piątek, 6 sierpnia 2021

ЎЎЎ В. І. Ленін ды І. В. Сталін. Аб Ленскіх падзеях. Койданава. "Кальвіна". 2021.


 

    В. І. Ленін

                                                         ПАЧАТАК ДЭМАНСТРАЦЫЙ

    Пасьля трох год рэвалюцыі, з 1906 па 1907 год, Расія перажыла тры годы контррэвалюцыі, з 1908 па 1910 год, тры годы чорнай Думы, разгулу насільля і бяспраўнасьці, націску капіталістаў на рабочых, адняцьця тых заваяваньняў, якія рабочымі былі зроблены. Царскае Самадзяржаўе, толькі надламанае, але не зьнішчанае ў 1905 годзе, сабралася з сіламі, злучылася з памешчыкамі і капіталістамі ў III Думе і зноў увяло ў Расіі старыя парадкі. Яшчэ мацнейшым стаў гнёт капіталістаў над рабочымі, яшчэ наглейшымі беззаконьні і праізвол чыноўнікаў у горадзе і, асабліва, у вёсцы, яшчэ больш лютай расправа з барацьбітамі за свабоду, яшчэ больш частымі пакараньні сьмерцю. Царскі ўрад, памешчыкі і капіталісты шалёна помсьцілі рэвалюцыйным клясам, і пралетарыяту ў першую чаргу, за рэвалюцыю, — нібы сьпяшаючыся выкарыстаць перарыў масавай барацьбы для зьнішчэньня сваіх ворагаў.

    Але бываюць такія ворагі, якіх можна ў некалькіх бітвах разьбіць, можна прыдавіць на нейкі час, але нельга зьнішчыць. Поўная перамога рэвалюцыі цалкам магчыма, і такая перамога зусім зьнішчыла б царскую манархію, зьмяла б з твару зямлі прыгоньнікаў-памешчыкаў, перадала б усе іх землі без выкупу сялянам, замяніла б чыноўніцкае ўпраўленьне дэмакратычным самаўпраўленьнем і палітычнай свабодай. Такія пераўтварэньні не толькі магчымы, яны неабходны ў кожнай краіне ў XX веку, яны зроблены ўжо ва ўсіх эўрапейскіх дзяржавах больш ці менш поўна, цаной больш ці менш доўгай і ўпорнай барацьбы.

    Але ніякія, нават самыя поўныя перамогі рэакцыі, ніякае таржаство контррэвалюцыі не можа зьнішчыць ворагаў царскага самадзяржаўя, ворагаў памешчыцкага і капіталістычнага гнёту, таму што ворагі гэтыя — мільёны рабочых, якія ўсё больш скапляюцца ў гарадах і на буйных фабрыках, заводах, чыгунках. Ворагі гэтыя — разараемае сялянства, якому яшчэ ў многа раз цяжэй жывецца цяпер, пры злучэньні земскіх начальнікаў і багатых сялян для грабяжу па закону, для адняцьця сялянскай зямлі са згоды памешчыцкай Думы, пад абаронай усіх памешчыцкіх і ваенных улад. Такіх ворагаў, яік рабочы кляс, як сялянская бедната, зьнішчыць нельга.

    І мы бачым цяпер, як пасьля трох год самага бесшабашнага разгулу контррэвалюцыі народныя масы, больш за ўсё прыгнечаныя, прыдаўленыя, забітыя, запалоханыя ўсякага віду прасьледаваньнямі, зноў пачынаюць падымаць галаву, зноў прачынаюцца і пачынаюць брацца за барацьбу. Тры годы сьмяротных кар, прасьледаваньняў, дзікіх распраў зьнішчылі дзесяткі тысяч адных “ворагаў” самадзяржаўя, заняволіўшы ў турмах і выслаўшы ў ссылку сотні тысяч другіх, запалохалі яшчэ сотні і сотні тысяч трэціх. Але мільёны і дзесяткі мільёнаў цяпер ужо не тыя, чым яны былі да рэвалюцыі. Гэтыя мільёны ніколі яшчэ ў гісторыі Расіі не перажывалі такіх павучальных, наглядных урокаў, такой адкрытай барацьбы клясаў. Што ў гэтых мільёнах і дзесятках мільёнаў пачалося новае глыбокае, глухое бражэньне, — гэта відаць з летніх стачак бягучага года і з нядаўніх дэманстрацый.

    Рабочыя стачкі ў Расіі і ў часе падрыхтоўкі рэвалюцыі і ў часе самой рэвалюцыі былі самым пашыраным сродкам барацьбы пралетарыяту, гэтага перадавога кляса, які адзін толькі зьяўляецца да канца рэвалюцыйным клясам у сучасным грамадзтве. Эканамічныя і палітычныя стачкі, то чаргуючыся адны з другімі, то пераплятаючыся ў адно неразрыўнае цэлае, згуртоўвалі масы рабочых супроць кляса капіталістаў і самадзяржаўнага ўрада, уносілі бражэньне ва ўсё грамадзтва, падымалі на барацьбу сялянства.

    Калі ў 1895 годзе пачаліся няспынныя масавыя стачкі, гэта было пачаткам паласы падрыхтоўкі народнай рэвалюцыі. Калі ў студзені 1905 года ў адзін месяц лік стачачнікаў перайшоў за 400 тысяч, гэта было пачаткам самой рэвалюцыі. Усе тры годы рэвалюцыі лік стачачнікаў, паступова падаючы (амаль 3 мільёны ў 1905 г., 1 мільён у 1906, ¾ мільёна ў 1907 г.), быў такі высокі, як ніколі яшчэ не быў ні ў адной краіне ў сьвеце.

    Калі ў 1908 годзе лік стачачнікаў рэзка ўпаў адразу (174 тысячы) і яшчэ больш рэзка ў 1909 г. (64 тысячы), гэта азначала канец першай рэвалюцыі або вярней першай паласы рэвалюцыі.

    І вось, з лета бягучага года пачынаецца зноў уздым. Лік эканамічных стачачнікаў узрастае і ўзрастае вельмі моцна. Паласа поўнага панаваньня чарнасоценнай рэакцыі скончылася. Пачынаецца паласа новага ўздыму. Пралетарыят, які адступаў — хоць і з вялікімі перарывамі — з 1905 па 1909 год, зьбіраецца з сіламі і пачынае пераходзіць у наступленьне. Ажыўленьне ў некаторых галінах прамысловасьці зараз жа вядзе да ажыўленьня пралетарскай барацьбы.

    Пралетарыят пачаў. Іншыя, буржуазныя, дэмакратычныя клясы і слаі насельніцтва, прадаўжаюць. Сьмерць умерана-лібэральнага, чуждага дэмакратыі, старшыні I Думы, Мурамцэва, выклікае першы нясьмелы пачатак маніфэстацый. Сьмерць Льва Талстога выклікае — упершыню пасьля доўгага перарыву — вулічныя дэманстрацыі з удзелам пераважна студэнцтва, але часткова таксама і рабочых. Спыненьне работы цэлым радам фабрык і заводаў у дзень пахаваньня Талстога паказвае пачатак, хоць і вельмі скромны, дэманстратыўных забастовак.

    У самы апошні час зьверствы царскіх турэмшчыкаў, катаваўшых у Волагдзе і Зерэнтуі нашых таварышаў катаржан, прасьледуемых за іх геройскую барацьбу ў рэвалюцыі, паднялі яшчэ вышэй бражэньне сярод студэнтаў. Усюды ў Расіі адбываюцца сходкі і мітынгі, паліцыя сілай урываецца ва ўнівэрсытэты, зьбівае навучаючыхся, арыштоўвае іх, прасьледуе газэты за малейшае праўдзівае слова аб хваляваньнях і ўсім гэтым толькі ўзмацняе хваляваньні.

    Пралетарыят пачаў. Дэмакратычная моладзь прадаўжае. Рускі народ прачынаецца да новай барацьбы, ідзе насустрач новай рэвалюцыі.

    Першы ж пачатак барацьбы паказаў нам зноў, што жывы тыя сілы, якія пахіснулі царскую ўладу ў 1905 г. і якія разбураць яе ў гэтай надыходзячай рэвалюцыі. Першы ж пачатак барацьбы паказаў нам зноў значэньне масавага руху. Ніякія прасьледаваньні, ніякія расправы не могуць спыніць руху, калі падняліся масы, калі пачалі варушыцца мільёны. Прасьледаваньні толькі распальваюць барацьбу, уцягваюць у яе новыя і новыя рады барацьбітоў. Ніякія замахі тэрарыстаў не памогуць прыгнечаным масам, і ніякія сілы на зямлі не спыняць мас, калі яны падымуцца.

    Цяпер яны пачалі падымацца. Гэты ўздым, можа быць, пойдзе быстра, — можа быць, пойдзе павольна і з перарывамі, але ён, ва ўсякім выпадку, ідзе да рэвалюцыі. Рускі пралетарыят ішоў уперадзе ўсіх у 1905 годзе. Успамінаючы гэтае слаўнае мінулае, ён павінен напружыць цяпер усе намаганьні, каб аднавіць, умацаваць, разьвіць сваю аірганізацыю, сваю партыю, Расійскую Сацыял-Дэмакратычную Рабочую Партыю. Наша партыя перажывае цяпер трудныя дні, але яна непераможна, як непераможны пралетарыят.

    За работу ж, таварышы! Бярыцеся скрозь і ўсюды за пабудову арганізацый, за стварэньне і ўмацаваньне рабочых с.-д. партыйных ячэек, за разьвіцьцё эканамічнай і палітычнай агітацыі. У першай рускай рэвалюцыі пралетарыят навучыў народныя масы змагацца за свабоду, у другой рэвалюцыі ён павінен прывесьці іх да перамогі!

    Творы, т. XIV, стар. 391-393.

    *

    В. І. Ленін

                                                ВЫБАРЧАЯ ПЛЯТФОРМА Р.С.-Д.Р.П. (1)

    [(1) “Выбарчая плятформа Р.С.-Д.Р.П.” была выдана лістоўкай у выглядзе дадатка да № 26 “Сацыял-дэмакрата”—цэнтральнага органа бальшавіцкай партыі. Перасланая ў Расію плятформа “была перавыдана ў радзе гарадоў.]

    Сакавік 1912 года.

    Таварышы-рабочыя і ўсе грамадзяне Расіі!

    У самым недалёкім будучым прадстаяць выбары ў IV Дзяржаўную Думу. І розныя палітычныя партыі і сам урад з усіх сіл рыхтуюцца ўжо да выбараў. Партыя сьвядомага пралетарыяту, якая сваёй слаўнай барацьбой 1905 года нанесла першы сур’ёзны ўдар царызму і вырвала ў яго прадстаўнічыя ўстановы, Расійская Сацыял-Дэмакратычная Рабочая Партыя заклікае ўсіх і кожнага, як маючых выбарчыя правы, так і велізарную большасьць “бяспраўных” прыняць самы энэргічны ўдзел у выбарах. Усе тыя,хто імкнецца да вызваленьня рабочага кляса ад наёмнага рабства, усе тыя, каму дорага справа рускай свабоды, павінны ўзяцца неадкладна за работу, каб і на. выбарах у чацьвертую, памешчыцкую, Думу згуртаваць і ўмацаваць барацьбітоў за свабоду, рушыць уперад сьвядомасьць і арганізаванасьць расійскай дэмакратыі.

    Пяць год прайшло з часу дзяржаўнага перавароту 3-га чэрвеня 1907 г., калі Нікалай Крывавы, цар хадынскі, “пераможнік і зьнішчальнік” першай і другой Думы, адкінуў у бок свае клятвы, абяцаньні і маніфэсты, каб разам з чорнай сотняй памешчыкаў, разам з акцябрысцкімі купцамі пачаць помсьціць рабочаму клясу і ўсім рэвалюцыйным элемэнтам Расіі, г. зн. велізарнай большасьці народа, за пяты год.

    Помстай за рэвалюцыю адзначана ўся эпоха III Думы. Ніколі яшчэ не было ў Расіі такога разгулу прасьледаваньняў з боку царызму, і шыбеніцы за гэтыя пяць год пабілі рэкорд трох стагоддзяў рускай гісторыі. Месцы ссылкі, катаргі і турмы перапоўніліся палітыкамі, як ніколі, і ніколі не прымяняліся да пераможаных такія пакараньні і катаваньні, як пры Нікалаі II. Ніколі не было такога разгулу казнакрадзтва, такога бясчынства і праізволу чыноўнікаў — якім ўсё сходзіць з рук за рэцівасьць у барацьбе з “крамолай”, такога зьдзеку над абывацелем наогул і над мужыком у асаблівасьці з боку любога прадстаўніка ўлады. Ніколі яшчэ не травілі з такім запоем, з такой злобай, з такой бесшабашнасьцю яўрэяў, а ўсьлед за імі і іншыя народнасьці, якія не належаць да пануючай нацыі.

    Антысэмітызм і самы грубы нацыяналізм сталі адзінай палітычнай плятформай партый урада, а фігура Пурышкевіча стала адзіна поўным, цэльным, правільным выражэньнем усіх прыёмаў упраўленьня цяперашняй царскай манархіі.

    І які ж рэзультат гэтых шаленстваў контррэвалюцыі?

    Нават у “вышэйшыя”, эксплюятатарскія, клясы грамадзтва пранікае сазнаньне, што так больш жыць нельга. Самі акцябрысты, — панаваўшая ў ІІІ Думе партыя, партыя памешчыка і купца, які напалоханы рэвалюцыяй і прасмыкаецца перад начальствам, усё больш і больш, у сваім уласным друку, выражаюць перакананьне ў тым, што цар і дваране, якім акцябрысты служылі верай і праўдай, завялі Расію ў тупік.

    Быў час, калі царская манархія зьяўлялася эўрапейскім жандарам, ахоўваючы рэакцыю ў Расіі і памагаючы насільствена падаўляюць усякі рух да свабоды ў Эўропе. Нікалай II давёў справу да таго, што цар зьяўляецца цяпер не толькі эўрапейскім, але і азіяцкім жандарам, які інтрыгамі, грашыма і самым зьверскім насільлем імкнецца падавіць усякі рух да свабоды ў Турцыі, Пэрсіі і Кітаі.

    Але ніякія зьверствы царызму не могуць спыніць разьвіцьця Расіі. Як ні ўродуюць, як ні калечаць Расію Пурышкевічы,, Раманавы, Маркавы, гэтыя прыгоньнікі-пасьледышы, яна ўсё ж ідзе ўперад, і з кожным крокам разьвіцьця ўсё настойлівей становіцца патрабаваньне палітычнай свабоды. Без палітычнай свабоды не можа жыць Расія, як і ні адна краіна ў XX веку. А хіба мысьліма чакаць палітычных рэформ ад царскай манархіі, калі цар разагнаў абедзьве першыя Думы і растаптаў нагамі свой жа маніфэст 17 кастрычніка 1905 г.? Хіба мысьлімы палітычныя рэформы ў сучаснай Расіі, калі над усякімі законамі зьдзекваецца чыноўніцкая шайка, ведаючы, што ўсё пакрые цар і яго прысныя? Хіба не бачым мы, як, карыстаючыся абаронай самога цара або яго радні, учора Іліёдар, сёньня Распуцін, учора Талмачоў, сёньня Хвастоў, учора Сталыпін, сёньня Макараў — топчуць нагамі ўсё і ўсякія законы? Хіба не бачым мы, што нават дробязныя, да сьмешнага мізэрныя “рэформы” памешчыцкай Думы, рэформы, накіраваныя на паднаўленьне і ўмацаваньне царскай улады, адвяргаюцца і ўродуюцца Дзяржаўным Саветам або асабістым указам Нікалая Крьівавага? Хіба не ведаем, што чарнасоценная банда забойцаў, з-за вугла страляючая ў дэпутатаў, няўгодных начальству, ссылаючая на катаргу с.-д. дэпутатаў II Думы, заўсёды рыхтуючая пагромы, усюды нагла грабячая казну, — карыстаецца асаблівай прыхільнасьцю цара і атрымліае ад яго дрэнна прыкрытую дапамогу, накіраваньне, кіраўніцтва? Паглядзіце на тое, што сталася пры Нікалаі Раманаве з асноўнымі палітычнымі патрабаваньнямі рускага народа, у імя якіх на працягу больш ¾ века ішлі на гераічную барацьбу лепшыя прадстаўнікі народа, у імя якіх у 1905 годзе падняліся мільёны. Ці сумяшчальна з анархіяй Раманавых усеагульнае, роўнае, прамое выбарчае права, калі нават не ўсеагульнае, не роўнае і не прамое выбарчае права ў першую і другую Думы было растаптана царызмам? Ці сумяшчальна з манархіяй цара свабода саюзаў, кааліцый, стачак, калі нават рэакцыйны уродлівы закон 4-га сакавіка 1906 года зьведен цалкам на нішто губэрнатарамі і міністрамі? Ці не гучаць як зьдзек словы маніфэста 17-га кастрычніка 1905 года аб “непахісных асновах грамадзянскай свабоды”, аб “сапраўднай недатыкальнасьці асобы”, аб “свабодзе совесьці, слова, сходаў, саюзаў”? Кожны дзень кожны “падданы” цара наглядае гэты зьдзек.

    Не! Даволі з нас лібэральнай хлусьні, быццам магчыма злучэньне свабоды і старой улады, быццам мысьлімы палітычныя рэформы пры царскай манархіі. Цяжкімі ўрокамі контррэвалюцыі паплаціўся рускі народ за гэтыя дзіцячыя ільлюзіі! Хто сур’ёзна і шчыра хоча палітычнай свабоды, той павінен горда і сьмела падняць сьцяг рэспублікі, і пад гэты сьцяг палітыка царска-памешчыцкай шайкі няўхільна будзе сьцягваць усе жывыя сілы рускай дэмакратыі.

    Быў час — і не так даўно — калі кліч: далоў самадзяржаўе! здаваўся надта перадавым для Расіі. Але Р.С.-Д.Р. Партыя кінула гэты кліч, рабочыя перадавых атрадаў падхапілі яго і разьнесьлі па ўсёй краіне; за 2-3 годы гэты кліч стаў “народнай пагаворкай”. За работу ж, таварышы-рабочыя і ўсе грамадзяне Расіі, хто нехоча, каб наша краіна пагрузла канчаткова ў застоі, дзікасьці, бяспраўнасьці і страшэннай галечы дзесяткаў мільёнаў і Расійскія сацыял-дэмакраты, расійскія рабочыя даб’юцца таго, каб народнай пагаворкай на Русі стала далоў царскую манархію! Няхай жыве дэмакратычная: рэспубліка расійская!

    Рабочыя! Успомніце 1905 год: стачачнай барацьбой вы паднялі да новага жыцьця, да сьвядомасьці, да свабоды мільёны працоўных. І дзесяцігодзьдзі царскіх рэформ не давалі, не могуць даць дзесятай долі тых палепшаньняў вашага жыцьця, якіх вы дабіліся тады барацьбой мас. Лёс праекта закона аб страхаваньні рабочых, зуродаванага — пры ўдзеле кадэтаў — памешчыцкай Думай, лішні раз паказаў, чаго могуць чакаць рабочыя “зьверху”.

    Контррэвалюцыі адняла амаль усе нашы заваяваньні, але яна не адняла і не зможа адняць сілы, бадзёрасьці, веры ў сваю справу ў рабочай моладзі, у растучага і мацнеючага ўсерасійскага пралетарыяту.

    Няхай жыве новая барацьба за палепшаньне жыцьця рабочых, якія не хочуць аставацца рабамі на катарзе фабрык і заводаў! Няхай жыве 8-мі гадзінны рабочы дзень! Хто хоча свабоды на Русі, той павінен памагчы таму класу, які выкапаў магілу царскай манархіі ў 1905 г. і які зваліць у гэтую магілу найвялікшага ворага ўсіх народаў Расіі ў будучую рускую рэвалюцыю.

    Сяляне! Вы пасылалі сваіх дэпутатаў трудавікоў у I і II Думу, верачы ў цара і спадзеючыся мірам дабіцца яго згоды на перадачу памешчыцкіх зямель народу. Вы маглі цяпер пераканацца ў тым, што цар — самы буйны памешчык у Расіі — у абароне памешчыкаў і чыноўнікаў не спыняецца ні перад якім парушэньнем клятвы, ні перад якім беззаконьнем, ні перад якім насільлем і крывяпраліцьцем. Ці цярпець яго паследышаў-прыгоньнікаў, ці пераносіць моўчкі зьдзекі і глум чыноўнікаў і паміраць сотнямі тысяч і мільёнамі ад мучэньняў голаду, ад пароджаных голадам і крайняй галечай хвароб, ці памерці ў барацьбе супроць царскай манархіі і царска-памешчыцкай Думы, каб заваяваць колькі-небудзь зноснае і чалавечае жыцьцё для нашых дзяцей? Вось пытаньне, якое паўстае перад рускімі сялянамі.

    І рабочая сацыял-дэмакратычная партыя кліча сялян на барацьбу за поўную свабоду, за пераход усіх памешчыцкіх зямель да сялян без усялага выкупу. Падачкамі не вылечыць сялянскай галечы, не выратаваць сялян ад голаду. Не міласьціны патрабуюць сяляне, а той зямлі, якую вякамі палівалі яны сваім потам і крывёй. Не апека начальства і цара патрэбна сялянам, а свабода ад чыноўнікаў і ад цара, свабода самім уладжваць свае справы.

    Няхай жа выбары ў IV Думу паслужаць для ўясьненьня палітычнага сазнаньня масы, для ўцягненьня іх зноў у рашучую барацьбу. Тры галоўныя партыі вядуць барацьбу на выбарах: 1) чарнасоценцы, 2) лібэралы і 3) сацыял-дэмакраты.

    Да чарнасоценцаў належаць і правыя, і “нацыяналісты”, і акцябрысты. Яны ўсе стаяць за ўрад — значыць, адрозьненьні паміж імі не могуць мець ніякага колькі-небудзь сур’ёзнага значэньня. Бязьлітасная барацьба з усімі гэтымі чарнасоценнымі партыямі — вось наш лёзунг!

    Лібэралы — гэта партыя кадэтаў (“канстытуцыйна-дэмакратычная” або “народнай свабоды”). Гэта партыя лібэральнай буржуазіі, якая хоча разьдзяліць уладу з царом і прыгоньнікамі-памешчыкамі так, каб не разбураць дашчэнту іх улады, так, каб не даваць улады народу. Ненавідзячьг ўрад, які адцясьняе іх ад улады, памагаючы выкрыцьцю яго, уносячы хістаньне і разлажэньне ў яго рады, лібэралы яшчэ нязьмерна больш ненавідзяць рэвалюцыю, баяцца ўсякай барацьбы мас, адносяцца з яшчэ большымі хістаньнямі і нерашучасьцю да вызваленчай барацьбы народа, па-здрадніцку пераходзячы ў рашучыя моманты на бок манархіі. За час контррэвалюцыі лібэралы, падпяваючы “славянскім” марам царызму, разыгрываючы з сябе “адказную апазыцыю”, прасмыкаючыся перад царом, як “апазыцыя яго вялікасьці”, і абліваючы гразьзю рэвалюцыянэраў і рэвалюцыйную барацьбу мас, адварачваліся ўсё больш і больш ад барацьбы за свабоду.

    Расійская Сацыял-Дэмакратычная Рабочая Партыя і ў чорнай III Думе здолела падняць сьцяг рэвалюцыі, здолела памагчы і адтуль справе арганізацыі і рэвалюцыйнай асьветы рабочых, справе сялянскай барацьбы з памешчыкамі. Партыя пралетарыяту — адзіная партыя перадавога кляса, здольнага заваяваць Расіі свабоду. І цяпер наша партыя ідзе ў Думу не для таго, каб “адстайваць канстытуцыю”, “пераконваць” акцябрыстаў або “выцясьняць рэакцыю” з Думы, як гавораць абманваючыя народ лібэралы, а для таго, каб з думскай трыбуны клікаць масы да барацьбы, раз’ясьняць вучэньне сацыялізму, ускрываць усякі ўрадавы і лібэральны абман, выкрываць манархічныя прадрассудкі адсталых слаёў народа і клясавыя карэньні буржуазных партый, — адным словам для таго, каб рыхтаваць армію сьвядомых барацьбітоў новай, рускай рэвалюцыі Царскі ўрад і чарнасоценныя памешчыкі цалкам ацанілі, якую сілу рэвалюцыі прадстаўляла сабой с.-д. фракцыя ў Думе. Усе намаганьні паліцыі і міністэрства ўнутраных спраў накіраваны цяпер на тое, каб не прапусьціць с.-д. у IV Думу. Аб’едноўвайцеся ж, рабочыя і грамадзяне! Згуртоўвайцеся вакол Р.С.-Д.Р.П., якая на сваёй нядаўняй канфэрэнцыі, апраўляючыся ад развалу часоў ліхалецьця, зноў сабрала свае сілы і падняла свой сьцяг! Няхай усе і кожны прыме ўдзел у выбарах і ў выбарнай агітацыі, — і намаганьні ўрада будуць разьбіты, чырвоны сьцяг рэвалюцыйнай сацыял-дэмакратыі будзе з думскай трыбуны ўстаноўлены і ў паліцэйскай, бяспраўнай, залітай крывёй, задаўленай і галоднай Расіі!

    Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка расійская! Няхай жыве 8-мі гадзінны рабочы дзень!

    Няхай жыве канфіскацыя памешчыцкай зямлі! Рабочыя і грамадзяне! Падтрымлівайце выбарную агітацыю Р.С.-Д.Р.П.!

    Выбірайце кандыдатаў Р.С.-Д.Р. Партыі!

        Цэнтральны Камітэт Расійскай

                                                             Сац.-Дэм. Рабочай Партыі

    “Правда” № 70 ад 12 сакавіка 1987 г.

    *

    І. В. Сталін

                                                                 НОВАЯ ПАЛАСА

    Усьлед за эканамічнымі выступленьнямі рабочых — палітычныя іх выступленьні.

    Усьлед за стачкамі за заработную плату — пратэсты, мітынгі, палітычныя забастоўкі па поваду ленскіх расстрэлаў.

    У Піцеры і Маскве, у Рызе і Кіеве, у Саратаве і Екацерынаславе, у Адэсе і Харкаве, у Баку і Нікалаеве, — ўсюды, ва ўсіх канцах Расіі падымаюць галаву рабочыя ў абарону сваіх загубленых на Лене таварышаў.

    “Мы жывы, кіпіць наша алая кроў агнём нястрачаных сіл!”

    Трэцюю ступень праходзіць рабочы рух у сваім узрастаючым ажыўленьні. І гэта пасьля контррэвалюцыйных вакханалій.

    Годы два назад рабочыя яшчэ прабавалі супраціўляцца ўсё ўзрастаўшым нападзеньням ненасытных гаспадароў. Стачкі абароны, а мясцамі і наступальныя забастоўкі — вось у чым выражалася ажыўленьне руху. Гэта была першая ступенька. Маскоўскі раён быў застрэльшчыкам.

    Годы паўтара назад рабочыя пераходзяць да наступальных забастовак.

    Выстаўляюцца новыя эканамічныя патрабаваньні, дабіваюцца ўмоў 1905-1906 гадоў, адабраных у рабочых за час контррэвалюцыйнага разгулу. Гэта была другая ступенька. Застрэльшчыкам зьяўляюцца заходнія акраіны.

    Цяпер пайшла трэцяя ступень, пэрыяд палітычнага руху.

    Са ступенькі на ступеньку!

    І гэтага трэба было чакаць. Уздым у асноўных галінах прамысловасьці і рост капіталістычных барышоў побач з падзеньнем рэальнай заработнай платы; рост прафэсіянальных і палітычных арганізацый буржуазіі побач з разбурэньнем рабочых арганізацый; падняцьце цэн на жыцьцёвыя прадукты і рост памешчыцкіх даходаў побач з голадам 30 мільёнаў сялян, калі ганімыя нуждой бацькі і маткі вымушаны прадаваць сваіх дачок і сыноў, — усё гэта не магло не ўнесьці палітычнага ажыўленьня ў рады рабочага кляса.

    Ленскія выстралы паслужылі толькі сыгналам.

    Відаць, “на Шыпцы не зусім спакойна”. Гэта адчуваюць і прадстаўнікі ўлады, якія сьпешна рыхтуюцца да “уміратварэньня” краіны. Гэта адбіваецца, відаць; нават на справах нашай зьнешняй палітыкі...

    А зьвесткі аб палітычных забастоўках-пратэстах ўсё прадаўжаюць прыходзіць.

    Няма сумненьня, што падземныя сілы вызваленчага руху пачалі працаваць...

    Прывітаньне вам, першыя ластаўкі!

    “Звезда” № 30 ад 15 (28) красавіка 1912 г.

    *

    І. В. Сталін

                                                           ЯНЫ ДОБРА ПРАЦУЮЦЬ...

    Пасьля Ленскіх выстралаў — забастоўкі і пратэсты па Расіі.

    Пасьля думскіх “аб’ясненьняў” міністра Макарава — дэманстрацыя ў сталіцы Расіі.

    Урад хацеў увагнаць Расію ў ціскі крывавых “распараджэньняў”.

    Расія ж аказалася сільней урада і парашыла ісьці сваім шляхам...

    Кінем яшчэ раз позірк на гісторыю ленскіх падзей.

    На ленскіх прыісках ішла забастоўка 6 000 рабочых. Забастоўка мірная, арганізаваная. Вядома, ілжывая “Речь” можа гаварыць аб “стыхійным бунце” на Лене (гл. № 103). Але мы мяркуем не па ілжывай “Речи”, а па “данясеньню” вачавідца Тульчынскага.

    А п. Тульчынскі сьцьвярджае, што рабочыя ў той дзень трымалі сябе ўзорна, што “ніякіх каменьняў і палак не было” ў рабочых. А затым, пякельныя ўмовы работы на прыісках, мінімальныя патрабаваньні з боку рабочых, дабравольная адмова ад патрабаваньня васьмі гадзін, гатоўнасьць рабочых да далейшых уступак — усё гэта знаёмая карціна мірнай ленскай забастоўкі.

    Тым не менш урад знайшоў патрэбным расстраляць рабочых, мірных, бяззбройных рабочых, з табачнымі кісетамі ў руках, з заявамі ў кішэнях аб вызваленьні арыштаваных таварышоў...

    Трэшчэнка не прыцягнуты да адказнасьці, — ці не ясна, што ён дзейнічаў па распараджэньню зьверху?

    Рашано прыцягнуць рабочых, а не Трэшчэнка, — хіба не ясна, што камусьці патрэбна была кроў пралетарыяту?

    Двух зайцоў хацелі забіць у дзень выстралаў. Па-першае, задаволіць прагныя апэтыты ленскіх людаедаў.

    Па-другое, прыпужнуць рабочых іншых гарадоў і мясцовасьцей, — моў, нясіце пакорна ярмо капіталу, а то зробім з вамі тое ж самае, што з ленскімі рабочымі.

    У рэзультаце — не дасягнулі ні таго, ні другога.

    Ленскія людаеды не задаволены, бо забастоўка на прыісках прадаўжаецца.

    Рабочыя ж іншых гарадоў не толькі не напалоханы, а наадварот, у знак пратэсту супроць расстрэлаў падымаюць забастоўку за забастоўкай.

    Больш таго. На “аб’ясненьні” Макарава сталіца Расіі, Пецярбург, адказала дэманстрацыяй тысяч студэнтаў і рабочых.

    Найбольш чуткая частка рускага грамадзтва, вучнёўская моладзь, працягнула руку найбольш рэвалюцыйнай частцы рускага народа, пралетарыяту, і, падняўшы чырвоныя сьцягі, абвясьціла: так, “так было”, але так ужо не павінна быць!

    Ад мірнай эканамічнай забастоўкі на Лене — да палітычных забастовак па Расіі, ад палітычных забастовак па Расіі — да мнагатысячнай дэманстрацыі студэнтаў і рабочых у самым цэнтры Расіі, — вось чаго дабіліся прадстаўнікі ўлады ў сваёй барацьбе з рабочымі.

    Так, добра “рые крот” вызваленчага руху, дальнавідны рускі ўрад!

    Яшчэ два-тры такіх “подвігі”, і можна будзе з несумненнасьцю сказаць, што ад крыклівай фразы міністра Макарава астанецца адзін толькі жалкі ўспамін.

    Працуйце, панове, працуйце!

    “3везда” № 31 ад 17(30) красавіка 1912 г.

    *

    І. В. Сталін

                                                                        КРАНУЛАСЯ!..

    Закаваная ў ланцугах ляжала краіна ля ног яе занявольвальнікаў.

    Ёй патрэбна была народная канстытуцыя, — а атрымала дзікі праізвол, меры “пресечений” і “усмотрений”.

    Яна мела патрэбу ў народным парламэнце, — а прыпаднесьлі ёй панскую Думу, Думу Пурышкевіча і ‘Гучкова.

    Ёй патрэбна была свабода слова, друку, сходаў, стачак, саюзаў, — а бачыць яна вакол сябе адны толькі разбураныя рабочыя арганізацыі, закрытыя газэты, арыштаваных рэдактараў, разагнаныя сходы, сасланых; забастоўшчыкаў.

    Яна патрабавала зямлі для сялян, — а прыпаднесьлі ёй аграрныя законы, якія кінулі сялянскія масы ў яшчэ большую зямельную нужду ва ўгоду кучцы сельскіх багацеяў.

    З яе зьбіраюць апошнія грашы ў выглядзе налогаў і падаткаў... і трацяць іх на яе ж заняволеньне.

    Ёй абяцалі абарону “асобы” і “ўласнасьці”, — а турмы і ссылка перапоўнены “неблаганадзейнымі”, а начальнікі сыскных паліцый (успомніце Кіеў, Тыфліс!) уступалі ў саюз з бандытамі і злодзеямі для прыгнечаньня асобы і раскраданьня ўласнасьці.

    Ёй абяцалі “благоденствие” і “преуспевание”, а сялянская гаспадарка ўсё падала, дзесяткі мільёнаў сялян галадаюць, цынга і тыф забіваюць тысячы афяр...

    А краіна ўсё цярпела, цярпела...

    Тыя ж, хто не маглі цярпець, канчалі самагубствам.

    Але ўсё мае канец, — настаў канец і цярпеньню краіны.

    Ленскія выстралы разьбілі лед маўчаньня, і — кранулася рака народнага руху.

    Кранулася!..

    Усё, што было злога і згубнага ў сучасным рэжыме, усё, чым хварэла многапакутная Расія — усё гэта сабралася ў адным факце, у падзеях на Лене.

    Вось чаму іменна ленскія выстралы паслужылі сыгналам забастовак і дэманстрацый.

    У гэтым — і толькі ў гэтым — трэба шукаць аб’ясьненьняў апошнім падзеям.

    А верхаводы Думы — акцябрысты, кадэты, прагрэсісты — чакаюць “аб’ясненьняў” зьверху, з вуснаў прадстаўнікоў улады!

    Акцябрысты “запытваюць”, прагрэсісты проста “пытаюць”, кадэты “лічаць своечасовым” гаварыць аб нёйкіх Трэшчэнка, жалкіх марыянэтках у руках падзей!

    І гэта ў той час, калі Макараў ужо кінуў ім сваё хвастлівае: “так было, так будзе”!

    У сталіцы Расіі бастуюць дзесяткі тысяч рабочых, войскі прыведзены ў баявое становішча, з-за ўнутраных “аскладненьняў” расстройваюцца справы “нашай” зьнешняй палітыкі па пытаньню аб Дарданэлах, — а яны чакаюць адказу зьверху ад “сфэр”!

    Сьляпыя! Не бачаць, што ў гэтыя дні слова належыць пралетарыяту, а не прадстаўнікам улады.

    “Звезда” № 32 ад 19 красавіка (2 мая) 1912 г.

    *

    І. В. Сталін

                                                                           ВЫВАДЫ

    Першая хвалі палітычнага ўздыму пачынае адыходзіць. Ідуць “апошнія” забастоўкі. Там і сям раздаюцца яшчэ галасы пратэстуючых забастоўшчыкаў, але гэта будуць “апошнія” галасы. Краіна, пакуль што, пачынае прымаць “звычайны” выгляд...

    Якія ўрокі можа атрымаць пралетарыят з апошніх падзей?

    Адновім карціну “дзён руху”.

    4 красавіка. Выстрал на Лене. Каля 500 афяр забітых і раненых. У краіне відаць спакойна. Настрой урада цьвёрды. Пачынаюцца забастоўкі-пратэсты на поўдні. 10 красавіка. Запрос у Думе. Лік забастовак узрастае. Становіцца трывожна.

    11 красавіка. Адказ Макарава: “так было, так будзе”. Цімашэў “не зусім” згодзен з Макаравым. Першае замяшаньне ў радах прадстаўнікоў улады. У Пецярбургу ідуць мітынгі і забастоўкі. У правінцыі рух узмацняецца.

    15 красавіка. У Пецярбургу бастуе звыш 100 000 рабочых. Наладжваюцца дэманстрацыі рабочых. Улада: траціць галаву. Макараў не адважваецца прыйсці ў Думу. Цімашэў просіць прабачэньня. Улада адступае. Уступка “грамадзкай думцы”.

    Вывад ясны: маўчаньнем, цярпеньнем нельга дабіцца разьняволеньня. Чым мацней раздаецца голас рабочых, тым больш трацяць галаву сілы рэакцыі, тым хутчэй яны адступаюць...

    “Дні руху” — найлепшае поле для выпрабаваньня палітычных партый. Партыі трэба ацэньваць не па таму, што яны гавораць, а па таму, як яны трымаюць сябе ў “дні барацьбы”. Як жа трымалі сябе партыі, якія называюць сябе “народнымі”, у гэтыя дні?

    Група крайне-чарнасоценных памешчыкаў, з Замыслоўскімі і Маркавымі на чале, ледзь скрывала сваю радасьць па поваду ленскіх расстрэлаў. Памілуйце, улада паказала сілу і строгасьці — няхай ведаюць “гультаі”-рабочыя, з кім маюць справу! Яны апладзіравалі Макараву. Яны галасавалі супроць запросу С.-Д. Фракцыі ў Думе. Іх газэта “Земщина” ўсяляк натраўлівала ўладу на ленскіх “агітатараў”, на бастуючых па Расіі рабочых, на рабочую газэту “Звезду”.

    Група ўмерана-чарнасоценных памешчыкаў, з Балашовымі і Крупенскімі на чале, па сутнасьці, нічога не мела супроць расстрэлаў, яна шкадавала толькі, што ўлада дзейнічала надта адкрыта. Таму, праліваючы. кракадзілавы сьлёзы па поваду “забітых”, яна ў той жа час жадала ўраду “тактычнасьці” ў справах расстрэлаў. Яна галасавала супроць запросу С.-Д. Фракцыі, а яе орган “Новое Время” прапанаваў уладзе “не цырымоняцца” з “перакананымі забастоўшчыкамі”, дэманстрантаў падвяргаць “не лёгкаму штрафу або арышту, а вельмі строгаму пакараньню, прыблізнаму замаху на забойства”, арыштаваных жа “агітатараў” не выпускаць больш з турмаў.

    Партыя кансэрватыўных памешчыкаў і паразытычных слаёў буржуазіі” партыя акцябрыстаў, з Гучковымі і Галалобавымі на чале, шкадавала не аб расстраляных,, а аб тым, што падтрымліваемае ёю міністэрства атрымала “непрыемнасьці” (забастоўкі) з-за “няправільнага прымяненьня агнястрэльнай зброі” на Лене. Называючы выступленьне Макарава «не зусім тактычным», яна ў сваім органе, “Голосе Москвы”, выражала ўпэўненасьць у тым, што урад “невінаваты ў пралітай крыві”. Яна правальвала запрос С.-Д. Яна нацкоўвала ўлады на “падбухторшчыкаў”. Калі ж Цімашэў узяўся рэабілітаваць Макарава, яна яму апладзіравала, лічачы “інцыдэнт” вычарпаным.

    Партыя лібэральных памешчыкаў і сярэдніх слаёў буржуазіі, партыя кадэтаў з Мілюковымі і Маклаковымі на чале, кідаючы громы фраз супроць ленскіх расстрэлаў, лічыла, аднак, што справа не ў асновах рэжыму, а ў асобах, накшталт Трэшчэнка і Белазёрава. Таму, прасьпяваўшы фарысэйскае “мы памыліліся” па поваду выступленьня Макарава, яна цалкам задаволілася “пакаянным” выступленьнем Цімашэва і прыціхла. З аднаго боку, яна падтрымала с.-д. фракцыю, якая патрабавала суда краіны над прадстаўнікамі ўлады. З другога боку, яна вітала прадстаўнікоў прамысловай буржуазіі, паноў мірнаабнаўленцаў, якія прасілі тых жа прадстаўнікоў улады суняць бастуючых рабочых “культурнымі мерамі”. А каб не асталося ніякіх сумненьняў наконт яе, партыі ка-дэ, добранамернасьці, — яна ўзяла ды і абвясьціла ў сваёй “Речи” ленскую забастоўку “стыхійным бунтам”.

    Вось- як трымалі сябе ўcе гэтыя “народныя” партыі ў “дні руху”.

    Няхай запомняць гэта рабочыя і аддадуць ім належнае ў “дні выбараў” у IV Думу.

    Толькі сацыял-дэмакратыя абараняла ў “дні барацьбы” інтарэсы рабочых, толькі яна гаварыла ўсю праўду.

    Вывад ясны: сацыял-дэмакратыя — адзіная абароньніца пралетарыяту. Усе астатнія памянёныя партыі — ворагі рабочага клясу з той, аднак, розьніцай, што яны розным чынам вядуць барацьбу з рабочымі: хто — “культурнымі мерамі”, хто “не зусім культурнымі”, а хто і “зусім некультурнымі”.

    Цяпер, калі першая хваля ўздыму праходзіць, цёмныя сілы, якія схаваліся было за шырмамі кракадзілавых сьлёз, пачынаюць зноў паяўляцца: “Земщина” заклікае да “мер” супроць рабочага друку. “Новое Время” запрашае не шкадаваць “перакананых” рабочых.

    А ўлады бяруцца за “справу”, яшчэ і яшчэ арыштоўваючы “ненадзейных”. На штб ж яны могуць разьлічваць у сваім “новым паходзе”, адкуль такая сьмеласьць у разгубіўшыхся было ўлад?

    Яны могуць разьлічваць толькі на адно: на немагчымасьць кожны раз падымаць масавыя пратэсты, на неарганізаванасьць рабочых, на іх недастатковую сьвядомасьць.

    Звезда” № 33 ад 22 красавіка (5 мая) 1912 г.

    *

    І. В. Сталін

                                                        ПЕРШАМАЙСКАЯ ЛІСТОЎКА

                                                                               1912 года

                                                              Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!

                                                              Няхай жыве першае мая!

    Таварышы!

    Яшчэ ў мінулым стагодзьдзі парашылі рабочыя ўсіх краін штогод сьвяткаваць сёньняшні дзень першага мая. Гэта было ў 1889 годзе, калі на парыскім Кангрэсе сацыялістаў усіх краін пастанавілі рабочыя іменна сёньня, у дзень першага мая, калі прырода прачынаецца ад зімовай сьпячкі, лясы і горы пакрываюцца зеленьню, палі і лугі ўпрыгожваюцца кветкамі, сонца пачынае цяплей саграваць, у паветры адчуваецца радасьць абнаўленьня, а прырода весяліцца і лікуе, — яны парашылі іменна сёньня заявіць усяму сьвету, што рабочыя нясуць чалавецтву вясну і вызваленьне ад акоў капіталізму, што рабочыя закліканы абнавіць сьвет на аснове свабоды і сацыялізму.

    У кожнага кляса ёсьць свае ўлюбёныя сьвяты. Дваране завялі свае сьвяты, на іх яны абвяшчаюць “права” абіраньня сялян. Буржуа маюць свае і на іх яны “апраўдваюць” “права” эксплюятацыі рабочых. Ёсьць сьвяты і ў папоў і на іх яны выхваляюць існуючыя парадкі, дзе тружанікі гінуць у нішчаце, а дармаеды ўтапаюць у раскошы.

    Павінна быць сваё сьвята і ў рабочых і на ім яны павінны абвясьціць: усеагульную працу, усеагульную свабоду, усеагульную роўнасьць усіх людзей. Гэта сьвята — сьвята першага мая.

    Так парашылі рабочыя яшчэ ў 1889 годзе.

    З таго часу баявы кліч рабочага сацыялізму ўсё мацней раздаецца на мітынгах і дэманстрацыях у дзень першага мая. Усё шырэй разьліваецца акіян рабочага руху, захватваючы новыя краіны і дзяржавы ад Эўропы і Амэрыкі да Азіі, Афрыкі і Аўстраліі. Слабы калісьці міжнародны саюз рабочых вырас на працягу ўсяго некалькіх дзесяткаў год у магутны саюз, які мае рэгулярныя кангрэсы і аб’едноўвае мільёны рабочых усіх канцоў сьвету. Высокімі хвалямі ўздымаецца мора пралетарскага гневу і ўсё больш грозна наступае на хістаючыяся цьвярдыні капіталізму. Разыграўшаяся нядаўна вялікая забастоўка вуглекопаў у Англіі, Германіі, Бэльгіі, Амэрыцы і т. д., забастоўка, нагнаўшая страх на эксплюятатараў і цароў усяго сьвету, — яўны прызнак таго што сацыялістычная рэвалюцыя не за гарамі...

    “Мы не чцім залатога куміра!” Не патрэбна нам царства буржуа і прыгнятальнікаў! Пракляцьце і сьмерць капіталізму з яго жахамі нішчаты і крывяпраліцьцяў! Няхай жыве царства працы, няхай жыве сацыялізм!

    Вось што абвяшчаюць у сёньняшні дзень сьвядомыя рабочыя ўсіх краін.

    І ўпэўненыя ў сваёй перамозе, спакойныя і сільныя, горда ідуць яны па шляху да абетаванай зямлі, па шляху да сьветлага сацыялізму, крок за крокам ажыцьцяўляючы вялікі заклік Карла Маркса: “Рабочыя ўсіх краін, яднайцеся!”

    Так сьвяткуюць першае мая рабочыя свабодных краін.

    Рускія рабочыя з таго часу, як яны пачалі прыходзіць да ўсьведамленьня свайго становішча, не жадаючы адстаць ад сваіх таварышаў, заўсёды далучаліся да агульнага хору сваіх . загранічных таварышаў, сьвяткуючы разам з імі першае мая, не гледзячы ні на што, не гледзячы на зьверскія рэпрэсіі царскага ўрада. Праўда, за апошнія 2-3 годы ў пэрыяд контррэвалюцыйнай вакханаліі і партыйнага развалу, прамысловай дэпрэсіі і мяртвячай палітычнай роўнадушнасьці сярод шырокіх мас рускія рабочыя страцілі магчымасьць па-старому сьвяткаваць сваё сьветлае рабочае сьвята. Але ажыўленьне ў краіне, якое пачалося ў апошні час, эканамічныя забастоўкі і палітычныя пратэсты сярод рабочых па поваду хоць бы перагляду справы другадумцаў сацыял-дэмакратаў, нездаволеньне, якое нараджаецца сярод шырокіх слаёў сялян, з прычыны ахапіўшай звыш 20 губэрняў галадоўкі, пратэсты соцень тысяч прыказчыкаў супроць “абноўленага” ладу расійскіх зубраў, — усё гэта гаворыць за тое, што мяртвячая сьпячка праходзіць, уступаючы месца палітычнаму ажыўленьню ў краіне і перш за ўсё сярод пралетарыяту.

    Вось чаму ў гэтым годзе рускія рабочыя могуць і павінны ў сёняшні дзень працягнуць руку сваім загранічным таварышам. Вось чаму яны павінны ў той ці іншай форме сьвяткаваць разам з імі першае мая.

    Яны павінны сказаць сёньня, што заадно з таварышамі свабодных краін — не чцяць і не будуць чціць залатога куміра.

    Яны павінны апрача таго дадаць да агульнага патрабаваньня рабочых усіх краін сваё ўласнае рускае патрабаваньне аб зьвяржэньні царызму, аб устанаўленьні дэмакратычнай рэспублікі. “Нам ненавісны тыранаў кароны!” “Кайданы народа пакутніка мы чцім!” Сьмерць акрываўленаму царызму! Сьмерць дваранскай пазямельнай уласнасьці! Сьмерць гаспадарскай тыраніі на фабрыках, заводах і рудніках! Зямля — сялянам! 8 гадзін работы — рабочым! Дэмакратычная рэспубліка — усім грамадзянам Расіі!

    Вось што павінны яшчэ абвясьціць у сёнешні дзень рускія рабочыя.

    Гэта хлусьня і лакейства перад Нікалаем апошнім, калі рускія лібералы запэўняюць сябе і другіх, што царызм умацаваўся ў Расіі і ён здолен задаволіць асноўныя патрэбы народа.

    Гэта абман і фарысэйства, калі рускія лібэралы сьпяваюць на ўсе галасы, што рэвалюцыя памерла, і мы жывем у “абноўленым” ладзе.

    Паглядзіце вакол сябе: хіба многапакутная Расія падобна на абноўленую, добраўпарадкаваную краіну?

    Замест дэмакратычных канстытуцый — рэжым шыбеніц і дзікага праізвола!

   Замест усенароднага парлямэнту — чорная дума чорных памешчыкаў!

    Замест “непахісных асноў грамадзянскай свабоды”, замест свабоды слова, сходаў, друку, саюзаў і стачак, абяцаных яшчэ ў маніфэсьце 17 кастрычніка — мёртвая рука ўгледжаньняў і прасячэньняў, закрытыя газеты, высланыя рэдактары, разбураныя саюзы, разагнаныя сходы.

    Замест недатыкальнасьці асобы — зьбіваньні ў турмах, зьдзекі над грамадзянамі, крывавая расправа з забастоўшчыкамі на Ленскіх прыісках!

    Замест задавальненьня сялянскіх патрэб — палітыка далейшага абезьзямеленьня сялянскіх мас.

    Замест упарадкаванай дзяржаўнай гаспадаркі — зладзейства ў інтэнданцтвах, зладзейства ў чыгуначных упраўленьнях, зладзейства ў лясной гаспадарцы, зладзейства ў марскім ведамстве!

    Замест парадку і дысцыпліны ва ўрадавым мэханізме — падлогі ў судах, шантаж і вымаганьні ў сыскных паліцыях, забойствы і правакацыя ў ахранных аддзяленьнях!

    Замест міжнароднай велічы рускай дзяржавы — ганебны правал “рускай палітыкі” ў справах бліжняга і дальняга ўсходу, роля ката і разарыцеля ў справах зыходзячай крывёй Пэрсіі!

    Замест заспакаеньня і дабрабыту абывацеляў — самазабойствы ў гарадах і жахлівая галадоўка 30 мільёнаў сялянства ў вёсках!

    Замест аздараўленьня і ачышчэньня нраваў — нечуваная распуста ў манастырах, у гэтых цьвярдынях афіцыяльнай маралі!

    І як, завяршэньне карціны — зьверскі расстрэл соцень тружанікаў на Ленскіх прыісках!..

    Разбуральнікі здабытых свабод, паклоньнікі шыбеніц і расстрэлаў, аўтары “усмотрений” и “пресечений”, злодзеі-інтэнданты, злодзеі-інжынэры, грабежнікі-паліцэйскія, забойцы-ахраньнікі, разбэшчвальнікі-Распуціны — вось яны, “абнавіцелі” Расіі!

    І ёсьць яшчэ на сьвеце людзі, якія асьмельваюцца сьцьвярджаць, што ў Расіі ўсё спакойна, рэвалюцыя памерлаі

    Не, таварышы: там, дзе галадаюць мільёны сялян, а рабочых расстрэльваюць за забастоўку, там рэвалюцыя будзе жыць, пакуль не сатрэцца з твару зямлі ганьба чалавецтва, рускі царызм.

    І мы павінны сказаць у сёнешні дзень, у дзень першага мая, у той ці іншай форме, на мітынгах, масоўках або тайных сходах, — дзе як мэтазгодней будзе, што клянемся змагацца за поўнае зьвяржэньне царскай манархіі, што вітаем надыходзячую рускую рэвалюцыю, вызваліцельніцу Расіі.

    Дык працягнем жа руку нашым таварышам заграніцай і абвесьцім разам з імі:

    Далоў капіталізм!

    Няхай жыве сацыялізм!

    Падымем сьцяг рускай рэвалюцыі і напішам на ім:

    Далоў царскую манархію!

    Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!

    Таварышы! мы сьвяткуем сёньня першае мая!

    Няхай жыве першае мая!

    Няхай жыве міжнародная Сацыял-дэмакратыя! Няхай жыве Расійская Сацыял-Дэмакратычная Рабочая Партыя!

        Цэнтральны Камітэт Рас.

                                                   Сац.-Дэм. Рабочай Партыі

    “Правда” № 120 ад 1 мая 1936 г.

    *

    В. І. Ленін

                                                          РЭВАЛЮЦЫЙНЫ ЎЗДЫМ

    Грандыёзная майская забастоўка ўсерасійскага пралетарыята і зьвязаныя з ёю вулічныя дэманстрацыі, рэвалюцыйныя праклямацыі і рэвалюцыйныя прамовы перад натоўпамі рабочых ясна паказалі, што Расія ўступіла ў паласу рэвалюцыйнага ўздыму.

    Уздым гэты зусім не зьявіўся як сьнег на галаву. Не, ён падрыхтоўваўся ўсімі ўмовамі рускага жыцьця ўжо даўно, і масавыя стачкі ў сувязі з ленскімі расстрэламі і з 1-м мая толькі канчаткова вызначылі яго наступленьне. Часовае таржаство контррэвалюцыі было неразрыўна зьвязана з упадкам масавай барацьбы рабочых. Лік стачачнікаў дае хоць і прыблізнае, але затое безумоўна аб’ектыўнае і дакладнае ўяўленьне аб разьмерах гэтай барацьбы.

    За дзесяць год перад рэвалюцыяй, у 1895-04 годах, сярэдні лік стачачнікаў быў 43 тысячы ў год (з акругленьнем). У 1905 годзе — 2¾ мільёна, у 1906 — 1 мільён, ў 1907 — ¾ мільёна. Трохгодзьдзе рэвалюцыі адзначаецца нябачаным нідзе ў сьвеце ўздымам стачачнай барацьбы пралетарыяту. Падзеньне яе, якое пачалося з 1906 і 1907 гадоў, канчаткова вызначылася ў 1908 годзе: 175 тыс. стачачнікаў. Дзяржаўны пераварот 3 чэрвеня 1907 года, які аднавіў самадзяржаўе цара ў саюзе з Думай чарнасоценных памешчыкаў і гандлёва-прамысловых тузоў, зьявіўся немінучым рэзультатам ўпадку рэвалюцыйнай энэргіі мас.

    Трохгодзьдзе 1908-1910 гадоў было эпохай разгулу чарнасоценнай контррэвалюцыі, лібэральна-буржуазнага рэнэгацтва і пралетарскага суму і распаду. Лік стачачнікаў усё падае, даходзячы да 60 тыс. у 1909 г. да 50 тыс. у 1910 годзе.

    Але з канца 1910 года пачынаецца прыкметны паварот. дэманстрацыі ў сувязі са смерцю лібэрала Мурамцэва і Льва Талстога, а таксама студэнцкі рух, ясна ўказваюць, што павеяла іншым ветрам, наступіў пэўны паварот у настроі дэмакратычных мас. 1911 год дае нам павольны пераход у наступленьне з боку рабочых мас: лік стачачнікаў даходзіць да 100 тысяч. З розных бакоў ідуць указаньні на тое, што стомленасьць, ацэпяненьне, пароджаныя таржаством контррэвалюцыі, праходзяць, што пацягнула зноў да рэвалюцыі. Усерасійская канфэрэнцыя Р.С.-Д.Р.П. у студзені 1912 года, падводзячы вынік сваёй ацэнцы моманта, канстатавала, што “у шырокіх кругах дэмакратыі і ў першую чаргу сярод пралетарыяту заўважаецца пачатак палітычнага. ажыўленьня. Рабочыя стачкі 1910-1911 гадоў, пачатак дэманстрацый і пралетарскіх мітынгаў, пачатак руху сярод гарадзкой буржуазнай дэмакратыі (студэнцкія забастоўкі) і т. д. — усё гэта ёсьць праяўленьні нарастаючага рэвалюцыйнага настрою мас супроць рэжыму 3 чэрвеня» (Гл. “Паведамленьне» аб канфэрэнцыі, стар. 18 [* Гл. XV том Твораў, стар. 378. Рэд.]).

    Ужо к другой чвэрці бягучага года гэты настрой нарос настолькі, што праявіўся ў дзеяньні мас і стварыў рэвалюцыйны ўздым. Ход падзей за апошнія паўтара года паказвае з відавочнасьцю, што ў гэтым уздыме няма нічога выпадковага, што наступленьне яго зусім заканамерна і з немінучасьцю абумоўлена ўсім папярэднім разьвіцьцём Расіі.

    Ленскі расстрэл зьявіўся повадам да пераходу рэвалюцыйнага настрою мас у рэвалюцыйны ўздым мас. Няма нічога больш ілжывага, як лібэральная выдумка, паўтараемая ўсьлед за ліквідатарамі Троцкім у венскай “Правде”, быццам “барацьба за свабоду кааліцый зьяўляецца асновай як ленскай трагедыі, так і яе магутнага адгалоску ў краіне”. У ленскай стачцы зусім не было ні спэцыфічнага, ні галоўнага патрабаваньня свабоды кааліцый. У ленскім расстрэле выявілася зусім не адсутнасьць свабоды іменна кааліцый, а адсутнасьць, свабоды... ад правакацыі, ад агульнай бяспраўнасьці, ад агульнага праізвола.

    Ленскі расстрэл, як мы ўжо выясьнілі ў № 26 “Социал-Демократа”, зьявіўся дакладнейшым адлюстраваньнем усяго рэжыму 3-цце-чэрвеньскай манархіі. Зусім не барацьба за адно з правоў, хоць бы самых кардыяльных, самых важных для пралетарыяту, характэрна для ленскіх падзей. Характэрна для іх паўнейшая адсутнасьць элемэнтарнейшай законнасьці ва ўсіх адносінах. Характэрна ўступленьне правакатара. шпіёна, ахраньніка, слугі цара на шлях масавых расстрэлаў без усякіх палітычных повадаў. Іменна гэтая агульная бяспраўнасьць рускага жыцьця, іменна безнадзейнасьць і немагчымасьць барацьбы за асобныя правы, іменна гэтая непапраўнасьць царскай манархіі і ўсяго яе рэжыму выступілі з ленскіх падзей так ярка, што запалілі масы рэвалюцыйным агнём.

    Калі лібэралы са скуры лезьлі і лезуць, стараючыся надаць ленскім падзеям і майскім стачкам характар прафэсіянальнага руху і барацьбы за “правы”, то для ўсякага, не асьлепленага лібэральнымі (і ліквідатарскімі) спрэчкамі, чалавека ясна іншае. Ясным зьяўляецца рэвалюцыйны характар масавай стачкі, асабліва падкрэсьлены пецярбурскай перадмайскай праклямацыяй розных груп с.-д. (і нават адной рабочай с-р. групы!), якую мы перадрукоўваем поўнасьцю ў аддзеле хронікі і якая паўтарае лёзунгі, выстаўленыя ўсерасійскай канфэрэнцыяй Р.С.-Д.Р П. у студзені 1912 года.

    Ды і не ў лёзунгах нават заключаецца галоўнае пацьверджаньне рэвалюцыйнага характару ленскіх і майскіх стачак. Лёзунгі фармуліравалі тое, што гавораць факты. Факт масавых забастовак, якія перакідваюцца з раёна ў раён, — велізарны рост іх, — быстрыня пашырэньня, — смеласьць рабочых, — учашчэньне мітынгаў і рэвалюцыйных прамоў, — патрабаваньне адмяніць штраф за сьвяткаваньне 1 мая, — знаёмае нам па першай рускай рэвалюцыі спалучэньне палітычнай і эканамічнай стачкі, — усё гэта з відавочнасьцю ўказвае на сапраўдны характар руху, які заключаецца ў рэвалюцыйным уздыме мас.

    Прыпомнім вопыт 1905 года. Падзеі паказваюць нам, што сярод рабочых жыве традыцыя рэвалюцыйнай масавай стачкі, і што рабочыя адразу паднялі, ажывілі гэтую традыцыю. Нябачаны ў сьвеце стачачны ўздым 1905 года даў 810 тыс. стачачнікаў у 1-ую і 1.277 тыс. у апошнюю чвэрць года, пры спалучэньні і эканамічнай і палітычнай стачкі. Па прыблізнаму падліку, ленскія забастоўкі ахапілі да 300 тыс. рабочых, майскія да 400 тыс., а забастоўкі ўсё растуць і растуць. Кожны нумар газет — нават лібэральных — паведамляе аб тым, як разрастаецца стачачны пажар. Другая чвэрць 1912 года яшчэ не зусім скончылася, а ўжо цяпер вырысоўваецца выразна той факт, што пачатак рэвалюцыйнага ўздыму ў 1912 годзе па разьмерах стачачнага руху не меншы, а хутчэй большы, чым той жа пачатак у 1905 годзе!

    Руская рэвалюцыя ўпершыню разьвіла ў шырокіх разьмерах гэты пралетарскі мэтад агітацыі, устрасваньня, згуртаваньня і ўцягненьня ў барацьбу мас. І цяпер пралетарыят зноў і яшчэ больш цьвёрдай рукой прымяняе гэты мэтад. Ніякая сіла ў сьвеце не магла б ажыцьцявіць таго, што ажыцьцяўляе гэтым мэтадам рэвалюцыйны авангард пралетарыяту. Велізарная краіна з 150-мільённым насельніцтвам, раскіданым на гіганцкай прасторы, раздробленым, прыдаўленым, бяспраўным, цёмным, адгароджаным ад “злашкодных уплываў” процьмай улад, паліцыі, шпіёнаў, — гэтая краіна ўся прыходзіць у бражэньне. Самыя адсталыя слаі і рабочых і сялян прыходзяць у прамое і ўскоснае судатыкненьне з забастоўшчыкамі. На сцэне паяўляюцца адразу сотні тысяч рэвалюцыйных агітатараў, уплыў якіх бясконца ўзмацняецца тым, што яны неразрыўна зьвязаны з нізамі, з масай, астаюцца ў іх радах, змагаюцца за самыя насутныя патрэбы ўсякай рабочай сям’і, спалучаюць з гэтай непасрэднай барацьбой за насутныя эканамічныя патрэбы пратэст палітычны і барацьбу з манархіяй. Бо контррэвалюцыя ўнесла ў мільёны і дзесяткі мільёнаў вострую нянавісьць да манархіі, зачаткі разуменьня яе ролі, а цяпер лёзунг перадавых сталічных рабочых — няхай жыве дэмакратычная рэспубліка! — тысячамі каналаў ідзе ды ідзе, усьлед за кожнай стачкай, у адсталыя слаі, у глухую правінцыю, у “народ”, “у глыбіню Расіі”.

    Надзвычайна характэрна разважаньне аб стачцы ліберала Севераніна, ветліва прынятае “Русскими Ведомостями” і са спачуваньнем перадрукоўваемае “Речью”.

    Ці ёсьць у рабочых якая-небудзь падстава да першамайскай забастоўкі прымешваць эканамічныя або якія-небудзь (!) патрабаваньні?” — запытвае п. Северанін і адказвае: “Сьмела думаю, што іх няма. Усякую эканамічную забастоўку можна і павінна распачынаць толькі пасьля сур’ёзнага ўзважваньня шансаў... Вось чаму звязваць такія забастоўкі з момантам іменна 1 мая часьцей за ўсё беспадстаўна... Ды і дзіўна неяк: сьвяткуем дзень сусьветнага рабочага сьвята і з гэтага выпадку патрабуем прыбаўкі ў 10% на міткаль такіх-то сартоў”.

    Так разважае лібэрал! і гэтую бязьмежную пошласьць, нізасьць і агіднасьць прымаюць са спачуваньнем “лепшыя” лібэральныя газэты, якія прэтэндуюць на званьне дэмакратычных!

    Самая грубая карысьлівасьць буржуя, самая подлая — трусасьць контррэвалюцыянэра, вось што крыецца за эфэктнымі фразамі лібэрала. Ён хацеў бы цэласьці гаспадарскіх кішэняў. Ён хацеў бы “прыстойнай” і “бясшкоднай” дэманстрацыі на карысьць “свабоды кааліцый”! А пралетарыяту замест гэтага ўцягвае масы ў рэвалюцыйную стачку, якая неразрыўна зьвязвае палітыку з эканомікай, стачку, якая прыцягвае самыя адсталыя слаі посьпехам барацьбы за неадкладнае паляпшэньня рабочага жыцьця і ў той жа час падымае народ супроць царскай манархіі.

    Так, вопыт 1905 года стварыў глыбокую і вялікую традыцыю масавых стачак. І не трэба забываць, да чаго прыводзяць гэтыя стачкі ў Расіі. Масавыя ўпорныя стачкі неразрыўна зьвязаны ў нас з узброеным паўстаньнем.

    Няхай не ператлумачваюць гэтых слоў. Гутарка ідзё зусім не аб закліку да паўстаньня. Такі заклік быў бы вельмі неразумны ў сучасны момант. Гутарка ідзе аб устанаўленьні сувязі паміж стачкай і паўстаньнем у Расіі.

    Як расло паўстаньне ў 1905 годзе? Па-1-ае, масавыя стачкі, дэманстрацыі і мітынгі ўчашчалі сутычкі натоўпу з паліцыяй і войскам. Па-2-ое, масавыя стачкі паднялі сялянства на рад частковых, дробных, паўстыхійных паўстаньняў. Па-3-яе, масавыя стачкі вельмі быстра перакінуліся ў войска і ва флёт, выклікаўшы сутычкі на эканамічнай глебе (“гарохавыя” і т. п. “бунты”), а затым паўстаньні. Па-4-ае, контррэвалюцыя сама пачынала грамадзянскую вайну пагромамі, зьбіваньнямі дэмакратаў і т. п.

    рэвалюцыя 1905 года скончылася паражэньнем зусім не таму, што яна зайшла “надта далёка”, што сьнежаньскае паўстаньне было “штучнае”, як думаюць рэнэгаты з лібэралаў і т. п. Наадварот, прычына паражэньня — тая, што паўстаньне зайшло недастаткова далёка, што ўсьведамленьне яго неабходнасьці было недастаткова шырока распаўсюджана і цьвёрда засвоена ў рэвалюцыйных клясах, што паўстаньне не было дружным, рашучым, арганізаваным, адначасовым, наступальным.

    Паглядзім цяпер, ці назіраюцца ў даны час прызнакі росту паўстаньня? Каб не паддацца рэвалюцыйнаму захапленьню, возьмем у сьведкі акцябрыстаў. Нямецкі саюз акцябрыстаў у Пецярбургу належыць большай часткай да так званых “левых” і “канстытуцыйных” акцябрыстаў, якіх асабліва любяць кадэты і якія больш за ўсё здольны (у параўнаньні з іншымі акцябрыстамі і кадэтамі) “аб’ектыўна” назіраць падзеі, не ставячы мэты палохаць начальства рэвалюцыяй.

    Орган гэтых акцябрыстаў, „St.-Реterburger Zeitung” [* “С.-Петербургская Газета”. Рэд.]: пісаў- у тыднёвым палітычным аглядзе ад 6 (19) мая; наступнае:

    Настаў май. Незалежна ад надвор’я ён бывае звычайна невельмі прыемны для сталічных жыхароў, таму што пачынаецца пралетарскаму “сьвятам”. У гэтым годзе, калі рабочыя знаходзяцца яшчэ пад уплывам ленскіх дэманстрацый, — 1-ае мая было асабліва небясьпечным. У сталічным паветры, прасякнутым усялякімі чуткамі аб стачках і дэманстрацыях, пахла пажарам. Наша верная паліцыя прыкметна хвалявалася, яна наладжвала вобыскі, арыштоўвала асобных людзей, падрыхтоўвала вялікія нарады для недапушчэньня вулічных дэманстрацый. Што паліцыя не знайшла нічога больш астраумнага, як рабіць вобыскі ў рэдакцыях рабочых газет і забіраць іх рэдактароў, гэтая акалічнасьць не сьведчыць аб асабліва глыбокім веданьні тых ніцей, якімі рухалі лялечныя палкі рабочых. А ніці гэтыя ёсьць. За гэта гаворыць дысцыплінаванасьць стачкі і многа іншых акалічнасьцей. Таму так страшна гэтая майская стачка, самая вялікая з тых, якія назіраліся да гэтага часу, — баставала 100 і нават 150 тыс. рабочых вялікіх і малых майстэрань. Гэта быў толькі мірны парад, але згуртаванасьць гэтага войска зьвяртае на сябе ўвагу. І гэта тым больш, што поруч з нядаўным узбуджэньнем рабочых ішлі іншыя трывожныя зьявы. На розных суднах нашага флёта былі арыштаваны матросы за рэвалюцыйную прапаганду. Мяркуючы па ўсіх тых зьвестках, якія праніклі ў друк, справы абстаяць на нашых і без таго нешматлікіх ваенных суднах не важна... Трывожныя мысьлі выклікаюць і чыгуначнікі. Праўда, нідзе не дайшла справа нават і да спроб наладзіць стачку, але арышты — асабліва такія, што кідаюцца ў вочы, як арышт памочніка начальніка станцыі Нікалаеўскай чыгункі А. А. Ушакова, — паказваюць, што і тут ёсьць пэўная небясьпека.

    Рэвалюцыйныя спробы нясьпелых рабочых мас могуць аказаць, зразумела, толькі шкоднае дзеяньне на зыход выбараў у Думу. Гэтыя спробы тым больш безразважны, што... «цар назначыў Манухіна, а Дзярж. Савет прыняў рабочае страхаваньне”!!

    Так разважае нямецкі акцябрыст. Мы, са свайго боку, заўважым, што атрымалі адносна матросаў дакладныя зьвесткі з месц, якія даказваюць пераўвелічэньне і раздуваньне справы “Новым Временем”. Ахранка, яўна, “працуе” па-правакатарску. Заўчасныя спробы паўстаньня былі б архі-неразумны. Рабочы авангард павінен разумець, што асноўнымі ўмовамі своечасовага — г. зн. пераможнага — узброенага паўстаньня ў Расіі з’яўляюцца падтрыманьне рабочага кляса дэмакратычным сялянствам і актыўны ўдзел арміі.

    Масавыя стачкі ў рэвалюцыйныя эпохі маюць сваю аб’ектыўную лёгіку. Яны кідаюць сотні тысяч і мільёны іскр ва ўсе бакі, — а вакол гаручы матэрыял самага крайняга азлабленьня, нечуваных пакут голаду, беспрасьветнага праізвола, бессаромнага і цынічнага зьдзеку над “жабраком”, над “мужыком”, над ніжнім чынам. Дадайце да гэтага да-нельга раз’юшаную пагромную антыяўрэйскую траўлю чарнасоценцаў, спадцішка жывімую і накіроўваемую прыдворнай шайкай тупога у крывяжэрнага Нікалая Раманава... “Так было — так будзе”: на галаву сабе і свайму клясу, і свайму памешчыцкаму цару сказаў гэтыя вешчыя словы міністар Макараў!

    Рэвалюцыйны ўздым мас ускладае вялікія і адказныя абавязкі на ўсякага рабочага сацыял-дэмакрата, на ўсякага чэснага дэмакрата. “Усебаковае падтрыманьне пачынаючагася руху мас (цяпер трэба ўжо сказаць: пачаўшагася рэвалюцыйнага руху мас) і расшырэньне яго пад сьцягам поўнасьцю праводзімых лёзунгаў партыі”, — так вызначыла гэтыя абавязкі ўсерасійская канфэрэнцыя Р.С.-Д.Р.П. Лёзунгі партыі — дэмакратычная рэспубліка, 8-мі гадзінны рабочы дзень, канфіскацыя ўсёй памешчыцкай зямлі — павінны стаць лёзунгамі ўсёй дэмакратыі, лёзунгамі народнай рэвалюцыі.

    Каб падтрымліваць і расшыраць рух мас, патрэбна арганізацыя і арганізацыя. Без нелегальнай партыі нельга весці гэтай работы і няма чаго дарэмна гаварыць аб ёй. Падтрымліваючы і расшыраючы. націск мас, трэба ўважліва ўлічваць вопыт 1905 года. і, раз’ясьняючы неабходнасьць і немінучасьць паўстаньня, папярэджваць і ўтрымліваць ад заўчасных спроб гэтага роду. Рост масавых стачак, прыцягненьне да барацьбы іншых клясаў, стан арганізацыі, настрой мас, усё гэта само сабой укажа момант, калі ўсе сілы павінны будуць злучыцца ў дружным, рашучым, наступальным, беззаветна-сьмелым націску рэвалюцыі на царскую манархію.

    Без пераможнай рэвалюцыі не бываць у Расіі свабодзе.

    Без зьвяржэньня пралетарска-сялянскім паўстаньнем царскай манархіі не бываць у Расіі пераможнай рэвалюцыі.

    Творы, т. XV, стар. 533-638.

    *

    В. І. Ленін

                                         МАЁЎКА РЭВАЛЮЦЫЙНАГА ПРАЛЕТАРЫЯТУ

    Мінуў год з часу ленскіх падзей і першага, рашучага ўздыму рэвалюцыйнага рабочага руху пасьля перавароту 3 чэрвеня. Царава чорная сотня і памешчыкі, зграя чыноўнікаў і буржуазія адсьвяткавалі 300-гадовы юбілей грабяжу, татарскіх наездаў і зганьбаваньня Расіі Раманавымі. Сабралася і пачала сваю “работу”, сама не верачы ў яе і страціўшы былую контррэвалюцыйную энэргію, IV Дума. Разгубленасьць і нуда ахапілі лібэральнае грамадзтва, якое вяла жуе заклікі да рэформ — і ў той жа час прызнае немагчымасьць нават падабенства рэформ.

    І вось, маёўка рабочага кляса Расіі, — спачатку даўшага рэпэтыцыю ў Рызе, а затым, у першае мая па старому стылю ў Пецярбургу рашучае выступленьне, — гэта маёўка, як маланка ў хмурай, цьмянай, сумнай атмасфэры, прарэзала паветра. Перад сотнямі старых рэвалюцыянэраў, якіх не дабілі яшчэ і не надламалі прасьледаваньні катаў і рэнэгацтва прыяцеляў, — перад мільёнамі новага пакаленьня дэмакратаў і сацыялістаў усталі зноў, ва ўсёй сваёй велічы, задачы надыходзячай рэвалюцыі і абрысаваліся сілы кіруючага ёю перадавога кляса.

    Ужо за некалькі тыдняў да першага мая ўрад нібы страціў галаву, а паны фабрыканты вялі сябе як зусім безгаловыя людзі. Арышты і вобыскі паднялі, здавалася, уверх дном усе рабочыя кварталы сталіцы. Правінцыя не адставала ад цэнтра. Фабрыканты мітусіліся, і зьбіраючы нарады, выносячы супярэчлівыя лёзунгі, то пагражаючы расправай і лакаўтамі, то ўступаючы наперад і згаджаючыся закрыць заводы, то — падбухторваючы ўрад да зьверстваў, то папракаючы ўрад і заклікаючы яго да ўнясеньня першага мая ў лік “табэльных” дзён.

    Але як ні старалася жандармэрыя, як ні “чысьціла” яна фабрычныя прадмесьці, як ні хватала направа-налева па апошніх са сваіх “сьпісаў падазроных”, — нішто не дапамагло. Рабочыя сьмяяліся над бясьсільнай злобай царскай шайкі і кляса капіталістаў, іранізавалі над грознымі і жалкімі “аб’явамі” граданачальніка, пісалі і пускалі па руках — або перадавалі з вуснаў у вусны — сатырычныя вершыкі і здабывалі, нібы з-пад зямлі, новыя і новыя прыгаршні маленькіх, дрэнна выданых, кароткіх і простых, але павучальных “лісточкаў” з заклікамі да стачкі і да дэманстрацыі, з напамінаньнем старых, няўрэзаных, рэвалюцыйных лёзунгаў сацыял-дэмакратыі, якая кіравала ў пятым годзе першым націскам мас на самадзяржаўе і на манархію.

    Сто тысяч бастуючых першага мая — гаварыў на другі дзень урадавы друк. Сто дваццаць пяць тысяч —паведамлялі буржуазныя газэты, на першых тэлеграфных інфармацыях (“Киевская Мысль”). Сто пяцьдзесят тысяч — тэлеграфіраваў з Пецярбурга карэспандэнт цэнтральнага органа германскай сацыял-дэмакратыі. А на другі дзень ужо ўся буржуазная прэса давала цыфру 200-220 тысяч. Лік стачачнікаў на справе дайшоў да 250 тысяч.

    Але, апрача ліку бастуючых першага мая, яшчэ значна ўнушальней — і значна знамянальней — былі ревалюцыйныя вулічныя дэманстрацыі рабочых. Са сьпяваньнем рэвалюцыйных песень, з гучнымі заклікамі да рэвалюцыі ва ўеіх прадмесьцях сталіцы і ва ўсіх канцах горада, з чырвонымі флагамі вялі барацьбу рабочыя натоўпы на працягу некалькіх гадзін супроць мабілізаваных, з удзесяцяронай энэргіяй урадам, сіл паліцыі і ахраны. І рабочыя здолелі даць адчуць найбольш заўзятым з царскіх апрычнікаў, што барацьба ідзе не на жарт, што перад паліцыяй не жменька цацачнай, славянафільскай, справы людзішак, што ўсталі сапраўды масы працоўнага кляса сталіцы.

    Адкрытая дэманстрацыя рэвалюцыйных імкненьняў пралетарыята — рэвалюцыйных сіл яго, загартаваных і падмацаваных новымі пакаленьнямі, — рэвалюцыйных заклікаў да народа і да народаў Расіі атрымалася сапраўды бліскучая. Калі ў мінулым годзе ўрад і фабрыканты маглі суцяшаць сябе тым, што нельга было прадбачыць ленскага выбуху, нельга было адразу падрыхтавацца да барацьбы з яго вынікамі, то цяпер прадбачаньне было з боку манархіі самае дакладнае, час для падрыхтоўкі быў самы доўгі, прыняты “меры” былі самыя “энэргічныя”, — ў рэзультаце поўнае выяўленьне бясьсільля царскай манархіі перад рэвалюцыйным прабуджэньнем пралетарскіх мас.

    Так, год стачачнай барацьбы пасьля Лены, гэты год паказаў — наперакор жалкім лямантам лібэралаў і іх падгалоскаў супроць «стачачнага азарту», супроць “сындыкалісцкіх” стачак, супроць злучэньня эканамічнай стачкі з палітычнай і наадварот, — гэты год паказаў, якую вялікую, незамянімую зброю выкаваў сабе сацыял-дэмакратычны пралетарыят у рэвалюцыйную эпоху для агітацыі ў масах, для прабуджэньня іх, для прыцягненьня іх да барацьбы. Рэвалюцыйная масавая стачка не давала непрыяцелю ні адпачынку, ні спакою. Яна біла ворага і па кішэні, яна таптала ў гразь перад тварам усяго сьвету палітычны прэстыж нібы “сільнага” царскага ўрада. Яна давала ўсё новым і новым слаям рабочых магчымасьць вярнуць назад хоць частачку заваяваньняў пятага года і прыцягвала да барацьбы новыя слаі працоўных, захватваючы найбольш адсталых. Яна не вычэрпвала сіл рабочых, будучы скрозь і ўсюды кароткачасовым, дэманстратыўным выступленьнем, — і ў той жа час падрыхтоўваючы новыя, яшчэ больш унушальныя і больш рэвалюцыйныя адкрытыя выступленьні мас у выглядзе вулічных дэманстрацый.

    Ні ў адной краіне сьвету за апошні год не наглядалася такога ліку палітычных стачачнікаў, як у Расіі, такога ўпорства, такой разнастайнасьці, такой энэргіі стачак. Ужо адна гэтая акалічнасьць паказвае ўсю мізэрнасьць, усё ганебнае тупавум’е тых лібэральных і ліквідатарскіх мудрацоў, якія хацелі “папраўляць” тактыку рускіх рабочых 1912-1913 гадоў па мерцы “эўрапейскіх” канстытуцыйных пэрыядаў, пэрыядаў галоўным чынам падрыхтоўчай работы сацыялістычнай асьветы і выхаваньня мас.

    Бо велізарная перавага рускіх стачак над стачкамі эўрапейскіх, найбольш перадавых краін даказвае зусім не асобыя якасьці або асобыя здольнасьці рабочых Расіі, — а толькі асобыя ўмовы сучаснай Расіі ў сэнсе наяўнасьці рэвалюцыйнага становішча, нарастаньня непасрэднага рэвалюцыйнага крызысу. Калі ў Эўропе наблізіцца аналягічны момант нарастаньня рэвалюцыі (там гэта будзе сацыялістычная рэвалюцыя, а не буржуазна-дэмакратычная, як у нас), тады пралетарыят найбольш капіталістычных краін разгорне яшчэ непараўнальна большую энэргію рэвалюцыйных стачак, дэманстрацый і ўзброенай барацьбы з абаронцамі наёмнага рабства.

    Майская стачка бягучага года, як і цэлы рад стачак за апошнія паўтара года ў Расіі, мае рэвалюцыйны характар у адрозьненьне не толькі ад звычайных эканамічных стачак, але і ад дэманстратыўных стачак і ад тых палітычных стачак з патрабаваньнямі канстытуцыйных рэформ, якой з’яўляецца, напрыклад, апошняя бэльгійская стачка. Гэтай своеасаблівасьці рускіх стачак, цалкам абумоўліваемай рэвалюцыйным становішчам Расіі, ніяк не могуць зразумець людзі, якія захоплены лібэральнымі сьветапоглядамі і развучыліся глядзець на рэчы з рэвалюцыйнага пункту гледжаньня. Эпоха контррэвалюцыі і разгулу рэнэгацкіх настрояў пакінула надта многа такіх людзей і сярод тых, хто жадае называць сябе сацыял-дэмакратамі.

    Расія перажывае рэвалюцыйнае становішча таму што прыгнечаньне велізарнейшай большасьці насельніцтва, не толькі пралетарыяту, але і дзевяці дзесятых дробных вытворцаў, асабліва сялян, абвастрылася ў максымальнай ступені, пры чым гэты абвостраны гнёт, галадоўкі, нішчата, бяспраўе, зьдзек над народамі знаходзяцца ў найглыбейшай неадпаведнасьці і са станам прадукцыйных сіл Расіі, і са ступеньню сьвядомасьці і патрабавальнасьці мас, прабуджаных пятым годам, і са становішчам спраў ва ўсіх суседніх, не толькі эўрапейскіх, але і азіяцкіх краінах.

    Але гэтага яшчэ мала. Адно прыгнечаньне, якое б вялікае яно ні было, не заўсёды стварае рэвалюцыйнае становішча краіны. Большай часткай для рэвалюцыі недастаткова таго, каб нізы не хацелі жыць, як раней. Для яе патрабуецца яшчэ, каб вярхі не маглі гаспадарыць і кіраваць, як раней. Іменна гэта мы бачым цяпер у Расіі. Палітычны крызыс насьпявае ва ўсіх на вачах. Буржуазія ўсё зрабіла, што ад яе залежала, для падтрыманьня контррэвалюцыі і стварэньня на гэтай контррэвалюцыйнай глебе “мірнага разьвіцьця”. Буржуазія давала грошы катам і прыгоньнікам, колькі яны хацелі, буржуазія ганіла рэвалюцыю і адраклася ад яе, буржуазія лізала бот Пурышкевіча і бізун Маркава 2-га, ператваралася ў лёкая іх, буржуазія стварала “эўрапейска»-абгрунтаваныя тэорыі, абліваючыя гразёю нібы “інтэлігенцкую” рэвалюцыю пятага года, абвяшчаючыя яе грахоўнай, зладзейскай, процідзяржаўнай і іншае і іншае.

    І не гледзячы на ўсе гэтыя афяры сваім кашальком, сваёй чэсьцю і сваёй совесьцю, буржуазія сама прызнае, ад кадэтаў да акцябрыстаў, што самадзяржаўе і памешчыкі не змаглі забясьпечыць “мірнага разьвіцьця”, не змаглі забясьпечыць элемэнтарных умоў “парадку” і “законнасьці”, без якіх не можа жыць у XX веку капіталістычная краіна, побач з Германіяй і новым Кітаем..

    Палітычны крызыс агульнанацыянальнага маштаба ў Расіі ў наяўнасьці і прытым гэта — крызыс такі, які датычыць іменна асноў дзяржаўнага ладу, а зусім не якіх-небудзь дэталей яго, датычыць фундамэнта будынка, а не той ці іншай прыбудовы, не таго ці іншага паверха. І колькі б ні балбаталі нашы лібэралы і ліквідатары фраз на тэму аб тым, што “ў нас ёсць, слава богу, канстытуцыя” і што на чарзе дня тыя ці іншыя палітычныя рэформы (цеснай сувязі першага палажэньня з другім не разумеюць толькі вельмі недалёкія людзі), колькі б ні лілося гэтай рэфарматарскай вадзіцы, — а справа астаецца ў тым становішчы, што ні адзіны ліквідатар і ні адзіны лібэрал не можа ўказаць ніякага рэфарматарскага выхаду са становішча.

    І стан мас насельніцтва ў Расіі, і абвастрэньне іх становішча новай аграрнай палітыкай (за якую, як за апошні ратунак, павінны былі схапіцца прыгоньнікі-памешчыкі), і міжнародныя ўмовы і характар стварыўшагася ў нас агульнапалітычнага крызыса — вось тая сума аб’ектыўных умоў, якія робяць становішча Расіі рэвалюцыйным у выніку немагчымасьці вырашыць задачы буржуазнага перавароту на даным шляху і данымі (ураду і эксплюятатарскім клясам) сродкамі.

    Такая вось грамадзкая, эканамічная і палітычная, глеба, такія вось суадносіны клясаў у Расіі, парадзіўшыя своеасаблівыя стачкі ў нас, немагчымыя ў цяперашняй Эўропе, у якой усякія рэнэгаты жадаюць запазычыць прыклад не ўчарашніх буржуазных рэвалюцый (з пробліскамі заўтрашняй пралетарскай рэвалюцыі), а сёнешняга “канстытуцыйнага” становішча. Ні прыгнечаньне нізоў ні крызыс вярхоў не створаць яшчэ рэвалюцыі, — яны створаць толькі гніеньне краіны, — калі няма ў гэтай краіне рэвалюцыйнага кляса, здольнага ператварыць пасіўны стан гнёту ў актыўны стан абурэньня і паўстаньня.

    Гэтую ролю сапраўды перадавога, сапраўды падымаючага масы на рэвалюцыю, сапраўды здольнага выратаваць Расію ад гніеньня, кляса і іграе прамысловы пралетарыят. Гэтую задачу ён і ажыцьцяўляе сваімі рэволюцыйнымі стачкамі. Гэтыя стачкі, якіх ненавідзяць лібэралы і якіх не зразумелі ліквідатары, зьяўляюцца (гаворачы словамі лютаўскай рэзалюцыі Р.С.-Д.Р.П.) “адным з самых дзейсных сродкаў пераадоленьня апатыі, роспачы і распыленьня сельскагаспадарчага пралетарыяту і сялянства,... уцягненьня яго ў магчыма больш дружныя, адначасовыя і шырокія рэвалюцыйныя выступленьні.

    Рабочы кляс уцягвае ў рэвалюцыйныя выступленьні масы працоўных і эксплюятуемых, пазбаўленых элемэнтарных правоў і даведзеных да адчайнага становішча. Рабочы кляс вучыць іх рэвалюцыйнай барацьбе, выхоўвае іх для рэвалюцыйнага дзеяньня, разьясьняе ім, дзе і ў чым выхад і ратунак. Рабочы кляс вучыць іх не словамі, а справамі, прыкладам і прытым прыкладам не авантур адзінкавых герояў, а прыкладам масавага рэвалюцыйнага выступленьня, злучаючага палітычныя і эканамічныя патрабаваньні.

    Як просты, як зразумелы, як блізкі гэтыя мысьлі ўсякаму чэснаму рабочаму, успрыймаючаму хоць бы зачаткі вучэньня сацыялізму і дэмакратыі! І як чужды яны тым інтэлігенцкім здраднікам сацыялізму і прэдацелям дэмакратыі, якія ў ліквідатарскіх газэтах ганяць або асьмейваюць “падпольле”, запэўніваючы наіўных прастачкоў, што яны — “тож-сацыял-дэмакраты”.

    Маёўка пецярбурскага, а за ім і ўсяго расійскага, пралетарыяту яшчэ і яшчэ раз наглядна паказала тым, хто мае вочы, каб бачыць, і вушы, каб чуць, вялікае гістарычнае значэньне рэвалюцыйнага падпольля ў сучаснай Расіі. Адзіная партыйная арганізацыя Р.С.-Д.Р.П. у Пецярбургу, Пецярбурскі Камітэт прымусіў і перад маёўкай, як і перад 9 студзеня, як і перад 300-годзьдзем Раманавых, як і 4 красавіка, нават буржуазны друк адзначыць той факт, што лісткі П.К. зноў і зноў паявіліся па фабрыках і заводах.

    Велізарных афяр каштуюць гэтыя лісткі. Часам мізэрна іх зьнешнасьць. Некаторыя з іх, напрыклад, заклікі да дэманстрацыі 4 красавіка, прадстаўляюць сабой назначэньні гадзіны і месца дэманстрацыі, у шасьці радках, набраных, як відаць, тайком і з крайняй сьпешкай у розных друкарнях і розным шрыфтам. У нас ёсьць людзі (“тож-сацыял-дэмакраты”), якія, маючы на ўвазе гэтыя ўмовы работы “падпольля”, пытаюцца, злосна хіхікаючы або пагардліва сьціскаючы губы: “Калі б падпольлем вычэрпвалася партыя, то колькі ж членаў яна налічвала б? 2-3 сотні?” (Гл. № 95 (181) органа рангоўтаў “Луча” ў рэдакцыйнай абароне п. Седова, маючага сумную мужнасьць быць адкрытым ліквідатарам. Гэты нумар “Луча” выйшаў за пяць дзён да маёўкі, г. зн. якраз у часе згатаўленьня лісткоў падпольлем!).

    Паны Даны і Патрэсавы з К°, якія пішуць гэтыя ганебныя рэчы, не могуць не ведаць, што тысячы пралетарыяў былі ў партыі ўжо ў 1903 годзе, 150 тысяч у 1907 годзе, што і цяпер тысячы і дзесяткі тысяч рабочых выдаюць і распаўсюджваюць падпольныя лісткі, як члены падпольных ячэек Р.С.-Д.Р.П. Але паны ліквідатары ведаюць, што яны абаронены сталыпінскай “легальнасцю” ад легальнага абвяржэньня іх подлай хлусьні і яшчэ больш подлых “крыўляньняў” наконт падпольля.

    Паглядзіце, да чаго адарваліся ад масавага рабочага руху, ад рэвалюцыйнай работы наогул, гэтыя жалкія людзі! Вазьміце нават іх, заведама фальсыфікаваную ва ўгоду лібэралам, мерку. Дапусьціце на мінуту, што “дзьве-тры сотні” рабочых у Пецярбургу прымалі ўдзел у згатаўленьні і раскідваньні гэтых падпольных лісткоў.

    Што ж адсюль выходзіць? “Дзве-тры сотні” рабочых, цвет Спб. пралетарыяту, людзі, не толькі называючыя сябе сацыял-дэмакратамі, але і працуючыя як сацыял-дэмакраты, людзі, паважаемыя і цанімыя за гэта ўсім рабочым клясам Расіі, людзі, не языкаблудствуючыя аб “шырокай партыі”, а складаючыя на справе адзіна існуючую ў Расіі падпольную с.-д. партыю, — гэтыя людзі гатовяць і раздаюць падпольныя лісткі. Ліквідатары “Луча” пагардліва сьмяюцца (пад абаронай сталыпінскіх цэнзараў) над “2-3 сотнямі”, над. “падпольлем”, над “пераўвелічэньнем” яго значэньня і т. д.

    І раптам, о, цуда! Па рашэньню, зрэдагаванаму пяццю-сямю членамі выканаўчай камісіі П.К., — па лістку, згатоўленаму і разданаму “двума-трыма сотнямі”, — паўстаюць, як адзін чалавек, дзьвесьце пяцьдзесят тысяч у Пецярбургу.

    Не аб “адкрытай рабочай партыі”, не аб “свабодзе кааліцыі” і таму падобных рэформах, зданямі якіх абдурваюць народ лібэралы, гавораць гэтыя лісткі, гавораць рэвалюцыйныя прамовы рабочых на мітынгах і дэманстрацыі. Яны гавораць аб рэвалюцыі, як адзіным выхадзе са становішча. Яны гавораць аб рэспубліцы, як адзіным лёзунгу, які, у процівагу лібэральнай хлусьні наконт рэформ, указвае перамену, забясьпечваючую свабоду, указвае сілы, здольныя сьвядома ўстаць за яе.

    Увесь двухмільённьі Пецярбург бачыць і чуе гэтыя заклікі да рэвалюцыі, западаючыя глыбока ў сэрца кожнаму працоўнаму і прыгнечанаму слою. Увесь Пецярбург бачыць на жывым і масавым прыкладзе, у чым выхад і ў чым хлусьня лібэральнай балбатні аб рэформах. На ўсю Расію разносяць тысячы сувязей рабочых — і сотні буржуазных газэт, вымушаемых расказаць хоць бы ўрыўкамі аб піцерскай масоўцы — разносяць вестку аб упорнай стачачнай барацьбе сталічнага пралетарыяту. І у сялянскую масу і ў сялянскае войска даносіцца гэтая вестка аб стачках, аб рэвалюцыйных патрабаваньнях рабочых, аб барацьбе іх за рэспубліку і за канфіскацыю зямлі памешчыкаў на карысьць сялян. Павольна, але верна, рэвалюцыйная стачка варушыць, будзіць, асьвечвае і арганізоўвае народныя масы для рэвалюцыі.

    “Дзьве-тры сотні” “падпольшчыкаў” выражаюць інтарэсы і нужды мільёнаў і дзесяткаў мільёнаў, гаворачы ім праўду аб іх бязвыхадным становішчы, раскрываючы ім вочы на неабходнасьць рэвалюцыйнай барацьбы, унушаючы ім веру ў яе, даючы ім правільныя лёзунгі, вырываючы гэтыя масы з-пад уплыву шырокавяшчальных і наскрозь ілжывых, рэфармісцкіх лёзунгаў буржуазіі. А “два-тры” дзесяткі інтэлігенцкіх ліквідатараў, абдурваючы неразьвітых рабочых на грошы, сабраныя з заграніцы і з лібэральных купцоў, праводзяць у рабочае асяродзьдзе лёзунгі гэтай буржуазіі.

    Майская стачка, як і ўсе рэвалюцыйныя стачкі 1912-1913 гадоў, навочна паказвае нам тры палітычныя лягеры, на якія дзеліцца сучасная Расія. Лягер катаў і прыгоньнікаў, манархіі і ахранкі. Ён зрабіў усё, што мог, па часьці зьверства. Ён ужо бясьсільны супроць рабочых мас. Лягер буржуазіі, якая ўся, ад к.-д. да акцябрыстаў, крычыць і стогне, заклікаючы да рэформ і сама сябе аб’яўляючы ў “дурнях” за дапушчэньне мысьлі аб магчымасьці рэформ у Расіі. Лягер рэвалюцыі, які адзіна выражае інтарэсы прыгнечаных мас.

    Усю ідэйную, усю палітычную работу ў гэтым лягеры вядзе толькі падпольная сацыял-дэмакратыя, якая ўмее кожную легальную магчымасьць скарыстаць іменна ў сваім духу і якая неразрыўна зьвязана з перадавым клясам, пралетарыятам. Ніхто не можа наперад сказаць, ці ўдасца гэтаму перадавому клясу давесьці масы да пераможнай рэвалюцыі. Але свой абавязак весьці масы да такога выхаду гэты кляс выконвае наперакор усім хістаньням і здрадам лібэралаў і “тож-сацыял-дэмакратаў”. Усё, што ёсьць жывога і жыцьцяздольнага ў рускім сацыялізьме і ў рускай дэмакратыі, усё гэта выхоўваецца выключна на прыкладзе рэвалюцыйнай барацьбы пралетарыяту і пад кіраўніцтвам яе.

    Маёўка бягучага года паказала ўсяму сьвету, што расійскі пралетарыят цьвёрда ідзе па свайму рэвалюцыйнаму шляху, па-за якім няма ратунку для задыхаючайся і гніючай зажыва Расіі.

    „Социал-Демократ” № 31, 28 (15) чэрвеня 1913 г.

    Творы, т. XVI, стар, 484-491.

    *

    І. В. Сталін

                                                    ДА ДЗЕСЯЦІГОДЗЬДЗЯ „ПРАВДЫ”

                                                                        (Успаміны)

                                                                      I. Ленскія дні

    Ленскія дні зьявіліся рэзультатам Сталыпінскага рэжыму “заспакаеньня”. Маладыя члены партыі, вядома, не адчулі і не памятаюць хараства гэтага рэжыму. Што датычыць старыкоў, то ім, мабыць, памятны праклятай памяці карныя экспэдыцыі, разбойніцкія набегі на рабочыя арганізацыі, масавая порка сялян і, як прыкрыцьцё ўсяго гэтага, — чорнасоценна-кадэцкая дума. Скаванасьць грамадзкай мысьлі, агульная стомленасьць і апатыя, нужда і адчаяньне сярод рабочых, забітасьці і запужанасьць сялян пры агульным разгуле паліцэйска-памешчыцка-капіталістычнай зграі — такія вось характэрныя рысы Сталыпінскага “заспакаеньня”.

    Павярхоўнаму назіральніку магло здацца, што эпоха рэвалюцыі адышла ў вечнасьць, што наступіў пэрыяд “канстытуцыйнага разьвіцьця” Расіі на манер Прусіі. Ліквідатары крычалі аб гэтым адкрыта, прапаведуючы неабходнасьць арганізацыі Сталыпінскай легальнай рабочай партыі. А некаторыя старыя “бальшавікі”, спачуваючы ў душы такой пропаведзі, загадзя пакідалі рады нашай партыі. Таржаство бізуна і цемры было поўнае. “Мерзасьць запусценьня” — так характарызавалася тады палітычнае жыцьцё Расіі.

    Ленскія дні ўварваліся ў гэтую “мерзасьць запусценьня” ураганам і адкрылі для ўсіх новую карціну. Аказалася, што Сталыпінскі рэжым не такі ўжо трывалы. Дума выклікае ў масах пагарду, а рабочы кляс накапіў у сабе дастаткова энэргіі для таго, каб кінуцца ў бой за новую рэвалюцыю. Дастаткова было расстрэлу рабочых у далёкай сыбірскай глушы (Бадайбо), каб Расія пакрылася забастоўкамі, а піцерскі пралетарыят, выйшаўшы на вуліцу, адным узмахам зьмёў са шляху хвасьлівага міністра Макарава з яго наглым лёзунгам “так было, так будзе”. Гэта былі першыя ластаўкі пачынаючагася магутнага руху. “Звезда” была тады права, усклікаючы: “мы жывы, кіпіць наша алая кроў агнём нястрачаных сіл”... Уздым новага рэвалюыцыйнага руху быў у наяўнасьці.

    У хвалях гэтага руху і нарадзілася масавая рабочая газэта “Правда”.

    “Праада“ № 98 ад 5 мая 1922 г.

    *

                            ПРЫВІТАНЬНЕ ТАВАРЫША СТАЛІНА ЛЕНСКІМ РАБОЧЫМ

    Красавіцкі расстрэл ленскіх рабочых 15 год назад быў адным з самых крывавых зладзеяньняў царскага самадзяржаўя. Адважная барацьба паўшых у далёкай тайзе ад царскіх куль таварышаў не забыта перамогшым пралетарыятам. Аглядаючыся на пройдзены шлях, рабочыя Саюза могуць сказаць: ні адна кропля рабочай крыві бадайбінцаў не прапала дарма, бо ворагі пралетарыяту атрымалі адплату, а пралетарыят ужо дабіўся сваёй перамогі над імі. Цяпер, свабодныя ад царскага і капіталістычнага гнёту, на берагах Віціма, вы маеце магчымасьць здабываць золата не для ўзбагачэньня дармаедаў, а для ўмацаваньня магутнасьці першай у сьвеце сваёй рабочай дзяржавы. Чэсьць і слава паўшым у барацьбе за перамогу рабочага кляса!

    Вітаючы; вас, дарагія таварышы, у гэты дзень успамінаў аб гераічнай барацьбе паўшых таварышаў, дазвольце выразіць упэўненасьць у тым, што вы цьвёрда і няўхільна будзеце прадаўжаць справу далейшай барацьбы за поўнае таржаство перамогі сацыялізму ў нашай краіне.

    І. Сталін.

    “Ленский шахтер“ № 87 ад 17 (4) красавіка 1927 г.

 




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz