wtorek, 27 kwietnia 2021

ЎЎЎ Дульсінея Хатон. Перакладчык з якуцкай Сяргей Міхальчук. Койданава. "Кальвіна". 2021.

    Сяргей Апанасавіч Міхальчук - нар. 14 жніўня 1925 г. у в. Скабін, Капыльскага р-ну, Мінскай вобласьці БССР (СССР), у шматдзетнай сялянскай сям’і.

    У 1933-1935 гг. вучыўся ў Скабінскай пачатковай школе, з 1935-1941 г. у сярэдняй школе № 1 ў Капылі.Скончыў сярэднюю школу ў Капылі.

    У 1944 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы ды Ўсходняй Прусіі. 7 сакавіка 1945 г. быў цяжка паранены.

    Пасьля дэмабілізацыі ў 1946 г. паступіў на аддзяленьне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, які скончыў у 1951 г. і быў накіраваны на працу рэдактарам (потым зрабілі старшым рэдактарам) у Дзяржаўнае выдавецтва БССР, пазьней пераназванае ў “Беларусь”.

    У 1972-1980 гг. — загадчык рэдакцыі літаратуры для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

    Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1972). Ад 1980 г. пэнсіянэр рэспубліканскага значэньня. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I-й ступені,  мэдалямі і Граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

    Памёр 20 ліпеня 1995 года і пахаваны на могілках у роднай вёсцы.

    Пачаў друкавацца ад 1952 г. (псэўданім С. Скабінскі). сябра СП Беларусі з 1972 г. З-пад пяра Сяргея Апанасавіча выйшлі зборнікі апавяданьняў і аповесьцей для дзяцей “Сто прыгод за адзін дзень” (1963), “Паштальён, шырэй крок!” (1968), “Зялёны лісток” (1974), “Першы след” (1985).

    Перакладаў, гэткі паліглёт, з армянскай, кітайскай, чэскай, нарвэскай, славацкай, кіргіскай, нямецкай, украінскай, эстонскай, віетнамскай, ангельскай, мангольскай, аўганскай, баўгарскай, узбэцкай ды шмат якіх іншых моў, якіх ён ня ведаў. Далучыўся таксама і да якуцкай мовы.

    Літаратура:

*    Добры Эртэ-Берген. Якуцкая казка. // Казкі народаў СССР. Склаў А. Якімовіч. Малюнкі В. Ціхановіча. Рэдактар С. Міхальчук. Мінск. 1954. С. 172-179.

*    Якуцкая літаратура. 1067. добры Эртэ-Берген. У кн.: Казкі народаў СССР. Мінск. Дзяржвыд БССР, с. 172-179. // Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову 1917-1965 гг. Бібліяграфія. Склала І. І. Фалькоўская. Рэдактар Н. Б. Ватацы. [Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна. Аддзел беларускай літаратуры і бібліяграфіі.] Мінск. 1967. С. 144.

*    Гаўрыльева В.  Краіна Уот-Джулустана. Аповесці. З якуцкай пераклаў С. Міхальчук. Мастак Л. Лобан. Пераклад зроблены з выдання: В. Гаврильева. Страна Уот-Джулустана. Повести. М., «Современник», 1977. Мінск. 1981. 176 с.

*    Касперовіч П.  В. Гаўрыльева. Краіна Уот-Джулустана. Аповесці. З якуцкай. Пераклад С. Міхальчука. Для старэйшага школьнага ўзросту. Мінск, “Юнацтва”, 1981. [Кнігапіс.] // Літаратура і Мастацтва. Мінск. 13 лістапада 1981. С. 6.

*    Жураўлінае пяро. Якуцкая казка. Пераклаў С. Міхальчук. Мастак Я. Зельская. [Казка за казкай.] Мінск. 1988. 32 с.

*    [И. Е. Федосеев.] Белорустуу тылынан. /Саҥа кинигэлэр./ [1988 с. Белоруссияҕа, Минскэй куоракка “Юнацство” издательство... “Кыталык кыната” диэн аатынан саха “Үчүгэй Үөдүйээн” остуоруйата бэчээттэммит. Остуоруйаны белорустуу тылга С. Михальчук тылбаастаабыт, ойууларын Я. Земельская оҥорбут.] // Хотугу Сулус. № 1. Якутскай. 1989. С. 109.

*    Жураўлінае пяро. (Якуцкая казка). У перакладзе С. Міхальчука. // Ніва. Беларускі грамадска-культурны тыднёвік. [Зорка. Старонка для дзяцей.] Беласток. № 33. 13 жніўня 1989. С. 9-10.

*    Жураўлінае пяро. (Якуцкая казка). Пачатак у папярэднім нумары. // Ніва. Беларускі грамадска-культурны тыднёвік. [Зорка. Старонка для дзяцей.] Беласток. № 34. 20 жніўня 1989. С. 9-10.

*    Жураўлінае пяро. (Якуцкая казка). Частка 3. Пачатак у папярэдніх нумарах. // Ніва. Беларускі грамадска-культурны тыднёвік. [Зорка. Старонка для дзяцей.] Беласток. № 35. 27 жніўня 1989. С. 9-10.

*    Жураўлінае пяро. (Якуцкая казка). Частка 4. // Ніва. Беларускі грамадска-культурны тыднёвік. [Зорка. Старонка для дзяцей.] Беласток. № 36. 3 верасня 1989. С. 10.

*    Жураўлінае пяро. (Якуцкая казка). Заканчэнне. (Пачатак у папярэдніх нумарах). // Ніва. Беларускі грамадска-культурны тыднёвік. [Зорка. Старонка для дзяцей.] Беласток. № 37. 10 верасня 1989. С. 10.

*    Творы пісьменнікаў народаў СССР у перакладзе на беларускую мову. [1988. Жураўлінае пяро: якуц. казка: для дашк. узросту. / пер. С. Міхальчук — Мн.: Юнацтва. — (Казка за казкай).] Падрыхтавалі Любоў Рабушка і Рэгіна Ляўко. // Братэрства. Літаратурны зборнік 90. Мінск. 1990. С. 295.

*    Чырок і беркут. Якуцкая народная казка. Пераклаў Сяргей Міхальчук. // Зорны карагод. У дзвюх кнігах. Кніга першая. Фальклор народаў Расіі, творы для дзяцей з рускай класікі. Укладальнікі Уладзімір Анісковіч, Уладзімір Марук. [Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР.] Мінск. 1991. С. 143-147, 411.

*    Гарэлік Л. М.  Міхальчук Сяргей. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1994. С. 321.

*    Ларчанка У. М.  Міхальчук. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік у 6 тамах. Т. 4. [Гаўрыльева В. Краіна Уот-Джулустана: Аповесці. / З якуц. Мн., 1981. Рэц.: Каспяровіч П. Книгапіс // ЛіМ. 1981. 13 ліст.; Жураўлінае пяро: Якуцкая казка. Мн., 1988. (Казка за казкай).] Мінск 1994. С. 322.

*    Якуцкая літаратура. 4595. Жураўлінае пяро: якуц. казка: [Для дашк. узросту] Пер. С. Міхальчук; Маст. Я. Зельская. – Мн.: Юнацтва, 1988. – 31 с.: каляр. іл. – (Казка за казкай). – ISBN 5-7880-0031-9: 200000; Гаўрыльева В.  4598. Краіна Уот-Джулустана: Аповесці: [Для ст. шк. узросту / Пер. С. Міхальчука;  Маст. Л. Лобан]. - Мн.: Юнацтва, 1981. - 176 с.: іл. - 45 к., 12000. Змест: Краіна Уот-Джулустана: Аповесць-легенда; Пра вялікае падарожжа аранжавага Сярогі, наймудрэйшага старога Ібрагіма і хітрамудрага паляўнічага Сэмэна вялікая галава; Каханне ўвосень; Маленькая аповесць пра дурную жанчыну. // Мастацкая літаратура народаў СССР у перакладзе на беларускую мову, 1976-1991 гг. Паказальнік літаратуры. Складальнікі Лідзія Канстанцінаўна Фарасцяная, Лідзія Аляксандраўна Цітова. [Дзяржаўны Камітэт Рэспублікі Беларусь па друку. Нацыянальная кніжная палата Беларусі.] Мінск. 1997. С. 155.

    Дульсінея Хатон,

    Койданава

 



 

                                                               ДОБРЫ ЭРТЭ-БЕРГЕН

                                                                        Якуцкая казка

    Жылі-былі ў дрымучым лесе стары са старою. Абодвум ім было па сто гадоў ад роду.

    Усяго ў іх хапала — і жывёлы, і адзежы, і футраў. Не было толькі дзяцей. Вельмі нудзіліся старыя.

    Пайшоў аднаго разу стары ў лес. Бачыць — на палянцы стаіць густая старая бяроза.

 

 

    Не простая гэта была бяроза, а зачараваная. Жыла ў яе ствале добрая чараўніца. Звалі яе Ічытэ.

    Пайшоў стары да бярозы, пастукаў па белай кары і кажа:

    — Добрая Ічытэ, дапамажы маёй бядзе. Сто гадоў жывем мы са старою на сьвеце, а няма ў нас ні сына. ні дачкі. Старыя мы сталі, слабыя, маркотна нам адным жыць. Дай нам, добрая Ічытэ, сына.

    І раптам бяроза а трэскам раскалолася. Выйшла з яе ствала жанчына-прыгажуня з беласьнежным тварам і даўгімі зялёнымі валасамі.

    Кажа Ічытэ:

    — Шкада мне вас, старых. Дапамагу я вам. Роўна праз тры дні ты пачуеш моцны шум у лесе: пачнецца навальніца, пойдзе вялікі дождж і град. Схавайся і сядзі дома. А праз тры дні прыходзь на гэтую палянку. Убачыш ты на ёй вялікі чорны камень. Зьбяры сваіх суседзяў і перанясі гэты камень да сябе ў юрту. Паляжы яго на сабаліную футру і чакай тры дні. Праз тры дні трэсьне камень, і выйдзе з каменя хлопчык. Будзе ён прыгажэйшы за ўсіх дзяцей на сьвеце. Валасы ў яго будуць залатыя, а цела срэбранае. Вазьмі гэтага хлопчыка сябе за сына.

    Сказала так чараўніца і схавалася ў бярозу. Глядзіць стары — няма перад ім нікога.

    Пайшоў стары дахаты і расказаў жонцы, што з ім здарылася.

    Роўна праз тры дні пачалася ў лесе страшэнная навальніца з дажджом і градам.

    А калі яна сьціхла, пайшоў стары на палянку. Бачыць ён — ляжыць на палянцы вялікі чорны камень, якога ніколі тут раней не было.

    Склікаў стары суседзяў і пацягнуў камень да сябе ў юрту. Палажыў яго па сабаліную футру.

    Праляжаў чорны камень тры дні ў юрце. А праз тры дні трэснуў — і выйшаў з яго прыгожы хлопчык: валасы залатыя, цела срэбранае, тварам прыгажэйшы за ўсіх дзяцей на сьвеце.

    Зарадаваліся старыя і пачалі гадаваць хлопчыка, як роднага сына. Далі яму імя: Эртэ-Берген.

    Рос хлопчык не па днях, а па гадзінах. У пяць гадоў стаў ростам з дванаццацігадовага юнака. Не было ва ўсёй ваколіцы юнака дужэйшага і разумнейшага за яго.

    Неяк раніцой устаў Эртэ-Берген, памыўся, наеўся, напіўся, падышоў да бацькоў і кажа:

    — Бацюхна, матухна, сумна мне ў родным лесе. Дайце мне каня, каб цераз горы і лес пераскокваў. Дайце залатую вуздэчку і бізун дзевяноста пудоў вагою. Хачу я па сьвеце павандраваць.

    — Няма ў нас, сынок, такога каня, — кажа стары, — пайдзі на палянку, папрасі Ічытэ, каб яна дала табе каня. А залатую вуздэчку і цяжкі бізун вазьмі ў мяне ў кладоўцы.

    Узяў хлопчык вуздэчку з бізуном і пайшоў на палянку. Падышоў ён да бярозы, пастукаў па ствале і кажа:

    — Слаўная Ічытэ, дай мне каня багатырскага, каб мог ён пераскокваць цераз высокія горы, цераз дрымучыя лясы. Хачу я па сьвеце павандраваць.

    Раскалолася бяроза напалам, выйшла з яе ствала прыгажуня Ічытэ.

    — Ідзі па сьцежцы, міні дзевяць ручаёў, дзевяць равоў, восем палянак. На дзесятай палянцы шукай сабе каня.

    Сказала так і зьнікла.

    Замахалі зялёныя галінкі, зашумелі белыя сукі. Глядзіць юнак — няма перад ім нікога.

    Паслухаў ён чараўніцу і пайшоў па сьцежцы. Мінуў ён дзевяць ручаёў, мінуў дзевяць равоў, мінуў восем палянак.

    На дзевятай палянцы глядзіць ён — цэлы табун коней пасецца.

    “Які ж з іх багатырскі конь? — падумаў Эртэ-Берген. Кіну хіба я сваю вуздэчку ў табун. На якога ўпадзе яна, таго каня і вазьму”.

    Кінуў ён сваю залатую вуздэчку і бачыць — упала яна па самага маленькага, самага непрыгожага жарэбчыка. Раззлаваўся Эртэ-Берген:

    — Ці ж такі мне конь патрэбен! Што я буду з гэтым жарэбчыкам рабіць?

    А жарэбчык падбег да яго і кажа:

    — Не злуйся, гаспадар, а завядзі мяне да малочнага возера з залатымі берагамі. Выкупай мяне там — убачыш, якім я канём стану.

    Узяў юнак вуздэчку ў рукі, павёў жарэбчыка ў гушчар лесу да малочнага возера з залатымі берагамі.

    Кінуўся жарэбчык у возера, нырнуў тры разы — і вышаў на бераг беласьнежны конь. Грыва — кольцамі залатымі, з ноздраў полымя шугае, вочы іскры сыплюць.

    — Вось гэта па мне конь! — усклікнуў Эртэ-Берген, ускочыў на яго, разьвітаўся з бацькамі і паехаў, куды вочы глядзяць.

    Ехаў багатыр лета, ехаў зіму. Роўна сем гадоў ехаў.

    На восьмы год спахапіўся: успомніў, што сем гадоў нічога не еў. Стаў ён думаць, дзе б знайсьці чаго паесьці.

    Глядзіць — стаіць перад ім скала. Ідзе са скалы дымок.

    Стукнуў багатыр па скале бізуном — расступілася яна.

    Бачыць Эртэ-Берген — сядзіць у пячоры старая і кашу варыць.

    — Добры дзень, бабулька! Дай мне чаго паесьці, — папрасіў багатыр.

    — Д адкуль ты. сынок, узяўся? — пытаецца старая.

    Расказаў ёй багатыр аб сабе.

    — Ды, відаць, ты і праўда багатыр, калі так. — кажа старая. — Вось табе багатырская яда. Еш.

    І ставіць старая на стол маленькую місачку. Засьмяяўся Эртэ-Берген:

    — Што ты, бабулька! Ды гэтага мне і на адзін зуб мала.

    — А ты паспытай, сынок; зьеш спачатку, потым і гавары.

    Узяўся багатыр кашу есьці. Еў, еў, а ўсё ніяк маленькую місачку да дна вычарпаць не можа. Толькі на трэці дзень зьеў усё, што было ў місачцы, і місачку ўверх дном перакуліў.

    — Ну, дзякуй, бабулька, накарміла. Цяпер у мяне сілы ўтрая прыбавілася. Паеду я прыгодаў шукаць.

    Разьвітаўся багатыр з бабулькай і падаўся ў дарогу.

    Ехаў ён лесам, ехаў, ехаў роўна сем гадоў і трапіў, на рэшце, у такое месца, дзе сонца і месяц толькі палавінкамі сваімі сьвяцілі.

    А лес і трава расьлі ў тым месцы жалезныя. Як вецер павее, —шумяць, зьвіняць жалезныя лісьця, зьвініць жалезная трава.

    Пачаў Эртэ-Берген з гэтага жалезнага лесу выбірацца, праціскацца праз жалезныя кусты і галіны. І выбраўся на палянку.

    Стаіць на гэтай палянцы шэрая скала, а вакол скалы аднавокая і аднарогая жывёліна ходзіць, скубе жалезную траву.

    Паспрабаваў ён на скалу ўзьлезьці, а скала гладкая, роўная, учапіцца няма за што.

    Абярнуўся тады Эртэ-Бсрген у вавёрку і забег на самы верх скалы. Заўважыў ён, што ў скале ёсьць дзірка, а з яе дымок ідзе.

    Зазірнуў багатыр туды і бачыць — сядзіць па дне скалы дзяўчына, сама сьветлая, нібы срэбраная, а валасы залатыя. Плача яна і скардзіцца:

    — Зьвяры і птушкі на полі жывуць, дзікія ваўкі на волі бегаюць, а я тут адна ў палоне ў ліхадзея Бекердзеня пакутую.

    Шкада стала багатыру дзяўчыны. Абярнуўся ён зноў у чалавека, скокнуў на дно і пытаецца:

    — Хто ты, красуня? І як сюды трапіла? А дзяўчына адказвае:

    — Я — Ірунь. Ліхадзей Бекердзень мяне з бацькавай хаты ўкраў. Бачыш — вакол шэрыя скалы стаяць. Ва ўсіх іх палонныя яго пакутуюць. А я ўжо сем гадоў у палоне жыву. Цяпер Бекердзень на паляваньне пайшоў, а вернецца ён — бяда будзе табе.

    — Можа я з ім як-небудзь і спраўлюся, — кажа Эртэ-Берген.— Не хачу я, каб ты ў палоне сядзела.

    Ледзь пасьпеў ён гэтыя словы сказаць, як зашумелі жалезныя галіны, захісталіся жалезныя дрэвы — паказаўся на дарозе ліхадзей Бекердзень. Галава ў яго была чатырохкантовая, твар аднавокі, чорны, з вока іскры сыпаліся. Ехаў ён на жалезным кані.

    Стукнуў багатыр сваім бізуном па скале — расступілася скала, і выйшаў багатыр насустрач ліхадзею Бекердзеню.

    — Ты хто такі? — закрычаў Бекердзень. А юнак адказвае:

    — Я той, хто табе галаву адарве.

    Зароў Бекердзепь, засьмяяўся злосным сьмехам і рынуўся на Эртэ-Бергсна. Пачалася бойка.

    Такая бойка, што на небе хмары пацямнелі, па зямлі віхуры завылі, жалезныя дрэвы да травы прыпалі, усе зьвяры ў лясныя норы пахаваліся.

    Дзевяць гадоў біліся багатыры. Нарэшце пачаў стамляцца Бекердзень і кажа юнаку:

    — Відаць, на зямлі нам бойкі не скончыць. Пойдзем да вогненнага мора. Ты зробісься залатою рыбай, а я — жалезнаю, і зноў будзем біцца. Добра?

    — Добра, — адказвае юнак.

    Пайшлі яны да вогненнага мора, абярнуліся ў рыб і зноў распачалі бойку.

    Усхвалявалася вогненнае мора, зашумелі вогненныя хвалі, сьвішчуць віхуры над морам — б’юцца залатая рыба з жалезнаю.

    Дзевяць гадоў біліся багатыры.

    Зноў пачаў стамляцца ліхадзей Бекердзень, а здавацца не хоча. Зноў кажа ён юнаку:

    — Відаць, і ў вадзе нам не перамагчы адзін аднаго. Давай падымемся ў паветра. Ты станеш сокалам з залатой галавою, а я — арлом з жалезнай дзюбаю. Згодзен?

    — Згодзен, — адказвае Эртэ-Берген.

    Абярнуліся яны ў птушак, падняліся ў паветра і зноў пачалі біцца.

    Дзевяць гадоў біліся сокал з арлом.

 

 

    Ды, відаць, канец быў суджаны ліхадзею Бекердзеню.

    Ударыў сокал арла моцнай дзюбай у грудзі — і ўпаў арол мёртвым.

    Абярнуўся тады сокал зноў у багатыра. Падбег да яго беласьнежны конь з залатой грываю.

    І паехаў багатыр па жалезным лесе. Бе конь капытамі па шэрых камянях, а Эртэ-Берген прыгаварвае:

    — Выходзьце, бедныя людзі, на сьвет, на волю, на сонейка. Канец прыйшоў ліхадзею Бекердзеню.

    Пачалі людзі са скалаў выходзіць. Дзякуюць багатыру, радуюцца, усьлед за ім грамадой ідуць.

    Вярнуўся Эртэ-Берген на палянку. А там на вялікім камені красуня Ірунь, сьветлая, ям срэбра, з залатымі валасамі, сядзіць, яго чакае.

    Пасадзіў ён яе перад сабою ў сядло і паехаў назад праз чароўны лес.

    Цэлых сем гадоў ехаў багатыр з дзяўчынай, пакуль у знаёмыя месцы прыехаў.

    Спыніў каня каля роднай юрты, красуню Ірунь у юрту павёў.

    Зарадаваліся старыя бацькі. Згулялі вясельле. Сталі яны шчасьлівай сям’ёю жыць. Дзевяноста сыноў у Эртэ-Бергена нарадзілася.

    Былі ўсе багатыры, як бацька.

    [С. 172-179.]

 




















    В. ГАЎРЫЛЬЕВА. Краіна Уот-Джулустана. Аповесці з якуцкай. Пераклад С. Міхальчука. Для старэйшага школьнага ўзросту. Мінск. “Юнацтва”. 1981.

    Валянціна Гаўрыльева — маладая якуцкая пісьменьніца, творы яе выходзілі не толькі ў Якуцку, але і ў Маскве ў выдавецтве “Современник”. І вось гэтая кніжка адрасуецца беларускаму чытачу. Думаецца, школьнікі з вялікай цікавасьцю пазнаёмяцца з людзьмі, што жывуць на далёкай Поўначы, адчуюць непаўторнасьць гэтага кутка нашай зямлі.

    Хлопчык Нюкус, бібліятэкар Дая, паляўнічы Сэмэн Вялікая Галава, студэнтка Айана і іншыя героі чатырох невялікіх аповесьцей пісьменьніцы розныя па ўзросьце, зьнешнім выглядзе, занятыя рознымі справамі. Аднак ёсьць і агульнае, што аб’ядноўвае іх. У першую чаргу — любоў да роднай Якуціі, да яе прыроды, і гарачае жаданьне зрабіць усе магчымае, каб бацькоўская зямля яшчэ больш прыгажэла.

    П. Касьпяровіч

    /Літаратура і Мастацтва. Мінск. 13 лістапада 1981. С. 6./


 

                                                           Дарагі Сяргей Апанасавіч!

    Вельмі прыемна і радасна мне, што Валіна кніжка будзе выдадзена на маёй роднай мове і што за пераклад узяўся менавіта ты. Упэўнены што гэтая праца будзе зроблена з душой і па-майстэрску. Алена Сямёнаўна прапанавала перакласьці мне самому, але я адмовіўся: нецікава рабіць адно і тое ж двойчы. Спачатку перакладай на рускую, потым на беларускую... Бачу, што адмовіўся правільна, бо ты зробіш куды лепей, чым я.

    Гатовы адказаць на любое тваё пытаньне, калі да мяне зьвернесься. Будзе дапамагаць, зразумела, і аўтар. Яна вельмі кранутая такімі добрымі адносінамі. Дарэчы, двойчы была ў Мінску і вынесла самыя прыемныя ўспаміны ад нашага краю і яго людзей.

    Наконт перадачы імёнаў і тэрмінаў у беларускім напісаньні. Думаю, што ісьці тым шляхам, які прапануеш ты - гэта значыць, у самой кнізе адзначаць якуцкія словы - немэтазгодна, бо я да іх прывык і абавязкова шмат якія прапушчу. Лепш даць табе агульны прынцып. Націск у якуцкіх словах ставіцца звычайна на апошні склад, але гэты націск не зусім такі, як у нашай мове /не такі выразны/. Акрамя таго ў шэрагу слоў маюцца дыфтонгі /уо, ыа, үө, ие/ і падвойныя галосныя /аа, оо, уу і г. д./. Калі дыфтонг ці падвойныя галосныя ў сярэдзіне слова, то націск заўважна пераходзіць на іх. Я прывяду маленькі прыклад. Якуцкае слова “куобах” азначае “заяц”. Калі зыходзіць з меркаваньня, што якуцкі націск заўжды на канцы слова, то будзеш чытаць “куобáх” і па-беларуску напішаш “куабах”. Але якут вельмі выразна гаворыць “куóбах” /дыфтонг’/, да таго ж “уо” - амаль што “о” /як у палескіх гаворках – “куонь”/. Такім чынам, па-беларуску гэтае слова трэба пісаць “кобах”, што я зрабіў у сваім “Андрэі-Эндэрэі”. Дарэчы, праглядзі яго на ўсялякі выпадак. Там ты можаш знайсьці некаторыя са слоў, што цябе цікавяць.

    З другога боку, а ці варта ў кожным выпадку падганяць якуцкія словы пад беларускі правапіс? Ці не страціцца пры гэтым водар іншамоўнасьці? Канечне недарэчна было б пісаць у беларускай кнізе Охоноон /лепш Аханаон/. Мы, беларусы, не прывыклі да такога шчодрага ўжываньня “о”. А іншыя галосныя - напр., э-э-э ці ё-ё-ё можна было б захаваць. Я ў Андрэі-Эндэрэі” ужыў “Бёкё” і не шкадую /дарэчы, ужываньне дзьвюх ці болей “ё” у адным слове неўласьціва і рускай мове/.

    Яшчэ адна цікавая асаблівасьць. У якуцкай мове фактычна тры гукі “г”: узрыўны “г”, фрыкатыўны “һ” і зусім асаблівы “ҕ”. Па-руску “г” і “ҕ” перадаюцца літарай “г”, а фрыкатыўны “һ”, якога ў рускай мове няма, замяняецца на “с”, Напрыклад, якуцкае слова “ыһыах” па-руску пішуць “ысыах”. Чаму “с”? Справа ў тым, што ў якуцкай мове “с”, трапляючы паміж галоснымі, ператвараецца ў “һ”. Такое паходжаньне гэтага “һ”. Дык вось. Гэты гук поўнасьцю адпавядае беларускаму фрыкатыўнаму “г”. “Ыа” адпавядае нашаму “а”. Такім чынам, калі якуцкае “ыһыах” па-беларуску даць як “ыгэх”, то гэта будзе поўны адпаведнік якуцкага гучаньня. Я такое напісаньня таксама ўжыў у “Андрэі-Эндэрэі” /гэтае слова ў аповесьці Валі сустракаецца не раз/.

    Не выключана, што ўсе гэтыя тлумачэньні для цябе даволі туманныя. Таму пры неабходнасьці складзі сьпіс усіх слоў, на якіх спынімся, і дашлі мне. Я неадкладна дапамагу.

    Усяго найлепшага, Сяргей Апанасавіч! Шчырае прывітаньне ад Валянціны Мікалаеўны. А ад мяне - усім маім старым сябрам: Герчыку, Машкову, Ул. Міх. Шахаўцу, Валодзю Жыжэнка і ўсім, хто яшчэ памятае мяне. І, вядома, Алёне Сямёнаўне, якой мы з Валяй вельмі ўдзячныя.

    І. Ласкоў

    1 чэрвеня 1980

    Мой адрас: 677007 Якутск, ул. Октябрьская, д. 5, кв. 7.

    Ласкову Ивану Антоновичу

 

 

    Мінск, выдавецтва “Юнацтва”

    Ідэльсону У. Б.

                                                         Паважаны таварыш Ідэльсон

    Нажаль, у свой час мы не пазнаёміліся як сьлед, і я не вадаю, як Ваша імя па бацьку, таму і зьвяртаюся такім чынам. Прабачце.

    Карэктуру мы з Валянцінай Мікалаеўнай прачыталі і вяртаем з неабходнымі праўкамі. Яны датычацца ў асноўным якуцкіх слоў і выразаў. Пераклад мяне асабіста задавальняе, ён уважлівы і дакладны. Прашу перадаць Сяргею Апанасавічу сардэчную падзяку ад аўтара і мяне як перакладчыка на рускую мову. Шчыра дзякуем усім, і хто мае дачыненьне да выхаду гэтай кнігі, у тым ліку і Вам.

    Цяпер пра некаторыя тэхнічныя рэчы, Скараціць сем старонак немагчыма - гэта ўсё адно, што рэзаць па жывым. Таму дасылаем кароткае апавяданьне “Вартаўнічок”. Яно было надрукавана ў зборніку “Сияние Севера” /М., 1978, “Советский писатель”, стар. 382-387, пераклад Б. Неўскай/. На машынцы ён шэсьць старонак.

    Вялікую заклапочанасьць выклікаюць некаторыя малюнкі. Адчуваецца, што мастак вельмі няўважліва паставіўся да тэксту. Толькі гэтым можна вытлумачыць, што адно на трох малюнках - стар. 3, 12 і 55 - ён увёў чум, якутамі нязнаны і ўжываны іншымі народамі Поўначы. Якуты жылі ў драўлянай юрце з дзьвярыма і вокнамі, з драўлянымі нарамі і ачагом, комін якога выхадзіў над пляскатым дахам. Прычым сьцены яе рабіліся з жэрдак, пастаўленых вертыкальна-пахіла. Менавіта ў такіх і жывуць пэрсанажы “Краіны Уот-Джулустана”. У аповесьці бразгаюць дзьверы, жыхары глядзяць у вокны, старая Сабыстай “з усяе сілы грукнула ў сьпіну так, што юрта захадзіла ходарам” і г. д. Яшчэ хіба - іншага роду. На стар. 127 намалявана пяць дзяўчынак, хаця на стар. 125 сказана: “ты падышла да мяне і яшчэ дзьвюх дзяўчынак”, на стар. 126: “мы трое павярнулі за табой”. Тут, на шчасьце, можна зьмяніць тэкст /“і яшчэ чатырох дзяўчынак”, “мы чацьвёра”/. А чумы трэба выкінуць, калі не будзе іншага выйсьця - нават і з малюнкамі, паглядзіце таксама, мо яны і на вокладцы? Л. М. Лобан можа сказаць, што, маўляў, на вокладцы рускага выданьня таксама намаляваны чум, але чужыя памылкі паўтараць не варта. Да таго ж, на кнізе, дзе ўвогуле няма ілюстрацый, невялічкі малюнак на вокладцы - хутчэй сымбаль і ў вочы не кідаецца, а ў Вашым выданьні малюнкі ілюструюць канкрэтныя старонкі тэксту.

    Будзем з нецярпеньнем чакаць гатовую кнігу.

    Усяго найлепшага!

    Вялікае прывітаньне А. С. Васілевіч, С. А. Міхальчуку, Ул. Г. Машкову. Спадзяюся, што ўсе яны, як і Вы, перайшлі ў новае выдавецтва.

    І. Ласкоў

    6 сакавіка 1981 г.

    Якуцк

 

    Іван Антонавіч Ласкоў нарадзіўся 19 чэрвеня 1941 года ў абласным горадзе Гомель Беларускай ССР ў сям’і рабочага. Бацька, Ласкавы Антон Іванавіч, украінец з Палтаўшчыны, які уцёк адтуль у 1933 годзе ў Гомель, ратуючыся ад галадамору, працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы “Спартак”, у чэрвені 1941 году пайшоў на фронт і прапаў без зьвестак. Маці, Юлія Апанасаўна, якая нарадзілася ў былой Мінскай губэрні і да вайны працавала тэлеграфісткай у Гомелі, неўзабаве з маленькім дзіцем пераехала да сваякоў ў вёску Беразякі Краснапольскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе працавала у калгасе, памерла ў 1963 годзе. З Беразякоў, у якіх жыў да 1952 года, Ваня Ласкоў дасылаў свае допісы ў піянэрскія газэты, пачаў спрабаваць сябе ў паэзіі. З 1953 года Ласкоў выхоўваўся ў Магілёўскім спэцыяльным дзіцячым доме. Пасьля заканчэньня з залатым мэдалём сярэдняй школы, ён у 1958 годзе паступіў на хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта, а ў 1966 годзе на аддзяленьне перакладу ў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве, які скончыў у 1971 годзе з чырвоным дыплёмам. Ад 1971 года па 1978 год працаваў у аддзеле лістоў, потым загадчыкам аддзела рабочай моладзі рэдакцыі газэты “Молодежь Якутии”, старшым рэдактарам аддзела масава-палітычнай літаратуры Якуцкага кніжнага выдавецтва (1972-1977). З 1977 году ён старшы літаратурны рэдактар часопіса “Полярная звезда”; у 1993 г. загадвае аддзелам крытыкі і навукі. Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета ЯАССР. Сябра СП СССР з 1973 г. Памёр пры загадкавых абставінах 29 чэрвеня 1994 г. у прыгарадзе Якуцка.

    Юстына Ленская,

    Койданава

 




    Кажуць-расказваюць пра храбрага паляўнічага Юджыяна, кажуць-расказваюць пра яго і маленькага брата Хаджугура — як яны жылі ды што з імі здарылася.

    Жылі два браты без маці, без бацькі. Старэйшы для малодшага і за бацьку і за маці быў. Так і жылі: сонца толькі бачком над зямлёю паказваецца, а старэйшы брат Юджыян ужо ў густым лесе на паляваньні, малодшы яшчэ сьпіць. Сонца вышэй падымецца, малодшы брат Хаджугур устае, двор падмятае, коням і каровам корм дае. Пад вечар агонь у ачагу распальвае, тут і Юджыян з паляваньня вяртаецца.

    Шмат здабычы прыносіў дадому Юджыян. Яшчэ да першага сьнегу пушных зьвяроў з нор выганяў. На самым золку за трохгадовым ласём гнаўся. Пад вечар з мядзьведзем накрыжкі дужаўся. А ваўкоў — тых, як толькі згледзіць, без промаху біў. У юрце [* Юрта — жыльлё, часьцей за ўсё круглай або авальнай формы, з каркасам з жэрдак або кітовых касьцей, абцягнутых шкурамі альбо бяростай] ў братоў мяккіх шкур уволю, сала, мяса ўдосталь.

    Аднойчы, як заўсёды, пайшоў Юджыян на паляваньне, а малалетка Хаджугур, як заўсёды, дома застаўся. Выйшаў з юрты падворак падмятаць-прыбіраць, над галавою крык пачуў. Ён угору паглядзеў, бачыць — у небе сем стэрхаў, сем белых жураўлёў-журавак кружацца. З-пад сонца белыя крылы іх ружовымі здаюцца, у цяні блакітным адсьвечваюць. Хаджугур жураўкам рукою памахаў, яны трохі ніжэй спусьціліся.

    — Хто ў вас дома-дома? — пытаюцца.

    — Адзін-адзін дома я! — адказвае Хаджугур. — Старэйшы брат на паляваньне пайшоў.

    Жураўлі-жураўкі адна ў адной пытаюцца:

    — Пагуляем-пабавімся, сястрыцы, з малалеткам? Яму весела будзе, і нам не сумна.

    Апусьціліся пасярод шырокага двара. На доўгіх нагах абышлі падворак, потым шкуркі з белым пер’ем скінулі — дзяўчатамі прыгожымі парабіліся, вясёлыя гульні распачалі. У хованкі гулялі, навыперадкі з Хаджугурам бегалі, скакалі-танцавалі. Пабылі і ў юрце, там усё дагары нагамі перавярнулі. Цэлы дзень гулялі-сьмяяліся, а сонца на захад схілілася — засьпяшаліся. Шкуркі з белым пер’ем пахапалі, на сябе надзелі, зноў у стэрхаў-жураўлёў перакінуліся. Замахалі крыламі, паляцелі.

 

 

    Тут і старэйшы брат, паляўнічы Юджыян, са здабычай вярнуўся.

    Глядзіць — двор не падмецены, някормленыя каровы ў хляве рыкаюць, няпоеныя коні ржуць у стайні. Дровы не пасечаны, вада не прынесена, у юрце агонь не запалены.

    — Ты чаму сваю работу не зрабіў? — пытаецца Юджыян у Хаджугура.

    — Даруй-прабач, старэйшы брат! — адказвае Хаджугур. — Дзень я праспаў, пра вечар падумаў — раніца.

    Засьмяяўся старэйшы брат, не раззлаваўся. Разам усю работу як бачыш зрабілі. Кароў накармілі, коней напаілі, сабе есьці прыгатавалі. Паелі, спаць леглі.

    Назаўтра раніцай, толькі брат са двара, Хаджугур падхапіўся. На мяккіх шкурах не песьціўся, на пушыстых не разьлежваўся, выбег з юрты, угору паглядзеў. А вышэй падворка, ніжэй неба жураўлі ўжо кружацца.

    — Пайшоў, пайшоў мой брат! — крычыць ім Хаджугур-малалетка. — Апускайцеся хутчэй!

    Жураўкі апусьціліся, дзяўчатамі парабіліся. Тыя ж гульні, што і ўчора, распачалі. Зноў Хаджугур не прыкмеціў, як дзень мінуў. На разьвітаньне жураўкі сказалі:

    — Брату пра нас не кажы, не расказвай. Хоць слова скажаш — болей не прыляцім!

    Паляцелі жураўкі, нібы камячкі сьнегу ў небе расталі. Хаджугур за работу схапіўся. Ды дзе ж ты пасьпееш? Брат ужо вяртаецца, дадому лася за ноздры вядзе.

    Паглядзеў Юджыян наўкол — нічога не прыбрана, не дагледжана. Раззлаваўся.

    — Сёньня зноў гаварыць будзеш: праспаў?!

    — Буду! — Хаджугур адказвае.

    Не са злосьці, а для навукі адкалашмаціў трохі Юджыян Хаджугура. Сам падумаў: нешта тут не так, відаць, ёсьць прычына. Раней не ленаваўся брат, што трэба было рабіць, рабіў з ахвотай.

    Раніцай Юджыян устаў, як заўсёды, на досьвітку. Лук са стрэламі прыхапіў, з юрты выйшаў, а ў лес не пайшоў. Стукнуўся вобзем і перакінуўся ў блыху. Блыха скокнула і схавалася ў шчыліне агароджы. Прытаілася, чакае.

    Э-э, не сьпіць, не песьціцца ў пасьцелі Хаджугур. Выбег з юрты, пасярод двара каля канавязі стаў, галаву ўгору задзёр. І блыха са шчыліны высунулася, уверх паглядзела. Кружаць-кружацца там жураўкі, жураўліным крыкам чалавечыя словы вымаўляюць:

    — Гэй, малалетка Хаджугур, ці пайшоў твой брат?

    — Пайшоў, пайшоў! — Хаджугур крычыць, радасна рукамі махае. — Апускайцеся, апускайцеся хутчэй!

    Жураўкі не апускаюцца.

    — Чаму гэта ваш падворак ценем зацяніўся? Чаму дом ваш, агонь ваш цёмным туманам затуманіўся?

    — Здалося вам гэта,— адказвае Хаджугур. — Сонца яшчэ невысока паднялося, вам яно відаць, а сюды пакуль што не прыйшло.

    — Дык няма дома брата? — зноў пытаюцца жураўкі.

    — Няма, няма! Ён ужо ў лес зайшоў, зьвера высачыў, за ім гоніцца.

    Сем стэрхаў, сем белых журавак пасярод шырокага двара апусьціліся. Шкуркі з пер’ем на канавязь кінулі, дзяўчатамі парабіліся.

    Залюбаваўся на іх Юджыян. Усе дзяўчаты прыгожыя, а адна — тая, што шкурку з краю канавязі павесіла, — за ўсіх астатніх прыгажэйшая. Дурэюць-весяляцца, бегаюць дзяўчаты-жураўкі, яна хутчэй за ўсіх бяжыць. Скачуць-танцуюць, яна лягчэй за ўсіх нагамі пераступае, быццам і да зямлі не дакранаецца. І малалетка Хаджугур усё бліжэй да яе трымаецца, усё з ёю стараецца пагуляць.

    Пачаў дзень да вечара хіліцца, дзяўчаты Хаджугуру кажуць:

    — Хутка твой брат вернецца, пара нам ляцець!

    А Юджыян у шчыліне сядзіць, думае-разважае: “Аднак праўду казаў брат-малалетка. Я і сам не прыкмеціў, як дзень да вечара пражыў — нібыта дзівосны сон убачыў!”

    Дзяўчаты да канавязі падыходзяць, рукі да шкурак-апратак працягваюць. А Юджыян раней за іх блыхой прыскакаў. Каля самай канавязі ў самога сябе перакінуўся, схапіў шкурку, што з краю вісела.

    Шэсьць стэрхаў, шэсьць белых жураўлёў да неба ўзьнімаюцца. Адна дзяўчына на зямлю кідаецца, просіць-моліць паляўнічага аддаць ёй шкурку. Не аддае ёй Юджыян шкурку, гэтак кажа:

    — Я на цябе ўвесь дзень глядзеў, табою любаваўся. Цяпер ты на мяне паглядзі. Калі не падабаюся табе, бяры шкурку, ляці куды хочаш. Калі падабаюся, заставайся, будзеш маёю жонкаю.

    Скрозь сьлёзы паглядзела на паляўнічага дзяўчына. Высахлі ў яе сьлёзы, усьміхнулася яму.

    — Застануся,— ціха сказала.

    Юджыян пытаецца:

    — А што са шкуркай зрабіць? У юрце на жэрдку павесіць ці ў агонь укінуць?

    Зьбялела дзяўчына.

    — У агонь не кідай! Кепска мне будзе. І ў юрце не вешай — вясновым днём пацягне мяне ў неба, пра ўсё забудуся, цябе не пашкадую, сябе не пашкадую. Палячу прэч адсюль! Схавай яе так, каб нічые рукі яе не чапалі, нічыё вока не бачыла.

    Юджыян шкурку з белым пер’ем у акаваны жалезам куфар схаваў. Куфар на тры замкі замкнуў. Ключы на калок каля дзьвярэй павесіў.

    Добра зажылі Юджыян з красуняю. Раніцай прачынаюцца — добрым словам вітаюцца. Жонка мужа на паляваньне зьбірае, плача, быццам на век тыя праводзіны. Увечары Юджыян дадому бяжыць, нібыта год з жонкаю не бачыўся.

    У юрце заўсёды чыста прыбрана, прыветлівы агонь гарыць — не згасае, жывёла накормлена, двор падмецены.

    Адно кепска — Хаджугур-хлапчук зусім ад рук адбіўся. Раней дамашняя работа ўся на ім ляжала, цяпер маладая яго нявестка ўсё робіць. Цэлы дзень бегае Хаджугур, забаўкі сабе прыдумляе. Восень так мінула, і зіма скончылася.

    Аднойчы пайшла красуня па ваду. Падышла да ракі і забылася, чаго прыйшла. Ад яснага неба і вада засінела, пеўчыя птушкі гнёзды віць пачынаюць. Цьвіце ўсё. Доўга гэтак яна прастаяла, нарэшце спахапілася, вады набрала, дадому панесла.

    А без яе вось што здарылася. Хлопчык Хаджугур даўно ўжо задумаў паляўнічым стаць, брату памочнікам. А Юджыян усё адгаворвае: малы яшчэ, з лука страляць не ўмееш. Памятае Хаджугур: быў дзесьці ў брата стары лук са стрэламі, а куды падзеўся, не ведае. Вось каб знайсьці ды ўпотай страляць навучыцца! От бы Юджыян зьдзівіўся!

    Усю юрту Хаджугур перавярнуў, ва ўсе куткі заглянуў — няма нідзе лука.

    “Ці не ў куфры хавае?” — падумаў.

    Зьняў з калка тры ключы, адамкнуў тры замкі, падняў цяжкае века. Лука не знайшоў, стрэлаў не знайшоў, а ўбачыў жураўліную шкурку з белым пер’ем. Дастаў яе, пачаў разглядаць — якія прыгожыя пёркі!

    Тут нявестка ўвайшла. Спынілася, глядзіць.

    — Дай мне шкурку! — сказала.

    Голас у яе быццам не свой зрабіўся, быццам журавель далёка-далёка ў небе затрубіў. Хаджугур шкурку за сьпіну схаваў.

    — Не дам,— кажа. — Юджыян нездарма яе ў куфар замкнуў. Гэта я незнарок яе ўзяў, зараз назад пакладу.

    — Дай хоць патрымаць, — просіць красуня.— Я табе свае залатыя падвескі падару.

    — Я не дзяўчынка! Навошта мне залатыя падвескі?

    — Я табе пояс падару, серабром вышываны.

    — Не патрэбен мужчыну жаночы пояс.

    — Я табе нож за шкурку аддам. Са ўзорным дзяржаньнем нож, у аздобленых ножнах.

    Заблішчалі ў Хаджугура вочы.

    — Нож паляўнічаму самы раз! — сказаў хлопчык.— Давай! — Схапіў нож, шпурнуў нявестцы шкурку.

    Накінула яна шкурку сабе на плечы, белай жураўкай зрабілася. Выйшла на двор, доўгімі нагамі асьцярожна пераступае. Крыламі ўзмахнуць баіцца: хаця б не адарвалі яе ад зямлі, не панесьлі ў неба. Юджыян па ёй сумаваць будзе, і яна без яго з тугі змарнее.

    Хацела ўжо шкурку скінуць, ды пачула жураўліны кліч. Шэсьць стэрхаў кругамі над юртай кружаць, клічуць яе з сабою. Падскочыла яна, з тужлівым крыкам шырокія крылы распасьцерла.

    Выбег на крык Хаджугур, спужаўся. Кінуўся да яе, хацеў за крыло схапіць, ды не пасьпеў. Узьляцела жураўка, адно толькі пяро ў руках у яго пакінула.

 

 

    Сем цяпер жураўлёў над юртай разьвітальны круг робяць. Гэтак, кругамі, і вышыню пачалі набіраць. Усё вышэй і вышэй ляцяць... Вось і за воблакам схаваліся.

    Паглядзеў ім усьлед Хаджугур, махнуў рукою, сказаў:

    — А прасіла ж толькі ў руках шкурку патрымаць! Ніколі больш гэтым жанчынам верыць не буду!

    Сеў ён тут жа пасярод двара, пяро побач паклаў, пачаў з нажом забаўляцца.

    Так і застаў яго старэйшы брат, калі трохі раней часу з паляваньня вярнуўся.

    — Адкуль у цябе нож? — спытаў.

    — Жонка твая падарыла.

    — А гэтае пяро адкуль?

    Маўчыць Хаджугур. Брат яго за плечы трасе, сьцяміў, што нешта нядобрае здарылася.

    Тут заплакаў Хаджугур:

    — Я незнарок шкурку знайшоў. Жонка твая папрасіла: дай толькі ў руках патрымаць. А сама надзела шкурку і паляцела. Стэрхі яе з сабою паклікалі.

    Ніколі Юджыян не біў брата ад злосьці, а зараз Хаджугур упершыню ўведаў, які той у гневе страшны. Цяжкім бізуном біў, сабакам абзываў. Нарэшце спагнаў першую злосьць, апамятаўся. Адпіхнуў Хаджугура, кінуўся ў стайню, вывеў з праварыны каня, ускочыў на яго. Залаціста-рыжы конь, хвост і грыва сьветлыя, буланай масьці конь пад ім аж танцуе. Юджыян са двара паехаў, на брата не глянуў, толькі белае пяро з зямлі падняў.

    Імчыцца Юджыян на буланым кані, у адной руцэ ў яго павады, у другой — жураўлінае пяро. Пяро само паварочваецца, паказвае, куды ехаць трэба.

 

    Доўга ехаў Юджыян. Рэкі на кані пераплываў, азёры абмінаў, праз густы лес прадзіраўся, па раўніне імчаўся. Начаваў пад голым небам, ад ветру за шырокай сьпінай каня хаваўся. Колькі начлегаў было — і лік страціў.

    Нарэшце пад’ехаў да падножжа высокай гары. Паднялося пяро, вострым канцом угору паказала. Юджыян пакінуў каня на зялёным лузе пасьвіцца, пачаў падымацца. Стромкія схілы гары. Юджыян за першы дзень толькі чвэрць вышыні адолеў. На другі дзень да палавіны яе дабраўся. А там у яго і сілы прыбавілася — убачыў белую юрту на вяршыні. Ды скалы ўсё больш стромкія, расколіны ўсё шырэйшыя, камяні ўсё вастрэйшыя. Колькі яшчэ лез-караскаўся, а ўсё-такі да вяршыні дабраўся. Зайшоў  у юрту.

    Юрта прыгожа прыбраная, у ачагу вясёлы агонь палае. Пасярэдзіне залатая калыска стаіць, птушка чычах яе калыша. Убачыла птушка, што чалавек зайшоў, страпянулася і крыкнула: “Чып-чычып!” Потым чалавечым голасам загаварыла:

    — Ці не Юджыянам цябе завуць? Ці не жонку сваю шукаеш?

    — Юджыянам завуць. Жонку шукаю, — адказвае, а сам з калыскі вачэй не зводзіць.

    — Што ж, — кажа птушка, — паглядзі на свайго сына.

    Нагнуўся Юджыян над калыскай. Прыгожае дзіця там ляжыць. Убачыла Юджыяна, пухленькімі ручанятамі да яго пацягнулася.

    — Чы-чып! — птушка сказала. — Часцінка да цэлага хінецца, маленькая крывінка да роднай крыві цягнецца. Пазабаўляй сына, Юджыян, стамілася я калыску калыхаць.

    Юджыян у белага гарнастая перакінуўся, уверх-уніз у калысцы забегаў, скача, куляецца. Засьмяяўся хлопчык.

    Тут лёгкія крокі пачуліся, дзьверы рыпнулі. Птушка сказала:

    — Захоча ці не захоча бачыць цябе жонка? Хавайся хутчэй!

    Юджыян-гарнастай за шкурамі прытаіўся. А дзіця моцна заплакала, бо забаўку сваю страціла.

    Убегла ў юрту белая жураўка, шкурку хуценька скінула, засьпяшалася да дзіцяці, на рукі ўзяла. Адчула дзіця матчына цяпло і сьціхла.

    Тады гарнастай з-пад шкур вылез і зноў Юджыянам зрабіўся. Шкурку схапіў і ў агонь укінуў. Крыкнула красуня, азірнулася. Мужу з дакорам прашаптала:

    — Ах, навошта ты гэтак зрабіў?! І павалілася нежывая.

    Юджыян яе на рукі падхапіў, туліць да грудзей, сваім дыханьнем сагравае — хоча да жыцьця вярнуць. Але не зварухнецца красуня, сьмяротны сон яе скаваў. Юджыян яе на шкуры паклаў, галаву зьвесіў.

    — Чорны дзень мой настаў! Пара жалобы надышла! Усё яна наперад ведала, прадказвала: “Шкурку ў агонь укінеш — бяда будзе!” А я гарачаму сэрцу, няўрымсьлівай руцэ волю даў. Вось яна, бяда, і грымнула! Сам вінаваты, сам і адказваць буду. Слабасьць сілаю, прастадушнасьць хітрасьцю адолею, гарачнасьць цярплівасьцю загладжу.

 

 

    Выбег Юджыян з юрты. Убачыў лёгкае воблачка, што каля гары затрымалася, разагнаўся, скочыў на яго. Паплыло воблачка, гайдаецца, пакалыхваецца. Ужо і сонца зайшло, неба пацямнела. Воблачка ўздоўж вялікага зорнага шляху плыве. Падплыло да Сузор’я, спынілася. Юджыян з воблака на верхнюю зямлю [* Верхняя зямля (тундра) —паводле ўяўленьняў многіх паўночных народаў — сьвет, які разьмешчаны на небе, дзе жывуць багі, часьцей за ўсё заступнікі людзей.] пераступіў. Агледзеўся. Гэткія ж тут мясьціны, як і там, унізе, — зямля, дом і агонь гарыць.

    На медным васьміногім лабазе [* Лабаз — (тут) сьвіран для захоўваньня запасаў харчоў і дамашніх рэчаў. Ставіцца на палях, слупах, каб у яго не залезьлі зьвяры. Гэтак жа называецца высокі памост.] дзяўчына сядзіць. Васьмісажнёвыя ярка-чырвоныя шаўковыя валасы распусьціла, на сярэбраны кол накруціла, залатым грабянцом расчэсвае. Сказаў ёй Юджыян:

    — Дачка Сузор’я, дачка пана Юргяля! Пужлівая шаманка [* Шаман — вядзьмар, чараўнік, знахар.] Юргюк-удаган! Прыйшоў я, каб узяць цябе за жонку. Ці пойдзеш за мяне замуж?

 

 

    Паглядзела на яго дачка Сузор'я — стройны, прыгожы той, хто сватаць яе прыйшоў. Ціха яму адказала:

    — Пайду за цябе.

    — Тады зьбірай свае ўборы, у дарогу рыхтуйся. Буду цябе чакаць на вяршыні самай высокай гары.

    Замітусілася Пужлівая шаманка, зьбірае свае ўборы-строі, склікае сваю пасажную жывёлу. А Юджыян далей пайшоў.

    Прыйшоў да юрты пана Месяца. На медным васьміногім лабазе дзяўчына сядзіць. Васьмісажнёвыя серабрыста-шаўковыя валасы распусьціла, на сярэбраны кол іх накруціла, залатым грабянцом чэша. Юджыян ёй сказаў:

    — Дачка пана Месяца, Месячнага сьвятла шаманка! Прыйшоў я цябе ўзяць за жонку. Ці пойдзеш за мяне замуж?

    Паглядзела на яго дачка Месяца — твар сьмелы, вочы розумам сьвецяцца ў таго, хто сватаць яе прыйшоў. Адказала:

    — Пайду за цябе. Дай толькі час пасаг сабраць.

    — Не маю я часу, — Юджыян кажа.— Усё рабі, як сама ведаеш. Потым прыяжджай на вяршыню самай высокай гары. Там чакаць буду.

    Дачка пана Месяца, Месячнага сьвятла шаманка замітусілася, адзежу-ўборы зьбірае, пасажную жывёлу склікае. А Юджыян далей падаўся.

    Пакуль ішоў, ноч скончылася. Зазьзяла ўдалечыні юрта пана Сонца. Юджыян проста не яе кіруецца.

    Каля зіхоткай юрты на медным васьміногім лабазе дзяўчына сядзіць. Васьмісажнёвыя сонечна-шаўковыя валасы на сярэбраны кол накруціла, залатым грабянцом расчэсвае. Юджыян ёй сказаў:

    — Дачка пана Сонца! Кюёгяль-удаган шаманка! Вось я да цябе прыйшоў. За жонку цябе вазьму, калі захочаш, калі пойдзеш!

    Кюёгяль-удаган шаманка на свайго бацьку, пана Сонца, не міргаючы глядзела, а тут зажмурылася. Асьляпіла яе любоў да таго, хто сватаць прыйшоў. Так яна Юджыяну адказала:

    — Пайду за цябе замуж. Чаму ж не пайсьці?

    Юджыян і ёй загадаў, як зьбярэцца, на вяршыню самай высокай гары ехаць.

    Засталася Кюёгяль-удаган шаманка пасаг рыхтаваць, а Юджыян наперад засьпяшаўся.

    Дабег да краю верхняй зямлі, скокнуў на тое самае воблачка, на ім у дарогу назад падаўся. Да гары падплыў, на яе вяршыні апынуўся.

    У юрце птушка чычах Юджыянава дзіця калыша, а на шкурах нежывая жонка ляжыць. Юджыян яе ў сваю адзежу пераапрануў, доўгія валасы яе пад шапку падабраў. Потым вынес з юрты, паклаў перад уваходам. Сам за юртай схаваўся.

    Толькі пасьпеў усё зрабіць, з трох бакоў на трох конях нявесты яго пад’ехалі. У кожнай з сабою багаты пасаг. У тароках [* Тарока — уючны мех.] сукенкі, дарагія футры. У кожнай восемдзесят табуноў коней, у кожнай дзевяноста чарод кароў. Усе схілы гары статкамі ўкрыліся.

 

 

    Зьлезьлі  нявесты з коней. Адна адну ўбачылі.

    — Сябровачкі-сястрыцы, — гамоняць між сабою, — выходзіць, мы ўсе тры — жонкі аднаго мужа. Што ж, не сумна нам будзе на Зямлі жыць. А дзе ж наш муж, чаму нас не страчае? Зойдзем у юрту, можа, сьпіць ён.

    Пайшлі лёгкімі нябеснымі крокамі да юрты. Раптам усе тры спыніліся. Адна кажа:

    — Ох, сястрыцы, няйначай мёртвы ляжыць!

    Другая кажа:

    — Ці не наш гэта муж?

    Трэцяя паглядзела.

    — Ён, ён! У гэтай адзежы і сватацца да мяне прыходзіў.

    Дачка пана Сонца Кюёгяль-удаган шаманка пытаецца:

    — Дачка пана Юргяля, Пужлівая шаманка, ці ўмееш ты мёртвага ажывіць?

    — Сказаць умею — няпраўда і сказаць не ўмею — няпраўда, — Пужлівая шаманка адказвае. — Магу мёртвага так ажывіць, што будзе ён — нібы без памяці чалавек ляжыць.

    — Што ж, не многа гэта і не мала, — кажа дачка пана Сонца.

    Потым спытала ў дачкі пана Месяца:

    — А ці вялікае тваё ўменьне, Месячнага сьвятла шаманка?

    — Умею зрабіць мёртвага чалавека такім, нібыта ён моцна сьпіць, — адказала тая.

    — А я,— кажа Кюёгяль-удаган шаманка, дачка пана Сонца, — магу мёртвага да памяці вярнуць, ад сьмяротнага сну разбудзіць.

    — Ну, дык што ж, сябровачкі-сёстры! — сказалі ўсе трое. — Возьмемся за работу. Ажывім нашага мужа.

    Першай Пужлівая шаманка, дачка Сузор’я, цераз мёртвае цела пераскочыла. Трошкі прыўзьняліся грудзі ў мёртвага, ледзь прыкметна пара ад дыханьня з рота вылятае.

    Другою пераскочыла Месячнага сьвятла шаманка. Тут бледны твар паружавеў, вейкі зварухнуліся.

    Цяпер выйшла наперад дачка пана Сонца, Кюёгяль-удаган шаманка. Пераскочыла, а ўсьлед за ёю і той мёртвы з зямлі падняўся. Шапка з галавы ў яго звалілася, рассыпаліся па плячах доўгія валасы.

 

 

    — Ох, сябровачкі-сястрыцы, мусіць, не таго мы ажывілі! Не муж гэта наш, а чужая жанчына.

    А Юджыян за юртай хаваўся і ўсё чуў, усё бачыў. Выбег цяпер, любую жонку сваю моцна абняў. Яна твар на яго шырокіх грудзях схавала, ад радасьці ўся зачырванелася.

    Пазіраюць шаманкі, паміж сабой пераглядваюцца. Раптам у юрце дзіця заплакала. Пачула гэта красуня, ад мужа адарвалася, кінулася ў юрту. І Юджыян за ёю пабег.

 

 

     — Няма нам тут чаго рабіць, сястрыцы, — сказала дачка пана Сонца. — Ёсьць у нашага жаніха жонка і дзіця. Не будзем жа мы, нябесныя шаманкі, малодшымі жонкамі?! Давайце дадому вернемся.

    Села яна на свайго каня, скокнуў конь, проста ў неба памчаўся. І дзьве другія за ёю памчаліся. Пасярод дарогі дачка пана Юргяля, Пужлівая шаманка, раптам закрычала:

    — Ох, сястрыцы, што мы нарабілі! Забыліся на Зямлі ўвесь наш пасаг.

    Ганарыста засьмяялася дачка пана Сонца, Кюёгяль-удаган шаманка.

    — У майго бацькі багацьця паболей, чым нейкая нікчэмная жывёла, што я ўнізе пакінула, — сказала яна. — Бацька мне падорыць, колькі я захачу.

    — І мой бацька ні слова ў дакор мне не скажа! — прамовіла дачка пана Месяца, Месячнага сьвятла шаманка.

    Зачырванелася Юргюк-удаган, дачка Сузор’я, дачка пана Юргяля.

    — Дык няхай і маё дабро прападае. Не такі мой бацька багаты, як вашы, але ж і ён для мяне нічога не пашкадуе.

    І не вярнуліся. Усё багацьце, усе пасагі Юджыяну засталіся. А ён у дарогу сабраўся, у родныя мясьціны ехаць. Сьвіснуў маладзецкім посьвістам, прымчаўся з зялёнай даліны яго буланы конь.

    Так вось і едуць: Юджыян на сваім буланым едзе, жонку перад сабою пасадзіў, калыска каля левага калена моцна прывязана — у ёй сына вязе. На калысцы верная нянька птушка чычах сядзіць, малому песьні сьпявае.

    Тры разы па восемдзесят табуноў коней перад імі бягуць. Тры разы па дзевяноста чарод кароў ззаду ідуць.

    Так ехалі, так і даехалі. Выбег ім насустрач прыгожы юнак, рослы, плечы шырокія.

    — Ці ты гэта, Хаджугур, брат мой малодшы? — пытаецца Юджыян.

    — Няўжо гэтак вырас, што і не пазнаць? — Хаджугур сьмяецца.— Бачу, ты жонку сваю, дарагую маю нявестку, здабыў, назад прывёз. Даруйце, што кепскае ад мяне было!

    Разам яны зажылі, добра жылі. Так яно, кажуць, было, такое вось, расказваюць, здарылася.

 







 

    [И. Е. Федосеев]

                                                                 Белорустуу тылынан

    ...1988 с. Белоруссияҕа, Минскэй куоракка “Юнацство” издательство “Кыталык кыната” диэн саха остуоруйатын туспа кинигэнэн оскуолаҕа киириэн иннинээҕи саастаах оҕолорго анаан, белорусс тылынан таһаарда. Кинигэ тахсыбыт ахсаана — 200 тыһыынча экземпляр.

    “Кыталык кыната” диэн аатынан саха “Үчүгэй Үөдүйээн” остуоруйата бэчээттэммит. Остуоруйаны белорустуу тылга С. Михальчук тылбаастаабыт,  ойууларын Я. Земельская оҥорбут.

    /Хотугу Сулус. № 1. Якутскай. 1989. С. 109./

 



























 

    Жураўлінае пяро: якуц. казка: для дашк. узросту. / пер. С. Міхальчук — Мн.: Юнацтва. — (Казка за казкай).

    Падрыхтавалі Любоў Рабушка і Рэгіна Ляўко.

    /Братэрства. Літаратурны зборнік 90. Мінск. 1990. С. 295.

 




 

                                                                   ЧЫРОК І БЕРКУТ

                                                              Якуцкая народная казка

    Калісьці, даўным-даўно, птушкі жылі на адным месцы і не ведалі ніякіх пералётаў. Усе яны пражывалі на цёплым поўдні, у гарачых краінах. Жылося ім прывольна і сытна, і птушыны народ пладзіўся без усякай меры. І вось птушак стала гэтак многа, што зрабілася ім цесна на роднай зямлі. Пачало не хапаць корму для птушанят, пачало не хапаць месца для гнёздаў. Ды яшчэ настала такая сьпякота, што пачалі тухнуць і прападаць яйкі. Што рабіць? Птушыны народ сабраўся на сход.

    — У нашых мясьцінах стала цяжка жыць, — гаварылі птушкі. — Улетку занадта горача, вада высыхае, яды не хапае. А на далёкай Поўначы, кажуць, раскінуліся бязьмежныя землі, Каб як гэта даведацца, ці можна там жыць, ці ёсьць там вада, ці ёсьць корм для птушак. Добра было б на ўсё лета адлятаць на Поўнач. Трэба выбраць каго-небудзь дужага і разумнага, няхай ён будзе нашым правадыром, нашым уладаром, і мы пашлём яго на Поўнач, няхай ён разьведае, што там за зямля.

    Выбралі беркута. Ён самы дужы, самы разумны. Ён не загіне ў дарозе, заўсёды знойдзе сабе яду, бо есьць і зьвяроў і птушак.

    — Прынясі нам, магутны беркут, весткі пра далёкую Поўнач.

    Паляцеў беркут — адно чорны цень па зямлі прамільгнуў.

    Мінуў год. Беркут вярнуўся. Першы яго ўбачыў маленькі чырок. Беркут быў задаволены і вясёлы. Але калі яго акружылі птушкі, беркут раптам спахмурнеў і замаркоціўся.

    — Хутчэй расказвай нам, храбры беркут, магутны беркут, што ты бачыў у далёкіх краях! Якія навіны? Якія весткі? — закрычалі наперабой цікаўныя птушкі.

    Беркут адказаў:

    — Кепскія навіны, кепскія весткі. Марнай была ўся гэта задума, дарэмна вы, птушкі, мяне ў такую далеч пасылалі. Страшэнныя там мясьціны: ні яды, ні вады, ледзьве выбраўся, ледзь назад вярнуўся. Бязладна ўзвышаюцца там голыя горы, навакол адзін толькі шэры камень, ніхто там не жыве, няма ні зьвяроў, ні насякомых. Няма там дрэў для гнёздаў, няма ні азёр, ні рэк для вадаплаўных птушак. Пануюць там вечны холад і вечная ноч. На жаль, сябры мае, паўночныя землі для жыцьця непрыдатныя.

    Засумаваў птушыны народ. Усе прыціхлі, задумаліся. І раптам маленькі пранырлівы чырок прамовіў у цішыні:

    — Я не веру беркуту. Я не веру, што на ўсёй вялізнай Поўначы няма чаго есьці. Я не веру, што там стаіць вечная ноч.

    Беркут раззлаваўся і закрычаў:

    — Не табе, маленькая птушачка з маленькім розумам, рот разяўляць! Не верыш — сам зьлятай на далёкую Поўнач! Толькі от назад наўрад ці вернесься...

    Пачало зьмяркацца. Беркут паляцеў у сваё гняздо. Маленькі чырок у прыцемку паляцеў усьлед за ім, прытаіўся побач з яго гняздом і чуйна прыслухаўся. Ён ведаў, што дома беркут скажа праўду. І вось што ён пачуў.

    — Ну, мая сябровачка, — гаварыў беркут жонцы, — нам прываліла вялікая ўдача! Рыхтуйся ў дарогу, дзяцей зьбірай, заўтра і рушым. Ах, якія цудоўныя багатыя землі, аказваецца, ляжаць на Поўначы! Улетку там не горача, лясам канца-краю няма, рэк-азёр не зьлічыць, а ўжо корму-здабычы гэтулькі, што ніхто такога і не сьніў!

    — Значыцца, увесь птушыны народ заўтра выпраўляецца на багатую Поўнач? — спытала жонка беркута.

    — Не, мы паляцім туды адны, — адказаў беркут... Птушынаму народу я сказаў, што тыя мясьціны для жыцьця непрыдатныя. Мы адны паляцім у цудоўны, багаты паўночны край, мы расплодзімся там на незьлічоных кармах, мы будзем уладарамі неабсяжных прастораў!..

    —Ах ты... — не вытрываў чырок, але тут жа закрыў рот.

    — Што гэта! — страпянуўся беркут. Ён так моцна ўздрыгнуў, што гняздо сарвалася і паляцела ўніз.

    Чырок прытаіўся. Беркут яго не заўважыў, было ўжо цёмна. Позна ўночы, калі ўсе паснулі, чырок ціхенька паляцеў дадому. А назаўтра, як толькі ўзышло сонца, ён сабраў усіх птушак на сход.

    — Паслухайце мяне, паважаныя птушкі, — сказаў ён. — Усё, што ўчора вам гаварыў беркут, — няпраўда! Землі на Поўначы багатыя, ёсьць там лясы і лугі, рэкі і азёры. А корму там гэтулькі, што нікому з вас і не сьнілася!

    — Адкуль ты гэта ведаеш? — закрычалі птушкі. — Чаму мы павінны верыць табе, а не пану беркуту?

    — Я сядзеў учора вечарам побач з яго гняздом, — сказаў чырок, — і чуў, што ён гаварыў жонцы. Ёй ён сказаў: “Зьбірайся, заўтра паляцім на Поўнач”. А вас, птушкі, шаноўны беркут падмануў. Я трошкі напалохаў яго, шаноўны беркут уздрыгнуў, гняздо яго сарвалася і ўпала ўніз.

    Птушкі закрычалі:

    — Калі чырок кажа праўду, трэба выбраць другога правадыра, каб ён зьлятаў на Поўнач і не падмануў нас.

    У гэты час павольна і самавіта на сход прыйшоў сам беркут. Птушкі спыталі:

    — Як вам спалася, шаноўны пане?

    — Ох, кепска, — адказаў беркут. — Сярод ночы гняздо маё сарвалася і паляцела ўніз, давялося мне спаць на зямлі.

    Птушкі пераглянуліся. Аказваецца, чырок казаў праўду.

    І тады яны сказалі беркуту так:

    — Шаноўны пане, ты засмуціў нас учарашнім расказам. Засмуціў, але мы не страцілі нашай надзеі. Табе, мусіць, не пашанцавала, ты, мусіць, трапіў у кепскія мясьціны. Мы думаем, што калі ляцець туды, адкуль дзьме халаднаваты вецер, дык можна знайсьці багатую зямлю. Цяпер мы пашлём на Поўнач другую шаноўную птушку, выберам другога правадыра. Ты не будзеш крыўдаваць?

    Што тут гаварыць беркуту? І ён сказаў:

    — Не, не буду.

    Тады сказалі жураўлю:

    — Шаноўны журавель! Цяпер табе мы давяраем стаць нашым правадыром, табе давяраем зьлятаць на Поўнач, пашукаць добрыя землі. Ты станісты і прыгожы, разумны і асьцярожны. Крылы ў цябе вялікія — лятаеш добра, ногі ў цябе доўгія — бегаеш добра. На зямлі ты паясі чарвякоў, а на балоце — жаб. Ляці на Поўнач, шаноўны журавель, прынясі нам добрыя весткі.

    Журавель ганарыста выйшаў наперад і сказаў:

    — Вы правільна зрабілі, птушкі, што выбралі правадыром мяне. Я задаволены. Я палячу.

    І тады наперад выскачыла маленькая качачка. Яна закрычала:

    — Што вы робіце, паважаныя птушкі? Каго вы выбралі? Вы, мабыць, калі выбіраеце правадыра, дык гледзіцё на даўжыню носа? Што вы ў жураўля знайшлі? Доўгія ногі, доўгая шыя і гучны бязглузды крык. Журавель — самая дурная птушка: ні розуму, ні памяці! Каля першага ж балота ён забудзе пра нас, нажарэцца жаб і вернецца!

    Пачуўшы такія словы, журавель рынуўся на качачку і давай дубасіць яе сваёй доўгай моцнай дзюбай. Ён пераламаў бы ёй крылы і ногі і зусім забіў бы, але народ заступіўся. Жураўля адцягнулі. Качачка сказала:

        I гэта называецца: кожны вольны гаварыць на сходзе, што думае... Ажно не, аказваецца, няможна слабаму і слова вымавіць супроць дужага. От, глядзіце, птушкі, якога разумнага і справядлівага важака вы сабе выбралі.

    — Ага, ага, ты няправільна зрабіў, журавель, — загаманілі птушкі. — Не трэба было гэтак гарачыцца, не трэба было ўсчынаць бойку. Качачка гаварыла груба, мы яе пакаралі б. Трэба было б пазбавіць цябе званьня правадыра, ды, на жаль, няма нікога другога, годнага...

    — Як гэта няма годнага? — закрычала качачка. — Вось сядзіць асілак арол. Ён і па імені пан [* Па-якуцку “тайён” азначае і “арол”, і “пан”]. Хто бачыць гэтак далёка? Хто лятае гэтак высока? Хто гэтакі велікадушны, як ён?

    Птушкі сказалі:

    — А і праўду ж кажа маленькая качачка. Ён самы разумны, ён самы лепшы.

    Выбралі арла, папрасілі яго зьлятаць на Поўнач. Ён хутка вярнуўся і сказаў:

    — Землі там багатыя і цудоўныя, лета не гарачае. Ніводнае яйка там не пратухне, ніводнае птушаня не загіне. Усім нам трэба на лета ляцець на Поўнач.

    І птушкі паляцелі на нашы прывольныя паўночныя землі. З таго часу яны прылятаюць да нас кожнае лета. Праўда, журавель не ляціць далёка на поўнач, туды, куды качкі. Беркут прылятае, але хаваецца ў лясах.

    Пераклаў Сяргей Міхальчук

    [С. 143-147, 411.]

 













Brak komentarzy:

Prześlij komentarz