Прадмова
Ленская забастоўка ўспыхнула ў 1912 г., калі рабочы рух перажываў толькі першыя прызнакі ўздыму. Не гледзячы на гераічныя „ўсенародныя клясавыя бітвы 1905-1907 гг.”, рэвалюцыя была задушаная, рабочыя і сялянскія масы былі разьбіты. Памешчыкі-прыгоньнікі асталіся на чале ўлады.
Але рэвалюцыя 1905 г. паказала самадзяржаўю, што яму не ўтрымацца на чале ўлады “без стварэньня новых клясавых апор“ (Ленін). Царызм зрабіў новы крок па шляху буржуазнага разьвіцьця, стварыўшы ў форме дзяржаўных дум “прадстаўніцкую ўстанову для пэўных слаёў буржуазіі” (Ленін). Царызмам была таксама праведзена сталыпінская рэформа. Асноўны зьмест рэформы заключаўся ў тым, што сялянам дазвалялася выдзяляцца з сялянскай абшчыны і атрымліваць зямлю ва ўласнасьць.
Выданьнем закона аб праве выхаду сялян з абшчыны самадзяржаўе стварала ўмовы для ўзмоцненага росту кулака. Гэты рост кулацтва ажыцьцяўляўся шляхам абезьзямельваньня і аграбленьня асноўных мас сялянства.
Такім чынам пры дапамозе сталыпінскай рэформы памешчыкі-прыгоньнікі імкнуліся стварыць апору супроць вясковай масы ў асобе кулакоў-багацеяў і адтэрмінаваць немінучую рэвалюцыю.
Сваю перамогу над рэвалюцыяй самадзяржаўе атрымала, заліўшы Расію крывёю рабочых і сялян. Крывавымі пагромамі яўрэяў, карнымі экспэдыцыямі, тысячамі павешаных, арыштаваных царызм зламіў супраціўленьне вядучых барацьбу клясаў. “Трохгодзьдзе 1908-1910 гг. было эпохай разгулу чарнасоценнай контррэвалюцыі”. Забастовачны рух амаль спыніўся, лік стачачнікаў з года ў год памяншаўся і ў 1910 г. дайшоў да 47 тыс. Але ўжо ў наступным годзе адбываецца пералом, пачынаецца некаторы ўздым стачачнага руху, лік удзельнікаў стачак даходзіць да 105 тыс., агульная ж карціна панаваньня паліцэйскага тэрору і казацкага бізуна астаецца ранейшай.
Авангард рэвалюцыйнага пралетарыяту — партыя бальшавікоў у гэтыя гады была загнана ў падпольле. Пры вельмі жорсткіх прасьледаваньнях з боку царскай ахранкі партыя ў новых умовах прыстройвала свае рады. Умацоўваючы нелегальную арганізацыю, выкарыстоўваючы легальныя магчымасьці, бальшавікі ўсяляк умацоўвалі сваю сувязь з масай для прапаганды ідэй сацыялізму, для падрыхтоўкі і арганізацыі рабочых мас да новай рэвалюцыі.
У гады самай жорсткай рэакцыі перад пралетарыятам стаяла задача не толькі адстаяць сваю партыю — бальшавікоў — ад лютага паліцэйскага тэрору, але і ад буржуазных спроб апартуністаў зьмяніць праграму і тактыку бальшавікоў, павесьці рабочы кляс па шляху згодніцтва з капіталізмам.
Галоўнай ўмовай захаваньня самастойнай пралетарскай партыі зьяўлялася прадаўжэньне барацьбы бальшавікоў на чале з Леніным на два фронты — супроць ліквідатарства і адзавізму, а таксама супроць цэнтрызму і прымірэнцтва да іх.
Ліквідатарства было не што іншае, як далейшае разьвіцьцё меншавізму ў гады рэакцыі.
Меншавікі, зьяўляючыся агентамі буржуазіі ў рабочым руху ў рэвалюцыі 1905 г., імкнуліся падпарадкаваць рабочы кляс гегемоніі буржуазіі.
У гады рэакцыі яны ставілі перад сабой задачу: зьніштожыць самастойную партыю пралетарыяту і тым самым у новых умовах падпарадкаваць рабочы кляс буржуазіі.
Ліквідатары адмаўлялі немінучасьць новай рэвалюцыі, яны аб’явілі нелегальную партыю „трупам“, гаворачы, што яна ўжо ліквідавана. А ўсе спробы разгарнуць нелегальную работу лічылі рэакцыйнай утопіяй. Замест падпольнай арганізацыі яны прапаноўвалі бясформенае аб‘яднаньне рабочых выключна ў легальных умовах. Уся дзейнасьць ліквідатараў, накіраваная да зьніштажэньня самастойнай пралетарскай партыі, знаходзіла гарачае адабрэньне і пахвалу з боку буржуазіі.
Адзавізм быў другой разнавіднасьцю апартунізму “зьлева” або „ліквідатарствам наізнанку”.
На словах адзавісты выступалі з прамапроцілеглых ліквідатарству пазыцый. Яны былі супроць выкарыстаньня легальных магчымасьцей, супроць удзелу ў дзяржаўнай думе, у прафсаюзах і інш. Яны прапаноўвалі адазваць сацыял-дэмакратычных дэпутатаў з Дзяржаўнай думы. Адсюль і назва—адзавісты.
Адмаўляючыся ад выкарыстоўваньня легальных магчымасьцей у спалучэньні з нелегальнай падпольнай работай, яны тым самым хацелі ізаляваць партыю ад шырокіх рабочых мас. За “левай” фразай яны скрывалі свае ліквідатарскія пазыцыі. „Ленін гаварыў, маючы на ўвазе адзавістаў, што „левыя” тыя ж меншавікі толькі наізнанку..., што левыя яны толькі на словах, па відзімасьці, а на справе прадстаўляюць дробнабуржуазныя правыя тэндэнцыі” [* Сталін, „Пытанні ленінізму”, стар. 462-464.].
За граніцай адзавісты ўтварылі фракцыю „ўпяродаўцаў”.
Праводзячы барацьбу супроць ліквідатарства і адзавізму, партыя бальшавікоў праводзіла адначасова непрымірымую барацьбу з цэнтрызмам. Цэнтрызм у Расіі ўзначальваў Троцкі.
Мэтаю Троцкага было стварэньне блёку з усіх антыпартыйных плыняў і процістаўленьне яго партыі бальшавікоў. „Дробнабуржуазныя дэмакраты ўсіх плыняў, жадаючыя разбэшчваць рабочых буржуазным уплывам, злучайцеся супроць ленінцаў” — такава была трацкісцкая ўстаноўка.
“Троцкі, — пісаў Ленін у 1911 г., — і падобныя да яго трацкісты і згоднікі шкадней усякага ліквідатара, бо перакананыя ліквідатары прама ізлагаюць свае погляды, і рабочым лёгка разабраць іх памылковасьць, а п.п. Троцкія ашукваюць рабочых, прыкрываюць зло, прыкрываюць ліквідатарства”.
На дапамогу Троцкаму выступалі таксама і так званыя бальшавікі-прымірэнцы (Каменеў, Рыкаў, Нагін і інш.). Яны лічылі магчымым праводзіць сумесную работу з ліквідатарамі і заклікалі „зламаць супраціўленьне, якое аказваюць справе згуртаваньня партыі бальшавікі-ленінцы”.
“Няма ні аднаго палажэньня, — пісаў Ленін у 1911 г., — аб якім нібыта бальшавікі (на справе непасьлядоўныя трацкісты) не далі б перапеву памылак Троцкага. Хіба не абавязаны мы пасьля гэтага заявіць усім і кожнаму, што прымірэнцы зусім не бальшавікі, што яны не маюць нічога агульнага з бальшавізмам, што яны проста непасьлядоўныя трацкісты”.
Партыя бальшавікоў бязьлітасна выкрывала гэтых небясьпечнейшых ворагаў рабочага клясу. „бальшавікі зьяўляюцца адзінай у сьвеце рэвалюцыйнай арганізацыяй, якая разграміла да канца апартуністаў і цэнтрыстаў і выгнала іх вон з партыі” (Сталін). І к пачатку ўздыму бальшавіцкаа партыя была адзінай рэвалюцыйнай партыяй, за якой ішоў пралетарыят. Пад кіраўніцтвам і па закліку партыі бальшавікоў пралетарыят паднімаўся на шматлікія забастоўкі і выступленьні. Лёзунгі бальшавікоў былі лёзунгамі барацьбы рабочага клясу.
Повадам да масавага рэвалюцыйнага руху 1912 г. паслужыў ленскі расстрэл. У Сыбіры, на далёкай поўначы, у 1700 вёрстах ад чыгункі, ляжаць Ленскія прыіскі. Багацейшыя залежы золата зьяўляліся тут крыніцай абагачэньня як рускіх, так і іншакраінных капіталістаў.
У 1910 г. усе Ленскія прыіскі знаходзіліся ў манапольным уладаньні акцыянэрнага таварыства „Лена-Гольдфільдс”. Галоўнымі ўладальнікамі папер гэтага таварыства былі англійскія капіталісты. Суўладальнікамі таварыства былі рускія капіталісты, Дзяржаўны банк, міністры царскага ўрада, вялікія князі, імпэратрыца і т. д. На прыкладзе Ленскага акцыянэрнага таварыства ярка пацьвярджалася, як „інтарэсы царызму і заходняга імпэрыялізму спляталіся паміж сабой і зьліваліся нарэшце ў адзіны клубок імпэрыялізму” (Сталін). Гэта перапляценьне інтарэсаў знаходзіла свой адбітак і ў той кабале, у тых рабскіх умовах працы, у якіх трымалі ўладальнікі Ленскіх прыіскаў сваіх рабочых. Тут не было граніц эксплюятацыі, граніц зьдзекваньня над чалавечай асобай. На Ленскіх прыісках мела месца непасрэднае зрошчваньне капіталу з дзяржаўнай уладай. Увесь апарат дзяржаўнай улады— паліцыя, суд, горны нагляд, воінскія часьці — знаходзіўся ў поўнай залежнасьці ад адміністрацыі прыіскаў, атрымліваючы ад іх пэнсію, харчаваньне і кватэры.
Ленская забастоўка пачалася 29 лютага. Успыхнула яна стыхійна: даўно насьпяваўшае незадаволеньне прарвалася, і з выпадковай прычыны забаставала ўся 8-тысячная маса рабочых.
Усе намаганьні прыіскавай адміністрацыі былі накіраваны на зрыў стачкі: правакацыя, ілжывыя абяцаньні, пазбаўленьне харчоў, высяленьне ў тайгу, разьлік, розныя пагрозы, арышты... Аднак гарнякі дружна трымаліся, кіруемыя сваім стачачным цэнтрам. Штодзённа з Пецярбургу ляцелі на прыіскі тэлеграмы; міністэрства ўнутраных спраў, міністэрства гандлю і прамысловасьці, дэпартамэнту паліцыі сумесна з праўленьнем „Лензота” кіравалі з цэнтра ўсімі мерапрыемствамі па зрыву ленскай забастоўкі. Калі ж сарваць стачку не ўдалося і яна пагражала працягнуцца на летні пэрыяд, г. зн. на самы разгар работ па здабычы золата, то ўрад рашыў зьвярнуцца да ўзброенага падаўленьня забастоўкі і такім шляхам прымусіць рабочых стаць на работу. Былі пасланы з цэнтра ў Іркуцк і на прыіскі адпаведныя дырэктывы, былі пасланы спэцыяліст па расстрэлу рабочых жандар Трэшчэнкаў і вайсковая часьць, якая павінна была зрабіць крывавую расправу.
4 красавіка, калі бяззбройныя рабочыя несьлі запіскі, у якіх пратэставалі супроць арышту сваіх выбарных, па калёне рабочых быў адкрыты агонь, у рэзультаце якога было 500 чалавек раненых і забітых.
На запрос сацыял-дэмакратычнай фракцыі ў Дзяржаўнай думе па поваду расстрэлу бяззбройных ленцаў царскі ўрад у асобе свайго міністра ўнутраных спрау нагла заявіў: „Так было і так будзе надалей”.
Такавы былі мэтады кіраваньня царызму, які ішоў на ўсе зьверствы і злачынствы дзеля барышоў рускіх і загранічных капіталістаў.
„Ленскі расстрэл зьявіўся дакладнейшым адбіткам усяго рэжыму трэцечэрвеньскай манархіі.. Зусім не барацьба за адно з правоў, хоць бы самых кардынальных, самых важных для пралетарыяту, характэрна для ленскіх падзей. Характэрна для іх паўнейшая адсутнасьць элемэнтарнейшай законнасьці ва ўсіх адносінах. Характэрна выступленьне правакатара, шпіёна, ахраньніка, слугі цара на шлях масавых расстрэлаў без усякіх палітычных повадаў. Іменна гэта агульнае бяспраўе рускага жыцьця, іменна безнадзейнасьць і немагчымасьць барацьбы за асобныя правы, іменна гэта непаправімасьць царскай манархіі і ўсяго яе рэжыму выступілі з ленскіх падзей так ярка, што запалілі масы рэвалюцыйным агнём” [* Ленін, т. XV, стар. 534.].
Па закліку партыі бальшавікоў рабочы кляс падняўся з грозным пратэстам супроць аднаго з самых „крывавых зладзеяньняў царскага самадзяржаўя” (Сталін). У стачках і дэманстрацыях па поваду ленскага расстрэлу ўдзельнічала да 300 тыс. рабочых. Сотні тысяч рабочых па закліку партыі паднімаліся на палітычныя пратэсты і дэманстрацыі ў 1912, 1913 і 1914 гг.
Агульны лік баставаўшых за ўвесь 1912 г. дасягнуў больш паўтара мільёна.
Рух ідзе па ўзыходзячай лініі і прыводзіць рабочы кляс у 1914 г. да барыкад у Пецярбургу.
Вайна часова адтэрмінавала нарастаньне рэвалюцыйнага ўздыму, але ўжо ў 1915 г. стачачны рух зноў разгортваецца і заканчваецца пад кіраўніцтвам бальшавіцкай партыі пераможнымі Лютаўскай, а затым і Кастрычніцкай рэвалюцыямі.
Такім чынам гераічная барацьба ленскіх рабочых запаліла „масы рэвалюцыйным агнём“, падняла іх зноў на барацьбу з самадзяржаўем і капіталізмам. І ў гэтым сэнсе „ні адна кропля рабочай крыві бадайбінцаў не прапала дарэмна, бо ворагі пралетарыяту атрымалі адплату, а пралетарыят ужо дабіўся сваёй перамогі над імі” (Сталін).
*
Успаміны Баташэва, жыва і цікава напісаныя, рысуюць нам асноўныя этапы ленскай забастоўкі, быт прыіскацеляў, арганізацыю забаставаўшых рабочых, а таксама тактыку кіраўнікоў стачкі.
Тав. Баташэў быў першым старшынём стачачнага бюро, якое кіравала ленскай забастоўкай, і яго ўпаміны таму зьяўляюцца вялікім укладам у гісторыю ленскага расстрэлу.
Разгром рэвалюцыі 1905 г. выклікаў бегства паўпралетарскай, паўмяшчанскай інтэлігенцыі з партыі. Масавае яе дэзэртырства ў гады рэакцыі ачысьціла партыю ад няўстойлівых небальшавіцкіх элемэнтаў. „Асвабаджэньне партыі ад паўпралетарскай, паўмяшчанскай інтэлігенцыі пачынае, — як піша Ленін, — прабуджаць да новага жыцьця накопленыя за пэрыяд гераічнай барацьбы пралетарскіх мас новыя, чыста пралетарскія сілы “ [* Ленін, т. XII, стар. 170.].
Іменна гэты новы, чыста пралетарскі актыў стаяў на чале ленскай забастоўкі.
П. Н. Баташэў — рабочы, сьлюсар, які неаднаразова сядзеў у турмах за ўдзел у забастоўках. Ён папаў на прыіскі, будучы зволеным за стачку на ранейшай сваёй рабоце.
Сам пралетарый, ён глыбока адчуваў пакуты і рабскую залежнасьць гарнякоў Ленскіх прыіскаў і, не будучы арганізацыйна зьвязаным з партыяй бальшавікоў, ён быў бальшавіцкі настроеным рабочым.
Ні ў г. Бадайбо, які знаходзіўся недалёка ад прыіскаў, ні на прыісках бальшавіцкай арганізацыі ў той час не было. Цякучасьць прыіскацеляў, закінутасьць прыіскаў у глухой тайзе, паўкатаржны рэжым, вельмі жорсткі паліцэйскі тэрор, аддаленасьць ад культурных цэнтраў затруднялі стварэньне партыйнай групы.
Большасьць жа палітычных ссыльных былі меншавікі-ліквідатары. Рэдкія бальшавікі, пападаўшыя на прыіскі, былі ўцёкшыя з катаргі або з ссылкі. Ім вельмі рэдка ўдавалася прабыць доўгі час на прыісках, адміністрацыя і паліцыя быстра распазнавала сапраўдных рэвалюцыянэраў і прымала ўсе меры да хутчэйшага ўдаленьня іх з прыіскаў.
Прыехаўшы на прыіскі ўвосень 1911 г., т. Баташэў прымаецца за скалачваньне рэвалюцыйнага ядра сярод рабочых. Ён разам з іншымі таварышамі захватвае пад свой уплыў Народны дом, дзе ставіліся спэктаклі для рабочых, бібліятэку на электрычнай станцыі і спрабуе ў рабочым гуртку весьці прапаганду.
Адзін з удзельнікаў гэтай групы т. Падзаходнікаў [* Зараз член ВКП(б).] расказвае: „У той момант склалася цьвёрдая група з яўна бальшавіцкім напрамкам у разьвіцьці і ў тактыцы сваёй работы на прыісках. Пачалася масавая работа, завязаліся сувязі і т. д. Мы ведалі загадзя, што ўспышка, пратэст прарвуцца і што трэба было быць гатовым. І Баташэў, і я, і іншыя пад выглядам усякага роду работы праводзілі сваю мэту. І культурна-асьветную работу мы ставілі як сродак для дасягненьня нашых мэт фарміраваньня будучага актыву для кіраўніцтва стачкай. Гэта была прамая і пэўная мэтавая ўстаноўка ў нашай рабоце на прыісках. Калі ўзьнікла стачка, то мы ўжо былі падрыхтаваны, і шырокія сувязі, якія мы мелі, далі ў далейшым адпаведныя рэзультаты” [* “Стенограммы воспоминаний участников ленской стачки”, стр. 101, Комакадемия, 1932 г.].
Правільнае выкарыстоўваньне легальных магчымасьцей ва ўмовах прыіскаў дапамагло гэтай групе таварышаў узяць кіраўніцтва стачкай у свае рукі і прыцягнуць да яго лепшы актыў з рабочых Ленскіх прыіскаў.
Старшынёй стачачнага бюро быў выбраны П. Н. Баташэў. Таварышамі старшыні стачачнага бюро былі: Чэрэпахін, член партыі бальшавікоў з 1905 г., які адбыў 4 гады катаргі за ўдзел ва ўзброеным паўстаньні і працаваў на прыісках па чужому паспарту, і Зеленка, таксама член партыі бальшавікоў, якога судзілі за ўдзел у ваеннай арганізацыі бальшавікоў, у той час ссыльнапасяленец. Вакол іх групаваліся бальшавіцкі настроеныя рабочыя, стачачны актыў: Падзаходнікаў, Лебедзеў, Слесарэнка, Карнееў і рад іншых.
Такім чынам галоўнае кіраўніцтва стачкай знаходзілася ў руках бальшавікоў-рабочых, частка якіх атрымала сваё баявое хрышчэньне ў рэвалюцыі 1905 г.
Іменна гэта група рабочых на чале з Баташэвым (на Надзеждзінскіх і Аляксандраўскіх прыісках), Зеленка (на Андрэеўскім прыіску), Чэрэпахіным (на Феадосіеўскім прыіску) ператварыла забастоўку, успыхнуўшую спачатку стыхійна, ва ўсеагульную, ахапіўшую ўсе Ленскія прыіскі.
Па іх закліку зьехаліся дэлегаты ўсіх прыіскаў на Надзеждзінскі прыіск, дзе былі выпрацаваны патрабаваньні ад усіх забаставаўшых рабочых і выбраны цэнтральны забастовачны камітэт.
У асобе стараст і рабочых камітэтаў на прыісках была створана стройная і гібкая арганізацыя, якая згуртавала ў адно цэлае ўсю масу забаставаўшых рабочых. Цэнтральны забастовачны камітэт быў баявым штабам рабочых, які, будучы цесна з імі зьвязаны, карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод бастуючых.
Апіраючыся на велізарны энтузіязм рабочых мас, забастовачны камітэт падтрымліваў жалезную стачачную дысцыпліну і ўзначаліў той гераізм і клясавую стойкасьць, якую праявілі ленскія гарнякі за ўвесь пэрыяд сваёй пяцімесячнай барацьбы. Пад кіраўніцтвам. гэтага стачачнага камітэту [* Старшынём стачачнага камітэта быў у гэты пэрыяд т. Чэрэпахін.] была праведзена і тая нябачаная ў сьвеце палітычная дэманстрацыя, калі ўся 8-тысячная маса рабочых пакінула Ленскія прыіскі, пратэстуючы супроць крывавага трэцечэрвеньскага рэжыму.
„Мы не былі прафэсіяналы-бальшавікі, — гаворыць у сваіх успамінах т. Чэрэпахін, — мы вучыліся на стачцы 1902 г., на стачках і ўзброеных паўстаньнях 1905 г. У высокіх матэрыях мы не разьбіраліся, філясофіі мы не ведалі. Але мы праводзілі бальшавіцкую тактыку. Я лічу, што тактычныя манэўры ў нас былі зусім правільныя і зрабілі сваю справу” [* “Стенограммы воспоминаний участников ленской стачки”, стр. 11, Комакадемия, 1932 г.].
Асобныя памылкі, якія дапусьціў стачачны камітэт у асобе свайго бальшавіцкага ядра, аб’ясняліся адарванасьцю ад партыйных цэнтраў і слабасьцю палітычнай падрыхтоўкі кіраўнікоў.
Вось гэтым і карысталіся прыіскавыя і бадайбінскія меншавікі-ліквідатары, спрабуючы сарваць стачку або прыдаць ёй сугуба рэфармісцкі напрамак.
З гэтай мэтай спрабуе пранікнуць у стачачны камітэт мясцовы палітычны ссыльны ліквідатар Думпе. Тав. Чэрэпахін аб гэтым расказвае: „Як толькі ў нас адбылося вячэрняе пасяджэньне забастовачнага камітэта, я не ведаю якім чынам паявіўся ў нас Думпе. Думпе я ведаў і ведаў, што ён меншавік, сацыял-дэмакрат... Ён прапанаваў сакратарстваваць”.
Думпе і другі меншавік Розенберг абодва былі палітычныя ссыльныя. Яшчэ да пачатку стачкі яны адмоўна сустрэлі спробу Баташэва весці палітычную работу ў гуртках рабочых. Нават сумесную п‘янку рабочых з служачымі ў гонар барышоў “Лензота“, якую сарваў Баташэў, Думпе ў процівагу яму падтрымліваў.
Стачку сустрэлі і Думпе і Розенберг варожа. Нават царскі сэнатар Манухін ведаў аб гэтым. У сваім дакладзе ён піша: „Пры абмеркаваньні 2 сакавіка ў Надзеждзінскіх майстэрнях пытаньня аб далучэньні да забастоўкі слюсар гэтых майстэрань Эдуард Думпе настойваў на тым, што падставай для спыненьня работ можа служыць толькі адхіленьне прыіскавым упраўленьнем загадзя выпрацаваных патрабаваньняў і што аж да выясьненьня дамагацельстваў рабочых і разгляду гэтых дамагацельстваў упраўленьнем забастоўка не будзе мець значэньня; але большасьць масьцеравых рашылі неадкладна падтрымаць забаставаўшыя прыіскі”.
Калі стачка пачалася, Думпе разам з Розенбергам змагаліся за ўплыў у кіраўніцтве стачкай. І ўплыў іх быў меншавіцкі-ліквідатарскі, ён ішоў па лініі зрыву забастоўкі, па лініі здрады ленскім гарнякам.
Найбольш ярка гэта выразілася ў перыяд угавораў Тульчынскага [* Тульчынскі служыў на Ленскіх прыісках у якасьці прадстаўніка горнага нагляду.], калі той прыехаў на прыіскі з паўнамоцтвамі ад іркуцкага губэрнатара сарваць стачку ўгаворамі і ложнымі абяцаньнямі.
Тульчынскі карыстаўся некаторым уплывам сярод адсталай часткі рабочых. І калі ён, як прадстаўнік горнага нагляду, склікаў усіх выбарных для перагавораў, стачачны камітэт рашыў да яго пайсьці. Тав. Баташэў у сваіх успамінах піша, што на папярэдняй нарадзе выбарных яму даручылі зрабіць заяву ад прыіскаў аб ходзе забастоўкі. Далейшы плян дзеяньняў быў прыняты такі: „Заслухоўваем адказ Тульчынскага, перадаем на абмеркаваньне прыіскаў. У палеміку не ўступаем, а рашэньне забастоўшчыкаў потым перадаем Тульчынскаму.
Зусім з іншым настроем ішоў на нараду Думпе. Ён піша: „Мы былі заклапочаны знайсьці шлях, каб з гонарам высьці са стварыўшагася становішча... Нам патрэбен быў пасрэднік... Тульчынскі быў наша адзіная надзея высьці шчасьліва са стварыўшагася становішча мірным шляхам”. Думпе і яго група марылі аб тым, каб ліквідаваць забастоўку, і спадзяваліся ў гэтым на дапамогу Тульчынскага!
Зусім зразумела, што здрадніцкія ўгаворы Тульчынскага зрабілі на Думпе найлепшае ўражаньне. Ён піша: „Я на сваім вяку многа чуў першаклясных аратараў, але такога ўражаньня не рабіў на мяне яшчэ ніхто... Музыка яго прамовы захапляла, гіпнатызавала нас усіх... Ды і самы зьмест яго прамовы быў нам, што называецца, па сэрцу...” Гістарычнага пацьверджаньня таго, што музыка ўгавораў Тульчынскага дзейнічала на астатніх выбарных таксама, як на Думпе, у нас няма. Наадварот, на другі дзень пасьля нарады Тульчынскі тэлеграфаваў іркуцкаму губэрнатару: „Учора ўгаварваў рабочых, яны мне не далі пэўнага адказу, папрасілі час на абмеркаваньне”.
А між тым Думпе ў сваіх успамінах і Тульчынскі ў дакладзе сэнатару Манухіну піша, што выбарныя „выказалі па сканчэньні гутаркі маёй з імі згоду пераконваць астатніх рабочых стаць на работы”.
Баташэў, і рад іншых кіраўнікоў ленскай забастоўкі і ўдзельнікаў нарады катэгарычна адмаўляюць падобныя абяцаньні Тульчынскаму. Відавочна абяцаньні гэтыя Тульчынскаму давалі Думпе і тыя выбарныя, якія знаходзіліся пад яго ўплывам. Аднак сарваць стачку ні Тульчынскаму, ні Думпе не ўдалося. Стачачны камітэт пастанавіў забастоўку прадаўжаць.
Такі быў вынік барацьбы паміж бальшавіцкі настроенымі выбарнымі і тымі, хто ішоў за Думпе. На жаль, ва ўспамінах т. Баташэва гэтая барацьба выразна не адлюстравана.
Не маючы ўнутранай агентуры, жандары па чыста зьнешніх прызнаках, як палітычных ссыльных, арыштавалі Думпе, Розенберга, Будэвіц і інш., тым самым ліквідаваўшы іх уплыў.
Да гэтага часу ў нашай гістарычнай літаратуры мы не мелі выступленьняў непасрэдных удзельнікаў і кіраўнікоў ленскай забастоўкай, за выключэньнем паклёпніцкіх успамінаў Думпе.
У гэтым сэнсе паяўленьне ўспамінаў Баташэва, таксама як і стэнаграмы ўдзельнікаў ленскага расстрэлу, праліваюць нарэшце сапраўднае сьвятло на кіраўніцтва і палітычны твар камітэта ў час забастоўкі, разьбіваюць меншавіцкую легенду аб іх кіраўніцтве ленскімі падзеямі.
Вера Владзімірава
***
У далёкай тайзе
Пасля доўгай стамляючай 1700-вёрстнай дарогі па выпаленых сонцам стэпах Качугскага тракту, па галодных берагах Лены, па бязьлюдных лясістых крутых берагах Віціма я апынуўся ў маленькім заштатным гарадку Бадайбо, Іркуцкай губэрні.
Хоць была першая палавіна верасьня, тут ужо павеяла холадам. Высокія сопкі Віцімскага раёна былі пакрыты сьнегам, і жаўтавата-зеленаваты парасьнік цягнуўся з палавіны гор уніз, да падэшваў, спаўзаючых да руслаў рэк, — Віціма і прытока яго Бадайбо.
Як толькі параход прываліў да берагу, адразу адчулася, што мясцовае насельніцтва рэзка адрозьніваецца ад жыхароў іншых гарадоў Сыбіры. Гэтае адрозьненьне выпрацоўвалася дзесяткамі год і пасьпела накласьці свой уласны адбітак на панурыя, бледныя твары прыіскацеляў, на іх вопратку і ўклад жыцьця.
Ад прыстані па галоўнай вуліцы, к сярэдзіне горада, недалёка ад тут жа праходзячай вузкакалейнай чыгункі, якая вядзе на прыіскі, стаіць старая драўляная турма, агароджаная палямі, а на доме, што стаіць побач з турмой, красуецца вывеска: „Турэмная кантора”.
Вышэй па вуліцы падымаецца рад крамак-закусачных і сярод іх вялікі тракцір і крама купца Гусарава. З правага боку ад прыстані па берагу ракі распаложана дэпо вузкакалейнай чыгункі, якая належыць Ленскаму золатапрамысловаму таварыству; зьлева рад транспартных кантор — Громава, Глотава і інш.; затым золатаплавільная, пошта, тэлеграф, натарыюс, „казачая”, камэра міравога судзьдзі, канцылярыя спраўніка, грамадзкае сабраньне, дзьве лазьні, адна царква, школа, вінная крама. Такавы „ўстановы” горада Бадайбо.
Мы, дванаццаць чалавек, прыехаўшы з Качуга, Іркуцкай губэрні, пасьля забастоўкі ў прадпрыймальнікаў Пратасава і Барашына, так і не разлучаліся да самага Бадайбо. У Бадайбо ўпершыню мы прызадумаліся. Што ж чакае нас у будучым: ці прымуць нас на работу або нам прыйдзецца ўсю сьцюдзёную зіму „баклачыць”, абіваючы парогі ў пошуках работы?
Пакуль мы ішлі па вуліцы, перад намі выплывалі як бы фантастычныя постаці прыіскацеляў; апрануты яны былі ў шырокія разнаколерныя сьвяточныя касьцюмы: рубахі на зборках, з шырачэзнымі рукавамі, і такія ж шырачэзныя штаны, больш падобныя на дзьве спадніцы, сьцягнутыя ўверсе ля пояса і разьяднаныя велізарнымі паўбалотнымі ботамі з таўшчэзнымі падэшвамі; на галовах прыіскацеляў моцна сядзелі капялюшы з шырокімі палямі. У гэтых касцюмах людзі здаваліся вельмі вялікімі і нязграбнымі. Рабочы ж касцюм прыіскацеля — гэта плісавы, але абавязкова шырокі, каб вада збягала і мокрая матэрыя не так ліпла да цела. У прыіскацеляў былі бледныя або жоўтыя твары. Гэта аб’ясняецца тым, што яны рэдка бачылі сонца, таму што большую частку жыцьця яны праводзілі пад зямлёй на рабоце. У гэты час у Бадайбо было многа прыіскацеляў, бо апэрацыйны сэзон скончыўся. Частка з прыіскацеляў паехала ў Расію, а частка асталася старацелямі [* Старацелямі называліся тыя прыіскацелі, якія па дагаворанасьсці з Ленскім таварыствам бралі сабе ўчасткі адпрацаванай пароды і, прамываючы яе саматужным спосабам, здавалі золата Ленскаму таварыству.].
Нам трэба было дзе-небудзь спыніцца на начоўку. Але хто ж пусьціць, нас жа 12 чалавек. Зайшоўшы ў адзін з дамоў, мы запыталі, ці можна пераначаваць. Гаспадыня дома і яе маладая дачка на нас зьдзіўлена паглядзелі.
— Чаму ж нельга... Можна. За грошы ўсё можна.
Так, сапраўды, у Бадайбо за грошы ўсё можна... Тут дарагоўля: цэны ў тры разы вышэй Іркуцкіх. „Капачы” сыплюць золата, як выпадкова дастаўшыяся малакаштоўныя рэчы.
У кожным доме можна было начаваць, можна было прыходзіць ва ўсякі час дня і ночы, лаяцца „матушкай“, патрабаваць дзяўчат і самую гаспадыню. Яшчэ не прыіскі, але ўжо адчуваецца страшэнная „цывілізацыя” ўсясільнага капіталу.
Асноўнае насельніцтва Бадайбо — гэта мяшчане, чыноўнікі, купцы, чыгуначныя рабочыя, капачы.
Капачы — гэта быўшыя рабочыя Ленскага золатапрамысловага таварыства (у далейшым я буду называць яго для кароткасьці „Лензота”), якія не дагадзілі чым-небудзь начальству і былі зволены з работы раней тэрміну дагавору, г. зн. да восені.
На прыіскі рабочыя наймаліся на тэрмін не менш дзевяці месяцаў, г. зн. з пачатку апэрацыйнага года і да восені; раней гэтага часу рабочы не меў права зволіцца, яго маглі прымусіць працаваць да канца тэрміну падпісанага ім кантракта. Апрача таго, калі ён па свайму жаданьню зволіўся, то ён траціў магчымасьць даехаць да Кірэнска за кошт „Лензота” і павінен быў пакінуць прыіскавыя казармы, дзе ён жыў.
Для таго каб кідаць рабоу раней тэрміну, было вельмі і вельмі многа прычын. Галоўная прычына — гэта поўнае падняволеньне рабочага, яго сям‘і. На Ленскіх прыісках рабочы — нішто: яго могуць у любы час дня і ночы, паслаць куды хочаш і на ўсякую работу. Жанчына на прыісках — жонка, сястра або дачка рабочага — „жывёльная рабочая самка”, яна не мае права адмаўляцца ні ад якіх работ, не мае права хварэць; яна павінна дагаджаць прыіскавай адміністрацыі за тое, што яе муж працуе на прыісках.
Часам у працэсе работы прыіскацелю пападаліся залатыя самародкі, якія ён павінен быў апускаць у кружку тут жа пад зямлёй, тады ён за іх атрымліваў 2р. 50 к. за залатнік. Але калі гэтае ж золата ён знайшоў, але не апусьціў у кружку, а вынес на паверхню і здаў у магазын „Лензота”, то яму за залатнік выплачвалі 4 р. 50 к. Павышаная цана аб’ясняецца тым, што „Лензота” было зацікаўлена, каб нават вынесенае на паверхню золата не ўплывала з яго рук, бо рабочыя маглі золата збываць паміма „Лензота” за больш высокую цану. Калі ж рабочы, выносячы золата, пападаўся ў час вобыску пры выхадзе з шахты, то яго судзілі, як за прысваеньне чужой уласнасьці, і звальнялі з прыіскаў. Пасьля адбыцьця пакараньня, не маючы сродкаў выехаць з Бадайбо, бо да Іркуцка 1700 вёрст, ён аставаўся тут і рабіўся капачом.
З велізарнай рызыкай для жыцьця капач тайна, кантрабандна “капаў” золата, і ўсё тое, што даставалася яму з такой цяжкасьцю, ён лёгка пражываў, бесклапотна пракучваў свой заработак сярод такіх самых беднякоў, як і сам.
Купцы, якія жылі ў Бадайбо, пастаянна зацята канкурыравалі з Ленскім золатапрамысловым таварыствам, бо „Лензота” не дазваляла прыватны гандаль у зоне залатых прыіскаў.
Чыноўніцтва знаходзілася ў поўнай залежнасьці ад “Лензота“, бо апошняе аплачвала чыноўнікаў, а за асобыя паслугі выпісвала ім узнагародныя.
Мяшчане, маючы свае домікі, смакталі сокі з прыяжджаючых на прыіскі рабочых і іх жонак і па-майстэрску ашуквалі капачоў, калі тыя зьвярталіся з дабычы.
Доўгая дарога па Лене і Віціму, здавалася, павінна была б прымусіць нас, папаўшых на начлег да гасьцінных сыбірачак, адразу заснуць у спакойным драўляным доміку, але новыя ўражаньні і знаёмствы са звычаямі і парадкамі Бадайбо настолькі былі сільны, што спаць не хацелася. Мы апаражнілі некалькі самавараў, разаслалі на падлозе свае лахманы і пагасілі агонь. Мы доўга ляжалі моўчкі, пераварочваючыся з боку на бок, стараючыся хутчэй заснуць, каб раніцой схадзіць у лазьню і выбрацца на Ліпаеўскі прыіск, у 48 вёрстах ад Бадайбо, дзе была кантора па найму рабочых.
Але ўсё не сьпіцца, варочаесься з боку на бок. Нарэшце адзін з нас не вытрымлівае і кажа: „Чорт ведае што“. У адказ раздаецца рогат Годава, аднаго з прыбыўшых са мной таварышаў, і нарэшце агульны. ўзрыў сьмеху: „Гэта вам не ў Пратасава-Барашына ў пуні, тут дух вялікі”. Сапраўды, у маленькім пакоі дыхаць не было чым.
У такіх умовах праводзіць ноч большасьць рабочых, якія прыяжджаюць на прыіскі.
На другі дзень мы адпраўляемся на станцыю вузкакалейнай чыгункі і едзем на Ліпаеўскі. Дарога зьвіваецца паміж віцімскіх гальцоў, якія разразае жоўтая мутная рачулка Бадайбо. З таго часу як тут разьвілася залатая прамысловасьць, у рацэ Бадайбо ні разу не было чыстай вады. Гэтай вадой усюды мыюць гліну, пясок, каменьне, адбіраючы золата.
Кантора Ліпаеўскага прыіска. Рабочыя стаяць у чарзе і з заміраньнем сэрца чакаюць міласьцівага прыёму, ад якога залежыць усё далейшае жыцьцё чакаючага. У канторы сабраліся: паўразарыўшыяся сяляне, якія прадалі свой дамашні скарб, спрабуючы шукаць шчасьця ў далёкай тайзе; рабочыя ў поўным росквіце сіл і здароўя. Многія з іх зьехаліся за 7000 вёрст. Некаторыя захапілі з сабой жонак і дзяцей, спадзяючыся тут абаснавацца.
Адчыняецца фортка.
— Падыходзь, якія... — гучыць вокліч.
Здымаючы шапку, падыходзіць першы.
— Колькі год? Якой губэрні?Пашпарт ёсьць? Жанаты?
Гэта звычайныя пытаньні пры прыёме на работу.
— Ёсьць пашпарт, вось ён... Жанаты, ўсё ў парадку, дзеці ёсьць, —паясьняе наймаючыся, думаючы паказаць гэтым сваю ўжыўчывасьць.
— Жанатых не бярэм. Наступны...
— Мы ніжагародзкія, — у замяшаньні просіць рабочы, — нас многа, мы прадалі дамашнасьць, абы сюды выехаць. Зрабіце ласку.
Тут ніякія просьбы, ніякія ўмальваньні не дапамагалі.
— Наступны... — паўтарае ўсё той жа бяздушны голас, не зьвяртаючы ўвагі на рабочага.
На вачах у яго сьлёзы, на твары напісана трывога за сям’ю, прыехаўшую з ім за тысячы вёрст, якая зараз у Бадайбо праядае апошнюю капейку.
— Якой губэрні? Жанаты?
— Дома жанаты, а тут не жанаты, — кажа зухаваты рабочы, пачухваючы патыліцу.
— Давай пашпарт, такіх нам трэба.
Пашпарт адбіраецца, даюцца ўказаньні, куды зьявіцца, і чалавек закабалены.
— Наступны! Наступны!.. і т. д.
Чарга за намі. Падыходзіць Годаў. Ён заглядвае ў акенца і пасьля апытаньня — „што трэба?" кажа:
Ці нельга купіць дубіну на маю сьпіну?
— А вы з якіх будзеце?
— Рабочы Пермскай губэрні.
— Жанаты?
— Жанаты, толькі жонка ў Пермі, — а яна вам на што?
— Жанатых не бярэм...
— Чаму?
— Не загадана.
— А мяне возьміце?
— Давай пашпарт... Адыходзь.
З 12 чалавек былі прыняты ўсе, за выключэньнем пішучага гэтыя радкі.
— Сьлюсараў прымае мэханік... Наступны!
Таварышы былі зьбянтэжаны маёй няўдачай, але мяне падбадзёрвалі.
— Ты не бойся, няўжо мы, адзінаццаць чалавек, цябе аднаго пракарміць не зможам!
Праштурхаўшыся ўсе разам амаль да вечара, мы купілі муксуна і нельмы, адправіліся ў нейкую старую лазьню, дасталі ў старога баншчыка два вядры, зварылі рыбу і чай, папілі, паелі і пачалі разыходзіцца ў розныя месцы.
Сем чалавек папалі на Феадосіеўскі прыіск, Годаў — на Надзеждзінскі і трое — у дальнюю тайгу. Разьвітаўшыся з таварышамі, я астаўся адзін.
— Ты не бойся, хлопча... Тут заўсёды так, — сказаў мне стары, бачачы з якім жалем я разьвітваўся з таварышамі. — А слаўныя, відаць, хлопцы. Сьцяліся вось тут на лаўцы.
Лёгкі ватні піджак, пары тры бялізны, трыццаць рублёў з капейкамі ў кішэні, — а да Іркуцка 1700 вёрст дарогі на параходах, на лодках і пешшу.
Горш за ўсё, што няма дзе спыніцца ў залатым раёне, дзе працуюць прыіскацелі. Тут, апрача баракаў для рабочых і дамоў для служачых, ніякага жыльля няма. Можна жыць толькі ў якута ў дзіры. Якуты, загатаўляючы дровы для патрэб “Лензота”, проста выкапаюць дзіру ў гары, так-сяк сплятуць у выглядзе плятня дзьверы, абмажуць глінай, заткнуць анучкамі — вось і жыллё.
У лазьню прышлі яшчэ некалькі чалавек, не прынятых на работу, таму што яны былі жанатыя. Яны доўга ўздыхалі, успамінаючы, як яны прадалі свае пажыткі: хто прадаў хату, хто каня, хто ўвесь сялянскі скарб, разьлічваючы вярнуцца і паправіць сваю гаспадарку. І вось, — справа не ўдалася. Гэтыя баязьлівыя людзі, зьвязаныя сваёй маленькай уласнасьцю, гатовыя былі наняцца на якіх хочаш кабальных ўмовах, толькі б не астацца без работы. Гэта вельмі добра ўлічвалася эксплюятатарамі. І не дзіўна, што калі прыяжджалі сяляне ў першы раз на заработкі на прыіскі, то паміж старымі прыіскацелямі і новапрыехаўшымі адчувалася як бы некаторая варожасьць.
Стары прыіскацель думаў: „Вось хто сваімі дамаганьнямі і нізкапаклонствам зьбівае нам цану на працу”. Новы ж разважаў так: „Прывыкну крыху, спадабаюся начальству, можа ў багаты забой пашлюць, а там пад’ёмнае [* Пад’ёмнае — пад’ёмнае золата — называўся кавалак золата, знойдзены прыіскацелем у працэсе работы ў шахце і вынесены ім на паверхню.], глядзіш гадок-другі прапрацаваў: „можна хату ў вёсцы паправіць, гаспадарку завесьці“.
— Ты адкуль, хлапчына? — запытаў у мяне стары баншчык.
— З таго сьвету, дзядок, — пажартаваў я, — ды не ведаю, як на гэтым жывецца.
— Пажывеш — убачыш... — сказаў многазначна стары. Тут жыцьцё — дваццаць год тайгі...
Гэта мнагазначная для ленскіх рабочых фраза роўна нічога мне не сказала. Мяне ўвесь час трывожыла думка, як быць, калі мяне не прымуць на работу.
— На табе кажух, апраніся, а то ўначы халодна. — І стары падаў мне стары аўчынны піджак, клапатліва дадаўшы: — сьпі сабе...
Клапатлівасьць старога, яго добрадушша, — хоць па выгляду ён быў суровы, — адразу выклікала прыязнасьць да яго. Аб многім я ў яго распытаў, даведаўся аб многім з таго, што мне было неабходна, і нарэшце заснуў.
Раніцой я прачнуўся ад холаду і гутаркі маіх суначлежнікаў. Яны рашылі як мага раней пайсьці на Ліпаеўскі і „аб’явіцца“ нежанатымі.
— Ці магчымая ж гэта справа да Ніжняга вяртацца ды і да чаго прыедзеш? Усё прададзена, а дарогі, мабыць, вёрст тысяч шэсьць будзе. Піць і есьці трэба, за дарогу трэба, а дзе ўзяць?
Так разважалі прыехаўшыя на заработкі.
— Пачакай крыху, печку запалю, чаю сагрэю, час яшчэ раньні, — сказаў мне стары баншчык.
— Халаднавата, дзядуля, — заўважыў я, хутаючыся ў піджак.
— Пацярпі, прывыкнеш... —І ён выцягнуў з-пад лаўкі велізарныя старыя, чырвоныя, падшытыя пімы. — Ты надзень іх, а зьверху піджаком закрыесься і сьпі.
Сам ён узяў тапор і пайшоў па дровы. „Які ж добры стары“, думаў я, лежачы на лаўцы. Велізарныя пімы былі вышэй кален і халодныя.
Мне здавалася, што ў гэтым непрыглядным нелюдзімым старым уваплацілася гісторыя прыіскацеля, таго прыіскацеля, які цярпеў дзесяткі год катаржную, цяжкую працу, поўную незьлічоных лішэньняў і зьдзекаў з боку абходных, нарадчыкаў, надворных і станавых. Сын глухой тайгі, які перанёс кайданы, бізуны і палкі, суровы, як тайга, але з чулым сэрцам, ён дзяліўся тым, што меў. Гледзячы на ніжагародцаў, я думаў: „Вось яны прыехалі сюды на заработкі і „аб’яўляюць” сябе нежанатымі, многа яны прымуць пакут. Сяляне не прывыклі да такой абстаноўкі, калі за кожны крок, за кожны промах „Лензота” будзе ашчэрваць свае зубы. Цяпер яны разьвязалі сумкі, елі жытні хлеб са „свойскім“ салам, якое прывезьлі з ніжагародскай вёскі. Але хто ведае, можа праз некалькі дзён не будзе ні хлеба, ні сала, ні работы”.
Лазьня напомніла сыбірскія этапныя пункты. У ёй, таксама як і там, пракопчаныя сьцены і цьмянае сьвятло чуць прыкметна заглядвае ў малюсенькае акенца. Дзядуля прынёс бярэма карэньня і стаў распальваць жалезную прагарэлую печку. У лазьні рэдкімі воблакамі слаўся дым.
— Гэта пройдзе... Як печка нагрэецца, так і пройдзе, — паясьніў стары. — Вы што ж, браткі, на Ліпаеўскі?
— Але, трэба туды, — адказвалі ніжагародцы.
— Ну, ну, наведайцеся, можа пападзеце. Цяжка вам на першы раз здасца, асабліва сямейным... Не работа, а нужда адна. „Дваццаць год тайгі”. Як пашанцуе! Нядаўна вунь на Прарока-Ільінскім прыіску, казалі, трыццаць сем чалавек, як спусьціліся, так і не вылезьлі. Усім капут, так і не выцягнулі. Крэпы разбурыліся, шахту затапіла, цяпер шукай, сьвішчы, а людзей і няма.
Ніжагародцы, пачуўшы пра абвал, неяк адразу змоўклі, у некаторых выцягнуўся твар, раскрыліся раты, некаторыя сагнуліся, і, здавалася, што абваліўшаяся шахта прыдушыла і гэтых і без таго задаўленых нуждой людзей. Яны ўздыхнулі, узялі свае сумкі і вышлі з лазьні, пакідаючы пасьля сябе гнятучае ўражаньне. Хто ведае, які лёс іх чакае: быць задаўленымі ў шахце або цяжкай працай, пераносіць голад, нужду, жыцьцё, якое называецца „дваццаць год тайгі“.
Стары шчыра стараецца распаліць печку; ён бурчыць на праклятае сырое карэньне: „Язьві іх, доўга не разгараюцца“. Мне падабаецца, як ён бурчыць. У яго бурчаньні многа добрадушша. Карэньне — у яго жывыя істоты.
— Ну, ты што, сухі ж, у трэскі я цябе скрышыў... Гары, язьві цябе, вось і паперу падкладу. — Ён сунуў паперу, і сук паслухмяна загарэўся.
— Тэк-тэк-тэк, цяпер пойдзе!
І сапраўды, полымя разгаралася ўсё сільней і сільней. Жалезная труба, награваючыся, ужо пачала чырванець. Стары наліў у кацялок вады і паставіў кіпяціць. Стала цёпла. Я зьлез з лаўкі і падсеў да старога на перакуленую драўляную ражку.
— Дзядуля, як цябе завуць? — запытаў я.
— Звалі Тарасам, а цяпер Ільёй.
— Як жа гэта так?
— А вельмі проста... Калі апошні раз у мяне з Нікалаем была “дастача“, то нам абодвум хацелася паехаць у Расію. Ён быў хворы, цынга замучыла, і мне хацелася пайсьці адсюль. Абодвум на “дастачу“ паехаць нельга было, нехапіла б на дарогу. „Давай, — кажу, — жрэбій кінем, хто паедзе: „ты или я“. Кінулі, ехаць прышлося яму. Усю “дастачу“ ён узяў сабе і паехаў. У гэты час тут многа прыіскацеляў было і двое лягавых [* “Лягавымі” прыіскацелі звалі прыслужнікаў адміністрацыі.]. “Вот-те ты или я”, падхапілі лягавыя, абы даць мянушку. З таго часу прыіскацелі сталі мяне зваць Ільёй — дзеля сьмеху. А потым прывыклі, і ўсе пачалі зваць Ілья. У нас лягавыя любяць даваць мянушкі. Бывае такую дадуць, што сорамна сказаць. Трэба чай закласьці...
І ён дастаў з паліцы кавалак плітачнага чаю, але я папярэдзіў яго, усыпаўшы свайго.
— У цябе фамільны чай-та, —заўважыў Ілья.
Нарэзаўшы нельмы і хлеба, мы пачалі сьнедаць.
Стары павольна разжоўваў масьляністую нельму, неяк асабліва цмокаючы і запіваючы гарачым чаем з драўлянага кубка.
— Я наўмысна цябе затрымаў. Няхай, думаю, пойдуць “касапузыя” [* „Касапузымі” называлі ніжагародскіх сялян, прыехаўшых на прыіскі.]. Не люблю я іх, надта яны падхалімы, а пры выпадку яны цябе выдадуць. А ўсё ж і іх шкада, таксама ж людзі.
— Даўно ты, дзядуля, на прыісках?
— А хто яго ведае, не памятаю. Даўно было.
— Так... А дзе ж гэта знайсьці мэханіка? Я сьлюсар.
— Сьлюсар? Гэта добра... Я табе хацеў сказаць: не паступай у лягавыя — гэта самыя апошнія людзі. Не любяць іх рабочыя. А ты бач які, табе трэба сярод рабочых, такіх рабочыя любяць.
— Чаму ж любяць?..
— Ды ўжо відаць, што ты за птушка. Многа я на сваім вяку бачыў такіх, толькі шкада, яны тут не трымаюцца, іх ленцы не любяць.
— Ну, дзякую, дзядуля, за прытулак. Пайду шукаць мэханіка, можа і прымуць працаваць!..
— Чаму ж не прымуць, — прымуць. Ты ідзі на Надзеждзінскі, там мэханічная, вось і прымуць.
— А ці далёка да Надзеждзінскага?
— Вёрст шэсьць будзе. Я табе пакажу дарогу. Прыходзь... Дарожную сумку пакінь тут, навошта яе насіць, калі прымуць, то возьмеш, і кватэру дадуць, а пакуль што прыходзь сюды. — І, вывеўшы мяне з лазьні, ён паказаў дарогу ў напрамку да Надзеждзінскага прыіска.
— Калі што, абедаць сюды ідзі.
Добры быў стары. Пакуль я выходзіў на дарогу, мне пападаліся партыі рабочых, якія ішлі наймацца.
Паралельна з вузкакалейнай чыгункай цягнецца грунтавая дарога. У баку, ля ручая, грукацяць буравыя разведачныя машыны, здабываючы пароду і золата для далейшай распрацоўкі. З правага боку тырчаць пахіленыя казармы рабочых; уросшыя ў зямлю, з акенцамі, заткнутымі рызьзём, з кавалачкамі бруднага шкла, яны выглядалі жудасна. Казармы дымяцца. І дзіўна бачыць на фоне заросшых парасьнікам зьнізу даверху жаўтавата-белых гор гэтыя шэра-брудныя старыя баракі. Вось Александраўскі прыіск, бегаюць ваганэткі. Далей прама дарога да Народнага дома, паварот налева — прыіскавая кантора, направа відаць драўляны сарай мэханічнай майстэрні, жалезны сарай кузьні і ліцейнай, электрычная станцыя, чатыры баракі-інтэрнаты, уверсе будка дамбы — гэта Надзеждзінскі прыіск, дзе я павінен шукаць работу.
Мэханічная кузьня, ліцейная абслугоўваюць II дыстанцыю „Лензота”, праводзячы дробны рамонт машын.
Вось і механічная, знайшоў майстэрні і майстра.
— Ці можна атрымаць работу? Я сьлюсар.
— Ідзі на Ліпаеўскі, — сказаў Дэмут (прозьвішча майстра мэханічнай майстэрні), — там мэханік.
Калі б я ведаў, што мэханік жыве на Ліпаеўскім, то не пайшоў бы на Надзеждзінскі прыіск, бо ад лазьні, дзе я начаваў, было вярсты дзьве-паўтары да кватэры мэханіка. Мэханіка не знайшоў дома і зноў прышлося ісьці на Надзеждзінскі. Была ўжо чацьвертая гадзіна. Я зноў зьвярнуўся да Дэмута.
— Ну, добра, прыдзеш заўтра, сёньня позна! — сказаў ён.
Зноў прышлося ісьці ў лазьню. Стала ўжо цямнець, калі я вярнуўся да старога.
— Мне што, мне нічога, няхай адпачнуць... — бурчэў Ілья.
— Таксама намарнаваліся, мабыць. Загнала іх сюды нужда, а адсюль не скора выберуцца. „Дваццаць год тайгі”.
— Ты што, дзядуля, дай-ка я дроў прынясу. Я крыху дужэйшы за цябе, — заўважыў я.
— Не перашкаджай... Адчыні лепш дзьверы, — сказаў дзед.
Мы ўвайшлі ў лазьню. Лазьня, як і ўчора, была поўна сялянамі, якія сядзелі на падлозе, елі хлеб са „свойскім“ салам, а то і проста з сольлю, запіваючы халоднай вадой. Сюды сьцякалася нужда. Кожны год зьбіралася тут сялянская галыцьба розных губэрняў. Пах хлеба, махоркі і поту стомленых людзей мяшаўся з смуродам лазьні. Адсутнасьць іншага памяшканьня для адпачынку і начоўкі прыбыўшых наймацца на прыіскі рабочых штурхала сюды будучых афяр ленскай эксплюятацыі. У якім санітарным стане лазьня была к субоце, прадстаўляю меркаваць чытачу, калі ў ёй штодзённа знаходзілася, па грубых падліках, чалавек па пяцьдзесят, прыехаўшых здалёку, скарыстоўваючых яе як начлежку і харчэўню.
— Напэўна есьці хочаш... Я там пакінуў табе абед, — заўважыў стары, — зараз разагрэю.
Праз дваццаць мінут я еў гарачы абед, прыгатаваны старым, пахвальваючы повара. Бульбяны суп і паўтушанае мяса, моцна прыпраўленае цыбуляй, мне здаліся вельмі смачнымі. Стары, як відаць, быў мною задаволены. Калі я скончыў есьці, то толькі тады ён спытаў, як справы. Я яму расказаў, што без толку хадзіў узад і ўперад, што мэханік жыве на Ліпаеўскім і што ўсё ж майстар мэханічнай майстэрні прапанаваў прысці заўтра.
— У-у зьвяры... Каб жа адразу чалавека ўзяць, — заўважыў стары. — Дык не, паганяюць спачатку. Заўсёды так, спачатку пацешуцца, а потым ужо прымуць...
Сяляне, таксама як і раней, паўздыхалі, павохалі і паляглі спаць: невядома, што скажа ім заўтрашні дзень. Мы доўга сядзелі са старым каля жалезнай печы, папіваючы чай ды зрэдку падкладваючы ў печ карэньне. Мне хочацца слухаць расказы старога аб жыцьці прыіскацеля, і я ўпорна маўчу, чакаючы, аб чым ён пачне гаварыць. І пацякла ціхая гутарка старога...
— Нядаўна дзяўчынку пахавалі, сказаў зямляк. Вось, кажа, Станкінас [* Станкінас — станавы Феадосіеўскага прыіска — адзначаўся пахотлівасьцю. У пачатку забастоўкі, баючыся расправы, уцёк з прыіскаў.] заўбажыў маю дзяўчынку, ёй год 13, напэўна, не больш. Ну і паслаў абходнага, каб прывёў яе да яго. Угаварвалі абходнага не браць дзіцяці, маці сама хацела ісьці. А абходны сьмяецца. „Куды я цябе, старую, прывяду, — кажа абходны, — ён мяне з табой у тры шыі прагоніць”. Не згадзіўся, праклятая душа. Дзяўчынка кволая такая была, — гаварыў стары з жалем, — такая ласкавая. Я сам бачыў яе, калі заходзіў да земляка. Не было чаго рабіць, пайшла, а то бацьку прагоняць з работы, тады зусім бяда. Вядомая справа, вопратачка лёгкая, а раніцамі халодна. Пайшла гэта яна ўдзень, гадзін у 11, а вярнулася толькі пад раньне. Прышла і ў слязах павалілася на нары. Плача ды плечкамі ўздрыгвае. „Нічога, — кажа, — мамачка, нічога”, — і зноў плача. Наплакалася ўволю. Ну, бабулькі глядзяць на яе, шкадуюць, а што ты паробіш? Увесь барак даведаўся, а што з гэтага? Гэта ж не ўпершыню. Калі дзяўчынка наплакалася, то і кажа: „Ён паслаў прыбіраць спальню, а калі я туды зайшлй, ён перш пагладзіў мяне па галаве, а потым сказаў: вось разумніца... ты разуйся, ды здымі сукенку, а то запэцкаеш прастыню”. — Калі я нагнулася і пачала разувацца, ён мяне схапіў і на ложак...” I зноў бедная залілася сьлязьмі. А пасьля гэтага яна захварэла. Бачыш, пад раньне халодна было, калі яна ішла дамоў, ну і застудзілася. Два тыдні пракачалася на нарах, а потым так і пахавалі.. Няздужыла, значыцца...“
Дзед замоўк. На душы стала цяжка. Гвалтаваньне жанчын тут звычайная зьява, і на яго глядзяць вельмі проста. Шкада вось, „кволая дзяўчынка — няздужыла”, а то б усё гэта як быццам так і павінна быць. Да гэтага дадаць як быццам няма чаго. Усё ясна. Дзед зноў паслаў мне на лаўцы і даў зноў свае пімы і кажушок.
— Пара спаць, — сказаў ён.
Праведзены мною дзень, расказ старога, прысутнасьць уздыхаўшых сялян нараджалі ў мазгу нейкую неакрэсленую злосьць на людзей, якія прымірыліся з усякімі ўмовамі на прыісках. Я доўга не мог заснуць. У памяці ўставалі яшчэ сьветлыя ўражаньні вольнага лодачнага шляху па Лене, з задорнымі песьнямі, свабодай, з яркімі летнімі днямі. Цяпер стаяла ўжо суровая восень, з вячэрнімі замаразкамі, са стогнам замардаваных людзей і варварскім прыісковым бытам.
Я гляджу ў печку. Полымя то ўспыхне, то замрэ, нагадваючы бляскам нагарэўшых чырвоных вуглёў золата. Дзед заснуў, і яго спакойны, зрэзаны маршчынамі бледны твар нагадвае застыўшую маску — без мысьлі, без выразу. Таварышы ўжо напэўна працуюць, а мне прыходзіцца яшчэ хадзіць па мытарствах.
Раніцою стары разбудзіў мяне.
Уставай, — сказаў ён, — табе, пэўна, пара ісьці. Пап’еш чаю, а потым і з богам.
Пасьнедаўшы, я адправіўся на Надзеждзінскі. На гэты раз мне пашанцавала. Мне далі зрабіць пробу — велізарны ключ для двухдзюймовых гаек. Пакоўка была вельмі грубая, трэба была многа ўжыць намаганьняў, каб са зьнешняга боку прыдаць яму прыстойны выгляд, а затым прыпіліць па ўсіх правілах унутраную частку па вугольніках і штангелю. Калі ключ быў гатоў, майстар многазначна паглядзеў на мяне, а затым на ключ, і, не даўшы ацэнкі работы, паслаў з ключом на Ліпаеўскі, да мэханіка на дом. Ужо вечарэла, калі я вышаў з Надзеждзінскага прыіска. Я рашыў сёньня ж канчаткова выясьніць, прымуць мяне працаваць ці не, і аставаўся ў кватэры мэханіка да 8 гадзін вечара, чакаючы, пакуль ён прыедзе. Намерзься я ў дастатковай ступені, а мэханіка ўсё няма і няма. Нехапіла цярпеньня, і я пайшоў зноў у лазьню. Стары быў задаволены маім прыходам. Ён паглядзеў на ключ і, як відаць, адобрыў маю работу.
— Я ведаў, што цябе прымуць. Тут заўсёды так: спачатку паламаюцца, а потым прымуць. Сядай вячэраць, відаць прагаладаўся. — І ён паставіў перада мною кацялок з капустай.
Стомленасьць, цеплыня — усё гэта выклікала жаданьне спаць. Перакінуўшыся са старым некалькімі словамі, я лёг, каб зранку з сьвежымі сіламі пайсьці да мэханіка і канчаткова выясьніць пытаньне аб паступленьні на работу і аб умовах аплаты працы.
Раніцою я даведаўся, што назначаны працаваць у майстэрні Надзеждзінскага прыіска па 1 р. 80 к. у дзень.
Праца і быт рабочых на прыісках
І вось я на Надзеждзінскім, у механічнай
майстэрні, дзе працавала каля трыццаці чалавек: загадчык майстэрні, тры токары,
адзін стругальшчык, астатнія слюсары; “Алёша“: — ці то кладаўшчык, ці то
канторшчык, а гаворачы на мове прыіскацеля — проста „лягавы“. Маё паяўленьне ў
майстэрні выклікала ў многіх цікавасьць, ім хацелася ведаць, што робіцца ў
Расіі, але, пасьля таго, як я аб’ясьніў, што з Расіі даўно, мяне мала аб чым
распытвалі.
Побач з мэханічнай стаяла кузьня, дзе працавала чалавек дзесяць, далей ліцейная і медніцкая — там працавала 4 чалавекі, на электрычнай працавала 6 чалавек, — вось і ўвесь Надзеждзінскі прыіск. Усе гэтыя рабочыя разьмяшчаліся ў чатырох бараках.
На прыіску я сустрэў аднаго з 12 спадарожнікаў па Лене — Дзьмітра Годава. Годаў пражыў тут ужо тры дні і пазнаёміўся з умовамі барачнага жыцьця. На першы час мяне таксама памясьцілі ў агульным бараку, „на ложак”. Умовы жыцьця ў бараку былі вельмі цяжкія. Жанчына, напрыклад, не мела права адмаўляць „сынку“ ў прыгатаваньні стравы, у мыцьці бялізны, мыцьці падлогі. Гэту работу яна выконвала за плату і не мела права ад яе адмовіцца. Надзеждзінскія слюсары, токары, г. зн. кваліфікаваныя рабочыя, плацілі за працу „мацеры” 5 рублёў ў месяц з чалавека, чорнарабочыя — па 3 рублі. Потым я быў пераведзены з агульнага барака ў асвабадзіўшыся пакой.
Бліжэйшы барак называлі „канюшняй”, бо за сценкай барака, у другой палавіне яго, памяшчаліся коні. Суседзтва з коньмі заўсёды давала сябе адчуваць: выпарэньні ад конскага калу і мачы пранікалі ў памяшканьні рабочых. Сам барак ад старасьці глыбока асеў, і дрэнна праканапачаныя мохам сьцены падгнілі, месцамі шчыліны былі пазатыканы рызьзём, рамы гнілыя і ледзь трымалі ў сябе пазелянелыя шыбы, змацаваныя тоўстым слоем лёду. Унутры „канюшні“ адгароджаны дошкамі чатыры каморкі, якія называліся „пакоямі”. У адным з гэтых пакояў жыў сьлюсар Веніямін Васільевіч Везавой, мужчына год 32, высокага росту, смуглы.
Ён карыстаўся, пашанай рабочых электрычна-мэханічнай майстэрні.
Другі барак стаяў значна вышэй, але па сваёй старасьці ніколькі не адставаў ад „канюшні“, толькі ў ім у адной палавіне замест коней жылі чорнарабочыя. У гэтым бараку жыў Годаў. Тут я пражыў адзін месяц. Па сярэдзіне барака стаяла велізарная пліта, у якой палілі дзень і ноч. На гэтай пліце адначасова гатавалі страву і мылі бялізну, так што павярнуцца не было дзе. Можна зразумець, які быў адпачынак рабочых пасьля 12-гадзіннай працы ў такім жыльлі, калі навакол стаіць шум, дым ад пліты і курэньня, пах гарэлага сала і цыбулі, зьмяшанага з потам парцянак і іншымі пахамі. Жыцьцю ў такіх умовах нельга было асабліва зайдросьціць.
Трэці барак прызначаўся для кваліфікаваных сьлюсараў, токараў і іншых рабочых і знаходзіўся ў некалькіх сажнях ад другога. Пакаёвая сыстэма нагадвала „канюшню”: такія ж дрэнныя шыбы, такая ж велізарная дымная пліта з тым жа пахам гарэлага сала, цыбулі, перамешанага з пахам дзіцячых пялёнак і начных вёдзер. Умовы жыцьця ў ім нічым не адрозьніваліся ад умоў у агульным бараку. Яшчэ горшыя былі баракі ў прыіскацеляў. Калі на Надзеждзінскім апісаныя баракі асьвятляліся электрычнасьцю, то ў прыіскацеляў павінна быць сваё асьвятленьне. Паўсарай, паўсьвіран, які развальваецца ад старасьці, у раёне “Сахалін” (так празвалі яго рабочыя), прыстасаваны пад інтэрнат, быў перапоўнены зьверху да нізу людзьмі. Мужчыны, жанчыны і дзеці спалі на нарах, пад нарамі, над нарамі, паміж грудамі бруднай бялізны, сярод розных мяшкоў, сундучкоў, катомак з рэчамі прыіскацеляў, прадстаўляючы сабой невычарпальную крыніцу жыўленьня для клапоў, тараканаў, вошай і іншых паразытаў. Усё гэта асьвятлялася сальнымі і стэарынавымі сьвечкамі, ад якіх ішла копаць і смурод. Такога роду баракі былі ў большасьці. Лаянка, праклёны, сьпевы, гармонік, скокі, часам бойкі, — вось звычайныя карціны ў кватэрах прыіскацеляў.
Нават царскі саноўнік — іркуцкі губэрнатар Бантыш у 1911 г. пісаў: „Жыльлём рабочых я быў проста паражон. Нажываючы ад працы рабочых мільёны, “Лензота“ не жадае прадаставіць рабочым колькі-небудзь зноснае жыльлё”.
Заработак кваліфікаваных рабочых быў не больш двух рублёў з капейкамі ў дзень, ад яго далёка адставаў заработак чорнарабочых. Чорнарабочыя атрымлівалі падзённую плату па Бадайбо 1 руб. 50 кап. і ў „Лензота” 1 руб. 35 кап. Былі яшчэ работы зьдзельныя, па дагаворанасьці. Але часта гэта дагаворанасьць па жаданьню „Лензота” ператваралася ў пустышку. Напрыклад, на Прарока-Ільінскім дагаварыліся цесьляры пабудаваць лазьню за 700 руб. Калі ж лазня была скончана, то палічылі работу толькі за 250 руб. [* „Договор найма рабочих „Ленского золотопромышленного товарищества 1911-1912 г.” Гл. у кнізе Цэнтрархіва „Ленские события 1912 г.” (матэрыялы і дакумэнты), выд. „Вопросы труда“, 1925 г., стар. 1.]
Таксама праводзілася, работа “па ўроках”. Адміністрацыя лічыла, што рабочы пры падземнай дабычы залатой пароды свабодна можа выпрацаваць 3 аршыны; за кожны кубічны аршын плаціла 50 кап., лічачы, што пры большым напружаньні рабочы можа выпрацаваць да 6 кубічных аршын, што саставіць заработак 2 руб. 50 кап — 3 руб., прычым адміністрацыя зусім не ўлічвала якасьці глебы, не адрозьніваючы мяккай ад цьвёрдай. Рабочаму задаваўся ўрок з выпрацоўкай абавязкова ў 4 аршыны. У апошні дзень работы перад забастоўкай тры чалавекі пры ўрочнай рабоце на Аляксандраўскім прыіску зарабілі па 27 кап. у дзень. Зразумела такі заработак не часта сустракаўся, але ўсё ж ён неаднаразова меў месца. Часьцей за ўсё практыкавалася зьніжэньне зьдзельных работ шляхам жульніцкіх абмераў кубатуры.
Гэта яшчэ не ўсё. Заработную плату “Лензота” часта выдавала талёнамі, на якія можна было купляць тавары толькі ў магазынах „Лензота“, у якіх цэны былі павышаныя. Заработак рабочым ніколі не выдаваўся поўнасьцю. ён аставаўся ў касе „Лензота” да канца апэрацыйнага года і пускаўся ў абарот.
Наша харчаваньне, не гледзячы на высокія цэны, было зусім дрэннае. У тайзе дастаць прадукты харчаваньня ў прыватнікаў амаль немагчыма, бо за пакупку ў прыватнікаў многія рабочыя плаціліся звальненьнем зімой, што азначала для рабочага галодную сьмерць на марозе. Затрымка заработку да канца апэрацыйнага года, а таксама яго выплачваньне талёнамі абавязвалі браць усякую мясную заваль, псаваную рыбу і наогул нядобраякасныя прадукты, а грошы бралі як за прадукты вышэйшай якасьці; пры гэтым абмервалі, абважвалі рабочых.
Раней на прыісках працавалі катаржане, але з разьвіцьцём залатой прамысловасьці праца катаржан была выцеснена працай наёмных рабочых, прычым для вольнанаёмных рабочых ва многім захаваўся катаржны рэжым.
Акцыянэрамі Ленскага золатапрамысловага таварыства былі англійскія лорды, рускія арыстакраты, сэнатары, міністры і багатыя тузы — Вітэ, Ціміразеў, Гінзбург, Пуцілаў, Белазераў і інш. У акцыянэрным таварыстве ўдзельнічала таксама з царскай сям‘і Марыя Фёдараўна Раманава, якая дапамагала грабяжу, свавольству і злачынствам ленскай адміністрацыі. Кожны прыіск насіў назву святых: Васільеўскі, Андрэеўскі, Усьпенскі, Прарока-Ільінскі, Аляксандраўскі, Надзеждзінскі, Феадосіеўскі. На гэтых сьвятых, па назьве, прыісках, дзе панавала „матушка”, з бізуном у руках выганялі людзей на работу.
Аднойчы ў нейкае сьвята рабочы Феадосіеўскага прыіска т. Карнееў (у далейшым выбарны) запрасіў мяне да сябе. Раптам гадзін у 10 раньня ўварваўся ў барак „абходны” і пачаў „чэсьцю прасіць на работы”.
Да прыіскаў мне не раз прыходзілася сядзець у турме і не раз прыходзілася бачыць, як абыходзіліся турэмныя надзірацелі з перасыльнымі, але такое абыходжаньне і лаянку, якую я пачуў ад „абходнага”, я чуў першы раз у жыцьці. Не зьвяртаючы ўвагі ні на жанчын, ні на дзяцей, „абходны” падбіраў самыя агідныя, ганьбячыя чалавечае дастоінства словы і крычаў на ўвесь барак. Я не вытрымаў і, крыкнуўшы „Не смей лаяцца”, будучы фізычна дужым, схапіў яго за плечы і штурхнуў у адчыненыя ім самім дзьверы. У бараку ўсе ахнулі: „Што ты зрабіў?”
Праз мінуту „абходны” вярнуўся і ўжо іншым тонам пачаў зваць рабочых на работу, а затым зьвярнуўся да мяне з пытаньнем:
— Хто ты такі тут?
— Чалавек... слюсар, вось хто.
— Добра, — пагразіў ён.
Як толькі пайшлі з ім рабочыя, як адразу ўсе астаўшыяся ў бараку сабраліся вакол мяне. Некаторыя гаварылі, што мяне зволяць, а затым паліліся расказы жанчын аб сваіх крыўдах.
— Мужчын ён вось крыху баіцца, а нас ні за што лічыць. Ці ўдзень, ці ўначы, — прыйдзе і пагоніць на работу. Бывае і так: ты сьпіш, а ён падыме коўдру і сарочку ды бізуном хлясьне і скажа: „Ідзі ў нумары да служачых”. Ну і пойдзеш, а то зволяць мужа і з прыіскаў прагоняць. А куды ж дзенесься з дзецьмі, ды без хлеба, на марозе?
Такім чынам нізкі заработак, убогія, але дорага-каштуючыя харчы, нягоднае жыльлё, недастатковае аказаньне мэдыцынскай дапамогі, адсутнасьць школ, поўнае зьняволеньне чалавека, якое ператварала прыіскацеля і яго сям’ю ў рабоў Ленскага акцыянэрнага таварыства, — такое было становішча рабочых у далёкай тайзе на прыісках. Для прыгнечаньня „Лензота” ўтрымлівала паліцыю, міравога судзьдзю, горную інспэкцыю, пошту, тэлеграф, духавенства і цэлы штат служылага элемэнта ў якасьці станавых, абходных, нарадчыкаў. Цяпер для мяне стала яснай і зразумелай прыказка прыіскацеляў аб жыцьці на прыісках. „Дваццаць год тайгі“ — гэта азначала дваццаць год рабскай працы.
На шляху да стварэньня рабочай арганізацыі
Стаўшы ленскім рабочым, я пачаў шукаць сувязі з мясцовай партыйнай арганізацыяй, але, як гэта ні дзіўна, ніякай арганізацыі не знайшоў, хоць тут было многа палітычных ссыльных. Я думаў, што, магчыма, мне не давяраюць, але мае меркаваньні былі дарэмнымі, бо на прыісках у той час ніякай арганізацыі не аказалася. Былі толькі разрозьненыя рэвалюцыйныя элемэнты розных плыняў. Я паставіў сабе мэтай выявіць хоць бы асобых людзей, якія змаглі б прыняць удзел у стварэньні арганізацыі.
Сярод палітычных ссыльных я сустрэў упадніцкі настрой. Яны ператварыліся ў абывацеляў за вельмі малым выключэньнем.
Але, прыгледзеўшыся да прыіскавых умоў і парадкаў, я неўзабаве зьвязаўся з любіцельскім гуртком, які хацеў ставіць украінскія п‘есы. Трэба адзначыць, што на Надзеждзінскім, апрача Народнага дому, быў яшчэ грамадзкі сход, але там наладжвалі канцэрты 4 спэктаклі толькі для служачых. Зразумела, што паміж гэтымі двума клюбамі, калі можна так выразіцца, існавала клясавая розьніца. У грамадзкі сход на спэктаклі або канцэрты рабочыя не дапускаліся, а ў Народным доме ігралі служачыя ўжо рангам ніжэй, і часткова для выходных роляй запрашалі рабочых з жонкамі. У час спэктакля сюды дазвалялася хадзіць нават і рабочым, зразумела за плату ад 30 кап. да 1 руб. за месца.
Да любіцельскага гуртка прымкнуў і я. У гэтым гуртку рабочаму адводзілася скромная роля пад наглядам і кіраўніцтвам прыіскавай адміністрацыі. На першыя ролі запрашалі служачых, а рабочыя тут былі патрэбны, каб падаваць чай у час рэпэтыцый, перастаўляць дэкарацыі і наогул выконваць пераважна тэхнічную работу. Некаторыя з рабочых праводзілі час у гуртку з мэтай устанавіць аб сабе добрую думку адміністрацыі. Правёўшы адзін спэктакль са служачымі, я пастараўся даказаць рабочым, што нам трэба арганізаваць свой гурток — рабочы. Калі ў час работы на нас глядзяць, як на лёкаяў, то і на сцэне нам даюць ролі лёкаяў. Маю прапанову падтрымалі Зеленка, Слесарэнка, Падзаходнікаў і інш. Адным словам, сфарміраваўся рабочы гурток. У гурток увайшлі лепшыя таварышы.
Член нашага гуртка, Рамуальд Зеленка скончыў рамесьніцкую школу, быў на японскай вайне, прыцягваўся да адказнасьці па справе ваеннай арганізацыі і быў прысуджаны да ссылкі на пасяленьне ў Якуцкую вобласьць. Самаадданы рэвалюцыянэр, Зеленка адзначаўся вялікай скромнасьцю, не любіў фраз, у яго за кожным словам сьледавала рэальная справа. Ён быў прамы і чулы таварыш. Непрыглядны на выгляд, ён унушаў да сябе павагу: па перакананьнях быў сацыял-дэмакратам (бальшавіком), палітычна разьвітым.
У гурток увайшоў таксама блізкі друг Зеленка — Афанасій Слесарэнка, яму было год 30. Высокі і дужы, ён з выгляду быў поўнай процілегласьцю Зеленка. Працаваў на матэрыяльным складзе рабочым. Цяпер жа ён дырэктар Паўднёвай чыгункі, член таварыства старых бальшавікоў, жыве ў Кіеве. Апрача іх у гурток уваходзілі:
Белякоў — сьлюсар мэханічнай майстэрні. Было яму тады год 35, многасямейны. Акуратны, дабрадушны чалавек, дапытлівы. Ён быў беспартыйны, але вельмі цікавіўся палітычнымі падзеямі, у ім сільна было разьвіта пачуцьцё таварыскай салідарнасьці, усякія даручэньні выконваў добрасумленна.
Годаў Дзімітры — жыцьцярадасны, яшчэ малады, яму было ў той час каля 30 год. Рашучы, рэвалюцыйна настроены рабочы, добры таварыш.
Федзюкоў — каваль, кампанейскі, вясёлы хлопец, ён адзначаўся вялікай настойлівасьцю. У рэвалюцыйнай барацьбе ўдзелу не прымаў.
Кузьняцоў — вадаліў з дамбы, вельмі рухомы чалавек. У гурток увайшла і яго жонка, непісьменная. Яна была энэргічнай дасьціпнай работніцай.
Падзаходнікаў Пётр — сьлюсар, пляменьнік ленскага бугальтара Ліпаева, беспартыйны рэвалюцыянэр, прамы і энэргічны.
Будэвіц Яўгені — латыш, сьлюсар. Апрача работы ў майстэрні рабіў у сябе ў пакоі дробныя работы (паяньне залатых рэчаў, папраўка гадзіньнікаў і т. д,), беспартыйны. Ён быў вясёлага характару. У параўнаньні з іншымі ён знаходзіўся на больш высокім культурным узроўні.
Лідзія Міхайлаўна, жонка Будэвіца, былая настаўніца, інтэлігентка, адэмакратыўшаяся, калі можна так выразіцца.
Сьцепакоў — сьлюсар, малады чалавек, потым ён быў тэхнічным сакратаром стачачнага камітэта.
Жураваў-Іваноў — токар, чалавек, як гаворыцца, бывалы, беспартыйны рэвалюцыянэр.
І пішучы гэтыя радкі — сьлюсар — раней падвяргаўся царскім рэпрэсіям: у 1903 г. судзіўся па справе 24 сацыял-дэмакратаў і ў 1907 г. — за арганізацыю сялян і рэвалюцыйныя прамовы — па 129 арт. маскоўскай судовай палатай.
Спачатку наш гурток удзяляў многа ўвагі бібліятэцы, якая павінна была мець вялікае значэньне для прабуджэньня гуртка да палітычнага жыцьця.
Перад намі стаяла задача — выкарыстоўваючы ўсе магчымасьці, адваяваць Народны дом, дзе мы маглі б пад выглядам наладжвааньня рэпэтыцый і спэктакляў праводзіць палітычныя гутаркі. Наладжваючы літаратурныя вечары, праз іх вэрбаваць актыўных рабочых і ўцягваць іх у палітычную вучобу.
Я расказаў аб сваіх плянах паліткатаржаніну Індрыку Розенбергу, токару мэханічнай майстэрні Надзеждзінскага прыіска, жадаючы даведацца, якая яго думка, і атрымаць ад яго некаторую падтрымку. Спроба мая не мела посьпеху. Розенберг, паглядзеўшы на мяне, як на навічка, звысака і аўтарытэтна заявіў: „Тут і не такія, як ты, прабавалі што-небудзь зрабіць, і то з гэтага нічога не выйшла”. Затым ён пачаў чытаць мне настаўленьне і закончыў тым, што лепш нічога не пачынаць.
Даслухаўшы яго да канца, выразіўшы яму свае зьдзіўленьне, я прыйшоў да таго заключэньня, — што ён або трус, або проста сэзонны рэвалюцыянэр; скончыўся сэзон, і ён стаў проста абывацелем, які даражыць сваім спакоем.
Выясьніўшы акружаючую абстаноўку, мы пад выглядам наладжаньня рэпэтыцый і спэктакля пачалі праводзіць палітычныя гутаркі і паступова пачалі авалодваць Народным домам.
Тут па прыіскавай традыцыі ўстанавілася па сканчэньні апэрацыйнага года, калі ленскія акцыянэры дзялілі свае барышы, выдаваць мэханічным і электрычным рабочым „на прапой душы“ 200 руб. Мэханічныя рабочыя, апрача гэтых грошай, праводзілі падпіску на адзін або два дні заработку, пускалі падпісны ліст і па служачых. Пры зборы грошай праводзіліся выбары дэлегатаў ад рабочых і служачых, і гэтыя дэлегаты прывозілі з Бадайбо віно і закускі, ад лікераў да сівухі ўключна. Служылі малебен, затым у Народным доме накрывалі сталы на сцэне і ў зале для гледачоў. Зразумела, на сцэне паважна сядзела адміністрацыя за смачнымі стравамі і дарагімі вінамі, а ў зале сядзелі рабочыя з шкалікамі сівухі і тухлым саксунам. Гаварыліся здравіцы за галоўнаўпраўляючага і іншых, а рабочыя — удзельнікі ўрачыстасьці — крычалі “ура“ і запівалі гарэлкай. Рабочыя, калі перапіваліся, то скакалі, бегалі, куляліся, а адміністрацыя ў тлустым рогаце адводзіла душу.
Нашым гуртком было вырашана не дапусьціць гэтай агіднасьці, лічачы ганебным для рабочага служыць малебны, п’янстваваць з адміністрацыяй і гаварыць здравіцы нашым эксплюятатарам.
Унутры майстэрань паміж рабочымі разгарнулася агітацыя: адны агітавалі за сьвята і папойку разам з адміністрацыяй, другія ўказвалі на недапушчальнасьць гэтага: рабочым няма чаго радавацца па поваду сканчэньня апэрацыйнага года і дзяльбы прыбытку „Лензота”, здабытага праз эксплюятацыю рабочых.
Перад сходам нам неабходна было завэрбаваць больш аўтарытэтных рабочых на свой бок і такім чынам аказаць уплыў на тую групу рабочых, якія стаялі за сьвята.
Усеагульнай павагай і любоўю на Надзеждзінскім прыіску карыстаўся Веніямін Васільевіч Везавой. Яго, як самага лепшага сьлюсара, цаніла адміністрацыя, любілі рабочыя за чулы характар і добрыя адносіны да іх. Нам трэба было завэрбаваць яго на свой бок, каб, карыстаючыся яго аўтарытэтам, праваліць сьвята. Прыйшлося ўжыць стары арганізацыйны мэтад, вельмі просты. Калі нам трэба было ўцягнуць у рэвалюцыйны гурток таго ці іншага таварыша, мы на працягу двух-трох тыдняў — на рабоце, па дарозе на работу і дома — расказвалі яму ўсе навіны з рэвалюцыйнага жыцьця, тым самым мімаволі ўцягвалі ў жыцьцё нашай арганізацыі і даказвалі, што яму неабходна і карысна ўступіць у гурток. Так мы зрабілі і з Везавым. Ён, зразумела, стаў на наш бок.
Нарэшце склікаецца сход. Выступаючы на сходзе, я ўнёс прапанову адмовіцца ад “сьвята”, а 200 руб. накіраваць у галадаючыя губэрні. У 1911 г. у Вяцкай, Пермскай губэрнях і на Урале быў голад. Падняўся крык, буза, мяне абазвалі навічком, які хоча ўвесьці свой парадак. Выступіў Зеленка і атрымаў адпор, Падзаходнікаў — таксама, нарэшце Везавой заявіў:
„Я заўсёды падпісваўся на гэтае сьвята, але ніколі не прымаў удзелу ў ім. Сёньня сьлюсар п’е, гуляе і пацяшае адміністрацыю, а заўтра — не дагадзіў адміністрацыі — атрымлівай кайлу і лапату і адпраўляйся “на патаржніку “. Шчыра дзякуем...”
Ён зняў дэманстрацыйна шапку, пакланіўся і пайшоў.
Галасы раскалоліся, сьвята было сарвана. Наша ўзяла. Але што рабіць з грашыма? Мая прапанова павінна праваліцца, я набыў ворагаў. Назначаецца другі агульны сход, на якім павінны рашыць, на што расходваць 200 руб. Я настойваю на пасылцы іх у галадаючыя губэрні. На сходзе зноў паднялася барацьба за наладжваньне сьвята. Выказаліся за сьвята Беспальчанка, Розенберг (ссыльны пасяленец) і Мельнікаў, але іх карта была біта, большасьць сьвяткаваць не хоча, і грошы вызначаюцца на папаўненьне бібліятэкі. Раз асыгнаваны грошы на бібліятэку, то трэба было выбраць бібліятэчную камісію. Туды вылучылі Падзаходнікава, Белякова, Слесарэнка і Годава, якім даручылі падабраць кнігі і саставіць каталаг. Мы рашылі праз гэтых таварышаў, не выяўляючы сябе, падабраць найлепшую бібліятэку і карыстацца ёю ў агітацыйных мэтах. Закіпела работа бібліятэчнай камісіі.
Тых сродкаў, якія былі асыгнаваны для папаўненьня бібліятэкі, аказалася недастаткова, але мы не спыніліся на гэтым і рашылі папоўніць бібліятэку на даходы, атрымліваемыя ад спэктакляў. Нам каштавала вялікіх намаганьняў дабіцца ў „Лензота” дазволу на заняцьце ў Народным доме пад рэпэтыцыі і спэктаклі чатырох вечароў у тыдзень.
Але значна больш складаным было дабіцца дазволу на пастаноўку спэктакля ў спраўніка, які жыў у Бадайбо, у 65 вёрстах ад Надзеждзінскага прыіска. Пастаноўка першага спэктакля спраўнікам дазволена не была. Пры адмове ён спаслаўся на тое, што трэба было спытаць папярэдняга дазволу. Атрымаўшы такі адказ і абмеркаваўшы стварыўшаеся становішча, гурток рашыў спытацца папярэдняга дазволу ў спраўніка на пастаноўку адразу некалькіх п‘ес, якія звычайна дазваляліся да пастаноўкі ў іншых народных дамах. Не спыняючыся перад першай няўдачай, мы рашылі ў што б там ні стала прадаўжаць пачатую справу.
Нядаўна атрыманая перамога — неадбыўшаеся свята — і няўдача з дазволам спэктакля мімаволі нас згуртоўвалі. Мыз кожным днём усё больш узмацняліся, прыцягваючы новыя сілы. Прыіскацелям мы расказвалі, як сарвалі сьвята, чаму нам не быў дазволены спраўнікам спэктакль, і гэтая акалічнасьць выклікала ў прыіскацеляў спачуваньне да нашага гуртка, яны з вялікай увагай адносіліся да нашай вымудры, з гонарам гаворачы: “У надзеждзінскага справа без лягавых абыдзецца”. Такія адносіны падымалі наш настрой, прыдавалі нам упэўненасьць, што ў хуткім часе мы зможам стварыць арганізацыю, праз якую будзем належным чынам уплываць на масу, выхоўваючы рэвалюцыйны актыў.
Улічваючы агульныя ўмовы прыісковага жыцьця і запросы прыіскацеляў, мы беражліва падыходзілі да кожнага рабочага, зьвяртаючы яго ўвагу на цяжкія, невыносныя ўмовы яго жыцьця.
Нарэшце мы атрымалі дазвол на пастаноўку спэктакля. У дзень спэктакля пацяклі рабочыя з усіх прыіскаў да Народнага дома. Такой колькасьці рабочых у Народным доме ніколі не было. Усе месцы былі заняты, стаялі ў праходах, у калідорах, І многія рабочыя не маглі папасьці на спэктакль з-за адсутнасьці месцаў. Прыісковая адміністрацыя была зьдзіўлена такім посьпехам.
Рэзультаты спэктакля ўмацавалі ў нашым гуртку ўпэўненасьць, што нам удасца стварыць арганізацыю. Сувязь з прыіскамі наладжвалася. Мы бачылі, як прышоўшыя на спэктакль рабочыя адчулі сваю сілу. Рабочыя ўбачылі, што яны не такія ўжо слабыя.
Мы радаваліся, гледзячы на рабочых, і, указваючы на адміністрацыю, ціханька гаварылі:
„Ім не падабаецца, калі мы разам, бачыце, яны аглядваюцца, як злодзей на кірмашы. Калі мы разам, то яны нас баяцца і, усьміхаючыся, з намі гутараць, а калі аднаго сустрэнуць, то стараюцца аблаяць. Вы, таварышы, хадзіце сюды часьцей, а то прыходзьце да нас у госьці, там пагутарым як сьлед”.
На грошы, адпушчаныя на сьвята і сабраныя ад спэктакля, мы выпісалі кніг.
Неўзабаве пасьля спэктаклю адміністрацыя пачала раскідваць членаў гуртка па прыісках. Такое распараджэньне адміністрацыі нам было наруку, бо мы і без таго хацелі завязаць сувязь з усімі црыіскамі. Мы не трацілі сувязі з таварышамі, якія рассыпаліся па прыісках, зацікаўленыя агульнай работай. Цяжкія ўмовы прыісковага жыцьця выклікалі ў прыіскацеляў жаданьне або зусім пакінуць прыіскі, або зьмяніць катаржныя умовы працы і быту на прыісках. На Андрэеўскі прыіск быў пераведзены Зеленка, які потым неаднаразова прыяжджаў на Надзеждзінскі. Я езьдзіў на Андрэеўскі, быў на Васільеўскім, дзе пазнаёміўся з т. Лесных — палітссыльным, на Аляксандраўскі; на Феадосіеўскім я завязаў сувязь з Карнеевым і інш.
Ленскае таварыства, улічваючы, што наўрад ці знойдзецца такі сьмяляк, які ўздумае зімой выказваць сваё незадавальненьне ўмовамі работы і рызыкне астацца на марозе, усё больш націскала на рабочых. Усё часьцей і часьцей чуваць былі пакрыкваньні на падзёншчыкаў, няправільна падлічваліся замеры зьдзельшчыкам. Усё больш пагаршалася забесьпячэньне прадуктамі харчаваньня. Нарастала глухое незадавальненьне і абурэньне і патрабавалася вельмі нямнога, каб яно выявілася і вылілася ў пратэст усіх працуючых на прыісках.
Пачатак забастоўкі
Пабуджальнай прычынай да забастоўкі была бязьмежная нахаба “Лензота“, дайшоўшая да таго, што ў страву рабочым пачалі выдаваць не толькі псаванае мяса апошніх сартоў, але разам з унутранасьцямі жывёлы выдалі для стравы конскі палавы орган. Рабочыя хацелі саставіць пратакол, але гэта зрабіць не ўдалося.
Пасьля таго як ураднік адмовіўся саставіць аб гэтым пратакол, рабочыя патрабавалі аб‘ясненьня ў станавога Цынберга, які ім адказаў:
— Зьядзіце гэта, тады дадзім другое [* Больш падрабязна гл. брашуру „События на Лене в документах”, саст. Владзімірава, Партвыдат, 1932 г., стар. 12. — „Докладная записка рабочих Андреевского прииска сенатору Манухину от 9 июня 1912 г.”].
Тэпан, які выконваў абавязкі галоўнаўпраўляючага, прыехаўшы, заявіў:
— Куды ж нам дзяваць дрэннае мяса? Выйдзе гэта, будзем даваць лепшае. Раю вам стаць на работу і разысьціся, расказаўшы пісьмова аб сваіх патрэбах.
Калі ж рабочыя не прыступяць да работы, то ён пагражаў зволіць усіх рабочых з Андрэеўскага прыіска.
У 1912 г. 28 лютага на Андрэеўскім прыіску пры актыўным удзеле Рамуальда Зеленка было пастаноўлена: 29 лютага спыніць работу [* Там жа, стар. 29.].
1 сакавіка [* Усе даты аб падзеях на Лене ў гэтай кніжцы дадзены па старому стылю.] ўвечары на Надзеждзінскім стала вядома, шта забаставалі андрэеўцы, а раніцою 2-га прыбыў нарачны і аб’ясьніў прычыну забастоўкі.
Такім чынам „Лензота” кінула нам выклік. Надышоў рашучы і адказны момант. Сутыкнуліся дзьве варожыя сілы: міжнародны і расійскі капітал, які ахоўваўся царскім урадам і яго войскамі, з аднаго боку, і пралетарыят — з другога, Прадстаўнікі „Лензота” былі самі тварцамі законаў, мы ж павінны былі проціпаставіць клясу капіталістаў свае патрабаваньні.
З раніцы 2 сакавіка „лягавы“ Алёша не выпускаў мяне з вачэй, ён, як цень, хадзіў за мной, падслухоўваючы, аб чым я гавару. Выкарыстаўшы выпадак, калі адлучыўся Алёша, я зьвярнуўся да Розенберга, але той папярэдзіў мяне, заявіўшы:
— Добра б — гарнякі з дубінамі прышлі нас зьнімаць. Калі мы самі аб’явім забастоўку, то нас арыштуюць.
“Ах, ты, палітычная памылка”, з прыкрасьцю сказаў я сабе і адышоў ад яго. Трэба было дзейнічаць. Я паклікаў хлопчыка-вучня і загадаў яму зьбегаць у кузьню, у мэханічную, у электрычную, усюды і сказаць, каб усё ішлі ў мэханічную.
Калі ўсе зышліся, то майстар Дэмут астаўся таксама, думаючы, што яго прысутнасьць запалохае рабочых. І сапраўды, некаторыя рабочыя адварочваліся ад яго, каб не пазнаў і не зволіў іх. У прысутнасці Дэмута ніхто не хацеў выказвацца. Тады рашыў выступіць я і заявіў:
— Прычына нашага сходу зусім зразумелая. Нам вядома, што нашы таварышы аб’явілі на Андрэеўскім прыіску забастоўку і што Тэпан пагражае разьлікам. Можа быць частка рабочых ужо сядзіць у турме. Мы працуем у аднолькавых умовах з Андрэеўскім прыіскам, а таму нам трэба абмеркаваць, што нам рабіць.
— Выходзьце з майстэрні, тут месца для работы, а не для сходаў, — закрычаў Дэмут.
— Таварышы, пойдзем на двор, там і згаворымся, — прапанаваў я.
Калі мы вышлі на двор, я расказаў рабочым аб становішчы таварышаў на Андрэеўскім, заяўляючы, што нам неабходна да канчатковага выясьненьня справы на Андрэеўскім, у знак салідарнасьці, далучыцца да забастоўкі. Зноў паспрабаваў умяшацца Дэмут, але атрымаў адпор. „Мы — рабочыя, ты — адміністратар, аб сваім становішчы мы самі паклапацімся, а таму просім пакінуць наш сход“. Ён не выходзіў. Тады я сказаў:
— Таварышы, пойдземце па бараках, а пасьля абеду мы згаворымся без адміністрацыі.
Так і зрабілі. Пасьля абеду мы сабраліся ўсімі майстэрнямі ў недабудаванай лазьні.
На гэтым сходзе нам трэба было ўсё ўлічыць. Мы былі ўпэўнены, што забастоўка будзе разьвівацца, бо цяжкія ўмовы ленскіх рабочых прымушалі баставаць. Казарменны спосаб жыцьця і поўная ізаляванасьць рабочых ад адміністрацыі аблягчалі і давалі магчымасьць кіраваць забастоўкай праз выбарных стараст. З гэтай прычыны пасьля абмену думкамі пастанавілі: зьняць усіх рабочых з работы ў Віцімскай і Алёкмінскай горных акругах, правесьці выбары прыісковых камітэтаў і сабрацца на Надзеждзінскім прыіску, дзе будзе знаходзіцца цэнтар забастовачнага камітэта; выбраць упаўнаважаных для спыненьня работы на прыісках і азнаёміць усе прыіскі з гэтай пастановай.
Выбарнымі аказаліся: Везавой, Годаў, Белякоў, Жураваў-Іваноў, пішучы гэтыя радкі і інш. Тут жа была распрацавана інструкцыя, як павінны рабочыя трымаць сябе ў час забастоўкі, як праводзіць выбары і куды накіроўваць выбарных. Увечары мы рассыпаліся па прыісках.
Забастоўка разрастаецца
2 сакавіка спынілі работу кузьня, мэханічная і ліцейная майстэрні Надзеждзінскага прыіска.
Годаў, я, Везавой і Сьцепакоў накіраваліся на Аляксандраўскі прыіск..
Мы затрымалі рабочых начной зьмены з тым разьлікам, каб скончыўшыя працаваць у дзённай зьмене маглі таксама прыняць удзел у мітынгу. На мітынгу мы расказвалі аб стварыўшымся на прыісках становішчы, аб узьнікшай забастоўцы, аб пагрозах “Лензота“ зволіць рабочых трох прыіскаў і прапанавалі рабочым Аляксандраўскага прыіска спыніць работу і далучыцца да забастоўкі.
На мітынгу было вынесена рашэньне спыніць работу, правесьці выбары і адправіць выбарных на Надзеждзінскі для сумеснай з усімі выбарнымі выпрацоўкі патрабаваньняў. Тут жа было растлумачана рабочым, як трэба трымаць сябе ў часе забастоўкі, і прапанавана па бараках выбраць стараст.
З быстрынёй маланкі вестка аб забастоўцы разьнеслася па ўсіх прыісках. Аляксандраўскі прыіск стаў, Прарока-Ільінскі стаў, Феадосіеўскі стаў. На працягу чатырох дзён забастоўка ахапіла ўвесь золатапрамысловы раён Віцімскай і Алёкмінскай горных сістэм. Месцамі былі спробы арыштаваць некалькіх рабочых. Гэтыя спробы толькі падлівалі масла ў агонь і прыводзілі рабочых яшчэ больш у абурэньне. Нярэдка былі выпадкі, калі рабочыя адбівалі ў паліцэйскіх арыштаваных, аглядалі паязды, думаючы, што ў іх вязуць арыштаваных, — адным словам, перасталі падпарадкавацца паліцыі.
У ноч на 3 сакавіка на Надзеждзінскі пачалі прыбываць дэлегаты ад прыіскаў. Калі зьехалася большасьць, мы адкрылі сход. Намеціўшы папярэднія патрабаваньні, мы прыступілі да выбараў цэнтральнага забастовачнага камітэта. У забастовачным камітэце былі разьмеркаваны абавязкі ў наступным парадку: старшынёй быў выбраны Баташэў П. Н., першым намесьнікам Грыша (Чэрэпахін Г. В. [* З Грышам Чэрэпахіным мне прышлося сустрэцца раней. Аднаго разу ўвечары да мяне ў пакой на прыіску зайшоў горнарабочы са словамі: “Давай пазнаёмімся”. А пасьля таго як мы пагутарылі, папілі чаю, ён запытаў: “Можна, я ў цябе буду жыць?” Але пражыў ён нядоўга і зьнік таксама раптоўна, як і прыйшоў. Ён быў пасяленцам і называўся Грышай.]), другім — Зеленка, членамі камітэта былі Папоў Інакенцій, Бондар, Лесных. Цэнтральны забастовачны камітэт быў адзіным кіруючым органам.
Не фіксуючы на паперы, мы вынесьлі патрабаваньне аб зачыненьні вінных крам, а выбарным па бараках было прапанавана забараніць продаж і спажываньне гарэлкі.
Прадстаўнікамі для вядзеньня перагавораў з прыісковай адміністрацыяй і ўладамі выбралі наступных таварышаў: Баташэва П. Н., Везавога В. В., Зеленка Р.,. Чэрэпахіна, Белякова, Бондара.
Пасьля сходу ўпаўнаважаныя накіраваліся да Народнага дома, каб абвясьціць рабочым „Нашы патрабаваньні“ і потым прад’явіць іх выконваючаму абавязкі галоўнаўпраўляючага прыіскамі Тэпану [* Патрабаванmні, выпрацаваныя Цэнтральным стачачным бюро рабочых усіх прыіскаў ад 3 сакавіка 1912 г., поўнасьцю зьмешчаны ў брашуры „События на Лене в документах”, саст. Владзімірава, Партвыдат, 1932 г., стар. 29-32.].
Тэпан прыняў нас у пярэдняй, узяў патрабаваньне, пайшоў да сябе і толькі праз 15 мінут вярнуўся. Ледзь стрымліваючы сваё хваляваньне, але не жадаючы яго выявіць перад намі, ён пачаў з таго, што „Лензота” заўсёды ішло насустрач законным жаданьням рабочых, а таму некаторыя патрабаваньні мы можам уладзіць на месцы. Усё, што ад яго залежыць, ён абяцае, але тут у патрабаваньнях ёсьць такія пункты, якія не ад яго залежаць, ён зьвяжацца з Галоўным праўленьнем у Пецярбургу. Затым ён стаў абвяргаць рад пунктаў. Панёс такую ахінею, што мы пачалі мімаволі ўсьміхацца, Ён стаў даказваць, што лепшыя сарты мяса пакідаюцца на месцы для замарожваньня, а таму нам прыходзіцца зімой задавальняцца тым, што ёсьць, і інш., і інш. у гэтым духу. Бачачы нашу непахіснасьць, ён замяшаўся і спыніўся на разборы пункта, дзе гаварылася: “Не звальняць зімой рабочых”; ён стаў даказваць, што ў інтарэсах справы “Лензота” гэтага пры ўсім жаданьні. зрабіць не можа.
— У нас былі такія выпадкі, — казаў ён, — калі зусім спраўны і добрасумленны рабочы па тактычных меркаваньнях бывае тут непрыгодным, тады мы звычайна давалі яму рэкамэндацыю і грошы і адпраўлялі з прыіскаў раней тэрміну. Я думаю, вы мяне зразумелі, — ціха дадаў ён.
— Зразумелі, будзем помніць, — адказаў я. — Пашліце вашага агента да Народнага дома паслухаць ваш адказ на нашы патрабаваньні.
Мы вышлі ад Тэпана, абураныя яго нахабнасьцю.
Быў вялікі мароз. Рабочыя не маглі ўсе зьмясьціцца ў Народным доме і па чарзе хадзілі туды грэцца.
Тут жа перад Народным домам стаяла бочка, перакуленая ўверх дном. Я залез на бочку і стаў перадаваць адказ Тэпана даслоўна. Некаторыя рабочыя не зразумелі гэтага і пачалі абурацца, крычаць:
— Далоў яго! Учора на мітынгу гаварыў за нас, а цяпер за адміністрацыю!
Нарэшце адзін з выбарных крыкнуў:
— А як ты сам глядзіш?
— Так адказвала нам ленская адміністрацыя, — працягваў я. — Цяпер скажу, як я гляджу. Мне не раз прыходзілася ўдзельнічаць у забастоўках, і не было такога выпадку, каб капіталісты адразу ішлі на ўступкі. Калі выступае кляс супроць клясу, то на абарону інтарэсаў капіталістаў становяцца паліцыя, войскі і суд. Усе яны выступаюць разам супроць рабочых. Жыць рабамі цяжка, а каб бароцца, трэба глыбокае разуменьне праваты сваёй справы. Мы забаставалі сёньня, а для нас ужо даўно падрыхтавана расправа ў асобе паліцыі і войска, якія павінны, не шкадуючы свайго жыцьця, бароцца з унутраным ворагам, якога ў цяперашні час прадстаўляюць бастуючыя. Уперадзе нас чакаюць бізуны, кайданы, расстрэлы. Можа быць мы пагарачыліся, аб’явіўшы забастоўку, можа ў нас не хопіць мужнасьці вытрымаць усе ліхтугі ў пэрыяд забастоўкі, тады давайце адмовімся зараз і не будзем даваць неабдуманых абяцаньняў — баставаць да канца.
— Баставаць да канца! Або няхай задаволяць нашы патрабаваньні, або няхай вывозяць адсюль, — загуў тысячны натоўп.
— Баставаць, —гучэлі галасы адусюль. — Мы вас выбіралі. Дзейнічайце!
— Дзякую, таварышы, за давер’е. Цяпер, раз вы нас выбралі, то мы патрабуем ад вас, каб вы выконвалі распараджэньні выбарных, толькі пры такой умове мы выйграем забастоўку, а цяпер разыходзьцеся па дамах і падзяліцеся тым, што вы тут чулі, з вашымі сем’ямі.
Слухайце ж нашы патрабаваньні: у час забастоўкі не дапускаць ніякіх агіднасьцей у адносінах да служачых, гарэлкі не піць, выбраць у бараках старасту і двух памочнікаў, да прыходзячых людзей адносіцца па-таварыску. Калі ж прыйшоў чужы чалавек і не гаворыць, хто ён і адкуль, то неадкладна даносіць выбарнаму. Згодны вы так рабіць?
— Згодны! Ур-ра-ра!.. — моцным рэхам адгукнуліся суровыя Віцімскія гальцы.
Натоўп пачаў разыходзіцца. Толькі выбарныя пайшлі ў Народны дом для вырашэньня некаторых арганізацыйных пытаньняў. Чэрэпахін Грыша разам з Карнеевым і Андрэем Петуховым былі прымацаваны да Феадосіеўскага прыіска, Папоў, Бондар — да Аляксандраўскага, Лесных, — з кім, не помню —да Васільеўскага, Зеленка і Быкаў — да Андрэеўскага, Украінцэва Мацьвея ўпаўнаважылі ад цэнтральнага бюро паехаць на дальнія прыіскі, забясьпечыўшы яго грашыма і сродкамі перамяшчэньня. Мяне як старшыню пакінулі на Надзеждзінскім прыіску для агульнага кіраўніцтва ўсёй забастоўкай.
Упаўнаважаныя, прыехаўшы на месца, неадкладна павінны былі азнаёміць прыіскі з ходам перагавораў, з прынятым рашэньнем каля Народнага дома, правесьці выбары стараст па бараках, дзе яны яшчэ не выбраны, а 4 сакавіка прыбыць зноў у Народны дом і інфармаваць аб праведзенай рабоце.
Я, Зеленка і Лесных накіраваліся на Андрэеўскі прыіск, дзе павінен быў адбыцца мітынг трох прыіскаў, а пасьля гэтага нам трэба было правесьці мітынг на Прарока-Ільінскім.
Увечары была паслана тэлеграма рабочых у Дзяржаўную думу на імя соцыял-дэмакрата Белаусава, у “Русское слово”, “Русские ведомости”, Біржавы камітэт. Тэлеграму ўзяўся адправіць Думпе, які нечакана паявіўся на Надзеждзінскім прыіску (палітычны ссыльны, меншавік). Ён паехаў у Бадайбо, прабыў там некалькі дзён, відавочна разьлічваючы, што за гэты час забастоўка спыніцца. Але забастоўка разрасталася. Ён вярнуўся на прыіскі, прад’явіў квітанцыю на суму, затрачаную на пасылку тэлеграмы, расказваў нам, як яго прынялі бадайбінскія ссыльныя, а ў астатніх зрасходаваных сумах так і не адчытаўся. Гэта акалічнасьць была ўлічана, і надзеждзінцы страцілі давер’е і да Думпе, як і да Розенберга. Апрача пасылкі тэлеграмы ён павінен быў дабіцца спыненьня работы чыгуначнага дэпо і майстэрань, але ён нічога не зрабіў.
4 сакавіка мы сабраліся ў Народным доме і заслухоўвалі даклады з месцаў. У гэты час т. Папоў заўважыў едучых стражнікаў і крыкнуў: „Паліцыя, едуць арыштоўваць”. Паднялася была мітусьня, некаторыя паўставалі з месцаў, кінуліся да выхаду. Я закрычаў ва ўсё горла, колькі было сілы:
— Стойце!..
Усе спыніліся. Тады я спакойна заявіў, што паліцыі дадзена паведамленьне аб нашым сходзе. Мы выслухаем, што нам скажуць, нам баяцца няма чаго. Усе селі на месца, сход прадаўжаўся. Паліцыя нам аб’явіла, што 7 сакавіка к 4 гадзінам тут будуць акруговы інжынэр Аляксандраў і спраўнік. Паведаміўшы аб гэтым, ураднік удаліўся. Пасьля абмену думкамі выясьнілася, што на ўсіх прыісках, у кожным бараку ёсьць старасты, якія прымаюць усякія заявы ад рабочых і перадаюць іх выбарным у камітэт, што часам рабочыя, ходзяць з аднаго прыіска на другі і дзеляцца ўражаньнямі. Намі тут жа была выпрацавана інструкцыя, як павінен трымаць сябе стараста.
Трэба між іншым адзначыць, што ўсякія інструкцыі і пастановы забастовачнага камітэта перадаваліся толькі праз выбарных. У інструкцыі ўказвалася, што стараста і яго памочнікі не павінны пакідаць барака ў час дзяжурстваў. Хто б ні прыйшоў у барак, яму павінны аказваць поўную гасьціннасьць, напаіць чаем, накарміць, запытаць, з якога ён прыіска, з якога нумару барака, запытаць імя і прозьвішча і неадкладна перадаць выбарнаму або самому пазваніць на той прыіск і даведацца, ці ёсьць такі ў такім-та бараку, ці дома ён. Калі пасьля праверкі па тэлефону ўстанаўліваецца, што гэты чалавек схлусіў, тады неабходна паклікаць яго на тайную нараду ў сушылку, заперці там і трымаць, пакуль не выясьніцца сапраўдны яго твар, месцазнаходжаньне і служба, і толькі пасьля ўстанаўленьня асобы вызваляць. Так і рабілі. Калі ж ні аб чым не ўдавалася даведацца, то проста адпраўлялі падазронага чалавека ў паліцыю, гаворачы, што гэта злодзей. За распаўсюджаньне хібных чутак і падбухторваньне самімі ж прыіскацелямі ўнутры барака аб’яўляўся байкот, прычым ён насіў своеасаблівую форму. Калі, напрыклад, Пятроў шумеў або скандаліў і парушаў жыцьцё барака, то яму аб’яўляўся проста байкот адным баракам. Калі ж заўважаўся за кім-небудзь правакацыйны ўхіл, то аб‘яўляўся адкрыты байкот па ўсіх прыісках. Тады рабілі так: калі абмяркоўваюць якое-небудзь пытаньне, то байкатуемага просяць выйсьці з барака. Ніхто з ім не гутарыць. Калі ён пайшоў куды-небудзь, за ім ідзе рабочы і гаворыць там, куды прыйшоў байкатуемы, каб яму не падавалі руку і з ім не гутарылі. Пры гэтым суправаджаючы рабочы расказваў, за што байкатуецца, прыйшоўшы. Байкатуемага просяць пакінуць і гэты барак, а суправаджаючага сустракаюць, як таварыша. Такіх выпадкаў у працэсе забастоўкі было тры. Байкатуемыя прыходзілі са сьлязьмі на вачах, прасілі зьняць байкот, даючы кляцьвенае абяцаньне трымаць сябе дастойным для рабочага чынам. І сапраўды, пры праверцы выявіліся добрыя вынікі байкоту.
Забастовачны камітэт праводзіў сярод прыіскацеляў адпаведную агітацыю, заклікаючы іх да вытрыманасьці і дысцыпліны, што мела велізарнае значэньне на далейшае разьвіцьцё забастоўкі.
К гэтаму часу быў атрыманы адказ праўленьня “Лензота“ з подпісам галоўнаўпраўляючага промыслам і Белазерава.. Ён тэлеграфаваў:
“Калі рабочыя будуць трымаць сябе спакойна і прыступяць да работ у аўторак, то ніхто з забаставаўшых не будзе зволены. Калі ж рабочыя не згодзяцца, то правядзіце разьлік”.
5 сакавіка, сабраўшыся ў мяне ў пакоі, мы абмеркавалі тэлеграму Белазерава і рашылі адказаць масавымі сходамі роўна ў 2 гадзіны на ўсіх прыісках. Гэта нам было лёгка зрабіць, бо тэлефон знаходзіўся ў нашым распараджэньні; ён зьмяшчаўся на электрычнай станцыі, дзе дзень і ноч дзяжурылі свае людзі і слухалі, аб чым гаворыць адміністрацыя. Па тэлефону мы далі нашы распараджэньні па ўсіх прыісках. К 2 гадзінам дня мы, упаўнаважаныя, зьявіліся да Тэпана з адказам ад рабочых на тэлеграму Белазерава.
„Тыя ўмовы, якія прапанаваны ў першай частцы тэлеграмы Белазерава, для нас уніжальны: чаму мы павінны трымаць сябе як дзеці, якія правініліся? Адносна другой часткі мы згодны. Правядзіце поўны разьлік і вывезіце да жылых пунктаў. Трэцяе, мы не верым „Лензота”, якое дзесяткамі год зьнявольвала і душу і цела рабочых, абы здабыць больш барышоў”.
Па тэлефону таксама пачалі званіць у 2 гадзіны.
“Рабочыя Феадосіеўскага прыіска каля канторы стана на адкрытым мітынгу, абмеркаваўшы дзеяньні „Лензота”, патрабуюць разьліку і дастаўкі да жылых. пунктаў”. Званкі паўтараліся адзін за другім, пакуль не празваніў апошні прыіск. Усе яны, як адзін, патрабавалі разьліку і вывазу да жылых пунктаў. Адказы з прыіскаў атрымліваліся ў час перагавораў, а Тэпап са зьдзіўленьнем слухаў і тэлефон і нас.
— Цяпер я думаю, што вы разумееце, — сказаў я, — што з вамі гавораць не некалькі рабочых — адзінак, якіх. можна раней тэрміну адправіць з прыіскаў, даць добрую рэкамэндацыю і забясьпечыць грашыма. Зразумелі?! Дазвольце вам заявіць, што становішча, якое стварылася, пабуджае нас зьняць нашы паўнамоцтвы,. зьняць з водаадліваў і астатніх рабочых (а гэта пагражала затапленьнем шахт) і паведаміць Дзяржаўную думу, Галоўнае праўленьне, „Русское слово”, “Русские ведомости”, Горны дэпартамэнт і Біржавы камітэт аб тым, што адбываецца тут. І апошняе заяўляем вам, што мы зьнімаем з сябе адказнасьць і за вынікі не ручаемся. Цяпер вы нас зразумелі.
Сваім адказам я напомніў яму нашу першую гутарку.
З Тэпанам здарыўся прыпадак, на ружовым твары. выступілі буйныя кроплі поту. Калі мы выходзілі, то ён, ледзь трымаючыся на нагах, бездапаможна лепятаў:
— Не зьнімайце паўнамоцтваў. Добрая забастоўка... калі ласка...
Выходзячы, мы сутыкнуліся ў дзьвярах з маладой прыгожай дзяўчынай. Гэта была прыслуга Тэпана.
Потым выясьнілася, што яна абодва разы слухала нашы аб’ясьненьні, і ў далейшым яна асьведамляла нас аб усім, што гаварылася супроць забастоўкі ў кватэры Тэпана.
Каб канчаткова расьсеяць сярод рабочых ілюзіі, што Дзяржаўная дума або царскі ўрад можа абараніць рабочых, неабходна было выявіць перад пралетарыятам сапраўдны твар царскага ўрада і Дзяржаўнай думы. Таму мы рашылі паслаць тэлеграмы па наступных адрасах: габінэту міністраў, Дзяржаўнай думе, Горнаму дэпартамэнту, у друк, у Горназаводзкае прысуцтва і ў Біржавы камітэт.
Пасылаючы тэлеграмы, мы ясна ўяўлялі, што нам няма чаго ад іх чакаць адказу і дапамогі. Але гэтае мерапрыемства мела вялікае значэньне для палітычнай прапаганды і агітацыі не толькі ў межах Ленскіх прыіскаў, але і для ўсяго пралетарыяту.
Мы, удзельнічаўшыя ў баях 1905 г. і меўшыя па некалькі палітычных судзімасьцей, ясна ўяўлялі, якія даюць адказы царскія міністры на рабочыя забастоўкі. Як мы чакалі, так яно і выйшла. Міністры неадкладна прынялі неабходныя меры для спыненьня забастоўкі.
„На прыісках „Лензота” мною назначаецца начальнікам паліцыі ротмістр Трэшчэнкаў”. Подпіс: міністар унутраных спраў [* Гл. брашуру “События на Лене в документах”, саст. Владзімірава, Партвыдат, 1932 г., у ёй зьмешчаны тэлеграмы таварыша міністра ўнутраных спраў Іркуцкаму губэрнатару ад 22 і 23 сакавіка 1912 г., стар. 46.].
„Следчым па асабліва важных справах да прыезду таварыша пракурора Прэабражэнскага назначаецца ў Віцімскай і Алёкмінскай горных акругах міравы судзьдзя Хітун”. Подпіс: міністар юстыцыі.
„...Прыватна гутарыў з Белазеравым. Адны патрабаваньні невыканальныя, другія беспадстаўныя”. Подпіс: член думскай фракцыі сацыял-дэмакрат Белавусаў. Далей ішоў цэлы рад тэлеграм: ад міністра гандлю і прамысловасьці, Горнага дэпартамэнта, Горназавадзкога прысутцва. Зьместу іх не прыпомню, але ў канчатковым выніку ўсе гэтыя тэлеграмы зводзіліся да аднаго: спачатку заклікалі да супакоеньня, а затым прапаноўвалі прыступіць да работы, а для запалохваньня гаварылася, што ўсякія парушэньні будуць карацца судом. Да таго, як нам сталі вядомы тэлеграмы, большасьць прыіскацеляў думала, што ўрад, даведаўшыся аб правапарушэньнях, прапануе „Лензота” задаволіць патрабаваньні рабочых, але на справе выйшла іншае.
Мы не мітынгавалі, бо кожная тэлеграма гаварыла сама за сябе, калі яе прачытвалі і абмяркоўвалі ў кожным бараку.
— Браткі, што ж гэта такое? Замест дапамогі нам пасылаюць паліцыю, як быццам без іх у нас гэтай сволачы мала. Мы патрабуем сваё, а яны нам — паліцыю. Тут нешта няладна... Пры чым тут сьледчы, пракурор? Мы грабяжамі не займаемся. — Так гаварылі рабочыя на Прарока-Ільінскім прыіску, у бараку № 4, так гаварылі ва ўсіх казармах.
У той момант, калі ў бараках прапрацоўвалася кожная аб’ява адміністрацыі, у галоўнай прамысловай канторы і на кватэры в. а. галоўнаўпраўляючага Тэпана таксама не спалі. Дзяўчына, якая служыла ў Тэпана, нам расказала:
— У кватэры ў нас былі госьці і лаялі пана за тое, што ён не змог угаварыць рабочых стаць на работы, за што ён вельмі раззлаваўся, стукнуў па сталу кулаком і сказаў: „Годзе!”
Такое паведамленьне пабудзіла нас арганізаваць асьведамленьне ўсюды, дзе толькі было магчыма.
Пакаёўку Тэпана, знаёмую аднаго з нашых таварышаў, мы прасілі паведамляць, што робіцца ў Тэпана, даведацца праз сябровак, што робіцца ў Савінава, у Хітуна, у наведвальніцкай, дзе жыў акруговы інжынэр Аляксандраў, у Грамадзкім сходзе, наогул усюды. Забастовачны камітэт прапанаваў па ўсіх бараках праз стараст даведвацца ад прыслугі ў ленскай адміністрацыі, што робіцца ў прамысловай канторы, на кватэрах і т. д. Інфармацыйная частка наладжвалася. Нам неабходна было раскрыць карты праціўніка, адначасова клапоцячыся аб тым, каб наша тактыка не была выяўлена.
„Лензота» правакуе зрыў забастоўкі
Але апрача таго, і гэта галоўнае, нам увесь час прыходзілася бароцца з правакацыямі „Лензота”. Яно ўсімі спосабамі сумесна з паліцыяй спрабавала сарваць забастоўку, выклікаць бунт рабочых, каб потым з імі расправіцца.
Таму мы ставілі свае пасты да сьвірнаў, камораў, да дроў, сена і інш. для кантролю, мы не давяралі „Лензота”. Ставячы свой кантроль, мы пазбаўлялі магчымасьці агентаў „Лензота” псаваць маёмасьць “Лензота“, каб затым зваліць віну на забастоўшчыкаў. Для нясеньня пастоў кожны стараста абавязан быў вылучаць ад барака людзей, у парадку чаргі, на дзяжурства.
Пакаёўка Тэпана паведаміла мне:
— Сёньня ў нас быў сход, на якім былі Савінаў, Самахвалаў, Аляксандраў і спраўнік. Яны згаварыліся пераапрануць некалькіх служачых у вопратку прыіскацеляў і паказаць рабочым, што быццам гэта прыіскацелі ідуць на работы з кайламі, лапатамі, і прайсьці міма баракаў на Феадосіеўскім прыіску. Прычым трэба было рабіць так, як быццам гэта ідзе дзённая зьмена, якая спускаецца ў шахты, а затым вылезьці з шахты, зноў ісьці каля баракаў, як быццам гэта ідзе начная зьмена пасьля работы.
Даведаўшыся аб гэтым, мы папярэдзілі феадосіеўцаў, што тады-та пройдзе маскарад, г. зн. пераапранутыя служачыя, мэта якога стварыць уражаньне, што частка рабочых ужо прыступіла да работы. Феадосіеўцы падрыхтавалі вялікі плякат, напісаўшы на ім: „Мы правацыруем”, і сталі чакаць пераапранутых служачых. Убачылі. Адзін стараста і двое рабочых прыклеілі на сьпіну плякаты і пайшлі разам са служачымі. Так абыходзілі яны шахту за шахтай, ідучы ззаду. Калі праходзілі яны міма баракаў, рабочыя, ужо папярэджаныя, крычалі: „Заўтра і мы пойдзем”. Так адбывалася хаджэньне да абеду. Затым усе пераапранутыя пайшлі ў памяшканьне з перасьцярогай, каб не бачылі рабочыя. У гэтым службовым памяшканьні быў падрыхтаваны абед з віном. Усе пачалі распранацца, а разам з імі аказаліся і рабочыя з плякатамі.
— Вы як сюды папалі? — запыталі ў іх.
— А мы разам з вамі хадзілі, — і, павярнуўшыся, яны накіраваліся да дзьвярэй. На сьпінах рабочых правакатары ўбачылі белыя лісты з надпісамі: ,Мы правацыруем”... Якое было замяшаньне і зьдзіўленьне адміністрацыі, прадастаўляю меркаваць чытачам.
7 сакавіка рабочыя прыіскаў сабраліся да Народнага дома, дзе павінны былі выслухаць горнага інжынэра Аляксандрава і спраўніка Галкіна. Усюды на мітынгах у першыя дні забастоўкі мы неаднаразова гаварылі: „Сачыце за сваімі выбарнымі, у нас не па дзьве галавы, мы можам памыліцца, вашы парады, заўвагі і папраўкі нам неабходны”. Памятаючы гэта, рабочыя заўсёды прысутнічалі пры перагаворах выбарных з адміністрацыяй, а потым на агульных сходах перадавалі, што гаварылі выбарныя: гэты пастаянны ўдзел шырокіх мас рабочых даваў нам магчымасьць у момант абвяргаць чуткі, якія распаўсюджваліся правакатарамі. Сабраўшыяся не змаглі ўсе зьмясьціцца ў Народным доме. Каля Народнага дома больш двух тысяч чакала рэзультатаў перагавораў.
Нарэшце прыехалі інжынэр і спраўнік. На сцэне сядзелі выбарныя, зал для гледачоў быў перапоўнены прыіскацелямі. Інжынэр зьвярнуўся да рабочых, хацеў быў гаварыць з імі, але прыіскацелі закрычалі:
— Гаварыце з выбарнымі, мы іх упаўнаважылі.
Тады Аляксандраў зьвярнуўся да нас і іранічна заявіў:
— Што ж, рабочыя не хочуць мяне слухаць, давайце гаварыць з вамі!
На сходзе ён павёў гутарку аб тым, што „Лензота” пайшло насустрач рабочым, што ён дагаварыўся, і рабочыя павінны стаць на работу. Ён а’явіў сабраўшымся 10 пунктаў, якія ленцы надалей абавязваюцца выконваць. Усе 10 пунктаў не зьмянялі становішча рабочых. Яны былі туманныя і расплыўчатыя. Так напрыклад пункт: „Жанчыны не будуць накіроўвацца на работу прымусова, апошняе будзе рабіцца ў выпадку недахопу жадаючых”, — не паляпшаў становішча жанчын. Недахопам жадаючых можна будзе прыкрыць ўсякае свавольства. А такі пункт, што „звальняемыя рабочыя будуць задавальняцца разьлікам па закону“, гаварыў аб тым, што рабочыя да гэтага часу разьлік атрымлівалі не па закону. У пункце па паляпшэньню харчаваньня ўказвалася, што „пры выдачы харчоў дазваляецца прысутнічаць выбарнаму ад рабочых” [* Гл. брашуру, “События на Лене в документах”, саст. Владзімірава, Партвыдат, стр. 40. “С объявления «Лензото» рабочим”.]
Гэтымі 10 пунктамі і „Лензота”, і горны інжынэр, і спраўнік фактычна сазналіся, што яны раней абыходзілі і горны закон і правілы, указаныя ў разьліковай кніжцы. Абвясьціўшы 10 пунктаў, інжынэр заяўляе:
— Я, акруговы інжынэр, прызнаўшы стачачны пэрыяд закончаным, спадзяюся на разважлівасьць рабочых, прапаную ім прыступіць да работ ва ўстаноўлены распісаньнем час, а жадаючым атрымаць разьлік — зьявіцца ў кантору для атрыманьня заработнай платы і відаў на жыхарства. Пры гэтым папярэджваю, што за праяўленыя беспарадкі і насільле над кім-небудзь віноўныя мясцовай паліцыяй будуць прыцягвацца да адказнасьці па арт. 1358, 2 пункт, і 1358, 3 пункт улажэньня аб пакараньнях.
— Годзе, — адказалі мы. — Вы, акруговы інжынэр горнага нагляду, толькі што афіцыяльна прызналіся ў парушэньні „Лензота” дагавору, а тут вы настойваеце на неадкладным выхадзе на работы, а не жадаеш, — бяры заработак і пашпарт і ідзі, а то па 1358 арт., пункт 2 і 3, пападзеш у турму.
...Не, турмой нас не запалохаеш. У турме жыць лягчэй, чым у „Лензота”. Раз “Лензота” парушыла дагавор, то вы абавязаны прапанаваць „Лензота” разьлічыць нас па закону, г. зн. заплаціць рабочым прыіскаў па дзень, заключаны ў дагаворы, і вывезьці да жылых пунктаў. Калі вы і спраўнік сталі на бок „Лензота”, то нам няма аб чым з вамі гаварыць. Мы прымем усе меры да таго, каб паведаміць шырокія масы аб тым, што прадстаўнікі міністэрства гандлю і прамысловасьці і міністэрства ўнутраных спраў шляхам запалохваньня турэмным зьняволеньнем прымушаюць рабочых на кабальных умовах працаваць у „Лензота”. Нас гэтым не запалохаеш. Мы будзем ляжаць да зялёнай травы, пакуль нас вывезуць з прыіскаў.
Такая заява зьбянтэжыла і Аляксандрава і спраўніка, ім не было чаго тут рабіць, яны селі ў сані і паехалі. На мітынгу мы заявілі, што і адміністрацыя і акруговы інжынэр у прысутнасьці спраўніка прызналі, што дагавор парушаны „Лензота”.
— Мы будзем ляжаць да зялёнай травы, чакаць, пакуль нас не вывезуць! — крычалі рабочыя, адабраючы нашу заяву.
Шэсьць тысяч ленскіх рабочых, адарваныя ад усяго сьвету, кінутыя ў глухой тайзе, знаходзячыся ў моцных лапах капіталістаў, акружаныя прадстаўнікамі царскага ўрада ў асобе горнага нагляду, паліцыі, суда, з кожным днём пераконваліся, што ім няма на каго спадзявацца, апрача сябе, і што толькі яны, аб’яднаныя разам, зьяўляюцца сілай страшнай і для капіталіста і для цара.
На прыіскі прыбыла воінская каманда і заняла Народны дом, зрабіўшы з яго салдацкую казарму. З прыбыцьцём войск „Лензота” зусім абнаглела.
Галоўнае праўленьне „Лензота” ў аб’яве ад 8 сакавіка заяўляе, што яно „ад далейшых перагавораў адмаўляецца, лічыць, што з боку рабочых парушаны ўмовы найму”.
Гэта аб‘ява разглядаецца рабочымі ў кожным бараку, і рабочыя ў спрэчках указваюць, што „Лензота” да прыбыцьця войск само прызнавалася ў парушэньні 10 пунктаў дагавору, якія надалей абавязуюцца задавальняць, а цяпер, калі прыбылі войскі, яно гаворыць, , што ўжо не „Лензота”, а рабочыя парушылі ўмовы найму.
Цяпер ужо і прадстаўнік міністэрства гандлю і прамысловасьці пагрозамі хацеў прымусіць рабочых працаваць. Ён у сваёй аб’яве пісаў:
„Паколькі прыіскавыя рабочыя Ленскага таварыства па майму патрабаваньню і прапанове ўпраўленьня ў вызначаны тэрмін да работ не прыступілі, то з гэтага моманту яны падлягаюць адказнасьці па арт. 367 Крымінальнага Ўлажэньня, зьняволеньню ў турме...
Прыіск Надзеждзінскі. 8 сакавіка 1912 г. В. а акруговага інжынэра Віцімскай горнай акругі, акруговы інжынэр Алёкмінскай горнай акругі А. Аляксандраў”.
Абмеркаваўшы аб’явы “Лензота“ і агентаў царскага ўрада, рабочыя рашаюць настойліва дабівацца, каб “Лензота“ вывезла ўсіх з прыіскаў, і такім чынам вызваліцца ад катаржных умоў, якія панавалі на Ленскіх прыісках непарушна дзесяткі год.
Надышоў пэрыяд чаканьня. Ні той, ні другі бок не здаваўся. Падмацаванае паліцыяй, войскамі і судом „Лензота” адчувала сваю перавагу і ўжо 6 сакавіка спыніла ўсякія перагаворы. Забастовачны камітэт умацоўваў дысцыпліну. На прыісках была цішыня, толькі ў бараках праводзілася палітычная агітацыя, дзе абмяркоўваліся дзеяньні “Лензота” і ўрада.
У пачатку забастоўкі не было удзелена дастатковай увагі жанчынам, але цяпер забастовачны камітэт прыступіў да арганізацыі жанчын, выбіраючы ад іх такіх жа ўпаўнаважаных. Выявіліся патрабаваньні жанчын да „Лензота” для падачы іску на яго. Пры апытваньні жанчын выясьнілася, што агідныя справы, якія рабіла адміністрацыя „Лензота”, парушаюць элемэнтарныя правілы крымінальнага кодэкса. Між тым „Лензота“ ўсімі сродкамі старалася правакаваць рабочых, каб як-небудзь сарваць забастоўку. Часткова спыняюць выдачу прадуктаў на кухні [* „Лензота”, якое не дазваляла прыватны гандаль на прыісках, вымушана было выдаваць рабочым харчы на працягу ўсёй забастоўкі ў лік рабочых грошай, якія ў яго былі, таму што яно гадамі затрымлівала поўную выдачу зарплаты. Адмаўленьне ў харчах выклікала б бунт і разгром прыіскаў, што было “Лензота” нявыгадна. А разьлічыцца з рабочымі і вывезьці іх да населенага пункту “Лензота” не хацела. Рабочыя, у якіх не было зарплаты за “Лензота”, харчоў не атрымлівалі, іх карміў барак. — Рэд.]. Становішча робіцца цяжэйшым, сярод некаторых рабочых праяўляецца незадаволеньне. Улічваючы абстаноўку, “Лензота“ адкрывае лютае цкаваньне выбарных.
З 10 сакавіка „Лензота” цусціла па прыісках “вутку“, што „выбарныя падкуплены і ціхенька пакідаюць прыіскі”. У ноч нат11 сакавіка на Прарока-Ільінскім прыіску адзін інжынэр, служачы „Лензота”, пераапрануўшыся ў касьцюм горнарабочага, выкарыстаўшы тое, што стараста барака пайшоў да тэлефона, крыкнуў:
— Хлопцы, ідзіце на работу, андрэеўцы і васільеўцы працуюць, выбарныя ўзялі хабар і скрыліся... Я пабягу ў другі барк, а вы тут абмяркуйце ды гайда... — і сам кінуўся з барака.
За тое, што рабочыя не затрымалі правакатара, стараста і абодва памочнікі былі перавыбраны і атрымалі грамадзкае ганьбаваньне.
Адначасова з Прарока-Ільінскім прыіскам „Лензота” ўдалося справакаваць рабочых двух новааляксандраўскіх баракаў і ўзбудзіць іх супроць цэнтральнага стачачнага камітэта і выбарных. Гэтыя баракі былі распаложаны супроць Народнага дома, дзе памяшчаліся воінскія часьці. Недалёка знаходзіўся і Надзеждзінскі прыіск — звычайнае месцазнаходжаньне бюро стачачнага камітэта. Гэта ўлічвалася „Лензота”. Яно рашыла справакаваць рабочых гэтых баракаў на бунт у начны час, каб пад выглядам „усмірэння” правесьці крывавую расправу.
Праводзячы работу сярод жанчын у раёне Муя на Феадосіеўскім прыіску, я затрымаўся там да позьняга вечара. Калі ж я вярнуўся на Надзеждзінскі, мяне. акружылі рабочыя мэханічнай і заявілі, што рабочыя новааляксандраўскіх двух баракаў пагражаюць разграміць Надзеждзінскі, калі ты не зьявісься да іх сёньня”.
Забраўшы з сабою двух рабочых, я зьявіўся ў адзін з баракаў новаалександраўцаў, папрасіў зьявіцца рабочых таксама і другога барака. Калі ўсе сабраліся, я задаю ім пытаньне:
— Што вы хочаце?.. У чым справа? Зачым клікалі?..
Мяне акружылі ўзбуджаныя рабочыя. Я чакаў самасуду. Адчувалася велізарнейшае напружаньне, але відавочна ў зачыншчыкаў не хапіла рашучасьці пачаць. Нарэшце прагучэла некалькі галасоў:
— Выбарным далі хабар, вось яны і маўчаць цяпер, а цябе з сабакамі не адшукаеш. Заўтра прадуктаў не будуць адпускаць.
— Добра — адказаў я, — вы гаворыце, што выбарныя атрымалі хабар некалькі тысяч, Мы даведаемся, хто атрымаў. Цяпер, раскажыце, хто вам гэта сказаў?..
— Не, ты адказвай, — загулі зноў.
— Стараста, скажы, хто сказаў першым аб атрыманьні выбарнымі хабару?
— А чаму ніякіх перагавораў не вядзеце? — крыкнулі некалькі чалавек.
— Гэта пытаньне другое. І “Лензота” і Александраў са спраўнікам ад перагавораў адмовіліся. Што нам рабіць, навучыце?
Наступіла маўчаньне.
— Ну, цяпер слухайце. Калі вы знаходзіце, што вашы выбарныя атрымалі некалькі тысяч хабару, то давайце выберам іншых. Хіба ж так трэба бароцца? Мы будзем тут крычаць і біцца, паліцыя будзе забіраць нас ва ўчастак. Гэтага хочуць і Ленскае таварыства і паліцыя, а для гэтага яны, каб сарваць забастоўку, распускаюць такія чуткі, яны хочуць нацкаваць нас аднаго на другога. Адміністрацыя падбухторвае і служачых і рабочых, каб яны распаўсюджвалі падобныя чуткі. Гэта робяць правакатары, і патрабую, раз мне давяраюць рабочыя ўсіх прыіскаў, каб зараз жа назвалі, хто вам сказаў, што выбарныя атрымалі хабар?
Мне нікога не назвалі, ды наўрад ці ведалі, хто першы пусьціў „вутку”. Я расказаў ім яшчэ аб некалькіх спробах справакаваць рабочых, прывёў выпадак з інжынэрам на Прарока-Ільінскім прыіску.
Пасьля гэтага ўсе супакоіліся. Пажадаўшы рабочым спакойнай ночы, а старастам даручыўшы ўсё ж расследваць, ад каго атрыманы такія зьвесткі, я пайшоў назад на Надзеждзінскі прыіск.
12 сакавіка рабочым Аляксандраўскага, Феадосіеўскага і Андрэеўскага прыіскаў часткова спынілі выдачу прадуктаў харчаваньня.
Стварылася немагчымая абстаноўка: запалохвалі рабочых пасадкай у турму, нацкоўвалі рабочых на выбарных, адмаўлялі ў харчаваньні і, нарэшце: „Па ўказу яго імпэратарскага вялічэства міравы судзьдзя Хітун па іску Ленскага таварыства вызначае на аснове арт. арт. 81, 105, 129, 137 уст. грамадз. суда і 659, 2201 X арт. 3.3. Ягора Грыгор’ева Астапіна выселіць неадкладна з казармы і з прыіскаў „Лензота” і спагнаць з яго ў карысьць апошняга 3 рублі судовых і за вядзеньне справы выдаткаў” і т. д. [* Гл. брашуру „События на Лене в документах”, саст. Владзімірава, Партвыдат, 1982 г., “Постановление о выселении”, 42 стар.]
Такі іск быў прад’яўлены некалькім дзесяткам рабочых у адзін дзень. Рыхтаваліся высяляць рабочых з кватэр, не давалі прадуктаў, быццам мы былі „вне закона”, на становішчы рабоў, цкавалі нас усе, хто не ленаваўся, называлі ўсяляк, падбухторвалі да пагрому.
Мы заявілі прадстаўніку міністэрства гандлю і прамысловасьці акруговаму інжынэру Аляксандраву, што міравы судзьдзя (Ленскі акцыянэр) прыгаварвае рабочых да высяленьня з казарм і з прыіскаў, а “Лензота” адмаўляецца выдаваць прадукты харчаваньня, што роўназначна галоднай сьмерці на марозе, і патрабавалі, каб да вывазу нас з прыіскаў нам выдаваліся прадукты і не высялялі б нас з казарм.
Акруговы інжынэр Аляксандраў не прыняў заявы,. а праз дзьве гадзіны дакумэнтальна аб’явіў:
„Мне паведамілі, што забастоўшчыкі абяцалі пракармліваць за свой кошт тых немаёмных, якія прымкнулі да забастоўкі, і таму я раю забаставаўшым рабочым выканаць сваё абяцаньне або немаёмным выйсьці на работы для адпрацоўкі свайго харчаваньня” [* Гл. брашуру „События на Лене в документах”, саст. Владзімірава, Партвыдат, 1932 г., стар. 42 „Рабочим 2-ой дистанции „Лензото”.].
З кожным днём пятля рэакцыі зацягвалася ўсё тужэй і тужэй.
Усё ж мы рашылі завязаць сувязь з воінскай часьцю, якая знаходзілася ў Народным доме. Але гэта было вельмі цяжка зрабіць, таму што Народны дом знаходзіўся на адлёце і за ім наглядалі з наведвальніцкай, дзе размяшчаліся начальствуючыя; апрача таго, да Народнага дома, рабочых не падпускаў выстаўлены каравул. Некаторым таварышам удавалася часам сустракацца з салдатамі, па дарозе ў магазын.
З гутарак з салдатамі выясьнілася, што адпраўляючы іх на прыіскі, ім расказвалі, што тут бунт, панажоўшчына, і іх прыслалі сюды ўсьміраць бунтароў.
— Выявілася, што бунту тут ніякага няма, вось мы і ляжым. Кормяць нас тут добра. Рабочыя вядуць сябе ціха, нават п’яных няма. Каго тут усьміраць?..
Усюды, дзе толькі рабочыя сустракаліся з салдатамі, то расказвалі салдатам, у якіх умовах жывуць і працуюць прыіскацелі, чаму забаставалі, і запрашалі да сябе ў госьці.
— Нам забаронена з вамі гутарыць, камандзір гаворыць, калі заўважу каго, буду арыштоўваць.
Былі асобныя выпадкі, калі салдаты заходзілі ў баракі, да рабочых, хоць не надоўга. Ды ці ж за дзесяць-пятнаццаць мінут загітуеш!
На прыісках пачалі паяўляцца нейкія асобы з вялікімі паўнамоцтвамі, і кожны з гэтых машэньнікаў зьвяртаўся непасрэдна да рабочых, прапануючы стаць на работу. Прыіскацелі пасылалі іх да нас, нас выклікалі для перагавораў і прапанавалі стаць на работу, а іскі да „Лензота” прад’яўляць судом.
— Раз вы маеце вялікія паўнамоцтвы, то загадайце „Лензота” разьлічыць нас па дзень найму, тады рабочыя можа і прыступяць да работ на новых умовах.
— Не, мы гэтага зрабіць не можам, — адказваў упаўнаважаны горназаводзкага прысуцтва.
— А раз не можаце, тады скажыце, што вы можаце?
Тым і канчаліся нашы перагаворы.
18 або 19 сакавіка, згодна пастановы міравога суддзі Хітуна, павінна было адбыцца высяленьне з казармаў ленскіх рабочых на Феадосіеўскім прыіску раёна Загалдын. Высяленьне рабочых з казармаў раўназначна галоднай сьмерці па дарозе да Іркуцка. Таму мы папярэдзілі высяляемых і прапанавалі сказаць, што іх ў дадзены момант няма на месцы. Рабочыя ж у гэты час, выходзячы з баракаў, павінны акружыць спраўніка, паліцыю, воінскую каманду, завесьці з імі перагаворы, пакуль зьбяжыцца ўвесь прыіск. Так і зрабілі. У 2 гадзіны спраўнік аказаўся ў кальцы. Рабочыя патрабавалі адправіць усіх з сем’ямі да жылых пунктаў, раз’ясняючы, што жыць тут нельга.
— „Дваццаць год тайгі“, адна пакута, а не жыцьцё, — гучэлі з усіх бакоў галасы.
Спраўнік замяшаўся, салдаты нічога не разумелі. Разгарнуцца не было дзе. Навакол рабочыя, і па дарозе былі відаць яшчэ рабочыя, якія беглі сюды з усіх канцоў. Стваралася ўражаньне, што клубок з кожным момантам расьце і канца яшчэ не відаць.
Спраўнікам была кінута старая фраза: „Хто законам не падпарадкуецца, той супроць цара“.
— Пры чым тут цар? Працавалі мы тут, а цяпер і дадому пара, ў каго сям‘я, у каго нявеста, — крычалі рабочыя, зьвяртаючыся да салдатаў.
— Ружжы на руку! — прагучэла каманда афіцэра Санжэрэнка.
Бледныя салдаты выканалі загад, але вінтоўкі ў руках дрыжалі. Далей каманда не прадаўжалася.
Стаяўшыя ўперадзе салдат рабочыя тутжа паляглі ў сьнег, а ззаду салдат і з бакоў зьбягаліся яшчэ рабочыя, утвараючыя сабой шчыльную сьцяну. Магла адбыцца крывавая сутычка. Пагражала вялікая небясьпека.Зьбянтэжаны спраўнік быў захоплены нечакана.
— Зразумейце, я не магу. Мне прадпісваюць. Закон, — нейкім здаўленым голасам гаварыў спраўнік і нарэшце ў роспачы крыкнуў: — я не буду высяляць. Разыдзіцеся!
Рабочыя, якія знаходзіліся адзін момант перад штыхом, неяк разьмяклі, на сурова задуменных тварах паявілася ўсьмешка, падобная на сонца, якое прабіваецца з-пад цёмных хмар, гатовае пырснуць сваімі праменямі.
— Што ж гэта такое, ці магчыма гэта: разьліку не даюць, з казарм высяляюць, а да жылых месцаў не хочуць адвозіць, — разважае частка рабочых, а другая крычыць:
— Сказана, ляжаць да зялёнай травы — і ўсё тут.
Спраўнік згорбіўся, зьбянтэжаны няўдачай; ён не ведаў, як выйсьці з стварыўшагася становішча. Калі скамандавалі салдатам ісьці, усе лягчэй уздыхнулі.
— Вось гэтак лепей, — пачулася ў натоўпе.
Рабочыя спрабавалі загаварваць з салдатамі, але спраўнік загадваў салдатам хутчэй ісьці адсюль. Надзеждзінцы і частка феадосіеўцаў пайшлі з Загалдына да Народнага дома, а Аляксандраўскі прыіск ішоў да Загалдына. Дарэмна мы званілі Аляксандраўскаму прыіску, папярэджвалі нехадзіць на Загалдын, але рабочыя былі ўжо ў дарозе. Рабочыя, якія вярталіся, сустрэўшыся з аляксандраўцамі, сказалі ім.
„Ц. Б. Надзежда [* “Ц. Б. Надзежда” — быў наш пароль.] — ідзі назад, аляксандраўцы”. Аляксандраўцы павярнулі назад, ведаючы, што па ўсіх прыісках у казармах увечары будзе растлумачана ўсё, што адбылося, пра стараст. Гэта заўсёды рабілася пасьля кожнай правакацыі і выступленьня адміністрацыі “Лензота“. Вярнуўшыся з Феадосіеўскага, Везавой запытаў мяне:
— Бачыў, Павел Нікалаевіч, што атрымалася?..
— Да, брат, атрымалася. Калі б нас не папярэдзілі, то напэўна прышлося б служыць паніхіду. Ніколі не трэба прыходзіць у замяшаньне. Як толькі паступяць зьвесткі аб манэўрах “Лензота“, трэба неадкладна папярэджваць рабочых. Колькі яны сёньня папсавалі нам крыві і ўначы і ўдзень. Калі-б яны з салдатамі паявіліся нечакана, скончылася б дрэнна. Не сёньня, дык заўтра, — але нам гэтага не мінаваць. Барацьба патрабуе афяр. Прыбылі войскі. Трэба быць напагатове.
Увечары па прыісках і бараках прадстаяла правесьці гутаркі аб тым, што здарылася. Наша задача — правесьці вялікую растлумачальную работу на Феадосіеўскім і Прарока Ільінскім прыісках, бо галоўная ўвага «Лензота” накіравана на гэтыя два прыіскі, як больш даходныя. На працягу ўсёй забастоўкі „Лензота” цкавала, пракавала рабочых, стараючыся выклікаць бунт.
У гэты вечар я быў на Феадосіеўскім, у раёне Муя. Мяне сустрэлі павесялеўшыя рабочыя. Дзяліліся ўражаньнямі дня. „А здорава мы іх абышлі!” Хто гаварыў пра спраўніка, хто пра салдат.
— Дзе стараста? — запытаў я.
— Пайшоў да выбарных. — „Значыць, пайшоў за інструкцыямі”, падумаў я.
— Ну, што ж, давайце без старасты пагаворым.
Перш чым пачалася наша гутарка, двое вышлі з барака, каб паглядзець навакол, ці няма каго чужога, і прышлі зноў, даручыўшы назіраньне за сваім баракам суседняму. Так рабілася заўсёды, калі пачыналася дзелавая гутарка.
Дык вось, таварышы. Вы задаволены сёньняшнім днём і сьмеяцеся цяпер, а якое было становішча зранку, а галоўнае, у час паяўленьня спраўніка з салдатамі?
— Ну, што ж. Як нам сказалі, так мы і зрабілі: акружылі. Вось важнасьць якая! Што мы спраўніка з салдатамі не бачылі, ці што?
Мне цяжка было бачыць такую легкадумнасьць прыіскацеляў. Я маўчаў, чакаў, што скажуць далей.
— Я супроць салдат стаяў, бачыў, як ім было не па сабе. А мусіць і стукнулі б, калі б каманда, — гаварыў адзін з удзельнікаў ранішняй падзеі.
— Што яны дурныя, ці што: стукнулі! Свой брат, не бачаць, ці што, — адгукнуўся другі.
— А калі каманда, тады што? Трах — і гатова. Мы на іх, а яны на нас, і пайшла каша. Тады што?
Рэпліка за рэплікай, завязалася гутарка. Урачыстасьць сёньняшняй перамогі з твару ўсяго барака як вадой змыла. Барак зрабіўся панура задуменным, цяжка ўздыхнуў, а ў навіслую цішыню ўрэзаўся жаночы голас:
— У, д‘яблы, яны гатовы са сьвету зжыць.
— Чаго ты там? — крыкнуў адзін з прыіскацеляў, як відаць, на жонку. Жанчына замоўкла.
— Ясная справа, зжывуць, — падхапілі прыіскацелі — Паліцыя за ленцаў, міравыя судзьдзі таксама, акруговы інжынэр таксама, а салдатам што загадаюць, тое і будуць рабіць.
Барак задумаўся.
Дык вось, таварышы, я іду ў другі барак, а вы тут падумайце. Ды добра разьбярыцеся. Мы не баімся Тэпана, спраўніка, міравога судзьдзі, акруговага, але яны не адны. Іх будуць абараняць царскія міністры і войскі. Яны сільней нас. Яны пішуць законы, якія “Лензота“ і ім падобным даюць прыбытак ад нашай працы, а нам „дваццаць год тайгі”. Калі мы разам, то мы сіла, мы ўсё, а па аднаму яны з намі лічыцца не будуць, а проста — “за хвост ды на мароз”. Вы гэта сёньня бачылі. Вось і падумайце.
Я хацеў ужо ісьці ў другія баракі, але мяне спыніў увайшоўшы стараста і, прывітаўшыся, сказаў:
— Мы думалі, што сам у прыіскавы камітэт прыдзеш, а ты тут. Зараз будзем гаварыць аб сёньняшнім дні.
— Я ўдзень быў у вас і пасьпеў перагаварыць з Карнеевым (выбарным). Да пабачэньня, я іду.
— А далей як? — запытаў стараста.
Пад гэтым разумелася, ці патрэбны мне праваднікі або ахова.
— Тут наЧую, — крыкнуў я на хаду і пайшоў у другі барак. Пры маім паяўленьні стараста, які расказваў аб дзеяньнях спраўніка і салдат, спыніўся. Прывіталіся.
— Да нас, ці што, прышоў? Вось гэта добра. А я тут расказваю, толькі пачаў.
— Што ж, прадаўжай, — сказаў я. Папрасіў кубак чаю, сеў на нары і пачаў слухаць аб’ясненьні старасты.
Ён гаварыў, што царскі ўрад заўсёды пасылае войскі на рабочых, калі яны змагаюцца з гаспадарамі, капіталістамі і т. д. І гэты барак задумаўся і ўважліва слухаў кожнае слова.
— Не сёньня, дык заўтра нам капут. Раз ужо салдаты тут, то капут. Будуць страляць, будуць арыштоўваць і прымушаць працаваць,—пачуліся галасы, калі скончыў сваю прамову стараста.
— Ну, і жыць так несалодка. „Дваццаць год тайгі“. Усіх не перастраляюць, душа з іх вон... — прагучэў з кута гнеўны голас.
Я абышоў яшчэ два або тры баракі, усюды гаварылася адно і тое ж.
Падагульваючы ўражаньні пасьля наведваньня баракаў, я зрабіў вывад: у рабочых ёсьць цьвёрдая ўпэўненасьць, што „ўсіх не перастраляюць”. Гэта гаворыць за тое, што сярод іх мацнее адзінства, рэвалюцыйнасьць, адчуваньне сваёй сілы.
На другі дзень толькі к вечару я вярнуўся на Надзеждзінскі. Не помню добра, здаецца ў новааляксандраўскіх бараках, увечары „Лензота” зноў выкінула нейкую правакацыю.
Перад прыездам Трэшчэнкава, Прэабражэнскага і Тульчынскага прыіскі неяк настаражыліся. Некаторым здавалася, што з прыездам Тульчынскага ўсё наладзіцца. Гэтыя чуткі выцякалі часткова ад рабочых, але, як відаць, іх стараліся ўзмацніць і праз ленскіх служачых. Што мог даць, Тульчынскі, калі Горны дэпартамэнт быў паслухмянай цацкай у руках „Лензота”? Мяне больш цікавіў ротмістар Трэшчэнкаў, які прыяжджаў з асобымі паўнамоцтвамі начальніка паліцыі: ці адразу ён прыступіць да арышту, ці ёсьць у яго зьвесткі аб нашай палітычнай судзімасьці, ці ёсьць на прыісках яго інфарматары? Калі няма, то доўга яму прыйдзецца папрацаваць, здабываючы зьвесткі. У бараках яго супрацоўнікі адразу ўліпнуць, а звонку многага не возьме.
Арышт мяне не асабліва турбаваў, бо я ведаў, што арышт выбарных не спыніць разьвіцьця падзей, таму што кожны прыіск, кожны барак у дастатковай меры пераканаўся ў праваце сваёй справы, што ва ўсіх рабочых пасьпела беспаваротнае рэвалюцыйнае рашэньне змагацца да канца і што прыіскацелі змогуць замяніць нас, выбраўшы новых, усіх жа не арыштуюць. Калі б сёньня арыштавалі адных, заўтра выберуць новых і т. д. У пачатку забастоўкі нас было мала, але цяпер, цяпер нас многа, мы расьцем і мацнеем. Забастоўка — добры баромэтар, па якому можна вызначаць клясавую стойкасьць і вытрыманасьць асобных рабочых.
Нечакана я сустрэў баншчыка Ілью. Ён узрадваўся, убачыўшы мяне.
— Я ведаў, што наша возьме. Вось і ўгадаў. Мне што, мне нічога, я хутка задзяру капытцы, а ўсё ж добра... — І, развітваючыся са мною, дадаў: — у выпадку чаго, прыходзь да мяне.
— Дзякую, дзядуля, зайду, калі будзе час, — сказаў я.
Падобныя дзьве-тры фразы, кінутыя ад чыстага сэрца, падымалі веру ў будучую перамогу нашай справы.
Ноччу 21 сакавіка, каб узбударажыць рабочых, стражнікі Ленскага таварыства каля баракаў у раёне „Сахаліна” адкрылі стральбу па ўяўных капачах, крычалі: „Трымай, лаві” і т. д.
Рабочыя былі папярэджаны і не паддаліся гэтай правакацыі, а паведамілі ў забастовачны камітэт.
У сваёй адносіне ад 21 сакавіка мы праз акруговага інжынэра заявілі спраўніку: „Неабходна, каб арыштаваныя злодзеі адпраўляліся прамой дарогай у казачую, а не непакоілі рэвальвэрнай стральбой у раёнах баракаў у начны час. Чакаем аб прыняцьці мер пісьмовай аб‘явы і выкананьня ў адносінах падобных беспарадкаў, унушэньня паліцэйскім ніжнім чынам не парушаць уначы грамадзкай цішыні. 21 сакавіка 1912 г. Рабочыя “Лензота”.
23 сакавіка на Андрэеўскім прыіску, выходзячы з вагона, Тульчынскі выказваў жаль, што знаходзіць рабочых не працуючымі, заклікаў прыіскацеляў стаць на работу.
З ім быў ротмістар Трэшчэнкаў. Звонячы шпорамі, ён крыкнуў:
— Я не такіх угаворваў, а гэтых сволачаў адразу ўгавару...
Так сустрэлі прыіскацеляў прыехаўшыя царскія служакі.
У гэты ж вечар да мяне прыбег вахтавы з электрастанцыі і паведаміў, што мяне выклікаюць да тэлефона, Было 11 гадзін вечара. Па тэлефону, даведаўшыся, што мяне выклікаюць для перагавораў, я адказаў: „Адзін я ўночы не пайду, паведамлю выбарным і заўтра прыйдзем. Калі есьць у вас якое-небудзь рашэньне, то скажыце зараз, я перадам выбарным”. Мне нічога не адказалі. Таварышы папярэдзілі мяне, каб я не хадзіў. На другі дзень т. Сьцепакоў даведаўся, ад пакаёўкі Тэпана, што ротмістар сказаў:. „Пакуль возьмем аднаго”, а каго, яна не магла ведаць, бо паставіла шклянку чаю і пайшла. Здавалася б, рэч звычайная — арыштаваць і толькі, але напэўна перашкаджалі якія-небудзь прычыны, бо ніхто арыштаваны не быў.
Праз дзень або праз два мы, выбарныя, былі запрошаны на Усьпенскі прыіск да Тульчынскага. Перад тым як ісьці да Тульчынскага, выбарныя павінны былі сабрацца на Андрэеўскім прыіску, дзе павінны былі дагаварыцца аб нашых паводзінах і выбраць таварышаў для перагавораў. Рашылі. Я павінен быў зрабіць заяву ад прыіскаў аб ходзе забастоўкі. Заслухоўваем адказ Тульчынскага, перадаем на абмеркаваньне прыіскаў. У палеміку не ўступаем, а рашэньне забастоўшчыкаў потым перадаем Тульчынскаму.
А шостай гадзіне вечара мы ўжо былі ў прыёмнай у Тульчынскага. Над дзьвярамі ў аб’ёмісты зал красаваўся надпіс залатымі славянскімі літарамі, не помню што, нейкае эвангельскае “изречение”. Выходзячы да нас як ветлівы гаспадар, ён прапанаваў нам распрануцца і правёў у вялікі зал. Ён вельмі прасіў прабачэньня, што не можа прапанаваць нам чаю, таму што баіцца патурбаваць свайго старога слугу. Потым ён нам заявіў:
— Учора тут была таксама нарада. Былі прадстаўнікі “Лензота“ і начальствуючыя. Я ім прапанаваў скромны пачастунак і гутарыў з імі аб забастоўцы. Вас жа я мог бы пачаставаць таксама, як і іх, вы і яны для мяне роўныя: у тых і другіх незадаволенасьць стварыўшымся становішчам. Не частую я вас яшчэ і таму, каб прыіскацелі, даведаўшыся аб гэтым, не маглі растлумачыць пачастунак у дрэнны бок.Такім чынам, прабачце мяне.
Цяпер мы пяройдзем да справы. Вось, бачыце, я прывык пісаць адной ручкай, а вось цяпер слуга некуды схаваў...
Поркаючыся на пісьмовым стале, ён глядзеў на нас, відаць, назіраючы, якое ён зрабіў на нас уражаньне. Я глянуў на таварышаў, але на іх тварах нічога нельга было прачытаць. Хіба зрэдку мільгала ўсьмешка ў двух трох таварышаў. Ён кудысь выйшаў і вярнуўся з ручкай.
— Ну, дазвольце мне, як гаспадару дома, кіраваць сабраўшыміся, але перад гэтым я выкажу вам тое, што мяне прымусіла паехаць у Пецярбург. Перш чым....
І “салавей“ заліўся.
Ён апісаў сваё жыцьцё з дзяцінства і да цяперашняга моманту. Прасіў нас не абвяшчаць сказанага некалькі год, не помню — пяць або тры гады. Перачытаў цэлую папку перапіскі, розных тэлеграм і інш. Я паспрабаваў перабіць яго, але, атрымаўшы ад таварышаў заўвагу, уручыў яму толькі заяву жанчын. Ён ласкавымі словамі поўзаў па заяве, са сьлязьмі гаварыў аб жанчыне, як аб матцы, і яе сьвятым прызначэньні, выказваў свой жаль. Гаварыў лісьлівым ціхім голасам, нібы ён у прыліве нежных пачуцьцяў скардзіўся на свой лёс любімай жанчыне, чакаючы ад яе дапамогі і ласкі. Акінуў нас сумным поглядам, кашлянуў, запіў вадой; папярхнуўся, і зноў папаўзла сьлізкая, салодкая прамова.
Вось ён прыехаў на прыіскі. Яму аднаму цяжка было змагацца з ленцамі. Зразумела, забастоўка — няшчасьце, ад якога церпіць і той і другі бок. у
— Цяпер мне вядомы вашы патрэбы, я за іх вёў барацьбу; але быў адзінокі. Цяпер з вамі мы можам указаць, што і для ленцаў законы пісаны. Хоць і дрэнныя нашы законы, але цяпер мы зможам прымусіць паважаць законы.
І зноў пра сябе, і зноў пра барацьбу з ленцамі. Гэта славаслоўе цягнулася каля сямі гадзін, увесь час гаварыў толькі Тульчынскі, і нарэшце, глянуўшы на гадзіньнік, ён стаў угаворваць нас дапамагчы яму ўгаварыць, разам з ім, рабочых стаць на работы; што дагавор парушаны “Лензота”, ён прызнае і т. д. Як толькі прыіскацелі выйдуць на работу, дык ён абяцае зрабіць усё, што ад яго залежыць. А цяпер... Ён паглядзеў на гадзіньнік:
— Зараз зазвоняць да ютрані (справа была на вялікдзень); час ужо позьні. і вам трэба сустрэць вялікдзень, а на чацьверты дзень — з богам на работу. Я сам заўтра аб‘еду прыіскі і сам буду прасіць рабочых стаць на работы, каб у далейшым я мог прыносіць карысьць.
Зазванілі званы. Тульчынскі перахрысьціўся і сказаў:
— Я веру ў бога, хоць раней быў няверуючым. Вам здаецца дзіўным, што я, скончыўшы дзьве вышэйшыя навучальныя ўстановы, веруючы. Пасьля аднаго выпадку са мною я раптам стаў веруючым, і мая вера не пакідае мяне.
Раскатныя (так звалі на прыісках возчыкаў) сталі стукаць у дзьверы, заклікаючы нас хутчэй ехаць.
— Я пайду да ранішняй абедні, вам таксама час да сем’яў, у царкву... — заканчваючы, Тульчынскі яшчэ раз падкрэсьліў: — Заўтра я паеду па прыісках.
Нас падганялі. Было позна. Мы не пасьпелі нават абмяняцца думкамі, як у дзьвярах паявіўся апрануты Тульчынскі, сьпяшаючыся да ютрані. Каля пад’езду стаялі павозкі. Возчыкі нецярпліва чакалі, жадаючы хутчэй адвезьці нас і дабрацца на начлег. Не пасьпеўшы згаварыцца, мы раз’ехаліся, спадзяючыся на месцы, на агульных сходах, абмеркаваць сказанае і вынесьці агульнае пэўнае рашэньне. У далейшым гэта сьпешка мела свае дрэнныя вынікі.
Але ж нам, забастовачнаму камітэту, не прышлося зьбіраць агульнага сходу і зьяжджацца для рашэньня, бо самі рабочыя яго папярэдзілі. Тульчынскі выканаў свой намер і паехаў на прыіскі. На Васільеўскім прыіску, — гэта быў першы прыіск, які ён наведаў, — Тульчынскага сустрэлі добра. Рабочыя спачатку слухалі яго з напружанай цікавасьцю, але калі ён падышоў да таго; што пачаў даваць абяцаньні, запрашаць на работу, рабочыя загулі: “Чулі мы абяцанні... Загадай „Лензота” заплаціць па дзень найму, тады, можа, пойдзем, на новых умовах...“ І колькі ён ні гаварыў, што судом можна спагнаць з “Лензота” за парушэньне дагавору, пры ўмове, калі толькі рабочыя стануць на работу, рабочыя яго не паслухалі.
— Ведаем, годзе. Усе ўгаворваюць стаць на работу. Міравы судзьдзя прыгаварвае выселіць. Паліцыя і войскі выганяюць з баракаў і з судом і без суда...
Прыіскацелі за час забастоўкі адвыклі верыць чыноўнікам, цяпер жа ў іх закралася мысьль, ужо ці не абманваюць іх і выбарныя, бо Тульчынскі ім сказаў, што выбарныя за спыненьне забастоўкі.
Як відаць, калі мы знаходзіліся ў Тульчынскага ў ноч пад вялікідзень, ужо працавалі яго тайныя памочнікі, распаўсюджваючы чутку,,што выбарныя за спыненьне забастоўкі. Не даслухаўшы Тульчынскага, прыіскацелі пачалі разыходзіцца па бараках.
Не разабраўшы, у чым справа, і не запытаўшы ў выбарных — ці так гэта, рабочыя тут жа, паміма выбарных, разаслалі па прыісках ганцоў з запіскамі, гаворачы: “Выбарныя за тое, каб стаць на работы”. Прышоўшы раніцой на Феадосіеўскі прыіск, я зайшоў у барак. Рабочыя сустрэлі мяне варожа і запыталі, ці праўда, што выбарныя будуць запрашаць, каб рабочыя вышлі на работу на чацьверты дзень вялікадня.
— Нічога падобнага. Мы выбраны для вядзеньня забастоўкі, а не для запрашэньня на работы, вы гэта ведаеце. Без ведама ўсіх рабочых мы такога рашэньня даваць не маем.права, — адказаў я.
Трэба было аддаць належнае пану Тульчынскаму, яго ўдар быў разьлічаны верна. Зранку 24 сакавіка кіруючая забастоўкай частка, у колькасьці 60 з лішкам чалавек, была зьнятая і накіравана на Андрэеўскі на нараду, а затым і да Тульчынскага, дзе прабыла да пачатку ранішняй абедні. Такім чынам амаль цэлыя суткі прыіскі былі аголены, і правакацыйныя чуткі аб выбарных маглі свабодна распаўзацца па прыісках; Вось чаму Тульчынскі так доўга гаварыў. Ён разьлічваў адцягнуць у нас час да ночы, а ўночы і праз царкву і па дарозе пусьціць чутку аб выбарных. Удар быў так верна разьлічаны, што ён ледзь-ледзь не сарваў забастоўку. У дадзеным выпадку Тульчынскі перагнаў усіх сваіх калег па правакацыі. Рэзультаты адразу ж выявіліся. Зеленка, які ўзначальваў да гэтага моманту забастовачны камітэт Андрэеўскага прыіска і карыстаўся аўтарытэтам і павагай рабочых, папаў у „апалу”. Андрэеўскі камітэт на чале з Зеленка быў перавыбраны.
Нам быстра ўдалося расьсеяць узьведзены на выбарных паклёп, што яны быццам бы атрымалі хабар у 40 тысяч рублёў. Гэта была грубая форма правакацыі. Тульчынскі ж дзейнічаў больш па-майстэрску. Аб нарадах адміністрацыі — у кватэры Тэпана ці ў Грамадзкім сходзе на Надзеждзінскім прыіску — мы ведалі праз прыслугу. Аб нарадах жа адміністрацыі 23 сакавіка ў Тульчынскага мы не маглі ведаць. 23 сакавіка, як відаць, быў распрацаваны зусім дэтальны плян зрыву забастоўкі: Тульчынскі трымае нас да ночы, узяўшы на сябе кіраўніцтва нарадай 24 сакавіка, зацягне сваю прамову да царкоўнага звону, а потым пойдзе да абедні Зразумела, у нас не будзе часу абмяняцца думкамі, а ўноч пашырацца чуткі аб выбарных. Проста і ясна.
Выступаючы на Васільеўскім, Тульчынскі заявіў аб тым, што выбарныя за спыненьне забастоўкі, чым толькі падмацаваў чуткі.
Рабочыя Андрэеўскага прыіска, выказаўшы недавер‘е свайму прыіскаваму камітэту, выбралі новы камітэт, але ён аказаўся непрацаздольным.
Гэта памылка была выпраўлена на хаду цэнтральным бюро. На Андрэеўскі быў накіраваны я і Жураваў. На прыіску мы выясьнілі, што новавыбарныя дэлегаты, хоць і былі гарачымі прыхільнікамі забастоўкі, але не талковымі таварышамі. Таму вырашана было прапанаваць старому камітэту прадаўжаць работу, а новых адстараніць. Калі прыйшоў Зеленка ў барак, то некаторыя з прыіскацеляў яго ўпікнулі.
— Што ж, можа не хочаш мець з намі справу?
— Ды вы што, учадзелі, ці што? — сказаў Зеленка: — я ніколі не пакідаў барацьбы з капіталістамі і буду змагацца да канца. Вы не хацелі, каб я быў вашым выбарным, я не пярэчыў, а дапамагаць вам — усёроўна дапамагаў. Вы мяне аблаялі ні за што, ні пра што, але я не пайшоў ад вас. Вы хоць паміж сабой не грызіцеся, — гэтага ж дабіваюцца і „Лензота” і паліцыя.
— Хлопцы, — перапыніў я Зеленка, — ці чулі, вас стараюцца нацкаваць аднаго на другога, а потым прыіск на прыіск, а тады і забастоўка на нішто. Запомніце гэта. Цяпер вось што, хлопцы, сварку ўбок. Нам з кожным днём становіцца ўсё цяжэй, цяпер у асаблівасьці трэба быць асьцярожнымі. Нехта вас нацкоўвае аднаго на другога. І галоўным чынам — на выбарных. Падумайце добра, рабочы рабочага цкаваць не будзе. Тут ёсьць недзе правакацыйная зарадка. Старасты, сачыце ў бараках, а вы, таварышы, калі ідзеце куды-небудзь, то па дарозе з сустрэчнымі або спадарожнікамі менш вядзіце гутарак. Жандарскі, мабыць, ротмістар распусьціў сваіх агентаў. Глядзіце, каб яны не праніклі па бараках.
— Да нас, не пралезуць!..
— Яшчэ як пралезуць. Не толькі ў барак, але і ў душу залезуць. Душа ў прыіскацеля чыстая і простая, вось яе і пастараюцца апаганіць царскія чыноўнікі. Ты яе крыху адкрыеш, а яны туды з бруднымі ботамі і са шпорамі залезуць. Будзьце, хлопцы, асьцярожнымі. У вас ёсьць добрыя таварышы. Сачыце і за намі. Калі мы памылімся, тут жа гаварыце, каб, пакуль не позна, можна было выправіць памылкі. Трэба сьвядома адносіцца да агульнай справы, а гэта што за брыдота? Глядзіце, каб аб гэтым не даведаліся служачыя. Трымайцеся дружней, хлопцы! У хуткім часе будзе цёпла, а там паглядзім. Не аставацца ж нам тут, папрацавалі добра, ды і хопіць, — закончыў я.
— Няма чаго сказаць, добра, — крыкнуў нехта ў кутку барака нейкім тонкім, сіпла-сьвісьцячым голасам. Гук быў настолькі прарэзьлівы, што мімаволі ўсе расьсьмяяліся.
— Што ж, хіба не падабаюцца ленскія харчы?..
— Табе падабаюцца, і здыхай тут, — злосна крыкнуў той самы голас.
— Вось і трэба біцца, каб нас адсюль вывезьлі, не ўступаць, — заключыў я, — ну, нам ужо пара ехаць, а таварыш Зеленка астаецца з вамі, ён вам растлумачыць, што і як. Так ці што?..
— Ды ну, паяжджай, анафэма, — сказаў Зеленка працягваючы мне руку, — мы адны справімся.
— Правільна, — закрычалі ў бараку, задаволеныя тым, што канфлікт уладжаны. Адчувалася ў гэтым водгуку яднаючае ўсіх задавальненьне.
Вярнуўшыся на Надзеждзінскі прыіск, мы расказалі, што ў андрэеўцаў было зусім дрэнна, але рабочыя хутка схамянуліся. Нехта нацкаваў рабочых на андрэеўскі камітэт, яго перавыбралі, а новы састаў аказаўся непрацаздольным. Цяпер зноў на месцы стары камітэт. Зеленка мы даручылі знайсьці крыніцу правакацыі. Урок Андрэеўскага стаў вядомы ўсім прыіскам. Прыіскі ўсё цясней згуртоўваліся вакол стараст выбарных, узмацнялася дысцыпліна.
Рабочыя з кожным днём на вопыце пераконваліся, што супроць рабочых усе — і “Лензота“, і царскі ўрад. — і што толькі самі яны могуць упорнай барацьбой дабіцца свайго вызваленьня.
Андрэеўцы, падумаўшы добра, пераканаліся, што яны зрабілі грубую памылку, адхіліўшы Зеленка і іншых ад кіраўніцтва. Пасьля гэтага яны сталі ўдвойчы асьцярожнымі, і аўтарытэт Зеленка ўзрос.
Нам удалося выкрыць майстэрскую тонкую правакацыю Тульчынскага і аднавіць адзінства сярод рабочых і выбарных, якое ледзь не парушылася.
Але наступленьне на рабочых прадаўжалася.
Зноў пачалі карміць падлай, пачалася старая гісторыя. Паліцыя адмовілася састаўляць пратаколы. Мы пайшлі да намесьніка пракурора Іркуцкай судовай акругі Прэабражэнскага абскардзіць дзеяньне паліцыі. Доўга нам прышлося стаяць каля параднага пад’езда, чакаючы пракурора. Нарэшце шчоўкнуў замок, і на парадным паявіўся Прэабражэнскі.
— Выбарныя прышлі заявіць вам, што „Лензота” парушыла з намі дагавор. Згодна дагавору яно абавязана выдаць разьлік і вывезьці нас з прыіскаў, але яно не дае нам разьліку, з прыіскаў не вывозіць, а замест мяса зноў дае падлу. Мы патрабавалі ад паліцыі састаўленьня пратакола, а паліцыя нам у гэтым адмовіла. Зьвяртаючыся да вас, мы просім зрабіць распараджэньне аб і састаўленьні пратакола, галоўнае, аб вывазе прыіскацеляў да жылога пункту. — Вось што заявілі мы пракурору.
— Ніякіх выбарных я не прызнаю і калектыўных скарг не прымаю, бо калектыўныя заявы лічацца незаконнымі, — адказаў нам пракурор Прэабражэнскі.
— Што ж вы з такой сволаччу гаворыце, — паказваючыся з дзьвярэй, крыкнуў Трэшчэнкаў і пацягнуў Прэабражэнскага ў памяшканьне.
Бачачы, што мы прадаўжаем стаяць, ён зароў ва ўсё горла:
— Пайшлі вон! — і, моцна вылаяўшыся па-мацернаму, затупаў нагамі. — Усякія вашы зборышчы я буду разганяць узброенай сілай!
Больш чакаць не было чаго. Мы, абмеркаваўшы становішча, якое стварылася, вырашылі здаць інструмэнт, але здаць не проста — прынёс і здаў: не, трэба здаць асабліва, каб „Лензота” адчула рабочую нянавісьць.
Было вырашана, што рабочыя прыносяць на стан [* Стан — прыіскавыя кладовыя пры кожным прыіску.] для здачы інструмэнт і тут жа на вачах адміністрацыі ламаюць на інструмэнце ручкі, як сваю ўласнасьць. Справа ў тым, што „Лензота” выдавала інструмэнт, як то: лапаты, кайлы, тапары, без ручак, і рабочым самім прыходзілася купляць ручкі за ўласныя грошы.
У кожнага прыіскацеля было не менш трох-чатырох экзэмпляраў рознага інструмэнта, прыблізна было каля трыццаці тысяч, калі не больш. Хай чытач уявіць сабе, якое было зьдзіўленьне і абурэньне адміністрацыі, калі на яе вачах ламалі ручкі, якія цяжка дастаць з прычыны адсутнасьці прыгоднага для ручак дрэва.
Становішча бастуючых і кіраўніцтва забастоўкай з кожным днём ускладняліся. У першыя дні забастоўкі мы карысталіся поўнай уладай на прыісках. Язда ў паяздах, на конях, памяшканьне і тэлефон — усё было ў нашым распараджэньні. Поўны кантроль над дзеяньнямі “Лензота”. Не давяраючы “Лензота”, мы праводзілі нагляд за ўсёй прыіскавай маёмасьцю, каб яе не папсавалі правакатары, і з намі „Лензота” лічылася. Не аб‘яўляючы сябе гаспадарамі прыіскаў, мы фактычна трымалі ўладу ў сваіх руках да прыезду воінскай сілы. З прыбыцьцем воінскай каманды ў нас быў адабраны Народны дом, нас пазбавілі выдачы харчоў, пачалі спрабаваць выселіць з казарм (выпадкі на Феадосіеўскім у раёне Загалдын).
На арэну выступае рашучы і крыважэрны жандарскі ротмістар Трэшчэнкаў, які раз-по-раз ва ўпор рабочым крычыць:
— Расстраляю!
Правакацыя Тульчынскага часова пахіснула нашы рады, але і аўтарытэт Тульчынскага быў канчаткова страчаны. У выніку ў прыіскацеляў нарадзілася непахіснае рашэньне пакінуць прыіскі.
На нарадзе забастовачнага камітэта мы рашылі, чаго б гэта ні каштавала, дабівацца вывазу рабочых з прыіскаў.
Вырашана было адправіцца зноў да Тульчынскага і патрабаваць у яго выкананьня сваіх абяцаньняў, гэта. значыць засьведчыць, што дагавор парушаны „Лензота”.
— Паколькі вы не сталі на работы, — сказаў Тульчынскі, — цяпер вы ўжо не забастоўшчыкі, а проста беспрацоўныя. “Лензота” адмаўляецца ад якіх-небудзь з вамі перагавораў. Я ўмешвацца не магу, бо згодна атрыманай тэлеграмы ад міністра гандлю і прамысловасьці, я ўстараняюся ад уладжваньня ўсякіх канфліктаў. У лік абавязкаў акруговага інжынэра Тульчынскага не ўваходзіць канстатаваць парушэньне „Лензота” дагавору з рабочымі. — Так адказаў нам Тульчынскі.
Ідучы ад Тульчынскага, мы назначылі час сходу дэлегатаў і рассыпаліся па прыісках. “Ц Б. Надзежда ад Уцёсістага да Кулебраніка” — такі быў наш пароль Па дарозе нам пападаліся злавесныя аб’явы Трэшчэнкава аб недапушчальнасці сходаў: “Усякія зборышчы будуць рашуча расьсейвацца ўзброенай сілай...” Даведаўшыся, што дэлегатаў аб’явілі злоснымі агітатарамі і не прынялі ад іх заяў ні пракурор, ні ротмістар, рабочыя ў абарону сваіх дэлегатаў пачалі пісаць “сьвядомыя запіскі“. Яны пісалі:
„Я забаставаў сьвядома, бо “Лензота” парушыла дагавор. Сярод нас агітатараў не было” і т. д.
Пасьля аб‘ясненьня з Тульчынскім цэнтральны забастовачны камітэт склікаў усе прыіскавыя камітэты і выбарных. Па незалежачых ад іх прычынах не зьявіліся: Украінцаў Мацьвей, камандыраваны ў дальнюю тайгу, і Падзаходнікаў, які знаходзіўся на зімоўі Ленскага параходзтва на Варанцоўцы і павінен быў арганізаваць нам забастоўку рабочых.
Між тым веснавыя воды пагражалі прыіскам, настойліва патрабуючы неадкладнай работы для сплотак, засьцерагаючых шахты ад заліваньня вадой. “Лензота” адчувала надзвычай вялікую патрэбу ў рабочай сіле. З гэтай мэтай яно разаслала сваіх агентаў ва ўсе канцы Прыленскага края для вярбоўкі рабочых.
Цёмныя тыпы блукалі па прыісках. Наймаліся новыя рабочыя з крымінальнай шпаны, з якутаў і кітайцаў „Лензрта” сілай зганяла на прыіскі, прымушаючы працаваць.
Начамі ротмістар Трэшчэнкаў, акружаны зграяй паліцыі, рабіў налёты на баракі, усімі сіламі імкнучыся да таго, каб справацырваць адкрыты бунт рабочых, які ён мог бы падавіць узброенай сілай, а трусьлівых пагрозамі прымусіць стаць на работы.
На прыіскі прыехала многа штрэйкбрэхераў, іх павінны былі разьмясьціць па бараках. Забастовачнаму камітэту неабходна было выпрацаваць інструкцыю, як павінны трымаць сябе рабочыя з навічкамі, а разам з тым выпусьціць адозву да наймаючыхся.
Зьехаліся дэлегаты. На сходзе, скліканым забастовачным камітэтам, быў зроблены агляд забастоўкі і вынесена прыблізна такое рашэньне:
1. З прычыны таго, што ленцы наймаюць рабочых, выпусьціць адозву да рабочых, прапануючы не ісьці на работу да “Лензота“.
2. Прымаючы пад увагу, што магчыма ўсяленьне новананятых рабочых у баракі, праводзіць сярод навічкоў агітацыю, адначасова растлумачваючы ўжо прайшоўшыя формы барацьбы за час забастоўкі. У той жа час не рабіць у прысутнасьці навічкоў па бараках нарад, каб папярэдзіць правакацыю.
3. Баракі павінны захоўваць поўны спакой, не даючы паліцыі і служачым ніякага поваду да нападу. Абавязаць стараст узмацніць пільнасьць і аб асобах, якія не хочуць падпарадкавацца, неадкладна даносіць дэлегатам.
4. Зьвязацца праз Бадайбо з Расіяй, выклікаўшы абаронцаў для прад’яўленьня іскаў да Ленскага золатапрамысловага таварыства. Зьвязацца з друкам, каб стварыць грамадзкую думку. Тэлеграфаваць урадавым і грамадзкім установам, паведамляючы аб беззаконствах, якія робяцца на прыісках, і аб загаворы супроць жыцьця рабочых.
5. Месца нарад і знаходжаньня дэпутатаў павінна трымацца ў поўнай кансьпірацыі ад паліцыі і ленскіх служачых.
Згодна рашэньня сходу я, сьпяшаючыся, напісаў такую адозву:
“Таварышы рабочыя, некалі вас „Лензота”, не прымаючы працаваць, называла мярзотнікамі, а цяпер, калі мы бастуем, дабіваючыся сваіх правоў, яно заклікае вас працаваць. Не апраўдвайце назву „мярзаўцаў”, адмаўляйцеся працаваць у “Лензота“.
Наколькі я помню, так і ціснулі гэту запіску, без паправак, і адозва выйшла куцая.
Пасьля нарады пачалі гутарыць, сталі абменьвацца думкамі, якія будуць вынікі забастоўкі. Кожнаму карціна была ясная і кожны ведаў, што блізка час, — пахне порахам і крывёю. Некаторыя гаварылі, што кровапраліцьце будзе такое вялікае, што жорстка паплацяцца на толькі рабочыя, але і іх сем‘і. Большасць выказвалася за прадаўжэньне забастоўкі, што б нас ні чакала. Частка спадзявалася на тое, што хуткае адкрыцьцё навігацыі дасьць магчымасьць мірна пакінуць прыіскі.
Наша задача цяпер заключалася ў тым, каб як мага больш захоўваць спакой, як мага хутчэй мабілізаваць грамадзкую думку, раскрыць тую падрыхтоўку сіл супроць рабочых прыіскаў, якую праводзіла „Лензота”. Задача заключалася ў тым, каб усімі сіламі забясьпечыць найменшую страту таварышаў у няроўнай пакуль барацьбе. Надышоў момант старога падпольля.
Дэлегаты і старасты пільна ўглядаліся ў чорную ноч рэакцыі.
Віцімскія сопкі нахмурылі цёмныя бровы, і жудасная цішыня парушалася толькі выкрыкамі Трэшчэнкава — ротмістра паліцыі.
Страшыдламі выглядаюць баракі, іх бляклыя вочы мільгаюць жалкімі агеньчыкамі, нагадваючы магілы, дзе калісь жылі зажыва пахаваныя — і душой і целам — прыіскацелі, — тыя самыя прыіскацелі, якія цяпер усьведамляюць праўду жыцьця, упорна змагаюцца з клясавым ворагам. З барака ў барак з перасьцярогамі пераходзяць члены забастовачнага камітэта, падбадзёрваючы стараст, даюць інструкцыі, знаёмяць з пастановай.
Прыіскацелі былі некалі бесшабашнымі, п’янымі і грубымі — цяпер яны сталі ласкавымі і гасьціннымі, прагна слухалі прыходзячых.
Крывавая расправа царскіх катаў
Крыху загрыміраваўшыся, надзеўшы паліто (у паліто на прыісках я не хадзіў), прыдаўшы сабе выгляд служачага, я ў суправаджэньні таварышаў адправіўся ў Бадайбо для ўстанаўленьня сувязі з Расіяй, для стварэньня грамадзкай думкі вакол забастоўкі. Калі б мяне арыштавалі, то таварышы павінны былі паведаміць забастовачны камітэт, каб на зьмену мне прыслалі другога.
Купілі тры білеты, селі ў розныя вагоны і паехалі ў Бадайбо. Выканаць першую частку пастановы забастовачнага камітэта было лёгка, бо тэлеграмы можна было пасылаць праз падстаўных асоб. Другая частка, г. зн. атрыманьне адказаў, была значна больш складанай, бо трэба было пакінуць які-небудзь свой адрас, каб тэлеграмы, адрасаваныя да забастоўшчыкаў, не папалі ў рукі ротмістра Трэшчэнкава.
Даўшы тэлеграму аб дзеяньнях ротмістра Трэшчэнкава, а таксама і аб тым, што ён пагражае сілай зброі прымусіць рабочых працаваць, я адправіў аднаго суправаджаўшага назад, уручыўшы яму копію тэлеграмы, і прасіў паведаміць, што адрас, на які б мы маглі прымаць прысылаемыя нам тэлеграмы, я яшчэ не ўстанавіў.
Я ўжо страціў усякую надзею знайсьці адрас, як выпадкова сустрэў знаёмых рабочых, якія сабраліся ехаць з прыіскаў. Сярод іх аказаўся каваль Надзеждзінскай майстэрні Федзюкоў. Пагутарыўшы са мной, яны пакінулі мне даверанасьці на права іску да „Лензота”, за парушэньне дагавору, пакінулі таксама адрасы, па якіх я павінен быў ім паведаміць аб ходзе справы.
Мы адправіліся да натарыюса Свірыдэнка засьведчыць гэтыя даверанасьці. Даведаўшыся, што я старшыня забастовачнага камітэта і адпусьціўшы таварышаў, Свірыдэнка папрасіў мяне астацца, гаворачы, што трэба аформіць даверанасьці.
Ён задаў мне некалькі пытаньняў аб забастоўцы, прычым ён вельмі зацікавіўся. Я растлумачыў яму прычыну майго прыезду і прасіў яго дазволу выкарыстаць яго адрас для тэлеграм. Ён любезна згадзіўся і для агараджэньня сябе сказаў наступнае:
— Вы павінны быць даўно арыштаваны, мне гэта вядома. Калі вы падпішаце даверанасьці, то я, як чыноўнік судовага ведамства, павінен буду данесьці аб вас уладам, таму вы іх не падпісвайце, няхай яны захоўваюцца ў мяне без подпісу. Калі вас арыштуюць, тады вы іх падпішаце і перадаверыце іскі абаронцам. У мяне начальнік паштовага аддзяленьня знаёмы, а таму тэлеграмы на ваша імя будуць адрасаваны да мяне. Раскрываць я іх не буду, а буду захоўваць разам з даверанасьцямі, а вам будуць перададзены копіі тэлеграм у трох экзэмплярах.
Такім чынам была адноўлена сувязь з Расіяй.
На прыіскі я адправіў другога суправаджаючага з весткай аб устанаўленьні сувязі, а сам пайшоў на кватэру, дзе спыніўся Федзюкоў з таварышамі. Аказваецца, што яны чакалі папутных паражнякоў, якія ідуць у Віцім, каб таньней дабрацца да апошняга.
У той жа дзень увечары я сустрэў двух жонак рабочых з Надзеждзінскага прыіска, якія па нейкай прычыне прыехалі ў Бадайбо і ішлі да жонкі буравога сьлюсара, працаваўшага на Андрэеўскім прыіску. Яны ўзялі мяне з сабой і пазнаёмілі з жанчынай — карэнным жыхаром Бадайбо. Тут я спыніўся і ўжо мог даць дакладна свой адрас для ўзаемных інфармацый з прыіскамі.
На другі дзень увечары да мяне прыбег таварыш, гаворачы, каб я хутчэй вярнуўся на прыіскі, і расказаў аб падзеях, якія адбыліся ў час маёй’ адсутнасьці.
Ён доўга гаварыў, і голас яго гучэў абурэньнем і жалем. Мне было надзвычай цяжка. Чаму мяне не было там, можа быць я здолеў бы спыніць, папярэдзіць няшчасьце або загінуў бы разам з імі... Абураныя арыштам дэлегатаў, гарнякі ішлі з запіскамі да катаў шукаць праўды і падставілі свае галовы пад расстрэл.
4 красавіка ў 4 гадзіны вечара ў далёкай тайзе прагучэлі стрэлы царскіх катаў, і пралілася нявінная кроў рабочых.
Галава адмаўлялася працаваць, ледзь выціскаліся нейкія адрывачныя няясныя фразы і клаліся на паперу, каб іх перадаць на тэлеграф, перадаць у газэты, перадаць у Дзяржаўную думу, габінэт міністраў, перадаць усім, прымусіць гаварыць урадавыя і грамадзкія ўстановы, крывёю ўпісаць у старонкі гісторыі аб жорсткай расправе капіталістаў над рабочым клясам, увекапомніць з пакаленьня ў пакаленьне: 270 забітых, 250 параненых”.
Так-сяк напісаў тэлеграму:
“Унясіце сьпешны запрос у Дзяржаўную думу” і т. д.
Мы яшчэ не пасьпелі выйсьці, як прыбег другі таварыш з прыіскаў, гаворачы, што яго прыслалі сказаць, каб я астаўся тут.
— Да цябе штодзённа будуць прысылаць таварыша, а ты тут дзейнічай і паведамляй. Па прыісках ўсюды шнырыць паліцыя, шукае цябе і Зеленка. Не думай ісьці на прыіскі, цябе хочуць забіць, за гэта паліцыі дадуць узнагароду. Будзь асьцярожным.
— Добра, — сказаў я. — Зьбірайце сьведак, якія бачылі карціну расстрэлу. Захоўвайце спакой, не даючы новых повадаў да расстрэлу.
Я выкарыстаў усе магчымасьці для стварэньня камісіі па расьсьледаваньню прычыны расстрэлу рабочых. Сымпатыя да забастоўкі расла, і гэту сымпатыю ўдалося накіраваць на аказаньне матэрыяльнай дапамогі забастоўшчыкам і ўзьдзеяньне на органы сьледчай улады.
Праз натарыуса Свірыдэнка я пазнаёміўся з Лучшых, які меў у сябе сталярную майстэрню і які даў мне вельмі добрае ў кансьпіратыўных адносінах памяшканьне: гэта была зямлянка, якая разьмяшчалася за пуняй пад гарой, у парасьніку, дзе яна была зусім непрыкметнай. Гэта дало мне магчымасьць пратрымацца ў такім маленькім горадзе паўтара месяца, г. зн. да дня майго арышту. Тут у мяне быў увесь матэрыял аб забастоўцы, тут жа я размнажаў атрыманыя тэлеграмы і з Расіі і зьвесткі бадайбінцаў аб мерапрыемствах урада, „Лензота” і ўрадавых органаў на месцы. Суміруючы ўсе зьнешнія і ўнутраныя весткі, заслухоўваючы штодзённую інфармацыю з прыіскаў, я рабіў адпаведныя вывады і ўсё гэта адпраўляў на прыіскі. Каб не выявіць кансьпіратыўнай кватэры частымі наездамі да мяне з прыіскаў, я перанёс яўку на чыгуначную лінію за горад, у поле.
Да мяне прыехаў Міхаіл Лебедзеў, які атрымаў лёгкае раненьне ў галаву. Ён падрабязна расказаў, што адбылося на прыісках. Уночы на 4 красавіка было арыштавана 10 таварышаў, сярод якіх аказаліся два выбарныя. Зеленка пасьпеў скрыцца. Думаючы, што арыштаваны увесь забастовачны камітэт, абураныя рабочыя рашылі, чаго б гэта ні каштавала, пайсьці да пракурора Прэабражэнскага, патрэбаваць вызваленьня арыштаваных таварышаў і падаць „сьвядомыя” запіскі, у якіх гаварылася, што кожны забаставаў сьвядома і што ніякіх падбухторнікаў сярод рабочых не было. Рабочыя Уцёсістага прыіска пайшлі на Андрэеўскі. Узбуджэньне дайшло да крайніх межаў і ахапіла ўсе прыіскі. Рабочыя адправіліся пешшу за 48 вёрст на Надзеждзінскі прыіск, захватваючы з сабой усе прыіскі, якія сустракаліся па дарозе. Тут ніякія гутаркі і довады не маглі спыніць ідучых. Рабочыя ўсё ішлі і ішлі, папаўняючыся новымі радамі з кожнага прыіска. Адначасова на Феадосіеўскім прыіску 4 красавіка рабочыя былі выкліканы ў кантору Феадосіеўскага прыіска. Калі яны прыбылі туды, то станавы Самахвалаў выяжджаў і, садзячыся ў санкі, сказаў: „Пачакайце у канторы, потым пагаворым”.
Калі Самахвалаў паехаў, то рабочыя, прышоўшы ў кантору, зьдзівіліся, адкуль папалі ў кантору ружжы? Тут былі паляўнічыя стрэльбы, вінтоўкі старога ўзору, але не было патронаў. Ружжы без патронаў — усёроўна што трубка без агню, курыць хочацца, а запалак няма — значыцца не пакурыш.
Феадосіеўцы хацелі ўзяць зброю і ісьці на Надзеждзінскі, а таксама і на іншыя прыіскі патрабаваць вызвалення арыштаваных. Выбіваючыся з сіл, таварышы Чэрэпахін і Карнееў угаварылі рабочых не выступаць.
— Хіба ж вы не разумееце, гаварыў Чэрэпахін, — што Самахвалаў наўмысна вас выклікаў, каб вы ўзялі псаваную зброю. Салдаты, бачачы нас узброенымі, пачнуць нас расстрэльваць... Успомніце 19 сакавіка, калі ўзброеная каманда хацела выселіць рабочых з казарм. Калі б тады скамандавалі „страляць”, то салдаты, якія адносіліся да нас добра, усё ж выканалі б загад і расстралялі б, калі б не трусасьць спраўніка.
Ротмістар Трэшчэнкаў — кат, ён без жалю расстрэльваў рабочых у Ніжнім Ноўгарадзе, ён прыводзіў у рэстаран арыштаваных і падвяргаў іх жорсткім катаваньням у прысутнасьці прастытутак. А тут з моманту свайго прыезду і па гэты дзень ён, пагражаючы расстрэлам, шукае поваду,. як бы хутчэй прывесьці яго ў выкананьне. Феадосіеўскі прыіск не пайшоў і зброі не ўзяў, разумеючы, што ружжы без патронаў былі пакладзены з мэтаю правакацыі.
Чакаючы паяўленьня рабочых, салдат частавалі віном і рыхтавалі да бою з рабочымі. Бадайбінская каманда для ўзброенага нападу была непадыходзячай, таму Трэшчэнкаў захапіў добра вымуштраваных катаў у салдацкай вопратцы, якія набілі сабе руку на падаўленьні рабочых выступленьняў і мелі за гэта ўзнагароды. Цяпер даваліся ім адпаведныя настаўленьні, падмацоўваліся чаркай віна і ўнушэньнем, што рабочыя хочуць разграміць Народны дом, перабіць усіх. салдат і дабрацца да золата. Распальваючы страсьці ў падпоеных салдатаў, іх нацкоўвалі на рабочых, кажучы, што ім пагражае небясьпека. Так падрыхтоўваліся салдаты сустрэць рабочых.
Калі феадосіеўскія ўбачылі, што па той бок Народнага дома ад Аляксандраўскага прыіска па дарозе ішлі рабочыя некалькіх прыіскаў, расьцягнуўшыся доўгай істужкай, то частка феадосіеўцаў таксама пайшла туды ж, але з другога боку. Ісьці трэба было шэсьць вёрст. Ішоўшыя з боку Аляксандраўскага прыіска падыходзілі ўжо да Надзеждзінскага.
Калі, адышоўшы ад табараў умацавальнага лесу і павярнуўшы налева, рабочыя пачалі падыходзіць да пераезду праз лінію чыгункі, то яны ўбачылі стаяўшых каля Народнага дома ўзброеных салдат, ротмістра Трэшчэнкава, пракурора Прэабражэнскага, міравога. судзьдзю Хітуна, акруговага інжынэра Тульчынскага. Тульчынскі аддзяліўся ад людзей, якія стаялі каля Народнага дома, і пайшоў насустрач рабочым. Спыніўшы іх на павароце дарогі, якая вяла да галоўнай прыіскавай канторы, ён пачаў нешта гаварыць. Рабочыя пачалі быстра акружаць Тульчынскага, заднія націскалі, жадаючы пачуць, што гаворыць Тульчынскі; некаторыя рабочыя залезьлі на табары з цыгаркай у роце, жадаючы паглядзець, што робіцца ўперадзе. Рабочыя былі настроены зусім мірна, не дапускаючы мысьлі, што будуць страляць без папярэджаньняў.
Калі рабочыя знаходзіліся на адлегласьці шагоў 300-400 ад салдатаў, грымнуў залп, за ім другі, Рабочыя быстра паляглі, некаторыя папаўзьлі ў табары, некаторыя ў лагчыну. Стральба прадаўжалася. Тульчынскі [* Тульчынскі спрабаваў сарваць стачку ўгаворамі і хлуслівымі абяцаньнямі. А Трэшчэнкаў меў загад сарваць стачку расстрэлам. Як ахранка не знайшла патрэбным „берагчы” свайго агента папа Гапона і адкрыла агонь 9 студзеня па натоўпу рабочых, дзе быў Гапон, так і жандар Трэшчэнкаў загадаў страляць у рабочых, не гледзячы на тое, што з імі быў Тульчьінскі.] махаў шапкай, крычучы, каб спынілі стральбу, але агонь быў сканцэнтраваны вакол Тульчынскага: як відаць, думалі, што каля Тульчынскага былі верхаводы забастоўкі. Пачуліся стогны, крыкі, валіліся раненыя і забітыя, гарачая кроў дымілася на белым сьнезе. Калі спынілася стральба, рабочыя хацелі падбіраць раненых таварышаў, але тут быў аддадзены загад: “разагнаць усіх рабочых, каб тут ні аднаго чалавека не асталося”.
Разагнаўшы рабочых, п’яныя, азьвярэлыя салдаты і паліцыя займаліся марадзёрствам: разам са скурай зрывалі з забітых кольцы, пакідаючы на пальцах ссадзіны, а то і проста адламвалі пальцы, здымалі гадзіньнікі, шарылі па кішэнях. Сані, на якіх прыехалі за раненымі і забітымі, былі нагружаны кольлем, цэглай і каменьнем. Усё гэта пакінулі на месцы расстрэлу з такім разьлікам, каб пасьля ўборкі забітых і раненых раскідаць кольле і каменьне і такім чынам стварыць легенду, што рабочыя хацелі напасьці на войскі, і тым самым апраўдаць расстрэл іх.
Забітых і раненых, як дровы, кідалі на сані і адвозілі ў больніцу на Ліпаеўскі прыіск. Калі больніца была да адказу набіта, то тут жа каля яе ў адну кучу звальвалі на салому забітых і раненых.
Стаяў безупынны стогн, чуліся пракляцьці.
Гэтыя стогны і пракляцьці былі канцом таго жыцьця, поўнага незьлічоных
лішэньняў, зьдзекаў і шматгадовых пакут, якое называлася „дваццаць год тайгі” [* Гл. брашуру „События на
Лене в документах”, саст. Владзімірава, Партвыдат, 1992 г., стар. 61,
„Показания участников демонстрации от 4 апреля 1912 г.”].
Расстрэл ленскіх рабочых яшчэ раз ускрыў , перад рабочым клясам Расіі і ўсяго сьвету сутнасьць царскага самадзяржаўя. Царскаму ўраду недастаткова прыгнятаць, арыштоўваць, саджаць у турмы рабочых, якія абараняюць свае правы. Ён лічыць за лепшае распраўляцца з імі зброяй.
У Дзяржаўнай думе сацыял-дэмакратычная фракцыя зрабіла запрос, патрабуючы аб’ясненьня падзей 4 красавіка.
У адказ на расстрэл адгукнуліся не толькі рабочыя Расіі, але і рабочыя іншых краін Да нас у адрас Свірыдэнка пачалі паступаць тэлеграмы ад рабочых розных дзяржаў. Першую тэлеграму мы атрымалі ад фінскіх рабочых з Гельсінгфорса. У ёй гаварылася наступнае:
„Выказваем спачуванне аб страце таварышаў на Лене. Жадаем посьпеху.ў барацьбе з капіталам. Помніце, што з вамі пралетарыят усяго сьвету. Рабочыя Фінляндыі, Гельсінгфорса“.
З Нью-Ёрка, Лёндана, Парыжа, Аўстраліі, паступалі аналягічнага зьместу тэлеграмы. Я ўсе іх размнажаў і рассылаў па прыісках. Тэлеграмы замацоўвалі рэвалюцыйны настрой ленскіх рабочых. Яны ведалі;. што не адзінока змагаюцца ў глухой тайзе, што за нашай барацьбой сочыць пралетарыят усяго сьвету. Рост стачак і забастовак натхняў рабочых на непрымірымую барацьбу.
Нарэшце атрымаў ад сацыял-дэмакратычнай думскай фракцыі паведамленьне, што „запрос у Дзяржаўнай думе забясьпечаны”.
Усе гэтыя факты вымусілі царскі ўрад заняцца расьсьледаваньнем прычын расстрэлу. Замест сьледчага па асабліва важных справах міравога судзьдзі Хітуна прызначаецца часова сьледчым судзьдзя горада Бадайбо — Рэйн. З назначэньнем Рэйна зьмякчаюцца рэпрэсіі. Таварыш пракурора Прэабражэнскі, ротмістр Трэшчэнкаў, і міравы судзьдзя знаходзяцца пад сьледзтвам. Але рабочыя вельмі добра разумелі, што сутнасьці капіталістычнага строю гэта не зьменіць. Колькі ні замяняй тыгра другім; ён ягняткам не будзе, а будзе такім жа крыважэрным, як і яго брацец.
Ведучы папярэдняе сьледзтва, Рэйн прывёз у Бадайбо цэлы вагон рэчавых доказаў таго, што нібыта рабочыя ішлі, узброеныя кольлем і каменьнем, прычым сярод кольля былі такія, якія не пад сілу падняць аднаму чалавеку. Зразумела, такім рэчавым доказам наўрад ці мог хто паверыць.
Мы вельмі абрадваліся, калі атрымалі стэнаграфічную справаздачу паседжаньня Дзяржаўнай думы ад 11 красавіка 1912 г. Гэтая справаздача перапісвалася, прачытвалася ў кожным бараку. З яе рабочыя даведаліся, хто абараняе іх інтарэсы, хто ідзе супроць рабочых. Усіх абураў безсаромны паклёп на забастоўшчыкаў міністра ўнутраных спраў і яго выклік, кінуты пралетарыяту аб расстрэле: “Так было і так надалей будзе“,
Рабочыя былі задаволены адказам члена Дзяржаўнай думы Пакроўскага (бальшавік), які заявіў, што “на воўчую пасьць паноў у міністэрскіх мундзірах мы абавязаны надзець сабачы наморднік“. Стэнаграфічная справаздача зачытвалася да дзірак.
Для расьсьледаваньню прычын расстрэлу на прыіскі выехалі: прысяжныя павераныя, іркуцкі начальнік края, генэрал-губэрнатар Князеў, сэнатар Манухін, якога паслаў Нікалай II.
Не гледзячы на запросы сацыял-дэмакратаў у Дзяржаўную думу, на пратэсты рабочых буйных прамысловых цэнтраў, наступленьне на забастоўшчыкаў прадаўжалася. Зноў паявілася разлажыўшаеся мяса, зноў узмацнілася прыцясьненьне, зноў арыштавалі некалькіх таварышоў, у ліку іх аказаліся Зеленка і Карнееў. Быў арыштаваны таксама і Падзаходнікаў на зімоўі Ленскага параходзтва на Варанцоўцы, дзе забаставалі рабочыя ў знак пратэсту супроць расстрэлу 4 красавіка. Усімі мерамі “Лензота” імкнулася выклікаць бунт сярод рабочых, спакойна чакаўшых вывазу з прыіскаў.
Апошні раз у першай палове мая я бачыўся з выбарным Аляксандраўскага прыіска Мальковым, якому даручыў перадаць, што ў Бадайбо далей аставацца няма сэнсу, а таму я рашыў вярнуцца на прыіскі, папярэдне прарабіўшы некаторую арганізацыйную работу ў мэтах атрыманьня тэлеграм і наогул карэспандэнцыі з Расіі. У гэты ж дзень, пасьля абеду, падрыхтаваўшыся да ад’езду на прыіскі, я пайшоў да натарыюса Сьвірыдэнка дагаварыцца, што за атрыманьнем тэлеграм і карэспандэнцыі з Расіі для прыіскаў да яго будуць прысылацца нарачныя, і прасіў яго перадаваць нарачным усё атрымліваемае для забастовачнага камітэта.
Арышт і турма
Вышаўшы ад натарыюса [* У рабоце Веры Владзіміравай “Ленскнй расстрел” (Інстытут гісторыі Комакадэміі, секцыя “Гісторыя пралетарыяту, Ленская брыгада, Партвыдат, 1932) на 43 стар. укралася памылка. Там гаворыцца: “После отъезда Баташева в Иркутск (до расстрела) по делам стачки, где он был арестован...” Я ні да расстрэлу, ні пасьля расстрэлу ў Іркуцк не езьдзіў.] я быў арыштаваны на палатне чыгункі, недалёка ад лазьні Яблонскага, двума пераапранутымі стражнікамі Ленскага таварыства і быў прыведзены у казачую. Бываюць цікавыя супадзеньні. У казачай, г. зн. паліцэйскім участку, я сустрэў дзяўчыну (прозьвішча яе, на вялікі жаль, забыўся), якая, служачы ў Глотава ў транспартнай канторы, жыла ў таго буравога сьлюсара, дзе я правёў некалькі дзён. Я не адзін раз хадзіў з ёю ў поле для заслухоўваньня інфармацыі з прыіскаў. Гэта дзяўчына прыйшла ва ўчастак за атрыманьнем пашпарта, прысланага з бацькаўшчыны. Яна пачырванела, а потым пабляднела, убачыўшы мяне ў суправаджэньні стражнікаў. Я баяўся, каб ураднік не заўважыў яе хваляваньня і не задаў бы ёй пытаньняў, але яго ўвага была зьвярнута на мяне. Ён, аглядаючы мяне, запытаў:
— Вы будзеце Баташэў Павел Нікалаевіч, якога мы шукаем? Скажыце ваша месцазнаходжаньне і якія пры вас ёсьць дакумэнты.
— Месцазнаходжаньне я вам скажу толькі праз 2 гадзіны, каб за гэты час убралі ўсе дакумэнты, якія ніколі не пападуць у вашы рукі, а аб маім арышце сёньня ўвечары павінны ведаць на прыісках.
— Вы зойдзеце потым, — сказаў ураднік, зьвяртаючыся да дзяўчыны, — пашпарт ваш атрыманы, заўтра я вам яго выдам, а зараз няма часу.
Дзяўчына пайшла. Я быў упэўнены, што яна абавязкова ўвечары пойдзе ў поле і паведаміць прыбыўшага з прыіскаў таварыша аб маім арышце. З Лучшых, дзе я жыў, я ўжо раней дагаварыўся, што пасьля майго арышту ўсе справы аб забастоўцы павінны быць схаваны і перададзены каму-небудзь з членаў забастовачнага камітэта.
Абшукаўшы, мяне ўвапхнулі ў нейкую старую клятушку; рашотчатыя вокны яе выходзілі ў двор. Неўзабаве прыехаў спраўнік Галкін, і пачалося папярэдняе дазнаньне. На задаваемыя ім пытаньні аб маім паходжаньні я адказваў, як на афіцыяльную частку пратакола, а калі падышлі да пытаньня аб забастоўцы, то я проста заявіў яму:
— Вы вельмі добра ведаеце ход усіх падзей, а таму пішыце ўсё, што ведаеце. Я прымаў актыўны ўдзел у забастоўцы і ад гэтага не буду адмаўляцца. Таварышаў называць не буду. Вось і ўсё.
Калі пратакол дазнаньня быў напісан, то, прачытаўшы ўсё, што было ў ім запісана, я падпісаў яго без зьмен, пасьля чаго было аддана распараджэньне аб тым, каб мяне пасадзілі ў Бадайбінскую турму.
„Зноў турма! Ці скора ўбачу свабоду, думаў я, ідучы па зарослых травой вузкіх вуліцах у турму. Выходзячы на галоўную вуліцу, дзе знаходзілася турма, я ўбачыў, што каля яе, удоўж вуліцы сабралася многа народу. У гэтым натоўпе адчувалася стрыманае абурэньне, зьмешанае з пачуцьцём цікавасьці. Мне прыемна была такая сустрэча, і, па меры набліжэньня да турмы, я стрымліваў шагі, стараючыся як мага больш адцягнуць часу, можа быць у апошні раз адбіць у памяці сабраўшыся натоўп. Я быў недалёка ад таго, каб зьвярнуцца да яго з прамоваю.
— Вядуць галоўнага!..
— Гэта наш старшыня!..
— Глядзі, усьміхаецца... — чуліся заўвагі ў натоўпе. Я зьняў шапку, пакланіўся знаёмым і скрыўся ў турэмнай канторы.
Гэты стары, уросшы ў зямлю, драўляны дом быў мала падобны на турмы Еўрапейскай Расіі, якія давілі сваімі сырымі каменнымі сьценамі, сваёй маўклівасьцю. Мяне пасадзілі ў агульную камэру з палітычнымі. Тут я ўбачыў Зеленка, Карнеева, некалькіх выбарных і проста рабочых. У турэмнай больнічнай камэры асобна памяшчаўся ранены Папоў; быў таксама арыштаваны і Беспальчэнка, самы бяскрыўдны чалавек, прастадушны украінец, Мяне закідалі пытаньнямі.
Я зрабіў грунтоўны даклад, і гутарка зацягнулася далёка за поўнач. Я даведаўся ад таварышаў, што нас прыцягваюць да адказнасьці па 125 арт. і што дазнаньне вялося па справе арганізацыі і падбухторваньня да забастоўкі.
З абмену думкамі і з арышту невінаватага Беспальчэнка я зрабіў зусім пэўны вывад, што справа не мае дастатковых матэрыялаў, а таму і не можа мець і цяжкіх вынікаў.
Раніцой быў выкліканы у турэмную кантору, дзе мяне сустрэў Трэшчэнкаў, якога ахоўвалі два жандарскія унтэр-афіцэры.
— Вось мы вас і арыштавалі, — выпаліў Трэшчэнкаў. Гэта выйшла ў яго неяк дзіўна.
— Зусім не, — адказаў я, як быццам прыйшоў толькі паглядзець на яго.
— Безумоўна, арыштавалі.
— Нічога. падобнага, — адказаў я, зрабіўшы зьдзіўлены выгляд, як быццам я на самай справе не быў арыштаваны.
— Ужо адно тое, што вы тут знаходзіцеся, гаворыць за тое, што вы арыштаваны, — ускакваючы з месца, пачаў даказваць ён. — Злавілі, злавілі! Былі ў Надзеждзінскага, вялі натоўп. Колькі ні хаваліся, усё ж злавілі, — дадаў ён.
— Ну, што ж, дай бог нашаму цяляці ды ваўка паймаці.
— Да, да, ваўка, іменна ваўка, — ужо закрычаў ён.
— Дазвольце, што за агіднасьці! Хто мяне сюды выклікаў? — зьвярнуўся я да старшага наглядчыка. — Ротмістар Трэшчэнкаў адхілены як начальнік паліцыі [* Адхіленьне Трэшчэнкава як начальніка паліцыі было праведзена з мэтаю аслабіць абурэньне рабочых мас расстрэлам; у сапраўднасьці Трэшчэнкаву з Пецярбурга было перададзена, што дэпартамэнт дапамогі яго дзеяньнямі вельмі задаволены, дзякуе і просіць ні на што не зьвяртаць увагі. “Лензота” заплаціла Трэшчэнкаву ва ўзнагароду за расстрэл 2400 рублёў адначасова, апрача таго плаціла па 15 руб. сутачных аж да ад‘езду з прыіскаў.], а асабіста з усякімі прыходзячымі сюды я не жадаю гаварыць. Выведзіце мяне, — зьвярнуўся я да старшага.
Не чакаючы такога адпору, ротмістар выскачыў з канторы чырвоны ад злосьці. Старшы наглядчык глядзеў, нічога не разумеючы, а мяне душыў сьмех.
На другі або на трэці дзень. я быў пераведзены з агульнай камэры ў адзіночку.
У палове мая турму наведаў Князеў, акружаны зграяй чыноўнікаў. Адзін з іх быў нават у нейкай парчовай трохвугольнай шляпе. Калі Князеў увайшоў у агульную камэру і гутарыў з крымінальнымі, чыноўнікі на мяне глядзелі ў ваўчок, быццам на зьвера, і шапталіся паміж сабой. Было непрыемна гэтае зьмяінае падглядваньне, хацелася плюнуць у ваўчок, але я стрымаўся. Нарэшце шчоўкнуў замок, і да мяне з непахісным вяліччам увайшоў Князеў.
— Я начальнік края, іркуцкі генэрал-губэрнатар, — адрэкамэндаваўся Князеў.
— А я — палітычны арыштант, — сказаў я ў адказ. — Што вам патрэбна?
— Ці не маеце чаго заявіць мне?
— Маю, — адказаў я. — Пасьля таго як больш месяца нас марылі голадам, прысуджалі выкінуць з прыіскаў на мароз, цкавалі правакацыяй, залілі Надзеждзінскі крывёю, нас кінулі ў турму. І ў вас хапае... запытаць, ці маю я што заявіць... Загадай вызваліць сямейных, іх сем‘і, напэўна, галадаюць.
— Гэта не ад мяне залежыць, гэта справа пракурора, — сказаў ён.
— А раз не ад цябе залежыць, пайшоў вон з адзіночкі!
Князеў пачырванеў, паглядзеў на столь вільготнымі вачыма, павярнуўся і павольна выйшаў з адзіночкі. Чыноўнікі разявілі раты.
Я быў падаўлены яго арыстакратызмам, ён мяне не заўважыў і мяне не кінулі ў карцэр! Вось дзе мне было дрэнна!..
Прыезд начальніка края Князева ў першыя дні прынёс некаторае памякчэньне рэжыму на прыісках. Цкаваньне рабочых часова заціхла, заўзятасьць ленскіх служачых значна скарацілася, той, хто да прыезду Князева не быў арыштаваны, аставаўся на свабодзе, самая бяскрыўдная частка зьняволеных была вызвалена. Са зьнешняга боку справа як быццам прымала прыемны выгляд. Рабочыя літаральна атакавалі Князева заявамі, скаргамі, патрабаваньнямі. У нас жа, сядзеўшых у турме, к гэтаму часу наладжвалася сувязь з прыіскамі. Асаджаемы рабочымі, Князеў прапанаваў склікаць выбарных, але рабочыя заявілІ: „Нашы выбарныя ў турме, а другіх для гэтай мэты мы выбіраць не будзем... Усёроўна арыштуеце. Вызваліце нашых выбарных, якіх вы арыштавалі”.
На гэта начальнік края толькі адказаў:
— Мною было дадзена распараджэньне, каб выбарных, якія асталіся на свабодзе, не арыштоўвалі, калі няма дастатковых аргумэнтаў для арышту...
Пад націскам рабочых, якія патрабавалі вызваленьня зьняволеных, частка выбарных была вызвалена: Карнееў, Падзаходнікаў і яшчэ некалькі таварышаў з Бадайбінскай турмы. Прывезены былі для допыту з Кірэнскай турмы Везавой, Жураваў-Іваноў, Думпе, Розенберг і інш. Пасьля допыту былі пакінуты ў Бадайбінскай турме толькі Думпе і Розенберг, а астатніх кірэнцаў вызвалілі. Потым нас, якія знаходзіліся ў Бадайбінскай турме, пяць чалавек: Зеленка, Папова, Думпе, Розенберга і мяне, адправілі па месцу прыпіскі пад асобы нагляд.
Змякчаючы стварыўшаеся становішча, Князеў настойваў на тым, каб рабочыя сталі на работу. Рабочыя, фактычна не дабіўшыся нічога, не здавалі сваіх пазыцый і да работ не прыступалі. „Лензота” таксама не ішло на ўступкі. Князеў. вымушан быў пакінуць прыіскі.
Неўзабаве пасьля Князева ў Бадайбо прыехалі абаронцы-юрысты.
Імкнучыся набыць славу і прымірыць непрымірымае, юрысты прыкладалі ўсе намаганьні, каб накіраваць забастоўку ў русла кампрамісаў і ліквідаваць яе. Яны спрабавалі затушаваць разгарнуўшуюся клясавую барацьбу, замазаць палітычнае значэньне ленскай забастоўкі, таму яны выпячвалі эканамічныя правапарушэньні у ленскай адміністрацыі. Гэта давала магчымасьць выйграць у грамадзянскіх ісках прыіскацеляў. Ленскія рабочыя, даведаўшыся, што прыехаўшыя юрысты — меншавікі і эсэры, пісалі нам у турму аб іх паводзінах і запытвалі нашу думку.
Мы з Зёленка напісалі з турмы аб‘ёмістае пісьмо, у якім раілі не ісьці ні на якія кампрамісы, настойліва дабівацца задавальненьня прэтэнзій і вывазу з прыіскаў, не даваць паўнамоцтваў юрыстам ад імя рабочых, не выносіць прынцыповых рашэньняў без ведама забастовачнага камітэта, патрабаваць нашага вызваленьня з турмы.
Нам было вядома, што Керэнскі на Аляксандраўскім прыіску, сабраўшы прыіскацеляў без ведама выбарных, зьвярнуўся з прамоваю да рабочых, але рабочыя не далі яму гаварыць і закрычалі:
— Годзе... Чулі мы ўсякія гутаркі... Годзе... Хто б ні прыехаў сюды, усякі стараецца нас угаварыць стаць на работу...
Не чакаючы такога прыёму, Керэнскі заплакаў, са злосьцю кінуў капялюш аб зямлю і гістэрычна закрычаў:
— Зачым жа я ехаў сюды, за тысячы вёрст!
Гэта зрабіла на рабочых уражаньне, і яны мякчэй сказалі:
— Няма чаго крычаць, гавары з выбарнымі, прынясі ад іх запіску, тады і гавары.
Так рабочыя сустрэлі юрыстаў.
Неўзабаве было прад’яўлена два або тры іскі да Ленскага таварыства, справа слухалася ў Бадайбо, у міравога суддзі Рэйна. Бок іскаў падтрымліваў пры-сйжны павераны Патушынскі, бок адказчыка вёў пры-сяжаны павераны Перэломаў. Іскі Патушынскім былі выйграны ў карысць рабочых. Тады рабочыя перака-наліся, што абаронцы прыехалі аказаць рабочым юры-дычную дапамогу. 3 гэтага моманту марка юрыстаў паднялася ў вачах рабочых.
За юрыстамі неўзабаве прыбыў сэнатар Манухін, які наведаў турму.
Мяне выклікалі ў турэмную кантору. За сталом сядзеў фанабэрысты сівы пан. Ён, акінуўшы мяне мутным поглядам, прапанаваў сесьці і замармытаў:
— Манарху было прыемна выбраць высокапастаўленую асобу, даць ёй сваё высачайшае давер’е і паслаць на прыіскі для расьсьледаваньня цяжкіх падзей у ленскай тайзе. Таму я прашу гаварыць толькі адну праўду, гэта будзе трымацца ў стражэйшым сакрэце ад судовых улад, якім вы будзеце даваць паказаньні зразумела з больш выгаднага боку.
— Мы не барышнікі, — адказаў я, — і выгод на прыісках не шукаем. Для таго каб пазбавіць вас усякіх падстаў недавер‘я, я заяўляю: я прымаў актыўны ўдзел як кіраўнік забастоўкі, не баюся суда царскага ўрада і т. д.
Перад ім я пасьлядоўна выклаў пункт за пунктам, Як парушала дагавор „Лензота”, у такой жа пасьлядоўнасьці расказаў, як нас справакавалі, указваючы даты і дзеяньні ўладаў.
Гэта я ведаю з газэт, — гаварыў ён, — і таму я гэтага запісваць не буду.
Трое сутак я аб’ясьняў яму ход нашай забастоўкі. Нарэшце ён дабраўся да пункту аб грошах.
— А колькі ў вас было грошай, калі вы спынілі работы?
Зло разьбірала мяне, і я адказаў:
— Вы ўсё з газэт ведаеце, а пра якія вы грошы пытаеце? Не вялікія ж вашы паўнамоцтвы, калі цар паслаў запытаць, колькі ў ленскага рабочага аставалася ў кішэні грошай. Дарэмна вы ехалі, я змог бы вам тэлеграфам паведаміць, колькі ў мяне было грошай сваіх і сколькі агульных.
— А гэта якіх агульных? — запытаў сэнатар.
— А такіх, калі царскі ўрад, называючы нас мярзотнікамі, адмаўляў у харчах, асуджваючы на голад і выганяў на мароз, асуджваючы на гібель, дык вось гэтыя мярзотнікі сабралі свае капейкі і дапамагалі афярам свавольства. Гэтага, як відаць, вы ў газэтах не чыталі, дык запішыце, і я падпішу.
Далёка за поўнач на трэція суткі скончыўся допыт. Сэнатар сьпяшаўся на прыіскі.
Пасьля допыту зьняволеных па справе забастоўкі сэнатарская камісія выехала на прыіскі, дзе праводзіла сьледзтва. Камісія адносілася чыста фармальна да заяў рабочых аб правапарушэньнях Ленскага таварыства.
Так вялося „аб’ектыўнае расьсьледаваньне падзей на прыісках. Да гэтага часу сэнатар Манухін і прысяжныя павераныя пайшлі адзіным фронтам на рабочых.
Сэнатар Манухін у інтарэсах сьледзтва затрымаў эвакуацыю рабочых, прысяжныя павераныя стараліся завэрбаваць на свой бок эсэраў, меншавікоў і некаторых рэвалюцыйна-настроеных рабочых, каб у далейшым, кіруючы забастоўкай, ліквідаваць яе. Але яны сустрэлі супраціўленьне з боку бальшавікоў.
Так або інакш — сэнатар Манухін, акруговы інжынэр Тульчынскі прысяжныя павераныя Керэнскі, Патушынскі, Цюшэўскі, Нікіцін і Кобяк ішлі адзіным фронтам, настойваючы на тым, каб хоць часова рабочыя прыступілі да работ „у інтарэсах следзтва”, пакуль будуць выпрацаваны новыя ўмовы найму. Забастовачны камітэт (старшынёй забастовачнага камітэта ў гэты час быў бальшавік Чэрэпахін) дазволіў часова прыступіць да работ на Феадосіеўскім прыіску, дагаварыўшыся з рабочымі, каб па першаму патрабаваньню яны кінулі працаваць.
Прапрацаваўшы 18 дзён, рабочыя ўстанавілі, што ўмовы працы ніколькі не зьмяніліся, а пазыцыі „Лензота” ўмацоўваліся. Аб узьмяшчэньні рабочым за ўвесь пэрыяд забастоўкі і за парушэньне дагавору з рабочымі „Лензота” і не думала, мяркуючы, што раз Феадосіеўскі прыіск працуе, то вельмі магчыма, што прыступяць да работ і іншыя прыіскі і забастоўку можна будзе лічыць ліквідаванай.
Адцягваючы ўсякімі спосабамі час эквакуацыі, „Лензота”, сэнатар Манухін і юрысты стараліся ўнесьці рознагалосьсі ў асяродзьдзе кіраўнікоў забастоўкі, раскалоць адзінства бастуючых, тым самым парушыць сярод іх дысцыпліну і такім чынам зьвесьці забастоўку да нуля. Бальшавікі, якія ўжо мелі вопыт 24 сакавіка з Тульчынскім, сказалі: „Даволі нас абманваць. Сьледзтва па зробленаму злачынству на прыісках лічым у дадзены момант скончаным, няхай судзіць гісторыя; спыняючы работы, патрабуем неадкладнай эвакуацыі”.
Толькі велізарная папярэдняя арганізацыйная работа і цяжкая барацьба, пралітая нявінная кроў рабочых выкавалі жалезную дысцыпліну і волю прыіскацеляў. Яны па першай пастанове палезьлі ў шахты і па першаму ж патрабаваньню забастовачнага камітэта кінулі працаваць, апошні раз прадэманстраваўшы сваё беспаваротнае рашэньне пакінуць прыіскі і вызваліцца ад прыгнёту, які называецца „дваццаць год тайгі“.
Пад канвоем ад Бадайбо да Тулы
Неўзабаве нас, г. зн. Зеленка, Папова, Розенберга і мяне, перавялі ў „казачую” для высылкі з Бадайбо. Праз два тыдні прыбыў канвой. Нас вялі на параход. Рабочыя прыіскаў і жыхары Бадайбо праводзілі нас да парахода і пажадалі нам шчасьця і посьпехаў на новым месцы. Параход даў сьвісток і, адчальваючы, рушыў уперад, аддзяляючы ад тых месцаў, дзе мы змагаліся і пакінулі брацкія магілы таварышаў, не дажыўшых да сьветлых дзён дыктатуры пралетарыяту.
У Віціме нас сустрэў Валошын, дэпутат Іванаўскага прыіска.
— Вось чорт цябе бяры! Па дарозе мяне арыштавалі, прымаючы за цябе, — сказаў ён, паціскаючы мне руку, — прышлося даказваць, што я зусім не Баташэў, а ссыльны Валошын.
Тут было многа віцімскіх ссыльных, паміж іх быў і Сазонаў, які потым быў чэхаславацкім міністрам часовага сыбірскага ўрада Калчака.
— Мы падрыхтавалі пабег. Хочаш уцякаць? — запытаў Сазонаў.
Я ад гэтай любезнасьці адмовіўся, таму што лічыў, што пабег не прывёў бы ні да чаго добрага. Усе дэпутаты чакалі царскага суда, каб на ім раскрыць перад пралетарыятам праўду, за што змагаліся ленскія рабочыя.
У Кірэнску нас высадзілі на бераг і пасадзілі ў перасыльны барак у чаканьні далейшага пераезду лодачным шляхам уверх па рацэ Лене. Вязьлі нас на лодках пад узмоцненым канвоем. Канвой быў добры, канваіруючыя давалі нам поўную свабоду ў дарозе. На кожным “станку“, дзе спыняліся, мы бесьперашкодна хадзілі па вёсцы, заказвалі самавары, гатавалі на кастрах страву.
Лічу не лішнім расказаць аб маім прыбыцьці ў Жыгалава. Здалёк, пад’яжджаючы да Жыгалава, я заўважыў раскінутыя шатры, кастры, па беразе хадзіла многа людзей: гэта былі вывезеныя прыіскацелі. Яны стаялі тут ужо некалькі дзён, чакаючы падвод. Мы яшчэ не даехалі. да прыстані, але прыіскацелі, убачыўшы лодку з канвойнымі і з арыштаванымі, пазналі мяне, і, кінуўшыся да шатроў, закрычалі: „Баташэва вязуць”. Рабочыя і жанчыны ішлі па беразе побач з лодкай, крычалі, пытаючы, куды вязуць.
— Баташэў, не разгаварвай, — рэзка крыкнуў начальнік канвоя.
— Добра, — адказаў я.
Лодка прычаліла да берагу. Уперадзе нас ішлі тры салдаты, па баках па два і ззаду — таксама трое і начальнік.
Калі мы адышлі ад берагу сажняў трыццаць, то рабочыя загарадзілі нам дарогу і ззаду і сьпераду. Тысячны натоўп акружыў нас, а далей ісьці было ўжо немагчыма. Салдаты крычалі: “Дарогу, дарогу”. Нам далі толькі адысьці крыху ад берагу, а потым ужо крыкі не дзейнічалі. Салдаты пераглядваліся, бледныя і замяшаныя, і не ведалі, што рабіць. Начальнік канвоя не сказаў ні слова. Пярэднія канваіры ўжо прасілі прапусьціць, але ў натоўпе загрымелі крыкі.
— Куды... годзе... Мы больш вас чакалі, можна і не сьпяшацца, дай пагутарыць... і т. д.
Я мог лёгка скрыцца ў натоўпе, але мне нельга было гэтага зрабіць па той простай прычыне, што было вырашана: “мы павінны ўсе зьявіцца на суд”.
— Начальнік дазволіў спатканьне, — сказаў я акружыўшым нас рабочым. — Можна прыходзіць па пяць, па дзесяць чалавек. Не раней як праз гадзіну, бо ні салдаты, ні мы яшчэ не вячэралі. А цяпер жадаю вам шчасьця і посьпеху на новым месцы... “Ц. Б. Надзежда”...
Расступіліся рабочыя, і ачышчаная дарога прадстаўляла сабой жывую сьцяну да этапкі.
На працягу гадзіны ў нас былі старасты, якія не былі арыштаванымі. Мясцовыя палітычныя ссыльныя прасілі начальніка канвоя, каб апошні адпусьціў мяне да іх у госьці (у Сыбіры, у этапках гэта практыкавалася, пускалі ў госьці).
Прышоўшы да ссыльных, дзе частавалі канвойнага, я ўсю ноч пад сьвежым уражаньнем грунтоўна дакладваў, як працякала забастоўка на Лене і якія формы прымала барацьба ў працэсе забастоўкі.
На золаку, калі падрыхтоўвалі лодкі для нашага адпраўленьня, мы зноў сустрэліся з рабочымі. Нас было трое: я, Валодзя Кас’янаў, палітссыльны, які накіроўваўся ў Іркуцкую турму па справе аддзяленьня Расіі ад Сыбіры, і нейкі падробнік вэксаляў. Як толькі адчынілі вароты этапкі, мы ўбачылі рабочых. Іх было вельмі многа і яны, ласкава разьвітваючыся, гаварылі: „будзеш у Расіі, ведай, што мы ўсюды раскажам, як з намі абыходзіліся царскія чыноўнікі”. Да самай лодкі цягнуліся рабочыя, жанчыны, дзеці. Яны давалі нам каўбасу, вянгліну, рыбу, грошы.
— Да пабачэньня, дарагія таварышы... Шлях барацьбы яшчэ доўгі, дзе-небудзь сустрэнемся. Дзякуй вам за ўсё. Жадаю посьпеху ва ўсім. Не памінайце ліхам.
— Да пабачэньня, таварыш Баташэў, — загучэлі крыкі па берагах Лены. Гэта было разьвітальнае брацкае прывітаньне.
— Да новай сустрэчы; да новай барацьбы!
Узыходзячае сонца залаціла ваду.
— Пайшоў уперад! — крыкнуў пагоншчык на каня, і лодка засьлізгала ўверх па Лене. Аддаляючыся ад прыстані, я сумна глядзеў на рабочых, якія махалі капелюшамі, хусткамі, праваджаючы свайго дэпутата з якім разам правялі многа гераічных месяцаў барацьбы.
Да Качуга ехалі на лодках, ад Качуга да Іркуцка на конях. У Іркуцкай турме я зрабіў даклад паліткатаржанам. Ад Кірэнска да Іркуцка я пабываў ва ўсіх этапках. Ад Іркуцка праз Краснаярск, Нованікалаеўск, Чэлябінск, Самару прыбыў у Тулу, дзе быў вызвалены з астаўленьнем пад асобым наглядам.
Ад Бадайбо да Тулы я ішоў больш двух месяцаў, усюды расказваючы аб падзеях на Лене, сеючы нянавісьць да царызму.
Вось усё, што было 21 год назад. Многага я не асьвятліў, многае змылася часам, але самае жыцьцё на Ленскіх прыісках, пачынаючы з моманту паступленьня на работу і па дзень свайго арышту, у галоўных яго рысах я расказаў, як мог, і думаю, што чытач ацэніць велізарнейшую стойкасьць, самаадданасьць і гераізм ленскіх рабочых, адрэзаных ад ўсяго сьвету, але не ўступіўшых у барацьбе з капіталістамі.
Пасьля расстрэлу ні начальнік края, ні сэнатар, ні пракурор, ні патэнтованыя дыпляматы з эсэраў і меншавікоў, шчыра выконваючыя сваю службу буржуазіі, не маглі ўгаварыць рабочых стаць на работы і зноў ператварыцца ў ленскіх рабоў. Кідаючы прыіскі, рабочыя заявілі:
— Нам сорамна раніць крывавую зямлю, дзе пакояцца нашы таварышы, забітыя, з загадзя абдуманым намерам, царскімі войскамі. Мы пакідаем прыіскі для таго, каб там, на фабрыках, заводах, у вёсцы, расказаць, што няма праўды ў капіталістычным ладзе.
4 красавіка 1912 г. запаліла масы рэвалюцыйным агнём і на выгук міністра ўнутраных спраў: “Так было і так будзе надалей”, пралетарыят Расіі адказаў рэвалюцыйнай барацьбой: „Так было, але будзе інакш!”
Пралетарыят, кіруемы бальшавіцкай партыяй, праз пяць год у кастрычніку 1917 г. скінуў ярмо капіталістаў дзеля таго, каб разам з працоўным сялянствам будаваць бясклясавае грамадзтва, зьніштожыць прыгнечаньня чалавека чалавекам.
********
********
Дадатак
Сёньня на Лене
— Як жыве цяпер раён, у якім роўна 23 гады назад адбылася крывавая трагедыя ленскага расстрэлу (17 красавіка 1912 г.)?
З гэтым пытаньнем наш супрацоўнік зьвярнуўся да прыехаўшага нядаўна з Лены галоўнага інжынэра трэста „Лензолата” В. В. Селіхаўкіна.
— Дарога на Лену ляжыць ад Іркуцка на поўнач. Спачатку трэба праехаць 250 кілямэтраў на аўтамашыне да ленскай прыстані Кагуч. Адтуль — каля 2000 кілямэтраў воднага шляху па Лене і Віціму. Гэты шлях летам удаецца праехаць за 25-40 дзён; зімой жа пошта ідзе 15 дзён, а абозы амаль 2 месяцы. Для тэрміновых перавозак там карыстаюцца паветранай сувязьзю, прычым пералёт прадаўжаецца каля сутак. У канцы гэтага шляху стаіць горад Бадайбо. Ён выцягнуўся ўдоўж берагу ракі Віцім. У Бадайбо — 7000 жыхароў. Удоўж усяго горада цягнецца чыгунка. У гэтым годзе значна расшыраны у Бадайбо клюб, пабудавана нават сцэна, якая можа паварочвацца. Толькі што адкрыта гукавое кіно.
Прыіскі зьвязаны з Бадайбо 110-кілямэтравай чыгункай. Ад канцавой станцыі гэтай дарогі на дальнія прыіскі вядзе нядаўна адрамантаваны аўтагужавы тракт.
Калі праехаць па чыгунцы з Бадайбо каля 70 кілямэтраў, можна папасьці на станцыю Апрэльскую. Тут быў некалі прыіск Надзеждзінскі, на якім у красавіку 1912 г. адбыліся крывавыя падзеі.
Асноўная колькасьць золата здабываецца трэстам „Лензолата” на новых плошчах Сьветлага, Арцёмаўскага і Ленінскага кіраўніцтваў, дзе створаны новыя магутныя шахты. На зьмену зьнясільваючай мускульнай працы прыйшла мэханізацыя. На шахтах абсталяваны электрычныя пад’ёмнікі і электраправодка, уведзена кампрэсарнае бурэньне, устаноўлены мэханізаваныя прамывачныя прыборы і электрычны водаадліў. Уведзены новыя, невядомыя раней у гэтым раёне гідраўлічныя мэтады работы, У распараджэньні трэста ёсьць зараз 7 буйных гідраўлікаў і буйнейшая ў Саюзе электрадрага. Цяжкая праца рабочага пры праходцы руслаадводных каналаў аблегчана прымяненьнем экскаватараў. Круглы год працуюць амэрыканскія мэханізаваныя шлюзы.
Прыіск на Лене цяпер прадстаўляе сабой тыповае індустрыяльнае прадпрыемства. Уночы ён заліты электрычным сьвятлом. Гудзяць лябёдкі электрычных пад‘ёмнікаў, лязгаюць каўшы пескапад‘ёмных і галькапад‘ёмных элеватараў, бесьперапынна бягуць ваганэткі. Гэты індустрыяльны пэйзаж зусім не падобны на звычайны выгляд золатапрамысловага прадпрыемства царскай Расіі.
Усё насельніцтва Бадайбінскага раёна — 35009 чалавек— у той або іншай ступені звязана са здабычай золата.
У васьмі кілямэтрах ад быўшага Надзеждзінскага прыіска знаходзіцца станцыя Ленінская. Удоўж лініі чыгункі цягнецца вуліца, на якой распаложаны старыя баракі і новыя дамы. Але баракі — гэта ўжо ўчарашні дзень прыіскавага быту. Большасьць з іх перароблена ў інтэрнаты калідорнага тыпу, з асобнымі пакоямі. Побач са старымі пабудовамі стаяць новыя чатырохкватэрныя дамы. Паступова гэты тып рабочага жыльля зусім выцясьняе баракі.
У цэнтры пасёлка знаходзіцца агульная сталоўка, якая працуе круглыя суткі. На вуліцы — некалькі магазынаў і кантора ўпраўленьня, а ў канцы пасёлка — утульна абсталяваны рабочы клюб. Пры клюбе — вялікая бібліятэка і гукавое кіно, дзе ў лютым гэтага года дэманстраваўся „Чапаеў“, аб якім з захапленьнем гаварылі рабочыя. Трансляцыйны вузел Ленінскага прыіска штодзённа перадае маскоўскія канцэрты; у дамах і на шахтах ёсьць рэпрадуктары.
Дзеці рабочых жывуць у ясьлях і наведваюць школу — чатырохгодку, а старэйшыя вучацца ў дзесяцігодцы станцыі Апрэльскай. Туды два разы ўдзень ідуць спэцыяльныя паязды.
У Бадайбінскім раёне — 5 больніц і цэлы рад амбуляторных пунктаў. З 1 мая ў Бадайбо пачне функцыянаваць фізіятэрапэўтычны інстытут з габінэтамі для вода- сьветла- і электралячэньня. Так жыве Бадайбінскі раён, які павялічыў за апошнія тры гады здабычу золата амаль у 5 раз. За гэтыя ж 3 гады вывучана сыравінная база раёна і праведзены улік запасаў золата, які не толькі абвяргае ўсякія гутаркі аб зьбядненьні ленскіх россыпаў, але і ставіць гэты раён на першае месца ў сьвеце па пэрспэктывах рассыпной здабычы.
У 1932 г., па ўказаньню акадэміка Абручова, наша разьведка выявіла буйнейшыя месцазнаходжаньні руднага золата на гальцы Высачэйшым, што яшчэ больш умацавала сыравінную базу раёна.
(„Известия” ад 17 красавіка 1935 г., № 92 (5645).
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz