piątek, 20 stycznia 2023

ЎЎЎ 11. Мартося Ксёнжка. Кніжнік Марыян Абрамовіч з Верхаянску. Ч. 11. Койданава. "Кальвіна". 2023.


 

    Генадзь Каханоўскі,

    кандыдат гістарычных навук

                                             ТАЯМНІЦЫ ЗА ЧОРТАВЫМ МОСТАМ

    Калі не ўпэўнены, куды едзеш, то людзі тады кажуць: “У белы свет як у капейку”. Так і я сонечным чэрвеньскім ранкам “Чайкай” адправіўся ў незнаёмы мне горад Тарту. Я там нікога не ведаў, і мяне ніхто. Адзінае, што рухала, уздымала з месца, дык гэта таямнічасць архіва, які павінен быў быць пры мясцовым універсітэце. А раз так, то павінны “адшукацца” забытыя факты жыцця многіх беларусаў. Яны здабывалі ў гэтым горадзе веды, а некаторыя з прафесарскімі званнямі і самі чыталі лекцыі. Выпадкова маімі спадарожнікамі ў паездцы аказаліся мінскія акадэмічныя антраполагі I. I. Салівон і Л. I. Цягака, якіх запрасілі ў Тартускі універсітэт на галіновую навуковую канферэнцыю. Ехалі яны сюды ўжо не першы раз і горад ведалі добра, так што зарыентаваць мяне было каму, хоць, праўда, у архіве ніколі і нічога шукаць ім не даводзілася. Прыемна было назіраць, як гэтым светлым летнім надвячоркам іх цёпла віталі эстонскія калегі. Я ж тут — сам-насам.

    Раніцай наступнага дня падаўся шукаць універсітэт, а там ужо, напэўна, за нейкімі каванымі дзвярыма дакрануся і да архіўных дакументаў. Таропкі ранішні рух. Усе дарогі вядуць у гістарычны цэнтр Тарту — на Ратушную плошчу, назва якой па-эстонску гучыць як Ныукагудэ. Здаецца, тут і час запыніўся, але не анямеў. Думкі абарваў магутны бой гадзінніка са старасвецкай вежы ратушы. Ён праз чарговыя пятнаццаць хвілін напамінае, што час не застыў, ён ідзе і нас пабуджае не адставаць. Вакол плошчы, цесна прытуліўшыся адна да адной, стаяць такія ж даўнія камяніцы, але ні адна з іх не вытыркаецца вышэй гаспадыні — ратушы. Для прыезджага ўсё тут экзотыка: старасвецкі брук, балконы дамоў, карнізы... Тут замацаваўся кавалак гісторыі не толькі для тартусцаў, але і для кожнага эстонца. Ён напоўнены экзотыкай фактаў часоў далёкіх і блізкіх. Так і хочацца задаць пытанне: “Што чулі вы і што бачылі, сведкі дамы?”

    Мінуўшы Ратушную плошчу, услед за студэнцтвам Тарту, збочваю направа, на вуліцу Юлікаолі. Яшчэ колькі крокаў — і вока лашчыць велічны гмах універсітэта, які быў узведзены ў 1804-1809 гадах па праекце архітэктара Й. Краузэ. У гэты светлы класічны будынак некалі ўваходзілі славутыя Карл Бэр, Уладзімір Даль, Яўген Тарле, Мікалай Пірагоў... Ды і нашы беларусы Антон Будзіловіч, Усевалад Ігнатоўскі, Бенядзікт і Усевалад Дыбоўскія, Іван Лапа, Сцяпан і Міхал Кутаргі і шмат, шмат іншых.

    Пасля не зусім выразных удакладненняў трапляю ва універсітэцкі архіў, што на другім паверсе. Недзе над галавой знянацку дзінькнуў звычайны школьньі званочак: “Чакай, зараз выйдуць”. Таропка выйшла насустрач жанчына. На маю просьбу адказала:

    — Тут архіў савецкага часу, а дарэвалюцыйныя матэрыялы трэба глядзець у Цэнтральным гістарычным архіве на вуліцы Лійві, 4. Гэта недалёка, можна дайсці пехатой. Усе нашы гістарычныя таямніцы за Чортавым мостам.

    Супрацоўніца намалявала мне маршрут руху. Пайшоў спачатку пад Чортаў мост, далей — пад мост Анёлаў. А там дарога ўзяла ўправа, пад горку. З гушчыні паркавай зеляніны выглянуў чырвонацагляны вялізны будынак архіва. Моцны, уражлівы. Каб гэта быў чалавек, то сказаў бы — ружовашчокі асілак. Гмах, бадай, удвая большы за наш Рэспубліканскі гістарычны архіў, што на вуліцы Казлова ў Мінску.

    Найбольшая радасць для камандзіровачных — бесперашкоднае і хуткае афармленне ў архіў. Тут усё рабілася вельмі хутка і без валакіты. На лістках заказаў ветлівая супрацоўніца чытальнай залы параіла ставіць магічнае слова “камандзіроўка”, каб як найхутчэй ішла дастаўка дакументаў з фондасховішча, практычна ў дзень заказу. Ведаючы, што я першы раз тут, спагадлівая работніца архіва зрабіла мне важную параду:

    — Абавязкова пазнаёмцеся з гісторыяй Тартускага універсітэта. Улічыце, што наш горад некалькі разоў мяняў сваю назву. Упершыню ён упамінаецца ў 1030 годзе пад назвай Юр’еў. Быў ён з такой назвай да 1224 года, а таксама з 1893 па 1919 год, а вось з 1224 па 1893 год — Дэрпт, а з 1919 года наш горад носіць назву Тарту. Бывала, што студэнт прыязджаў у Дэрпт, а дамоў вяртаўся з Юр’ева.

    І яшчэ адна прыемная акалічнасць — архіў адчынены з восьмай гадзіны раніцы і аж да сёмай вечара. Толькі працуй, не лянуйся.

    Я ў той жа супрацоўніцы спытаў, чым выклікана такая неабходнасць работы архіва. Тая ўсміхнулася і адказала:

    — Наша нацыя маленькая, і каб нешта паспець зрабіць з таго, што ствараецца ў вялікіх народаў, нам трэба і вечарамі працаваць. А ўвогуле, гэта вельмі зручна ўсім нашым даследчыкам. Мы для іх...

                                                                           Антон Ражаў

    Не адзін раз у архіве, толькі ў розных справах, сустракаецца імя Антона Ражава. Успомнілася яно ў параўнаўча нядаўніх публікацыях Сцяпана Александровіча, Юрыя Туронка і Віталя Скалабана, ва ўспамінах Напалеона Чарноцкага.

    Не скажу, што гэтае імя стала гучным, яно нават не замацавалася ў нашай літаратуры, тым больш справа не дайшла да энцыклапедыі. З кожнай новай публікацыяй глыбей праразаецца вобраз гэтага таленавітага і мужнага чалавека. Бракавала ў такіх выпадках вестак чыста біяграфічнага парадку. Усё, што мы ведалі, ішло пераважна ад Напалеона Чарноцкага [* Czarnocki N.  Przyczynki do historji P.P.S. - Księga pamiątkowa P.P.S. Warszawa. 1923. S. 51-52.]. Аднак і ў яго тыя звесткі вельмі сціплыя, няпоўныя.

    Для канкрэтнай узаемасувязі ранніх падзей, калі ў палітычных колах Расіі ўпершыню ўзнікла імя Антона Ражава, варта прыгадаць і яго аднакашніка па Слуцкай гімназіі Напалеона Чарноцкага.

    Напалеон Казіміравіч Чарноцкі нарадзіўся 13 ліпеня 1866 года ў Начы Брындзаўскай каля Ляхавіч. Даводзіўся сваяком вядомаму беларускаму археолагу, фалькларысту і этнографу Зарыяну Даленгу-Хадакоўскаму (Адаму Чарноцкаму). Напалеон Чарноцкі ў 1887 годзе скончыў Слуцкую класічную гімназію. Гэтыя даты варта запомніць, бо яны пераклікаюцца з ражаўскімі.

    Як піша ў сваіх мемуарах Н. Чарноцкі, у 1885 годзе ў Слуцку ён удзельнічае ў перакладзе на беларускую мову і ў выданні на гектографе рэвалюцыйнай брашуры “Дзядзькі Шымана”. Заўважым, што ён жа з’яўляецца перакладчыкам п’ес “Світанне” А. Чэхава, “Пашыліся ў дурні” М. Крапіўніцкага. Інфармацыя пра тое, што было надрукавана ў Слуцку на гектографе, да гэтага часу застаецца загадкай. Рукапіс жа не захаваўся, як і сама брашура. Адно пэўна, што зыходнымі брашуры маглі быць дагэтуль вядомыя працы С. Падалінскага “Пра багацце ды беднасць” Ш. Дыкштэйна “Хто з чаго жыве?” ды “Бацька Шыман”. Апошняя з’яўляецца перапрацоўкай рускай публіцыстычнай брашуры А. Іванова (В. Варзара) “Хітрая механіка” (Цюрых, 1874).

    Пазней Напалеон Чарноцкі таксама разумее клопаты беларускай інтэлігенцыі і падтрымлівае яе. Ён аўтар публіцыстычнага артыкула “Да пытання пра беларускую народную школу». Да рэвалюцыі 1905-1907 гадоў нейкі час знаходзіўся ў эміграцыі, адтуль ён звяртаўся да рэдакцыі “Нашай нівы” ў яе падтрымку. Неяк пішучы з Канады, не без шчымлівасці ў душы закінуў: “Не аб сабе адно я думаў, едучы сюды”. Усё ж некаторыя эпізоды з яго жыцця патрабуюць удакладнення.

    Пражыў ён доўгае жыццё. У 1920-1930 гадах у Заходняй Беларусі, знаходзячыся ў Лідзе, захапіўся краязнаўствам, зацікавіўся матэрыяльнай і духоўнай культурай свайго народа. Усё гэта выразна сведчыць пра тое, што такі чалавек і ў 80-я гады XIX стагоддзя мог узяць на сябе ініцыятыву па арганізацыі і выпуску беларускай публіцыстыкі.

    Напалеон Чарноцкі аказаўся адным з нямногіх, хто выказаў словы пашаны пра сваіх ужо даўно памёрлых аднадумцаў, у тым ліку і пра Антона Ражава.

    І хоць пра А. Ражава пісаў сам Н. Чарноцкі, а нядаўна ўнёс свае карэктывы даследчык з Варшавы Юрка Туронак [* Turonek Jerzy. Wokół genezy Dziadźki Antona. - Slavia orientalis. Rocznik XXXII. N 3. Warszawa. 1983. S. 269.], з улікам знаходак маскоўскага даследчыка А. М. Арэхава, а таксама ўсіх беларускіх літаратуразнаўцаў, падвёў вынікі дыскусіі Віталь Скалабан [* Скалабан Віталь. Працяг гісторыі з “Дзядзькам Антонам”. Полымя. 1988. № 2. С. 183-194.]. Усё ж некаторыя аспекты з успамінаў Н. Чарноцкага мусім закрануць і зараз, бо без іх нельга будзе зразумець драматызм знаходжання Антона Ражава ў Дэрпцкім ветэрынарным інстытуце.

    Каля чатырох дзесяткаў гадоў пройдзе, пакуль Н. Чарноцкі возьмецца за мемуары. Памяць яму не здрадзіла, але і архівамі таксама нельга пагарджаць. Вяртаемся ў год 1883, калі Напалеон Казіміравіч на свае вочы ўбачыў у Слуцкай гімназіі падпольную бібліятэку, якой апекаваўся гурток самаадукацыі. Тую бібліятэку складалі кнігі не абы-якія, а з пэўным сэнсам. Сюды перадала свае кніжкі нават беларуская фалькларыстка, этнограф і пісьменніца Эма Яленская (па мужу Дмахоўская), ураджэнка Камаровіч, з-пад Петрыкава. Гэта была вельмі цікавая асоба. Збіральніца духоўнай культуры беларусаў і яе прапагандыст, Яленская-Дмахоўская апублікавала ў Парыжы “Палескі фальклор”. Яе ведалі і як польскую пісьменніцу, аўтара аповесці “Паненка”, кніг “Матка”, “Двор у Галінішках”, “Ад кахання”, “Бацяны” і іншых, дзе так шмат беларускага. Драмы Эмы Яленскай-Дмахоўскай ішлі ў тэатрах Лодзі, Вільні, Варшавы. Асаблівая заслуга пісьменніцы ў раскрыцці духоўнага багацця Палесся [* Васілевіч У. «Паненка» з вёскі Камаровічы. Работніца і сялянка. 1986. № 2. С. 23.]. Не выключана, што яна і асабіста ведала некаторых вучняў Слуцкай гімназіі. Пазней жа арганізацыя рухомых бібліятэк стала для Эмы Яленскай-Дмахоўскай справай жыцця.

    У патаемнай слуцкай бібліятэцы гімназісты чыталі “Гістарычныя заметкі” Міртава, якія, паводле слоў Н. Чарноцкага, “сталі для нас нечым з катэгорыі катэхізіса”. Нараджаліся дыскусіі, выспявалі думкі аб прапагандзе рэвалюцыйных поглядаў. Справай іх практыкі стала выданне беларускай брашуры паводле вядомага ўжо твора “Бацькі Шымана”. Здабылі гектограф. Знайшліся перакладчыкі. Імі маглі быць Н. Чарноцкі, А. Ражаў, якія някепска ведалі беларускую мову. І справа друку зрушылася з месца.

    Усё ж нявопытнасць юных энтузіястаў нечым дазволіла выкрыць сябе перад пільнымі вачыма вартаўнікоў бяспекі. Як піша той жа мемуарыст Чарноцкі, “праз пару гадоў улады напалі на след бібліятэкі, блізка дзесяцігадовага яе існавання” [* Czarnocki N.  Przyczynki... S. 51.]. З людзей іх першай “здабычай” стаў 19-гадовы Іван Міхайлавіч Андрусевіч, які разам з А. Ражавым і Н. Чарноцкім вучыўся ў гімназіі. Андрусевіч у сяле Пужаве Ігуменскага павета чытаў народу забароненую брашуру “Расказы дзядзькі Шымана”. Пры затрыманні Андрусевіча было выяўлена і пісьмо, якое ён падрыхтаваў для адпраўкі Антону Ражаву, дзе, між іншым, гаварылася, што чытаць на сходах небяспечна, таму што “там бываюць старасты, старшыны, ключнікі і інш. паразіты сярод саміх мужыкоў і вартуюць і думкі і словы [* ЦДГА Літ. ССР, ф. 446, воп. 3, спр. 47, арк. 6.]. (Тут я павінен выказаць падзяку гісторыку, супрацоўніку БелСЭ Віталю Скалабану за магчымасць пакарыстацца копіяй судовай справы А. Ражава.)

    Што ж адбывалася ў Слуцку? Як сцвярджае той жа Н. Чарноцкі, пакуль паліцыя рыхтавала свой аўральны налёт, то ўвесь тыраж брашуры быў прыхаваны, а гектограф знаходзіўся ў вёсцы ў бацькоў Н. Чарноцкага.

    Арыштавалі А. Ражава, на кватэры якога збіраліся члены гуртка. Дарэчы, тут і рыхтавалася выданне рэвалюцыйнай брашуры. Улікі для арышту былі, і васьмікласнік са Слуцка Антон Ражаў — сама надзея сям’і — быў арыштаваны. Як паказвае следства, паводзіў ён сябе вельмі разумна і нікога не выдаў. Пры вобыску ў яго доме былі знойдзены рукапісны сшытак “Дядя Шимон” з праўкамі і сшытак з разважаннямі самога Антона аб неабходнасці стварэння партыі. Ён асуджаў бакуністаў, думаў аб перспектыве грамадскага руху.

    Бацькі Антона Ражава ведалі ўсіх членаў гуртка, але яны не толькі нікога не выдалі і не скампраметавалі, але нават папярэдзілі ўсіх аб небяспецы. Значыць, у следчых органаў не было самага асноўнага — выдадзенай брашуры, за што належала б судзіць ды адпраўляць у Сібір.

    У сваім заключэнні ад 7 сакавіка 1886 года унтэр-афіцэр жандарскага ўпраўлення Мінскага, Барысаўскага, Ігуменскага паветаў Грыгор’еў перадаў свайму начальству брашуры “Для народного чтения”, “Дядя Шимон” і пісьмо са зваротам “дарагі мой сябра, Антон” і падпісанае: “Іван” (маецца на ўвазе пісьмо Івана Андрусевіча да Антона Ражава.— Г. К.) [* Тамсама, арк. 25.].

    На следстве арыштаваны гімназіст трымаўся спакойна і сваю абарону вёў абгрунтавана. Прызнаўся, што брашуру ў ружовай вокладцы з 36 старонак даў яму яўрэй Талькоўскі 13 чэрвеня 1885 года. Нікому яе не даваў; толькі свайму сябру Івану Андрусевічу [* Тамсама, арк. 25.]. Усе астатнія абвінавачанні ён адвяргаў і не прызнаваў.

    Звернемся зноў да сведчанняў Напалеона Казіміравіча. Той піша, што падпракурор Ягораў не знайшоў ва ўчынку А. Ражава важкіх улік у антыдзяржаўнай злачыннасці і дазволіў яму вярнуцца ў Слуцкую гімназію. Антон паспяхова яе скончыў. І шляхі-дарогі з Н. Чарноцкім разышліся. Першы паехаў вучыцца ў Юр’еў, а другі — у Маскву.

    Пераносімся зноў у лета 1988-га. У руках шалясцяць паперы Тартускага архіва. Справа Антона Ражава аказалася такой пухлай, што яе давялося інстытуцкім канцылярыстам раскласці на дзве папкі.

    Пачатак нечаканы — “конфиденциальное сообщение” дырэктара Слуцкай гімназіі А. Смародскага, у якім даецца характарыстыка выпускніка А. Ражава. Сціплы. Паспяхова вучыўся. И як сыну бедных бацькоў давалі дапамогу. Паступіў у гімназію ў 1876 годзе, у падрыхтоўчы клас. Далей апісваюцца два сумныя факты, якія здарыліся з Антонам у восьмым класе. Прыбыўшы ў Слуцк, адзін малады яўрэй пад выглядам занятку рэпетытарствам пазнаёміўся з Ражавым, “зацягнуў яго ў свае сеці” і пакінуў у вучня гектаграфічны адбітак “Казкі дзядзькі Шымана” [* ЦДГА ЭССР, ф. 404, воп. 1, спр. 3186, арк. 4.]. Сам жа невядома куды знік.

    И далей чытаем: “Знаходжанне ў Ражава забароненай брашуры дайшло да ведама Мінскай жандарскай управы, што і павяло за сабой вобыск на кватэры вучня.

    Праведзенае па гэтай справе дазнанне цягнулася да кастрычніка 1886 года і чым скончылася, мне невядома. Ёсць, між іншым, падставы думаць, што Ражаў, апрача названай брашуры, ні ў чым кепскім з боку жандарскага ўпраўлення не быў заўважаны. Пакінуты на другі год у восьмым класе, Антон знаходзіўся пад асобым наглядам гімназійнага начальства, паводзіў сябе бездакорна” [* Тамсама, арк. 5.].

    У лісце дырэктара гімназіі ўжо засведчаны новыя звесткі, пра якія мы толькі здагадваліся. Будзем мець іх на ўвазе. Усё ж гэтая характарыстыка давала сваё дзейства на ход падзей. А пакуль што Антона Паўлавіча Ражава 27 жніўня 1887 года прынялі ў Юр’еўскі ветэрынарны інстытут.

    У студэнцкую справу леглі і іншыя дакументы. Падшыта ў папку просьба бацькі, Паўла Ражава, мешчаніна горада Слуцка, адстаўнога салдата, які жыў з сям’ёй на вуліцы Казацкай і быў вартаўніком. Акрамя Антона былі браты Сцяпан, Яфім і чатыры сястры.

    Заглянем у метрычную копію, бо мы ж яшчэ і год нараджэння не ведаем нашага героя. Напэўна ж, спатрэбяцца такія звесткі і энцыклапедыстам.

    Антон Паўлавіч Ражаў нарадзіўся 17 студзеня 1866 года ў сям’і адстаўнога салдата ў Слуцку. Для параўнання нагадаем, што яго сябар Н. Чарноцкі толькі на паўгода маладзейшы. Бацька Антона — Павел Федаравіч Ражаў, як ужо вышэй гаварылася, быў адстаўны салдат, або “пабілетны радавы”. Служыў спачатку ў Бабруйскай крэпасці, потым апынуўся ў Слуцку і тут ажаніўся з мясцовай сялянскай дзяўчынай Ганнай Іванаўнай.

    Калі ў іншых студэнцкіх справах яго часу даволі часта сустракаюцца фатаграфіі, то ў Антона Ражава іх няма. Затое тут ёсць славесны партрэт, які яму далі яшчэ ў кабінеце слуцкага воінскага начальніка ў 1885 годзе: “Рост 2 аршыны і 8 вяршкоў, валасы светла-русыя, вочы блакітныя, нос, рот мерныя, падбародак гладкі, асаблівых прыкмет няма. Грамату ведае, а рамяством не валодае” [* Тамсама, арк. 111.].

    Такім чынам, партрэт маем, пра вучобу ў Слуцку ведаем. Цяпер час даведацца пра жыццё і вучобу Ражава ў ветэрынарным інстытуце. А ёсць што пачытаць і чаму паздзіўляцца.

    Тады студэнтаў, як цяпер кажуць, “на бульбу не пасылалі”, і яны адразу ж браліся за вучобу. Случак слухаў лекцыі, знаёміўся з горадам, заводзіў знаёмствы, прагульваўся па берагах паўнаводнай і чысцюткай Эмайыгі (што азначае “Маці-рака”). Як толькі прыйшла сакрэтная дэпеша: “Пракурор Варшаўскай судовай палаты ад 5 верасня 1887 года за № 447 паведаміў па справе абвінавачання мешчаніна Антона Ражава ў дзяржаўнай злачыннасці”, зноў закруцілася-завярцелася. Мясцовы паліцэйскі спраўнік чытаў далей: “Гасудар імператар 23 дня жніўня месяца гэтага года (1887. — Г. К.) высачайша дазволіў зрабіць дазнанне адміністрацыйным шляхам з тым, каб Ражава падвергнуць арышту пры паліцыі на шэсць тыдняў” [* Тамсама, ф. 296, воп. 8, спр. 393, арк. 1.].

    Якія ж былі прычыны зноў браць Антона Ражава пад арышт? Ён жа ў Слуцку сваё адседзеў, і нават пасля гімназію далі скончыць. Забягаючы наперад, мусім успомніць яшчэ аднаго случака — аднакашніка Мечыслава Восіпавіча Марцінкевіча. Аказваецца, ён таксама арыштоўваўся ў 1886 годзе. І таксама, трапіўшы ў Дэрпт, знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Восем месяцаў адседзеў ён у дэрпцкай турме, а потым зноў аднавілі ў правах студэнта ветэрынарнага інстытута, але галосны нагляд за ім так і застаўся [* Тамсама, спр. 346, арк. 10.].

    Неўзабаве ў М. В. Марцінкевіча знайшлі лістоўкі рэвалюцыйнага зместу, пісьмы розныя, сачыненні, забароненую літаратуру “предосудительного содержания”, а таксама лісток збораў у карысць арганізацый “Народнай волі” [* Тамсама, арк. 12.].

    У 1888 годзе нагляд з Марцінкевіча здымаецца, але гэта хутчэй за ўсё таму, што яго адправілі ў Слуцк [* Тамсама, арк. 13.]. Далейшы лёс гэтага цікавага для беларускай гісторыі чалавека невядомы. Пад нагляд паліцыі ён трапіў ужо ў 1889 годзе. Менавіта пасля арышту Мечыслава Марцінкевіча, напэўна, і ўзнікла неабходнасць кінуць у камеру турмы і Антона Ражава, хоць па матэрыялах архіва гэтая сувязь не прасочваецца.

    Да Дэрпта сігнал на арышт А. Ражава дайшоў пазней. Спачатку гэтая дэпеша адрасавалася мінскаму губернатару, а той ужо, па вядомай прычыне, скіраваў яе ліфляндскаму губернатару. І спрыту ахоўнікаў моцы расійскай можна было толькі падзівіцца: за лічаныя дні, пры тагачаснай пошце, пра росшукі і неабходнасць арышту Ражава ведалі ў Слуцку, Мінску, Варшаве, Рызе, Дэрпце. Кола замкнулася. Паліцмайстар Расон з Дэрпта адрапартаваў: студэнт А. П. Ражаў арыштаваны і дастаўлены ў мясцовы дэпартамент паліцыі. На допыце малады, але спрактыкаваны Антон Паўлавіч паводзіў сябе высакародна і не даў ніякіх падстаў, каб хоць каго з паплечнікаў дыскрэдытаваць. Ды і сам за сябе пастаяў. Уладам нічога не заставалася рабіць, як зноў адрапартаваць па інстанцыі пра яго добрыя паводзіны і 11 снежня 1887 года выпусціць чалавека на волю. Ражаў зноў засеў разам са сваімі аднакурснікамі штудзіраваць ветэрынарыю.

    Мяркую, што гэтыя весткі з Тартускага архіва дапоўняць і ўдакладняць мемуары Напалеона Чарноцкага.

    У выданні публіцыстычнай літаратуры быў добры працяг (Львоў, Тыльзіт, Вільня), які браў пачатак ад Н. Чарноцкага — А. Ражава. У сваю бытнасць у Маскве Напалеон Казіміравіч акажацца ў адной інтэрнацыянальнай студэнцкай арганізацыі разам з Мар'янам Абрамовічам, Вацлавам Вароўскім і іншымі супольнікамі. Не выключана, што Чарноцкі мог расказаць новым сябрам пра свайго слуцкага пабраціма Антона.

    Не магу сцвярджаць, але мяркую, што выхад у Тыльзіце ў 1892 годзе вядомай брашуры з характэрным загалоўкам “Дзядзька Антон” мог з’явіцца ўшанаваннем і імені стойкага народніка Антона Ражава. Усё гэта магло прайсці па ланцужку нацыянальна-грамадскай свядомасці: Напалеон Чарноцкі — Мар’ян Абрамовіч.

    Які ж далейшы лёс случака, што апынуўся ў старадаўнім Дэрпце? Як ён там вучыўся? Ці быў ён творчым чалавекам? Урэшце, ці быў той слуцкі эпізод з выданнем брашуры толькі выпадкам жыцця?

    Антон Паўлавіч выдатна ведаў, што яго трымаюць навідавоку. Зрэшты, аб гэтым яго і папярэджвалі ўлады. Слядоў асабістай перапіскі не выявілася, і цяжка сказаць, з кім ён падтрымліваў сувязь. Вучыўся ж хлопец старанна, да самазабыцця, і поспехі ацэньваліся добрымі і выдатнымі адзнакамі. Вучоба Антона Ражава ў ветэрынарным інстытуце праходзіла ў неверагодна цяжкіх умовах. Бывала, што харчаваўся раз у суткі. Ужо на першым курсе прасіў вызваліць яго ад платы за лекцыі. У наступным прашэнні закінуў слова наконт стыпендыі. Быў адказ, што на першым курсе ад платы за лекцыі ніхто не вызваляецца, але стыпендыю прызначылі. На другім курсе савет інстытута вырашыў павысіць яму стыпендыю. І хоць прашэнняў ад Антона Ражава было нямала, але гэта не выклікала злосці, бо сваімі адносінамі да вучобы ён меў павагу да сябе. Курсавыя работы, якія тут захаваліся, звярнулі ўвагу прафесуры. Пісаў ён пра хваробы коней, авечак і іншых свойскіх жывёл.

    Паважаны чытач скажа: што ж тут дзіўнага, гэта ж усё па спецыяльнасці, так яно і трэба. Ну а калі не па спецыяльнасці? Было ў Ражава і такое. Захоўваецца рукапісная праца “Важнейшыя моманты ў гісторыі развіцця рускай літаратурнай мовы”. Этап за этапам ён вядзе гэтую нітку храналогіі, звяртаючы ўвагу на лексічныя асаблівасці мовы на кожным адрэзку часу, асабліва ў такіх грандаў, як Ламаносаў, Карамзін... Зрабіў вывад, што Ламаносаў валодаў высокім стылем, а ў Карамзіна ён даволі аднастайны, а вось “дзякуючы Пушкіну руская літаратурная мова дасягнула свайго сучаснага стану” [* Тамсама, ф. 404, воп. 1, спр. 3186, арк. 28.]. Што ж, малады Ражаў і ў літаратуры кеміў.

    На трэцім курсе Антон Паўлавіч паправіў свае справы. Скеміў звязацца з ваенным ведамствам, у якога патрэба ў ветэрынарах была заўсёды вялікая. І ён становіцца іх стыпендыятам, што потым абавязвала яго пайсці на службу ў кавалерыю. Выбару ж не было, і Ражаў згадзіўся.

    Ён вельмі хутка фарсіраваў свой курс адукацыі і ў 1891 годзе датэрмінова атрымаў ступень ветэрынарнага ўрача. Недзе за паўгода да гэтага ён напісаў прашэнне аб дазволе працаваць над дысертацыяй.

    Антон Ражаў, як і ўсё прагрэсіўнае студэнцтва, пільна ўглядаўся і ўслухоўваўся ў пульс сацыяльна-палітычнага працэсу ў Расіі, салідарызаваўся з усімі рэвалюцыйнымі выступленнямі. Так фарміраванне яго ўласнага светапогляду ішло побач з глыбокім засваеннем інстытуцкай навукі, што і выявілася ў атрыманай ім магчымасці фарсіраваць дысертацыю.

    Талент нашага земляка пераўзышоў усе чаканні прафесуры. Здольнаму студэнту не толькі дазволілі неадкладна здаваць экзамены на ступень магістра ветэрынарных навук, але і выдзелілі сродкі для правядзення лабараторных даследаванняў. Ваенна-медыцынскае ведамства ў адпаведнасці з праектам А. П. Ражава заказала яму неабходны інструментарый на заводзе хірургічных інструментаў. Арганізавалі фатаграфаванне. Больш таго, як толькі Ражаў паведаміў пра сваю гатоўнасць да абароны дысертацыі, яму выдаткавалі 150 рублёў на выпуск навуковай працы друкаваным спосабам.

    З моманту падачы прашэння і да абароны дысертацыі прайшло толькі паўтара года.

    І вось яна, вялікафарматная, цудоўна надрукаваная манаграфія А. П. Ражава “Даследаванне некаторых пытанняў, якія належаць да развіцця шкілета ў млекакормячых. Юр’еў (Дэрпт), 1893 год”. На вокладцы дысертацыі аўтар ужо значыцца як ветэрынарны ўрач лейб-гвардыі Драгунскага палка.

    Абарона прайшла бліскуча 22 мая 1893 года [* Тамсама, арк. 81.]. Вучоны савет слухаў агрументаванае слова Ражава. Апаненты К. Паўпах [Казімір Карлавіч Радпах — дырэктар ветэрынарнага інстытута, адзін з афіцыйных апанентаў на абароне дысертацыі А. П. Ражава.], Н. Цэйх, Л. Кундзін далі высокую ацэнку творчаму напрамку дысертанта, яго смеласці ў пошуках сваіх шляхоў. Сам Антон Паўлавіч выказаў удзячнасць свайму навуковаму кіраўніку прафесару А. Розенбергу, пад чыім апякунствам ён займаўся з першага семестра трэцяга курса.

    А далей А. П. Ражаў, у адпаведнасці з умовай, адправіўся на месца службы ў Драгунскі полк, які дыслацыраваўся ў Крэчаўцы Наўгародскага павета. Аднак і тут не ўсё ішло проста. Яму, чалавеку дэмакратычных перакананняў, жудасна было глядзець на ўсю муштру, салдафонства, у душы пратэставаў, шукаў выйсце, але працягваў служыць.

    І вось здарылася бяда. 5 мая 1902 года пры перавозе маёмасці палка на новае месца службы ў Пецяргоф на рацэ Волхаў загарэлася баржа. У тым пажары згарэлі асабістыя рэчы, дакументы і дыплом вучонага.

    Камандуючы кавалерыі генерал-маёр Іваноўскі звярнуўся да кіраўніцтва Юр’еўскага ветэрынарнага інстытута зрабіць копію дыплома для “надворнага саветніка А. П. Ражава”. І такую копію інстытут выслаў [* Тамсама, арк. 100.].

    Ці можна Антона Ражава залічыць да рэнегатаў, якія, кажучы словамі Янкі Купалы, “плылі ў чужыншчыну сляпой паводкай то за варшаўскім, то за маскоўскім раем”? Калі адказ даваць без спуску на акалічнасці, то можна сказаць: “Так”. Аднак наш герой трапіў у д’ябальскую крутаверць, калі хацелася свой талент прыкласці да канкрэтнай справы або вярнуцца ў родны Слуцк і застацца на ўзроўні якога-небудзь паштовага служачага. ён пайшоў іншым шляхам і чакаў свайго часу, сваёй хвіліны, каб адразу даказаць, хто ён ёсць. Гарту для гэтага ў Антона Паўлавіча хапала.

    Вось такога чалавека якраз і выкрышталізавала жыццё з Антона Ражава, сына беднай Казацкай вуліцы Слуцка. Сумленны рэвалюцыянер-народнік, талковы вучоны-ветэрынар, публіцыст, змагар за ідэалы прагрэсу. Сама смерць яго таксама стала клічам пратэсту для аднадумцаў і спадкаемцаў. Ён выйшаў з піцерскімі рабочымі ў час “Крывавай нядзелі” 9 студзеня 1905 года. Куля царскага ахоўніка ўсё ж дагнала сваю ахвяру, за якой ганялася столькі часу. Антон Ражаў, распасцёршы рукі, сцякаючы крывёю, ляжаў у самым цэнтры паўночнай сталіцы Расіі. Была нечая радасць, спагады ж не было.

    Што ж засталося ад гэтага чалавека? Няўжо тая куля забіла нашу памяць? Можа, і праўда, што імя яго засталося толькі на вокладцы вострапубліцыстычнай брашуры “Дзядзька Антон”? Нешта тут ёсць ад увекавечання, якое зрабіў Мар’ян Абрамовіч.

    /Маладосць. № 5. Мінск. 1992. С. 125-126, 131-135./

 











 

    АБРАМОВІЧ Марыян (25. 3. 1871, г. Цвер — 7. 1. 1925), удзельнік рэв. руху, дзеяч культуры ў Польшчы і на Беларусі. Скончыў гімназію ў Маскве. У час вучобы на матэматычным ф-це Маскоўскага ун-та ўваходзіў у Маскоўскае польскае кола, узначальваў у ім гурток сацыяліст. кірунку. На Навагрудчыне вывучаў бел. мову. Неаднаразова выязджаў за мяжу, дзе наладзіў сувязі з паліт. эміграцыяй. У 1892 выдаў у Тыльзіце (Усх. Прусія) бел. агітацыйную брашуру “Дзядзька Антон”. У 1892 арыштаваны царскай паліцыяй у Варшаве і пасля 2-гадовага знаходжання ў следчай турме (1892-93) прыгавораны да 3 гадоў турэмнага зняволення і 6 гадоў ссылкі. Адбываючы пакаранне ў пецярбургскіх «Крыжах», у 1894 адмовіўся прыняць прысягу на вернасць новаму імператару Мікалаю II. Пасля вяртання са ссылкі жьіў у Пецярбургу, узначальваў рабочую кнігарню «Праца». У час рэвалюцыі 1905-07 забяспечваў сувязь паміж Польскай сацыяліст. партыяй (ППС) і расійскімі рэв. партыямі. З 1908 у Варшаве, працаваў ва ўпраўленні чыгунак. Пасля адраджэння незалежнасці Польшчы (1918) займаўся архіўнай і бібліятэчнай справамі. Уладальнік вял. б-кі (каля 8 тыс. тамоў), у якой былі рэдкія бел. выданні.

    Літ.: Скалабан В. Працяг гісторыі з “Дзядзькам Антонам” // Полымя. 1988. № 2; Durko J. Abramowicz Marian Stanisław // Słownik biograficzny działaczy polskiego ruchu robotniczego. 2 wyd. Warszawa, 1985. T. 1;Turonek J. Wokół genezy Dziadźki Antona // Slavia Orientalis. 1983. № 3.

     П. Р. Казлоўскі, В. У. Скалабан.

    /Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 1. Мінск. 1993. С. 19./

 


 

                                                                  І ДУХ, І ЛІТАРА

                                                              Яшчэ пра тэксталогію

    ...Да нядаўняга часу Адам Гурыновіч лічыўся і аўтарам ананімнай рэвалюцыйнай брашуры «Дзядзька Антон», выдадзенай у 1892 г. Такой думкі прытрымліваліся вядомыя беларускія вучоныя М. Ларчанка, I. Лушчыцкі, С. Майхровіч. У 1961 г. у артыкуле “Гісторыя з «Дзядзькам Антонам»” С. Александровіч давёў, што беларуская брашура — гэта пераклад польскага агітацыйнага выдання “Бацька Шыман”. Надрукаваў яе ў Тыльзіце, а магчыма, і пераклаў М. Абрамовіч [* Александровіч С. Гісторыя з “Дзядзькам Антонам” // Літ. і мастацтва. 1961. 4 жн.]. Праз дзесяць гадоў Г. Каханоўскі адкрыў, што першы варыянт “Дзядзькі Антона” пад назвай “Старая прысказка” быў надрукаваны ў 1887 г. у Львове [* Каханоўскі Г. Львоўскае рэха // Полымя. 1971. № 11. С. 222-225.]. Нарэшце, апошнім часам B. Скалабан прывёў цікавыя звесткі аб тым, што яшчэ больш ранні варыянт «Дзядзькі Антона» быў выдадзены прыблізна ў 1885 г. у Слуцку на гектографе і што да гэтага выдання, як і да тыльзіцкага выдання 1892 г., меў непасрэдныя адносіны ураджэнец Ляхаўскага раёна Н. Чарноцкі (1866-1937), будучы перакладчык на беларускую мову п’ес Крапіўніцкага і Чэхава [*    Скалабан В. Працяг гісторыі з “Дзядзькам Антонам” // Голас Радзімы. 1983. 18 жн. Разгорнуты варыянт: Полымя. 1988. № 2. С. 183-194.]. Незалежна ад В. Скалабана надзвычай грунтоўнае даследаванне па гэтых пытаннях напісаў Ю. Туронак у Польшчы [*    Turonek J. Wokół genezyDziadźki Antona” // Slavia оrientalis. R. 32, Nr 3. Warszawa. 1983. [Скончана друкам у 1985 г.] S. 267-274.]. Такім чынам, па ўсім відаць, што А. Гурыновіч не меў непасрэдных адносін да напісання і выдання “Дзядзькі Антона”. Атрыманыя вынікі — досыць пераканальны прыклад дасягненняў нашых вучоных на канкрэтнай дзялянцы крыніцазнаўства і тэксталогіі.

    /Г. В. Кісялёў.  Ад Чачота да Багушэвіча. Праблемы крыніцазнаўства і атрыбуцыі беларускай літаратуры ХІХ ст. Мінск. 1993. С. 321-322./

 

















 

    АБРАМОВІЧ Марыян Станіслаў (25. 3. 1871 — 7. 1. 1925).

    Рэвалюцыянер-народнік, дзеяч культуры Беларусі і Польшчы. Нарадзіўся ў г. Цвер. Скончыўшы гімназію ў Маскве, у 1888 паступіў на матэматычны факультэт Маскоўскага універсітэта. Яшчэ ў час вучобы ў гімназіі А. пазнаёміўся з сацыялістычным рухам, а ва універсітэце знаходзіўся пад уплывам ідэалогіі “Народнай волі” і партыі “Пралетарыят”. З 1888 член студэнцкай арганізацыі «Гурток польскі», быў дэлегатам гэтай арганізацыі на з’езд Саюза польскай моладзі ў Варшаве ў 1889. 9. 3. 1890 арыштаваны разам з Н. Чарноцкім, Ядвігіным Ш. і інш. за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях і зняволены ў Маскоўскую турму Бутыркі. У турме прыняў удзел у заснаванні Першага беларускага гуртка моладзі ў Маскве, мэтамі якога было «якім бы то ні было спосабам — легальным ці нелегальным — стварыць Беларускае друкаванае слова», «пад час летніх вакацый ісці ў Беларускі народ, будзіць і пашыраць паміж яго нацыянальную свядомасць». Пасля адбыцця турэмнага зняволення выехаў за мяжу, дзе ў розных універсітэтах вывучаў філасофію, наладжваў цесныя кантакты з польскай сацыялістычнай эміграцыяй, прымаў удзел у выданні ў Парыжы зборніка («Пабудка»). Неаднаразова прыязджаў ва Усх. Прусію, дзе друкаваў агітацыйную літаратуру, а потым перапраўляў яе ў Расію. Праз Чарноцкага ён атрымаў у Маскве слуцкі варыянт перакладу на беларускую мову польскай агітацыйнай брашуры «Бацька Шыман». У 1892 А. выдаў у Тыльзіце (Усх. Прусія) гэту брашуру пад назвай «Дзядзька Антон». У 1892 ён арыштаваны ў Варшаве за распаўсюджванне пракламацый. Пасля двухгадовага зняволення ў Варшаўскай цытадэлі асуджаны на 3 гады зняволення ў пецярбургскай турме «Крыжы» і на 6 гадоў пасялення ў Сібіры. А. быў адным з трох вязняў, якія пасля смерці цара Аляксандра III адмовіліся прысягаць на вернасць яго наследніку Мікалаю II. Пасля адбыцця ссылкі ў 1902 жыў на Каўказе, потым пад Харкавам. Па хадайніцтве Пецярбургскай АН яму было дазволена жыць у Пецярбургу, дзе ён працаваў кіраўніком рабочай бібліятэкі «Труд». Пасля ліквідацыі бібліятэкі ў 1908 пераехаў у Вільню, потым у Варшаву, дзе працаваў да 1915 ва Упраўленні чыгунак. За ўдзел у арганізацыі Народнага універсітэта ў Варшаве зноў арыштаваны. У час незалежнасці Польшчы працаваў у архівах Варшавы, быў членам Таварыства былых палітычных вязняў. Меў вялікую бібліятэку, у якой былі рэдкія беларускія выданні. Веды па беларускай мове ўдасканальваў на Навагрудчыне, быў знаёмы з М. Федароўскім. Пасмяротна (1930) узнагароджаны Крыжам Незалежнасці.

    Літ. Скалабан В. Працяг гісторыі з “Дзядзькам Антонам” // Полымя. 1988. № 2; Czarnocki N. Przyczynki do historii PPS // Księga pamiątkowa PPS. Warzawa. 1923; Turonek F. Wokół genezy Dziadźki Antona // Slavia orientalis. 1983. 3.

    М. А.Сакалова

    /Мыслітелі і асветнікі Беларусі. Х – ХІХ стагоддзі. Энцыклапедычны даведнік. Мінск. 1995. С. 339./

 

 

    АБРАМОВІЧ Марыян Станіслаў (25. 3. 1871, г. Цвер — 7. 1. 1925), удзельнік рэв. руху, дзеяч культуры Польшчы і Беларусі. У час вучобы ў Маскоўскім ун-це ўзначальваў гурток сацыяліст. кірунку ў маскоўскім польскім коле. У 1892 выдаў у Тыльзіце (Усх. Прусія) бел. агіт. брашуру “Дзядзька Антон”, за што арыштаваны, прыгавораны да 3 гадоў турмы і 6 гадоў ссылкі, пасля якой жыў у Пецярбургу, узначальваў рабочую друкарню “Праца”. У рэвалюцыю 1905-07 забяспечваў сувязь паміж Польскай сацыяліст. партыяй і рас. рэв. партыямі. З 1908 у Варшаве. З 1918 займаўся архіўнай і бібліятэчнай справай.

    Літ: Скалабан В. Працяг гісторыі з “Дзядзькам Антонам” // Полымя. 1988. № 2.

    /Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 1. Мінск. 1996. С. 38./

 



 

    “ДЗЯДЗЬКА АНТОН”, беларускі агітацыйны перакладны твор 19 ст. Пераклад і перапрацоўка зроблены з польскай агітац. брашуры “Бацька Шыман”, якая ў сваю чаргу з’яўляецца перапрацоўкай рус. публіцыст. брашуры А. Іванова (В. Варзара) “Хітрая механіка” (Цюрых, 1874). Выдадзены ў 1892 М. Абрамовічам у Тыльзіце (на тытуле для канспірацыі пазначана Вільня) пад назвай “Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць — не ведаем...”. Да тыльзіцкага выдання мела дачыненне інтэрнацыянальная студэнцкая арг-цыя ў Маскве (уваходзілі Абрамовіч, В. Вароўскі, Н.Чарноцкі і інш.). Пераклад разлічаны на бел. чытача. Твор напісаны ў форме навук.-папулярнай гутаркі па палітэканоміі, удала спалучае агітац. публіцыстыку і маст. прозу. Апавядальнік Антон, які раней настаўнічаў, працаваў на фабрыках, абураецца, што мужык жыве “ў бядзе, голадзе дый холадзе”, аналізуе аграрнае пытанне, стан нар. асветы, выдаткі на цара і царскую сям’ю, дзярж. апарат, армію, заклікае бел. сялян браць прыклад з рускіх, якія выступаюць супраць цара. Гутарка заканчваецца заклікам (у польскім арыгінале адсутнічае): “А цяпер — проціў цара і яго чыноўнікаў пойдзем!». Ранейшым варыянтам «Дз. А.» з’яўляецца “Старая прысказка”, выдадзеная К. Гучкоўскім у 1887 у Львове (канфіскавана паліцыяй, вядомы экз. зберагаецца ў Цэнтр. гіст. архіве Украіны ў Львове). Ёсць звесткі пра пераклад на бел. мову і выданне «Дз. А » на гектографе ў 1885 тайным гуртком самаадукацыі Слуцкай гімназіі (сярод членаў Чарноцкі, А. Ражаў). У 1903 выдадзены ў Лондане новы пераклад і новая апрацоўка брашуры пад назвай “Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць» (магчыма, пераклаў Д. Сямашка; перавыдадзена ў Пецярбургу ў 1907, забаронена цэнзурай). Скарыстана Ф. Завадскім і М. Фальскім пры напісанні пракламацыі “Царская гаспадарка”, якая распаўсюджвалася на Беларусі ў рэв. 1905-07. Аўтарства твора доўгі час памылкова прыпісвалася А. Гурыновічу.

    Публ.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

    Літ.: Александровіч С. Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 77-82, 118, 122, 155; Яго ж. Гісторыя з “Дзядзькам Антонам” // ЛіМ. 1961. 4 жн.; Каханоўскі Г. Львоўскае рэха // Полымя. 1971. № 11; Яго ж. Таямніцы за Чортавым мостам // Маладосць. 1992. № 5; Казбярук У. Яшчэ пра “Старую прысказку” // ЛіМ. 1972. 11 лют.; Turonek J. Wokół genezy Dziadźki Antona // Slavia Orientalis. 1983. № 3; Скалабан В. Працяг гісторыі з “Дзядзькам Антонам” / Полымя. 1988. № 2; Кісялёў Г. В. Ад Чачота да Багушэвіча: Прабл. крыніцазнаства і атрыбуцыі бел. літ. XIX ст. Мн., 199 С. 321-322.

    Віталь Скалабан

    /Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 3. Мінск. 1996. С. 233-234./

 

 

    “ДЗЯДЗЬКА АНТОН”, перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з польск. агітацыйнай брашуры “Бацька Шыман”, якая з’яўляецца перапрацоўкай рус. публіцыстычнай брашуры А. Іванова (В. Варзара) “Хітрая механіка” (Цюрых, 1874). Выдадзена ў 1892 М. Абрамовічам у Тыльзіце (на тытуле для канспірацыі пазначана Вільня) пад назвай “Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць — не ведаем...». Да тыльзіцкага выдання мела дачыненне інтэрнац. студэнцкая арг-цыя ў Маскве (уваходзілі Абрамовіч, В. Вароўскі, Н. Чарноцкі і інш.). Пераклад разлічаны на бел. чытача. Твор напісаны ў форме навук.-папулярнай гутаркі па палітэканоміі, удала спалучае агітацыйную публіцыстыку і маст. прозу. Апавядальнік Антон, які раней настаўнічаў, працаваў на ф-ках, абураецца, што мужык жыве “ў бядзе, голадзе дый холадзе”, аналізуе аграрнае пытанне, стан нар. асветы, выдаткі на цара і царскую сям’ю, дзярж. апарат, армію, заклікае бел. сялян браць прыклад з рускіх, якія выступаюць супраць цара. Гутарка заканчваецца заклікам (у польскім арыгінале яе няма): “А цяпер — проціў цара і яго чыноўнікаў пойдзем!” Ранейшым варыянтам “Дз. А.” з’яўляецца “Старая прысказка”, выдадзеная К. Гучкоўскім у 1887 у Львове (канфіскавана паліцыяй, вядомы экз. зберагаецца ў Цэнтр. гіст. архіве Украіны ў Львове). У 1903 выдадзены ў Лондане новы пераклад і новая апрацоўка брашуры пад назвай “Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць» (перавыд. ў Пецярбургу ў 1907, забаронена цэнзурай). Аўтарства твора доўгі час памылкова прыпісвалася А. Гурыновічу.

    Публ.: Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

    Літ.: Александровіч С. Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 77-82, 118, 122, 155; Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. 2 выд. Мн., 1984.

    В. У. Скалабан.

    /Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 6. Мінск. 1998. С. 135./

 




 

                                                                   ГЛАВА ВТОРАЯ

                                         ГОРОД ВЕРХОЯНСК В XIX - НАЧАЛЕ XX ВВ

                                            2. Социально-экономическое развитие города

    ...В конце XIX — начале XX вв. в городе огородничеством занимались политические ссыльные: супруги С. И. и A. А. Капгеры, Г. М. и Е. И. Марморштейны, В. Э. Винярский, B. Б. Либин, М. Л. Соломонов, К. Ф. Багряновский, М. С. Абрамович, Б. А. Веселовский, М. И. Бруснев, И. Ф. Иваницкий, М. Н. Лядов и др. [* Казарян П. Л. Верхоянская политическая ссылка. 1861-1903. гг. – С. 70-73.]

    [С. 72.]

                                                         3. Ссылка в Верхоянск

     ...С прибытием во второй половине 90-х годов XIX в. в ссылку социал-демократов, социалистов возникли новые формы протеста, как например, митинги, маевки. Впервые международный день солидарности пролетариата — 1 мая на северо-востоке Азии был отмечен в г. Верхоянске в 1899 г. [* Верхоянский коммунист. – 1983. – 30 апр.] В числе ее организаторов был М. И. Бруснев, руководитель первой первомайской сходки в 1891 г. в России — Санкт-Петербурге. Колония ссыльных (М. И. Бруснев, М. Н. Лядов, Н. А. Ожигов, С. Е. Новаковская, М. П. Вельтман (Павлович), И. И. Шиф, И. Ф. Иваницкий, С. А. Басов, М. С. Абрамович, К. Ф. Петкевич, И. А. Долинин, Б. А. Веселовский, Л. С. Возь), собравшаяся на митинг в юрте Лядовых, после двинулись на берег Яны, далекой северной реки, открыв тем самым новую страницу в истории верхоянской политической ссылки. С тех пор маевки в Верхоянске колония ссыльных отмечала ежегодно...

    [С. 99.]

                                                      4. Верхоянск – полюс холода

    В дореволюционный период существования Верхоянской метеорологической станции наблюдателями в основном были политические ссыльные. Среди них были В. И. Мельников, М. С. Абрамович, С. А. Басов, И. Ф. Иваницкий, К. Ф. Петкевич и др. [* Казарян П. Л. Метеорологические наблюдения политических ссыльных Верхоянского округа в 1868-1904 гг. // Тезисы докладов V республиканской конференции молодых ученых и специалистов. – Якутск, 1984, - Ч. 1. - С. 20; Геофизические проблемы Якутии. – Вып. 2. – Л., 1928. – С. 37-41.]

    [С. 107.]

                                                                  Именной указатель

    Абрамович М.С. 72, 99, 107

    [C. 189.]

 



 

    П. Л. Казарян

                            ИТОГИ И ЗАДАЧИ ИССЛЕДОВАНИЯ ПРЕБЫВАНИЯ ПОЛЯКОВ

                                            В ЯКУТСКОЙ ССЫЛКЕ (XVII - начало XX в.)

    ...Одной из крупнейших научных экспедиций начала XX в. стала организованная Российской Академией наук Первая Русская полярная экспедиция на север Якутии и Новосибирские острова. Статья П. Л. Казаряна освещает участие в четырехгодичной деятельности экспедиции (1900-1904 гг.), особенно в работе береговой партии К. А. Воллосовича, большой группы политических ссыльных Иркутской губернии и Якутской области, в т.ч. ссыльных поляков О. Ф. Ционглинского, М. С. Абрамовича, И. Ф. Иваницкого, К. Ф. Петкевича [* Казарян П. Л. Участие политических ссыльных в работах Первой Русской полярной экспедиции (1900-1904 гг.) // Тезисы докладов II конференции молодых обществоведов г. Якутска. - Якутск, 1985. - С. 33-34.]...

 

 

 

 

Brak komentarzy:

Prześlij komentarz