ІВАН АНТОНАВІЧ ЛАСКОЎ
(19 чэрвеня 1941, Гомель, БССР [СССР] - 29 чэрвеня 1994, Якуцк. [РС(Я)
РФ])
Іван Антонавіч Ласкоў - паэт, пісьменьнік,
перакладчык, крытык, гісторык, аўтар г. зв. “угра-фінскай” канцэпцыі паходжаньня беларусаў. Узнагароджаны
Ганаровай Граматай Прэзыдыюма Вярхоўнай Рады ЯАССР. Чалец СП СССР з 1973 г. [Таксама чалец СП ЯАССР ды БССР]
Бацька - Ласкавы Антон Іванавіч, недзе 1901 г. нар., украінец, земляроб з
Палтаўшчыны, які ўцёк ад
галадамору, ад якога памерла ўся яго сям’я і блізкія /акрамя брата Пятра/, у
Гомель; працаваў на гомельскай цукерачнай фабрыцы “Спартак”, адкуль у чэрвені
1941 г. быў пакліканы ў РСЧА і прапаў без зьвестак. Ніякіх рэчаў і дакумэнтаў
ад бацькі не захавалася, бо іх
хата ў Гомелі, на Нова-Палескай
18, у вайну згарэла. Маці, Казлоўская Юлія Апанасаўна, нар. ў вёсцы каля
станцыі Красны Бераг /цяпер Пухавіцкі раён Менскай вобласьці/, тагачаснай
Менскай губэрні ў 1909 г. У 1914 г. некалькі сем’яў з гэтае вёскі, галоўным
чынам сваякі, набылі па вучастку зямлі каля вёскі Беразякі Чэрыкаўскага павету Магілёўскай губэрні. Зямлю прадзед
падзяліў пароўну паміж трыма сынамі, адным з якіх быў Апанас. Юлія Апанасаўна,
з-за сямейных сварак зусім яшчэ дзяўчынкай, літаральна зьбегла з вёскі ў
Гомель, дзе працавала ў самых розных месцах, часьцей за ўсё прыбіральшчыцай,
нарэшце, уладкавалася на пошце, скончыла ў вячэрняй школе 4 або 5 клясаў, але
пісала даволі непісьменна. Увесну 1942 г. Юлія Апанасаўна перабралася ў вёску Беразякі /Краснапольскі раён Магілёўскай вобласьці БССР/, дзе
працавала калгасьніцай; памерла ў 1963 г. Юлія Казлоўская і Антон Ласкавы зарэгістраваныя небылі, але
Юлія Апанасаўна пісалася Ласкавай і
вымаўляла сваё прозьвішча з націскам на першым складзе, што не вельмі
падабалася маленькаму Вані. Справа ў тым, што ў пасьведчаньні аб нараджэньні,
што было выдадзена ў Гомелі ў чэрвені 1941 г., ён быў запісаны пад дзявочым
прозьвішчам маці – “Казлоўскі Іван”, з прочыркам у графе “па бацьку”, але яно
не захавалася і ён зрабіўся Ласкавым. Калі пайшоў у школу то “русіфікаваў” сваё
прозьвішча ў Ласкоў, а пры атрыманьні пашпарту яно замацавалася. [Як усё гэтае атрымалася з прозьвішчамі ў Савецкія часы,
ведае толькі Магілёўскі ЗАГС.]. У тры гады Ваня самастойна навучыўся
чытаць, але з прычыны матэрыяльных цяжкасьцяў пайшоў у школу толькі ў восем
гадоў. У 1952 г., пасьля заканчэньня 3-й
клясы, самастойна здаў іспыты за 4-ы
кляс і быў адразу пераведзены ў 5-ы.
Яшчэ з Беразякоў, у якіх ён жыў
да 1952 г., дасылаў свае допісы ў піянэрскую газэту “Зорька” , хаця вершы і не
друкавалі, але на лісты адказвалі. Па ініцыятыве Анастасіі Феакцістаўны Мазуравай, рэактара газэты “Зорька”, у 1952 г. яго адправілі ва
Усесаюзны піянэрскі лягер“Артэк” імя Ў. І Леніна, дзе ён правучыўся з лістапада
1953 г. па сакавік 1953 г. Затым выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым
доме № 1, потым у школе № 2 г.
Магілёва, якую скончыў у 1958 г. з залатым мэдалём. Паступіў на хімічны
факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта. Працаваў літсупрацоўнікам
газэты “Зорька”. Унівэрсытэт скончыў у 1964 г. і пры разьмеркаваньні пажадаў
паехаць у г. Дзяржынск Горкаўскай вобласьці, дзе працаваў у Дзяржынскім філіяле
Дзяржаўнага
навукова-дасьледчага інстытуту прамысловай і санітарнай ачысткі газаў /НДІАГаз/. У чэрвені 1966 г. звольніўся з працы і вярнуўся ў Мінск.
Ад 1966 г. навучаўся на аддзяленьні перакладу ў Літаратурным інстытуце
імя А. М. Горкага ў Маскве. Пад час вакацыяў працаваў у студэнцкім
будатрадзе ў Заходняй Сыбіры. У 1971 г., пасьля заканчэньня інстытуту з
чырвоным дыплёмам, пераехаў у Якуцкую АССР,
на радзіму сваёй жонкі, якуцкай пісьменьніцы Валянціны Мікалаеўны Гаўрыльевай. Ад верасьня 1971 г. да
лютага 1972 г. працаваў у газэце “Молодежь Якутии”, спачатку ўлічвальнікам
лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі. Ад лютага 1972 г. да лета 1977 г. працаваў у
Якуцкім кніжным выдавецтве старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай
літаратуры. Ад лета 1977 г. працаваў старшым літаратурным рэдактарам часопіса
“Полярная звезда”, ад 1993 г. - загадчык аддзелам крытыкі і навукі часопіса
“Полярная звезда”. За палемічныя артыкулы пра бацькоў-заснавальнікаў ЯАССР вясной 1993 г. быў звольнены з
працы і ашальмаваны прадстаўнікамі якуцкай “інтэлігенцыі”. Падрабляў выпадковай
працай. Апошняе месцы працы – загадчык аддзелу прозы і публіцыстыкі ў
двухмоўным дзіцячым часопісе “Колокольчик” // “Чуораанчык”, які узначальваў
Рафаэль Багатаеўскі. 29 чэрвеня 1994 г. быў знойдзены мёртвым “у лесе ў
Племгаса” [прыгарад Якуцка па Вілюйскаму
тракту за Птушкафабрыкай].
.png)
Пахаваны ў Якуцку на прывілеяваных г. зв
“Чыраеўскіх могілках”. [Невялікі кавалак могілкаў па Маганскаму тракту для
больш “значных” чалавекаў, якія адгароджаны ад астатніх мэталёвай адгароджай]
На помніку напісана: “Ласков
Иван Антонович 1942-1994. Писатель. Редактор
якутского эпоса “Нюргун Боотур –
Стремительный”.
Даркылахія
Краснапольская,
Койданава