środa, 21 kwietnia 2021

ЎЎЎ Юктукіньня Авача. Камчадалка Аля Сямёнава ды Якутыя. Койданава. "Кальвіна". 2021.



 

    Ала Сямёнава

                                                                             О’кей!

                                                    Маналёг дзейнай асобы кірмашовага часу

    Я адчыню дзьверы ў дваццаць першае стагодзьдзе. У Трэцяе тысячагодзьдзе. Пхну гэтыя дзьверы левым чаравікам. У фірмовым абутку. Сорак чацьвёртага памеру. Зусім нармалёвы памер для майго росту: мэтар восемдзесят сем. Увогуле — фактура зусім ня зганьбіла б вокладку «Плэйбоя» ці яшчэ якога прыстойнага альбо ня вельмі выданьня. Круты хлопец. Супэрмэн. І галава — не качан капусты. У школе я, праўда, з траякоў не вылазіў, паступаў, абляпіўшыся рэпэтытарамі. Юрфак неяк прамахнуў — але: на халеру мне тая юрыспрудэнцыя! На нашай глебе што Шэрляк Холмс, што Эркюль Пуаро даўно шызануліся б! Ня кажучы пра якога Пляваку ці Коні.

    Я ня быў дурнем, адразу скеміў, што да чаго. Пракруціў некалькі апэрацыяў, што той Напалеон. Сёньня — кум каралю. Рахунак за мяжой, у надзейнай краіне. Тут — кручуся, як падпалены. Затое Парыж варты імшы. У прамым і пераносным сэнсе. Дваццаць шэсьць гадоў. Малады, пэрсьпэктыўны, энэргічны. Ёсьць — галоўнае. Ёсьць — грошы. Усё — о’кей! Каго хочаш пераплюну, каго заўгодна — падстаўлю. Я ня Дон Кіхот. Гэты сымпатычны ідальга хай сабе натхняе дзівакоў, калі яны засталіся. Або — фарысеяў, якія ствараюць сабе надзейна-рамантычны імідж. Мне ўсё роўна.

    Між іншым, я мяняю свой цёмны пад’езд і ўтульную бабчыну трох-пакаёўку ў “спальным раёне”, што сёньня пасьпяхова ператвараецца ў “гарлем для белых” (хаця наконт колеру скуры — магчымы варыянты). Дык вось — перамяшчаюся ў хату, дзе код параднага будзе жалезна закадзіраваны, лесьвіца надзейна мытая, а праз сьценку я не пачую, як чвякае мой сусед.

    Чакаю трагароў. Павінны прыехаць праз дзьве гадзіны, грузіць мае прычындалы. Але сантымэнты, як казалі ў старасьвеччыне, не мая стыхія. І не маёй бабкі. Супэрбабкі, скажу вам. Каб сёньня ды яе маладыя гады — ціп-топ мадэлька. Аднак — трымаецца і так. Касмэтыку чалавечых сувязяў разумее, як найлепшы іміджмэйкер. Мой ангельскі — ад яе. Маці падупала пасьля ад’езду бацькі. Той заўсёды любіў фасады, вокладкі, адным словам, абгортку рэчаў, іх вонкавы “прыкід”. Сэнс, зьмест яго не цікавілі. Мая маці таксама, мабыць, прывабіла гэтым. Бабка шастала па замежжы — перакладчыца, — прывозіла сякое-такое шмацьцё. Мая маман у сваім імпартовым візажы сярод саўковых элегантак а ля куцюр’е з індпашыву выглядала зоркай. І хаця бабка набывала транты не ў Дыёра і нават не ў мадам Шанэль, а ў лаўках «ТАЦІ» і «ТЭКСІ» ды ў розных «Сэкэнд хэндах», дачка яе мела добрую фору перад каляжанкамі. Бацька гэта прыкмеціў. Як пазьней не пакінуў без увагі беларусачку з-за акіяну, зусім не беспасажніцу, што бавіла час на радзіме сваіх продкаў.

    Маці тым часам выводзіла ў людзі маладых мастакоў і захлыналася нацыянальнымі ідэямі, гарэла на мітынгах, канфэрэнцыях, розных форумах. Я, зразумела, быў заняты сабой і не заўважыў: ці то матчынай зьнешнасьці не пайшла на карысьць творчая і грамадзкая дзейнасьць, ці то панна з-за акіяну мела калярытны настрой і прывабны выгляд незалежна ад грамадзкага ці палітычнага надвор’я, але бацька паставіў усіх перад фактам. Якраз на той момант, калі матчыны апекаванцы ўжо ня мелі патрэбы ў яе абароне — і замежныя выставы ладзілі, і славу сваю кавалі, і грашмі шамацелі, пахіхікваючы над матчыным альтруістычным наівам. Яе пуцяводныя палітычныя зоркі таксама пачалі мяняць свае арбіты, а на працы прапанавалі зьмену дэкарацыяў. Маці разгубілася.

    Пры гэтым раскладзе выйграў я. Бабка праз нейкі час зразумела, што дачка наўрад ці скарыстае сваю волю на карысьць сабе і зьехала на яе жылплошчу. Я выкіраваўся на кватэру бабкі.

    Трымаю нэйтралітэт. У сямейных трохкутніках, квінтэтах, актаэдрах, розных іншых геамэтрычных варыянтах, якія вымалёўвае пан Гімэнэй, пазыцыя выгадная. Маці мяне шкадуе, бабка спрыяе, бацька падчас візытаў на радзіму прывозіць канвэрты з хрумсткімі паперкамі, а іх ніколі зашмат не бывае. І мне фінансава-кананізаваныя амэрыканскія хлопцы вельмі падабаюцца. І супраць «еўрыкаў» я нічога ня маю. Адно слова — у мяне ўсё о’кей!

    Пачынаюць, праўда, цікавіцца маім прасьперыты мясцовыя амбалы, але я са сваімі былымі і сёньняшнімі хаўрусьнікамі зладаваў зьвяз: ну, ня тое каб адзін за ўсіх, усе за аднаго. Хутчэй: рука руку мые, калі ён будзе жывы, буду жыць і я. Ну, зразумела, каратэ, дзю-до... Чорны пас мне не патрэбны, аднак паказытаць пятою якое падбародзьдзе магу. І пісталет маю.

    Не вытыркаюся. Сяброў не заводжу. Блізкіх, у кожным выпадку. Машыну прыдбаў, іншамарку, сьціплы “опэль”. Ёсьць колы і вочы ня коле. Вось за мяжой... Там можна і хвост распусьціць, калі братоў з СНД паблізу няма або якіх старых ці новых рускіх. Прыстойны гатэль, рэстаран — з мясцовай акрасай...

    Дарэчы, бабчыну хату добра ўмацаваў — магу аблогу трымаць. На новым месцы давядзецца пачынаць спачатку. А бабчын дом — о! — гэта гібрыд калёніі строгага рэжыму, таннага прытону і прытулку для састарэлых. Як толькі грымнула прыватызацыя, тут пачаўся такі рух! Хадзіў міліцыянт з пастарунка, дык кажа: у бабчыным доме крадзяжоў больш, як ва ўсім раёне. Працуе наводка!

    На маім паверсе двое дзецюкоў — некалі іх матку забіў яе амант. Бацька тым часам атабарыўся ў суседнім пад’езьдзе, прыжаніўся, п’янтос: адна зьвіліна ў галаве, і тая выпрасталася без запатрабаваньня. Сынкі ягоныя — адзін, здаецца, мой адналетак, другі гады на два старэйшы — час ад часу трапляюць на скарбовы, дзяржаўны харч. Адзін адседзеў за крадзяжы гады тры, потым у скарбовы дом рушыў другі.

    Абодва браты разам з суседзкім хлопцам Воўкам, што з кватэры літаральна насупраць нашых дзьвярэй, гадаваліся ў інтэрнаце. Матка братоў была яшчэ жывая і здаровая, Воўкава маці Бэлка — таксама, здаравей не бывае. Выправіўшы дзетак у інтэрнат, яны не сумавалі. Гульбішчы былі чуваць на ўвесь мікрараён, кавалеры хадзілі гуртам, а любошчы заканчваліся зьвернутымі сківіцамі і лямантам.

    Да пэўнай пары Бэлка сварылася са сваёй маці, гвалт усчынаўся з самай раніцы. Потым дачка, пакінуўшы сына ад першага шлюбу з маці, зьехала шукаць шчасьце ў Якуцію. Вярнулася адтуль з новым мужам і ўжо досыць падрослым Воўкам.

    Воўка ажаніўся ледзь не ў дзевятым клясе, і яны з жонкай і сваім гадаванцам, як толькі той устаў на ногі, сядзелі дзень пры дні ў калідоры каля сваіх і, зразумела, нашых дзьвярэй, на скрыні для бульбы (падобна, заўсёды пустой). І лузгалі семкі. Раз-пораз учынялі яны тут мікрараённыя асамблеі, на якія сходзіліся падрослыя бэйбусы — сьмецьце пасьля іх сходак прыбіральшчыца не магла данесьці да сьмецьцеправоду.

    Тут мне таксама пашанцавала: да таго часу, як сюды пераехаў я, Бэлка выправілася з усімі нашчадкамі на зямлю абетаваную. Неяк, едучы ў ліфце, пачуў, як дзьве жанчыны, з тых, для каго чужыя справы — найвялікшы інтарэс, гаманілі паміж сабой: Воўкава маці вылечылася паблізу Аравійскай пустыні ад астмы, аднак выхоўвае разам з сынам унука: нявестка адчула там смак волі, спазнала, што рэальныя прасьцягі сьвету куды як больш прывабныя, чымся на сумных мапах у ненавісным інтэрнаце, а, галоўнае, населеныя мноствам мужчынаў, што маюць хэнць і магчымасьць забясьпечыць яе жыцьцёвыя прэтэнзіі на гістарычным атожылку даўжынёю ў адну ноч. З гісторыяй у нявесткі былі яшчэ больш складаныя адносіны, як з геаграфіяй, усе гістарычныя катэгорыі ў яе зьнікалі ў імгненьнях быцьця. Тым часам трэцяя хаўрусьніца Бэлкі пасьля сьмерці адной сяброўкі і ад’езду другой — квітнела і набывала вагу ў прамым і пераносным сэнсе. Самая прыгожая з іх, высокая, мажная, Верка, кінуўшы свайго законнага, балявала з сяброўкамі, потым падхапіла нейкага ўсходняга чалавека з процьмай грошай, а калі той, адседзеўшы тэрмін яшчэ ў савецкія часы, зьнік у напрамку роднага Азэрбайджану і жонак-аднаверак, на яе даляглядах зьявіўся сьціплы службовец. Зьявіўся надоўга. Падгадаваліся паміж гарадзкім матчыным гармідарам і бабчынай вёскай сыны Веркі, што выявілі нечуваныя камэрцыйныя здольнасьці: даляры, марачкі... Верка выкупіла некалькі кватэраў у гмаху маёй бабкі, да пад’езда яна цяпер набліжаецца не інакш, як на “мэрсэдэсе” або “фэрары”, і калі ёй на вочы трапляецца былая настаўніца яе родненькіх двоечнікаў, гружаная цяжкімі ванзэлкамі, Верка паглядае на яе, як заслужаная капланка Вэнэры на дурноту аскезы і інтэлекту. Пра Вэнэру і інтэлект Верка, вядома, ня чула, аднак думка яе, падобна, кіруецца наступным чынам: “Была ты, разумніца, дурніцай, дурніцай і сканаеш!”

    Як сканаў, дарэчы, адзін дзівак — бачыў яго заўсёды здалёк: пацёрханая куртачка, старыя джынсы. Аднак пасьля яго сьмерці высьветлілася, што ў суседнім пад’езьдзе месьціўся ледзь ня геній — хату яго апанавалі тутэйшыя і замежныя пісакі, бегалі, пыталіся, хто што ведаў пра таго мужыка. А пахавалі яго за кошт царквы.

    Усе свае карціны ён таксама адпісаў царкве, праўда, там ня ведалі, што з імі рабіць: абразы і маляваньне на біблейскія тэмы забралі, з астатняга наладзілі выставу — вось тут і пачалося! I грошы, і слава... А кажуць, пры жыцьці не заўсёды меў і на хлеб... Шкада, я ня ведаў. Можа, і набыў бы што — задарма.

    Аднак што мае згрызоты — у вялікай роспачы была цётачка з першага паверху. Тыя ж суседкі-ўсяведкі пра яе гаманілі: мела хобі, усё выходзіла замуж, разоў пяць ці сем. Кожным разам — у белым уборы, з флёр-д’аранжам. Дык вось яна ледзь ня рвала на сабе валасы. А-ёй! Такі жаніх быў пад бокам! Увагу ж да яе меў! Роспач яе трохі зьбіў шлюб дачкі — пайшла ў замужжа ў замежжа.

    Я было ледзь не набыў аўтапартрэт нябожчыка — знайшлі ў хаце яшчэ аднаго небаракі, што зьехаў на хлябы да сястры. Усё хадзіў— зьбіраў недакуркі. Дык вось — я ўхапіў быў той партрэт. Ажно прыгледзеўся да твару мастака — не, глядзець яму ў вочы: звар’яцець. А я прагну жыцьця дзейснага і спакойнага. Па поўнай праграме. На халеру мне гэты інквізытар? Я вазьму ўсё пры жыцьці і пакутаваць ня буду. Не хачу! У мяне ж яшчэ ўсё наперадзе!

    Адно я для сябе ня вырашыў канчаткова, застацца тут ці падацца ў Новы ці Стары, як кажуць, цывілізаваны, сьвет. На сваёй глебе ты — гаспадар. Аднак трэба гэты цалік і ўзараць, і ўлагодзіць, і дагледзець, а калі яшчэ той ураджай! Ды і ці будзе?

    У мяне ўсё распланавана і прадугледжана. Не люблю стыхію. Вырашыў вось зладаваць сабе рэлаксэйшн, не якое-небудзь там рэкламнае Фу-фу; Кіпр ці Турцыя. Паехаў у Скандынавію, Гішпанію і наастатак у Дойчланд. Дык у тым Дойчландзе мяне так прыхапіла: якое там вандраваньне па Гарцы, замест казкі — пярун, паводка і гэтак далей.

    Ледзь са сваёй Шэнгенскай візай у Бэль Франс выбраўся. Парыж як Парыж, Луара як Луара, аблазіў усе д’Амбруазы, Во-ле-Віконты, быў і ў Камп’енскім палацы, і ў знакамітым парку Шанційі... Дэгуставаў савіньёны, шаблі, лафіты, совэтэры, монсэгуры... Спрабаваў вуст­рыц... Шкадаваў, што ў маёй Шэнгенскай візе пазначана: бяз права набыцьця нерухомай маёмасьці. Набыў бы шале. Менавіта шале: добрую хату на пленэры, а не шато — палац. Безумоўна, прыемна, калі табе ў талерку зазірае чарада стагоддзяў, аднак клопату не абярэшся... Вунь нават Жан Марэ ў сваю пару загнаў свой замак...

    Ну, а пакуль што я тут. У сваёй краіне. Пераязджаю ў цэнтр. У прэстыжны раён. Кватэра — ня горш, як дзе-небудзь у Сэн-Жэрмэн... Ну, амаль што... Гуд бай, гарлем! Гуд бай, настаўнічкі! Гуд бай, нішчымная галястра! Гуд бай, крымінальнікі-суседзі! Гуд бай! Я шыбую ў трэцяе тысячагоддзе!

    Вунь і трагары пад’язджаюць! Бягу!

    О’кей!

    Ліпень 2000 г.

    /Дзеяслоў. Менск. №1 (14). 2005. С. 127-131/
 

    Альбіна /Ала/ Іванаўна Сямёнава – нар. 9 жніўня 1938 г. у сяле Бальшарэцкае Бальшарэцкага раёну Камчацкай вобласьці ў сям’і юрыстаў, якія ў 30-я гады па камсамольскіх пуцёўках паехалі на Чукотку ды Камчатку. Затым бацьку перавялі ва Ўладзівасток, пазьней ў Хабараўск.

    У 1944 г. сям’я Сямёнавых пераехала ў Беларусь. Жылі ў Вілейцы ды Наваградку, дзе ў 1955 г. Альбіна скончыла сярэднюю школу і пасьля заканчэньня філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту у 1960 г. працавала рэдактарам ды старшым рэдактарам выдавецтва “Навука і тэхніка”.

    У 1968-1972 гг. яна літсупрацоўнік у прэс-бюлетэні “Служба быту Беларусі”, у 1972-1986 гг. рэдактар, старшы рэдактар рэдакцыі крытыкі, літаратуразнаўства ды драматургіі выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Ад 1986 г. літсупрацоўнік, з 1987 г. рэдактар аддзелу мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі часопісу “Нёман”. Сябра СП СССР ад 1982 г., потым Саюза беларускіх пісьменьнікаў.

    Узнагароджаная мэдалём.

    З рэцэнзіямі, літаратурна-крытычнымі артыкуламі і эсэ выступае ад 1966 г. Аўтар кніг “Гарачы сьлед таленту” (1979), “Слова сапраўднага лад” (1986). У апавяданьне “О’кей” ёсьць і прыпамінаньне Якутыі.

    Літаратура:

*    Савік Л. С.  Сямёнава Ала. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 5. Мінск. 1995. С. 476-477.
*    Козіч В. І.  Сямёнава Ала. Бібліяграфія. // Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік ў 6 тамах. Т. 5. Мінск. 1995. С. 477.

*    Спрынчан А. В.  Сямёнава Ала. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 15. Мінск. 2002. С. 345.

    Юктукіньня Авача,
    Койданава

 








 

Brak komentarzy:

Prześlij komentarz