poniedziałek, 24 stycznia 2022

ЎЎЎ 5. Раліна Мярзота-Рэчка. Аляксандар Калчак ды Якутыя. Сш. 5. Койданава. "Кальвіна". 2022.



 

                                                 ЗМАГАНЬНЕ ЗА ДАЛЁКІ ЎСХОД.

                                                                     АД АЎТАРА

    Вялікі Савецкі Саюз, бязьмежна яго тэрыторыя, вялізарныя багацьці на яго ўскраінах. Многа ёсьць ахвотнікаў пажывіцца за яго кошт, адарваць ад яго той ці іншы кавалак, завалодаць той ці іншай яго часткаю. Многа!

   Таму ня дзіўна, што змаганьне працоўных на Далёкім Усходзе, як са сваёй, айчыннай рэакцыяй, гэтак і з чужаземнымі імпэрыялістамі было асабліва доўгім і ўпартым: ужо занадта далёка знаходзіцца ён ад прамысловых цэнтраў савецкае краіны і занадта многа багацьцяў зьмяшчаюць у сабе яго нетры. Ёсьць на Далёкім Усходзе і лес, і вугаль, і нафта, і жалеза, і золата. Ёсьць з-за чаго біцца імпэрыялістам!

    У сваім змаганьні за Далёкі Ўсход камуністычнай партыі, партызанскім атрадам і Чырвонай арміі даводзілася зварачацца да розных і часта вельмі складаных спосабаў: біцца на шматлікіх франтах, у якіх цяжка зразумець дзе тыл, а дзе — перадавая лінія, ствараць асаблівую буржуазна-дэмакратычную дзяржаву (буфэр), запрашаць у яе меншавікоў і эсэраў, выкарыстоўваць усякае самае малое непаразуменьне паміж імпэрыялістычнымі дзяржавамі, ісьці на часовыя ўступкі ім і г. д., бо занадта ўжо няроўным было гэтае змаганьне і вельмі моцна насядалі тут капіталісты, асабліва спачатку. Таму падзеі ішлі тут сваім асаблівым шляхам, мелі свой асобны характар і шмат чым адрозьніваюцца ад гэткіх жа падзей ва Ўкраіне, у Сыбіры і інш. мясцох.

    Гэтая кніга ставіць сваёй мэтай даць сьціслае асьвятленьне ўсіх важнейшых момантаў змаганьня за Далёкі Ўсход і асабліва іх фактычнага боку. Яе нельга назваць гісторыяй, не прэтэндуе яна і на поўнасьць паказу, бо падзеі на Далёкім Усходзе былі такімі складанымі і размаітымі, што яны патрабуюць больш доўгага дасьледаваньня і значна большага месца.

    Гэтая кніга зьяўляецца яшчэ толькі першай зборнай працай аб рэвалюцыі на Далёкім Усходзе і, вядома, мае недахопы, указаньні аб якіх аўтар прыме з вялікай удзячнасьцю.

    Паказ падзей з 1920 году пачаты не выпадкова: з гэтага часу змаганьне на Далёкім Усходзе атрымала вялікае самастойнае значэньне. Аднак для тых, каму будуць незразумелымі некаторыя карэньні раду момантаў, раіцца азнаёміцца перш з другой кнігай аўтара: “Грамадзянская вайна ў Сыбіры 1918-1920 г.г.”

    Для свае працы аўтар карыстаўся матэрыялам галоўным чынам мясцовых і зарубежных газэт і архівамі трох уладывастоцкіх урадаў, якія (архівы) захоўваюцца ў Маскоўскім архіве Кастрычніцкай рэвалюцыі.

    П. Парфенаў,

    16 сьнежня 1926 г.

                                                                        РАЗЬДЗЕЛ 1.

                                     Апошнія дні ўраду Калчака. Разлажэньне белай арміі.

    Паўсюднае паўстаньне сыбірскіх сялян супроць дыктатуры Калчака да восені 1919 году закончылася выгнаньнем белых армій на лінію галоўнай магістралі Сыбірскае чыгункі. Тут уплыў калчакаўскага ўраду заставаўся толькі таму, што чыгунка ахоўвалася моцнымі гарнізонамі чэхаславацкіх, японскіх, польскіх, амэрыканскіх і іншых інтэрвэнцкіх войск. Партызанскім атрадам прыходзілася змагацца амаль выключна з іншакраінцамі, але і ім пападала добра: два польскія палкі пад Новамікалаеўскам, чэская дывізія пад Ачынскам, атрад румын і італьянцаў пад Краснаярскам, якія актыўна выступалі ў пачатку лістапада на абарону омскага ўраду, былі разьбіты партызанамі ўшчэнт.

    Саюзныя генэралы і дыпляматы ўзвылі. У Лёндан, Парыж і іншыя сталіцы пасыпаліся тэлеграмы з папрокамі па адрасе Калчака і з просьбаю адазваць войскі з Сыбіру. Асабліва цяжка прышлося чэхам і таму іх паўнамоцныя прадстаўнікі, Паўлу і Гірша, 13 лістапада 1919 г. пісалі:

    «Невыноснае становішча, у якім знаходзіцца чэхаславацкае войска, прымушае нас зьвярнуцца да саюзных дзяржаў з просьбай аб парадзе, якім чынам чэхаславацкая армія магла б забясьпечыць сабе ўласнае жыцьцё і вольны зварот на бацькаўшчыну, пытаньне аб якім было вырашана пры згодзе ўсіх саюзных дзяржаў.

    “Чэхаславацкая армія была гатова ахоўваць чыгунку і сувязь на даручаным ёй участку і гэтую задачу сумленна выконвала. Але зараз прысутнасьць чэхаславацкага войска на магістралі і яе ахова становяцца немажлівымі дзякуючы відавочнай бязмэтнасьці гэтага і на падставе самых прымітыўных патрабаваньняў справядлівасьці і людзкасьці. Ахоўваючы чыгунку і падтрымоўваючы парадак у краіне, чэхаславацкая армія вымушана супроць свайго перакананьня садзейнічаць і падтрымліваць тое становішча поўнага самавольства і бяскарнасьці, якое тут запанавала.

    Пад аховаю чэхаславацкіх штыхоў мясцовыя расійскія органы дазваляюць сабе такія справы, ад якіх увесь цывілізаваны сьвет прыйдзе ў жах. Выпальваньне вёсак, забойствы расійскіх мірных грамадзян цэлымі сотнямі, расстрэл бяз суду людзей выключна толькі з-за падазронасьці ў палітычнай неляяльнасьці — зьяўляюцца звычайнай зьяваю, а адказнасьць за ўсё гэта перад судом народаў усяго сьвету кладзецца на нас таму, што мы, маючы ваенную сілу, не перашкаджалі гэтаму бяспраўю.

    Гэта наша пасіўнасьць зьяўляецца простым вынікам прынцыпу нашага нэўтралітэту і няўмешваньня ў расійскія ўнутраныя справы, і яна ж зьяўляецца прычынай таго, што мы, захоўваючы бязумоўную лёяльнасьць, становімся супроць свайго жаданьня ўдзельнікамі злачынстваў.

    Паведамляючы гэта саюзным дзяржавам, якім чэхаславацкія войскі былі, ёсьць і будуць заўсёды вернымі саюзьнікамі, лічым неабходным паведаміць народам усяго сьвету, у якім маральна-трагічным становішчы апынулася чэхаславацкая армія і якія прычыны гэтага.

    Самі мы ня бачым іншага выхаду з гэтага становішча, як безадкладны зварот дадому з гэтай вобласьці, якая нам была даручана для аховы, і каб да ажыцьцяўленьня звароту нам была дадзена магчымасьць спыніць бяспраўнасьць і злачынствы, з якога б боку яны ні паходзілі” [* Гл. „Чэха-славацкі дзёньнік“ ад 15 лістапада 1919 г.].

    14 лістапада быў заняты Омск, пры чым, казацкая дывізія, якая яго ахоўвала, амаль поўнасьцю перайшла перад гэтым на бок Чырвонай арміі. Калчак і яго міністры ў вялікім перапалоху ўцякаюць у Іркуцк.

    Пачынаецца поўнае разлажэньне ў радох уласнай арміі Калчака.

    18 лістапада, у гадавіну калчакаўскага перавароту ва Ўладывастоку выступаюць са зброяй у руках атрад генэрала Гайды, афіцэры і салдаты мясцовых калчакаўскіх часьцей. Паўстаньне узначальваецца “Абласным сыбірскім урадам” у складзе Якушова [* Эсэр, былы старшыня Сыбірскай абласной думы.], Кракавецкага, Мараўскага і Паўлоўскага; кіруюць ім, апрача Гайды, вядомыя афіцэры: палкоўнік Саладоўнікаў, Папоў, Гусарык і інш. Гэта паўстаньне было падтрымана мясцовым камітэтам бальшавікоў і саюзам грузчыкаў.

    Праўда, яно было няўдалым: войскамі генэрала Розанава, пры актыўным удзеле японцаў і нэўтралітэце ўсіх астатніх саюзьнікаў “паўстаньне Гайды” было ліквідавана, але яно больш чым наглядна паказала ўнутраныя непаладкі сярод учарашніх прыхільнікаў омскага ураду.

    Сьледам за ім, 6 сьнежня, у Новамікалаеўску адбылося паўстаньне мясцовага гарнізону. Кіраваў ім начальнік дывізіі Івакін. Яно было падаўлена польскай дывізіяй, Івакін і разам з ім яшчэ 32 афіцэры расстраляны па прысуду ваенна-палявога суду, і усё ж такі гэта паўстаньне выбіла са строю амаль усю 2-ю армію Калчака.

    Івакін, як і Гайда, дзейнічаў “у імя Сыбірскага ўстаноўчага сходу і міру з бальшавікамі” [* Гл. Солодовников “Сибирские авантюристы и ген. Гайда”. Прага, 1923 г.].

    Ня гледзячы на іх няўдаласьць, пад гэтымі лёзунгамі неўзабаве выступіў самы славуты калчакаўскі генэрал Пепеляеў, родны брат новага калчакаўскага прэм’ера Віктара Пепеляева. 7-га сьнежня ён з Томску ўльтыматыўна тэлеграфуе Калчаку:

    “Прашу ў апошні раз аб безадкладным выданьні акта аб скліканьні Сыбірскага ўстаноўчага сходу, у асобе якога сам народ возьме ў свае рукі арганізацыю Сыбіру і абярэ сыбірскі ўрад. Мы дзейнічаем выключна ў імя абароны бацькаўшчыны ад бальшавікоў і чакаем згоды вашай да 24-е гадзіны сёньняшняга дня. Мы сумленна, адкрыта і доўга пераконвалі вас у неабходнасьці гэтае меры і атрымалі ад вас прынцыповую згоду. Але час не чакае, мы кажам вам цяпер, што мы рашыліся на ўсё...

    Нас рассудзіць бог і народ.

    Камандуючы 1-й арміі, генэрал-лейтэнант

    Пепеляеў” [* Гл. маю кнігу „Гражданская война в Сибири.]

    Калчак паклікаў да сябе ў поезд на нараду генэрала Сахарава, свайго галоўнакамандуючага. Гэты пераканаў яго замест скліканьня Сыбірскага ўстаноўчага сходу расфарміраваць армію Пепеляева. Калчак даў сваю згоду. Сахараў пачаў наводзіць “парадак”, карыстаючыся вернымі часьцямі польскага корпуса.

    Тады Пепеляеў генэрал зьвярнуўся да свайго брата, прэм’ера, які толькі што прыехаў да яго ў Томск; той пасьпяшыў на дапамогу. Абодвы браты прыяжджаюць да Калчака на ст. Тайга і ставяць яму рад патрабаваньняў:

    1. Пепеляеўскую армію не расфарміроўваць.

    2. Ген. Сахарава ад галоўнага камандаваньня адхіліць і арыштаваць як “рэакцыянэра і шкодную асобу”.

    3. Склікаць у Іркуцку ў найкарацейшы тэрмін земскі сабор, якому перадаць вышэйшую ўладу.

    4. Самаму выехаць з Сыбіру за граніцу.

    Але Калчак згадзіўся выканаць толькі першае патрабаваньне, усе астатнія абяцаў вырашаць па прыезьдзе ў Іркуцк, пасьля нарады там з усім сваім габінэтам міністраў. У той жа дзень яго поезд пайшоў далей, а на наступны дзень браты Пепеляевы ўласнай уладаю арыштавалі Сахарава, і Калчак паміж сваёй волі вымушан быў згадзіцца на прызначэньне замест яго генэр. Капэля, якога ён ніколі ня любіў за яго былы дэмакратызм і эсэрства [* Гл. К. Сахаров „Белая Сибирь.].

                                                                              * * *

    Але ня так лёгка аказалася для Калчака дабрацца да Іркуцку. Яшчэ 12 сьнежня ген. Сыравой [* Сыравой — камандуючы чэхаславацкага корпуса.] заяўляе генэралу Жанэну [* Жанэн — галоўнакамандуючы саюзнымі арміямі ў Сыбіры.], які туды прыехаў, што ў выпадку не прадстаўленьня чэскім эшалёнам пяршынства пры эвакуацыі на ўсход... ён не адказвае за вынікі. Таму загадам Жанэна ад 12 сьнежня чэхам даецца права першым рухацца на ўсход; чэскія салдаты на мясцох пачынаюць адбіраць паравозы і выганяць з вагонаў нават омокіх камандуючых, сэнатараў, міністраў і іншых важных асоб.

    Атрымаўшы “права пяршынства”, чэхаславакі адбіраюць паравоз нават у цягніка стаўкі самога адмірала Калчака. Калчак даў загад Капэлю “заклікаць чэхаў да парадку”. І апошні, ня маючы рэальнае сілы дапамагчы свайму найвышэйшаму кіраўніку фактычна, зварачаецца да ген. Сыравога з крыклівым “папяровым ультыматумам:

    Зараз мною атрымана паведамленьне, што вашым распараджэньнем аб спыненьні руху ўсіх рускіх эшалёнаў затрыманы на станцыі Краснаярск цягнік найвышэйшага кіраўніка і найвышэйшага начальніка расійскіх войск, са спробай адабраць гвалтам паравоз, пры чым ля аднаго з яго саставаў нават заарыштаваны начальнік эшалёна.

    Найвышэйшаму кіраўніку і найвышэйшаму галоўнакамандуючаму нанесены шэраг абраз і пагроз і тым самым нанесена абраза ўсёй расійскай арміі. Ваша распараджэньне аб няпропуску расійскіх эшалёнаў ёсьць ня што іншае, як ігнараваньне інтарэсаў расійскай арміі, у сілу чаго яна згубіла 120 саставаў з эвакуіраванымі: раненымі, хворымі, жонкамі і дзецьмі, сем’ямі змагаючыхся на фронце афіцэраў і салдат.

    Расійская армія, хаця і перажывае зараз цяжкія моманты баявых няўдач, але ў яе радох многа сумленных, добрародных афіцэраў і салдат, якія ніколі не паступаліся сваім сумленьнем, стаялі не аднойчы перад тварам сьмерці і бальшавіцкіх катаваньняў. Гэтыя людзі заслугоўваюць агульнага паважаньня, і такую армію і яе прадстаўніка абражаць нельга.

    Я, як галоўнакамандуючы дзейнымі арміямі фронту, патрабую ад вас безадкладнага прабачэньня перад найвышэйшым кіраўніком за нанесеныя вамі абразы і безадкладнага пропуску эшалёнаў найвышэйшага кіраўніка і старшыні савету міністраў па прызначэньні, а таксама патрабую скасаваньня дадзенага вамі загаду аб спыненьні расійскіх эшалёнаў.

    Я не магу ўцягваць змучаны расійскі народ і яго армію ў новыя няшчасьці, але калі вы, абапіраючыся на штыхі тых чэхаў, з якімі мы разам выступілі і, узаемна паважаючы адзін аднаго, змагаліся ў імя агульнай ідэі, адважыліся нанесьці абразу расійскай арміі і яе найвышэйшаму галоўнакамандуючаму, дык я, як галоўнакамандуючы расійскіх армій, у абарону іх гонару і вартасьці, патрабую асабіста ад вас здавальненьня шляхам паядынку са мной.

    галоўнакамандуючы ўсходняга фронту, генэральнага штабу генэрал-лейтэнант Капэль” [* Гл. „Бюллетень Политцентра” № 6, Урк. 1920 г.].

    Але Сыравой адказаў Капэлю, што яму зараз няма часу, але ён з ахвотаю прымае яго выклік, толькі... паядынак павінен адбыцца пасьля эвакуацыі ўсіх чэхаславакаў з Сыбіру.

    А праз два дні чэхі адабралі паравоз і ў самога генэрала Капэля. Абураны такім “учынкам”, ён паслаў новую і яшчэ больш рэзкую тэлеграму Сыравому, і ўсё ж такі прышлося яму выбрацца з цёплага салён-вагону і пехатой, бокам ад чэхаў, уцякаць на ўсход.

    Цягнік Калчака на станцыі Ніжневудзінск завяз канчаткова. Пераканаўшыся, што Капэль выручыць яго ня можа, Калчак зварачаецца да Трацякова [* Міністар замежных спраў, былы член ураду Керанскага.] з настойлівым патрабаваньнем “зрабіць уплыў на Жанэна, каб той аддаў загад чэхам аб пропуску яго цягніка ў Іркуцк”. Але Жанэн 15-га сьнежня заявіў, што ён “на жаль” бясьсільны аблегчыць лёс адмірала...”

    Тады Трацякоў едзе ў Чыту да Сямёнава на паклон; забайкальскі атаман сьпяшаецца на дапамогу Калчаку, але таксама... толькі тэлеграмаю, хаця і тэрміновай і вельмі шумнай.

    “Браты чэхаславакі. Глыбока цэнячы ваша гераічнае, сумесна з расійскім народам, змаганьне ў імя агульнаславянскіх ідэй, спачатку на вайне з агульным ворагам славянства, а потым — з ворагамі расійскай дзяржаўнасьці — бальшавікамі, я заўсёды са шчырай .і глыбокай павагаю адносіўся да вас, бачыў ў вас братоў па духу і крыві і лічыў, што ваша гісторычная дапамога Расіі і славянству ня мае сабе роўнай на працягу ўсіх стагодзьдзяў.

    Але зараз мною атрыманы весткі аб тым, што, дзякуючы распараджэньням і ўчынкам чэхаславацкага камандаваньня, на лініі чыгункі, якая знаходзіцца пад вашай аховаю, затрымліваюцца цягнікі найвышэйшага кіраўніка, галоўнакамандуючага арміямі, старшыні рады міністраў, парушаецца сувязь паміж адыходзячымі войскамі і вышэйшым камандаваньнем, спынена больш сотні эшалёнаў з цэннай воінскай і дзяржаўнай маёмасьцю, а наперад прасоўваюцца толькі чэскія эшалёны.

    Браты, спыніцеся! Апамятайцеся!

    Завошта і ў імя чаго вы, добра ўзброеныя, забясьпечаныя, здаровыя і здольныя да бою, ня хочаце дапамагчы сваёй старэйшай сястры — Расіі, якая знаходзіцца зараз у цяжкім становішчы?

    Я зварачаюся да вас, як да братоў: спыніцеся, дапамажыце ў апошнім змаганьні за Расію, станьце з адкрытымі грудзямі супроць ворагаў чалавецтва, якія бязьлітасна дабіваюць у пакінутых, дзякуючы вам, эшалёнах хворых і параненых воінаў, дзяцей і жанчын!

    У імя братэрства славян, у імя чалавецтва і абавязку моцных перад слабымі, я патрабую ад вас выкананьня вамі абавязку моцных і адменна ўзброеных, здаровых людзей. Спыніце струмені непавінна і безабаронна ліючайся крыві.

    Я патрабую безадкладнага і бесьперашкоднага пропуску вамі да Іркуцку цягнікоў з вышэйшым расійскім камандаваньнем, раненымі воінамі, сем’ямі байцоў і каштоўнасьцямі, якія складаюць апошнюю народную маёмасьць дзяржавы Расійскай.

    У выпадку невыкананьня вамі гэтага патрабаваньня я, з болем у сэрцы, пайду і ўсёй узброенай сілай, якая ёсьць у маім распараджэньні, прымушу вас выканаць ваш абавязак перад чалавецтвам і замучанай сястрой — Расіяй.

    Атаман Сямёнаў” [* Гл. „Восточный Курьер”, 29 сьнеж. 1919 г., Чыта.].

    Але Сыравой замест дапамогі, якую патрабаваў ад яго Сямёнаў, адказаў яму яшчэ карацей, толькі адно слова:

    “Паспрабуйце...”

    І становішча Калчака з яго галоўнымі памочнікамі робіцца зусім безнадзейна...

                                                                              * * *

    Для загранічных капіталістычных урадаў паўстаньне сыбірскага сялянства і разгром белых армій былі вельмі нечаканымі. Толькі ў жніўні японскі ўрад праз свайго парыскага пасла Чынду запэўніваў Клемансо і Лёйд-Джорджа, што “аўтарытэт ураду Калчака сярод насельніцтва значна расьце з кожным днём”.

    І раптам... Магутнасьць белых армій, “сымпатыі” насельніцтва, “усеагульныя сустрэчы Калчака з хлебам і сольлю” ды інш. — ня толькі ўсё аказалася мітам, але і самі міністры хутка ўцякаюць са свае сталіцы. А генэралы Нокс [* Нокс — камандуючы англійскімі войскамі.], Грэўс [* Грэўс — камандуючы амэрыканскімі войскамі.], Жанэн, Сыравой і іншыя зрабілі такія інфармацыі аб сапраўдным становішчы, што іх саміх большасьць атаманаў западозрыла ў “бальшавізьме” [* Гл. „Свет” ад 17 лістапада 1919 г., Харбін.]. Заграніца зьбянтэжана, зьдзіўлена. Яна ўжо не дае веры і самому Ўл. Бурцаву, які ў сваім “Общем деле” ад 16 лістапада ўсё яшчэ імкнецца “даказаць”, што пакіданьне Омску — бальшавіцкая выдумка.

    Але падзеньне Омску, разгром Дзянікіна, падзеньне Архангельску — становяцца відавочным, бясспрэчным фактам, супроць якога “не папрэш”. І саюзьнікі пачынаюць зноў гаварыць аб “расійскім пытаньні”: Клемансо едзе да Лёйд-Джорджа і наадварот; інфармуюцца, выпытваюць адзін у аднаго, намацваюць глебу...

    А тут насядаюць уласныя рабочыя! Яны патрабуюць ня толькі спыніць дапамогу антыбальшавікам, але і ўвайсьці з савецкім урадам у дагаворныя адносіны.

    І 10-га сьнежня 1919 году на паседжаньні парлямэнту Лёйд-Джордж вымушаны зрабіць заяву, што “расійскае пытаньне будзе перагледжана”, а на 14 сьнежня, па яго запрашэньні, у Лёндан зьяжджаюцца адказныя прадстаўнікі пяці вялікіх дзяржаў.

    16-га сьнежня на саюзнай “нарадзе пяці” выносіцца пастанова аб спыненьні далейшай дапамогі антыбальшавіцкаму расійскаму ўраду. У гэты ж дзень зьезд англійскіх прафсаюзаў пастанаўляе ўсімі спосабамі сачыць за выкананьнем прынятае ўрадам пастановы.

    Але ўсё ж гэтая “нарада пяці” дае магчымасьць Амэрыцы і Японіі дзейнічаць у Сыбіры ў далейшым “у залежнасьці ад сваёй непасрэднай зацікаўленасьці” [* Гл. „Русский голос” ад 25 сьнеж. 1919 г., Харбін.].

    Японскі ўрад сьпяшаецца спраўдзіць ускладзеныя на яго лёнданскімі сябрамі надзеі. Але ён ужо цяпер заяўляе больш адкрыта, што “апрача змаганьня з бальшавізмам і адстанаўленьня парадку”, Японія мае свае “асаблівыя інтарэсы” на Далёкім Усходзе. Свайму паслу ў Вашынгтоне, Шыдэхара, яна даручае 22 сьнежня:

    “Давесьці да ведама амэрыканскага ўраду, што абставіны ў Сыбіры, якія зьмяніліся на карысьць бальшавікоў, настойліва вымагаюць далейшых узгодненых дзеяньняў і колькаснага ўзмацненьня амэрыканскіх войск на Далёкім Усходзе» [* Гл. там жа.].

    Пачынаючы з 27 сьнежня, Такійскі ўрад наладжвае штодзённыя паседжаньні з удзелам начальніка генэральнага штабу і іншых вайсковых магнатаў, прысьвечаныя “сыбірскім справам”, ён марыць аб “Вялікай Японіі ад Байкалу да Ціхага акіяну”, камбінуе, прыдумвае, дае інструкцыі...

    І раптам...

    Вашынгтонскі ўрад, нават не паведамляючы японскую раду міністраў, 5 студзеня 1920 г. выносіць пастанову аб адкліканьні сваіх войск з тэрыторыі расійскага Далёкага Ўсходу і зараз жа аддае загад генэралу Грэўсу сканцэнтраваць іх усіх ва Ўладывастоку для адпраўкі на бацькаўшчыну, адразу ж сьледам за чэхаславакамі, але не пазьней 1-га красавіка 1920 г.

    Японскі ўрад канчаткова губляецца: ён зьбянтэжаны і пакрыўджаны такім нечаканым і “неабдуманым вырашэньнем” Амэрыкі. Адчуваючы, што за ім хаваецца нешта ня зусім прыемнае для японцаў, такійскі ўрад яшчэ больш настойліва раіць сваім вашынгтонскім калегам “адмяніць сваю пастанову ці прынамсі матываваць яе”.

    Але янкі былі ўпартымі, войск сваіх пакідаць не жадаюць, і 10 студзеня ў дакладнай ноце на імя японскага міністра іншакраінных спраў задавальняюць толькі дапытлівасьць японцаў, выказваючы ім свае “матывы”:

    “Урад Злучаных штатаў з самай сур’ёзнай увагай аднёсься да сутнасьці паведамленьня японскага ўраду, якое было прачытана міністру іншакраінных спраў японскім паслом.

    Але ўрад Злучаных штатаў прызнае, што пасылка падмацаваньняў дастатковай сілы для сумеснага выступленьня з антыбальшавіцкімі войскамі не адпавядаюць свайму прызначэньню. А працягваць прымаць удзел у ахове вобласьцяў, што знаходзіліся пад саюзнай вайсковай аховаю, таксама пры сучасных умовах немагчыма, па той простай прычыне, што згода аб пасылцы падмацаваньняў у такім разьмеры, які можа патрабавацца для падтрыманьня сучаснага становішча, магло б паставіць урад Злучаных штатаў перад абставінамі такога невыразнага характару, што гэта зьявілася б неразумным...

    Колькасьць падмацаваньняў, неабходных для выкананьня такой згоды, магла б аказацца настолькі вялікай, што ўрад Злучаных штатаў ня лічыў бы для сябе абавязковым выконваць яе.

    Таму сталі абгаварваць прапанову аб поўным або частковым адкліканьні войск.

    Трэба памятаць, што першапачатковыя мэты экспэдыцыі, як яны разумеліся Злучанымі штатамі ў дадатковым мэмарандуме, уручаным японскаму паслу ў Вашынгтоне 17 ліпеня 1918 г., былі наступныя:

    1) дапамагчы чэхаславацкім войскам, якія ў часе адыходу ўдоўж Сыбірскае магістралі былі атакаваны бальшавікамі і варожымі ім ваеннапалоннымі ў Сыбіры, згрупаваць сваю армію і выканаць эвакуацыю праз Уладывасток;

    2) умацоўваць усякія імкненьні да самакіраваньня, у абароне якіх самі рускія пажадалі прыняць агульна-саюзьніцкую дапамогу.

    У сучасны момант ня толькі чэхаславацкія войскі шчасьліва прасоўваюцца на ўсход, але таксама дасягнутая згода паміж урадамі Англіі, Францыі і Злучаных Штатаў адносна іх эвакуацыі з Уладывастоку.

    Такім чынам, першую мэту, для якой амэрыканскія войскі былі пасланы ў Сыбір, можна лічыць дасягнутай. Што належыць да другой мэты, то на ўрад Злучаных штатаў зрабіла моцнае ўражаньне палітычная няўстойлівасьць і сур’ёзная невыразнасьць цяперашняга становішча па Ўсходнім Сыбіры, апісаныя ў дадатковым мэмарандуме, прадстаўленым японскім паслом 8-ХІІ 1919 г., і ён схільны думаць, што далейшая вайсковая дапамога рускім у змаганьні за самакіраваньне ў іх цяперашнім становішчы можа стварыць яшчэ большыя ўскладненьні і даць вынікі, зусім супрацьлеглыя, якія будуць перашкаджаць жаданаму аздараўленьню і ўцягваць Японію і Злучаныя штаты на бязмэтныя ахвяры.

    Такім чынам, зьдзяйсьненьню другой мэты, для якой амэрыканскія войскі былі пасланы ў Сыбір, наўрад каб далейшае знаходжаньне іх у Сыбіры магло б садзейнічаць.

    Дзякуючы гэтаму ўрад Злучаных штатаў парашыў безадкладна аддаць загад аб сканцэнтраваньні амэрынканскіх войск ва Ўладывастоку з мэтаю зараз жа пасьля адпраўленьня значнай часткі чэхаславацкіх войск, прыблізна 10 лютага 1920 г., іх эвакуіраваць.

    Урад Злучаных штатаў таксама старанна абмяркоўваў мажлівасьць прадаўжэньня, пасьля адыходу амэрыканскіх войск, дапамогі амэрыканскіх чыгуначных экспэртаў у справе апэрацый Сыбірскай магістралі і Кітайска-ўсходняй чыгункі.

    Трэба памятаць, што згодна пляну назіраньня за гэтымі чыгункамі, які быў запрапанаваны японскім паслом у Вашынгтоне 15 студзеня 1919 г., умова губляла сваю сілу пасьля адыходу іншакраінных ваенных сіл з Сыбіру. Усе іншакраінныя чыгуначныя экспэрты, прызначаныя на падставе гэтай умовы, павінны быць таксама адкліканы.

    Вопыт апошніх месяцаў у справе апэрацый чыгункі пры нетрываласьці грамадзянскае ўлады і частых умешваньнях з боку мясцовае ваеннае ўлады, паслужылі важнай прычынай для неабходнасьці прытрымлівацца пунктаў азначанае ўмовы.

    На падставе гэтага будзе зроблена распараджэньне і аб адкліканьні амэрыканскіх чыгуначных экспэртаў адначасова з адыходам амэрыканскіх войск.

    Урад Злучаных штатаў жадае паставіць японскі ўрад ў вядомасьць, што ён шкадуе аб неабходнасьці прыняцьця гэтага рашэньня, бо гэтае рашэньне напэўна азначае канец, ва ўсякім разе ў сучасны момант, сумеснымі намаганьнямі Японіі і Злучаных штатаў дапамагчы расійскаму народу, намаганьні, якія яшчэ зусім нядаўна пачалі даваць значныя рэзультаты і, здавалася, абяцалі іх і ў будучым...” [* Гл. „Новости жизни“ ад 12 студз. 1920 г., Харбін.].

    Гэтае рознагалосьсе, якое пачалося сярод саюзных урадаў, канчаткова раскалола і іх прадстаўнікоў у Сыбіры. Адбыўся раскол і ў асяродзьдзі інтэрвэнцкіх войск.

    Англічане, французы пачалі трымацца “узмоцненага нэўтралітэту”. Чэхі і амэрыканцы — дапамагаць эсэрам і меншавікам. І толькі японцы яшчэ больш узмацнілі сваю дапамогу атаману Сямёнаву, высоўваючы яго ў якасьці насьледніка адмірала Калчака.

                                                                     РАЗЬДЗЕЛ ІІ.

                          Іркуцкае паўстаньне. Паніка сярод саюзных прадстаўнікоў.

    Іркуцк пры Калчаку лічыўся самым радыкальным горадам (пасьля Ўладывастоку). Тут было менш расстрэлаў, губэрнатарам тут быў увесь час эсэр Якаўлеў, тут знаходзіўся ў апошнія месяцы вышэйшы чэхаславацкі нацыянальны савет, а абраная нават згодна омскага закону гарадзкая дума мела эсэра-меншавіцкую большасьць і нават выказала ўраду Калчака сваё “недавер’е”. Старшынёю яе быў меншавік М. М. Канстанцінаў, а старшынёю губэрнскае земскае ўправы — эсэр Хадукін.

    Таму да канцу 1919 году ў Іркуцк зьбеглася амаль уся калчакоўская апазыцыя — усе найбольш вядомыя меншавікі: Ахматаў, Анісімаў, Тараканаў, Майскі і інш., ды ўсе эсэры: Кудраўцоў, Федаровіч, Аляксееўскі, Калашнікаў, Б. Маркаў, П. Міхайлаў і іншыя, якія адчувалі сябе тут амаль як у роднай дзяржаве.

    12-га лістапада па ініцыятыве земскай управы ў Іркуцку была склікана ўсясыбірская нарада земстваў і гарадоў. У работах нарады прымалі ўдзел усе сацыялістычныя партыі, уключаючы і камуністаў. Гэтая нарада прыняла шэраг пастаноў, накіраваных супроць омскага ўраду, і стварыла міжпартыйны Палітычны Цэнтар, як кіруючы орган перавароту, што меўся адбыцца. Камуністы таксама паслалі ў яго свайго прадстаўніка.

    Якаўлеву і начальніку войск генэралу Арцем’еву аб гэтым было вядома, але першы сам у апошні час спачуваў антыкалчакоўскаму руху, а другому было дадзена зразумець, што Палітычны цэнтар знаходзіцца пад абаронай чэхаславакаў, у якіх у Іркуцку цэлая дывізія. Ён паведаміў аб гэтым Калчака, той аблаяў чэхаў рознымі словамі, аднак, Палітцэнтар быў пакінуты покуль што цэлым, хаця пад наглядам мясцовай контрвыведка.

    16 лістапада омскі ўрад прыехаў у Іркуцк. Шмат хто з яго прыхільнікаў раіў яму абраць сабе новую рэзыдэнцыю далей, прыблізна ў Чыце, але Калчак затрымаў яго тут, лічачы нязручным для “Ўсерасійскага ўраду” мець сваё месцазнаходжаньне ў такім далёкім горадзе і не без падстаў баючыся захопу яго там забайкальскім атаманам.

    Іркуцкія абставіны аглушылі міністраў: чэхі ў сваёй газэце вялі адкрыта прапаганду супроць Калчака, эсэры і меншавікі мітынгавалі ў земстве і гарадзкой думе, рабочыя арганізацыі, асабліва чыгуначныя, пагражалі ўсеагульнай забастоўкай, хаця і на эканамічнай глебе.

    Валагодзкі папрасіўся настойліва ў адстаўку. Яна была прынятая Калчаком і новы габінэт было даручана сфармаваць В. Пепеляеву, асобе больш энэргічнай і блізкай да земскіх лідэраў. Пепеляеў рашыў арганізаваць свой габінэт на самых “шырокіх дэмакратычных пачатках”.

    Аднак, эсэры і меншавікі, уступіўшы з Пепеляевым у перагаворы па “агульных пытаньнях”, даць сваіх прадстаўнікоў у яго ўрад рашуча адмовіліся. Яны патрабавалі вырачэньня Калчака і перадачы ім улады непадзельна. Пепеляеў быў пакрыўджаны, пагражаў эсэрам і меншавікам “караючаю рукою надыходзячага бальшавізму”, але яны тым ня менш ухіліліся ад уступленьня ў яго ўрад, разумеючы, што дні Калчака зьлічаны. Згадзіліся падтрымаць Пепеляева толькі “беспартыйныя” земцы: Трацякоў, Чэрвен-Водалі і Бурышкін, якія былі камандзіраваны перад гэтым у Сыбір на дапамогу Калчаку маскоўскім “Союзам возрождения России”. Усе яны ўвайшлі ва ўрад Пепеляева.

    Але бяз эсэраў і меншавікоў якая ж дэмакратыя! Таму новы прэм’ер выехаў афіцыяльна для дакладу Калчаку, які заграз у дарозе, а на самай справе — на нараду да свайго брата-генэрала, маючы на ўвазе праз яго дагаварыцца з томскімі і іншымі мясцовымі сацыялістамі (с-р. Конанаў і інш.) ды дапамагчы яму ў яго змаганьні з генэралам Сахаравым.

    Замяняць яго ў Іркуцку застаўся Трацякоў. Ён працягваў абіваць парогі с.-р., меншавікоў і каапэратараў і 8-га сьнежня рашыў, урэшце, заагітаваць іх сваёй дэмакратычнай праграмай.

    Спэцыяльна для гэтага былі зноў распачаты работы омскае дзяржаўнае эканамічнае нарады, і на яе першае паседжаньне была асабіста запрошана ўся мясцовая дэмакратыя. Старшынёй быў Г. Гінс. Трацякоў выступіў на ім з гарачай прамоваю. Заклікаў аб’яднацца, згуртавацца, даканаць бальшавікоў агульнымі намаганьнямі ўсіх сапраўдных дэмакратаў”! Але дамкратыя памоўквала, ня кажучы ні “так” ні “не”. Тады Трацякоў, каб вывесьці іх са стану нэўтралітэту, выказаў некалькі справядлівых і рэзкіх заўваг адносна ўраду Валагодзкага і самога Калчака, якія, на яго думку, “ня ўмелі прыслухоўвацца да запатрабаваньняў народу”.

    Атрымаўся вялікі скандал. Меншавікі і эсэры, ня гледзячы на ягонае ганьбаваньне омскіх парадкаў, заявілі (А. Ямелін), што ўсё ж такі яны стаяць “за мір з бальшавікамі”, а правая частка нарады і асабліва сябры Трацякова па габінэце — назвалі ягоную праграмную прамову “безадказным мітынговым выступленьнем”.

    Трацякоў быў зьбянтэжаны, пераканаўся, што абаперціся яму ў Іркуцку зусім няма на каго, і, успамінаючы, як відаць, сваю “апошнюю ноч” ва ўрадзе Керанскага, парашыў уцячы з Іркуцку ў бясьпечнае месца. Повад знайсьці было ня цяжка: Калчак дасылаў зьневажальныя тэлеграмы, а цягнік яго ўсё ж такі чэхі не прапускалі, таму Трацякоў заагітаваў свой габінэт камандзіраваць яго ў Чыту для перагавораў з атаманам Сямёнавым і японцамі.

    Ён паехаў. А ў “Мадэрне”, дзе зьмяшчаўся ўрад, яго калегі і падначаленыя пачалі трымаць “пары”, вернецца ці ня вернецца [* Гл. Г. Гинс, „Сибирь, союзники, Колчак”. Пекін, 1921 г.].

    Выйгралі другія. Намесьнікам Трацякова быў прызначаны Чэрвен-Водалі.

                                                                                * * *

    Тым часам, пакуль браты Пепеляевы таргаваліся з Калчаком з-за скліканьня Сыбірскага ўстаноўчага сходу, а Трацякоў дагаварваўся ў Чыце з японцамі і Сямёнавым аб тым, як выручыць Калчака з чэскага палону, Палітычны цэнтар парашыў дзейнічаць.

    Абставіны для яго выступленьня складаліся вельмі спрыяючыя, ня гледзячы на тое, што бальшавікі, у сувязі з няўдалым уладывастоцкім паўстаньнем, адазвалі з яго сваіх прадстаўнікоў, не жадаючы кампрамэтаваць сябе яшчэ раз кааліцыяй з эсэрамі і меншавікамі, а Сыбірскі камітэт бальшавікоў [* Быў абраны ў лістападзе на падпольнай канфэрэнцыі ў Іркуцку.] выказаўся за тое, каб:

    “Яшчэ больш паглыбіць і зрабіць зусім непраходнай тую прорву, якая аддзяляе цяпер эсэраў і меншавікоў ад мас. Таму што партыя, якая, пры наяўнасьці пасьпяховага партызанскага змаганьня насельніцтва Сыбіру за савецкую ўладу і набліжэньня савецкіх войск, паспрабавала б заклікаць масы, што ідуць за ёю, да падтрыманьня дробнабуржуазных лёзунгаў, перастала б існаваць як партыя пралетарыяту” [* Гл. артыкул А. Шырамава ў зборніку “Борьба за Урал и Сибирь” 1926 г. М.].

    Аднак, адазваўшы сваіх прадстаўнікоў, камуністы абяцалі Палітычнаму цэнтру сваё ўсямернае падтрыманьне ў змаганьні з Калчаком і парашылі разам з імі прыняць актыўны ўдзел ў паўстаньні.

    З адыходам бальшавікоў, Палітцэнтар, выказаўшы свой “шчыры жаль”, абярнуў сябе з міжпартыйнай арганізацыі ў грамадзкую, уключыў у свой склад прадстаўнікоў ад прафсаюзаў, земства і каапэрацыі ды пастанавіў: прыступіць да арганізацыі перавароту безадкладна. Ягоныя кіраўнікі добра разумелі, што калі памарудзіць яшчэ, то ініцыятыва выкаўзьне з іх рук. Іркуцк могуць узяць партызаны, і тады ім самім не паздаровіцца.

    А таму — Колесаў быў пасланы ў Краснаярск, Алко — у Чарэмхава, Калашнікаў — у мясцовыя палкі. Зроблена была нарада з чэхамі, якія абяцалі сваё “афіцыяльнае” садзейнічаньне. Наладжана сувязь з рабочай чыгуначнай дружынай, якую арганізоўваюць камуністы.

    Калашнікаў быў прызначаны камандуючым будучай арміі Палітцэнтра, Мерхалёў — комісарам пры ім. Палітцэнтар выпусьціў праклямацыю аб паўстаньні, якое мелася адбыцца, заклікаючы да яго падтрыманьня ўсе слаі рускага насельніцтва.

    19-га сьнежня адбылося выступленьне рабочых у Чарэмхаве, якое было падтрымана мясцовым гарнізонам. Калчакаўскія адміністратары былі арыштаваны. Улада перайшла да Палітцэнтру ў асобе мясцовага земства.

    21 сьнежня паўстаў ніжнявудзінскі гарнізон, 22-га сьнежня быў захоплены паўстаўшымі і партызанскім атрадам Шчацінкіна — Краснаярск. Тут уладу, хаця і на некалькі дзён, таксама ўзяло мясцовае земства.

    Калчак быў адрэзаны. Генэралітэт, які яго абкружаў, загаласіў аб дапамозе да “братоў-чэхаў”, да саюзьнікаў, да іркуцкіх міністраў, да атамана Сямёнава.

    Але дапамогі — ніадкуль, ніякай.

    Усе надзеі ўскладаюцца на японцаў і забайкальскага атамана.

    23-га сьнежня 1919 г., сваім загадам за № 40, Калчак падвышае Сямёнава да генэрал-лейтэнанта і прызначае галоўнакамандуючым усіх войск Далёкага Ўсходу і Іркуцкае вайсковае акругі. Яму даручаецца безадкладна выступіць з хадайніцтвам перад японскім галоўным камандаваньнем аб прысылцы ім сваёй дапамогі і асабліва ліквідаваць Іркуцкі “бунт”.

    Сямёнаў абяцае зрабіць усё “патрэбнае”, піша новыя ноты “усім, усім, усім”, дае лютыя загады...

    У цягніку Калчака пачынаюць лаяць саюзьнікаў і хваліць усяляк краіну ўзыходзячага сонца: добрароднасьць яе генэралаў, геройства і адвагу яе салдат.

    За адзін дзень арыентацыя зьмяняецца на ўсе 180 градусаў.

    На гэты раз Калчак “забыў” і пра свой нядаўні загад аб адданьні Сямёнава пад суд “за не падначальваньне і здраду”, свае неаднаразовыя заявы супроць спроб Японіі акупаваць Далёкі Ўсход [* Гл. маю кнігу „Гражданская война в Сибири”.].

                                                                                * * *

    Аб тым, што ў Іркуцку зьявіўся новы прэтэндэнт на ўладу — Палітычны цэнтар, ведалі ўсё, каму гэта было цікава. Палітцэнтар адчуваў за сабою сілу і не хаваў сваіх намераў. І пачаў дзейнічаць яшчэ больш адкрыта, калі яго прыхільнікамі быў захоплены шэраг гарадоў.

    Іркуцкая ваеншчына, падбадзёраная прызначэньнем Сямёнава галоўнакамандуючым “усяго тылу”, парашыла прытрымаць яго запал, Таму 23 сьнежня начальнік мясцовай контрразьведкі капітан Чарапанаў арыштаваў 17 асоб, у ліку якіх былі самыя актыўныя ваенныя працаўнікі Палітцэнтра: Б. Маркаў, П. Міхайлаў, капітан Пятроў, Вера Ермалаева і іншыя, і аб’явіў іх заложнікамі.

    Палітцэнтар зьбянтэжыўся. Кіраўнікі яго зьвярнуліся праз чэхаў, “неафіцыяльна” да генэрала Арцем’ева з просьбаю аб вызваленьні арыштаваных, а той патрабаваў... гарантый, што з боку Палітцэнтру ня будзе ніякіх выступленьняў супроць ураду. Палітцэнтараўскія правадыры дзейнічалі сумленна і па прынцыповых меркаваньнях даць гарантыю ў сваёй лёяльнасьці адмовіліся.

    Арыштаваныя былі зачынены генэр. Арцем’евым пасьля гэтага яшчэ мацней.

    Становішча ўскладнялася яшчэ больш з фактычным пашырэньнем на Іркуцк улады атамана Сямёнава, калі Арцем’еву прышлося пайсьці ў адстаўку і “наводзіць парадак” было даручана самаму лютаму адміністратару ген. Сычову, начальніку мясцовага гарнізона.

    Палітцэнтар парашыў выступіць, рызыкуючы галавою сваіх арыштаваных таварышаў.

    24 сьнежня, позна ўвечары, Калашнікаў і Мерхалёў, абодвы ў афіцэрскай форме зьявіліся ў Глазкоўскім прадмесьці (каля вакзала), у казармах 53-га палка, сабралі мітынг; пагутарылі з салдатамі і афіцэрамі, і яны аднамысна прызналі ўладу Палітцэнтра і вынесьлі пастанову актыўна выступіць пад яго сьцягам.

    Пасьля гэтага атрадам 53 палка, на чале з тымі ж Калашнікавым і Мерхалёвым, былі заняты станцыі, Ваенны гарадок, Інакеньцеўская і Батарэйная; апошняя з вялізарным запасам артылерыйскіх снарадаў.

    Да паўстаньня далучыліся адразу ж мясцовыя чыгуначныя рабочыя Глазкова, на чале з Міронавым, членам абласнога камітэту бальшавікоў.

    Такім чынам, Іркуцк быў адрэзаны амаль з усіх бакоў. Аднак, па дамаганьні чэхаў, Калашнікаў ня мог парваць на чыгунцы тэлеграфныя правады, якія зьвязвалі Іркуцк з Чытою і захадам. Гэтыя абставіны праз нейкі час паставілі паўстанцаў у самае цяжкае становішча.

    Ліквідацыя Іркуцкага паўстаньня была даручана ген. Сычову.

    Ён безадкладна арганізаваў значны атрад з юнкераў, кадэцкага вучылішча і 54 палка, верных калчакаўскаму ўраду, і ў той жа час праз японцаў наладзіў сувязь з Сямёнавым.

    Забайкальскі атаман загадаў Сычову “трымацца” і паведаміў, што ў дапамогу яму ён пасылае атрад пад кіраўніцтвам генэрала Скіпетрава і полк японцаў. І дапамога гэта сапраўды ішла, хаця і з вялікімі затрымкамі.

    Чэхі зьбянтэжыліся. Ім, вядома, ніколькі ня страшны былі сямёнаўцы, але сьледам за імі, ня губляючы сувязі, ішлі чатыры эшалёны японцаў.

    Таму чэхі прымушаны былі прапусьціць атрад Скіпетрава аж да станцыі Міхалёва, 30 вёрст ад Іркуцку. Тут сямёнаўцы выгрузіліся і павялі наступленьне на горад.

    31 сьнежня завязаўся ўпарты бой між паўстанцамі і атрадам Скіпетрава ў Глазкове. Ён быў такім крывавым, а сямёнаўцы, адчуваючы ў сваім рэзэрве японцаў, біліся так рашуча, што паўстанцы ня ўтрымаліся. Частка рабочых-дружыньнікаў і рэвалюцыйных салдат самавольна адступілі да станцыі Інакеньцеўскай (12 вёрст на захад ад Іркуцку); падрыхтаваны былі для адпраўкі туды ж маёмасьць і штаб 53 палка.

    І ў гэту крытычную мінуту на дапамогу Калашнікаву, які сам кіраваў баявымі апэрацыямі, прышлі партызаны атраду Зьверава, ягоная кулямётная каманда.

    Цяпер дрыгнулі сямёнаўцы.

    Каб дапамагчы ім, Сычоў аддаў загад артылерыі, якая займала ўмацованыя месцы гораду, ударыць па Калашнікаве. Але яго часьці занадта блізка знаходзіліся ад саюзных пасольстваў, артылерыя магла “ненарокам” папасьці і ў іхныя салён-вагоны, таму генэрал Жанэн, які захоўваў да гэтага нэўтралітэт, загадаў Сычову адмяніць сваё распараджэньне, а калі той намерыўся было не паслухацца, то прыгразіў яму чэхамі, якія ў супраціўным выпадку могуць распачаць абстрэльваць горад. Сычоў уступіў, але пазыцый сваіх не здаваў.

    Баі працягваліся. Яны неўзабаве перакінуліся ў горад, дзе супроць Сычова паўстала міліцыя і атрад асобнага прызначэньня пры Якаўлеве. Абодва бакі біліся заядла.

    Японцы трымаліся “нэўтралітэту”; ім нічога больш не заставалася рабіць, бо супроць іх, апрача чэхаў, стаялі ўзброеныя да зубоў салдаты амэрыканскага батальёна.

                                                                       РАЗЬДЗЕЛ ІІІ.

                                 Перагаворы Паліцэнтру з калчакаўскімі міністрамі.

                              Пасярэдніцтва дыпляматычнага корпусу. Баі ў Іркуцку.

    З пачатку паўстаньня ў Іркуцку, савет міністраў перадаў свае паўнамоцтвы надзвычайнай тройцы ў складзе: Чэрвэн-Водалі, Ларыёнава і ген. Ханжына. Гэтая “тройка” першы час знаходзілася ў такой паніцы, што 26 сьнежня ў габінэце Чэрвэн-Водалі сустрэлася з прадстаўнікамі Палітцэнтру Аляксееўскім і Хадукіным і амаль дагаварылася з імі аб перадачы ім свае ўлады.

    Чэрвэн-Водалі ставіў пры гэтым толькі тры патрабаваньні:

    1. Эвакуацыю ўсёй белай арміі і ўцекачоў на ўсход.

    2. Адпраўку туды ж усяго залатога запасу.

    3. Гарантыі ад Палітцэнтру, што ён распачне змаганьне з бальшавікамі.

    Палітцэнтар згаджаўся ахвотна з першым патрабаваньнем, катэгарычна пярэчыў супроць другога і нічога выразнага не адказаў на трэцяе: там, моў, відаць будзе, у залежнасьці ад абставін...

    Перагаворы гэтыя працягваліся да таго часу, пакуль ад Сямёнава ня быў атрыманы тэлеграфны загад “трымацца”. Сьледам за загадам рушыліся яго войскі разам з японцамі, у непераможнасьць якіх цьвёрда верылі і самі кіраўнікі перавароту.

    Гэтыя абставіны падбадзёрылі настрой “тройкі”, і яна, пад уплывам Г. Гінса і іншых «няпрымірных», спыніла ўсякія перагаворы з Палітцэнтрам, а яе контрвыведка нават зрабіла новыя арышты сярод палітцэнтраўскіх працаўнікоў.

    Тады Палітцэнтар зьвярнуўся да чэхаў, чэхі націснулі на генэр. Жанэна, і ён адправіў Чэрвэн-Водалі пісьмо з пратэстам з прычыны прызначэньня атамана Сямёнава галоўнакамандуючым бяз узгадненьня з ім, Жанэнам.

    Але “тройка”, як відаць, моцна разьлічвала на сілу Сямёнава і японцаў і вельмі сьмела адказала Жанэну:

    “Прызначэньне атамана Сямёнава адбылося дзякуючы наяўнасьці ў тылу такога становішча, якое пагражала парадку і спакою, выпадак, калі вышэйшы кіраўнік арміі мае права ўжыць любыя захады без пацьверджаньня іх саветам міністраў.

    Што ж датычыцца непаведамленьня аб гэтым вас, то савет міністраў можа зараз жа запрасіць штаб найвышэйшага галоўнакамандуючага, але для гэтага трэба, каб саюзныя прадстаўнікі выканалі сваё рашэньне аб нэўтралізацыі чыгункі і чыгуначнага тэлеграфу...” [* Гл. Г. Гинс, „Сибирь, союзники и Колчак”.]

    І толькі пасьля таго, калі Жанэн забараніў Сычовў карыстацца артылерыяй, да яго ў цягнік зьявіўся сам Чэрвэн-Водалі. Пачаў ён з пратэсту, што саюзьнікі перашкаджаюць урадавым войскам навесьці неабходны парадак, не даюць ім разгарнуцца і г. д., і скончыў просьбаю аб аказаньні ім садзейнічаньня.

    Але Жанэн заявіў яму, што адзінае садзейнічаньне, якое могуць аказаць саюзьнікі — гэта ўзяць на сябе пасярэдніцтва па прымірэньні ваюючых бакоў.

    Чэрвэн-Водалі абяцаў абгаварыць “гэтае пытаньне” са сваімі калегамі.

                                                                                      * * *

    1-га студзеня 1920 г. на станцыі Байкал (60 вёрст ад Іркуцку) у чэхаў здарыўся конфлікт з сямёнаўцамі, у рэзультаце якога было забіта некалькі чэхаславацкіх салдат і спынена чыгуначная і тэлеграфная сувязь.

    Саюзныя дыпляматы і генэралы апынуліся адрэзанымі ад усходу ў “гэтай дзікай краіне”, перапалохаліся грунтоўна і грунтоўна ўсе “палявелі”.

    Канфлікт гэты ў той жа дзень быў уладжаны: ген. Скіпетраў прасіў у чэхаў прабачэньня, сувязь аднавілася, але чэхі парашылі выкарыстаць яго і для будучага, Таму імі была зроблена энэргічная прапанова дыпляматычнаму корпусу аб неабходнасьці ачышчэньня ад сямёнаўцаў усёй Кругабайкальскай чыгункі з яе шматлікімі тунэлямі; інакш яны ня могуць ручацца за яе ахову і шчасьлівы ад’езд з Іркуцку саміх паноў саюзных прадстаўнікоў.

    У сувязі з гэтым, 2 студзеня ў цягніку ген. Жанэна адбылося пад яго старшынствам паседжаньне дыпляматычнага корпусу. На ім прысутнічалі: ад Францыі — Жанэн, пасол Могра і маркіз Дэ-Лятур; Англіі — Ходсан і палкоўнік Лампсан; Амэрыкі — Горыс і капітан Дэйвіз; Японіі — пасол Като, генэрал Кавакі і капітан Міке і ад чэхаў — Сыравой, Гірса і Глос.

    Жанэн напомніў сходу аб пастанове “вышэйшага савету” ў Парыжы пра эвакуацыю чэхаславакаў і прывёў цэлы шэраг прыкладаў, што яе зрываюць сямёнаўцы. Ён жа ўнёс прапанову аб выдаленьні іх з раёну тунэляў.

    Пан Могра паспрабаваў зваліць віну на рэвалюцыянэраў, якія псуюць шлях, але Жанэна энэргічна падтрымаў Ходсан, тым больш што і Като вымушан быў прызнаць, што зносіны з усходам перарываліся сапраўды праз сямёнаўцаў, бо яго інфармаваў аб гэтым капітан Дэйвіз.

    Аднагалосна была прынятая пастанова: безадкладна ў самай ультыматыўнай форме прапанаваць Сямёнаву ўбраць свае войскі з лініі Кругабайкальскай чыгункі. Тады ж яна была падпісана і адаслана ў Чыту [* Гл. Пишон, “Интервенция в Сибири”.].

    Чэхі і Палітцэнтар сьвяткавалі перамогу.

    У гэты ж дзень і ў тым жа складзе саюзныя прадстаўнікі заслухалі паведамленьне “тройкі” аб яе згодзе на перагаворы з Палітцэнтрам. Пры гэтым Чэрвэн-Водалі, які прысутнічаў на паседжаньні, выставіў ад імя свайго ўраду наступныя папярэднія ўмовы:

    1. Ваенныя дзеяньні між абодвума бакамі павінны быць безадкладна спынены. Каб гарантаваць выкананьне гэтага пункту, горад, станцыя і прадмесьце Глазкова будуць заняты войскамі саюзьнікаў.

    2. З аднаго боку паўстаўшыя войскі, з другога — урадавыя павінны адступіць за межы зоны, якая занятая саюзнымі войскамі, куды абодвы бакі ня могуць пранікнуць. Саюзьнікі дапусьцяць і забясьпечаць вольны праезд на ўсход адміралу Калчаку, старшыні савету міністраў Пепеляеву, міністру Ўстругаву і іншым ваенным і палітычным дзеячам, якія пажадаюць эвакуіравацца, а таксама арганізацыям, якія пажадаюць праехаць у Забайкальле. Будзе забясьпечана хуткая эвакуацыя іркуцкага гарнізона, які з-за недахопу рухомага саставу, адправіцца фарсіраваным маршам да Байкалу, каб потым параходам перабрацца да Мысавай. Будзе таксама дазволена членам ураду, чыноўнікам і іхным сем’ям выбрацца з Іркуцку. Апрача таго, саюзнае камандаваньне забясьпечыць усяму рускаму золату і серабру, якое знаходзіцца ў дарозе ці ў Іркуцку, эвакуацыю на ўсход. Залаты запас, які знаходзіцца ў цягніках, павінен лічыцца прыналежачым усерасійскаму ўраду і, значыцца, ня можа быць перададзены ніякаму мясцоваму ўраду, а толькі — прадстаўніку ўсёй краіны, і ўсё гэта пад аховаю міжсаюзьніцкіх войск і пры фармальным пасьведчаньні высокіх камісараў.

    Золата, якое знаходзіцца ў Іркуцку, павінна быць вывезена на ўсход, таксама, як і ўсе мясцовыя ўрадавыя арганізацыі, і, значыцца, яно павінна быць у распараджэньні гэтых арганізацый. Што датычыцца да папяровых грошай, то яны таксама павінны быць адпраўлены на ўсход. Магчыма будзе толькі некаторую частку іх пакінуць для новай улады, прыблізна — 1/10.

    3. Пытаньні гэтыя ў падрабязнасьцях могуць быць распрацаваны пазьней. У часе эвакуацыі саюзныя войскі будуць займаць горад, самі ж яны будуць ад’яжджаць паступова, па меры таго, як будзе ўстаноўлена новая ўлада. Мы ня можам і не жадаем самі перадаваць нашу ўрадавую ўладу, бо лічым сябе цэнтральнай уладаю ўсёй Расіі, у той час як тут складаецца толькі абласная арганізацыя” [* Гл. Эл. Джэмс, „Стенографичный отчет переговоров Политцентра и Правительства Колчака о сдаче власти”, Харбін, 1921 г.].

    Аднак гэтыя патрабаваньні былі празьмерны. Саюзьнікі, і асабліва чэхаславакі, ўгледзелі ў іх толькі жаданьне Чэрвен-Водалі і іншых умацавацца ў Забайкальлі для новага змаганьня з савецкай уладаю. Гэта само па сабе было для іх зносна, але калі пусьціць калчакаўцаў у Чыту арганізавана і з грашыма, то Сямёнаў — чаго добрага — можа ўзмацніцца і зноў зрабіць спробу затрымаць чэхаў “для сумеснага змаганьня з бальшавікамі”. А гэта цяпер зусім не ўваходзіла ў іхныя намеры: яны ірваліся да сябе на бацькаўшчыну і жадалі мець тут такую ўладу, якая б не перашкаджала, а садзейнічала эвакуацыі. Палітцэнтар быў для іх самай прыймальнай уладаю, кіраўнікоў яго яны ведалі, ім верылі, з імі аб усім дагаварыліся...

    Таму чэхаславацкія прадстаўнікі былі катэгарычна супроць тых патрабаваньняў, якія былі паведамлены Чэрвэн-Водалі, і настрояў сваіх не хавалі.

    Саюзьнікі пайшлі парадзіцца. А праз дзьве гадзіны п. Ходсан, які ведаў расійскую мову, паведаміў Чэрвэн-Водалі і яго калегам думку саюзных прадстаўнікоў: “Саюзныя камісары прапануюць членам расійскага ўраду выслухаць іхны адказ: Саюзныя высокія камісары былі б гатовы афіцыяльна прапанаваць свае паслугі для таго, каб устанавіць адносіны паміж абодвума бакамі, і, значыцца, празандаваць членаў іркуцкага Палітцэнтра на той выпадак, калі б яны былі гатовы пачаць перагаворы з урадам.

    Саюзныя прадстаўнікі, аднак, лічаць для сябе немагчымым пашыраць сваё ўмешваньне так далёка, а таксама ня могуць узяць на сябе адказнасьць за выкананьне прапанаваных умоў. Яны павінны абмяркоўвацца непасрэдна між дэлегатамі абодвух бакоў” [* Гл. кнігу Э. Джэмса, — Переговоры о сдаче власти”.].

    “Тройка” была аглушана такім адказам, пабіта, абняслаўленая: яна разьлічвала пайсьці на “некаторыя ўступкі” і ўмовы свае таму прад’яўляла з “запросам”, але такога зьневажаньня яна ніяк не чакала. Бо як ні як, саюзьнікі свае людзі, біліся за агульную справу і г. д. І раптам такі афронт!

    З прычыны гэтага Чэрвэн-Водалі пусьціўся ў сьлёзы: “Паны высокія камісары! Можа вы згодзіцеся з тым, што недастаткова абмежавацца аднымі размовамі? Я яшчэ раз паўтараю, мы не перастаём лічыць, што мір альбо замірэньне можа быць заключана толькі з дапамогаю саюзьнікаў. Каб самім дасягнуць гэтага, мы вымушаны будзем працягваць ваенныя дзеяньні...

    Я яшчэ раз зварачаюся да вас і прашу зьмяніць сваё рашэньне ў імя самых высокіх і сьвятых ідэй. Толькі шлях, які прапануем мы, можа разьвязаць гэтую задачу, не парушаючы інтэрнацыянальных законаў, інакш мы выйдзем са становішча, якое зараз утварылася, толькі крывёю і цаною такіх ахвяр, якіх зараз нават нельга падлічыць.

    Я прашу вас аб гэтым, урэшце, у імя законаў маральнасьці і чалавекалюбнасьці...”

    Саюзьнікі ласкавы, яны не жадаюць крыўдзіць “тройку” рашучым адмаўленьнем, але яны... яшчэ не абедалі. Таму Чэрвэн-Водалі прапануецца зайсьці да іх вечарам, калі яны паабедаюць і падумаюць “яшчэ раз”.

    “Тройцы” нічога больш не застаецца рабіць, як чакаць. Як зьбітыя сабакі выходзяць “усерасійскія міністры” з вагона Жанэна і ў 10 гадз. вечару, як паслухмяныя лёкаі, прыходзяць сюды зноў.

    Новы адказ саюзьнікаў зноў паведамляе Ходсан.

    “Паны, высокія камісары саюзных дзяржаў даводзяць да вашага ведама, што яны згодны выведаць у іркуцкага Палітцэнтру яго сапраўдныя замеры. Калі ім гэта ўдасца, яны гатовы зрабіць усё мажлівае, каб прывесьці абедзьве варожыя партыі да прыймальнае згоды. Павінен, аднак, дадаць, што высокія камісары могуць толькі паручыцца за сваё добрае жаданьне і будуць шчасьлівы калі гэты іх учынак зможа спыніць крывавую бойку”.

    Новы адказ быў ніколькі ня лепш за ранейшы. Але “тройка” прымушана дзякаваць і за гэта: хаця не самім прыдзецца ісьці з паклонам да Палітцэнтру.

    Тут жа разам абгаварылі і самы парадак будучых перагавораў.

    На зьдзіўленьне Чэрвен-Водалі і іншых, у Жанэна, сярод падлеглых яму, аказалася “адна асоба, блізкая да супраціўніка”, яна тэрмінова была накіравана ў штаб Калашнікава. А праз некалькі мінут Жанэн праз яе меў фармальную згоду Палітцэнтру на перамовы з урадам, калі яны будуць запрапанаваны яму супраціўным бокам.

    Але ісьці ў штаб “бунтаўнікоў” Чэрвэн-Водалі і цяпер палічыў для сябе “нязручным”, ён пусьціў новую сьлязу, саюзьнікі пайшлі на новыя “ўступкі”. Да Калашнікава накіравалася цэлая дэлегацыя, складзеная з прадстаўнікоў Японіі, Францыі, Англіі і чэхаў, са спэцыяльнай заяваю:

    “2-га студзеня 1920 году, у 12 гадзін ночы, міжсаюзная дэлегацыя прыбывае ў генэральны штаб рэвалюцыйнай арміі, каб зьвярнуцца да яго начальніка капітана Калашнікава і давесьці да яго ведама аб рашэньні высокіх камісараў прыняць на сябе пасярэдніцтва паміж варожымі бакамі, каб спыніць крывавыя баі і паспрабаваць прыйсьці да згоды”.

    Калашнікаў ужо іх чакае. Атрымаўшы заяву саюзьнікаў, ён дае дэлегацыі свой адказ, па яе просьбе, у пісьмовай форме:

    “Хаця мы маем дастаткова сілы, каб дасягнуць добрых рэзультатаў пры дапамозе зброі, я далучаюся да прапановы паноў высокіх камісараў прыяцельскіх нам дзяржаў, зробленай у імя чалавекалюбнасьці і каб спыніць крывавы бой у бескарысным змаганьні паміж грамадзянамі адной краіны”.

    Кіраўнікі Палітцэнтру, якія прысутнічалі тут, далучаюцца да адказу Калашнікава і адразу ж намячаюць сваіх дэлегатаў для перагавораў, якія і едуць разам з саюзнай дэлегацыяй, на яе аўтамабілях у цягнік Жанэна.

    Тут старшыня дэлегацыі Палітцэнтру меншавік І. А. Ахматаў, пасьля некалькіх ласкавых слоў на добрай францускай мове, уручае саюзьнікам ужо загадзя падрыхтаваны тэкст перамір’я.

    Перамір’е на 24 гадзіны заключана паміж нацыянальна-сыбірскай рэвалюцыйнай арміяй і ўрадавымІ войскамі. Перамір’е пачынаецца а паўдні 3-га студзеня гэтага году. Перагаворы адносна далейшай згоды могуць распачацца з раніцы пры абавязковай умове, што войскі атамана Сямёнава ня зробяць ніякага руху за час перамір’я. Урад бярэ на сябе абавязак даць атаману Сямёнаву спэцыяльныя загады для захоўваньня гэтае ўмовы, як толькі яна будзе зацьверджана належнымі подпісамі абодвух бакоў” [* Гл. кнігу Э. Джэмса.].

    “Тройка” хоча ўнесьці свае папраўкі. Яна патрабуе ад Палітцэнтра “ўзаемнай гарантыі”, хоча абавязкова прыцягнуць да ўмоў перамір’я саміх саюзьнікаў. Але ўжо позна: спрачацца няма часу, і саюзьнікам хочацца спаць. Яны лічаць умовы Палітцэнтру зусім прыймальнымі. Урад вымушан прыкласьці да яе сваю руку.

    Згоду аб перамір’і ў той рэдакцыі, у якой прапанаваў яе Ахматаў, падпісваюць ад ураду: ваенны міністр гэн. Ханжын, таварыш міністра шляхоў зносін інжынэр Ларыёнаў і часовы старшыня савету міністраў Чэрвэн-Водалі; ад Палітцэнтру і рэвалюцыйнай арміі: таварыш старшыня Палітцэнтру І. Ахматаў, прадстаўнік земстваў Хадукін і начальнік штаба рэвалюцыйнай арміі паручнік Зоркін.

    У 2 гадзіны ночы разыходзяцца, умовіўшыся сустрэцца тут жа а 1-ай гадзіне дня.

    Назаўтра, г. зн. 3 студзеня, ва ўмоўлены час, дэлегацыя зноў сабралася ў саюзьнікаў у цягніку, пры чым, прадстаўнікі Палітцэнтру — у вагоне Ходсана, а ўраду — у Жанэна.

    Палітцэнтар адчуваў сябе пераможцам, на яго баку была большасьць іншакраёвых дыпляматаў, а галоўнае — да Іркуцку ўсё больш і больш сьцягваліся партызанскія атрады, якім дагавор аб перамір’і быў зусім не абавязковым і якія паступова абкружалі армію “тройкі”. Выходзячы з гэтага, дэлегацыя запрапанавала Чэрвэн-Водалі наступныя патрабаваньні:

    1. У часе перамір’я не павінна быць распачата ні адно ваеннае дзеяньне.

    2. У сучасны момант з Іркуцку ня могуць быць вывезены або эвакуіраваны маёмасьць і каштоўныя рэчы ўраду.

    3. Параходы, як і ўсякая іншая нацыянальная ўласнасьць, якія былі вывезены куды-небудзь урадам адмірала Калчака, павінны быць зьвернуты.

    4. Войска Сямёнава павінна адступіць за межы іркуцкай губэрні.

    5. Ахова тунэляў і шляхоў ад Сьлюдзянкі да Іркуцку будзе даручана і безадкладна перададзена войскам нацыянальнай рэвалюцыйнай арміі.

    6. Юнкерскія школы і ўсе палітычныя арганізацыі, якія прымалі ўдзел у баі, будуць раззброены.

    7. Паравозы і ўвесь рухомы склад Іркуцкай чыгуначнай сеці павінны застацца на месцы.

    8. Адмірал Калчак павінен безадкладна падаць у адстаўку.

    9. Савет міністраў павінен падаць у адстаўку.

    10. Атаман Сямёнаў павінен адмовіцца ад усіх пасад, на якія ён быў прызначаны адміралам Калчаком.

    11. Палітычныя дзеячы, вінаватыя ў грамадзянскай вайне, што зараз адбываецца, павінны быць перададзены новаму ўраду.

    12. Усе вінаватыя асобы павінны быць аддадзены пад суд.

    Чэрвэн-Водалі і яго таварышы праз некаторы час даюць на патрабаваньні Палітцэнтру пісьмовы адказ. Яны ахвотна згаджаюцца на адстаўку Калчака і савету міністраў, але патрабуюць гарантыі, каб ім усім і іх прыхільнікам была дадзена магчымасьць арганізаваным парадкам выехаць на ўсход. Апрача таго, яны рашуча выказваюцца супроць зьняцьця Сямёнава і перадачы Палітцэнтру віноўнікаў іркуцкіх крывавых баёў.

    Але дэлегацыя Палітцэнтру ўступаць не жадае ні па адным пункце і разьясьняе прадстаўнікам ураду, чаму яна ня можа адмовіцца ад сваіх патрабаваньняў.

    “Адказы, дадзеныя ўрадам на 12 пунктаў нашых умоў перамір’я, робяць уражаньне поўнай адсутнасьці шчырасьці. Здаецца, нібы ўрад жадае выгадаць час, каб адстанавіць свае сілы і мабілізаваць іх у Забайкальлі з тым, каб працягваць грамадзянскую вайну, ад якой ужо дастаткова цярпела наша краіна. Згодна ўмоў, якія нам прапанаваны, нанава ўстаноўленая ўлада з самага пачатку была б пад пагрозай ад улады, якая знаходзіцца ў Забайкальлі. Ня маючы дастатковае сілы для дэмакратычнай рэарганізацыі, за якую новая ўлада хоча ўзяцца, эвакуацыя часьцей Сыбірскае арміі адкрыла б зусім вольны доступ сюды савецкім войскам. І, наогул, стварэньне самастойнае ўлады ў Забайкальлі прымусіла б новы ўрад капітуляваць перад бальшавізмам. Таму гэтыя адказы ні ў якім разе ня могуць здаволіць дэлегатаў Палітцэнтра”.

    Пераканаўшыся канчаткова, што ў гэтых перагаворах “тройка” нічога прыемнага для сябе ня выгандлюе, Чэрвэн-Водалі пайшоў на хітрыкі. Ён пакінуў Ларыёнава і начальніка штаба акругі ген. Вагіна, “дагаварвацца” з дэлегатамі Палітцэнтру, а сам разам з гэн. Ханжыным накіраваўся ў горад наладжваць эвакуацыю ўласнымі сродкамі [* Гл. артыкул Якаўлева ў „Сиб. Огнях”, № 2, 1922 г., Новасыбірск.].

    Гэн. Сычову былі дадзены адпаведныя распараджэньні, галоўным чынам наконт каштоўнасьцей, Дзяржаўнага банку і ваеннае маёмасьці. Усе астатнія міністры і чыноўнікі ім былі таксама “належным чынам” праінструктаваныя.

    А тым часам Ларыёнаў і Вагін адцягвалі час новымі запытаньнямі Палітцэнтру:

    “1. Ад чыйго імя гавораць дэлегацыі? Ці ручаецца новая ўлада за тыя абавязацельствы, якія яна на сябе прымае, і на якім працягу тэрыторыі?

    2. Калі згода адбудзецца, то як яна будзе дапасавана да Ніжнявудзінскага раёну і далей?

    3. Самы галоўны клопат ураду — гэта захаваньне сувязі з арміяй і забесьпячэньне яе эвакуацыі.

    4. Ці ёсьць у распараджэньні новае ўлады якія-небудзь сродкі для ажыцьцяўленьня гэтых двух запытаньняў?

    Урад просіць дакладна азначыць пункты 11 і 12 і свой адказ дапаўняе першымі трыма вышэйадзначанымі пунктамі, якія зьяўляюцца выражэньнем яго галоўнейшых жаданьняў.

    5. Перамір’е павінна быць працягнутае да ўстанаўленьня поўнае згоды”.

    Аднак, прадстаўнікі Палітцэнтру прымаюць дыпляматычныя “хады” ўрадавай дэлегацыі ўсур’ёз і зноў пішуць даўжэзныя тлумачэньні:

    “Дэлегаты гавораць ад імя Палітычнага цэнтру, які яднае ўсе грамадзкія арганізацыі Сыбіру: Саюз земстваў і гарадоў, Цэнтральны камітэт сыбірскага сялянства, абласныя камітэты партый с.-р. і с.-д., Савет прафсаюзаў. Апрача таго Палітцэнтар абапіраецца на каапэрацыю.

    Розныя арганізацыі, прадстаўніком якіх зьяўляецца Палітцэнтар, надаюць яму агульны, а не мясцовы характар.

    Уся чыгуначная лінія, якая занятая паўстаўшымі, падпарадкавана Палітцэнтру, які мае там сваіх прадстаўнікоў. Мясцовасьць на захад ад Ніжнявудзінску таксама знаходзіцца пад непасрэдным уплывам Палітычнага цэнтру: там знаходзіцца член Палітцэнтру Яўгені Коласаў.

    Урад, арганізаваны Палітычным цэнтрам, бярэ на сябе абавязкі і клопаты адносна адыходзячай арміі.

    Адносна пунктаў 11 і 12 прадстаўнікі Палітцэнтру і рэволюцыйнай арміі будуць настойваць на атрыманьні гарантый, што адпаведныя асобы не адмовяцца стаць перад сьледчай камісіяй і трыбуналам, якія ўстановяць ступень вінаватасьці кожнага ў адносінах сучаснае грамадзянскае вайны.

    Падпісалі: Ахматаў, Хадукін, паручнік Зоркін” [* Гл. кнігу Э. Джэмса.].

    Урэшце саюзьнікам, як відаць, надакучыла назіраць гэтую папяровую перастрэлку з іх цягнікоў. Ходсан запрашае ўсіх дэлегатаў да сябе ў салён-вагон, куды яны і сабраліся а 9-й гадзіне ўвечары.

    Але і сабраўшыся разам, дэлегаты цягнулі ў розныя бакі. Ларыёнаў настойваў на эвакуацыі і гарантыях, Ахматаў дамагаўся перадачы ўлады “цалкам”, з яе апаратам і маёмасьцю, з усімі яе “маральнымі і матэрыяльнымі” каштоўнасьцямі.

    Адбылася доўгая дыскусія. У яе ўмешваліся са сваімі парадамі і рэплікамі прадстаўнікі саюзьнікаў, але па-рознаму: Като і Могра больш спачувалі Ларыёнаву, Жанэн і Ходсан — Ахматаву, пры чым у апошніх у запасе яшчэ былі амэрыканцы і чэхі.

    Скончыліся перамовы скандалам. У канцы паўстала пытаньне аб прадаўжэньні перамір’я. Ген. Вагін, згаджаючыся на яго асабіста, прагаварыўся, што наогул ім... прыйдзецца аб гэтым запытацца ў атамана Сямёнава, бо цяпер яны падначалены яму.

    Жанэн ускіпеў: “Як гэта так? Вы ўрад ці не, чорт вас пабяры ?”

    А Ахматаў пасьля такога “тлумачэньня” адмовіўся весьці далейшыя перагаворы з “адказнымі” асобамі.

    З вялікімі цяжкасьцямі Ларыёнаву ўдалося зьмякчыць выступленьне свайго ваеннага калегі. Але ўсё ж дэлегаты разыйшліся, нават не аднавіўшы згоды аб перамір’і. Толькі ўмовіліся: сабрацца тут яшчэ раз заўтра днём, у прысутнасьці ўсяго дыпляматычнага корпусу, у парадных пакоях вакзала.

    Яшчэ раз...

    Раніцою 4 студзеня перамір’е было адноўлена, але сачыць за яго дакладным выкананьнем цяпер было даручана чэхаславакам, амэрыканцам і японцам.

    У тры гадзіны дня дыпляматычны корпус і дэлегаты Палітцэнтру сабраліся ў парадных пакоях вакзала Іркуцку. Вельмі доўга чакалі прадстаўнікоў ураду, але яны не зьяўляліся. Гэтая зьява выклікала падазронасьць у дэлэгатаў Палітцэнтру і вельмі абурыла саюзьнікаў, якія ня прывыклі чакаць омскіх міністраў нават у лепшыя для іх часы.

    У пяць гадзін Ходсан прапануе адчыніць паседжаньне, не чакаючы больш прадстаўнікоў ураду. Усе згаджаюцца.

    Але навошта? Якія пытаньні можа абгаварваць дыпляматычны корпус з прадстаўнікамі напаўпадпольнай улады? Аб чым гаварыць?

    Усе ў замяшаньні.

    Ахматаў рашыў выкарыстаць такі “падыходзячы” момант і зьвярнуўся да сходу з просьбаю выказаць сваю думку, аб плюсах і мінусах палітцэнтраўскага руху.

    Саюзьнікі рады і гэтаму: зачэпка знойдзена, гаварыць ім ёсьць аб чым. І яны па чарзе пачынаюць тлумачыць Ахматаву свой “пункт гледжаньня”. У агульным ён ва ўсіх амаль аднолькавы: спэцыяльных інструкцый яны ня маюць, але асабіста самі... разумеюць, спачуваюць і г. д. Нічога не сказаў ці не пасьпеў сказаць толькі п. Като, японскі пасол.

    Гэты абмен камплімэнтамі быў нечакана перапынены зьяўленьнем казацкага афіцэра. Зрабіўшы агульны паклон прысутным, ён, сьпяшаючыся, пачынае тлумачыць, што яго паслаў да іх казацкі полк з заяваю, што яны, казакі, больш Калчака падтрымліваць не жадаюць і перадаюць сябе ў распараджэньне Палітцэнтру. Свае словы ён пацьвярджае наказам і мандатам...

    Ахматаў вітае афіцэра ад імя новае ўлады, забірае ў яго дакумэнты і знаёміць з імі саюзьнікаў.

    “Вось бачыце. Мы вам казалі, тлумачылі. Вось вам просты доказ, за каго стаіць армія”.

    Саюзныя дыпляматы маўчаць: яны адчуваюць сябе ў самым недарэчным і дрэнным становішчы перад гэтым імправізаваным трыбуналам меншавікоў і эсэраў...

    Афіцэр выходзіць. Але абмен “камплімэнтамі” ўжо больш ніяк не наладжваецца.

    Урэшце, зьяўляецца ўрад і на гэты раз ва ўзмоцненым складзе: апрача “тройкі”, прысутнічаюць яшчэ міністар фінансаў Бурышкін і асьветы — Палічаў.

    Яны просяць прабачэньня за спазьненьне: ім, бачыце, вельмі перашкодзіў “туман” на Ангары. Яны гэтак сьпяшаліся, гэтак сьпяшаліся, і тут гэты пракляты туман! Непрыемнасьць страшэнная! Саюзьнікі хмурацца. І яны разумеюць, што справа зусім ня ў “тумане”.

    Ген. Жанэн зноў адкрывае паседжаньне і адразу ж намячае праграму яго работы:

    “Высокія камісары просяць перадаць вам, паны, што іх прысутнасьць тут служыць доказам іхных жаданьняў і намаганьняў зрабіць усё магчымае, каб мірны вынік справы паклаў канец гэтаму бязмэтнаму змаганьню, якое толькі высмоктвае апошнія сілы з расійскага народу. Яны просяць вас на працягу наступных перагавораў адкласьці на бок усякае асабістае пачуцьцё і кіравацца толькі адным жаданьнем дапамагчы сваёй беднай, няшчаснай і зруйнаванай краіне.

    Высокія камісары пакідаюць вас адных для абгаварэньня і варочаюцца да сябе. Але калі прысутнасьць іх будзе патрэбна вам, яны зьявяцца зноў. Для сувязі з вамі я пакідаю тут аднаго з маіх афіцэраў з яго памочнікамі”.

    Саюзьнікі выходзяць. Бакі застаюцца бяз сьведак, калі ня лічыць трох францускіх афіцэраў, якія скромна сядзелі ля ўваходу.

    Дэлегацыя Палітцэнтру імкнецца быць рашучай на гэты раз, і Ахматаў ад яе імя прапануе сходу, дзякуючы яснасьці пытаньня, разьвязаць толькі два практычныя пункты:

    1. Акт адраканьня адмірала Калчака і адстаўку міністраў.

    2. Перадачу ўлады Палітычнаму цэнтру.

    Ён пагражае, што калі супраціўны бок ня згодзіцца на безадкладнае абгаварэньне гэтых патрабаваньняў, перамір’е больш распачата ня будзе і ваенныя дзеяньні адкрыюцца зноў.

    Але Чэрвэн-Водалі і іншым трэба ва што б та ні стала выгадаць час. Яны ўжо зрабілі ўсе распараджэньні сваім ваенным сілам і чыноўнікам адносна адыходу да Чыты і ім цяпер трэба хаця б чым-небудзь замаскаваць ад супраціўніка зробленыя падрыхтаваньні да ўцёкаў з Іркуцку.

    Ген. Ханжын увесь час паглядае на гадзіньнік. Ім павінны паведаміць сюды, калі будзе ўсё гатова і, галоўнае, калі будзе пагружанае на аўтамабілі золата з банку.

    Таму Чэрвэн-Водалі зацягвае валынку.

    “Дазвольце мне запытаць адносна першага пункту: ці пашыраецца ваша ўлада на ўсю Расію, ці яна будзе толькі ў Сыбіры? Мне здаецца, што яна, хутчэй, мясцовая, дзякуючы свайму прымітыўнаму характару. Разьвязаўшы гэтае пытаньне, мы з большай лёгкасьцю зможам прыступіць і да іншых.

    Мы зусім згодны з вамі адносна адмірала Калчака і лічым, што створаны ім урад ня можа быць адстаўлены, тым ня менш ідэя агульнае ўлады павінна быць захавана. Калчак павінен сысьці са сцэны і адначасова з ім — яго савет міністраў, але перадаючы вам усе правы ўлады, з пункту гледжаньня Сыбіру, урад настойліва жадаў бы, каб улада на ўсю Расію была перададзена адзінаму прадстаўніку расійскага аб’яднаньня — генэралу Дзянікіну.

    Але Палітцэнтар няўмольны: ён абавязкова жадае “усю ўладу” разам з яе ўсерасійскім аўтарытэтам і іншым багажом. Ахматаў доўга даказвае, чаму для іх гэта так неабходна, так важна.

    Чэрвэн-Водалі з ім не згаджаецца, ён настойвае на сваім, ён лічыць далей, што Далёкі Ўсход і Забайкальле павінны захаваць тую ўрадавую арганізацыю, якая існуе ў іх цяпер.

    А тым часам, у цемры іркуцкае марознае ночы... ген. Сычоў аддаў свой апошні загад аб эвакуацыі. Часьці яго войск сьцягваюцца да чыцінскага тракту: яны здолелі захапіць з сабою ўсё, што ім трэба, нават галоўнейшых заложнікаў на чале з Паўлам Міхайлавым і намесьнікам Калашнікава, капітанам Пятровым. Пасьпелі яны вывезьці і ўсё золата з падвалаў Дзяржбанку.

    Аднак, на апошнім іх заўважыла міліцыя, узьняла трывогу. Начальнік яе, паручнік Малышоў, на чале коннага атраду паімчаўся за сычоўцамі, дагнаў іх ля Амурскіх варот і пасьля кароткага бою золата амаль усё было ім адбіта... [* Гл. артыкул „Последние дни колчаковщины” у “Сиб. огн.”, № 2, 1922 г].

    У горадзе пачалася неймаверная паніка і новыя крывавыя сутычкі сычоўскіх атрадаў з паўстаўшымі. Білі адзін аднаго з небывалай, нябачнай жорсткасьцю. Дрогі ўсеяны былі сотнямі чалавечых трупаў...

    А дэлегацыя працягвала засядаць і чытаць адзін аднаму даўжэзныя лекцыі аб характары... будучай расійскае ўлады.

    Толькі ген. Ханжын непрыкметна зьнік. Ён зразумеў, што заставацца тут для яго асабіста становіцца ня зусім бясьпечным.

    Ханжын накіраваўся да Жанэна, даведаўся там, як стаіць справа ў горадзе, і праз француза, палкоўніка Марыно, прыслаў паведамленьне засядаючым, што ён “неспадзявана адчуў сябе хворым і просіць дагаварвацца без яго”... Аднак, паручнік Зоркін аднёсься да “хваробы” Ханжына з недаверлівасьцю і, зрабіўшы адпаведную заяву, пайшоў высьветліць становішча.

    Міністры занепакоіліся, заварушыліся на сваіх крэслах і ўжо былі згодны цяпер на ўсё, абы толькі хутчэй выбрацца з занадта сьветлых пакояў вакзалу.

    Але выйсьці ім так і ня прышлося. Зьяўляецца Жанэн і паведамляе дэлегацыям, што ў горадзе робіцца немаведама што: анархія, разаніна, урадавыя войскі адступаюць, рабуюць жыхароў і г. д. Выходзячы з гэтага ён даў загад чэхам: заняць Дзяржаўны банк і іншыя важнейшыя ўстановы.

    У абодвух бакоў — зьбянтэжанасьць, неўразуменьне. Абодвы бакі хітравалі, але яшчэ ня ведаюць: чый верх?

   Урэшце, убягае Зоркін і радасна выгуквае:

    “Сычоў уцёк, рэвалюцыйныя войскі займаюць горад”.

    Пасьля гэтага Хадукін прапануе: лічыць паседжаньне закрытым, старая ўлада пала па жаданьню самаго народу. Палітычны цэнтар прыступае да выкананьня сваіх абавязкаў.

    Адным зрабілася страшна, другія не змаглі скрыць свайго радаснага ўзбуджэньня.

    У гэтую ж ноч, на 5-е студзеня 1920 году, 53-ці полк, рабочая дружына і верхаленскія партызаны пад командаю Зьверава занялі горад Іркуцк. Над будынкам Расійска-азіяцкага банка і гасьцініцай “Мадэрн”, апошнім прытулкам омскіх міністраў, узьвіўся ярка-чырвоны фляг — сьцяг рабочай і сялянскай перамогі...

    І ў гэту ж ноч, толькі некалькімі гадзінамі раней, Калчак, абкружаны ў Ніжнявудзінску паўстаўшым гарнізонам, радзіўся са сваім генэралітэтам: “што яму рабіць?”

    Калчак, вядома, добра ведаў аб падзеях, якія адбываліся вакол, ён ведаў аб іх з мясцовай рэвалюцыйнай газэты, штодзённых зводак чэскага і свайго штаба, бюлетэняў Палітцэнтра, і, урэшце, ён бачыў іх сваімі вачыма з акна ўласнага вагона. Апрача таго, ужо за некалькі дзён перад гэтым, ён атрымаў ад сваіх іркуцкіх міністраў параду, падтрыманую Жанэнам — адмовіцца ад улады і даць згоду на выезд за межы Сыбіру.

    Але каля яго знаходзіліся такія радцы, як генэралы Марцьянаў, Самойлаў, таварыш міністра іншакраёвых спраў Жукоўскі, палкоўнік Сырабаярскі [* Паўнамоцны прадстаўнік атамана Сямёнава пры Калчаку.] і іншыя, якія ўпарта верылі ў блізкую дапамогу японцаў, і ён пад іх уплывам марудзіў, нават падпісаў некалькі тэлеграм, адрасаваных японскаму ўраду з просьбаю аб паскарэньні гэтай дапамогі.

    Аднак, ніякага цуду ня здарылася. Японцы да Іркуцку сапраўды падыйшлі, але і... пайшлі назад. Усякія надзеі зьніклі. Праўда, было яшчэ выйсьце: былы начальнік яго штаба, ген. Лебедзеў, прапанаваў яму выбрацца з цягніка і пачаць партызанскую вайну з бальшавікамі, але гэта азначала для Калчака — разьмяняцца на дробязь, абярнуцца у “звычайнага атамана”, чаго ён не жадаў і ня мог зрабіць: бо ён усё ж такі — найвышэйшы кіраўнік зямлі Расійскай.

    Ужо лепш згадзіцца на адраканьне і выехаць з Сыбіру: і больш прыстойна і зручней. І Калчак, урэшце, рашыўся. Але каму перадаць уладу? “Усерасійскую”, амаль прызнаную вялікімі дзяржавамі. Трэба абмеркаваць, паразважаць!

    І Калчак бядуе, ламае галаву, лётае з кутка ў куток у сваім вялікім салён-вагоне, нэрвуе. Небарака! Вось становішча!

    У Сырабаярскага ёсьць вельмі падыходзячы кандыдат, яго апякун — атаман Сямёнаў: “дэмократ, моцна зьвязаны з народам”, сябруе з японцамі. Ён расхвальвае яго Калчаку ўсяк. Але Калчак на ім ужо абмыліўся: прызначыў галоўнакамандуючым, падвысіў яго да генэрал-лейтэнанта. А якая карысьць? Усё дарэмна, сіла атамана аказалася мітам, толькі з Жанэнам канчаткова пасварыўся з-за яго, парваў з чэхамі і “левай” грамадзкасьцю. Апрача таго, прыпомніліся старыя крыўды: сямёнаўскі сэпаратызм, пышлівасьць, не паважаньне да старэйшых чыноў, да прызнаных аўтарытэтаў... Не, Сямёнаву ён улады свае не перадасьць!

    Ёсьць і яшчэ прэтэндэнт — паўстаўшы народ. Але ў яго пры Калчаку ня было і няма сваіх давераных людзей, і адмірал з гэтым прэтэндэнтам зусім не знаёмы, — ён чужы яму, страшны.

    І Калчак, урэшце, адважваецца перадаць “сваю ўладу” ген. Дзянікіну: стары, яшчэ царскі генэрал, вядомы ўсёй Расіі; у выпадку, калі прыйдзецца шукаць работу, да яго ня сорамна будзе і зьвярнуцца.

    Марцьянаў складае адпаведны ўказ аб перадачы вярхоўнае ўлады, і Калчак яго рашуча падпісвае.

    Такім чынам — скончана. Цяжар і адказнасьць улады перададзены другому. Цяпер Калчак — звычайны расійскі афіцэр, цяпер яму можна згадзіцца і на прапанову Жанэна — перабрацца са свайго цягніка ў чэскі эшалён. Праўда, чэхі даюць у яго распараджэньне толькі адзін вагон, але ж ён больш — не найвышэйшы кіраўнік, зьневажаньня гонару расійскае ўлады ў гэтым няма, а ў чэхаў будзе значна зручней, тым больш на вагоне будуць вывешаны пяць саюзных сьцягоў і ахоўвацца ён будзе зьмешаным саюзным каравулам.

    Так думае Калчак.

    Але зусім іншыя думкі ў Сырабаярскага. Ужо больш месяца мінула з таго часу, як ён адкрыта дагаварыўся з Сямёнавым: калі Калчак адмовіцца ад улады на карысьць атамана, дык Сырабаярскі атрымлівае годнасьць генэрал-маёра. Сырабаярскі заагітаваў Пепеляева, амаль заручыўся садзейнічаньнем ген. Марцьянава, і, урэшце, шмат разоў гутарыў з Калчаіком асабіста “наогул пра атамана”, але ў рашучую мінуту Калчак выказаў сваю звычайную нясталасьць.

    Непрыемнасьць неймаверная! Сырабаярскі засмучаны, пакрыўджаны. Як жа! Ды ў яго ўжо падрыхтавана адменнае амэрыканскае сукно для генэральскага касьцюму, захаваны генэральскія наплечнікі з “адпаведнымі” вэнзэлямі, а ўпарты адмірал перадаў “уладу” далёкаму, мала знаёмаму Дзянікіну. Пазбавіцца генэральскае годнасьці Сырабаярскі ня хоча: калі гэта яе потым выслужыш? І ён прымае “свае захады”. Імчыцца да Пепеляева, Марцьянава і іншых значных вяльможаў, просіць іх пагаманіць з Калчаком “яшчэ раз”, інакш атаман будзе вельмі пакрыўджаны, інакш можа здарыцца “вялікая непрыемнасьць”. Пускае ўход пагрозы, намякае, што іх шлях ляжыць “праз Чыту”, у спрыяючым выпадку абяцае сваю і атаманаву дапамогу.

    Але Калчак і на гэты раз праяўляе сваю ўпартасьць: улада ім перададзена Дзянікіну, атаман Сямёнаў можа “за дадатковымі паўнамоцтвамі” зьвярнуцца да яго.

    Тады Сырабаярскі прыдумвае “тэорыю падзелу” найвышэйшай улады на: расійскую і сыбірскую.

    На Калчака насядаюць зноў, гуртам, усе самыя блізкія яму людзі і ўжо з гатовым праектам “адпаведнага ўказу”. Ён хмурыцца, крычыць “аб сумленьні”, аб “гонары”, але яны просяць яго так настойліва і дружна, што ён ўсё ж такі падпісвае гэты “ўказ”, хаця і з некаторымі абумоўкамі наконт “усяго Сыбіру”.

                                       УКАЗ НАЙВЫШЭЙШАГА КІРАЎНІКА

                                                                   5 студзеня 1920 г. гор. Ніжнявудзінск.

    “Дзякуючы наперад вырашанаму мною пытаньню аб перадачы найвышэйшай усерасійскай улады галоўнакамандуючаму ўзброеных сіл поўдню Расіі, генэрал-лейтэнанту Дзянікіну — наперад да атрыманьня яго ўказаньняў, у мэтах захаваньня на нашай Расійскай Усходняй ускраіне аплоту дзяржаўнасьці, на пачатках непарыўнага адзінства з усёй Расіяй:

    1. Уручаю галоўнакамандуючаму ўзброеных сіл Далёкага Ўсходу і Іркуцкае вайсковае акругі, генэрал-лейтэнанту атаману Сямёнаву, усю паўнату ваеннай і грамадзянскай улады на ўсёй тэрыторыі Расійскай Усходняй ускраіны, аб’яднанай расійскаю найвышэйшаю ўладаю.

    2. Даручаю генэрал-лейтэнанту атаману Сямёнаву арганізаваць органы дзяржаўнага кіраўніцтва ў межах распаўсюджваньня паўнаты яго ўлады.

            Найвышэйшы кіраўнік адмірал Калчак.

        Старшыня савету міністраў В. Пепеляеў.

    Дырэктар канцылярыі найвышэйшага кіраўніка

    генэрал-маёр Марцьянаў [* Гл. „Восточный курьер” ад 16 студз. 1920 г.].

    Сырабаярскі задаволены: “указ” хаця і куртаты, але тлумачыць яго можна вельмі пашыральна, ад Ціхага акіяну да Томскай губ. і Алтаю уключна, а гэта азначае, што генэральская годнасьць яму цяпер забясьпечана: атаман абяцаньне сваё безумоўна выканае.

    Аб тым, што “ўказ” падпісаны ў чэскім вагоне і ўжо толькі былым найвышэйшым кіраўніком, Сырабаярскі непакоіцца менш за ўсё: хіба гэтая фармальнасьць мае якое-небудзь значэньне? Тым больш, ведаюць пра яе вельмі нямногія асобы, якіх, у выпадку чаго, атаман можа заўсёды “прыстрашыць”.

    Дый ці ня ўсё роўна яму?

    Такім чынам, ноччу на 5-е студзеня ўрад Калчака фактычна і фармальна спыніў сваё існаваньне.

    Рабочыя і сяляне атрымалі ад яго ў спадчыну зруйнаваную краіну, дзесяткі тысяч сірот і калек, сотні эшалёнаў са зьмерзлымі людзьмі, масавыя заразьлівыя хваробы і г. д. Дзянікін — тытуль найвышэйшага кіраўніка зямлі Расійскай; Сямёнаў — фальшывы дакумэнт, Сырабаярскі — годнасьць генэрал-маёра; меншавікі і эсэры — падобнасьць улады.

    І па-свойму ўсе былі вельмі задаволены.

                                                                       РАЗЬДЗЕЛ IV.

                                      Палітычны цэнтар пры ўладзе. Арышт Калчака.

    Раніцою 5 студзеня 1920 г. члены Палітычнага цэнтру сабраліся ў памяшканьні Расійска-азіяцкага банку, зрабілі тут сваё першае легальнае паседжаньне і праз некаторы час адзначылі яго наступны “маніфэстам да ўсяго насельніцтва Сыбіру”, які быў падрыхтаваны яшчэ ў падпольлі.

    “Воляй паўстаўшага народу і арміі ўлада дыктатара Калчака і яго ўраду, якія вялі вайну з народам, зьвергнутая.

    Вязьні, якія томяцца ў месцах зьняволеньня за змаганьне з рэакцыяй, вызваляюцца. Адказныя кіраўнікі рэакцыйнай палітыкі аддаюцца гласнаму суду з удзелам прысяжных засядацеляў.

    Атаманы Сямёнаў і Калмыкаў, ген. Розанаў і адмірал Калчак аб’яўляюцца ворагамі народа.

    Усе грамадзкія свабоды: слова, друку, сходу, саюзаў і веры, скасаваныя ўрадам Калчака, адстанаўляюцца.

    Палітычны цэнтар, які стаў на чале паўстаньня народу і арміі, ставіць сваімі найбліжэйшымі задачамі:

    1. Скліканьне на 12 студзеня 1920 г. Часовага сыбірскага савету народнага кіраўніцтва на падставе асобнага палажэньня, апублікаванага Палітычным цэнтрам, і перадачу яму ўсёй паўнаты часовае ўлады аж да скліканьня сыбірскага народнага сходу, складзенага з прадстаўнікоў губэрскіх, павятовых і валасных земскіх сходаў, зьездаў сялян, казацкіх кругоў, гарадзкіх самакіраваньняў і прафэсіянальных рабочых аб’яднаньняў.

    2. Уся паўната мясцовае ўлады ў паасобных губэрнях перадаецца губэрскім земскім сходам і іх органам — губэрнскім земскім управам. У гарадох паўната ўлады ажыцьцяўляецца праз гарадзкія думы.

    3. Па ўсіх абласьцях, ачышчаных ад рэакцыі, безадкладна пачынаецца падрыхтоўка да выбараў гарадзкіх земскіх самакіраваньняў на грунце выбарчых законаў 1917 г.

    4. Улада Палітычнага цэнтру, улада грамадзянскага міра, распачынае безадкладныя крокі да ўстанаўленьня перамір’я на савецкім фронце і пачынае перагаворы з савецкай уладаю, на падставе гарантаваньня самакіраваньня вобласьцяў, вызваленых ад рэакцыі, і не занятых арміяй Савета Народных Камісараў.

    5. Палітычны цэнтар прыступае да безадкладнага ажыцьцяўленьня дагаворных узаемаадносін з дэмакратычнымі дзяржаўнымі арганізацыямі, якія ўзьніклі на расійскай тэрыторыі.

    6. У адносінах да Чэхаславацкай і Польскай рэспублік яго задача зводзіцца да наладжваньня прыяцельскіх узаемаадносін, забесьпячэньня свабоднага пропуску іх войск з сыбірскай тэрыторыі, пры ўмове неўмяшаньня іх ва ўнутранае жыцьцё Сыбіру.

    7. У адносінах дзяржаў Згоды і іншых іншакраёвых дзяржаў, Палітычны цэнтар будзе весьці палітыку мірнага вырашэньня прэтэнзій гэтых краін да Расіі, пры ўмове неўмяшаньня іх ва ўнутранае жыцьцё краіны.

    8. Стоячы тварам да твару з развалам усяе народнае гаспадаркі, які быў падрыхтаваны дыктатурай манархічнай буржуазіі і рэакцыйных вайсковых клік, Палітычны цэнтар лічыць безадкладна неабходным:

    а) перадаць усю справу харчаваньня насельніцтва і арміі ў рукі каапэрацыйных арганізацый, пад контролем цэнтральнай дзяржаўнай улады;

    б) забясьпечыць пратэктарскую палітыку да каапэрацыйнай гаспадаркі наогул, у асаблівасьці — да каапэрацыйнай прамысловасьці;

    в) перадаць у распараджэньне дзяржавы ўсю каменнавугальную прамысловасьць і сродкі транспорту;

    г) устанавіць дзяржаўны кантроль над усімі галінамі гандлю і прамысловасьці з забесьпячэньнем у ім прадстаўніцтва органаў мясцовага самакіраваньня і прафэсіянальна арганізаванае працы;

    д) устанавіць дзяржаўны кантроль над зьнешнім тавараабменам пры забесьпячэньні адпаведнага прадстаўніцтва каапэрацыйных арганізацый;

    е) гарантаваць безумоўнае ажыцьцяўленьне васьмігадзіннага рабочага дня і аплаты працы на падставе пражыцьцёвага мінімуму;

    ж) часова рэгуляваць зямельныя адносіны на аснове палажэньняў, прынятых Усерасійскім устаноўчым сходам.

    Намячаючы ў агульных рысах пляцформу сваёй дзейнасьці, Палітычны цэнтар глыбока ўпэўнены, што яго пасьлядоўна-дэмакратычная палітыка будзе забясьпечана салідарным падтрыманьнем працоўных слаёў вёскі і гораду.

    У плянавай палітыцы арганізацыі працы і адстанаўленьня грамадзкага міру, гарантаваных дэмакратычнымі свабодамі, Палітычны цэнтар бачыць адзіны паратунак народнае гаспадаркі краіны, даведзенай да банкруцтва злачыннай палітыкай ураду Калчака, ураду здраднікаў бацькаўшчыны і народу.

    Да працы і вольнага самакіраваньня кліча вас, грамадзяне Сыбіру, Палітычны цэнтар.

    Старшыня Палітычнага цэнтру, член Устаноўчага сходу Флор Федаровіч

    Таварышы старшыні I. Ахматаў, Б. Касьмінскі

    Члены Палітычнага цэнтру:

    М. Фельдман. Б. Канагогаў, А. Іваніцкі-Васіленка, Я. Хадукін, Л. Гольдман” [* Гл. „Бюллетень Политцентра” ад 6 студзеня 1920 г.].

    Быў вызначаны склад міністраў — кіруючых ведамставамі ўраду Палітычнага цэнтру:

    1) І. І Ахматаў — міністэрства іншакраінных спраў і працы.

    2) А. І. Паграбецкі — фінансаў.

    3) В. О. Сідараў — унутраных спраў.

    4) Г. Б. Патушынскі — юстыцыі.

    5) А. П. Белацарковец — шляхоў зносін.

    6) П. Я. Быхаўскі — земляробства і землеўпарадкаваньня.

    7) Н. В. Калашнікаў — ваенны міністар і камандуючы арміяй.

    8) А. Я. Ганчароў — міністар народнае асьветы.

    9) І. І. Галакціёнаў — харчаваньня і забесьпячэньня.

    10) М. М. Канстантынаў — друку і інфармацыі.

    11) К. А. Папоў — старшыня цэнтральнай сьледчай камісіі.

    12) Л. К. Салдатаў — сакратар ураду.

    Быў дадзены загад аб арышце ўсіх міністраў былога ўраду, і неўзабаве былі арыштаваны: Чэрвэн-Водалі, Шумілоўскі, Ларыёнаў, Красноў, Прэабражэнскі і іншыя. Аднак, самыя галоўныя з іх — Г. Гінс, Міхайлаў, Устралаў, Тэльбэрг, Сукін і фон-Гойер, якія ўстанаўлялі калчакаўскую палітыку і кіравалі яго ўрадам, змаглі схавацца і ў іншакраінных эшалёнах выбрацца за межы дасяжнасьці адміністрацыі Палітычнага цэнтру.

    У арміі былі захаваны чыны і пагоны, але арганізаваны інстытут палітычных упаўнаважаных, з вельмі невыразнымі правамі. Пры Калашнікавым — такім быў зацьверджаны Мерхалёў.

    Новы ўрад зьвярнуўся да дыпляматычнага корпусу з шырокім паведамленьнем аб сваім уступленьні да кіраваньня краінай. Жанэн і Благаж ад яго імя выказалі з гэтае прычыны Федаровічу і Ахматаву пару цёплых слоў.

    Апрача таго, Палітычны цэнтар зьвярнуўся да Жанэна са спэцыяльнай нотай з прычыны арыштаваных калчакаўскімі войскамі.

    “Палітычны цэнтар даводзіць да вашага ведама, што ўсе арыштаваныя былым урадам асобы вывезены з Іркуцку і лёс іх невядомы, ня гледзячы на тое, што п. Чэрвэн-Водалі ноччу 4 студзеня, па дамаганьні дэлегацыі Палітцэнтру, была дадзена тэлеграма ген. Сычову аб безадкладным іх вызваленьні, а генэр. Вагін гарантаваў нам іх недатыкальнасьць.

    Высокія камісары саюзных дзяржаў у свой час па асабістай ініцыятыве зварачаліся да Палітычнага цэнтру з прапановаю аб перамір’і і садзейнічалі бяскроўнай ліквідацыі ўлады Калчака. Палітычны цэнтар з парадамі высокіх камісараў лічыўся і цяпер зварачаецца да вас, як да галоўнакамандуючага саюзнымі ўзброенымі сіламі з настойлівай просьбаю аказаць сваё садзейнічаньне ў пошуках арыштаваных і звароце іх у Іркуцк” [* Гл. “Бюллетень Политцентра” № 3.].

    Жанэн запытаўся ў Сямёнава аб лёсе арыштаваных і прапанаваў яму выдаць іх чэхаславакам. Але забайкальскі атаман, адчуўшы з некаторага часу за сабою сілу будучага найвышэйшага кіраўніка, даручыў ген. Скіпетраву адказаць Жанэну, што ён, Сямёнаў, яму “не падначалены”. Жанэн разьюшыўся, тым больш, што для гэтага былі і іншыя прычыны: Сямёнаў ня выконваў калектыўнага загаду саюзьнікаў аб ачышчэньні Кругабайкальскай чыгункі, па ранейшаму псаваў шлях і тэлеграф, тармазіў рознымі захадамі эвакуацыю чэхаў, бразгаючы зброяй на саюзьнікаў, лісьліў японцам, а 6-га студзеня 1920 г. яго салдаты асьмеліліся распачаць стральбу па цягніку, у якім ехаў сам п. Гарыс і іншыя выдатныя асобы.

    Ген. Жанэн 8 студзеня даў загад чэхаславацкім войскам і амэрыканскаму батальёну абяззброіць усіх сямёнаўцаў, якія знаходзяцца на станцыях Кругабайкальскай чыгункі. Чэхі і амэрыканцы споўнілі гэты загад бліскуча: за два дні, 9 і 10 студзеня, яны абяззброілі ўсе часьці забайкальскага атамана на працягу больш двухсот вёрст і гэтым захавалі ад зруйнаваньня ўсе шматлікія чыгуначныя тунэлі Кругабайкальля. Шлях на ўсход быў для іх цяпер адкрыты. Далей сямёнаўцы не змаглі аказваць значнага супраціўленьня: па-за тунэлямі і чыгуначнымі мастамі яны для чэхаў і амэрыканцаў былі зусім ня страшны.

    На вызваленай тэрыторыі чэхі і амэрыканцы садзейнічалі арганізацыі палітцэнтраўскай адміністрацыі.

    Пасьля абяззброеньня сямёнаўскіх часьцей выявілася, што ўсе вывезеныя з Іркуцку арыштаваныя перабіты самым зьверскім парадкам. Забойства гэта было нагэтулькі жорсткім па сваёй “тэхніцы”, што нават чэхаславацкае камандаваньне ў сваёй газэце “Чэха-славацкі дзёньнік”, ад 10 студзеня, вымушана было з абурэньнем заявіць:

    “Дазнаньнем саюзнай сьледчай камісіі высьвятляюцца ўсе агідныя па сваёй лютасьці падрабязнасьці інквізыцыі, праробленай з нечуванай жорсткасьцю і нечалавечнасьцю на возеры Байкал.

    Намаляваная саюзным дазнаньнем карціна павінна выклікаць у кожным пачуцьцё агіды і пратэсту супроць барбарскай помсты над палітычным супраціўнікам, бо яна супярэчыць усім чалавечым разуменьням і зьяўляецца насьмешкаю над міжнародным правам у адносінах палітычных заложнікаў.

    Гэтае дазнаньне гаворыць:

    «5 студзеня параход “Ангара” прывёз на станцыю Байкал 30 мужчын і адну жанчыну, зьвязаных вяроўкамі, пад наглядам 30 афіцэраў і каля 35 салдат. Усе арыштаваныя былі зьмешчаны нанач у буфэце III клясы.

    Раніцою 6 студзеня заложнікі зноў былі пераведзены на “Ангару” і адвезены ў кірунку на сяло Лісьцьвенічнае. Знайшлося некалькі катаў. Адзін а іх — контр-выведнік Грант, вядомы па сваёй дзейнасьці ў Омску і Кацярынбурзе, пры дапамозе сямёнаўскіх салдат і афіцэраў прыступіў да “ліквідацыі” арыштаваных, згодна мэтадаў атамана Сямёнава і Калмыкова. Няшчасных білі і забівалі бізунамі, ламамі, палкамі. Выводзілі для гэтага па адным з трума на палубу і тут, пасьля ўдараў па галаве, скідвалі ў Байкал...

    К вечару таго ж дня, у 5 гадзін “Ангара” вярнулася на станцыю Байкал...

    Сьледчай камісіяй з прадстаўнікоў саюзных дзяржаў устаноўлена, што зьверскае забойства на Байкале зроблена па загадзе начальніка іркуцкай контр-выведкі Чарапанава, а галоўнымі выканаўцамі гэтага загаду зьяўляюцца палкоўнікі Сіпайла і Пантовіч, капітан Грант і Гадлеўскі, агенты контр-выведкі Гакосаў і Малчанаў, салдат Гладышаў і казак Міхайла Каралетаў».

    Гэтае кашмарнае зьверства агентаў чорнай рэакцыі яшчэ больш ускалыхнула партызанскае і рабочае мора і прымусіла быць рашучымі нават самых умераных прадстаўнікоў новае ўлады.

    На рабочых і партызанскіх сходах пасьля гэтага пачалі раздавацца настойлівыя галасы супроць “саюзьнікаў”, супроць чэхаў, а галоўнае — каб безадкладна быў арыштаваны і аддадзены пад суд Колчак, апякун сямёнаўскіх контрвыведнікаў, каб ён ня быў вывезены іншакраінцамі.

    Лёс Калчака быў вырашаны менавіта гэтымі сходамі.

    Палітычны цэнтар, кіраўнікі якога неаднакроць запэўнівалі саюзьнікаў, што асоба Калчака — недатыкальная і яму будзе дадзена мажлівасьць выехаць, вымушаны быў зьвярнуцца з катэгарычным патрабаваньнем да Жанэна аб выдачы Калчака сьледчай уладзе.

    Жанэн параіўся з Сыравым. Пры гэтым выявілася, што выдачы Калчака патрабуюць настойліва і чэхаславацкія салдаты. Ужо ня кажучы аб тым, што выдача Калчака была наогул карысна чэхам: яна набліжала і некалькі рэабілітавала іх перад працоўнымі масамі, — яна давала ім большую гарантыю шчасьліва выбірацца на ўсход, і, урэшце, Калчак ніколі ня быў сымпатычны цяперашняму галоўнаму чэскаму камандаваньню і нават нядаўна іх генэрала Гайду пазбавіў чыноў і ордэнаў.

    Таму Сыравой адказаў Жанэну станоўча. Яны ўмовіліся з ім толькі аб тым, што цырымонія перадачы Калчака адбудзецца пасьля ад’езду Жанэна: для яго яна занадта непрыемна. Ды і апрача таго, ён наогул жадаў быць “чыстым” у здрадзе Калчака ў вачох эўрапейскае публікі.

    14 студзеня эшалён з Калчаком прыбыў на станцыю Інакеньцьеўскую пад “аховаю”, апрача чэхаў, атрада чарэмхаўскіх рабочых, і ў той жа дзень ген. Жанэн разам з пасламі францускім, англійскім і японскім выехаў з Іркуцку на ўсход. Калі Калчака прывезьлі на станцыю Іркуцк, то там ужо ня было ні аднаго знатнага саюзьніка, апрача чэхаў...

    15 студзеня д-р Благаж запрасіў да сябе на гарадзкую кватэру намесьніка старшыні Палітцэнтра, Б. Касьмінскага, і дагаварыўся з ім аб самой тэхніцы перадачы Калчака: маёр Кадліц, які прысутнічаў пры гэтым, начальнік эшалёну № 52, што прывёз Калчака, даваў свае тлумачэньні, як гэта лепш зрабіць. Дагаварыліся тады ж.

    У 10 гадзін вечару таго ж дня камісія Палітцэнтра ў складзе Фэльдмана, Несьцерава і Мерхалёва, прыняла Калчака і Пепеляева ад чэхаў, а каманда рабочай дружыны адвезла іх у турму. Разам з Калчаком добраахвотна арыштавалася яго жонка, п-ні Цімірова. Ні цікавых, ні інцыдэнтаў, — усё зроблена было ціха і з пашанай. Былі захаваны “усе фармальнасьці”, патрэбныя чэхам для “апраўданьня” перад саюзьнікамі.

    Ген. Жанэн у гэты час быў ужо ў Верхнявудзінску. Сыравой паведаміў яго, што перадача Калчака адбылася, і ён у часе сьнеданьня ў японскага генэрала выпіў за яго здароўе, выказаўшы жаль, што адмірал сам вінаваты: “ён за апошні час ня слухаўся яго, Жанэна парад і знаходзіўся ў дрэнным абкружэньні” [* Гл. „Восточный курьер” ад 18 студзеня 1920 г.].

    Апраўданьне знойдзена. Толькі Калчаку, якога Жанэн яшчэ зусім нядаўна лічыў сваім “лепшым асабістым прыяцелем”, было ад гэтага ніколькі не лягчэй. І таму ён быў правы па-свойму, сказаўшы:

    — Значыць саюзьнікі мяне сапраўды здрадзілі? Як подла! А, здаецца, я служыў ім зусім сумленна.

    Выратаваць яго саюзьнікі, вядома, маглі б: у іх для гэтага было зусім дастаткова ваеннай сілы. Але бяз улады ён не прадстаўляў больш для іх ніякае каштоўнасьці, а яго выдача, наадварот, давала пэўныя выгады, асабліва чэхаславакам...

                                                                               * * *

    Значна горш былі ў Палітцэнтра справы ўнутраныя. Поўнае падтрыманьне яму выказалі толькі каапэрацыйныя арганізацыі, земства і Іркуцкая гарадзкая дума. Бюро савета прафсаюзаў прызнала яго “пастолькі-паколькі”, а на мясцох, асабліва за межамі чыгуначнай лініі, якую ахоўвалі чэхі, улады яго не прызнавалі зусім. У Жыгалаве, Балганску, Усьць-Куцку, Чарэмхове і іншых буйна населеных пунктах сяляне і рабочыя слухаць аб ім не хацелі; улада прыналежала там рэвалюцыйным камітэтам, і стаялі яны за ўладу саветаў.

    Рабочым і сялянскім масам лёзунгі савецкія былі больш блізкімі і зразумелымі, бо яны звыкліся з імі, чакалі ажыцьцяўленьня іх з нецярплівасьцю і палітцэнтраўскага руху прызнаць ніяк не маглі: яно было чужым іх сьвядомасьці і мала зразумелым для іх.

    З гэтае прычыны, ўжо з першых дзён уступленьня Палітцэнтра ў кіраваньне рабочыя і сялянскія арганізацыі пачалі энэргічна дамагацца замены яго саветамі...

    Але асабліва абуралі Палітцэнтар паводзіны мясцовых камуністаў! Яны дапамаглі яму ўзяць уладу, разам з ім актыўна грамілі белых, спачувалі, садзейнічалі, а калі Палітцэнтар запрапанаваў ім падзяліць з імі ўладу афіцыяльна — адмовіліся, і ў сваёй газэце “Власть труда” нават распачалі кампанію супроць яго кіруючых партый. Крыху палегчвала становішча Палітцэнтру толькі тое, што мясцовыя камуністы самі ня былі аднадушнымі: частка іх, на чале з Краснашчокавым, стаяла за падтрыманьне Палітцэнтру сур’ёзна, хаця б “як пераходнай ступені да саветаў”, а іншыя, на чале з Шырамавым, патрабавалі “безадкладных саветаў” і “самавольна” стваралі мясцовыя саветы рабочых і сялянскіх дэпутатаў.

    Афіцыяльным пунктам гледжаньня камітэту камуністаў было згодніцкая краснашчокаўская формула: “Паколькі Палітцэнтар складаюць правыя сацыялістычныя партыі і імкнуцца яны да выразна дробнабуржуазных мэт, камуністы супроць яго і за сапраўдную пралетарскую дыктатуру; але з прычыны таго, што Палітцэнтар ставіць сваёй найбліжэйшай практычнай задачай — грамадзянскі спакой і змаганьне з рэакцыяй, яны будуць яго падтрымліваць, як часовую ўладу” [* “Власть труда” ад 12 студз. 1920 г.].

    Але яны павінны былі лічыцца з настроямі рабоча-сялянскіх аўдыторый, з іх прагнасьцю да савецкае ўлады і ў сваёй практыцы часта адхіляцца ад афіцыяльных рашэньняў, каб не адарвацца ад гэтых настояў, ня страціць свайго кіруючага ўплыву.

    Меншавікі і эсэры гэта вельмі добра разумелі і таму намерыліся самастойна даказаць рабоча-сялянскім масам, што яны памыляюцца, а Палітцэнтар выражае сапраўдныя запатрабаваньні бягучага моманту. Лепшыя свае сілы яны кінулі ў рабочыя і партызанскія аўдыторыі: пераконвалі, даказвалі, угаворвалі, агітавалі...

    Рабочыя аўдыторыі, хаця і слухалі прадстаўнікоў урадавых партый, кідаючы ім свае каверзныя рэплікі і заўвагі, але выносілі зусім “ня ўрадавыя” рэзалюцыі. Партызаны ж ад іх літаральна адплёўваліся: яны не жадалі нават бачыць іх на сваіх сходах, яны часта гналі іх вон у шыю.

    Некаторым бязмоўным посьпехам карысталіся палітцэнтраўскія дакладчыкі толькі ў мяшаных, абывацельска-служылых аўдыторыях. Але гэта было зразумелым: тут зьбіраліся блізкія ім элемэнты, гэта быў свой, блізкі ім “народ”.

    10 студзеня ў Іркуцку адкрыўся зьезд служачых і рабочых сыбірскае чыгункі. Цэлых тры дні абгаварваў ён даклад члена Палітцэнтру Іваніцкага аб “бягучым моманце”. Меншавікі і эсэры паслалі на яго сваіх лепшых агітатараў: Канстанцінава, Тараканаву, Анісімава, Хаўстава, Шыхава, Кудраўцава і іншых — увесь мозаг свайго партыйнага актыву. І ўсё ж такі гэты зьезд выказаўся за недавер’е ўладзе Палітцэнтру і, толькі пры дапамозе камуністаў Краснашчокава, Губкоўскага і іншых, Такаранавай удалося працягнуць кампрамісную рэзалюцыю “пастолькі-паколькі”.

    Такі быў настрой у рабочых і сялян. Замяніць яго маглі толькі факты штодзённага жыцьця і аўтарытэт камуністычнай партыі.

    Эсэры і меншавікі пераканаліся ў гэтым яшчэ раз і цяпер — ва ўласнай, вольнай і дэмакратычнай дзяржаве. Яны зразумелі на гэтых сходах, што без камуністаў іх урад існаваць ня можа, і зноў пачалі настойліва прасіць іх “падзяліць з імі ўладу”, або, ў крайнім выпадку, прыняць яе ад іх цалкам, бо гэтая ўлада з кожным новым днём прыносіла ім толькі новыя непрыемнасьці.

    Аднак, камуністы і на гэты раз “падзяліць з імі ўладу” адмовіліся, ухіліліся яны ад узяцьця яе “цалкам”, чакаючы адпаведных дырэктыў цэнтра, і толькі паслалі ў Палітцэнтар свайго прадстаўніка... з інфармацыйнай мэтаю і для сувязі.

    Але такія адносіны іркуцкіх камуністаў да Палітцэнтру зусім не здавальнялі меншавікоў і эсэраў. Таму аб далейшым лёсе свае ўлады яны рашылі дагаварыцца непасрэдна з адпаведнымі партыйнымі і савецкімі арганізацыямі Сыбіру і цэнтральнай савецкай уладаю.

    Мясцовыя камуністы ім у гэтым ніколі не перашкаджалі.

                                                                 РАЗЬДЗЕЛ V.

        Палітцэнтр мае посьпехі ў Томску, а ў Іркуцку яго ліквідуюць. Расстрэл Калчака.

    8 студзеня 1920 г. Палітцэнтар вызначыў спэцыяльную дэлегацыю для перагавораў з савецкай уладаю, у складзе Ахматава, Кудраўцава і Коласава, якая павінна была выехаць у раён наступаючай 5-ай савецкай арміі, а калі будзе патрэбным, то і далей, да Масквы ўключна.

    Член дэлегацыі Яўгені Коласаў знаходзіўся ў Краснаярску і з гэтай прычыны яму было даручана дагаварыцца з перадавой савецкай дывізіяй аб пропуску дэлегацыі на захад. Коласаў гэтае даручэньне выканаў пасьпяхова: ад Рэўваенсавету 5-ай арміі, праз комбрыга Гразнова была атрымана згода. Дэлегацыя магла выехаць.

    Але ехаць з Іркуцку без камуністаў меншавікі і эсэры ўсё ж такі не адважыліся, для іх было ня зусім бясьпечна. Для гэтага яны ўгаварылі мясцовы камітэт бальшавікоў даць у дэлегацыю свайго прадстаўніка. У склад дэлегацыі быў прызначаны сам Краснашчокаў, старшыня камітэту, і найбольш блізкі пэрсанальна да кіраўнікоў Палітцэнтру лідэр мясцовых камуністаў.

    Політцэнтар мог быць задаволеным: лепшых адносін да яго будучай місіі ён ня мог чакаць! Праўда, Краснашчокаў ехаў з пэўнай дырэктывай партыйнага камітэту, не падобнай да задач дэлегацыі, і меў пэўнае даручэньне — прывезьці згоду цэнтру на саветызацыю Іркуцку; але меншавікі і эсэры гэтага не баяліся, бо ведалі, што ён будзе “аб’ектыўным” у інфармацыі і актыўным у правядзеньні свайго асабістага пункту гледжаньня. А Краснашчокаў — разумны, самалюбны, з сілай воляю чалавек; гэтыя яго якасьці былі для эсэраў і меншавікоў гарантыяй, што яго падтрыманьне для іх будзе вельмі карысным калі ня больш.

    Надзеі, якія ўскладаліся на Краснашчокава, спраўдзіліся потым цалкам.

                                                                           * * *

    Чэхі намерам Палітцэнтру аказвалі самае гарачае садзейнічаньне. Наладжвалі для яго сувязь з Коласавым, гарантавалі бесьперашкодны праезд па чыгунцы, аддалі дэлегацыі салён-вагон з “уласнага парку”, далі для яе сваю ахову і г. д.

    Для іх гэтыя перагаворы мелі істотнае значаньне: у выпадку прызнаньня савецкай уладаю палітцэнтраўскае дзяржавы, яна безумоўна ўзмацніцца, падцягне сваю пэрыфэрыю, закліча да парадку і заменіць земствамі мясцовыя рэформы, а гэта азначае, што чэхам удасца куды хутчэй выбрацца далей.

    Так разважалі чэхі — і яны мелі рацыю.

    11 студзеня дэлегацыя выехала з Іркуцку. З вялікімі цяжкасьцямі дабралася яна да Краснаярску. У гэты час белая армія адступіла з лініі чыгункі і ўцякла на ўсход па лясох і вёсках. На лініі засталіся толькі чэхі, румыны і палякі. Нікому з іх, вядома, не хацелася сустракацца з наступаючай Чырвонай арміяй ды партызанамі, і ўсе яны рознымі сродкамі ірваліся ехаць у першую чаргу. На гэтым грунце між імі адбываліся распачлівыя сутычкі.

    На самым канцы апынулася польская дывізія, якая праз некаторы час літаральна завыла ад насядаючых чырвоных войск. Камандзір яе 9 студзеня тэлеграфуе Сыравому:

    “5-ая польская дывізія, змучаная безупыннымі баямі з чырвонымі, дэзарганізаваная нечувана цяжкім перасоўваньнем па чыгунцы, пазбаўленая вады, вугалю і дроў, знаходзячыся на краю гібелі, просіць вас, у імя гуманнасьці і чалавечнасьці аб пропуску на ўсход пяці нашых эшалёнаў (з ліку 56) з сем’ямі воінаў, жанчынамі, дзецьмі, раненымі і хворымі, абавязваючыся аддаць вам усе астатнія паравозы і пасоўвацца далей баявым парадкам у ар’ергардзе, абараняючы, як і раней, ваш тыл” [* Гл. „Чехо-словацкий дневник” ад 13 студзеня 1920 г.].

    Але Сыравой яму адказаў у той жа дзень:

    “Дзіўлюся тону вашае тэлеграмы. Згодна апошняга загаду ген. Жанэна, вы павінны ісьці апошнімі. Ні адзін польскі эшалён ня можа быць мною прапушчаны на ўсход. Толькі пасьля адыходу апошняга чэскага эшалёну са станцыі Клюквенная вы можаце пасоўвацца наперад. Далейшыя перагаворы па гэтым пытаньні і просьбы лічу скончанымі, бо пытаньне вычарпана” [* Гл. „Чехо-словацкий дневник” ад 13 студзеня 1920 г.].

    Палякі пакрыўдзіліся надзвычайна: абазвалі па простым провадзе Сыравога “мерзавцем и трусом”, а капітан Ясінскі-Стахурак нават выклікаў яго на паядынак. Але гэта ім ніколькі не дапамагло: прышлося большасьці з іх аддавацца на літасьць Чырвонай арміі.

    У яшчэ горшым становішчы апынуліся румыны. Іх атрад, уцякаючы ад савецкай дывізіі, высадзіўся з эшалёнаў і пайшоў пехатой, але... трапіў да партызан з атраду Якавенкі; мала хто з іх застаўся цэлым [* Гл. В. Яковенко „Записки партизана”.]. Вярнуліся яны зноў на лінію, дзе чэхі ўжо занялі ўсе вагоны. Паспрабавалі яны адабраць свае эшалёны зброяй, але атрымалі ад сваіх саюзьнікаў “братоў-чэхаў” рэзкі адпор. Разьюшаныя румыны ўзарвалі чыгуначны мост: ня нам, але затое і ня вам!..

    Дэлегацыя вымушана была чакаць у Канску, пакуль паправяць мост.

    Калі яна, урэшце, прыехала ў Краснаярск, ён ужо быў заняты партызанамі Шацінкіна і савецкай брыгадаю Гразнова. Прадстаўнік Палітцэнтру Коласаў уступіў тут сваё месца рэвалюцыйнаму камітэту.

    Але ня гледзячы на гэта Сыбрэўкам і рэўваенсавет 5-й арміі згадзіліся на перагаворы з дэлегацыяй і вызначылі месца для перамоў, г. Томск.

    18 студзеня адбылася першая сустрэча дэлегацыі з адказнымі кіраўнікамі Сыбрэўкаму і Чырвонай арміі, і, пасьля ўзаемнай інфармацыі, на другі дзень было прызначана афіцыяльнае паседжаньне.

    Яно адбылося ў Томску 19 студзеня. На ім прысутнічалі з савецкага боку: І. Н. Сьмірноў, Эйхэ, Т. В. Фалько, Сьвярдлоў, Гольцман і іншыя; ад Палітцэнтра — усе дэлегаты.

    Ахматаў зрабіў даклад. Краснашчокаў яго дапоўніў і далучыўся да яго поўнасьцю. Асноўнымі момантамі гэтага дакладу былі: складанасьць міжнародных і ўнутраных абставін, неабходнасьць аб’яднаньня ўсёй дэмакратыі для змаганьня з рэакцыяй ва Ўсходнім Сыбіры і на Далёкім Усходзе, гарантаваны нэўтралітэт Японіі і спачуваньне чэхаў і амэрыканцаў, калі з гэтай рэакцыяй распачне змаганьне дэмакратычная ўлада. У якасьці прыкладу былі выгодна паказаны посьпехі Палітцэнтру, нават ня гледзячы на адмову ўдзельнічаць у яго ўрадзе з боку камуністаў. Адгэтуль выцякае: неабходна арганізацыя на палітцэнтраўскай тэрыторыі асобнае дэмакратычнае дзяржавы на ўмовах цеснае сувязі яе з Савецкай Расіяй і поўнага падтрыманьня яе камуністамі.

    Пасьля дакладу адбыўся кароткі абмен думкамі, і ў гэты ж дзень к вечару была дасягнутая згода:

    “1. Утварэньне Ўсходнясыбірскае дзяржавы — буфэра лічыцца неабходным: граніцы яе з захаду часова вызначыць па лініі рэк Акі і Ангары.

    2. Усходнясыбірская дзяржаўнасьць прымае на сябе абавязак ачысьціць у парадку дыпляматычных перагавораў Кругабайкальскую і Амурскую чыгунку ад іншакраінных вайсковых часьцей і ўмацаваць усходнія выхады Кругабайкальскай чыгункі.

    3. Палітычны цэнтар абавязваецца перадаць савецкай уладзе адмірала Калчака з яго штабам і ўвесь залаты запас.

    4. Гэтыя тры рашэньні і яшчэ адно — тэхнічнага парадку — лічацца папярэднімі і паведамляюцца для зацьвярджэньня Савету народных камісараў у Маскву і Часоваму савету сыбірскага народнага кіраўніцтва ў Іркуцк” [* Гл. газ. „Социал-демократ” № 1, Іркуцк, 1920 г.].

    Апрача гэтага абгаворвалася пытаньне аб будучай тактыцы камуністаў у адносінах да ўраду дзяржавы-буфэра. Дэлегацыя Палітцэнтру прапанавала, каб камуністы ўвайшлі ў склад ураду на правох кааліцыі і прынялі на сябе адказнасьць за яго работу. Савецкая дэлегацыя выказвалася супроць кааліцыі і, значыцца, супроць удзелу камуністаў ва ўрадзе буфэра, але лічыла, што пры ім павінен быць паўнамоцны прадстаўнік савецкага ўраду для “назіраньня і кантролю” за выкананьнем прынятае ўмовы.

    Патрабаваньні савецкай дэлегацыі, безумоўна, былі вельмі скромнымі. Тлумачылася гэта выключна жаданьнем савецкае ўлады як мага хутчэй спыніць грамадзянскую вайну і прыступіць да мірнага гаспадарчага будаўніцтва.

    Апрача таго, у савецкага ўраду было занадта многа іншых спраў: змаганьне з контррэвалюцыяй на Украіне і Закаўказьзі, змаганьне з небывалай разрухаю, змаганьне з масавымі хваробамі. Калі меншавікі і эсэры давалі поўную гарантыю “мірнымі сродкамі” ліквідаваць на Ўсходзе грамадзянскую вайну і інтэрвэнцыю і жыць з Савецкай Расіяй у прыяцельстве, ім і — “карты ў рукі”...

    На другі дзень Сьмірноў паведаміў на прамым провадзе Саўнаркаму рэзультаты гэтае нарады, і 21 студзеня па тым жа провадзе ён атрымаў з Масквы адказ за подпісам Леніна і Троцкага:

    “У адносінах буфэрнага ваша прапанова ўхваляецца. Неабходна толькі цьвёрда ўстанавіць, каб нашы прадстаўнікі пры Палітычным цэнтры былі ў курсе ўсіх яго пастаноў і мелі б права прысутнічаць на ўсіх яго пасяджэньнях і нарадах” [* Гл. газ. “Социал-демократ” № 1, Іркуцк, 1920 г.].

    Дэлегацыя Палітцэнтру ніяк не чакала такіх посьпехаў. Яна запэўнівала савецкую ўладу ў сваёй “брацкай ляяльнасьці”, абяцала Сьмірнову сумленна выканаць прынятыя ёю на сябе абавязкі і пасьпяшыла ў сваю сталіцу.

    Краснашчокаў быў прызначаны савецкім паслом пры ўрадзе Палітцэнтру, ён атрымаў неабходныя ўказаньні і інструкцыі і варочаўся ўжо ў якасьці афіцыяльнае асобы ў прызнанай Масквою новай дэмакратычнай дзяржаве.

    І Краснашчокаў і дэлегацыя далі “шырокае інтэрв’ю буфэрнай дзяржаўнасьці”, зрабілі шэраг дакладаў, запрасілі да сябе “на працу” чараду буйнейшых грамадзкіх дзеячаў з лягеру меншавікоў і эсэраў.

    Але... у Краснаярску, на шляху ў Іркуцк, і Краснашчокава і дэлегацыю чакаў зусім нечаканы сюрпрыз: з чэскіх, а значыцца — зусім дакладных крыніц паведамляюць, што... Палітцэнтар ужо больш ня існуе, ён перадаў сваю ўладу Іркуцкаму рэвалюцыйнаму камітэту.

    Дэлегацыі засталося толькі разьвесьці рукамі...

                                                                           * * *

    Атрымалася гэта такім чынам:

    Пасьля ад’езду дэлегацыі на захад Палітцэнтар адчуў пад сабою нейкую “апору” і рашыў загаварыць са сваёю пэрыфэрыяй моваю цьвёрдае ўлады. Указваючы на некаторыя “брыдкія” ўчынкі мясцовых рэўкамаў, яго афіцыёз пісаў:

    “Сэпаратная палітыка розных жыгалаўскіх, балаганскіх, вусьцькуцкіх і іншых безадказных кіраўнікоў, безумоўна, прыносіць толькі шкоду. Яна зрывае мірнае аб’яднаньне, разлагае шэрагі рэвалюцыйнай дэмакратыі, зрывае ўсякую творчую працу... Трэба заклікаць усіх, што зарваліся, да рэвалюцыйнага парадку, трэба прымусіць іх спакойна чакаць адказу Саўнаркаму, які для ўсіх прыхільнікаў савецкае ўлады павінен быць абавязковым” [* Гл. Бюллетень Политцентра № 6, ад 14 студзеня 1920 г.].

    12 студзеня сабраўся Часовы сыбірскі савет народнага кіраўніцтва ў складзе:

    1. Усіх членаў Палітычнага цэнтру.

    2. Ад земстваў — Галаўкоў, Патушынскі, Быхаўскі, А. Н. Аляксееўскі, С. М. Мераншаеў і В. О. Сідараў.

    3. Ад гарадоў — І. Г. Гольдбэрг, М. М. Канстанцінаў і І. І. Генкін.

    4. Ад сялянскага саюзу — А. І. Сартакоў, І. Ф. Самойлаў і іншыя.

    5. Ад казацкага саюзу — Г. В. Пуляўскі,

    І хаця савет прафсаюзаў ня даў яшчэ ў яго ні аднаго свайго прадстаўніка, Палітцэнтар з гэтае прычыны выдаў некалькі вельмі ўладарных адозваў да насельніцтва, казыраючы Часовым саветам народнага кіраўніцтва як “магутным падтрыманьнем большасьці народу”.

    Апрача таго, 15 студзеня ім быў выданы закон аб ваенна-палявых судах і дадзены загад Калашнікаву — расфарміраваць адзін партызанскі полк, які асабліва “бузіў” супроць Палітцэнтру.

    Усе гэтыя мерапрыемствы далі якраз адваротныя практычныя рэзультаты.

    Мясцовыя рэўкамы і партызаны зьвярнуліся за садзейнічаньнем да іркуцкага штабу рабоча-сялянскіх дружын, які існаваў раўналежна са штабам Калашнікава і ўзначальваў найбольш рэвалюцыйна настроеныя вайсковыя часьці, а апошні — да камітэту бальшавікоў, які ў сваю чаргу “націснуў” на ўрад.

    Палітцэнтру прышлося стрымаць свой запал.

    Але рабочым і асабліва партызанам гэтага было ўжо недастаткова: яны патрабавалі рашуча, каб Палітцэнтар склаў свае паўнамоцтвы і перадаў уладу Савету дэпутатаў. Таму, згодна прапановы камуністаў, Палітцэнтар вымушан быў даць згоду на скліканьне 25 студзеня Савету рабочых і салдацкіх дэпутатаў, спадзеючыся, што да гэтага часу, можа быць, яго дэлегацыя дагаворыцца з савецкай уладаю і “ўступкі” свае ён потым возьме назад.

    Але лёс яго вырашыўся нават раней гэтага.

                                                                           * * *

    17 студзеня 1920 г. у Іркуцку былі атрыманы весткі, што белая армія, пад камандаваньнем Капэля зноў выйшла на лінію чыгункі і пасьля бою заняла Чарэмхава. Мясцовы рэўкам амаль цалкам быў захоплены і расстраляны, Частка чарэмхаўскіх рабочых і гарнізону адступіла да Іркуцку, патрабуючы дапамогі і садзейнічаньня.

    З чэскай інфармацыі было вядома таксама, што белых пасоўваецца ня менш 35.000, што гэта самыя моцныя часьці белай арміі, і што іх нават “самі” чэхі вымушаны баяцца [* Гл. „Чехо-словацкий дневник” ад 13 студз. 1920 г.].

    Набліжалася непасрэдная пагроза Іркуцку; прыходзілася думаць аб яго абароне, аб адбіцьці белага ўдару. Але палітцэнтраўскі гарнізон для такой задачы быў зусім не падрыхтаваны, а рабочыя і партызанскія атрады адмаўляліся яго абараняць. Не даваў веры сваім сілам і сам Палітцэнтар.

    А выхад трэба было знайсьці...

    Было зроблена сумеснае паседжаньне Палітцэнтру, камітэту камуністаў і штабу рабоча-сялянскіх дружын. Прысутнічаў на ім і прадстаўнік чэскага камандаваньня. Калашнікаў зрабіў даклад аб баяздольнасьці сваёй арміі і аб ваенным становішчы. Вывады яго былі не на карысьць Палітцэнтру: армія разлагаецца, салдаты не падначальваюцца камандзірам, зрываюць з іх пагоны, зьбіваюць; настрой у іх савецкі, і толькі пад гэтым лёзунгам іх яшчэ можна будзе накіраваць для змаганьня з белымі.

    Калашнікаў жа “з прычыны стварыўшагася становішча” і ўнёс прапанову аб перадачы ўлады камуністам.

    Чэхі не пярэчылі, лічачы, што пры сучасных умовах такое вырашэньне — найлепшы выхад. Апрача таго, яны ўжо ведалі шмат каго з мясцовых камуністаў, прызвычаіліся да іх і лічылі, што лепш мець справу з імі, чым з “чужакамі” з Чырвонай арміі. На сваёй скуры, зусім нядаўна спазналі яны, якая мудрая рэч мець справу з незнаёмымі камуністамі. 17 студзеня чэхаславацкі камэндант у Чарэмхаве рашыў дапамагчы сваім прыяцелям — былому начальніку белага гарнізону палкоўніку Багатнову і былому кіраўніку мясцовага павету Волкаву, якія былі арыштаваны мясцовымі рэўкамамі, і патрабаваў ад яго іх вызваленьня. Рэўкам адмовіў. Тады камэндант паслаў атрад і вызваліў іх гвалтам. Рэўкам зьявіўся да чэскіх салдат з апэляцыяй: яны ўзбунтаваліся, зьнялі свайго камэнданта з пасады і асабіста адвялі Багатнова і Волкава зноў у турму.

    Сыравой аддаў загад іх арыштаваць, але за іх уступілася некалькі іншых эшалёнаў... Атрымаўся вялікі скандал, уладжваць які прышлося самому чэхаславацкаму паслу ў Іркуцку Благажу.

    Па ўсіх гэтых і іншых меркаваньнях чэхі не пратэставалі. Яны папрасілі толькі, каб камуністы далі абавязацельства не перашкаджаць іх эвакуацыі. Такая гарантыя ім была дадзена.

    20 студзеня бальшавікамі быў створаны Рэвалюцыйны камітэт у складзе Шырамава, Чудзінава, Снаскарова, Сурнава і левага эсэра Літвінава. А на другі дзень на сумесным паседжаньні з Палітцэнтрам абгаворана была сама тэхніка перадачы ўлады. Пратэставалі супроць гэтага акту вельмі нямногія; большасьць былі задаволены, тым больш, што Рэўкам ахвотна згадзіўся з іх галоўнай просьбаю: гарантаваць ім у далейшым асабістую недатыкальнасьць і прабачэньне мінулых грахоў.

    Перадача ўлады адбылася бяз усякіх інцыдэнтаў і з захаваньнем усіх “неабходных” для эсэраў і меншавікоў фармальнасьцей, доказам чаго служыць наступны:

                                                                         “АКТ”

    “1920 г. студзеня 22 дня, мы, што ніжэй падпісаліся, з аднаго боку — Палітычны цэнтар, які дзейнічае ў выкананьне пастановы Часовага сыбірскага савету народнага кіраўніцтва ад 21 студзеня, і з другога боку — Ваенна-рэвалюцыйны камітэт, які дзейнічае на падставе пастановы абраўшых яго — Сыбірскага камітэту Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў), Іркуцкага камітэту РКП(б), бюро сыбірскіх груп левых сацыялістаў-рэвалюцыянэраў і Цэнтральнага штабу рабоча-сялянскіх дружын ад 20 студзеня, — склалі гэты акт у наступным:

    1. Палітычны цэнтар на падставе пастановы Часовага сыбірскага савету народнага кіраўніцтва перадае з гэтага дня ўсю паўнату належачай да яго дзяржаўнай улады на ўсёй тэрыторыі, якая вызвалена ад улады рэакцыі, Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту, які прымае на сябе гэтую ўладу з гэтага дня.

    2. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт абавязваецца склікаць на 25 студзеня 1920 г. у Іркуцку Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, якому перадасьць усю паўнату ўлады, склаўшы яе з сябе.

    3. Перадача спраў па асобных галінах кіраўніцтва робіцца Палітычным цэнтрам праз яго ўпаўнаважаных па асобных ведамствах і ўстановах —упаўнаважаным Ваенна-рэвалюцыйнага камітэту.

    4. Прымаючы на сябе ўсю паўнату ўлады, Ваенна-рэвалюцыйны камітэт і абраўшыя яго арганізацыі гарантуюць:

    а) бесьперашкодны пропуск чэхаславацкіх войск на ўсход са зброяй у руках, пры ўмове поўнага ня ўмешваньня іх у расійскія справы і перадачы Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту залатога запасу, які знаходзіцца ў сучасны момант пад аховаю чэскіх войск;

    б) поўную асабістую недатыкальнасьць дэмакратыі, якая змагалася супроць улады Калчака.

    Вышэй пададзенае сьцьвярджаем сваімі подпісамі:

    Старшыня Палітычнага цэнтру Ф. Федаровіч.

    Члены цэнтру: Л. Гольдман, А. Iваніцкі-Васіленка, Б. Касьмінскі.

    Сакратар Цэнтру I. Ваксбэрг.

    Старшыня Ваенна-рэвалюцыйнага камітэту А. Шырамаў.

    Члены Ваенна-рэвалюцыйнага камітэту: Д. Чудзінаў, В. Літвінаў, Сурноў і А. Снаскараў [* Гл. „Власть труда” ад 23 студзеня 1920 г.].

    Палітычны цэнтар перастаў існаваць. Шкадавалі яго вельмі мала хто; частка яго актыўных працаўнікоў засталася на сваіх мясцох, дапамагаючы рабоце Ваенна-рэвалюцыйнага камітэту, частка пачала запасацца “загранічнымі пашпартамі”. Ім ніхто не перашкаджаў.

    Савецкі сьцяг бяз шумных цырымоніяй узьвіўся на ўсіх Іркуцкіх установах. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт скромна прыступіў да савецкае работы, хаця рэгулярная савецкая Чырвоная армія была ад Іркуцку яшчэ за тысячы вёрст.

                                                                            * * *

    Ваенрэўкам энэргічна ўзяўся за абарону гораду. Быў створаны штаб абароны ў складзе: Калашнікава, Снаскарова і Мерхалёва, накіраваны атрад на дапамогу Чарэмхаўцам пад загадам Несьцерава і ў бок Байкала на чале з Лебедзевым.

    Камандуючым савецка-Ўсходня-сыбірскае Чырвонай арміі быў прызначаны партызанскі камандзір Зьвераў. Уся армія пачала сьпешна перафарміроўвацца па адзіным прынцыпе.

    Белыя былі выбіты з лініі чыгункі, і сувязь з захадам аднавілася. Але яны ішлі на Іркуцк бокам і па-ранейшаму станавілі сабою значную пагрозу.

    У гэты час 30 савецкая дывізія расправілася з палякамі, румынамі, нагнала чэхаў. Спачатку між імі былі даволі мірныя адносіны: чэхі пакідалі станцыі, а савецкі авангард іх займаў; нават дасягнутая была няпісаная згода па гэтым пытаньні між апошнімі чэскімі часьцямі і перадавымі савецкімі. Усё ішло адносна добра. Але каля Ніжнявудзінску чэскі ар’ергард узарваў чыгуначны мост, і савецкая дывізія дала ім з гэтае прычыны добрую прачуханку: у чэхаў была разьбіта цэлая брыгада, адабрана некалькі цягнікоў, артылерыя, і больш за тысячу з іх было ўзятае ў палон.

    Напалоханыя гэтым разгромам, панічна настроеныя, раззлаваныя супроць Чырвонай арміі, чэхі зноў пусьцілі на лінію чыгункі капэлеўскую армію і нават актыўна дапамагалі ёй заняць станцыю Зіма і самым жорсткім і здрадніцкім чынам расправіцца з атрадам Несьцерава, які тут знаходзіўся: атрад гэты цалкам быў захоплены у палон і амаль увесь яго начальніцкі склад пасечаны.

    Такі кантакт чэхаў з белымі выклікаў у Іркуцку масавае абурэньне і пратэсты; у рэзультаце якіх партызанам з атраду Каландарашвілі быў забіты на вуліцы сакратар д-ра Благажа.

    Нарастаў буйны канфлікт з чэхамі, які зусім іх ня цешыў. З гэтае прычыны чэскае камандаваньне зьвярнулася да Іркуцкага рэўкаму з просьбаю: садзейнічаць яму ў заключэньні фармальнае згоды з 5-й арміяй. Рэўкам згадзіўся і паслаў Сурнова і В. Рабікава разам з чэскім прадстаўніком, паручнікам Губ, для перагавораў з 5-й арміяй.

    28 студзеня мірная дэлегацыя з чэска-расійскай вартай выехала на захад з некаторымі прыгодамі, але зусім шчасьліва дабралася да перадавых пазыцый. І як толькі паручнік Губ паведаміў свайму камандаваньню, што рэўваенсавет 5-й арміі не пярэчыць супроць перагавораў і ён з ім дагаварваецца, чэхі адразу зьмянілі свае адносіны да белых і прапанавалі ім выбрацца з раёну чыгункі.

    З пратэстамі і праклёнамі пакінулі белыя станцыю Зіма і зноў пехатою рушыліся далей. 2 лютага яны падышлі да Іркуцку і занялі станцыю Інакеньцеўскую. Командваў імі цяпер ужо ген. Вайцэхоўскі, бо Капэль, у часе паходу праваліўся са сваім канём у рэчку, вельмі прастудзіўся і памёр у вёсцы Утае 27 студзеня. Настрой у белых быў самы роспачны: яны рашыліся заняць Іркуцк, каб “адвесьці душу”. Сілы ў іх для гэтага было зусім дастаткова: іх налічвалася больш за 30.000, у той час як Іркуцкі гарнізон меў ня больш 3.500. Вайцэхоўскі склікаў ваенную нараду, падлічыў, што ён мае, вызначыў ударныя месцы і ўдарныя часьці. Але наперад рашыў прашчупаць Рэўкам, ці не аддасьць ён яму горад бяз бою. 3 лютага ён паслаў наступны ультыматум:

    1) вывесьці чырвоныя войскі за 100 вёрст на поўнач;

    2) пакінуць у горадзе правізію на 50000 чалавек;

    3) выдаць залаты запас;

    4) выдаць адмірала Калчака і яго міністраў;

    5) гарантаваць недатыкальнасьць усім іншым арыштаваным прыхільнікам Калчака.

    У выпадку прыняцьця яго ўмоў, Вайцэхоўскі абяцаў заняць горад толькі на 2-3 дні і потым выйсьці са сваёй арміяй далей на ўсход.

    Але Рэўкам на яго патрабаваньні не згадзіўся. Пачаліся бойкі. Белыя біліся з небывалай заўзятасьцю, але ім ня ўступаў і другі бок. На заклік Рэўкаму адгукнулася больш 2.000 рабочых і служачых. Баі набылі масавы характар, у іх прымалі ўдзел тысячы асоб.

    Чэхі трымалі нэўтралітэт. Белым вельмі хацелася ўцягнуць іх у змаганьне; непасрэдным узьдзейнічаньнем гэтага зрабіць не ўдавалася, тады яны пусьціліся на правакацыю. Выклікалі да проваду Шырамава і “ад Рэўваенсавету 5-й арміі загадалі яму безадкладна пачаць наступ на чэхаў па ўсёй лініі”, “пагражалі Рэўтрыбуналам за не падначальваньне”; аднак, Рэўкам парашыў лепш не падначаліцца, чым выконваць такі дзікі “загад”.

    4 лютага белыя занялі прадмесьці гораду. У той жа час у самым горадзе паявіліся праклямацыі падпольнай белагвардзейскай арганізацыі. Выходзячы з гэтага Рэўкам парашыў падрыхтавацца да адступленьня, а перад гэтым расстраляць Калчака.

    Запыталіся праз чэхаў і Сурнова ў Рэўваенсавету 5-й арміі; 6 лютага Сьмірноў, які меў ўжо супрацьлеглую дырэктыву Леніна, тым ня менш прымушаны быў даць на гэта згоду і на другі дзень пасьля гэтага Рзўкам вынес наступную пастанову № 27 ад 7 лютага 1920 г.:

    “Вобыскамі ў горадзе знойдзены ў шмат якіх мясцох склады зброі, бомб, кулямётных стужак і інш., устаноўлена патаемнае перасоўваньне па горадзе гэтых рэчаў баявога ўзбраеньня; па горадзе раскідваюцца партрэты Калчака і г. д.

    З другога боку ген. Вайцэхоўскі, адказваючы на прапанову здаць зброю, у адным пункце свайго “адказу” гаворыць аб выдачы яму Калчака і яго штабу.

    Усё гэта прымушае прызнаць, што ў горадзе існуе патаемная арганізацыя, якая ставіць сваёю мэтаю вызваленьне аднаго з самых вялікіх злачынцаў супроць працоўных — Калчака і яго саратнікаў. Паўстаньне гэта безумоўна ня будзе мець посьпеху, тым ня менш можа пацягнуць за сабою яшчэ шэраг нявінных ахвяр і выклікаць стыхійны выбух помсты з боку абураных мас, якія не жадаюць дапусьціць паўтарэньня гэткай спробы.

    Абавязаны папярэдзіць гэтыя бязмэтныя ахвяры і не дапусьціць горад да жахаў грамадзянскае вайны, а таксама грунтуючыся на даных сьледчага матэрыялу і пастаноў Савету народных камісараў Расійскай сацыялістычнай фэдэратыўнай рэспублікі, якія аб’явілі Калчака і яго ўрад па-за законам, — Іркуцкі ваенна-рэвалюцыйны камітэт пастанаўляе:

    “1) Былога “найвысшага кіраўніка” — адмірала Калчака і

    2) Былога старшыню савету міністраў — Пепеляева — расстраляць.

    Лепш пакараньне сьмерцю двух злачынцаў, даўно вартых сьмерці, чым сотню нявінных ахвяр.

    Старшыня Іркуцкага ваенна-рэвалюцыйнага камітэту А. Шырамаў.

    Члены: А. Снаскароў, М. Левенсон.

    Кіраўнік спраў Аборын” [* Гл. “Известия Ирк. ревкома” ад 7 лютага 1920 г., Іркуцк.].

    У той жа дзень раніцою прысуд над імі быў прыведзены у выкананьне спэцыяльным нарадам леваэсэраўскай дружыны ў прысутнасьці старшыні сьледчай камісіі Чудноўскага і члену Рэўкаму Левенсона.

    А баі за Іркуцк усё працягваліся. Кроў лілася ракой. Урэшце, белыя накіравалі свае сілы на Глазкова і захапілі там артылерыю. Безадкладна рашылі пусьціць яе ў ход. Але ў гэты момант у барацьбу ўмяшаліся чэхаславакі; штабу Вайцэхоўскага было паслана наступнае паведамленьне:

    “Для таго, каб не падводзіць пад абстрэл станцыю Іркуцк з чэхаславацкімі войскамі, якія там знаходзяцца, пры магчымасьці бою з Глазкова ў гор. Іркуцк і ў мэтах унікненьня прасьледаваньня з боку вашых салдат чыгуначных служачых і іх сем’яў, жыхароў Глазкова, што выкліча натуральнае спыненьне працы на станцыі і тым затрымае нашу эвакуацыю, я, намесьнік камандуючага чэхаславацкімі войскамі, ген. Сыравога, рашыў ні ў якім разе не дапушчаць заняцьця Глазкова вашымі войскамі. Прыгарад Глазкова па маім дамаганьні ачышчаны ад савецкіх войск, які, з прычыны вышэй указаных абставін, аб’яўляю нэўтральным месцам. Прашу безадкладна паведаміць аб гэтай пастанове камандуючага групай ген. Вайцэхоўскага і ўсіх начальнікаў яго часьцей у мэтах унікненьня магчымых непаразуменьняў.

    Начальнік II дывізіі, палкоўнік Крэчы.

    Начальнік штабу, падпалкоўнік Біруля.

    8 лютага 1920 г. № 57-а“.

    Вайцэхоўскі вымушан быў пасьля гэтага кінуць Іркуцк, абышоўшы яго бокам.

    Чаму гэта зрабілі чэхі? Чаму гэтым учынкам яны адкрыта сталі на бок Іркуцкага рэўкаму?

    Апрача ўказаных імі прычын, тут былі і іншыя, больш грунтоўныя: яны ўжо мелі зьвесткі, што перад гэтым паручнік Губ падпісаў ад іх імя наступную згоду з Рэўваенсаветам 5-й арміі, якая ў той жа час дзень па прамым провадзе была зацьверджана чэскім штабам і д-рам Благожам.

    1. Пры прасоўваньні чэхаславацкіх войск на ўсход для выезду на бацькаўшчыну, устанаўляецца нэўтральная зона між арыергардам чэха-войск і авангардам савецкіх войск на адлегласьці ад дэпо да дэпо, прычым ні савецкая, ні чэхаславацкая армія ня будуць адкрываць баявых дзеяньняў у нэўтральнай зоне па лініі чыгункі, па-за ёю — па мэрыдыяне і ў паветры. Нэутральняя зона вызначаецца адлегласьцю між станцыямі: Зіма — Палавіна — Інакеньцеўская — Сьлюдзянка — Мысавая і далейшымі дэпоўскімі станцыямі.

    2. Хуткасьць прасоўваньня будзе залежыць ад тэхнічных умоў, аб якіх будзе паведамляцца савецкай арміі яе прадстаўнікамі, якія знаходзяцца ў чэскім арыергардзе. Чэскае камандаваньне абавязваецца са сваго боку прымаць усе захады да хутчэйшага прасоўваньня сваіх часьцей на ўсход.

    3. Для садзейнічаньня чэха-войскам і ў перасоўваньні і ва ўрэгуляваньні іх адносін з чыгуначнікамі. Рэвалюцыйны ваенны савет 5-й арміі камандзіруе свайго прадстаўніка ў гор. Іркуцк для сумеснай з чэхаславацкімі ўпаўнаважанымі арганізацыі руху па чыгунцы, як у сэнсе прасоўваньня чэха-войск на ўсход, гэтак і сустрэчнага руху на захад. Сустрэчны рух на захад дапускаецца толькі ў тым выпадку, калі ён ня будзе парушаць плянавасьці эвакуацыі чэха-славацкіх эшалёнаў на ўсход.

    4. Для ўзьняцьця прадукцыйнасьці здабываньня вугалю ў Чарэмхаўскіх капальнях і правільнага забесьпячэньня чыгункі РВС 5-й арміі накіроўвае безадкладна на Чарэхмаўскія капальні свайго ўпаўнаважанага, які сумесна з камісарам чыгункі і ўпаўнаважанымі чэха-войск разьмяркоўвае здабыты вугаль. Савецкая ўлада гарантуе чэха-войскам неабходную колькасьць вугалю для прасоўваньня на ўсход. Чэха-войскі маюць на Чарэмхаўскіх капальнях свайго прадстаўніка, які сочыць за выкананьнем гэтае ўмовы.

   5. Чэха-войскі пакідаюць адмірала Калчака і яго прыхільнікаў, арыштаваных Іркуцкім рэўкамам, у распараджэньні савецкай улады пад аховаю савецкіх войск і ня ўмешваюцца ў распараджэньні савецкае ўлады ў адносінах да арыштаваных.

    6. Залаты запас, які належыць да РСФСР, ні ў якім выпадку ня вывозіцца на ўсход, застаецца ў Іркуцку, ахоўваецца мяшаным каравулам чэхаславацкіх і расійскіх войск і перадаецца Іркуцкаму выканкаму пры адыходзе апошняга чэскага эшалёну з Іркуцку.

    7. Чэха-войскі пасоўваюцца на ўсход толькі ў складзе сваіх вайсковых злучэньняў. Вайсковымі злучэньнямі лічацца і румынскія, латыскія, паўднёва-славянскія часьці, якія знаходзяцца пад агульным саюзным камандаваньнем і падначальваюцца ўсім пунктам гэтае ўмовы. Залічэньне расійскага афіцэрскага складу ў шэрагі чэскіх войск з падпісаньнем гэтае ўмовы спыняецца.

    8. Чэха-войскі абавязваюцца трымаць нэўтралітэт у адносінах да атрадаў, якія дзейнічаюць супроць савецкае ўлады, і не аказваць ім ніякага садзейнічаньня.

    9. Усе масты, вадакачкі і чыгуначныя будынкі, якія маюць важнае значэньне, ахоўваюцца ў нэўтральнай зоне мясцовымі савецкім атрадамі і пасьля адыходу чэхаў на ўсход пералаюцца ў поўнай захаванасьці і цэласьці. Савецкая ўлада камандзіруе сваіх прадстаўнікоў пры каравулах, што ахоўваюць тунэлі. Чэха-войскі абавязваюцца перадаць тунэлі савецкім войскам у поўнай спраўнасьці.

    Сакрэтны пункт. У мэтах устанаўленьня нармальных адносін паміж насельніцтвам і чэха-войскамі на шляху прасоўваньня апошніх РВС 5-й арміі камандзіруе сваіх упаўнаважаных па лініі прасоўваньня чэхаў. Упаўнаважаным чэхі гарантуюць сваё садзейнічаньне і поўную недатыкальнасьць.

    10. Чэха-войскі абавязваюцца не эвакуіраваць з сабою ваенную маёмасьць арміі Калчака, за выключэньнем ваеннай маёмасьці, належачай да чэха-войск.

    11. Чэха-войскі абавязваюцца не эвакуіраваць чыгуначную маёмасьць за выключэньнем рухомага складу, паліва і змазачных сродкаў, неабходных для іх прасоўваньня. Чэха-войскі гарантуюць савецкай уладзе зварот цягнікоў і рухомага складу пасьля дасягненьня імі канечнага пункту. Для нагляду за выкананьнем гэтага пункту РВС 5-й арміі прызначае свайго прадстаўніка.

    12. Чэха-войскі зварочваюць савецкай уладзе, для адстанаўленьня зруйнаваных чыгуначных збудаваньняў, усю неабходную маёмасьць і сродкі, якія належаць да чыгункі.

    13. Для ліквідацыі непаразуменьняў прынцыповага характару, якія могуць узьнікнуць, вызначаецца камісія з чатырох асоб; два прадстаўнікі савецкіх і два чэхаславацкіх войск.

    14. Для нагляду за правільным выкананьнем умоў мірнае згоды камандаваньне савецкіх войск мае двух прадстаўнікоў у арыергардзе чэха-войск, а чэха-войскі двух прадстаўнікоў у авангардзе савецкіх войск.

    15. Прадстаўнікі абодвух бакоў, безумоўна, недатыкальны і карыстаюцца правам бесьперашкодных зносін па тэлеграфе і прамым провадзе са сваімі штабамі.

    16. Чэха-славакі, румыны, латышы і паўднёва-славяне, якія засталіся па незалежачых ад іх прычынах на тэрыторыі Савецкае Расіі, адыходзяць з апошнімі эшалёнамі, куды яны будуць дастаўлены з месца іх знаходжаньня.

    17. Чэха-войскі абавязваюцца перадаць станцыю Зіма, дэпо і чыгуначны мост праз раку Ака, авангарду Чырвонай арміі 7 лютага ў 12 гадзін дня маскоўскага часу. У выпадку недахвату вады і вугалю ў паравозах пры цягніках, якія знаходзяцца ў стужцы на ўсход ад мосту праз раку Аку, гэтыя паравозы могуць свабодна вярнуцца на станцыю Зіма за вадою і вугалем пад чэхаславацкім каравулам.

    18. Гэтая згода ўваходзіць у сілу з моманту яе падпісаньня членам РВС 5-й арміі т. Сьмірновым і прадстаўніком чэха-войск паручнікам Губ.

    19. Незахаваньне адным з бакоў якога-небудзь пункту гэтае згоды цягне за сабою парушэньне ўсяе мірнае згоды. Аб пачатку ваенных дзеяньняў прадстаўнікі, што знаходзяцца ў арміі, папярэджваюцца за 24 гадзіны.

    Гэта падпісалі:

    Упаўнаважаны СНК РСФСР па падпісаньні ўмоў мірнае згоды старшыня Сыбрэўкаму і член РВС 5-й арміі Сьмірноў.

    Упаўнаважаны чэха-славацкіх войск па падпісаньні ўмоў мірнае згоды з савецкай Чырвонай арміяй паручнік Губ.

    1920 г. 7 лютага, 9 гадзін (маск. час) Сяло Куйтун” [* Гл. Н. Н. Смирнов, зборнік „Борьба за Урал и Сибирь”, Масква.].

    Вось чаму, галоўным чынам, чэскае камандаваньне прапанавала Вайцэхоўскаму пакінуць у спакоі Іркуцк. Захоп яго белымі нічога добрага ім не абяцаў, а з савецкай уладаю чэхі цяпер дагаварыліся па-добраму: іх далейшая эвакуацыя была ім поўнасьцю гарантавана.

                                                                            * * *

    10 лютага загадам Рэўкаму стан аблогі ў Іркуцку быў зьняты; штаб абароны гораду расфарміраваны. Насельніцтва закліканае да мірных заняткаў. Небясьпека ад белых для Іркуцку мінавала.

    14 лютага чэхі прапусьцілі ў Іркуцк цягнік са Сьмірновым. Разам з ім прыехала спэцыяльная сыбірская дэлегацыя Нар. камісарыяту па іншакраінных справах у складзе: Я. Д. Янсана, В. Д. Віленскага-Сыбіракова і Рудага, а таксама і яшчэ некалькі адказных працаўнікоў для ўзмацненьня мясцовай партыйнай арганізацыі і савецкіх органаў.

    Ваенна-рэвалюцыйны, камітэт быў расфарміраваны. Выканкам распушчаны і замест яго прызначаны Рэўкам у складзе Янсана, Флюкава і Сурнова. Усходняя сыбірская армія згрупавана ў адну іркуцкую дывізію: камандзірам яе прызначаны Бураў, камісарам Шырамаў і начпалітаддзелу — Колас. Уся гэтая дывізія разам са зводным пераважна добраахвотніцкім атрадам Калашнікава была накіравана на фронт супроць Сямёнава.

    Іркуцк набыў сапраўдны савецкі выгляд. Але чэхі ўжо не пярэчылі, яны выбіраліся цяпер больш узмоцненым маршам, чым раней. Перашкаджала іх адпраўленьню толькі наяўнасьць актыўна варожых адносін да іх з боку Сямёнава, якога саюзьнікі прымусілі быць ляяльным да чэхаў і войскі якога, тым ня менш, ім усяк перашкаджалі.

    З гэтай прычыны на паседжаньні зьмешанай расійска-чэскай камісіі 18 лютага, на якім прысутнічалі з савецкага боку Янсан, Віленскі і Руды, а з чэскага — Крыйчы, Благаж, Біруля і Губ, па ініцыятыве Янсана быў прыняты зварот да Жанэна з просьбаю, каб ён адпаведным чынам узьдзейнічаў на забайкальскага атамана. На гэтым жа паседжаньні быў выпрацаваны парадак перадачы чэхамі залатога запасу [* Гл. “Власть труда” ад 19 лютага 1920 г.].

    Аб буфэрнай дзяржаве ўжо ніхто тут больш не ўспамінаў; наадварот, работа Палітцэнтру і камуністаў, якія яго падтрымлівалі, афіцыёзам новага рэўкаму высьмейвалася і аб’яўлялася шкоднай, няправільнай. Дагавор Палітцэнтру з Масквою лічылі выпадковай падзеяй, якая грунтавалася, галоўным чынам, на тэндэнцыйнай інфармацыі палітцэнтраўскае дэлегацыі [* Гл. „Изв. Ирк. ревкома”, ад 19 лютага 1920 г.]:

    Іркуцкія камуністы папікалі адзін аднаго ў “буфэрызьме”, меншавікі і эсэры былі зьняважаны. Буфэрныя магчымасьці на гэты раз прымаліся ў Іркуцку толькі ў жартлівым тоне.

    Але буфэр неўзабаве зьявіўся тут зноў і ў больш рэальнай форме.

                                                                            * * *

    8 сакавіка 1920 г. апошні чэскі эшалён пакінуў Іркуцк, які ў той жа дзень быў заняты Чырвонай арміяй.

    Іркуцк наладзіў чырвоным героям урачыстую, шумную, шчырую, усенародную сустрэчу.

    Разам з савецкай арміяй прыехалі палітцэнтраўскія дэлегаты: Краснашчокаў, Ахматаў, Кудраўцаў і інш.

    Яны за гэты час пасьпелі прарабіць вялізарную работу: меншавікі здолелі наладзіць сувязь па тэлеграфе са сваім Цэнтральным камітэтам у Маскве і атрымаць ад яго выразныя дырэктывы аб буфэрнай дзяржаве:

    “У адносінах да Ўсходняга Сыбіру ЦК РСДРП, лічачыся з асаблівымі міжнароднымі ўмовамі, з асаблівым сацыяльным укладам краю, а таксама і характарам рэвалюцыйных сіл, якія зьвярнулі ўладу ваеннай дыктатуры, прызнае мэтазгоднасьць абвяшчэньня сыбірскімі таварышамі, у якасьці часовага стану, асобнай дзяржаўнай арганізацыі і асобнага эканамічнага рэжыму, адпавядаючых волі працоўнага насельніцтва, Але гэтая дзяржаўная аўтаномія не павінна парушаць дзяржаўнага адзінства Сыбіру з Расіяй і павінна быць пабудавана на шчыльнай ваеннай і гаспадарчай сувязі з усёй цэнтральнай Расіяй. Адзіна дапушчальны выпадак, калі партыі прышлося б прыняць — як часовую пераходную форму — поўную самастойнасьць Сыбірскае дзяржавы, быў бы той, калі гэта было б выклікана ўмовамі міжнароднай палітыкі і санкцыянавана згодаю ўраду Савецкай Расіі, яго актыўным удзелам у арганізацыі такой дзяржавы.

    Для таго, каб усходнясыбірская чырвоная ўлада магла пасьпяхова вырашыць тыя задачы, якія стаяць перад ёю, і валодаць належнай моцнасьцю, яна павінна быць створана згодаю ўсіх рэвалюцыйных партый аж да камуністаў і ўключаць у сябе іх прадстаўнікоў.

    Выходзячы з усяго вышэйпададзенага, ЦК РСДРП патрабуе, каб савецкая ўлада ні ў якім разе не спрабавала насуперак яўным інтарэсам рэвалюцыі, сілаю зброі навязаць волю сялянска-пралетарскай рэвалюцыйнай дэмакратыі Ўсходняму Сыбіру, які скінуў сваімі сіламі калчакаўскую дыктатуру і стварыў сваю чырвоную ўладу; наадварот, хутчэй шляхам згоды з гэтай уладай дала б ёй магчымасьць выканаць тыя задачы, якія стаяць перад ёю, і тым самым паклала б пачатак аднаўленьню адзінага фронту па ўсёй Расіі.

    Прызнаючы, што пры захаваньні раздробленасьці рэвалюцыйных сіл і пагрозы грамадзянскай вайны ўнутры дэмакратыі ўсякае самастойнае і паўсамастойнае ўтварэньне такога парадку прызначана зрабіцца ахвяраю ўнутранай рэакцыі і зьнешніх імпэрыялістычных сіл, ЦК пастанаўляе: у выпадку адмаўленьня савецкага ўраду ад указанай тут лініі згоды з усходнясыбірскай чырвонай уладаю, прадстаўнікі РСДРП павінны настойваць на роспуску ўраду Палітцэнтру і перадачы працоўным масам усёй адказнасьці за далейшы ход падзей” [* „Социал-демократ” 21 сакавіка 1920 г., Іркуцк.].

    А эсэры Кудраўцаў, Коласаў і іншыя нават асабіста пасьпелі зьезьдзіць у Маскву і прывесьці для Сыбіру апошнія ўказаньні свайго цэнтру разам з апошняй “адпаведнай” інфармацыяй аб агульным становішчы.

    Яны прыехалі ў Іркуцк будаваць дзяржаву-буфэр і пазыцый сваіх здаваць не намерваліся, бо апрача іх уласнай упэўненасьці ў яе неабходнасьці і дырэктыў ад сваіх цэнтраў, у іх былі на гэта і больш важкія падставы: Краснашчокаў прывёз з сабою наконт гэтага прамыя дырэктывы савецкага ўраду.

    Якім чынам гэта здарылася?

    Ліквідацыю Палітцэнтру ў Іркуцку Краснашчокаў, больш чым усе астатнія члены дэлегацыі, успрыняў як буйнейшую памылку і як асабістую прамую абразу сабе з боку іркуцкіх таварышаў. Ніякія прычыны і матывы, з яго пункту гледжаньня, не маглі апраўдаць гэтага факту. А з прычыны таго, што ён быў ужо акрэдытаваным паслом пры ўрадзе прызнанай савецкаю ўладаю дзяржавы-буфэра, яму ня цяжка было непасрэдна з Краснаярску наладзіць сувязь з Масквою па прамым провадзе і па-свойму яе аб усім інфармаваць. І. Н. Сьмірноў у той час быў заняты выключна перагаворамі з чэхамі і ліквідацыяй рэшткаў белых армій, і ў перагаворы Краснашчокава з цэнтрам умешвацца яму ня было часу. А апрача таго, сам Краснашчокаў быў працаўнік даволі вядомы, і яго да таго ж яшчэ з Амэрыкі (дзе яны разам працавалі да 1917 г.) добра асабіста ведаў старшыня Рэўваенсавету Л. Д. Троцкі, з якім больш за ўсё яму і прыходзілася мець справу.

    Таму праз некаторы час Краснашчокаў атрымаў з ЦК партыі і ад Саўнаркаму неўхваленьне факту ліквідацыі Палітцэнтру і новыя дырэктывы наконт арганізацыі буфэра: ён павінен быць арганізаваны згодна прынятаму ў Томску рашэньню...

    Але ж факты ёсьць факты: Палітцэнтру ня было, і ўлада ад яго перайшла да Рэўкаму. Ня было дастатковых прычын зноў ствараць Палітцэнтар і распускаць Іркуцкі рэўкам, чаго настойліва дамагаліся меншавікі і эсэры. Сыбрэўкам прыняў да выкананьня дырэктывы Масквы адносна буфэра, але рашуча выказаўся супроць яго томскіх граніц...

    Зноў запрасілі ў Масквы, і зноў яна стала на пункт гледжаньня Краснашчокава. Але цяпер яму ўжо толькі “старых граніц” было мала: ён насядаў і дабіўся таго, што Масква дала згоду на прапанову меншавікоў і эсэраў адносна кааліцыі, хаця і ў вельмі асьцярожных межах.

    Прыехаўшы ў Іркуцк, Краснашчокаў пусьціў у ход усю сваю кіпучую энэргію. ён зрабіў ўэраг дакладаў на партыйных сходах і, карыстаючыся сваімі маскоўскімі мандатамі, прымусіў мясцовы губкам зьмяніць свае адмоўныя адносіны да дзяржавы-буфэра.

   Буфэрнікі ўздыхнулі вальней і перайшлі самі ў наступленьне. Прышлося і афіцыёзу Іркуцкага рэўкаму, яго “Известиям” загаварыць аб буфэры зусім па-іншаму.

    “Ліквідацыя рэакцыі на Далёкім Усходзе, у сілу міжнародных абставін, павінна прыняць зацяжны характар. З другога боку, занадта своеасаблівыя эканамічныя і бытавыя ўмовы і разнастайнасьць насельніцтва Далёкага Ўсходу дыктуюць неабходнасьць некалькі іншага падыходу ў справе мясцовага будаўніцтва і аб’яднаньня дзейных палітычных сіл.

    Калі на захадзе існуе Эстонія, то на ўсходзе мае права існаваць самастойнае дзяржаўнае ўтварэньне, па-прыяцельску настроенае да Савецкае Расіі, але нясходнае з ёю па зьнешняй форме і ўнутранай арганізацыі” [* Гл. „Изв,. Ирк. рев.” ад 11 сакавіка 1920 г.].

    Толькі ў адным Іркуцкі губком не пайшоў на ўсгупкі: гэта — у пытаньні аб граніцах. Ён зноў падняў на ногі Сыбрэвкам і ЦК партыі і дамогся ўсё ж такі таго, каб гэтыя граніцы былі перанесеныя за межы Іркуцкай губэрні далей на ўсход: ён цяпер стаяў за буфэр, але толькі не ў сябе...

    Ні Краснашчокаў, ні меншавікі і эсэры згадзіцца са зьмяншэньнем буфэрнай тэрыторыі ніяк не маглі, і змаганьне менавіта за гэты “пункт” будучае буфэрнае канстытуцыі працягвалася амаль на ўсім працягу фактычнага існаваньня буфэру.

    Так або інакш, алё пабудова дзяржавы-буфэра прымала практычную бачнасьць.

    А падзеі на Далёкім Усходве з кожным новым днём толькі апраўдвалі яе неабходнасьць і падбадзёрвалі яе будаўнікоў.

    [С. 3-100.]

 



 


 















Brak komentarzy:

Prześlij komentarz