poniedziałek, 17 maja 2021

ЎЎЎ Бэньцьця Хвошч. Габрэйскія бароны Гінзбургі ды Якутыя. Койданава. "Кальвіна". 2021.

 

    Ёсель Еўзель [Иосиф, Осип] Габрыелевіч [Гаврилович] Гінцбург – нар. у 1812 годзе ў губэрнскім месьце Віцебск Расейскай імпэрыі, у габрэйскай сям’і.

    Гінцбург [Гойнцпург, Гіцпург, Гіцпург, Гінц-Бург, Гінцбургер, Гінцбуріг, Гінцбурх, Гіншпург, Гіншбург, Гінзбург, Гінсбург, Гінзбургер, Гінзберг, Гінцберг, Гінцбарг] – вельмі распаўсюджанае прозьвішча сярод габрэяў сьвету. Упершыню наіменавацца гэтым прозьвішчам пачалі габрэі – ураджэнцы баварскага горада Günzburg [Нямеччына] не раней пачатку VI ст. Шмат хто з іх быў з бліжэйшага швабскага горада Ульма, якія перасяліліся ў Гінцбург, пасьля выгнаньня жыдоў са Швабіі ў VI ст. Такім чынам габрэйскія прозьвішчныя роды – Гінц [Гойнц, Гюнц ды Гаупц], скарачэньне празваньня Гінцбург, Гінцбург ды Ульма роднасныя паміж сабой. У пачатку ХІХ ст., калі ў Расейскай імпэрыі абавязалі габрэяў абраць сабе пашпартныя прозьвішчы, у Беларусі, Польшчы, Літве ды Валыні з’явілася шмат Гінцбургаў, якія ня мелі анічога агульнага з баварскімі Гінцбургамі. Устаноўлена генэалягічнае дрэва тых Гінцбургаў, якія вядуць свой род ад Сіміёна Гінцбурга з VI ст. Да гэтае галіны належыць і Ёсель Еўзель Гінцбург. /Гинцбург. // Еврейская энциклопедия. Свод знаний о еврействе и его культуре в прошлом и настоящем. Т. 6. СПб. Б. г. [Репринт. М. 1991.] Стлб. 524./

    Атрымаўшы традыцыйнае габрэйскае рэлігійнае выхаваньне Еўзель рана, у 16-гадовым узросьце, ажаніўся. Сьпярша ён служыў касірам ў справах аднаго буйнага землеўласьніка, які меў адносіны да водкупаў [права на спагнаньне дзяржаўных падаткаў, якое перадавалася казной прыватным асобам], але хутка пачаў самастойна весьці справы па водкупам. З 1833 г. ён ўжо віцебскі купец І-й гільдыі. У 1840 разам з бацькам заняўся віннымі водкупамі ў Бесарабскай вобласьці, Кіеўскай і Валынскай губэрнях, дзякуючы чаму хутка разбагацеў. У 1849 г. яму было нададзена званьне патомнага ганаровага грамадзяніна. Пад час Крымскай вайны (1853-1856) трымаў вінны водкуп ў абложаным Севастопалі. У 1854 г. і 1856 г. узнагароджаны залатымі мэдалямі “За стараннасьць” для нашэньня на Уладзімірскай і Андрэеўскай істужках.

    Ён часта пачаў, па ўмовах сваёй дзейнасьці, бываць у Санкт-Пецярбургу, дзе ў яго ўзьніклі трывалыя сувязі ў вышэйшых сталічных сфэрах, асабліва у фінансавых колах. Напрыканцы 1850-х гадоў Еўзель ужо пецярбургскі купец І гільдыі. Ён быў адным з заснавальнікаў першага прыватнага банка ў Расійскай імпэрыі, а менавіта ў Кіеве, потым Учотнага банка ў Адэсе, пазьней Улікова-пазыковага банка ў Санкт-Пецярбурзе.У 1856 г. Еўзель заснаваў прэмію лепшым габрэям-земляробам, на што ўнёс капітал ў распараджэньне Міністэрства дзяржаўных маёмасьцяў. У 1857 г. ім была зацьверджаная стыпэндыя для яўрэяў, якія навучаліся ў Імпэратарскай мэдыка-хірургічнай акадэміі. Пачынаючы з 1858 г., ён выступае з настойлівымі хадайніцтвамі аб прадстаўленьні габрэям-купцам права сталага жыхарства па за межамі мяжы аселасьці, вынікі якіх атрымалі ажыцьцяўленьне у законе 15 сакавіка 1859 г. аб праве габрэяў-купцоў пераходзіць у купецтва ўнутраных губэрняў пасьля 5-гадовага знаходжаньня у купецтве І гільдыі ў мяжы аселасьці.

    У 1859 г. ім быў заснаваны ў Пецярбурзе (з філіялам у Парыжы) банкірскі дом “И. Е. Гинцбург” [зачыніўся ў 1892 г. у сувязі з крызысам ды спыненьнем ўрадавых крэдытаў] , які хутка зрабіўся найбуйнейшым у Расейскай імпэрыі, падмяўшы пад сябе банкірскі дом барона Шцігліца. Еўзель з сям’ёй пасяліўся ў Парыжы [Францыя], але сам, ды са сваім сынам Гарацыем, больш бываў у Санкт-Пецярбургу чым Парыжы. Гінцбург Нафталі Герц Еўзелевіч [Гарацы Восіпавіч], які нар. у 1833 г. у Звянігарадку Кіеўскай губэрні, ў пач. 1860 г. узначаліў Пецярбургскае аддзяленьне банкірскага дома “И. Е. Гинцбург”, а ягоны брат Саламон узначаліў Парыжскае аддзяленьне. Праз банкірскі дом І. Е. Гінцбург, усталёўваліся трывалыя сувязі паміж фінансавымі установамі Заходняй Эўропы і Расеі. Банкавы дом І. Е. Гінцбург фінансаваў шмат якія мерапрыемствы ўраду, ўсе чыгуначныя прадпрыемствы і зрабіўся галоўным банкавай установай для ўсіх чыгунак, нават і тых, якія будаваліся. Удзельнічаў у разьмяшчэньні Расейскіх і іншакраінных дзяржаўных пазыкаў, быў добра знаёмы са шмат якімі дзеячамі эўрапейскай фінансавай і банкаўскай справы.

    Ёсель Еўзель, са сваім сынам Гарацыем, удзельнічаў у заснаваньні шэрагу камэрцыйных банкаў, акцыянэрных таварыстваў, страхавой справы і інш., валодаў буйнымі маёнткамі і буракацукровымі заводамі ў Кіеўскай, Падольскай і Таўрычаскай губэрнях Расійскай імпэрыі быў сузаснавальнікам трох золатапрамысловых кампаній ва на Урале, Алтаі ды Ўсходняй Сыбіры і акцыянэрнага Таварыства ланцуговага параходзтва на рацэ Шэксна.

    З 1860-х гадоў актыўна, скарыстоўваючы свае сувязі, удзельнічаў у руху за раўнапраўе габрэяў ў Расіі. З 1862 года Еўзель падаў цэлы шэраг дакладных пісулек, даказваючы неабходнасьць разьвіцьця прасьветы сярод габрэяў, прадстаўленьня правоў рамесьнікам ды асобам, якія скончылі сярэднія навучальныя, аб завядзеньні земляробчай працы сярод габрэяў. У выніку гэтага з’явіўся закон 1865 г. аб правах габрэяў-рамеснікаў на пражываньне па за мяжой аселасьці, а затым і закон 1867 г., які даваў права на паўсюдную прапіску і жыхарства ніжнім чынам, якія адбылі воінскую службу па рэкруцкаму статуту, які на той час тады дзейнічаў. Еўсель ды Гарацый Гінцбургі прычыніліся да ураўненьня габрэяў ў адносінах да воінскай павіннасьці з астатнім насельніцтвам. У 1863 г. ён заснаваў, і быў першым старшынёй, Таварыства распаўсюджваньня прасьветы сярод габрэяў у Расеі [з 1878 па 1909 старшыня ягоны сын Гарацы, які фінансаваў ягоную дзейнасьць], якое цалкам існавала на ягоныя грошы. На працягу многіх гадоў Еўзель  узначальваў габрэйскую грамаду Санкт-Пецярбурга і па яго ініцыятыве было Найвысачэйша зацьверджана палажэньне камітэта міністраў аб дазволе габрэйскаму пецярбургскаму таварыству мець у Пецярбурзе сынагогу і установы гаспадарчага ўпраўленьня гэтай сынагогі.

    На фінансавай глебе ўсталяваліся сувязі паміж Еўзелем і прынцам Аляксандрам Гесэнскім, братам імпэратрыцы Марыі Аляксандраўны [жонка імпэратара Аляксандра ІІ, у дзявоцтве прынцэса Максіміліяна Вільгеміна Аўгуста Сафія Марыя (1824-1880), дачка Вялікага герцага Гесэнскага Людвіга IІ (1777-1848)], які служыў у расейскай арміі. Дарэчы жонкай імпэратара Мікалая ІІ была дачка Вялікага герцага Гесэнскага Людвіга IV (1837-1892) – Аліса, у замустве Аляксандра Фёдараўна.

 

    У 1869 г. Гарацы – гесэнскі генэральны консул у Пецярбурзе. [Вялікае герцагства Гесэн (Hessen), да 1866 г. Гесэн-Дармштадт, са сталіцай Дармштадт, у той час кіравалася Вялікім герцагам Людвігам III (1848—1877), які напачатку меў лібэральныя рысы, але потым крута павярнуў да рэакцыі.]

    У 1872 г., пасьля аб’яднаньня Нямеччыны, Гесэн увайшоў ў склад Германскай імпэрыі, таму была зьліквідавана, як ўжо непатрэбная, пасада Гесэнскага консула, якую займаў у Пецярбурзе Гарацы Гінцбург, то Вялікі герцаг Гесэнскі Людвіг ІІІ надаў яму баронскі тытул, а затым і Еўзелю, якім Найвысачэйша Аляксандр ІІ ў 1974 г. дазволіў карыстацца і ў Расейскай імпэрыі патомна. У тым жа годзе Еўзель атрымаў ганаровае званьне Камэрцыі саветнік, якое надавалася для купецтва з 1800 г. і раўнялася з VIII клясам стацкай службы. Званьне Камэрцыі саветнік надавалася купцам, якія прабылі ў I гільдыі 12 гадоў без перарыву.

    Паступова хвароба ўсё больш ды больш затрымлівала Еўзеля ў Парыжы, але і адтуль ён нястомна кіраваў сваімі вялізнымі справамі ў Расійскай імпэрыі і накіроўваў дзейнасьць свайго сына Гарацыя. Памёр Ёсель Еўзель Габрыелевіч Гінзбург ў 1878 годзе ў Парыжы Расейскім паддадзеным.

    Аграмадная маёмасьць Ёселя-Еўзеля і фірма “И. Е. Гинцбург” перайшла да трох ягоных сыноў – Гарацыя, Урыя ды Саламона, з умоваю, што яны застануцца ў Расейскім паддадзенстве і будуць заўсёды ў веры сваіх продкаў - юдаізме. На дабрачынныя справы ім былі завешчаныя па тастамэнту даходы з вялікіх маёнткаў ў Таўрычаскай губэрні ды на заснаваньне габрэйскіх сельскагаспадарчых паселішчаў на сваіх землях

 

    Нафталі Герц Еўзелевіч Гінцбург у 1878-1892 гг. фінансаваў будаўніцтва Харальнай сынагогі ў Пецярбурзе. [З 1909 г. у склад Гаспадарчага праўленьня Харальнай сынагогі ўваходзіў Майсей Акімавіч Гінсбург (1851, Адэса - ?), купец І гільдыі, які меў у Пецярбурзе камісійную кантору “Гинсбург и компания”; шмат ахвяраваў на ўтрыманьне гэтай сынагогі. У 1917 г. выехаў у Японію, дзе ў Ёкагаме пабудаваў гатэль для ўцекачоў з Расеі.] У 1889 г. атрымаў чын сапраўднага стацкага саветніка. Да 1892 г. быў гласным Пецярбургскай гарадзкой думы, але як жыд ня быў дапушчаны да выбараў. Пасьля фінансавага крызысу 1892 году ён не ўзнаўляў фінансавай дзейнасьці, а засяродзіў усю сваю дзейнасьць на золатапрамысловасьці. У 1893 узначальваў Цэнтральны камітэт Габрэйскага калянізацыйнага банка ў Пецярбурзе, які быў створаны дзеля перасяленьня габрэяў з Расійскай імпэрыі. У 1895 г. зрабіўся адным з заснавальнікаў Расейскага золатапрамысловага таварыства ды фактычна кантраляваў Ленскае золатапрамысловае таварыства (Лензота). На залатых капальнях у Якуцкай вобласьці стала жыў барон “А. Гінцбург”, “а таксама некаторая колькасьць габрэяў – упраўляючых, інжынэраў ды тэхнікаў.” [Якутия. // Краткая еврейская энциклопедия. Т. 10. Иерусалим. 2001. Стлб. 936.]

    Па дадзеным паліцэйскага спраўніка ў 1893 годзе на залатых капальнях Алёкмінскай сыстэмы пражывала 49 габрэйскіх сем’яў, у тым ліку барон Альфрэд Гарацыевіч Гінсбург, які служыў па горнай і тэхнічнай частцы”. /Гройсман А.  Евреи в Якутии. Т. 1. Якутск. 1995. С. 26./

    Дарэчы, ў 1906 годзе на рацэ Лена насупраць п. Аляксееўка (Кірэнскі уезд Іркуцкай губэрні) суднаўладальнік “Я. Д. Фризер” набыў у мясцовых сялян за вядро гарэлкі зямлю ды заснаваў Аляксееўскі затон для адстою суднаў ды баржаў. У 20-я гады XIX ст затон робіцца асноўнай адстойнай базай флёту англійскай золатапрамысловай канцэсіі “Лена-голдфільс лімітед”, якая прапрацавала там да 1929 г. Ёй перадалі флёт былой кампаніі “Лензота”, сярод якіх быў магутны буксір “Барон Гінцбург” [“БАРОН ГОРАЦИЙ ГИНЦБУРГ”, ад 1920 г. “ЛЕВ ТРОЦКИЙ”, ад 1929 г. “БЛЮХЕР”, ад 1939 № 13.Спісаны “Лензолатафлётам” ў 1939 г.] перайменаваны ў “Блюхер”. Потым ён быў перададзены ў параходзтва Леназолатафлёт”, якое праіснавала да 1957 г., абслугоўваючы залатыя капальні на Лене, Алдане, Віціме, Алёкме ды Алах-Юні. /Павлов А. С.  Лена от истока до устья. Путеводитель. Якутск. 1994. С. 47./

 



                                                          Параплаў “Барон Гарацый Гінцбург”

                                                          З архіву Аляксандра Паўлава. Якуцк.

 

                                             “Альфред” (Лензото) с 1920 “Революционный”

                           “Самы камфартабэльны параплаў на Лене. Затануў 20 жніўня 1933 г.

                                 ва Ўсходне-Сыбірскім моры пад час перагону на Калыму”.

                               /Павлов А. С. Лена- река труженница. Якутск. 1993. С. 80./

    У 1905 г. Гінцбург узначаліў камітэт для дапамогі ахвярам габрэйскіх пагромаў. Заснаваў шэраг стыпендыяў у Пецярбургскай кансэрваторыі, якая была заснаваная ягоным сябрам А. Рубенштэйнам, з’яўляўся адным з заснавальнікаў Пецярбургскага археалагічнага інстытута і Пецярбургскага інстытута экспэрымэнтальнай мэдыцыны. На ягоныя сродкі пасьля заканчэньня Акадэміі Мастацтваў у Пецярбурзе, якую скончыў з залатым мэдалём за скульптуру “Плач Ераміі”, ўдасканальваў год у Парыжы і Рыме сваё майстэрства скульптар, аўтар скульптурнага партрэта барона Гарацыя Гінцбурга, Ільля Якаўлевіч Гінцбург [1859, Гродна – 1939, Ленінград]. Гарацы быў узнагароджаны шэрагам ордэнаў. Ягоныя сыны Аляксандр Гарацыевіч (1863-?) ды Альфрэд Гарацыевіч (1865-?) уваходзілі ў праўленьне Ленскага золатапрамысловага таварыства і шэрагу іншых золатапрамысловых таварыстваў. Памёр у 1909 г. у Маскве. /Гинцбург Гораций Осипович (Евзелевич). // Российская еврейская энциклопедия. Т. 1. М. 1994. С. 315-316./

    Сын Уладзімір Гарацыевіч (1873-1932), які быў жанаты на дачцэ кіеўскага цукразаводчыка Л. І. Бродзкага, уваходзіў у праўленьне Хамоўнічаскага півамёдаваранага завода ў Маскве і шэрагу буракацукровых заводаў ва Ўкраіне. Сын Давід Гарацыевіч (1857, Каменец-Падольскі – 1910, Пецярбург) у 1879 г. атрымаў тытул барона. Вывучаў габраістыку і арабістыку ва ўнівэрсытэтах Пецярбурга, Грэйсвальда, Парыжу. Быў знаўцам шмат якіх сэміцкіх моваў. Быў аўтарам шэрагу навуковых прац. У 1907 г. заснаваў у Пецярбурзе першую вышэйшую габрэйскую навучальную ўстанову – Курсы ўсходазнаўства, дзе быў іхнім першым рэктарам, чытаў курсы талмудыстычныя, рабіністычныя, арабскай літаратуры, сэмітычнага мовазнаўства ды сярэднявечнай філязофіі. Сабраў каштоўную калекцыю габрэйскіх і арабскіх рукапісаў ды інкунабулаў, якую ён завяшчаў Публічнай бібліятэцы ў Іерусаліме. /У 1917 г. Савецкая ўлада перадала гэты збор ў будучую Дзяржаўную бібліятэку СССР імя У. І. Леніна/. Пасьля сьмерці бацькі ўзначаліў габрэйскую грамаду Пецярбурга і Таварыства для распаўсюджваньня прасьветы сярод габрэяў у Расеі, быў старшынёй Таварыства аматараў іўрыту і заснавальнікам Таварыства ўсходазнаўства. Супрацоўнічаў з габрэйскім гісторыка-этнаграфічным таварыствам, быў адным з рэдактараў “Еврейской энциклопедии” (тт. 1-16 – 1908-1913 гг.), вёў у ёй аддзел арабскай і гаёнскай [тлумачоў талмуду] літаратуры. У 1915 г. была выдадзена ягоная кніга аб творчасьці М. Ю. Лермантава. /Гинцбург Давид Горацыевич. // Российская еврейская энциклопедия. Т. 1. М. 1994. С. 316./

    Гінцбург Урый Еўзелевіч (1840 ?), якому дастаўся ў спадчыну ад бацькі маёнтак Магілянскі ў Гайсінскім вуездзе Падольскай губэрні (пл. зв. 8000 дзес.), і ён ператварыў яго да канца 1880 гг. у высокадаходную ўзорную гаспадарку.

    Літаратура:

*    Слиозберг Г.  Гинцбург Евзель Гавриилович, барон. // Еврейская энциклопедия. Свод знаний о еврействе и его культуре в прошлом и настоящем. Т. 6. Спб. Б. г. Репринт. Москва. 1991. Стлб. 532-534.

*    Гинцбург (бароны). // Краткая еврейская энциклопедия. Т. 2. Иерусалим. 1982. Стлб. 133-135.

*    Гинцбург Иосиф-Евзель Габриэлович (Осип Гаврилович). // Российская еврейская энциклопедия. Т. 1. Москва. 1994. С. 317.

    Бэньцьця Хвошч,

    Койданава

 

 

Brak komentarzy:

Prześlij komentarz