wtorek, 9 lutego 2021

ЎЎЎ 1. Расьціслаў Папоў. КДБ - обэркат краіны саветаў ды Калыма. Сш. 1. Койданава. "Кальвіна". 2021.

 







 

    Расціслаў Папоў

                                             КГБ — ОБЕРКАТ КРАІНЫ САВЕТАЎ

    *

                                                                    Дзяцінства

    Нарадзіўся я ў дваранскай сям’і: бацька мой быў палкоўнікам царскай арміі. Калі пачалася кастрычніцкая рэвалюцыя (мне было крыху больш за два гады), бацька прыйшоў са службы і сказаў мацеры: “Ольга, збірай дзяцей, трэба ад’язджаць: пачынаецца сабачая ўлада”. А маці — вядома ж, жанчына — у адказ: “Куды я паеду...”

    Бацька махнуў рукою і паехаў. Так мы яго болей і не бачылі. Загінуў, відаць, на грамадзянскай вайне. Маці засталася адна з малымі дзяцьмі: мною і старэйшай за мяне на два гады сястрою. Працавала ў ваенным шпіталі (яна ў свой час скончыла медыцынскі факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта).

    Пачалася польская вайна, было вельмі цяжка. Маці захварэла спачатку на сыпны тыф — выздаравела, але неўзабаве памерла ад зваротнага тыфу. Ішоў ужо 1921 год. Не было каму апекавацца намі, дзяцьмі, і мы трапілі ў дзіцячы дом у Мінску. Там я прабыў хіба што да 24-га года, затым мяне перавялі чамусьці ў Бабруйскі дзіцячы дом. Помню як цяпер, што знаходзіўся ён па вуліцы Карла Маркса, там я прабыў да 27-га года. Адтуль нас, такіх жвавых, як я, хлопцаў, перакінулі ў Парыцкі дзіцячы дом (40 кіламетраў уніз па рацэ Бярэзіне).

                                                                Калектывізацыя

    У Парычах я атрымаў сем класаў адукацыі. Акрамя таго, мяне вывучылі на рахункавода. Многа рахункаводаў патрэбна было тады савецкай уладзе, бо сталі калгасы рабіць. Мне было няпоўных 16 гадоў. Накіравалі мяне ў вёску Прусы Крываносаўскага сельсавета Старадарожскага раёна. Прыехаў я туды на самы разгар калектывізацыі. Калектывізацыю называлі тады яшчэ і ліквідацыяй кулацтва як класа. Гэта толькі лічылася, што Прусы — вёска, на самой справе сяляне там жылі ўсе па хутарах. Былі сярод іх і бяднейшыя, і больш заможныя. Апошнія — гэта звычайна тыя, хто працаваў не разгінаючы спіны. Іх і прызналі па тым часе кулакамі, ворагамі народа, якіх трэба было раскулачыць, гэта значыць знішчыць.

    Як гэта адбывалася. Прыязджаў нарад міліцыі. Да нашай вёскі быў прыстаўлены дваццаціпяцітысячнік, яўрэй з Бабруйска. Ён быў як палітрук, заўсёды хадзіў з наганам. Быў і старшыня калгаса па прозвішчы Мароз, які ведаў і мог пісаць толькі 5 літараў: “М-а-р-о-з”, а ў астатнім быў ён абсалютна непісьменным; гэты нагана не меў. Дык вось яны абодва, яшчэ да іх два міліцыянеры з раёна ды некалькі сваіх сельскіх, нібыта дэпутатаў, завальвалі на надворак да вызначанай няшчаснай сям’і, грукалі ў дзверы і абвяшчалі, што “згодна з рашэннем раённага савета за нумарам такім-та вы падлягасце раскулачванню, г. зн. дзяржава канфіскуе ўсю вашу маёмасць, і вам забараняецца пражываць у дадзенай мясцовасці”. Гібельцам дазвалялася браць з сабой столькі рэчаў і ежы, колькі яны маглі панесці на сабе. Пачыналася галашэнне, слёзы і скрыгат зубоўны, але нікуды не дзенешся.

    Пакавалі яны свае рэчы і харчы ў мяхі, узвальвалі іх на спіну — і на падворак. Там цярпліва чакаў іх любімы конік-кармілец, ужо запрэжаны ў іхні ж воз. Мяхі ўзвальваліся на падводу, зверху саджаліся малыя дзеткі, і гэтае скрушнае шэсце — увасабленне апакаліптычнага няшчасця: спераду вазок з фурманам-дэпутатам і заплаканымі дзецьмі, ззаду нібы гнаныя ў татарскі палон дарослыя, па баках міліцыянеры з вінтоўкамі — рушыла па палявой дарозе праз Крываносы на Старыя Дарогі ў невядомае, насустрач усім сямі пякельным кругам і немінучай гібелі. Але я пра гэта тады яшчэ не здагадваўся, а яны сваім здагадкам, напэўна ж, не хацелі і не маглі даць веры.

    З астатнімі няпрошанымі гасцямі я павінны быў апрыходаваць пакінутую маёмасць: інвентар, будынкі, жыўнасць, гэта значыць пісаць пад дыктоўку: бочка сала, бочка тлушчу, мех грэчкі і г. д. Колькі ў тых бочках было кілаграмаў, нікога не цікавіла. І ўсё гэта размяшчалася на складах на цэнтральнай сядзібе: крупы, мука — асобна, тлушчы — асобна. Скаціну — кароў, коней, свіней, авечак — зганялі на абраны для гэтага хутар. З курамі, гусямі было, канешне, цяжэй; многа іх пералетавала да зімы безнагляднымі — хто хацеў, той і лавіў іх. Сумнае відовішча ўяўлялі пакінутыя хутары: парасхлябаныя пабудовы, куры грабуцца ў пяску, сабакі адзічэлыя хаваюцца ў кустоўі, кот цікуе з адчыненых наўсцяж дзвярэй пуні... Нават свінням удавалася ў той неразбярысе пазбегнуць швайкі і пагуляць нейкі час на прыродзе. На сенавалах ці ў бур’яне можна было знайсці клады яек...

    Якія ж яны былі, каторыя рабілі гэтую агідную працу? Ну вось Мароз. Ён меў пячатку, якую яму прывёз з раёна гэты самы дваццаціпяцітысячнік. Яна была металічная, закручвалася на разьбе. Трымаў ён яе ў палатняным мяшэчку. Пішу я, бывала, пад яго дыктоўку якое-небудзь данясенне, прашэнне ці справаздачу ў раён — ён абавязкова ў канцы загадае прачытаць напісанае і, відаць не верачы, што сапраўды можна запісаць чужыя словы, кожны раз яшчэ і перапытае, ці так я напісаў на самой справе. Пасля гэтага дастане з машны сваю пячатку, доўга на яе хукае, прыкладзе да паперы і так цісне, што аж пот на носе выступіць. Нарэшце адарве пячатку і са шчаслівай усмешкай пачынае любавацца прыгажосцю, паўсталай з-пад яго рукі. Галоўнай яго задачай было, аднак, выконваць распараджэнні дваццаціпяцітысячніка. А той запомніўся мне вельмі добра. Кожную суботу запрагае ён найлепшых коней з найлепшай збруяй у найлепшы воз, загадвае мне паадкрываць кладоўкі і толькі пакрыквае: нясі яму на падводу тлушч, сала, масла, нясі яму грэчку, муку. Наладуе цэлы воз — і ў Бабруйск; прыязджае ў нядзелю вечарам, але ўжо на пустым возе. У наступны выхадны дзея паўтараецца. Вось так ён будаваў калгас. Што здарылася потым з гэтым дваццаціпяцітысячнікам, я не ведаю, але ў Мароза сумленне, відаць, не да канца было разбэшчанае, бо потым ён уцёк у горад, уладкаваўся на нейкай вытворчасці (я яго ў канцы трыццатага года сустрэў у Мінску).

                                                                      Універсітэты

    Але найперш уцёк адтуль я. Застала мяне ў гэтых Прусах глыбокая восень. У пачатку лістапада надта я занудзіўся і задумаўся, што скора будзе 20-е чысло, і мне споўніцца ўжо 16 гадоў, што я тут прападу. Пашпартоў тады ў Савецкім Саюзе яшчэ не было (іх увялі толькі з 34-га года), так што можна было ехаць куды хочаш. І прыняў я, нават на сённяшні погляд. адзіна правільнае рашэнне: паклаў на стол ключы ад усіх тых кладовак, побач — кнігі амбарныя, а на іх зверху пісульку, што мне тут няма чаго рабіць, і пайшоў пяшком на Старыя Дарогі. Прыйшоў якраз да таварнага цягніка на Асіповічы. Скочыў на прыступку. затым па драбінцы ўскараскаўся на дах, даехаў да Асіповіч. З Асіповіч такім жа макарам дабраўся да Мінска. Там звярнуўся я ў адзінае месца, дзе мне маглі дапамагчы, — у камісію “Друг дзяцей”. Там мяне прызналі, пытаюцца:

    — Што, Папоў, рабіць будзеш?

    — Як што рабіць? Вучыцца хачу!

    Аднак для вучобы было ўжо трохі запозна, і мяне накіравалі ў фабзавуч, у МШУ, гэта значыць у Мінскую школу вучнёўства Маскоўска-Беларускай чыгункі. Туды яшчэ можна было ўладкаваць мяне. Прыйшоў я туды, а там групы літарамі абазначаны, і літараў тых поўны алфавіт. Вучылі ў гэтай школе на памочніка машыніста паравоза — так яны там называлі качагара. Абавязак быў адзін: бяры шуфель і шуруй вугаль у топку! Мне і цяпер гэты шуфель цяжкі, а тады я яго нават пустога падняць не мог, а ўжо з вугалем шуфель быў мне ўвогуле не пад сілу. Але я там усё ж правучыўся да вясны. Ізноў задумаўся я, што рабіць далей. Пайшоў шукаць што-небудзь па сабе. Іду, чытаю: Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Думаю сабе: нядрэнна было б будаўніком. Заходжу да сакратара. Сядзіць цётка цэнтнера з паўтара вагою, друкуе (Чайкоўская яе прозвішча). Звяртаюся да яе. Даведаўшыся, што я маю сем класаў адукацыі, яна запэўніла мяне, што я магу да іх паступаць. Тут ужо я свайго шанцу не ўпусціў — уціснуўся ў набор 31-га года. Далі, натуральна, інтэрнат, а яшчэ, як выхаванцу дзіцячага дома, і тоё-сёе з вопраткі: нагавіцы, кашулю, целагрэйку-куртку, спальныя прыналежнасці: сяннік, саломай напханы, навалачку, коўдру байкавую.

                                             Дэфіцыт паперы ў РККА і яго наступствы

    У тэхнікуме я правучыўся чатыры гады і два месяцы, атрымаў спецыяльнасць: тэхнік прамысловага і жыллёвага будаўніцтва. Накіравалі мяне на будаўніцтва памежных умацаванняў, у пагранатрад, у асобую будаўнічую роту. Бо, маўляў, палякі хочуць на нас напасці, задушыць рабоча-сялянскую ўладу на Беларусі — трэба ад іх умацоўвацца. Мяжа тады праходзіла паміж Стоўбцамі (яны былі пад Польшчай) і Негарэлым, якое было пад саветамі. Непадалёк ад Негарэлага было мястэчка Коласава. І там, пад Коласавам, мы будавалі доты — “долговременные огневые точки”. Збудаванне гэтае даволі прымітыўнае, але чарцяжоў быў цэлы тоўсты альбом: на кожную арматурыну, на кожную мутру, на кожны загіб — свой чарцёж, на кожным пастаўлены свой нумар і грыф “совершенно секретно”. Увесь альбом важыў не менш за чатыры кілаграмы.

    А тады вельмі цяжка было з паперай: давалі махорку, а паперы — яе закручваць — не было. Гэта цяпер 10 газет на аднаго чалавека, а тады наадварот: адна газета на 10 салдатаў. Дык адпрацаваныя чарцяжы мы дзялілі, рвалі і курылі. І раптам прыязджае са Смаленска, са штаба Беларускай ваеннай акругі, інспектар, бярэ ў рукі папку (відаць, паўсюдна так было: і ў мяне лістоў пяць не хапала) і пытае: “А где листы?”

    — Як дзе? Хто селядца завярнуў, а хто, можа, і ў прыбіральню схадзіў...

    — Ага! Попались, значит, врагу — поляку! Теперь он нас запросто разобьёт — нахрен нам эти точки!

    Вы, канешне, паверылі, што так і было. На самой справе такое паўтаралася многа разоў, толькі не са мной. Я гэта толькі назіраў. Так я мусіў гаварыць пра сябе ўсё маё жыццё ад суду і да самага апошняга часу, бо розумам разумею, а ўсё ж такі баюся: сядзіць гэты страх у шпіку касцей маіх. А папраўдзе са мной здарылася вось што.

    Атрымаўшы ў 35-м годзе дыплом тэхніка-будаўніка, я намерыўся паступаць у Вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча ў Маскве, але спазніўся: набор там быў ужо праведзены. Прыйшлося мне ні з чым вяртацца ў Мінск. Забралі мяне ў войска і прапанавалі працаваць у разведцы. Выбару не было, мусіў згадзіцца. Гэта так лічылася, што разведка, а на самой справе выкарыстоўвалі мяне як палітычнага кантрабандыста. Рэгулярна мусіў нелегальна пераходзіць на польскі бок мяжы і пераносіць на сабе іншым разам легкі пакет за пазухай, а бывала, і цяжкі рукзак. Што там было ў тых пакетах і рукзаках, не ведаю і да гэтага часу. Але здагадваюся, што гэта былі грошы, ці літаратура, ці яшчэ якія матэрыялы для камуністычных нелегалаў у Заходняй Беларусі.

    Кожны пераход адбываўся на іншым участку мяжы. Перад пераходам трэба было дакладна вывучыць увесь маршрут на макеце. На тым макеце былі абазначаныя нават самыя дробныя дэталі ландшафта, нават каменьчыкі пры сцежцы ці ядлаўцовыя кусцікі на палявой мяжы...

    Вы пытаеце, ці хадзіў я ў Валожын і Клецк? У Валожын — не, а ў Ракаў і Клецк хадзіў пару разоў. Сувязныя чакалі на хутарах, у вёсках, нават у полі. І ў кожным горадзе быў сувязны: у Ракаве — рабін, у Клецку — аптэкар, які меў ці кватэру пры аптэцы, ці аптэка была ў яго доме. Паразумяваліся мы праз паролі, кожны раз новыя. А мяжа з нашага боку пачала тады ўжо ўмацоўвацца: былі нацягнуты некалькі ліній калючага дроту, была заворана і амаль кожны дзень граблілася паласа зямлі, каб ад пільнага вока пагранічнікаў не схавалася любое парушэнне мяжы, нават зайцам. Акрамя таго, нізка над зямлёй былі нацягнутыя паралельна некалькі радоў тонкага дроту. І калі парушальнік, хай сабе і заяц, дакранаўся да яго, дык на пасту ўспыхвала лямпка на кантрольным табло і высвечвалася паказанне, дзе, на якім участку адбылося парушэнне. Ужо тады саветы пачалі ўжываць электронную сістэму сігналізацыі...

    А на польскім баку нічога такога не рабілася, відаць, у польскага ўрада грошай на гэта не знаходзілася. На іхнім баку толькі раз’язджалі патрулі ды часам ладзіліся засады. Калі нелегальны пераносчык трапляў на такую засаду, то мог і жыццё адцаць. Мяне падстрэлілі два разы: першы раз у руку, але, на шчасце, куля прабіла толькі мускул, косці не закранула. Другі раз паранілі мяне ў нагу, ледзь давалокся да кантрольнай паласы. Адляжаўся ў шпіталі і надумаў адмовіцца ад такой службы. Я ведаў, што такая адмова раўнялася дэзерцірству, але разумеў, што ў лагеры, можа, і выжыву, а на гэтай службе рана ці позна ўсё роўна заб’юць. Пайшоў я да камандзіра і далажыў пра свой намер. Ён мяне паспрабаваў угаварыць, прадказваў, што са мною можа стацца, але я стаяў на сваім. Прыйшлося яму далажыць пра ЧП з “вольнонаёмным техником” у асобай часці...

    *

                                                      ВРЕМЕННОЕ УДОСТОВЕРЕННЕ

                                                                   Предъявитель сего

                                                  ПОПОВ РОСТИСЛАВ МИХАЙЛОВИЧ

                                                       действительно состоит на службе

                                                                в войсковой части 04023

                                            в качестве вольнонаёмного техника по ремонту

                                                                технических сооружений.

                                                   Действительно по 30 апреля 1939 г.,

                                      что подписью и приложением печати удостоверяется.

                                              КОМАНДИР ВЧ 04023 МАЙОР МИХАЙЛОВ

    *

    І тут пачалося. Мяне (а заадно і яшчэ 18 чалавек з нашай часці — ад камандзіра роты падпалкоўніка Кісялёва і да старшыны) кідаюць у чорны воран — і ў Мінск, у “амерыканку”. Размясцілі нас па асобных камерах на другім паверсе. Там 16 камер. Прасядзеў я там два месяцы. Выклікалі мяне толькі адзін раз: спыталі прозвішча, імя, імя па бацьку, тое, іншае... Следчы агледзеў мяне з ног да галавы, прымерваючыся: можа, палупіць для фіззарадкі, але перадумаў. Дый за што было мяне лупіць: я шчыра адказваў на ўсе яго пытанні.

                                                                 Турэмная эпапея

    У Мінску ёсць галоўная вуліца, пры маім жыцці яна носіць пяты назоў. Спачатку называлася Захар’еўская, потым Савецкая, затым праспект Сталіна, потым Леніна, цяпер — праспскт Францішка Скарыны. Дык вось на рагу Урыцкага і Савецкай і размешчана паганае гняздо, воўчае логава. Калі вы завернеце на вуліцу Урыцкага і пойдзеце ўздоўж будынка, то ў нутраным двары гэтага агромністага будынка-квартала вам, вольнаму, калі адчыняцца шчыльныя жалезныя вароты, можа, і ўдасца пабачыць кругленькую, як сіласная, вежу. Яна мае два паверхі над зямлёй і два пад зямлёю. Вокны там з фальканье — шклаблокаў: гэта каб святло пападала, а вязень нічога не бачыў. Называлася яна “амерыканкай”, бо збудаваная на амерыканскі ўзор. Дзяжурных там няма, а сядзіць на вярчальным крэсле толькі адзін наглядчык на два паверхі. Круціцца ён на сваім крэсле, а калі палічыць неабходным, дык шчоўкне сваім ключом — і дзверы патрэбнай камеры адчыняюцца аўтаматычна. Камеры радыяльныя, яму ўсё відаць, што ў камеры робіцца, там не схаваешся.

    Рэжым у “амерыканцы” быў такі: у 11 гадзінаў адбой, у 6.00 пад’ём. А днём не даюць ні чытаць, ні пісаць, ні вачэй заплюшчыць. Да сценкі прыткнешся, а наглядчык: “Вы спите!” Папярэдзіў два разы — на трэці адчыняе дзверы: “Выходите!”

    Вязуць цябе ў турму гарадскую, у карцэр, за тое, што спаў у камеры. А там паўтара сутак халоднага, паўтара сутак нармальнага карцэру. На двары ліпень, спёка, дыхаць немагчыма, а тут пастаянна ўключана вентыляцыя — усю душу выцягвае. Бегаеш па камеры туды-сюды, каб не замерзнуць. Праз 12 гадзінаў адчыняюць. Насупраць — камера ўжо нармальная, там можна адпачыць. Праз 12 гадзінаў — ізноў у катавальню. І так з дня ў дзень. Я ў карцэры тры разы прасядзеў за гэты сон.

    Перавялі нас нарэшце ў агульную камеру. Там ужо і паспаць можна было, каб не заўважылі... Але і адтуль я папаў аднойчы ў катавальню. Збоку ад цэнтральнай вуліцы ёсць пад будынкам падзямслле: камеры ўздоўж вуліцы, раней там былі пад столлю і акенцы закратаваныя, цяпер, я бачыў, іх няма. Давялося і мне правесці трое сутак у адной з гэтых катавальняў. Там сярод лета, у млосную спёку батарэі былі гарачыя. Заганяюць туды, даюць селядца на яду... Дзяўбеш, дзяўбеш кавалачкамі гэтага селядца — ужо адныя костачкі засталіся. Нарэшце прыносяць хлеб і абяцаюць яшчэ прынесці вады, але не нясуць. Наўмысна мораць, даводзяць да поўнага вычарпання сілаў, каб ты, значыць, прызнаўся, якія варожыя захады рабіў у дачыненні да працоўнага народа, каб цябе законна ўжо расстраляць.

    Ах, якіх людзей я сустрэў у агульнай камеры! Якія каларытныя асобы чакалі там вырашэння свайго лёсу! Быў, напрыклад, між намі нейкі Васільеў, меў каля васьмі судзімасцяў, але скончыў Болышаўскую трудкамуну. Гэта была такая “фабрыка-перадзелка” жулікаў у нармальных людзей, вось ён яе і скончыў. Яго, вядома, не перарабілі, але чэкістам ён менавіта такі і прыдаўся для далікатных заданняў. Тады яшчэ не лёталі самалёты з Англіі ў Японію і назад, а падарожнікі мусілі ездзіць кур’ерскім цягніком нумар 1 Уладзівасток — Стоўбцы, карычневага такога колеру. Назад ён ішоў пад нумарам 2. Са Стоўбцаў далей у Еўропу ішоў іншы цягнік. Дык вось гэты Васільеў пасля Барысава выхапіў у японскага дыпламата дыпламатычную пошту і выскачыў на хаду з цягніка. За гэта яму Калінін уручыў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Але ці то кавалср ордэна не стрымаўся і зрабіў нейкае рабаўніцтва не толькі для чэкістаў, але і для сябе, ці то быў ён нястрыманы на язык, бо калі я сядзеў у “амерыканцы” (гэта быў ужо 38-ы год), то і ён чакаў там свайго апошняга стрэлу ў галаву. З “амерыканкі” быў адзін шлях — у Курапаты. Расстралялі яго, канешне.

    Міністра ўнутраных спраў Бермана тады ўжо расстралялі. Прыехаў Наседкін, пабыў трошкі, затым Берыя прывёз у Беларусь свайго халуя Цанаву, такую маленькую, тлустую, валасатую свінню. Але ж гэта быў усім нягоднікам нягоднік! Калі ён ішоў па калідоры і не чуў, як людзі стогнуць і крычаць на катаванні, дык ён следчых тых саміх саджаў у камеры. Я пра гэта ўсё ведаў, бо нашыя войскі належалі тады да НКВД і мы ўсіх гэтых міністраў як аблупленых зналі.

    Сядзеў са мною адзін яўрэй — Швацман, Вацман ці то Вейцман... Уся бяда яго была ў тым, што хоць усе жыццё ён пражыў у Мінску, але нарадзіўся ў Бельцах, а на той час гэта была ўжо заграніца. У Мінску была яго сям’я, і тут ён, паўадукаваны чалавек, дайшоў да начальніка ашчадных касаў Беларусі. А быў гэты яўрэй ростам метры пад два, масаю кілаграмаў на 120. Як яго катавалі!

    Выклікаюць аб 11-12-й гадзіне ночы (не раней) на допыт, а вяртаецца ў 3-4 гадзіны раніцы. Яго ўкінуць, ён упадзе. Падняцца не можа, мы яго на нары цягнем. Ён расказваў:

    — Прыходжу, а следчы: “Ну что, признаёшься ?”

    — В чем?

    — В измене Родине.

    Таму, значыць, здраднік радзімы, што з маткай перапісваўся. А яшчэ быў адзін артыкул — “сувязь з сусветнай буржуазіяй”. Бо бацька меў лаўку на польскім баку і гандляваў дзёгцем. Ну і, зразумела, польскі шпіён — у яго было штук пяць артыкулаў.

    — Грамадзянін следчы, маё жыццё як на далоні ў дзяржавы. Я з дзяцінства, з маладых гадоў і да начальніка...

    Ты тут нам херню не разводи, рассказывай, как шпионил.

    Націскае следчы на гузік, і ў кабінет завальваюцца чатыры амбалы, становяцца па кутках. Падыходзіць адзін ззаду, і — шшарах! — рабром далоні па шыі; другі — пад рэбры, трэці — у пах (такі ў іх быў падзел працы). Паваляць на падлогу, звяжуць рукі-ногі і лупяць звязанага, як хочуць, ботамі сваімі хромавымі. Усе следчыя хадзілі ў хромавых ботах. А калі ўжо вельмі дрэнна, выклічуць урача. Той дасць укол камфары, і зноў б’юць, пакуль не задаволяцца. Тады цягнуць у камеру. Ляжаць і яго костачкі недзе ў Курапатах.

    Людзі ў нашай камеры мяняліся канвеерам. Запомніў я яшчэ аднаго яўрэя гадоў за 90. Стаў ён ворагам народа за тое, што некалі працаваў у фірме, якая гандлявала каланіяльнымі таварамі — разынкамі, персікамі. Ён быў курэц заядлы і, канешне, ніколі ў жыцці не быў у такім становішчы, каб прасіць пакурыць, ён не разумеў, што такое “пакурыць”. А табак — гэта вялікі дэфіцыт у турме. Зацяжкі рабілі па чарзе, дым выдыхалі проста ў рот адзін аднаму, каб і капялютачка т-бачнай асалоды не прапала дарам. Гэта спецыяльна даводзілі да такога прыніжэння, каб чалавек мучыўся і маральна, і фізічна.

    Там такое тварылася! Страшна нават успамінаць, а не тое што перажываць.

    Масавыя расстрэлы працягваліся і ў 38-м годзе. Расстрэльвалі ў турме. Выстралы пачыналіся прыкладна а 3-4-й гадзіне ночы і доўжыліся да 6 гадзінаў раніцы, да пад’ёму. Адкуль мы ведалі, што расстрэльваюць? Быў такі дапатопны трактар Чэлябінскага трактарнага завода, глушыцеля ён не меў. Калі пачынаў працаваць, то чуваць яго было за 10 кіламетраў. Заводзілі яго, каб прыглушыць гукі выстралаў. Трупы недзе вывозілі, хутчэй за ўсё ў Курапаты. Колькі людзей там загінула! У адным былым маім тэхнікуме забралі ўвесь выкладчыцкі склад, увесь. Усіх, хто ў часы царызму быў афіцэрам або чыноўнікам якім ці нават якіясьці гуманітарныя навукі выкладаў, — усіх расстралялі. У мяне быў выкладчык Каменскі, швагер Якуба Коласа, ён некалі з Леніным у Казанскім універсітэце вучыўся. І яго схапілі, і Колас не змог выручыць. Расстралялі яго.

    Усё ж некалькі чалавек, такіх бяскрыўдных, як я, выбралі, запхалі ў сталыпінскі вагон і павезлі. Прывезлі ў Полацкую турму. Размяшчалася яна ў былым манастыры, келлі былі перароблены на камеры. Там я таксама дзіўных людзей сустракаў.

    Быў там нейкі Сасноўскі, начальнік адной з чыгунак (хіба Казанскай), а ў першыя гады савецкай улады — сакратар Віцебскага акружнога камітэта партыі (тады акругі былі). Але ж яго й лупілі! Быў ён некалі тлустым, поўным, а тут у яго ад пабояў і голаду тлушч увесь спаў, ён так схуднеў... Калі мы мыліся ў лазні, то скура з жывата вісела, як плява: тлушч прапаў, а скура не сцягнулася. Мучылі яго страшна і забілі на допыце. Гэта тады за партыйцаў-беларусаў узяліся.

    Яшчэ да майго прыбыцця ў “амерыканку” там сядзеў Старшыня саўнаркама Беларусі Галадзед, крыштальнай душы чалавек. Яго так лупілі, што ён ад пабояў душу аддаў. Выклікалі ўрача і загадалі, каб ён напісаў заключэнне, што Галадзед памёр ад сардэчнай недастатковасці. Той і напісаў, бо куды дзенешся: інакш і цябе заб’юць. Забойствы пад час допыту здараліся вельмі часта. Гэтыя садысты проста шалелі ад уседазволенасці...

                                                                    Шлях на Калыму

    З Полацка нас ізноў у сталыпінскі вагон — і ў Оршу. Там перасыльная турма. Памылі-пабрылі. Ну, вядома ж, не брылі, а машынкай стрыглі і галаву, і бараду, і лабкі, і ўсё астатняе. Пабылі мы там дні два-тры, ізноў памылі-пабрылі — і ў Свярдлоўск. Адтуль у Новасібірск, затым былі Іркуцк, Хабараўск і нарэшце Уладзівасток, лагер Втарая Рэчка. Кармілі там сіняй кашай-пярлоўкай з салдацкіх палявых кухняў. Накладалі кашу ў лазневыя тазікі на 10 чалавек адразу. У каго не было лыжкі, мусіў есці пяцярнёй; не паспееш — прапашчая твая справа. Пратрымалі там з паўмесяца. Падыходзіць баржа. Грузімся. На рэйдзе стаіць параход “Дальстрой”. Напічкавалі нас у яго трумы восем з паловай тысячаў чалавек. Параход быў грузавы, у трумах зробленыя нары ў тры ярусы. Увесь пераход доўжыўся 9 сутак. Трэба было з Уладзівастока прайсці Японскае мора, затым па праліве Лаперуза абагнуць Сахалін і перасячы Ахоцкае мора. У дарозе нас застаў шторм, і сухагруз мусіў ісці не па маршруце, а папярок хваляў. Гэта дадало нам яшчэ двое сутак дарогі. Усяго мы плылі 11 сутак замест дзевяці. А паёк быў на 9 сутак — двое сутак есці не было чаго. Усіх ірвала, дзе ні мацнеш рукой, усё слізь... Дзякуй богу, я, маладзейшы і лягчэйшы, ляжаў на самым версе.

    На дванаццатыя суткі прыбылі ў бухту Нагаева. У Магадане ўжо быў снег з дажджом, слота. Ад бухты Нагаева да Магадана тры кіламетры адлегласць, дык дарогу гэтую людзі так змясілі, што атрымалася на ёй нібы рэдзенькая манная каша. Я меў на сабе яшчэ ваенныя галіфэ, шынель і боты хромавыя, дык жыжка гэтая пералівалася праз халявы. Цягнуліся мы калонамі, па баках сцяной стаялі чэкісты з вінтоўкамі — тады яшчэ не было ў іх аўтаматаў. І ледзь хто спатыкаўся, чэкіст адразу яго штыком, каб хутчэй падымаўся. Прывялі ў санпрапускнік, а там: шапку або фуражку ў адзін бок, шынель — у другую кучу, туды рамяні, сюды кашулі, тут боты — кучкі растуць на вачах. І ўваходзіш ужо ў чым маці нарадзіла. І табе адразу апрацоўка: шыхтам стаяць цырульнікі ў белых халатах: адзін валасы стрыжэ, другі — бараду-вусы, трэці — лабкі, пад пашкамі — і пайшоў. Даюць табе такі квадратненькі кавалачак мыла, і ўваходзіш ты ў залу даўжынёю метраў 10, шырынёй метры тры ці два, зверху — суцэльны цёплы дождж. Мыла тут жа растае ў руцэ, ты не паспеў нават намыліцца. Дажджом цябе абмыла, ты выскокваеш, аніякага табе ручніка — лішняй раскошы. Затое ў адным акенцы атрымліваеш бялізну, у другім — ватныя нагавіцы, целагрэйку, кашулю і ўжо пад самы канец — анучкі, валёнкі, бушлат паверх целагрэйкі, зімовую шапку і рукавіцы.

    І ў сталовую! А галодныя! А ў сталоўцы ўжо ляжыць вялізны ахоцкі селядец, тлусты, смачны. Канешне, кожны яго адразу з кішкамі, галавой, жабрамі — з’елі. Тады міску табе баланды, пайку хлеба 600 грамаў. Пад’еў ты, выскокваеш, а тут стаіць повар і відэльцам з вялізнага бака падчапляе вялікі такі пончык. Не верачы сам сабе, просіш яшчэ, а ён:

    — Другі атрымаеш, калі назад прыедзеш, — ведаў, што хрэн хто назад вернецца.

    І тут жа заганяюць цябе без усялякіх адпачынкаў у машыну, якая ўжо стаіць, чакае нас. Машына бартавая, адкрытая. У кузаве ля кабіны сядзяць два салдаты ў тулупах: каўняры вышэй галавы, вінтоўкі паміж ног. А мы ў целагрэечках гэтых і ў бушлатах. Першыя пяць зэкаў павінны былі сесці спіной да салдатаў, другія пяць — тварам да іх, і гэтак пяць радоў — усяго 25 чалавек. Рушылі машына за машынай.

    Ніхто не кажа нам, куды едзем.

    Чым далей ад Магадана і чым вышэй у горы, тым станавілася халадней. У Магадане было мінус 3-5 градусаў, а за Ябланевым хрыбтом — ужо мінус 15. Пад’ехалі да Дэбіна — ужо мінус 25 фа-дусаў. Ад Магадана да прыіску Дэбін ні многа ні мала, але адлегласць больш за 500 кіламетраў — шлях немалы, і адольвалі мы яго пакутліва доўга. Каб мы канчаткова не адубелі, машына рэгулярна спынялася, і мы, здранцвелыя, літаральна спаўзалі з яе. Пасля машына пачынала памалу рухацца ўперад, а мы “даганялі” яе і такім чынам грэліся.

    З Магадана наша калона рушыла позна вечарам. Усю ноч мы ехалі і толькі пад раніцу прыбылі на месца.

                                                                            Калымскія будні

    І вось мы нарэшце на яшчэ не адкрытым прыіску Дэбін. Прыіск — гэта здабыча золата рукамі вязняў, вывезеных на Калыму на знішчэнне. Разам з намі прывезлі палаткі, бочкі з саляркай, шанцавы інструмент: ламы, кіркі-кайлы, рыдлёўкі без чаранкоў, восі і колы для тачак...

    На 30-градусным марозе мерзнуць ніхто не хоча. Брыгадамі, скамплектаванымі яшчэ на перасылцы ў Магадане па 25 чалавек, на чале з брыгадзірамі бярэмся за будаўніцтва жылля. Ачышчаем ад лесу, кустоўя, снегу пляцоўку для ўстаноўкі палаткі, па памерах палаткі размячаем ямы пад каркас, на які потым нацягнем палатку. Ямы трэба капаць у мерзлай глебе, у вечнай мерзлаце. Раскладваем вогнішчы, каб размарозіць грунт. Пад вогнішчам зямля адтае не больш як на 20 сантыметраў. Іншыя члены брыгады валяць выбраны лес на каркас і для суцэльных нараў у будучай палатцы. Выбіраем пасля вогнішча адталы фунт і зноў раскладваем касцёр у ямцы. І так да патрэбнай глыбіні. Пасля гэтага ўстанаўліваем у ямы стойкі каркаса, выроўніваем у створ, засыпаем ужо зноў замерзлым фунтам, трамбуем яго і па стойках устанаўліваем верхні пояс каркаса. На ім мацуем кроквачкі з танчэйшых лістоўніц — і каркас пад палатку гатовы. Па даўжыні каркаса расцягваем палатку і “адзяваем” яе на каркас. Усё — палатка ўстаноўлена, але працы не канец.

    Знадворку замацоўваем ніз палаткі кругляком і па перыметры абсыпаем снегам вышынёю больш за метр да роўню всрхняй абвязкі. Прывезеную салярку мы паспелі ўжо спаліць і з пустых бочак майструем печкі-буржуйкі для абагрэву палаткі, у якой нам жыць яшчэ доўгія гады. У бочцы вырэзваюцца дзве адтуліны: у тарцы — прастакутная для дроў, на супрацьлеглым днішчы — круглая для дыму. Таксама з бочак робяцца дымаходныя трубы і пракладкі, каб не загарэлася палатка. Кладзем гэтую “печ” на зямлю ў палатцы, настаўляем на печ трубы і распальваем. Ура! Маем хату і цяпло! Печы паляцца кругласутачна: дзякуй богу, тайга наўкола, дроў хапае. Гуртам навальваемся на збудаванне нараў: трэба ж на чымсьці спаць.

    Вось у такіх умовах мы абжывалі жыллё, дараванае нам таварышам Нікішовым — начальнікам Дальстроя, а дакладней, начальнікам фабрыкі смерці. Мала якому зэку на Калыме было наканавана выжыць, але, перш чым ён памрэ, з яго трэба было выціснуць, што толькі магчыма, на карысць дзяржавы. Памерлых у чым маці нарадзіла складвалі зімой у штабелі вышынёй у рост чалавека: каб не раз’ехаліся, аднаго клалі галавой налева, другога — направа, зверху прыкрывалі вечназялёным сланікам, якога там многа расло навокал. Вясной жа выганялі “дахадзягаў” (здаровыя, яшчэ “нядошлыя”, здабывалі золата краіне), і яны цягалі дровы, раскладвалі вогнішча, адтайвалі мёрзлы грунт, капалі шурф памерам метр на метр, глыбінёй 3 метры. У сценках шурфа прабівалі “лісіныя норы” даўжынёй паўтара метра. У гэтыя “норы” падрыўнікі закладвалі аманіт, шурф засыпалі, для змацавання залівалі вадой. Усё змярзалася, і пасля гэтага яго падрывалі. Утвараўся вялізны катлаван, у які бульдозерам спіхвалі трупы. Трупы пры падзенні ў трохметровую яму разбіваліся, бо мёрзлае цела крохкае: у аднаго адломвалася галава, у другога рука, у трэцяга нага, а іншы ламаўся папалам. Страшнейшага за гэтую карціну пахавання нашымі слаўнымі чэкістамі і ўявіць немагчыма.

    На Калыму вязняў, як быдла, толькі завозілі. Адтуль жа не вывозілі нікога. Тры акіянскія гіганты-сухагрузы — “Дальстрой”, “Трансбалт” і “Джурма”, пераабсталяваныя пад перавозку няшчасных, бралі на борт з Втарой Рэчкі ва Уладзівастоку адпаведна 8500, 5000, 3000 чалавек. Гэтая “тройка” за адзін рэйс прывозіла да 16 000 рабоў. Рэйс Уладзівасток — Нагаева доўжыўся восем сутак. Навігацыя працягвалася шэсць месяцаў, з мая і да канца лістапада. У год рабілася па 10 рэйсаў, і фабрыка смерці на Калыме атрымоўвала па 160 000 вязняў.

    На ўсіх прыісках Калымы за год памірала ад 10 да 20% спісачнага складу вязняў, які, аднак, рэгулярна папаўняўся з “мацерыка”. Чэкісты на Калыме, на сваёй фабрыцы смерці, загубілі хіба не адзін мільён імі ж рэпрэсаваных людзей. І вось дзяржава замест таго, каб пакараць гэтых катаў, чэкістаў сталінскіх часоў, гэтых начальнікаў лагераў, оперупаўнаважаных, стралкоў-ахоўнікаў, большасць з якіх сапраўдныя садысты, паабвешвала іх урадавымі ўзнагародамі, добра ведаючы, што кожная такая ўзнагарода аплочана жыццямі бязвінных ахвяраў.

    На Калыме паўмільённая армія вязняў здабывала вялізную масу золата, за што ў гады вайны Калыма лічылася рэгіёнам абарончай прамысловасці, а ўсе чэкісты, што знішчалі загнаных туды вязняў, — удзельнікамі вайны. Ім за поспехі ў здабычы золата выдаваліся такія ж узнагароды, як і франтавікам, а вось вязням і былым зэкам, якім удалося вызваліцца ў гады вайны і якія працягвалі працаваць на здабычы золата, урадам узнагароды не выдаваліся. Кожны чэкіст у пагоні за ўзнагародай лютаваў над зэкамі, прымушаючы іх яшчэ больш здабываць золата. За гэта яму выдаваўся чарговы ордэн і грашовыя прэміі.

    Калі зэк ад знясілення і голаду не выконваў норму, яго пакідалі там жа ў забоі на другую змену, каб ён яе давыканаў; там ён звычайна і паміраў. Нікому з чэкістаў не абыходзіла жыццё зэкаў, асабліва жыццё “фашыстаў”, гэта значыць асобаў, асуджаных згодна з артыкулам 58 Крымінальнага кодэксу РСФСР “Особыми совещаниями”, “тройками”, “спецтройками”. Такога кантынгенту ў лагеры было да 95%. На Калыму завозілі і “бытавікоў”, гэтых кончаных рэцыдывістаў, злодзеяў усіх прафссій: кішэннікаў, медзвяжатнікаў, майданнікаў, штапарылаў, бандытаў, рабаўнікоў, гвалтаўнікоў, забойцаў, садыстаў і г.д. Адтуль яны не маглі ўцячы з-за геаграфічнай аддаленасці Калымы. Гэтых “блатароў” чэкісты называлі “нашымі савецкімі людзьмі”, якія “часова заблудзіліся” і якіх “можна перавыхаваць”. А вось “фашыстаў” няма чаго перавыхоўваць, іх зямля перавыхавае, і таму прыкладаліся ўсе намаганні, каб як мага болей іх знішчыць. I знішчалі рукамі гэтых “савецкіх людзей”.

    Каб хутчэй дасягнуць сваіх мэтаў, чэкісты ставілі “нашых савецкіх людзей” на кіраўнічыя пасады: камендантамі, нарадчыкамі, брыгадзірамі. У сталовых працавалі толькі блатары. Як энергічна, з якім імпэтам выслужваліся яны перад начальствам, гвалтам прымушаючы зэкаў працаваць звыш сілаў! Брыгадзіры-блатары хадзілі з дрынамі, па-іхнаму — з “шуцільнікамі”, якімі яны збівалі тых, хто працаваў. Нярэдка здараліся выпадкі, калі ад удару “шуцільнікам” па галаве ў асуджанага праломваўся чэрап, і ён тут жа паміраў. Наглядчыка ніхто не абвінавачваў у забойстве, бо ён забіў не каго-небудзь, а “фашыста” і не за што-небудзь, а за тое, што той “дрэнна” працаваў. Чэкісты Калымы тварылі генацыд і рукамі блатароў. За найменшае невыкананне загадаў не толькі саміх чэкістаў, але і “савецкіх людзей” на пасадах зняволены мог атрымаць, акрамя збіцця “шуцільнікам”, неацяпляльны карцэр з 300-грамовай пайкай хлеба ў суткі і чарпаком смярдзючай баланды на чацвертыя суткі з вывадам на работу пры саракаградусным марозе з вецярком. А гэта значыць абмарожанне, смерць, ты — дубар, тваё месца ў трупярні. Сталінская Масква тых часоў таксама нядрэнна дапамагала чэкістам на Калыме ў знішчэнні вязняў: яна прысылала ім на дапамогу так званых вольнанаёмных, але пра іх трохі пазней.

                                                        Серпанцінка — фабрыка смерці

    У глухім месцы па дарозе на прыіск Партызан Паўночнага горнага ўпраўлення ў 1937 годзе была адчынена Серпанцінка — магутная фабрыка смерці, куды Масква прысылала спецыяльных чэкістаў. З усіх прыіскаў вязняў, ад якіх хацелі пазбавіцца найперш, накіроўвалі ў Серпанцінку, дзе іх расстрэльвалі на працягу 24 гадзінаў...

    Калі я быў на трэцім участку прыіска Дэбін, да нас прыбыў пажылы зэк з прыіска Адзінокі Паўночнага ўпраўлення. Ён расказаў наступнае:

    — Сам я — карэнны. жыхар Адэсы, працаваў гарбаром на заводзе. Неяк у палудзенны перапынак мы, рабочыя, гутарылі пра жыццё рабочых розных краінаў, і я сказаў, што рабочы ў Амерыцы жыве лепей, як у нас. Праз некаторы час пасля гэтай гутаркі мяне арыштавала НКВД, і следчы спытаў у мяне, ці я гэта гаварыў. Я пацвердзіў. Мяне абвінавацілі ў контррэвалюцыйнай агітацыі і далі 10 гадоў папраўчых працоўных лагераў плюс тры гады паражэння ў правах. Так я апынуўся на Калыме, на прыіску Адзінокі. Я па на-цыянальнасці яўрэй, а яўрэі ведаюць, што трэба прысылаць на Поўнач.

    У канцы 1937 года я атрымоўваю з дому пасылку з салам і часнаком. Не паспеў я адкрыць пасылку, як ля мяне з’явіўся “наш савецкі чалавек” і запатрабаваў даць яму сала і часнаку. Я яму адмовіў, адказаўшы, што хай яму прышлюць, як і мне. Помсцячы за гэта, блатары аформілі мяне ў Серпанцінку — быццам бы за контррэвалюцыйную агітацыю, выдатна ведаючы, што адтуль звароту няма. Тут жа мяне этапавалі, адабраўшы пасылку.

    — Там яна табе не спатрэбіцца, — аб’явіў здзекліва нарадчык. А чэкіст, які афармляў маё этапаванне, толькі ашчэрыўся.

    І вось я ў Серпанцінцы. Жыцця майго засталося толькі на 24 гадзіны. Выклікаюць мяне да следчага, іду пад канвоем да яго. Следчы сядзіць, нешта піша.

    — Прозвішча, імя і імя па бацьку? — пытае ў мяне.

    — Этнес Ісаак Янкелевіч! — адказваю я.

    Пасля чаго следчы падымае галаву і пытае:

    — Гэта ты, Ісак?

    Я не веру вачам сваім: перада мной — мой камандзір эскадрона з дывізіі Катоўскага. У гады грамадзянскай вайны я быў яго ардынарцам. Дазнаўшыся, за што я папаў на катаргу, ён сказаў:

    — Хіба ты не бачыш, які цяпер час?

    Гэты следчы пакінуў мяне сваім днявальным, у простым разуменні — халуём. Акрамя днявальства я мусіў сартаваць знятыя з расстраляных рэчы: шапкі асобна, целагрэйкі асобна, кашулі, нагавіцы ватныя, порткі летнія, валёнкі, анучы, трусы, майкі — усё паасобна. Расстраляных закопвалі голымі: хаваць расстралянага ў майцы і трусах лічылася раскраданнем сацыялістычнай маёмасці.

    Усе следчыя, што вялі за 24 гадзіны афармленне расстрэлу, прыбылі з Масквы, іх было многа. Прыём, утрыманне, а таксама іншыя функцыі выконваў каменданцкі ўзвод з калымскіх чэкістаў — катаў на падбор.

    У Серпанціне я знаходзіўся больш за год, і калі па сканчэнні камандзіроўкі следчыя зазбіраліся ў Маскву, то мой камандзір прапанаваў мне адправіцца ў саўгас “Эльген”, бо там праца лягчэйшая. Але я, увераваўшы, што з Калымы мне ўсё роўна не вярнуцца, рашыў хоць адпомсціць маім крыўднікам і папрасіў накіраваць мяне назад на прыіск Адзінокі.

    Прывозяць мяне назад. На вахту з’яўляецца нарадчык, які мяне на смерць адпраўляў. Ён бязмежна здзіўлены і не можа зразумець, як мне ўдалося вярнуцца з таго свету. У прысутнасці чэкістаў ён пытае мяне:

    — Чаго ты сюды прыехаў?

    — Мяне прыслалі, каб я цябе туды адправіў! — адказаў я двухзначна.

    Пачуўшы гэта, начальства палічыла за лепшае адправіць мяне куды-небудзь далей. Тэрмінова выклікалі канвой і, не ўпускаючы ў зону, хуценька этапавалі да вас, на прыіск Дэбін. І вось я тут.

    Выпадак унікальны, калі вязень, адпраўлены на пэўную смерць у Серпанцін, вярнуўся жывым.

    Кампанія хуткіх расстрэлаў пачалася там у 1937 годзе і скончылася ў 1939-м. Фабрыка смерці працавала кругласутачна. Бульдозер, які капаў роў для пахавання, працаваў таксама ўсе 24 гадзіны. Колькі там расстраляна, ведае КГБ, але ні за што не паведаміць тых жахлівых лічбаў. Толькі роў Серпанцінкі можа адказаць на гэтае пытанне, бо ахвяры чэкістаў ляжаць нятленныя ў вечнай мерзлаце.

    А цяпер працягну пра прыіск Дэбін. За кавалак дрэнна выпечанага хлеба, за чарпак смярдзючай баланды, каб не памерці з голаду, мы, катаржнікі, працавалі без выхадных і без адпускоў па 12-14 гадзінаў у суткі. Ганялі нас на працу горш, чым быдла, пералічваючы ў страі па 10 разоў на суткі, а то і часцей. Першы пералік — ранішняя паверка, другі — ля вахты лагера, трэці — пры прыёме канвоем для адпраўкі на працу, чацверты — пры запуску ў забой, пяты — палудзенная паверка, шосты — паверка перад зняццем з працы, сёмы — прыём канвоем для этапавання ў лагер пасля сканчэння працоўнага дня, восьмы — перад здачай у лагер, дзевяты — прыём у лагеры, дзесяты — вячэрняя паверка перад адбоем да сну.

    Асабліва многа вязняў памірала зімой. Старыя і хворыя-сардэчнікі мерлі як мухі яшчэ і з-за недахопу кіслароду на Калымскім высакагор’і. Дзякуючы катаржнай працы зэкаў, падганяных штыкамі і сабакамі чэкістаў, прыіск Дэбін рос хутка, у адпад ляцелі трупы... Вось ужо выбудаваны лагер, у асноўным палатачны. З дрэва збудавалі кухню са сталовай, капцёрку, прахадную, морг (!), санпункт, кантору начальніка лагера, выбудавалі прампрыборы для намыву золата, казарму для чэкістаў, вальеры для сабакаў. Усю тэрыторыю абнеслі калючым дротам, абсталявалі перадзоннік, устанавілі вышкі па кутах гэтага “храма”. Выбудавалі таксама і кантору прыіску, жыллё вольнанаёмным.

                                                                            “Вальняшкі”

    Тут пачалі прыбываць “вальняшкі” з мацерыка. Акрамя чэкістаў і “савсцкіх людзей”, над зняволенымі панавалі і “вальняшкі”, гэта значыць вольнанаёмныя. Камуніста, які ўчыніў крымінальнае злачынства на мацерыку і быў выкрыты, вельмі часта аддавалі не пад суд, а выклікалі ў партыйныя органы і прапаноўвалі загладзіць сваю віну працай на Поўначы, на Калыме. Ну то ж ці знойдзецца такі дурань, які выбера зняволенне, а не волю. Вось з каго ў асноўным складаліся вольнанаёмныя кадры Дальстроя. Большасць з іх былі п’яніцы, садысты, шкурнікі; такімі яны заставаліся і на Калыме, з той толькі розніцай, што ім адкрывалася большае поле дзейнасці. Прыстойны чалавек сярод іх сустракаўся вельмі рэдка.

    Так, у непагадзь зняволеным па нормах належала 25 грамаў спірту на дзень, гэта значыць на такім прыіску, як мой перадапошні — Ат-Урах, каля 6 тонаў. Канешне ж, “фашысты” яго і ў вочы не бачылі. “Савецкім людзям” часам перападала. Затое вольнанаёмныя літаральна купаліся ў гэтым шляхетным напоі. Дзе ні ўбачыш “вальняшку”, ён абавязкова пад мухай. Ім на Калыме быў божы рай.

    За 9 гадоў майго побыту на Калыме я пабываў на трох золатаздабыўных прыісках, пачынаючы з прыіску Дэбін у 1939 годзе. Затым быў на прыіску Ат-Урах з 1941 года (25 000 зняволеных) і затым на прыіску Джэлгала. Я на сваёй шкуры спазнаў, хто яны такія, гэтыя “вальняшкі”, бо не сустрэў аніводнага вольнанаёмнага, які б па-людску трактаваў зняволеных, асабліва “фашыстаў”. Пакуты і цярпенні вязняў прыносілі гэтым садыстам сапраўдную асалоду — “фашистам так и надо!”, хаця з блатарамі яны вадзіліся: гулялі ў карты і г. д.

    Адзін з гэтых дагаворнікаў працаваў у нас загадчыкам сталовай і аднойчы прайграў блатарам у карты ўсе прадукты. Прывялі зняволеных у сталоўку, а там як вымецена: ежы ні крошкі, а загадчык дрыхне як забіты.

    А яшчэ быў начальнік будцэха нейкі Шубін, дуб дубам, нічога не цяміў у будаўніцтве. Дык ён набраў сабе высокакваліфікаваных інжынераў-зэкаў, і яны ўсё за яго рабілі, а ён толькі ордэны атрымоўваў ды п’янстваваў.

    Многія начальнікі мелі халуёў з ліку зэкаў, якія афіцыйна называліся днявальнымі. Дык вось адзін начальнік КВЧ меў за днявальнага старога ўкраінца гадоў за 60. І аднойчы, калі гэты днявальны хадзіў па складах, атрымваючы пайкі свайму “господину”, нехта выкраў грошы, якія гэты начальнічак, маючы вялікую зарплату, збіраў і хаваў дома. Выявіўшы кражу, начальнік так збіў свайго халуя, што той на месцы сканаў. Усе астатнія “вальняшкі” былі ніколькі не лепшыя, таму і апісваць іх больш не буду. Адзначу толькі, што яны мелі багатыя запалярныя пайкі, нягледзячы на тое што ішла вайна. Акрамя таго, да сваіх пайкоў, яны атрымоўвалі 100% надбаўкі, а таксама браню ад фронту і магчымасць задавальняць свае распусныя схільнасці.

                                                                          Расстрэл

    Як заўжды, мы працавалі ў забоі на ўскрыцці тарфоў. Стаяў страшэнны сваімі маразамі месяц снежань. Пасля 14-гадзіннай працы на марозе ўсе з нецярпеннем чакалі, калі ж павядуць у лагер, каб там адагрэцца ля печкі ў палатцы. Было 9 гадзін вечара, і вось, нарэшце, прабіў адбой. Зняволеныя пачалі выстройвацца брыгадамі для чарговага пераліку. Вывелі з забою калонай па чатыры чалавекі ў шэрагу, і тут начальнік канвою абвяшчае, што вядзе нас не ў лагер на вячэру і заслужаны адпачынак, а ў лес па дошкі на будаўніцтва лагера.

    Тут трэба патлумачыць, што ўсе працаёмкія работы па будаўніцтве лагера пад прымусам начальства выконваліся зняволенымі па-за працоўным часам пасля выканання абавязковых нормаў на асноўнай вытворчасці.

    Дошкі на будаўніцтва лагера выпільваліся ўручную прадольнымі піламі ў лесе за 7 кіламетраў ад лагера.

    Зняволеныя былі да крайнасці стомленыя і змардаваныя. А тут, каб прынесці гэтыя дошкі з лесу ў лагер за сем кіламетраў, трэба патраціць яшчэ чатыры гадзіны. Пасля гэтага на вячэру і сон застаецца ўсяго шэсць гадзін, чаго яўна не хапае. Вымучаны чалавек у такіх абставінах губляе астатнія сілы і ў кароткі тэрмін памірае. А гэта толькі і трэба чэкістам, бо яны, зэкі, прывезеныя на Калыму для знішчэння.

    Усе дамовіліся не йсці па дошкі, і, калі канвой скамандаваў “Марш!”, калона села на дарогу ў снег. Канвой пачаў мацюгацца і патрабаваў ісці па дошкі. Аднак ніхто з зэкаў не ўстаў, калона працягвала сядзець. Праз некалькі хвілін прыбягае камандзір роты чэкістаў, нягледзячы на мароз, апрануты шыкоўна дый пад градусам. Пытаецца ў канвойных:

    — В чём дело?

    Тыя яму тлумачаць. Тады ён падыходзіць да галавы калоны, дастае наган, настаўляе яго на першага ў шэрагу і камандуе:

    Встать!

    Той адказвае, што ён сваю норму выканаў, стаміўся і па дошкі ісці не можа. Камандзір роты чэкістаў страляе ва ўпор, зняволены валіцца на дарогу. Забойца накіроўвае наган на наступнага і ў шале раве:

    — Встать!!!

    Канваіры пачынаюць страляць у паветра, калона цяжка падымаецца і цягнецца па дошкі. Ішоў 1939 год...

                                                                           Пра Гараніна

    Гаранін быў намеснікам начальніка ГУС ДСНКВД СССР. Начальнікам яго быў генерал Нікішоў, той быў катам з звышкатаў, бо гэта з яго санкцыі так лютавалі ягоныя падначаленыя. Іншага такога ката я за ўсе сваё жыццё больш не сустракаў.

    Прыязджае гэты Гаранін, кат слабейшы, на прыіск у чорнай варанёнай машыне (называлася ЗІЛ ці ЗІМ, такая ўрадавая машына). Вылазіць: на ім скураное паліто, пад скураю футра воўчае, на нагах замест валёнкаў воўчыя унты. На галаве эскімоская шапка з доўгімі вушамі, на руках футравыя крагі. Паліто падперазанае рэменем, на рэмені злева вісіць маўзер, ручка скіравана ўперад. Коратка, нібы гаўкаючы, распытвае, які прыіск, які ўчастак, дзе начальнік участка. А начальнік участка, даведаўшыся, што едзе Гаранін, абачліва ўцёк у тайгу. ён хоць і вольны быў, але яны, вольныя, баяліся яго гэтак жа, як і зняволеныя.

    — Ага, а кто здесь начальник прибора?

    І той, таксама вольны, уцёк.

    — Кто бригадир?

    Яўляецца брыгадзір, дакладвае.

    — Какой выполнили план за вчерашний день?

    А выкананне плану па намыве золата паведамлялі ў цэнтр штодзённа. Аказваецца, за мінулыя суткі план быў выкананы толькі на 87%.

    — Почему не выполнили план? Кто не выполняет, подать их сюда!

    Прыводзяць. Гэты бедны бурыльшчык ледзь стаіць на нагах. Галава ў яго як бязмен, шыя як макароніна, высах ужо ад голаду. Гаранін прымушае яго назваць сябе і артыкул, па якім той асуджаны. Даведаўшыся, што артыкул 58-10, каментуе:

    — Что, на свободе занимался контрреволюционной агитацией, а здесь не хочешь работать на советскую власть? В сторону! Второй!

    З другім тая ж гісторыя.

    — Как, 58-7, на свободе занимался, значит, вредительством, а здесь советской власти не хочешь помогать? В сторону к первому!

    І так набярэ чалавек 5 “контриков”, як яны іх называлі. Раптам націскае гузік на вечку кабуры, вечка само адчыняецца. Дастае шырокі, як карась, маўзер і — бах у аднаго: скруціўся той і ўпаў, толькі вецер варушыць пасмык ваты з целагрэйкі, дзе куля вылецела. Астатнія, бачачы сваю пагібель, спрабуюць уцячы, але ж, аслабелыя, бегчы па-сапраўднаму не могуць, а толькі трушком. Ён — бах! бах! бах! — пералажыў усіх і прамаўляе да здранцвелых ад жаху вязняў:

    — Передайте всем негодяям: кто вздумает не работать на советскую власть, всех их постигнет такая же участь.

    Сядае ў машыну і адпраўляецца на іншы прыіск.

    Так ён лютаваў да сярэдзіны 39-га года, а потым раптам знік. Дык чэкісты распусцілі прыемнапахучую чутку, што гэта быў не сапраўдны Гаранін, што сапраўднага Гараніна японцы, маўляў, забілі па дарозе на Калыму, а замест яго прыслалі свайго агента. А ён на працягу трох гадоў размаўляў па прамым провадзе са Сталіным, шпіён японскі! Такую вось лапшу вешалі дурням на вушы...

    Падпалкоўнік Гаранін узначальваў расстрэльную тройку. Усяго на Калыме было расстраляна не меней 26 тыс. зняволеных. Сам з садысцкім задавальненнем расстрэльваў безабаронных людзей. У 1939 годзе быў застрэлены і сам Гаранін, але не за самаволю, а ў ходзе “ліквідацыі ліквідатараў”. Гл.: Жак Россн. Справочнык по ГУЛАГу. М., 1991.

                                                                     Саракавы кіламетр

    Калі пачалася вайна, дык усіх такіх, як я, літарных, што мелі нібыта сувязі з ворагам, сабралі ў лагеры на прыіску Джэлгала. Гэта быў мой трэці прыіск на Калыме. І там я канчаткова дайшоў, стаў “дахадзягам”. Адправілі мяне “папраўляць” здароўе на ТЭС-1. Пры гэтай цеплаэлектрастанцыі быў гэтак званы “пищекомбинат”. Гэта летам такія дахадзягі, як я, збіралі па тайзе ягады, грыбы, ссыпалі ў бочкі і прывозілі на камбінат. Там ягады высыпалі ў чаны, дзе яны брадзілі: так выраблялася віно. Каму і куды яно ішло, магу толькі здагадвацца. Грыбы марынавалі, сушылі. Але ж пры гэтым харчкамбінаце быў яшчэ і карбідны цэх. Карбід — гэта прадукт перапрацоўкі нягашанай вапны і коксу. У гэтым цэху праз два тыдні пачынаеш харкаць крывёю, праз месяц загінасшся зусім. Вось туды, да гэтай вапны, і паставілі мяне папраўляць здароўе. Працаваў я там з Мустаф’евым Мікалаем, карэнным адэсітам, мараком, асуджаным “Особым совещанием”. Нягледзячы на такія цяжкія ўмовы працы, кармілі нас так, каб мы выпадкова не здолелі паправіцца; голад мучыў страшэнна. Думалі мы, думалі і надумалі прабрацца да таго віна. Бочкі былі за сеткамі, кратамі, але мы знайшлі спосаб — дабраліся да бочкі, прабілі скарынку ледзяную, набралі цэлае вядро гэтай кісла-салодкай пурцоўкі і паперлі на пякарню. А там працавалі былыя зэкі, але ўжо вольныя. Яны нам за вядро бурды давалі баханку хлеба. Аднак нядоўга цешыліся мы нашай кемлівасцю: злавілі нас, далі нам па 6 месяцаў штрафняку і адправілі на Саракавы кіламетр у лагер смерці. Самы здаровы са зняволеных, які трапляў туды, не выжываў даўжэй за чатыры месяцы — немінуча паміраў ад знясілення.

    Гэта была роўная пляцоўка за 500 метраў ад трасы. Яна была абнесена калючым дротам у 20 радоў, па кутах стаялі вартавыя вежы, на прахадной дзень і ноч дзяжурыла ахова (так сказаць, пільнае вока), папярэджваючы ўцёкі зняволеных. А ўцёкаў гэтых ніколі і не здаралася, бо куды ўцякаць? Вакол “галодная” тайга на тысячы кіламетраў, ды і ўцякаць няма каму: зняволеныя — адныя дахадзягі з лагера акціраваных.

    За калючым дротам стаяла 6 баракаў, у двух было размешчана 250 штрафнікоў, з якіх 200 чалавек былі амаль што мерцвякамі. Яны ўжо не ўставалі, гэтыя шкілеты, абцягнутыя скурай. 50 чалавек, надзвычай знясіленых, яшчэ выганялі ладаваць нарыхтаваны ўручную торф, які па вузкакалейцы вазілі на ТЭС цэнтральнага лагера. Адтуль у канцы лістапада і мяне этапавалі сюды ў штрафняк, на верную пагібсль.

    Лагер на 40-м кіламетры — гэта апошні этап жыцця на Калыме. Тут замест расстрэлаў зняволеных забівалі голадам. Чэкісты разнастаілі метады масавых забойстваў. Вучоныя-медыкі сістэмы лагераў Дальстроя “навукова” абгрунтоўвалі рацыёны харчавання, ад якіх ніякі здаровы чалавек не выжыў бы даўжэй за 6 месяцаў. А што тут ужо было гаварыць пра дахадзягаў...

    Адзетыя штрафнікі былі па форме лагераў, адкуль іх этапавалі. Нягледзячы на моцныя маразы (а ў раёне Аймякона яны даходзілі да 60 градусаў), валёнкі зняволеным не выдаваліся з 1941 года. Абувалі зэкаў у чуні — хадакі з вяровак. Адзенне дахадзягаў было другога ці нават трэцяга тэрміну, знятае з памерлых або расстраляных зэкаў. Сустракаліся, аднак, і зэкі, абутыя ў валёнкі, адзетыя ў лагернае абмундзіраванне першага тэрміну: зразумела, гэта былі крымінальнікі, “нашыя савецкія людзі”, якія папалі туды хіба што выпадкова.

    Вось у гэтым лагеры і апынуліся мы з Мустаф’евым Мікалаем. Аднак калі мы былі яшчэ ў папярэднім лагеры, то даведаліся, што туды з цэнтра ўжо прыйшлі нашыя ўліковыя карткі з пазначэннем тэрміну вызвалення. Мы, такім чынам, ужо ведалі, што мне да дня сканчэння тэрміну зняволення заставалася яшчэ 2 месяцы і некалькі дзён, тэрмін Мікалая канчаўся на месяц пазней. Сталі мы думаць ізноў, як жа нам уратавацца на гэтыя апошнія месяцы ад галоднай немінучай смерці...

    А начальнікам лагера быў чэкіст маёр Ярома, гадоў шасцідзесяці, з ярка выяўленай схільнасцю да “зялёнага змея”, нервовы, вялікі аматар рукапрыкладства, гэта значыць па ўсіх мерках чэкіст сталінскіх часоў. Начальнік Яромка, так называлі яго зэкі, знаходзіўся ва ўзнёслым стане: ён перажываў мядовы месяц.

    Кіламетраў за 25 ад нашага лагера знаходзіўся чыста жаночы лагер саўгаса “Эльген”. Начальніцай там была вядомая на ўсю Калыму яўрэйка Цымерман. Яна праславілася выключна садысцкімі паводзінамі ў дачыненні да зняволеных жанчын. Пра яе хадзілі неверагодныя чуткі. Расказвалі, што за сама малую правіннасць яна з вінаватае бізуном скуру здзірала...

    Дык вось з гэтага лагера вызвалілася адна маладая жанчына, яе і “засватаў” маёр Ярома. А куды ёй было дзецца? Калі мы прыбылі ў штрафняк, у начальніка мядовы месяц толькі распачынаўся, і ён не хадзіў — гогалем лётаў.

    — Адзіны і апошні шанец нам тут выжыць — гэта душэўны стан начальніка.

    Гэтыя словы майго сябра я прыняў спачатку за яго чарговы жарт. Мікалай растлумачыў падрабязней:

    — Ты бачыш, у якім амурным стане начальнік штрафняка? Яму цяпер справы лагерныя, як кажуць, да лямпачкі. Уся яго ўвага скіраваная на маладую жонку, і мы павінны гэта выкарыстаць. Ты чуў, як ён вечарам пытаў, хто з зэкаў жадае пайсці працаваць у пахавальную каманду?

    Ніводзін з зэкаў не выказаў жадання, бо праца там непасільная. Паводле правілаў, на памерлага трэба было выкапаць асобную магілу памерам два на адзін метр у аснове і два метры глыбінёй. І гэта ў вечнай мерзлаце, уручную, кіркай, ломам і рыдлёўкай. А штодзённа трэба было хаваць 2-3 чалавскі, бо такая была “прадукцыйнасць” маленькага цэха калымскай фабрыкі смерці на 40-м кіламетры. Я і кажу Мікалаю:

    — Як жа мы выкапаем за дзень тры ямы ў вечнай мерзлаце, што мы — экскаватары?

    — Не твая справа. Усё прадумана і абмазгавана. Калі ты не згодзен, я вазьму іншага напарніка!

    Разважаць не было чаго, і я пагадзіўся. Мы накіраваліся да начальніка. Па дарозе Мікалай папярэдзіў, каб я нічога не гаварыў, ён сам скажа што трэба. Начальнік быў на прахадной, і нас да яго пусцілі. Дзяжурыў вахтавы ахоўнік з п’янай фізіяноміяй, высокага росту, з украінскім акцэнтам. На вахце было вельмі цёпла, і гэта іх расслабіла. Мікалай назваўся начальніку, як таго патрабавалі правілы, і растлумачыў, што мы жадаем працаваць на пахаванні памерлых. Рэакцыя начальніка была амаль зычлівай. Ён спытаў у вахтавага, колькі ёсць непахаваных. Той адказаў, што пяць чалавек. Тут жа начальнік распарадзіўся выдаць нам санкі, вяроўкі, лапаты, лом, кірку і два матрацы для перавозкі торфу і растлумачыў, што за кожнага пахаванага ён будзе нам выдаваць па 100 грамаў хлеба і 25 грамаў махоркі.

    Дамоўленасць адбылася, і мы пайшлі аглядаць нашу “гаспадарку”. Ключ ад мярцвяцкай нам выдаўдзяжурны вахцёр. Там было пяць трупаў, задубелых у розных позах. Мароз прайшоў па целе. Страшна было глядзець, да чаго іх давялі слаўныя чэкісты. Кожны памерлы ўяўляў сабою шкілет, абцягнуты скурай: ні грама тканкі, літаральна толькі косці і скура. Трупы валяліся на земляной падлозе, брудныя.

    Бані ў штрафняку не было. Ахоўнікі ездзілі мыцца ў цэнтральны лагер, а для зэкаў-штрафнікоў раз на два тыдні прыязджала “вашабойка”, якая дэзінфекавала адзенне і шэрыя салдацкія коцы. Больш у штрафнікоў нічога не было. Ім па прыбыцці ў лагер акрамя коца выдаваліся матрац і навалачка, якія трэба было набіваць саломай або сенам. Але паколькі на Калыме ні саломы, ні сена не было, дык зэкі спалі на голых нарах, зробленых з кругляка, нават неабшкуранага. І вось на гэтых нарах бавілі свае апошнія дзянькі калымскія смяротнікі. Амаль ні ў кога не было сілаў, каб залезці на верхні ярус нараў, а там было цяплей, чым унізе. Каб не мулялі круглякі насцілу ў рэбры, яны здымалі целагрэйкі і падсцілалі іх замест матрацаў. Ціснучыся адзін да аднаго, яны спрабавалі сагрэцца.

    Адзінай тэмай усіх размоваў была ежа. Кожны ўспамінаў, як ён смачна некалі еў, што еў, дзе гэта было. Амаль усе згаджаліся з тым, што каб зараз уволю наесціся, то хай бы й расстралялі. Размовы гэтыя не канчаліся ні днём ні ноччу. Дзвесце дахадзягаў на працу не хадзілі, а ледзь сноўдаліся, чакаючы сваю смяротную хвіліну. Назіраць гэта было звыш чалавечых сілаў.

    Пакуль я быў на Калыме, не было аніводнага выпадку адпраўкі з яе зняволеных, быў толькі завоз. Праўда, у 1940 годзе чалавек 250 аслеплых пасадзілі на акіянскі параход “Джурма”, які ў Ахоцкім моры з людзьмі гэтымі і патануў. Чэкісты пусцілі пагалоску, што яго патапілі японскія дыверсанты. На такія байкі яны былі штукары, гэтага ў іх не адымеш.

    (Яшчэ раней пры праходжанні праліва Лаперуза на гэтай жа “Джурме” здарыўся пажар. Японцы прапанавалі дапамогу, але каманда, задраіўшы люкі, адмовілася ад дапамогі. Ужо ў Ахоцкім моры трупы ўчадзелых пасажыраў былі проста выкінутыя за борт. А. Салжаніцын. Архіпелаг ГУЛАГ, кніга 5, частка 2, гл. 3.)

    І вось, агледзеўшы трупярню, мы зноў з’явіліся на вахту, і сам начальнік павёў нас паказваць могілкі. Яны знаходзіліся метраў за 700 ад лагера, за трасай, у парослым сланікам яры.

    Пасля полудня, узяўшы санкі, матрацы, рыдлёўку і вяроўку, мы папляліся да штабялёў торфу. Насыпалі поўныя матрацы торфу, паскладалі іх на санкі, прывязалі вяроўкай, упрагліся і павезлі на могілкі. Там мы расчысцілі ад снегу грунт, па габарыту магілы расклалі вогнішча і зноў паехалі па торф. Праз пару гадзінаў касцёр прагарэў, і мы выбралі адталы грунт. Адтала сантыметраў 20. Ізноў расклалі ў ямцы новае вогнішча, ізноў пайшлі па торф. Стала ясна, што пры самай інтэнсіўнай працы мы не зможам забяспечыць магіламі ўсіх памерлых. Пра гэта я і сказаў Мікалаю.

        Не хвалюйся, кіруха, усё прадумана і ўзважана, — адказаў ён.

    Мне заставалася слухацца і падпарадкоўвацца, але я ўсё яшчэ не разгадаў яго задумкі.

    — Пайшлі да начальніка, — сказаў ён.

    На раніцы (было 10 гадзінаў) начальнік уваходзіў у зону лагера. Мікола падышоў і папрасіў яго агледзець выкапаную магілу. Начальнік здзівіўся, убачыўшы нашу працу, і іранічна заўважыў, што мы, як краты, рыем хутка. На вахце ён распарадзіўся выпускаць нас за зону ноччу для выканання пахаванняў.

    — Вось цяпер, кіруха, гэты пёс смярдзючы намі куплены. А далей: убачыш — зразумееш. Пайшлі паспім, нам уставаць у гадзіну ночы.

    А другой гадзіне ночы мы былі ў трупярні. Тым часам наш “полк” атрымаў папаўненне: замест пяцярых ляжала ўжо сем мерцвякоў. Палажылі мы на санкі два трупы, прывязалі, каб не згубіць па дарозе. Усё ж ноч, дый неба зацягнута хмарамі. На прахадной вахцёр палічыў трупы, і мы павезлі іх на могільнік.

    Канец лістапада і снежань суправаджаюцца на Калыме снежнымі заносамі. Мы ледзь знайшлі выкапаную магілу, яна была поўнасцю засыпаная снегам. Але замест таго, каб ачышчаць дол ад снегу, Мікалай, на маё здзіўленне, развязаў вяроўкі, узяў адзін труп, узваліў яго на плечы, мне загадаў браць другі, і панёс яго прэч ад магілы. Аднёсшы метраў за сорак, ён засунуў труп пад галінкі сланіка ў снег. Тое ж сама зрабілі мы і з другім трупам.

    — Вось і ўсе пахароны! — абвясціў ён.

    Так пачалася дзейнасць нашай пахавальнай каманды. Мы капалі пацёмкінскія магілы сантыметраў на 40-50, мёртвых хавалі пад галіны сланіка, пасля гэтага ямку тую засыпалі, надаючы ёй выгляд магілы.

    На другі дзень за пахаванне двух трупаў выдалі нам 200 грамаў хлеба дадаткова да 400 грамаў пайковых, а таксама 50 грамаў тытуню на дваіх. Тут мы і ажылі, бо ў штрафняку зэкам табак не выдаваўся. І хоць абодва мы курылі, аднак вырашылі ўсё ж палову табаку выменяць у повара на алей і соль: іншых прадуктаў кухар не меў. Што гэта была за раскоша! Мы макалі хлеб у алей, пасыпалі соллю, а падмацаваўшыся, закурылі! Як кажуць блатары, мы былі “сверх грабежа”.

    Наша супольная “дзейнасць” працягвалася 64 дні да 2-га лютага. У той дзень нарадчык абвясціў, каб я збіраўся да адпраўкі ў цэнтральны лагер. Ніхто, акрамя мяне і майго сябра Мікалая, не ведаў, чаму мяне адпраўляюць. Мікалаю да яго вызвалення заставалася яшчэ 25 дзён. І ён паспеў вызваліцца да вясны, пры яшчэ прыхаваных зімой выніках дзейнасці нашай пахавальнай каманды. У душы я быў на сёмым небе: жыццё было выратавана дзякуючы Мікалаю і тым маім сябрам па няшчасці, якім не наканавана было дажыць да такога дня. Я ім усім дагэтуль глыбока ўдзячны.

    Цёпла развітаўшыся з сябрам, пажадаўшы яму шчасліва дажыць да светлых дзён волі, я, як “ганаровы грамадзянін”, з асабістай аховай, пад штыкамі і пры сабаку адбыў у цэнтральны лагер.

    Прайшла доўгая калымская зіма з яе моцнымі маразамі і завеямі. Быў пагодны жнівеньскі дзень запалярнага лета, адзін з тых дзён, якія радуюць душу, нягледзячы ні на што. Я быў ужо вызвалены і працаваў. Па справах, звязаных з працай, я паехаў у пасёлак Ягаднае, раённы цэнтр Паўночнага горнага ўпраўлення, і там сустрэў аднаго знаёмага “вальняшку” з лагера на 40-м кіламетры.

    І вось што я ад яго даведаўся.

    Надышла нарэшце вясна. У канцы мая пачаў раставаць снег, і ў штрафняку адбылося ЧП. На могілках сталі вытайваць непахаваныя трупы. Карціна была жахлівая. Выявілася, што памерлых выкінулі за лагер, не пахаваўшы. Начальнік проста звар’яцеў. Да таго ж якраз перад гэтым ЧП яго маладая жонка, з якою ён жыў, па старой завядзёнцы камуністаў, не рэгіструючы шлюб, абакрала яго пад каток і знікла ў невядомым кірунку. Грозны чэкіст быў страшны і грымеў пяруном і ўсё пагражаў, што як зловіць Мікалая, то ўласнаручна павесіць яго, а калі Папова — то расстраляе, таксама ўласнаручна.

    І вось выкараскаўся я з гэтага лагера смерці. Адвялі мяне ў цэнтральны лагер Таскан-1, які знаходзіўся за 5 кіламетраў. Там далі мне даведку, што я свой тэрмін скончыў, і адправілі ў цэнтр атрымоўваць дакументы. А цэнтр быў у пасёлку Ягаднае, а да Ягаднага ад лагера было 60 кіламетраў — дабірайся як хочаш.

                                                                            “Вызваленне”

    Патупаў я пяшэчкам ад стаўба да стаўба, прыйшоў. Вызвалілі і тут жа распісачку ўзялі, што за 24 гадзіны я стану на воінскі ўлік і ўладкуюся на працу. Калі чаго не выканаю, то буду лічыцца дэзерцірам у ваенны час. А гэта быў 44-ы год. Уладкаваўся я на вітамінную фабрыку майстрам-будаўніком, і то нядрэнна. Далі мне месца ў нейкім інтэрнаце. Там я пазнаёміўся з вельмі цікавым чалавекам, Жаландкоўскім Ільём Аляксандравічам. Меў ён некалі мэблевую фабрыку ў Маскве, сам ён архітэктар і працаваў у горадабудаўніцтве. Паслалі яго будаваць Мурманскі порт. Там праз нейкую бабу скампраметавалі яго і ў 27-м годзе адправілі на Салаўкі без суду і следства. Расказваў ён страшныя рэчы, як з іх чэкісты здзекваліся. Калі ў 32-м годзе СЛОН (Соловецкий лагерь особого назначения) ліквідавалі, то ўсіх, хто яшчэ быў працаздольны, адправілі на Калыму, а хто ўжо не мог працаваць, пагрузілі на баржы і затапілі ў моры. На Калыме Жаландкоўскі скончыў адзін тэрмін — яго выклікалі і далі распісацца, што яго вызвалілі, і тут жа ён мусіў распісацца, што атрымаў яшчэ раз пяць гадоў. Так і працаваў гэты чалавек на катаржных будоўлях чарговых пяцігодак, не ўчыніўшы ніякага злачынства.

    Вітамінная фабрыка, дзе я ўладкаваўся, перапрацоўвала ягады, арэхі, грыбы, якія збіралі ў тайзе дахадзягі. З кедравых арэхаў рабілі малако згушчанае, з ягадаў — віны для начальства, павідлы, варэнні, кампоты; грыбы марынавалі, сушылі. Дырэктарам фабрыкі была нейкая Пісакова Вольга Іванаўна, зразумела, камуністка. Яна метр курыла — два кідала, такія агромністыя папяросы ўжывала.

    Я меркаваў, што вайна яшчэ няскора скончыцца і мне тут давядзецца пакутаваць бясконца, таму надумаў уцячы з Калымы — з’явіцца ў ваенкамат у Якуцку і папрасіць адпраўкі на фронт. Чаго тут сядзець у гэтым лагеры? Там былому зэку, хоць і вольнаму, было мала лепш, чым вязню ў лагеры.

    Быў у мяне сябрук, працаваў на тэлеграфным пункце ў Ягадным, таксама ўжо вызвалены. Папрасіў я яго даць Пісаковай адпаведную тэлеграму, каб яна мяне адпусціла. ён і адбіў тэлеграму з такім зместам: “Находящегося в Вашем распоряжении техника-строителя Попова Ростислава Михайловича срочно откомандируйте на Хандыгскую снаббазу для производства строительных и ремонтных работ”. База гэтая на рэчцы Хандыга, якая ўпадае ў Алдан, а той — у Лену: адтуль я ўжо хуценька ўцяку. Пісакова атрымлівае гэтую ліпавую тэлеграму, не здагадваецца аб нашым нахабстве і прапаноўвае мне адстаяць мяне, калі я не хачу туды ехаць. Я, вядома, запэўніў яе, што гатовы працаваць на карысць савецкай улады, куды б тая мяне ні паслала.

    Ну, раз такая справа, дае мне начальніца разлік. Я — за дакументы і спадарожнымі машынамі па трасе. Гэта вялікая адлегласць: ад Ягаднага трэба праехаць Сусуман — вялікае ўпраўленне. затым Эксекан, Адыгалах і паехаць па праездзе, які зняволеныя прабівалі на выпадак вайны з Японіяй, калі яна перарэжа марскія шляхі. Адлегласць — 750 кіламетраў. Трасу прабілі за год. Праезд — гэта чатырохметровая паласа, дзве машыны размінуцца не могуць. Таму праз кожныя кіламетр-два — раз’езды. Шафёр бачыць, што яму насустрач ідзе машына, зварочвае ў раз’езд і чакае, пакуль сустрэчная машына не праедзе. І вось гэтым праездам я паехаў. Вельмі цікава. Там, пачынаючы з Магадана, усе рэкі ўпадаюць у Калыму; перавальваеш хрыбет — усе рэкі цякуць у Індзігірку; пераадольваеш яшчэ адзін перавал — і ўсе рэкі ўпадаюць у Лену. Прыехаў я на гэтую базу. Але што ж я там — працаваць буду?

    Я там і не думаў уладкоўвацца. Гляджу, параход пасажырскі стаіць, “Лермантаў” называецца. Дамовіўся я з адным з механікаў, небясплатна, вядома. Завёў ён мяне ў сваю каюту, але ж гэта заўважыў упаўнаважаны — мяне за шкірку, і... артыкул: дэзерцірства ў часе вайны, уцёкі з абароннай прамысловасці. І пагражае мне 7 гадоў зняволення і тры — паражэння ў правах. Думаю сабе: тут трэба выкручвацца, бо яшчэ 10 гадоў не перажыву — загіну.

    Арыштаваў мяне капітан Сяміракоў, шкодны. Бачу, што з ім кашы не зварыш. Але тут, на маё шчасце, пераводзяць некуды гэтага Сяміракова — прыязджае маёр Місалаў. Бачу, мужык такі лаяльны. Я яму спрабую лапшы на вушы павешаць: Ведаеш, што: мне дэзерцірства прыпісалі, хоць я быў сюды прысланы. Я зайшоў на параход, каб паразмаўляць, а ён арыштаваў мяне...

    — Нічога не магу зрабіць. Як ёсць, так у трыбунал і падамо.

    — Ведаеш, што: ты чалавек, і я чалавек. Я маю адну рэч, я яе табе дам. А ты зрабі так, каб я не сядзеў.

    А быў у мяне вельмі добры гадзіннік французскай маркі “Лепаж”, у залатым корпусе з васьмю брыльянтамі па чвэрці карата. Да гадзінніка і бранзалетка залатая была. Я выйграў гэты гадзіннік яшчэ на вітаміннай фабрыцы ў аднаго “вальняшкі“ ў карты. Расказваю я яму пра гэты гадзіннік, пра тое, што схаваў яго недзе пад дрэвам. А ён быў у мяне да лыткі прыбінтаваны.

    — Калі хочаш уцячы, то і не спадзявайся: тут няма куды...

    — I не збіраюся. Дык пайшлі?

    Вечарам пацямнела, пайшлі. Я прысеў да дрэва, пагробся дзеля блізіру ў траве, а ўжо да гэтага дастаў з-пад калашыны гадзіннік і трымаю ў руцэ. Кажу: “Вось!”

    Ён узяў, засвяціў ліхтарыкам:

    — Так, добрая рэч. Ладна, але прыйдзецца пасядзець.

    Тут і яго пераводзяць у Адыгалах, гэта за 700 кіламетраў адтуль. Бярэ ён і мяне туды, там я яшчэ тры месяцы мусіў адседзець, усяго разам — пяць. Як ён рабіў: піша запыты, чакае адказаў. Прыходзяць адказы — ён іх рве; працягнуў так час і мяне згодна з нейкім артыкулам вызваліў. Маю памятку аб гэтым здарэнні:

    *

                                                                         МВД СССР

                                                     УПРАВЛЕНИЕ ВНУТРЕННИХ ДЕЛ

                                                 Исполнительного комитета Магаданского

                                                 областного Совета депутатов трудящихся

                                                                                        11 ноября 1976 г.

                                                                                                    № 8/ II-97

                                                 230027 БССР, г. Гродно,

                                                 ул. Лизы Чайкиной, дом 49, кв. 87

                                                                            СПРАВКА

 

    Выдана гр. ПОПОВУ Ростиславу Михайловичу 1914 года рождения, уроженцу г. Минска в том,

что он 22 июня 1944 года был арестован УНКВД по Дальстрою.

    Постановлением военного прокурора управления Дорожного строительства Дальстроя НКВД СССР дело прекращено по ст. 204 УПК РСФСР /редакция 1926 г / и он освобождён 16 ноября 1944 года.

    ЗамНачальник ИЦ УВД Магаданского облисполкома СЛОБОДИН Д-44

    *

    Пасылаюць мяне прарабам на будаўніцтва дарогі Малы Артык, яна і цяпер на карце ёсць. Там я прарабіў доўгі час, бо выехаць адтуль быў нявольны, ніхто не адпускаў. Аднак я абмануў генерала Нікішова.

    Здарылася гэта ў дарожным упраўленні Усць-Нера, якое будавала мост праз рэчку Неру. Прыязджае раптам Нікішоў, гснерал-палкоўнік НКВД. А ў яго ад’ютанты, ахова! А я якраз прыйшоў са справаздачай. Дай, думаю, паспрабую: а можа, і пройдзе. Лезу на прыём да яго на прарыў, а ад’ютанты, маёры гэтыя, пачалі мяне выстаўляць, шум атрымаўся. Пачуў Нікішоў, запытаўся, у чым справа. А начальнік упраўлення, Бяседа, хахол, харошы мужык, п’яніца добры, выглянуў дый кажа яму, што, маўляў, гэта наш прараб Папоў.

    — Пропустите. В чем дело? Что такое? — генерал да мяне (морда такая чырвоная, як бурак).

    — Слухайце, начальнік Дальстроя! Я працую прарабам, мне праца вельмі падабаецца. Я тут гатовы ўсё жыццё працаваць. Мне гэты клімат падабаецца, але ў мяне ў Мінску засталася старэнькая маці. Ёй патрэбна дапамога. Дайце мне хоць месяц паехаць узяць яе, прывезці сюды.

    Генерал на Бяседу:

    Видишь? Вот где наши кадры! Видишь?

    І да мяне:

    Хватит тебе два месяца?

    — Хопіць месяц! (мне абы вырвацца ад вас, думаю сабе).

    І, цяжка паверыць, ён аддае распараджэнне! Тут я замітусіўся. Паляцеў, зняў з кніжкі ўсе грошы і з першай спадарожнай машынай — на Магадан. Даехаў адною да Сусумана, другою — да Нагаткі, трэцяю — да Палаткі. Дамчаўся ў Магадан. Трэба сфатаграфавацца на міжнародны пашпарт, бо давядзецца плыць па міжнародных водах... На параход, потым па чыгунцы — дабраўся ў Мінск.

                                                                           На радзіме

    У Мінску пабыў месяц. Грошы разышліся... Трэба працаваць. Куды пайсці? А пайду я дарогі будаваць. Звярнуўся ў Галоўнае ўпраўленне Тэхупшасдара. У маіх дакументах адзначана, кім я там пранаваў, і мянс накіравалі начальнікам дыстанцыі на ўчастак дарогі Пінск — Лунінец. Папрацаваў, можа, з месяц — выклікае мяне Баранаў, начальнік упраўлення, былы партызан, мы з ім чарку пілі.

    — Папоў, — кажа, — ты з Калымы збег, цябе шукаюць.

    — І што ж мне рабіць? — пытаюся ў яго.

    — Бяры тэрмінова разлік і з’язджай з Беларусі, а не то пад канвоем адправяць туды.

    І я як ірвануў адтуль, дый ходу на Украйну. І згубілі яны след і болей не шукалі. Заехаў на Кахоўку і працаваў там да 56-га года, затым вярнуліся мы з жонкай у Беларусь, у Гродна. З гэтага года я як стаў у аднаго гаспадара працаваць, дык гэты гаспадар толькі шыльды мяняў. Калі я ўладкаваўся, называлася ўстанова УНР. Дзе цяпер тэатр, там быў некалі кляштар мужчынскі, а побач стаяў дом двухпавярховы — гэта і была кантора маёй фірмы. Потым яна стала называцца СУ-51, затым ПМК-2, а цяпер ПМК-146. Цяпер гэтая кантора размешчаная на Замкавай. Я ў ёй прапрацаваў 23 гады аж да пенсіі, а на пенсію я пайшоў па льгоце ў 55 гадоў. За 5 гадоў лагера я, як рэабілітаваны, маю 15 гадоў стажу, за 5 гадоў працы вольнанаёмным на Калыме маю 10 гадоў стажу. Лінейны стаж я выпрацаваў. А выглядаў я ў 55 гадоў яшчэ даволі маладым, дык нехта пусціў чутку, што я сабе дакументы падрабіў. Нават былы гарадскі пракурор Слабуха мусіў заняцца гэтай справай. На маё шчасце, я ўсю вайну прасядзеў на Калыме, і адтуль пацвердзілі, што нарадзіўся я ў чатырнаццатым годзе. А чэкісты памыляцца не могуць! Тут ужо ад мяне адсталі.

    Цяпер мне плацяць пенсію па трох каэфіцыентах: першы — з прычыны рэабілітацыі, другі — што я інвалід, а трэці — за тое, што маю больш за 80 гадоў. Цяпер я атрымоўваю семсот сорак дзве тысячы, дык і то багата супраць астатніх. Мае хлопцы, сябры асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, і таго не маюць.

    А вось гэтыя каты, якія ў лагерах былі, — яны вунь, на Фолюшы жывуць — усе грудзі ў ордэнах. Я з адным разгаварыўся, гуляючы ў парку. Ён мяне й пытае:

    — А дзе ты працаваў?

    — А я працаваў... на Калыме.

    — Ты што, у зняволенні быў?

    — Не, я па дагаворы туды паехаў.

    — А-а-а, а дзе?

    — Такі-та прыіск.

    — І што рабіў?

    — Прарабам увесь час працаваў, начальнікам участка.

    — А я працаваў кумам.

    “Ах ты, сволач! — думаю я сабе. Колькі ж ты людзей на той свет адправіў!” У яго — я налічыў — 25 калодак. Кумам! Дык ён уяўляеце якую пенсію мае? Ён сама меней мае званне палкоўніка, мае ўсе даброты. Тады ён іх меў і цяпер.

    Збудавана нашае грамадства так. Хто быў прывілеяваны, той ім і застаўся, а хто не быў, той і памрэ ў галечы ды роспачы.

    [Стар. 15-28.]

 

 


 


Brak komentarzy:

Prześlij komentarz