czwartek, 6 sierpnia 2020

ЎЎЎ Давідзія Галчэня. Глумлівы Верабей у Якутыі. Койданава. "Кальвіна". 2020.



    Алена Якаўлеўна Лебенбаўм – нар. 5 чэрвеня 1967 г. у абласным месьце Берасьце /на ідыш בּריסק або Brisk/ БССР (СССР), і зразумела, у “амаль жабрачай”, як пішуць біёграфы, габрэйскай сям’і Якава Моўшавіча (сьлюсар у ЖЭК) і Ніны Львоўны (мантажніца і швачка) Лебенбаўмаў.
    Вучылася у сярэдняй школе № 20, музычнай вучэльні ў Берасьце, а ад 1983 г. ў Ленінградзкім тэатральным інстытуце /ЛГИТМиКе/ па клясе Ісака Штокбанта (скончыла ў 1988 г.). Са студэнцкіх гадоў пачала працаваць у Ленінградзкім тэатры музычнай пародыі “БУФФ”.
    У 1991 г. выступіла з блазнаваньнем на конкурсе акцёрскай песьні імя Андрэя Міронава, дзе атрымала прыз сымпатый гледачоў. У 1993 г. атрымала Гран-пры, адмысловы прыз 1-га каналу і прыз глядацкіх сымпатый на Ўсерасійскім конкурсе “Ялта-Масква-Транзыт”. Пасьля гэтага конкурсу Алена Верабей перайшла на эстраду і пачала браць удзел у праграме “Аншляг”. Творчы псэўданім Алены Лебенбаўм мае наступнае тлумачэньне: з аднаго боку, слова “верабей” выдатна адлюстроўвае няўрымсьлівы тэмпэрамэнт артысткі, а яшчэ Алена з дзяцінства любіць сьпявачку Эдыт Піяф, прозьвішча якой з францускай мовы перакладаецца як “верабей”.
    Неаднаразова была ляўрэатам Усерасійскіх конкурсаў артыстаў эстрады - “Гіт-парад Астанкіна” (1995), “Кубак гумару” (2002).
    Здымаецца ў кіно: 1990 “Бакенбарды”; 1993 “Страсьці па Анжаліцы”; 1998 “Цела будзе аддадзенае зямлі, а старшы мічман будзе сьпяваць”; 2000 “Старыя песьні пра галоўнае. Постскрыптум”; 2001 “Вуліцы пабітых ліхтароў. Мянты-3”. Сэрыя “Дамавік” - Ларыса; 2004 “Афрамасквіч” - настаўніца Жэні; 2004 “Апэрацыя “Энікі-Бэнікі”; 2004 “Элька” - Чайка (агучваньне); 2005 “Дванаццаць крэслаў” - Фіма Собак; 2005 “Асьцярожна, Задаў!”; 2005 “Дыямэнты для Джульеты”; 2005 “Гэта ўсё кветачкі” - Інга; 2006 “Першы хуткі” - бясталентная акторка; 2006 “Бедная малеча" - Кікімара; 2007 “Каралеўства крывых люстэркаў”; 2007 “Першы дома” - сяржант міліцыі; 2008 “Залатая рыбка” - Залатая рыбка; 2010 Салдаты і афіцэры - мноства роляў; 2010 “Марозка” – Марфушка.





    Восеньню 2006 года Лебенбаўм пабывала з гастролямі ў Рэспубліцы Саха (Якуція). Журналістка газэты “Якутск вечерний” Люба Талсціхіна зазначыла: “Між іншым, па-за сцэнай Алена зьменьваецца да непазнавальнасьці. З крывалапай “брыдкай качкі”, якая робіць няўяўныя морды, ператвараецца ў прыемную, даволі сымпатычную маладую жанчыну”. На журналісцкае пытаньне: - “А калі раптам сыдзеце з “Аншлягу”, напрыклад, у драматычныя ролі, вы памяняеце сцэнічны псэўданім Верабей на прыроднае Лебенбаўм? - Не, Верабей - гэта ўжо маё. Не аднімеш”. [Пра места]: - “Якуцк - сапраўдны Лас-Вегас. У параўнаньні з Мірным. Я убачыла, як здабываюць алмазы і чым яны пахнуць. Ажна вока рэжа! (За дзень да Якуцка Алена дала канцэрт у Мірным, а хто там быў, ведае: пах серавадароду ці, прасьцей кажучы, тухлых яйкаў – неад’емны атрыбут гораду)”. Таксама Алена “наведала магазын “Звязда” (там прадаюць “састарэлыя” грошы і манэты)... Парадыстка скупіла “непатрэбных” грошаў на суму больш за 4 тысячы рублёў”.



    У траўні 2011 году Лебенбаўм ізноў пабывала з гастролямі ў Рэспубліцы Саха (Якуція). Журналіст газэты “Якутск вечерний” Аляксандар Хаўрэнка зазначыў: “У сярэдзіне тыдня ў Якуцк прыляцела Верабей... На першы канцэрту тэатра імя Пушкіна сабралася каля 70% залі... Была на канцэрце і некалькі жартаў аб Якуцку: “У Якуцку не фігавыя дарогі, а супэрсучасныя нанаасфальтавае, антыцэлюлітнае пакрыцьцё”; “У самалёце капнула чымсьці на белую блюзку, вырашыла ў гасьцініцы замыць пляму. Адкрываю кран. Спачатку мне падалося, што з яго гарбата ліецца. Вось стаяла і думала, што ў гэткіх умовах прасьцей – адмыць пляму або перафарбаваць блюзку”; “Падлятаючы да Якуцка, я убачыла як разьлілася рака, убачыла хаты, якія стаяць у вадзе, і мне гэтае нагадала Вэнэцыю. “А дзе гандолы? – пытаюся я ў суседзяў. “У будынку гарадзкой адміністрацыі і ўраду сядзяць”, - адказваюць мне”. [Пра места]: У мінулы раз, калі я прыяжджала ў вас сьнегу было, як сказала бы Ганна Семяновіч, па пяты памер, па грудзі значыць. А зараз я ўбачыла тое, што называецца “лёд скрануўся”, спадары прысяжныя засядацелі. Зьявіліся сучасныя будынкі і нават раёны, хай іх не так шмат, але яны ёсьць. Места прыводзіцца ў парадак. Канечне, канцу-краю не бачна, але пачатак пакладзены. І мне падаецца, што Якуцк напоўнены не толькі вясновай цеплынёй, але яшчэ і дабрынёй. Хацелася бы пажадаць граданачальніку і ўладным людзям, каб яны на гэтым не супыняліся. І каб тое, над чым я сёньня жартавала, гэта наў-хаў з антыцэлюлітнымі дарогамі, найхутчэй у вас закончыліся і па вашым месьце была камфортна перасоўвацца на любым аўтамабілі, а не толькі на джыпе”.
    Сёньня Заслужаны артыст Расейскай Фэдэрацыі Алена Верабей жыве ў Маскве на Вараб’ёвых гарах, выхоўвае дачку Сонечку, якая нарадзілася ў 2003 годзе насуперак дыягназу дактароў, якія ставілі ёй дыягназ “бясплоднасьць”. Раней рэгулярна наведвалася ў Берасьце, дзе ў сям’і бацькоў, якія на пэнсіі заняліся “дробным” прадпрымальніцвам, выхоўвалася яе дачка Сонечка. Заўчасна спачылы дзядзька Алены Лебенбаўм (родны брат бацькі) — Яфім Лебенбаўм — быў сябрам Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БНФ “Адраджэньне”, выступаў за незалежнасьць Беларусі, яе дэмакратызацыю, прыхільна ставіўся да беларушчыны і, будучы прыватным прадпрымальнікам, нават матэрыяльна рэгулярна падтрымліваў утрыманьне сядзібы БНФ у Берасьці. Наогул для ўсіх Лебенбаўмаў, любоў да Берасьця і сваёй краіны былі зусім не чужыя. Ад 2010 г. бацькі Алены Верабей (Лебенбаўм) Якаў і Ніна ды сям’я малодшай сястры Натальлі жывуць разам з ёй у Маскве.
    Першы муж Алены Андрэй Кіслюк – актор тэатра “Буфф”, пражыў з ёй каля 10 гадоў. Другі муж Ігар (бізнэсмэн з Санкт-Пецярбургу), бацька яе дачкі Сафіі, якая нарадзілася 11 сакавіка 2003 года. Грамадзянскім мужам зьяўляецца гукарэжысёр Аляксандар Калішчук


    Літаратура:
*    Толстихина Л.  Воробей в Якутске. // Якутск вечерний. Якутск. 29 сентября 2006. С. 47.
    Рыўка Брыск.  Лебенбаўм. // Літоўка ды Саха. Сшытак 1. Койданава. 2011. С. 58-59.
*    Хавренко А.  Елена Воробей: “Кому смешно, тот надо мной и смеется”. // Якутск вечерний, Якутск. 20 мая 2011. С. 74.
*    Спрынчан А.  Варабей (сапр. Лебенбаўм) Алена Якаўлеўна. // Сузор’е беларускага памежжа. Беларусы і народжаныя ў Беларусі ў суседніх краінах. Энцыклапедычны даведнік. Мінск. 2014. С. 86.
    Давідзія Галчэня,
    Койданава


                                 Мая знакамітая аднакласьніца — Алена Верабей

                                                      May. 31st, 2012 at 12:12 AM
    Тэлефанавалі мне з расейскага дэпрэсіўна-крымінальнага з налётам гламуру, як кажа мой кум, каналу НТВ. Хацелі запрасіць мяне ў Маскву на здымкі перадачы, прысьвечанай 45-годдзю маёй знакамітай аднакласьніцы Алены Верабей (Лебенбаўм), якая шчыруе сёньня як артыстка парадыйнага жанру.
    Сказалі, што рэкамендавалі мяне на здымкі НТВ мае аднакласьнікі. Вядома, прыемна. І ёсьць што расказаць пра яе цікавага і сапраўды добрага (сталічныя тусоўкі і слава яе, што прыемна, не сапсавалі). Падзякаваў НТВэшнікам, але... адмовіўся. Спаслаўся на занятасьць (адказваю за арганізацыю днямі сустрэчы з беларускім гісторыкам Уладзімірам Ляхоўскім). Хоць мне і не ўпершыню здымацца на камеру, але тут, па-праўдзе, трохі штосьці яшчэ і стрымала... Дый не люблю я езьдзіць за трыдзевяць зямель, у тую Маскву! :)
    Званок стаў нагодай, каб паглядзець, што пра Ленку Верабей піша беларуская Вікіпэдыя. Выявілася — нейкае абы што на падставе матэрыялу з... Якуціі! Ну каму, як не мне, аднакласьніку, выпраўляць гэта?! :) Давялося перапрацаваць цалкам артыкул, каб было хоць штосьці прыстойнае. Што атрымалася — можна глянуць тут: Алена Верабей (Лебенбаўм).



    Адзін малавядомы, але, як мне падаецца, характэрны факт пра вельмі дружную берасьцейскую габрэйскую радзіну Лебенбаўмаў: заўчасна спачылы дзядзька Алены Лебенбаўм (родны брат бацькі) — Яфім Лебенбаўм — быў сябрам Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БНФ “Адраджэньне”, актыўна падтрымліваў незалежнасьць Беларусі, яе дэмакратызацыю, прыхільна ставіўся да ўсяго беларускага і, будучы  прыватным прадпрымальнікам, нават матэрыяльна рэгулярна падтрымліваў утрыманьне сядзібы БНФ у Берасьці. Наогул для ўсіх Лебенбаўмаў, любоў да Берасьця і прыхільнасьць да беларушчыны былі зусім не чужыя. І для Ленкі — таксама! На жаль, пару гадоў таму гэтая радзіна пакінула Берасьце і жывуць цяпер усе ў Маскве, у сваёй “ЗВЕЗДЫ”. :)
     /jacviah.livejournal.com/?tag=Берасьце./




Brak komentarzy:

Prześlij komentarz