sobota, 1 maja 2021

ЎЎЎ Ружа Краягляд. Мастак Леанід Дударэнка ды Якутыя. Койданава. "Кальвіна". 2021.

    Леанід Дударэнка – нар. 25 кастрычніка 1930 г. ў гмінным м. Маладзечне Вілейскага павету Рэспублікі Польшча. Ад 1948 г. жыве ў Менску БССР.

    Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ў 1956 г., Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут – у 1962 г. Ад 1967 г. рэгулярна ў камандзіроўках. Наведаў Манголію, Туркмэнію, Якутыю, Карэлію, Грузію, Аўганістан... У 1991 г. атрымаў званьне Заслужанага дзеяча мастацтваў. Ад 1965 г. зьяўляецца сябрам Беларускага саюзу мастакоў.

    Ружа Краягляд,

    Койданава

    *

                                                  КУДЫ БЯЖЫШ, БЕЛАЯ ЛАЙКА?

 



 

    Пэрсанальная выстаўка жывапісу заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Леаніда Дударэнкі пад назвай “Расія вачыма беларуса” працуе ў Нацыянальным мастацкім музэі. Яна прымеркавана да Года культуры Расійскай Фэдэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

 

                                                      “Камчадалка з белымі лайкамі”

    Л. Дударэнка — адзін з нешматлікіх жывапісцаў, хто ў 70-я — 90-я гады ХХ ст. аб’ездзіў з эцюднікам не толькі ўвесь Савецкі Саюз — ад Сахаліна, Далёкага Усходу, Чукоткі да Прыбалтыкі і Запаляр’я, — але і пабываў у Аўганістане, Манголіі і некаторых эўрапейскіх краінах. Пра Беларусь, асабліва пра Меншчыну і родную Маладзечаншчыну, я ўжо і не кажу…

    І адусюль ён прывозіць высакаклясныя натурныя пэйзажы, партрэты, часам — карціны. Слова “турыст” ён не ведае, таму што вандроўкі па сьвеце для яго не сродак забавы ці адпачынку, а — творчая праца.

    Вось і на гэтай выстаўцы бачым цэлую жывапісную геаграфію Далёкага Усходу, Сыбіры, Чукоткі і Сахаліна, Якутыі і Салавецкіх астравоў, Камчаткі і Карэліі, поўначы і цэнтра Расіі з унікальнымі цэрквамі і манастырамі. Гэта не толькі пэйзажы, але і цудоўныя партрэты людзей, якія сустракаліся мастаку на жыцьцёвых шляхах-дарогах: “Камчадалка з белымі лайкамі”, “Ліст да каханага” (партрэт якуткі), “Дзяўчына-якутка”, “Капітан буксіра Чарнышоў”, аўтапартрэт “Мастак на Поўначы”, намаляваны ў 1977 годзе…

    Хачу падкрэсьліць, што Леанід Дударэнка, якому ў будучым годзе споўніцца 80 гадоў, даўно знайшоў свой, асаблівы, уласьцівы толькі яму погляд на мастацтва. Але гэты “погляд” вельмі моцны ў каранёвай аснове, разнаплянавы і разнастайны. Творы, прадстаўленыя ў экспазыцыі, менавіта такія: то жорсткія па рытме і колераплястыцы, то вясёлыя, душэўныя; эпічныя, панарамныя, як доўгая, засяроджаная песьня, альбо пленэрна-імпрэсіяністычныя. Некаторыя блізкія да “суровага стылю” з ягонай актыўнай паэзіяй праўдзівай і мужнай выявы.

     На выстаўцы я ўбачыў і адзін, зусім новы, твор, прысьвечаны Аляксандру Салжаніцыну.

 

 

    Палатно так і называецца: “Салжаніцын”, але я даў бы яму назву “Успамін пра Архіпэляг ГУЛяг”: мастак стварыў вобраз ужо пажылога пісьменьніка на фоне сыбірскіх лягерных вышак. І я падумаў вось пра што.

    Безумоўна, стылістычная розьніца паміж “раньнім” і “позьнім” пэрыядамі творчасьці Дударэнкі відавочная. Але, у той жа час, няма ніякага псыхалягічнага разрыву і тым больш — канфлікту паміж гэтымі часовымі этапамі. Яны папросту працягваюць адзін аднаго, як разьдзелы адной кнігі. Наўрад ці можна ўжыць у адносінах да іх вызначэньні “лепш — горш”, “багацей — бядней” і г. д.: кожны з іх цікавы і непаўторны па-свойму.

    Але, з іншага боку, сёньняшняя лінія “канцэптуальнага” мастацтва Дударэнкі, напоўненая сацыяльнымі праблемамі нашага супярэчлівага, суровага і жорсткага часу, упэўнены, працягваецца не выпадкова. Боль за людзей, боль за краіну, боль за лёс плянэты заўсёды быў уласьцівы яму, хаця ён і не любіць усё гэта выказваць гучна.

    Праз год мы пабачым на вялікай юбілейнай выстаўцы жывапісца ўсё, што яго хвалюе, ад чаго гарыць ягоная душа, што яго засмучае і што радуе. І, канешне ж, яшчэ раз убачым вачыма мастака тыя цудоўныя мясьціны і краіны, дзе яму даводзілася пабываць…

    Барыс Крэпак.

    /Культура. Мінск. 25 красавіка – 1 траўня 2009./

 





Brak komentarzy:

Prześlij komentarz