sobota, 1 stycznia 2022

ЎЎЎ Нінэль Кроп. Моўша Пастарнак ды Якутыя. Койданава. "Кальвіна". 2022.

 

    Моўша Ісаевіч Пастарнак [Пастернак] - нар у. 1880 г. у мяст. Нур Астроўскага павету Ломжынскай губэрні Царства Польскага Расійскай імпэрыі, у габрэйскай сям’і.

                                       “У партарг пры мэх. майстэрань ЛУРПа

                                                            Заява Пастарнак

    Прашу прыняць мяне ў шэрагі групы спачуваючых партыі. Мне 55 гадоў, працую майстрам сталярна-цясьлярнага цэха пры мэх. майстэрняў ЛУРПа 10 гадоў, а на тым жа прадпрыемстве працую ўсяго 15 гадоў, па нацыянальнасьці габрэй.

    Пры гэтым прыкладаю сваю аўтабіяграфію,

    Міхась Ісаевіч Пастэрнак,

    4 студзеня 1935 года,

    г. Якуцк.

                                                               Аўтабіяграфія

    Нарадзіўся ў 1880 г. у мястэчку Нур пасад Астроўскага павету Ломжынскай губэрні. Бацькі былі сялянамі, займаліся земляробствам, у 1886 годзе іх выслалі ў Сыбір, паводле закону таго часу. Габрэй калі яго выслалі ў Сыбір не меў права ўзяць з сабой дзяцей мужчынскага полу старэй пяці гадоў, з-за гэтага я быў перададзены бацькам маці. Дзед быў вазак, бабуля краўчыха, іхні сын быў сталяр. У 1894 годзе я паступіў у прыватную майстэрню, вучнем сталяра ў мястэчку Боцькі Бельскага павету Гарадзенскай губэрні, дзе жыў дзядуля з сям’ёй.

    У 1898 г. скончыў вучобу, ды тым часам мой дзядзька, па прафэсіі сталяр, вярнуўся з вайсковай службы, які ўзяў мяне з сабой і мы зьехалі на працу ў Прасныш Плоцкой губэрні. Там я прапрацаваў да лістападу 1902 г. і быў пакліканы на вайсковую службу, але быў вызвалены як работнік другога разраду.

    У сьнежні таго ж году выехаў у с. Петрапаўлаўск Кірэнскай акругі Іркуцкай губэрні па выкліку бацькоў, якія жылі ў Петрапаўлаўску і займаліся дробным гандлем. Прыехаў да іх у студзені 1903 г. і пражыў у іх да траўня, а потым паехаў у Кірэнск, дзе паступіў на працу сталяром на пабудову манаполіі. Прапрацаваў я там да кастрычніка 1904 г. бо манаполіі былі скончаны і паводле рашэньня Іркуцкага губэрнатара мне дазволілі жыць толькі там, дзе жывуць бацькі, бо мне як габрэю было забаронена жыць па-за габрэйскай аселасьцю.

    У лістападзе таго ж году я паступіў на працу ў сяло Чэчуйск у якасьці сталяра, дзе прапрацаваў да ліпеня 1905 г. Праца была мною скончаная і я ажаніўся ў сяле Чэчуйск. Бацькі жонкі, па прозьвішчы Руднік, мелі прафэсію дробных гандляроў. Я стаў жыць з імі, бо іншага выйсьця не было, бо я толькі мог жыць на адлегласьці 25 вёрстаў ад Петрапаўлаўска, паводле распараджэньня Іркуцкага губэрнатара і пражыў у цесьця да 1916 году на ягоным ўтрыманьні. Я дапамагаў яму па гаспадарцы і па гандлі, а так як у мяне зьявілася сям’я з шасьці чалавек, я паступіў на параплаў “Барон Гинзбург” масьлёншчыкам бо іншых сродкаў на жыцьцё ў мяне не было.

    Параплаў знаходзіўся на зімоўцы ў Чэчуйску. Прапрацаваўшы на ім у якасьці сталяра, бо да выйсьця ў плаваньне я павінен быў выканаць сталярныя працы, але неўзабаве мне было прапанавана Люцікавым каб я ўзяў на сябе абавязкі буфэтчыка. Люцікаў быў кіраўніком гаспадаркай на параплаве і пам. камандзіра. На гэтую прапанову я не пагадзіўся і ён мне заявіў што іншай працы мне не дасьць і я быў змушаны сысьці з працы.

    У жніўні гэтага ж 1916 году Кац купіў параплаў “Смелый” за 9000 рублёў і майстэрню да яго за 3000 рублёў. Усяго ён заплаціў 12 тысяч. Мне Кац прапанаваў уступіць пайшчыкам на трэцюю частку і карыстацца прыбыткам без усякага жалаваньня. Я павінен быў выканаць узімку сталярныя працы, а ўлетку быць шкіпэрам на баржы і рулявым. Іншых сродкаў на жыцьцё ў мяне не было і я паступіў на гэтыя працы. Прапрацаваўшы 1 год я пажадаў сысьці з прычыны ўмоў летняй працы, але Кац мяне не адпусьціў бо для яго гэта было выгодна. Ён атрымліваў дзьве траціны і быў гаспадаром становішча. Ён быў камандзірам. Я змушаны быў працаваць, іншых сродкаў на жыцьцё ў мяне не было.

    Сям’я мая жыла ў цесьця, і так працягвалася да 1920 г. Калі было ўсё нацыяналізавана я быў закліканы працаваць на параплаве “Смелый” у якасьці пам. камандзіра і прапрацаваўшы на ім у Якуцку лета 1920 году ўвосень я выехаў у места Кірэнск, дзе працаваў узімку сталяром у затоцы а сям’я жыла ў Чэчуйскім, у хаце цесьця. У кастрычніку цесьць памёр. У чэрвені 1921 г. паводле загаду Рупвода я выехаў з сям’ёй у места Якуцк, дзе працую па цяперашні час у параплаўстве.

    Бацькі мае гандлявалі ў сяле Петрапаўлаўск да 1918 г. а потым тамтэйшыя кампаньёны іхнюю крамку ліквідавалі, бо бацька ім быў вінен а плаціць было няма чым. Яны ў яго ўсё забралі і ён з сям’ёй выехаў у Кірэнск, дзе працаваў біндзюжнікам. У 1921 г. ён выехаў у Якуцк, дзе таксама працаваў біндзюжнікам а апошнія 3 гады быў вартавым ва “Усходзолата”. Па пасьведчаньні яму было 75 гадоў і ён быў звольнены ў траўні 1934 г., у кастрычніку паступіў вартавым у сталовую “Галоўпаўночшляху”, дзе прапрацаваў да 20 сьнежня і захварэў ды звольніўся з прычыны старасьці. Я павінен быў узяць яго і маці, таксама 75 гадоў, на сваё ўтрыманьне.

    Міхась Ісаевіч Пастарнак

   4 студзеня 1935 г.”.

    Прыняты 19 лютага 1935 г.

     НАРС(Я) [Партийный архив Якутского ОК КПСС] Ф 4. [Материалы по приему сочувствующих Як. Горкома ВКП(б)] Оп. 1. Д. 232.

    Нінэль Кроп,

    Койданава.















Brak komentarzy:

Prześlij komentarz