piątek, 29 października 2021

ЎЎЎ Зайда Швачка. Людміла Шыпіна ды Якутыя. Койданава. "Кальвіна". 2021.

    Людміла Васільеўна Шыпіна – нар. 7 лістапада 1934 г. ў краявым месьце Хабараўск у РСФСР (СССР).

    Скончыла Балхашскае тэхнічнае вучылішча (1957). Працавала ў лябараторыі вышуку грунту ў Алма-Аце, затым у г. Нерынгры Якуцкай АССР інжынэрам, загадчыкам лябараторыі.

    Ад 1991 г. на заслужаным адпачынку і з сям’ёй пераехала ў м. Горкі Магілёўскай вобласьці.

    Людміла Шыпіна ад 1994 г. чалец аб’яднаньня “Мастацтва” пры Горацкай карціннай галерэі. Яна майстрыха дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва. Прымае ўдзел у выставах майстроў дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва места, раёну, вобласьці, рэспублікі. У 1997 г. адбылася ейная пэрсанальная выстава ў Горацкай карціннай галерэі.

    Літаратура:

*    Кальчэўская І.  Майстэрства. Фантазія. Шчырасць. // Ленінскі шлях. Горкі. 18 сьнежня 1996. С. 3.

*    Міхайлаў У.  Почырк майстрыхі. // Ленінскі шлях. Горкі. 7 сакавіка 1997.  С. 2.

*    Шылава Л.  Госця маслакоўцаў – майстрыха. // Ленінскі шлях. Горкі. 23 лістапада 2002. С. 7.

*    Авраменко Л.  Мир красоты. // Ленінскі шлях. Горкі. 4 сьнежня 2002. С. 3.

    Зайда Швачка,

    Койданава

 
 






 

                                                         ЦУДОЎНЫ РАДОК МАЙСТРА

 

    Колькі ўсяго прыгожага вакол нас, колькі неабдымнага і неспазнанага! Але гэта ўжо не цікавіць, не прываблівае і не абуджае душу. Колькі шчасьця можна знайсьці ў тым, што на першы погляд здаецца такім непрыкметным! Аднак людзі не заўважаюць гэтага. Яны зусім развучыліся кахаць, радавацца сонцу, блакітнаму небу i жыцьцю.

    На выставе, што разгорнута ў горацкай карціннай галерэі, вы ўбачыце прыгожыя сурвэткі, машынную вышыўку, якую майстарка зрабіла сваімі рукамі. Вытанчаныя творы мастацтва зроблены Людмілай Васільеўнай Шыпінай, членам народнага аб’яднаньня “Мастацтва”, прыгожай жанчынай, добрым і таленавітым чалавекам.

    Выстава гасьцінна адчыняе дзьверы для аматараў мастацтва і тых, хто цікавіцца мастацтвам вышыўкі “гладзьдзю” і вышыўкі “рышэлье”. Гэтыя карункі жыцьця дапамагаюць жыць і Людміле Васільеўне. Зараз жыве майстарка ў Горках, але нарадзілася ў Хабараўску. Пасьля заканчэньня школы паступіла ў тэхнічнае вучылішча ў г. Балхаш, якое скончыла у 1957 годзе. Працавала ў лябараторыі вышуку грунту ў Алма-Аце, затым – у Якуціі ў г. Нерунгры інжынерам, потым загадчыкам лабараторыі.

    У Горках – з 1991 года. Некаторы час працавала у гімназіі №1, вяла гурток машыннай вышыўкі.

    Вышыўкай пачала займацца ў Алма-Аце, дзе наведвала гурток і ўдасканальвала свае майстэрствы па розных дапаможніках. Больш ярка яе талент праявіўся менавіта ў нашым горадзе.

    Людміла Васільеўна – член аб’яднаньня “Мастацтва” з 1994 года. Гэта яе чацьвёртая пэрсанальная выстава. Яна актыўна ўдзельнічала ў абласных і рэспубліканскіх выставах майстроў дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, гарадзкіх i раённых сьвятах. Яе творы славілі горацкую зямлю на Днях Магілёўшчыны ў Мінску, на Рэспубліканскіх фэстывалях-кірмашах “Дажынкі-2000” у Шклове, “Дажынкі – 2006” у Бабруйску, на сьвяце “Горад майстроў”.

    У майстаркі шмат прыхільнікаў яе таленту. Сваімі творамі яна прыносіць прысутным вялікае маральнае задавальненьне.

    Хочацца сказаць ёй вялікі дзякуй за цудоўную выставу і пажадаць творчага неспакою, посьпехаў і натхненьня.

    Валянціна Белавусава

    27 лістапада 2009

 

 

 

Brak komentarzy:

Prześlij komentarz