piątek, 24 maja 2024

ЎЎЎ 1. Іван Ласкоў. Шлях пакутніка. (Язэп Гэрмановіч.) Ч. 1. Койданава. "Кальвіна". 2024.




    Іван Ласкоў

                                                               ШЛЯХ ПАКУТНІКА

                                                Па старонках адной малавядомай кнігі

    Гэтая кніга трапіла мне выпадкова, праз 27 год пасля выдання, Язэп Германовіч, “Кітай — Сібір — Масква, Успаміны”, Мюнхен, 1962 г. Разгарнуў яе з пэўным недаверам. Трывала сядзіць у нас недавер, выгадаваны яшчэ ў тыя часы, калі любы радок на нашай мове, выдадзены за мяжой, лічыўся для нас варожым. Не буду ўводзіць у зман чытача, заяўляючы, што кніга напісана сябрам ці прыхільнікам Савецкай улады. Сваё стаўленне да нашага ладу, а дакладней, да змрочнага сталінскага часу Я. Германовіч выказвае недвухсэнсоўна. Сёй-той і цяпер можа вызначыць ягоную кнігу як антысавецкую. І сам я, калі б зазірнуў у яе ў той час, калі яна выйшла, можа, сказаў бы прыблізна тое ж. Але час ідзе...

    Думаецца, што такім аўтарам, як Германовіч, трэба верыць Не можа маніць глыбока рэлігійны і такі шчыры чалавек, як Германовіч, што не тоіць у сваіх успамінах нават і ўласных “грахоў” накшталт «украдзенага» з поля гурка.

    Нарадзіўся Язэп Германовіч (сваё імя па бацьку ён не паведамляе) 4 сакавіка 1890 года ў мястэчку Гальшаны Віленскай губерні, (Цяпер вёска ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці), Вучыўся ў віленскай духоўнай семінарыі. У 1924 годзе “ўступіў да айцоў Марыянаў” Друйскага кляштару, што ў Браслаўскім раёне. На пачатку 30-ых гадоў яго жыццёвы шлях робіць рэзкі паварот... Але для большай зразумеласці крыху адхілімся ад жыццяпісу айца Язэпа.

    Як вядома кітайцы спрадвеку мелі сваю рэлігію — канфуцыянства. Але з пункту гледжання хрысціянскіх цэркваў, Кітай лічыўся паганскім. Таму з другой паловы XIX стагоддзя Кітай робіцца полем дзейнасці каталіцкіх місіянераў. Да трыццатых гадоў XX стагоддзя лік хрышчоных у каталіцтва кітайцаў дасягае пяці мільёнаў. Сваю дзейнасць у Кітаі разгортвала і Руская праваслаўная царква. “Справа, — піша Я. Германовіч (цытую, захоўваючы ўсе моўныя і арфаграфічныя асаблівасці), — пачалася прыпадкова і ў дзіўны спосаб. У XVII стагодзьдзі кітайцы вялі вайну з царскай Расіяй і двойчы здабывалі над ракою Амурам цьвярдыню Албазін. Першая аблога кончылася нічым. Другі раз, пасьля доўгай аблогі, абаронцаў цьвярдыні голадам прымусілі здацца. Кітайцы вельмі дзівіліся з мужнасьці і стойкасьці забайкальскіх казакоў і, узяўшы іх у палон, далі ім узнагароду; пасадзілі ля Пэкіну на ўчастках, пажанілі зь кітайкамі і пакінулі ім вольнасьць рэлігіі. Пасьля дагаварыліся з царскім урадам і расейскі Сынод назначаў праваслаўных духоўнікаў у пэкінскую «албазінскую» місію. У наступных пакаленнях албазінцы акітаіліся зусім, але насілі імёны Ванькаў і Міцькаў і захавалі праваслаўную веру. Нават расейская мова атрымала ў іх сваю вагу, а ў цэрквах — славянская. Калі ўзьнікла патрэба тлумачыць літургію і наагул царкоўнае набажэнства на кітайскую мову, пецярбургскі Сынод не працівіўся гэтаму. (...) Такім чынам, праваслаўная цэрква залажыла свой трывалы фундамент будучай місіі ў Кітаі”.

    Яна ўзмацніла свой уплыў, калі царызм ператварыў паўночна-ўсходні Кітай у сваю “сферу ўплыву”, фактычна далучыўшы яго да Расіі. Хутка расла колькасць рускага насельніцтва Маньчжурыі, была пракладзена Усходне-Кітайская чыгунка, на месцы кітайскай вёскі пабудаваны рускі горад Харбін. Яшчэ больш стала ў Маньчжурыі рускіх людзей пасля грамадзянскай вайны і выгнання белагвардзейцаў з Усходняй Сібіры. Але праваслаўнай царкве ў Кітаі гэта чамусьці на карысць не пайшло “Хоць эміграцыя наагул не была бедная (...) хоць расейская эміграцыя здолела пабудаваць у Харбіне дзесяткі прыгожых цэркваў, аднак не змагла стварыць і весьці інстытутаў місійных, ані нават сваіх выхаваўчых у такіх памерах, як мелі пратэстанты і мы, каталікі”, — зазначае Я. Германовіч. Болей за тое: частка праваслаўнай эміграцыі ў Кітаі стала далучацца да каталіцтва. Ватыкан, што пільна сачыў за гэтым, вырашыў падмацаваць справу накіраваннем у Харбін прадстаўнікоў усходне-каталіцкага духавенства. Першым кіраўніком усходняй каталіцкай місіі ў Кітаі быў прызначаны архімандрыт Фабіян Абрантовіч, з нацыянальнасці беларус. Доктар філасофіі (атрымаў адукацыю ў Пецярбурзе), “слаўны прамоўца і пісьменнік”, у 1916-1920 гадах ён быў рэктарам каталіцкай духоўнай семінарыі ў Менску (якую сам заснаваў), пасля працаваў у Навагрудку. У 1928 г. “параплавам з Марсыліі, праз Суэц, Сінгапур, Шангай, Дамрэн” Ф. Абрантовіч прыязджае ў Харбін.

   У далейшым сюды прыехалі яшчэ некалькі святароў з Беларусі, у тым ліку 23 мая 1932 года — Язэп Германовіч. Ён узначаліў каталіцкую школу-інтэрнат для хлопчыкаў-сірот — дзяцей эмігрантаў. Працавала школа на рускай мове.

    У 1935 годзе, змораны цяжкай і нервовай працай, Германовіч захварэў і быў вымушаны выехаць з Кітаю. “Пасьля нядоўгага адпачынку ў Рыме і ў Друі заняў месца рэктара студыяў у Вільні... у купленым доме для клерыкаў-беларусаў”.

    “Ад пачатку 1938 (года) — піша далей Германовіч, — пачалася вялікая нагонка на беларусаў у Віленскім ваяводстве з боку польскага акупацыйнага ўрада Рыдза-Сьміглага. У рэзультаце гэтага былі выселены з Друйскага кляштару сьвятары і клерыкі беларусы”. Сам Германовіч 10 ліпеня 1938 г. быў высланы з Вільні. Відавочна, ён не меў ніякага іншага выйсця, бо 2 мая 1939 г. зноў апынуўся ў Харбіне ў той самай школе-інтэрнаце (якую называе таксама ліцэем). Напачатку працаваў выхаваўцам у інтэрнаце, потым займаў пасаду віцэ-дырэктара, выкладаў лаціну.

    Пачалася і скончылася другая сусветная вайна. Разграміўшы Квантунскую армію, савецкія войскі занялі Маньчжурыю. Але ў жыцці ліцэя мала што змянілася. Ён працягваў карміць і выхоўваць больш за 500 вучняў, пераважна дзяцей эмігрантаў. Потым савецкую адміністрацыю змяніла кітайская.

    22 снежня 1948 года, якраз перад калядамі, кітайская міліцыя, зрабіўшы нечаканы налёт на ліцэй, схапіла амаль усіх выкладчыкаў і, не даўшы апрануцца, наклаўшы наручныя кайданы, пагрузіла святароў у цягнік і павезла. Няшчасныя думалі — на расстрэл, аказалася — на савецкую граніцу, дзе яны былі перададзены з рук у рукі за нейкую плату (!) супрацоўнікам НКУС.

    З гэтага часу для аўтара ўспамінаў пачынаецца доўгі крыжовы шлях: здзекі следчых, абвінавачванне ў шпіянажы (!), завочны суд у Маскве з прысудам — 25 год па чатырох артыкулах (“арганізацыя ў ліцэі ваенна-тэрарыстычнага гуртка, супрацоўніцтва з загранічнай буржуазіяй, шпіёнства для Ватыкану і агітацыя супраць Савецкага Саюзу”), У лагеры Я. Германовіч цяжка захварэў (крывавы гемарой), яму зрабілі дзве аперацыі, і пачаўся круіз па лагерах Ангарлагу... Ужо і Сталін памёр, а для такіх, як Германовіч, нічога не мянялася. Нарэшце, 8 верасня 1954 года ў лагеры Віхараўка адбыўся суд над знядужаным чалавекам, пасля нядоўгай нарады выносіцца пастанова: “Зволіць ад далейшай кары лягеру!” “Так я атрымаў урачыстае народнае разграшэнне”, — з усмешкай зазначае аўтар.

    Апраўданых судом вязуць у Маскву. Здавалася б, воля блізкая. Але ў Маскве на пероне іх зноў бяруць у круг узброеныя людзі, перагружаюць у іншы цягнік і вязуць у Поцьму (Мардоўская АССР). I змяшчаюць зноў.. у лагер, дзе трымаюць яшчэ каля паўгода. І толькі 27 красавіка 1955 года (Германовіч прасіўся, каб яго пакінулі на Беларусі) аўтар успамінаў перасякае савецка-польскую мяжу, прычым да самага Брэста едзе фактычна пад аховай.

    Такім чынам, Германовіч прабыў у СССР шэсць год чатыры месяцы, і аніводнага дня як вольны чалавек. Сустрэлі яго беззаконнем і з беззаконнем, можна сказаць, праводзілі.

    Паўтараю: за шэсць год і чатыры месяцы ГермановІч не быў у Савецкім Саюзе вольным чалавекам аніводнага дня. У турмах і лагерах яго акружалі такія ж няшчасныя ахвяры сталіншчыны, як і ён сам. З аповядаў гэтых людзей святар даведваўся аб сапраўдным тэроры, разгорнутым у СССР, аб жудасным калгасным прымусе.

    Яшчэ болей трагічным быў лёс калег Германовіча па харбінскім ліцэі. Першы кіраўнік ліцэя, Фабіян Абрантовіч, у красавіку 1939 года паехаў у Рым даць справаздачу папе Пію ХІІ-му. Пасля Рыма Абрантовіч выправіўся ў Польшчу, каб наведаць прыяцеляў у Варшаве, Львове, Вільні, а таксама родных у Наваградку. У Наваградку яго і заспела другая сусветная вайна. Павярнуўшы назад, Абрантовіч здолеў дабрацца толькі да Львова, дзе трапіў у рукі НКУС. Далейшае не высветлена: па адных звестках, ён хутка пасля следства быў расстраляны, па другіх — памёр у цягніку, калі яго везлі з Масквы ў Сібір. Прынамсі, у той час, калі арыштавалі Германовіча, яго жывога, мусіць, ужо не было, бо на допытах айца Язэпа імя Абрантовіча следчыя не згадвалі ніколі.

    Наступнік Абрантовіча, архімандрыт Андрэй Цікота, быў арыштаваны адначасова з Германовічам. А. Цікота быў па-свойму выдатным дзеячам каталіцкай царквы на Беларусі. У Віленскай духоўнай семінарыі вучыўся адначасова з Германовічам. Потым стаў законнікам (манахам) і заснаваў кляштар у Друі, той самы, у які ўвайшоў і Германовіч. У 1933-1939 гг. А. Цікота абіраўся ў Рыме на генерала эакону (ордэна) Марыянаў.

    “Особым совещанием” А. Цікота, як і калегі, быў засуджаны на 25 год лагераў. Тут яго, дагэтуль моцнае, здароўе пачало хутка гаснуць. Улады вырашылі выкарыстаць хворага чалавека “ў сваёй правакацыйнай палітыцы”: прапанавалі яму становішча беларускага першага біскупа ў Мінску з той умовай, што ён будзе працаваць “пад урадавай дырэктывай”. Тут здарылася анекдатычная рэч. Улады “не разумелі каталіцкага законнага тытулу «Айцец Генэрал Закону Марыянаў»... Дык на размову з ім паслалі палкоўніка з прапановай ехаць у Менск. Але Цікота сказаў:

    — Пакіньце мяне, каб я мог спакойна памерці”.

    11 лютага 1952 года архімандрыт Андрэй Цікота памёр у лагернай бальніцы № 38 на чыгуначнай лініі Тайшэт — Брацк — Заярск.

    Выкладчык ліцэя Тамаш Падзява яшчэ пад час следства крануўся розумам.

    Сталіншчыне было мала адрэзаць духоўных пастыраў ад вольнага свету, карміць нішчымнай кашай і гнілой капустай, абцяжарыць невыноснай працай. Святары ў турмах і лагерах уціскаліся яшчэ і як святары. За кратамі забаранялася весці набажэнства, хаця трапляла шмат вернікаў, дый няверуючыя ў турмах нярэдка рабіліся імі. Нельга без замілавання чытаць тыя старонкі, дзе Германовіч расказвае, як ён усё ж вёў службу.

    Вось дзівоснае апісанне адной з такіх службаў: “Назначылі набажэнства якраз на сьвята Непарочнага Зачацьця Дзевы Марыі. (...) Калі ўсё ў нас было гатова, паўстала клапатлівае пытаньне месца. Тады натоўп народу, які нам перашкаджаў, неспадзявана стаў нам памоцны: мы скупіліся ў круг пры нашых ложках ад сьцяны, бо нары ня былі да сьцяны прытуленыя, і так наладзілі свой кружок — запраўдны «Сабор» — усходнюю Службу. У тым гурце народу бліжэйшыя вязьні разумелі, што мы супольна молімся, але аб самай тайніцы нашай Службы яны нічога ня цямілі і нам не перашкаджалі. А шум цэлага бараку дасканальна тушаваў перад народам наша набажэнства”.

    І яшчэ не ўсе. Святароў у турмах “ламалі”, прымушаючы змяніць рэлігію або ўвогуле выракчыся яе. “Украінцы (святары. — I. Л.), — згадвае мемуарыст, — трапляліся або «цэлыя», значыць, ня ўпісаныя ў «сталінскае праваслаўе», або ўпісаныя — «зламаныя». Хто не запісаўся, той адразу даставаў 10 год за які-колечы схвальшаваны «шпіянаж», А хто запісаў-ся, той лічыўся лаяльным для бальшавікоў і заставаўся на месцы. Аднак пасьля і гэтыя былі сасланыя ў Сібір, але даставалі па «25», бо такая была «норма» для палітычных ад 1947 году”.

    Сам Германовіч яшчэ пад час следства таксама прайшоў спакушэнне выракчыся веры. Следчы ўзяў сабе за прывычку даводзіць святару, што бога няма і ўся рэлігія — адзін падман. Гэта гаварылася ў спалучэнні з намёкамі, што калі святар выракнецца бога, то яму зменшыцца пакаранне. “Аднойчы, калі я быў моцна знэрваваны доўгім і цяжкім допытам, Іваноў прыклікаў на сьледзтва «сем горшых ад сябе»: прышоў пракурор, падпалкоўнік і нейкія незнаёмыя ахвіцэры і ўсе яны навыперадкі пачалі засыпаць мяне закідамі супраць Бога. Я сядзеў, як аглушаны. Мне ня толькі да зьнемажэньня балела галава, але ў душы панавала поўная адраньцьвеласьць;            парываўся што-колечы сказаць, і хоць мне было сорамна і балюча, што ня ўмею бараніць свае веры, але словы вязьлі ў горле і я ганебна маўчаў. (...) Аж толькі ў канцы самі сабою вырваліся ў мяне ненадуманыя словы:

    — Каб ад Бога адрокся ўвесь сьвет і ўсё духавенства і нават сам рымскі Папа, дык гэта для мяне ня мела б ніякага значэньня, бо я адказваю толькі перад Богам...”

    Такую веру нельга не паважаць.

    Нарэшце, пад канец свайго нявольніцкага “падарожжа” па Савецкім Саюзе, другі раз праязджаючы Маскву — гэтым разам ужо не ў “чорным воране”, а ў звычайным пасажырскім аўтобусе, Германовіч пераконваецца, што і на волі верніку не нашмат вальней, чым у лагеры: “Гэта ўжо ня ёсць той старадаўні царскі, баярскі й царкоўны горад, але тыповы вялікі, абноўлены й мала чым выдатны гарадзішча. (...) А дзе ж тыя, ведамыя ўсяму сьвету, «сорак-саракоў» цэркваў, якія будаваліся на працягу 800 гадоў? (...) Цэрквы пайшлі на склады, на памяшканні, або панішчаныя, ці запушчаныя — стаяць без вакон, абдзёртыя... І навошта іх так яшчэ трымаць?

    (...) Урад, як мы... бачылі, аднаўляе крамлёўскую царкоўку, якая ўся згубілася ў рыштаваньнях — так густа імі абстаўленая, што ня можа прабіцца да неба ні адной сваёй кручанай вежай. Гэта — сымбаль: так абгароджана ўся праваслаўная Цэрква ў Савецкім Саюзе пад апекай бязбожнага ўраду...”

    Галоўны бязбожнік для Германовіча — Сталін. Да Сталіна аўтар вяртаецца зноў і зноў, падкрэсліваючы бесчалавечнасць “Вялікага Шкодніка”. Урэшце, яму нават здраджвае яго заўсёднае хрысціянскае чалавекалюбства, што прымушае бачыць чалавека нават у забойцу. Пра смерць Сталіна ён гаворыць са з’едлівым сарказмам: “Ах, як Сталін мудра зрабіў, што хоць раз памёр!” Смерць Сталіна ён згадвае раз-пораз як нейкі эпахальны рубеж, хаця вызваленне вязняў пасля яе пачалося далёка не адразу.

    Мы павінны зразумець, што яна, гэтая кніга — не антысавецкая, а антысталінісцкая, што яе аўтар, вялікі свабодалюбца, яшчэ 27 гадоў назад выступаў супраць таго, супраць чаго выступаем мы сёння — супраць любога прыгнятання чалавека чалавекам, ад каго б той прыгнёт ні зыходзіў.

    Яшчэ больш, чым прыгнёт, беззаконне, здзек, абурае Германовіча фальш, крывадушнасць сталіншчыны, што сваю пачварную тыранію пнулася выставіць як найвялікшае шчасце народаў. “Мы... — піша мемуарыст, — параўноўвалі маскоўскую (на Краснай Прэсні. — I. Л.) турму да сібірскіх і магу засветчыць, што яна гэным ні ў чым ня ўступае. Іншая справа з турмой на Лубянцы! Бо там, як мне расказваў знаёмы сьвятар, ёсьць часьці «паказныя», дзе «паказныя лёкаі» падаюць «паказную» ежу 4-ы разы ў дзень у рукавічках. Паказныя турмы, як і паказныя калгасы й фабрыкі, служаць для загранічнікаў, якія пасьля агляду, як некрытычныя турыстыя, раўнуюць да амэрыканскіх”.

    Мы прывыклі залічваць духавенства да пануючага класа і адпаведна ставіцца да яго. Але мы забываемся пры гэтым на дэмакратызм царквы, для якой не існуе ані сацыяльных, ані нацыянальных, ані расавых перагародак. Асабліва гэта датычыць царквы каталіцкай, Для атэіста, вядома, усе цэрквы “адным мірам мазаны”, але, хоць і хрышчоны ў праваслаўе, я павінен прызнаць, што каталіцкая царква бліжэйшая да простага народа. Каталіцкае духавенства, не абцяжаранае сям’ёй, не мае патрэбы ў матэрыяльных сродках больш за тыя, якіх дастаткова для падтрымання жыцця.

    “З сваёй біяграфіяй, — піша далей Германовіч, — я ўваходзіў на сьледзтва не абцяжаны мінуўшчынай... (...) Маё паходжанне было наскрозь пралетарскае: бацька быў, як эмігрант, рабочым у Пецярбурзе ў экіпажнай майстэрні, а маці з простае сялянскае сям’і. Мой бацька выходзіў зь безьзямельных сялян і памёр, калі мне было ўсяго два гады. Як падрастаў, я доўгія гады быў пастушком у сваіх дзядзькоў, а так-жа ў чужых людзей. Польскі фашыстоўскі ўрад мяне дужа прасьледваў: пяць гадоў мне не давалі пашпарту (мабыць, замежнага. — I. Л.); а ў 1938 годзе быў пад наглядам паліцыі ў Вільні і пасьля адтуль мяне выселілі. — Адным словам, такім бліскучым пралетарскім паходжаньнем не маглі пахваліцца самыя бальшавіцкія ўрадаўцы ў Чыце. Але мне яно так памагло, як беднаму чалавеку леташні сьнег”.

    Важна падкрэсліць, што Германовіч нідзе не крытыкуе савецкі лад за тое, што знішчыў пануючыя класы. “Бязбожнасць” гэтага ладу для святара не ў гэтым, а ў тым, што не шкадуе беднага чалавека, давёў яго да яшчэ большай беднасці і жабрацтва.

    У душы Германовіча жыве стоены боль і за ўсё чалавецтва, Знаёмства з японцамі-палоннымі прымушае яго зноў і зноў вяртацца ў думках да Хірасімы. Хірасіма, можна сказаць, не дае святару спакою.

    Апісваючы сваю апошнюю вясну ў СССР, ён зазначае: “Кожную вясну... зямля родзіць траву й дрэвы «паводле гатунку свайго» (цытата з Бібліі. — I. Л.). «I ўбачыў Бог, што ўсё было добрае». А благія, сьляпыя людзі гэтага не хочуць бачыць і плянуюць зьнішчыць наш добры, прыгожы сьвет...

    І ўжо трымаюць у руках гатовыя гарачыя бомбы. Усё жыцьцё можа раптоўна скончыцца на зямлі і астанецца Вялікае Сусьветнае Папялішча!.. Каму яно патрэбнае?”

    Успаміны Германовіча разбураюць і яшчэ адзін стэрэатып. Доўгі час у нас панавала меркаванне, што беларусы — толькі праваслаўныя, а калі каталік — то ўжо паляк. Цяпер мы пачалі разбірацца з гэтым. Аказалася, што не толькі радавыя католікі, але і каталіцкія святары могуць быць беларусамі. Успаміны Германовіча ідуць у гэтым далей; з іх яскрава бачна, што каталіцкі святар можа быць і беларускім патрыётам. Пра гэта сведчыць асоба самога аўтара. Да Беларусі ў той ці іншай форме ён звяртаецца ледзь не ў кожным са сваіх шматлікіх раздзельчыкаў. Нацыянальная цярпімасць Германовіча вялікая. Хоць ён амаль заўсёды называе нацыянальнасць чалавека, пра якога расказвае, але для яго яна ніколі не звязваецца з адмоўнымі рысамі характару. Народам, лічыць аўтар, уласціва толькі добрае, а калі хтосьці робіць благое, дык гэта — не тыповы прадстаўнік свайго племені, а ягоны вылюдак.

    Што тычыць беларусаў, то тут у Германовіча стаўленне асаблівае, У сваіх аднапляменніках ён не знаходзіць увогуле ніякіх заганаў. І не мае значэння, хто перад ім: калгаснік з усходняй Беларусі або бацька забітага партызана з Арміі Краёвай. Абодва яны выклікаюць у святара толькі самыя цёплыя пачуцці, таго і другога ён можа назваць “галубіным сэрцам”.

    Расказаўшы, як украінцы-вязні спяваюць свае калядныя песні, Германовіч зазначае: “Якая вялікая крыўда й страта для беларускага народу, што пад варожым націскам ён забыўся й згубіў сваю рэлігійную песьню! Якое ганебнае няшчасьце, што нашае каталіцкае ды праваслаўнае духавенства так доўга было адлушчана ад народу й вучыла сваіх братоў аб сьвятых праўдах веры ў чужых і варожых мовах. А вялікія войны й штучныя граніцы рвалі нашыя землі й дзялілі наш жывы народ. І варожая рэвалюцыя збройнай і варожай рукою адбірае ад нашага народу ягоную веру, родную мову, зямлю й волю ды так імкнецца забіць ягоную душу...”

    Зразумела, мы не можам прыняць закідаў наконт варожасці нам Кастрычніцкай рэвалюцыі, рускай і польскай моў. Але боль святара за Бацькаўшчыну нам блізкі.

    Як беларускіх патрыётаў паказвае Германовіч і сваіх калег — архімандрытаў Ф. Абрантовіча і А. Цікоту, лічыць трагічную смерць абодвух за вялікую страту для Беларусі.

    І з ім можна згадзіцца. Бо абодва ў свой час распачалі надзвычай важную справу — стварэнне нацыянальнага каталіцкага духавенства, перавод каталіцкага набажэнства на беларускую мову. Як сведчыць Германовіч, гэта былі высокаадукаваныя і высокаталенавітыя людзі, Пра Ф. Абрантовіча мемуарыст піша, што ён “мог гаварыць пабеларуску, папольску, парасейску, пафранцузску, панямецку. Уладаў і пісаў мовай нямецкай; чытаў і разумеў мову італьянскую й ангельскую, старагрэцкую й славянску (царкоўнаславянскую. — I. Л.)”. “Беларускае перакананьне, — піша далей Германовіч, — было Абрантовічу вялікай перашкодай у кар’еры. Каб ён назваў сябе палякам, дык меў бы найлепшае становішча й тытул. Аднак яго нельга было ні ашукаць, ні запалохаць, ні падкупіць. Здаралася ў нас нямала здольных людзей, што за тытулы, за фіялеты і гонары, або дзеля якой карысьці, ці із страху адракаліся свайго народу. Але людзі з характарам, сумленныя і разумныя, на такую спакусу не пайшлі і свайго народу не пакінулі. Да такіх бяссумлеўна належаў наш эмагар за веру і за народ а. Фабіян”.

    ПольскІя ўлады, як царкоўныя, так і свецкія, варожа ставіліся да беларусізацыі каталіцкай царквы на “ўсходніх крэсах”. Пад іх ціскам і Абрантовіч, і Цікота, і Германовіч былі вымушаныя шукаць прытулак у далёкім Харбіне. Сталіншчына ж першых двух дабіла, а трэцяга без аніякай віны, старога і хворага, трымала ў турмах і лагерах больш за шэсць год. Невыпадкова, што Германовіч параўноўвае Сталіна не, скажам, з Пілсудскім або Рыдз-Сміглым, а з Гітлерам, і знаходзіць, што першы нічым не адрозніваецца ад другога.

    Але ўжо, можа, хопіць пра змест кнігі? бо хацелася б яшчэ пагаварыць крыху і пра яе мастацкія вартасці.

    Шчыра скажу: даўно не меў я такой асалоды, чытаючы па-беларуску. І дапамагла ў гэтым не толькі наша старая, натуральная арфаграфія, але яшчэ і стыль аўтара.

    Германовіч прайшоў крыжовы, пакутніцкі шлях. Чаго, здавалася б, трэба чакаць ад ягонай кнігі? Чаго хочаш, скажа чытач, толькі не жарцікаў. Але ўспаміны былога лагерніка наскрозь прасякнуты гумарам. Я сказаў бы, што гэта гумар “Кала Бруньёна”.

    Вось прыклад самаіроніі, дастаткова прыкметнай у кнізе. Санітар-наглядчык пасылае Германовіча (той пасля аперацыі) палоць кветкі.

    “Ну, думаю сабе, — работа гуляшчая (...).

    Пайшоў я, прысьвістваючы. Пагода, пасьля раньняга дожджыка, была мягкая і цёплая (...) Мая работа вонкі выглядала вельмі паэтычна: я быў даслоўна на ўзлоньні прыроды, як крапіва паміж цудоўных кветак. Сам стары і змарнелы, але ў сьвежай зелені і ў бліскучых кветках, я красаваўся як знахар, што зьбірае зёлкі на лекі, ці на замовы. Праходзячыя інваліды паглядалі на мяне зь дзівам, а знаёмыя ківалі галовамі: «Як жывеш? Ці цяжкая работа? Га-га-га...»”

    Мова Германовіча не заўсёды бездакорная, і, чытач, мусіць, сам ужо заўважыў гэта. Сустракаюцца ў кнізе як рускія, так і польскія словы там, дзе просіцца сваё. Але я сказаў бы, што іх значна меней, чым у некаторых сучасных “стылістаў”, што канчалі беларускія філфакі. А Германовіч вучыўся ў духоўнай семінарыі, не па-беларуску, у Харбіне гэтулькі год выкладаў у рускім ліцэі, пасля — лагер, замежжа...

    На здзіўленне для некаторых скажу, што Германовіч цудоўна валодае жывой народнай мовай. Такой колькасці прыслоўяў і прымавак, як у яго, бадай што, нідзе не сустрэнеш, хіба што ў Ф. Янкоўскага. Шмат у яго прыслоўяў, выкарыстаных у якасці эпіграфаў да раздзелаў, прычым гэтыя эпіграфы як нельга лепш дапасуюцца да назваў.

    Няма сумлеву, што Германовіч з яго адукаванасцю выдатна ведаў і польскую, і рускую літаратуру, але цытуе да выпадку ён толькі Купалу, Багушэвіча, “Тараса на Парнасе”. За гэтым угадваецца жаданне быць бліжэй да чытача, не адгароджвацца ад яго паказной дасведчанасцю. У гэтым ён браў прыклад са свайго старэйшага калегі Фабіяна Абрантовіча, пра якога Германовіч піша так: “У нас калісьці бывала, што чалавек, які крышачку падвучыўся, дык часта — ці то ў хаце, ці на эміграцыі — сароміўся сваёй мовы, як мовы «простай». А наш вялікі вучоны, доктар філязофіі, Фабіян Абрантовіч, простай мовы ніколі не чураўся, бо сам ён быў так «Просты» і ня ўмеў крывіць душы. Ён бязь ніякай цырымоніі зьвяртаўся пабеларуску да паноў, пралатаў і біскупаў”.

    Мова Германовіча — беларуская літаратурная мова дваццатых - трыццатых гадоў з яе пошукамі самавітага слова, мала засмечаная словамі-чужынцамі. І я думаю, што наша мова сённяшняя, што спазнала хваробу русіфікацыі, шмат магла б у яе ўзяць.

    З ціхім сумам узіраюся ў фотаздымак айца Язэпа, змешчаны на ўклейцы. Чорная сутана, белы каўнерык. Сіваваты віхор над высокім ілбом, крыху раскрыты рот — відаць роўныя зубы. Позірк — кудысьці ўбок, у бясконцасць. Калі кніга выйшла, аўтару было 72 гады. (На адвароце тытула сказана: “З дазволу Духоўных Уладаў”). З часу выдання прайшло 27 год. Зразумела, аўтара няма сярод жывых. Дзе ён памёр і калі, дзе пахаваны? Нічога не ведаю... А трэба было б ведаць.

    І я раптам згадваю, што недзе штось пра Германовіча ўсё ж чытаў. Дзе? А дзе ж яшчэ, як не ў Б. Сачанкі, у яго нечаканых нарысах “Беларуская эміграцыя”. Разгортваю “Маладосць”, нумар 10 за 1988 год. Там Германовічу прысвечаны раздзел “На нацыянальнай, рэлігійнай і іншай глебе”. Скупаваты раздзельчык — усяго паўтары старонкі, дый напісаны, па-мойму, занадта стрымана.

    Скупаваты раздзельчык, але даты жыцця пададзены: памёр айцец Язэп у 1978 годзе. Адно падумаць, якая моц духу! Пасля такіх нялюдскіх выпрабаванняў дажыць да 88 год! Трывалыя мы, беларусы, людзі...

    [С. 13-15.]

 


 

    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе места Якуцк.

    Юстына Ленская,

    Койданава

 

 

Brak komentarzy:

Prześlij komentarz