Іван Ласкоў
КУЛЬГА
З паэмы
Хто такі Кульга? Чаму ён так названы? Чым прыцягнуў маю ўвагу? Кульга — сярэднеазіяцкі заваёўнік XIV стагоддзя. Болей вядомы свету ён як Тамерлан. Мянушка Кульга ўваходзіць у гэтае імя, перад якім у жаху калаціліся палова Азіі і ўсходні край Еўропы: гэта мы вымаўляем “Тамерлан”, а на яго радзіме (цішком ад шпікоў) захопніка звалі Цімур-Лангам, дзе Цімур — яго ўласнае імя, а ланг — якраз і азначае “кульга”.
Захавалася паданне, цалкам праўдзівае, што ўладар паловы свету пачьінаў як верхавод бандыцкай хеўры. Рабаваў безабаронных, хапаў тое, што дрэнна ляжыць. Аж раз не пашанцавала: яго злавілі і ледзь не забілі, зламалі руку і нагу. І якім асляпляльным бляскам ні свяціліся шмат год пасля таго ягоныя палацы — для прыгнечаных ён застаўся Цімурам-Кульгой, рабаўніком з вялікай дарогі.
Мяне зацікавіла такое змрочнае пытанне: колькі жыццяў на сумленні Тамерлана? Сто тысяч палонных бяззбройных было забіта ў адзін дзень пад Дэлі, дзевяноста тысяч чалавек — пры ўзяцці Багдада (а колькі бралася іншых гарадоў!), семдзесят тысяч — усё насельніцтва горада — у Ісфагане, горадзе, што адважыўся паўстаць супроць панавання Цімура. Яшчэ — ашаламляльная лічба: шэсцьсот тысяч — цэлы народ ак-каюнлу вынішчаны на мяжы XIV і XV стагоддзяў.
А колькі было не такіх маштабных, але не меней жудасных забойстваў, жудасных неймаверным зверствам! Чатыры тысячы жывых людзей закапалі ў горадзе Сівасе, з тысяч жывых людзей, перакладзеных цэглай і вапнай, будаваліся вежы.
Полчышчамі Тамерлана было знішчана паўтара-два мільёны чалавек. Канечне, гэтага не параўнаеш з ахвярамі другой сусветнай вайны. Але гэтыя паўтара-два мільёны былі забіты без “юнкерсаў” і “тыграў”, без агнястрэльнай зброі — шаблямі ды нажамі. Улічым і тое, што ў XIV стагоддзі насельніцтва Зямлі было ў восем-дзесяць разоў меншым, чым цяпер, і тады лепш зразумеем, якая невымерная страта была нанесена гэтым вылюдкам чалавецтву.
У паэме “Кульга” аўтар гаворыць ад імя Забітага Чалавека. Ён, Забіты, розны: часам ён і нявінная ахвяра, але часцей — змагар за свабоду, жыццё і справядлівасць. Ён саядома ідзе на бой з вылюдкам і гіне, перадаючы эстафету змагання. Гіне таму, што занадта шмат людзей стаіць убаку. А калі вакол Тамерлана не застаецца нікога, хто мог бы выклікаць крывасмока на бой, у прадонне мінулага ідзе аўтар, чалавек XX стагоддзя, які перажыў нашэсце яшчэ аднаго Цімур-Ланга — Шыкльгрубера-Гітлера,
Я не мог не зрабіць гэтага, і не толькі таму, што сам — сын Забітага Чалавека: я не мог не зрабіць гэтага таму, што я —сын зямлі, якую столькі кульгоў катавалі спачатку мячамі, а потым — трацілам.
*
Мільён разоў мне секлі галаву,
І кожны раз быў кат перакананы,
Што, прыгавораны і пакараны,
Не ўстану болей, не загавару.
Я бессмяротны! Вось уся зямля.
І ёю не валодаць тамерланам.
Кім на зары ізноў прачнуся я?
Ратаем ці рамеснікам старанным?
Ці мо храністам непадкупным? Што ж
Для справы нашае і гэты гож.
Вясна, вясна! У кіпені лугі.
Як горача гараць галоўкі макаў!
Я ўжо не раб, і ўжо няма Кульгі,
А гэта, верце мне,— не кот наплакаў.
Дождж прашумеў, прапляскаў,
працурчэў.
Быць з хлебам сёлета і з вінаградам!
Іду пад радасцю вячыстых дрэў
З насмешлівым паэтам Алахдадам.
То я на лоб маршчыністы зірну,
То — у зазубрынах — на нос пірацкі.
Не танна дасталіся хітруну
Гады праследаванняў, канспірацый.
А мне, як ні падлічвай, дваццаць год.
Вясна, вясна! Душа мая іскрыцца.
У ясную мячэць плыве народ.
Іду і я алаху пакланіцца.
Мячэць паднебная — о-о-ё-ёй!
А Алахдад: — Ну што ж, сын мой,
знячэўку
Памолімся, акажам гонар ёй,
Пакуль не развалілася дашчэнту!
І праўда: толькі пачалі намаз,
Перад імамам стаўшы на калені,
Як з купала блакітнага на нас
Пасыпаліся цэгла і каменне.
Што пачалося тут! і гром, і звон!
Натоўп зароў, нат нехта крыкнуў: —
Мама!
I ўсё панеслася з мячэці вон,
Пакінуўшы адзінага імама.
Ды ўсім не збегчы — хіба што ўзляцець:
Пад уваходнай аркаю завея;
А Алахдад крычыць: — Мячэць, мячэць!
Верш напішу і прысвячу табе я.
З блудніцай параўнаю я цябе,
З той, што ганебнай славай ганарыцца,
Ды вось чамусьці ёй мазгі дзяўбе
Алаху мілай справаю прыкрыцца.
Мячэць-блудніца, не чакай падзяк!
У сценах у тваіх век будзе пуста!
Пахвальна кінуць жабраку мядзяк,
Але не з грошай, што дае распуста.
________
Якой блішчастай ён цябе узвёў!
Як ззяла ты ад верху да падвала!
Не апраўдала рабскіх мазалёў,
Надзей гаспадара не апраўдала.
Гарою пнулася ў нябёс разліў,
I вось ляжыш, мячэць, гарою смецця.
А колькі храмаў “дойлід” твой зваліў,
Каб непаўторнай ты была на свеце!
Гудзе - грыміць цагляны крыгаход...
Хіба не так сама яго дзяржава,
Перад якою паўзямлі дрыжала,
Распалася ўсяго за жменьку год!
Запамятайце, ханы-каралі,
Усе, каму “мечаціць” загарыцца:
Недаўгавечна ўсё, што на крыві,
І асабліва, як яна бруіцца...
________
Усё я бачыў! Бачыў, як яго
Цераз Ташкенцкія вароты ўнеслі;
Як самаркандцы ўсе да аднаго
Насустрач выбеглі ў той дзень
прадвесні.
Рукамі ўзмахваў, выючы, натоўп,
Нібы хапаў няшчасці у бярэмя,
I рвалі на сабе атлас і шоўк
Палонніцы эмірскага гарэма.
Нішто не сцёрта з памяці маёй,
Як і труна з халоднай сіняй сталі.
Сем доўгіх дзён над гэтаю труной
Улемы (1) адыходную чыталі.
Сем доўгіх дзён і доўгіх сем начэй
Цурчаў ручай малітвы мусульманскай,
I зіхацеў натужна маўзалей,
Аздоблены з раскошаю паганскай:
Падлога — аксаміт з кута у кут,
На сценах — дыяменты зрок калолі,
I залатыя люстры — ў кожнай пуд —
Звісалі з ціхім бразганнем са столі.
Сем доўгіх сутак сытыя катлы
На неабсяжных вогнішчах курэлі...
Ну й самаркандцы мяса папаелі!
Ну й жабракі віна палапілі!
________
А што пасля! Пасля Шахрух прыйшоў
Па чарапах пляменнікаў-братоў.
Над саркафагам слёз не ліў ракою.
Зусім іначай! Разануў такое...
Ён заявіў, што бацькаў маўзалей —
На сцягу усяго ісламу пляма:
Магілу красіць нічыю не смей! —
Пра гэта сказана ў каране прама;
Што Гураган (пра тое свет гудзе)
Быў не заўжды і цалкам верны богу;
Навошта ж шоўкам высцілаць дарогу,
Што, можа, і зусім не ў рай вядзе?
Ён загадаў магілу “апрасціць” —
Зняць дываны і залатыя цацкі
I са сталёвае астанкі бацькі
У труну драўляную “перамясціць”.
Так быў развенчаны той страшны прах.
Трыумфавалі кішлакі адкрыта!
Не, я не слаўлю. Барані алах!
Рабу Цімура — славіць Цімурыда?!
Не шанцавала ў бітвах, як Кульгу,
Вось і шукаў дзяцюк сабе здабычы.
I ўсё ж прызнаюся, як на духу:
Крыху мне цынік гэты сімпатычны.
Пяе душа мая — не маю слоў.
Якія, неба, рухнулі аковы!
I што з таго, што цераз пяць вякоў
Астанкі спарахнелыя Кульговы
Ў сталёвы куфар пакладуць ізноў!
________
I кажа мне настаўнік Алахдад:
— Ібн Арабшах! Глядзі — святкуюць
людзі.
Ды строгі ў матухны-прыроды лад:
Год сорак прабяжыць — і іх не будзе.
Ну што ж! I я пайду, і пойдзеш ты,
Ды чалавек бяссмертны! Веру ў гэта.
Ён будзе сеяць хлеб, садзіць сады,
Любіць дзяцей і радавацца лету.
I недзе мо праз тысячу кален
Ва ўнуках нашы рысы паўтарацца,
I твары нашы, перамогшы тлен,
Стварэнню чарнакосаму прысняцца...
********
Гляджу у будучыню я ва ўпор
З глыбі вякоў, па сутнасці, забытых.
Закончаны мой суд, і прыгавор
Падпісаны мільёнамі забітых.
Ды ўсё адно няма спакою мне:
Адно і тое ж бачу я у сне,
Што па часах, магчыма, і не скорых,
Ды зноў устане мой смяротны вораг.
А мо і недалёка да пары,
Калі ужо не твары — мозг і цела:
Не супыніць прагрэс! — асобу ў цэлым
Уваскрашаць навучацца майстры?
Забудзецца ў вяках сівы мой боль,
Нянавісць паглыне стагоддзяў замець,
I нехта зноў на стол перад сабой
Цімураў чэрап памятны паставіць.
Пракіпяціць у спірце ён пінцэт,
I лоб абстукае, і падбароддзе...
А можа стацца — й фэрэра шкілет
Неверагодным чынам нехта знойдзе!
Ды як пачне з усіх трыбун трубіць:
Маўляў, і ён уваскрашэння варты —
Свет, на шматкі падзёрты, праг злучыць
Яшчэ у век дваццаты, звераваты...
Нашчадкі нашы, веру ў розум ваш,
Нічога вашага не абрынаю,
Ды даць Кульгу у смерці ўзяць рэванш —
Забараняю вам, забараняю!
Забараняю сушай і вадой,
Стаптанымі сцяблінамі пшаніцы,
Забараняю зоркай залатой,
Што ў нашы чорныя глядзіць вачніцы,
Разлівам жудасным барвовых рэк,
Крывёй вялікай нашаю налітых...
Мільён разоў забіты чалавек,
Забараняю памяццю забітых.
+++++++
(1) Улемы — мусульманскія багасловы.
/Полымя. № 7. Мінск. 1985. С. 97-100./
Сяргей Грахоўскі
ГІСТОРЫЯ І СУЧАСНАСЦЬ
Гартаю і перачытваю кнігі — зборнік вершаў “Кружное лета” (1973), аповесць для дзяцей “Андрэй-Эндэрэй, справядлівы чалавек, або Беларус на полюсе холаду» (1978), апавяданні “Чароўны камень” (1983) і толькі што выдадзеную паэму “Кульга”.
Але імя аўтара гэтых кніг не шукайце ў справаздачных дакладах творчых секцый Саюза пісьменнікаў, у аглядах літаратурных здабыткаў за год, не знойдзеце яго ў даведніках і хроніках, не гаворачы ўжо хоць бы пра некалькі радкоў у даследаваннях літаратуразнаўцаў.
Хто ж ён і чым выклікана такая няўвага да яго асобы і творчасці? Імя яго Іван Ласкоў, а “халодныя” адносіны тлумачацца толькі тым, што таленавіты пісьменнік жыве на “полюсе холаду” і знаходзіцца на ўліку іншай пісьменніцкай арганізацыі, але і ў Якуцку Ласкоў сэрцам, душою і думкамі прапісаны ў Беларусі, неадлучны ад нашай культуры і літаратуры.
Іван Ласкоў — дзіця вайны. Нарадзіўся ён у 1941 годзе ў Гомелі, і гора хапіў па самую макаўку: рана асірацеў, жадзён быў скарынцы і абноскам, а найбольшая прага была да ведаў, да кніг, да вучобы. Хлапчуком пісаў і друкаваўся ў піянерскіх газетах, потым скончыў хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя У. I. Леніна, працаваў на заводах у Горкаўскай вобласці, а скончыўшы Літаратурны інстытут імя Горкага, звязаў свой лёс з далёкай Якуціяй. Там жыве і цяпер, рэдагуе прозу ў часопісе “Полярная звезда”, а піша па-беларуску і выдаецца ў нашых выдавецтвах. У Якуціі Ласкова лічаць беларускім пісьменнікам, а ў нас, напэўна, якуцкім, творчасць яго ні там, ні тут не прынята “на баланс”. А творчасць яго, асабліва толькі што выдадзеная “Мастацкай літаратурай” паэма “Кульга”, можа зрабіць гонар любой літаратуры.
Што ж гэта за паэма, і што за дзіўная назва — “Кульга”? Пра што піша беларускі пісьменнік у Якуціі? Паэма на першы погляд пра Цімура, або Цімурленга, у рускіх летапісах Тамерлана, празванага “жалезным храмцом”, або Кульгой. У 1370 годзе ён захапіў уладу і абвясціў сябе адзіным уладаром Маверанахра, а горад Самарканд — сваёй сталіцай.
Карл Маркс у “Храналагічных запісках” так ахарактарызаваў “жалезнага Кульгу”: “Палітыка Цімура заключалася ў тым, каб тысячы катаваць, выразаць, вынішчаць жанчын, дзяцей, мужчын, юнакоў і такім чынам скрозь наводзіць жах”. Ці ж варта такая жахлівая асоба твора паэзіі? Ды і ці толькі пра Тамерлана паэма Ласкова?
Цімур 35 гадоў вёў захопніцкія войны і стварыў агромністую імперыю ад Волгі да Ганга, ад Цянь-Шаня да Басфора. Іран і Індыя захлыналіся слязьмі і крывёю, курчыліся ў агні пажараў, тысячы каналі пад капытамі дзікай Тамерланавай конніцы. Што ж прыцягнула ўвагу беларускага паэта да гэтай далёкай і страшнай гісторыі, да асобы кульгавага вампіра? Бачанае і перажытае ў маленстве: смерць блізкіх, пакуты народа, уласнае сіроцтва і жабрацтва, сотні палаючых Хатыняў, а галоўнае — трывога за будучае планеты, засцярога ад патэнцыяльных цімурленгаў, гатовых уваскрэснуць “у век дваццаты, звераваты”.
Паэма Івана Ласкова напісана з дакладным і глыбокім веданнем не толькі сівой гісторыі Усходу, а з шырокім поглядам на важнейшыя падзеі наступных стагоддзяў аж да нашых дзён, з вялікай трывогай і клопатам пра наступны лёс чалавецтва. Толькі павярхоўнае прачытанне можа стварыць уражанне, што паэма напісана на гістарычным матэрыяле з шырокім ахопам канкрэтных падзей, з мноствам рэальных асоб і эпізодаў. Матэрыял не толькі дасканала вывучаны аўтарам, але многія рэаліі, як кажуць, замацаваны на мясцовасці: Іван Ласкоў даволі павандраваў пад пякельным сонцам па гарадах, аулах і барханах Сярэдняй Азіі, таму кожная дэталь выверана ўласнымі нервамі і скурай. Але паэма “Кульга”, перш за ўсё, рэч актуальная, страсная, глыбокая па сваёй філасофскай сутнасці. Гэта не лёгкае чытанне звонкіх строф, паэма прымушае напружана думаць, учытвацца ў асобныя раздзелы, знаходзіць аналогіі, праводзіць паралелі, пераконвацца, што гісторыя рухаецца і развіваецца па пэўных законах, паўтараючы пэўныя праявы ў пазнейшыя часы ў іншых акалічнасцях і формах. Але, перш за ўсё, гэта паэзія, вострая, як страла, апераная дасведчаным розумам, сагрэтая крывёю чулага і добрага сэрца.
У пацвярджэнне гэтага можна цытаваць раздзелы, строфы, асобныя афарыстычныя радкі. Сутнасць паэмы, камертон да яе ў самым лаканічным аўтарскім уступе: «Тры тысячы радкоў пра боль, пра гнеў, пра помсту, боль забітага чалавека, гнеў забітага чалавека, помста забітага чалавека». Ён помсціць — ён несмяротны і вечны. Размова ў паэме вядзецца ад імя закатаваных, спаленых і забітых — неадольных, як сам народ. А народ у сваёй памяці захаваў праклятыя імёны сваіх катаў і перадае з роду ў род, з пакалення ў пакаленне, заклінаючы: “Не даруй. Не дапусці зноў!” Таму прызнаецца аўтар: “Са школьнай парты думка пра Кульгу з абдымкаў-ланцугоў не выпускае”.
I паўстае, і праходзіць праз усю паэму
Чалавек, забіты ні за грош,
Ні за свае, і ні за продкаў
віны —
Згніе пятля, пераржавее нож,
I спрахне той, хто карыстаўся імі.
...I яшчэ мільён разоў упаў —
I забяспечыў кату
неўміручасць...
Сапраўды, хто б ведаў імёны Чынгісхана, Тамерлана або Дантэса і Мартынава, Кубэ і Гітлера? Іх праклятыя імёны захавалі для гісторыі несмяротныя ахвяры.
Углядаючыся ў далёкае мінулае, аўтар сведчыць, што і ён цудам выратаваўся,
Хаця
Была карычневая смерць так
блізка.
Так абдымала на зары
жыцця, —
Аж калацілася аб столь
калыска.
Аўтар разам з мільёнамі невынішчаных Кульгою і яго паслядоўцамі, ад імя вечнага Чалавека сцвярджае:
Навечна я з табою,
непадзельны —
Іду з табою у агонь
пякельны,
Іду у бой смяртэльны
за табой.
У гэтых кароткіх нататках нельга ды і няма патрэбы пераказваць сюжэт і фабулу паэмы. Твор ахоплівае 35 гадоў, лютавання і шэсць наступных стагоддзяў, акропленых крывёю ўсё таго ж закатаванага, але вечна жывога Чалавека. Ад яго імя сведчыць, абвінавачвае і выкрывае, бязлітасна судзіць вышэйшым судом справядлівасці ўсіх крыважэрных маньякаў што марылі і яшчэ часам мараць стаць уладарамі свету.
Добра ведаю паэму з першых варыянтаў, чытаю цяпер у асобным выданні і ўвесь час адчуваю, як гісторыя праецыруецца ў самую надзённую сучаснасць, як узнікаюць аналогіі і асацыяцыі з тамерланамі і тамерланчыкамі, з далёкімі і блізкімі падзеямі нашага трывожнага стагоддзя.
У плачы арабскага сведкі і гісторыка Ібн-Арабшаха гучыць голас аўтара.
Пачуй мяне мой недасяглы
кут!
Я сорак год нясу цераз
планету
Мой боль, мой сорам,
суд мой і прысуд —
Прысуд вякоў гвалтоўніку
Сусвету!
З кожным новым раздзелам пераконваешся, як арганічна сплаўлена гісторыя і сучаснасць, як скразная ідэя дабра, міру і вышэйшай справядлівасці пранізвае кожны радок паэмы, а яна ўвесь час трымае ў напружанні думку, захапляе маляўнічасцю, дакладнаю вобразнасцю, грамадзянскай завостранасцю, натуральнасцю гучання кожнага радка, глыбінёй дыхання.
Два радкі: “i да Кульгі паток граміл пацёк. Гляджу — атрад яго ў войска вырас” нагадваюць мюнхенскую піўную, адкуль, як атрутнае шумавінне, расцяклася карычневая чума, і загрымелі каваныя боты граміл, факельшчыкаў, гвалтаўнікоў і забойцаў, індустрыі смерці якіх пазайздросціў бы кожны тамерлан.
Аўтар адчуў, зразумеў, асэнсаваў, убачыўшы пільным дзіцячым вокам праз пажары 1943 года, далёкі крывавы 1373 і многія наступныя гады. Каб аўтар не перажыў усіх жахаў, каб яго не “калацілася аб столь калыска”, дык наўрад ці напісаў бы такую страсную, ваяўнічую, палітычна завостраную сучасную паэму на матэрыяле XIV стагоддзя. Так, так, сучасную, напружаную і актуальную. Паэма Івана Ласкова “Кульга” патрабуе напружання думкі і душэўных сіл, а месцамі ўважлівага перачытвання.
Нашчадкі нашы, веру ў розум
ваш,
Нічога вашага не абрынаю,
Ды каб Кульга у смерці ўзяў рэванш —
Забараняю вам, забараняю!
Мільён разоў забіты чалавек,
Забараняю памяццю забітых.
Гэта заключныя радкі і лейтматыў паэмы.
Шкада толькі, што кніжка вельмі неахайна аформлена мастаком М. С. Будавеем. На вокладцы брудна-цаглянага колеру толькі праз лупу можна прачытаць прозвішча аўтара. Паміж чарнільных плямаў бягуць і падаюць ні то зебры, ні то коні. Галоўная загана афармлення, што мастак не ўчытаўся ў паэму, не зразумеў яе актуальнай сутнасці, не паглыбіўся ў тэкст і падтэкст, а павярхоўна праілюстраваў некалькі эпізодаў, стылізаваных пад “усходнюю тэматыку” — коні, вярблюды, шчыты, шлемы.
Чытаючы і перачытваючы паэму Івана Ласкова, усё больш пераконваюся, што гэта значны здабытак беларускай паэзіі, а яго празаічныя. і паэтычныя зборнікі, не заўважаныя крытыкай і Саюзам пісьменнікаў, варты належнай увагі і ацэнкі, яны і аўтар не павінны заставацца за межамі літаратурнага жыцця рэспублікі. Іван Ласкоў — беларускі пісьменнік і пісьменнік сур'ёзны і значны.
/Звязда. Мінск. № 296. 26 снежня 1985. С. 4./
Анатоль Вярцінскі
ЧЫТАЦКІ ДЗЁННІК ПІСЬМЕННІКА
Гэтыя тры кнігі выйшлі летась у выдавецтвах, што знаходзяцца ў розных, аддаленых геаграфічна канцах нашай краіны і носяць, натуральна розныя назвы (“Ірфон”, “Карэлія”, “Мастацкая літаратура”). Яны розныя ў жанравых і тэматычных адносінах (зборнік паэзіі і прозы, гістарычная аповесць, кніга-паэма). Але атрымалася так, што ўсе яны трапілі мне ў рукі амаль адначасова, прачытаў я іх адну ўслед за другою і ўсе яны, аказалася, маюць, кожная па-свойму, беларускую “прывязку”. І мне хацелася б сказаць пра іх, хоць бы коратка, у нашым друку. Зрэшты, раскажу, для яснасці, усё па парадку.
Калі едзеш у літфондаўскі Дом творчасці і адпачынку (так ён называецца афіцыйна), то маеш звычайна нейкі план, у тым ліку і прыкідку наконт таго, што там, больш вольнай часінай, трэба будзе прачытаць (дачытаць адкладзенае раней з-за недахопу часу, пазнаёміцца з часопіснай навінкай і г. д.). Гэтак было і на гэты раз, у канцы мінулага года, калі збіраўся ў Дом творчасці, вядомы ў пісьменніцкім асяроддзі пад назваю “Дубулты” (назва пасёлка ў г. Юрмале, што ва Рыжскім узмор’і). Была даволі пэўная намётка адносна пытання — без спешкі, спакойнага, пад гул мора і пошум сосен на дзюне. Яна аказалася ў асноўным рэальнай. Але жыццё ўесла істотныя карэктывы, дапоўніла яе. У Доме творчасці я сустрэўся зноў і пазнаёміўся на гэты раз бліжэй з таджыкскім паэтам Абдужаборам Кахары. Ен падарыў мне сваю новую кнігу. З цёплым сяброўскім аўтографам і з такімі словамі: “Палавіна кнігі пра Беларусь. Я хацеў бы, каб ты прачытаў яе. Прачытаеш і ўбачыш, што значыць для мяне беларуская зямля”...
Аўтограф трэці “КУЛЬГА”
Сярод твораў, якія планаваў прачытаць абавязкова ў “Дубултах”, была кніга, што выйшла ў свет адначасова з кнігамі Кахары і Пулькіна, але ўжо пад грыфам нашага выдавецтва “Масгацкая літаратура” Я маю на ўвазе выдадзеную асобным выданнем паэму Івана Ласкова “Кульга”. Аўтар прыслаў мне яе па пошце з далёкага Якуцка — “на добры ўспамін, з пажаданнем новых вершаў і паэм”. Гэта было якраз перад маім ад’ездам. Пагартаўшы паэму і адчуўшы, што гэта — з’ява, я так і напісаў аўтару: кніга, маўляў, заінтрыгавала і бяру яе з сабой у Дом творчасці ў якасці першачарговага чытання.
“Паэма ўваскрашае падзеі з часоў сярэднеазіяцкага эміра і палкаводца Тамерлана — Цімура Кульгавага. Паходы Тамерлана суправаджаліся разбурэннямі і вызначаліся страшэннай жорсткасцю да зняволеных народаў”, — так прадстаўляецца чытачу твор у выдавсцкай анатацыі. Калі эборнік Кахары нагадаў нам яшчэ свежыя у памяці дні змагання з фашысцкай Гсрманіяй, а дзеянне аповесці Пулькіна прымеркавана да часу Першай рускай рэвалюцыі, то паэма Ласкова пераносіць нас на больш аддалены ў часе гістарычны круг, аж у чатырнаццатае стагоддзе. Тры кнігі — тры кругі гісторыі.
Паэму “Кульга” мы чыталі. можна сказаць, удвух з Кахары. Справа ў тым, што калі я сказаў пра яе свайму таджыкскаму калегу, то ён праявіў да паэмы самую жывую цікавасць. Яго зацікавіла. у прыватнасці, з якой мэтай сучасны беларускі паэт звяртаецца да пазэей далёкай сярэднеазіяцкай гісторыі, да тэмы Тамерлана, у якім святле паказвае яго. Бо робяцца часам спробы, гаварыў ён, ідэалізаваць асобу Цімура, шукаць станоўчыя бакі ў яго дзейнасці. Калі я сказаў, што паэма І. Ласкова якраз і завострана палемічна супраць такіх спроб, такога аб’ектывізму, што асноўны яе пафас заключаецца ў выкрыцці заганнай ідэалагічнай тэндэнцыі, згодна з якой (тут я прывеў радкі з паэмы)...
(Заканчэнне на стар. 6.)
(Заканчэнне. Пачатак на стар. 5.)
...так розна з даўніх дзён
Кваліфікуе белы свет калегаў:
Пяток зарэзаў — на табе
праклён;
Забіў мільён — бяры жазло
стратэгаў, —
то Кахары горача ўхваліў аўтарскую пазіцыю. Папрасіўшы ў мяне кнігу, спрабаваў нават сам чытаць яе, нягледзячы на моўны бар’ер. Вылучыў у прыватнасці той раздзел паэмы, у якім гутарка ідзе пра сербядараў-“шыбенікаў” — адной з першых спроб народаўладдзя ў гісторыі чалавецтва. Калі б не розныя чынгісханы і тамерланы, гісторыя чалавецтва, яго цывілізацыя маглі б быць зусім іншымі — на такой выснове сыходзіліся мы, дзелячыся ўражаннямі ад паэмы I. Ласкова.
Паэт узяў на сябе нялёгкую місію — выступіць на судзе гісторыі над ліхадзеямі ўсіх вякоў і народаў, узведзенымі ў ранг “великих мира сего”, уведзенымі ў пантэон “неўміручых”, і выказаць з усёй бескампраміснасцю сваю
Бязмежную нянавісць
да Кульгоў
За ненажэрнасць іх і
неўміручасць.
Трэба сказаць, што многія радкі паэмы сапраўды гучаць як абвінаваўчы акт. Ад імя мільёнаў нявінных ахвяр. Імем чалавека, у імя чалавека, з пазіцый чалавечнасці. I мае, безумоўна, рацыю Сяргей Грахоўскі, які ў сваёй змешчанай нядаўна на старонках “Звязды” рэцэнзіі ацэньвае новы твор I. Ласкова як арганічны сплаў гісторыі і сучаснасці, называе паэму “сучаснай і актуальнай”. Менавіта такое ўражанне яна і робіць.
Выбраная мной форма не дазволіла мне больш падрабязна спыніцца на кнізе І. Ласкова, “Кульга”. Але я не сумняваюся, што мы будзем яшчэ не раз пра яе гаварыць, да яе звяртацца, што яна прыцягне ўвагу чытача і крытыкі і зойме належнае месца ў нашай сучаснай беларускай паэзіі, у прыватнасці ў тым яе раздзеле, які значыцца пад рубрыкай “Паэма”.
/Літаратура і Мастацтва. Мінск. № 8. 21 лютага 1986. С. 5-6./
Сцяпан Гаўрусёў
ГІСТОРЫЯ — НАША ПАПЛЕЧНІЦА
*
Iван Ласкоў. Кульга. Паэма.
“Мастацкая літаратура”, 1985.
*
З дзікім гогатам і ваяўнічымі воклічамі, у хмарах чорных стрэл і пад тупат баявых коней пранесліся па зямлі незлічоныя полчышчы Чынгіс-хана, Батыя і Тамерлана, вынішчаючы ўсё жывое, пакідаючы пасля сябе смерць, жах і маўклівыя папялішчы. Як вядома, іх неабсяжныя імперыі развеяліся прахам, згінулі, як вада ў пяску, — гэтаксама, як імперыя Аляксандра Македонскага.
Перада мною кніга Івана Ласкова “Кульга”, паэма пра Тамерлана.
Чаму ж нас хвалююць падзеі далёкай мінуўшчыны?
Таму, што гісторыя вучыць, і ў гэтым яна — наша паплечніца.
У аснове характару ўсіх без выключэння заваёўнікаў — прага лёгкай нажывы, разбурэння і знішчэння культуры пераможаных народаў. Звычайна заваёўнікі пачынаюць з малогі і, ахмялеўшы ад першых перамог, лёгка вярбуюць новых ахвотнікаў да багатай здабычы. Так было і з азіяцкімі “пакаральнікамі свету”, так было з іспанскімі канкістадорамі, так было з Напалеонам. Ступіўшы на шлях разбою, яны ўжо не маглі спыніцца, упэўніўшы сябе і сваіх прыхільнікаў ва ўласнай непераможнасці і беспакаранасці. Пра гэта самае сведчаць і крывавыя злачынствы Гітлера.
І, пэўна, сённяшняму жывадзёру
Над подзвігам Кульгі памазгаваць
Хацелася б у пошуках узору.
Хто маецца тут на ўвазе — разумееш без цяжкасці. Паэма Івана Ласкова — не лёгкае чытво. Яна пісалася доўга — семнаццаць гадоў! — і вымагае напружанай працы думкі, саўдзелу ў асэнсаванні мінулага. Паэту давялося грунтоўна вывучыць усе даступныя першакрыніцы, прайсці і праехаць тыя мясціны, дзе адбываліся жахлівыя трагедыі, сэрцам дакрануцца да спякотнага матэрыялу, самой атмасферы далёкага часу. Ні на адно імгненне, не змаўкае жалобная струна асабіста перажытага, што надае паэме асаблівую пераканаўчасць:
I я жывы — жывенькі я, хаця
Была карычневая смерць так
блізка,
Так абдзімала на зары жыцця, —
Аж калацілася аб столь калыска.
Вось чаму мы бачым і чуем з фізічнай адчувальнасцю подых гістарычнай праўды, чалавечую мізэрнасць бязлітаснага, разбэшчанага і нікчэмнага ў сваім жывёльным страху перад судом вечнасці цемрашала.
(Парадокс—унук гэтага вампіра, славуты астраном і матэматык сярэднявечча Улугбек па-зверску быў забіты рэлігійнымі фанатыкамі, а яго абсерваторыя разбурана. Некалькі дзесяцігоддзяў назад пры наведванні Самарканда тагачасны прэм’ер-міністр Індыі Джавахарлал Неру пакланіўся праху вялікага вучонага, абмінуўшы магілу яго крывапіўцы-дзеда.)
Паэма густа населена дзейнымі асобамі, якія сапраўды жылі, аўтар яскрава, да скульптурнай выпукласці і псіхалагічнай выверанасці, перадае іх адметнасць, каларыт эпохі. Падзеі твора разгортваюцца як бы на касмаганічным фоне.
Рэха злачынных дзей Жалезнага Кульгі разлягалася далёка, дасягаючы граніц Масковіі, пра што сведчыць Ніканаўскі летапіс.
Усе нелюдзі, узгадаваныя на нявіннай чалавечай крыві, вельмі любяць узвялічваць сваю асобу. Не быў выключэннем і Тамерлан. Дзеля гэтага ён трымаў цэлую гайню прыдворных летапісцаў — дабіранаў, што спаборнічалі паміж сабой у прыдумванні самых урачыстых і ўнушальных найменняў свайму куміру — Сын Алаха, Меч Алаха, Надзея Алаха...
Перад намі жыццё гэтага “звышчалавека” ў розных фазах — ад ранняга юнацтва, калі ён “украде овцю у человека; и бысть постижен он, и много бьен, и наполы бедру переломиша”, да ганебнага скону, калі яму хочацца акружыць сябе арэолам святасці.
Усе злачынцы на дне сваёй душы тояць неўсвядомлены страх за зробленае, стараюцца адгарадзіцца ад людзей, акружаюць сябе даносчыкамі, бо: “Недаўгавечна ўсё, што на крыві, і асабліва як яна бруіцца”. Дамогшыся вялікай улады, вонкавай пакорлівасці заваяваных, асляпляльнай раскошы свайго ханскага двара, Цімур ва ўсім і ва ўсіх бачыў здраду і небяспеку ўласнаму існаванню. Ён нават могілкі загадаў вынесці за межы сваёй сталіцы — Самарканда. І ў мёртвых яму чулася пагроза:
О Самарканд, які ж наіўны ты,
Як па-дзіцячы блытаеш усё ты!
Галоўны вораг твой з табой
заўжды,
А ты жывеш надзеяй на вароты.
Чым не “воўчае логава” Адольфа Гітлера ці прэзідэнцкі “боінг” на выпадак ядзернай вайны?! А чаго варта прадуманая да дробязей служба даносаў — правобраз будучых гестапа, ФБР і ЦРУ! Асацыяцыі... Асацыяцыі...
Мабыць, самая жахлівая сцэна ў паэме — пабудова мячэці Бібі-Ханым у гонар адной з жонак Жалезнага Кульгі. Зверства застаецца зверствам, калі б яно ні адбывалася — у часы інквізітарскіх аўтадафэ ці фашысцкіх крэматорыяў. Людская натура не прымае прымусовай смерці, тым больш у масавых маштабах, чым бы гэта ні дыктавалася — неабходнасцю “жыццёвай прасторы” ці “сферай жыццёвых інтарэсаў”. Чалавецтва атрымала не адзін прадметны ўрок, што перад тварам страшэннай небяспекі людзям неабходная — як паветра! — еднасць. Інакш — як калісь:
Жывых. людзей шырокія пласты
Перакладаліся пластамі вапны.
Такім чынам, усялякае. сённяшняе злачынства, гвалт і здзек з чалавека, яго свабоды і годнасці, мелі прэцэдэнт у мінулым. Вось чаму паэт настойліва — на працягу, ўсяго твора — вяртае нас да трапяткой сучаснасці. І гэта не капрыз аўтарскай волі, а логіка гісторыі. Радуючыся, што “ні цара свайго, ні караля не спарадзіла глеба Беларусі”, памятаючы, што “араць магчыма і без караля, таптаць палеткі іншых — немагчыма”, і тое, што “хата наша, вечная Хатынь, ізноў палала разам з жыхарамі”, паэт усю сваю спапяляльную нянавісць адрасуе прыгнятальнікам:
Гары паходняй, гнеў бясконцы мой,
Палай, маё пракляцце
Тамерланам!..
Чалавек нараджаецца для жыцця і радасці. І ўсё існае ў прыродзе належыць усім у роўнай меры. І ніхто не мае права эамахвацца на гэта. Сімвал існага — у зерні: “Дазволь цябе уславіць, зерне, ты ператварыла звера ў чалавека”. Якраз таму: “Не меч з кап’ём — арала і кассё. I будзем вечна, людзі, жыць у згодзе”.
Гуманістычны пафас паэмы быў бы няпоўным, калі б паэт бязлітасна не выступаў суцраць гальванізацыі абліччаў крыважэрцаў, якія нібыта адыгралі прагрэсіўную ролю як стваральнікі “вялікіх дзяржаў”. Усведамляючы, што “людзей-гігантаў — яўны недабор, затое вылюдкаў-гігантаў... божа!”, ён выступае суддзёй цэнтральнага персанажа свайго твора:
Я — суд стагоддзяў, я — вякоў
адплата
За ўсё і ўсіх, каго замучыў ты.
Па маштабнасці задумы і паўнаце мастацкага вырашэння тэмы паэма Івана Ласкова набліжаецца хіба што да “Лукам’я” Васіля Зуёнка. Апрача ўсяго іншага, яна сведчыць і пра тое, колькі павучальнага і надзённага тоіць матэрыял мінуўшчыны нашага народа, якая паспяхова закраналасяі ў вершах і баладах Максіма Танка, Янкі Сіпакова і прозе Уладзіміра Караткевіча. Тут яшчэ перад намі сапраўдны “аблог цалінны” (Аркадзь Куляшоў). Гэта тым больш неабходна памятаць сёння, бо
На сушы ўзрываў устае сцяна,
Арэ марскія хвалі субмарына,
А мне здаецца: гэта ўсё яна, —
Што нам руку мазоліла, дубіна.
“Кульга” — твор немалы па аб’ёме: пяць паловай друкаваных аркушаў. У нашыя дні, калі пераважаюць партатыўныя — назавём іх так — паэмы, гэта магло быць і рызыкоўным эксперыментам: у час перанасычанасці інфармацыяй каму патрэбна залішняя дэталізацыя? Але ў дадзеным выпадку аўтарская задума вымагала якраз такога вырашэння. Вымагала, каб даць чытачу, слаба дасведчанаму ў рэаліях далёкай мінуўшчыны, адчуванне праўдзівасці і верагоднасці. І хоць паэма напісана адным памерам, у нас не складваецца ўражання аднастайнасці і нудоты. А не складваецца таму, што паэтычны радок энергічны, мускулісты, мы адчуваем напружаную пульсацыю думкі аўтара. Вялікую ролю пры гэтым, бясспрэчна, адыгрывае і вельмі дакладная індывідуалізацыя мовы персанажаў. У Цімура — загадна-ўладныя ноты, у яго прыбліжаных — лісліва-дагодлівыя перад кумірам і зняважлівыя — да падначаленых, у простых людзей, што страцілі волю, але не годнасць, — стрымана-зацятыя. І ўсё гэта афарбавана квяцістасцю сярэднеазіяцкага красамоўства. На гэтым фоне вельмі адцяняецца дыпламатычнай вытанчанасцю і еўрапеіэмам мова Клавіхо Руі Ганзалеса — пасла кастыльскага караля да Цімура.
Мабыць, найбольшага пафасу Іван Ласкоў дасягае ў паэтызацыі чалавека працы:
Каб не плаціць за поле і арык,
Сто зім назад ён перабраўся
ў горы...
.................................... ............
За годам год мінаў, як дзень
за днём,
Даўно равеснікі пайшлі на неба.
А ён махаў нястомна кетмянём,
Пераціраючы граніт у глебу.
...................... ..........................
Ён зжыўся з каменем і камень
з ім.
Дзесяцігоддзі не мяняў халата!
Ад старажытных сярэднеазіяцкіх паэтаў Нізамі і Наваі дайшоў да нас манументальны вобраз Фархада, які дзеля сваёй каханай Шырын гатоў быў рассячы горы, каб даць людзям жыватворную ваду. Блізкі да яго па духу і згаданы герой нашага паэта. Герою на смяротным ложы не сорамна падвесці рахунак жыцця: “Мой стогадовы пот не быў дарэмным. Хай не ўсяго —галоўнага дасяг: жыў і канаю я не пад’ярэмным!” Толькі ў працы — высокае прызначэнне чалавека і яго неўміручасць.
І яшчэ адну выснову можна зрабіць — каб справіцца з гістарычнай тэмай, трэба, апрача ведання матэрыялу, каб яна стала глыбока сваёю, што мы тут і бачым.
Твор такога размаху пад сілу толькі сапраўднаму майстру, які дасканала валодае і матэрыялам, і багаццем мастацкіх сродкаў. І хоць сам паэт жыве ў далёкай Якуціі, яго мова не страціла ранішняй ядранасці і бліскотнасці.
І вельмі шкада, што таленавітая, неардынарная паэма “Кульга” Івана Ласкова выдадзена неапраўдана мізэрным тыражом — усяго 2 500 экземпляраў! Гэта — не па-гаспадарску.
/Полымя. № 7. Мінск. 1986. С. 213-215./
МОСТ ПРАЗ СТАГОДДЗІ
*
Ласкоў І. Кульга.
Паэма. — Мн.: Маст. літ., 1985.
*
Трымаю ў руках “Кульгу”, кнігу, толькі што перачытаную другі раз. Уражанне такое, нібыта здзейсніў падарожжа ў далёкае чатырнаццатае стагоддзе, а адтуль — вярнуўся ў наша неспакойнае дваццатае. І ад прачытанага — роздум, і ад прачытанага — успаміны...
Успомніў, дарэчы, сваё наведванне Якуціі ў 1978 і 1980 гадах, калі знаходзіўся па справах на БАМе, адкуль двойчы прыязджаў у Якуцк. Уладкоўваўся там, як правіла, у гасцініцы Ленскага рачнога порта. Але, шчыра кажучы, больш часу праводзіў у сям’і Івана Ласкова (яго жонка Валянціна, дарэчы, вядомая якуцкая пісьменніца).
Вось тады ў нас і завязалася гаворка пра амаль ужо напісаную паэму “Кульга”. Спачатку гаварылі пра самую назву. Я, помню, даводзіў, што ў беларускай мове ёсць слова “кульгавы”, але “кульгі” няма, на што Іван Ласкоў адказаў, што ён мае на ўвазе не аднаго Тамерлана — Цімура Кульгавага, а імя абагульняючае, якому якраз адпавядае назва “Кульга”. А потым ён горача і ўсхвалявана расказваў аб сваіх падарожжах па Сярэдняй Азіі, аб наведванні Самарканда і мясцін, звязаных з крывавымі паходамі Кульгавага, аб уражаннях ад гэтага падарожжа, якія потым былі папоўнены з літаратурных і летапісных крыніц пра той далёкі час.
— Ведаеш, не так лёгка з дня сённяшняга адразу кінуцца ў бездань чатырнаццатага стагоддзя, — прызнаваўся паэт. —Трэба ведаць тагачасную эпоху — эпоху разгулу і разбою. Хоць, праўда, такіх разбойнікаў, як Цімур Кульгавы, хапала і ў наш век.
Ён задумваўся, а потым пачынаў чытаць радкі з паэмы:
Дарма, ці што, так розна з даўніх дзён
Кваліфікуе белы свет калегаў:
Пяток зарэзаў — на табе праклён:
Забіў мільён — бяры жазло стратэгаў.
Твар яго пасуровеў. Ён узяў з паліцы томік Максіма Танка і ўжо зусім іншым голасам працытаваў:
Ніяк не магу высветліць
Ад самага нараджэння,
Каму даверана справа
Уваскрашэння?
Ці нейкаму богу, ці чорту,
Ці іх бязглуздай чэлядзі,
Што з-пад магільных пліт часта
Устаюць не людзі, а нелюдзі?
— Хачу гэтыя радкі ўзяць эпіграфам да ўсёй сваёй паэмы, — у роздуме прагаварыў Іван Ласкоў. — Таму што вырашыў напісаць пра нелюдзяў, якіх увасабляе ў сваім вобразе Тамерлан. — Падумаў трохі і дадаў: — Ведаеш, што ён перад смерцю вытварыў? Маўляу, калі да яго касцей хто дакранецца, дык абавязкова пачнецца зноў вайна... Во як аберагаў сваю персону! Нават мёртвы пагражаў людзям, папярэджваў, што персона яго недатыкальная.
Потым у паэме аб гэтым мы прачытаем такія радкі:
І выдаў гэткае прароцтва ён:
“Калі хоць хто касцей маіх даткнецца —
Самому смерць, яго народу — скон:
Сам не прачнуся я — вайна прачнецца”.
Што ж паслужыла штуршком для напісання паэмы? Якія аспекты вырашыў асвятліць паэт, якія пытанні закрануць? Дзеля цікаўнасці мост праз пяць стагоддзяў не перакідваюць.
Ці рэйкі слухаю я, ці кугу —
Гняце мяне трывога не пустая:
Са школьнай парты думка пра Кульгу
З абдымкаў-абцугоў не выпускае, —
прызнаецца паэт і ўжо больш разважліва і сурова зазначае:
Ад той начы праз даўні пыл шляхоў
Вяду сваю так званую калючасць —
Бязмежную нянавісць да Кульгоў
За ненажэрнасць іх і неўміручасць.
Вось ён — прысуд! Вось тая галоўная думка, якая кіравала паэтам пры напісанні паэмы, калі хочаце, ідэя твора, яго лейтматыў. Ад першага і да апошняга радка. Не разбуральныя войны, а мірная стваральная праца павінна панаваць на планеце. Нельга дапусціць, каб на свет з’яўляліся новыя Кульгі і ажыццяўлялі сваю чорную, крывавую справу.
Апісваючы, як заўважыў другі паэт, справы даўно мінулых дзён, аўтар як бы становіцца саўдзельнікам іх, сваім уважлівым вокам заўважае ўсё, што нясе заваёўнік людзям, блізка да сэрца прымае боль і пакуты іх, разам з імі пратэстуе супраць бесчалавечнай эксплуатацыі, катаванняў і бессэнсоўнай смерці. І нібы зноў перакідваючы мост з далёкага чатырнаццатага стагоддзя ў дваццатае, прасочвае, адкуль бяруцца Тамерланы і Гітлеры і да іх падобныя, якія прагнуць пакарыць сусвет, стаць бессмяротнымі:
Дзесяцігоддзяў пройдзе караван,
Дакладней, пратупоча ліхалецце —
I забіваць прывыкшы Тамерлан
Запрагне асабістага бяссмерця.
А што? Як тут душою ні крыві,
Ні прыбядняйся — дасягненняў маса:
Там — моры морамі людской крыві,
Там — горы горамі людскога мяса.
У паэме мы сустракаемся з мноствам герояў, якія паўстаюць перад намі то ў вобразах ханаў, якія прыслужваюць Цімуру Кульгаваму ці змагаюцца супраць яго, то ў вобразах алхіміка, гісторыка, паэта... Але ўсе іх дзеянні і выказванні накіраваны ў адно рэчышча — выкрыць людаедскую сутнасць Кульгоў, іх ненажэрны звярыны нораў. Асобнае месца ў паэме займае раздзел “Балада пра данос”. Паэт апісвае ў ім, як тыранія калечыць людскія душы, як працуе механізм даносаў. Ці ж не такое назіралася і ў трэцім рэйху, дзе павуціна даносаў была ўзведзена ў ранг палітыкі?
О даносчыкаў племя, сям’я павукоў,
Будзьце ўсе вы пракляты да скону вякоў!
Крок за крокам паэт прасочвае крывавы шлях Тамерлана, як ён, былы авечкакрад, збірае вакол сябе банду галаварэзаў, як гэтая банда разрастаецца ў войска і, нібыта тая саранча, усё спусташае на сваім шляху.
Яшчэ учора быццам на вачах
Яна адзежку цесную мяняла,
А новая ужо не на плячах,
Харчоў ранейшых для наедку мала.
Так, яе, саранчу, яшчэ можна было спыніць, яшчэ можна было ёй перагарадзіць дарогу, каб яна не змагла “дарослай саранчой расправіць раптам крылы і надкрыллі”. Ці ж не гэтак жа, як і Кульгавы, карабкаўся да ўлады і беснаваты фюрэр? Спачатку на яго “нявінныя забаўкі” не звярталі ўвагі, а потым ужо было позна.
Крычыце буру! Мо пачуе вас.
Адна яна ўратуе — клічце буру!
Вы прапусцілі той шчаслівы час,
Калі яна яшчэ мяняла скуру.
Ці не папярэджаннем гучаць гэтыя радкі паэта сёння ўсім, хто спакойна назірае на Захадзе, як “забаўляюцца” розных колераў неафашысты і неанацысты? Не празявайце той час, калі яны яшчэ мяняюць скуру!
І яшчэ адзін найважнейшы аспект асвятляецца ў паэме — гэта рэлігійны дурман. Гісторыя мае нямала прыкладаў, як, прыкрываючыся воляй Хрыста ці Алаха, крывавыя дэспаты тварылі свае чорныя справы. Так дзейнічаў і Кульгавы, і яго паслядоўнік дваццатага стагоддзя — Гітлер. Фашысты насілі папругі са словамі на спражках “З намі бог”, што не перашкаджала ім забіваць, паліць, катаваць, рабаваць. Як і імя алаха не перашкаджала рабіць гэта Тамерлану:
I молы, і праклёны — ўсё дарма.
Дзе Тамерлан — алаха там няма.
Той, хто зведаў фашысцкі палон, “новы парадак”, хто пад прымусам “працаваў” на славу “вялікай Германіі”. той з разуменнем прачытае радкі, якія перадаюць атмасферу “творчай працы” ў імперыі Тамерлана:
І зноў і зноў у Горад Гарадоў
Тут гналі шэры статак чалавечы.
І пад прыпеўкі дзікіх бізуноў
Майстры-устоды нагіналі плечы.
І тое, што будавалася. яно будавалася на людскіх касцях. Нават мячэці — святая святых мусульман. І зноў, як прысуд гісторыі рэлігійнаму дурману:
Там і цяпер — прыслухайся, пастой —
З-пад гліны дрогкае ірвецца лямант.
Скажы, мячэць, ці ж не падмурак твой?
Скажы, малельня, ці ж не твой
фундамент?
Вядома, у невялікай рэцэнзіі-водгуку нельга шырока расказаць аб паэме, якая налічвае больш трох тысяч радкоў, аб усіх яе мастацкіх вартасцях, аб аўтарскіх знаходках і праліках, якія, вядома ж, ёсць. Мне ж хацелася завастрыць увагу на злабадзённасці твора, на яго страсным закліку да міру, на яго бескампрамісным выкрыцці ўсіх тых, хто і сёння, прыкрываючыся богам, размахвае атамнай дубінкай, учыняе правакацыі, падтрымлівае тэрарызм. рыхтуецца да сусветнай бойні... Колькі іх было такіх на чалавечым вяку! І паэт заўважае:
Раблю я зрокам мысленным кругі,
Лічу народаў раны нажавыя,
Што ім нанеслі розныя Кульгі,
І дзіўна мне, што мы яшчэ жывыя...
І тут жа паэт звяртаецца да сваёй роднай маці-зямлі, якая ўзгадавала яго і вывела на шырокі творчы шлях:
Сардачна дзякуй, родная зямля!
Шкадуе хтось, а я дык ганаруся,
Што ні цара свайго, ні караля
Не спарадзіла глеба Беларусі.
І гэтае шчырае прызнанне цепліць душу, бо “араць магчыма і без караля, таптаць палеткі іншых — немагчыма”. Народ — вось тая сіла, якая рухае гісторыю наперад. а не Кульгі ўсіх часоў і розных колераў:
Мільён разоў мне секлі галаву.
I кожны раз быў кат перакананы,
Што, прыгавораны і пакараны,
Не ўстану болей, не загавару.
Я бессмяротны!..
А таму “дабро урэшце зло змагае, і што кат сваёй сякерай заслужыў — хай цераз пяць стагоддзяў — атрымае”. Па-мяць народа — гэта памяць гісторыі. Ніхто не забыты, нішто не забыта! Злачынства, калі б яно ні было здзейснена, павінна быць пакарана.
Запамятайце, ханы-каралі,
Усе, каму мячаціць загарыцца:
Недаўгавечна ўсё, што на крыві,
І асабліва, як яна бруіцца...
Паэма Івана Ласкова “Кульга”, на маю думку, значная з’ява ў нашай беларускай літаратуры. І як любая з’ява, яна чакае сваіх даследчыкаў.
Уладзімір Правасуд
/Маладосць. № 9. Мінск. 1986. С. 169-171./
ЕДИНСТВО ДУХА
В своем исследовании «Социалистический реализм» известный ученый Сергей Митрофанович Петров отмечает: «Писателей разных народов сближают друг с другом общечеловеческие идеи гуманизма, защита прав, свободы и достоинства человека, претворение в жизнь, которых положила начало Октябрьская революция». Как будто в продолжение этой цитаты-мысли И. Бехера, прозвучавшие в его работе «В защиту поэзии» (Москва, 1959 год): «Национальная политика Советского Союза — существенная основа того, что советские художники в состоянии так же вживаться в человеческие образы и проблемы других народов, как и своего собственного, можно было бы сказать, что в подлинно национальном чувстве одного народа одновременно заключена основа для постижения подлинно национального чувства другого народа».
Убедиться в праведности этих теоретических положений нам помогают многие примеры, когда в литературе одного народа речь идет о проблемах, животрепещущих вопросах, решаемых другими народами. Особенно много подобных произведений в русской литературе, и в первую очередь, в произведениях, пришедших к читателю в советское время. Наверное, и называть эти повести, рассказы, стихотворения, написанные Л. Леоновым и Н. Тихоновым, П. Павленко и В. Луговским, А. Платоновым и многими другими не стоит. Ибо все эти книги у большинства читателей на слуху.
Но вот пример, из числа недавних. Он идет из белорусской литературы. И, наверное, читателю практически не известный... Тираж отдельного издания поэмы Ивана Ласкова «Хромец» — 2500 экземпляров. Это на белорусском языке. Русского же прочтения поэмы пока не существует. Да и критика не так уж много внимания уделила поэме, тому произведению, над которым белорусский литератор работал едва ли не два десятилетия (годы написания поэмы — 1964-1981). Не будем спешить с оценками. Тем более, что автор предлагаемых заметок находится в более выгодном положении по сравнению с читателем: поэму он читал, да и читал на языке оригинала. Такой возможности у туркменского читателя, не знающего белорусский язык, сегодня нет. Так вот, не будем спешить... давайте лучше вслушаемся ещё вот в одну цитату: «Поэма удивляет тогда, когда мы улавливаем в ней страстное желание, и радость пережитого». Автор этих слов — X. Л. Борхес. А теперь — о самой поэме...
Вот что рассказывает о книге издательская аннотация (поэма увидела свет в минском издательстве «Мастацкая литература»): «Поэма воскрешает события из времен среднеазиатского эмира и полководца Тамерлана (1336-1405) — Тимура Хромого. Походы Тамерлана сопровождались разрушениями и выделялись страшной жестокостью по отношению к захваченным народам. Жестокости завоевателя автор противопоставляет доброту и любовь к человеку, уважение к его труду. Не разрушительные войны, а только мирный труд должны властвовать на земле — таков жизнеутверждающий пафос поэмы». Внимательное прочтение поэмы убеждает, что автор в своих художественных поисках взял для решения своей идеи ситуацию типичную. В чем же типичность или общность исторической судьбы антигероя, являющегося центральным персонажем произведений белорусского автора?.. Ответ на этот вопрос — и в эпиграфе к поэме. Строчки, открывающие книгу Ивана Ласкова, принадлежат Максиму Танку:
Никак нс могу определить
От самого рождения
Кому доверено дело
Воскрешения?
Или некоему богу, или черту
Или их бестолковым слугам,
Что из-под могильных плит часто
Встают не люди, а нелюди?
(Здесь и далее перевод подстрочный).
Так вот приблизительно обстоят дела и с исторической судьбой Тамерлана. Противоречия возникают между сегодняшним прочтением его деяний, поступков и реальными историческими фактами, свидетельствующими об огромном числе жертв, приносимых Тамерланом и его прихвостнями во имя своих корыстных целей. Не такими уж редкими стали попытки к идеализации псевдогероев, подобных Тамерлану. Находятся, если можно так сказать, историки, стремящиеся к идеализации алчности Тимура, историки, выискивающие положительные стороны в его и ему подобных деятельности. О том, что поэма направлена против подобного субъективизма говорит и известный белорусский поэт Анатоль Вертинский, выступая на страницах газеты «Литература і мастацтва»: «...основной её (поэмы — А. К.) пафос заключается в раскрытии необъективной идеологической тенденции, согласно с которой... (и дальше поэт цитирует строчки из поэмы — А. К ):
...так по-разному с давних времен
Квалифицирует мир коллег:
Пятерых зарезал —тебе посылают
проклятия,
Убил миллион — бери жезл стратегов...»
Вчитываясь в поэму Ивана Ласкова, все больше убеждался и я что сила её в актуальности. И хотя события происходят в четырнадцатом — начале пятнадцатого столетий, произведение соединило в себе разные времена, обрушив свой гнев на исторические ошибки и четырнадцатого, и двадцатого столетий. Актуальность произведения не будет утрачена спустя и ещё сто лет. Причиной тому — огромное желание выиграть спор с идеологическими противниками, доказать несостоятельность их стремления к возвеличиванию, к возвышению личностей, стоящих в одном ряду с Тамерланом, Наполеоном, Гитлером и им же подобным завоевателям, грабителям, иудам., пытающимся стать на весы, другую чашу которых занимают народы всего мира, их история, культура, их право на свободу выбора.
Поэма И. Ласкова — произведение эпического характера. Автор позволяет нам встретиться с Тамерланом ещё в юности. Интересно разворачивается сюжетные ходы произведений. Лирический герой поэмы — современник Тамерлана и одновременно наш современник. О себе он говорит так:
Я не грузни, не турок, не араб,
Не индуист и не огнепоклонник.
Я сам не знаю кто. Я беглый раб.
Пленник беглый я...
И вот встречается нам герой в горах с пристроенным к скале небольшим домиком. Живет в нем отшельник. Всю жизнь он работает на земле, вырывает у гор ее шаг за шагом, растит овец, пасет коз, а сам кормится лишь хлебом. Раз в пол года сносит сыр и мясо на базар. И возвращается оттуда с пригоршней монет. Наконец столетний старик пересчитал деньги: теперь-то уж он сможет привести в дом хозяйку. И в очередной раз возвращается из долины с пятнадцатилетней девчушкой. Но сил уже нет, приходит смерть. И здесь появляется на горизонте наш герой — пришелец, беглый пленник. Ему и говорит старик:
...Меня позвал:
— Ты, парень, беглый раб.
Но ты не раб душою — верю твердо
И я убегал — сто лет. Ты мое
продолжение.
Мое столетнее потение было
ненапрасным
Пусть не всего — я главного достиг
Жил и умирал не подневольным!
Возьми добро мое — дарю я,
За сто своих ты увеличишь втрое,
Если из них не потеряешь часа одного.
Вгрызайся в гору, и обессилев её
грызя.
Придет награда за труд и терпение.
Вот так и будут беглые рабы
Свободу обретать из поколения
в поколение.
Не случайно привожу такой длинный отрывок, не имеющий, казалось бы, прямого отношения к Тамерлану. Но зато имеющий самое близкое, самое родственное отношение к той силе, что оказалась значимее тамерлановской гигантомании смерти — к народу.
События, описываемые в поэме, имеют и конкретную географическую привязанность — земли нынешних Туркмении, Узбекистана, Таджикистана. Некоторые страницы вбирают в себя и другие территориальные регионы. Поэт подчеркивает, выделяет, насколько огромными были захватнические, уничтожательные планы Тамерлана. Параллельно к историческому прошлому в поэме являются события, предваряющие и вобравшие в себя вторую мировую войну, властвование гитлеровского фашизма в Германии. Интересен такой факт. В июне 1941 года (вспомним ещё раз дату, день, месяц начала Великой Отечественной воины — 22 июня 1941 года) был вскрыт саркофаг Тимура. «Исследователи» поставили перед собой одну цель — возобновить изображение лица Тимура.
Иван Ласков пишет в отдельном разделе поэмы о стремлении Гитлера найти схожие черты в образе своего предвосхитителя. И когда вождь звереющего фашизма изучал «бесценные» останки, шло неимоверной силы кровопролитие. Разве, что только дорога тогда была обратная — из Европы в Азию. К Индии, куда в своих сумасшедших планах устремлял Гитлер танковые армады. Но схожим было одно из главнейших условий армады... Армады техники вел тот же Тамерлан, в том же обличье, руководствовавшийся той же, может быть, немножко видоизмененной психологией.
Возможно, к читателю придет такая возможность познакомиться с поэмой самому. Возможно, найдется в среднеазиатских литературах переводчик, который прикоснется к оригиналу произведений белорусского поэта. Польза в итоге будет несомненная. Поэма примечательная и в познавательном плане. Видно, здесь сказывается глубокое знание Иваном Ласковым исторического материала, получившего художественное решение в произведении «Хромец». Одним словом, поэма Ивана Ласкова — явление примечательное, требующее самого пристального внимания как и в рассмотрении критиками поэтической привязанности автора, так и в изучении жанровой особенности произведения.
А: Карлюкевич,
член Союза журналистов СССР.
/Ташаузская правда. Ташауз [Туркменская ССР]. № 149. 3 августа 1989. С. 4./
ГРЯДЕТ ГОД ТАМЕРЛАНА
Указом президента Узбекистана Ислама Каримова 1996 год объявлен годом Тимура, передает ИТАР-ТАСС. Речь идет о выдающемся полководце, государственном деятеле эмире Тимуре, чье 660-летие широко будет отмечаться по решению генеральной конференции ЮНЕСКО. Имя Тимура, известного под именем Тамерлан, долгое время в Узбекистане и в бывшем СССР было под запретом.
/Известия. Москва. № 248. 30 декабря 1995. С. 1./
МАЛЫ ЗДЗЕК НЕ РАЎНЯ ВЯЛІКАМУ. Смерць аднаго чалавека часам не пужае. Асабліва калі ў самім факце развітання з жыццём нічога гвалтоўнага, драпежна-крымінальнага няма. Драпежніцкая ж мараль як сродак забойства чалавека ў разлік, лічы, ніколі не бярэцца. Так, пэўна, і ў выпадку з беларускім пісьменнікам Іванам Ласковым. Яго не стала 28 чэрвеня 1994 года. Памёр у Якуцку, дзе жыў і працаваў, пачынаючы з 1971 года. Не вытрымала сэрца. Спынілася ў атмасферы абсалютнага холаду і ледзянога ціску. Быццам раструшчылі спякотным чэрвенем (лета ж яно, мусіць, лета ўсюды) гарачае, неўтаймаванае і на другой паўсотні гадоў шчырае беларускае сэрца.
ШТО ЗДАРЫЛАСЯ 3 ПАЭТАМ, апантаным гісторыкам-шукальнікам, смелым публіцыстам? Адказаць на гэтае пытанне няпроста. Калі нас чуе Усявышні, то просьба да яго — высветліць гэта ў пазбаўленай ад зямных бядот і згрызот светлай душы Івана Антонавіча Ласкова (сына ўкраінца Антона Іванавіча Ласкавага і беларускі Юліі Апанасаўны). Наш жа клопат — падзяліцца веданнем таго, з чым супалі апошнія гады і дні жыцця пісьменніка.
Праўда, досвед не можа быць поўным, калі час ад часу мы не будзем углядацца ўвогуле ў жыццё Івана Ласкова. Калі раз-пораз мы не зазірнем у яго творы, многія з якіх засталіся ў рукапісах і невядома яшчэ, ці будуць выдадзены.
ЯК ТРАПІЎ ЛАСКОЎ У ЯКУЦІЮ? Пасля заканчэння ў 1958 годзе сярэдняй школы (з залатым медалём, дарэчы) паступіў на хімфак БДУ. Атрымаўшы спецыяльнасць, па размеркаванню паехаў працаваць у Дзяржынск Горкаўскай вобласці. А пачынаючы з сярэдзіны 50-х гадоў актыўна друкаваўся на старонках беларускіх, а пасля і маскоўскіх літаратурных выданняў. У 1966-1971 гадах вучыцца на аддзяленні перакладу Літаратурнага інстытута ў Маскве. Да таго часу ў Мінску выдаюцца дзве вершаваныя кнігі Івана Ласкова — «Стихия» і «Белое небо». Маскоўская «Юность» друкуе паэму «Жывыя галасы». Закончыўшы літінстытут, разам з жонкай — якуцкім празаікам Валянцінай Гаўрыльевай едзе ў халодную і вечна загадкавую Сібір. Якуція становіцца на доўгія гады прытулкам і для яго. Ды што на гады — вечным прытулкам становіцца для нашага суродзіча паўночная старонка.
А тым часам — у 1973 годзе — у Мінску выходзіць кніга вершаў Івана Ласкова на беларускай мове. Што ж здарылася? У чым сакрэт моўнага пераўтварэння? Калі глядзець з пазіцыі кан’юнктуры, то 70-я гады —далёка не самы спрыяльны час для ўшанавання роднай мовы. Але ж дадзім слова паэту. З ліста Івана Ласкова аўтару гэтых радкоў: «...Першая беларуская кніжка вершаў «Кружное лета». Я на яе вельмі разлічваў у прапагандысцкім сэнсе. Яна павінна была прагучаць заклікам да беларусаў павярнуцца тварам да беларускасці. Усё ж такі я быў не апошні хлопец на вёсцы, выдаў дзве кнігі на рускай мове, друкаваўся ў Маскве, Ленінградзе. Вяртанне да роднай мовы павінна было прагучаць. Але гэта разумелі і ворагі беларускасці. Былі прыняты меры. На кніжцы ўказалі тыраж 5000. На самай жа справе выпусцілі 2500. Увесь гэты тыраж быў накіраваны ва ўскраінныя вобласці Беларусі, г. зн. ва ўсе, апрача Мінскай. У Мінску кніжка не прадавалася — г. зн. там, дзе найбольш свядомага беларускага чытача. Я ўжо жыў тады ў Якуцку і нічога пра гэта не ведаў, а мой сябар, якога я прасіў... купіць «Кружное лета» для мяне, проста збіўся з ног, шукаючы зборнік. Спецыяльна ездзіў у Магілёў і яшчэ некуды...»
У ЯКУЦКУ ІВАН ЛАСКОЎ ДАВОДЗІЦЬ ДА ЛАДУ I ВЫПУСКАЕ Ў СВЕТ АСОБНАЙ КНІЖКАЙ ПАЭМУ «ХРОМЕЦ» (ГЭТА Ў 1975 ГОДЗЕ) — ПРА ТАМЕРЛАНА.
Мо з гэтага твора ўсё і пачалося? Што менавіта? А пачаў чалавек зазіраць за шырму, пачаў агнём гарэць у жаданні знайсці праўду, у жаданні здзек, зло, кровапраліцце такімі і лічыць. З дня ў дзень (а з 1971-га па 1978-мы Ласкоў працаваў у газеце «Молодежь Якутии») сумленна адрабляючы газетную падзёншчыну, увечары, з раніцы, ноччу піша паэт і беларускі варыянт паэмы. «Кульга» (кніжка ўбачыць свет у Мінску ў 1985 годзе) пройдзе амаль незаўважанай, тады як што ні старонка — балючы дослед тыраніі, дыктатарства, насілля, спроба разабрацца ў псіхалогіі крыважэрных гаспадароў свету.
Ці рэйкі слухаю я, ці кучу —
Гняце мяне трывога не пустая:
Са школьнай парты думка пра Кульгу
З абдымкаў-абцугоў не выпускае.
О, чалавек, забіты ні за грош,
Ні за свае і ні за продкаў віны —
Згніе пятля, пераржавее нож,
I спрахне той, хто карыстаўся імі.
Ты ў гэта верыў — воч не апускаў,
Ды падвяла святая немінучасць,
I ты яшчэ мільён разоў упаў —
І забяспечыў кату неўміручасць.
Так пачынаецца «Кульга». Паэт змагаецца не столькі з ценню Цімура Храмога (Кульгавага) — Тамерлана, колькі з тыранамі і дыктатурамі ўсіх эпох і народаў. Разважаючы, думаючы пра тыранію ўслед за Ласковым, вачыма і сэрцам апякаешся ад такой вось інфармацыі (глядзіце «Известия» за 30 снежня 1995 года): «Наступает год Тамерлана». Цытую: «Указам Прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава 1996 аб’яўлены годам Цімура, перадае ІТАР-ТАСС. Размова ідзе пра выдатнага палкаводца, дзяржаўнага дзеяча эміра Цімура, чыё 660-годдзе шырока будзе адзначацца па рашэнню генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКО. Імя Цімура, вядомага пад імем Тамерлана, доўгі час ва Узбекістане і ў былым СССР было пад забаронай». Што каменціраваць гэта паведамленне — і так усё зразумела. Сёння ў пашане — моцная рука. Сталіністы па сутнасці і духу, саромеючыся часам атаясамліваць сябе з пакаленнем сучаснікаў Сталіна, нагадваюць пра больш блізкі ўзор навядзення парадку, пра разумніка Андропава, шкадуюць, што малы час быў адведзены на яго ўладу.
«Кульгу» ў свой час у першую чаргу заўважылі антысталіністы. Сярод іх — паэты Еўтушэнка, Прэлоўскі. Стаўленне да паэмы выяўляла пазіцыю чалавека, яго згоду альбо непрыманне агульначалавечых духоўных каштоўнасцей. «Кульга» і мне дала ўрок, дапамагла разгледзець людзей, з якімі, здавалася б, самымі глыбіннымі думкамі мог падзяліцца. Не будучы яшчэ асабіста знаёмым з Ласковым, напісаў рэцэнзію на мінскае выданне «Кульгі» і прапанаваў рэдакцыі літаратурна-мастацкага штотыднёвіка (жыў тады ў адной з рэспублік Сярэдняй Азіі). Да друку не прынялі, празрыста намякнуўшы: маўляў, не ведаеш ты, братка, нашых мясцовых спраў. Згодзен. Мясцовых спраў я мог і не ведаць. Але ж гісторыя складваецца з адных і тых жа фактаў, якімі б нацыянальнымі ці палітычнымі вачыма мы на іх не глядзелі. Калі Мураўёў быў на Беларусі вешальнікам, то ні пра які прагрэс у сувязі з ім байкі расказваць не трэба. Калі Тамерлан вынішчаў народы, ненажэрна смактаў чалавечую кроў, то згодна з якім сумленнем можна ўзводзіць яму помнік?
На «Кульгу» адгукаліся і гулагаўцы. Была такая старэнькая лагерніца — Берта Аляксандраўна Неўская. 18 гадоў «адседзела”. Пасля жыла ў Маскве. Магчыма, з тае прычыны, што «сядзела» ў калымскім лагеры, мела прыхільнасць да якуцкай літаратуры. Пісала рэцэнзіі на кнігі якугаў, што выходзілі ў Маскве. Прачытаўшы «Хромец» (рускі варыянт «Кульгі»), Берта Аляксандраўна занялася распаўсюджваннем кнігі сярод сваіх таварышаў па рэпрэсіях. А Сталіна Неўская пачала адразу называць Тамерланам. I яшчэ цікавы момант, заўважаны самім Іванам Ласковым: «У кнізе Валкагонава «Трыумф і трагедыя» ёсць ліст аднаго з масквічоў да Валкагонава, дзе стары піша пра сябе і сваю сям’ю: «Проклятый Тамерлан все истребил, все истоптал». Не магу праверыць, ці гэтае «Проклятый Тамерлан» (маецца на ўвазе Сталін) ідзе ад маёй паэмы або ў нас з ім такая роднасць душ і поглядаў».
Хто не чытаў — прачытайце «Кульгу». Тамерлан не адзінкавы. Цімур Кульгавы ў шэрагу падобных да яго. Былі ж яшчэ Гітлер, Сталін... I хіба паэма не актуальная рэч у дачыненні да сучасных палітыкаў — патэнцыяльных тамерланаў?! Тамерлана ўсхваляюць прыдворныя паэты, як, між іншым, і Сталіна. І ўсхвалялі паэты першай велічыні, паэты-класікі. Тамерлан усталёўвае ў сваёй дзяржаве адладжаную сістэму даносаў і рэпрэсій.
О, даносчыкаў племя, сям’я павукоў,
Будзьце ўсе вы пракляты да скону вякоў!
Як я жыў у спакоі, бяспецы, пакуль
Не прыгнала да нас невядома адкуль
Гэту чорную зграю начных кажаноў!
О, каб тыя часы ды вярнуліся зноў!
Як паставіў хаціну ён побач з маёй,
Назаўсёды я страціў душэўны спакой.
Ходзіш голы нібыта ад карку да пят:
Так і чуеш убіты ў плечы пагляд!
У паэмы «Кульга» ёсць і ненадрукаваны раздзел — «Чэрвень». Пра Сталіна як пра Тамерлана размова ўжо там ідзе адкрытым тэкстам.
БЕСКАМПРАМІСНАСЦЬ ІВАНА ЛАСКОВА Ў ТВОРЧАСЦІ, ВА ЎСІХ ЖЫЦЦЁВЫХ ВАРУНКАХ ПРЫВЯЛА ДА ВЯЛІКАГА КАНФЛІКТУ І З ЯКУЦКАЙ ПІСЬМЕННІЦКАЙ АРГАНІЗАЦЫЯЙ, І, ПЭЎНА Ж, З УЛАДАМІ. Пісьменнік, зацікаўлены тэмай сталінскіх рэпрэсій, дамогся дазволу наведваць архіў КДБ тады яшчэ Якуцкай АССР, Іван Антонавіч адкрыў для сябе цэлы пласт дакументаў — справы рэпрэсіраваных у Якуціі беларусаў, ураджэнцаў Беларусі. Калі б лёс распарадзіўся іначай, то, глядзіш, і мелі б мы яшчэ адну кнігу ў мартыралог нашых суайчыннікаў — ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Але ж... Добра, што многія са сваіх знаходак Ласкоў выклаў у нарысах, артыкулах, змешчаных у газеце «Молодежь Якутии».
У час знаёмства з архівамі КДБ Ласкоў натрапіў на справу Платона Айунскага. У энцыклапедыі носьбітам гэтага мала пра што гаворачага беларусам імя вызначаны якуцкі савецкі пісьменнік і палітычны дзеяч. Пачынальнік якуцкай савецкай літаратуры. У свой час Платон Айунскі быў старшынёй ЦВК Якуцкай АССР. У 1939 годзе стаў ахвярай неабгрунтаваных рэпрэсій. У Якуціі імя Айунскага — у вялікай пашане. Выдадзены сямітомны збор яго твораў. Устаноўлена літаратурная прэмія імя Айунскага. Урачыста адзначаюцца юбілеі класіка нацыянальнай літаратуры. Па-ранейшым часе заўсёды дарагімі гасцямі на ўрачыстасцях былі і беларускія пісьменнікі.
І вось 1993 год. Айунскаму — 100 гадоў. Рэспубліка рыхтуецца да свята, ушаноўвае і класіка, і ўсю якуцкую літаратуру. 9 ліпеня (да сотых угодкаў пісьменніка засталося чатыры месяцы і два дні) газета «Молодежь Якутии» друкуе артыкул Івана Ласкова «Драма паэта» (па матэрыялах следчай справы). У чым жа драма Айунскага? Аказалася, што класік, «герой» працаваў на КДБ ды шмат каго «здаў». І жорсткасць, і трагедыя, і драма — усё пераплялося разам. Калі гаварыць пра ўсе акалічнасці, то мо і не варта было б у напярэдадні юбілею агучваць малапрыемныя для якуцкіх патрыётаў факты. Хаця чаму ж маўчаць? Ведаць і не сказаць? Зрабіць выгляд, што нешта засталося па-за ўвагай? А навошта тады трэба было пісаць «Кульгу»? Навошта тады шукаць праўду, калі пра простага смяротнага можна яе сказаць, а ў дачыненні да класіка лепш прамаўчаць?.. Іван Ласкоў не змаўчаў. Выклаў усю дакументальную праўду.
Драма Айунскага ў тым і заключаецца, што ён, падобна да соцень, тысяч іншых, не вытрымаў здзекаў, катаванняў, пагроз і здрадзіў годнасці, маралі, высакароднасці. Ласкоў — абвінаваўца не паэта, а абвінаваўца часу, сістэмы, катаў.
«Ревнители» ўсяго нацыянальнага шалёна накінуліся на Ласкова. Па Якуціі (і не толькі ў пісьменніцкіх, інтэлігенцкіх асяродках) прайшлі сходы ў абарону класіка. «Руки прочь от Ойунского!» — загучала ў розных кутках Якуціі. Загучала, канешне ж, з падачы сучасных спадароў дэмакратаў, як быццам дэмакратаў. Ідэалагічная машына закруцілася-завярцелася не горш, чым у савецкія часы. Саюз пісьменнікаў Якуціі (цытую па газеце «Молодежь Якутии») выступіў са зваротам: «...Автор издевательски пишет, что он (маецца на ўвазе Айунскі. — А. К.) в тюрьме сочинял свои показания, «словно бы трудился над последним томом своих сочинений». Какое кощунство! И это пишет средней руки литератор о выдающемся писателе, большом общественном и государственном деятеле... Мы с данной статьей Ласкова знакомы давно: года два тому назад под видом рецензии на книгу И. Николаева, И. Ушницкого «Центральное дело» он в журнале «Полярная звезда» без ведома редколлегии, тайком пытался протащить ее. Тогда эта акция у него не прошла — члены редколлегии единодушно отвергли ее как явно клеветническую и приостановили публикацию. Но, как показывает время, не остудил свой «разоблачительный» пыл Н. Ласков, давно и систематически занимающийся очернительством лучших представителей якуцкого народа.
...Мы, участники расширенного заседания правления Союза писателей Якутии, основанного П. Ойунским, настоящим письмом заявляем решительный протест проискам хулиганствующего хулителя Ласкова и требуем: прочь руки от Ойунского! Выражаем надежду, что творческий союз, членом которого является вышеупомянутый господин — если тот не солидарен с ним, — скажет свое веское слово и сделает соответствующие выводы...»
ЛАСКОЎ АМАЛЬ ШТО СТАЎ «ПЕРСОНАЙ НОН ГРАТА». Было б куды — з’ехаў бы, пэўна, і сам. На Беларусь вяртацца? А што ж дома чакае? Няма прапіскі, кватэры, грамадзянства... Што дзяржаве да яго рукапісаў, інтэлекту, да яго творчага патэнцыялу?! Што ўсёй Беларусі да Ласкова-адзіночкі?! Гэта Ласковым патрэбна Беларусь. А вось яны Беларусі...
Душа і сэрца пісьменніка не вытрымалі. Памёр яшчэ адзін суродзіч. I ўсяго ж толькі на пяцьдзесят трэцім годзе жыцця.
Пасля Івана Ласкова засталіся рукапісы. Тысячы старонак. Частка архіва пісьменніка, дзякуючы руплівасці другога нашага якуцкага суродзіча — Алеся Баркоўскага, трапіла на Беларусь. Што будзе з астатнімі творамі? Што будзе з нявыдадзенай кнігай Ласкова пра фіна-вугорскае паходжанне беларускіх каранёў? Мо хопіць розуму вярнуць хаця б памяць на Беларусь? Не зробім гэта сёння — заўтра будзе позна.
Алесь Карлюкевіч.
/Звязда. Мінск. №№ 63-64. 5 сакавіка 1995. С. 10./
Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.
Юстына Ленская,
Койданава
Brak komentarzy:
Prześlij komentarz