niedziela, 9 kwietnia 2023

ЎЎЎ Іван Ласкоў. Ключ. Нарыс. Койданава. "Кальвіна". 2023.



 

    Іван Ласкоў

                                                                            КЛЮЧ

                                                                             Нарыс

    На школьным двары стаялі два слупы. Вечарамі на іх нацягвалі сетку, і пачыналася гарачая ўпартая барацьба.

    Слупы былі не аднолькавыя: адзін — высокі і магутны, а другі ніжэйшы і гнілаваты. Аднойчы быў вельмі напружаны момант.

    — Мяч на гульню!

    Суддзя прыстроіўся пад гнілаватым слупам і свіснуў.

    Падаваць выпала капітану. Капітанам яго звалі проста так, дзеля жарту — ён быў самы меншы, таму нерваваўся. Як падаць? Можна без рызыкі, але тады “праціўнікі” лёгка прымуць мяч, распасуюць і зрэжуць. А калі вось так, праз сябе?..

    Другі варыянт здаўся капітану больш удалым. Ён сагнуўся, моцна ўдарыў. У той жа момант пачуўся крык васьмігадовага суддзі: упаў слуп. Не на суддзю. Суддзя крычаў проста так.

    Чаму ўпаў? Мяч у сетку пацэліў...

    Абступілі хлопцы слуп. З яго выпаўз нейкі жучок.

    — Тэрміт, — сказаў капітан.

    Ішла міма Зінаіда Іосіфаўна — дырэктар школы. У школьную майстэрню ішла. Убачылі яе хлопцы, прыціхлі.

    — Што ж гэта вы на гнілы слуп сетку нацягваеце?

    — Ды мы не ведалі, што ён гнілы, — пачухаў патыліцу капітан. — Ды і другога нідзе не знайсці...

    Але тут падышоў высокі загарэлы хлопец. Вучыўся ў школе калісьці. Цяпер у міжкалгасбудзе працуе.

    — Слуп, — сказаў ён, — знойдзем, братва!

    І знайшлі.

    І закіпела работа. Дакладна-дакладна рабяты вымералі бервяно — каб слуп быў такім жа, як і той, які застаўся стаяць. Адмералі, адгаблявалі, адшліфавалі, знайшлі фарбу і пафарбавалі.

    Праз год я прыехаў у гэтую школу. Я паглядзеў на слупы і не адрозніў іх адзін ад другога. Толькі калі добра прыгледзеўся, убачыў, што на адным слупе фарба дзе-нідзе была садрана. Гэта рабяты не сталі чакаць, пакуль яна зусім высахне. Бо вельмі ж напружаны быў момант...

    — Мяч на гульню!

                                                           ІМЯ КУЗЬМЫ ЧОРНАГА

    Дзіўнае пачуццё ахоплівае дарослага чалавека, калі ён пераступае парог школы. Ды яшчэ не сваёй. У сваёй сустрэнеш старога настаўніка, які, распытваючы аб тваім сённяшнім жыцці, аб поспехах (абавязкова!), развее гэтае дзіўнае пачуццё. А тут — усё незнаёмае і ў той жа час здаецца знаёмым: парты, на якіх цяжка павярнуцца, сталы, табліцы з правіламі правапісу.

    Трохпавярховы цагляны будынак светлы і чысты. Ці не праўда-ж, трохі нязвычна ўбачыць у вёсцы трохпавярховую школу? Няхай нават вёска будзе такой вялікай, як Цімкавічы, радзіма выдатнага пісьменніка Кузьмы Чорнага. Школа носіць яго імя. Аб гэтым мне з гонарам паведамляе Зінаіда Іосіфаўна Раманенка.

    — Дарэчы, — гаворыць яна, — мы хутка будзем у скверы будаваць музей Кузьмы Чорнага.

    — Хто — вы?

    Зінаіда Іосіфаўна здзіўлена:

    — Мы — вучні і настаўнікі. Мы купляем фінскі домік і будзем яго абсталёўваць.

    Гэта неяк не месціцца ў маёй галаве. Вучні і настаўнікі парашылі будаваць музей! Але Зінаіда Іосіфаўна гаворыць аб гэтым такім будзённым, звычайным тонам, што ў мяне не застаецца і ценю недаверу.

    — Вы хадзілі па класах? Рамантавалі школу мы самі. Вы кажаце, навошта рамонт, калі будынак новы? Ну, ведаеце, усё-ткі дзеці. Там тынк адаб’юць, там яшчэ што-небудзь. Падлогу трэба перафарбаваць. А наогул, работы было мала. Рабяты шануюць сваю школу, бо самі дапамагалі будаваць яе...

    Я слухаю гэтую маленькую жанчыну і здзіўляюся размаху яе спраў. Пабудаваны майстэрні і гараж. Пабудаваны інтэрнат для дзяцей з навакольных вёсак. Чатыры гады працуе вытворча-школьная брыгада. Спорт, мастацкая самадзейнасць.... Граматы... Школа імя Кузьмы Чорнага стала апорнай у Капыльскім раёне.

 

 

     — Я і сама вучылася ў гэтай школе, — дадае Зінаіда Іосіфаўна. — А з сорак пятага — працую.

    — Скажыце, ці лёгка вам працуецца?

    Чакаю адказу.

    — Не. Нялёгка. Работы шмат. Затое рабяты ў нас вельмі добрыя.

    Я міжвольна ўспамінаю сваю школу. Я ніколі не чуў тады ад настаўнікаў, што мы вельмі добрыя. Наадварот. Яны звалі нас беларучкамі, абібокамі. І ў гэтым была свая горкая праўда. Мы сваволілі на ўроках, а да работы на прышкольным участку адносіліся без асаблівай павагі.

    Ці не таму так цяжка было нам рабіць першыя крокі ў самастойнае жыццё?

                                                          ГАЛОЎНАЕ — ДОШКІ

    Тэнісны стол амаль гатовы. Яго засталося толькі пафарбаваць.

    Хлопцы з задавальненнем агледзелі вынікі сваіх намаганняў.

    Цяжкія дошкі трымаюцца на галаваломным перапляценні трыног і планак. З першага позірку нават і не зразумееш: навошта іх так многа? Але потым становіцца ясна, што ўсё тут прадумана і падагнана, што тут няма ніводнай лішняй дэталі, што кожная планка на месцы.

    Рабяты яшчэ не ведаюць, наколькі дакладныя памеры стала. Бо рабілі ж яго не па чарцяжах, а па памяці Лёні Сушко. Лёня ўжо даўно скончыў школу, працуе фельчарам, але не забывае родную школу і заўсёды ахвотна дапамагае хлопцам. Бялявы, каржакаваты, ён трымае цяпер у руцэ малаток.

    Кожная рэч мае сваю гісторыю. Ёсць яна і ў тэніснага стала.

    — Галоўнае — дошкі, — кажа Эля. — Мы збіралі іх, як воран косці.

    Эля Доўгін — маленькі, вельмі рухавы хлопчык. Ці не ён калісьці быў капітанам? Ён з такім запалам абараняе сваю думку, што мне хочацца падражніць яго.

    — Не можа быць! Дошкі вы ўзялі ў школе.

    — Не, — пераконвае мяне Эля. — У школе іх ніколі і не было. Мы гэтыя дошкі з дому цягалі. Вунь Валерка Астаповіч. Ён заўсёды маўчыць. Так і дошку цягнуў моўчкі. Маці закрычала: “Куды пацёг? У гаспадарцы спатрэбіцца!” Валерка памаўчаў і кажа: “Мама, гэтая дошка патрэбна для больш высокай мэты...”

 

 

    Эля нахіляецца да майго вуха:

    — Адну ў сельсавеце ўзялі. Не верыш?

    — Веру.

    — Толькі нікому не кажы.

    — Брахун! — умешваецца Грыша Розін. — Не вер яму. Сабралі, і ўсё. І, наогул, галоўнае — не дошкі. Галоўнае — фанера. Яе мы папрасілі ў Зінаіды Іосіфаўны.

    — Чакайце, — рашуча пярэчыць Валодзя Кажанаў. — Галоўнае — не дошкі і не фанера. Галоўнае — мячы і ракеткі.

    Скрынка з тэнісным наборам ляжыць на ягоных каленях. Пакуль ідуць спрэчкі, што ж усё-такі галоўнае, Валерка Астаповіч фарбуе стол. Ён спачатку пакрывае яго чорнай фарбай, потым па краях робіць блакітны кант.

    — Лінію, лінію! — крычаць хлопцы.

    Той жа блакітнай фарбай праводзіцца лінія.

    — Усё, — гаворыць Валеры Калацкі. — Скончана!

    Я цікаўлюся, у якіх класах яны вучацца.

    Эля, Грыша, Валодзя і Валерка перайшлі ў дзесяты, а Калацкі скончыў адзінаццаць і паступіў у Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут.

    Стол яшчэ не паспеў высахнуць. Але, нягледзячы на энергічныя пратэсты Лёні Сушко, Валодзя і Грыша замацоўваюць сетку. Эля пытаецца ў мяне:

    — А ты ўмееш гуляць у тэніс?

    Што яму сказаць? Зрабіць выгляд, што ўмею, а пасля не гуляць? Але ж яны ўсё роўна не павераць. Не хочацца хлусіць.

    — Два разы гуляў.

    Эля чамусьці рады.

    — Ну, значыцца, я цябе ўмомант перамагу!

    Сарамлівы хлапчук трымае ў руцэ ракетку. Ён спрытна адбівае мяч. Грыша ў роспачы: лік — 0:8.

    — Хто гэта?

    — Лёня Лобан, у восьмы перайшоў.

    Мяч лёгка скача над сталом. То ён падымаецца высока над ім, то ўразаецца ў сетку. Цок... цок... Прыкушаныя губы. На стол кінута ракетка. Прайграў. Гледачы ў захапленні. Грыша садзіцца побач са мной.

    — А ты навошта прыехаў?

    — Буду пісаць пра вас.

    — Піса-аць?

    — Так.

    — Пра нас няма чаго пісаць.

    — Ну, мы гэта яшчэ паглядзім.

 

    Маленькі белы мячык лётае над сталом. Цок... Цок... Так! Так! Урэшце, які ж ён белы? Ен ужо запэцкаўся, бо стол жа не высах! Мячык у кропінках, нібы яйка жаваранка.

    Маленькі шэры мячык усё спрытней скача над сталом. А я думаю: што галоўнае? Дошкі, фанера ці мячы і ракеткі? Напэўна, тое, што цяпер у школе побач з выдатнымі футбалістамі, валейбалістамі і баскетбалістамі будуць і тэнісісты. І яшчэ думаю аб тым, што калі б у кожнай вясковай школе былі хаця б такія сталы, мы не ўступалі б так лёгка першынство свету.

                                                        ЯНЫ ЗАУСЁДЫ БЫЛІ “А”

    Тыя, хто перайшоў у дзесяты клас, таксама былі калісьці маленькімі. Але яны заўсёды былі “А”. 4 “А”, 5 “А”, 6 “А”. Нават калі яны толькі навучыліся адрозніваць А ад Б і то былі “А”. Першы “А”. Тады яны былі вельмі ціхімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Яны ўважліва слухалі настаўнікаў, былі далікатныя ў адносінах між сабой. І вельмі многія вучыліся на выдатна.

    А калі яны вучыліся ў 5 “А”, Мар’я Канстанцінаўна Андруковіч, іхні класны кіраўнік, была проста здзіўлена. Хлопчыкі цягалі дзяўчат за косы, а адзін аднаму давалі кухталёў. Дружбы не было. Былі двойкі.

    А раз яны не сябравалі, то і па імені называць адзін аднаго не мела ніякага сэнсу. Так пачалася вялікая эпідэмія мянушак.

    Аднойчы Вова сказаў Людзе Калацкай:

    — Ты... ты “калач”.

    — А ты “кажан!” — адказала яна, пабялеўшы ад знявагі.

    Мар’я Канстанцінаўна падазрае, што і яе звалі неяк інакш.

    Гэта Люда Калацкая, выдатніца вучобы, ініцыятар многіх карысных спраў.

Ва ўсякім выпадку, Сашу Андруковіча клікалі “Андруха”.

 

 

    Што рабіць?

    Зінаіда Іосіфаўна сказала ёй:

    — Давай арганізуем танцавальны гурток.

    Так хлопчыкі перасталі цягаць дзяўчынак за косы.

    У шостым класе з’явілася новая справа. Аднойчы падышлі да Мар’і Канстанцінаўны Саша Семяновіч і Валодзя Родчанка:

    — Мар’я Канстанцінаўна, мы трусоў хочам разводзіць.

    І пачалося! Пабудавалі хлопцы домікі. Спачатку трусоў было ўсяго пяць, але размнажаліся яны хутка. Дзяжурылі рабяты ля іх па двое і ледзь не біліся за чаргу. Трусы былі такія ненажэрныя. што травы ім не хапала. Прыйшоў да Мар’і Канстанцінаўны аграном калгасны.

    — Ратуйце! — гаворыць. — Вашы хлопцы ўсю калгасную канюшыну трусам пакосяць.

    А трусоў было ўжо 180, корму ім не хапала.

    І трусоў здалі дзяржаве.

    Грамату атрымалі.

    А ў сёмым класе вучні паставілі п’есу “Нязнайка і яго сябры”.

    Тады яны былі яшчэ піянерамі.

                                                                      ДЗЕВЯТЫ “А”

    У дзевяты клас перайшлі ўсе. Ніводнага чалавека не засталося на другі год. За гэта Зінаіда Іосіфаўна паслала іх на экскурсію ў Брэст. А пасля працавалі ў вытворчай школьнай брыгадзе. I загарэлыя, узмужнелыя пераступілі парог роднай школы.

    На першым жа ўроку бачаць рабяты: на “камчатцы” здаровы хлопец сядзіць.

    — Хто гэта? — не пазнаў Валерка Байрашэўскі.

    — Як быццам не ведаеш... — шапнуў Эля. — Шурка Кірбуць, з дзевятага. На другі год застаўся.

    — Ну і лоб! — вылаяўся Валерка.

    На перапынку падышоў да навічка Валодзя Родчанка. Самы дужы хлопец у класе.

    — Разамнёмся, ці што... — сказаў.

    — Давай, — адказаў Шура.

    Паставілі волаты свае локці на парту, за рукі ўзяліся. Эля таксама тут.

    — Раўней, раўней! — крычыць.

    — Добра, можна раўней, — згадзіўся Шура.

    Паклаў ён Валодзеву руку тры разы.

    — Прызнаю, — сказаў Валодзя. Цяпер ты самы дужы ў нас. Толькі ў адным ты слабы: у вучобе. І тут мы табе волі не дамо. Вучыцца будзеш добра, мы дапаможам табе.

    — Нам не першы раз другагоднікаў выцягваць, — дадала Маруся Кляпко, стараста.

    — Значыць, парашылі?

    — Рабяты! — узмаліўся Шура. — Я і сам хачу. Толькі дапамажыце мне.

    З той пары ён вельмі часта заставаўся ў школе пасля заняткаў. Дапамагала яму Люда Калацкая. А часам і сама хадзіла ў Доўгае, дзе жыў Шура. Бялявая, тоненькая дзяўчынка дабілася свайго: Шура стаў добра вучыцца. Нездарма яна была выдатніцай.

                                                            МІКУЦІН У АДЗІНОЦЕ

    Хлопцаў у дзевятым “А” было болей, чым дзяўчынак. Так яно лепей: весялей. І кожны чымсьці славуты. Мікуцін Лёня іграў на трубе.

    Іграў цудоўна.

    Адным з першых ён уступіў у духавы аркестр, калі яго арганізавалі ў восьмым класе. Спадабалася яму гэта. Не адзін ён добра іграў. А ўсё ж і Жэня Кавальчук, і Эля, і Саша Семяновіч ігралі горш за яго.

    Калі гэты высокі няўклюдны хлопец падносіў да рота муштук, усім хацелася слухаць іменна яго. А на свяце ўраджаю ён так добра вёў сваю партыю, што нават Зінаіда Іосіфаўна пахваліла яго. А Зінаіда Іосіфаўна ведае музыку.

    Але была ў Лёнькі адна слабасць.

    Любіў ён сваволіць.

    На ўроку хіміі было не тое ціха, але і не вельмі шумна. Алена Іосіфаўна Байкоўская расказвала аб перыядычнай сістэме Мендзялеева. А Лёня Мікуцін сядзеў у кутку і незадаволена бурчаў.

    Ён атрымаў двойку.

    Таму і быў злосны. Але, калі разабрацца, сам вінаваты. Не рыхтаваўся да ўрока. На сябе павінен злавацца.

    Ды не!

    Выцягнуў Лёнька гумку са шкарпэткі. На пальцы прывязаў. Кавалак дроту сагнуў. Адцягнуў. Дзынь!.. Разбіў прабірку з сернай кіслатой. Пацякла кіслата на стол, а на стале кавалачак цынку ляжаў.

    Зашыпеў, рэакцыя пачалася.

    Рэакцыю Алена Іосіфаўна ўмомант спыніла. А потым пабялела, паглядзела на клас і кажа:

    — Хто?

    Лёнька, канечне, не прызнаўся. Хтосьці з дзяўчынак сказаў.

    — Мікуцін, выйдзі з класа.

    І тут Лёнька сказаў такое, што ўвесь клас здрыгануўся:

    — Ідзі ты сама!..

    Выйшаў усё-такі ён.

    А пасля быў класны сход. Здорава сварыліся на Лёньку. Аднак ён маўчаў. Таму парашылі: трубу адабраць.

    І тыдзень не размаўлялі з ім, пакуль не папрасіў прабачэння. Трубу праз месяц вярнулі.

                                                 ПРЫМАЙ НАС, КАМСАМОЛ!

    У восьмым класе ў іх быў толькі адзін камсамолец. Але ўлетку Вадзім Бядрыцкі пераехаў у Мінск, і клас зноў стаў піянерскім.

    Сабраліся яны аднойчы.

    — Да якога часу мы будзем у піянерах хадзіць. — закрычаў Садоўскі Фіма. — Пад сівую бараду гальштук завязваць будзем?

 

 

    — А ты паспрабуй, уступі, — спакойна сказаў Валодзя Родчанка. — Толькі цябе ў камсамоле і не хапае.

    — І ўступлю! — гарачыўся Фіма.

    Доўга спрачаліся, крычалі. Толькі дзяўчынкі маўчалі: яны перад гэтым падалі заявы. А нашто раней часу ў званы біць?

    Разышліся ні з чым. А праз тыдзень дзяўчынкі атрымалі камсамольскія білеты. Пагутарылі рабяты, і як усё рабілі разам, так і ў камсамол усе пайшлі.

    Валодзю Кажанаву задалі пытанне:

    — Дзеля чаго ты ўступаеш у камсамол?

    Ён адказаў:

    — Каб цікавей было жыць і вучыцца.

    Камсоргам класа выбралі старасту Марусю Кляпко. Хлопцы смяяліся:

    — Цяпер ты наш адзінаасобны кіраўнік.

    А Люду Калацкую вясной абралі сакратаром школьнай арганізацыі.

                                                       ЗВАРОТ ГРЫШЫ РОЗІНА

    У Грышы Розіна вельмі выразны твар. У яго вялікія карыя вочы і ледзь прыпухлыя вусны. Ён часцей бывае сур’ёзны, але смяецца весела і заразліва. Канечне, ён не такі прыгожы, як Валодзя. Затое ён увесь поўны энергіі.

    Чакайце? Адкуль жа ён вярнуўся?

    З Мінска. Пасля васьмі класаў ён паступіў у тэхнікум, але неўзабаве захварэў і ўзяў акадэмічны водпуск. Папраўляўся, гуляў па Цімкавічах, і аднойчы, калі да канца навучальнага года засталося ўсяго тры месяцы, у ягонай галаве ўзнікла шалёная думка: скончыць дзевяты клас.

    Так ён вярнуўся да сваіх.

    Хлопцы сустрэлі яго радасна, але з недаверам: ці зможа ён?

    Ён здолеў.

    І, нарэшце, разгарнуліся падзеі, якія зноў вылучылі яго.

    Аднойчы Ала Масакоўская ўбегла ў клас ледзь не плачучы:

    — Рабяты. бяда!

    — Якая там яшчэ бяда?

    — Не цягні!

    — Кажы!

    — На Нарач едзе сёмы “А”! — ледзь прамовіла Ала.

    І тут рабяты ўспомнілі тое, аб чым забыліся і думаць.

    Калісьці Зінаіда Іосіфаўна аб’явіла: “Хто збярэ больш металічнага лому, той паедзе на возера Нарач”. Тады яны не сумняваліся ў сваёй перамозе: яны прывыклі заўжды быць першымі. Але пакуль рабяты разважалі, як лепей узяцца за гэтую справу, тэрмін конкурсу скончыўся. І 7 “А” не драмаў, сабраў 5 тон...

    — А ў нас колькі?

    — Дзевяноста кілаграмаў, — змрочна сказаў Байрашэўскі.

 

 

    Усе змоўклі.

    І тут прыйшоў час дзейнічаць Грышу Розіну.

    — Ціха! — сказаў ён. — Не румзайце. Яшчэ не ўсё страчана.

    — А што ты зробіш?

    — Сорамна нам! Нейкія сямікласнікі апярэдзілі нас. Давайце дакажам, што і мы чаго-небудзь вартыя! Збярэм болей іх! Хто за гэта?

    Усе паднялі рукі.

    — Каго назначым адказным?

    — Цябе! — закрычалі ўсе.

    — Ну што ж, калі так, дык слухайце план дзеяння.

    У той жа дзень дваццаць пяць хлопчыкаў і дзяўчынак прыйшлі да начальніка аўтатрактарнай калоны.

    — Мы хочам прыбраць ваш двор, — сказаў Грыша.

    — А скажыце, на што гэта?

    — Вырашылі вам дапамагчы. У вас гэтулькі металу прападае.

    Начальнік зразумеў.

    Ну, давайце, прыбірайце, толькі прычэпы не знясіце, — згадзіўся ён.

    Вечарам наступнага дня двор быў чысты, а што заадно са смеццем знік увесь металалом, дык што ў тым дрэннага? Паглядзеў начальнік на двор, на рабят, усміхнуўся і сказаў:

    — Ну дык колькі вы сабралі?

    — Дзевяць тон! — хорам крыкнулі хлопцы.

    Зморшчыўся начальнік. Няёмка стала перад школьнікамі, што дзевяць тон жалеза без карысці ржавела. Потым паціснуў Грышу брудную, у шрамах руку.

    — Я ўсё ведаю, рабяты. Нарач вам не бачыць, як сваіх вушэй. На школьнай машыне сёмы клас паедзе. Але калі вы дапаможаце мне, я дам вам аўтобус.

    — А што трэба зрабіць? — спытаў Грыша.

    Твар начальніка зрабіўся сур’ёзны:

    — Каменне! Нам патрэбна каменне для фундаментаў. А ўзяць яго можна толькі на старой шашы, за вёскай. Яго трэба выкапаць.

    — Дык яго ж там і не відаць! — свіснуў хтосьці.

    — Ну і што? — павярнуўся Грыша. — Мы згодны!

    Каменне... Гараць далоні. Напэўна, вось гэтак жа яны гарэлі ў тых людзей, якія клалі яго сюды. А потым дарога стала непатрэбнай, зарасла. А каменне патрэбна для будоўлі.

    Вечная штука — каменне!

    Ішлі машыны, нагружаныя ім... Дзесяць машын.

                                                         ХАЧУ ПАДУМАЦЬ ПРА ГЭТА

    Дык чым жа адрозніваецца школа імя Кузьмы Чорнага ад той, у якой вучыўся я і якую скончыў чатыры гады назад? У чым розніца паміж маім пакаленнем і гэтымі хлопцамі?

 

 

    Чатыры гады — не такі ўжо вялікі адрэзак часу. Вучань 1954 года амаль нічым не адрозніваўся ад вучня 1958 года. А паміж 1958 і 1962 годам розніца вельмі значная.

    У чым справа?

     Якраз у тым годзе, калі я канчаў дзесяць класаў, быў прыняты Закон аб перабудове школы. Да гэтага палітэхнізацыю ўводзілі вельмі марудна. Хаця мая школа лічылася ў гэтых адносінах перадавой: у нас была свая майстэрня.

    Якімі бездапаможнымі мы былі ў гэтай майстэрні! Мы баяліся падысці да трох станкоў, што даў нам завод “Строммашына”. Нам доўга чыталі тэорыю такарнай справы, паказвалі плакаты, называлі маркі сталей і формы разцоў... Нарэшце, падвялі да станка.

    Я доўга аглядваў супарт, няўмела заціснуў дэталь, падвёў яе да разца і ўключыў самаход. Пачуўся скрыгат і трэск, і я не адразу зразумеў, што зламаў разец.

    Інжынер паглядзеў на мяне і сказаў так, каб усе чулі:

    — Заточка разца абыходзіцца заводу ў пятнаццаць рублёў.

    Больш я да такарнага не падыходзіў.

    Я гляджу на маіх новых сяброў і думаю: дарагія мае хлопчыкі! Вы. напэўна, ніколі не “запорыце” дэталь. А калі і зломіце разец, дык самі ж і заточыце — як самі зрабілі валейбольны слуп, тэнісны стол і шмат іншых добрых рэчаў... Вы не разгубіцеся. Вашы рукі — не проста рукі, яны ведаюць. што такое праца.

    Мы раслі ў горадзе, але нямногія з нас ведалі, як паправіць перагарэлыя “пробкі”. Дакладней, у прынцыпе ведалі, але не ўмелі. Гэтыя рабяты самі робяць цяпер радыёпрыёмнікі.

    І я бачу, што чатыры гады пасля прыняцця Закону прынеслі школе вельмі шмат карысці.

    Чатыры гады працуе школьная вытворчая брыгада. Усе вучні 7-8 класаў праходзяць праз яе. Яны працуюць разам у полі. Так мацуецца дружба.

 

    Я пацікавіўся ў Зінаіды Іосіфаўны: ці не перашкаджае вытворчая практыка набыццю тэарэтычных ведаў па іншых прадметах?

    — Не, — адказала яна. — Наадварот, многія нашы выпускнікі паступаюць у інстытуты.

    І яшчэ.

    Вельмі важна тое, што, працуючы, школьнікі вучацца паважаць працу.

                                                                  ВОЗЕРА НАРАЧ

    На Капыльшчыне вельмі мала рэк, азёр жа зусім няма. Таму, калі пад’ехалі да Нарачы, рабяты кінуліся да аднаго акна і ледзь не перавярнулі аўтобус. Глядзелі і дзівіліся: колькі вады! А калі аўтобус спыніўся, усе выскачылі і пабеглі да берага. Пастаялі трохі, заварожаныя прыгажосцю возера, а потым хутка распрануліся і кінуліся ў ваду.

    Так пачалося двухдзённае жыццё на возеры Нарач.

    Мар'я Канстанцінаўна даведалася, што непадалёку адпачывае Міхась Ціханавіч Лынькоў. Калі яна сказала пра гэта рабятам, тыя спачатку заскакалі ад радасці, а потым задумаліся: як ім сустрэцца са сваім любімым пісьменнікам?

    — Пашлем дэлегацыю, і ўсё, — прапанаваў Грыша.

    Яго тут жа ўключылі ў склад дэлегацыі.

    З ім пайшлі Люда Калацкая і Маруся Кляпко.

    ...— Вам каго, маладыя людзі?

    Дэлегаты аслупянелі. Не думалі яны, што ўсё будзе так проста. А Люда гаворыць:

    — Мы да вас.

    — Ну, тады добры дзень, ды вось бяда: рукі я запэцкаў, у лодачным рухавіку калупаўся...

    Калі Міхась Ціханавіч даведаўся. што яны са школы імя Кузьмы Чорнага і просяць пагутарыць з імі хаця б паўгадзіны, шырока ўсміхнуўся і сказаў:

    — Імя Чорнага? Добра, добра... Дык завіце ж сваіх!

    Дэлегаты памчаліся як на крылах.

    — ...А я вам вось прыемны сюрпрыз падрыхтаваў, — сустрэў іх Міхась Ціханавіч. Максіме. пазнаёмся.

    Высокі. дужы мужчына лёгка падняўся з бервяна і падышоў да іх.

    — Танк, — сказаў ён коратка.

    І пакуль хлопцы пераглядваліся, Міхась Ціханавіч сказаў:

    — Ну што ж, задавайце пытанні.

    І пацякла задушэўная гутарка. Аб многім даведаліся рабяты: і як перакладаюць выступленні прамоўцаў на ўсе мовы ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, і адкуль Міхась Ціханавіч узяў свайго Міколку-паравоза, і над чым працуюць пісьменнікі цяпер, І ці будуць пісаць для дзяцей...

    А вечарам распалілі касцёр і прыгатавалі вячэру. І доўга яшчэ не сціхалі песні і смех на беразе возера Нарач...

                                                                           КЛЮЧ

    Мне давялося затрымацца ў Цімкавічах яшчэ на дзень. І вось, калі я сядзеў у інтэрнаце і прыводзіў у парадак свае запісы, з вуліцы данеслася:

    — Увага, гаворыць Масква! Працуюць усе радыёстанцыі Савецкага Саюза!..

    Я выскачыў з інтэрната. Насустрач мне ўжо беглі хлопцы. Першым крыкнуў Эля:

    — Чуў? Ужо трэці раз перадаюць!

    Перадавалі паведамленне аб тым, што выведзен на арбіту касмічны карабель Андрыяна Мікалаева.

    Мы сядзім у скверы і марым аб міжпланетных падарожжах. Мы яшчэ не ведаем, што заўтра ад зямлі адарвецца касманаўт-4 — Павел Паповіч...

    Разам глядзім па тэлевізару фінальны матч кубка СССР па футболу і радуемся поспеху “Шахцёра”. Заміраючы, глядзім перадачу з космасу... 

 

    Потым я ў апошні раз гуляю ў тэніс. З Грышам. За гэтыя дні я трохі набіў руку. але і ён не драмаў. Ён выйграе з нечаканым лікам — 21 : 19.

    Стол ужо трохі сапсаваўся: паднялася фанера. І цяпер мяч не скача, а коціцца па стале. Астаповіч кажа:

    — Нічога, у наступны раз будзем разумнейшыя. Не будзем абіваць фанерай. Лепш дошкі падгонім...

    Такім чынам — фанера не галоўнае.

    Потым я дэталёва малюю план маёй вуліцы — на выпадак, калі рабяты захочуць сустрэцца са мной у Мінску.

    Мы развітваемся. Хлопцы бяруць з мяне камсамольскае, што я напішу ім пісьмо.

    Ноч...

    Аўтобус адыходзіць у 7 гадзін 20 мінут. Я прачынаюся ў шэсць, збіраю рэчы і замыкаю інтэрнат. І ў маёй далоні застаецца ключ.

    Звычайны ключ ад звычайнага замка. Што рабіць з ім? Каму аддаць? У двары — ні душы. Я доўга стукаю ва ўсе дзверы школы, але вартаўніка няма. І я вязу ключ з сабой.

    Мне вельмі няёмка. А можа, гэта і лепш, што ключ застаецца мне на памяць? Можа хто-небудзь з вас зойдзе да мяне ў Мінску — калі не проста так, то хаця б забраць ключ? I я яшчэ сустрэнуся з вамі, дарагія мае хлопцы!

    Іван Ласкоў.

    в. Цімкавічы Капыльскага раёна.

    [С. 126-135.]

  


 

    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.

    Юстына Ленская,

    Койданава

 



Brak komentarzy:

Prześlij komentarz