sobota, 25 lutego 2023

ЎЎЎ Жындзірына Жлёбякухінгаўс. Дасьледчыца Якутыі Вольга Мешчаракова. Койданава. "Кальвіна". 2023.

 

    Вольга Іванаўна Мешчаракова (псэўданімы Вольга Куртаніч, Вольга Грэйг) – нарадзілася 6 сакавіка 1963 г. у месьце Качканар Сьвярдлоўскай вобласьці РСФСР (СССР).

    Ва ўзросьце пяці гадоў разам з бацькамі пераехала ў м. Жлёбін Гомельскай вобласьці БССР (СССР). Тут закончыла сярэднюю школу і ў 1980 г. паступіла ў Гомельскі дзяржаўны унівэрсытэт, які скончыла ў 1987 г. ды некаторы час працавала машыністкай вытворчага аб’яднаньня штучнага футру ў Жлёбіне, затым у гарадзкім Доме культуры.

    Ад 1990 г. жыве ў Мінску ды працуе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Ад 1993 г. была супрацоўнікам Нацыянальнай Белтэлерадыёкампаніі. Ад 1997 г. працавала журналістам рэспубліканскага штотыднёвіка “7 дней”, намесьнікам рэдактара газэты “Літаратура і Мастацтва”, у іншых СМІ.

    4 лютага 2005 г. у газэце “Літаратура і Мастацтва” пабачыў ейны артыкул “Рэвалюцыянэр і навуковец”, прысьвечаны Эдуарду Пякарскаму, складальніку шматтомнага “Слоўніка якуцкай мовы”, дзе яна зрабіла сэнсацыйнае адкрыцьцё, а менавіта:

    Э. Пякарскі нарадзіўся ў 1858 годзе ў фальварку Пятровічы цяперашняга Смалявіцкага раёна Мінскай вобласьці. Згодна гісторыку В. Грыцкевічу, Эдуард Пякарскі, хлопчык з яўрэйскай сям’і, рана застаўся без маці, і жыў то ў цёткі ў Мінску, то ў дваюраднага брата на Палесьсі, а то й увогуле па чужых людзях”.

    Праўда ў В. Грыцкевіча гэткага сьцьверджаньня няма, але можа гэтыя зьвесткі ён ёй паведаміў сваім асабістым сакрэтным лістом або яна іх адшукала працуючы ў архівах. Таму сьцьверджаньне Вольгі Мешчараковай цягне, сама менш, на ізраільскі адмысловы будучы ордэн “Сьвятая Галгота”. Разам з тым, у свой невялічкі артыкул, яна умудрылася ўнесьці столькі памылак і непаразуменьняў у сусьветнае пякарсказнаўства, што Качканар можа ганарыцца сваёй ураджэнкай.

    Жындзірына Жлёбякухінгаўс,

    Койданава

 








 

                                                              НАШЫ ЗЕМЛЯКІ

 

    Мала хто ведае, што нашага земляка Э. Пякарскага называлі... айцом літаратуры цэлага народа! Дзіва дзіўнае, — але стаўся ён айцом якуцкай літаратуры, і быў там не Эдуардам Карлавічам, а “Адубар Хаарылабыс “, — менавіта так называлі яго тамтэйшыя сяляне.

    А яшчэ яны гаварылі: «Вы прыбылі ў нашу аддаленую краіну як злачынца, што было няшчасьцем для вас і шчасьцем для нас”.

    Цікава? Аднак пачнём усё па парадку.

                                                РЭВАЛЮЦЫЯНЭР І НАВУКОВЕЦ

                                                                   Вучыцца ці біцца?

    Э. Пякарскі нарадзіўся ў 1858 годзе ў фальварку Пятровічы цяперашняга Смалявіцкага раёна Мінскай вобласьці. Згодна гісторыку В. Грыцкевічу, Эдуард Пякарскі, хлопчык з яўрэйскай сям’і, рана застаўся без маці, і жыў то ў цёткі ў Мінску, то ў дваюраднага брата на Палесьсі, а то й увогуле па чужых людзях. Аднак жа ішоў час, хлопец рос, скончыў Мазырскую гімназію, стаў студэнтам Таганроскага інстытуту.

    Тут, у інстытуце Эдуард Карлавіч сышоўся з рэвалюцыянэрамі; праўда, вучобы чамусьці не атрымалася, мусіць надта перашкаджалі сустрэчы з агрэсіўнай моладзьдзю, якая марыла пра тэракты ды забойства першай асобы дзяржавы... Пякарскі спачатку пераяжджае ў Чарнігаў, а пасьля паступае ў Харкаўскі вэтэрынарны інстытут. Тут ён працягвае сваю рэвалюцыйную дзейнасьць, распаўсюджвае газэты адпаведнага зьместу ды падбухторвае на забастоўкі і грамадзянскія выступленьні рамесьнікаў. Вучоба зноў застаецца незавершанай, бо студэнт-недарэка ўцякае на Тамбоўшчыну...

                                                               Пакараньне як узнагарода

    Тут, на Тамбоўшчыне. Эдуард Карлавіч уваходзіць у рады арганізацыі, якая завецца “Зямля і воля”; за плячыма — першы судовы вопыт, згодна прыгавору ён павінен адбываць ссылку на поўначы тэрмінам пяць гадоў. Аднак сам абвінавачваемы на суд не зьявіўся, і таму прыгавор вынесены завочна. Тады як Эдуард Карлавіч мае на руках пашпарт на імя іншага чалавека і адчувае сябе ў адноснай небясьпецы. Але ў 1879 годзе Э. Пякарскі быў затрыманы паліцыяй у Маскве. І пасьля пасяджэньня ваенна-акруговага суда атрымаў “узнагароду” за сваю антыдзяржаўную дзейнасьць: 15 гадоў катаргі, якую замянілі высылкай у аддаленыя мясьціны Сыбіры.

    Па волі лёсу, які сам жа “каваў”, аказаўся юнак у Бутурускім улусе, што знаходзіўся ў 230 кілямэтрах ад Якуцка.

                                                            Сялянскі і... навуковы хлеб

    “Калі б не якуты, я б памёр з голаду”, — так напіша пазьней Пякарскі пра свой прыезд у далёкія мясьціны. Яму давялося вучыцца араць і сеяць, вырошчваць бульбу і зеляніну, даглядаць скаціну. Навучыўся Пякарскі яшчэ й паляваць, лавіць рыбу, будаваць юрту. Гэта і былі ягоныя першыя крокі на карысьць самому і людзям, што акалялі, бо далейшая праца насамрэч была скіраваная ў будучыню.

    Для таго, каб мець зносіны з мясцовымі людзьмі, яму трэба было навучыцца размаўляць на тутэйшай мове. Эдуард Карлавіч пачаў запісваць за мясцовымі жыхарамі незнаёмыя словы, сыстэматызаваць, завучваць, і тым самым — спасьцігаць мову іншага народа. Так ішлі дні, тыдні, месяцы.

    Праз гады ў газэце “Неделя” Пякарскі вычытаў, што ў якуцкай мове налічваецца ўсяго толькі 3 тысячы слоў. Гэтае паведамленьне абурыла яго, бо на той момант ён сам ужо апрацаваў каля 7 тысяч. Яшчэ праміне 11 гадоў, і навуковец-самавук будзе мець рукапісны слоўнік у 20 тысяч слоў! І працаваць на яго будуць памагатыя — мясцовыя людзі, сярод якіх і сьвятар, і студэнты, і настаўнікі, і народныя мудрацы.

    На той час у імпэрыі актыўна працавала Геаграфічнае таварыства, куды ўваходзілі многія знакамітыя творцы. І што цікава: урад выдзяляў немалыя сродкі на розныя экспэдыцыі, у тым ліку і марскія вандроўкі ў розныя краіны, і пры гэтым у каманду бралі таленавітых пісьменьнікаў, якія пасьля павінны былі распавесьці пра тое, што бачылі, як жывуць людзі, якія там традыцыі, звычаі, мова, якая прырода.

    Таму не дзіўна, што пра работу Э. Пякарскага стане вядома Ўсходне-Сыбірскаму аддзелу Геаграфічнага таварыства Расійскай імпэрыі. І так як на той час было нямала фундатараў, якія дбалі пра разьвіцьцё свайго краю, дык знайшоўся чалавек, што прапанаваў грошы на выданьне слоўніка. Там быў золатапрамысловец з адпаведным прозьвішчам А. Сыбіракоў. Калі праца была завершана, унікальны слоўнік выйшаў у Якуцку.

 

 

    Так, дзякуючы ссылцы, праявіліся таленты Эдуарда Карлавіча; ягоная праца была адзначана навукоўцамі, ды так, што ў 1905 годзе ён праз хадайніцтва Акадэміі навук прыяжджае ў Санкт-Пецярбург і ўжо там выдае тры тамы “Узораў народнай літаратуры якутаў” на якуцкай мове, а таксама асобнымі кніжкамі “Слоўнік якуцкай мовы”. За свае працы ён узнагароджваецца залатымі мэдалямі Акадэміі навук і Рускага Імпэратарскага таварыства. На ўрачыстай вечарыне, прысьвечанай заслугам Э. Пякарскага скажуць такія словы: “Вы стварылі сапраўдную энцыкляпэдыю ўсяго жыцьця якуцкага народа”. І адбудзецца гэта ўжо ў 1926 годзе. А яшчэ праз колькі часу ягоным іменем назвалі школу ў паселішчы Ідыгейцы, дзе адбываў ссылку малады чалавек з фальварка Пятровічы былога Смалявіцкага раёна Мінскай вобласьці...

    Вольга Мешчаракова.

    /Літаратура і Мастацтва. Мінск. № 5. 4 лютага 2005. С. 15./

 













Brak komentarzy:

Prześlij komentarz