środa, 30 marca 2022

ЎЎЎ Варлямпія Шчурачук. Віктар Губарэвіч ды Якутыя. Койданава. "Кальвіна". 2022.

 

    Віктар Дзьмітрыевіч Губарэвіч – нар. ў 1943 г. у вёсцы Вулька Драгічынскага раёну Пінскай вобласьці [Kreisgebiet Brest Litowsk - Generalbezirk Wolhynien und Podolien або Пинські надрайон (“Степ”) Берестейського окружного проводу ОУН.]

    У 1957 г. скончыў Сыманавіцкую сямігадовую школу, у 1961 г. - Пінскі тэхнікум мяса-малочнай прамысловасьці, у 1975 г. - завочна машынабудаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута.

    У 60-х гадах працаваў у Якутыі, у якой, нібыта, яму вельмі падабалася якуцкая мова, але за некалькі гадоў знаходжаньня ў Якуцкай АССР зусім забыўся на беларускую.

    Затым пражываў у Ружанах Брэсцай вобласьці, з 1969 па 2009 гг. - у Брэсце на заводзе газавай апаратуры.

    Літаратурную дзейнасьць распачаў у 1990-я гады. Друкаваўся ў газэтах, літаратурным часопісе Брэсцкага аддзяленьня Зьвязу беларускіх пісьменьнікаў “Жырандоля” (№ 5 за 2013 год ды № 6 за 2015 год.), акадэмічным часопісе “Беларуская дыялекталогія”.

    Пражывае ў Брэсьце.

    Варлямпія  Шчурачук,

    Койданава

    *

                                                                      Пошта і водгукі

                                                        НАШЫ ПРОДКІ  — З ДУНАЮ

    Успамінае родную гаворку, жыццёвыя прыгоды і разважае пра карані Віктар Губарэвіч. Ён жыве ў Брэсце, а нарадзіўся ў Вульцы Драгічынскага раёна.

    Хто мы такія? Хто нашы продкі? Яны заўжды тут жылі ці калісьці прыйшлі сюды? А як прыйшлі, то адкуль? Многія з цягам жыцця пачынаюць задаваць сабе гэтыя пытанні. Не прамінула такая доля і мяне.

    Нарадзіўся я ў Драгічынскім раёне на поўдні Беларусі. Калі ў 1950 годзе пайшоў у школу, то, як і іншыя дзеці, адразу заўважыў, што мова, на якой гаварыў настаўнік, зусім не падобная да той, якой размаўлялі нашы бацькі, суседзі, усе жыхары нашай вёскі. Мы, дзеці, разумелі большасць беларускіх слоў, але нашай роднай, “матчынай” мовай усё ж была наша палеская гаворка: вусная, без сваёй пісьменнасці, граматыкі і нават азбукі. Нашу мову ў нас называлі “мясцовай”.

    У маёй вёсцы, якая называлася Вулька, школа была толькі пачатковая. У сямігадовую школу я пайшоў у суседнюю вёску Сыманавічы. Дзеці з гэтай вёскі размаўлялі на той жа гаворцы, што і мы. А вось дзеці з іншых суседніх вёсак, такіх як Ласінцы, Бялынь і Пярэспа, гаварылі па-іншаму. Так, на дзверы ў нас казалі двэры, а яны — двары, на мёд у нас казалі мэд, а яны — мад, лічэбнік «пяць» у нас вымаўлялі як пьяць, а яны—пьець, і г. д. Мы добра разумелі іх гаворку, але яна здавалася нам смешнай.

    Пасля заканчэння школы-сямігодкі я пайшоў вучыцца ў тэхнікум. Там выкладанне ўсіх навучальных дысцыплін ішло на рускай мове. Выкладалі яшчэ нямецкую, а беларускай не было зусім.

    А пасля тэхнікума я па размеркаванні паехаў на ўсход Расіі і правёў там шэсць гадоў: у Якуціі, на Камчатцы, у Прымор’і. У сваю Беларусь я вярнуўся ўжо рускамоўным.

    Калі я яшчэ жыў сярод якутаў, то адразу пачаў вывучаць іх мову. У свае 17 гадоў я лічыў, што абавязкова трэба ведаць мову народа, на зямлі якога цяпер знаходжуся і сярод якога жыву. Тым больш што на тагачасным месцы жыцця і працы мяне атачалі толькі якуты. Рускую мову тады, на пачатку 1960-х, разумелі менш за палову іх.

    Але праз паўгода мяне перавялі з таго месца, якое было побач з полюсам холаду, у іншае. Яно было непадалек ад Якуцка, сталіцы аўтаномнай рэспублікі. Гэта ўжо быў буйны для Якуціі пасёлак, раённы цэнтр. Там была грамада рускіх і рускамоўных, чалавек, можа, з сорак. Гэта былі ў асноўным спецыялісты рознага кшталту, што, як і я, прыляцелі сюды па размеркаванні пасля навучання.

    У пасёлку былі кніжная крама і бібліятэка. Я спытаўся там пра падручнік якуцкай мовы для рускіх. Такога ні ў кнігарні, ні ў бібліятэцы не было. Потым, калі я трапляў часамі ў Якуцк, то шукаў такі падручнік там. Але ж і ў Якуцку яго таксама не знайшоў. Было мноства разнастайных падручнікаў, дапаможнікаў па рускай мове для якутаў. I нічога не было для рускіх, каб яны маглі вывучаць якуцкую мову. Такой была моўная палітыка Масквы.

    Большасць людзей, якіх прыслалі сюды з “вялікай зямлі” па размеркаванні, адпрацаваўшы свой тэрмін, варочаліся на захад. Але былі і такія, што заставаліся. Я пытаўся ў сваім пасёлку ў тых рускіх, якія жылі тут ужо па 8-10 гадоў, як яны вывучалі якуцкую мову. Адказ звычайна быў такім: “А зачем мне нужен этот их собачнй язык? Пусть они нзучают русский!

    З усёй рускамоўнай грамады якуцкую мову ведалі толькі некалькі чалавек. Вельмі слаба — я, беларус. Трохі лепей — загадчык зверафермы, дзе гадавалі чорна-бурых лісаў, яўрэй. І добра валодаў ёю паляк па прозвішчы Пенёнжэк, які тут быў у ссылцы, ажаніўся з якуткай ды і застаўся ў гэтым халодным краі назусім. Я быў знаёмы з ягонымі дзецьмі.

    Праз два гады мяне перавялі на Камчатку, а потым ва Уладзівасток. I цяпер, праз больш чым палову стагоддзя, у маёй памяці засталося не больш за сотню слоў з якуцкай мовы...

    /Наша Гісторыя. № 12. Мінск. 2021. С. 13-14./

 









 








Brak komentarzy:

Prześlij komentarz