piątek, 2 września 2022

ЎЎЎ 3. Іван Ласкоў. Чорт ведае што. 3. Койданава. "Кальвіна". 2022.

                                                   СУД НЕЗРАЗУМЕЛА НАД КІМ

    - Дзе ты гэта быў? - спытала Вера, калі ён сеў на край ложка, здымаючы шкарпэткі. - Я ўжо пасьпела заснуць. Нават не чула, калі ты ўвайшоў.

    - Я ж пісаў. Ты што, не чытала?

    - Але ж спэктаклі ў наш час канчаюцца у дзевятай.

    - Дыспут там быў, - з уздрыгам прамовіў ён. - Неяк няёмка было пайсьці.

    - Ну, і як?

    - Лепш бы пайшоў.

    - А спэктакль?

    - Ды варты дыспуту таго...

    - А чаго цябе ў тэатар панесла?

    - Ды сустрэў Спірыдона Рыгоравіча, ён і завабіў. Нават даў запрашэньне. Так што, не перажывай, - Арцём Іванавіч роблена засьмяяўся, - нават капейкі не расходаваў.

    - Які Спірыдон Рыгоравіч?

    - Ты што, забылася? Паваротнікаў. Артыст.

    - Ён цябе яшчэ памятае?

    - Ды не так і шмат часу прайшло. А такія выпадкі, мусіць, і не забываюцца.

    - А мне здаецца, ужо год мінуў...

    Жонка пыталася спакойна, гаварыла разважна, неяк спачувальна, Наслухаўшыся тэатралак, за свой позьні прыход Арцём Іванавіч чакаў зусім іншага. Надзю адно да пад’езда давёў і кінуўся дадому, ледзь разьвітаўшыся. Добра яшчэ, што жыла яна амаль што побач з тэатрам. Вось была б гісторыя, каб прыйшлося праводзіць на іншы канец горада, а потым з гадзіну ісьці пехатой дадому!

    - Ну і дыспут быў, - з палёгкай засьмяяўся ён, - Уяўляеш: жанчыны накінуліся на мужчын. Маўляў, сякія яны і такія, абібокі, п’яніцы, распусьнікі... Ды з такім злом! Два-тры падобных дыспуты - паслухаць - ненавісьнікам жанчын станеш.

    - Гэта, відаць, разьвядзёнкі, - пазяхнула Вера.

    - Няўжо іх так шмат?

    - А ты думаў. Колькі, па-твойму, бязмужніх жанчын хаця б у нашым доме?

    - Хто іх лічыў!

    - Мы лічылі неяк на восьмае сакавіка, самі. У палове кватэр дзеці растуць без бацькі... Якую кінуў, якая ў дзеўках нарадзіла. Не клясьці трэба мужоў, а карміць.

    - Кажуць, як ваўка не кармі...

    - Глупства. Ваўкі, і тыя прыручаюцца. Вячэраць будзеш?

    - Я ж распрануўся ўжо.

    - Апрануцца нядоўга. Пайшлі. Вера накінула халат. Арцём Іванавіч з вялікай ахвотай пашыбаваў за ёю без шкарпэтак, бо раптам адчуў, што выгаладаўся, як на першым курсе, калі эканоміў стыпэндыю на фотаапарат.

    - Што ж ты Манькінскі ліст нават не расьпячатаў? - раптам спытала яна, толькі Арцём Іванавіч узяўся за смажаную бульбу.

    - А што? Часу не было, - салгаў ён.

    - Вельмі важны ліст.

    - Ты, значыцца, прачытала?

    - Спадзяюся, не ў крыўдзе? Ці ў цябе са старым ёсьць ад мяне сакрэты?

    - Якія там сакрэты! - ён махнуў рукой, а сам увесь напружыўся. - Пра што ён там?

    - Еш, я зараз табе зачытаю, - Яна пайшла ў спальню і вярнулася з лістом і акулярамі. – Д’ябальскі почырк. Так... “Дарагія дзетачкі мае, Арцём Іванавіч і Вера Васільеўна, здрастуйця, у першых страках свайго пісьма саабчаю, што жывы і здаровы, чаго і вам жадаю... Як вы жывяце-маецеся на чужой старонцы? Мы нічога, як і даўней, і прыляцеў я, значыцца, як і ляцеў, без усякіх прыгод і без замінкі. А не пісаў доўга таму, што дужа дзялоў было ў полі і ў агародзе, ну а цяпер ужо і сьнег спрабуе ісьці, а ў вас жа, відаць, ужо і ляжыць, бо па тэлевізару кажуць што ў вас ужо і трыццаць градусаў. Я, як скажуць пра ваш горад, дык вас успамінаю. I гора помніцца, гора горам і ёсьць, трэба гады, каб трошкі падвяла”. ЛІтар не разабраць, а прыгожа піша. Паэтычна, - пракамэнтавала Вера.

    - А што ж важнага? - няўцерп апанаваў Арцёма Іванавіча.

    - Не сьпяшайся. Еш. “Шкада Міколку, сэрцам шкада, а розумам разумееш, што і сам ён вінаваты. Адным пальцам і штаны не падцягнеш, гэта праўда, жаніцца рана ці позна трэба, але ж шукай жонку не на йгрышчы, а на іржышчы, надта хуценька ажаніўся, не разьведаўшы, што за яна і чаго варта. Ды без парады бацькоўскай...”

    “Што яна так цягне, - нэрваваўся Арцём Іванавіч, аж крышаны падалі з відэльца. - Сказала б адразу, не чытаючы...”

    - “А пішу я вам, дзетачкі мае, з такой прычыны, што і не вельмі ёмка, але што зробіш, ды прашу не адмоўце, хоць і не ведаю, чым за такую ласку змагу вам адрабіць... Прыйшла папера мне з вашага гарадзкога суда, што выклікаюся, значыцца, я на суд над Любаю прадстаўніком пацярпеўшага боку, так гэта завецца. Значыцца, каб і я яе судзіў... Я вам, дзетачкі мае, шчыра скажу, што ніколі на аніводным судзе не быў, і якою кашай кормяць там, прасяною ці бярозавай, не ведаю. І ў Кабылічах нашых ведцаў такіх чорт мае. Дык у раён паехаў, да консула, і той, значыцца, усю праўду расказаў: гэта значыць, сядзіш ты на тым судзе, як пудзіла, выглядам страшны, а голасу, лічы, і не маеш, і нічога не даб’есься, усё суд рашае, ёсьць ты там ці цябе няма. А плаціць за дарогу і іншае з свайго кашля, а гэта ж грошы не дробныя, і сказаць вам папраўдзе, іх і няма, бо адзін раз да вас ужо лётаў, каб яшчэ раз на лёты такія назьбіраць, год трэба. А тым болей што і карысьці ніякай. Дык я вас, любенькі мой Арцём Іванавіч, і прашу яшчэ раз просам, пасядзіце вы на тым судзе, каб яны мяне больш не выклікалі. А што там станецца і да чаго прысудзяць, мне адпішыце. Я вам у гэтым пісьме і даручэньне шлю на вядзеньне справы, гэта консул навучыў, дай божа яму здароўя. А калі не дасьцё згоды, то і будуць чапляцца і валакчы на суд праз усю Расію, глядзець не будуць ні на грошы твае, ні на здароўечка. Вось якая просьба, дзетачкі мае, а я вам, можа, хоць салам дапамагу ці чарніц унучкі назьбіраюць”.

    Вера змоўкла і паглядзела на Арцёма Іванавіча.

    - Усё? - разьняў ён сасьмяглыя вусны.

    - Не. Тут яшчэ такі дадатак: “А калі што-небудзь усё-ткі можна будзе зрабіць, дык я вам так скажу: што ёй дадуць, забойцы гэтай, мне не карціць, не думайце, бо і сын жа ў яе яшчэ, унук мой, яго гадаваць трэба. Толькі сэрца баліць, што скажуць, сам Мікола, маўляў, вінаваты, сам забіць мерыўся. Мы ж з вамі праўду чулі, як гэта было, і душа баліць, што людзі думаць будуць, і ў Кабылічах нашых, і сюды дойдзе„ што забойцу выкарміў Манькін стары. Ну, а можа, і хлопец той збрахаў, каб, значыцца, дзеда суцешыць - глядзіце самі, дзетачкі мае, маракуйце, мяркуйце”. Далей паклоны і прывітаньні. А вось даручэньне – яна працягнула паперку. Арцём Іванавіч разгарнуў. У вочы кінулася вялізная прамавугольная пячаць, унізе якой стаяла: “натарыюс” - гэта было яшчэ надрукавана, а далей подпіс ад рукі. Уверсе ж аркушыка ішлі цугам машынапісныя літары, з якіх складалася наступнае:

                                                                   “ДАРУЧЭНЬНЕ.

    Дадзена Манькіным Захарам Карпавічам Дабрэньку Арцёму Іванавічу ў тым, што яму даручаецца весьці крымінальную справу ў паставе прадстаўніка пацярпеўшага боку з правам весьці ў любых інстанцыях або супыніць у любы момант”. “Подпіс засьведчваю” - гэта значылася ўжо на пячаці.

    - Нішто сабе! - вырвалася ў Арцёма Іванавіча. - Нішто сабе даручэньне!

    Не, нездарма ён так баяўся гэтага ліста.

    - Што ты так зьлякнуўся? - зрабіла выгляд, што не зразумела, Вера. - Тае бяды. Пасядзіш гадзіны дзьве...

    - Пасядзіш... Лёгка сказаць - пасядзіш!

    - А што, у цябе пэўнае месца ад таго сядзеньня адсохне?

    - Калі так проста табе, дык сама сядзі!

    - Хто мне дазволіць, даручэньне на тваё імя.

    - Чорт ведае што! Жывеш сабе, жывеш... Ужо, здаецца, і забываць пачынаеш... I раптам!

    - Ну што ты, на самой справе? Не цябе ж будуць судзіць.

    - Лепш бы ўжо мяне! Як я буду судзіць Любу? Я - Любу? Ды якое права я маю яе судзіць?

    - А яна мела права забіваць?

    - Адкуль мы ведаем, што там было і хто каго забіваў?

    - Ты, я бачу, зноў за сваё, - халодна кінула Вера.

    - Хай родныя судзяць хаця б. Гэта лягічна - яны жадаюць помсты. А я?

    - Ну што ж. Прымусь старога яшчэ раз плаціць трыста рублёў за дарогу. Ці можа, сам за яго заплоціш? Усю сваю месячную зарплату... Так, ці што? А чым за яго здароўе заплоціш, тое здароўе, што ён у дарозе страціць? У чым ён прыляціць сюды, у саракаградусны мароз? Ёсьць у яго там унты і футра? А тут дзе яму возьмеш? Свае адзіныя аддасі?

    Добра падрыхтавалася, нічога не скажаш - кожнае слова біла ў цэль. Сапраўды, адмовіць старому - гэта азначала вымусіць яго ляцець сюды, бо каго ж яшчэ ён знойдзе ў гэтым горадзе лістамі, нават адваката. Траціць такія грошы, з рызыкай для здароўя... Як жа потым глядзець у вочы яму, ён жа, калі прыедзе, абавязкова прыйдзе, бо куды ж яшчэ?..

    - Што гэта такое - прадстаўнік пацярпеўшага боку? Што ён робіць? - запытальна падняў ён вочы на жонку.

    - Адкуль я ведаю? Сказана ж табе: сядзець на судзе.

    - Для мэблі, ці што?

    - Можа, і для мэблі.

    - Колькі кніг чытаў і кіно глядзеў, пра суд, а ніколі не чытаў і не бачыў таго прадстаўніка. Судзьдзя, пракурор, адвакат, падсудны сам... Прадстаўнік пацярпеўшага боку? Незразумела.

    - Нічога. На месцы разьбярэсься.

    - Чакай. У даручэньні ж напісана: “даручаецца весьці крымінальную справу ў любых інстанцыях...” Весьці! Значыць, я павінен весьці гэтую справу. А як? Я буду весьці, а нашто тады судзьдзя? Пракурор нашто?

    - Што ты мяне пытаеш!

    - Прыйдзецца заўтра схадзіць да консула, як Карпавіч піша.

    - На жаль...

    Вера разьвяла рукі.

    - Што значыць “на жаль”?

    - А вось глядзі.

    Дастала з канвэрта паштоўку і падала. Арцём Іванавіч пакруціў яе ў руках і прачытаў:

                                                              “СУДОВАЯ ПОЗВА.

    Грамадзянін Дабрэнька Арцём Іванавіч, Вам належыць з’явіцца на судовае паседжаньне па справе Базуновай Л.П. у якасьці прадстаўніка пацяпеўшага боку а дзесятай гадзіне 20 лістапада ў памяшканьне гарадзкога суда. У выпадку, калі Вы не з’явіцеся, па рашэньню суда Вы можаце быць дастаўлены на судовае паседжаньне ў прымусовым парадку.

                                                                     Сакратар суда Шадрына”.

    Чорт ведае што.... Заўтра?

    - А дзесятай гадзіне, - пацьвердзіла Вера.

    - Яшэ і згоды не даў, а ўжо - у прымусовым парадку!

    - Ну, пра гэта я думала. Гэта, мабыць, цябе не тычыцца. Словы ж гэтыя надрукаваны, для падсуднага, для сьведкаў.

    - Але чаму так хутка?!

    - Відаць, стары паслаў у суд адначасова з лістом да нас. А можа, яшчэ і раней, што даручае гэтую ролю табе.

    - Чорт ведае што... НІчога не ведаеш, не чакаеш нічога, I - на табе! А калі позва прыйшла?

    - Ды ў газэтах ты яе не заўважыў. Сёньня.

    I дадала:

    - Пайшлі спаць! Заўтра твая галава павінна быць сьвежай.

    - Навошта там яе сьвежасьць, калі без мяне вырашаць будуць?

    - Вырашаць, вядома, будуць без цябе, але ты павінен глядзець, ці правільна вырашаюць!

    - Што ты такое гаворыш, Вера. Як савецкі суд можа рашыць няправільна? - Судзьдзя памыліцца - пракурор паправіць. Або засядацелі. Памятаецца, у адным фільме засядацель...

    - Нагледзеўся кіно. Хіба ж заўтра засядаць будзе увесь савецкі суд? Некалькі чалавек. I гэтыя некалькі чалавек могуць недапрацаваць, паленавацца, і паправіць іх не будзе каму, калі будзеш пляскаць вушамі. Для таго ты туды і ідзеш, ясна?

    - Ясна! - сказаў Арцём Іванавіч, каб не спрачацца, а сам думаў: “На якія недарэчныя абагульненьні наводзіць жанчыну рэўнасьць!”

    *

    Назаўтра роўна а дзевятай Арцём Іванавіч увайшоў у кабінэт дырэктара, прывітаўся і, каб не гаварыць доўга, паклаў на стол позву. Ён чакаў, што начальнік зморшчыцца, як кожны раз, калі адпрошваўся з работы, але той, нібыта ўсьцешыўся:

    - Добра, вельмі добра! Але чаму вы? Вы ж, здаецца, не крэўны?

    - Стары папрасіў. Бацька. Не можа ехаць сюды.

    - Добра, добра... што вы - прадстаўнік гэты самы - добра... Ну што ж, выконвайце свой грамадзянскі абавязак.

    Арцём Іванавіч зазірнуў яму ў твар - ці не іранізуе? - але на твары начальніка не было і ценю ўсьмешкі.

    - Жанчыну ў нас часта і незаслужана крыўдзяць, - важка працягваў дырэктар. - Што сабой уяўляе сёньняшні суд? Гэта ж зборышча мужчын. Жанчыны на юрыдычных пасадах надзвычай рэдкія. Таму і спрэчкі жанчыны з мужчынам у судзе звычайна канчаюцца на карысьць мужчын. А тут увогуле асаблівы выпадак. Жанчына забіла мужчыну. Бач ты што робіцца... Якая прычына для мяшчанскіх вытлумачэньняў!..

    “Ці не быў і ён учора ў тэатры? Ці не наслухаўся? - думаў Арцём Іванавіч. - Здаецца, не... Мастацтвазнаўка налічыла толькі трох, і адзін быў я, а два - у дваццатым радзе. Наўрад ці сеў наш шаноўны ў дваццаты рад... А з кім жа тады была Люба?”

    - Трэба глядзець, што за жанчына і што за мужчына, і хто каму нёс зло... Вы мяне разумееце? - строга ўтаропіўся ў вочы Арцёма Іванавіча дырэктар.

    - Разумею. Я такой жа думкі, - пасьпешліва адказаў Арцём Іванавіч, каб не зацягваць размову - яму трэба было яшчэ забегчы да Надзі.

    - Ну і цудоўненька. Жадаю посьпеху.

    - У чым? - не стрываў, зьдзівіўся Арцём Іванавіч.

    - У пошуках ісьціны.

    Дырэктар апусьціў нос у паперы, даючы зразумець, што ў яго ўсё, і Арцём Іванавіч пабег у свой аддзел. Надзя папраўляла насьценны стэнд, які, мабыць, хтосьці зачапіў. Убачыўшы Арцёма Іванавіча, яна нібыта ірванулася яму насустрач, але тут жа спынілася і нават ступіла назад.

    - Надзя, - таропка сказаў ён, не зьвяртаючы ўвагі на яе крокі наперад-назад, - у адзінаццатай будзе экскурсія з ПТВ, вы яе правядзіце самі, добра?

    - А вы?

    - Мяне не чакайце, я, бадай што, сёньня ўвесь дзень праседжу ў судзе.

    - А што такое?

    - Судзяць адну жанчыну, якая забіла мужа майго знаёмага. А мяне прызначылі прадстаўніком пацярпеўшага боку, ёсьць такая роля ў гэтым спэктаклі...

    - Жанчына, якая забіла - наш страхавы агент?

    - Як вы здагадаліся?

    - Чула. У музэі гавораць пра гэта.

    - Так, гэта яна.

    - Памятаеце - у першы ж дзень я гаварыла вам, што гэта страшная жанчына?

    - Надзейка! Гэта жанчына няшчасная. Яна засталася ў сорак год адна, без мужа, з хворым сынам, якога трэба лячыць і лячыць...

    - Яна сама ва ўсім вінавата.

    - Галубка, чаму вы так думаеце?

    - Яна ж ведала, што сёньня суд? Ведала. А ўчора пайшла ў тэатар на камэдыю, весяліцца.

    - Хацела забыцца пра гора хоць на вечар.

    - Не, Арцём Іванавіч, гэта ўпэўненасьць, што ёй нічога не будзе...

    - Адкуль у яе можа быць такая ўпэўненасьць?

    - Тут без вас жанчыны сьвята адно адзначалі...

    - Чаму без мяне?

    - Увогуле без мужчын. Развод Эльвіры Плятонаўны адзначалі.

    - Вось як! Суворава разьвялася! Але што ж тут за сьвята?

    - Кажа, для яе сьвята - збавіцца ад алькаголіка.

    - А прычым Любоў Піліпаўна?

    - Яна таксама была.

    - I што?

    - Калі пасядзелі... Калі падпілі, адным словам, яна і кажа: “Так, жанчыны, ад алькаголіка не збавісься. Будзеце цяпер, Эльвіра Платонаўна даражэнькая, гнаць яго ў дзьверы, а ён - у акно. Трэба з імі канчаць, як летась адна мая знаёмая ў райцэнтры. Прыйшоў ад каханкі на карачках, тут яна яго нажом па шыі, а потым сябе па руцэ - нібыта ён. Два гады ўмоўна далі, вось і ўсё пакараньне. Тут, жанчынкі, вучыць, галоўнае, каб ён быў у стане алькагольнага ап’яненьня, як юрысты гавораць. Болей двух гадоў умоўна не дадуць. Я ні кроплі не піла, усё чула і ўсё памятаю.

    - Вы надаеце гэтаму, па-мойму, занадтае значэньне. Гэта ж застольны жарт.

    - Ад такіх жарцікаў адзін крок да сапраўднага забойства.

    - А жанчыны што?

    - Пасьмяялісся!

    - Ну вось, бачыце. Жарт.

    - Калі жанчыны п’юць без мужчын, у іх яшчэ і не такія жартачкі бываюць. Я ў жаночым калектыве пяць год працавала, ведаю.

    - Ну, я вам скажу, калі і мужчыны зьбіраюцца піць без жанчын...

    - Па-мойму, мужчыны ўсё-такі лепш. У іх усё проста, без хітрасьці, Нап’юцца, у морду адзін аднаму дадуць, але назаўтра хоць прабачэньня просяць. У жанчын зусім не так...

    - I гэта вы гаворыце пасьля ўчорашняга дыспуту?

    - Што там за дыспут! Грай звар’яцелых баб.

    - Значыць, вы пра мужчын не думаеце так, як яны?

    - З якой рады? Тыя мужчыны, якія я ведала - вельмі прыстойныя людзі. Напрыклад, мой бацька. Ён так клапаціўся пра маму, аж да самой яе сьмерці... І я ад яго ласкі бачыла больш, чым ад мамы. Ці ўзяць пэдагогаў. Мужчына хоць табе залік і не паставіць, хоць зьдзекавацца не будзе, як дацэнтэса. А калі сямейнае жыцьцё не ладзіцца, дык тут жа, відаць, не толькі муж вінаваты.

    Арцём Іванавіч усьміхнуўся і пагладзіў Надзі руку:

    - Дзякуй. А то з-за гэтага дыспуту аж дагэтуль млосна было: няўжо і я такі? Але, напэўна, праўда пасярод. Жанчыны розныя, і мужчыны розныя. Вы яшчэ пабачыце гэта, жыцьцё наперадзе доўгае, і не занадта давярайцеся “добранькім” мужчынам.

    Ён зірнуў на гадзіньнік:

    - Божухна, засталося пятнаццаць мінут! Прабачце, бягу.

    Ён кулём скаціўся па лесьвіцы, вылецеў з музэя, потым са двара. Па вуліцы ж, пад поглядамі прахожых, несьціся было няёмка, і Арцём Іванавіч, хочаш не хочаш, збавіў хуткасьць. “Нічога, без мяне не пачнуць, а пачнуць - такой бяды”, - вырашыў ён.

    Ён пайшоў ступою яшчэ і таму, што на бягу нізавошта не змог бы ўспомніць, дзе ўжо чуў пра жанчыну, якая зарэзала мужа і атрымала за гэта толькі два гады ўмоўна. Толькі што, перад Надзяй, ён зрабіў выгляд, што гэта выпадак так сабе, камічны, не болей, на самой жа справе сказанае ёю Арцёма Іванавіча на імгненьне аж аглушыла.

    Што там строіць з сябе бяспамятнага, таму і аглушыла, што чуў ад Любы, толькі калі? Чаму атрымалася так, што намёртва вылецела з галавы. Калі здарылася летась, то, значыць, і пачуць пра яго ён мог толькі летась або сёлета. Не, не летась - летась Люба жыла з Захаркам у Магістральным. Значыцца, сёлета. Так! На пачатку лета. Арцём Іванавіч на той бераг выбраўся, па сасновыя парасткі, на варэньне. Народу шмат было, па зьбіваліся ў кучу і штурхаліся на прычале, калі трамвая яшчэ і на гарызонце не было. А як паказаўся - тут ужо заварушыліся не на жарт, звышдалікатнага Арцёма Іванавіча выпхнулі на пэрыфэрыю. Ледзь далі сысьці тым, хто прыехаў з зарэчча. I раптам сярод іх Арцём Іванавіч убачыў Любу! I яна ўбачыла, прабілася праз натоўп:

    - Прывітаньне!

    - Прывітаньне, - зьдзівіўся Арцём Іванавіч, меней за ўсё чакаў убачыць яе тут, бо яна была для яго у Магістральным. - Адкуль ты?

    - Як адкуль? Ад старых.

    - А! Зразумела. Ну, як яны?

    - Нічога. Рыпяць яшчэ. Сочаць за палітычным жыцьцём райцэнтра.

    - I багатае там яно?

    - Апошняя сэнсацыя - суд над адной жанчынай. Забіла мужа п’яніцу і атрымала два гады, ўмоўна. Мужчынская палова насельніцтва абурана, жаночая - трыюмфуе... Ты што, сьпяшаесься?

    - Трэба ўлезьці неяк, наступны ж рэйс - праз паўтары гадзіны!

    - Ну давай, працуй локцямі. Калі вернесься?

    - Сёньня, калі ж яшчэ! Я ж у тайгу, не ў камандзіроўку!

    - Добра, я да вас забягу, раскажу падрабязьней. Бывай!

    - Пакуль!

    Такая вось атрымалася размова праз год з гакам пасьля апошняй сустрэчы. Арцём Іванавіч лаяў потым сябе, што не спытаў нават пра галоўнае: дзе яна цяпер жыве - у Магістральным ці тут, у горадзе, як пачувае сябе Захарка, сыйдзецца яна зноў з Міколам ці не... Шмат пра што значнае трэба было спытацца, а ён... Так баяўся не ўлезьці на той трамвай, што круціўся, таптаўся, не слухаў - вось яна і абарвала гутарку, мабыць, пакрыўдзілася, і не зайшла пасьля, хаця і абяцала...

    Лёгкая выйшла размова, студэнцкая, іранічная... Таму і выпадак у райцэнтры здаўся прыдуманай хохмай, анэкдотам, а хохмы запамінаюцца толькі тады, калі яны па-сапраўднаму сьмешныя, на няўдалыя памяці не стае. У Любінай жа хохме сьмешнага было мала: забіла жонка мужа, а яе не пакаралі - з чаго тут сьмяяцца.

    А гэта была не прыдумка, не хохма, можна не сумнявацца пасьля таго, што расказала Надзя... “Што ты хочаш гэтым сказаць? - перапыніў сябе Арцём Іванавіч. - Люба забіла Міколу таму, што ў райцэнтры іншай жанчыне далі два гады ўмоўна? Гэта ты хочаш сказаць, ідучы на суд над ёй?”

    *

    “Палац правасудзьдзя”, двухпавярховы драўляны будынак гарадзкога суда, у сярэдзіне аказаўся такім жа шэрым і змрочным, як і з вуліцы. Да гэтага часу Арцёму Іванавічу шэнціла не трапляць сюды, і апынуўшыся. ў шырокім, але паўцёмным калідоры, ён разгубіўся: куды ісьці? Дзьвярэй у калідор выходзіла шмат, і шыльды нейкія на іх былі, але як іх чытаць у цемры, ды і калі? I так спазьніўся, відаць. Тут з адных дзьвярэй, крыху прачыненых, выйшла маладая жанчына ў пінжаку і накіравалася прама да яго:

    - Вы чаго шукаеце?

    - Ды вось...

    Арцём Іванавіч працягнуў позву.

    - Ну, нарэшце. А мы ўжо думалі адкладаць паседжаньне. Што ж вы так позна?

    “А чаму позву толькі ўчора прыслалі?” - хацеў быў запытацца і ён але замест гэтага прыціснуў далонь да грудзей:

    - Прабачце. На рабоце затрымалі.

    - На работу маглі зусім не хадзіць. Наша позва вызваляе на той дзень, калі адбываецца паседжаньне. Праходзьце.

    Арцём Іванавіч, стараючыся не зачапіць дзьвярэй, прасьлізнуў перад ёй у залю.

    - Вось ваша месца, - паказала яна і сама села насупраць.

    Арцём Іванавіч, сеўшы, агледзеўся. Паглядзеўшы нядаўна па тэлевізары “Братоў Карамазавых”, дзе забойцу бацькі судзяць у вялізнай, як у тэатры, і перапоўненай залі, і не чакаў, што ў наш час забойства мужа, хай і былога, будзе разглядацца ў памяшканьні не большым, чым ягоны аддзел савецкага пэрыяду. На пазьбіваных у кароткія рады (радоў такіх было не болей за дзесяць) крэслах сядзела чалавек сем-восем, пераважна жанчыны. Сярод іх Арцём Іванавіч убачыў Любу - яна прагна глядзела на яго. Арцём Іванавіч зьбянтэжана адвярнуўся. Справа ад яго за даўгім сталом узвышаліся трое мужчын, адзін, пасярэдзіне пажылы, астатнія - маладыя. Непадалёк сядзелі яшчэ нейкія мужчыны. Жанчына, што прывяла яго, пасунула да сябе стос паперы і падрыхтавалася пісаць.

    - Ну што, усе цяпер? - спытаў пажылы з-за стала.

    - Усе, Януарый Сіланцьевіч.

    - Праверым наяўнасьць усіх, чыя прысутнасьць на судовым паседжаньні неабходна. Падсудная, грамадзянка Базунова Любоў Піліпаўна тут?

    - Тут, - адгукнулася Люба - не сказаць каб дрыжачым голасам, адзначыў Арцём Іванавіч.

    - Абвінаваўца тут?

    - Я, - сказаў маладзенькі хлопец з кута.

    Арцём Іванавіч нахіліўся да суседа справа ад яго і прамармытаў:

     - Першы раз гэтага законьніка бачу.

    - Памочнік пракурора Красільнікаў... Алег Міхайлавіч... - сумеўшыся пралепятаў той.

    - Абаронца тут?

    - Несумненна, - з годнасьцю прамовіў мужчына прыблізна такіх жа год, як і судзьдзя, у бездакорным белым касьцюме і бліскучым гальштуку, з радам ордэнскіх планак на кішэньцы.

    - А, Васіль Мікалаевіч? Добра, добра... - Арцём Іванавіч крыху зьдзівіўся: няўжо судзьдзя толькі цяпер убачыў імпазантнага адваката. - Прадстаўнік пацярпеўшага боку... - судзьдзя зазірнуў у паперку. - Грамадзянін Дабрэнька Арцём Іванавіч?

    - Так, - адгукнуўся Арцём Іванавіч.

    - Чаму спазьніліся? З-за вас судовае паседжаньне затрымалася на цэлых дзесяць мінут. Вы ведаеце, што навісла пытаньне аб перанясе паседжаньня?

    - Навошта? Пачыналі б без мяне, - шчыра прамовіў Арцём Іванавіч.

    - Што? - раптам разьюшыўся судзьдзя. - Гэта яшчэ што за падкопы? Праводзіць такуй сур’ёзную справу, са сьмяротным зыходам, без прадстаўніка пацярпеўшага боку. Каб вы потым апратэставалі працэс? З такім разьлікам, ці што, спазьніліся вы?

    - Што вы! - перапалохаўся Арцём Іванавіч. - Ніправошта такое я і не думаў! Я проста думаў, што суд і без мяне ва ўсім разьбярэцца.

    - Так... - судзьдзя ўтаропіўся ў яго цяжкім поглядам. - Значыць, давяраеце суду?

    - Натуральна. Чаму ж я павінен не давяраць?

    - Добра. Будзем лічыць, што зьнявага, якую вы нанесьлі суду, ненаўмысная і ідзе ад недасьведчанасьці. Да вас пытаньне. На сьледчай справе няма вашага подпісу. Ці значыць гэта, што вы не азнаёміліся са справай? Ці падпісацца забылі?

    “Вось што значыць брацца за тое, чаго не ведаеш, і без аніякай парады”, - мільганула ў галаве Арцёма Іванавіча.

    - А што, я павінен знаёміцца? - памаўчаўшы сказаў ён. - Бачыце, даручэньне ад Захара Карпавіча Манькіна я атрымаў толькі ўчора і каб нават хацеў, не пасьпеў бы...

    - Вы не павінны, вы маеце права знаёміцца са справай. Вось яна, - судзьдзя патрос пульхнаю папкай. - Што будзем рабіць? Будзеце знаёміцца? У такім выпадку, відавочна, судовае паседжаньне нам прыйдзецца адкласьці. Паўтараю: вы маеце права, але не абавязаны. Калі сапраўды давяраеце суду, то можаце гэтаю сумнай справай і не займацца. I нам не прыйдзецца праз месяц ці два зноў склікаць тых жа людзей.

    - Давяраю... Я ж ужо казаў: давяраю! - пасьпешліва крыкнуў Арцём Іванавіч, імкнучыся хоць як загладзіць сваё спазьненьне і словы, што так не спадабаліся судзьдзі.

    - Запішыце ў пратакол, - зьвярнуўся судзьдзя да жанчыну ў пінжаку. Прадстаўнік пацярпеўшага боку адмаўляецца ад азнаямленьня са справай дасудовага паседжаньня.

    “Да чаго строгі, - падумаў Арцём Іванавіч. - Не паздаровіцца Любе відаць”,

    - Абвяшчаю склад суда: старшыня Пятроў, засядацелі Кручкоў і Токараў, сакратар Падарожкіна. Ці ёсьць адводы па складзе суда?

    - Прашу выслухаць, - устаў адвакат.

    - У вас адвод? - уразіўся судзьдзя.

    - Адводу няма, але ёсьць сумненьні.

    - Так-так.

    - Хачу зьвярнуць увагу на наступную абставіну. Падсудная - жанчына, а сярод судзьдзяў адны мужчыны. Ці ў стане яны належным чынам разумець жаночую душу і ці захоўваецца ў іх уласных душах спачуваньне да жанчыны?

    - Ды што, усё ж такі адвод? Усяму суду, у поўным складзе? Пол забойцы не зьяўляецца зьмякчальнай абставінай.

    - Я ж казаў: не адвод, а сумненьні.

    - Давяраеце вы ці не давяраеце складу суда?!

    - Давяраю, але з сумненьнямі. I калі прыгавор не задаволіць маю падабаронную, сумненьні гэтыя будуць паўтораны ў касацыйнай скарзе.

    - Вашы так званыя сумненьні зьневажальныя! Запішыце ў пратакол! - раўнуў судзьдзя. Адвакат выказвае сумненьні ў аб’ектыўнасьці суда толькі таму, што ён складаецца з мужчын... Нішто сабе падыход з пункту гледжаньня юрыдычнай навукі...

    - Не-не! Не трэба ў пратакол! - замахаў рукамі адвакат. - Я свае сумненьні здымаю.

    “Ну вось, і  адваката абрэзаў... Такога ні ў чым не пераканаеш. Кепска будзе Любе”.

    - Марыя Паўлаўна, сьведкі, заяўленыя абвінавачваньне, усе тут?

    - Усе, апрача Саламаціна, - адказала сакратар,

    - Апрача Саламаціна? Гэта той самы, які быў на месцы злачынства ў момант злачынства?

    - Так.

    - Без гэтага найважнейшага сьведкі разгляд справы не можа быць поўным. Арганізуйце дастаўку сьведкі з дапамогай судовых выканаўцаў.

    “Саламацін... - апякло Арцёма Іванавіча. - Знайшлі ўсё-такі! А ён і на суд не зьявіўся. Вось які сьведка! І яго судзьдзя лічыць галоўным, Без яго і разгляд не разгляд... Кепскія справы, Люба!”

    Сакратар трушком выбегла з залі. Тым часам зноў падняўся адвакат.

    - У абароны маюцца дадатковыя сьведкі, не прыцягнутыя сьледзтвам, - з асуджэньнем кіўнуўшы ў бок пракурора, сказаў ён. - Спадзяюся, што суд заслухае іх, чаго, на жаль, не зрабіла сьледзтва. Іх сьведчаньні маюць выключна важнае значаньне.

    - Хто такія? - адрывіста кінуў судзьдзя.

    - Суседзі Базуновай. Вось сьпіс.

    Судзьдзя нібыта грэбліва ўзяў аркуш з рук адваката, але павярнуўся да аднаго і другога засядацеля:

    - Што будзем рабіць? Крымінальна-працэсуальным кодэксам гэта дазваляецца. Лішнія сьведкі, вядома - працэс зацягнуць, але, можа, наблізяць да ісьціны?

    - Трэба заслухаць! - добразычліва ўсьміхнуўся засядацель зьлева. - А то і так адвакат нам веры не дае. Сапраўды, адны мужчыны.

    Засядацель справа кіўнуў галавой.

    Прапанова абароны прымаецца, - судзьдзя паклаў сьпіс перад сабой.

    Убегла сакратар:

    - Януарый Сіланцьевіч! Сьведка Саламацін тут, проста ён спазьніўся і не ўвайшоў у залю... Праўда...

    Яна сьлізганула за плечы судзьдзі і штосьці шапнула на вуха.

    - На нагах стаіць? - гучна спытаў судзьдзя.

    - Стаіць і не хістаецца, але...

    Яна зноў перайшла на шэпт.

    - Нічога. Пакуль да яго чарга дойдзе, праветрыцца. Усё галоўнае ён сказаў сьледчаму, для суда важна адно, пацьвердзіць ці не.

    “Саламацін п’яны або з пахмельля... – зразумеў Арцём Іванавіч, - А судзьдзі хоць бы хны. Яму галоўнае, каб пацьвердзіў тое, што сказаў раней. А праўду сказаў ці не - усё роўна...”

    Судзьдзя прачысьціў горла густым кашлем:

    - Папрашу сьведкаў пакінуць залю. Вы будзеце выкліканы ў свой час, пасьля чаго зможаце прысутнічаць на паседжаньні.

    Жанчыны заварушыліся, адсоўваючы рады крэслаў, пацягнуліся да дзьвярэй.

    - А вы чаго чакаеце? Паўторнай просьбы?

    - Я не сьведка, - пачуў Арцём Іванавіч знаёмы голас. Да таго знаёмы, што не паверылася. “Немагчыма! Яна ж на рабоце!” Ён павярнуўся. Чорт ведае што - сапраўды Вера!

    - Дык чаму вы тут? Што вам трэба?

    - Я - публіка.

    - Публіка? Што вы хочаце гэтым сказаць? Вы з газэты?

    - Не.

    - Калі з газэты, прашу прад’явіць пасьведчаньне. I – папераджаю: весьці запісы ў зале суда забаронена.

    - Чаму?

    - Гэта не ваша справа. Прашу пасьведчаньне.

    - Паўтараю: я - публіка!

    - Ніякай публікі нам не трэба. Папрашу ачысьціць памяшканьне.

    - I не падумаю. У вас што, закрыты працэс? Тады растлумачце, чаму. I не на такія суды публіку пускаюць. А можа, вы “Чалавек і закон” не глядзіце? Тады, хоць я і не з газэты, прыйдзецца напісаць туды...

    “Гэта яна заявілася мяне кантраляваць... - зразумеў Арцём Іванавіч Яна мне не верыць. Яна хоча на ўласныя вочы глядзець, як я буду “судзіць” Любу. Ну што ты скажаш!”

    Судзьдзя матлянуў галавой направа і налева:

    - Што будзем рабіць? Чую вантробамі - дама з газэты. А чамусьці хавае гэта. Штосьці ці хтосьці стаіць за ёю.

    - Гэта мая жонка! - падаў голас Арцём Іванавіч. - А працуе яна ў дзіцячым садзе.

    Судзьдзя насупіў бровы, паразважаў у думках:

    - Добра. Сядзіце. Але папераджаю: пры першай жа спробе парушыць парадак вы будзеце выдалены з залі з дапамогай судовых выканаўцаў.

    Вера глянула на яго з пагардай і выцягнула ногі ў расшытых унтах, зручней ладкуючыся на цьвёрдым крэсьле. “Дарма баісься, - падумаў Арцём Іванавіч пра судзьдзю, - сачыць яна будзе не за табой, а за мной. I скандал, калі ёй што не спадабаецца, будзе не тут”.

    - Ну што ж, пачнем. Грамадзянка Базунова Любоў Піліпаўна, прашу заняць месца на лаве падсудных, - з пэўнай урачыстасьцю заклікаў судзьдзя.

    Лава падсудных нагадвала тыя, я на якіх даўней сядзелі і спалі людзі ў залях чаканьня чыгуначных вакзалаў: з крутою фанэрнай сьпінкай, адшліфаваная тысячамі штаноў і спадніц. Хіба што толькі на сьпінках не бачна было навек урэзаных літар “МПС”, таямнічы сэнс якіх ніяк не мог разгадаць Арцём Іванавіч у дзяцінстве, калі аднойчы ехаў з маткаю ў Магілёў праз Крычаў. Першыя дзьве ён тлумачыў сабе як “месца для пасажыраў”, а трэцяя ніяк не давалася; не змагла даць рады гэтай загадцы і маці.

    Люба села на гэтую лаву свабодна, як на зэдлік ва ўласнай кухні, захінула, не зашпільваючы, чорнае футра. Ссунула хустку на плечы, - таксама чорную, пухавую. Запытальна ўзьняла позірк на судзьдзю. Абвяла вачмі ўсіх, хто застаўся ў залі, у тым ліку і Арцёма Іванавіча, нібыта ацэньваючы, чаго ад каго можна чакаць. Не, не так трымаюць сябе сапраўды вінаватыя людзі – людзі, якіх катуе страх пакараньня за іх злачынствы, падумаў Арцём Іванавіч.

    - Грамадзянка Базунова, вы азнаёмлены з абвінаваўчым заключэньнем?

    - Так.

    - Тады не будзем траціць часу на яго зачытваньне. Раскажыце суду, як вы зрабілі сваё злачынства.

    Судзьдзя адкінуўся назад, пакінуўшы на стале правую руку, пальцамі якой адбіваў такт. Цяпер, калі Арцём Іванавіч ужо асвойтаўся, а Люба яшчэ не пачынала, ён мог нарэшце як сьлед разгледзець судзьдзю. Грубыя рысы яго былі нібыта высечаныя з дубовага камля; нават губы, і тыя здаваліся такімі цьвёрдымі, што імі, як абцугамі, можна было калоць арэхі. Бровы над вачмі тырчалі, як казыркі. Адпавядаў усяму гэтаму і голас - нізкі, вантробны. Час ад часу судзьдзя быццам давіўся ім, не дагаворваючы слоў.

    Люба ўстала. На нейкі момант вытрымка, мабыць, усё ж пакінула яе, бо загаварыла яна глуха, гледзячы ў падлогу. Але яна была так блізка, што Арцём Іванавіч толькі пры вялікім жаданьні не змог бы штосьці не пачуць.

    - Грамадзяне судзьдзі, калі мне будзе дазволена, я хацела б расказаць не толькі як я зрабіла злачынства, а і як яно рыхтавалася, гэта значыць, усё наша сямейнае жыцьцё з Мікалаем Манькіным. Я пазнаёмілася з ім больш за дванаццаць год назад у турысцкім паходзе, Але не падумайце, што гэта было так званае курортнае знаёмства, якіх шмат. Я прыехала па пуцёўцы, а Манькін быў сярод абслугоўваючага пэрсаналу, вадзіў аўтобус, якім вазіў нашу турысцкую групу. Быў ён тады вясёлы і сьціплы, мне спадабаўся па кантрасьце з маім першым мужам, вайскоўцам, чалавекам сухім і чэрствым, які ў адносінах з жонкай перавагу аддаваў не добраму слову, а камандзірскаму загаду. Я разумела, што мы з Манькіным не пара, але, паўтараю, ён спадабаўся мне сваім памяркоўным і лёгкім характарам. Калі ён прызнаўся, што кахае, я нагадала яму, што старэйшая за яго на шэсьць год, што ў мяне дачка, якую ён, як чужую, наўрад ці палюбіць, Але ён запэўніў мяне клятвамі, што мой узрост не мае для яго ніякага значэньня - маўляў, не ў гадах узрост - а дзяцей ён увогуле вельмі любіць, і ўжо таго, што дачка мая, для яго дастаткова, каб ён палюбіў яе, як сваю.

    Што рабіць? - думала я. Я была жанчына яшчэ зусім маладая, і мне страшна было думаць, што ўсё жыцьцё я пражыву адна, без сяброўскай падтрымкі блізкага чалавека, што мая дачка атрымае аднабаковае жаночае выхаваньне, - я ж пэдагог па адукацыі...

    Я не ведала тады, не магла ведаць, што ўжо да моманту нашай першай сустрэчы Манькін быў закончаным алькаголікам. Што дзівіцца, калі ў ягонай вёсцы да самагону прывучаюць дзяцей ледзь не з ясельнага ўзросту, даючы яго, як ласунак. Праз чатыры гады пасьля таго, як пажаніліся, мы паехалі ўсёй сям’ёй у яго Кабылічы. I што ж? Грамадзяне судзьдзі, гэта не паддаецца апісаньню. Нас вадзілі з дома ў дом па ўсёй вёсцы, то да крэўных, то да сяброў, то да нейкіх проста знаёмых, і ў кожнай хаце ракой цёк самагон. Яго пілі ўсе, ад сівых дзядоў да падлеткаў. Гэта было невыносна. Я аднойчы нават ледзь не заплакала, калі посуд з гэтай атрутай падсунулі нават маёй дачцэ, тады яшчэ дзевяцігадовай, а нявіннае дзіця, падумаўшы, што гэта ягадны морс - у гэтай мярзотнай вёсцы, грамадзяне судзьдзі, ёсьць звычай “зафарбоўваць”, як яны кажуць, самагон чарніцамі - і нявіннае дзіця адпіло паўшклянкі, а я таго не заўважыла. I раптам бачу - мая Лёдзя выскоквае на сярэдзіну хаты і пачынае скакаць, да пляча ўзьнімаючы ногі, а гэтыя нелюдзі рагочуць над дзіцёнкам!..

    Вера - адзіны глядач у судовай залі - гучна гмыкнула. Судзьдзя кінуў у яе бок люты позірк і зноў упёр падбародзьдзе ў далонь, працягваючы слухаць. Незадаволена зірнуў у Верын бок і Арцём Іванавіч, хоць і зразумеў чаму яна гмыкнула: даўней Люба пра той жа выпадак расказвала зусім іначай, са сьмехам, і лаючы тых, і не лаючы тых, хто “падсунуў посуд”, а па пікаючы Лёдзі, што суне свой нос не куды трэба, а гасьціннасьці кабыліцкіх самагоншчыкаў дык проста захаплялася: “аніводнага дня сухімі не пражылі”. Але ніякай супярэчлівасьці ў гэтым няма, падумаў Арцём Іванавіч, адно і тое ж у розным сьвятле выглядае па-рознаму. Тады ўсё было наперадзе, цяпер - за плячмі, тады на душы быў радасны спакой, цяпер - пакута, тады чарка весяліла, цяпер - выклікала агіду.

    - Падлеткі ў Кабылічах гэтых п’юць нароўні з дарослымі. Мне давялося бачыць праводзіны ў войска. Гэта было жахліва. Васемнаццацігадовыя хлапчукі пілі гарэлку, як малако, да таго, што блыталі бацьку з маці. А бацькі яшчэ заахвочвалі: “Пі, родненькі, пі, там жа табе не паднясуць, не спадзявайся!” Я тады не стрымалася, спытала Манькіна: “Няўжо і цябе так праводзілі?” Ён так зьдзівіўся і кажа: “А чым жа я горш за іншых людзей?”

    Грамадзяне судзьдзі, пра гэта сумна гаварыць, але ужо і войска не ў стане перавыхаваць такіх, як мой былы муж. Наадварот - у войску яны яшчэ больш гразнуць у сваёй загане. Нейкім чынам пры патураньні камандзіраў знаходзяць то гарэлку, то сьпірт, а калі не знаходзяць гэтага, ужываюць хто што прыдумае - антыфрыз, палітуру і гэтак далей. Мне расказваў Манькін, напрыклад, што п’юць нават разьведзены зубны парашок і пасту, нават крэм для ботаў схітраюцца так ужыць, каб “абалдзець”. Аднойчы, насмактаўшыся нейкай гадасьці, Манькін з сябрукамі - такія зухі - нават пагналі кудасьці ў стэп БТР - не ведаю, што гэта такое такое, накшталт танка. Дык іх тры дні шукалі верталётамі, пасьля чаго Манькін месяц сядзеў у карцэры. Грамадзяне судзьдзі, зрабіце, калі не верыце мне, запытаньне ў часьць, дзе служыў Манькін, я не ашукваю,  ён мне расказваў!..

    Але што было рабіць, калі я зразумела, што сабой уяўляе Манькін? Разводзіцца зноў, другі раз у жыцьці? Але ж у нас ужо было агульнае дзіця. Як жа было б мне жыць адной з двума дзецьмі ад розных бацькоў? Я вырашыла цярпець, пакуль змагу, і спрабаваць перавыхаваць мужа.

    Ён да войска скончыў толькі сем клясаў. Я прымусіла яго ісьці ў вячэрнюю школу. Сама адна вечарамі сядзела з малым дзіцем, калі ён хадзіў на заняткі. Вызваляла яго ад усіх хатніх абавязкаў, нават - паверыце вы ці не - сама калола дровы. Так працягвалася чатыры гады, бо ў вячэрняй сярэдняй школе адзінаццаць клясаў.

    Да сустрэчы са мной ён меў адно спэцыяльнасьць шафёра. Я прымусіла яго расьці як асоба. Дзякуючы маім стараньням яго ўзялі ў аўтаінспэкцыю, спачатку шараговым аўтаінспэктарам, а потым павысілі, стаў намесьнікам. Пачаліся ўжо размовы пра тое, што ён паедзе на курсы і атрымае званьне. Гэта было б ужо зусім няблага, Але тут...

    Грамадзяне судзьдзі! Вы мужчыны, але спадзяюся, высакародныя мужчыны, такія, што зразумеюць жанчыну. У кожнага з вас ёсьць жонка, а калі з-за маладых год яшчэ няма, без сумненьняў ёсьць маці. Вы ведаеце, як лёгка раніць душу жанчыны.

    Я не кажу, што Манькін быў увогуле, ад прырода распусны. Такім яго зрабіла гарэлка. Дамагаючыся, каб Манькін пайшоў у міліцыю, я спадзявалася, што служба там прывучыць яго да дысцыпліны, культурных паводзін. На жаль, у міліцыі нашага райцэнтра даўно ўжо не стала дысцыпліны. Начальнікі п’юць, а шараговыя носяць ім сьпіртное. Вам, я думаю, вядома, што не так даўно начальнік тамашняга райаддзелу зволены з міліцыі, а яго намесьнік прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці. Будучы загадчыкам РДК, я часта затрымлівалася да позьняга і не падазравала нават, што ў той жа час мой муж зьбіраецца разам з паплечнікамі па службе на оргіі з удзелам пэўных жанчын - Іх імёны вядомыя ўсяму райцэнтру. Іншым разам ён нават не прыходзіў дадому начаваць. А калі на другі дзень я пыталася, дзе ён быў, нахабна адказваў, што прасьледаваў небясьпечнага злачынцу. Часта прыходзіў п’яны, можна сказаць, на карачках, і піў яшчэ дома. А калі я гаварыла, што так нельга, што час брацца за розум, бо сорамна перад дзецьмі, зусім вар’яцеў. Неяк сарваў са сьцяны зараджаную стрэльбу. Добра, што мне ўдалося адвесьці рулю, іначай пад судом была б не я, а ён, і не сёньня, а шэсьць год назад. Сьведкай таму выпадку быў сёньняшні прадстаўнік пацярпеўшага боку, як сумненны чалавек, спадзяюся, ён пацьвердзіць мае словы...

    Арцём Іванавіч ад нечаканасці крактануў.

    - Ці ж не праўда, Арцём Іванавіч, быў такі выпадак?

    - Б-быў, - сказаў Арцём Іванавіч, - Толькі...

    Ён хацеў дадаць “не шэсьць год назад, а, бадай, адзінаццаць”, але Люба ўжо на яго не глядзела:

    - Грамадзяне судзьдзі, што было рабіць? Што павінна была рабіць жанчына на маім месцы? Разьвесьціся? Але мне было шкада не толькі свайго і яго сына, але і яго самога. Я разумела, што адзін са сваёй укаранёнай цягай да сьпіртнога ён проста загіне. Я вырашыла вырваць яго са шкоднага асяродзьдзя ды паехаць з райцэнтра. Мне было не проста прыняць такое рашэньне, бо ў райцэнтры і сёньня жывуць мае састарэлыя бацькі, якія штодзень маюць патрэбу ў дапамозе. Але іншага выйсьця не было. Так мы ўсёй сям’ёй апынуліся тут, у горадзе, дзе і адбыўся заключны акт драмы.

    “Як гэта яна... Быццам не пра сябе”, - падумаў Арцём Іванавіч пра яе апошнія словы.

    - Тут наша матэрыяльнае становішча рэзка пагоршылася. А тым часам дзеці расьлі, з імі расьлі і выдаткі. Дачка з дзяўчынкі рабілася дзяўчынай, у гэтым узросьце асабліва хочацца апранацца прыгожа і модна. Я не магла знайсьці працу, якая б адпавядала маёй кваліфікацыі, зарабляла мала. Манькін цяпер атрымоўваў утрая больш за мяне, і гэта нібы давала яму падставы паводзіць сябе ў сям’і падобна уладару. То яму гэта не падабалася, то тое, вечныя лаянкі з-за незацыраванай рабочай вопраткі або перасоленага бульёну... А самае прыкрае - піць Маньнін так і не кінуў. I тут у яго знайшліся прыяцелі, з якімі ён мог і дваіць, і траіць, а то засядаць і большым кагалам. Калі ж я казала яму, што так нельга, што калі ён не выправіцца, я нінавошта не пагляджу і разьвядуся, - тады яго апаноўваў шал, ён пачынаў пагражаць мне, як вайскоўцы кажуць, усімі відамі зброі - хапаўся за стрэльбу, за нож ці ў лепшым выпадку за палена... Прадстаўнік пацярпеўшага боку прысутнічаў аднойчы пры тым, калі маё жыцьцё залежала толькі ад аднаго - усодзіць Манькін ці не ўсодзіць нож у грудзі...

    - Гэта было не зусім так, - мякка зазначыў Арцём Іванавіч.

    Люба тузанулася, нібы спатыкнулася на хаду:

    - Вы, можа, скажаце, што і нажа не было? - патэтычна ўсклікнула яна праз імгненьне.

    - Нож быў, але...

    Ён хацеў сказаць, што і пра развод гутаркі не было, і Мікола хутчэй забаўляўся нажом, чым пагражаў ім, але яго абарваў судзьдзя:

    - Прадстаўнік пацярпеўшага боку! Раблю вам заўвагу. Перапыняць падсуднага або сьведкаў можа толькі суд. Вам будзе дадзена магчымасьць для пытаньняў падсуднай.

    - Прашу прабачыць, - сумеўся Арцём Іванавіч.

    - Люба цярпліва перачакала іх размову:

    - Што ж! Кожнаму памятаецца сваё. Зрэшты, магчыма, у той раз, калі вы нас наведалі, было крыху іначай. Мне цяпер ужо не прыгадаць, у які менавіта дзень было сказана тое ці іншае грубае слова, выказана та ці іншая пагроза, схапіўся мой муж за сякеру ці манціроўку, бо ўсяго гэтага было так шмат, што ўсё яно зьлілося ў адну жахлівую драму, якая, здаецца, цягнулася ўсё жыцьцё.

    “Зноў «драма»”, - міжволі адзначыў Арцём Іванавіч.

    - Тут выявілася яшчэ адна адмоўная рыса Манькіна; незразумелая, паталягічная сквапнасьць. Яна таксама, відаць, ішла ад настрояў ягоных Кабылічаў, вёскі, дзе ён нарадзіўся і склаўся, як чалавек. Усяго за тыя колькі дзён, што мне давялося пабыць у Кабылічах, я не раз назірала, як суседкі люта сварыліся з той прычыны, што нейчая курыца зьнесла яйка ў суседзкім гародзе, а гаспадыня таго гарода не аддала яйка гаспадыні курыцы. Адпаведна выхоўваюцца і дзеці. Для іх звычайная рэч ірваць яблыкі не ва ўласным садзе, а ў тым, які горш ахоўваюць. Скупаватасьць уласьцівая і бацькам Манькіна. За столькі год сумеснага жыцьця з ім мы амаль не бачылі ад іх дапамогі, апрача пасылак з салам. А за гэты ж час нам і будавацца прыйшлося двойчы. Вось і на гэты суд, дзе судзяць забойцу сына - Люба горка ўсьміхнулася, - бацька Манькіна не прыехаў, паскупіўшыся на дарожныя выдаткі. Паскупіўся і на адваката - перадаў  справу, можна сказаць, выпадковаму чалавеку і, не сумнявайцеся, не заплаціўшы яму не капейкі...

    “Бач ты, як можна ўсё павярнуць, - зьдзівіўся Арцём Іванавіч. - Стары судзіцца з нявесткай не хоча, а яна... Дарма яна гэта”.

    - Я б сказала нават, што гэта ў іх нацыянальная рыса. Я жыла там і шмат назірала... Гэта ідзе, відаць, ад адвечна цяжкіх умоў, у якіх жылі людзі, але і разумеючы гэта, усё ж у душы пратэстуеш, калі чалавек гаворыць, што не можа пазычыць грошай, бо няма, а ты ведаеш - ёсьць... Я б магла прывесьці такі прыклад. Манькін быў заўзятым футбольным балельшчыкам, нават выпісваў газэту “Спорт”, дзе пра гэты футбол друкуецца, і чытаючы пра гульні свайго “Дынама” - не маскоўскага, у іх там сваё “Дынама”, кожны раз абураўся, што гледачы, як бы не гуляла каманда, добра ці дрэнна, не ідуць на стадыён падтрымліваць, з-за таго, маўляў, “Дынама” тое і церпіць паражэньні... “Па тэлевізары глядзяць, рубель заціскаюць”, - так гаварыў ён...

    - Падсудная, - строга сказаў судзьдзя, - не адхіляйцеся. Футбольныя балельшчыкі не маюць да вашага злачынства ніякіх адносін. Мы і так слухаем вас занадта доўга.

    “Няўжо сапраўды маем такую рысу? - падумаў Арцём Іванавіч. - Ды не, здаецца... Сам я, напрыклад... Хаця - з боку, як кажуць, лепш відаць. А тым болей з боку сыбірака або сыбірачкі. Тут жа сто рублёў - не грошы. Выняў і даў. А я, бадай што, падумаю, перш чым даць, калі не вельмі просяць, сто рублёў...”

    - Калісь, грамадзяне судзьдзі, скупаватасьць яго мне падабалася нават, бо здавалася ашчаднасьцю, гаспадарлівасьцю. Але з цягам часу яна стала ў ім выраджацца ў самую сапраўдную хцівасьць. Так асабліва стала, калі мы перабраліся ў горад і я стала меней зарабляць. Цяпер ён з вялікай нехацьцю стаў даваць грошы нават на самыя неабходныя патрэбы - харчаваньне і адзьдзеньне дзяцей. Пад прычынай таго, што я, маўляў, не ўмею траціць грошы, завёў уласную ашчадную кніжку, з якой здымаў грошы, калі хацеў, а як расходаваў - я і не ведала часта. Сам стаў купляць прадукты, матывуючы тым, што езьдзіць па ўсім горадзе і яму прасьцей злавіць што-небудзь. Але прысмакаў мы не бачылі... Ужо аднаго гэтага дастаткова, каб зруйнаваць любую сям’ю, бо падобны не давер да жонкі, да гаспадыні, грамадзяне судзьдзі, глыбока абразьлівы. Але я цярпела - дзеля дзяцей, цярпела да тых часоў, пакуль ягоная сквапнасьць не стала ўпоперак іх здароўю.

    Мой малодшы сын, сын і Манькіна, відавочна, з-за схільнасьці бацькі да алькаголю, нарадзіўся на сьвет з незразумелай і дзіўнай хваробай. Я не буду вам пераказваць, што гэта такое - у справе ёсьць даведка, Скажу толькі, што дзевяць год мясцовыя дактары не маглі ўстанавіць прычыну гэтай хваробы і нарэшце, дзякуючы маёй настойлівасьці, накіравалі хлопчыка ў Маскву. Тут і пачалося. На паездку ў Маскву на некалькі месяцаў патрабаваліся вялікія грошы, грошы ж былі ў Манькіна, а Манькін іх не даваў, даводзячы, што і сын, і я як суправаджаючая паедзем за казённы кошт. Я ж разумела, што без грошаў у Маскве няма чаго рабіць, што бясплатнае лячэньне - не лячэньне. Патрабаваліся некалькі тысяч, Манькін крычаў, што такіх грошаў не мае, хаця я ведала, што на яго ашчаднай кніжцы, якую ён хавае, грошы ляжаць. Тады, сказала я, давай прадамо машыну, усё адно на машыне працуеш, яна нам не так і трэба. Машына для сквапнага Манькіна была асаблівай рэччу, гэта было адзінае, чым ён мог ганарыцца, я разумела, што, прапануючы яе прадаць, шмат чым рызыкую, але што ж было рабіць, сын жа не толькі мой, але і яго, дык чаму я павінна ўсім ахвяраваць для сына, а ён не можа ахвяраваць хаця б машынай?.. Ды і, шчыра кажучы, гэта быў толькі тактычны ход - настойваючы, каб ён прадаў машыну, я спадзявалася, што Манькін, нарэшце, пакажа яе, “пусьціць” жонку ў сваю казну, ашчадную кніжку. Але ўявіце сабе, гэты аўтааматар аддаў перавагу схаваным грашам і пасьля сцэны, якую аж дагэтуль непрыемна прыгадваць, згадзіўся разьвітацца з машынай, абы толькі не паказаць жонцы свае капіталы!..

    У Маскве нам з Захаркам прыйшлося пражыць чатыры месяцы, і карысьць гэта прынесла, было нарэшце ўстаноўлена, што ў сына найрадзейшае захворваньне - алергія на ляктозу, гэта значыць, на малако. “Выключце з рацыёну ўсе малочныя прадукты, - параілі мне, - і хлопчык паправіцца”. Абнадзееная, вярнулася я дадому. Але тут мяне чакаў новы ўдар. Застаўшыся адзін з дачкой - маёй дачкой ад першага шлюбу - Манькін зусім закінуў яе, прапіваючы рэштку машыны, якую я ім пакінула, зусім не сачыў, куды і з кім яна ходзіць, і вось - аказалася, што мая дачка, дзесяціклясьніца, цяжарная, прычым ужо ў такім стане, калі перапыняць цяжарнасьць небясьпечна. Я адразу ўбачыла гэта, як толькі прыехала, а ён, жывучы побач, зусім не зьвяртаў увагі!..

    Грамадзяне судзьдзі, мне як маці гаварыць пра гэта непрыемна і цяжка, але я лічу, што павінна быць з вамі шчырай,

    Што было ў нашай сям’і ў той вечар, лепш было б і не расказваць. Мяне калоціць, як толькі яго прыгадаю. Манькін крычаў, што гэта я ва ўсім вінавата - я, маўляў, выхавала яе такою, ды і ўвогуле – “няма чаго дзіваваці, такою была і маці”, і зноў, як і шмат разоў да таго, аж заходзіўся пра нейкую зямлянку, дзе нібыта я страціла дзявочасьць... Не прызнаючы свае віны, гарлапаніў, што дачка зацяжарыла, калі я яшчэ была дома... Быццам ён лепш за мяне, жанчыну, мог вызначыць, на якім месяцы дачка. Што ж датычыць дачкі, то адзінае, што ў яе ўдалося вырваць - імя бацькі яе дзіцяці. Гэта быў хлопец ужо дарослы, праз паўгода ён павінен быў ісьці ў войска, жыў з бацькамі і братам непадалёк. Бацькі яго аказаліся людзьмі разумнымі і чулымі ды згадзіліся, што маладых трэба пажаніць, але ж маёй дачцы тады было ўсяго шаснаццаць, трэба год дабівацца, каб шлюб зарэгістравалі ў такім узросьце. Таму ўсімі намі было вырашана з рэгістрацыяй пачакаць, а пакуль што хай жывуць так, незарэгістраваныя. I тут устала пытаньне: дзе ім жыць? Я стаяла на тым, каб у нас, бо ў нас і хата большая, і зусім юнай дзяўчыне, што чакае дзіця, лепш жыць з роднаю маці, чым у чужых людзей, а Манькін дэмагагічна пачаў крычаць, што я проста не хачу траціць пакаёўку, маўляў, прывыкла, што ўсё дома робіць дачка, і цяжарную прымушу тое рабіць, а жонка, каб не было бяды, павінна жыць у хаце мужа... Нібыта сам не пайшоў да мяне ў прымы!.. На самой справе яго ахоплівала ярасьць ад адной думкі, што яму прыйдзецца карміць зяця, а калі народзіцца ўнук, то і ўнука. Сам зяць і бацькі яго былі згодныя на абодва варыянты, таму, каб не рваць з Манькіным зусім, я здалася. Так я страціла дачку - сваю адзіную абарону перад Манькіным. Пасьля таго, як яна перайшла да мужа, Манькін, увесь час п’ючы, стаў яшчэ мяне і біць. Біў ён вельмі хітра, з такім разьлікам, каб я і ў міліцыю паскардзіцца не магла, прычым стараўся біць тады, калі і сына дома не было. Іншы раз з дапамогай дзяцей мне ўдавалася ўсё ж справіцца з ім. Пад Новы год, які Манькін пачаў адзначаць занадта рана, я паклікала дачку (яна к таму часу ўжо нарадзіла) і мы ўтраіх, з дачкой і сынам, зьвязалі дэбашыра. Зьвязаным ён і праспаў усю ноч з сустрэчай Новага года. Тады ж я аддала дачцы стрэльбу, каб яна схавала гэтую небясьпечную рэч у сваёй новай хаце, бо Манькін, напіўшыся, мог пусьціць яе ў ход у любы момант. Там яна і ляжала да перадапошняга дня драмы...

     “Ну што яна прычапілася да гэтага слова”, - чамусьці пачаў раздражняцца Арцём Іванавіч.

    - Дваццаць трэцяга лютага, як і штогод у гэты дзень, “бывалы ваяка” Манькін зноў напіўся да парасячага віску, а дзевятай гадзіне лёг спаць, а ў трэцяй прачнуўся, каб катаваць мяне. Гэта ў яго ўжо ўвайшло ў звычай - біць позна ўночы, каб ніхто не чуў і не бачыў. Я ж не магла нават крычаць, бо баялася абудзіць сына... Гэтай ноччу, праўда, ён не біў, затое наслухалася столькі пагроз і абраз, што іх мне хопіць да самой сьмерці. Ранкам, за сьнеданьнем, я сказала яму, што так далей нельга, я падаю на развод. Тады ён схапіў мяне за грудзі і так шпурнуў ад сябе, што я, ударыўшыся патыліцай аб вушак дзьвярэй, на пэўны час страціла прытомнасьць. Уявіце сабе, у гэты момант ён нават не падаў мне вады...

    Потым ён пайшоў на работу. Я пабегла да суседкі, пазычыла грошаў, апранула сына, сабрала тое, што трапілася пад руку, і паехала з ім у аэрапорт. У мяне была адзіная магчымасьць перапыніць яго зьдзекі: сысьці з дому. I я паляцела ў Магістральны.

    Сястра, што жыве ў Магістральным з сям’ёй, прыняла мяне спачувальна, дала прытулак. Але гэта магло быць толькі часова, бо ў сястры з яе трыма дзецьмі і без нас было цесна. Начаваць даводзілася на падлозе. Таму праз месяц мы перайшлі на прыватную кватэру. Я ўладкавалася на працу прыбіральшчыцай - нічога іншага Магістральны мне не мог прапанаваць. Сын пайшоў у школу. Жылі ў малюсенькім пакойчыку, плаціла палову зарплаты. Грошай не хапала нават на кавалак хлеба.

    Я не зьбіралася вяртацца да Манькіна, але ў глыбіні душы жыла ўсё ж надзея, што ён схамянецца, зразумее нарэшце, што нарабіў, прыедзе або хаця б напіша. Што б вы думалі? У той жа момант, як я паехала, і я, і сын перасталі для яго існаваць. Нават не прыслаў ні рубля, хаця і павінен быў плаціць алімэнты. Ды яшчэ, застаўшыся адзін у вялікай хаце, узяў кватарантаў, сям’ю з трох чалавек. Такім чынам, скнара Манькін яшчэ і зарабіў на нашым ад’езьдзе: на сына і жонку цяпер не траціўся, а ад кватарантаў зрываў барыш.

    Сябе ён паводзіў распусна, піў штодзень, ажно нарэшце выгналі яго з работы, прыводзіў, не зьвяртаючы ўвагі на кватарантаў, вядомых жанчын. Урэшце адна з такіх кватарантаў выгнала і засталася жыць. З ёй Манькін абыходзіўся гэтак жа жорстка, як і са мной, і ўрэшце не вытрымала і тая. Зьбегла, нешта пры гэтым украўшы. Вядома, з майго адзеньня... Тут жа ён знайшоў яшчэ адну, такую ж...

    Падумаўшы, што болей Манькіну я непатрэбна, што ён ужо прывык абыходзіцца без мяне, і ганяцца за мной не будзе, я падала на развод, бо не магла ж я заставацца жонкай, хай сабе і фармальнай, такога распуснага, агіднага чалавека. Але на судзе Манькін - хто б мог падумаць? - раптоўна абвясьціў, што на развод ён не згодзен, бо кахае і мяне, і сына. Я паказала суду, яго адносіны да мяне і дзяцей несумяшчальныя з каханьнем, але наш савецкі суд, што, як вядома, самы гуманны ў сьвеце, змагаецца за сям’ю, нават тады, калі яе даўно няма. Мне даводзілася нядаўні чытаць, што недзе ў Казахстане суд не даваў разводу, хаця жанчына, які яго дамагалася, ужо чакала дзіця ад іншага, сапраўды каханага чалавека нават і пастанове запісаў: “Тое, што ісьціца цяжарная ад іншага чалавека не зьяўляецца важкай прычынай для разводу...”

    - Грамадзянка Базунова, - выбухнуў судзьдзя, - папрашу не кідаць цень на савецкую судовую сыстэму. Гаварыце пра сваё злачынства і ні пра што болей.

    - Але ж я сама чытала! I, між іншым, у нашай газэце, а не ў турэцкай. Але воля ваша. Гавару пра сваё злачынства!.. Па маім іску пад уплывам Манькіна суд вынес пастанову даць паўгода на прымірэньне бакоў. Божухна, як я пакутавала! Яшчэ паўгода быць яго жонкай! Але прайшлі і яны, гэтыя страшныя паўгода. Жывучы ў Магістральным, я кожны дзень чакала, што Манькін спаліць дом ці нейкім чынам зьняславіць маё імя. Нарэшце, я развод атрымала. Гэта было сьвята. Першае сьвята з таго дня, як я за Манькіна выйшла!..

    Тут паўстала пытаньне аб разьдзеле маёмасьці. У маёмасьці гэтай галоўным быў, зразумела, дом - не магла ж я саступіць яго аднаму Манькіну, а сама застацца з сынам беспрытульнай. Закон у такіх выпадках прадугледжвае розныя варыянты. Можна дом падзяліць фізычна - гэта значыць, перагарадзіць яго і зрабіць другі ўваход з другога канца - гэта мне не адпавядала, думка пра тое, што Манькін будзе побач, за сьцяной, што ён у кожны момант, калі захоча, зойдзе і нахаміць, настрашыць, была невыноснай. Можна прадаць і падзяліць грошы, але што купіш на грошы, выручаныя за палову старога дома? Хаты ж увесь час даражэюць. Я адважылася на самы нявыгадны варыянт: адмовіцца ад алімэнтаў, а замест гэтага прасіць дом у Манькіна цалкам. Манькін хуценька падлічыў, што пры гэтым ён выйграе, бо раней зарабляў і па чатырыста, і пяцьсот: прыкіньце самі, колькі ён павінен быў бы мне яшчэ заплаціць, пакуль Захарку не споўніцца васемнаццаць, а дом нам каштаваў дванаццаць тысяч, значыць, палова - шэсьць. Я пайшла на такую ахвяру толькі дзеля дзіцяці, каб яно нарэшце займела над галавой утульны, уласны дах, каб не бадзялася разам са мной па прыватных кватэрах. Манькін згадзіўся, перадача дома была аформлена натарыяльна - што яшчэ? Але калі прысьпеў час вымятацца, Манькін зноў паказаў нораў. Відаць, ён скеміў, што і пяцьсот, і чатырыста для яго - гэта ў далёкім мінулым, а цяпер ён зарабляе каля двухсот, і калі будзе плаціць рублёў пяцьдзесят за прыватную кватэру, то, на прапой амаль што не застанецца, і ён пачаў упірацца - не пайду, маўляў, са свайго дома, пакуль не знайду кватэру, а кватэру і не шукаў. Мне прыйшлося зьвярнуцца да ўчастковага, але той адно пагутарыў з Манькіным па-сяброўску - Манькін жа ў міліцыі працаваў, там у яго ўсе дружбакі - і на гэтым усё скончылася. Манькін як жыў, так і жыў у доме, а я з дзіцем у сябровак. Прыйшлося яму сказаць, што зьвярнуся ў суд, каб яго выставілі з дома з дапамогай судовых выканаўцаў. Тады ён брыдка аблаяў мяне і сказаў, што ідзе, ужо ідзе, калі мне яго не шкада, і сапраўды ляснуў дзьвярыма.

    Мы з сынам вярнуліся дадому, але да поўнага спакою было далёка. Ён жа не выехаў, а толькі выйшаў. Дні праз два-тры абавязкова наведваўся і абавязкова п’яны. Крычаў, мацюкаўся, пагражаў. Я зразумела, што калі застануся адна, мне гэта можа дорага абысьціся, і вырашыла ўзяць кватарантаў. У мяне на працы адзін малады чалавек шукаў кватэру, бо не мог перавезьці з вёскі жонку і дзіця; я прапанавала пакой, аднойчы пасьля работы мы пайшлі да мяне разам. Як у нас вядзецца, пакуль саслужывец знаёміўся з домам, я паставіла чай, а потым запрасіла да стала. І тут як раз заяўляецца Манькін. Убачыўшы ў доме разам са мной мужчыну ён проста звар’яцеў. Схапіўшы нож, пачаў дзёўбаць ім праз цырату стол, а потым выскачыў, прыгразіўшы, што яшчэ вернецца. Бачачы такое, мой саслужывец тут жа адмовіўся ад пакоя. Гэта ўсё, грамадзяне судзьдзі, зафісавана, бо мы з саслужыўцам Ахлопкавым адразу ж адправіліся ў міліцыю. Там быў складзены пратакол, аднак, як і раней, ніякіх захадаў да Манькіна прынята не было.

    Аднойчы Манькін сярод ночы ўлез праз акно, напалохаўшы да страты прытомнасьці сына, які як раз спаў на ложку пад гэтым акном. Прыйшлося наступным ранкам адвезьці хлопчыка ў бальніцу. Манькін яго ў бальніцы ніводнага разу не наведаў. Па іроніі лёсу, ён быў забіты праз тое ж самае акно. Улезшы ўночы, ён, відавочна, думаў, што гэтак жа лёгка ўлезе і днём. Але гэтым разам ён пралічыўся.

    Нарэшце ён прыехаў на аўтобусе і сказаў, што забірае рэчы, бо ўладкаваўся. Ён узяў, што хацеў, я ні ў чым не перашкаджала. Узяў усе свае касьцюмы, паліто, коўдры, бялізну. Я дала яму новы чахол на коўдру, які ў той дзень купіла для сябе. Ён быў цьвярозы і панылы, мне стала шкада яго, і я сказала, што калі будзе цьвярозы, то можа прыяжджаць да сына. Ён паглядзеў на мяне так, што мне стала страшна. Я адчула, што гэта ўсё дабром не скончыцца, але ўсё ж такі радасьці было болей. Як толькі ён паехаў, я пабегла да дачкі, і ў той жа дзень яна з сынам, маім унукам перабралася да мяне. Вясной яе муж пайшоў у войска, і ў цеснай хаце сьвёкраў ёй стала зусім няўтульна.

    У добрым настроі мы тут жа распачалі рамонт, пабяліўшы вапнай дзіцячы пакой, а потым кухню. Але чамусьці я прыгадала той самы цяжкі позірк, якім зьмераў мяне Манькін на разьвітаньне, і ў мяне зьявілася пачуцьцё, што ўночы Манькін абавязкова зьявіцца, і што мы, дзьве слабыя жанчыны, зможам яму супрацьпаставіць? Я падзялілася сваёю боязьзю з дачкой. Яна нічога не баялася, але, паслухаўшыся мяне, пабегла па сваю сяброўку, суседку, Сьвятлану Зубаву, тая згадзілася пераначаваць у нас і прыйшла з Лёдзяй.

    Прадчуваньне мяне не падманула, - сапраўды, калі мы ўжо леглі спаць пачуўся гуд машыны, а потым грук у дзьверы. Я пайшла да дзьвярэй - так і ёсьць, Манькін! Ён скуголіў жаласна, што пасьпеў не толькі пасварыцца але і пабіцца са сваімі гаспадарамі, што на вуліцах горада тройчы парушыў правілы і за ім гоніцца міліцыя, і яму няма дзе начаваць. I таму моліць пусьціць яшчэ на адну ноч ды за дзьвярыма стаіць на каленях.

    Мне здалося, што голас яго ідзе сапраўды зьнізу, і пашкадавала яго - ніколі ён перада мной не стаяў на каленях. Да таго ж, я была не адна пасаромеецца ці калі што, думала я, пасаромеецца ці пабаіцца сьведкаў, хаця б. Але як толькі ён уварваўся і ўбачыў Лёдзю і Сьвету - дзяўчаты ўсталі, як толькі ён пачаў грукаць - Манькін зароў: “А гэтыя курвы што тут робяць?” Я прашу прабачэньня за грубае слова, але я яго толькі паўтараю, сказаў яго Манькін. Так сказаў пра прыёмную дачку і другую дзяўчыну, можна сказаць дзяўчынку - яна ж яшчэ вучыцца ў школе, ў дзесятым клясе. I пасля гэтага пачалася - магу сказаць без усякага перабольшваньня - варфаламееўская ноч. Усім нам тром Манькін не даваў спаць да чацьвёртай гадзіны ночы, пакуль не зваліўся сам. А калі ўрэшце лёг, паклікаў мяне і сказаў: “Дарэмна ты наважылася рабіць рамонт, усё адно тут не жыць ні табе, ні тваёй дачцэ, я вас заб’ю ўсіх, і шчаня Лёдзінага заб’ю, так і ведай”. Я ўся схаладнела, а ён заснуў і захроп. Раніцай, а дзесятай гадзіне, ён прачнуўся. Я сказала: “Давай пагаворым”, але ён адмахнуўся: “Пасьля пагаворым, вельмі баліць галава”. I паехаў. Я заснула нарэшце, а колькі праспала - не ведаю нават, здаецца, шмат. Раптам чую - зноў грукат у дзьверы, крык: “Адчыняй! Нарэшце прыйшоў я з табой разьлічыцца!” Я зразумела, што ён хоча мяне забіць і да дзьвярэй не пайшла. Тады ён пачаў грукаць у акно: “Адчыняй!” - дадаючы такія словы якіх не змагу паўтарыць нават пад страхам шыбеніцы. Я ўспомніла, што ўчора, разам з іншымі рэчамі Лёдзі, мы перанесьлі дадому і стрэльбу, якую яна хавала з той самай навагодняй начы, калі мы яго вязалі. Я пабегла ў залю, да таго акна, у якое ён ужо ламаўся - пабіў першую раму і сіліўся выбіць другую. Я закрычала: “Што ты робіш! Не сьмей!” Ён засьмяяўся і выбіў раму. Шклом ён парэзаў рукі і цягнуў іх да мяне - акрываўленыя, страшныя рукі забойцы. Я штурхнула яго ў грудзі першым, што трапіла пад руку - гардзінай. Ён упаў ад нечаканасьці, але падскочыў, зноў кінуўся да акна. Тады я пабегла ў пакой, дастала з-пад ложка стрэльбу, зарадзіла і кінулася назад. Манькін усё яшчэ лез у акно Я думала напалохаць яго і спачатку стрэліла над яго галавой, але гэта яго не спыніла, ён усё адно лез. Тады, у сьмяртэльным страху не столькі за сябе, як за дачку і ўнука, амаль што не разумеючы, што раблю, я стрэліла ў Манькіна. Ён адразу ж упаў. Я выбегла з дому. Манькін ляжаў пад акном. Я пабегла званіць у міліцыю. Вось і ўсё, грамадзяне судзьдзі, што можа расказаць вам слабая жанчына, якая супроць свайго жаданьня, у стане моцнага душэўнага хваляваньня, стала забойцай.

    - Сядайце, - адрывіста кінуў судзьдзя.

    “Значыць, вось як яно было”, - падумаў Арцём Іванавіч. Нарэшце ён ведаў гэтае ва ўсіх падрабязнасьцях. Ён жа нават не падазраваў, што ў ноч да сваёй дурной сьмерці Мікола начаваў у Любы.

    - Пракурор, вашы пытаньні да падсуднай, - сказаў судзьдзя. - Ёсьцьу вас пытаньні?

    - Ёсьць, - адгукнуўся абвінаваўца. - Грамадзянка Базунова, скажыце калі ласка, у тую апошнюю ноч перад забойствам, калі Манькін парушаў ваш і вашых блізкіх спакой, ён быў п’яны?

    - Быў.

    - Да якой ступені: падпіты ці вельмі п’яны?

    - На нагах трымаўся.

    - I паводзіў сябе агрэсіўна?

    - Яшчэ як! Можна сказаць, ганяў нас усіх траіх па хаце.

    - А чаму ж вы тады не заявілі ў міліцыю?

    - Заяўляць у міліцыю - не па-сямейнаму.

    - Але ж у вас ужо не было сямейных адносін. Да гэтага часу вы з Манькіным разьвяліся.

    - Усё ж такі муж, хаця і былы. Шкада было. Паведамяць на працу, а там - пазбавяць прэміі, або і звольняць...

    - А калі вы заяўлялі на яго з грамадзянінам Ахлопкавым, вам шкада яго не было?

    - Тады я думала, толькі пра тое, каб ён нарэшце даў мне спакой.

    - А цяпер, калі ён вам, вашай дачцы і ўнуку не даваў спакою да чацьвёртай гадзіны ночы, раптам пачалі думаць не пра свой спакой, а пра яго прэмію?

    - Ну, можа, і не думала. Нельга было выйсьці! Разумееце? Не даваў выйсьці! Ён жа разумеў, што калі хто-небудзь з нас выйдзе, можа пабегчы ў міліцыю. Ён нас проста вартаваў!

    - І вы ўтрох не маглі даць рады?

    - Сьмяеццеся вы, ці што? Слабая жанчына і дзьве дзяўчынкі дадуць рады мужчыне ў росквіце сіл?

    - Але ж вы самі тут расказалі, што аднойчы з дачкой і сынам зьвязалі Манькіна. Няўжо ваш сын, дзесяцігадовы хлопчык, дужэйшы за амаль дарослую сяброўку вашай дачкі?

    - Ён быў тады зусім без памяці! Як зямля. А ў апошнюю ноч - я ж кажу! - на нагах трымаўся.

    “Што гэта яна... - падумаў Арцём Іванавіч. - Вельмі непераканаўча. Штосьці ў яе не вяжацца. Але чаму? Усё было так лягічна... Пракурор - уедлівы хлопец. Хоць і зусім хлапчук”.

    - Зьвяртаю увагу суда, што гэта некарэктна - наладжваць на судзе допыт  з прыдзіркамі! - ускочыў адвакат.

    - Ваша заўвага не прымаецца. Пракурор мае права задаваць пытаньні. Сядайце! - секануў рукой судзьдзя.

    - Яшчэ пытаньне, - маладога пракурора яўна ўзрадавала падтрымка. - Калі ласка, скажыце, якой маркі стрэльба, з якой вы забілі Манькіна?

    - Маркі? Якое гэта мае значэньне? - паціснула плячмі Люба.

     - Мае або не мае, высьветлім потым. Можаце вы назваць марку стрэльбы?

    - Што я, збройніца?

    - Так. Маркі стрэльбы вы не ведаеце. А дзе знаходзіцца на ёй засьцерагальнік?

    - Я ж казала, што не збройніца!

    - Значыць, вы гэтага не ведаеце. Ці не сьведчыць гэта пра тое, што вы да гэтага ўвогуле не карысталіся стрэльбай?

    - Я да яе і датыкацца баялася! Толькі тое, што адбылося, магло прымусіць мяне за яе ўзяцца!

    - Колькі ж часу вы зараджалі ствалы?

    - Адкуль я ведаю? Сэкундамера ў мяне не было.

    - Я маю на ўвазе, хутка ці доўга? Блыталіся ці не?

    - Божа, адкуль я магу гэта памятаць? Няўжо вы не разумееце, у якім хваляваньні я была?

    - Менавіта гэта я і маю на ўвазе. Раз вы зусім не ведаеце стрэльбы значыць, і зараджаць не ўмееце. Значыць, часу на зараджаньне вы павінны былі патраціць шмат. За гэты час і хваляваньне ваша павінна было прайсьці

    - У маю хату лезуць, каб мяне забіць, а я кіну хвалявацца?

    - Вы ж ад Манькіна толькі што адбіліся гардзінай. У руках яго не было нічога: ні нажа, ні кія. Чаго ж вам было хвалявацца, калі за вашымі плячмі была яшчэ дарослая дачка, якая ў кожны момант магла прыйсьці на дапамогу? Вы маглі схапіцца за стрэльбу толькі ў прыступе гневу, але пакуль зараджалі стрэльбу, няўмела, і гнеў павінен быў саступіць месца цьвярозай думцы: што я раблю?

    - Вас бы на маё месца!

    - Пра засьцерагальнік я спытаўся невыпадкова. Справа ў тым, што на стрэльбе маркі ТОЗ-34, з якой вы забілі свайго былога мужа, засьцерагальнік аўтаматычны. Ён уключаецца сам, як толькі зараджаныя ствалы вяртаюцца ў зыходнае становішча. Перш чым стрэліць, абавязкова трэба яго зьняць. А вы нават не ведаеце, дзе ён знаходзіцца. Значыць, засьцерагальнік быў зьняты загадзя іншым чалавекам, які, відаць, і зарадзіў стрэльбу. Стрэльба была зараджанай і падрыхтаванай да стральбы яшчэ да таго, як Манькін пастукаў у вашы дзьверы.

    - Пракурор, вы задаяце пытаньні ці гаворыце абвінаваўчую прамову? - строга сказаў судзьдзя. - У вас яшчэ будзе такая магчымасьць.

    - Прашу прабачыць, - зьбянтэжыўся пракурор. - У мяне ўсё.

    Відаць было, што наступ пракурора Любу проста аблавушыў. Яна бязвольна хапала паветра ротам, як рыбіна, выкінутая на пясок. “Трэба ж даводзіць да такога жанчыну, - з абурэньнем падумаў Арцём Іванавіч. - Ці ж можа ў такім стане чалавек кантраляваць свае учынкі? Усё робіцца невядома як... Ды і стрэльба ж для яе не чужая, мужава. Ці раз бачыла, як Мікола з ёю ўпраўляецца. Мо, і вучыў нават колісь, як страляць. Галава, забылася, а рукі запамяталі. Ці такая ўжо гэта складаная рэч - стрэліць”.

    Ёсьць пытаньні ў прадстаўніка пацярпеўшага боку? - спытаў судзьдзя. - Прадстаўнік пацярпеўшага боку, ёсьць у вас пытаньні да падсуднай?

    “Значыць, я яшчэ павінен і пытаньні задаваць? - абліўся халодным потам Арцём Іванавіч. - Гэтага яшчэ нехапала”.

    - Пы-пы... - ён хацеў сказаць “пытаньняў няма, але тут яго штось кальнула, і ён зірнуў на Веру, пра якую падчас доўгай “прамовы” пасьпеў забыцца. Тая глядзела на яго не міргаючы, са злым чаканьнем.

    - Значыць, няма пытаньняў? - нецярпліва спытаў судзьдзя. - Тады пойдзем далей.

    - Пы-пытаньні ёсьць, - выціснуў нарэшце Арцём Іванавіч. - Дакладней, не пытаньні, а заўвага. Мне здаецца, што няварта было Базуновай мазаць забітага адной чорнай фарбай. Трэба ўсё ж такі быць аб’ектыўнай. Зразумела, у Манькіна было нямала адмоўных рыс, але калі былі толькі яны, як Базунова жыла з ім столькі год?

    - Вы, мабыць, хочаце сказаць: пра мёртвых добрае, або нічога, - фыркнуў адвакат. Але ж мы не на памінках, а на судзе.

    - Але ж не яго судзім. Не ён забіў, а яго забілі, - Арцёма Іванавіча пачаў выводзіць з сябе гэты судзейскі кручок, што сляпіцай лез да кожнага са сваіх апанэнтаў.

    - Калі пытаньняў няма, а ёсьць адны заўвагі, тады дадзім слова абаронцу. Для заўваг, прадстаўнік пацярпеўшага боку, вам яшчэ будзе магчымасьць, - зьнецярплівіўся судзьдзя.

    - Я хачу сваю заўвагу падмацаваць менавіта пытаньнем. Вось ты казала, - павярнуўся ён да Любы.

    - Будзьце ласкавы зьвяртацца да грамадзянкі Базуновай на “вы”! Тэатральна ўскочыў адвакат. - Вам ніхто не даваў права паводзіць сябе груба з жанчынай толькі таму, што яна пад судом!

    - Нічога, Васіль Мікалаевіч! Гэта ён па звычцы. Мы з ім даўно знаёмыя, - сказала Люба. - Дваццаць год на “ты”.

    - Гэта не мае значэньня! Судовы працэс - не куханная размова!

    - Вось вы казалі, - націснуў на “вы” Арцём Іванавіч, - што пасьля вашых уцёкаў у Магістральны Манькін не дапамагаў вам матэрыяльна. А я абсалютна дакладна ведаю, што хаця б адзін раз, але ён дасылаў вам значную суму.

    - Колькі гэта? - горка ўсьміхнулася Люба. - Ці не дзьве тысячы, часам?

    - Дзьве не дзьве, а паўтысячы дасылаў. Няўжо не памятаеце?

    - Калі гэта?

    - МІнулым летам. Вы напісалі яму, што Захарку трэба везьці ў санаторый, а грошай няма.

    - Ці мала што ён расказваў! Гэта быў брахун дай божа. Заўсёды імкнуўся здавацца лепшым, чым быў на самой справе.

    Арцёма Іванавіча апанавала прыкрасьць.

    Я ж папярэдзіў, што ведаю пра гэта абсалютна дакладна, - сказаў ён. - Я ж папярэдзіў! Ты... Вы маглі б і не пападацца на няпраўдзе!

    - Манькін мне дасылаў пяцьсот рублёў? Што за лухта! - Хто гэта цяпер можа давесьці?

    - Я! Я дасылаў вам за Манькіна гэтыя пяцьсот рублёў. Ён тэлеграму вашу ўвечары атрымаў, калі пошты ўжо былі зачынены. А ранкам павінен быў ехаць у камандзіроўку. Вось ён і прыбег да нас апоўначы. Даў грошы і адрас, я назаўтра і адправіў. Няўжо не пазналі мой почырк?

    - Выдумка, - працадзіла праз зубы Люба.

    - Выдумка? А калі я прынясу з дому квіток? Ён у мяне захоўваецца.

    - Вось як! I квіток?

    - I квіток. Я ж не мог яго выкінуць, даслаўшы чужыя грошы. Хаця б для таго, каб Манькіну аддаць, захаваў. Але ён пасьля таго доўга ў нас не паказваўся, квіток у мяне і застаўся. - Арцём Іванавіч памаўчаў. - Я думаю, яму пазычаць прыйшлося, каб даслаць столькі грошай.

    - Падумаеш! Адзін раз за паўтара гады даў пяцьсот. А колькі павінен быў выплаціць на алімэнты?

    - Але ж вы самі пісалі яму ў запісцы, калі ўцякалі з дому, што вам ад яго нічога не трэба. Я нагадаю, што было ў той запісцы: “Не шукай, не знойдзеш. Можа, я і вінаватая, але ты вінаваты болей. За нас не турбуйся, выгадую сама. Нам не трэба ні твае ласкі, ні грошай. Жыві, як зможаш, добра жыві. Можа, якую знойдзеш, то і жыві”.

    Арцём Іванавіч бачыў - яе аблавушыла зноў, як і тады, калі пракурор сказаў, што стрэльба бала зараджана загадзя. Яна пахіснулася нават і рукой, адкінутай назад, схапілася за сьпінку лавы.

    - Вось і другое маё пытаньне, - каб не хлусня, што не атрымала грошы, можа, ён яе і пашкадаваў бы, не задаваў. - Пра якую сваю віну вы тады пісалі?

    - Дзе?

    - У запісцы Манькіну.

    - Можа, і запіска тая захоўваецца ў вас?

    - Запіскі гэтай, на жаль, няма ўвогуле. Манькін спаліў яе пры мне. У печ кінуў.

    Бачна было, што ў яе адлягло ад сэрца. Люба велічна выпрасталася:

    - Гэтай запіскі і не было? Стала б я пісаць нешта падобнае падонку з-за якога вымушана была бегчы з уласнага дому!

    - Але ж я чытаў яе і почырк ваш ведаю здавён.

    - Не пісала я! Не пісала!

    Арцём Іванавіч увесь абвяў ад гэтай бессаромнай маны.

    - Так, - нецярпліва спытаў судзьдзя, - ёсць у вас яшчэ пытаньні?

    - Няма, - Арцём Іванавіч перасмыкнуў губамі.

    - Адвакат?

    - У мяне пытаньняў да Любові Піліпаўны няма, - адвакат падкрэсьліў голасам імя і імя па бацьку - не падсуднай, маўляў, называю.

    - Добра, добра... А то ў нас зацягваецца. Дарэчы, а ў вас? - судзьдзя нечакана павярнуўся налева і направа.

    - Няма, няма, амаль што хорам пасьпешліва выгукнулі засядацелі.

    - Ну, тады абвяшчаецца перапынак. На абед. Да чатырнаццаці нуль-нуль. Сакратар суда, прашу давесьці гэта да ведама сьведкаў. Каб ніхто не спазьняўся, як гэта было раніцай, - судзьдзя са значэньнем зірнуў на Арцёма Іванавіча. Арцём Іванавіч апусьціў вочы.

    Зарыпелі, загрукалі крэслы, якія адсоўвалі ад сталоў. Праз якую хвіліну ў зале застаўся адзін Арцём Іванавіч. Ён не мог устаць нібыта Любіна мана прыгняла яго да пашарпанага казённага дэрматыну.

    Веры, што ўжо пасьпела выскачыць за дзьверы, відаць, надакучыла яго чакаць там, і яна вярнулася:

    - Ну, што ты? Ідзі абедаць. Я там прыгатавала. Сама на працу, і так паўдня прапусьціла.

    - Зараз, - Арцём Іванавіч з цяжкасьцю ўстаў.

    - Ага! Дапяў нарэшце? Вось так, мой мілы. Яна такая, шкада, што раней ты гэтага не заўважаў. Ну ды лепш позна, чым ніколі. Здорава Ты яе. Як на ражне круцілася. I пракурор малайчына. Нечакана, трэба сказаць - зусім хлапчук... Ну, глядзі трымайся малайцом і надалей. Пабегла.

    Яна цмокнула ў шчаку і сапраўды пабегла з залі.

    *

    Ядучы, Арцём Іванавіч амаль не адчуваў, што есьць: думкі яго былі апанаваны судом, толькі судом.

    Узрадавалася Вера... А чаму тут радавацца? Што прыемнага назіраць, як чалавек выкручваецца, Ілжэ? Чалавек не такі ўжо далёкі, даўно знаёмы, - нікога ў гэтым горадзе з Верай у іх даўней знаёмага... Чалавек, які шкоды ім не прынёс ніякай.

    А можа, яе хлусьня - і не зусім хлусьня, штосьці накшталт паловы праўды? Трэба падумаць...

    З грашмі - не, тут нічога не выйдзе. Сапраўды, ёсьць квіток. Арцём Іванавіч кінуў лыжку і пайшоў да свайго стала, высунуў шуфлядку. Вось яна, гэтая паперка - і шукаць не прыйшлося, наверсе ляжала, некалькі дзён назад шукаў адзін ліст і выпараў яго на паверхню... Пяцьсот рублёў у Магістральны. Арцём Іванавіч прыгадаў раздражненьне, з якім выконваў гэтую просьбу Міколы. Яму падумалася тады, што Мікола наўмысна папрасіў, каб у яго быў сьведка, што ён пасылаў гэтыя грошы. А добрыя справы, ды яшчэ для сваіх блізкіх, трэба ж рабіць, не зважаючы, бачыць іх хто іншы ці не. Арцём Іванавіч тады ўгаворваў Міколу ехаць да Любы мірыцца, а Мікола з такою просьбай.

    А яшчэ да гэтага неяк, - Арцём Іванавіч пацёр лоб, прыгадваючы, -Мікола казаў, што сам паслаў дзьвесьце. Гэта тады, як Арцём Іванавіч стаў папракаць, што ён зусім не дбае пра сына. “А я заўчора дзьвесьце паслаў” задраў галаву Мікола. Арцём Іванавіч тады ад нечаканасьці запнуўся, але папроку свайго назад не ўзяў, сказаў: “Што там твае дзьвесьце! Хлопцу бацька патрэбны, не толькі кавалак хлеба...”

    Значыць, яшчэ дзьвесьце. Але тут гарантыі няма, не бачыў, як слаў Мікола, і цэтліка той не паказваў. Добра, дапусьцім, што не было двухсот. Але ж пяцьсот былі...

    З запіскай крыху складаней, на ўласныя вочы Арцём Іванавіч яе не чытаў. Ці чытаў? Як гэта было?

    Так... Прыблізна пятага ці шостага сакавіка... Не! Абсалютна дакладна - пятага! За тры дні! - Вера паслала яго да Манькіных, сказаць, што гэтым разам восьмае сьвяткуюць у іх, Дабрэнькаў. Пятага, загадзя, бо шостага было б пазнавата, ужо Люба пачала б штось гатаваць...

    Быў ужо ладны вечар, і Арцём Іванавіч зьдзівіўся, што дома адзін Мікола: ні Любы, ні Захаркі. Зрэшты, яны маглі быць у Лёдзі – Лёдзя ж тады жыла ўжо ў бацькоў мужа, хлопец жа ўвосень пайшоў у армію. Так бы Арцём Іванавіч і падумаў, ды не дала закінутасьць нейкая, занядбанасьць хаты: у куце залі, дзе ён знайшоў Міколу, валялася нейкае рызьзё, на канапе было скамечана покрыва, з кухні пахла прыгарэлым. Ды і сам Мікола выглядаў закінутым і занядбаным: няголены, у кашулі з плямамі мазуты на грудзях - як не пераапрануты пасьля працы.

    - Што гэта ты, халасьцякуеш? - парукаўшыся, пажартаваў Арцём Іванавіч.

    - Ага, - без усьмешкі адгукнуўся Мікола, выключыўшы тэлевізар.

    - Куды паехала? А сын дзе?

    - З ім і паехала.

    - Зноў у Маскву? - здагадаўся Арцём Іванавіч.

    - Не. У іншую сталіцу.

    Глядзеў Мікола ўбок і гаварыў неахвотна, як з пахмельля. “Так яно, мусіць, і ёсьць, - падумаў Арцём Іванавіч. - Што яму саромецца, аднаму”.

    - Што ж ты чаю не прапануеш? Па сыбірскаму звычаю. Госьць замерз, - жартаўліва папікнуў Арцём Іванавіч. Ён не так і замерз, як хацелася зазірнуць на Міколаву кухню, праверыць падазрэньне і, калі пацьвердзіцца, даць пытлю.

    - Заваркі няма.

    - Даўно?

    - Так... Дзён колькі.

    - А чаму не купляеш?

    - Ды так... Забываю.

    - А што ж ты п’еш?

    - Што трапіцца! - кісла ўсьміхнуўся Мікола.

    - Ну, а сёньня што ў цябе? Кава? Кампот?

    - Малако!

    - Ну, пачастуй.

    - Пайшлі.

    На кухні, як і думаў Арцём Іванавіч, панаваў хаос: у куце на тумбачцы гара брудных талерак, на падлозе шалупіньне ад бульбы, на стале пустыя пляшкі і рэшткі засохлай ежы.

    - Вось маё малако, - дастаў аднекуль Мікола яшчэ адну пляшку, напалову пустую. Ссунуў нямытыя шклянкі і пачаў наліваць адразу ў абедзьве цікуючы, каб было пароўну.

    - Э, братка, не! - запярэчыў Арцём Іванавіч. - Малако тваё ад шалёнай кароўкі. Праз тры дні сьвята, тады і глынем, а сёньня навошта? Я якраз і прыйшоў, каб вас запрасіць. Вернецца Люба да восьмага?

    Мікола ўзяў шклянку, стукнуў ёю аб край другой, выпіў і сказаў:

    - Не.

    - Таму і раскашуеш? Бачыла б яна цябе цяпер!

    - У труне яна мяне бачыла, Арцём Іванавіч! I я яе!

    Арцём Іванавіч самлелы апусьціўся на зэдлік:

    - Што ў вас здарылася? Дзе Люба?

    - Каб жа я ведаў! Чытайце во!

    - Што гэта?

    - Запіска. Яе да мяне.

    - Не, - адхіснуўся Арцём Іванавіч. - Я чужога не чытаю.

    - Чытайце! Я сам вам даю!

    - Калі хочаш, сам прачытай.

    - Слухайце!

    Значыць, чытаў Мікола, а ён толькі слухаў... Але што гэта мяняе! Яна ж была, тая запіска! Двайны аркуш са сшытка ў касую лінейку, для першага кляса. З захаркавага сшытка. Няма сумненьняў, што Мікола чытаў менавіта тое, што было напісана ў ёй: па-першае, не такі ён быў фантазёр, каб штось на хаду выдумляць; па-другое, ён быў падпіты, а падпіты хутчэй прапусьціш якое слова, чым прыдумаеш тое, чаго няма; па-трэцяе, ён жа даваў запіску, значыць, і ў думках яго не было выдумляць. Дый не мог жа думаць ён, што тая запіска прагучыць праз паўтара года на судзе!

    А што потым? Як была спалена запіска?

    Арцём Іванавіч думаў зайсьці на хвілінку - запрасіць і пайсьці, таму і распранацца не стаў; тут жа стала ясна, што проста так не пойдзеш, трэба даведацца, што і як, можа, дапамагчы - парадай ці чым іншым - ён зьняў футра. Пайшоў у пярэднюю прыладзіць - па сьпіне пабеглі мурашкі: у хаце стаяў нежылы холад.

    - Колькі дзён у печы не паліш? - спытаў, вярнуўшыся.

    - Палю, але... забываю!

    - I не калееш? У адной кашулі. Давай прапалім, а то куты зацьвітуць.

    - Чорт з імі, кутамі!

    - Давай-давай, не лянуйся, А то пайду. Яшчэ запаленьне тут у цябе схопіш. Ты, можа, і дуб, нязломны, а я расьліна музэйная.

    Аднаму Міколе было, мабыць, нядобра - засьпяшаўся, набіў дровамі грубку, сунуў туды запалку, адну, другую...

    - Так у цябе нічога не выйдзе. Распал патрэбен. Газэту хаця б.

    Мікола зірнуў на яго вачмі чалавека, да якога не дакрычысься, потым схапіў са стала запіску і піхнуў яе пад дровы.

    - Навошта ты? Не палі! Шкадаваць будзеш!

    - Чаго тут шкадаваць! Не разумею, як дагэтуль не спаліў.

    - А калі яна зьнікла?

    - Пятага лютага!

    - Значыць... Значыць, месяц назад! Што ж ты да нас не прыйшоў? Цэлы месяц!

    - Саромеўся! А яшчэ думаў: можа, вернецца... I не трэба будзе нікому расказваць. Можа, думаю, гэта так... згарача! Супакоіцца - і вернецца. I нікому не трэба будзе расказваць...

    Дровы хутка заняліся, затрашчалі. Грубка хуркала, з асалодай, як кот, якога тры дні не кармілі. Пакрысе саграваючыся, Арцём Іванавіч прыгадваў усё, што яму было вядома пра гэтую сям’ю. “Не вытрымала міколавых выбрыкаў, - вырашыў ён.

    - Да чаго давёў. Жанчыну! Маці сваіх дзяцей!

    - Я не давёў? Гэта яна давяла! Таму і штурхнуў!

    - Ага, штурхнуў. Так, што ў сьцяну ўліпла?

    - Я ж кажу вам, Арцём Іванавіч, давяла!

    - Чым давяла?

    - Здрадай!

    Арцём Іванавіч не стрымаўся, пыхнуў сьмехам:

    - Старая жонка - маладому мужу ?

    - Праўду кажу!

    - Ну і фантазія. Не валі з хворай галавы на здаровую. Сам жа, памятаецца, казаў, што рэўнасьцю дапякае. Нават з раёна з-за гэтага вымусіла пераехаць...

    - Казаў! Так і было. А аднойчы, вярнуўся я трохі запозна... На рабоце затрымаўся, бывае! А яна; як ты да мяне, так і я да цябе... Таксама здраджваць буду. Я яшчэ магу, кажа...

    - Гэта каб цябе настрашыць.

    - Я і падумаў так, ды вясь...

    - Ну і сямейка. Толькі і робяць, што па-пустому адно аднаго падазраюць. Што за жыцьцё? Можа, і правільна, што кінула.

    - Не па-пустому! У Маскву паехала... Ледзь не на паўгода там засела! Ледзь не ўсю машыну пражыла...

    - Ну, дык трэба ж было Захарку лячыць.

    - Дыягназ за тыдзень устанавілі. Тут, пакуль яна там забаўлялася, дачка зацяжарыла... Як я мог адзін упільнаваць? На рабоце з раніцы да вечара. А пачула - я ж і вінаваты.

    - А чаму ты лічыш, што яна ў Маскве здраджвала? Ты ж там не быў. Адпачывала ад цябе. Па тэатрах хадзіла, музэях...

    - Менавіта ў музэі яе і бачылі і не адну. Хадзіла, абняўшыся з нейкім.

    - Маглі і зблытаць, ці не так зразумець.

    - Ах, Арцём Іванавіч, ну што вы яе выгароджваеце? Каб былі на маім месцы, іншую б песьню сьпявалі. Маю.

    - Ну, дык гэта ж даволі даўно было. Няўжо ты да гэтага часу яе пілаваў? Не дзіва, што зьбегла.

    - Каб жа толькі гэта!

    - А што яшчэ?

    - Дома здраджваць пачала! Проста дома! Пры мне!

    - Гэта ты, браце, ужо байкі расказваеш. Такога ніводная жанчына рабіць не будзе.

    - Вы што, усіх іх ведаеце?

    - Можа, засьпеў?

    - Ну, каб за нагу злавіць, гэтага не прыйшлося, але...

    Мікола запнуўся, відаць, падумаў раптам, што расказвае занадта, не бацька яму Арцём Іванавіч і не брат, проста знаёмы, ды яшчэ і праз жонку - схапіў шклянку, у якую наліў для Арцёма Іванавіча, той і не крануў - хлабыснуў, выцер губы:

    - Панадзіўся тут адзін. Фармальна - радня, а на справе – дзесятая вада на кісялі. Стрыечны брат мужа Любінай сястры, што ў Магістральным жыве. Бортрадыстам лётае, а жыве за горадам чамусьці, не знайшлі яму нічога лепшага. Як прыляціць позна - да нас начаваць, маўляў, да яго Зялёнага аўтобусы ўжо не ходзяць... Я не зьвяртаю ўвагі, хай начуе, месца хопіць. Тым болей, раз і другі з пляшкай прыходзіць. Такога госьця гнаць - шкадаваць пасьля. Ну, сербанём ды і сьпім. А апошні раз дзьве прывалок. Я і налізаўся. Ноччу мацаю побач - адзін, здаецца, сплю. Але не магу ўстаць, ды і навошта? Раніцай устаю - няма жонкі! Няўжо так рана ўстала? Я ж звычайна першы ўстаю... Іду, гляджу, а яна з Захаркам сьпіць.

    - Ну і што? Набраўся ты, сьмярдзела ад цябе, вось і пайшла куды далей.

    - Не, Арцём Іванавіч, не! Я не першы раз набраўся, і горш набіраўся, але ніколі яна ў іншым пакоі не начавала! Ды і выгляд быў у яе такі... Як гэта растлумачыць? Задаволены вельмі. А не сярдзіты. Сердаваць павінна была б, калі муж усердаваў, А яна - як кошка, выгінаецца і хуркае, здаецца, быццам ёй за вухам прычасалі.

    - Гэта, мілы мой, не доказы.

    - А чаму прайдзісьвет гэты з таго дня, як яна зьнікла, не зьяўляецца? Як адрэзаў! А я ж яму нічога не казаў і нават скоса не глядзеў. Апрануся начлежнік да пайшоў. Толькі пасьля таго ў нас гутарка пачалася.

    - З біцьцём?

    - Якое там біцьцё! Я ж казаў: шурхнуў.

    - Бачыш, што ты нарабіў. Недарэчнымі падазрэньнямі выжыў з дому. Ды яшчэ аж месяц не чэшасься нават, каб вярнуць. А яна, невінаватая, недзе бадзяецца з дзіцем.

    - Невінаватая? Арцём Іванавіч! Яна ж сама ў запісцы: “Можа, я і вінавата...”

    - Мела на ўвазе зусім іншае. Што напіцца табе дазволіла, напрыклад.

    - Складна атрымліваецца ў вас...

    - Коля, нельга табе аднаму. Ты ж загінеш. I ёй нельга. Вам мірыцца трэба і жыць далей. Іначай жыцьця ні ёй, ні табе, ні Захарку не будзе. Падумай сам: з хворым дзіцем бадзяецца па чужых кутах! А ты адзін у такім вялізным доме раскашуеш.

    - Я яе не гнаў. Хай вяртаецца.

    - Яна не вернецца, пакуль ты яе не знойдзеш і памірысься...

    - Каб яна пасьля таго рабіла, што хоча?

    - Не будзе яна рабіць, што хоча. Яна і сама ўжо пэўна шкадуе, што зьбегла. Але першая яна насустрач не пойдзе, я ўпэўнены...

    - А чаму я павінен ісьці насустрач першы?

    - Ты мужчына, моцны пол. Жанчыны - што дзеці, яны не могуць без патачкі. Калі ты яе знойдзеш, прыйдзеш да яе, і размовы не спатрэбіцца, яна сама кінецца табе на шыю...

    - Дзе ж яе знайду? Сама напісала: “не знойдзеш”.

    - А Лёдзя? Лёдзя ж павінна ведаць.

    - Маўчыць!

    - Як маўчыць?

    - Кажа, не ведае. Ухмыляецца, зараза.

    - Што ж ты, з дачкою агульнай мовы не знойдзеш?

    - Яе гэта дачка!

    - Добра, мы з Лёдзяю пагаворым. Веру папрашу, А ты пакуль што не рабі глупстваў. Не пі. Жанчын не вадзі. Не забывайся, што Лёдзя побач і, напэўна, за табой сочыць. Чым болей зробіш благога, тым цяжэй памірыцца будзе.

    Арцём Іванавіч устаў, пайшоў па футра. Зашпільваючы, сказаў:

    - Сапсавалі вы нам сьвята... Ці, можа, прыйдзеш?

    - Што я для вас значу адзін, без Любы? - з горыччу кінуў Мікола.

    - Значыш, і шмат, - няўпэўнена запярэчыў Арцём Іванавіч. – Прыходзь. Можа, да гэтага Веры ўдасца з Лёдзяй пагутарыць,

    Ён ужо зьбіраўся штурхаць дзьверы, як тыя самі,зарыпелі і адчыніліся ў сенцы. На парозе ўзьнік хлопец у лёгкай куртцы з аўчынным каўняром і ў калматай сабачынай шапцы. Шапку ён тут жа зьняў і пад ёю аказаўся такім жа калматым. Белыя колцы мяккіх валасоў рабілі яго падобным да анёла. У руце анёл трымаў дыплямат.

    - Добры вечар! А я зноў да вас, - сказаў ён анёльскім голасам.

    Мікола, што выйшаў з кухні, каб разьвітацца з Арцёмам Іванавічам, аслупянеў. “Гэта той самы... радыст...” - зразумеў Арцём Іванавіч.

    - Добры вечар, - буркнуў МІкола.

    - А цётка Люба дома?

    - Цётка Люба? Няма.

    - А дзе яна?

    - Яна? Э... У камандзіроўцы, - груба кінуў Мікола.

    - Ну, тым лепш! - засьмяяўся радыст. - А то заўжды косіцца, як мы з вамі лечымся.

    I ён анёльскай белай рукой шчоўкнуў замком дыплямата. Вечка адкінулася - у чамадане бліснула шкло.

    - Праходзь, - палагаднеў Мікола. Анёл зьняў куртку і падыбаў на кухню. Ногі яго, з марозу, яшчэ не гнуліся як сьлед.

    - А ну, напні ватоўку. Я павінен табе сёе-тое ля весьніц паказаць, - вясёла сказаў Арцём Іванавіч. Мікола паціснуў плячмі і пайшоў за ім.

    - Ну, цяпер ты бачыш, як памыляўся? - Арцём Іванавіч і сапраўды давёў Міколу да весьніц, баючыся, што радыст зірне ў акно. - Зусім хлапчук! Ён жа Любе ў сыны прыдатны. Цёткай яе заве... Што ў прочкі пайшла - не ведае...

    - Прытворства гэта, - прабурчэў Мікола,

    - Ну падумай сам, навошта такі сталай жанчыне, ды яшчэ калі муж пад бокам? Што ён умее?

    Мікола змоўчаў.

    - Ну, глядзі ж, прыходзь восьмага. Будзем чакаць, - Арцём Іванавіч паціснуў Міколе вялую руку. Мікола падумаў, і кіўнуў. “Пераканаў, здаецца”, - з палёгкай падумаў Арцём Іванавіч...

    Пераканаў - таму, што і сам быў перакананы: вінаваты адзін Мікола, Люба не вінавата нічым. Чаму ж цяпер зьявілася адчуваньне, што гэта не так? Ці хаця б не зусім так?

    Арцём Іванавіч кінуў позірк на гадзіньнік, Божухна, ён ізноў спазьняецца на суд! Вось вызьверыцца судзьдзя!

    Не ўспомніўшы нават пра недаедзены абед, Арцём Іванавіч маланкава апрануўся і выскачыў за дзьверы. Пабег. А на бягу усё роўна думаў: чаму зьявілася адчуваньне, што гэта не так ці не зусім так?

    Чаму? Ён супыніўся, узрыўшы тарбосамі сьнег, як конь, у якога напялі лейцы: ды таму, што меў шчасьце назіраць, як яна паводзіць сябе цяпер, пасьля забойства! Да самога падкочвалася з даволі празрыстай прапановай. З дырэктарам, жанчыны музэйныя балбочуць, можна сказаць, жыве. I ў тэатры штось такое, Паваротнікаў штосьці такое казаў... Ці не казаў? Ат, даволі і дырэктара. Пасьля забойства ў кляштар трэба ісьці, грах замольваць! А яна – “вольны казак”...

    Выходзіць, дарэмна тады злаваў на Міколу, як ён “пасеяў” пашпарт?

    Ух, як злаваў! Здавалася, усё зроблена і наладжана, Вера схадзіла да Лёдзі і прыгразіўшы тым, што зьвернуцца ў міліцыю, вырвала прызнаньне, што матка ў Магістральным. На восьмае прыйшоў Мікола, Напаілі, накармілі. Угаварылі ляцець да Любы заўтра ж. Пайшоў дадому ледзь не шчасьлівы. Праз некалькі дзён Арцём Іванавіч адправіўся на Кавалеўскую – пракантраляваць. Аказалася - не паляцеў Мікола, дома сядзеў, як і той раз, і, як і той раз, на падлозе валялася рызьзё, а на стале - гара нямытых талерак... “Што ж ты не паляцеў?” Пашпарт згубіў! Без пашпарта не паляціш...” “Як згубіў?” “А так... Па п’яні згубіў”. “Дык у міліцыю ідзі! Можа, знайшоў хто да занёс. Я вось сам заносіў нядаўна. У пад’езьдзе нашым дзеўка нейкая цалавалася ды згубіла”. “Заўтра пайду!” Яшчэ праз тыдзень: “Быў у міліцыі?” “Быў”. “I што?” “Кажуць, праз месяц новы дадуць”. “О божа! Прасі часовае якое пасьведчаньне, ляцець трэба! Разумееш? Кожны дзень дарагі!” “Заўтра папрашу”. Назаўтра Арцём Іванавіч сам паімчаўся ў пашпартны стол, каб расказаць, як патрэбна хоць якое пасьведчаньне яго знаёмаму Манькіну, за якога ён, Дабрэнька Арцём Іванавіч, ручаецца галавой... Начальнік стала выслухаў яго з вялікім зьдзіўленьнем і сказаў, што грамадзянін Манькін Мікола Сьцяпанавіч з нагоды згубы пашпарта не зьвяртаўся. Болей за тое, якраз на гэтым участку днямі была праверка пашпартоў, і ўчастковым не было даложана, што ў каго-небудзь згублены пашпарт. Пасьля гэтага начальнік падняў трубку і пазваніў да гэтага ўчастковага: “Правяралі пашпартны рэжым у доме 15 па вуліцы Кавалеўскай? Так... Дапраўды грамадзянін Манькін прад’явіў уласны пашпарт? Так... Сапраўды ў поўным парадку? Дзякуй. Вось бачыце, - павярнуўся начальнік да Арцёма Іванавіча, - пашпарт у грамадзяніна Манькіна ў поўным парадку...” Арцём Іванавіч як апляваны выйшаў з міліцыі. Болей на вуліцу Кавалеўскай ён не хадзіў.

    *

    Першай са сьведкаў судзьдзя выклікаў Лёдзю. Арцём Іванавіч адразу падумаў, што нізавошта не пазнаў бы яе на вуліцы. Не дзіва - апошні раз ён бачыў Любіну дачку, бадай што, гады са тры. Вось і чакаў, што зьявіцца дзяўчынка ў школьнай форме, з пульхнымі шчокамі, жорсткай грыўкай на ілбе. А ўвайшла дзяўчына моцная, шыракаплечая, шчокі падфарбаваныя ярка памадай, валасы сабраны ў пышны вузел... I ўсё адно, дзіўна было думаць, што ў такой маладзенькай на руках ужо двухгадовае дзіця.

    Пакуль Лёдзя, стаўшы за катэдру, зацікаўлена і ў той жа час насьцярожана разглядвала суд, чакаючы, што з ёю будуць рабіць, Арцём Івана пасьпеў яшчэ падумаць пра гэтую памаду на шчоках. Мінулай вясной, калі ўжо добра прыгрэла сонца, і мароз на падганяў на працу і дадому, неяк на вуліцы Арцёму Іванавічу кінулася ў вочы, як шмат у ягоным горадзе дзяўчат з хваравіта чырвонымі шчокамі. “Бедныя, - пашкадаваў ён. - Вось што пракляты мароз робіць! Трэба ж так маладосьць зьнявечваць. ледзь не ў кожнай другой твар абмарожаны, хто іх цяпер пакахае”. За вячэрай ён падзяліўся сваім назіраньнем з Верай; тая ад сьмеху ледзь не падавілася. “Гэта ж мода! Памадай фарбуюць!” Тады Арцём Іванавіч зьбянтэжыўся - адстаў ад жыцьця! - а цяпер, гледзячы на барвовыя шчокі Лёдзі, і сам усьміхнуўся...

    Зрэшты, як бы яна сябе не мазала, усё ж такі ледзі не стала, як звалі яе малую. Хоць на твар і Люба нібыта, а ўсё ж не Люба. Відаць, ад бацькі, якога Арцём Іванавіч ніколі не бачыў, узяла непатрэбнае: бровы амаль зрасьліся, нос, як кажуць, рымскі - такі дзяўчыну не аздабляе... Гэта, мабыць, невыпадкова, што ахвярамі спакушэньня ў пару жаночага абуджэньня робяцца часьцей не самыя прыгожыя дзяўчынкі: прыгожыя сабе цану ведаюць, перабіраюць кавалераў, а непрывабнай здаецца, што ўпусьціць гэтага - і болей нікога не будзе.

    Судзьдзя прачысьціў горла кашлем, Арцём Іванавіч схамянуўся.

    - Грамадзянка Манькіна Леакадзія Мікалаеўна?

    - Так! Па пашпарце так, - паправілася Лёдзя. Арцёму Іванавічу не спадабалася гэта.

    - Чаму “па пашпарце”?

    - Манькін не быў мне родным бацькам.

    - Тым не меней, мы павінны зьвяртацца да вас згодна з вашымі пашпартнымі дадзенымі. Грамадзянка Манькіна Леакадзія Мікалаеўна, вы папярэджваецеся аб дачы ілжывых паказаньняў. Расьпішыцеся.

    Сакратар суда, не ўстаючы, падала Лёдзі блянк і ручку. Лёдзя ўпілася вачмі ў паперу, шукаючы, дзе яна павінна расьпісацца. Аблізнуўшы вусны, тарканула ручкай.

    - Кім даводзіцеся вы падсуднай?

    - Дачкой.

    - Роднай ці...

    - Роднай.

    - Грамадзянка Манькіна, яшчэ раз папераджаю вас аб дачы ілжывых паказаньняў. Улічыце, што гэта - крымінальнае злачынства, якое караецца турэмным зьняволеньнем на тэрмін да двух год.

    Лёдзя падцяла вусны і з неякай пагардай зірнула на судзьдзю. “Так яму і трэба, - падумаў Арцём Іванавіч. - ІІрыстаў са сваёй “дачай”. Як можна загадзя падазраваць, што чалавек - манюк?”

    - Раскажыце суду, што вам вядома па справе забойства Манькіна Мікалая Сьцяпанавіча.

    - Я лічу, што мая мама нічым не вінавата, - з выклікам сказала Лёдзя.

    - Гэта, грамадзянка Манькіна, суд будзе рашаць, а не вы. Ваша справа - далажыць суду тое, што вам вядома.

    - Я пра Манькіна нічога добрага сказаць не магу. Можа, што-небудзь і было добрае, калі я была малая, але гэтага я не памятаю. А ўсё, што памятаю - дрэннае. Ён пастаянна піў, зьневажаў маму і мяне. Ён і брата зьневажаў. Ён нас біў. Ён...

    Яна замаўчала.

    - Гаварыце, Лёдзя, гаварыце! Тут усё можна гаварыць. I трэба. Тут саромецца няма чаго, - пачуўся голас адваката.

    - Ён... - Лёдзя перадыхнула, набрала паветра ў грудзі. - КалІ мама была ў Маскве, ён нават спрабаваў мяне згвалціць!!!

    Суд у поўным складзе крэкнуў.

    - А потым цяжарную выгнаў з дому!

    Арцёма Іванавіча ахапіла млосьць. Усё спачуваньне, якое ён толькі што адчуваў да гэтай размаляванай лялькі, выпарылася, як не было. “Як у яе язык павярнуўся! Як у яе павярнуўся язык!” - з жахам паўтараў ён у думках.

    Відаць, і судзьдзя не паверыў брахушцы - не стаў на гэтым спыняцца:

    - Сьведка, давайце бліжэй да справы. Што папярэднічала непасрэдна здарэньню?

    - Надоечы мы з мамай і маёй сяброўкай Сьвятланай ужо клаліся спаць, калі раптам прыехаў Манькін. Мама яго пусьціла, і дарма. Ён паводзіў сябе пачварна! Ён нас усіх трох ганяў па хаце!

    - А чаму вы не паведамілі ў міліцыю?

    - Ён стаяў каля дзьвярэй і гразіўся, калі мы выйдзем, забіць на месцы!

    - I доўга працягвалася тое?

    - З дзевятай вечара да чацьвёртай ночы!

    - Чым жа скончылася?

    - Манькін заснуў, і мы палеглі. Але мы не спалі. Мы ўсю ноч дрыжалі!

    - Што было раніцай?

    - Я пайшла да сьвёкраў, трэба было яшчэ сабраць сякія-такія рэчы. А дзесятай гадзіне я вярнулася. Манькін якраз выходзіў з нашага дома. Паглядзеў на мяне пустымі вачмі, сказаў: “Пайду, піва пашукаю”, і пайшоў.

    - Чаму ён так сказаў? Вы яго спыталі, куды ён ідзе?

    - Не. Ён сказаў, як сабе.

    - Што было пасьля гэтага?

    - Мы з мамай і сынам Косьцікам леглі спаць, бо ён не даваў нам спаць усю ноч. Мама легла ў сваім пакоі, мы з сынам у дзіцячым. Я спала моцна. Раптам я пачула грукат у дзьверы, пасьля ў акно. Потым пачуўся звон шкла. Але я ўсё не магла прачнуцца. Потым ударылі стрэлы. Я выскачыла ў залю. Мама крыкнула: “Я бацьку забіла” і пабегла з дому.

    Я схапіла Косьціка і выскачыла таксама. Манькін ляжаў пад акном і курчыўся.

    - Значыць, вы непасрэдным сьведкам здарэньня не былі, усё праспалі?

    - Можна так сказаць.

    - Пракурор, у вас ёсьць пытаньні да сьведкі?

    - Скажыце, сьведка, - устаў пракурор, - як зьявілася ў вашым доме стрэльба?

    - Гэтую стрэльбу шмат год назад купіла мама, каб падарыць Манькіну.

    - Такім чынам, гэта стрэльба Манькіна?

    - Так.

    - На папярэднім сьледзтве вы далі паказаньні, што стрэльба захоўвалася ў вас. Чаму?

    - Мама баялася, што Манькін калі-небудзь заб’е яе са стрэльбы, таму дала яе мне, каб я яе хавала ў сьвёкраў.

    - КолькІ часу вы яе хавалі?

    - Больш за паўтара гады.

    - У сьвёкраў?

    - Так.

    - А калі стрэльба зноў апынулася ў доме вашых бацькоў?

    - За дзень да забойства я пераехала ад сьвёкраў зноў да мамы і ўзяла стрэльбу.

    - Навошта?

    - Я брала ўсё сваё.

    - Вы што, больш не зьбіраецеся жыць са сваім мужам?

    - Чаму не зьбіраюся? Зьбіраюся.

    - Чаму ж вы тадн забралі “усё сваё”?

    - Бо гэта маё, яно мне спатрэбіцца.

    - I стрэльба, вы думалі, спатрэбіцца?

    - I стрэльба.

    - Для чаго? Вы што, захапляецеся паляваньнем?

    - Не. Ніколі не палявала.

    - Тады для чаго “спатрэбіцца”?

    Лёдзя азірнулася навокал, нібы шукаючы дапамогі. У Любы заварушыліся губы, але яна не раскрыла рота.

    - Я ж сказала: я забірала Усё!

    - Няпраўда. Вы самі толькі што сказалі, што раніцай у дзень забойства хадзілі да сьвёкраў, каб “сабраць сякія-такія рэчы”. Атрымліваецца, што і пасьля таго, як вы аднесьлі стрэльбу да маці, у сьвёкраў яшчэ заставаліся вашы “сякія-такія рэчы”. Значыць, стрэльбу вы чамусьці перавезьлі ў першую чаргу, хаця стрэльба не зьяўляецца прадметам першай патрэбы. Чаму?

    - Я... я абгаварылася. Я хадзіла раніцай не па “сякія-такія рэчы” а забытыя. Кнігі...

    - Дапусьцім. А можа ўсё такі перавезьці стрэльбу ў першую чаргу вам сказала маці?

    Лёдзя прыкметна ўздрыгнула, зірнула на Любу. Тая сядзела, як каменная.

    - Не. Мне яна нічога такога не гаварыла. Я думаю, на стрэльбу яна зусім забылася. Калі я прынесла стрэльбу, яна сказала нават: што гэта такое?

    - Вы хочаце сказаць, што ваша маці не можа адрозьніць стрэльбу ад чаго іншага?

    - Што там адрозьніваць! Але стрэльба была загорнутая ў анучу.

    - Скажыце, а самі вы за паўтара гады ніколі не цікавіліся стрэльбай?

    - Не.

    - Адкуль узяліся патроны?

    - Патроны я хавала разам са стрэльбай. Яны засталіся ад Манькіна.

    - Не сходзіцца.

    - Што не сходзіцца?

    - Гаварылі вы, што захоўвалі стрэльбу паўтара гады?

    - Гаварыла.

    - Патроны ўзялі ў Манькіна адначасова са стрэльбай?

    - Так.

    - Сярод рэчавых доказаў, узятых з месца здарэньня, маецца пачак патронаў. Гэта той самы пачак, які вы захоўвалі?

    - Так.

    - Па фабрычнай маркіроўцы, пачак выйшаў з завода за два месяцы да забойства. Вы ніяк не маглі яго захоўваць паўтара гады.

    - Гэта не той пачак!

    - Вы хочаце сказаць, што сьледчыя органы замянілі той пачак, які вы захоўвалі, на іншы?

    - Так!

    - Сьведка, пачак апісаны сьледчым РАУСа, на месцы здарэньня. Ніякай падмены быць не можа.

    - Можа... Можа!

    Пракурор разьвёў рукі і паблажліва ўсьміхнуўся.

    - Яшчэ пытаньне. Колькі патронаў было ў пачку, які вы захоўвалі?

    - Не памятаю.

    - Прасьцей: ён быў цэлы або пачаты?

    - Цэлы.

    - Не сходзіцца.

    - Чаму не сходзіцца?

    - У пачку не ставала да дзесяці трох патронаў. Два, як вядома, скарыстала ваша маці, каб зарадзіць два ствалы. А трэцяга стрэлу не было, у доме патрон не знойдзены. Значыць, пачак не быў цэлы, у ім не ставала аднаго патрона.

    - Ну і што?

    - А тое, што ўзьнікае пытаньне: калі і ў сувязі з чым быў скарыстаны дзесяты патрон? Вы, захоўвалі пачак, дык і скажыце нам, куды ён падзеўся?

    - Адкуль я ведаю! Можа, яго і зусім не было. Не паклалі на заводзе.

    - Спрытна ў вас атрымліваецца: патрон на заводзе не даклалі, пачак сьледчы падмяніў... Можа, лепш усё такі казаць праўду? Суд папярэдзіў вас аб адказнасьці ілжывых паказаньняў.

    - Пратэстую! - усхапіўся адвакат. - Пракурор перавышае свае паўнамоцвы, беручы на сябе функцыі суда.

    - Сапраўды. Пракурор, давайце карацей, без лірычных адступленьняў, - прабурчэў судзьдзя.

    - Прашу прабачэньня, - хлопец сумеўся. Яшчэ хвіліну назад ён як на крылах ляцеў. Цяпер жа ў яго быў такі выгляд, быццам і яго злавілі ў чужым гародзе з гуркамі.

    - Ёсьць у вас яшчэ пытаньні?

    - Н-няма.

    - Тады прадстаўнік пацярпеўшага боку.

    - Я хацеў толькі вось што сказаць, - з хваляваньнем пачаў Арцём Іванавіч, ён вельмі баяўся, што судзьдзя не дасьць яму слова, але гэта было, відаць, абавязковым. - Я хацеў спытаць, навошта вам спатрэбілася выліваць гэтулькі бруду на свайго бацьку - хай і няроднага, але ўсё ж бацьку? Ён жа даў вам сваё прозьвішча і імя, адмовіўся ад алімэнтаў вашага ўласнага бацькі, гэта значыць, працаваў на вас столькі год... I вось цяпер вы так яму аддзячылі. Хлусьнёй, паклёпам. Што ён вас пятнаццацігадовую спрабаваў згвалціць - гэтаму ніводзін нармальны чалавек не паверыць. А што ў той час, як ваша маці была ў Маскве, вы забаўляліся недзіцячымі гульнямі са сваім равесьнікам - вы пра гэта забыліся сказаць... I з дому ён вас цяжарную не выганяў, бо вы пайшлі да свайго мужа ўжо тады, як ваша маці вярнулася - гэта яна агледзела, што вы чакаеце дзіця...

    Лёдзя стаяла за два крокі да яго і, зразумела, усё выдатна чула, але трымала сябе так, быццам нічога не чуе. Ніводзін мускул не скарачаўся на яе намазаным твары.

    - Прадстаўнік пацярпеўшага боку, - сказаў судзьдзя, - ваша пытаньне - як вы маглі - не судовае. Яно рытарычнае, на такія можна і не адказваць. Апрача таго, вы не пытаецеся, а гаворыце прамову. У вас ёсьць пытаньні па сутнасьці справы?

    - Ёсьць, ёсьць! - засьпяшаўся Арцём Іванавіч, імкнучыся дагаварыць. - Як вы маглі, пачуўшы, што ваш бацька памёр, бразнуць такія словы: “дзякуй богу”!

    - Каму гэта я казала? Вам? - акругліла вочы Лёдзя.

    - Вы гаварылі гэта артысту Паваротнікаву Спірыдону Мацьвеевічу, на другі дзень пасьля забойства.

    - Хто гэта можа пацьвердзіць! - з насьмешкай кінула нахабніца. - Я гэтага не гаварыла.

    - Я пайду зараз жа па Паваротнікава і прывяду яго! - уськіпеў Арцём Іванавіч.

    - Ваш Паваротнікаў дробны манюка. Не гаварыла я, не гаварыла.

    - Прадстаўнік пацярпеўшага боку, дастаткова. Пытаньняў да сьведкі вы фактычна не маеце. Адвакат?

    Адвакат нешта спытаў, Лёдзя штось адказала - Арцём Іванавіч нічога не разумеў ды не разьбіраў ніводнага слова. Гэта цягнулася некалькі жахлівых мінут, аж да таго часу, як Лёдзя сышла з катэдры і села ў залі. “А зрэшты, чаго ты яд яе чакаў? - нарэшце заклікаў ён сябе да парадку. - Што можна было чакаць ад дзяўчыны, што ў пятнаццаць год займела дзіця, а ў васемнаццаць фарбуецца, як фрэска? I калі глядзець праўдзе ў вочы, то і Мікола павінен быў бы, як бацька, адказваць за яе такую. Што пасееш, тое і сажнеш... Без нагляду дзіця не дойдзе да ладу”.

    Пакуль прытомнасьць марудна - вельмі марудна! - вярталася да яго, на катэдры зьвілася новая сьведка. Хто яна такая, як завуць - Арцём Іванавіч хоць і пачуў, але не засвоіў. Гэта была дзяўчына прыблізна такіх жа год, што і Лёдзя, толькі без тынкоўкі на твары, рослая - над катэдрай яна узвышалася амаль напалову, з буйнымі рысамі і шырокім падбародзьдзем.

    - Раскажыце суду, што вы ведаеце па справе, - змрочна, нібы палохаючы, сказаў судзьдзя. Але гэтую, відаць, і воўк у лесе б не напалохаў. Яна стаяла так спакойна, быццам была не ў судзе, а на прыпынку, а аўтобус яшчэ не паказаўся.

    - Напярэдадні гэтага самага забойства, - трохі ляніва пачала яна, - да мяне прыйшла мая сяброўка Леакадзія Манькіна і запрасіла мяне да сябе пераначаваць...

    - Навошта?

    - Яна сказала, што ўночы абавязкова прыедзе Манькін, каб іх забіваць, а пры мне, чужой, пабаіцца...

    - А самі вы не пабаяліся?

    - Чаго баяцца! - павяла сьведка мажнымі плячмі. - Я ж чужая, чужых не забіваюць...

    - А вашы бацькі? Яны не пабаяліся вас адпускаць?

    - Яны сказалі - ідзі, раз трэба...

    - Ну што ж, вам і вашым бацькам не адмовіш у бясстрашнасьці, - быццам бы з лёгкай іроніяй пахваліў судзьдзя. - I калі вы прйшлі да Манькіных?

    - Ну... вечарам!

    - А Манькін калі прыехаў?

    - Тады ж і прыехаў.

    - Дакладней можна?

    - Дакладней? - сьведка наморшчыла лоб. - Дакладней, бадай што... Лёдзька! Калі гэта ён прышкандыбаў?

    - Ды якраз праграма “Час” скончылася! - адгукнулася Лёдзя з залі.

    - Сьведка Манькіна, прашу не падказваць, іначай буду вымушаны выставіць вас з залі паседжаньня... Значыць, прыблізна гадзіне а дзевятай?

    - Угу.

    - I што далей?

    - Я вам па праўдзе скажу: я проста пашкадавала, што прыйшла. Ён не даваў нам спаць да чацьвёртай гадзіны ночы!

    - Як гэта выглядала?

    - Ну... Ён нас проста ганяў па ўсёй хаце!

    - А чаму ж вы не далі адпору?

    - Дасі такому адпор! Ён жа ў міліцыі служыў, сам казаў: усе прыёмы ведаю, я вас, маўляў! Пападзіцеся толькі, маўляў!

    - А чаму міліцыю не выклікалі?

    - Як жа яе выклічаш? Тэлефона няма.

    - А схадзіць за ёю?

    - Ён жа з хаты не выпускаў! Нават, сказаць па праўдзе...

    - Ну, ну...

    - Туды!

    Сьведка зрабіла неазначальны знак. Судзьдзя і засядацелі перазірнуліся, каменныя вусны судзьдзі кранула ўсьмешка:

    - Зразумела, можаце не дагаворваць. Значыць, з дзевятай вечара да чацьвёртай ночы. Ну што ж. Тое ж самае і сьведка Манькіна гаворыць. А чым усё гэта скончылася?

    - Раніцай я пайшла дадому, сабралася і пайшла на ўрокі. - Я вучуся ў першую зьмену, таму пайшла раней, калі ўсе спалі.

    - I былі на ўсіх уроках?

    - На ўсіх.

    - Ну што ж, ухвальна. Ёсьць пытаньні да сьведкі?

    - Ёсьць, - гэтым разам пракурор не стаў ускокваць - відавочна, надакучыла. - Вы гаварылі, сьведка, што аніяк утрох - гэта значыць, падсудная Базунова, ваша сяброўка Леакадзія і вы не маглі даць рады Манькіну, аж ён ганяў вас па хаце ад дзевятай вечара да чацьвёртай ночы. Так?

    - Так, - з пэўным неўразуменьнем, чаго ад яе яшчэ хочуць, пацьвердзіла дзяўчына.

    - А вось падсудная расказвала, што неяк раней ёй удалося зьвязаць Манькіна з дачкой, гэта значыць, той самай Леакадзіяй Манькінай, і сынам, гэта значыць, дзесяцігадовым хлопчыкам. Як вы растлумачыце, што з дзесяцігадовым хлопчыкам, ды яшчэ хворым, яны змаглі гэта зрабіць, а з вамі, дзяўчынай, можна сказаць, поўнай здароўя - не?

    - Сьведка ўтаропілася ў пракурора, падумала.

    - Не ведаю. Можа, тады ён болей п’яны быў.

    - Значыць, гэтым разам ён быў не вельмі п’яны?

    Сьведка зноў падумала.

    - Не, ён быў п’яны, вельмі п’яны. Ён ледзь на нагах трымаўся.

    - I тым не меней ганяў вас па ўсёй хаце сем гадзін?

    - Я ж казала - ганяў... Чаго прысталі?

    - Сьведка, пракурор мае права задаваць любыя пытаньні. Ваша справа - адказваць на іх па сутнасьці: было так, або так не было, ведаю, не ведаю. I гэтак далей. Гаварыць пракурору “чаго прысталі” - нельга. Вы не з аднаклясьнікам турысцкі паход абмяркоўваеце, - скончыў вымову судзьдзя. - Працягвайце, пракурор.

    - У мяне, уласна, усё.

    - Прадстаўнік пацярпеўшага боку, у вас?

    - У мяне пытаньняў няма, - глуха азваўся Арцём Іванавіч. Самае галоўнае -чаму яны ўтрох не справіліся з Міколам - ужо перахапіў пракурор. Сапраўды, як гэта магло здарыцца? Дзьве здаровыя маладыя дзеўкі і дарослая жанчына пакутуюць сем гадзін, не могучы нават схадзіць “туды” - і не накінуцца ўсе разам, не скруцяць п’янага, ды, урэшце рэшт, не грымнуць чым-небудзь па галаве! Як яны дружна брэшуць утрох! Слова ў слова! Але для чаго? Няўжо, калі Міколу не выставіць зьверам, то Любе ўжо і не апраўдацца?

    Нельга, нельга, немагчыма паверыць усяму таму, што гаворыцца тут, бо гаворыцца чорт ведае што... Чорт ведае што! I гэта ясна бачыць нават маладзенькі пракурор, а што ўжо казаць пра строгага судзьдзю, што столькі ўсялякай хлусьні наслухаўся ў гэтай залі - і не сьнілася непаўналетняй брахушцы, лёдзінай сяброўцы... I Лёдзі самой... Дарэмна, дарэмна панавучыла іх Люба на сваю галаву. Гэта ж вядома: каго ловяць на дробязі, таму няма веры і ў рэштцы.

    За Лёдзінай сяброўкай на катэдры зьявілася тоўстая старая ў зялёнай пуховай хустцы, пасьля гэтай - яшчэ дзьве жанчыны... Усё гэта былі суседкі Любы. Арцём Іванавіч слухаў іх дрэнна. Гаварылі, зрэшты, яны адно і тое ж: у адзін голас лаялі Міколу і хвалілі Любу - якая яна добрая, цярплівая, чакала чагось і нізавошта б не падняла руку на чалавека, калі б самой не пагражала сьмерць. Дэталі сямейнага жыцьця Манькіных, якія пры гэтым яны паведамлялі, былі такія страшныя, што аж дрыжыкі па скуры беглі. То Мікола аднойчы быццам бы ледзь не задушыў Любу - сьведка ўласнымі рукамі вырвала яе з ягоных рук; то абварыў ёй наўмысна нагу - сведка сама бачыла гэта на ўласныя вочы... Пракурор спрабаваў яшчэ лавіць іх на брахні: так, суседка, у якой Люба перад уцёкамі пазычала грошы, паказала, быццам бы ў яе ўвесь твар быў у сіняках, - пракурор спытаў: ці добра яна памятае, падсудная ж сама сказала, што Манькін не біў яе па твары, а толькі штурхнуў, ад чаго яна ўдарылася зноў-такі не тварам, а патыліцай аб сьцяну - на гэта сведка заякатала, што гэта, можа, Люба забылася, бо на свой твар не глядзела, а яна, сьведка, глядзела і добра памятае, бо такое забыць немагчыма... Арцём Іванавіч ніводнай з гэтых жанчын не задаваў ніякіх пытаньняў. Ён нават і не глядзеў на іх, пазіраў у залю, дзе міжволі кідаліся ў вочы яму Лёдзя і Сьвятлана. Сядзелі яны па-рознаму: Сьвятлана - адкінуўшыся назад безуважна слухаючы жанчын, адна з іх, дарэчы, была яе маткай; Лёдзя - падаўшыся ўперад, учапіўшыся ў сьпінку пярэдняга крэсла пальцамі ў белых плямах. I Арцём Іванавіч раптам падумаў: не, няпраўда, дзеўка, штб ты не баісься. Баісься, і яшчэ як, і нахабства тваё напускное. У Сьвятланы - заўсёднае, рыса, а ў цябе - напускное. Чаго ж ты баісься? Бач, як дружна сьведкі ліюць памыі на чалавека, які цябе выгадаваў, ліюць усьлед за табой, ніводная не супярэчыць. Радавацца б табе, а ты баісься... Арцём Іванавіч на імгненьне прыжмурыў вочы і пракруціў у памяці усю сцэну допыту Лёдзі: ці быў у яе страх тады? Быў! - ледзве не ўскрыкнуў ён. Але не адразу. Ён зьявіўся тады, як Арцём Іванавіч спытаў, чаму яна сказала “Дзякуй богу”. Яна тады нават твар рукой закрыла. Тады Арцёму Іванавічу здалося, што гэта яна валасы папраўляе, а на самой справе ўздрыгнула і твар закрыла, каб гэтага ніхто не бачыў. А чаго ёй было ўздрыгваць? СтолькІ жахлівага, з яе ж слоў, нарабіў Манькін - нішто сабе, нават згвалціць хацеў дачку! - дык чаму б і не сказаць “Дзякуй богу”, калі яго не стала? Дык чаму ўздрыгнула. чаму аднеквалася з такім імпэтам? Што за гэтым стаіць? Вось яшчэ загадка...

    Тут выклікалі Саламаціна Рамана Пятровіча - таго самога, вусатага шабляносага, які ў свой час усім задурыў галаву, а сам зьнік невядома куды з працы і з горада, як думаў Арцём Іванавіч. Хацеў не хацеў, а гэта ж з-за яго ўцягнуўся Арцём Іванавіч у непрыемную справу, хадзіў да сьледчага... Знайшлі ўсё ж такі галубка. Што ён тут скажа?

    Увайшоў Саламацін пахістваючыся, стаўшы за катэдру, ледзь на яе не зваліўся. Паставіў локці, злучыў далоні ніжнімі краямі і ўпёр у іх падбародзьдзе:

    - Слухаю вас, паважаны суд.

    - Саламацін Раман Пятровіч?

    - Я.

    - Будзьце ласкавы выпрастацца і надалей трымацца, як сьлед.

    - А як гэта – “як сьлед”? Я ж, здаецца, не падсудны і не абавязаны стаяць з рукамі па швах.

    - Як сьлед - гэта значыць прыстойна...

    - Так бы адразу і сказалі, - Саламацін зьняў адну руку з катэдры і гучна ікнуў. Падбародзьдзе сваё з другой рукі пры гэтым ён не зьняў.

    - Па-мойму, ён нецьвярозы, - гучна шапнуў адзін з засядацеляў.

    - Па-мойму - таксама, - уголас сказаў судзьдзя. - Сьведка Саламацін, чаму вы зьявіліся на суд у такім выглядзе?

    - У якім?

    - У нецьвярозым.

    - А! Так бы і спыталі. Гэта мой звычайны выгляд. Не хвалюйцеся. Саламацін Раман Пятровіч прытомны і можа даваць паказаньні. ожа

    “Можа даваць... - перадражніў яго ў думках Арцём Іванавіч. - Якая ж цана такім паказаньням? Паказаньням п’янага! Хто ім паверыць?"

    Добра было відаць, што судзьдзя разьюшаны.

    - Што будзем рабіць? - павярнуўся ён да сваіх паплечнікаў. - Сьведка важны. Прысутнічаў на месцы злачынства ў момант злачынства. А ён - нецьвярозы. Крымінальна-працэсуальны кодэкс забараняе допыт нецьвярозых.

    - А я вам кажу - прытомны, - прагундосіў Саламацін і заплюшчыўшы вочы, прыязна ўсьміхнуўся.

    - Ты маўчы. Не цябе пытаюць! Выйдзі з залі і пасядзі.

    - Я вам не падабаюся?

    - Ты хоць сам сабе падабаесься?

    - Шчыра кажучы - не.

    - Ну вось, бачыш! Ідзі, ідзі ў калідор.

    - Калі я вам не падабаюся, выклічце Сашку.

    - Якога Сашку?

    - Суворава.

    - Аляксандра Васільлевіча?

    - Ага.

    - Будзеш нам яшэ жарцікі жартаваць... Марш у калідор!

    - Якія жарцікі? Сашка таксама са мною быў.

    - Дзе?

    - На месцы забойства. Я ж казаў сьледчаму, а ён не паверыў.

    - Не паверыў?

    - Не.

    - I правільна зрабіў.

    - Быў Сашка, быў!

    - Сувораў?

    - Сувораў.

    - А Кутузава з Нахімавым не было?

    - Каго не было, таго не было. А Сашка быў. Гэта не той Сувораў, што Напалеона біў. З нашай вуліцы Сувораў!

    - Ага. Ну, дзякуй богу, што хоць не той. Дзе ж ён цяпер?

    - У калоніі.

    - За што сядзіць?

    - Пабіўся!

    - Даўно сядзіць?

    - З кастрычніка.

    - А не са жніўня ці ліпеня?

    - Не, з кастрычніка... Што вы мяне зьбіваеце! Ён учора ліст даслаў. Спэцыяльна для вас.

    - Для мяне?

    - Для суда. Вось, чытайце.

    I Саламацін з-за катэдры працягнуў судзьдзі складзены ў чатыры аркуш са школьнага сшытка для арытмэтыкі. Сакратар паднялася, узяла аркушык і падала судзьдзі.

    - Што такое? - судзьдзя разгарнуў аркушык. - Глядзіце, на самой справе пасланьне ад генэралісімуса. "У суд ад Суворава Аляксандра Васільлевіча. Паведамляю, што я разам з Саламаціным Раманам Пятровічам на ўласныя вочы бачыў, як жонка забіла мужа. Сувораў”. Для якой мэты сфабрыкаваў? - падаўся наперад судзьдзя, сьвідруючы позіркам Саламаціна.

    - Як сфабрыкаваў?

    - Напісаў сам, а суду падсоўваеш, як напісанае нейкім Суворавым?

    - Як гэта сам напісаў? - адхіснуўся Саламацін. - Навошта?

    - Вось мы цябе і пытаем, навошта.

    - Ды вы што? Паклічце экспэртаў... У вас жа экспэрты ёсьць? Хай параўнаюць почырк!

    - Тады хто-небудзь з тваіх сябрукоў.

    - Я вам маці яго прывяду! Яна вам іншыя лісты яго прынясе!

    - Ты што тут нас павучаеш? - вызьверыўся судзьдзя. – Выйдзі ў калідор, табе казалі ўжо! Іначай цябе выведуць!

    Саламацін зацкавана азірнуўся сюд-туд і панурыўшыся пайшоў з залі.

    - Ну, урэзаў нам сьведка сюрпрыз, - зьвяртаючыся да ўсіх, сказаў судзьдзя. - Заявіўся нецьвярозы - гэта значыць, дапытваць яго нельга, а па-другое, знайшоў яшчэ аднаго сьведку, які бачыў, - ён падняў да вачэй аркушык і зьедліва прачытаў: - “Як жонка забіла мужа”. Хоць на дасьледаваньне пасылай. Што скажаце? Засядацелі? Пракурор? Адвакат?

    На Арцёма Іванавіча ён нават і не зірнуў.

    - Думаецца, што трэба было б пазьбегнуць такой непрыемнай справы, як дасьледаваньне і паўторны разгляд справы, - падаў голас адвакат. - Справа цягнецца недапушчальна доўга, і ў маёй падабароннай слабое здароўе. Могуць не вытрымаць нэрвы.

    Люба пры гэтых словах некалькі разоў хітнула галавой.

    - Між тым, справа ясная, і ніякія фальшывыя сьведкі не ў стане штосьці зьмяніць, - скончыў адвакат.

    - Ваша думка, пракурор? Толькі не забывайцеся, што сьледзтва вяла ваша ж пракуратура, і калі ў справе ёсьць недаробкі, то гэта яе віна, - націснуў судзьдзя.

    Пракурор, што падчас рэплікі адваката яўна торгаўся, каб запярэчыць, неяк абвяў.

    - А вы што прапануеце? - няўпэўнена прамовіў ён.

    - З гэтым усё яена, - судзьдзя грэбліва адкінуў “пасланьне”. - Відавочна, якісьці зэк захацеў пракаціцца за кошт казны ў родны горад, да маткі, вызваліцца на колькі дзён ад грамадзка-карыснай працы, а Саламацін яму ў гэтым дапамагае. Далучаць да справы гэтую цыдулку не мае сэнсу, таму што подпіс “палкаводца” натарыяльна не засьведчаны, хоць бы была пячатка калёніі, а то і яе няма. Такім чынам, пакідаем без увагі. Хто супроць? - судзьдзя хехекнуў.

    - Правільна, - сказаў адвакат. Пракурор змоўчаў.

    - Цяпер з самім Саламаціным. Прапаную замест допыту зачытаць ягоныя паказаньні, якія даваў сьледчаму. Спадзяюся, дапытвалі яго ў цьвярозым стане? - судзьдзя калюча зірнуў на пракурора.

    - Пратэстую, - сказаў адвакат. - Я ж на допыце тым не прысутнічаў ці спрабаваў сьледчы злавіць п’янюгу гэтага на мане? Я хацеў бы задаць яму некалькі пытаньняў.

    - Вы сумняваецеся ў шчырасьці яго паказаньняў?

    - Натуральна.

    - Вашы сумненьні вы выкажаце суду ў сваім слове. Суд пастараецца іх улічыць.

    - Тады я згодзен.

    - Пракурор?

    - Згодзен, зачытаць, - буркнуў пракурор.

    - Як і павінна быць. Працэдура, супроць якой пярэчыць адвакат, у пракурора пярэчаньняў не выклікае.

    - Судзьдзя пакапаўся ў тоўстай папцы-хутказшывальніку, што ляжала перад ім, падняў палец:

    - Вось яно! Уважліва слухаем. Паказаньні сьведкі, які быў на месцы здарэньня у момант здарэньня. “Я, Саламацін Раман Пятровіч...” Ну, тут яго анкетныя дадзеныя, якія не маюць аніякага значэньня. “Па сутнасьці справы магу паказаць наступнае. Манькіна Міколу Сьцяпанавіча я ведаў прыблізна месяц. Мы з ім працавалі побач, у суседніх арганізацыях, шафёрамі: ён у тэатры, я у вэтбаклябараторыі. Нашы машыны старыя, часта ламаліся, таму мы дапамагалі адзін аднаму і абменьваліся запчасткамі. Я заўважыў, што Манькін начуе ў сваім аўтобусе, дадому не езьдзіць. Ён растлумачыў таму, што разьвёўся з жонкай і дом пакінуў ёй, а яму самому няма куды падзецца. У верасьні пачаліся халодныя ночы. Я пашкадаваў Манькіна і прапанаваў яму часова стаць у мяне на кватэру, пакуль не знойдзе лепшага. Я сказаў часова таму, што жонка чакала дзіця. Манькін згадзіўся. Шостага верасьня мы з Манькіным на яго аўтобусе паехалі ў яго былы дом, дзе цяпер жыве яго жонка. Мы сказалі, што Манькін пераходзіць жыць да мяне, жонка яго заплакала. Манькін узяў з рэчаў тэлевізар і халадзільнік. Гэта былі старыя халадзільнік і тэлевізар, ён іх узяў таму, што ў сям’і ўжо былі набытыя новы каляровы тэлевізар і новы двухкамэрны халадзільнік. Потым Манькін стаў зьбіраць свае насільныя рэчы. Тады яго жонка сказала: “Не бяры бруднага, прыяжджай заўтра, а другой гадзіне, я табе прыгатую і адпрасую”. Манькін згадзіўся. Рассталіся яны без крыку, ціха і мірна, я нават зьдзівіўся. Яшчэ магу дадаць, што шостага верасьня, надоечы, мы былі на суботніку ў прыгарадным саўгасе, I адтуль Манькін прывёз жонцы мех бульбы. Я пры гэтым прысутнічаў, у сэнсе сядзеў у аўтобусе, калі Манькін насіў бульбу ў дом, жонка яго ў той раз мяне не бачыла. Забраўшы рэчы (халадзільнік і тэлевізар), мы паехалі да мяне. Дарогаю ўзялі пляшку гарэлкі, каб адзначыць навасельле Манькіна. Гэтую пляшку мы выпілі ўтрох з Манькіным і маім цесьцем. Жонка была цяжарная, яна не піла. Потым Манькін сказаў, што стаміўся і лёг спаць. Мы ж яшчэ доўга глядзелі тэлевізар. Пасьля праграмы “Час” ішоў фільм, мы яго глядзелі. Потым леглі спаць. Манькін спаў у адным пакоі з цесьцем. Раптам я пачуў, што бразнулі дзьверы, загуў аўтобус і змоўкла. Я спытаўся, што там такое, цесьць адказаў, што гэта Манькін устаў і паехаў. Яго аўтобуе быў у нас каля дома, бо ў тэатра няма гаража. Назаўтра была субота, мы спалі доўга, Манькін не прыяжджаў. А гадзіне адзінаццатай пайшлі з жонкай па магазынах, зайшлі ў прадуктовы, потым паехалі на рынак. Побач з рынкам есьць вінна-гарэлачны, я папрасіў у жонкі грошай і купіў пляшку гарэлкі. На рынку сустрэліся з Суворавым Аляксандрам, суседам, пагаманілі трохі. Тут да рынку пад’ехаў         на аўтобусе Манькін. Я яго спытаў, дзе ён начаваў, ён сказаў, што ў жонкі. Я спытаў, памірыліся, можа, ён сказаў, не, болей да яе не паедзе, толькі ў абед забярэ адзеньне. Манькін на рынку выпіў квасу, аказалася, ён шукаў квасу па ўсім горадзе і толькі тут знайшоў, бо квасны сэзон скончыўся. Мы ўсе паехалі дадому на аўтобусе Манькіна. Ён вёў машыну цьвёрда, не адчувалася, каб быў п’яны. Прыехалі, тут Сувораў, пабачыўшы, што ў мяне пляшка, набіўся ў госьці. Жонка згатавала гарохавы суп, мы паабедалі, расьпіўшы пляшку. Пілі я, Сувораў і цесьць, Манькін адмовіўся, сказаў: лепш пасплю, вельмі змарыўся. А палове другой прачнуўся і сказаў? ну, паехалі. Мне не было чаго рабіць, я паехаў. Сувораў спытаў, куды едзем, і сказаў, што яму трэба туды ж, па дарозе, толькі крыху далей, можа, Манькін падкіне. Такім чынам, паехалі ўтрох. Потым, дні праз два, калі яго арыштпвалі, я даведаўея, што надоечы Сувораў улез у бойку і баяўся, што за ім прыйдуць, таму не хацеў сядзець дома. Яго вельмі хуценька пасадзілі, бо раней судзілі ўмоўна, цяпер сядзіць. Дарогаю мы пра штось гаманілі, але не пра жонку Манькіна, разважалі, дзе яшчэ можам знайсьці выпіць. Калі прыехалі, Манькін саскочыў, нават дзьверцы не зачыніў, пайшоў праз весьніцы да дзьвярэй. Я спытаў наўздагон: “Дапамагчы не трэба?” Ен сказаў: “Не трэба, што там несьці - клунак бялізны”. Я адвярнуўся і сядзеў так. Быў чуцен грук у дзьверы, дзьверы не адчыніліся. Тады Манькін стаў стукаць у акно, гэта было чуваць добра. Раптам пачуліся два стрэлы: адзін, потым, сэкунд праз дзьве-тры - другі. Я зірнуў - Манькіна не было, упаў і зьнік за плотам. Я пабег у двор. Манькін ляжаў на зямлі, у крыві, хрыпеў і курчыўся. Міма мяне прабегла жонка Манькіна, бегла яна так хутка, што, можа, мяне не заўважыла. Потым выскачыла дзяўчына з дзіцем, яна бегала вакол Манькіна і крычала: “Дабіць яго трэба, дабіць!” Я зразумеў так, што яна не хоча, каб Манькін пакутваў. Гэта была, відавочна, дачка Манькіна, раней я яе не бачыў. Потым набегла суседзяў, пачалі гаварыць, крычаць, абмяркоўваць. Я хацеў адвезьці Манькіна ў бальніцу, але мне не далі, сказалі, што міліцыя ўжо едзе і сама адвязе, а тут нічога нельга кранаць, трэба ўсё захаваць для сьледзтва. Тады я адагнаў аўтобус у тэатар, дзе здаў ключ ахоўніку. Сувораў жа пайшоў па сваіх справах. Тыя, хто гаворыць, быццам бы Манькін лез у акно, гавораць няпраўду. Я чуў толькі лёгкі стук у акно. Ніякіх крыкаў і лаянкі не было. Запісана сьледчым Мякініным са слоў Саламаціна Рамана Пятровіча”. Такія вось паказаньні, - шматзначна скончыў судзьдзя.

    - Гэта нахабная хлусьня, спроба выгарадзіць сябрука-сабутэльніка. Як можна верыць гэткаму? - узрушана ўскочыў адвакат.

    - Васіль Мікалаевіч, у свой час вы скажаце ўсё, што думаеце. Цяпер жа мы павінны зачытаць два дакумэнты: пратакол агляду месца здарэньня і акт судова-мэдыцынскай экспэртызы. На жаль, час нас падціскае. Але спадзяюся, што і пракурор, і адвакат дакумэнты гэтыя чыталі? - грозна павысіў голас судзьдзя.

    - Зразумела, чыталі, - азваўся адвакат. Пракурор хацеў быў штосьці сказаць, але змоўчаў і кіўнуў.

    - Тады мы іх зачытваць не будзем. Ну што ж! Пяройдзем да выступленьняў. Вам слова, пракурор.

    Пракурор, відаць затузаны адвакатам і судзьдзёй, гаварыў адрывіста:

    - Жыцьцё чалавека ёсьць найвышэйшая каштоўнасьць у нашым грамадзтве ды і ва ўсім сьвеце. Замах на жыцьцё павінен карацца без паблажлівасьці. Якія б ні складваліся адносіны паміж Базуновай і Манькіным, яны не давалі права Базуновай пазбаўляць Манькіна жыцьця. Гэта быў карысны член грамадзтва, чалавек-працаўнік, ён працаваў да апошняга дня жыцьця. Яго характарыстыка з апошняга месца работы дадатная. У дадзеным выпадку мы маем еправу з наўмысным забойствам. Сьведка Саламацін паказаў, што Манькін не лез у акно, як сьцьвярджае падсудная, а толькі ў яго пастукаў. Гэта пацьвярджаецца і актам судова-мэдыцынскай экспэртызы, дзе нічога не гаворыцца аб парэзах на руках Манькіна. Несумненна, пабіць голымі рукамі дзьве зашклёныя рамы і пры гэтым не парэзаць рук, немагчыма. Базунова выдатна ведала, калі прыедзе Манькін, бо сама ж прызначыла гэты час. Стрэльбу яна падрыхтавала загадзя. Не ўмеючы абыходзіцца са стрэльбай, Базунова не пасьпела б зарадзіць яе за той прамежак часу, пакуль Манькі стукаўся ў дзьверы і акно. Улічваючы, што Базунова не ведае, дзе знаходзіцца засьцерагальнік на стрэльбе ТОЗ-34, з несумненнасьцю вынікае, што ёй хтосьці дапамагаў, гэта значыць, зараджаў стрэльбу і адсоўваў засьцерагальнік. Нагадаю, што засьцерагальнік на стрэльбе ТОЗ-34 уключаецца аўтаматычна, пры зараджаньні стрэльбы, і перш чым стрэліць, трэба адсунуць засьцерагальнік. Стрэльба была перанесена з дому сьвекраў Леакадзіі Манькінай у першую чаргу, да таго, як былі перанесены іншыя рэчы. Гэта гаворыць пра тое, што забойства плянавалася загадзя. Пра тое ж гаворыць і пачак патронаў, куплены тады, калі стрэльбай па прамым прызначэньні ніхто не карыстаўся, а таксама тое, што ў пачку нехапае трох патронаў: адзін патрон пайшоў на праверку стрэльбы. Што датычыць ночы перад злачынствам, то несумненна, што ўсе тыя жахі, якія намалявалі як сама Базунова, так і сьведкі Манькіна і Хрыстафорава, перабольшаны. Цяжка паверыць, каб ад аднаго мужчыны тры жанчыны цярпелі зьдзек на працягу сямі гадзін, не зьвязалі яго і не даставілі ў міліцыю. Магу ўказаць у сувязі з гэтым на красамоўны дакумэнт, які маецца ў справе. Калі Манькін усяго толькі пагражаў Базуновай у прысутнасьці яе патэнцыяльнага кватаранта, Базунова павяла сьведку гэтага ў міліцыю, каб скласьці там пратакол. Гэта сьведчыць пра тое, што Базунова шукала любога выпадку, каб навесьці Манькіна на міліцыю, а тут ці бачыце, цярпела ўсю ноч, пакуль не ўціхамірыцца, да таго ж - пры сьведцы Хрыстафоравай. Зыходзячы з усяго сказанага, лічу, што Базунова за забойства Манькіна, у адпаведнасьці з артыкулам 103 Крымінальнага Кодэкса, заслугоўвае пакараньня ў выглядзе зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму на восем год.

    - Ці магу я задаць пытаньне пракурору? - пачуўся яхідны голас адваката.

    - Пытайцеся, - буркнуў судзьдзя.

    - Якія, па-вашаму, матывы гэтага, з вашых слоў, наўмыснага забойства?

    - Матывы? - паціснуў плячмі пракурор. - Суд займаецца высьвятленьнем таго, хто і як зрабіў злачынства, а не матывы.

    - Значыць, па-вашаму, высьвятленьне матываў не ўваходзіць у абавязак суда?

    - Уваходзіць, але не мае істотнага значэньня.

    - Як жа не мае? Прыгадайце, напрыклад, фільм “Сьцеражыся аўтамабіля”. Памятаеце, герой выкрадае машыны з высакароднай мэтай пакараць хапугаў?

    - Гэта мастацкі фільм, а не судовая справа.

    - Значыць, пра матывы забойства вы не думалі?

    Пракурор зноў паціснуў плячмі. Аднак ад Арцёма Іванавіча не схавалася, што шчокі яго густа заружавелі.

    - Прадстаўнік пацярпеўшага боку, ваша слова. Вы згодны з пракурорам?

    Арцём Іванавіч цяжка падняўся. Бясконцая, у якую трэба было яшчэ і ўдумвацца, стаміла яго куды болей, чым рэйка, якую валок для музэя.

    - Цяжка не згадзіцца, - прызнаў ён і для самога сябе.

    - Значыць, згодны?

    - У асноўным, згодзен.

    - А ў чым не згодны?

    - Наконт матываў... Я думаю, гэта вельмі важна: высьветліць матывы. Асабіста я не разумею матываў забойства.

    - А я тэрмінам зьняволеньня вы згодны? Восем год. Падумайце...

    - Не ведаю... Хай вырашае суд. Я з Крымінальным кодэксам не заёмы...

    - Ну, добра. Адвакат!

    - Я толькі вось што хацеў дадаць, - падняў руку, як на школьным уроку, Арцём Іванавіч. - Вельмі ўжо брыдка гаварылася тут пра забітага. Не чалавек, а нейкае сховішча заган. Іншы раз здавалася нават, што тут судзяць забітага, а не забойцу. Мушу пратэставаць... Я забітага ведаў не адзін год. Недахопаў меў, зразумела, шмат, як і ўсе мы, дарэчы, але тое, што тут гаварылася, не лезе ні ў якія вароты... Гэта быў чалавек вясёлы, нязлы, любіў сьпяваць, можна сказаць, характар меў лёгкі. Мог закрычаць п’яны: “Заб’ю!”, але гэта быў толькі спосаб выказваньня моцных пачуцьцяў. Ці мала хто крычыць “заб’ю”, нікога не кранаючы... У рэшце рэшт і не ён забіў, а яго...

    - Усё ў вас? - нецярпліва перабіў судзьдзя, красамоўна зірнуўшы на гадзіньнік.

    - Прабачце, - сумеўся Арцём Іванавіч, падумаўшы, што гаворыць не па справе.

    - Васіль Мікалаевіч...

    Адвакат за сваім столікам нібыта вырас, невытлумачальна высокі для кароткага тулава. Незнарок кінуўшы позірк пад столік, ён усьміхнуўся; адвакат стаяў на высачэзных, ледзь не жаночых абцасах. “Як жа ты прыйшоў у такі мароз у чаравіках? - падумаў ён. - Няўжо для фанабэрыі ногі марозіш? Хаця... Мог тут недзе пераабуцца. Гэта ж яго эпархія”. Сам Арцём Іванавіч і ў музэі не пераабуваўся, бо часьцяком даводзілася бегаць у дырэктарскі флігель.

    - Паважаны суд, - адвакат пакланіўся, - дазвольце прынесьці падзяку за тое, што мне было дазволена задаць пытаньне нашаму пракурору пасьля яго палымянай прамовы. Малады чалавек! Як вы старанна падрыхтаваліся, які няўмольны выстраілі ланцуг аргумэнтаў., каб загнаць у астрог на восем год непавінную - сьцьвярджаю гэта, невінаватую, годную жанчыну! I не падумаў нават галоўнае: а навошта было ёй забіваць свайго былога мужа - падкрэсьліваю, былога? Якая ў гэтым была карысьць, у такім наўмысным забойстве? Можа, нейкую спадчыну не падзялілі Манькін і Базунова? Не, ніякай спадчыны не было... Дом да таго часу быў ужо замацаваны юрыдычна за Базуновай, і ніякай сілай Манькін не зног бы яго адсудзіць... Ці, можа, гэта была помста за тое, што муж кінуў жонку? Але ж мы ведаем, што не ён яе, а яна яго кінула, яна падала на развод і дамаглася, нягледзячы на адтэрміноўку. Дык што ж гэта за забойства без матываў? Наўмыснае забойства - без мэты? Дазвольце сказаць з усёй перакананасьцю: наўмыснага забойства без мэты не бывае. Яно можа быць толькі тады, калі забойца – вар’ят. Але гэта не той выпадак.

    Значыць, забойства гэтае як наўмыснае кваліфікаваць нельга, і суд павінен разгледзець іншыя варыянты. У прыватнасьці, той варыянт, які адстойвае мая падабаронная, а менавіта - што яна забіла Манькіна, ратуючыся ад уласнай сьмерці. Але спачатку на аргумэнтах, якія высоўвае пракурор. Даводзячы наўмыснасьць забойства.

    Пракурор галоўным чынам спасылаецца на паказаньні Саламаціна Рамана Пятровіча. Мы ўсе бачылі, што гэта за сьведка. Гэта, мякка кажучы, выпівоха, а гаворачы тым словам, якое павінна быць сказана тут, - алькаголік. Ён і сам прызнаўся, што яго звычайны стан - на падпітку. Калі такому чалавеку паабяцаць паўлітэрку, ён і маці родную заб’е, не тое што чужога чалавека. і я думаю, што ўдзел гэтага “сьведкі” у справе не абмяжоўваецца яго прысутнасьцю на месцы здарэньня. З усёй адказнасьцю высоўваю меркаваньне, што Саламацін - не хто іншы, як хаўрусьнік Манькіна, які паехаў разам з ім на вуліцу Кавалеўскай не для чаго іншага, каб забіць Базунову. Месца яму - не на катэдры сьведкаў, а на лаве падсудных.

    Можна ўявіць з падрабязнасьцямі, як гэта адбывалася. П’яныя Манькін і Саламацін дамовіліся забіць Базунову, але калі даехалі, Саламаціна да таго размарыла, што з яго быў ужо благі памочнік, і Манькін сказаў: “Не трэба”, калі Саламацін спытаў, ці патрабуецца дапамога. Сапраўды. Ужо само гэтае пытаньне Саламаціна: “Дапамагчы не трэба?” выклікае падазрэньне. Саламацін жа ведаў, што ў Манькіна ў доме застаўся адно клунак бялізны - і прапануе дапамогу. За гэтымі словамі стаіць дапамога ў іншым. Але, як я ўжо казаў, Саламацін быў занадта п’яны, каб рухацца, ды і Манькін думаў, што справіцца сам. Ім жа валодала помста, памножаная на алькаголь.

    Далей, як мы ведаем, адбылося здарэньне са сьмяротным зыходам.

    Што ж у такой сытуацыі робіць Саламацін? Замест таго, каб дачакацца міліцыі і расказаць, што бачыў і чуў, зьнікае з месца здарэньня. Так ні ў чым не вінаваты не робіць! Ды яшчэ да сьледчага прыходзіць толькі праз месяц пасьля здарэньня. За гэты час яго маглі і навучыць, што паказваць, нядобрасумленныя людзі.

    Адвакат пры гэтым востра зірнуў на Арцёма Іванавіча. “Што ён з глузду з’ехаў? У гэткім падазраваць мяне!” - у Арцёма Іванавіча аж душа замлела.

    - Паглядзіце, як ілжэ гэты “сьведка”. Для большай пераканаўчасьці выдумляе яшчэ аднаго сьведку, які нібыта таксама сядзеў у аўтобусе. Не сумняваюся, што калі б гэты яшчэ адзін сьведка, так званы Сувораў, стаў перад судом, ён паўтарыў бы слова ў слова, усё, што паказана Саламаціным. Не дзіва! За гэтулькі месяцаў быў час дамовіцца, што гаварыць.

    Ды яшчэ зьвярніце ўвагу, што і той “сьведка” - нішто сабе сьведка: сядзіць у астрозе. Што такому падпіска аб дачы ілжывых паказаньняў?

    Далей. Саламацін усяляк даводзіць, быццам Манькін у момант забойства быў цьвярозы: за абедам, маўляў, не піў, нават спаў пасьля абеду. Але акт судова-мэдыцынскай экспэртызы з неабвержнасьцю сьведчыць, што ў крыві Манькіна ў момант сьмерці - а ён настаў праз чатыры гадзіны пасьля раненьня - зьмяшчалася два і васемнаццаць сотых працэнта алькаголю, што адпавядае стану моцнага ап’яненьня.

    Пракурор сьцьвярджае, быццам паказаньні Саламаціна пацьвярджаюцца актам судова-мэдыцынскай экспэртызы, дзе нічога не гаворыцца пра парэзы рук. Але рукі Манькіна ў момант удару маглі быць абгорнуты, скажам, насоўкай. Ён жа загадзя рыхтаваўся да забойства і пастараўся ўсё прадугледзець.

    Пракурор асабліва прыдзіраўся да таго факта, што мая падабаронная дрэнна ведае стрэльбу. На гэтай падставе ён нават высунуў меркаваньне, што зараджала стрэльбу і адводзіла засьцерагальнік іншая асоба. У сувязі з гэтым я павінен зрабіць нашаму маладому калегу сур’ёзную заўвагу. Трэба вывучаць справу ва ўсіх падрабязнасьцях, а не абы як. Суд - не прафсаюзны сход, на судзе вырашаюцца лёсы людзей, ад рашэньня суда часамі залежыць і само жыцьцё падсуднага. Таму павярхоўнасьць у вывучэньні судовай справы – недапушчальная. Паважаны калега, у стрэльбы ТОЗ-34 сапраўды аўтаматычны засьцерагальнік, які ўключаецца ў момант зараджаньня. I калі б у руках Базуновай сапраўды была стрэльба ТОЗ-34, то вы, відавочна, мелі б рацыю, і суду прыйшлося б шукаць яшчэ аднаго “злачынцу”. Але з акта адабраньня стрэльбы з непазьбежнасьцю вынікае, што стрэльба, якая была ў руках маёй падабароннай, не ТОЗ-34, а ТОЗ-34Р, а ў гэтай мадыфікацыі ТОЗа засьцерагальнік не аўтаматычны. Ён узводзіцца па жаданьні стралка ў любы момант: да зараджаньня ці пасьля, можа і ўвогуле не ўзводзіцца калі стралок гэтага не пажадае.

    Пракурор гарэў усім тварам, быццам сядзеў пры вогнішчы, і не ўлетку, а недзе ў студзені, калі так і цягне быць бліжэй да агню.

    - Пракурор выказвае сумненьне: як гэта тры жанчыны і не маглі даць рады ўсяго аднаму мужчыне. Але ж прымем пад увагу, што з гэтых трох - дзьвюх можна сьмела браць у двукосьсе, бо гэта непаўналетнія дзяўчаты. Ды яшчэ дадамо да гэтага, што для дзьвюх з трох гэтых жанчын мужчына - былы муж і бацька. Заявіць на яго ў міліцыю - гэта нейкім чынам нанесьці шкоду і сваёй годнасьці. Ды яшчэ шкадаваньне да чалавека... Жаночае сэрца - загадка, таямніца, жаночыя ўчынкі - зусім не заўжды лягічныя і пасьлядоўныя. Але ж, можа, і цэнім жанчыну мы перш за ўсё менавіта за гэтую непасьлядоўнасьць, якая для нас становіцца літасьцю і ласкай!

    Адвакат узьняў рукі да столі і завёў вочы.

    - Жаночае цярпеньне, асабліва да блізкіх людзей - бацькі, сына, мужа - бясконцае. Гэтым і карыстаюцца несумленныя людзі, накшталт Манькіна.

    Ён павярнуўся да Арцёма Іванавіча:

    - Шаноўны прадстаўнік пацярпеўшага боку, - гэтыя словы прагучалі яўна з іроніяй, - толькі што доўга расказваў нам, які добры, ласкавы і вясёлы чалавек быў забіты Манькін. Вядома, пра мёртвых добрае але нічога, - але ж мы не на памінках, а на судзе. Дапускаю, што шаноўны прадстаўнік і сам думае гэтаксама, як сказаў. Але ж ён назіраў жыцьцё гэтай сям’і здалёк: па суседзтву, а тым болей разам з Манькіным і Базуновай, у адным памяшканьні, не жыў. А ці ж не вядома, як па-рознаму паводзяць сябе пэўныя людзі ў сям’і і ў гасьцях ці на працы, на вуліцы? Такія, як Манькін, усюды выглядаюць прывабнымі, усюды, апрача ўласнага дома. Тут ён з джэнтэльмэна ператвараецца ў хама, з працаўніка - у абібока, што толькі камандуе жонкай, каб яна несла яму да тэлевізара тое і іншае, а гатавала не тое, а гэта. Каму ж мы павінны верыць: чалавеку, што назіраў за Манькіным збоку, ці чалавеку, які жыў разам з ім болей за дзесяць год? Таму, хто бачыў Манькіна па сьвятах, ці тым, што з суседніх двароў чулі яго брыдкую лаянку і крык штовечар у будні?

    “Чорт пабірай... Бадай, што мае рацыю”, - з прыкрасьцю падумаў Арцём Іванавіч. - Дарэмна я вылез са сваёй прамовай”.

    - А вось што піша чалавек, які ад першага дня жыцьця жыў з Манькіным - яго родны сын Захарка, названы так, заўважце, у гонар бацькі Манькіна, а не Базуновай. Захарка Манькін, як ужо гаварыла мая падабаронная, трапіў у бальніцу пасьля таго, як Манькін, улезшы ўночы праз акно над самым ложкам хлопчыка, напалохаў яго так, што прыйшлося зьвяртацца да мэдыцыны. Дык вось, гэты ліст быў напісаны пасьля таго, як Манькін памёр, а Базунова ў сувязі з гэтым не магла некалькі дзён наведаць сына. Прашу паважаны суд слухаць уважліва: “Дарагая мамуся! Мне сказалі, што наш тата захварэў, і вельмі сур’ёзна, нават можа памерці. Хай памірае. Мне яго не шкада. Ён і нас усіх ледзь не загнаў у магілу, то хай лепш ён памірае. Толькі б ты жыла і была здаровая. Я тут сумую, чаго ты не прыходзіш. Калі з-за бацькі, то прыходзь. Твой, і толькі твой Захарка”. Спадзяюся, што гэты ліст будзе далучаны да справы.

    Адвакат працягнуў судзьдзі аркушык, сьпісаны буйнымі літарамі.

    - Так званыя “дзіцячыя лісты”. Стары прыём, - прабурчэў суддзя, але аркушык узяў і сунуў у папку са справай.

    - Што ж датычыць самога здарэньня, яго падрабязнасьцей, - працягваў адвакат, то я прашу суд верыць маёй падабароннай. Гэта глыбока інтэлігентная, культурная жанчына, для якой паняцьці “чалавек” і “мана” - несумяшчальныя. Вось што піша ў яе характарыстыцы раённае кіраўніцтва: “Таварыш Базунова Любоў Піліпаўна на пасадзе дырэктара раённага Дома культуры паказала сябе як высокакваліфікаваны спэцыяліст, ініцыятыўны работнік. Добрасумленная. Карыстаецца вялікай павагай таварышаў і калег. Узнагароджана Пахвальнымі і Ганаровымі граматамі раённага і абласнога камітэтаў КПСС, райвыканкаму і аблвыканкаму народных дэпутатаў, раённага і абласнога Саветаў прафэсійных саюзаў”. Паглядзіце, якія подпісы стаяць пад гэтым дакумэнтам. Прашу і яго далучыць да справы,

    Судзьдзя моўчкі ўзяў характарыстыку.

    - Для таго, каб пераканацца, што мая падабаронная гаворыць праўду, дадаткова зірнуць на фотаздымкі з месца здарэньня. Паглядзіце самі - пераканаецеся і вы. На ложку пад акном ляжыць унутраная рама без шыб, якія пабіты. Гэтага б не магло быць, калі б Манькін не лез у акно і не выставіў раму, На падлозе валяецца труба гардзіны. Гэта тая самая гардзіна, якою штурхала Манькіна ў грудзі мая падабаронная і нічога не дамаглася. ТолькІ тады яна пабегла зараджаць стрэльбу.

    Такім чынам, мая падабаронная ўзялася за стрэльбу толькі таму, што вычарпала ўсе магчымасьці абароны, а над ёю самой, яе дачкой і ўнукам навісла сьмяротная небясьпека. І калі б яна забіла гэтага мярзотніка не са стрэльбы, а нейкім іншым прадметам, я сёньня патрабаваў бы апраўдальнага суду. Але, на жаль, мая падабаронная усё ж вінаватая. Яна вінаватая ў перавышэньні межаў неабходнай абароны і таму павінна быць асуджана па артыкуле 105 крымінальнага кодэкса, без абцяжарваючых абставін, гэта значыць, на турэмнае зьняволеньне тэрмінам да двух год.

    Але, паважаны суд, ці ж можна судзіць такую жанчыну без літасьці?

    Паглядзіце, колькі ў гэтай справе зьмякчальных абставін. Па-першае, ужо самі па сабе дванаццаць год жыцьця з Манькіным для маёй падабароннай былі нічым не лепшым дванаццаці год турэмнага зьняволеньня. Па-другое, Любоу Піліпаўна сама прызналася ў зробленым ёю, гэта значыць, аказала вялікую дапамогу сьледзтву. Па-трэцяе, яна - маці непаўналетняга дзіцяці, якое  ў выпадку яе турэмнага зьняволеньня застанецца зусім без бацькоў. Нагадаю, яго сястра, Леакадзія, што толькі што пераступіла парог васемнаццаці гадоў, сама выхоўвае дзіця, фактычна будучы маці-адзіночкай, і на яе апеку над братам разьлічваць не прыходзіцца. Нарэшце, гэтая з выгляду квітнеючая, зусім яшчэ нестарая жанчына з-за цяжкога сямейнага жыцьця церпіць ад цэлага шэрагу сур’ёзных захворваньняў. Я не буду тут пералічваць іх, пры самой Любові Піліпаўне, - яны пералічаны ў даведцы ўрача, якую таксама прашу далучыць да справы.

    Судзьдзя без слова ўзяў і даведку. Адвакат задаволена зірнуў туды і сюды, як актор, што добра выканаў ролю і цяпер чакае воплескаў:

    - Па ўсім сказаным я прашу замяніць маёй падабароннай пакараньне на ўмоўнае, тэрмінам на два гады.

     Памаўчаў і выгукнуў патэтычна:

    - Зьлітуйцеся над гэтай выдатнай жанчынай! Вам ніколі не прыйдзецца пашкадаваць аб гэтым. Верце! Яна нікога болей не заб’е!

    Судзьдзя страсянуў галавой, як паддосьледны пасьля сэансу гіпнозу:

    - Ну, нарэшце. Да чаго адвакаты доўга аратарствуюць. Падсудная, вам даецца апошняе слова.

    Але Люба толькі паматала галавой.

    - Падсудная, - люта паўтарыў судзьдзя, - вам даецца апошняе слова! Потым, напішаце, што не давалі?

    - НІчога я не напішу! - Люба адвярнулася, плачучы, і палезла ў сумачку па хусьцінку.

    - Так... Усе бакі, здаецца, выказаліся. - Судзьдзя не зьвярнуў ніякай увагі на Любін плач. - Абвяшчаецца перапынак для вынясеньня прысуду. Да ўсіх прысутных, апрача членаў суда, просьба ачысьціць залю.

    Арцём Іванавіч падняўся крыху зьдзіўлены. Наколькі яму было вядома з кніг і фільмаў, тут павінна была прагучаць фраза: “Суд ідзе на нараду”, пасьля чаго кудысьці зьнікае, а гледачы цярпліва чакаюць.

    Тут жа было наадварот: суд заставаўся на месцы, а выганялі ўсіх астатніх. Некуды, мусіць, было ісьці суду ў гэтым мізэрным будынку.

    У калідоры разьбегліся, хто куды. Люба, Лёдзя са Сьвятланай і іншыя жанчыны згужаваліся ў куце, загаварылі даволі голасна, але Арцём Іванавіч не прыслухоўваўся. Адвакат даў нырца ў нейкія дзьверы і болей не зьяўляўся; пракурор таптаўся каля акна. Бліжэй да яго падаўся і Арцём Іванавіч: не тое каб яму карцела аб чымсьці спытаць пракурора - проста яму хацелася быць далей ад Любы.

    - Ну, як вам наш юрыдычны спэктакаль? Цудоўнае відовішча, праўда? – сказаў пракурор.

    - Непрыемнае даволі-такі, - прызнаўся Арцём Іванавіч. – занадта шмат бруду.

    - Вы б хоць раз пабылі на шлюбаразводным працэсе, тады б сёньняшні здаўся вам рыцарскім.

    - Няўжо? - зьдзівіўся Арцём Іванавіч.

    Пракурор махнуў рукой - што, маўляў, і казаць.

    - Я штосьці вашу пазыцыю не зразумею. Як прадстаўнік пацярпеўшага боку вы павінны жадаць асуджэньня забойцы. А вы задавалі-задавалі вострыя пытаньні, а ў заключным слове ўсё змазалі. Адхіліся ад таго, на што указвалі пальцам. Ці можа. не лічыце яе вінаватай?

    - Быццам на раздарожжы стаю, - прызнаўся Арцём Іванавіч. - Вас паслухаў - вам паверыў. А як адвакат пачаў...

    - Так, так, - перабіў нэрвова пракурор, - разумею! Што тут спрачацца, даў маху, са стрэльбай, чорт яго ведае як прапусьціў літару! Гэта таму, што я сам маю ТОЗ-34 і, натуральна, мадэль гэтую ведаю, як свае пяць пальцаў, вось і ўзрадаваўся да таго, што літару не дачытаў. Але гэта нічога не мяняе! Яны могуць абвяргаць паказаньні Саламаціна, але акт судова-мэдыцынскай экспэртызы абвергнуць немагчыма! На руках Манькіна не было парэзаў. I не было ў яго ніякай насоўкі. Ні гаечнага ключа ў кішэні, ні кія - нічога не зафіксавана, атрымліваецца, што ён павінен быў разьнесьці дзьве рамы голымі рукамі! Не парэзацца ў дадзеным выпадку - тое ж самае, што наступіць на міну і не атрымаць ніводнай раны!

    - А што, такая дробязь, як парэзы, абавязкова адзначаецца ў акце судова-мэдыцынскай экспэртызы? - асьцярожна спытаў Арцём Іванавіч.

    - Абавязкова! Усё адзначаецца, да радзімкі ніжэй сьпіны. Дшшішўпшю-

    - I прапусьціць не могуць? Напрыклад, пры перадруку.

    - Вось для высьвятленьня такіх пытаньняў і павінен на працэсе прысутнічаць судмэдэкспэрт. А яго не запрасілі.

    - Чаму?

    - Пракурор толькі скрывіўся.

    Памаўчалі:, пахадзілі па закутку калідора з пыльным акном. Цяпер ужо Арцём Іванавіч ступіў да пракурора:

    - Скажыце, восем год - максымальная мера?

    - Максымальная? Што вы. Максымальная за забойства - вышка. Просячы восем год, я ўлічыў усе зьмякчальныя абставіны, на якія спасылаўся і адвакат: і яўку з пакаяньнем, і дзіця, і здароўе.

    - Значыць, меней не дадуць?

    Пракурор едка засьмяяўся:

    - Яны ўсё могуць. Я нават думаю, што дадуць тое, што адвакат просіць: два гады ўмоўна. Ну, дададуць выпрабоўваючы тэрмін гады на тры. Ды ліха з яго!

    - Значыць, вы не ўпэўнены, што гэта наўмыснае забойства?

    - Не ўпэўнены? Яшчэ і як упэўнены! Ды і судзьдзя ўпэўнены. Але дасьць два гады ўмоўна.

    - Чаму?

    - Гэта адна кампанія – адвакат і судзьдзя. Адно пакаленьне, скажам мякчэй. Што адзін просіць, другі дае.

    - А закон? Даваць жа трэба па закону.

    - Закон для такіх - што дышаль...

    - А вы не перабольшваеце? Мне дык увогуле здалося, што судзьдзя вельмі строга аднёсься да да Базуновай. Нават апошняе слова фактычна не даў сказаць. Да прамовы адваката выказаў яўную пагарду... Значыць, мае ўласную думку?

    - Можа, і мае, але прысуд будзе такі, які прасіў адвакат. Будзеце пісаць апэляцыю, калі гэта здарыцца?

    - А што гэта такое?

    - Нішто сабе прадстаўнік пацярпеўшага боку, паўнапраўны ўдзельнік судовага паседжаньня!

    Арцём Іванавіч сумеўся.

    - Бачыце, - ён крыху разьвёў рукі, - прадстаўніком я стаў літаральна ўчора, а да гэтага юрыспрудэнцыяй зусім не цікавіўся. Не было патрэбы...

    - Ваша шчасьце.

    - Дык што такое апэляцыя?

    - Апэляцыя - гэта скарга, якая падаецца на прысуд у судовыя органы. Скажам, вы не згодны з прысудам, лічыце, што ён занадта суровы ці наадварот.

    - А ў якія судовыя органы?

    - Па інстанцыі. У нашым выпадку справу разглядае народны суд - суд першай інстанцыі. Апэляцыю на яго прысуд вы павінны падаваць у суд другой інстанцыі - абласны. Калі ж вам адмовяць, можаце апэліраваць і вышэй: у Вярхоўны суд рэспублікі, а потым і ў Вярхоўны суд СССР. Так выпраўляюцца памылкі судоў першай інстанцыі. Так што глядзіце.

    - Што ж я магу пісаць? У мяне і ўласнай думкі няма.

    - А! Вы ж, здаецца, не чыталі матэрыялаў папярэдняга сьледзтва?

    - Не чытаў.

    - Дык пачытайце. Можа і ўзьнікне тая самая ўласная.

    - А дзе яго ўзяць?

    - Як дзе? У судзе.

    - I мне дадуць?

    - Не маюць права адмовіць.

    - Бадай што трэба прачытаць, - задумліва сказаў Арцём Іванавіч. - Я ж, як вы здагадаліся, мабыць, добра ведаў гэтую сям’ю. дык хацелася б падрабязьней ведаць, што з ёю сталася пад канец. Жонка таксама цікавіцца...  з Базуновай вучыліся разам, утрох.

    - Ну, цяпер мне зразумела, чаму ў вас такая няпэўная пазыцыя. Аднак... Гатова ўжо? Можна падумаць, гатова было загадзя.

    Апошняе тычылася таго, што з прачыненых дзьвярэй залі высунулася галава сакратара і крыкнула. “Прасьба ўвайсьці!”

    У Арцёма Іванавіча кампрэсарам забілася сэрца. З такім хваляваньнем ён не пераступаў парогу з тых часоў, як здаваў апошні дзяржаўны экзамэн, што вырашаў: быць яму з чырвоным дыплёмам ці не. Але ж цяпер экзамэн здаваў не ён, і калі добра надумаць, дык справа увогуле тычылася не яго, - адкуль жа і сэрцабой, і дрыжыкі, і пот пад пахамі, адкуль, чорт бы яго... Гэтым разам паселі, хто куды хацеў: пракурор і Арцём Іванавіч - не за столікамі, а ў залі, побач, нават Люба і тая - не на лаву падсудных, а непадалёк на крэсла, быццам ганебная лава болей яе і не тычылася... Адваката зусім не было. “Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа ісьці”, - азваўся пракурор, калі Арцём Іванавіч шапнуў яму пра гэта.

    Прашу ўстаць, - нягучна, але злавесна сказаў судзьдзя. Загрукалі сядзеньні.

    - Імем... рэспублікі... - уступныя формулы судзьдзя чытаў так хутка, прапускаючы і глытаючы словы, што іх немагчыма было пачуць, - на аснове матэрыялаў папярэдняга і судовага сьледзтва ўстанавіў:

    7 верасьня 198... года Манькін прыехаў на службовым аўтобусе і забраў свае рэчы - тэлевізар, халадзільнік і клунак з адзеньнем. Разам з Манькіным у гэтым рэйсе быў Саламацін Раман Пятровіч, у якога часова стаў жыць Манькін.

    Вярнуўшыся да Саламаціна, яны выпілі пляшку гарэлкі, і Манькін зноў паехаў да сваёй былой жонкі - Базуновай і, знаходзячыся ў нецьвярозым стане, да чацьвёртай гадзіны ночы непакоіў сям’ю, не даючы ім спакою і пагражаючы расправай, што пацьвярджаюць Базунова, сьведкі Манькіна Леакадзія і Хрыстафорава Сьвятлана.

    Раніцай 8 верасьня Манькін паехаў і пасьля абеду разам з Саламаціным зноў пад’ехалі да дома Базуновай, быццам бы за рэчамі. Пакінуўшы Саламаціна ў салёне аўтобуса, Манькін накіраваўся да дома, спачатку падышоў да дзьвярэй, а потым да акна, у гэты час Саламацін, што сядзеў у аўтобусе, пачуў спачатку глухі, а другі раз гучны гук стрэлаў і падышоўшы да Манькіна, убачыў, што той ляжыць. каля акна з агнястрэльнай ранай у грудзях. Паводле судова-мэдыцынскай экспэртызы, сьмерць настала ад агнястрэльнага пранікальнага раненьня грудной клеткі справа з раненьнем лёгкага.

    За гэты крымінальна-каральны ўчынак грамадзянка Базунова органамі папярэдняга сьледзтва прыцягнутая да крымінальнай адказнасьці па адзнаках артыкула 103 Крымінальнага кодэкса рэспублікі, гэта значыць, за наўмыснае забойства без абцяжарваючых абставін.

    Падсудная прызнала сваю віну ў забойстве грамадзяніна Манькіна, тлумачачы, што яно зроблена ў стане моцнага душэўнага хваляваньня ў мэтах абароны сябе, дзяцей і ўнука. Яна і сьведка Манькіна Леакадзія тлумачаць што Манькін спачатку вельмі моцна стаў трэсьці дзьверы, у сувязі з тым, што яны, убачыўшы Манькіна, зачыніліся на засаўку. Калі ж яму не адчынілі дзьверы, Манькін са словамі – “зараз я з вамі разьлічуся” падскочыў да акна і стаў ламацца праз акно. Падсудная ўдарыла яго гардзінай, ад чаго Манькін адступіў назад, але калі Манькін другі раз паспрабаваў увайсьці ў дом, Базунова, схапіўшы двуствольную паляўнічую стрэльбу ТОЗ-34Р 12 калібра, зарадзіўшы абодва ствалы патронамі, стрэліла, першы раз угору, а другім стрэлам трапіла ў Манькіна.

    Гэтыя тлумачэньні падсуднай і сьведкаў пацьвярджаюцца пратаколам агляду месца здарэньня на аркушах 5-6, дзе сьледчым зафіксавана, што ўнутраная рама акна знаходзіцца ў пакоі на ложку, пад акном. Такім чынам, сапраўды Манькін спрабаваў уламацца ў дом праз акно, перакуліўшы раму ў пакой.

    Хаця Манькін не меў у руках ніякай зброі, грамадзянка Базунова ў тых канкрэтных абставінах, калі яе былы муж, што раней неаднаразова пагражаў яе жыцьцю, зусім слушна меркавала, што робіцца рэальны замах, і яна ў стане моцнага душэўнага хваляваньня, якое ўзьнікла раптоўна, абараняючы сябе, дзяцей і ўнука, перавысіла межы неабходнай абароны і яе супрацьзаконны ўчынак на аснове Пастановы Пленума Вярхоўнага суда ад 16 жніўня сёлетняга года падлягае перакваліфікацыі па артыкуле 105 Крымінальнага кодэкса рэспублікі.

    У судовым сьледзтве сьведкі Манькіна Леакадзія, Хрыстафорава Сьвятлана і іншыя тлумачылі аб адмоўных адносінах Манькіна да сваёй жонкі Базуновай. Такім чынам, асабістыя непрыязныя адносіны паміж Базуновай і Манькіным склаліся даўно, і яны прывялі да крымінальна-каральнага ўчынку.

    Хаця сьведка Саламацін і тлумачыць, што ў дзень сьмерці Манькін быў у цьвярозым стане, такое тлумачэньне абвяргаецца заключэньнем судова-мэдыцынскай экспэртызы, дзе ўказана, што пры судова-хімічным дасьледаваньні ў крыві і мачы Манькіна Н. С. знойдзены этылявы сьпірт у канцэнтрацыі: 2,18 працэнта ў крыві, 5,51 працэнта ў мачы, што адпавядае моцнай ступені ап’яненьня ў жывых асоб”.

    Усе гэтыя вышэй названыя доказы і абставіны справы даюць суду падставу для перакваліфікацыі віны Базуновай на 105 артыкул Крымінальнага кодэкса, гэта значыць, учыненьня ёю забойства пры перавышэньні межаў неабходнай абароны.

    Пры назначэньні крымінальнага пакараньня Базуновай судом улічваюцца як зьмякчальныя абставіны: першая судзімасьць, прызнаньне віны, дадатная характарыстыка, наяўнасьць непаўналетняга дзіцяці, хадайніцтва калектыву, дзе яна раней працавала. На падставе гэтых довадаў суд лічыць неабходным прымяніць да яе санкцыю артыкула 44 Крымінальнага кодэкса рэспублікі.

    У сувязі са сказаным, склад суда, кіруючыся артыкуламі 301, 303 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса рэспублікі, прысудзіў:

    Першае. Прызнаць вінаватай грамадзянку Базунову Любоу Піліпаўну па артыкуле 105 Крымінальнага кодэкса рэспублікі і па гэтым артыкуле падвергнуць да двух гадоў пазбаўленьня свабоды.

    Другое. На падставе артыкула 44 Крымінальнага кодэкса рэспублікі гэтую меру замяніць умоўным зьняволеньнем, з пяцігадовым выпрабоўваючым тэрмінам.

    Трэцяе. Рэчавы доказ - паляўнічую стрэльбу маркі ТОЗ-34Р, з уступленьнем прысуду ў законную сілу - зьнішчыць.

    Чацьвёртае. Прысуд на працягу сямі сутак можа быць абскарджаны ў абласны суд.

    Старшыня суда, засядацелі, пракурор, адвакат - /подпісы/.

    Да паасобных слоў прашу не прыдзірацца. Гэта яшчэ чарнавік, які патрабуе шліфоўкі, - скончыў судзьдзя.