środa, 16 kwietnia 2025

ЎЎЎ Іван Ласкоў. Не страціць карані. Койданава. "Кальвіна". 2025.

































 

                                                        ІВАН АНТОНАВІЧ ЛАСКОЎ

                (19 чэрвеня 1941, Гомель, БССР [СССР] - 29 чэрвеня 1994, Якуцк. [РС(Я) РФ])

    Іван Антонавіч Ласкоў - паэт, пісьменьнік, перакладчык, крытык, гісторык, аўтар г. зв. “угра-фінскай” канцэпцыі паходжаньня беларусаў. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюма Вярхоўнай Рады ЯАССР. Чалец СП СССР з 1973 г. [Таксама чалец СП ЯАССР ды БССР]

    Бацька - Ласкавы Антон Іванавіч, недзе 1901 г. нар., украінец, земляроб з Палтаўшчыны, які ўцёк ад галадамору, ад якога памерла ўся яго сям’я і блізкія /акрамя брата Пятра/, у Гомель; працаваў на гомельскай цукерачнай фабрыцы “Спартак”, адкуль у чэрвені 1941 г. быў пакліканы ў РСЧА і прапаў без зьвестак. Ніякіх рэчаў і дакумэнтаў ад бацькі не захавалася, бо іх хата ў Гомелі, на Нова-Палескай 18, у вайну згарэла. Маці, Казлоўская Юлія Апанасаўна, нар. ў вёсцы каля станцыі Красны Бераг /цяпер Пухавіцкі раён Менскай вобласьці/, тагачаснай Менскай губэрні ў 1909 г. У 1914 г. некалькі сем’яў з гэтае вёскі, галоўным чынам сваякі, набылі па вучастку зямлі каля вёскі Беразякі Чэрыкаўскага павету Магілёўскай губэрні. Зямлю прадзед падзяліў пароўну паміж трыма сынамі, адным з якіх быў Апанас. Юлія Апанасаўна, з-за сямейных сварак зусім яшчэ дзяўчынкай, літаральна зьбегла з вёскі ў Гомель, дзе працавала ў самых розных месцах, часьцей за ўсё прыбіральшчыцай, нарэшце, уладкавалася на пошце, скончыла ў вячэрняй школе 4 або 5 клясаў, але пісала даволі непісьменна. Увесну 1942 г. Юлія Апанасаўна перабралася ў вёску Беразякі /Краснапольскі раён Магілёўскай вобласьці БССР/, дзе працавала калгасьніцай; памерла ў 1963 г. Юлія Казлоўская і Антон Ласкавы зарэгістраваныя небылі, але Юлія Апанасаўна пісалася Ласкавай і вымаўляла сваё прозьвішча з націскам на першым складзе, што не вельмі падабалася маленькаму Вані. Справа ў тым, што ў пасьведчаньні аб нараджэньні, што было выдадзена ў Гомелі ў чэрвені 1941 г., ён быў запісаны пад дзявочым прозьвішчам маці – “Казлоўскі Іван”, з прочыркам у графе “па бацьку”, але яно не захавалася і ён зрабіўся Ласкавым. Калі пайшоў у школу то “русіфікаваў” сваё прозьвішча ў Ласкоў, а пры атрыманьні пашпарту яно замацавалася. [Як усё гэтае атрымалася з прозьвішчамі ў Савецкія часы, ведае толькі Магілёўскі ЗАГС.]. У тры гады Ваня самастойна навучыўся чытаць, але з прычыны матэрыяльных цяжкасьцяў пайшоў у школу толькі ў восем гадоў. У 1952 г., пасьля заканчэньня 3-й клясы, самастойна здаў іспыты за 4-ы кляс і быў адразу пераведзены ў 5-ы. Яшчэ з Беразякоў, у якіх ён жыў да 1952 г., дасылаў свае допісы ў піянэрскую газэту “Зорька” , хаця вершы і не друкавалі, але на лісты адказвалі. Па ініцыятыве Анастасіі Феакцістаўны Мазуравай, рэактара газэты “Зорька”, у 1952 г. яго адправілі ва Усесаюзны піянэрскі лягер“Артэк” імя Ў. І Леніна, дзе ён правучыўся з лістапада 1953 г. па сакавік 1953 г. Затым выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме № 1, потым у школе № 2 г. Магілёва, якую скончыў у 1958 г. з залатым мэдалём. Паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта. Працаваў літсупрацоўнікам газэты “Зорька”. Унівэрсытэт скончыў у 1964 г. і пры разьмеркаваньні пажадаў паехаць у г. Дзяржынск Горкаўскай вобласьці, дзе працаваў у Дзяржынскім філіяле Дзяржаўнага навукова-дасьледчага інстытуту прамысловай і санітарнай ачысткі газаў /НДІАГаз/. У чэрвені 1966 г. звольніўся з працы і вярнуўся ў Мінск. Ад 1966 г. навучаўся на аддзяленьні перакладу ў Літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага ў Маскве. Пад час вакацыяў працаваў у студэнцкім будатрадзе ў Заходняй Сыбіры. У 1971 г., пасьля заканчэньня інстытуту з чырвоным дыплёмам, пераехаў у Якуцкую АССР, на радзіму сваёй жонкі, якуцкай пісьменьніцы Валянціны Мікалаеўны Гаўрыльевай. Ад верасьня 1971 г. да лютага 1972 г. працаваў у газэце “Молодежь Якутии”, спачатку ўлічвальнікам лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі. Ад лютага 1972 г. да лета 1977 г. працаваў у Якуцкім кніжным выдавецтве старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры. Ад лета 1977 г. працаваў старшым літаратурным рэдактарам часопіса “Полярная звезда”, ад 1993 г. - загадчык аддзелам крытыкі і навукі часопіса “Полярная звезда”. За палемічныя артыкулы пра бацькоў-заснавальнікаў ЯАССР вясной 1993 г. быў звольнены з працы і ашальмаваны прадстаўнікамі якуцкай “інтэлігенцыі”. Падрабляў выпадковай працай. Апошняе месцы працы – загадчык аддзелу прозы і публіцыстыкі ў двухмоўным дзіцячым часопісе “Колокольчик” // “Чуораанчык”, які узначальваў Рафаэль Багатаеўскі. 29 чэрвеня 1994 г. быў знойдзены мёртвым “у лесе ў Племгаса” [прыгарад Якуцка па Вілюйскаму тракту за Птушкафабрыкай].

 

 

    Пахаваны ў Якуцку на прывілеяваных г. зв “Чыраеўскіх могілках”. [Невялікі кавалак могілкаў па Маганскаму тракту для больш “значных” чалавекаў, якія адгароджаны ад астатніх мэталёвай адгароджай] На помніку напісана: “Ласков Иван Антонович 1942-1994. Писатель. Редактор якутского эпосаНюргун Боотур – Стремительный”.

    Даркылахія  Краснапольская,

     Койданава

 

 

 

Brak komentarzy:

Prześlij komentarz