sobota, 11 grudnia 2021

ЎЎЎ 6. Салямонка Сьмірніцкая. Берасьцейская крэпасьць ды Якутыя. Сш. 6. Койданава. "Кальвіна". 2021.





 

                                                   ГАЎРОШ БРЭСЦКАЙ КРЭПАСЬЦІ

    У дні маёй першай паездкі ў Брэст я пачуў ад некаторых удзельнікаў і сьведак абароны крэпасьці дзівосныя расказы пра нейкага хлопчыка-байца. Казалі, што гэтаму хлопчыку было ўсяго гадоў дванаццаць-трынаццаць, але ён змагаўся ў крэпасьці нароўні з дарослымі байцамі і камандзірамі, удзельнічаў нават у штыкавых атаках і рукапашных схватках, і паводле слоў усіх, хто пра яго помніў, вызначаўся выключнай сьмеласьцю, адвагай, нейкім зусім недзіцячым бясстрашшам.

    Я вельмі зацікавіўся гэтым хлопчыкам-гэроем і распытваў пра яго ва ўсіх абаронцаў крэпасьці, якіх мне ўдавалася знаходзіць. Шмат хто ўспамінаў пра яго, але, на маё засмучэньне, ніхто не ведаў яго прозьвішча і не мог сказаць, што здарылася з гэтым хлопчыкам потым.

    Зімой 1955 года я зноў быў у крэпасьці. На гэты раз адзін са старажылаў Брэста, калі я ў размове прыпомніў яму пра хлопчыка-байца, сказаў:

    — Я шмат чуў пра гэтага хлопчыка, хоць і не бачыў яго ніколі. Але тут, у Брэсьце, ёсьць чалавек, які можа вам пра яго расказаць. На Камсамольскай вуліцы ў гарадзкім рэстаране “Беларусь” іграе па вечарах акардэаніст Сяргей Кандрацюк. Ён, кажуць, некалі сябраваў са старэйшым братам гэтага хлопчыка і павінен помніць іх прозьвішча.

    У той жа вечар я накіраваўся павячэраць у рэстаран “Беларусь”. І сапраўды, у глыбіні рэстараннай залі на маленькай эстрадзе выступала музычнае трыё — піяніст, акардэаніст і скрыпач. Калі музыканты селі вячэраць, я падышоў да акардэаніста, растлумачыў, хто я такі, і пачаў распытваць у яго пра хлопчыка, які мяне цікавіў.

    — Так, — сказаў акардэаніст, — я гэтага хлопчыка ведаў да вайны. Яму тады было чатырнаццаць гадоў і звалі яго Пеця Клыпа. Ён служыў у крэпасьці — быў выхаванцам музыканцкага ўзвода аднаго са стралковых палкоў, насіў чырвонаармейскую форму і іграў у палкавым аркестры на трубе. Яго старэйшы брат у той час меў званьне лейтэнанта і камандаваў гэтым самым музыканцкім узводам — быў палкавым капэльмайстрам. Потым ужо я чуў, што Пеця змагаўся там, у крэпасьці.

    На жаль, акардэаніст не ведаў, што потым сталася з Пецем, але ўспомніў, што год ці два назад нехта са знаёмых казаў яму, нібы старэйшы брат хлопчыка, Мікалай Клыпа, застаўся жывы, пасьля вайны, як і раней, служыць у арміі і ўжо носіць званьне маёра. Такім чынам, для далейшых пошукаў у мяне была пуцяводная нітка — маёр Мікалай Клыпа.

    Праз некалькі дзён пасьля гэтай размовы ў рэстаране я сустрэўся ў Брэсьце з ваенным музыкантам, старшыной звыштэрміновай службы Міхаілам Ігнатавічам Ігнацюком. Старшына Ігнацюк, цяпер ужо пажылы, тоўсты і лысы чалавек, служыў у 1941 годзе ў тым жа самым музыканцкім узводзе 333-га стралковага палка, што і Пеця Клыпа. Вайна застала Ігнацюка ў крэпасьці, і ён удзельнічаў у яе абароне на тым жа ўчастку, дзе змагаўся і Пеця Клыпа.

    Яшчэ крыху пазьней я трапіў у раённы горад Брэсцкай вобласьці — Пінск і там знайшоў дачку загінуўшага ў крэпасьці старшыны Зенкіна — Валянціну Сачкоўскую. Валя Зенкіна была аднагодкай Пеці Клыпы і перад вайной вучылася разам з ім у школе. Сям’я Зенкіных жыла ў самой крэпасьці, у высокай вежы над Цярэспальскімі варотамі, і ў першы ж дзень вайны гітлераўцы захапілі Валю ў палон разам з яе маці і іншымі жанчынамі і дзецьмі. Нямецкі афіцэр адразу ж, нягледзячы на пратэсты маці, выштурхнуў дзяўчынку з радоў палонных і загадаў ёй ісьці ў цэнтар крэпасьці, да будынка казармаў, дзе абараняліся байцы і камандзіры 333-га палка. Ён загадаў Валі перадаць ім ультыматум. Нямецкае камандаваньне патрабавала, каб абаронцы крэпасьці неадкладна спынілі супраціўленьне і здаліся ў палон, інакш, як сказаў афіцэр, “іх зьмяшаюць з каменьнем”.

    Валя пабегла праз крапасны двор да гэтага будынка, а вакол яе сьвісталі кулі, грымелі выбухі, і дзяўчынцы кожную сэкунду пагражала небясьпека. На шчасьце, байцы адразу заўважылі яе і спынілі агонь з вокнаў казармаў. Валі дапамаглі пралезьці праз акно ў падвал і прывялі да старшага лейтэнанта, які ўзначальваў абарону на гэтым участку. Дзяўчынка перадала яму патрабаваньне ворага. Вядома, абаронцы крэпасьці не зьбіраліся здавацца ў палон.

    Засталася ў крэпасьці і Валя. Яна адчувала сябе больш сьмела і ўпэўнена побач з байцамі, нягледзячы на тое, што тут, у крэпасьці, ірваліся бомбы і снарады, няспынна трашчалі кулямёты і людзей усюды падпільноўвала сьмерць. Валя спусьцілася ў падвалы казармаў 333-га палка і там разам з жанчынамі даглядала раненых абаронцаў крэпасьці. Яна часта сустракалася з Пецем Клыпам, які змагаўся тут, у казармах, і была сьведкай яго гераічных учынкаў.

    Столькі дзівоснага расказалі мне пра гэтага хлопчыка Ігнацюк і Сачкоўская, што перада мною міжволі ўзьнікаў прывабны воблік сапраўднага маленькага гэроя.

    Чытачы, відавочна, добра памятаюць несьмяротны вобраз вясёлага і храбрага парыскага хлопчыка Гаўроша, якога так ярка апісаў Віктор Гюго ў сваім вядомым рамане “Абяздоленыя”. Вось гэтакім жа Гаўрошам, нібы яго родным братам, уяўляўся мне хлопчык-чырвонаармеец Пеця Клыпа. Толькі гэта быў наш, савецкі Гаўрош, якому давялося дзейнічаць у больш небясьпечных абставінах, у акружанай моцным і злосным ворагам Брэсцкай крэпасьці, якая кіпела, як вогненны кацёл. Гэта быў Гаўрош, які з той жа хлапечай зухаватасьцю, з той жа вясёлай, бадзёрай усьмешкай, не баючыся сьмерці, удзельнічаў у самых гарачых, жорсткіх баях.

    Калі пачалася вайна, Пецю Клыпу ішоў пятнаццаты год. Маленькі ростам, худзенькі і шчуплы, ён выглядаў дванаццаці-трынаццацігадовым падлеткам. Аднак ён быў вельмі жвавы, кемлівы і сьмелы. Да таго ж, як расказваюць, вызначаўся таварыскасьцю, дабратой і чуласьцю, заўсёды гатовы быў аддаць сябру ўсё, што меў.

    Пеця ўжо некалькі гадоў служыў у арміі як выхаванец палка і за гэты час зрабіўся запраўскім ваякам. Ён быў старанным, дысцыплінаваным байцом, і камсастаўскае адзеньне, якое яму пашылі па загаду камандзіра палка палкоўніка Мацьвеева, сядзела на ім неяк асабліва ладна і акуратна. Ён насіў сваю форму нават з нейкім форсам і пры сустрэчы па-заліхвацку вітаў камандзіраў, строга адбіваючы пры гэтым страявы крок. І ў крэпасьці ўсе ведалі і любілі гэтага маленькага кемлівага салдаціка. Не трэба і гаварыць пра тое, што Пеця марыў, як падрасьце, паступіць у ваеннае вучылішча і стаць камандзірам Чырвонай Арміі.

    Пецю выхоўваў старэйшы брат, Мікалай, — кадравы ваенны, вопытны аўтарытэтны камандзір і добры музыкант. Музыканцкі ўзвод, якім камандаваў лейтэнант Клыпа, лічыўся лепшым у дывізіі.

    Строгі і патрабавальны да сваіх байцоў, лейтэнант Клыпа з яшчэ большай строгасьцю ставіўся да свайго брата. Пеця ведаў, што Мікалай не будзе патураць яму, і таму прывык выконваць усе патрабаваньні вайсковай службы і дысцыпліны нароўні са сваімі дарослымі таварышамі.

    Але якраз у суботу, 21 чэрвеня 1941 года, сталася так, што Пеця не ўтрымаўся ад спакусы. Ён меў некалькі вольных гадзін, і адзін знаёмы музыкант з горада ўгаварыў яго ненадоўга пайсці на брэсцкі стадыён, дзе ў той дзень праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы, і пайграць там на трубе ў аркестры. Пеця пайшоў без дазволу, спадзеючыся хутка вярнуцца і думаючы, што брат не заўважыць яго адсутнасьці.

    Ён жыў разам з братам і яго сям’ёй у адным з дамоў камсаставу, якія былі за крэпасьцю, паблізу галоўных варот. Калі хлопчык вярнуўся з горада дадому, аказалася, што лейтэнант Клыпа ўжо ведае пра яго самавольную адлучку. Давялося атрымаць заслужанае пакараньне. Яно было зусім справядлівае, і таму Пеця не крыўдзіўся на брата.

    Пакараньне было не вельмі суровае, але надта непрыемнае. У гэты суботні вечар, калі ўсе байцы сабраліся глядзець кіно ў крэпасьці, а некаторыя нават атрымалі звальненьне ў горад, Пецю трэба было сядзець у казарме, у пакоі музыкантаў, і развучваць партыю трубы з увэртуры да опэры “Кармэн”, якую якраз рыхтаваў палкавы аркестар.

    “Пакуль не будзеш цьвёрда ведаць сваю партыю, не маеш права выйсьці з казармы”,— строга папярэдзіў лейтэнант.

    І Пеця ведаў: як ні выкручвайся, а папрацаваць давядзецца, бо заўтра брат абавязкова праверыць, ці выканаў ён заданьне.

    Уздыхнуўшы, ён накіраваўся ў казармы, узяў сваю трубу і пачаў развучваць злашчасную партыю. Між іншым, у яго былі добрыя музычныя здольнасьці, выдатная памяць, і ён справіўся з развучваньнем хутчэй, чым разьлічваў. Упэўніўшыся, што ён ведае ўсё цьвёрда і заўтра не падвядзе брата, Пеця з чыстым сумленьнем адклаў інструмэнт і пайшоў у двор крэпасьці шукаць свайго сябра Колю Новікава — хлопчыка старэйшага за яго на адзін год ці паўтара, які таксама быў выхаванцам гэтага музузвода.

    У той вечар на двары крэпасьці было асабліва людна і ажыўлена. Па сьцежках групамі хадзілі байцы, камандзіры з жонкамі, дзяўчаты з мэдсанбата і шпіталя. Недзе за Мухаўцом, відаць у адным з палкавых клюбаў, іграла музыка. Тут і там проста пад адкрытым небам, у двары працавалі кінаперасоўкі. Экранам служылі прасьціна ці нават проста пабеленая сьцяна. Гледачы глядзелі фільм стоячы.

    У адной з такіх груп, што тоўпілася перад імправізаваным экранам, Пеця нарэшце адшукаў Колю Новікава. Хлопчыкі разам даглядзелі карціну, пааціраліся яшчэ каля дзьвюх ці трох перасовак і, паколькі набліжаўся “адбой”, нясьпешна накіраваліся ў казармы.

    “Слухай, пойдзем заўтра ўраньні на Буг рыбу лавіць! — раптам прапанаваў Коля. — Я дзьве вудачкі зрабіў, адну табе дам. І чарвей ужо накапаў...”

    “Пайшлі! — узрадаваўся Пеця. — Ведаеш, давай устанем гадзіны ў чатыры, калі пачынае сьвітаць, і проста на Буг. На сьвітаньні здорава клюе!”

    І ён тут жа рашыў, што не пойдзе спаць дадому, а пераначуе разам з Колем у казарме.

    Сябры ўлягліся побач на нарах і перад сном заспрачаліся аб тым, хто першы прачнецца: адзін пераконваў другога, што ён устане раней. Праз паўгадзіны абое ўжо моцна спалі.

    Бедныя хлопчыкі! Яны не ведалі, якое абуджэньне рыхтуюць ім людзі ў зялёных мундзірах, што ўсю гэтую ноч ліхаманкава мітусіліся там, за мяжой, на левым беразе Буга.

    Пра ўсе гэтыя падзеі суботняга вечара Пеця Клыпа расказаў старшыне Ігнацюку значна пазьней, калі яны сустрэліся ў казармах у часе баёў у крэпасьці, а Ігнацюк цяпер, праз шмат гадоў, пераказаў мне яго расказ.

    Прытым Пеця нават не заікнуўся пра тое, што перажыў ён у першыя хвіліны вайны, калі прачнуўся сярод грукату выбухаў і ўбачыў вакол сябе кроў і сьмерць, убачыў забітых і раненых таварышаў. Але старшына памятаў, што хлопчык, саскочыўшы з пасьцелі і яшчэ не пасьпеўшы адзецца, быў адкінуты блізкім выбухам убок і моцна ўдарыўся галавой аб сьцяну. Некалькі хвілін ён ляжаў непрытомным, а прыйшоўшы да памяці, перш-наперш кінуўся да пірамідаў і схапіў вінтоўку.

    Сярод дарослых байцоў былі такія, якія ў першы момант разгубіліся, паддаліся паніцы. Камандзір — малады лейтэнант, які неўзабаве прыбег сюды, — ставіў ім у прыклад гэтага хлопчыка, які не разгубіўся і, крыху апамятаўшыся ад кантузіі, ашаломлены і напалову глухі, адразу ж узяўся за зброю і быў гатовы сустрэць ворага. І яго прыклад памагаў маладушным узяць сябе ў рукі і пераадольваць страх.

    Агонь ворага ўзмацняўся, палаў будынак казармаў і абвальваўся; уцалелыя байцы, несучы з сабой раненых, спусьціліся ў тоўстыя падвалы са скляпеньнямі, якія праходзілі пад усім домам.

    Там, ля падвальных вокнаў, былі расстаўлены кулямётчыкі і стралкі.

    Але трэба было, каб нехта вылез з падвала, на другі паверх будынка, і адтуль наглядаў і дакладваў пра кожны рух ворага. Наглядальніку пагражала небясьпека — верхні паверх дома асабліва моцна крамсалі варожыя снарады. Камандзір паклікаў добраахвотнікаў, і першы на яго кліч адгукнуўся ўсё той жа Пеця Клыпа.

    А потым хлопчык пачаў хадзіць у разьведку па крэпасьці, выконваючы даручэньні камандзіраў. Для яго не было забароненых мясьцін — ён сьмела і спрытна прабіраўся на самыя небясьпечныя ўчасткі, пралазіў літаральна ўсюды і прыносіў каштоўныя зьвесткі аб праціўніку. На другі дзень у байцоў 333-га палка канчаліся боепрыпасы. Здавалася, супраціўленьне на гэтым участку вось-вось спыніцца. Але памаглі Пеця Клыпа і Коля Новікаў. У часе чарговай разьведкі яны знайшлі ў адным з памяшканьняў казармы, яшчэ не разьбітай бомбамі і снарадамі праціўніка, невялікі склад боепрыпасаў. Хлопчыкі паведамілі пра гэта камандзірам і разам з іншымі байцамі, пад агнём ворага, пачалі насіць патроны і гранаты да будынка, дзе абараняліся іх таварышы. Дзякуючы ім абаронцы крэпасьці, што змагаліся на гэтым участку, здолелі працягваць супраціўленьне яшчэ шмат дзён, наносячы ворагу вялікія страты.

    Пеця Клыпа паказаў сябе такім сьмелым, кемлівым і знаходлівым байцом, што старшы лейтэнант, які прыняў у першыя гадзіны вайны камандаваньне над байцамі 333-га палка, неўзабаве зрабіў яго сваім сувязным. І Пеця насіўся па падвалах і напаўразбураных прыступках будынка, выконваючы яго даручэньні. Між іншым, гэта прызначэньне мела і іншы, невядомы яму сэнс. Камандзіры, зрабіўшы хлопчыка сувязным пры штабе, спадзяваліся адцягнуць яго ад непасрэднага ўдзелу ў баях і зьберагчы яму жыцьцё.

    Але Пеця пасьпяваў і выконваць даручэньні камандзіраў і ваяваць разам з байцамі. Ён трапна страляў, і не адзін гітлеравец знайшоў свой канец там, у крэпасьці, ад яго куль. Ён нават хадзіў у штыкавыя атакі з вінтоўкай, якая была большая за яго, ці з маленькім пісталетам, які знайшоўся на складзе. Байцы таксама бераглі свайго юнага таварыша і, заўважыўшы, што ён ідзе разам з імі ў атаку, праганялі яго назад, у казармы, але Пеця неўзабаве далучаўся да другой групы атакуючых. А калі яго папракалі за неасьцярожнасьць, ён казаў, што павінен адпомсьціць за брата: нехта памылкова сказаў яму, што лейтэнанта Мікалая Клыпу фашысты забілі каля ўваходных варот крэпасьці. І хлопчык змагаўся плячо ў плячо з дарослымі, не ўступаючы ім ні ў сьмеласьці, ні ва ўпартасьці, ні ў нянавісьці да ворага.

    Валянціна Сачкоўская расказала мне аб тым, што адбывалася ў падвалах будынка 333-га палка.

    Не стала мэдыкамэнтаў, бінтоў, і раненых не было чым перавязваць і лячыць. Людзі пачалі паміраць ад ран. Іх выручыў той жа Пеця Клыпа. Ён адправіўся на пошукі, знайшоў у адным месцы паўразбураны склад нейкай санітарнай часьці і пад агнём ворага пачаў корпацца ў гэтых руінах. Знайшоўшы пад камянямі і перавязачны матэрыял і сякія-такія лякарствы, ён прынёс усё гэта ў падвалы казармаў, і многія раненыя былі выратаваны ад сьмерці.

    Не было вады. Смага мучыла раненых, плакалі дзеці, прасілі піць.

    Не шмат хто асьмельваўся пад скрыжаваным агнём нямецкіх кулямётаў падпаўзьці з кацялком ці біклажкай да берага Буга. Адтуль рэдка каму ўдавалася вярнуцца. Але, расказваюць, што варта было раненаму толькі застагнаць і папрасіць вады, як Пеця зьвяртаўся да камандзіра:

    “Дазвольце схадзіць на Буг?”

    Шмат разоў хадзіў ён на гэтыя вылазкі за вадой. Ён умеў знаходзіць самы бясьпечны шлях да берага, вужом прапаўзьці між камянёў да ракі і заўсёды вяртаўся з поўнай біклажкай.

    Асабліва старанна клапаціўся ён аб дзецях. Бывала, апошні кавалачак сухара, апошні глыток вады, пакінуты сабе, Пеця аддаваў спакутаваным малым. Аднойчы, калі дзецям зусім не было чаго есьці, ён аблазіў руіны прадуктовага склада і знайшоў там крыху шакаляду, які раздаў галодным дзецям.

    Многія жанчыны, захопленыя вайной у пасьцелі, прыбеглі ў падвал напаўразьдзетыя. І зноў Пеця Клыпа прыйшоў ім на дапамогу. Ён добра памятаў, дзе стаяў ларок Ваенгандлю, цяпер разбураны бомбамі і снарадамі ворага, і, хоць гэты ўчастак знаходзіўся пад вельмі моцным абстрэлам, хлопчык дапяў і туды. Праз гадзіну ён вярнуўся ў падвалы, цягнучы за сабой цэлы скрутак матэрыі, і тут жа падзяліў яе паміж разьдзетымі жанчынамі і дзецьмі, дапамагаючы ім пакроіць імправізаваныя сукенкі.

    Рызыкуючы жыцьцём, Пеця выконваў цяжкія і небясьпечныя заданьні, удзельнічаў у баях і ў той жа час быў заўсёды вясёлы, бадзёры, заўсёды сьпяваў, і адзін выгляд гэтага зухаватага хлопчыка, які ніколі не ведаў ныцьця, узьнімаў дух байцоў, прыбаўляў ім сілы.

    Потым становішча на ўчастку 333-га палка стала безнадзейным, і абаронцы зразумелі, што ім застаецца толькі загінуць або трапіць у рукі ворага. І тады камандаваньне вырашыла адправіць у палон жанчын і дзяцей, якія знаходзіліся ў падвалах. Пецю, як падлетку, таксама прапанавалі ісьці ў палон разам з імі.

    Але хлопчык быў да глыбіні душы пакрыўджаны гэтай прапановай.

    “Хіба я не чырвонаармеец?” — з абурэньнем спытаў ён камандзіра.

    Ён сказаў, што павінен застацца і будзе біцца да канца разам з таварышамі, якім бы ні быў гэты канец. І старшы лейтэнант, крануты і зьдзіўлены мужнасьцю хлопчыка, дазволіў яму застацца. Пеця прымаў удзел ва ўсіх далейшых баях.

    Ігнацюк расказваў, што пасьля гэтага змагацца ім давялося ўжо нядоўга. За першыя дні ліпеня амаль увесь боезапас быў патрачаны. Тады камандзіры рашылі зрабіць самую апошнюю спробу прарыву. Прарывацца рашылі не на поўнач, дзе праціўнік чакаў атак і трымаў напагатове буйныя сілы, а на поўдзень, у бок Заходняга вострава, каб потым павярнуць на ўсход, пераплыць рукаў Буга і, мінуўшы шпіталь на Паўднёвым востраве, прабрацца ў ваколіцы Брэста.

    Гэты прарыў закончыўся няўдачай — большасьць яго ўдзельнікаў загінула ці была захоплена ў палон. У ліку палонных апынуўся і Махаіл Ігнацюк. Яго прыгналі ў лягер Бяла Падляска, і там ён праз два дні зноў сустрэўся з Пецем Клыпам, які быў увесь пабіты, у сіняках, але па-ранейшаму рухавы і бадзёры.

    Хлопчык расказаў старшыне, што ён пераплыў рукаў Буга і з некалькімі таварышамі здолеў прарвацца праз кальцо немцаў. Цэлы дзень і ўсю ноч яны блукалі па лесе, прабіраючыся да Паўднёвага ваеннага гарадка Брэста, а раніцой іх акружылі і ўзялі ў палон гітлераўцы.

    Іх далучылі да вялікай калёны ваеннапалонных, якую пад моцным канвоем вялі за Буг. Па дарозе насустрач калёне трапілася машына, у якой ехалі з апаратурай нямецкія кінаапэратары. Відаць, яны здымалі франтавую кінахроніку і, убачыўшы нашых палонных, узяліся круціць свой апарат. Машына павольна пад’яжджала ўсё бліжэй.

    І раптам хлопчык, увесь чорны ад пылу і парахавой сажы, напаўразьдзеты і акрываўлены, які ішоў у першай шарэнзе калёны, узьняў кулак і пагразіў проста ў аб’ектыў кінакамэры. Гэтым хлопчыкам быў Пеця Клыпа.

    Апэратары з абурэньнем закрычалі. Фашысцкія канваіры дружна накінуліся на хлопчыка і пачалі біць яго. Ён упаў на дарогу і страціў прытомнасьць. Яго, безумоўна, прыстрэлілі б, калі б не нейкі ўрач, капітан мэдыцынскай службы, які ішоў у суседняй шарэнзе палонных. Сам зьняможаны і змучаны, ён узяў на рукі непрытомнага хлопчыка і нёс яго да лягера. Ужо на другі дзень Пеця зноў спраўна шнырыў сярод палонных байцоў, шукаючы таварышаў па крэпасьці.

    Са сьлязамі на вачах расказваў мне Ігнацюк, як там, у лягеры, Пеця ратаваў яго ад галоднай сьмерці. У Бяла Падлясцы палонных кармілі адзін раз на дзень нейкай бруднай баландой, да якой дадавалі маленькую порцыю эрзац-хлеба. Але нават і гэтую баланду было нялёгка атрымаць — лягерная варта знарок наладжвала каля кухні таўкатню і беспарадкі, каб потым стрэламі разагнаць галодных палонных. Людзі зьнясільваліся, шмат хто паміраў.

    Ігнацюку, грузнаму, тоўстаму чалавеку, было асабліва цяжка абыходзіцца той мізэрнай порцыяй стравы, якая яму належала. Да таго ж яму рэдка калі ўдавалася дабрацца да кухні — гітлераўскія вартавыя не маглі паверыць, што гэты тоўсты, лысы чалавек усяго толькі старшына, і лічылі яго пераапранутым камісарам. Вартавыя ніколі не міналі выпадку ўдарыць яго аўтаматам у жывот або пхнуць са злосьцю: “У-у, камісар, бальшавік!”

    Калі б не Пеця, Ігнацюк наўрад ці здолеў бы выжыць. Хлопчык кожны дзень стараўся дастаць яму што-небудзь з ежы і, хоць сам галадаў, але не пакідаў галодным старшыну.

    “Дзядзя Міша, вось я вам прынёс!.. — радасна паведамляў ён, бегучы з кацялком, дзе плёскалася порцыя баланды, або дастаючы з-за пазухі кавалак глёўкага, з апілкамі хлеба. — Вы ешце, я ўжо абедаў”.

    — Я ведаю, што ён часам і свайго недаядаў, а прыносіў мне, — расказваў Ігнацюк. — У гэтага хлопца была залатая душа.

    Там, у лягеры, Пеця сустрэў свайго сябра Колю Новікава і яшчэ траіх такіх жа, як ён, хлопчыкаў — выхаванцаў з іншых палкоў. Амаль усе гэтыя хлопцы былі старэйшыя за яго, але Пеця вылучаўся сярод іх сваёй сьмеласьцю, спрытам і рашучасьцю, і неяк само сабой атрымалася, што ён зрабіўся важаком гэтай пяцёркі. Пад яго кіраўніцтвам хлопчыкі пачалі рыхтавацца да ўцёкаў, і ўжо хутка іх не было відаць у лягеры. З таго часу Ігнацюк нічога не ведаў пра Пецю Клыпу.

    Але затое яго расказ дапоўніла Валянціна Сачкоўская. Пасьля падзеньня крэпасьці яна жыла ў Брэсце разам з маці і іншымі жонкамі і дзецьмі камандзіраў і добра памятала, як аднойчы позьнім летам яна ўбачыла на сваім двары знаёмую маленькую і юркую постаць. Гэта быў Пеця Клыпа, які са сваімі чатырма сябрамі ўцёк з Бяла Падляскі і зноў прыйшоў у Брэст.

    Хлопчыкі пражылі ў горадзе больш месяца, і Пеця, такі ж непаседлівы і энэргічны, заўсёды хадзіў, нешта разьведваў ці выглядаў у немцаў. Аднойчы ён не вытрымаў і па сакрэту сказаў Валі, што яны рыхтуюцца ўзарваць нямецкі склад боепрыпасаў. Але ў тыя дні брэсцкае гестапа пачало аблавы, шукаючы былых савецкіх ваеннаслужачых, і Пецю давялося пакінуць горад, дзе яго многія добра ведалі. Ён пайшоў разам з тымі ж хлопчыкамі, і Валя памятала, што потым нехта ёй расказваў, нібы хлопцаў гэтых бачылі ў вёсцы Сакі каля мястэчка Жабінка, дзе яны жылі і працавалі ў сялян. Болей яна ніколі не чула пра Пецю.

    Я паехаў у вёску Сакі, што за 30 кілямэтраў ад Брэста, і там знайшоў калгасьніцу Матруну Загулічную, у якой у 1941 годзе жыў і працаваў Пеця Клыпа. Загулічная добра памятала хлопчыка і яго сяброў. Яна расказвала, што Пеця ўвесь час угаворваў сваіх таварышаў ісьці на ўсход, да лініі фронту. Ён марыў перайсьці фронт і зноў уступіць у рады Чырвонай Арміі.

    Нарэшце, адзін з хлопчыкаў, Валодзя Казьмін, згадзіўся ісьці разам з Пецем. Восеньню яны накіраваліся ў далёкі шлях, які цягнуўся на сотні кілямэтраў праз лясы і балоты Беларусі. На разьвітаньне, падзякаваўшы Матруне Загулічнай, Пеця пакінуў у яе цэлы пачак невядома як захаваных ім фатаграфій, абяцаючы прыйсьці па іх пасьля вайны. На жаль, гэтыя фота не ўцалелі. Загулічная, так і не дачакаўшыся хлопчыка, за два ці тры гады да майго прыезду зьнішчыла іх.

    Сьляды Пеці Клыпы на гэтым пакуль што абрываліся. Было невядома, ці ўдалося гэтаму Гаўрошу Брэсцкай крэпасьці дайсьці да фронту, ці ён дзе-небудзь загінуў.

                                                         АД БРЭСТА ДА МАГАДАНА

    Для пошукаў Пеці Клыпы ў мяне заставалася адна адзіная нітачка — яго брат Мікалай Клыпа, які, паводле чутак, цяпер быў маёрам. І я, вярнуўшыся з гэтай паездкі ў Маскву, рашыў знайсьці маёра Мікалая Клыпу. Я пазваніў да таго ж “усемагутнага” палкоўніка І. М. Канапіхіна ў Галоўнае ўпраўленьне кадраў Міністэрства абароны. На жаль, на гэты раз я мог даць яму толькі вельмі скупыя зьвесткі пра чалавека, які цікавіў мяне, і гэта, вядома, рабіла яго пошукі цяжкімі. Але я разьлічваў на тое, што прозьвішча Клыпа мала распаўсюджанае, і, магчыма, дзякуючы гэтаму і ўдасца знайсьці ў сьпісах афіцэраў маёра Мікалая Клыпу.

    Сапраўды, ужо на другі дзень, калі я пазваніў Івану Міхайлавічу, ён мне сказаў:

    — Бярыце аловак і запісвайце! Маёр Мікалай Сяргеевіч Клыпа, тысяча дзевяцьсот пятнаццатага года нараджэньня; цяпер зьяўляецца ваенным камісарам Масьлянскага раёна Цюменскай вобласьці ў Сыбіры.

    Узрадаваны гэтай удачай, я адразу ж напісаў маёру Мікалаю Клыпу (між іншым, высьветлілася, што не так даўно ён ужо стаў падпалкоўнікам) і неўзабаве атрымаў ад яго адказ. М. С. Клыпа пісаў мне, што яго малодшы брат сапраўды быў удзельнікам абароны Брэсцкай крэпасьці, пасьля вайны вярнуўся дадому жывы і здаровы, але, на жаль, у апошнія гады сувязь паміж братамі перарвалася, ён цяпер не ведае адраса Пятра. Аднак ён тут жа паведамляў, што ў Маскве жыве іх сястра, у якой я і магу даведацца, дзе цяпер жыве Пётр Клыпа.

    Я паехаў на Дзьмітраўскую шашу паводле дадзенага мне адраса, застаў дома мужа сястры, і ад яго я нечакана даведаўся, што Пеця Клыпа адбывае заняволеньне ў Магаданскай вобласьці, асуджаны за саўдзел у крымінальным злачынстве.

    Гэта была вельмі непрыемная нечаканасьць.

    Але я ўсё ж узяў у родзічаў Пятра Клыпы яго адрас і неўзабаве напісаў яму пісьмо, у якім прасіў падзяліцца са мной сваімі ўспамінамі, расказаць пра ўсё, што ён перажыў і бачыў у крэпасьці.

    Магаданская вобласьць — край далёкі, і таму мінуў цэлы месяц, перш чым я атрымаў адказ. П. С. Клыпа горача адгукнуўся на маю просьбу: ён абяцаў падрабязна запісаць свае ўспаміны і паступова высылаць іх мне пісьмамі. Пачалася наша рэгулярная перапіска. Пеця Клыпа паведамляў мне вельмі цікавыя падрабязнасьці баёў за крэпасьць, называў прозьвішчы ўдзельнікаў і кіраўнікоў абароны. У дадатак ён прыкладаў да кожнага пісьма складзеную па памяці схему абароны, і трэба сказаць, што гэта былі вельмі дакладныя чарцяжы. Адчувалася, што вочы чатырнаццацігадовага хлопчыка старанна запаміналі ўсё, што адбывалася вакол яго, і ў яго памяці засталося куды больш падзей і імён, чым у памяці дарослых удзельнікаў абароны.

    Менавіта Клыпа дапамог мне, нарэшце, устанавіць прозьвішча старшага лейтэнанта, які ўзначальваў абарону на ўчастку 333-га палка. Пра гэтага сьмелага і рашучага камандзіра расказвалі мне і Ігнацюк і Сачкоўская, але прозьвішча яго яны не памяталі. Пеця ж часта знаходзіўся пры ім у якасьці сувязнога і добра помніў, што прозьвішча старшага лейтэнанта было Патапаў.

    Ён не ведаў ні імя, ні імя па бацьку, ні пасады, якую займаў гэты камандзір. Але, паводле яго слоў, Патапаў меў адну характэрную прыкмету: на твары яго, каля скроні, быў стары шрам. Аднойчы Пеця спытаўся ў яго, дзе ён атрымаў гэтую рану, і Патапаў, усьміхнуўшыся, адказаў: “Кулацкая метка”.

    Ён расказаў хлопчыку, што ў гады калектывізацыі працаваў на вёсцы і быў адным з арганізатараў першых калгасаў. Аднойчы кулакі падпільнавалі яго і думалі жорстка расправіцца. Гэты шрам — сьлед ад раны, якую нанёс яму бандыт-кулак.

    На жаль, акрамя гэтага, нам нічога больш не ўдалося даведацца пра старшага лейтэнанта Патапава. Яго прозьвішча настолькі распаўсюджанае, што без якіх-небудзь дадатковых зьвестак знайсьці дзе-небудзь у архівах яго асабістую справу было амаль немагчыма. Невядома было яго імя і імя па бацьку, і нават пра пасаду, якую ён займаў у палку, гаварылі рознае.

    Толькі ў 1959 годзе супрацоўнік Музэя крэпасьці Д. Лазавацкі, працуючы ў архіве Міністэрства абароны, выпадкова наткнуўся на невялікі сьпіс камандзіраў, якія незадоўга да вайны былі накіраваны штабам 6-й дывізіі на службу ў 333-ці полк. Апошнім у сьпіску стаяў лейтэнант А. Я. Патапаў. Па гэтых ініцыялах і ўдалося пазьней знайсьці яго асабістую картку і фатаграфію.

    Аказалася, што толькі ў апошнія дні мая 1941 года Аляксандр Яфрэмавіч Патапаў быў прызначаны на пасаду старшага ад’ютанта аднаго з батальёнаў 333-га палка. У сьпіс ён быў занесены як лейтэнант, але ўдзельнікі абароны заўсёды называлі яго старшым лейтэнантам. Магло здарыцца, што загад аб прысваеньні яму чарговага званьня прыйшоў з акругі перад самай вайной і так застаўся незанесеным у яго асабістую картку.

    Мы амаль нічога не ведаем пра яго лёс. Вядома толькі, што Патапаў не загінуў у крэпасьці, а трапіў у палон — Пеця Клыпа сустрэў яго аднойчы ў Бяла Падлясцы. Пазьней яму расказвалі, што Патапаў нібы быў арганізатарам масавага ўцёку з гэтага лягера. Лёс старшага лейтэнанта Патапава застаецца пакуль што таямніцай.

    З пісем Пятра Клыпы я даведаўся шмат новых падрабязнасьцей пра тыя падзеі, пра якія ўжо чуў ад Ігнацюка і Сачкоўскай. Ён, напрыклад, дэталёва апісваў мне, як удалося знайсьці склад з боепрыпасамі і зброяй.

    Гэта адбылося, як я казаў, на другі дзень абароны, калі байцы Патапава ўжо адчувалі недахоп патронаў. Удакладняючы, дзе знаходзіцца праціўнік, старшы лейтэнант даручыў Пецю і Колю Новікаву дабрацца да Цярэспальскіх варот цытадэлі і высьветліць, ці занятая немцамі паўразбураная вежа над варотамі.

    На першы погляд задача здавалася вельмі простай: Цярэспальскія вароты былі зусім блізка ад памяшканьня 333-га палка.

    Хлопчыкі падвалам прайшлі ўздоўж усяго будынка і спыніліся каля невялікага акенца ў паўднёвай тарцовай сьцяне дома. Наперадзе, усяго за некалькі дзесяткаў мэтраў, відаць былі чырвоныя сьцены кальцавых казармаў, а крыху лявей цямнеў тунэль Цярэспальскіх варот.

    На двары паміж падвальным акном і кальцавымі казармамі віднеліся глыбы вывернутай зямлі, валялася каменьне, прабітыя і скручаныя лісты жалеза, сарванага з дахаў. Тут і там чарнелі шырокія варонкі. Каля кальцавога будынка валяліся тушы забітых коней. Тут знаходзіліся канюшні пагранічнікаў, а на двары перад імі відаць былі доўгія бярвеньні коннай прывязі. Хлопчыкі мімаволі ўспомнілі, што рабілася тут учора.

    Як звычайна ўлетку, коні на ноч былі пакінуты на двары каля прывязі, дзе іх і застаў абстрэл. Адных тут жа забіла, а тыя, што былі ранены, з шалёным іржаньнем і віскам качаліся па зямлі. Уцалелыя коні таксама страшна іржалі, храплі і шалёна тузалі сырамятныя павады, якімі былі прывязаны да бярвеньня. Некаторым удавалася сарвацца, і яны насіліся па крапасным двары, кідаючыся ў бакі ад выбухаў, пакуль не падалі, забітыя асколкамі. Але тыя, што не здолелі парваць павады, неўзабаве абясьсілелі і прыціхлі, і тады байцы, якія дзяжурылі каля вокнаў першага і другога паверхаў, зьвярнулі ўвагу на дзіўныя паводзіны гэтых коней. Здавалася, коні зразумелі, што гібель немінучая. Яны перасталі ірвацца і стаялі абыякава сярод чорных выбухаў, нізка апусьціўшы галовы. Было відаць, як з вялікіх вільготных конскіх вачэй адна за адной каціліся на зямлю буйныя сьлёзы. Коні плакалі, нібы разьвітваючыся з жыцьцём, і людзям, якія ўжо прывыклі да сьмерці і пакут людзей, было асабліва страшна глядзець на гэтыя нямыя сьлёзы бездапаможных жывёл. Яшчэ ў першай палове дня ўсе коні былі мёртвыя.

    Перш чым выйсьці на двор, Пеця і Коля агледзеліся і прыслухаліся. Зьлева, ва ўсходняй частцы цытадэлі, трашчалі стрэлы і чуліся крыкі “ўра” — відаць, там адбівалі чарговую атаку немцаў з-за Мухаўца. Тут жа было зацішна, нішто, здавалася, не парушала супакой.

    Пеця асьцярожна вылез праз акно, паляжаў хвіліну на зямлі, азіраючыся, і, стаўшы на ногі, хутка пайшоў да Цярэспальскіх варот. Пачакаўшы, усьлед за ім выйшаў і Коля.

    І раптам кароткая рэзкая кулямётная чарга затрашчала з акна Цярэспальскай вежы. Кулі зацокалі аб каменьне вакол хлопчыкаў. Коля кулём укаціўся праз акно назад, у падвал, а Пеця, які ўжо прайшоў палову дарогі, вопрамецьцю кінуўся наперад і забег у расчыненыя дзьверы канюшні, крыху правей Цярэспальскіх варот.

    Аддыхаўшыся, ён выглянуў з дзьвярэй. Немец болей не страляў. Ва ўсякім выпадку, цяпер Пеця мог з упэўненасьцю дакласьці старшаму лейтэнанту пра тое, што ў Цярэспальскай вежы знаходзіцца варожы кулямётчык.

    Прабірацца назад цяпер было нельга: немец, вядома, насьцеражыўся і падпільноўваў хлопчыкаў. Пеця вырашыў перачакаць і, каб не траціць марна час, пачаў аглядаць канюшню.

    Яна аказалася пустой. Справа пад стольлю зіхацела вялікая дзірка, прабітая цяжкім снарадам. А побач хлопчык заўважыў акно, праз якое можна было пралезьці ў сумежнае памяшканьне.

    Трапіўшы туды, ён убачыў, што гэта такая ж пустая канюшня. Але і ў ёй на правай сьцяне было акно, якое вяло далей. Так, пералазячы з адной канюшні ў другую, Пеця дабраўся да павароту будынка. Гэта быў крайні паўднёва-заходні вугал кальцавых казармаў, які ўзвышаўся проста над Бугам.

    У апошнім памяшканьні таксама было акно, але ўжо меншае па памеру. Пеця сяк-так праціснуўся праз яго і апынуўся ў зусім некранутым складзе боепрыпасаў. На абгабляваных дашчаных стэляжах былі акуратна складзены густа змазаныя вінтоўкі, новенькія аўтаматы, наганы і пісталеты “ТТ”. Штабялямі стаялі драўляныя скрынкі з патронамі, гранатамі, мінамі. Тут жа ён убачыў і некалькі мінамётаў.

    Гледзячы на ўсё гэтае багацьце, такое неабходнае цяпер яго таварышам, што змагаліся ў казармах 333-га палка, хлопчыку аж дух заняло. Вочы яго разьбягаліся, і ён з зайздрасьцю дакранаўся то да аднаго, то да другога. Нарэшце, заўважыўшы на паліцы бліскучы маленькі пісталет нейкай замежнай маркі і каля яго каробкі з патронамі, ён рашыў, што гэтая зброя яму прыдасца больш за ўсё, і сунуў яго ў кішэню. Потым ён узброіўся яшчэ аўтаматам.

    Было незразумела, якім цудам уцалеў гэты склад, што знаходзіўся ў самай блізкай ад праціўніка частцы цытадэлі. У яго сьценах не было ні адной прабоіны, і толькі кавалкі тынку са столі валяліся на падлозе і на стэляжах. Хлопчык з радасьцю думаў аб тым, з якім захапленьнем сустрэнуць камандзіры і байцы паведамленьне пра гэты склад.

    Але перш чым вяртацца назад, ён вырашыў паглядзець, што робіцца ў разьмяшчэньні праціўніка. Пад стольлю склада было невялікае акно, якое выходзіла ў бок Буга. Залезшы наверх, Пеця выглянуў адтуль.

    Унізе пад сонцам ярка блішчаў Буг. Проста насупраць акна на тым беразе зялёнай сьцяной узьнімаліся густыя кусты Заходняга вострава. У гэтым гушчары нічога нельга было разгледзець. Але затое ніжэй па плыні ракі Пеця ўбачыў зусім блізка пантонны мост, наведзены немцамі адразу за крэпасьцю. Па мосьце з роўнымі інтэрваламі адна за адной ішлі машыны з салдатамі, а на пясчаным беразе ў чаканьні сваёй чаргі стаялі гарматы ў коннай запрэжцы і варушыліся рады выстраенай пяхоты.

    Саскочыўшы ўніз, Пеця тым жа шляхам, пералазячы з канюшні ў канюшню, дабраўся да Цярэспальскіх варот. Ён пасьпеў незаўважаным перабегчы да акна падвала, дзе яго чакаў Коля Новікаў, і, як толькі саскочыў з падаконьніка ўніз, пачуў кулямётную чаргу. Нямецкі кулямётчык спазьніўся.

    Хвалюючыся, Пеця далажыў пра ўсё Патапаву. Вестка пра склад, знойдзены хлопчыкам, адразу ж разьнеслася па падвалах. Нашы кулямёты тут жа ўзялі пад абстрэл вокны Цярэспальскай вежы, адкуль страляў гітлеравец, і прымусілі яго замоўкнуць. А потым байцы разам з Пецем пасьпяшаліся ў склад. Зброю і боепрыпасы перацягнулі ў падвалы палкавых казармаў.

    Адразу знайшлася работа мінамётчыкам. Мінамёты, прынесеныя са склада, паставілі ў дзьвярах падвала, а ў памяшканьне склада быў пасланы наглядальнік, які павінен быў праз акно карэкціраваць агонь. Неўзабаве першыя міны разарваліся на пантонах і на беразе, у самым зграмаджэньні пяхоты ворага. Адна з нямецкіх машын была падбіта і засела на мосьце, загарадзіўшы дарогу, і грузавікі, якія ішлі ўсьлед за ёю, бездапаможна спыніліся. Саскокваючы з машын, па мосьце беглі салдаты, сьпяшаючыся схавацца ў прырэчных кустах. Але міны насьцігалі іх і там, і неўзабаве бераг апусьцеў, а рух па мосьце надоўга спыніўся.

    У адказ гарматы ворага адкрылі па крэпасьці беглы агонь, але мінамёты, надзейна схаваныя ў дзьвярах скляпенчатых падвалаў, працягвалі абстрэл. Усё гэта вельмі ўзьняло дух байцоў, а Пеця зрабіўся сапраўдным гэроем дня.

    У адным са сваіх пісем Клыпа расказаў мне, што бачыў і перажыў ён у момант апошняй спробы прарыву, калі ўцалелыя байцы Патапава паспрабавалі вырвацца з варожага кальца праз Заходні востраў.

    Разам з усімі хлопчык з пісталетам у руцэ па сыгналу старшага лейтэнанта кінуўся бегчы па грэблі каменнай дамбы, якая перагарадзіла Буг каля моста. Спрытна скачучы з каменя на камень, ён вырваўся наперад, абагнаўшы таварышаў. І раптам на сярэдзіне дарогі ён спыніўся. Перад ім, прытуліўшыся да вялікага каменя і зьвесіўшы ўніз ногі, на краі дамбы сядзеў камандзір з дзьвюма “шпаламі” ў пятліцах. Пеця думаў, што ён ранены.

    “Таварыш маёр, хадземце з намі”, — паклікаў ён, нахіляючыся над камандзірам.

    Той не адказваў, і Пеця крануў яго за плячо. Ад лёгкага штуршка хлопчыкавай рукі маёр у той сагнутай позе паваліўся на бок. Ён быў даўно мёртвы. А ззаду падбягалі ўжо байцы, і нехта, тузануўшы за руку акамянелага ад нечаканасьці хлопчыка, пацягнуў яго за сабой. Марудзіць было нельга — праціўнік вось-вось мог заўважыць іх.

    І сапраўды, ледзь толькі першыя групы байцоў, сярод якіх быў і Пеця, ступілі на бераг Заходняга вострава і нырнулі ў кусты, як па дамбе і па кустах ударылі нямецкія кулямёты. Кулі сьвісталі над галовамі, сыплючы на людзей зьбітыя лісты, гальлё лупіла па твары, але Пеця і яго таварышы швлёна прадзіраліся праз зарасьнікі кустоў. Праз некалькі хвілін яны выйшлі на бераг пратокі, што падзяляе Паўднёвы і Заходні астравы крэпасьці. Гэты рукаў Буга быў па шырыні амаль такі ж, як і асноўнае рэчышча. Але нахіленыя над вадой густыя кусты супрацьлеглага берага здаваліся такімі мірнымі, гэтак вабілі да сябе, што ніхто і не падумаў тут спыняцца.

    Пеця кінуўся ў ваду ў чым быў — у ботах, штанах і майцы, трымаючы ў зубах свой пісталет. Ён добра плаваў, і шырокая рака не палохала яго. Побач, цяжка дыхаючы і выплёўваючы ваду, плылі таварышы, і за плячыма час ад часу чуўся гучны плёскат — астатнія байцы, дасягнуўшы ракі, кідаліся ўплаў.

    Яны ўжо даплывалі да сярэдзіны, як раптам з тых самых кустоў, якія хвіліну назад здаваліся такімі надзейнымі і бясьпечнымі, разам затрашчалі кулямёты. Вада Буга нібы закіпела. І тут жа страшэнна закрычалі, застагналі раненыя людзі, ідучы на дно.

    Гэта было так нечакана, што ўсё неяк адразу перамяшалася ў думках хлопчыка. Цяпер ён дзейнічаў ужо хутчэй за ўсё паводле інстынкту самазахаваньня, не пасьпяваючы думаць ні пра што.

    Ён глыбока нырнуў і адчуў, што намоклае адзеньне і боты перашкаджаюць яму. Выплыўшы наверх, ён хутка скінуў боты і, валтузячыся, здолеў вызваліцца ад штаноў. Цяпер, калі ён застаўся толькі ў трусах і майцы, плыць стала лягчэй.

    І кожны раз, калі пасьля нырца Пеця са сьціснутым у зубах пісталетам зноў выплываў на паверхню і азіраўся, бачыў, што на вадзе, якая кіпела ад куль, застаецца ўсё менш галоў. У рот яму час ад часу трапляла трава, што плыла па рацэ, і хлопчык, выхапіўшы на міг з зубоў пісталет, выплёўваў гэтую траву і зноў сігаў пад ваду, усё бліжэй пасоўваючыся да берага Паўднёвага вострава.

    Нарэшце ён дасягнуў кустоў і, ухапіўшыся за навіслыя галінкі, перавёў дух і аглянуўся. Яго аднесла плыньню, і ён не бачыў з-за кустоў, што адбываецца на месцы іх пераправы. Але, відаць, большасьць яго таварышаў загінула — кулямёты ў апошні раз захлынуліся злосным строкатам і змоўклі. На рацэ ўжо не чуваць было ўсплёскаў. Затое недзе далей па беразе, у кустах, пачуліся гартанныя крыкі немцаў і гучны брэх аўчарак.

    Пеця хуценька выбраўся на бераг і праз кусты кінуўся бегчы ў глыбіню вострава. Справа пачуўся тупат ног, трэск галінак — і ён убачыў, як беглі яшчэ пяць мокрых байцоў. Ён пабег разам з імі, а ззаду ўсё бліжэй чуўся сабачы брэх і воклічы немцаў.

    Яны імчаліся праз кусты, перабіраліся праз нейкія равы з ціністай вадой, лезьлі пад дротавай загароджай. Сяк-так ім удалося адарвацца ад пагоні, і праз гадзіны дзьве яны прыселі адпачыць на маленькай лясной палянцы. Тут, у гэтым густым лесе, за некалькі кілямэтраў ад крэпасьці, яны блукалі дзень і частку ночы, а перад сьвітаньнем заснулі моцным сном сьмяротна стомленых людзей і, прачнуўшыся, убачылі нацэленыя на іх аўтаматы гітлераўцаў.

    Пра далейшыя падзеі я ўжо тое-сёе чуў ад Ігнацюка і Сачкоўскай. Але мяне цікавіла, ці здолеў Пеця дабрацца да лініі фронту пасьля таго, як яны ўдвух з Валодзем Казьміным увосень 1941 года пакінулі вёску Сакі. Гэтае пытаньне я і задаў Пятру ў адным з пісем.

    Аказалася, што хлопцаў спасьцігла няўдача. Яны прайшлі на ўсход ужо некалькі сот кілямэтраў, але ў адной з вёсак, дзе яны спыніліся нанач, іх схапілі паліцаі. Праз некалькі дзён хлопчыкаў разлучылі і разам з партыяй моладзі з суседніх вёсак накіравалі ў Германію на работы. Свайго таварыша Пеця больш не бачыў. Сам ён неўзабаве апынуўся далёка ад Радзімы — у Эльзасе, дзе яму давялося батрачыць у аднаго селяніна.

    Вызвалены ў 1945 годзе, ён вярнуўся на сваю радзіму ў Бранск і там працаваў і жыў разам з маці, пакуль у 1949 годзе не быў асуджаны. Так, пачаўшы ў 1941 годзе вайну на заходнім рубяжы нашай краіны, у Брэсьце, і аб’езьдзіўшы потым не па сваёй волі паў-Эўропы, ён праз восем гадоў, таксама не па сваёй волі, апынуўся на другім, усходнім краі Савецкага Саюза — паблізу ад Магадана.

                                                   ТРЭЦЯЕ ЖЫЦЬЦЁ ПЯТРА КЛЫПЫ

    Шмат месяцаў працягвалася наша перапіска з Пятром Клыпам. Амаль кожны тыдзень я атрымліваў пісьмы з Магаданскай вобласьці з яго ўспамінамі, якія ён пісаў вечарамі, у вольныя гадзіны пасьля працы. У адказ я пасылаў яму новыя пытаньні, прасіў удакладніць падрабязнасьці тых ці іншых эпізодаў абароны.

    Я зьвярнуў увагу на тое, што ў сваіх успамінах Клыпа вельмі сьціплы ў адносінах да сябе. Ён амаль нічога не пісаў пра сябе, а расказваў галоўным чынам пра сваіх баявых таварышаў. І ўвогуле, па меры таго як разгортвалася наша перапіска, перада мной паўставаў вобраз ніякага не злачынцы, а чалавека не сапсаванага, сумленнага, з добрым шчырым сэрцам, з прыгожай душой.

    У гэты час я бліжэй пазнаёміўся і з яго сям’ёй: з сястрой — перакладчыцай аднаго з навукова-дасьледчых інстытутаў, яе мужам інжынэрам-нафтавіком, з маці Пятра, якая тады жыла ў Маскве, у дачкі. Потым неяк прыехаў пагасьцяваць у сталіцу яго брат, падпалкоўнік Мікалай Клыпа.

    Яны шмат расказвалі мне пра Пецю, пазнаёмілі мяне з яго біяграфіяй, своеасаблівай і нялёгкай, але ў якой не было ніякіх падстаў для таго, каб ён стаў злачынцам.

    Пётр Клыпа быў сынам старога бальшавіка, чыгуначніка з Бранска. Ён рана страціў бацьку і яшчэ дванаццацігадовым хлапчуком, марачы стаць ваенным, пайшоў выхаванцам у адну з часьцей Чырвонай Арміі. Два яго браты былі афіцэрамі Чырвонай Арміі. Адзін з іх загінуў пры выкананьні службовага заданьня на Далёкім Усходзе, а другі, Мікалай, як я ўжо казаў, быў цяпер падпалкоўнікам.

    Чырвоная Армія стала для хлопчыка другой маці і родным домам. Ён палюбіў строгую дакладнасьць, арганізаванасьць армейскага жыцьця, расьпісанага па гадзінах, і патрабаваньні вайсковай дысцыпліны ніколі не здаваліся яму цяжкімі, хоць меў ён вельмі жывы характар. У хлапечых марах ён ужо бачыў сябе камандзірам, і яго любімым гэроем быў сьмелы пагранічнік Карацупа, пра якога ў тыя гады шмат пісалі ў газэтах і часопісах.

    А колькі чаго спазнаў ён за гэтыя два гады сваёй армейскай службы! Увосень 1939 года ён з войскамі ўдзельнічаў у вызваленчым паходзе ў Заходнюю Беларусь. А яшчэ праз год, калі Чырвоная Армія ўступіла ў Латвію, ён з барабанам ішоў наперадзе свайго палка, каля сцяга, акуратны, падцягнуты, горды сабою салдацік. У гарадах і вёсках латышы, якія цёпла сустракалі нашы войскі, усхвалявана закідвалі яго кветкамі, а часам нават падхоплівалі маленькага барабаншчыка на рукі і несьлі, як гэроя.

     Дзе б ні знаходзіўся полк, камандаваньне і брат Мікалай уважліва сачылі за тым, каб Пеця не кінуў вучыцца ў школе. І хоць хлопчык у глыбіні душы больш любіў страявую падрыхтоўку ці заняткі па музыцы, чым некаторыя сумныя ўрокі, ён і ў класе стараўся не адставаць ад іншых, баючыся заслужыць заўвагу камандзіра. Ён быў адначасова і палкавым музыкай і школьнікам, байцом і па-дзіцячы жывым хлапчуком. І неяк так атрымлівалася, што яго любілі ўсе — і родзічы, і камандзіры, і настаўнікі, і таварышы-байцы, і аднагодкі па школе.

    Усё, што мне расказвалі пра Пецю Клыпу яго знаёмыя, сябры і родзічы, паказвала яго толькі са станоўчага боку. Яго ўсе характарызавалі як сапраўднага савецкага чалавека, як хлопца з добрымі задаткамі, добрай душой, бескарысьлівага, шчырага і сумленнага, цудоўнага таварыша, які заўсёды гатовы прыйсьці на дапамогу.

    Было проста незразумела, як мог гэты чалавек стаць злачынцам. Я вырашыў урэшце даведацца, у чым заключаецца віна Пятра Клыпы. У адным з пісем я папрасіў яго расказаць мне, нічога не ўтойваючы, пра сваё злачынства, і ён у адказе падрабязна апісаў сутнасьць справы. Аказалася, што сам ён не зрабіў ніякага злачынства. Гэта злачынства, немалое і цяжкае, зрабіў у яго прысутнасьці яго былы школьны таварыш, і Пётр Клыпа, паддаўшыся ілжываму пачуцьцю дружбы, своечасова не паведаміў пра здарэньне, даў магчымасьць злачынцу працягваць сваю небясьпечную дзейнасьць, і тым самым згодна закону стаў саўдзельнікам злачынства.

    Відаць, сьледчы паставіўся нядобрасумленна і нават прыдзірліва да справы. Пётр Клыпа быў аб’яўлены проста саўдзельнікам злачынства і таму атрымаў выключна цяжкае пакараньне — дваццаць пяць год зьняволеньня — і адпраўлены на поўнач краіны.

    Як бы ні загартаваны ён быў усім сваім нялёгкім папярэднім жыцьцём, гэты ўдар амаль даканаў яго. Ён бачыў сьмерць і кроў, ён кожную хвіліну рызыкаваў жыцьцём у страшныя дні абароны Брэсцкай крэпасьці. Але тады была вайна, і ён, як воін, змагаўся з ворагамі Радзімы, з ворагамі свайго народа. Пазьней ён прайшоў усе пакуты палону, адчуў увесь цяжар рабскай працы на нямецкай катарзе. Ён ведаў, што гэта робіць з ім ненавісны вораг.

    Цяпер усё было інакш. Цяпер ён быў пакараны Радзімай, якую горача любіў і якая была яму бясконца дарагая. І гэта пакараньне маральна было страшней за ўсё, што ён перажыў.

    Ён разумеў, што вінаваты, і гатоў быў несьці заслужанае пакараньне. Але пакараньне было вельмі цяжкім для яго. Ды і не ў ім была справа. Галоўнае заключалася ў тым, што ён як бы зьняславіў сваіх блізкіх і кінуў цень на сваіх родзічаў — маці, братоў, сястру, сумленных савецкіх людзей, якія спадзяваліся на яго, верылі яму. Адна думка пра гэта прымушала яго ненавідзець і праклінаць сябе. І Пётр Клыпа, нязьменна бадзёры, жыцьцярадасны, які ніколі і ні ў якіх абставінах не засмучаўся, раптам упершыню адчуў, што не хоча болей жыць. Прыгавор уласнага сумленьня аказаўся значна стражэйшым, чым празьмерна строгае рашэньне суда — ён сам прыгаварыў сябе да сьмерці.

    Ён прывык выконваць свае рашэньні. Там, на поўначы, дзе зьняволеныя будавалі чыгунку, аднойчы ў час вялікага марозу і завірухі ён не вярнуўся пасьля працы разам з астатнімі, а, непрыкметна адышоўшы ўбок, лёг у сьнег. Ён ляжаў нерухома, і неўзабаве на зьмену халодным дрыжыкам прыйшла прыемная дрымотная цеплыня, і Пётр Клыпа заснуў лёгкім сьмяротным сном чалавека, які замярзаў.

    Яго знайшлі ўжо напалову замеценага сьнегам, але яшчэ жывога. Тры месяцы ён праляжаў у лязарэце. Некалькі абмарожаных і ампутаваных пальцаў на нагах і частае ныцьцё ў баку назаўсёды засталіся напамінкам пра тую няўдалую сьмерць. Болей ён ужо не думаў пра самагубства. Жыцьцё зноў перамагло ў ім.

    Ён рашыў сумленна, старанна працаваць, каб хутчэй апраўдацца перад Радзімай. Калі закончылі будаваць чыгунку, ён перайшоў на працу ў гараж аўтасьлесарам, а потым быў накіраваны на шахты. Усюды ў яго асабістай справе зьяўляліся толькі падзякі, ніводнага спагнаньня не было запісана туды. Так ён адбыў шэсьць гадоў свайго тэрміну.

    Сабраўшы ўсе, якія толькі мне ўдалося дабыць, зьвесткі аб справе Пятра Клыпы, я прыйшоў да цьвёрдага перакананьня, што віна яго моцна перабольшана і пакараньне, якое яму вынесьлі, відавочна было залішне жорсткім. Я папрасіў таварышаў з Галоўнай ваеннай пракуратуры, якія ў свой час дапамаглі мне рэабілітаваць А. М. Філя, цяпер азнаёміцца са справай Пятра Клыпы і выказаць сваю думку. Справа была запатрабавана ў Маскву, яе праверылі, і мае меркаваньні пацьвердзіліся. Вінаватасьць Пятра Клыпы была ўжо не такая вялікая, і, улічваючы яго гераічныя паводзіны ў Брэсцкай крэпасьці, сьмела можна было хадайнічаць аб адмене ці зьмякчэньні пакараньня.

    Я пачаў з таго, што паслаў пісьмы старшыне Ігнацюку ў Брэст і Валянціне Сачкоўскай у Пінск. Я прасіў іх абодвух у пісьмовай форме напісаць пра ўсё, што яны мне некалі расказвалі аб гераічных учынках Пеці Клыпы ў часе баёў у Брэсцкай крэпасьці, а потым заверыць свае подпісы пячаткай і прыслаць гэтыя сьведчаньні мне. Сам жа я напісаў падрабязную заяву на імя Старшыні Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета Саюза ССР Клімэнта Яфрэмавіча Варашылава. Прыклаўшы да сваёй заявы сьведчаньні Ігнацюка і Сачкоўскай, я накіраваў усе гэтыя дакумэнты ў Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета СССР.

    Там, у Прэзыдыюме, уважліва, на працягу некалькіх месяцаў, займаліся гэтай справай. Былі правераны ўсе абставіны, запрошаны характарыстыкі на Пятра Клыпу з месца яго папярэдняй работы і з месца зьняволеньня. Усе гэтыя характарыстыкі былі самыя лепшыя. А сама сутнасьць справы давала поўную магчымасьць ставіць пытаньне аб памілаваньні.

    Карацей кажучы, у пачатку студзеня 1956 года я атрымаў ад Пеці Клыпы пісьмо, якое было датавана канцом навагодняга дня — 31 сьнежня 1955 года.

    “Дзень добры, Сяргей Сяргеевіч! — пісаў мне Пеця Клыпа. — Я Вам не магу апісаць сваёй радасьці! Такое шчасьце бывае толькі адзін раз у жыцьці! 26 сьнежня я пакінуў жыльлё, у якім прабыў амаль сем гадоў.

    У пасёлку мне аб’явілі, што ўсе перавалы, аж да Магадана, закрыты, машыны не ходзяць, давядзецца чакаць адкрыцьця перавалаў да Ягаднага, дзе я павінен атрымліваць дакумэнты.

    Машын і адкрыцьця перавалаў я не стаў чакаць — пайшоў пешшу. Прайшоў шчасьліва перавал і прыйшоў у пасёлак. Там мне сказалі, што далей ісьці нельга.

    Ягадзінскі перавал закрыты, маюцца ахвяры ад завеі і марозу. Але я пайшоў. Ужо на самім Ягадзінскім перавале абмарозіў твар крыху і стаў падобны на абгарэлага танкіста. Але гэта праз два тыдні будзе непрыкметным. І вось так каля 80 кілямэтраў я ішоў, верачы ў свой лёс. Правільней, і ішоў і поўз.

    Прыйшоўшы ў Ягаднае, я даведаўся, што з Магаданам другі тыдзень няма сувязі. Далі мне пакуль што часовае пасьведчаньне да атрыманьня адпаведнага пісьмовага дакумэнта з Масквы, які павінен хутка прыйсьці, і тады я атрымаю пашпарт і здолею рухацца далей. Да атрыманьня пашпарта я ўладзіўся на працу ў аўтабазу сьлесарам 6-га разраду. Буду працаваць, пакуль не атрымаю пашпарт, і тады буду сьпяшацца сустрэцца з Вамі і маімі роднымі, з маёй мамачкай, якая з-за мяне страціла ўсё сваё здароўе”.

    Так пачалося новае, трэцяе па ліку жыцьцё Пятра Клыпы. Першае было яго дзяцінства, раптоўна абарванае ў 1941 годзе вайной і палонам. Потым быў кароткі, чатырохгадовы пэрыяд пасьляваеннага жыцьця ў Бранску, які закончыўся так трагічна ў арыштанцкім вагоне, што вёз яго на поўнач. І вось ужо дарослым, амаль трыццацігадовым чалавекам, памілаваны Радзімай, ён зноў уступаў у вольнае працоўнае жыцьцё. І яму самому і ўсім нам, хто ведаў яго, вельмі хацелася, каб гэтае трэцяе жыцьцё Пятра Клыпы было шчасьлівым і плённым.

    Праз паўтара месяца Пеця Клыпа прыехаў у Маскву. У выцертым салдацкім шынялі, у вялікіх ботах прыйшоў ён першы раз да мяне. Мы моцна абняліся. Ад хваляваньня ён доўга не мог вымавіць ні слова. А потым мы некалькі гадзін гутарылі з ім. Я быў рады убачыць, што ўсё перажытае не наклала на яго ніякага цяжкага адбітку: перада мною быў малады, жыцьцярадасны, поўны энэргіі і бадзёрасьці чалавек.

    А калі мы бліжэй пазнаёміліся з ім, я зразумеў, што не памыліўся, паверыўшы ў Пятра: у ім сапраўды адчуваўся чалавек прыгожай душы, добрага сэрца, і тое, што адбылося з ім, несумненна, было нейкай неверагоднай выпадковасьцю ў яго да гэтага бездакорнай гераічнай біяграфіі.

    Пеця Клыпа трохі пабыў у Маскве, потым паехаў да сябе на радзіму — у горад Бранск. Я напісаў пісьмо першаму сакратару Бранскага абкома партыі з просьбай дапамагчы Пецю Клыпу. Мне хацелася, каб ён, пачынаючы новае жыцьцё, трапіў у добры завадзкі калектыў, каб у яго была магчымасьць адначасова працаваць і вучыцца.

    Неўзабаве я атрымаў адказ ад сакратара Бранскага абкома партыі Мікалая Васільевіча Голубева. Ён паведамляў мне, што гарком ужо дапамог Клыпу: яго ўладзілі на новы перадавы завод у Бранску — завод “Строммашына” — пакуль што вучнем токара, і што яму будзе дадзена магчымасьць з восені пачаць заняткі ў школе рабочай моладзі.

    З таго часу мінула ўжо некалькі гадоў. Пётр Клыпа працуе на тым жа заводзе “Строммашына”. Цяпер ён токар шостага разраду, адзін з лепшых рабочых, выдатнік вытворчасьці, і яго фатаграфія не сходзіць з завадзкой Дошкі гонару. Ён ужо закончыў сем клясаў школы для дарослых і ў далейшым зьбіраецца працягваць сваю адукацыю. Зусім нядаўна ў жыцьці яго адбылася вельмі важная падзея — перадавы рабочы завода Пётр Клыпа быў адзінадушна прыняты ў шэрагі КПСС. Як і належыць камуністу, ён вядзе цяпер вялікую грамадзкую работу: па заданьнях гаркома партыі і гаркома камсамола выступае на прадпрыемствах горада, у калгасах вобласьці, у воінскіх часьцях са сваімі ўспамінамі.

    Але асабліва часта запрашаюць яго да сябе піянэры і школьнікі. І для іх гэты дарослы працавіты чалавек, Пётр Сяргеевіч Клыпа, застаецца і, напэўна, застанецца да канца сваіх дзён маленькім храбрым салдатам, Гаўрошам Брэсцкай крэпасьці — Пецем Клыпам.

 

 

    У невялікім утульным доміку, які пасьля вайны збудаваў сваімі рукамі Пеця ў пасёлку Валадарскага на ўскраіне Бранска, жыве вялікая сям’я Клыпы. Пеця ажаніўся, і жонка, і маці, а цяпер і двое дзяцей — сын Сяргейка і дачка Наташа — складаюць яго вялікую і дружную сям’ю. Сюды ж, у Бранск, пераехаў з Сыбіры яго брат, падпалкоўнік Мікалай Клыпа са сваёй жонкай і дзецьмі. Вясёлы гурток родных і сяброў нярэдка зьбіраецца ў доміку Пятра. І штодзённым наведвальнікам гэтага дома бывае мясцовы паштальён, які пачкамі носіць Пятру Клыпу адрасаваныя яму пісьмы. Пішуць старыя таварышы-аднапалчане, якія змагаліся разам з ім у крэпасьці. Пішуць яго юныя сябры-піянэры, пішуць зусім незнаёмыя людзі з розных куткоў Савецкага Саюза і нават з-за рубяжа. Яны шлюць словы прывітаньня і падзякі гэрою Брэсцкай крэпасьці, жадаюць яму шчасьця і ўдачы ў жыцьці.

    Я часта атрымліваю пісьмы ад Пеці Клыпы, а часам, на сьвяты, ён прыяжджае да мяне ў Маскву і расказвае пра свае справы. Я заўважаю, што перад ім адкрылася сьветлая, шырокая будучыня і ён усяляк імкнецца апраўдаць вялікі давер, аказаны яму Радзімай. Няма сумненьня, што ён здолее дапоўніць сваю гераічную ваенную біяграфію слаўнымі і гэтакімі ж гераічнымі справамі на фронце мірнай працы.

    А я мару калі-небудзь напісаць для дзяцей і юнацтва вялікую і праўдзівую кнігу пра жыцьцё Пятра Клыпы, вельмі цікавае, поўнае сапраўднага гераізму і цяжкіх выпрабаваньняў, у якім былі і слаўныя перамогі і немалыя памылкі, — жыцьцё складанае, як кожнае чалавечае жыцьцё...

    [С. 109-315.]

                                                             ПАЕЗДКА Ў БЕЛАРУСЬ

    Яшчэ ў тыя дні, калі гэроі крэпасьці былі ў Маскве, у нас зарадзілася думка аб тым, каб ажыцьцявіць паездку ў сталіцу Беларусі Мінск і на месца памятных падзей — у Брэст. Быў атрыманы дазвол на гэту паездку, і праз некалькі дзён пяць гэрояў абароны — П. М. Гаўрылаў, С. М. Матэвасян, Р. І. Абакумава, П. С. Клыпа, А. А. Вінаградаў — і я з імі выехалі ў Мінск.

    У Мінску на досьвітку нас сустракалі на пэроне вакзала прадстаўнікі гарадзкога Дома афіцэра, а таксама ўдзельнікі абароны, што жывуць у сталіцы Беларусі: ужо знаёмыя вам А. І. Махнач і М. П. Гурэвіч і з імі былы баец 33-га інжынэрнага палка, цяпер работнік абласнога ўпраўленьня сельскай гаспадаркі Фёдар Філіпавіч Жураўлёў.

    У той жа дзень удзельнікі абароны выступілі ў некаторых вайсковых часьцях, а вечарам у перапоўненай зале Дома афіцэра адбылася сустрэча мінчан з гэроямі Брэсцкай крэпасьці. Жыхары беларускай сталіцы горача віталі прыехаўшых да іх дарагіх гасьцей, і гэты вечар надоўга запомніўся кожнаму з яго ўдзельнікаў.

    Там, у Мінску, да нашай групы далучыўся яшчэ адзін абаронца крэпасьці, да таго часу невядомы нам былы камандзір узвода 333-га палка Аляксандр Пятліцкі, які працуе цяпер кампрэсаршчыкам на адным з заводаў горада. І калі на другі дзень мы выяжджалі ў Брэст, разам з намі туды паехалі таксама мінчане — Гурэвіч, Махнач, Жураўлёў і Пятліцкі.

    Раніца 31 ліпеня, калі мы пад’яжджалі да Брэста, выдалася непагодлівая: усё неба было зацягнутае хмарамі ды імжэў дробны, нібы асеньні, дождж. Усім здавалася, што ў такую непагадзь, зразумела, мала хто прыйдзе сустракаць гасьцей у Брэсце. Але тое, што чакала гэрояў крэпасьці на Брэсцкім вакзале, было надзвычай хвалюючым. Не зьвяртаючы ўвагі на дождж, запоўніўшы да краёў пэрон, цесна, плячом да пляча стаяў вялікі натоўп людзей з букетамі кветак. І як толькі цягнік падышоў да пэрона, духавы аркестар зайграў марш, і людзі хлынулі да дзьвярэй вагона, у якім прыехалі ўдзельнікі абароны. Можна сабе ўявіць, як глыбока кранула ўсіх прыехаўшых гэтая нечаканая і такая гарачая сустрэча. Я памятаю, як, не тоячыся, плакала Раіса Іванаўна Абакумава, як пабялеў ад хваляваньня і не мог суняць дрыжаньне рук Аляксандр Іванавіч Махнач, як усхвалявана і разгублена азіраўся вакол Самвэл Мінасавіч Матэвасян.

    Ля вагона гэрояў крэпасьці сустрэлі намесьнік старшыні Брэсцкага аблвыканкама М. Е. Вуколаў, сакратар гаркома партыі Т. С. Смалавік і сакратар абкома камсамола В. П. Самовіч. Разам з імі прыйшлі сустрэць дарагіх гасьцей удзельнікі абароны, якія жывуць у Брэсцкай вобласьці, — Якаў Каламіец і Апанас Бародзіч, удава капітана Зубачова і яго сын, жонкі камандзіраў, якія загінулі ў крэпасьці, — Таццяна Семачкіна, Анна Ганчар, Дар’я Прахарэнка і іншыя. Дзесяткі добразычлівых рук падхапілі чамаданы прыежджых, гасьцям уручылі цэлыя ахапкі жывых кветак, і ўсе паволі рушылі скрозь густы натоўп да шырокіх дзьвярэй вакзала.

    На плошчы перад вакзалам павінен быў пачацца мітынг. Але з-за непагоды яго перанесьлі ў вялікае памяшканьне агітпункта ў новым вакзальным будынку. Сотні жыхароў Брэста запоўнілі прасторную залю. І калі па прапанове старшыні мітынгу ўсе ўсталі, каб ушанаваць памяць гэрояў, што загінулі ў Брэсцкай крэпасьці, і аркестар заіграў жалобны марш Шапэна, у зале многія заплакалі. Тут было шмат тых, хто яшчэ добра памятаў трагічныя дні 1941 года, хто ў тыя дні страціў у крэпасьці ці ў горадзе родных, блізкіх людзей, хто перажыў тут цяжкі і поўны жахаў час фашысцкага панаваньня.

    Так пачалося прабываньне гэрояў абароны ў горадзе, які яны з такой зьдзіўляючай упартасьцю абаранялі пятнаццаць гадоў таму назад і які беражліва і горда захоўвае славу іх подзьвігу. Жыхары Брэста прынялі іх як самых дарагіх, блізкіх ім людзей, а гарадзкія партыйныя і савецкія арганізацыі зрабілі ўсё, каб як мага больш гасьцінна і ветліва сустрэць абаронцаў Брэсцкай крэпасьці.

    У тую ж раніцу да нашай групы далучыліся яшчэ некалькі чалавек. З горада Кобрына прыехаў удзельнік абароны Рыгор Гудым; з глыбіннага Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласьці — былы баец 44-га стралковага палка, а цяпер старшыня аднаго з багацейшых калгасаў Марк Піскун; з Мінска, здагнаўшы нас, прыбыў аднапалчанін Жураўлева, а цяпер канцэртмайстар кансэрваторыі Кірыл Сабалеўскі; прыйшоў жыхар Брэста былы таварыш па службе Пеці Клыпы, Міхаіл Ігнацюк, які па-ранейшаму, як і да вайны, насіў старшынскія пагоны і, знаходзячыся на звыштэрміновай службе ў арміі, граў у адным з ваенных аркестраў. Да нас далучыліся жонка і дачка гэроя абароны Мікалая Несьцерчука, якія прыехалі з раённага гарадка Антопаля, і жонкі другіх камандзіраў, загінуўшых у крэпасьці.

    Адразу ж, у першы дзень, усе адправіліся ў крэпасьць. Ва ўрачыстым маўчаньні, з вялікімі букетамі кветак увайшлі у крапасныя вароты ўдзельнікі абароны, жонкі загінуўшых гэрояў.

    Там, на зарослых травой памятных руінах, яны раскідалі гэтыя кветкі. Яны паклалі букеты ля крапасной сьцяны, у тым месцы, дзе гітлераўскія каты расстралялі палкавога камісара Фаміна. Груда кветак лягла на каменьне, дзе калісьці ў падвале знаходзіўся штаб абароны, якім кіравалі капітан Зубачоў і камісар Фамін. Першымі ўсклалі на гэтае каменьне вялікія букеты кветак жонка загінуўшага капітана Аляксандра Андрэеўна Зубачова і яго сын Анатоль. Потым усе накіраваліся ў паўночную частку крэпасьці, да ўсходніх варот, дзе ў 1941 годзе змагаўся старшы палітрук Несьцярчук з артылерыстамі 98-га дывізіёна. Там першая са сьлязьмі палажыла на зямлю свае кветкі дачка загінуўшага гэроя Лідзія Несьцярчук, якая чатырнаццацігадовай дзяўчынкай была тут разам з бацькам у час баёў у крэпасьці.

    А праз два дні ўдзельнікі абароны прыехалі на гарнізонныя могілкі Брэста і ўсклалі вялікі вянок з жывых кветак на брацкую магілу, дзе пахаваны астанкі гэрояў, знойдзеныя пад руінамі пасьля вайны. На стужцы гэтага вянку быў надпіс: “Баявым братам, загінуўшым гэроям, ад таварышаў па абароне крэпасьці”.

    Сонечным, пагодлівым днём на гарадзкім стадыёне адбыўся мітынг, на якім жыхары Брэста сустрэліся са сваімі гэроямі. Дзесяць тысяч чалавек запоўнілі трыбуны, натоўпам стаялі ўздоўж зялёнага поля. І калі тут паказаліся гэроі абароны крэпасьці, стадыён загрымеў гарачымі, доўга не змаўкаючымі воплескамі.

    Пад гукі горна прамаршыравалі цераз поле піянэры. Яны прывіталі гэрояў, паднесьлі ім кветкі і паставілі ля трыбуны свой сьцяг, увесь час мяняючы каля яго ганаровую піянэрскую варту. Выступілі прадстаўнікі партыйных і савецкіх арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў горада, выступілі самі гэроі, дзелячыся сваімі ўспамінамі, усхвалявана дзякуючы брэстаўчанам за гарачы, сардэчны прыём.

    Увесь час хто-небудзь выходзіў з натоўпу, які запоўніў трыбуну стадыёна, і сьпяшаўся цераз поле да стала прэзыдыюма, дзе ўжо высілася гара кветак, каб палажыць яшчэ адзін букет і па-сяброўску паціснуць рукі гасьцям.

    А калі мітынг закончыўся, увесь гэты шматтысячны натоўп раптам хлынуў на поле, цесна абступіўшы гэрояў крэпасьці. Я бачыў, як, падхоплены дзесяткамі рук, узьляцеў над галовамі людзей Самвэл Матэвасян, як падкідвалі Пецю Клыпу, як, акружыўшы, распытвалі аб нечым жанчыны Раісу Абакумаву. Нялёгка было прабіцца праз гэты густы натоўп да выхаду, і доўга яшчэ не маглі крануцца з месца машыны з гасьцямі — так многа было народу.

    На наступны дзень мы выяжджалі з Брэста. Перад ад’ездам старшыня Брэсцкага аблвыканкома, Гэрой Савецкага Саюза, адзін з праслаўленых беларускіх партызан, Раман Навумавіч Мачульскі наладзіў прыём у гонар удзельнікаў абароны крэпасьці. А потым на вакзале гэрояў праводзіў вялікі натоўп жыхароў Брэста. І яны выехалі з гэтага горада, такога блізкага і дарагога кожнаму з іх, вязучы з сабой незабыўныя ўражаньні аб гэтых некалькіх днях, якія застануцца ў памяці на ўсё жыцьцё.

    Пасьля сустрэчы ў сталіцы, пасьля паездкі ў Брэст гэроі абароны параз’яжджаліся дадому, вярнуліся да сваіх паўсядзённых спраў. Яны атрымлівалі шмат пісем, часта выступалі перад працоўнымі сваіх гарадоў і сёлаў, і з розных куточкаў краіны прыходзілі весткі аб сустрэчах з абаронцамі Брэсцкай крэпасьці, подзьвіг якіх высока ацэнены нашым народам.

    Гэты подзьвіг высока ацаніў і Савецкі ўрад. Кіраўніку абароны Брэсцкай крэпасьці Пятру Міхайлавічу Гаўрылаву прысвоена званьне Гэроя Савецкага Саюза. Ордэнам Леніна пасьмяротна ўзнагароджаны палкавы камісар Я. М. Фамін. Ордэны баявога Чырвонага Сьцяга атрымалі гэроі Брэсцкай крэпасьці Р. I. Абакумава, С. М. Матэвасян, А. А. Вінаградаў, П. П. Кашкароў і іншыя. Подзьвігі загінуўшых гэрояў — І. М. Зубачова, Ул. В. Шаблоўскага, М. В. Несьцерчука, А. Ф. Наганава — адзначаны пасьмяротнымі ўзнагародамі — ордэнамі Айчыннай вайны I ступені. Рознымі ордэнамі і мэдалямі Саюза ССР узнагароджаны многія іншыя абаронцы крэпасьці...

    [С. 355-359.]

                                                      СЬВЕДЧАЦЬ БАЯВЫЯ СЯБРЫ

    Пасьля выступленьня летам і восеньню 1956 года па Усесаюзным радыё з апавяданьнямі аб пошуках гэрояў Брэсцкай крэпасьці на маё імя прыйшла вялікая колькасьць пісем з усіх канцоў краіны. Лік іх пераваліў за тры тысячы. Сярод іх былі і пісьмы ад людзей, якія ў 1941 годзе змагаліся ў Брэсцкай крэпасьці. Калі да гэтага за два з палавінай гады мне з вялікай цяжкасьцю ўдалося адшукаць у розных гарадах і сёлах Саюза каля пяцідзесяці ўдзельнікаў абароны, то за некалькі месяцаў пасьля радыёперадач больш чым трыста раней невядомых абаронцаў крэпасьці паведамілі свае адрасы.

    З хваляваньнем даведаліся гэтыя людзі аб тым, што савецкі народ памятае і шануе подзьвіг, які яны зрабілі пятнаццаць гадоў таму назад у сьценах старой рускай крэпасьці. Многія з іх з радасьцю ўбачылі на старонках газэт і пачулі па радыё імёны сваіх колішніх таварышаў, гэрояў крэпасьці — П. М. Гаўрылава, П. С. Клыпы, С. М. Матэвасяна, Р. I. Абакумавай, А. М. Філя і іншых. Цёпла, з любасьцю пішуць яны пра сваіх баявых сяброў, якіх цяпер ведае ўвесь народ.

    “Я ведаў Гаўрылава, — піша яго былы таварыш па службе даваеннага часу, афіцэр запасу з Ленінграда Іван Гомазаў. — Гэта быў перш за ўсё чэсны камуніст, адукаваны камандзір палка, патрабавальны да сябе, да сваіх падначаленых, працалюбівы бязьмежна, руплівы, як бацька, пунктуальны. Гаўрылаў быў самым лепшым камандзірам палка ў нашай дывізіі. І мне думаецца, калі б не было брэсцкай трагедыі, Гаўрылаў быў бы праслаўленым воінам Айчыннай вайны. Ноччу ён часта сядзіць чытае кнігі пра Суворава, на золку ён ужо глядзіць як падымаецца то адно, то другое падразьдзяленьне, днём праводзіць заняткі з камсаставам палка, часта цытуе сувораўскія выказваньні, патрабуе ад падначаленых глыбокіх ведаў, больш заняткаў у полі. Усе ведалі, што ад вачэй Гаўрылава нічога не схаваецца. Калі што-небудзь не ладзіцца ў якім падразьдзяленьні, Гаўрылаў ужо тут, ён усё бачыць, усё ведае. Пад канец дня Гаўрылава часта можна было бачыць маркотным і задумлівым. Значыць, ён быў незадаволены прайшоўшым днём. Часта ад яго можна было пачуць дакоры, што, маўляў, мала зроблена за дзень, не з поўнай мэтанакіраванасьцю праведзены заняткі і гэтак далей. Гаўрылаву хацелася хутчэй падрыхтаваць свае падразьдзяленьні да будучых баёў. Ён сьпяшаўся з падрыхтоўкай асабовага складу, таму што бачыў, што сутычка не за гарамі”.

    “Маёра Гаўрылава я ведаў як строгага, патрабавальнага камандзіра, як чулага і справядлівага настаўніка, — піша былы баец 44-га палка Сяргей Дзёмін з Харкава. — У маёй памяці захавалася шмат выпадкаў з жыцьця палка і майго асабіста, якія непасрэдна зьвязаны з камандзірскай дзейнасьцю Гаўрылава. Я працаваў на аўтамашыне, і вельмі часта даводзілася езьдзіць з камандзірам палка ў далёкія і блізкія рэйсы.

    Каб вы бачылі, — піша Дзёмін, — як я сябе адчуваў, даведаўшыся, што сталася з Гаўрылавым на сёньняшні дзень. Я за яго радаваўся не менш, чым за сябе. Сапраўды, яму цяпер аддаюць па заслугах. Я ганаруся ім, ён жа — мой камандзір”.

    “Я пачуў па радыё, што маёр Гаўрылаў, былы камандзір палка, які камандаваў часткай Брэсцкага гарнізона, жывы, — піша з Новасыбірска былы абаронца крэпасьці Іван Чарняеў. — Я быў у дні абароны крэпасьці пад яго камандаваньнем. Таварыша Гаўрылава ведаю асабіста і заўсёды ўспамінаю як прыклад мужнасьці, стойкасьці і адвагі ў барацьбе за сацыялістычную Радзіму. Прашу перадаць таварышу Гаўрылаву маё шчырае прывітаньне, пажаданьне добрага здароўя і доўгіх гадоў жыцьця”.

    З любоўю ўспамінаюць былыя абаронцы і самага юнага гэроя крэпасьці — Пятра Клыпу.

    Цікавае пісьмо са сваімі ўспамінамі прыслаў былы лейтэнант 333-га палка Аляксандр Сьцяпанавіч Санін, які ўзначальваў у першыя дні баёў абарону на тым участку крэпасьці, дзе змагаўся Пеця. Цяпер А. С. Санін — выкладчык чарчэньня і маляваньня ў адной са школ горада Омска. Вось што ён піша:

    “З усіх абаронцаў у першыя дні я асабліва вылучаю двух малодшых камандзіраў-артылерыстаў і двух маленькіх (12-13 год) хлопчыкаў — Пецю, выхаванца 333-га палка, і другога, імя якога не памятаю. Але гэта былі сапраўдныя гэроі-сьмельчакі. Гэта яны ў першыя дні абароны знайшлі склад боепрыпасаў.

    Пад градам куль і няспыннай бамбёжкай яны насілі патроны, кулямётныя стужкі і снарады. Пеця Клыпа! Толькі цяпер я даведаўся пра яго прозьвішча. Ён быў па-сапраўднаму бясстрашным хлопчыкам. Ён убег у падвал і, зьвяртаючыся да мяне, па-ваеннаму далажыў: “Таварыш камандзір, я быў на другім паверсе будынка, адтуль усё добра відаць!” Гэтым ён мне і нагадаў, што неабходна арганізаваць назіраньне. Першы мой загад быў адрасаваны гэтаму хлопчыку — назіраць і неадкладна далажыць аб зьяўленьні праціўніка. Дзе толькі не быў гэты непаседлівы, рухавы, кемлівы хлапчук — літаральна ўсюды. Я вельмі баяўся і непакоіўся за яго. Але ён, прызначаны мной сувязным, часта зьнікаў на гадзіну, а іншы раз і на больш, але ніколі не прыходзіў без навін ці без зброі, боепрыпасаў”.

    Пра хлопчыка-гэроя ўспамінае і другі камандзір, які змагаўся на гэтым участку, цяпер пэнсіянэр, што жыве ў Вязьме, — Васіль Сакалоў.

    “Немцы гуськом адзін за адным перабягалі да камсастаўскай сталоўкі і занялі яе, — піша ён. — Мы павялі шквальны агонь па цэлі. Клыпа ў гэты час забясьпечваў нас патронамі, перадаваў распараджэньні са штаба. Усюды толькі і было чуваць: «Клыпа, Клыпа...» Рухавы і вынаходлівы, хлопчык трымаўся як сапраўдны дарослы, бывалы баец”.

    Як вы памятаеце, у першых днях ліпеня 1941 года, калі на ўчастку 333-га палка ўжо канчаліся боепрыпасы, байцы, што яшчэ заставаліся жывымі, паспрабавалі разарваць кальцо ворага. Пасьля гэтай спробы з іх уцалела толькі некалькі чалавек, якіх гітлераўцы ўзялі ў палон. Сярод гэтых уцалелых байцоў быў і кантужаны Пеця Клыпа.

    Гітлераўцы адправілі яго ў лягер Бяла Падляска, і там Пеця сустрэўся з пяцьцю такімі ж, як ён, выхаванцамі, хлапчукамі па 14-16 гадоў. Нястомны і энэргічны, ён зараз жа ўзяўся рыхтаваць уцёкі, і неўзабаве гэтыя пяць хлапчукоў уцяклі ў Брэст на чале з Пецем Клыпам.

    У 1957 годзе я атрымаў пісьмо ад аднаго з гэтых былых выхаванцаў — Пятра Кацельнікава. Цяпер ён ужо старшы лейтэнант і служыць у адной з вайсковых часьцей. З захапленьнем успамінае Кацельнікаў пра свайго баявога сябра Пецю Клыпу. Ён піша:

    “Пазнаёміўся я з ім у першыя дні вайны ў падвале 333-га палка. Першае, пра што ў мяне ён спытаў, ці баюся я гэтых немцаў і ці ўмею я страляць з вінтоўкі. Некалькі дзён мы былі разам у адным падвале, і ўсе, хто там быў, ведалі яго імя. Быў ён юркім і сьмелым хлопчыкам, часта пакідаў падвал і прыносіў важныя зьвесткі, рапартаваў начальству. Ён знайшоў склад з боепрыпасамі, і пад яго камандай мы насілі патроны і гранаты пад амбразуры, адкуль вялі агонь па фашысцкіх салдатах нашы байцы.

    Ініцыятыўны і сьмелы, Пеця Клыпа арганізаваў уцёкі з гітлераўскага лягера пецярых былых выхаванцаў, сярод якіх былі Валодзя Казьмін, Валодзя Ізмайлаў, Коля Новікаў і я. Уцёкшы з лягера, мы трапілі ў брэсцкую турму, дзе фашысты марылі палонных голадам, спрабуючы канчаткова зламаць савецкіх людзей і навязаць ім сваю волю. Пеця і тут праявіў ініцыятыву і вынаходлівасьць. Ён мог ужо тады крыху гаварыць па-нямецку і перагаварыў з немцамі. Пасьля гэтага на чацьвёрты дзень нас выпусьцілі з гэтай страшнай турмы.

    Пасьля вызваленьня з турмы Пеця знайшоў на паўднёвай ускраіне Брэста склад з боепрыпасамі і прапанаваў неадкладна ўзарваць яго. Але ўзарваць склад не ўдалося, бо якраз учасьціліся аблавы, і мы вымушаны былі пакінуць горад.

    Яшчэ чатырнаццацігадовым падлеткам Пеця валодаў добрымі арганізатарскімі здольнасьцямі. Мужнасьцю сваёй і бясстрашшам ён заваяваў давер сярод нашай пяцёркі, і так, без афіцыйнага прызначэньня, ён стаў нашым сапраўдным важаком, самым лепшым сябрам і блізкім таварышам. Знаходзячыся ў тыле гітлераўцаў, у цяжкія хвіліны ён ніколі не сумаваў і не даваў сумаваць іншым. Часта сьпяваў сваю любімую песеньку, словы якой я пачуў упершыню ад яго:

                                                      По морям, по океанам

                                                      Красный вымпел над волной.

                                                      Не ходить врагам незваным.

                                                      По берегам земли родной.

    Ён верыў у будучую перамогу і не сумняваўся ў ёй. Ён сьмела гаварыў мясцоваму насельніцтву, што Савецкая Армія зноў вернецца, вернецца сюды і савецкая ўлада”.

    Адначасова з Кацельнікавым прыслаў пісьмо і трэці з гэтай пяцёркі — Уладзімір Казьмін, які з Пецем прабіраўся да лініі фронту па лясах і балотах Беларусі. Цяпер Ул. П. Казьмін ужо інжынэр-электрык і працуе на будаўніцтве ліній электраперадач. Ён з радасьцю даведаўся, што яго сябар юнацтва і баявы таварыш застаўся жывы, і ўжо наладзіў з ім трывалую перапіску. Застаецца невядомым лёс чацьвёртага з гэтай юнай пяцёркі — Валодзі Ізмайлава. Што ж датычыцца пятага — Колі Новікава, то ён, як высьветлілася пазьней, вярнуўся на Радзіму пасьля вайны і памёр недзе на Паўночным Каўказе незадоўга да таго, як я пачаў пошукі брэсцкіх гэрояў.

    Добрым словам успамінае гераіню Брэсцкай крэпасьці ваенфэльчара Раісу Абакумаву былы ўдзельнік абароны Ўсходняга форта лейтэнант запасу Сьцяпан Церахаў, які жыве цяпер у горадзе Мазыры.

    “Побач з намі, — піша ён, — знаходзіліся раненыя. Іх даглядала Раіса Абакумава, якая не раз з-пад носа ў немцаў выхоплівала нашых раненых і адна, на сваіх плячах, пад агнём цягнула іх у зацішнае месца”.

    “Я чытаў нядаўна ў газэце пра Раісу Абакумаву, — піша былы абаронца крэпасьці, а цяпер калгасьнік са станіцы Шкурынскай Краснадарскага краю Васіль Зайцаў. — Яна мне тады выратавала жыцьцё. Я быў моцна паранены і ляжаў непрытомны цэлыя суткі. Калі я прачытаў пра Абакумаву, я ўспомніў, як тады раненыя ўвесь час клікалі на дапамогу Раісу. Калі б я яе ўбачыў цяпер, я ад усяго сэрца падзякаваў бы ёй і яе дзецям, калі яны ёсьць у яе. Калі ёсьць, то жадаю ім, як і ўсім савецкім дзецям, не перажываць нічога падобнага на тое, што давялося перажыць нам у Брэсцкай крэпасьці”.

    Знайшоўся жывы і адзін з пяці нашых ваеннапалонных, якія разам з Матэвасянам восеньню сорак першага года ўцяклі з гітлераўскага лягера ў Паўднёвым ваенным гарадку Брэста. Гэта былы старшына Яўген Хлебнікаў, які працуе цяпер у адным з калгасаў Смаленскай вобласьці. Ён дапаўняе расказ Матэвасяна новымі цікавымі падрабязнасьцямі гэтых уцёкаў.

    Вельмі хвалюючае пісьмо, сапраўды надзвычайны чалавечы дакумэнт, прыслаў з Львова адзін інвалід вайны. Вось што ён піша:

    “Я, Рашатняк Канстанцін Міхайлавіч, былы шараговы 84-га стралковага палка, сустрэў націск немцаў ноччу на 22 чэрвеня пад камандаваньнем незабыўнага, бесьсьмяротнага камісара палка таварыша Фаміна і яго першага памочніка Матэвасяна, які быў нашым непасрэдным камандзірам у баі і баявым таварышам. Справа ў тым, што пасьля шаснаццацідзённых крывавых баёў я быў паранены цяжкай бомбай і трапіў у палон да гітлераўцаў. Я перанёс цяжкую апэрацыю і застаўся без абедзьвюх ног. З вялікай нецярплівасьцю я чакаў дня вызваленьня і свабоднага жыцьця. Я дажыў, дачакаўся, але гэты дзень прынёс мне другое няшчасьце. Адступаючы, гітлераўцы падпалілі дом, дзе я знаходзіўся разам з другімі раненымі, у выніку чаго я страціў зрок. Да Вашай гутаркі па радыё я не думаў, што хто-небудзь застаўся жывы з абаронцаў крэпасьці Брэст, а калі ёсьць, то такія, як я. Цяпер я бязьмежна рады, што жывуць камандзіры і некаторыя нашы баявыя таварышы.

    Слухаючы Вас па радыё, я ўспамінаю ўсю даволі страшную карціну гераічных баёў мінулых дзён. Я быў бы вельмі шчасьлівы яшчэ ўбачыць Вашу п’есу «Крэпасць над Бугам», але гэта ўжо немагчыма. Нават гэта пісьмо піша мне таварыш па рабоце, а не я. Аднак... хачу Вам дапамагчы ўзнавіць некаторыя эпізоды нашага мінулага баявога жыцьця. Я гэта пастараюся зрабіць пры дапамозе маіх відушчых таварышаў і накірую Вам. Прабачце за турботы. Інвалід першай групы, пэнсіянэр Косьця Рашатняк”.

    Колькі зьдзіўляючай сілы духа, колькі прастаты і сьціпласьці ў гэтым лісьце скалечанага вайной радавога савецкага чалавека!..

    [С. 362-367.]

                                                         НА ПАМЯТНЫХ РУІНАХ

    Трэба прызнацца: дрэнна, не па-гаспадарску адносімся мы нярэдка да слаўных рэліквій Вялікай Айчыннай вайны. Можа, гэта таму, што так многа было гераічнага ў гэтай вайне, што яно ў тыя гады стала побытам і паўсядзённасьцю, нібы ўвайшло ў звычку, мы і цяпер, быццам па інэрцыі, часам абыякава праходзім міма, калі час і абыякавасьць сьціраюць з твару нашай савецкай зямлі сьляды непаўторных подзьвігаў. А захаваўшыся, яны панесьлі б скрозь чараду будучых пакаленьняў цудоўны, просты і вялікі вобраз чалавека і воіна саракавых гадоў, які не спыніўся ні перад якімі ахвярамі, каб выратаваць сьвет ад праклятай улады фашызму. Цяжка і крыўдна бывае бачыць, як зьнікаюць і разбураюцца многія помнікі нашай славы.

    Я прыехаў упершыню ў Брэсцкую крэпасьць летам 1954 года і ўбачыў там карціну разбурэньня і запусьценьня. На тэрыторыі крэпасьці стаяла вайсковая часьць, у ваколіцах Брэста ішло будаўніцтва дамоў для камандзіраў, і ваенныя будаўнікі, якім не хапала цэглы, узрывалі рэшткі напалавіну разбураных крапасных казармаў, папаўняючы такім чынам фонды будматэрыялаў. Зьнішчаліся сьцены, на якіх дзе-нідзе яшчэ захаваліся хвалюючыя разьвітальныя надпісы, пакінутыя гэроямі, што загінулі ў крэпасьці. Кальцо казармаў на вялікім участку было разбурана дашчэнту не столькі абстрэлам і бамбёжкай у дні вайны, колькі злачынна-абыякавымі рукамі пасьляваенных гаспадароў крэпасьці.

    Толькі незадоўга да гэтага па нечаму загаду былі ўзарваны даволі моцныя трохарачныя вароты цэнтральнай цытадэлі, каля якіх летам 1941 года ішлі такія цяжкія баі. Сапёры рыхтаваліся ўзарваць будынак былой царквы, які высіцца над цэнтрам крэпасьці і так пакрамсаны кулямі і асколкамі снарадаў, што ўжо адзін яго выгляд красамоўна гаворыць гледачу аб упартасьці барацьбы, якая тут адбывалася.

    Трэба было рабіць тэрміновыя захады, давялося пісаць трывожныя пісьмы ў Міністэрства абароны і ўраду. Толькі тады масавае разбурэньне крэпасьці было спынена і памятныя руіны ўзяты пад ахову дзяржавы. Але яшчэ і пасьля гэтага ўвішлівыя ваенныя гаспадарнікі іншы раз па начах наведваліся сюды па цэглу, і то адна, то другая напаўразбураная сьцяна аказвалася разабранай. Становішча зьмянілася, толькі калі ў крэпасьці быў адкрыты музэй.

    Яго адкрылі па рашэньню Міністэрства абароны ў дні Кастрычніцкіх сьвятаў 1956 года, неўзабаве пасьля таго, як тут пабывалі ўдзельнікі абароны. Ён разьмясьціўся ў адноўленым адрэзку казармаў, якія прымыкалі да трохарачных варот, там, дзе падчас баёў знаходзіўся штаб зводнай групы на чале з Зубачовым і Фаміным.

    Гэта быў вельмі маленькі, сьціплы музэй — ён займаў тады ўсяго некалькі пакояў у будынку казармы. Але ж, па сутнасьці, музэем была ўся прасторная тэрыторыя крэпасьці. І ў першыя месяцы яго існаваньня ўжо бачна было, што недахопу ў наведвальніках не будзе. Паток людзей, якія імкнуліся пабыць у крэпасьці, мацнеў з кожным тыднем.

    Пагранічны Брэст — гэта парадныя дзьверы нашай краіны. У шматлікіх цягніках, што ідуць праз станцыю, савецкія людзі едуць у заходнія краіны, тут заўсёды праяжджаюць нашы дэлегацыі, якія накіроўваюцца за граніцу. Тысячы замежных турыстаў, што едуць да нас з усіх канцоў Эўропы, упершыню ступаюць на савецкую зямлю тут, на пэроне Брэсцкага вакзала.

    І большасьць гэтых пасажыраў стараецца выкарыстаць стаянку цягніка ў Брэсце, каб пабыць у крэпасьці, агледзець музэй. На машынах і цягніках сюды ўвесь час прыяжджаюць экскурсіі з суседніх і далёкіх гарадоў і сёлаў Саюза, прыбываюць іншы раз цэлыя школы, піянэрскія атрады, вайсковыя часьці.

    Летам і восеньню 1957 года мне давялося жыць некалькі месяцаў у крэпасьці, і я сам бачыў, як жыва цікавяцца людзі падзеямі, якія адбываліся тут у 1941 годзе, як імкнуліся яны трапіць на гэтыя праслаўленыя руіны, пакланіцца памяці гэрояў легендарнага гарнізона.

    Вось выстраілася ля варот крэпасьці вялікая калёна машын, якая прывезла за 300 кілямэтраў рабочых Мінскага аўтамабільнага завода. Яны выехалі яшчэ ноччу, у суботу, каб мець магчымасьць правесьці нядзелю ў крэпасьці і вярнуцца ў Мінск позна вечарам.

    А там, глядзіш, прыедуць на грузавіках з ваколіц Луцка, з Заходняй Украіны, калгасьнікі і прывязуць з сабой вялізны вянок з жывых кветак, які ўрачыста ўскладаюць ля статуі воіна з аўтаматам, што стаіць на беразе Мухаўца побач з музэем. То раскінуць свае палаткі на Цэнтральным востраве крэпасьці беларускія піянэры, што выбраліся ў летні паход па месцах нашай баявой славы. То прыедзе з Кіева ў поўным камплекце лепшы кляс адной са школ. Аказваецца, увесь навучальны год школьнікі змагаліся за першынство, якое давала права зрабіць летам паездку ў Брэсцкую крэпасьць. То з Масквы прыбываюць прадстаўнікі піянэрскай дружыны імя палкавога камісара Фаміна. І экскурсаводы не пасьпяваюць вадзіць наведвальнікаў па крэпасьці, а ў пакоях музэя заўсёды тоўпіцца народ.

    Зрэшты, у гэтыя “дні пік” на дапамогу экскурсаводам прыходзяць удзельнікі абароны Георгій Макараў і Міхаіл Ігнацюк, а таксама жонкі загінуўшых камандзіраў Анастасія Аршынава-Нікіціна, Дар’я Прахарэнка, Матруна Акімачкіна, Таццяна Семачкіна і іншыя, што жывуць у Брэсьце. Наведвальнікі з асаблівай цікавасьцю слухаюць расказы гэтых людзей, якія перажылі тут, у крэпасьці, трагічныя дні чэрвеня — ліпеня 1941 года.

    З усіх канцоў Саюза прыяжджаюць пакланіцца памятным для іх руінам былыя абаронцы крэпасьці. У 1957 годзе ўпершыню пасьля вайны наведаў гэтыя мясьціны адзін з гэрояў абароны — пагранічнік 17-га атрада, цяпер актор Львоўскага тэатра, Сяргей Бабронак. I калектыў таго атрада, які цяпер ахоўвае граніцу на Бузе, паднёс свайму ганароваму госьцю дарагі падарунак — зялёную фуражку, сымбаль прыналежнасьці да пагранічных войскаў. Крыху пазьней пабываў тут удзельнік абароны Усходняга форта, кіяўлянін Міхаіл Івушкін. Яго прыезд закончыўся нечаканай радасьцю — ён знайшоў сына, якога лічыў загінуўшым. Маленькага Толю, які застаўся ў 1941 годзе без бацькі і без маці (яна памерла тады ж), усынавіў і выхаваў аглядчык вагонаў станцыі Брэст Уладзімір Лапіцкі. Цяпер абодва Івушкіны жывуць у Кіеве, падтрымліваючы сяброўскую сувязь з прыёмнымі бацькам і маці Толі.

    Карыстаючыся адпачынкам, прывёз сюды падростка-сына знатны шахцёр Данбаса, гэрой абароны Іван Ленко. Дружнай кампаніяй прыехалі наведаць крэпасьць яе былыя абаронцы, якія цяпер жывуць у Ленінградзе, — марскі інжынэр Іван Долатаў, муляр Іван Васільеў, кандыдат мэдыцынскіх навук хірург Юрый Пятроў, дырэктар аднаго з магазынаў Аляксандр Нікіцін. Усёй сям’ёй, з жонкай і дачкою, спыніўся на некалькі дзён у Брэсьце, каб наведаць памятныя месцы, сябар Пеці Клыпы — старшы лейтэнант Пётр Кацельнікаў, праездам на пабыўку з вайсковай часьці ў ГДР.

    А ў кнізе ганаровых наведвальнікаў музэя, акрамя імёнаў удзельнікаў абароны, кожны год зьяўляюцца новыя вядомыя імёны славутых савецкіх і зарубежных дзяржаўных і палітычных дзеячаў, знатных людзей, майстроў культуры. Л. І. Брэжнеў і Д. С. Палянскі, Л. Ф. Ільічоў і М. Г. Ігнатаў, К. Я. Варашылаў і М. М. Швэрнік, Вальтэр Ульбрыхт, Пальміра Тальяці, Марыс Тарэз, Уладзіслаў Гамулка і кубінская маладзёжная дэлегацыя, група нашых старых камуністаў, экскурсіі галяндзкіх дзяцей — усе яны былі ў крэпасьці і пакінулі ў кнізе свае запісы, поўныя павагі да памяці загінуўшых гэрояў, захапленьня подзьвігам савецкіх воінаў, які яны зьдзейсьнілі дваццаць з лішнім гадоў назад на першым рубяжы роднай зямлі.

    За пятнаццаць пасьляваенных гадоў зусім іншым стаў Брэст. З невялікага правінцыяльнага гарадка ён ператварыўся ў добраўпарадкаваны, абсаджаны кветкамі горад-сад, з чыстымі, акаймаванымі густой зелянінай каштанаў і ліп вуліцамі, з шырокімі, прыгожымі плошчамі, з мноствам новых, шматпавярховых дамоў, грамадзкіх будынкаў, помнікаў. Ён і па зьнешняму выгляду, а не толькі па свайму месцазнаходжаньню становіцца ўсё больш сапраўдным парадным пад’ездам краіны сацыялізму. Але як бы ні рос, ні пашыраўся, ні ўпрыгожваўся горад, галоўным яго помнікам гісторыі заўсёды застануцца незабыўныя руіны і рэшткі ўмацаваньняў славутай крэпасьці, якія цяпер беражліва ахоўваюцца і зьяўляюцца гордасьцю не толькі Брэста, але і ўсёй нашай Радзімы.

                                                                      КРУГ СЛАВЫ

    Гэты дзень, нядзеля, 25 чэрвеня 1961 года, пачаўся ў Брэсьце незвычайна. З раніцы, быццам у дзень Першамая, у розных канцах горада чуліся гукі аркестраў, сьвяточныя калёны хораша апранутых гараджан рухаліся праз цэнтар, накіроўваючыся ў крэпасьць. Па Каштанавай вуліцы, якая вядзе да паўночных крапасных варот, валам валіў народ. У густым натоўпе, сыгналячы, паволі цягнуліся калёны грузавікоў, у кузавах якіх сядзелі калгасьнікі. Зьяжджаліся госьці з усіх раёнаў вобласьці, ішоў ледзь не ўвесь Брэст. Луналі сьцягі, мільгалі плякаты і заклікі, але асабліва зьвяртала на сябе ўвагу тое, што амаль кожны, хто ішоў або ехаў у крэпасьць, трымаў у руках кветкі — то некалькі пышных півоняў са свайго саду, то сьціплы букет рамонкаў, званочкаў, незабудак, сабраных на полі ці ў лесе.

    Брэст урачыста адзначаў 20-годзьдзе гераічнай абароны крэпасьці.

    Да гэтага сьвята рыхтаваліся старанна і загадзя. Даўно пераабсталёўваўся музэй; цяпер ён атрымаў у сваё распараджэньне ўвесь вялікі будынак адноўленай казармы, дзе раней займаў толькі адно крыло. З цэнтра крэпасьці выселілі вайсковую часьць. Вечарам пасьля работы і кожную нядзелю сюды прыходзілі працаваць жыхары Брэста — горад клапаціўся аб тым, каб да сьвята навесьці ўзорны парадак на ўсёй тэрыторыі крэпасьці. Разьбіралі непатрэбныя груды каменьня, выполвалі зельле, якое расло ўсюды, залівалі асфальтам дарожкі, закладвалі новыя кветнікі і клюмбы.

    Урад Беларусі адпусьціў значныя сродкі на правядзеньне ўрачыстасьцей. Для ўдзелу ў сьвяце было выклікана каля пяцідзесяці гэрояў абароны з розных раёнаў краіны. Але прыехала больш ста — адных паслалі за свой кошт прадпрыемствы і ўстановы, другія прыбылі па ўласнай ініцыятыве. На працягу некалькіх дзён па-сьвяточнаму ўпрыгожаны Брэст прымаў ганаровых гасьцей.

    На вакзале гасьцей сустракалі піянэры з кветкамі, прадстаўнікі мясцовых уладаў, атакавалі фотарэпарцёры, кінаапэратары, журналісты. І там жа, на пэроне, кожнаму абаронцу крэпасьці прыколвалі да грудзей маленькую сьціплую значку — ярка-чырвоную кумачовую стужачку з выціснутым на ёй сылюэтам Холмскіх варот цытадэлі з іх характэрнымі зубчатымі вежамі. Па такім значку жыхары Брэста маглі пазнаць гэроя абароны, прывітаць, выказаць яму сваю пашану, аказаць гасьціннасьць. І ўсе гэтыя дні людзі з пунсовымі стужачкамі на грудзях былі ў цэнтры ўсеагульнай увагі.

    Прыязджалі адусюль, з усіх абласьцей і рэспублік, з самых далёкіх раёнаў краіны. Узбэк Турсун Хідыраў — з Магаданскай вобласьці, Данііл Абдулаеў — з Азэрбайджана, Аляксандр Філь — з Якутыі, Уладзімір Фурсаў — з Алма-Аты, Сяргей Бабронак — з Львова, Ілья Кузьняцоў — з Краснаярскага краю, Рыгор Ерамееў — з Кіргізіі, Мікалай Марозаў — з Данбаса, Самвэл Матэвасян — з Армэніі, Пётр Кашкароў — з Масквы, Максудгірэй Шыхаліеў — з Дагестана, Фёдар Жураўлёў — з Мінска, Аляксей Марэнін — з Кіраўскай вобласьці, Піліп Лаянкоў — з Ташкента. Тут былі людзі ўсіх спэцыяльнасьцей, усіх прафэсій — і валагодскі каваль Вінаградаў, і маскоўскі інжынэр Раманаў, і настаўнік з Кацельніча Іспалатаў, і брэсцкі калгаснік Аскірка, і кубанскі аграном Міхайлічэнка, і нікалаеўскі шафёр Семяненка, і пенсіянэр з Калінінскай вобласці Зорыкаў, і мінскі пісьменьнік Махнач, і арлоўскі артыст Белавусаў, і ленінградзкі ўрач Пятроў, і афіцэр Кацельнікаў, і крымскі чыгуначнік Каталупенка. Зноў былі сустрэчы, пазнаваньні, радасныя сьлёзы і доўгія ўспаміны.

    На сьвята прыбылі дэлегацыі з Мінска і Масквы, прадстаўнікі ЦК КП Беларусі, Міністэрства абароны СССР, Савецкага камітэта вэтэранаў вайны, Саюза пісьменьнікаў СССР. Да гэтых дзён у горадзе адкрылася выстаўка твораў беларускіх мастакоў і скульптараў на тэмы Брэсцкай абароны, і абаронцы крэпасьці глядзелі яе 24 чэрвеня. А вечарам адбывалася ўрачыстае пасяджэньне ў гарадзкім тэатры, дзе былі прачытаны шматлікія прывітаньні, а потым кожнаму ўдзельніку абароны і жонкам загінуўшых гэрояў першы сакратар абкома партыі А. А. Сьмірноў уручыў памятныя граматы падзякі абласных і гарадзкіх арганізацый.

    Але, зразумела, галоўная ўрачыстасьць павінна была адбыцца на наступны дзень у самой крэпасьці.

    У гэтыя дні апусьцелі гарадзкія кветачныя гаспадаркі, былі парваны кветкі ва ўсіх прыватных садах. З прадпрыемстваў моладзь выяжджала пасьля работы на машынах у навакольныя палі і лясы, зьбірала там вялізныя вязанкі кветак. І ў тую раніцу крэпасьць была падобная на жывы сад.

    Натоўпы людзей з кветкамі запоўнілі ўвесь Цэнтральны востраў, дзе мелася адбыцца ўрачыстасьць. Ад шырокіх шкляных дзьвярэй перабудаванага і адрамантаванага будынка новага музэя асфальтавая дарога вяла да цэнтра вострава, дзе высілася вялікая трыбуна з паўкруглымі крыламі, а перад ёй пакуль што яшчэ накрыты палатном стаяў камень будучага помніка гэроям абароны. Зьлева ад музэя, на ўзбочыне дарогі, якая цягнецца па беразе Мухаўца і ўздоўж рэштак кальцавога будынка казармаў, стаялі ў парадным страі войскі брэсцкага гарнізона і пагранічнікі. Па гэтай дарозе, што агінала ўсходнюю частку Цэнтральнага вострава, павінны былі зрабіць круг славы абаронцы крэпасьці. А паабапал яе, разьліўшыся па ўсяму востраву, густа, плячо да пляча, стаялі дзесяткі тысяч людзей з кветкамі ў руках.

    Узышлі на трыбуну кіраўнікі вобласьці і горада, ганаровыя госьці. Заварушыліся музыканты зводнага ваеннага аркестра, падрыхтаваліся кінаапэратары і фотарэпарцёры.

    Але сьвята пачалося незвычайна. Зьлева ад трыбуны, за сотню мэтраў, высіўся напаўразбураны будынак казармаў, дзе калісьці разьмяшчаўся 84-ты полк. І вось наверсе, на паломаным грэбні цёмна-чырвонай цаглянай сьцяны, паказаўся чалавек з трубой у руках. Паволі паднёс ён яе да губ, і адтуль, з вяршыні слаўных руін, над крэпасьцю прагучаў сыгнал “Слухайце ўсе!”,

    Гэтым трубачом быў Пётр Клыпа, цяпер токар бранскага завода, а ў мінулым хлопчык-трубач Брэсцкай крэпасьці, выхаванец музыканцкага ўзвода 333-га палка, маленькі гэрой абароны, “савецкі Гаўрош”, як яго цяпер называюць. Яму быў давераны гонар трубным сыгналам абвясьціць пачатак урачыстасьці.

    Ледзь толькі ў наступіўшай цішыні змоўк голас яго трубы, як трубачы зводнага аркестра тройчы моцна паўтарылі гэты сыгнал.

    І зараз жа расчыніліся шкляныя дзьверы музэя, і адтуль вынесьлі сьцяг. Сьцяг таксама быў незвычайны: прымацаванае на дрэўку палотнішча аблягаў празрысты цэляфанавы чахол, аберагаючы яго ад пылу і дажджу. Гэта быў баявы сьцяг Брэсцкай крэпасьці, які прайшоў скрозь агонь у адным з галоўных бастыёнаў абароны — ва Ўсходнім форце, потым праляжаў пятнаццаць гадоў у зямлі, — сьцяг 393-га асобнага зэнітна-артылерыйскага дывізіёна. І нёс яго цяпер чалавек, які ў дні баёў зьбярог гэты сьцяг і выратаваў ад ворага, а потым знайшоў яго для нашчадкаў, — кузьнецкі мэталюрг Радыён Семянюк. А з абодвух бакоў яго ганаровым эскортам ішлі асыстэнты сьцяганосца — Гэроі Савецкага Саюза Пётр Гаўрылаў і Міхаіл Мясьнікоў, праслаўленыя гэроі крэпасьці Самвэл Матэвасян і Раіса Абакумава.

    За сьцягам з дзьвярэй музэя на крапасны двор выходзілі людзі з пунсовымі значкамі на грудзях — удзельнікі абароны і жонкі загінуўшых гэрояў.

    Аркестар зайграў “Свяшчэнную вайну”, і пад гукі песьні-гімна першых дзён Вялікай Айчыннай вайны гэроі крэпасьці прайшлі праз натоўп да трыбуны. Яны сталі перад ёю шырокім паўкругам, а ў цэнтры сьцяганосец Семянюк і яго асыстэнты падняліся на невялікі пастамэнт.

    Пачаўся мітынг. Гэрояў віталі працоўныя Брэста, прадстаўнікі дэлегацый, выступаў П. М. Гаўрылаў, гаварыла аб нягодах вайны жонка загінуўшага камандзіра абароны Аляксандра Андрэеўна Зубачова. А потым першы сакратар абкома партыі А. А. Сьмірноў, старшыня гарсавета А. А. Пятроў разам з Гаўрылавым і Зубачовай пад музыку Дзяржаўнага гімна зьнялі палатно з шэрага гранітнага каменя, на якім высечаны надпіс: “Тут будзе пабудаваны манумэнт у гонар гераічнай абароны Брэсцкай крэпасьці ў чэрвені — ліпені 1941 года”.

    Побач з трыбунай чарнеў пагорак сьвежанакапанай зямлі. Гэта была зямля, узятая адсюль жа, з Брэсцкай крэпасьці, з тых месцаў, дзе ішлі асабліва жорсткія баі, зямля, палітая крывёю гэрояў. Доўгай чарадою ў строгім маўчаньні ўдзельнікі абароны падыходзілі сюды, бралі жменю гэтай зямлі і клалі яе да падножжа будучага помніка. А з натоўпу адна за другой выходзілі групы жыхароў Брэста з вялікімі вянкамі і букетамі кветак і клалі іх вакол каменя. Гэта было цэлае мора зелені і кветак.

    Зноў загучаў над крэпасьцю сыгнал трубачоў “Слухайце ўсе!”. Спусьціўся з пастамэнта Семянюк са сьцягам, і, выстройваючыся за ім у калёну, гэроі крэпасьці пад гукі маршу рушылі ў свой круг славы па Цэнтральным востраве.

    Крычаў і апладзіраваў натоўп, скрозь які яны ішлі, перакатамі “ўра” вітаў іх урачыста застыўшы шых вайсковай часьці, і на ўсім працягу гэтага круга славы стракаты лівень кветак сыпаўся на іх з усіх бакоў. Кветкі падалі перад імі, густа ўсьцілаючы дарогу, і гэроі крочылі па гэтым жывым маляўнічым дыване з кветак.

    Яны ішлі ўсхваляваныя да глыбіні душы, са сьлязьмі на вачах, многія адкрыта плакалі. Сапраўды, што павінны былі адчуваць у гэтыя хвіліны яны, людзі, якія прайшлі суровы, цярністы шлях вайны, палону, гора і пакут і якія цяпер ішлі па дарозе славы, па засыпаным кветкамі шляху, сярод бяскрайняга натоўпу людзей, што ў захапленьні віталі іх?!

    Помню, я занепакоіўся, калі ўбачыў у шарэнгах гэрояў Уладзіміра Іванавіча Фурсава. Ён ішоў, выціраючы заплаканыя вочы і цяжка прыпадаючы на сваю штучную нагу. Я ведаў, што кожны крок пакутлівы для яго, а ён адправіўся амаль у двухкілямэтравую дарогу.

    Праз якую гадзіну, калі мы ўбачыліся ў залях музэя, я папракнуў яго:

    — Як жа вы пайшлі, Уладзімір Іванавіч?

    Ён стомлена і сур’ёзна зірнуў на мяне:

        Я тры разы прайшоў бы гэты шлях, каб можна было, — адказаў ён, і я зразумеў яго пачуцьці.

    Калёна гэрояў завяршыла круг славы і вярнулася да трыбуны. І цяпер міма іх парадам прайшлі войскі гарнізона і пагранічнікі. Я не адзін раз бачыў парады на Краснай плошчы ў Маскве — гэты пакідаў не меншае ўражаньне. Маладыя салдаты 1961 года, іх афіцэры, быццам жадаючы выказаць усё сваё захапленьне подзьвігам гэрояў 1941 года, у бездакорным, раўненьні шарэнга за шарэнгай праходзячы перад абаронцамі крэпасьці і іх баявым сьцягам, адбівалі гулкі крок, ад якога ўздрыгвала зямля.

    Потым было адкрыцьцё музэя. П. М. Гаўрылаў перарэзаў стужачку ля ўваходу, і першымі агледзелі яго новыя экспанаты ўдзельнікі абароны. А за імі сьветлыя, прасторныя залі, якія зрабілі б гонар і сталічнаму музэю, запоўніў шматтысячны натоўп наведвальнікаў.

    Праз гадзіну, сфатаграфаваўшыся на памяць з гасьцямі на зялёным схіле землянога вала, усе сабраліся ў паўночна-ўсходняй частцы крэпасьці на закладку парку Гэрояў. Там ужо былі падрыхтаваны маладыя дрэўцы, выкапаны ямы, стаялі аўтацыстэрны з вадой.

    Нельга было без хваляваньня глядзець, як гэрояў, што саджалі дрэўцы, абступілі групы жыхароў Брэста, дапамагаючы ім. Адзін трымаў дрэўца, другі дапамагаў засыпаць яму, трэці бег з вядром па ваду паліваць прысады. І кожны з удзельнікаў абароны напісаў на маленькай бірачцы, прывязанай да дрэўца, сваё прозьвішча, імя, імя па бацьку і адрас. Гэта былі нібы пэрсанальныя дрэўцы, адразу ж узятыя на ўлік і аддадзеныя пад нагляд брэсцкім піянэрам. Яны сочаць за прысадамі і перапісваюцца з гэроямі, якія іх пасадзілі. З таго часу кожны абаронца крэпасьці, з тых, каму не давялося быць тады на ўрачыстай цырымоніі, упершыню прыяжджаючы ў Брэст, абавязкова саджае ў гэтым парку Гэрояў сваё асабістае дрэва. Пройдуць гады, і густы цяністы парк у крэпасьці стане любімым месцам адпачынку для жыхароў горада.

    Пазней гэты пачын атрымаў далейшае разьвіцьцё. Узьнікла думка ператварыць усю крэпасьць у запаведны мэмарыяльны парк, у музэй гераізму нашага народа. У Брэсьце быў створаны пастаянны грамадзкі савет па ўвекавечаньню памяці аб гераічнай абароне крэпасьці. На яго зварот адгукнуліся батанічныя сады і дэндрарыі краіны. Сюды прысылаюць адусюль каштоўныя рэдкія гатункі дрэў і кустоў, прыяжджаюць спэцыялісты-садаводы, высаджваюцца фруктовыя дрэвы, і гэтая зямля, перакапаная жалезам вайны, палітая крывёю гэрояў, усё больш апранаецца ў густое зялёнае покрыва.

    У той сьвяточны дзень гэроі абароны доўга снавалі па крэпасьці. Баявыя таварышы групамі наведвалі тыя мясьціны, дзе яны адбіваліся ад фашыстаў, ускладалі там, на руінах, кветкі на памяць аб загінуўшых сябрах, расказвалі пра баі наведвальнікам. Менавіта тады мінскі фотакарэспандэнт Беларускага тэлеграфнага агенцтва Міхаіл Ананьін зрабіў выдатны здымак, які можна паставіць побач з вядомым здымкам Марка Ганкіна.

    На руінах, сярод абломкаў разьвернутага ўзрывам бэтону, прытуліўшыся ўсім целам да каменнай глыбы, апусьціўшы на руку твар, увесь ва ўладзе нахлынуўшых успамінаў, стаіць чалавек. У яго няма нагі, і побач да каменя прыстаўлена мыліца. Гэты чалавек — Уладзімір Іванавіч Фурсаў, які ўжо на мыліцах, без пратэза, што натрудзіў яму нагу, прыйшоў сюды, на тое месца, дзе ён змагаўся, дзе скалечыла яго на ўсё жыцьцё варожая куля. Побач з ім, таксама апанаваныя ўспамінамі, задумліва глядзяць на гэтыя камяні аднапалчане Фурсава — служачы з мястэчка Жабінка Якаў Каламіец, прараб мінскай будаўнічай арганізацыі Павел Сівакоў, рабочы Магаданскай вобласьці Турсун Хідыраў і старшыня калгаса на Брэстчыне Марк Піскун.

    “Пракляцьце вайне” — так назваў свой цяпер ужо шырока вядомы здымак Міхаіл Ананьін. Гэтае пракляцьце разам з гэроямі крэпасьці пасылае вайне і ён сам, аўтар здымка. Ён жа таксама баец і партызан, і, таксама як Ул. І. Фурсаў, ён быў цяжка паранены.

    Закладкай парку і наведаньнем памятных месцаў крэпасьці яшчэ не закончылася ўрачыстасьць у той дзень. Пазьней быў канцэрт на стадыёне горада, дзе першым нумарам праграмы хор выканаў песьню пра гэрояў Брэсцкай крэпасьці. Вечарам у новым брэсцкім рэстаране “Буг” усе сабраліся на сьвяточную вячэру, і дзень завяршыўся гуляньнем і вялікім фэервэркам.

    Шкада, што яшчэ вельмі мала ў нас урачыстых цырымоніяў, прысьвечаных слаўным падзеям Вялікай Айчыннай вайны! А яны патрэбны і для нас і для будучых пакаленьняў — яны ўзвышаюць душу чалавека, адчыняюць яго сэрца насустрач сьветламу, гераічнаму, мужнаму, яны выхоўваюць і вучаць, яны фарміруюць новага грамадзяніна ў пашане да славы продкаў, да вялікіх спраў народа, у любві да Радзімы, імкненьні самааддана служыць на карысьць ёй, яе міру, яе высокай мэце.

    Я ўяўляю сабе ў думках грандыёзную ўрачыстасьць на паднятых з руін новых вуліцах слаўнага горада на Волзе, дзе магутным намаганьнем народа-волата быў паламаны хрыбет усёй другой усясьветнай вайне, дзе пачвара германскага фашызму атрымала сьмяротную рану. Гэта будзе ўсенароднае і ўсясьветнае сьвята з удзелам дэлегацый усіх дзяржаў, якія змагаліся супраць гітлерызму.

    А якія не падобныя адна на адну і незвычайныя ўрачыстасьці маглі б стаць традыцыяй у горадзе-гэроі і пакутніку Ленінградзе, у баявым Севастопалі, у мужнай Адэсе! Няхай жа так стане, што Брэсцкая крэпасьць зрабіла пачатак такім урачыстасьцям сваім сьвятам дваццацігодзьдзя гераічнай абароны, якое па-сапраўднаму ўсхвалявала ўсіх, хто на ім прысутнічаў.

    Гэтае сьвята ў Брэсьце стане традыцыяй — вырашана ўрачыста адзначаць юбілей абароны крэпасьці кожныя пяць год. І, калі 25 чэрвеня 1961 года гэроі ішлі па ўсланай кветкамі дарозе ў свой круг славы, я міжвольна думаў пра тое, як будзе адбывацца гэтая ўрачыстасьць у далейшым.

    З кожным пяцігодзьдзем будзе ўсё больш радзець гэтая калёна гэрояў, — нічога не зробіш, людзі сьмяротныя. І праз некалькі дзесяткаў гадоў, можа, толькі два ці тры старыя, сівыя вэтэраны панясуць свой сьцяг у цэляфанавым чахле па такой жа засланай кветкамі дарозе славы. А потым ужо не застанецца нікога з абаронцаў крэпасьці, але таксама будзе мнагалюдна на Цэнтральным востраве. Другія, маладыя рукі вынесуць баявы сьцяг з музэя, і ён зноў паплыве над шматтысячным натоўпам, і зноў пасыплюцца кветкі на гэты несьмяротны сьцяг нашай доблесьці і славы, ярка-чырвоны, як пралітая тут кроў гэрояў.

                                                                   ВЯЛІКАЯ СЯМ’Я

    Яна сапраўды ўжо вялікая, сям’я гэрояў Брэсцкай крэпасьці, — мы ведаем больш 300 былых удзельнікаў абароны. І гэта на самай справе сям’я, хоць яна зьбіраецца ва ўсесаюзным маштабе толькі раз у пяць гадоў. Яна аформілася там, у крэпасьці над Бугам, яе саюз змацаваны крывёю загінуўшых, загартаваны ў агні шалёных баёў і непарыўна зьвязаны ўсім тым разам перажытым, што ніколі не зможа забыць чалавек. Няма мацнейшых за такія саюзы, няма больш трывалых за такую сувязь!

    Члены гэтай вялікай сям’і расьсеяны па ўсёй неабсяжнай прасторы нашай краіны, і кожны з іх заняты сваёй працоўнай справай. У іх розныя прафэсіі, розная адукацыя, розныя інтарэсы і імкненьні. Але перад Брэсцкай крэпасьцю, перад памяцьцю тых сьвятых і страшных дзён сорак першага года яны ўсе роўныя — і калгасьнік і кандыдат навук, і сьлесар і заслужаны артыст, і буйны гаспадарнік і сьціплы сельскі фэльчар. Перад ёю, гэтай памяцьцю, яны ўсе — шараговыя салдаты Радзімы, абаронцы першых мэтраў бацькоўскай зямлі, ахвяры вайны і яе палонныя. Два словы “Брэсцкая крэпасьць” робяць іх аднолькавымі, такімі, як іх перадваенныя фатаграфіі, выстаўленыя ў крапасным музэі, на якіх усе яны адзеты ў адны і тыя ж гімнасьцёркі з адкладнымі каўнярамі, і часам цяжка разгледзець, што там на пятліцах гэтага каўняра — “шпалы” маёра, “кубікі” лейтэнанта, трохкутнікі малодшага камандзіра ці гэта звычайны баец без усялякіх знакаў адрозьненьня.

    Калі здарыцца ім сустрэцца дзе-небудзь — знаёмыя ці не знаёмыя, — яны як родныя абдымуцца і разгаворацца. Калі давядзецца аднаму ехаць праз горад, дзе жыве другі, дарагім госьцем і братам будзе ён у доме баявога таварыша. У тых месцах, дзе жывуць некалькі абаронцаў крэпасьці, яны заўсёды сустракаюцца, падтрымліваюць цесную сяброўскую сувязь. Іншыя рэгулярна перапісваюцца, прыяжджаюць наведваць пабрацімаў.

    І я за гэтыя гады пошукаў гэрояў крэпасьці і працы над тэмай Брэсцкай абароны міжвольна таксама стаў нібы членам гэтай вялікай сям’і. Я таксама наведваю іх, калі бываю ў другіх гарадах, і яны, прыяжджаючы ў Маскву, стараюцца сустрэцца са мной ці хоць пазваніць па тэлефоне. Многія ўвесь час пішуць мне, паведамляючы пра ўсе свае навіны, радасьці, а часам і нягоды.

    Зрэшты, цяпер рэдка калі атрымаеш ад каго-небудзь з іх сумнае пісьмо: скончыліся для брэсцкіх гэрояў дні нягод і смутку, і яны ўсюды акружаны клопатамі, гонарам, пашанай, славай. Дробныя чалавечыя непрыемнасьці ў залік не ідуць. І толькі сьмерць часамі прыносіць бяду ў гэтую цяпер шчасьлівую і вялікую сям’ю гэрояў Брэста.

    Некалькі гадоў назад памёр у горадзе Камышыне былы абаронца Ўсходняга форта Іван Якаўлевіч Яфімаў, з якім мы сустракаліся, калі ў 1957 годзе я прыяжджаў у Сталінград. Аб сьмерці Івана Якаўлевіча напісаў мне яго брат. Ён паміраў у камышынскай бальніцы, будучы зусім прытомны, і, разьвітваючыся з братам, сказаў:

    — Я паміраю не ад ран, не ад хваробы, не ад старасці, а ад нямецкіх фашыстаў, і няхай яны будуць тройчы праклятыя за гэта. Так і скажы ўсім, а таварышам з Брэсцкай крэпасьці перадай маё разьвітальнае прывітаньне.

    Памёр у Луганску Міхаіл Афанасьевіч Кананенка, былы сапёр 44-га палка; памёр раптоўна фэльчар 84-га палка, які жыў у Каменскай вобласьці, Сяргей Емяльянавіч Мількевіч; раптоўна абарвалася жыцьцё цудоўнага чалавека і выдатнага ўрача з Масквы Івана Кузьміча Махавенкі; памёр у Тамбове мастак Аляксандр Сцяпанавіч Целешаў, які цяжка і доўга хварэў; зьвёў у магілу тубэркулёз гераічнага інтэнданта Брэсцкай крэпасьці Мікалая Іванавіча Зорыкава, які памёр у 1963 годзе ў горадзе Спіраве Калінінскай вобласьці, і байца 455-га палка, потым брэсцкага партызана Івана Пятровіча Аскірку. А зусім нядаўна памерла тамбоўская “мама” — Вольга Міхайлаўна Крылова. I праўду гаварыў нябожчык Яфімаў: ад якіх прычын не паміралі б гэтыя яшчэ не старыя людзі, яны паміраюць ад нямецкага фашызму, страшнай хваробы, ад якой да гэтага часу не вылечылася да канца заходняя частка Германіі.

    Над нашымі гарадамі не было атамнага выбуху, пасьля якога і цяпер, праз дзесяцігодзьдзі, прамянёвая хвароба забірае ў магілу жыхароў Японіі. Але ў нас ёсць свая радыяцыя мінулай вайны — пакуты і нягоды, прынесеныя фашызмам на нашу зямлю, раны цела, нябачныя раны ў душах, якія пакінуў дзікі фашысцкі палон, усё страшэннае напружаньне сіл народа ў той сьмяротнай барацьбе і шматгадовы, непраходзячы боль аб загінуўшых. Гэта сьляды вайны, якія нельга зьнішчыць, радыяцыя фашызму, пакінутая яго злавеснымі, сьмяротнымі праменямі. Менавіта ад яе ўрэшце рэшт заўчасна паміраюць нашы людзі. І праклён, пасланы фашызму перад сьмерцю гэроем Брэсцкай крэпасьці Іванам Яфімавым, — гэта праклён усенародны і ўсясьветны, праклён усяго мірнага чалавецтва.

    Але гэроі Брэсцкай крэпасьці — байцы і ў мірным жыцьці. Яны не здаюцца ні старым ранам, ні хваробам, ні старасьці. Іх вялікая сям’я жыве ўсюды, горача, цікава, паўнакроўна. І рэдкія сумныя падзеі патанаюць у патоку другіх, радасных вестак аб новых посьпехах, перамогах, дасягненьнях гэтых людзей у іх рабоце, у грамадзкай дзейнасьці, у побыце, у сям’і.

    Вось сьвежае пісьмо з Бранска — ад Пятра Клыпы. У ім — фатаграфія двух малых, што нарадзіліся ў яго адзін за адным у апошнія гады. Пётр расказвае пра сваю нядаўнюю паездку ў Мінск, куды яго запрасіла адна са школ. Ён піша, як быў усхваляваны, калі перад замершым строем піянераў старшыня савета атрада, узьняўшы руку ў салюце, далажыў яму:

    — Таварыш Пётр Сяргеевіч Клыпа! Атрад імя гэроя Брэсцкай крэпасьці Пеці Клыпы пастроены на ўрачыстую лінейку для сустрэчы з вамі!

    Вось другія пісьмы. Сяргей Бабронак з Львова, шчасьлівы, паведамляе аб нараджэньні дачкі; як і ў Пятра, у яго цяпер дачка і сын. Мікалай Белавусаў сьпяшаецца падзяліцца сваёй навіною — ён стаў дырэктарам Арлоўскага драматычнага тэатра. Аляксандр Філь коратка паведамляе, што яго ўзнагародзілі Ганаровай граматай Якуцкай АССР. Клічуць на навасельле адразу двое — Раіса Абакумава з Арла і Ілья Аляксееў з Разані. Сваю кнігу “Увядзеньне ў біялёгію”, якая толькі што выйшла ў Мінску, шле Уладзімір Іванавіч Фурсаў; новы зборнік вершаў прыслаў з Харкава Раман Левін. Многія з удзельнікаў абароны напісалі ўжо і выпусьцілі ў сьвет свае ўспаміны. Сяргей Бабронак — аўтар ужо трох кніг; у Краснадары выйшлі нататкі Анатоля Бяссонава; у Тбілісі на грузінскай мове выданы ўспаміны абаронцы крэпасьці Аляксандра Каландадзе; выйшла з друку кніга пэдагога з горада Кацельніча Кіраўскай вобласьці Мікалая Іспалатава, які разам са сваім братам-блізьнюком Аляксеем, цяпер дацэнтам Маскоўскага інжынерна-будаўнічага інстытута, быў удзельнікам абароны.

    Новыя дзеці, новыя кнігі, новыя кватэры, новыя пасады — жыцьцё вялікае, імклівае, цікавае, напоўненае да берагоў. Яно б’е кіпучай крыніцай з канвэртаў са штэмпэлямі розных гарадоў, з лісткоў, сьпісаных рознымі почыркамі. І за ўсім гэтым адчуваецца дыханьне сёньняшняй краіны, якая працуе, будуе, стварае новае, усяго нашага народа, у шарэнгах якога стаяць радавыя салдаты і працаўнікі Радзімы, яе абаронцы і работнікі — гэроі Брэсцкай крэпасьці.

    [С. 412-426.]

 






 
 



 





Brak komentarzy:

Prześlij komentarz