czwartek, 8 kwietnia 2021

ЎЎЎ О. Гэнры. Выкуп за Правадыра Чырванаскурых. Койданава. "Кальвіна". 2021.

 

    О. Гэнры

                                        ВЫКУП ЗА ПРАВАДЫРА ЧЫРВАНАСКУРЫХ

    Так, гэта выглядала на добрую справу, але пачакайце, я вам усё распавяду.

    Я ды Біл Дрыскал былі ў той час на Поўдні, у Алябаме, калі нас асяніла ідэя аб выкраданьні дзяцей. Гэта адбылося, як выказваўся потым Біл, “у момант часовай страты розуму”, але мы здагадаліся пра тое надта запозна.

    Ёсьць там адно мястэчка, пляскатае нібы аладка, але назоў, зразумела ж, мае – Вершаліна. Насяляе яго гэткае цёмнае і самазадаволенае мужыччо, якому да твару толькі і скакаць вакол Майскага Дрэва.

    Я ды Біл мелі супольны капітал каля шасьцісот даляраў, але нам патрабавалася яшчэ роўна дзьве тысячы даляраў, каб зьдзейсьніць махлярскія спэкуляцыі з гарадзкімі зямельнымі ўчасткамі ў Заходнім Ілінойсе. Аб гэтым мы мазгавалі на прыступках цэнтральнага ўваходу ў гатэль. Дзеталюбзтва, разважалі мы, яшчэ моцна трывае ў паўвясковай грамадзе, таму, а таксама і па іншых прычынах, дзетакрадзтва трэба ажыцьцяўляць тут, чым ў радыюсе дзеяньня газэт, якія адразу дасылаюць пераапранутых рэпарцёраў, а тыя паўсюдна выклікаюць цікаўнасьць і размовы пра падобныя справы. Мы ведалі, што Вершаліна ня зможа даслаць нам у сьлед нічога пагрозьлівага, акрамя канстэбляў ды, магчыма, некалькіх абыякавых выжлаў ці дыятрыбу, а мо’ і дзьве ў “Штотыднёвым Бюджэце Хвермера”. Так, усё выглядала цудоўна.

    Мы абралі сваёй ахвярай адзінае дзіцё знанага местачкоўца па імю Эбенэзер Дарсэт. Татуля быў рэспэктабэльны ды скнарны, тайны ліхвяр-аматар, а на людзях – сумленны кантралёр царкоўнай ахвярнай талеркі. Дзіцянё было хлопчыкам гадоў дзесяці з барэльефам вяснушак і валасамі колеру вокладкі часопіса, які вы купляеце, калі сьпяшаецеся на цягнік. Мы вырашылі, што Эбенэзер адразу растане і вылажыць выкуп роўна дзьве тысячы даляраў, ані цэнтам менш. Але пачакайце, я вам усё распавяду падрабязна.

    У дзьвюх мілях ад Вершаліны ёсьць невялічкая гара, парослая кедрачом. На тыльным схіле гары знаходзіцца пячора. У ёй мы і загатавалі правіянт.

    Аднойчы вечарам, пасьля заходу сонца, мы пад’ехалі на кабрыялеце да хаты старога Дарсэта. Хлапчук быў на вуліцы і кідаў каменьнем ў кацянё, якое сядзела на супрацьлеглым плоце.

    - Гэй малы! – гукнуў Біл. – Хочаш атрымаць пакецік ледзянцоў і ўдосталь накатацца?

    Хлапчанё спрытна заляпіў Білу ў вока кавалкам цэглы.

    - Гэта будзе каштаваць старому Дарсэту лішніх пяцьсот даляраў, - прамовіў Біл, пералазячы цераз кола.

    Хлапчук біўся як буры мядзьведзь другой паўсярэдняй вагі, але ўрэшце мы ўпіхнулі яго на дно кабрыялету і паімчалі прэч.

    Мы прыцягнулі яго ў пячору, а каня прывязалі ў кедроўніку. З надыходам цемнаты, я адагнаў кабрыялет у вёску, якая знаходзілася ў трох мілях ад нас, дзе мы яго наймалі, і пешкі вярнуўся да гары.

    Гляджу, Біл заклейвае ліпкім плястырам драпіны і крывяпадцёкі на сваім твары. За вялікім каменем, ля ўваходу ў пячору, гарыць вогнішча. Хлапчанё з двума хваставымі канюкавымі пёрамі, ўторкнутымі ў рыжыя валасы, наглядае за кацялком з кіпячай кавай. Калі я падышоў ён нацэліў на мяне кол і прамовіў:

    - Га, пракляты бледнатвары, як ты адважыўся прыйсьці ў лягер Правадыра Чырванаскурых – пагрозы раўнін?

    - Ён зараз ужо супакоіўся, - сказаў Біл, падкасваючы штаны і вывучаючы сінякі на сваіх галёнках. – Мы гуляем ў індзейцаў. У параўнаньні з намі цырк Буфала Біла – гэта проста краявіды Палестыны, якія паказваюць у ратушы чароўным ліхтаром. Я Трапэр – Стары Хэнк, палонны Правадыра Чырванаскурых, і на сьвітаньні з мяне будзе зьняты скальп. Сапраўдны Гераніма! І здароў жа брыкацца гэты малы.

    Так, спадар, здаецца хлапчук не дарэмна марнаваў час. Дурэць ў лягеры і спаць у пячоры яму гэтак спадабалася што ён адразу забыўся што ён наш палонны. Хлапчук неадкладна ахрысьціў мяне: Віж – Зьмяінае Вока, і абвясьціў, што калі ягоныя адважныя воіны вярнуцца з ваеннай сьцежкі, я буду спалены на вогнішчы як толькі ўзыдзе сонца.

    Потым мы селі вячэраць і ён напхаўшы поўны рот вэнджанай сьвіной грудзінкай і хлебам з падліўкай, пачаў балбатаць. Ягоная прамова на працягу вячэры зводзілася да наступнага:

    - Мне тут вельмі падабаецца. Я ніколі яшчэ не жыў у лягеры, але ў мяне аднойчы быў ручны апасум. А ў апошні дзень народзінаў мне споўнілася дзевяць гадоў. Я ненавіджу хадзіць у школу. Пацукі зжэрлі шаснаццаць яек з-пад рабой курыцы цёткі Джымі Талбата. А ці ёсьць у гэтым лесе сапраўдныя індзейцы? Я хачу яшчэ трошачкі падліўкі. А што, вецер дзьме таму што дрэвы гойдаюцца? У нас было аж пяць шчанюкоў! Хэнк, чаму твой нос такі чырвоны? У майго бацькі безьліч грошаў. А зоркі гарачыя? Я двойчы ў суботу адлупцаваў Эда Вокера. Не люблю дзяўчынак. Вам не злавіць зашмат жабаў без дапамогі вяроўкі. Быкі ж таксама мычаць? Чаму апэльсіны круглыя? А ложкі ў вас у пячоры ёсьць? Эймас Мэрэй – шасьціпальцы. Папугай умее размаўляць, а малпа і рыба не. Тузін – гэта колькі азначае?

    Кожную хвіліну хлапчук успамінаў, што ён крыважэрны чырванаскуры, і схапіўшы кол, які замяняў яму стрэльбу, на дыбачках краўся да ўваходу ў пячору высочваць лазутчыкаў ненавісных бледнатварых. Час ад часу ён выкрыкваў ваенны покліч, які кідаў Трапэра – Старога Хэнка ў дрыжыкі. Гэты хлапчук запужаў Біла ад самага пачатку.

    - Правадыр Чырванаскурых, - пытаюся я ў яго , - ці ня хочацца табе дамоў?

    - Наадварот, - адказаў ён. – Мне вельмі нудна дама. Там я хаджу ў школу. Мне падабаецца ў лягеры. Ты ж не адправіш мяне дамоў, Зьмяінае Вока?

    - Зараз не, - адказаў я. – Мы яшчэ пакінем цябе ненадоўга ў лягеры.

    - Добра, - кажа ён. – Гэта вельмі здорава. Мне ніколі ў жыцьці не было гэтак весела.

    Мы ляглі спаць а адзінаццатай гадзіне. Разаслалі некалькі шырокіх шарсьцяных і фастрыгаваных коўдраў ды паклалі Правадыра Чырванаскурых паміж намі. І мы зусім не баяліся на ягоныя ўцёкі. Ён не даваў нам спаць каля трох гадзін, бо ўсё ўскокваў і, схапіўшы сваю стрэльбу, віскліва крычаў мне, або Білу, на вуха: “Тсс! Прыяцель”. Ягонаму юнаму ўяўленьню ў трэску галінак і шолаху лістоты бачылася хэўра рабаўнікоў, якая скрытна падкрадалася да пячоры. Потым я ўпаў у трывожны сон і сьніў, як мяне скраў і прыкаваў ланцугом да дрэва люты пірат з чырвонымі валасамі.

    Пасярод ночы я быў разбуджаны сэрыяй жахлівага пранізьлівага гарланьня Біла. Яны не былі падобныя на рык, лямант або роў, які можна было чакаць ад мужчынскага набору ворганаў мовы. Яны былі проста непрыстойныя і выклікалі жах. Гэта быў такі зьняважлівы і пранізьлівы лямант, які выдаюць жанчыны, калі бачаць здань або вусеня. Гэта ж жахліва чуць у пячоры, сярод ночы, пранізьлівы лямант ад дужага, адважнага тоўстага мужчыны.

    Я падхапіўся каб паглядзець, што гэта адбываецца. Правадыр Чырванаскурых сядзеў на грудзях ў Біла, трымаючы адной рукой скручаныя ягоныя валасы. Другой жа рукой ён трымаў вялікі гойстры кухарскі нож, якім мы наразалі вяндліну, і старана ды недвухсэнсава зьбіраўся зьняць Білаў скальп, адпаведна прыгавору вынесенаму ўвечары.

    Я адабраў нож у хлапчука і паклаў яго зноў. Але з гэтага моманту Білаў дух быў зламаны. Ён лёг на сваю палову пасьцелі, але больш ані разу ўжо не змог заплюшчыць вачэй ва сьне за ўвесь гэты працяглы пэрыяд, пакуль малы быў з намі. Я быў задрамаў на нейкі час, але бліжэй да ўсходу сонца ўспомніў, што Правадыр Чырванаскурых абяцаў мне, што на сьвітаньні я буду спалены жыўцом на вогнішчы. Я не быў нэрвовым або баязьліўцам, але ўзьняўся, запаліў сваю люльку ды прыхіліўся да скалы.

    - Чаму ты падхапіўся гэтак зарана, Сэм? – запытаў мяне Біл.

    - Я? – адказваю. – Ды, штосьці мне баліць плячо. Думаю пасяджу трошкі, мо’ сьціхне.

    - Ты ілжэш, – кажа Біл. – Ты баісься. Ён жа хацеў на сьвітаньні спаліць цябе і ты спалохаўся, што ён гэтак і зробіць. І ён спаліў бы, калі б змог знайсьці запалкі. Гэта ж жахліва, Сэм? І ты лічыш, што хтосьці аддасьць грошы, каб вярнуць дамоў гэтае маленькае чарцянё.

    - Вядома, адказваю я. – Вось як раз хуліганаў бацькі і любяць да вар’яцтва. А зараз вы з Правадыром Чырванаскурых уздымайцеся і гатуйце сьнеданьне, а я, пакуль што, паднімуся на вяршыню гары і правяду рэкагнасцыроўку.

    Я ўзабраўся на макушку маленькае гары і акінуў вокам акаляючае навакольле. З боку Вершаліны я чакаў убачыць дужых хвэрмэраў, ўзброеных касамі і віламі, што драсавалі мясцовасьць у пошуках подлых выкрадальнікаў дзяцей. Але я ўбачыў мірны краявід, дзе толькі адзін чалавек араў на мышастым муле. Ніхто невадам не цягаў па рачулцы, пасыльныя не гойсалі туды і сюды, каб паведамляць сьвежыя весткі звар’яцелым ад гора бацькам. Ад гэтай сельскай мясцовасьці Алябамы ў 640 акраў, якая разьлеглася перад маімі вачыма павявала ціхамірнай санлівасьцю. “Магчыма, - сказаў я сабе, - яшчэ дагэтуль не заўважылі, што ваўкі зьнесьлі ягнё з аўчарні”. “Божа дапамажы ваўкам”, - прамовіў я і спусьціўся з гары сьнедаць.

    Калі я падышоў да пячоры, дык убачыў Біла, які цяжка дыхаў прытуліўшыся да сьцяны, а хлапчук пагражаў кінуць з размаху ў яго каменем, з палову вялікага какосавага гарэху.

    - Ён засунуў мне за каўнер гарачую вараную бульбіну, - патлумачыў Біл, - а потым раструшчыў яе нагою, а я накруціў яму вушы. Ці стрэльба ў цябе з сабой, Сэм?

    Я адабраў камень у хлапчука і сяк-так улагодзіў непаразуменьне.

    - Я да цябе яшчэ дабяруся, - адказаў хлапчук Білу. – Яшчэ ні адзін чалавек не ўдарыў Правадыра Чырванаскурых не паплаціўшыся за гэта. Так што лепей сьцеражыся!

    Пасьля сьнеданьня малы дастаў з кішэні кавалак скуры, з намотаным на яе матузом, і пайшоў з пячоры, размотваючы яго на хаду.

    - Што гэта ён ізноў прыдумаў? – трывожна пытаецца Біл. – Ты ж не думаеш, што ён зьбяжыць ад нас, Сэм?

    - Ня бойся гэтага, - адказаў я. Ён здаецца не вельмі вялікі дамасед. Але мы павінны прыдумаць які-небудзь плян наконт выкупу. Не чуваць каб мястэчка было ўзбуджанае ягоным зьнікненьнем, але магчыма яно да гэтага часу не ведае аб прапажы. Ягоныя сваякі мабыць лічаць, што ён застаўся нанач у цёткі Джэйн, ці ў аднаго з суседзяў. Ва ўсялякім выпадку ягонае зьнікненьне павінны выявіць сёньня. Да ночы мы пашлём ліст ягонаму татачку з патрабаваньнем дзе тысячы даляраў за ягоны зварот.

    Як раз у гэты момант мы пачулі штосьці накшталт баявога поклічу, які, мабыць, выдаваў Давід, калі накаўтаваў чэмпіёна Галіяфа. Гэта аказваецца Правадыр Чырванаскурых выцягнуў прашчу са сваёй кішэні і зараз круціў яе над галавой.

    Я, ухіліўшыся, пачуў цяжкі глухі стук і нейкі ўздых з боку Біла, які паходзіў на ўздых каня, калі з яго здымаюць сядло. Чорны камень, памерам з яйка, стукнуў Біла як раз за левым вухам. Ён адразу ўвесь абмяк і паваліўся ўпоперак вогнішча, на рондаль з кіпенем для мыцьця посуду. Я выцягнуў яго з агменю і паўгадзіны паліваў яму галаву халоднай вадой.

    Неўзабаве Біл апрытомнеў, пачухаў за вухам, і прамовіў:

    - Сэм, ты ведаеш, хто мой любімы біблейскі герой?

    - Пачакай, - кажу я. – Ты хутка прыйдзеш да прытомнасьці.

    - Цар Ірад, - адказаў ён. – Ты ж не сыдзеш і не кінеш мяне аднаго, Сэм?

    Я выйшаў, злавіў хлапчанё і затрос яго гэтак, што задрынкалі ягоныя вяснушкі.

    - Калі ты ня будзеш паводзіць сябе добра, - сказаў я, - я цябе неадкладна адашлю дахаты. Ну, будзеш слухацца ці не?

    - Я ж толькі пажартаваў, - адказаў ён надзьмуўшыся. – Я не хацеў пакрыўдзіць Старога Хэнка. А завошта ён ударыў мяне? Я буду слухацца, Зьмяінае Вока, толькі ты не адпраўляй мяне дахаты і дазволь сёньня гуляць у разьведчыкаў.

    - Я гэткай гульні ня ведаю, - адказаў я. – Ты гэта ўжо са спадаром Білам вырашай. Ён сёньня будзе гуляць з табой. Я зараз сыходжу па справах. Ну, ідзі і памірыся з ім, і папрасі прабачэньня за тое, што ўдарыў яго, а не тое я зараз жа адпраўлю цябе дахаты.

    Я прымусіў яго і Біла паціснуць рукі. Потым я адвёў Біла ў бок і сказаў яму, што пайду ў Таполевую Крону, невялікую вёсачку ў трох мілях ад пячоры, і паспрабую даведацца, як глядзяць у Вершаліне на крадзеж дзіцяці. Таксама я думаю, што лепей сёньня жа адаслаць пагражальны ліст старому Дарсэту, з патрабаваньнем выкупу, і дзе патлумачым, як яго трэба сплаціць.

    - Ты ведаеш, Сэм, - прамовіў Біл, - я заўсёды гатовы пастаяць за цябе не міргнуўшы вокам пад час землятрусу, пажару і патопу, гульні ў покер, дынамітных выбухаў, паліцэйскіх аблаў, аграбленьняў цягнікоў і цыклёнаў. У мяне ніколі не здавалі нэрвы, пакуль мы не скралі дзіцянё, гэтую двухногую сыгнальную ракету. Ён мяне даканаў. Ты не пакідай мяне надоўга з ім, вяртайся хутчэй, Сэм?

    - Я вярнуся да вечара, паабяцаў я. – Ты павінен забаўляць і супакойваць хлопчыка да той пары, пакуль я не прыйду. А зараз мы напішам ліст старому Дарсэту.

    Мы ўзялі паперу і аловак ды пачалі пісаць ліст. А ў гэты час Правадыр Чырванаскурых, захутаны ў шарсьцяную коўдру, з напышлівым выглядам, хадзіў узад і ўперад, ахоўваючы ўваход у пячору. Біл сьлёзна прасіў мяне прызначыць выкуп паўтары тысячы даляраў замест дзьвюх.

    - Я не хачу, - прамовіў ён, - ганіць праслаўленую з маральнага пункту гледжаньня бацькоўскую любоў, але ж мы маем справу з людзьмі, а які ж чалавек аддасьць дзьве тысячы даляраў за гэтую рабаціністую кошку. Я згодзен рызыкнуць толькі на паўтары тысячы даляраў. Ты можаш розьніцу аднесьці на мой рахунак.

    Каб супакоіць Біла я згадзіўся і мы напісалі ліст, які выглядаў гэтак:

    “Эбенэзеру Дарсэту, эсквайру.

    Мы скралі вашага сына і схавалі ў надзейным месцы, далёка ад мястэчка. Яго не змогуць знайсьці ані вы, ані самыя спрытныя сышчыкі. Канчатковыя і адзіныя ўмовы, на якіх вы зможаце атрымаць яго назад, наступныя: мы патрабуем паўтары тысячы даляраў ў буйных банкнотах за ягонае вяртаньне; грошы трэба пакінуць апоўначы ў тым жа месцы і ў той жа кардонцы, што і ваш адказ – дзе напішам ніжэй. Калі вы згодны на нашы ўмовы, то дашліце ваш адказ у пісьмовым выглядзе з адным пасыльным а палове дзевятай вечара. За бродам праз Савіны ручай, ля дарогі да Таполевага Гаю, растуць тры вялікіх дрэва. У сотні ярдаў, з правага боку, будзе агароджанае поле. Пад слупком агароджы, насупраць трэцяга дрэва, схавана кардонка.

    Пасланец павінен пакласьці адказ ў гэтую кардонку і неадкладна вярнуцца ў мястэчка.

    Калі вы паспрабуеце паведаміць паліцыі, або не выканаць нашага патрабаваньня, то мы заяўляем, што вы ужо болей ніколі не ўбачыце вашага малога.

    Калі вы выплаціце грошы, як дамовіліся, ён будзе вернуты вам цэлы і здаровы на працягу трох гадзін . Гэтыя ўмовы канчатковыя і калі вы не згодныя на іх, далейшыя зносіны будуць спынены.

                                                                                Два нягоднікі”.

    Я напісаў адрас Дарсэта і паклаў ліст у кішэню. Я быў ужо гатовы ісьці, калі хлапчук падышоў да мяне і кажа:

    - Зьмяінае Вока, ты казаў, што я буду гуляць у разьведчыкаў, пакуль цябе не будзе.

    - Гуляй, вядома. – адказаў я. – Вось спадар Біл будзе гуляць з табой. А што гэта за гульня такая?

    - Я Разьведчык, кажа Правадыр Чырванаскурых, - і я павінен імчацца ў форт, каб папярэдзіць пасяленцаў, што ідуць індзейцы. Мне надакучыла самаму гуляць у індзейцаў. Я жадаю быць Разьведчыкам.

    - Добра, - адказаў я. – Гэта, па-мойму, цудоўная бясшкодная гульня. Я зараз сыходжу, а спадар Біл дапаможа табе адбіць напад лютых дзікуноў.

    - А што мне трэба рабіць! – пытаецца Біл, з падазронасьцю гледзячы на хлапчука.

    - Ты будзеш канём, - кажа Разьведчык. – Станавіся на карачкі, а то як жа я даімчуся да форта без каня?

    - Ты ўжо лепш працягвай займаць яго, - кажу я, - пакуль наш плян не зьдзейсьніцца. Падурэй трошкі.

    Біл апусьціўся на карачкі і ў ягоных вачах з’явіўся выгляд, які бывае ў труса, калі ён трапляе ў пастку.

    Ці далёка да форту, малы? – спытаў ён хрыплым голасам.

    - Дзевяноста міль, - адказаў Разьведчык. – І ты павінен пасьпяшацца, каб патрапіць у час. Тпру, зараз!

    Разьведчык ускочыў Білу на сьпіну і ўсадзіў яму ў бакі свае пяткі.

    - Богам прашу, - прастагнаў Біл, - вяртайся як мага хутчэй, Сэм! Я шкадую, што мы не прызначылі выкуп у адну тысячу. Слухай, ты, перастань брыкаць мяне, а не тое я зараз устану і ўсыплю як мае быць.

    Я адправіўся ў Таполевую Крону. Там я пабываў у розных мясьцінах. Быў на пошце і ў краме. Паразмаўляў з мужыччом, якое папрыходзіла за пакупкамі. Адзін барадач сказаў, што ён чуў, быццам бы ўся Вершаліна ўстрывожаная тым, што ў царкоўнага зборшчыка Эбенэзера Дарсэта прапаў, або скрадзены, сын. Вось гэтае я і жадаў вывіжаваць. Я купіў тытуню і, даведаўшыся мімаходзь аб цэнах на гарох, потайкі апусьціў ліст у паштовую скрынку, ды сышоў. Паштмайстар сказаў, што паштальён прыбудзе праз гадзіну і возьме местачковую пошту.

    Калі я вярнуўся да пячоры. Біла і хлапчука нідзе не было бачна. Я пашукаў паблізу пячоры, нават рызыкнуў прасьпяваць ёдлем, але ніхто не адгукнуўся.

    Я запаліў люльку і сеў на заімшэлы схіл, чакаючы далейшых падзей.

    Праз паўгадзіны я пачуў як зашалясьцеў хмызьняк і адтуль выкаціўся Біл на маленькую палянку перад пячорай. За ім краўся хлапчук, ступаючы бясшумна, як разьведчык. Біл спыніўся, зьняў капялюш і выцер твар чырвонай насоўкай. Хлапчук спыніўся за восем футаў ззаду ад яго.

    - Сэм, - прамовіў Біл, - думаю, што ты палічыш мяне здраднікам, але я ня змог болей трываць. Я дарослы мужны чалавек, здольны да самаабароны, але настае час, калі ўся сыстэма ганарлівасьці і самавалоданьня выходзіць са строю. Хлапчук сышоў. Я прагнаў яго дахаты. Усё скончана. Бывалі пакутнікі даўней, - працягваў Біл, - якія лічылі за лепшае памерці, чым кінуць улюбёную прафэсію, якая прыносіць задавальненьне. Але ніхто з іх ніколі ў жыцьці не зьведваў гэткія звышнатуральныя катаваньні, як я. Я выпрабаваны на вернасьць свайму грабежніцкаму статуту, але цярплівасьць скончылася.

    - Што здарылася Біл? – спытаў я.

    - Я праскакаў, - адказаў Біл, - дзевяноста міль да форту, ані цаляй менш. Потым, калі пасяленцы былі выратаваны, мне далі аўсу, але пясок ня вельмі смачная яму замена. А затым, я цэлую гадзіну спрабаваў яму патлумачыць, чаму дарога ідзе ў абодва бакі ды чаму трава зялёная. І тут, кажу табе Сэм, чалавечай мяжы трываласьці надышоў канец. Я схапіў хлапчука за каўнер і звалок яго з гары. Па дарозе ён брыкаўся. Мае ногі да калень усе ў сіняках і я павінен прыпячы два, або тры, укусы на вялікім пальцы і руцэ.

    - Але ён сышоў, - працягваў Біл, - пайшоў дахаты. Я паказаў яму дарогу ў мястэчка ды падкінуў яго высьпяткам футаў на восем уперад. Я шкадую, што мы губляем выкуп, але, або гэта, або Біл Дрыскал адправіцца ў вар’яцкі дом.

    Біл сапе і пыхкае, але ягоны ярка-ружовы твар адлюстроўвае невыказны спакой і ўзрастаючае задавальненьне.

    - Біл, - прамовіў я, - у вашай сям’і не было сардэчных хвароб?

    - Не, - адказаў Біл, - нічога хранічнага, акрамя малярыі ды няшчасных выпадкаў. А што?

    - Тады ты можаш абярнуцца, - прамовіў я, - і паглядзець у сябе за сьпінай.

    Біл паварочваецца і, убачыўшы хлапчука, адразу страчвае колер твару ды падае на зямлю і пачынае бяссэнсава хапацца за траву і дробныя галінкі. Амаль цэлую гадзіну я апасаўся за ягоны розум. Потым я сказаў яму, што мы пасьпеем атрымаць выкуп і змыцца яшчэ да поўначы, калі стары Дарсэт згадзіцца на нашы прапановы. Так што Біл трохі падбадзёрыўся, нават праз сілу ўсьміхнуўся дзіцяці і паабяцаў яму згуляць рускіх у японскай вайне, як толькі яму зробіцца трохі лепш.

    Я прыдумаў як атрымаць выкуп без усялякай рызыкі быць захопленым супрацьлеглым бокам і мой плян адобрыў бы кожны прафэсіянальны выкрадальнік дзяцей. Дрэва, насупроць слупка, пад які павінны былі пакласьці адказ, а пазьней і грошы, знаходзіліся зьлева ад дарогі, недалёка ад агароджы. Да дрэва са ўсіх бакоў падступалі адны палі, і калі б зграя канстэбляў падпільноўвала мяне тут, яна б змагла мяне ўбачыць здалёк, сярод поля, ці на дарозе. Нічога падобнага! А палове дзевятай я ўжо сядзеў на гэтым дрэве, схаваўшыся ня горш за драўняную жабу, і чакаў, калі з’явіцца пасланец. Дакладна ў час хлопчык-падлетак прыехаў на ровары, знайшоў кардонку пад слупком, паклаў у яе складзены кавалак паперы і паехаў назад, у напрамку мястэчка.

    Я пачакаў гадзіну і толькі тады прыйшоў да высновы, што ўсё сумленна, без падману. Я зьлез з дрэва, дастаў пісульку, пракраўся ўдоўж агароджы да самага лесу і, праз паўгадзіны быў ля пячоры. Там я разгарнуў запіску, сеў бліжэй да ліхтара і пасаў чытаць Білу

    Яна была напісана атрамантам раздражнёнай рукой, і сутнасьць яе зьмяншалася ў наступным:

    “Дзьвюм нягоднікам!

    Джэнтэльмэны! Я атрымаў сёньняшняй поштай ваш ліст наконт выкупу, які я павінен буду заплаціць за вяртаньне мне сына. Думаю, што вы трошкі завысілі свае патрабаваньні і я зараз раблю вам контрпрапанову, якую схільны меркаваць, вы прымеце. Вы прыводзіце Джоні дамоў і плаціце мне дзьвесьце пяцьдзесят даляраў, наяўнымі, а я згаджуся ўзяць яго ў вас. Вы прыходзіце ноччу, бо суседзі думаюць, што ён згінуў назаўсёды і я не адказваю, што яны зробяць з тымі, хто прывядзе яго дахаты.

    З найвялікшай павагай

                                             Збенэзер Дарсэт”.

    - “Вялікія піраты Пэнзайнса!” – усклікнуў я . – Якое нахабства...

    Але я паглядзеў на Біла і змоўк. Я заўважыў у ягоных вачах умольны выраз, які я ніколі не бачыў ні ў бязмоўных, ні ў гаворкіх стварэньняў.

    - Сэм, - прамовіў ён, - што нарэшце такое дзьвесьце пяцьдзесят даляраў! У нас ёсьць грошы. Яшчэ адна ноч з гэтым дзіцянём і мяне можна адпраўляць ў Бэдлам. Апрача гэтага Эбенэзер Дарсэт ня толькі сапраўдны джэнтэльмэн, я думаю, што ён яшчэ і марнатраўца, раз робіць гэткую велікадушную прапанову. Ты ж не зьбіраесься губляць гэткі шанц, га?

    - Сказаць табе праўду, Біл, - кажу я, - гэты наш маленькі скарб зьлёгку дзейнічае мне таксама на нэрвы. Мы адвядзём яго дахаты, заплацім выкуп, а самі змыемся.

    Той жа ноччу мы павялі хлапца дахаты. Мы сказалі, што ягоны тата купіў яму стрэльбу з пасярэбранай насечкай, пару макасінаў, і што заўтра мы пойдзем з ім паляваць на мядзьведзя.

    Гэта было роўна дванаццаць гадзінаў ночы, калі мы пагрукалі ў дзьверы Дарсэта. У той жа момант, калі я павінен быў вымаць паўтары тысячы даляраў з кардонкі пад слупком, Біл адлічваў дзьвесьце пяцьдзесят даляраў у руку Дарсэту.

    Калі малы зразумеў, што мы сыходзім, а яго пакідаем у хаце, ён пачаў выць быццам каліёпа, і ў чапіўся Білу ў нагу, нібыта п’яўка. Ягоны бацька аддзіраў яго ад нагі ўсё адно, як ліпучы плястыр.

    - Як доўга вы зможаце трымаць яго, - запытаў Біл.

    - Я ўжо ня вельмі дужы, якім быў раней, - адказаў стары Дарсэт, - але я думаю, што змагу паручыцца хвілінаў на дзесяць.

    - Хопіць, – кажа Біл. – За дзесяць хвілінаў я змагу перасячы Цэнтральныя, Паўднёвыя і Сярэднезаходнія штаты, і лёгка дабегчы да Канадыйскай мяжы

    І, хоць была цёмная ноч, а Біл вельмі тлустым, я дагнаў яго толькі праз добрую мілю, ці паўтары, ад Вершаліны.

                                                                          ********

 

 

    Жыхар канадыйскага места Ашава Сяргей Уласенка /Власенко/, які паходзіў з хутара “паміж Кіевам і Палтавай, у дапамогу з ангельскай перакладаў так:

 

 







Brak komentarzy:

Prześlij komentarz