа прыйшлося б шукаць, каб выкралі.

    - А чаму вы думаеце, што аўтобус прыгнала міліцыя?

    - А хто ж яшчэ?

    Шафёр нічога не адказаў, схіліўся над панэльлю, і пахадзіў вачмі сюд-туд, бы вывучаў яе. Павярнуў ключ - аўтобус аджыў, затросься.

    - А хто ж яшчэ? - паўтарыў Паваротнікаў. - Вадзіцель забіты, а аўтобус вярнуўся. Хто ж яго мог з месца забойства даставіць, як не міліцыя? Каму ў галаву б гэта прыйшло?

    Аўтобус задам пайшоў праз вароты без створак на вузкую вуліцу. Мільганула жоўтая шыльда вэтбаклябараторыі. Шафёр выпрастаўся, ямчэй узяўся за руль.

    - Міліцыя ў такіх выпадках транспарт да сябе гоніць.

    “I праўда. Чаго яны такім дабратворствам займацца будуць?” - падумаў Арцём Іванавіч.

    - Хто ж тады? Вось загадка! - усклікнуў артыст.

    - Загадкі ніякай няма, - шафёр яшчэ памаўчаў, спадылба гледзячы на дарогу. - Я прыгнаў, - хутка і неразборліва кінуў ён, але яго ўсе зразумелі.

    - Значыць, вы былі там? А як апынуліся? - ускінуўся Паваротнікаў. -Выпадкова?

    - Як апынуўся? - крыва ўсьміхнуўся шафёр. - З Мікалаем туды і прыехаў. На гэтай самай машыне.

    - Значыць, вы былі якраз тады, калі... I ўсё бачылі?

    - Бачыў не ўсё, а чуў усё.

    Зноў замоўк - ці то цяжка даваліся словы, ці то не хацелася гаварыць, або дарога вымагала пільнасьці: была яна вузкай, калдобістай, а насустрач ішлі і ішлі грузавікі.

    - Ды і бачыў дастаткова, каб дзьве ночы не спаць. Таму і не хацелася сёньня за руль. Заснуць баяўся. Пацерпяць,.. думаў... чорт бы іх узяў з вэтэрынарыяй іхняй. А начальнік кажа - з пахмельля? Дзе ў нядзелю пітва ў нашай сталіцы знойдзеш? I хацеў бы, ды...

    Ён са злосьцю плюнуў у адсунутае вакенца.

    - Дык раскажыце, што чулі і бачылі.

    - Прыехалі, - буркнуў шафёр. Адчыніліся дзьверцы.

    Як толькі шафёр сказаў, што гэта ён прывёў да тэатра аўтобус, Арцём Іванавіч, узрушыўшыся, зусім кінуў глядзець з акна і цяпер не ўцяміў, куды прыехалі і па што. Паваротнікаў хацеў быў штосьці сказаць, але стрымаўся, скочыў з аўтобуса, Арцём Іванавіч за ім - на пыльны, не заасфальтаваны майдан, перад аднапавярховым драўляным будынкам, падобным да сьвірна. Трохі ўбаку, за бляшанымі варотамі, дужыя хлопцы ў скураных фартухах ставілі на грузавік даўжэзную, нічым не абабітую, пафарбаваную ў чырвоны колер труну; на зямлі стаяла яшчэ дзьве труны - караценькія, мабыць, дзіцячыя; побач стаяла бабулька ў чорным шалю; руку яна трымала каля ілба, нібы зьбіралася перахрысціцца, а можа, і выцерці вочы.

    - Хадземце, - крануў за локаць Паваротнікаў. - Нам і свайго гора хапае.

    З хісткага ганка трапілі ў вільготны, з нежылым духам пакой, перагароджаны бар’ерам з дрэнна адгабляваных дошак, за якім жанчына ў шэрай вязанай хустцы штосьці пісала ў вялізнай канторскай кнізе.

    - Што вам? - падняла яна шэры, ці нават зялёны - як балотная раска, твар.

    - Труну, шаноўная. Труну, - лісьліва схіліўся артыст, відаць, нутром адчуўшы характар гэтай балотнай вядзьмаркі.

    - I ўсё? - іранічна спытала тая. - I болей вам нічога не трэба? Паваротнікаў, відаць, зразумеў так, што яны, на яе думку, просяць занадта.

    - Труна, шаноўная, гэта мінімум, без якога чалавека не пахаваеш.

    - Правільна, мінімум. Што яшчэ патрэбна? - жанчына ўзяла лічыльнікі і пачала кідаць костачкі па прутках. - Месца на могілках - трэба?

    - Трэба.

    Гэта першае.

    - Яму будзеце самі капаць ці купляць гатовую?

    Паваротнікаў зірнуў на Арцёма Іванавіча:

    - Відаць, купім... Калі яе капаць і каму

    - Гэта другое. А аздоба труны? Прылады - покрыва, падушка? Трэба?

    - Вядома, трэба! Значыць, гэта ўсё ў вас і даюць?

    - Даюць. Але не за так.

    - Зразумела! Зараз жа ўсё аплоцім. Ці не так? - павярнуўся артыст да Арцёма Іванавіча. Арцём Іванавіч згодна кіўнуў галавой, неўпрыкмет памацаў кішэню - ці не забыўся кашалёк. - Нам труна тэрмінова патрэбна, разам з аздобай і ўсім.

    - Значыць, гатовую хочаце ўзяць, не заказваючы? Што ж, паглядзім, ці ёсьць. Якой даўжыні цела?

    Арцём Іванавіч і Паваротнікаў пераглянуліся.

    - Нябожчык прыблізна майго росту, - няпэўна сказаў Арцём Іванавіч, можа, крыху вышэйшы.

    - Мне, здаецца, ён быў вось так, - Паваротнікаў правёў рабром далоні па падбародзьдзю.

    - Так, грамадзяне, не пойдзе. Едзьце, здыміце мерку з даўжыні і ў плячах, тады і гаварыць будзем.

    - Навошта?! Возьмем крыху з запасам.

    - З якім запасам? Вы што, дзіцёнаку штаны на выраст купляеце? Вы хоць ведаеце, што пры апруцяненьні даўжыня цела павялічваецца на дзесяць-пятнаццаць сантымэтраў?

    - “Вось чаму чалавек у труне заўсёды здаецца больш значным, чым пры жыцьці”, - падумаў Арцём Іванавіч.

    - Нам, шаноўная, гэта не вельмі пасуе, - сказаў Паваротнікаў. - Што ж мы, паедзем у морг спачатку здымаць мерку, а потым ізноў – па цела? Часу шкада, ды і баюся - не ўправімся...

    - Ах, дык вашае цела яшчэ ў маргу? - ядавіта спытала трунарка, нібыта ў гэтым было штосьці злачыннае. - Дык можа, у вас яшчэ і пасьведчаньня аб сьмерці няма?

    - Няма. Але, я думаю нам у маргу яго дадуць, - як мага аксамітней прамовіў артыст.

    - Не, глядзі на іх. Без пасьведчаньня аб сьмерці заяўляюцца ў пахавальнае бюро ды яшчэ і труну просяць. А ну, прэч адсюль! - жанчына гнеўна зьмерала вокам абодвух.

    - Па якому праву вы так размаўляеце з намі? - абурыўся Паваротнікаў. Мы прыйшлі да вас са сваім горам, а вы - прэч!

    - Таму што размаўляць з вамі няма аб чым. Не замінайце працаваць.

    - Вы б параілі лепш, чым крычаць. Бачыце - людзі без вопыту. Пахаваць - не бохан хлеба купіць, не ўсякі ведае, як гэта робіцца, - стараючыся не павышаць голасу, сказаў Арцём Іванавіч. “Бядачка. Штодзень - адны труны. Труны, труны, труны... I не хочучы, характар сапсуеш”, - мільганула ў яго галаве.

    - З гэтага б і пачалі. Спачатку ідзіце ў морг і вазьміце даведку аб сьмерці. З гэтай даведкай і пашпартам нябожчыка - у Загс... Незразумела? Загс не толькі жэніць. Гэта - запіс актаў грамадзянскага стану. Сьмерць - таксама грамадзянскі стан... Там атрымаеце пасьведчаньне. Тады і прыходзьце.

    - Але ж мы можам з такімі складанасьцямі і не пасьпець да канца рабочага дня! Што ж нам, зноў таварыша ў маргу пакідаць? - закіпеў артыст.

    - Пакіньце, - паціснула плячмі трунарка.

    - Няўжо нельга выдаць труну без гэтага бюракратызма? Гэта ж труна, вы самі казалі. Не дзіцячыя штонікі, - нагадаў Арцём Іванавіч. - Штонікі можна і сёньня, і заўтра купіць, з труною не пачакаеш...

    - Нельга.

    - Чаму?

    - Інструкцыя. Строгае ўказаньне.

    - Які-такі высокі сэнс у гэтай інструкцыі?

    - А раптам вам труна для жартаў? Вы людзі багатыя, артысты. Можа, каго да ікаўкі давесьці хочаце...

    “Чорт ведае што”, - аж пацямнела ўваччу у Арцёма Іванавіча. Другі раз за два апошнія дні, яго западозрылі, што ён можа жартаваць такімі рэчамі, як тэлеграма аб сьмерці сына і труна. Адкуль, адкуль яна ў нас, такая страшэнная думка пра нашага чалавека?! Паваротнікаў штосьці хацеў сказаць, але папярхнуўся і шпарка рушыў вон з канторы. Арцём Іванавіч, нібы баючыся, што перад ім грымне са столі замкавая краты, кінуўся за артыстам. На ганку абодва адсопліся, быццам выскачылі з магільнай ямы.

    - Аказваецца, не заўжды прыемна, калі цябе пазнаюць, - прамовіў Паваротнікаў. - Але ж які аплёмб! Не іначай як пуп зямлі. НіякІх пярэчаньняў!

    - З начальствам не паспрачаесься, на тое яно і начальства, - паіранізаваў і Арцём Іванавіч.

    Вецер гнаў па майдане сьмецьце, зьвіваў у кучкі пыл. У глыбіні двара скавытала піла-цыркулярка, грукалі малаткі. “Гэта майструюць труны”, -падумаў Арцём Іванавіч, прыгадаўшы мужыкоў у скураных фартухах, што дапамагалі бабульцы. I ў яго па плячах прабеглі дрыжыкі.

    Шафёр і Манькін, відавочна, між сабой, пакуль Паваротнікаў і Арцём Іванавіч хадзілі ў кантору, не размаўлялі. Шафёр безуважна глядзеў кудысьці ўдалеч прама перад сабой, а стары нібыта драмаў, лёгшы ілбом на парэнчу пярэдняга крэсла. Пачуўшы бразганьне дзьверцаў, абодва страпянуліся і ўтаропіліся ў Паваротнікава і Арцёма Іванавіча, чакаючы навін.

    - Не даюць труны, - Паваротнікаў сьцяў зубы і нават скрыгатнуў імі. - Кажуць, патрэбна пасьведчаньне аб сьмерці.

    - Куды ж цяпер ехаць?

    - Спачатку, відаць, у морг. Заадно трэ будзе зьняць мерку. Нагадайце, калі забудзем.

    Шафёр даў газ, аўтобус пакаціўся. Справа пацягнуўся шэры штыкетнік, за якім то вынырвалі, то зноў хаваліся за чэзлыя сосны крыжы і пірамідкі.

    - Мы туды едзем? Раман Пятровіч! - ускінуўся Паваротнікаў. - Бальніца ж, здаецца, у тым баку, наадварот зусім. А морг жа, відаць, у бальніцы?

    - Для такіх мерцьвякоў, як наш, іншы маецца морг. Туды і едзем, - пахмурна кінуў шафёр.

    - Які-такі іншы? Яго ж у бальніцу адвезьлі. У хірургічнае. Апэрацыю рабілі...

    Усё адно. Раз чалавек памёр не сваёй сьмерцю, яго - у судовы морг. Я так думаю.

    - Чаму?

    - Бацьку летась свайго...

    Відаць, у гэтага аса была прывычка не дагаворваць.

    - Што бацьку?

    - З гэтага морга браў.

    - Вось як! А што здарылася?

    - “КАМаз” у порце трубамі вышэй кабіны нагрузілі ды як сьлед іх не прывязалі. Хтосьці з аўтобуса на прыпынку выскачыў, кінуўся вуліцу перабягаць, перад “КАМазам”. Тармазнуў вадзіцель, трубы ўперад і пайшлі, Дзьве ў аўтобус, у вокны і ўехалі. Хто ля вакна сядзеў - і не каўкнуў... Мой, пасьля аказалася, таксама каля акна сядзеў...

    Пасьля кожнай фразы гэтага страшнага апавяданьня шафёр спыняўся, быццам адпачываў. Ніхто яго не прысьпешваў.

    - Пяцьдзесят чатыры гады. Мог бы жыць і жыць. Га? - скончыў ён запытаньнем, павярнуўшы да Арцёма Іванавіча шабленосы твар.

    - Вядома, - пацьвердзіў Арцём Іванавіч.

    - Я якраз у порт свайго начальніка праз паўгадзіны вёз. Гляджу - аўтобус пусты, і “КАМаз” да яго рылам, і трубы - адным канцом на кабіне, другім - у аўтобусе. Кабіне таксама дасталося, верх прагняло, ну думаю, тут без крыві не абышлося... Я чаму ўсё да драбніц разгледзеў: “КАМаз” жа ўпоперак вуліцы стаў, аб’яжджаць прыйшлося, па тратуары. На самай малой... Думаю, прыйдзецца камусьці хаваць... Выйшла - мне... Дык вось, - неяк па-дзелавому прадоўжыў ён, - я старога свайго ў судовым моргу знайшоў. А якая, пытаесься, справа суду да яго была? Навошта было патрашыць чалавека, які проста сядзеў у аўтобусе, калі ў той уехалі трубы? Якое мае значэньне, падпіты ён быў ці цьвярозы, здаровы ці на вадзянку хварэў?

    - Чорт ведае што! - не стрымаўся Арцём Іванавіч, перабіў. - Няўжо, рэзалі? Гэта ж зьдзек!

    - Таму і лічу, што і Мікалая трэба там жа шукаць. Хоць нічым ёй і не вінават, цела ягонае ў спакоі не пакінуць.

    - Не вінаваты? Нічым? У якім сэнсе вы гэта? - Арцём Іванавіч паблажліва ўсьміхнуўся.

    - У самым звычайным.

    - Але ж Люба кажа, што ён хацеў яе забіць.

    - Ці мала што забойца скажа!

    - Але ж і суседзі...

    - Суседзі? А хто з іх бачыў?

    - Людзям трэба верыць...

    - А вы чаго? Можа, вы там былі?

    Арцём Іванавіч схамянуўся: і сапраўды, чаго гэта ён? Пакуль хадзілі да трунароў, у яго чамусьці вылецела з памяці, што гэты насаты хлопец быў побач, калі забівалі Міколу, Трэба яго распытаць, а не спрачацца.

    - Можа, скажаце, што і я з ім яе забіваць прыехаў? - закрычаў шафёр - Па шмуцьцё ягонае мы прыехалі, зразумела? Ён да мяне жыць перайшоў, я яго на кватэру ўзяў, зразумела? А шмуцьцё яго там заставалася, ясна? I мы паехалі.

    - Ну-ну, - падахвоціў Паваротнікаў. - Цікава, велміі цікава! І як гэта ўсё было?

    - А так! Пад’ехалі, Колька з кабіны скочыў. Я яму кажу: “Можа, дапамагчы?” А ён: “Ды што ты! Што там несьці!” Я сяджу, драмлю. Чую - у дзьверы пагрукаў. Адтуль - ні гуку. Ён тады ў акно. Чую: тук-тук... I раптам - бум! Потым зноў - бум!.. Падхапіўся, гляджу - Колька падае, падае, рукі на грудзі і падае, падае...

    - Як вы сказалі: толькі ён пастукаў у акно, і адразу - стрэлы? Адзін і другі? - падаўся да шабленосага Паваротнікаў.

    - Адразу! Тук-тук... Бум!.. Раз, два, тры... Бум!.. I гляджу - падае, падае, падае... Аж дагэтуль падае. Вочы заплюшчу - і падае, падае... А начальнік вярзе – п’яны...

    - Ага! - аж падскочыў Паваротнікаў, ладна прыклаўшыся галавой да нізкай столі. - Што я вам казаў? Не мог Мікалай на забойства пайсьці. Не мог! А яна - забойца! Самая сапраўдная, зламысная... I ніякіх зьмякчальных... Расстрэльваць такіх б...!

    - А Сыночак ты мой! - кінуўся да кабіны Манькін і ашчаперыў яе шырока раскінутымі рукамі. - Век цябе памятаць буду! Ты ж мне душу ўратаваў! А я ж, пень стары, ужо і паверыў, што гада выгадаваў. А не верылася ж ніяк! А дзетачкі ж вы мае!..

    *

    I ў судова-экспертнай трупярні іх чакала мала прыемная навіна: Мікалай сапраўды быў тут, але ў экспэртаў панядзелак быў выхадным днём. Гэта азначала, што целам забітага зоймуцца толькі заўтра, а даведку з трупярні выдадуць не раней дванаццатай - натуральна, таксама заўтра. Такім чынам, заўтра пасьля дванаццаці прыйдзецца рабіць усё - атрымаць пасьведчаньне ў ЗАГСе, здымаць мерку і купляць труну, апранаць нябожчыка і ў той жа дзень хаваць, бо гэта будзе ўжо чацьвёрты дзень, а хаваюць на трэці. Аблаялі дружна начальства, з якім не паспрачаесься, і дамовіліся сустрэцца ўсе заўтра ў тэатры а палове дзевятай. Паваротнікаў паабяцаў, што сёньня ж адпросіць Рамана ў загадчыка.

    Арцёма Іванавіча і Манькіна Раман падвёз да самага дома. Ішла ўжо другая гадзіна, час быў абедаць. Вера заўсёды абедала на рабоце, як увесь і ўсюды пэрсанал дзіцячых садоў; абед жа для мужа і дачкі яна гатавала раніцой ці надоечы, вечарам. Але ці пасьпела зрабіць яна гэта сёньня? - непакоіўся Арцём Іванавіч, надта ж яму не хацелася весьці госьця (хай сабе ён і не госьць) у сталоўку. Дый настрой у жонкі быў не такі, каб старацца.

    Але ўсё аказалася ў парадку: калі не пра мужа думала Вера, дык хоць пра дачку і госьця і нагатавала капусты. Каструля з ёю стаяла на пліце, яшчэ цёплая; на стале - пустая талерка з некалькімі скрылямі бульбы - вечная звычка Наташкі хоць што не даесьці, закормленае дзіця. Самой яе ў кватэры не было, пабегла, відаць, да сябровак. Сёньня яна хадзіла ў школу пасьля вакацый першы дзень: як там паставіліся, цікава, да такога спазьнення - аж на тыдзень?

    - Вось чорт. Хлеба няма, - агледзеў ён. - Вы, Захар Карпавіч, пасядзіце, а я схаджу.

    - Ды ўжо ж, дзетачкі мае! Я зьбегаю. Вы гаспадарце, кухарце, а хлеба ж, напэўна, і я патраплю! - неяк радасна запярэчыў, Манькін.

    - Добра, - згадзіўся Арцём Іванавіч і паказаў у акно кухні: - Магазын у нас там, бачыце? Вунь ён!

    - Ды ўжо ж, дзетачкі, не зблуджу, - адгукнуўся стары і борзда пабег з кватэры. Арцём Іванавіч уздыхнуў. Стары цешыўся з таго, што Міколу забілі нізавошта так, быццам сын устаў са стала судмедэкспэрту. Зразумела, зусім розныя пачуцьці, перажывае чалавек, калі загінуў ягоны сын, закрыўшы сабой камандзіра, ці расстраляны за злачынства, але Мікола памёр не геройскай сьмерцю, хай сабе і без віны. Да таго ж яшчэ і невядома, ці праўду расказваў гэты шабленосы. “Можа, скажаце, і я з ім яе забіваць прыехаў?” - кінуў ён. А чаму б і не? Кінуў убок, ні на кога не гледзячы, бы правяраючы, як на гэта адрэагуюць. А калі ўсё было так, як ён расказвае, то чаму міліцыі не дачакаўся? Не дачакаўся - факт, бо калі б дачакаўся, аўтобус яму адганяць міліцыя не дала б... Чаму ў тэатры аўтобус кінуў, уцёк ад вахцёра, ключа не здаў? Ці ж не падазрона ўсё гэта? З другога боку, міліцыя Любу адпусьціла. Значыць, былі ў яе да таго нейкія падставы?..

    Але пры Манькіну нічога з гэтага Арцём Іванавіч вырашыў не гаварыць. Акрыяў крыху дзед, ну і добра...

    Манькін, хоць і казаў “зьбегаю”, - хадзіў доўга, аж Арцём Іванавіч занепакоіўся. Грукнуў, нарэшце, дзьвярыма, - без званка - відаць, паставіў ідучы замок на сабачку, разуўся хуценька , ускочыў у кухню распараны, сунуў на стол левай рукою бохан, а правай пляшку з зырка-чырвонай малінай на этыкетцы. Літары на ёй стаялі нямецкія, але Арцём Іванавіч ведаў, што пляшка баўгарская.

    От жа, ешкіны вошкі, - гаварыў Манькін, - ледзь знайпоў! 'Гры магазіны абабег, добра, што да перапынку справіўся. Зачынялі ж ужо, на сілу разжаліў.

    - Вы так гэта любіце? - з пэўным зьдзіўленьнем спытаўся Арцём Іванавіч.

    - Хто ж яе, падлу, не любіць?

    - А мне здавалася, што на вёсцы такая штука не ў пашане.

    - Вой, не ў пашане! Ды апошнюю ж кашулю здымуць, асабліва цяпер, як змаганьне тое пайшло...

    Арцём Іванавіч зьдзіўляўся ўсё болей і болей:

    - Няўжо?

    - А іншыя - дык і штаны...

    - Ну, калі так, то мушу вас павіншаваць, раз у вас гэта лічыцца такой каштоўнасьцю... А ў нас дык яно часьцяком бывае, і ніхто з-за яго не душыцца. Ну, давайце буракі сёрбаць, а то астынуць.

    Манькін сеў, схапіўся за лыжку, тут жа кінуў:

    - А шкляначкі ў вас ці ёсьць?

    - Вядома, ёсьць. Але чай, думаю, будзем пасьля буракоў?

    - Чай, вядома, пачакае, а шкляначкі дайце-такі, га?

    Арцём Іванавіч паціснуў плячмі, дастаў з сэрванта дзьве шклянкі. Манькін сунуў галоўку пляшкі ў рот, спрытна садраў моцнымі яшчэ, відаць, зубамі мэталёвую покрыўку, наліў у абедзьве густую, цягучую вадкасьць, адну падсунуў Арцёму Іванавічу, другую падняў над сталом:

    - Ну, будзем жывы!

    1 - выпіў. Залпам. Арцём Іванавіч з цікавасьцю чакаў, што будзе далей. Твар у Манькіна зморшчыўся, вочы, прыжмураныя, пайшлі кудысьці ўглыб. Стары недаверліва прыслухаўся да сябе, аблізнуўся даўгім языком і хрыпата спытаў:

    - Што гэта?

    - Тут толькі Арцём Іванавіч зразумеў усё і лег на стол ад рогату:

    - Гэта ж малінавы сыроп!

    - Сыроп? А што гэта такое?

    - Ну, вада з цукрам ды трошкі эсэнцыі, каб пахла!

    - Воцату, ці што?

    - Чаму воцату? Тут жа сказана: малінавы. Значыць, такой эсэнцыі, што ў маліне...

    - А я ж, ёшкіны вошкі, ёлуп кабыліцкі, думаў, што гэта віно!

    Твар у яго баў такі, што было немагчыма зразумець, рагатаць зьбіраецца ён ці  румзаць. Арцём Іванавіч прымусіў сябе не сьмяяцца.

    - Усё сьпіртное ў нашым горадзе з лета па талёнах, і толькі ў спэцкрамах.

    - Дык вось чаму ніяк знайсьці не мог!

    - НІчога. Здаравейшыя будзем. Ешце буракі, Захар Карпавіч, а то зноў прыйдзецца грэць.

    Стары з сярдзітым шумам пачаў сёрбаць, але раптам паклаў лыжку:

    - А вы, дзетачкі мае, не падумалі часам, што Манькін - жлукта?

    - Падумаў, - усьміхаючыся прамовіў Арцём Іванавіч, - каб з такім носам - і не жлукта?

    Нос у Манькіна быў самы звычайны колерам і невялічкі.

    - Не, вы праўда не падумайце, - Манькін прыцягнуў руку да сэрца. - I ў маладыя гады не кляваў - не да таго было, а апошнім часам дык і зусім на яе пах забыўся... А як пачуў, што той Раман расказваў - гэта значыць, што і не думаў, значыць, Міколка... ну, самі ведаеце... бы другі раз на сьвет нарадзіўся, сьвята ў душы... - дай, думаю, сьвяткану крыху дый добрага чалавека, вас, гэта значыць, пачастую... Ён жа, Міколка мой, мне не абы-як дастаўся... Ён, калі ведаць, хочаце, і не сын мне...

    Нешта падобнае мроілася ўжо Арцёму Іванавічу і не засьпела зьнянацку:

    - Верце не верце, а я здагадваўся. Бо ён Сьцяпанавіч, а вы – Захар. А прозьвішча - адно. Пляменьнік, мабыць?

    - Брат.

    - Стрыечны?

    - Не. Родны.

    - Бацькі розныя?

    - I бацька адзін, і маці адна...

    - А як жа...

    - А вось так, дзетачкі мае. Бачу, дзіўна вам, тады раскажу... У бацькі майго ды маці яшчэ да вайны шасьцёра было. Ну, а вайна ўсчалася - бацьку мабілізаваць пасьпелі, пайшоў... Немцы прыйшлі... Ну, і я адзін застаўся, бо ў партызаны, значыць, зьбег... А астатніх - за мяне, значыць. Данёс Кузьма, каб яму на тым сьвеце кроўю ікалася. Усіх расстралялі і матку з імі, толькі жывая нейк засталася, уратавалі суседзі. А як вярнуліся нашы - я з партызанаў у армію, аж да самай Шпрэі дайшоў, а быў жа яшчэ хлапчанё, ну і пакінулі там служыць. У ГерманІІ, значыць.

    - Вы ешце, ешце, - нагадаў Арцём Іванавіч.

    - Ага, дзякую... Ну дык вось. Жыве, значыць, матка адна. Ну, і самі разумееце, як жыве і чым. Ад бацькі - нічога, чуткі ніякай. Ну, думае, палёг дзесь, на сваёй зямлі ці чужой - і костачак не знойдзеш. Адна спадзея ў яе - што я вярнуся. А мне - служыць і служыць!.. Тады ж не так, як цяпер, служылі. Аж раптам - бацька...

    - Сцалеў? - выдыхнуў Арцём Іванавіч, захоплены апавяданьнем.

    - Праз дзесяць сьмерцяў прайшоў - і выжыў! Без рукі і нагі - а прыйшоў! I такая, відаць, прага жыцьця абаіх паліла, што... Ну, адным словам, тут Міколка і паявіўся. Ды ніхто таму не парадаваўся, не было каму: бацька ад ран памёр за два дні, як ён нарадзіўся, а матка - за бацькам. Людзі гавораць - ад позьніх родаў, маўляў, а я мяркую - таму памерла яна, што бацька памёр.

    Манькін утаропіўся ў талерку, памаўчаў, зноў падняў галаву:

    - Застаўся Міколка адзін, яшчэ і цыцку не пасмактаўшы. Можа, здаў бы яго куды сельсавет, ды дзеўка-суседка ўзяла. У гадах ужо была, замуж не спадзявалася... За каго было пасьля вайны ісьці векавусе? I на маладых жаніхоў не хапала... Думае - хоць дзіця будзе. Ну і гадавала. Як я з войска вярнуўся, Міколку ўжо два было. Паглядзеў, падумаў... Дзевак вакол - як бярэзьніку. А братка мой? Што з ім рабіць? Маткай заве, што ж я яго, адбяру? Э, дзетачкі мае, доўга казаць... А калі нядоўга - ажаніўся, значыць, з Нюркаю той, хоць і была старэйшай на пяць гадоў. Так і стаў Міколка ў мяне старэйшым сынам...

    - А свае дзеці ў вас ёсьць? - асьцярожна пацікавіўся Арцём Іванавіч.

    - А як жа! Вуй, колькі іх! Гэтае самае, дзетачкі мае, робіцца бордзда, толькі пух ляціць...

    Арцём Іванавіч засьмяяўся.

    Стары адчуў, што ляпнуў лішняга, і сумеўся.

    - Я усё ж такі не разумею: чаму Мікола - Сьцяпанавіч? Калі ён брат вам, то павінна быць Карпавіч, а калі вы яго ўсынавілі - Захаравіч.

    - Гэта ўсё злыдзень Кузьма, сакратар сельсавецкі тагачасны! Пайшла Нюрка хлопца запісваць, а ён: гэта ты кажаш, Карпа Манькінага сын? Брэшаш, кажа, гэта сын Сьцяпана кульгавага, ён яшчэ ў акупацыю да нябожчыцы Мар’і падкочваўся, я гэта ведаю. Бо калі ён Карпаў сын, то чаму цыганісты? Ну і запісаў Сьцяпанавіч, быццам матка мая з кавалём Сьцяпанам блудзіла.

    - Няўжо такое магчыма? - вырвалася ў Арцёма Іванавіча. - Гэта ж зьдзек з памяці людзей!

    - Вой, яшчэ і не такое магчыма. Той сакратар, напрыклад, дзецям, што без бацькі нарадзіліся, ну, у мацярок-адзіночак, не вотчаства, а матчыства запісваў, гэта значыць, не па бацьку імя, а па маці. Ганна Марфаўна, Пётр Пёклавіч і ўсякае такое. Так і ходзяць людзі з матчыствамі тымі аж да гэтага часу.

    - Чорт ведае што, - прамармытаў Арцём Іванавіч.

    - Так і з Міколкам пасьмяяўся. Каб хоць матка жывая была, той бы нумар у яго не прайшоў, а Нюрцы якая розьніца была, як яе прыёмнае дзіця па бацьку звацца будзе? Добра матчыства не ўпісаў... I за тое дзякуй. А я вам так скажу: што Міколка на цыгана падобны, вы пра маю матку благога не думайце. Тут цыган Сьцяпан ні пры чым.  У нас у саміх прабабка цыганка была, нарадзіла дзеда, кінула прадзеду ды ў табар зноў... А калі як сьлед прыглядзіцеся, то і ўва мне што-небудзь цыганскае знойдзеце. Таму брацікаў і сястрычак маіх усіх немцы і расстралялі - яны ж цыганоў па ўсёй Эўропе вынішчалі.

    - Вы ж казалі, за тое, што вы ў партызыны пайшлі?

    - Дык жа ў нас палова вёскі партызаніла. А малых не ў кожным двары забівалі. А тут бачуць: цыганы - ды яшчэ адзін у партызанах. Дый бацька на фронце.

    Арцём Іванавіч згадна кіўнуў: яму даводзілася чытаць, што цыганоў гітлераўцы вынішчалі з такой жа заядласьцю, як і габрэяў.

    - А чаму вы дакумэнты не выправілі Міколе пасьля? Як пашпарт атрымліваў?

    - Вой, дзетачкі мае, ці ж так гэта проста? Сунуўся быў, ды куды там! Што напісана, як той казаў, пяром... Пяро нарыпела - а чалавека бацькавага імя пазбавілі. А бацька, дзетачкі мае, не апошні ж быў чалавек... Брыгадзірыў нават...

    - А Мікола ведаў, што вы яму не бацька, а брат?

    - А як жа! Што ж тут хаваць? Ведаў... Ну, але да мяне заўсёды, як да бацькі... Тут і Нюра вінавата: сынку яму ды сынку... А калі ён ёй сын, то як жа мне, ягонаму мужу, братам будзе?

    Вытлумачыўшы гэтае галаваломнае становішча, Манькін аж выцер лоб.

    - Добра. Вып’ем чаю ды адпачнем. Нешта я стаміўся вельмі. Быццам пешкі кілямэтраў дваццаць прайшоў. Вочы зьліпаюцца, - прызнаўся Арцём Іванавіч.

    - I я стаміўся. Сам не ведаю, ад чаго, - яўна зьдзіўляючыся самім сабой, сказаў Манькін.

    - З вамі болей-меней зразумела. Вы яшчэ і акліматызавацца не пасьпелі. Шэсьць гадзін розьніцы - не жарты. А вось я...

    Але адпачыць Арцёму Іванавічу не ўдалося. Зазваніў тэлефон.

    - Ну як, пахавалі свайго знаёмага? - спытала трубка голасам дырэктара.

    Не, Міхал Парамонавіч. Заўтра прыйдзецца хаваць. Трупярня не выдае цела, - вінавата сказаў Арцём Іванавіч.

    - Н-на... Вымушаны, Арцём Іванавіч, расчараваць вас. Удзельнічаць у заўтрашнім пахаваньні вам не ўдасца.

    - Але ж, Міхал Парамонавіч... Вы ж адпусьцілі! Я ж вам сказаў, адраблю!

    - На жаль, на жаль... Вымушаны браць свой дазвол назад. Спадзяюся да вас дайшлі чуткі, што да нашага горада ідзе чыгунка?

    - Дайшлі, вядома.

    - Дык вось. Заўтра будзе завершаны маставы пераход праз раку Кунерму. На ўрачыстасьці будуць прадстаўнікі ўсіх гарадзкіх арганізацый. Сам ІльляІльліч... Разумееце?

    - Пакуль што не вельмі.

    - Няўжо вы лічыце, што гэтая падзея можа адбыцца без прадстаўніка музэя?

    - Не лічу... Але ж вы самі, Міхал Парамонавіч, ляціце?

    - Што ж я, сам, па-вашаму, павінен дамаўляцца з фатографамі, зьбіраць экспанаты? Па-мойму, гэта прамы абавязак загадчыка аддзела савецкага пэрыяду?. Ці вы супраць?

    - Не супраць, Міхал Парамонавіч, але ж... Няўжо нельга паслаць каго іншага?

    - Каго? Мо, цяжарную Іванаву? Ці, можа, Кацман, у якой хварэе дзіця?

    - Але ж, Міхал Парамонавіч, як жа я кіну... Разумееце, гэта ж надзвычай няёмка! Разумееце, нябожчыка практычна няма каму хаваць!

    - НІчога. Будзе каму хаваць. Не маніце. Цэлы тэатар займаецца ім. I бацька прыехаў. Пахаваюць. I так замнога гонару для чалавека, які мерыўся забіць уласную жонку.

    “Адкуль ён усё гэта ведае? Спэцыяльна разьнюхваў? Нішто сабе”, - думаў Арцём Іванавіч, адчуваючы, як мярцьвее душа.

    I нічога няёмкага не бачу. Вы не радня, проста знаёмы. Што ж такога, калі вас не будзе? Вытворчая неабходнасьць. Ні брат, ні сват. Калі я з-за падобных хаўтур буду рабочыя дні прапускаць, дык мяне зусім на службе не будзе.

    - Пашкадуйце, Міхал Парамонавіч... Не магу я ехаць!

    - Ах, не можаце? Сумленьне не дазваляе? А па-мойму, вы проста працаваць не жадаеце. І ўсяляк шукаеце прычын, каб не працаваць... У суботу адпрасіліся, каб жонку сустрэць? А самалёт прыляцеў увечары, і вы яго не сустрэлі.

    “I гэта ведае”, - пазелянела ўваччу ў Арцёма Іванавіча.

    - Сёння на працу не выйшлі і заўтра не зьбіраецеся... Як гэта ўсё разумець?

    - Разумейце, як хочаце... Не магу!

    - Значыць, такія у вашы адносіны да найважнейшай гістарычнай падзеі апошняй пяцігодкі? З агнём жартуеце, Арцём Іванавіч... Увогуле, так: калі вы праз дваццаць мінут не будзеце тут, цалкам гатовы да вылету на Кунерму, то ўжо праз паўгадзіны замест загада аб камандзіроўцы вас будзе чакаць загад аб звальненьні.

    Пачуўся грукат - дырэктар кінуў трубку. Арцём Іванавіч з журбой паглядзеў на сваю, у якой па-камарынаму нылі кароткія гудкі. Дырэктар меў рацыю, трэба было ляцець: такую буйную падзею, як пераход Кунермы, музэй прапусьціць не мог. У такія ўрачыстыя моманты экспанатаў бывае моц, а потым - дзе іх возьмеш? На сьметніках будзеш капацца? Прамы абавязак... Прафсаюз ні ў якой інстанцыі не абароніць...

    - “Але гэтага я яму ніколі не забуду”, - помсьліва падумаў Арцём Іванавіч (хоць і не ўяўляў, чым зможа адплаціць) і набраў нумар жонкі.

    - Гэта я. Вера, мяне ў камандзіроўку пасылаюць. Зараз жа павінен ісьці.

    Жонку трохі памаўчала, абдумваючы навіну.

    - А пахавалі?

    - Заўтра.

    - I ты едзеш?

    - Што ж тут зробіш? Гразіцца звольніць.

    - А ты і рады? Ну што ж. Радуйся. Пакідаеш на мяне свайго старога?

    - Ён такі ж мой, як і твой.

    - Вось-вось. I мой. Думаю, што ён яшчэ для сяго-таго можа прыдасца...

    - Вера, ну што ты вярзеш.

    - А ты? То далдоніў: “Мой абавязак... Мой абавязак...” А цяпер усё на мяне кідаеш?

    - Ды што я кідаю? Паваротнікаў усё зробіць. У яго ж цэлы тэатар... – сказаў Арцём Iванавіч ледзь не словамі дырэктара. - А ты... калі можаш ... зрабі памінкі. Сьціплыя хаця б... Ну, яду! Віна мужыкі, вядома, самі знойдуць...

    I зноў кароткія гудкі - сёньня з Арцёмам Іванавічам перапынялі гутарку не разьвітваючыся.

    Але гэта было не самае непрыемнае. Самае непрыемнае насоўвалася, як ноч без месяца. Што сказаць Манькіну?

    “Хоць грошай даць”, - бы за саломінку хапіўся. Дастаў з кішэні партманэ. Адлічыў сто. Потым яшчэ пяцьдзесят...

    Але што сказаць? Што сказаць? Як глядзець у вочы?

    I Паваротнікаў... Што таму сказаць, калі сутыкне лёс?

    Пазваніць у тэатар немагчыма - там тэлефон не працуе. Зайсьці - не стае часу... Чорт ведае што!

                                         ЖАНЧЫНА ЖАНЧЫНУ ЗАЎЖДЫ ПАШКАДУЕ

    Такіх шыкоўных камандзіровак у жыцьці Арцема Іванавіча яшчэ не было. Дасягшы подбегам свайго музея, ён убачыў, што ягоны дырэктар ужо сядзіць ля ганку ў незнаёмай чорнай машыне і сярдзіта заве яго да сябе рукой. Арцём Іванавіч гопнуўся на цалкам пустое задняе сядзеньне - машына ірванула з месца і панеслася, як ураган, у аэрапорт. Разам з даволі вялікім тлумам людзей Арцём Іванавіч браў білет і афармляў у тым самым пакоі парта, аб існаваньні якога толькі чуў. Тут былі і дываны, і трумо, і нават куток для такіх патрэб, па якія звычайныя пасажыры зімой і летам, у любы мароз і любую сьпёку, па адным і з дзецьмі бегалі у драўляны “палац” праз усю прывакзальную плошчу. У Кунерме ледзь не да самага трапа падалі аўтобус і павезьлі - не, не ў райцэнтар, а кудысьці ў тайгу, дзе праз пяток кілямэтраў адкрылася паляна з двухпавярховым церамам. У цераме заначавалі. Тут таксама было поўна дываноў, і трумо; у нумары, куды пасялілі Арцёма Іванавіча разам з трыма спадарожнікамі, сьвяціўся каляровы тэлевізар і час ад часу сьцішана вукатаў халадзільнік; Арцём Іванавіч падумаў быў , што яго прынялі за кагосьці іншага, раз пасялілі ў такі нумар; але тут дырэктар выклікаў яго па тэлефоне для ўдакладненьня праграмы іх сумесных дзеяньняў, і Арцём Іванавіч зразумеў, што памылкі няма, і яго разьмясьцілі згодна з ягоным грамадзкім статутам, бо дырэктар аказаўся зусім адзін у засьцеленым паласам люксе, дзе быў не толькі куток, пра які марыць любы падарожны на поўначы, але і ванная. Раніцой наступнага дня той жа аўтобус пад’ехаў да церама і павёз усіх на мост. Урачыстасьць цягнулася ледзь не да вечара; банкету, згодна з новымі павевамі, не было затое далі вялікі канцэрт - толькі цяпер Арцём Іванавіч разгледзеў, што большасьць людзей, з якімі ён ляцеў, былі музыкантамі, сьпевакамі, чытальнікамі і нават быў ілюзіяніст, што ўхітраўся расьпілоўваць і тут жа злучаць у маналіт нібыта чыгуначную рэйку. Зрэшты, канцэрту Арцём Іванавіч амаль не бачыў, скіраваны на збор экспанатаў, затое сабраў іх дастаткова, можа, нават, і лішняга: напхаў вялізны партфэль, а кавалак сапраўднай, без усялякіх ілюзій рэйкі прыйшлося перавязаць аборкай і несці проста так. Згінаючыся пад цяжарам гэтай рэйкі,Арцём Іванавіч радаваўся, што цяпер дырэктар ужо не знойдзе, да чаго прычапіцца. Пасьля сытнай вячэры высокіх гасьцей павезьлі ў аэрапорт; Арцём Іванавіч думаў ужо, што яшчэ сёньня будзе дома і варажыў, пахавалі ці не пахавалі, добра, каб не, тады яго сумленьне засталося б чыстым... Надзею гэтую перакрэсьліў дождж. Ён лінуў такі ярасны, такі люты, што невялічкая плошча перад аэрапортам за хвіліну якую ператварылася ў возера; прыйшлося жанчын пераносіць з аўтобуса ў аэрапорт; зрэшты, Арцём Іванавіч у гэтым не ўдзельнічаў, ён пераносіў партфэль і рэйку. У раённым аэрапорце такога пакоя з дыванамі, як у абласным, відаць, не мелася, бо амаль усім прыйшлося ісьці ў вільготную і брудную залю чаканьня; але не прайшло і паўгадзіны, як усіх зноў пагрузілі ў аўтобус і павезьлі ў церам, - аказалася, што ўсе рэйсы касуюцца на суткі. Сапсаваны ў шмат каго настрой хутка падняўся на некалькі градусаў, як толькі хтосьці агледзеў, што ў халадзільніках паявілася па тузіну піва - адзінага, што не падпала пад новыя павевы. Арцём Іванавіч таксама выцадзіў пляшку, ад чаго журба, што ўвесь час штурхалася недзе пад сэрцам, як дзіця ў цяжарнай жанчыны, зьнікла невядома куды, быццам растала ў тым непадуладным павевам пойлу. А назаўтра сонца заззяла, як у чэрвені, усе падхапіліся - ляцім! - ля ганку сыгналіў аўтобус. Але аўтобус павёз не ў аэрапорт - наадварот, у зусім глухую тайгу, дзе аж да вечара гулялі ў валейбол, зьбіралі грыбы і ягады, лавілі харыюсаў у жвавай рачулцы, між усімі гэтымі справамі аддаючы належнае і вышэй памянёнаму пітву. А было яго столькі, што Арцём Іванавіч нават пашкадаваў, што ніколі ім не захапляўся. Асьцярожна пацікавіўшыся, чым выкліканы гэты дзень адпачынку, надвор’е ж цудоўнае, а чаму не ляцім? - ён даведаўся, што цяпер яно нялётнае ў гсрадзе. І не хацеў бы, ды не змог Арцём Іванавіч не параўноўваць гэтай паездкі з ранейшымі камандзіроўкамі ў Кунерму, калі начаваў у раённай гасьцініцы, падобнай да стайні, а еў у раённым рэстаране, дзе не толькі ежа - здавалася, і сама лыжка ставала ўпоперак горла. I ўсё было б добра, калі б не тое, што засталося ў горадзе і яшчэ чакала яго там...

    Клопат пра экспанаты, і той не займаў галавы да такой ступені, каб забыцца пра тое. I гледзячы, як Ільля Ільліч разраджае стужку спэцыяльнымі агромністымі нажніцамі, а спэцкар абласнога органа выгінаецца ў інтэграл, каб начальства лепш выйшла на здымку, Арцём Іванавіч раптам падумаў, што ў той час, калі ў краіне, дый на плянэце ў цэлым адбываецца штосьці значнае, гучнае, гістарычнае, - у гэты самы час тысячы, а то і мільёны мужоў і жонак сварацца з-за запозна прыгатаванай вячэры, погляда, кінутага на іншую ці на іншага, несупадзеньня начных жаданьняў... Добра, калі яшчэ толькі сварацца, а то і кідаюцца талеркамі, пляскаюць па шчацэ і хапаюцца за стрэльбу... I што з гэтым зробіш, што можна з гэтым зрабіць?..

    Увечары зноў набегла хмара, зноў захвастаў вадаспад, і з аэрапорта зноў вярнуліся ў церам... І Арцёму Іванавічу пачало здавацца, што ён навек застанецца ў гэтым казачным дамку, дзе не трэба ні правошта дбаць. Але раніцой казка скончылася. Ды яшчэ ў дадатак на рэгістрацыі прыгажуня ў блакітным жандарскім мундзіры прыдралася да рэйкі, Аказалася, экспанат важыць аж цэлых трыццаць кіло; разам з партфэлем гэта складала сорак; такім чынам, Арцём Іванавіч павінен быў даплаціць за дваццаць кіляграмаў, але такіх грошай у яго не было, а дарэктар, як на зло, ужо даўно прайшоў рэгістрацыю і зьнік у пакоі, што меў немілагучную назву накапляльнік. Арцём Іванавіч спрабаваў даводзіць, што рэйка - не яго ўласнасьць, што вязе яе не для таго, каб аздобіць кватэру, але жандарка стаяла на сваім. Прыйшлося з дапамогаю тых, хто, адсунуўшы Арцёма Іванавіча з чаргі, ішоў у накапляльнік, выклікаць дырэктара, які заплаціў за рэйку, але пры гэтым зьмераў Арцёма Іванавіча такім позіркам, што той зарокся надалей зьбіраць падобныя экспанаты.

    У самалёце Арцёму Іванавічу прысьнілася лухта, быццам дырэктар загадвае яму пакрыць рэйку алюмініевай фарбай — тады, дадаў дырэктар, кожны адразу будзе бачыць, што гэта сапраўды “сярэбранае” зьвяно. На гэта Арцём Іванавіч запярэчыў, што гэта будзе ўжо не гісторыя, а бутафорыя, бо каму ж не вядома, што і “сярэбранае”, і “залатое” зьвяно - на самой справе звычайнае, стальное, бо і не вытрымае срэбра і злота вагі цягніка, ды і адкуль яго столькі набраць, золата і срэбра, каб шпурляць цягнікам пад колы?! “Ах, так? - разьюшыўся дырэктар. - Значыць, вы лічыце, што я ні бум-бум у музэйнай справе?” “Што вы, што вы! – спалохаўся Арцём Іванавіч. - Нічога я не лічу!” “Не ўжо, галубок, не апраўдаецеся. Загадваю здаць рэйку і справы!” Такі вось дзіўны сон. Але яшчэ дзіўнейшае адбылося, калі Арцём Іванавіч разлупіў вочы. “А дзе рэйка?” - занепакоена сказаў дырэктар, што сядзеў побач. “У багажніку”, - паціснуў плячмі Арцём Іванавіч. “Не забудзьцеся на яе!” “Што вы. Я яе цяпер павек не забуду”, - паабяцаў Арцём Іванавіч. “Трэба пакрыць яе алюмініевай фарбай, - глыбакадумна прамовіў дырэктар. - Адразу кожны наведвальнік будзе бачыць, што гэта - срэбранае зьвяно”. Тут Арцёма Іванавіча апанаваў такі рогат, што ледзь не парваў рамяні, якімі быў прывязаны да крэсла. “Зараз жа супыніцеся - шыпеў на вуха дырэктар, а Арцём Іванавіч як раз і не мог супыніцца, яго аж калаціла...

    На прывакзальнай плошчы дырэктару падалі тую самую чорную машыну, якая тры дні таму прывезла абодвух у аэрапорт; дырэктар сеў і паехаў, нават не азірнуўшыся на Арцёма Іванавіча, што прыніжана тупаў за ім ад самалёта са сваёй ідыёцкай рэйкай. Прыйшлося лезьці з ёй у пад завязку напханы аўтобус. Што пачуў ён ад тых, каго датыкаўся ёю - лепей не паўтараць... Уздыхнуў з палёгкай толькі тады, як прабіўся ў самы зад і паставіў злашчасны свой экспанат старчма. Каб трымаць яго абедзьвюма рукамі, партфэль, зусім яшчэ новы, прыйшлося кінуць пад ногі, дзе кожны момант на яго мог хто-небудзь наступіць. “Чорт ведае што”, - паўтараў бядак усю дарогу да цэнтру.

    Сяк-так даклыпаўшы да свайго закутка, адгароджанага ад залі аддзела фанэрай, Арцём Іванавіч грымнуў на падлогу каштоўны трафэй, шпурнуў у кут партфэль, упаў у зьнямозе на крэсла і задумаўся. Пакуты цела паступова зьнікалі і забываліся, і на іх месца набягалі пакуты духу. А ці маральна гэта было - сьмяяцца з чалавека, які хацеў зрабіць як найлепш? Хай сабе ён і сапраўды ні бум-бум у музэйнай справе, але ж сьмяяцца з чалавека - адкрыта, прынародна, можна сказаць... Вядома, сон дурны вінаваты, але ж Міхал Парамонавіч не бачыў твайго сну... Відаць, трэба прасіць прабачэньня і неяк тлумачыць. Вось толькі зараз жа ці счакаць, калі начальнік астыне? Лепш пачакаць, а пакуль - скласьці пералік прывезеных экспанатаў. З пералікам і пайсьці...

    Ён дастаў з шуфляды чысты ліст, напісаў уверсе “Пералік” і сам зьдзівіўся з таго, што напісаў: “П” тырчала з радка, як вілачнік са стога, рэштка літар гдядзела ў розныя бакі, адварочвалася адна ад адной, бы кожная зрабіла суседцы нейкую непрыемнасьць Дзе ж яго настаўніцкі, можна сказаць, каліграфічны почырк, якім ён здаўна паціху ганарыўся? Відаць, праклятае жалеза, якое нёс амаль увесь час правай рукой, давалася ў знакі. Арцём Іванавіч закрэсьліў накрамзоленае слова, хацеў пісаць нанова пад ім; схамянуўшыся, выхапіў новы аркуш...

    I тут прыйшла трывожная думка, што ўсё гэта лухта, што і пералік і прабачэньні перад дырэктарам пачакаюць, а ў яго ёсьць куды важнейшы клопат, і абсалютна незразумела, чаму ён вылецеў з галавы. Трэба зьвязацца з Паваротнікавым і высьветліць, ці пахавалі, а калі пахавалі, то ці не трэба яшчэ што-небудзь зрабіць; трэба паклапаціцца пра зваротны білет для Манькіна. Вельмі няпростая гэта справа - узяць білет да Масквы, можа, - прыйдзецца стукацца у розныя дзьверы па бронь... А калі стары думае ляцець? Арцём Іванавіч усё яшчэ непаслухмянай рукой набраў нумар уласнай кватэры. Там трубку не паднялі. Зразумела, жонка ў дзіцячым садзе, дачка яшчэ не прыйшла са школы, а Манькін? Дзе Манькін? Прайсьціся пайшоў ці сьпіць? Ён даў у сваю кватэру яшчэ некалькі званкоў. “Няма дома”, - вырашыў ён.

    Паваротнікаў... Яму і званіць бескарысна, тэлефон адзіны на ўвесь тэатар, да і той не працуе. А можа,  адрамантавалі? Па 0-9 спытаў нумар тэатра, набраў яго... У вуха ўдарылі частыя гудкі. Арцём Іванавіч узрадаваўся: раз тэлефон заняты, значыць, па ім размаўляюць, працуе! - але колькі пасьля гэтага ён ні спрабаваў прабіцца, чуў адны бясконцыя кароткія гудкі. Урэшце, махнуў рукой: не працуе. Тэатар не бюро даведак, каб быць вечна занятым.

    За ўсім гэтым наблізіўся час абедзеннага перапынку. Рызыкуючы зноў нарвацца на праборку, калі заўважыць дырэктар, выйшаў з музэя без дзесяці. Шпаркім крокам адолеўшы кілямэтар, што аддзяляў дзьверы музэя ад дзьвярэй кватэры, разгублена агледзеў, што ў кішэні няма ключа: выпраўляючыся ў камандзіроўку, зьмяніў штаны, а ключ за пасьпехам не пераклаў. НекалькІ разоў націснуў кнопку званка, але за дзьвярыма нічога не прашамацела. Мінуты дзьве ўзіраўся ў пашарпаны дэрматын, з раздражненьнем думаючы, што яго даўно пара б замяніць, але дзе ўзяць. Вядома, у Наташкі павінны хутка скончыцца ўрокі, але ж яна можа затрымацца ў школе і пасьля іх. Затрымацца ненадоўга, на паўгадзіны, але ж перапынак такі кароткі. I куды падзеўся Манькін? Арцём Іванавіч перабраў у памяці сталоўкі, якія бліжэй; усе яны былі не так блізка. Страціў ледзь не чвэрць гадзіны, каб дабегчы да адной - і на табе: аказалася, што яна і не існуе. Толькі дым курэў над рэшткамі драўлянай будыніны, якія нетаропка зграбаў у адну брудную кучу бульдозэр. Стала ясна, што калі бегчы ў іншую, то тады за перапынак не пасьпееш у тэатар; трэба было выбіраць. Арцём Іванавіч плюнуў на абед і паімчаўся да тэатра - вахцёра на месцы не аказалася, паклікаць Паваротнікава не было каму. Адважыўся, пайшоў шукаць сам - кабінэт дырэктара быў зачынены, людзей у калідорах не мільгала... А перапынак зусім ужо канчаўся, і Арцём Іванавіч, добра разумеючы, што менавіта сёньня, пасьля недарэчнага сьмеху ў самалёце, спазьняцца ніяк нельга, панёсься ў музэй.

    I добра зрабіў: толькі ён апусьціўся, яшчэ сапучы, на расхістанае сваё крэсла, як зазваніў тэлефон.

    - Таварыш Дабрэнька?

    - Я.

    - Калі ж, нарэшце, перада мной будзе пералік прывезеных экспанатаў. Ці іх не будзем ставіць на ўлік?

    Адказу дырэктар не стаў чакаць, бразнуў трубку. Не астыў, значыць, яшчэ! Здорава напаліўся. Арцём Іванавіч, прапусьціўшы сёе-тое, маланкава склаў пералік і пабег у двор - дырэкцыя месьцілася ў суседнім флігелю. Новы дырэктар быў ні бум-бум у музэйнай справе, затое гаспадар быў хвацкі - за якіх там два гады адваяваў флігель у нейкага электрычнага ўпраўленьня, панастаўляў ва ўсіх закутках тэлефонаў - вунь, у тэатры на ўсіх адзін...

    Дырэктар, як і шмат дзе, узвышаўся на чале некалькіх сталоў, пастаўленых у выглядзе літары “Т”. Насупроць яго сядзела жанчына, якая, відаць, толькі што ўвайшла і села, бо яшчэ папраўляла пышныя цёмныя валасы. Дырэктар тыцнуў пальцам Арцёму Іванавічу, каб сеў ля дзьвярэй. Рух жанчыны і яе постаць падаліся Арцёму Іванавічу знаёмымі, хаця ён мог бы паклясьціся, што яна не працуе ў музэі.

    - Дык я вас слухаю, Любоў Піліпаўна, - нязвыкла лагодным голасам прабуркаваў дырэктар.

    “Любоў Піліпаўна? Акурат як Люба. Божухна... Дык гэта ж яна! - сэрца ў Арцёма Іванавіча затахкала, I ён ажно прыўзняўся з крэсла. - Яна, яна! Але чаго яна тут?”

    - Кіраўніцтва нашага ўпраўленьня, Міхал Парамонавіч, зьвярнула ўвагу на тое, што калектыў вашай установы даволі слаба ахоплены сучаснымі відамі дзяржаўнага страхаваньня, - прыблізна такім жа голасам прабуркавала Люба. - Ранейшы агент, што днямі пайшоў на пэнсію, недастаткова працаваў па ўцягваньні вашых супрацоўнікаў у гэтую важную дзяржаўную справу...

    Яна гаварыла так, нібыта за гэтымі сухімі, казённымі словамі хаваўся нейкі іншы, вельмі прыемны для дырэктара сэнс, а той, здавалася, аж крактаў ад задавальненьня.

    - Нават па страхаваньні маёмасьці, і тое рабілася далёка не ўсё, што трэба. Заключаліся дагаворы толькі на страхаваньне дач, а на асабістыя аўтамашыны зусім не зьвярталася ўвагі. А машын у працаўнікоў музэя аж восем...

    - Няўжо восем? I не падумаў бы, - па-хлапечаму зьдзівіўся дырэктар. У нас жа у большаю часткай жанчыны.

    - Некаторыя з вашых жанчын, Міхал Парамонавіч, самі водзяць “жыгулі”... Страхаваннем ад няшчасных выпадкаў ахоплены ўсяго адзін чалавек. Зусім нічога не зроблена па страхаваньні дзяцей, не выкарыстоўваецца такая цікавая форма, як страхаваньне да шлюбу...

    - Ая-яй! - нібыта жахнуўся дырэктар. - Дык нас жа за гэта пад суд!

    - Пад суд, дарагі Міхал Парамонавіч, у такім выпадку і нас. Гэта недагляд агульны, і ваш, і наш...

    - Ну, вядома ж. Калі за справу адказвае чалавек, які адной нагой на пэнсіі, справа не можа не кульгаць. Але ж і мы... малайцы!

    - Дык давайце ж сумесна і выпраўляць становішча.

    “Што гэта яна? Фліртуе, ці што?” - неўразуменна думаў Арцём Іванавіч, сочачы за тым, як Люба то расшпільвае гузікі плашча, то захінае яго, то ўмільна глядзіць у вочы дырэктару, то задзірае галаву, каб была відаць лебядзіная шыя.

    - Вам няблага было б для пачатку пазнаёміцца з калектывам. А пасьля зноў зойдзеце да мяне. Памазгуем разам, што можна зрабіць, абмяркуем уражаньні вашы, - Арцёму Іванавічу здалося, што дырэктар млее. - Арцём Іванавіч! Праводзьце нашу госьцю. Пакажыце залі, з людзьмі зьвядзіце. А агульную структуру музэя я вам сам растлумачу... Пасьля, так сказаць, экскурсіі...

    - “А чаму не цяпер? Ну і ну. Бач, як хочацца, каб яшчэ зайшла!” - зразумеў Арцём Іванавіч.

    Люба ўстала, і з цікавасьцю, нібыта павек не былі знаёмыя, павярнула на Арцёма Іванавіча. “Пасьпела падрыхтавацца. Вось і добра. Не ставала мне яшчэ рэўнасьці гэтага жарэбчыка”.

    - А пералік? - нагадаў Арцём Іванавіч.

    - Пакіньце.

    Арцём Іванавіч прапусьціў, як прынята, жанчыну ўперад. Яна магла яшчэ падабацца, асабліва такім, старэйшым гадоў на дзесяць. У чырвонай блузцы пад чыста белым, колеру духмянага тытунцу плашчы, што так выразна падкрэсьлівалі смугласьць шчок і цемнату валасоў, яна здавалася зусім дзяўчынай, калі не ўглядвацца ў твар. Але ў Арцёму Іванавічу яна выклікала цяпер не ранейшае захапленьне, а глухое раздражненьне. I чырвоныя рукавы блюзкі, што выглядвалі з-пад рукавоў плашча, і сам гэты сьвяточны плашч, і валасы, відавочна толькі што памытыя, пушыстыя, быццам пушчаныя па ветры - усё гэта не вабіла, як калісьці, а адштурхвала ад сябе.

    - Што ж ты маўчыш? - не вытрывала яна, калі ўжо выйшлі з флігеля.

    - Гаварыць, па-мойму, ты павінна.

    - Я цяпер толькі адказваю на пытаньні. А ты іх не задаеш.

    - Ну што ж, магу і спытаць. Значыць, зьбіраесься страхаваць жыцьцё?

    - Асуджаеш? Эх, ты... А я думала, хоць ты мяне зразумееш... Спэцыяльна ў музэй напрасілася, каб іншы раз сустрэцца з табой...

    - Навошта? - паціснуў плячмі Арцём Іванавіч.

    - Навошта? Сама не ведаю. НІчога не ведаю. Жыцьцё спачатку... Зноў - вольны казак... Ці свабода, ці адзінота... Нічога не ведаю...

    I ізноў, як у кабінэце дырэктара, сэнс яе слоў - адчайных, здавалася б, і трагічных - не нітаваўся з тонам, якім іх вымавілі: гульлівым, зазыўным; штосьці ён абяцаў Арцёму Іванавічу і намякаў на штосьці. I хто ведае, што адчуў бы Арцём Іванавіч, калі б ужо не чуў амаль тое ж самае, седзячы за яе плячмі ў дырэктарскім кабінэце.

    - Значыць, ты думаеш толькі пра сябе, - сказаў, як сабе – адзначыў ён. Так сказаў бы ў думках: “Значыць, яна думае толькі пра сябе...” - Пра Міколу не думаеш.

    - Не думаю? Чаму ж? - запярэчыла яна. - Думаю... Мы з Лёдзяй і паміначкі ўчынілі... Суседак яшчэ паклікалі...

    У Арцёма Іванавіча бровы папаўзьлі ўгору - ён ніяк не мог скеміць, як аднесьціся да таго, што забойца ўчыняе памінкі па забітаму ўласнымі рукамі.

    - Апранута не па-удавінаму, - дадаў ён, круцячы ў галаве і сяк, і так гэтыя незвычайныя памінкі.

    - А што ж мне, па службовых справах у жалобным хадзіць? - з надрывам, ледзь не крыкнула Люба. Арцём Іванавіч змоўчаў. Якраз у гэты., момант яны падышлі да дзьвярэй музэя, і ён зноў прапусьціў яе ўперад.

    Як і ўсюды ў тутэйшых халодных мясьцінах, дзьверы ў музэй былі не адны - паміж зьнешнімі і ўнутранымі меўся тамбур, што не даваў узімку ўрывацца знадворнаму паветру туды, дзе людзі хадзілі без футраў і паліто. Лямпа ў тамбуры перагарэла, відаць, і Арцём Іванавіч не стаў зачыняць знадворныя дзьверы, каб Любе было прасьцей знайсьці ручку на ўнутраных. Але яна раптам крута павярнулася да яго, падставіўшы пад сьвятло, што біла з дзьвярэй, якія прытрымліваў ён, палову твару:

    - Удавой завеш... Значыць, лічыш, што мужа я страціла? Мужа? Зьвер гэта быў, а не муж! Як я шчасьце сваё праміргала тады, у інстытуце! Выйшла б за цябе - і да гэтага б часу галава ні аб чым не балела... Як шкадую, Арцём!

    - Што пра гэта цяпер, - з уздыхам прамармытаў ён. Яго ахапіў даўно забыты боль і злосьць за дырэктара прапала.

    Яна адкрыла рот, каб штосьці сказаць, бліснула, бы падстрыжанымі, шчыльнымі роўнымі, зубамі, якімі ён калісь захапляўся, але тут жа кінулася да ўнутраных дзьвярэй, ірванула і зьнікла за імі. Арцём Іванавіч увайшоў усьлед за ёй у фае - яе не было. Ён трывожна павёў плячмі і падняўся ў свой “кабінэт”, адваяваны дошкамі ў лесьвічнай пляцоўкі. Вось не чакаў - Люба была ўжо там.

    - Асуджаеш... Судзіш! І ты, як усе... А ці ведаеш ты, што гэта было за жыцьцё з ім? Дзесяць год штодзённай катаргі. Дзесяць год! - яна сьцяла кулачкі і патрэсла імі перад грудзьмі.

    - А чаго маўчала? Чаго жыла з ім? – з папрокам спытаў Арцём Іванавіч, апускаючыся на сваё расхістанае крэсла.

    - Чаго? Што людзі скажуць? Вось чаго. Цярпела. Дзеля дзяцей. Для Лёдзі, Захаркі. Думала, Лёдзі бацька будзе. А ён... Выгнаў цяжарную з дому! Ды і ўвогуле. Што ты ведаеш! Што вы ведаеце ўсе!

    - Эх, Люба, Люба. Што б чалавек ні зрабіў, другі чалавек, калі ён, вядома не кат, забіваць не можа. Нельга браць на сябе абавязак ката. Гэта ж на ўсё жыцьцё пакуту сабе. Кату дазволена па пасадзе, гэта – яго абавязак. А мы звычайныя людзі, павінны шукаць іншага выйсьця.

    - А калі чалавек так званы, а на самой справе зьвер, і ён сам да цябе лезе, каб забіць? Калі ён цягне да цябе крывавыя рукі.

    - Крывавыя? Чаму крывавыя? Ён да гэтага ўжо кагосьці біў?

    - Аб шкло парэзаў!

    - Дык гэта ж яго ўласная кроў.

    - Паглядзела б я, што б ты рабіў на маім месцы! За табою дачка і ўнук, а гэты зьвер цягнецца да твайго горла крывавымі лапамі і крычыць што задушыць усіх! Няўжо б не схапіўся за стрэльбу!

    - Крычаў?

    - Яшчэ і як! Усе суседзі чулі!

    - I ўсё?

    - А што ты яшчэ хочаш?

    - Ну, ўдарыў цябе хоць раз? Ці Лёдзю ўдарыў?

    - Яшчэ чаго! Не. Я не дала і дакрануцца! Я дала стрэл спачатку верхам, каб ён адумаўся, але ён усё адно лез, і тады...

    Яна закрыла твар рукамі і адвярнулася да шырокага, на ўсю сьцяну кабінэціка, лесьвічнага акна.

    - Ведаеш, Люба, - сумна сказаў Арцём Іванавіч, - баюся вельмі, ці не адбылася пачварная, непапраўная памылка. Я цябе не вінавачу - вядома, усё гэта выглядала страшна, але разумееш, два тыдні назад, усяго два тыдні, ён гаварыў мне, што цябе кахае. Сам гаварыў мне. Я гэта чуў не праз іншых людзей...

    Ён падняў вочы, каб паглядзець, ці дайшлі да яе ягоныя словы, і тут яна сказала тое, што пасьля Арцём Іванавіч успамінаў не раз:

    - А ты думаеш, калі кахаеш, то не заб’еш?

    *

    Болей дырэктара ў той дзень Арцём Іванавіч не бачыў, хаця, баючыся нарвацца на новыя непрыемнасьці, праседзеў на працы аж дваццаць лішніх мінут. Відаць, апавядаючы Любові Піліпаўне пра такую захапляльную рэч, як структура музэя, дырэктар забыўся на пералік. Арцём Іванавіч, шчыра кажучы, быў зусім не ў крыўдзе за гэта, бо цьвёрда памятаў, што не ўключыў у сьпіс чырвоную стужачку, якой аказаў гонар сам Ільля Ільліч, перарэзаўшы спэцыяльнымі нікеляванымі нажніцамі. (НажнІцы, на жаль, здабыць не ўдалося, іх перахапіў камандзіраваны з чыгуначнага музэя). Несумненна, міма пільнага вока дырэктара такая нястача не пройдзе, і Арцём Іванавіч склаў новы пералік, у якім не ўпусьціў ніводнай драбязы са свайго пузатага партфэля, каб сунуць яго дырэктару пад нос, як толькі той пачне пра стужачку.

    Дадому пайшоў з-за ўсяго гэтага ўжо тады, калі ніхто на сьвеце не змог бы налалохаць ніводным артыкулам КЗОІІа. Праходзячы міма флігеля, не стрымаўся, зірнуў на дырэктарскія вокны - там гарэла сьвятло. Фіранак дырэктар прынцыпова не прызнаваў, і ў глыбіні кабінэта Арцём Іванавіч убачыў два абрысы, адзін з якіх энэргічна размахваў рукамі, другі ж паварочваў раз-пораз галаву туды, куды ішлі рукі. I Арцёма Іванавіча зноў ахапіла раўнівая крыўда. На Любу. На тую самую, што колькі гадзін назад так шчыра шкадавала, што не выйшла за яго замуж. “Якое шчасьце, што я не ажаніўся з табой”, - нечакана, але пераканана падумаў ён.

    Ён крыху пакружыў вакол уласнага дома, каб на халадку астудзіць галаву, і ў выніку зьявіўся дадому пазьней за жонку, а звычайна было наадварот. Больш у кватэры нікога не было.

    - А дзе Наташка? Дзе Манькін? - спытаў ён, зазірнуўшы ў абодва пакоі і праверыўшы па выключальніках, ці ёсьць хто ў ваннай і туалеце.

    - Што, табе гэтыя людзі даражэйшыя за жонку, што ты перш чым з ёй павітацца, пытаесься пра іх? - крыху са злосьцю азвалася Вера. Трэба было гэтую, яшчэ невялічкую злосьць патушыць тут жа, пакуль яна не разгарэлася ў касьмічную, і Арцём Іванавіч ступіў да жонкі, абхапіў яе стан.

    - Гэта я на ўсякі выпадак пытаюся. Каб пасапраўднаму павітацца, - гульліва сказаў ён, цалуючы ў вусны.

    Вера тарганулася спачатку, потым абмякла і ўпілася губамі сама.

    - Ну што, - падняла яна партфэль, калі ён нарэшце выпусьціў яе з рук, - прывёз хоць тушонкі?

    - Якая там тушонка! Цягалі два дні па аб’ектах, - схлусіў ён. - Ды яшчэ дырэктар побач. Не даваў адвярнуцца. Яму ж тушонка тая, відаць без патрэбы. У начальства свае магазыны.

    - Толькі цяпер прыляцелі?

    - Не. Гадзіне а дзесятай.

    - А абедаць чаму не прыйшоў?

    - Прыходзіў, ды не было нікога. А я ключ забыў.

    - Бедачок. Згаладнеў? То давай на кухню.

    - Лячу маланкай.

    Нават пераапранацца не стаў - толькі заскочыў у ванную спаласнуць рукі. Нязвычна гэта было для Арцёма Іванавіча - жыць да вечара без абеду.

    Вера тым часам паставіла талерку з супам, нарэзвала хлеб. А пакуль Арцём Іванавіч, апякаючыся, сёрбаў першае, на стале з’явілася і другое - ладны кавалак мяса з бульбай. Арцём Іванавіч адным вокам глядзеў у талерку, а другім - на жонку, што звычна і ўмела завіхалася ля стала.

    “Ян гэта добра, што мне дасталася Вера, а не...” - не стаў дадумваць ён.

    - Дык дзе народ? - паўтарыў ён запытаньне, наталіўшы першы голад.

    - Наташка ў кіно. А дзед паехаў. Не дачакаўся цябе, - з лёгкім папрокам адказала Вера.

    - Як паехаў? Куды?

    - Дадому. У Кабылічы свае.

    - Паляцеў? I білет дастаў? Ці ты даставала?

    - У яго ж тэлеграма твая.

    - Але мне здавалася, што па такой тэлеграме можна без чаргі ўзяць білет толькі ў адзін канец!

    - Уласна кажучы, чаму?

    - Бо на хаўтуры трэба сьпяшацца, а з іх неабавязкова.

    - Чалавеку ж з нагоды сьмерці блізкага дадатковых адпачынкаў не даюць.

    - I праўда. Калі паляцеў?

    - Учора.

    - Значыць, пахавалі...

    - У аўторак пахавалі. К вечару. Ледзь пасьпелі да цемры.

    - Ты на могілках была?

    - Не. Наташка была. Дзед расказваў, ледзь адарвалі. Не давала века закрываць.

    - Што ты кажаш? Чаму?

    - А ты падумай...

    Арцём Іванавіч палажыў відэлец, уявіў расказанае; прыгадаў, як дзіўна паводзіла сябе Наташка апошнімі днямі:

    - Няўжо кахала?

    - Угу, - кіўнула Вера.

    - Яна ж зусім яшчэ дзяўчынка!

    - Вельмі ты ведаеш дзяўчынак, - скупа ўсьміхнулася Вера.

    - А ты... чаму не была... на могілках?

    - Я ж памінкі рыхтавала, - яўна пакрыўдзілася Вера. - Думаеш, гэта хутка і проста? Добра хоць, што для гэтага, аказваецца, спэцыяльны талён на мяса даюць. Пяць кіло. А то б і не ведаеш, дзе браць. Ну, я ўсё гэтае мяса і пусьціла. I добра зрабіла. Прыйшло чалавек дзесяць, усе з тэатра...

    - Ну-ну, не крыўдуй. Гэта я так, не падумаўшы, - прабачальна сказаў Арцём Іванавіч, паціскаючы жонцы локаць.

    Вера ўзялася за посуд, а ён пайшоў у спальню і лёг. Усё ж такі ладна выматаўся за гэты дзень, што пачаўся яшчэ на Кунерме. Але гэта была толькі фізычная стома. Душа ж у Арцёма Іванавіча адтавала. Самае горкае засталоея ззаду, мінула яго: Міколу пахавалі, і памінкі справілі, і Манькін паехаў сам, без яго дапамогі... Можна было болей ці меней спакойна жыць далей. А Вера - малайчына. I зрабіла ўсё, што трэба, і сустрэла без сцэн, як быццам ён проста прыйшоў з працы, і нічога таго, што было апошнімі днямі, не было. Як гэта там англічане гавораць? “Мой дом - мая крэпасьць”. Як гэта добра, калі дом у чалавека - ягоная крепасьць, у якую можна адступіць, калі прайграеш бойку, схавацца ад дырэктараў і Люб!.. Мудрыя людзі - гэтыя англічане...

    - Засынаеш?

    Вера села побач пакудлаціла валасы вільготнай пасьля посуду рукой. Арцёму Іванавічу чамусьці кінулася ў вочы, што адзін гузік на халаціку не зашпілены; заціснуў гузік пальцамі, і пацягнуў да сябе і жартам спытаў:

    - Што гэта ты недарасшпільваесься? муж ужо дома.

    - А што, трэба? - гэтак жа жартоўна спытала і Вера, але Арцём Іванавіч адчуў, як яна ўся напялася, і падалася да яго.

    - Трэба, - на той жа ноце адчаканіў ён, не сумняваючыся, што яна зараз засьмяецца, махне рукой і ўстане - даўно ўжо мінулі часы, калі яны маглі займацца гэтым хоць уночы, хоць удзень.

    - Наташка хутка прыйдзе, - няўпэйнена запярэчыла Вера. “Вось жа чорт, дажартаваўся, - падумаў Арцём Іванавіч. - Сапраўды, Наташка можа прыйсьці. А адштурхваць нельга, ніяк нельга... КолькІ можна? Яшчэ падумае чорт ведае што... I так думае, мабыць”.

    - Тады давай пасьпяшаемся, - ён тузануў за гузік, і яна, расхінуўшы рукі, упала грудзьмі на яго грудзі.

    - Калі занадта будзеш сьпяшацца, то я не згодна, - яшчэ нібыта пажартавала яна. Пасьля гэтага пэўны час нічога не гаварылі.

    Першай устала Вера, таропка апранулася - яна ж не прыехала з камандзіроўкі, Арцём Іванавіч меў права паляжаць - калі б Наташка і засьпела яго ў пасьцелі, таму было тлумачэньне. Вера зноў села на край тахты, нахілілася раптам і пацалавала ў шыю.

    - Ты, відаць, ужо палічыла, што мяне час сьпісваць з уліку?

    - Не. Так я ніколі не думала, Думала, што ты мяне сьпісваеш з уліку.

    - Ну што ты. Ты ў мяне яшчэ хоць куды. Любой маладой сто ачкоў наперад дасі.

    - А што, табе ёсьць з кім параўнаць?

    Арцём Іванавіч уважлівей зірнуў на жонку, спрабуючы зразумець, жартуе яна ці ловіць на слове.

    - А як жа. Пакуль цябе не было, кожны дзень мяняў. Як шкарпэткі.

    Такае неверагодзіна відавочна супакоіла Веру, але яна ўсё ж выдала тое, што, мабыць, даўно сьпела ў душы:

    - Не трэба за равесьнікаў выходзіць. Ты мужчына ў росквіце сіл, а я для цябе старая.

    - Не скіроўвай мае інстынкты ў непатрэбны бок, - засьмяяўся ён.

    Потым устаў, нацягнуў трыко, прысеў два-тры разы. Вось і яшчэ адна ношка, здаецца, апошняя - звалілася з плеч. Можна было спакойна жыць далей - так, як жыў да ўсяго страхоцьця гэтага, а яшчэ дакладней - так, як жыў да Верынага з Наташкай курорта.

    Можна было без турбот сесьці ў крэсла і разгарнуць газэту з тых, што прыйшлі па пошце гэтымі днямі і цярпліва чакалі яго на стале. Арцём Іванавіч так і зрабіў. Пры гэтым ён змахнуў газэтай са стала нейкую паперку. Падняў, разгарнуў... Гэта было страхавое пасьведчаньне на імя Мікалая Сьцяпанавіча Манькіна. Страхоўка на чатыры тысячы рублёў!

    - Чаму гэтая паперка тут? - неўразуменна спытаў ён. - Забыўся стары? Трэба даслаць! Гэта ж грошы!

    - Таму і тут, што проста паперка. Не забыўся стары, а кінуў.

    - Чаму?

    - А ты прыглядзіся.

    Арцём Іванавіч прыгледзеўся - іпраўда: памыліўся Апалён Рыгоравіч. Гэта была страхоўка дома - таго самага дома, які Мікола падарыў былой жонцы. Як было пазначана ў пасьведчаньні, гадавы ўзнос уносіўся толькі двойчы, апошнія гады Мікола прапусьціў. Ніякай каштоўнасьці ні для кога, акрамя, можа, толькі Любы, паперка гэтая не ўяўляла.

    - А Паваротнікаў сказаў, што гэта страхоўка жыцьця і Захар Карпавіч можа атрымаць грошы кожную мінуту... Лепш бы ён так не гаварыў. Засмуціўся, відаць, стары?

    - Не сказала б. Хутчэй, узрадаваўся нават. Кажа, гэта ж грэх на сьмерці сына разбагацець.

    - А дарэчы, калі б і была гэта страхоўка жыцьця, ці далі б грошы? Страхуюць жа ад няшчасных выпадкаў. А тут - забойства. Што ж, дзяржава за забойцу будзе плаціць? Расчыняй кішэню шырэй.

    - Правільна. Калі забойцу не расстраляюць, прымусяць забойцу плаціць, - падхапіла Вера, - ды і тое, калі будзе даведзена, што забойства наўмыснае. Дый тады раскладуць выплату тую на многія гады...

    - А калі забойства выпадковае? Бывае ж так. I не хочаш, а цагліна з рук упадзе - і на чыюсьці галаву, - пайшоў далей разважаць Арцём Іва навіч. - Што тады?

    - Калі віны тваёй няма, то гэта няшчасны выпадак, і плаціць будзе дзяржава.

    - Бадай што так... А ўсё ж цікава, так ці не так? - панесла ў тэарэтычныя нетры Арцёма Іванавіча. - Ну, з цаглінай, можа, і так. Але ж бывае, напрыклад, забойства, якое называецца забойствам па неасьцярожнасьці.

    - Што гэта?

    - Ну, напрыклад, стаў разраджаць стрэльбу і выпадкова забіў таварыша. Быццам бы ты і не вінаваты - стрэльба сама стрэліла, але ж ты павінен ведаць, што такія выпадкі бываюць і, будзь ласкавы, не трымай стрэльбу руляй да таварыша, калі яе разраджаеш... Тады як?

    - А за такое забойства судзяць?

    - Не ведаю.

    - Калі судзяць, то, мабыць, і страхоўку будзеш плаціць. А калі не судзяць - не будзеш.

    - Ну, мы з табой юрысты, - засьмяяўся Арцём Іванавіч і прыхінуў жонку. - Трэба будзе Любу спытаць, як яшчэ раз зойдзе.

    - Чаго яна зойдзе? - нездаволена кінула Вера. - Я яе і не пушчу. I з якой нагоды яе будзеш пра гэта пытаць?

    - Да не да нас! У музэй. Прыходзіла сёньня. Уяві сабе: яна - страхавы агент! Забойца будзе ад сьмерці страхаваць!

    Вера здрыганулася і вызвалілася з-пад рукі Арцёма Іванавіча:

    - А чаму яна зойдзе яшчэ?

    - Ну, у іх жа, як калянізатары называлі, сфэры ўплыву. Ёй – музэй даручылі. Дарэчы, казала, сама напрасілася. Нібыта каб быць да мяне бліжэй. Ніхто яе, бачыш, не разумее, а я зразумею...

    Заспакоены нядаўнім за свае адносіны з Верай, - мір навек! - з чыстым сумленьнем, Арцём Іванавіч лапатаў не думаючы, як самому сабе, тым болей, што ў гэты момант да Любы нічога, апрача непрыязнасьці, не адчуваў.

    - Так і сказала?!

    - Так, - пазяхнуў Арцём Іванавіч.

    - Вось паганка. Не пасьпела мужа забіць - новую затычку шукае!

    - Вера, ну што ты такое выкладаеш. Так не толькі гаварыць - і думаць не надта інтэлігентна, - засьмяяўся Арцём Іванавіч.

    - Сьмешна табе! Можа, і праўда мерысься паразумецца, га?

    - Не турбуйся. Яна, здаецца, ужо знайшла сабе разумельца ў асобе майго дырэктара. Я дадому ішоў а палове шостай, а яны яшчэ буркавалі наконт страхавых полісаў.

    - Адкуль ведаеш? Дырэктар жа ў іншым корпусе.

    - У акно было відаць, - паціснуў плячмі Арцём Іванавіч.

    Але на Верыны язвы гэта бальзаму не праліло.

    - Не, гэта ж чорт ведае што! - усхапілася яна раптам. - Мужа забіла, не пахавала, не прыйшла разьвітацца нават! Як гэта можна - спаць з чалавекам столькі год, быць маткай яго дзіцяці - і нават не разьвітацца! I тут жа - да чужых мужоў!

    Вельмі ж яму спадабалася, што і жонка сказала “чорт ведае што”. -

    - Ну што ты так гарачысься? - як дачцэ, паўшчуваў Арцём Іванавіч. - Ты маеш рацыю не ва ўсім. Як жа яна, забіўшы, стала б хаваць? А калі не хавае - як гэта разьвітацца прыйдзе? У якасьці каго? А ў душы, відаць пакутуе. Памінкі ўчыніла, казала... А што да чужых мужоў то жывым жывое. Толькі не ведаю, ці будзе здаволена. Дырэктару ж, калі мне памяць не здраджвае, недзе пад пэнсію, здаецца...

    - Значыць, не траціш надзеі?

    - На што?

    - Табе ж яшчэ да пэнсіі далёка.

    - Вера, ну хопіць, - засумаваў Арцём Іванавіч. - Паслухаў бы хто, як ты костачкі перамываеш няшчаснай сяброўцы...

    - Якая яна мне сяброўка! Забойца!

    - Абараняючыся забіла. Так і ты магла б забойцай стаць... Нападзе на цябе грабежнік, а ты яго, дапусьцім, нагой у...

    - Але ж Коля не нападаў! Чуеш - не нападаў!

    - Адкуль такая ўпэўненасьць? Ты што - была там?

    - Іншыя людзі былі!

    - Правільна. I “забойцу” адпусьцілі. Ходзіць вольна, працуе...

    - Я не пра тых кажу, што адпусьцілі. Бо яны і не бачылі нічога. А ведаеш, што тут у нас, на памінках, адзін чалавек казаў?

    - А, вусаты-насаты? - здагадаўся Арцём Іванавіч. - Гэта я, даражэнькая, чуў. Ён жа нас трох у аўтобусе вазіў і расказваў. Не веру я яму. Нельга верыць.

    - Чаму? Чаму нельга верыць?

    - Ды таму, што Люба расказвае так, што ёй не верыць нельга.

    - Што ж яна такога расказвае?

    - “Што б ты, кажа, сам рабіў на маім месцы? Калі да твайго горла цягнуцца крывавымі рукамі, а за тваімі плячмі дачка і ўнук”...

    - Чаму “крывавымі”?

    - Вось і я спытаў. Кажа, рукі парэзаў аб шкло...

    - Н-на, багатая фантазія ў нашай агульнай знаёмай, - паіранізавала Вера. - Коля акно зусім не разьбіваў, разумееш?

    - Я ж табе казаў, што ўсё гэта чуў. Але гэта выдумкі.

    - Значыць, забойцу верыш, а сьведку - не?

    - Што ён за сьведка, яшчэ невядома. Можа, Мікола яго і ўзяў, каб на атасе стаяў, пакуль распраўляцца будзе. Яны ж не думалі, што яна можа стрэліць. А як пачуў стрэл насаты-вусаты твой, дык і ірвануў, каб і самому не легчы... Бо іначай чаму міліцыі не дачакаўся? Чаму аўтобус пагнаў, як уцякаючы, Міколу ў больніцу не адвёз?

    - Трэцяга яны таксама з сабой узялі, каб Любку біць дапамагаў? Ці не занадта мужчын на адну жанчыну?

    - Трэці? - Арцём Іванавіч разгубіўся. - Які трэці?

    - А кажаш, усё чуў.

    - Не, пра трэцяга ён не гаварыў.

    - Вось бачыш! Быў з імі яшчэ адзін, хлопец. Зусім выпадковы. Зайшоў да малодшага брата вусатага гэтага, а таго не было. Пачуў, што едуць да Казалеўскай, і папрасіў падвезьці. Яму там на Мендзялеева, ці што... Адным словам, на нейкую вуліцу побач.

    Арцём Іванавіч задумаўся.

    - Калі гэта праўда, то мяняе справу, - прызнаў нарэшце ён. - Зразумела, яны не маглі браць выпадковага, калі ішлі на злачынства. Але не забывай, што Мікола быў п’яны. П’янаму, не забывайся, і мора да калена. Дык не адзін жа Мікола піў? Відаць, з насатым? Значыцца, і таму да калена мора было...

    - Не такі Мікола быў, каб нічога не памятаць. Вёў жа машыну. I гэты, як кажаш, насаты назад, да тэатра вёў.

    - Чорт ведае што, - аж застагнаў Арцём Іванавіч. - Толькі калі Мікола ў акно не лез, як расказвае гэты, навошта яна страляла? Не ад страху ж? Гэта ж удзень было, каго напалохае ўдзень стук у акно?

    - Навошта страляла? Каб забіць, страляла. Завабіла і забіла.

    - Як завабіла?

    - Ты што, і гэтага не чуў? Не чуў, што яна сама прызначыла Колю час, калі прыехаць за рэчамі?

    - Немаг... - Арцём Іванавіч спыніўся з адкрытым ротам, глынуў паветра. - Немагчыма!

    - Насаты сам чуў. Яны былі напярэдадні там, узяць хацелі, а Люба: навошта табе бруднае браць! Прыяжджай заўтра а другой гадзіне. Памыю і адпрасую... - Вера памаўчала. – Адпрасавала.

    - Немагчыма... - Арцём Іванавіч сяк-так, нібы яму адняло ногі, падняўся з крэсла і пайшоў на кухню, каб выпіць вады. Вера бязьлітасна ішла за ім.

    - Што гэта праўда - можаш не сумнявацца, - дабівала яна. - тут мы ўсе, як ён расказаў, абурацца сталі і сказалі, што ён проста павінен ісьці да сьледчага. I гэты хлопец - яго, здаецца, Раманам завуць - цьвёрда паабяцаў, што пойдзе. Але мне здаецца, што гэта ладнага баязьліўца кавалак. Чаго баіцца - цяжка сказаць, але баіцца. Прыйдзецца дапамагчы яму. Заўтра сам пойдзеш да сьледчага і ўсё раскажаш. Хай яго выклічуць. Тады ўжо бясспрэчна пойдзе.

    - Я? Чаму я? - зьбянтэжыўся Арцём Іванавіч, ліючы ваду з крана міма шклянкі. - Чаму не ты?

    - Ты - мужчына, табе хутчэй павераць.

    - Але ж ты болей чула.

    - Мне яна сяброўка, як я магу на яе такое паказваць?

    - I мне... - Арцём Іванавіч хацеу сказаць “не чужы яна чалавек”, але Вера яго абарвала - з крывой усьмешкай:

    - Хочаш сказаць, што і табе яна - сяброўка?

    - Навошта ўвогуле хадзіць? - узмаліўся Арцём Іванавіч. - Раз абяцаў, сам пойдзе. Ды я лепш да яго на працу зайду, нагадаю, што абяцаў. Ды і, урэшце, міліцыя сама яго знойдзе! Сьледзтва ж толькі пачалося. Разблытаюць, дай час!

    - Нагледзеўся “Знаўцаў”, - з пагардай кінула Вера. - Так яны табе і пабеглі разблытваць. Гэта ж трэба араць! А навошта араць, калі за тыя самыя грошы можна і не араць? Адпусьцілі ж чамусьці! Значыць, і падазрэньняў ніякіх. Не, мой мілы, ісьці прыйдзецца, і табе.

    - Ты што, хочаш, каб Люба стала мне назаўжды ворагам?

    - А чаму б і не, - халодна кінула Вера. - Няўжо лепш, калі забойца застаецца тваім сябрам?

    - А калі яна невінаватая? Калі Раман усё гэта навыдумляў? Што тады? - ледзь не крычаў Арцём Іванавіч.

    - Не вінаватая - не пасодзяць.

    - А ворагам усё адно стане!

    - Ах ты, Дабрэнька мой міленькі, - прасьпявала Вера. Як жа табе не хочацца, каб у цябе быў хоць адзіны вораг!

    “Вы і самі пад абцасам”, - раптам прыйшлі аднекуль з небыцьця словы Міколы.

    - Рэж мяне, не пайду, - няўпэўнена прамармытаў ён.

    Вера выпрасталася, ускінула галаву. Штосьці злоснае прасілася ў яе з губ. Арцём Іванавіч угнуў плечы.

    - Тата! Калі ты не пойдзеш - ты мне болей не бацька!

    Арцём Іванавіч рэзка павярнуўся. Перад імі стаяла Наташка - у плашчы, з партфэлем у руцэ, з чорнымі цянямі пад вачмі. А ён і не чуў, кал забразгаў ключ. I Вера, мабыць, не чула. Так захапілася, што і не бачыла, як Наташка па калідоры ідзе.

 

 

 

 

 

niedziela, 14 sierpnia 2022

ЎЎЎ 13. Матыльда Скруха. Уладзімер Ганчарук з Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні ды Якутыя. Т. 13. Койданава. "Кальвіна". 2022.










 

                                                                                   ХI.

    Г. Г. Доппельмаир

                                            ПУШНОЙ И ОХОТНИЧИЙ ПРОМЫСЕЛ ЯКУТИИ

    ...Попытка дать очерк природных ресурсов и производительности промысла неизбежно должна исходить из первоначального рассмотрения выше намеченных общих элементов.

    [С. 1 (421).]

    Отдаленность Северного края и отсутствие соответствующих путей сообщения обусловливают чрезвычайно медленный оборот капитала, который для северной пушнины равняется около 18-24 мес., в центре Якутии около 12 месяцев и на юге 9 месяцев. Пушнина с мест покупки доставляется в фактории и отделения санным путем, в кожаных сумах. Из отделений и факторий посылается почтовыми посылками в Москву. Доставка пушнины, скопляющейся в Булуне, в Якутск пароходом происходит в сумах; из Колымска во Владивосток пароходом в ящиках. Из Верхоянска и Оймякона (в незначительном количестве) пушнина доставляется в сумах, вьюком в Якутск. Из Якутска в ящиках на пароходе по р. Лене и далее гужем в Иркутск [* Общими сведениями по организации местного заготовительного аппарата в условиях заготовки и транспорта пушнины я обязан В. Т. Гончаруку и Н. Н. Грибановскому, некоторыми статистическими данными В. Xалдееву.]...

    [С. 36 (456).]

    *

                                                                      УКАЗАТЕЛИ

                           1. Указатель собственных имен и географических названий

    Гончарук, В. Т.  456.

    [С. 5 (707).]