czwartek, 22 kwietnia 2021

ЎЎЎ Мэхраб Аліева. Творца Алесь Асташонак ды Якутыя. Койданава. "Кальвіна". 2021.

    Алесь Мікалаевіч Асташонак - нар. 1 чэрвеня 1954 г. у м. Менск (БССР), у сям’і працоўных.

    У 1976 г. скончыў перакладчыцкі факультэт Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту замежных моваў. Працаваў перакладчыкам на будоўлі мэталюргічнага камбінату ў пасёлку Эль-Хаджар (Альжыр).

    У 1978-1979 гг. адбываў пакліканьне ў Савецкім войску, у 1980-1981 гг. — інспэктар дэканата па працы з замежнымі навучэнцамі і выкладчык францускай мовы Беларускага палітэхнічнага інстытуту, у 1981-1982 гг. — выхавальнік у тэхнічнай вучэльні будаўнікоў № 31, у 1982-1984 гг. — рэдактар рэпэртуарна-рэдакцыйнай калегіі Ўпраўленьня тэатраў і музычных установаў Міністэрства культуры БССР, у 1984-1986 — рэдактар у Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі імя Пятруся Броўкі. Ад 1988 г. — старшы рэдактар часопісу “Крыніца” («Родник»). Сябра СП СССР з 1986 году. Псэўданім А. Жгіроўскі.

    7 верасьня 2004 г.памёр у Кіеве ва Ўкраіне.

    Мэхраб Аліева,

    Койданава.

    *

                                               1991. АДРАШОНАК І ЖОНКА

    П’янтос і драматургіст Алесь Адрашонак блядаваў, ваў-ваў. Аднойчы, пахмяляючыся кіслым півам, ён распавёў прыгоду: “Закахаўся я. Толькі ж ты нічога і нікому!” – “Каму нікому?” – “Нікому і ўсё!!!” – “Дык не кажы, калі такая неўябенная таямніца.” – “Стрымацца не магу. Цяжка такое ў сабе насіць. Мяне калбасіць і плюшчыць гэтае каханне, яно рве мяне з сярэдзіны на шматкі. Вось як. Выяб я жонку Філіпопава!!! Мы закахаліся! Верыш? Разумееш? Хуй з табою, брат-таварыш. Ты тут не галоўны. Яна захацела мяне, а я пажадаў яе. У яе сваякі ў Якуціі алмазамі гандлююць. У яе ад якуцкага дзядзькі дахуя грошаў. Яна кіне Філіпопава, і мы ажэнімся!..” – “Не кіне яна Філіпопава, дзеці ў іх. Ты, дарматург, лепей да іх не лезь.” – “Кажаш, не кіне?!” – “На чорта ёй гарэлачна-піўны п’янтос?” – “Я кіну паддаваць…” Вядома, ніхто свайго не пакінуў, бо ўсе ўдзельнікі прымітыўнай гісторыі слабакі, каб кінуць, трэба сілу мець. Моц была ў Алесевай жонкі, і яна выгнала яго з хаты.

    Адам Глёбус

    напiсаў 1991 05.10.2003, 18:49

    сУчаснікі | лiтaрa.net | форум

 




 

    Вера Лойка

                                                            Дзе можна перабыць ноч?..

    Алесь Асташэнак быў сябрам майго мужа, сябрам сям’і і хросным бацькам нашай дачкі. Не магу сказаць, што ў час яго жыцця ў Менску я добра яго ведала. Нашы сустрэчы насілі застольна-побытавы характар. Гэтага мала, каб уведаць чалавека. Вядома, у мужчын былі свае адносіны, больш блізкія, больш шчырыя. Я ж у іх начных кухонных размовах не ўдзельнічала і, можна сказаць, Асташонка мала разумела. Але за апошнія гады, калі Алесь ужо жыў далёка ад Радзімы, у нас сабраўся вялікі стос ягоных лістоў. Яны чыталіся па-рознаму — пры яго жыцці і — пасля смерці. Калі чалавека ўжо няма на гэтым свеце, зусім іншае значэнне набываюць словы, што казаў ён — жывы; прачытваецца паміж слоў паміж радкоў тое, чаго ён, магчыма, і не меў на ўвазе. Час публікацыі лістоў Алеся Асташонка яшчэ не настаў і настане не хутка. Надта ўжо шмат у іх асабістага, балючага, таго, што закранула б многіх людзей, а Алесь увогуле быў чалавекам далікатным і, думаецца мне, такую публікацыю не ўхваліў бы.

    Упершыню мы сустрэліся ў інтэрнаце Літінстытута ў Маскве, куды завіталі да нас у госці землякі, што прыехалі на семінар маладых пісьменнікаў. Здаецца, гэта было так нядаўна, але ўжо шасцёра з тых маладых паспелі адысці з гэтага свету. Міхась Барэйша, Васіль Сахарчук, Алесь Пісьмянкоў, Алесь Асташонак, Анатоль Сыс, Алесь Емяльянаў. Кожная заўчасная смерць выклікае вялікае ўзрушэнне, жалобу і шкадаванне, але такога болю,які мы адчулі (і адчуваем дагэтуль) пасля сыходу Алеся Асташонка, я не прыпомню. Боль гэты выклікае не толькі заўчасная смерць, але і яго зламанае і змарнаванае жыццё. Як сам ён напісаў у адным са сваіх лістоў: “Ну ў каго яшчэ такі лёс? Ну, скажы мне, у каго? Каб не ў вайну, не пры Сталіну гэтак жьццё чалавека біла?!”

    І праўда, ні ў кога. Таму што апошнія восем гадоў свайго жьцця Алесь Асташонак пражыў у якасці нелегальнага змушанага эмігранта ў хай сабе недалёкім, але чужым Кіеве — без жытла, без прапіскі, без грамадзянства, без працы, без дакументаў, без моўнага і культурнага асяроддзя (а гэта было для яго надзвычай важна), і без аніякай надзеі калі-небудзь усё гэта займець. Ён з поўным правам мог сказаць пра сябе па-акудовічаўску “мяне няма”, але не казаў таму што пакуль чалавеку баліць — ён ёсць.

    У яго жыцці было ўсё: адносныя поспех і вядомасць, цікавыя падарожжы, дачка, жонка... Жонкі было нават дзве. З першай ён стаў пісьменнікам і выдаў сваю дагэтуль адзіную кніжку, з другой страціў усё, што меў. Менавіта з-за яе няўдалых бізнес-спробаў Алесь Асташонак быў змушаны пакінуць Радзіму. “Мая сустрэча з ёю — страшная, вырашальная трагедыя ўсяго майго жыцця. Як сам разумееш, ніводная сцыкуха, афіцыянтка ці калгасніца не прынесла б мне столькі гора, пакутаў, бедаў. Я ўпэўнены, што жьццё маё ўжо скарацілася чорт ведае на колькі гадоў — і на колькі ж яшчэ скароціцца! Па ім нібы праехаў бульдозер, усё змятаючы на сваім шляху. Я ніколі не дарую ёй гэтага. Да канца. Але часткова ўжо, сам разумееш, раз жывём разам, дараваў...” Вялікіх пакутаў каштавалі яму тыя восем гадоў, што ён пражыў у адрыве ад усяго, без чаго не мог жыць — Беларусі, літаратуры, сяброў. У Кіеве яго наведвала толькі дачка.Сябры не прыехалі ні разу. Ніводзін, у тым ліку і мой муж. Хоць Алесь заўсёды клікаў і пэўна спадзяваўся на сустрэчу Ён выкарыстоўваў кожную магчымасць, каб перадаць з кім-небудзь ліст у Менск. Пошце ён, пасля знікнення некалькіх лістоў, не давяраў. Іншым разам тэлефанаваў і, дарваўшыся дамажлівасці пагаманіць, забываўся на час і кошт гэтага часу. “...калі стаіць тэлефон і маўчыць нават у самую цяжкую мне пару — і ніхто не пазвоніць. І мне званіць няма каму, а ў Менск нельга, бо памятаю, што такое разоў пяць на два месяцы па два дні анічога не есці”.

    Бадай, самым балючым, для яго было нават і не страта нейкага дабрабыту, а выпадзенне з літаратурнага працэсу. “Ну і дзе цяпер пісьменнік Асташонак? Ці быў такі ў прынцыпе ? Я, што б ты ні думаў перакананы, што мая малая проза была лепшая дзесьці гадах у 90-94. І шмат ад каго пра гэта чуў. І па вачах бачыў што гэта праўда. I чытаў неаднаразова. Двойчы нават (выбачай, што я, як малое дзіця, я ж сказаў што буду зусім адкрыты) мяне побач з Разанавым ставілі: ён у паэзіі, я ў прозе — самыя інтэлектуальныя... Аж сорамна стала, бляха! Глупства ўсё гэта. але ж — быў пісьменнік Асташонак. Што я буду пнуцца пасля маёй «П’янай кнігі»? Гэта ж не проста кніга. Яна спланаваная, кампазіцыйная, нават з нечым кшталту рамана ў навелах напачатку — «Пясок і попел». Гэта выбранае маё. Не было ў тыя 2-3 гады лепшае кнігі прозы, я гэта ведаю, а ўжо як шырэй — не мне меркаваць. Час кнігі, як па вялікім рахунку, дык мінаваў: і імя ўжо сплыло, і, галоўнае, кніга напалову — у перабудовачным часе, пра яго, а на гэты час ужо ўсе забыліся, не да гэтага часу цяпер. Што гэты «Пясок і попел» у параўнанні з «Любіць ноч — права пацукоў», хоць і ёсць у мяне выдатныя старонкі. «Пясок і попел» перадусім — фатаграфія часу, якая прапала праз няўдалы мой лёс, і фрагменты разарванай гэтай фатаграфіі засталіся ў памяці некаторых блізкіх пісьменнікаў і прыхільнікаў якія, я іх ведаю сам, ёсць. А галоўнае, самому пісьменніку Асташонку не да пісанняў: яму — чалавеку — трэба выжыць душэўна, фізіялагічна і нават пашпартна, што табе, на шчасце, і не снілася. У цябе ёсць, выбачай, будка, прапіска, працоўны стаж і г. д. У цябе ёсць душэўная раўнавага. Нават нейкая гармонія. Ты шчаслівы чалавек. У цябе пазаду некалькі кніжак, а не брашура «Фарбы душы», у цябе няма зруйнаваных раскіданых гнёздаў. Ты, пры тваёй надзейнай Веры, прытым, што ты застаешся ў якім-ніякім літаратурным асяродку у беларушчыне, — найшчаслівейшы чалавек. Ты на курорце. На вечным курорцэ...

    Думкі пра смерць, як збаўленне, прыходзілі да яго часта. “...Пры такім жыцці, ведаючы, што ніколі не будзе ніякай пенсіі, ніякай сацыяльнай абароны, даруй Божа, малю пражыць сама болей, пры самым лепшым раскладзе, гадоў да 55”.

    Увесну 2004 года ён напісаў: “Сёлета Міла нешта зарабіла, дык прафесары сэканд-хэнду адзелі мяне, абулі, апранулі, і файна, за 100 $! Цяпер голым не буду сама меней гадоў пяць. Гэта ж колькі яшчэ жыць трэба? Шкада ж гэтак грошы выкінуць і не панасіць...” Жыць яму заставалася пяць месяцаў.

    Алесь Асташонак памёр 7 верасня 2004 года. Дачка Таня прывезла яго прах з кіеўскага крэматорыя ў Менск. Цэлы месяц, пакуль майстар вырабляў пліту для калумбарыя, урна стаяла ў колішняй яго кватэры, дзе ён некалі жыў з жонкай Ларысай і дачкой, дзэ напісаў большую частку сваіх твораў, дзе часта знаходзілі і стол і начлег шмат якія яго сябры. Трэба сказаць, што ў тым шчаслівым да эміграцыйным жыцці Алесь і сам мог заявіцца ў любы дом сярод ночы, калі ў яго ўзнікала неадкладная патрэба выгаварыцца. А яна, трэба сказаць, надаралася часта. Але і дзверы ўласнай кватэры ён адчыняў для ўсіх. Як расказваў акцёр Генадзь Давыдзька, некалі прыехаўшы ў Менск з правінцыі, выпадкова разгаварыўся ён з суседам у грамадскім транспарце і спытаўся, дзе іншагародняму ў Менску можна ноч перабыць. На што малады чалавек, не раздумваючы, адказаў: “Дык начуй у мяне”. Тым суседам быў Алесь Асташонак.

    Менск, кастрычнік 2005

    ВЕРА ЛОЙКА — скончыла Менскі фінансава-эканамічны тэхнікум, вучылася ў Маскоўскім Літаратурным інстытуце імя Максіма Горкага. Выступала зь вершамі і апавяданьнямі ў “ЛіМе”. Працуе бугальтаркай. Жонка паэта Леаніда Галубовіча.

    /Калосьсе. Літаратурна мастацкі альманах. № 1 (10). Менск. 2006. С. 27-30./

    *

    Павал Абрамовіч

                                                               Краіна мёртвых паэтаў

    Надрукавана:

    “ARCHE” № 1-2(53)-2007

    Цытата: “Літаратурны працэс нагадвае мне прылівы і адлівы акіяну. Апошні адліў, на пачатку новага стагодзьдзя, забраў з сабой жыцьці Дз. Хвастоўскага, І. Фурсевіча, В. Сахарчука, М. Купрэева, А. Асташонка, А. Сыса. Іх багатая літаратурная спадчына неўпарадкаваная, нявыдадзеная, але беражліва перахоўваецца сябрамі. Іх творчасьць незнаёмая большасьці сучасьнікаў, але гэта ня так важна, бо для сапраўднай паэзіі, і тут я цалкам згодны з «Калосьсем», патрэбны час для вытрымкі. Яны яшчэ вернуцца — маладыя, радасныя, таленавітыя”.

                                Калосьсе. Літаратурна мастацкі альманах. 2006. № 1 (10)

    Рэдактар «Калосься» Алесь Аркуш у праграмным артыкуле «Легенды, міты і лёсы» справядліва зазначае, што, каб спасьцігнуць свой час, «трэба зазірнуць у самыя чульлівыя, ранімыя лёсы». Іх раскрываюць невядомыя раней мастацкія творы тых, каго ён уважае за магчымыя легенды беларускай літаратуры канца ХХ ст.: Алеся Асташонка, Васіля Гадулькі, Васіля Сахарчука, Івана Рубіна, Івана Фурсевіча, Андрэя Пяткевіча, Дзяніса Хвастоўскага.

    Гэты выпуск зьмяшчае таксама ўспаміны, лісты з прыватных архіваў, якія дазваляюць нам зразумець літаратараў — герояў нумару (у лік апошніх уваходзяць таксама Анатоль Сыс, Мікола Купрэеў, Сяргей Палуян), і навуковыя артыкулы, што акрэсьліваюць іх ролю і месца ў літаратурным працэсе. Кажу «зразумець», бо некаторыя з творцаў скончылі жыцьцё самагубствам. Гэта — А. Асташонак, В. Сахарчук, І. Рубін. Дадамо сюды і С. Палуяна.

    Лёс іншых літаратараў, пра якіх ідзе гаворка ў «Калосьсі», таксама не назавеш шчасьлівым: А. Пяткевіч меў хворае сэрца, Дз. Хвастоўскі трагічна загінуў, А. Сыс і М. Купрэеў праз п’янства наблізілі сваю сьмерць. Дадамо сюды Я. Козіка (1910—?), магіла якога немаведама дзе, бо апошнія зьвесткі пра паэта датаваныя 1930‑м годам. Выключэньнем стаў хіба Іван Фурсевіч (1927—2001), але нялітасьцівая эпоха кінула страшны цень і на ягонае жыцьцё: Фурсевіч быў вязьнем ГУЛАГу.

    Гэты выпуск «Калосься» падрыхтаваны літаратарамі — сябрамі і знаёмымі памерлых. Яго кампазыцыйная пабудова прадуманая: галасы жывых (успаміны, артыкулы) чаргуюцца з галасамі мёртвых (то бок празаічнымі і паэтычнымі творамі). Цікава, дарэчы, назіраць за тым, як нехта з жывых (Леанід Галубовіч) ператвараецца з аўтара ў пэрсанажа, таму што раптоўна «зьяўляецца» ў чужых успамінах поруч зь легендарным паэтам, пра якога ён піша сам. Ці чытаць, як мёртвы (А. Асташонак) апісвае мёртвага (А. Сыса): «… вагі ў гарошкаўцу было тады аж пад цэнтнэр, а сіла ў ім квітнела зусім не паэтычная, а грузчыцкая, проста жывёльная, прыродная, як і ягоны зорны дар». Ці даведвацца, як адзін зь літаратараў (В. Сахарчук) прысьвячае другому, таксама яшчэ жывому, паэту‑сябруку верш «На вакзале зь Міколам Купрэевым», што набывае іншае гучаньне, новае прачытаньне пасьля сьмерці і аўтара, і адрасата, якія «сустрэліся» ізноў, пад адной вокладкай.

    Зь якой інтанацыяй пішуць пра сваіх сяброў мэмуарысты? Якую форму абралі яны для сваіх успамінаў? Разгледзім найбольш прыкметныя тэксты.

    Вера Лойка, жонка Л. Галубовіча, для свайго аповеду пра А. Асташонка абірае самыя простыя, ненапышлівыя словы. Яна пачынае свой мэмуар як цалкам безуважны храніст:

    Алесь Асташонак быў сябрам майго мужа, сябрам сям’і і хросным бацькам нашай дачкі. Не магу сказаць, што ў час яго жыцьця ў Менску я добра яго ведала. (...) Вядома, у мужчын былі свае адносіны, больш блізкія, больш шчырыя. Я ж у іх начных кухонных размовах не ўдзельнічала і, можна сказаць, Асташонка мала разумела.

    В. Лойка прызнаецца, што яны з мужам дасюль адчуваюць боль ад заўчаснай сьмерці пісьменьніка, ад усьведамленьня таго, што А. Асташонак «зламаў і змарнаваў» сваё жыцьцё. Галоўны акцэнт у сваім мэмуары В. Лойка робіць на тым пэрыядзе, калі А. Асташонак з‑за «няўдалых бізнэс‑спробаў» сваёй другой жонкі вымушаны быў пакінуць радзіму і апошнія восем гадоў жыць, дакладней, існаваць, у Кіеве. У гэты час А. Асташонак напісаў шмат лістоў сям’і Галубовічаў, зь якіх відаць, што эміграцыя аказалася страшэнным выпрабаваньнем для яго. В. Лойка шчыра прызнаецца: ні яна, ні яе муж не наведалі пісьменьніка, нягледзячы на заклікі апошняга. Іншыя сябры таксама не прыехалі ніводнага разу.

    Аўтар «Фарбаў душы» для В. Лойкі застанецца прыкладам гасьціннасьці і ветлівасьці. На пытаньне, зададзенае ў загалоўку свайго мэмуару («Дзе можна перабыць ноч?»), яна адказвае проста: у А. Асташонка.

    У адрозьненьне ад сваёй жонкі, якая проста распавяла пра асабістае знаёмства і прыватнае ліставаньне з тым, хто, як вынікае зь яе словаў, мог стаць знакамітым пісьменьнікам, Л. Галубовіч абірае сродкі публіцыстыкі і пры гэтым шмат тэарэтызуе. Так, напачатку нарысу ён піша пра «мастацкую праўду», «вышэйшы Суд», «чаканьне нацыяй Паэта», напаўняе яго цытатамі зь лістоў і газэтных артыкулаў, спасылкамі на Ўэльбэка і Гая Сьвятонія Транквіла, на Бадлера і Рэмбо, Бэнуа і Ю. Алешу, а таксама беларускіх і расейскіх літаратуразнаўцаў. Галоўная мэта Л. Галубовіча — абараніць памерлага паэта, выкрыць ягоных ворагаў і нядобразычліўцаў (у прыватнасьці, у нарысе ёсьць дзьве «адмоўныя» згадкі пра У. Някляева).

    Нарыс Галубовіча мае багаты фактаграфічны падмурак. Зь яго, прыкладам, я ўпершыню даведаўся пра тое, што А. Сыс вельмі любіў дзяцей і нават прысьвячаў ім свае вершы. У той самы час публіцыст — у адпаведнасьці з праграмным артыкулам альманаху — прадпрымае спробы прыўзьняць А. Сыса над асяродзьдзем, стварыць вакол ягонага імя легенду. Гэта бачна з такіх патэтычна‑ружовых радкоў нарысу, як «прырода ад нараджэньня захапляла ўсю яго істоту, агортвала душу высокім і прыўкрасным» ці «прадчуваньне небясьпекі жыцьця ўжо высьпявала ў яго душы». У ход ідуць і савецкія штампы («перайшоў на бестэрміновую службу Паэзіі»). У выніку Л. Галубовіч наблізіўся да небясьпечнай рысы, па другі бок якой пачынаецца ідалагізацыя літаратуры...

 







Brak komentarzy:

Prześlij komentarz