czwartek, 1 lutego 2024

ЎЎЎ 14. Ляліта Міцяўская-Жлёб. Ураджэнка Магілёўшчыны Лідзія Язерская ў Якуцку. Сш. 14. Койданава. "Кальвіна". 2024.















 

                                                                    Пакутнікі і героі

                                                                           Прадмова

    ....Жыцьцё абаяльнай магілеўчанкі Лідзіі Язерскай — захапляючы сюжэт для рамана. Скончыла мінскую гімназію, вучылася ў Пецярбургу, судзілася ў Маскве. А яе ўчынак у Магілёве! Лідзія бачыла дзікія стэпы Забайкальля, нацярпелася ў якуцкай ссылцы, дзе сустракалася з літаратарам Мікалаем Афанасьевым, вучнем У. караленкі. За год да рэвалюцыі памерла яна ў Якуцку, пахавалі яе на ўзьбярэжжы Лены..

    [С. 4-5.]

                                                 ВЫСАКАРОДНАСЬЦЬ НЕ ЎРАТАВАЛА

    Пачатак XX стагодзьдзя быў трывожны, безнадзейны. У студзені 1905 года царызм пачаў крывавую бойню ў Маскве. Здаецца, ні адзін год у расійскай гісторыі не нараджаў столькі спадзяваньняў, энтузіязму, народнай творчасьці, столькі спадвіжнікаў свабоды і барацьбы, як той трагічны год. У кожным горадзе зьяўляліся маладыя лідэры і героі, якія сваімі самаахвярнымі ўчынкамі выклікалі зьдзіўленьне ў мясцовага насельніцтва. Тонка адчуваючы абуджэньне беларускага люду, Янка Купала пісаў:

                                               Паўстаньце! Край ваш стогне родны,

                                               Заве збаўляць, як зваў не раз.

    І зьняважаныя, разбуджаныя паўставалі, каб “долю папраўляць”. Шмат было ўспышак гневу і сьвятла. Алесь Гарун агітаваў мінскую вучнёўскую і рабочую моладзь, за што быў зьняволены ў мінскую турму. Уладзімір Барташэвіч з Астрашыцкага гарадка за прыналежнасьць да партыі эсэраў высланы на тры гады ў Сыбір. Ратуючыся ад арыштаў, Мікалай Вайтовіч і Юзік Буевіч зьбеглі за мяжу. Царскія ўлады бязьлітасна каралі беларускіх эсэраў: Яфіму Гарбачову — 20 год катаргі, Георгію Дзелянкоўскаму — Шлісэльбурскую крэпасьць. Іван Жмуйдзік і Алесь Савіцкі — расстраляны, Фрума Фрумкіна — павешана ў турме. Дзьве прыгажуні Марыя Школьнік і Генрыета Дабрускіна прыгавораны да сьмяротнага пакараньня, якое было заменена бестэрміновай катаргай. Варта было каму-небудзь зрабіць хоць адзін рызыкоўны крок...

    Днём 16 жніўня ў Магілёве ў час праезду па Дняпроўскім праспэкце губэрнатара Н. М. Клінгенбэрга пад яго экіпаж хтосьці кінуў самаробную бомбу, але яна не ўзарвалася. Разгублены губэрнатар сам паказаў на падазронага, які кінуўся ўцякаць ад месца здарэньня. Бомбу кінуў 18-гадовы магілёўскі рабочы І. Н. Брыльён, якога хутка схапіла паліцыя і адправіла ў турму. Але на гэтым не скончылася.

    У лістападзе, праз два месяцы, газэты паведамілі: «У Магілёве, 29 кастрычніка, ля гадзіны дня, у прыёмную губэрнатара Н. М. Клінгенбэрга прыйшла дама-прасіцелька, апранутая ў жалобнае, са спушчаным на твары крэпам. Калі губэрнатар зьявіўся ў прыёмнай, гэта дама выхапіла сямізарадны рэвальвэр «браўнінг» і імгненна зрабіла тры стрэлы. Губэрнатар паранены. Дама, якая страляла, назвалася баранэсай Меендорф, але аказалася Лідзіяй Язерскай, якая прыбыла з Пецярбургу”. Яе таксама схапілі і даставілі ў магілёўскую турму.

   Сьмелая жанчына ад турмы не заракалася, прывыкла яна і да нечаканых паваротаў жыцьця. Не згаворваючыся з Брыльёнам, яна вырашыла сама пакараць губэрнатара, арганізатара яўрэйскіх пагромаў і ўціхамірніка сялянскіх бунтаў. Абодва пайшлі супраць жорсткасьцей улад, і абодва трапілі ў турму. Аб сваіх страшэнных марнаваньнях Брыльён потым напісаў цэлую кніжку, а Лідзія Язерская — ні слова. Аб яе пакутах і жыцьці мы можам даведацца толькі з архіўных зьвестак, успамінаў яе паплечнікаў, якіх адшукаць цяпер вельмі цяжка. Але ж яна не павінна застацца ў забыцьці.

   Прывабная Язерская з рэвальвэрам у руках — гэта было нечаканасьцю, асабліва для людзей знатнага саслоўя. У імя каго яна рызыкуе сваім жыцьцём, навошта ёй гэтыя галадранцы і бунтаўшчыкі? Многім хацелася ведаць, што падштурхнула яе да палітыкі.

    Лідзія Паўлаўна Казановіч (пасля шлюбу яна стала Язерскай) нарадзілася ў 1868 годзе ў Магілёве, у дваранскай сям’і. Бацька — багаты памешчык, маці — баранэса Меендорф, належала да правінцыянальнай арыстакратыі. Хто мог падумаць, што гэтае маленькае дзяўчо стане бунтаўшчыцай, будзе абараняць інтарэсы бедных і зьняважаных і што ў яе хопіць душэўных сіл, каб перанесьці самыя неверагодныя пакуты. Дзяцінства яе праходзіла сапраўды прыгожа, у выключнай раскошы і даглядзе. Але яно скончылася вельмі рана. Нечакана памерла маці. Дзяўчынку выхоўвала родная цётка, але ж ніхто не заменіць чулае сэрца маці. Ліда балюча перажывала страту, часта плакала, усё больш паглыблялася ў сябе. Яе адчуваньне ўнутранай адзіноты некалькі перапыніла вучнёўства ў Магілёўскай жаночай гімназіі. Прыродных здольнасьцей у дзяўчынкі хапала, але змрочная казённая атмасфэра ў клясах ёй не падабалася. І бацька вырашыў адвезьці яе ў Мінск, на Падгорную вуліцу (цяпер вуліца К. Маркса, 29) — у жаночую Марыінскую гімназію. Лідзія вывучала тут арытмэтыку і геамэтрыю, пэдагогіку і рускую славеснасьць, царкоўнаславянскую, францускую і нямецкую мовы. Па кнізе яна вывучала геаграфію Расіі, тады яшчэ зусім не здагадваючыся, што хутка будзе пазнаваць яе ў рэальнасьці, калі будзе аб’яжджаць вялікія прасторы, незнаёмыя гарады і рэгіёны. У гімназіі дзяўчынка даведалася, што найбольш дэмакратычным настаўнікам забараняецца займацца пэдагагічнай дзейнасьцю з-за палітычнай ненадзейнасьці. Тут, на Падгорнай, яна назаўсёды пасябравала з кнігамі, сваімі незаменнымі дарадчыкамі. З вялікім захапленьнем чытала яна творы В. Бялінскага і М. Дабралюбава, А. Герцэна і М. Чарнышэўскага, П Лаўрова і М. Някрасава.

    Гімназістка Казановіч гадзінамі сядзела ў бібліятэцы. Сьвежыя часопісы давалі магчымасьць пазнаёміцца з новымі падзеямі, палітычнымі думкамі многіх вучоных. І ўсё ж галоўнай крыніцай яе ведаў было само жыцьцё сучасьнікаў, іх бядотнае, незайздроснае становішча. Яе палохала колькасьць жабракоў, п’янчуг, невукаў, арыштантаў. Так далей нельга! Чалавек не можа жыць без дабрабыту і волі. Трэба штосьці рабіць, але што і як — не зусім было ясна.

    Скончыўшы Мінскую гімназію, Лідзія вярнулася ў горад на Дняпры. Але і тут, на зямлі дзяцінства, яна не знайшла душэўнай раўнавагі. Яе неспакойная натура была нібы беспрытульнай. Ды раптам настрой дзяўчыны рашуча зьмяніўся: да яе прыйшло каханьне. Яно, здаецца, успыхнула адразу пасьля сустрэчы са Сьцяпанам Венядзіктавічам Язерскім, чалавекам адукаваным і сталым, былым палітссыльным. Ён езьдзіў вучыцца ў Пецярбург, удзельнічаў у студэнцкім руху, быў знаёмы з Рыгорам Ісаевым, Сяргеем Нячаевым, Верай Фігнер і іншымі нарадавольцамі. Нават нядоўгая ссылка зьнясіліла Язерскага, чалавека памяркоўных поглядаў. Зусім змораным вярнуўся ён у родны Магілёў, і рэвалюцыйная дзейнасьць яго больш не цікавіла. Яго захапіла новая гаспадарка па вырошчваньні кветак — справа для душы і прыбытку.

    Лідзія ахвотна пайшла да Сцяпана Язерскага вырошчваць кветкі. Дваранская дачка стала жыць сваёй працай. Сьвецкім магілёўскім дамам гэта здалося ганебным, нізкім. А дзяўчына, убачыўшы процьму жывых кветак, ледзь не ўскрыкнула: прыгажосьць выратуе сьвет. Але чым больш яна ўдумвалася ў гэтыя словы Дастаеўскага, тым больш не магла зразумець, якая прыгажосьць. Вядома ж, не кветкі, не палаючы захад сонца за Дняпром, нават не кнігі. Можа, сьвет выратуюць прыгажосьць чалавечых учынкаў, палітычных ідэалаў і дзеяньняў? Лідзіі здаваліся прывабнымі дзеяньні Соф’і Пяроўскай, за якія царскі суд прыгаварыў яе да пакараньня сьмерцю, магіляўчаніна Рыгора Ісаева, за якія ён заўчасна памёр ад сухотаў у Шлісэльбурскай крэпасьці. Ёй спатрэбіліся б філязофскія думкі Ўладзіміра Салаўёва аб трыадзіным сьвеце дабрыні, ісьціны і прыгажосьці. Ён пераконваў: прыгажосьць патрэбна для зьдзяйсьненьня дабрыні ў матэрыяльным сьвеце, бо толькі ёй асьвятляецца і ўціхамірваецца нядобрая цемра гэтага сьвету.

    Паненкі сьмяяліся з Лідзіі, якая зьняважыла сябе працай, кінула выклік векавым традыцыям вышэйшага сьвету. Але дзяўчына мужна трымалася і была зусім абыякавай да таго, “что станет говорить княгиня Марья Алексеевна”. Жыла сваім жыцьцём, якое ставіла перад ёй нямала складаных пытаньняў. Сьцяпан Язерскі прапанаваў Лідзіі выйсьці за яго замуж. Летам 1887 года згулялі пышнае вясельле, і з таго часу Лідзія стала Язерскай. Замужжа яна не ідэалізавала, але ёй здавалася, што разам лягчэй пашырыць свой кругагляд, выкарыстаць свае творчыя сілы, выйсьці на арэну грамадзкай дзейнасьці. Аднак і тут яе надзеі не збыліся.

    Маладажонаў паглынулі музыка, танцы, пустая балбатня. Язерскую напаткала тое, ад чаго ратавалася. Як піша яе знаёмы па ссылцы Іосіф Жукоўскі-Жук (нарадзіўся ў Слонімскім павеце), яна пакутавала ад пошласьці навакольнага жыцьця: “Пад маскай сьвецкай дамы, якая зачароўвала гасьцей сваёй ласкавасьцю, добразычлівасьцю і неардынарным розумам, хавалася дэмакратка-бунтарка, свабодалюбівая душа якой ірвалася з гэтай затхлай атмасфэры, як птушка з клеткі”. Высьпяваньне сямейнага канфлікту паскорылася пасьля таго, як у 1892 годзе нарадзіўся сын Грыня. Лідзія Паўлаўна вельмі любіла сваё дзіця, і не з-за яго ўзьнік яе рэзкі парыў. Яна вырашыла пакінуць сваю сядзібу, гэта было выклікана сацыяльнымі прычынамі.

    Язерская была надзвычай энэргічнай і таленавітай жанчынай. Яна марыла спаўна выкарыстаць свае здольнасьці ў грамадзкай дзейнасьці. Не атрымалася, муж стаў звычайным мешчанінам і не падтрымаў яе. У гэтым Лідзія ўбачыла зьдзек над тым, чым жылі апантаныя нарадавольцы — сапраўдную здраду яе рамантычным ідэалам. Яна пакінула Магілёў і паехала ў Пецярбург. Язерская паступіла на зубалячэбныя курсы пры Ваенна-мэдыцынскай акадэміі. Скончыўшы іх у 1901 годзе, пераехала ў Маскву, дзе адкрыла свой зубалячэбны кабінет. Зарабляла на жыцьцё сваёй працай, жыла вельмі сьціпла, часам галадала. Але гэта Язерскую не засмучала: у яе зьявіліся новыя цікавыя сябры. Яна далучылася да партыі эсэраў, і яе кватэра стала месцам тайных сустрэч. Да яе прыходзілі Серафіма Клітчоглу, Уладзімір Мазурын, Мікалай Рыўкін (ураджэнец Лёзна) і іншыя падпольшчыкі.

    Лідзія Язерская акрыяла, пісала артыкулы ў нелегальны друк. Каб наладзіць сувязі з групамі эсэраў, яна езьдзіла цягніком у Смаленск, Магілёў, Мінск. Прыяжджала нават у Блонь, што пад Пухавічамі, дзе сустракалася з Анатолем Бонч-Асмалоўскім, Кацярынай Ізмайловіч, Іванам Пуліхавым. З імі абмяркоўвала становішча сялян, нявырашанае аграрнае пытаньне, як узьдзейнічаць на царскіх чыноўнікаў. У студзені 1904 года маскоўскія эсэры пачалі надзвычай рызыкоўную акцыю — замах на міністра ўнутраных спраў В. К. Плеве, які заахвочваў пагромы і гнусныя жорсткасьці пры “усмирении аграрных беспорядков”.

    Паліцыя ўстанавіла строгае назіраньне за кватэрай Язерскай, узяла на ўлік усіх, хто да яе заходзіў. Ноччу 29 студзеня ў час вобыску на кватэры знайшлі: рэвальвэр “браўнінг”, нелегальную літаратуру, пісьмы. Гэтага было дастаткова, каб западозрыць гаспадыню ў антыўрадавых дзеяньнях. Язерскую арыштавалі і адправілі ў таганскую турму, дзе ў чаканьні суда яна правяла каля года. Яе жывая імпульсіўная натура адразу ж адчула, што тут доўга не вытрымае. Лідзія літаральна задыхалася ад гэтай зьневажальнай абстаноўкі, ад уласнага бясьсільля. У час вячэрняй прагулкі на турэмным двары яна абмянялася думкамі з Уладзімірам Мазурыным, Мікалаем Рыўкіным, каб рашуча патрабаваць суда ці вызваленьня пад залог. 10 лістапада таганскія вязьні аб’явілі галадоўку. Жандары вымушаны былі прыпыніць зьдзекі над арыштантамі. Вядомая партыйка Алена Стасава 11 сьнежня (28 лістапада) 1904 года ў пісьме У. І. Леніну і Н. К. Крупскай паведамляла: “Напярэдадні галадоўкі быў выпушчаны рабочы Барышаў... на шосты дзень быў выпушчаны Рыўкін (залог 2500)... Усе патрабаваньні былі задаволены, і жыцьцё ў Таганцы пачалося ранейшае. У гэты час яшчэ выпусьцілі Язерскую». Магіляўчанку выпусьцілі на адзінаццаты дзень галадоўкі.

    Хутка адбыўся суд. 30 сакавіка 1905 года Маскоўская судовая палата прыгаварыла Лідзію Язерскую да аднаго года крэпасці з залікам папярэдняга зьняволеньня, і яна аказалася на волі. Перш за ўсё села ў цягнік — і ў незабыўную краіну свайго дзяцінства. Якой чульлівай і сьлёзнай была сустрэча з 13-гадовым сынам у Магілёве, са сваёй апошняй надзеяй! I колькі было пяшчотнай радасьці ад таго, што Грыня яе разумее і падтрымлівае. Сын папрасіўся дапамагаць маці, чым зможа, у яе падпольнай рабоце. І вось ужо Грыня, у вучнёўская форме, з ранцам за сьпінай, садзіцца на вэлясыпэд і едзе на аддаленую вуліцу, каб перадаць кансьпіратыўныя зьвесткі.

    У Магілёве кожны дзень са страхам чакалі яўрэйскіх пагромаў. Хадзілі чуткі, што губэрнатар садзейнічае ім, падбухторвае правакатараў. Усе ведалі, з якой жудаснай непавагай ставіўся ён да мясцовага насельніцтва. Адкуль грэх, туды і было скіравана дзеяньне магілёўскіх эсэраў. Канечне, скарысталі маскоўскі вопыт Лідзіі Язерскай, якую тут добра ведалі. Ламаць сабе галаву над сродкам пакараньня лютага губэрнатара не трэба было, ён быў апрабаваны — тэрор. Той самы тэрор, які ўвесь сьвет даўно асудзіў і ад якога зараз “новыя” не адмовіліся. А што казаць пра пачатак XX стагодзьдзя. Трагізм жыцьця няўмольна вёў да трагедыі “герояў”. Эсэры згадзіліся, што Клінгенбэрг спаўна заслужыў сьмяротную кару, але для яе зьдзяйсьненьня патрэбна згода ЦК. Язерская паехала ў Швэйцарыю, дзе ў Жэнэве сустрэлася з кіраўнікамі эсэраўскай арганізацыі. Санкцыі на тэрарыстычны акт яна не атрымала. Вярнуўшыся ў Магілёў, пачала дзейнічаць на свой страх і рызыку...

    У магілёўскай турме Лідзія Паўлаўна пакутавала мацней, чым на Таганцы. У родным горадзе жорсткасьць улад здавалася ёй больш нахабнай, і яна ледзьве дачакалася суда. Нарэшце 7 сакавіка 1906 года выязная сесія Кіеўскай судовай палаты пачала разглядаць яе справу, а таксама справу двух яе паплечнікаў І. Брыльёна і Л. Гіцелева. Язерская сказала, што зьдзейсьніла свой замах пад уражаньнем расповеду аб жахах, якія тварыліся ў час яўрэйскіх пагромаў, і ніякіх паблажак ад суда не чакае. Суд прыгаварыў яе да 13,5 гадоў катаржных работ. Брыльёна — да 8 гадоў, Гіцелева — да 6.

    Суд быў яўна несправядлівы да Язерскай. Яе судзілі не як члена партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, які дзейнічае па акрэсьленых палітычных нормах, а як звычайную крымінальную злачынку. Мала таго што сацыяльныя ўмовы падштурхнулі яе на рызыкоўны крок, дык яшчэ і суд “прышыў” ёй абразьлівую крымінальшчыну. Пасьля зацьвярджэньня прыгавору яна была пераведзена ў сэкцыю крымінальнікаў. Пачалося такое, што і ворагу не пажадаеш.

    Кожная эпоха нараджае сумленных і таленавітых людзей, якія, усьвядоміўшы сябе, адразу зьвяртаюць увагу на тое, што перашкаджае грамадзтву і робіць жыцьцё грамадзян абмежаваным, змрочным ці немагчымым. Язерская кінулася ў рэвалюцыю не ад сытасьці і бесклапотнасьці, а ад усьвядомленай патрэбы ўзьдзейнічаць на тых, хто не спраўляецца з кіраўніцтвам дзяржавы, хто выклікае кровапраліцьце і сьмерць. Не зялёнай дзяўчынкай, не бязроднай жабрачкай, не цёмнай кабетай, а дарослай, адукаванай, сьвядомай уступіла яна на шлях змаганьня. Абыякавая да славы і лідэрства, Лідзія Паўлаўна дбала аб няшчасных людзях, якім патрэбны былі зямля, закон, свабодная праца, і па-свойму разумела ўзаемаадносіны чалавека і ўлады, шукала свой шлях узьдзеяньня на буйных чыноўнікаў. Яна паступіла так, як падказвала ёй сумленьне, і такіх тады было тысячы з розных слаёў грамадзтва.

    Ці разумела Язерская згубнасьць эсэраўскага тэрору? Паслухаем Лідзію Паўлаўну, не ахвяру, а дзейную асобу гістарычнага працэсу. У лісьце да міністра ўнутраных спраў яна пісала: “Ні на судзе, ні зараз я вінаватай сябе не прызнаю, як член партыі эсэраў, зьдзейсьніла гэты замах з прынцыпу, з глыбокага перакананьня, што гэты тэрарыстычны акт неабходны, што палітычны тэрор, уведзены партыяй у тактыку, выкліканы незаконнымі дзеяньнямі ўрада, зьяўляецца, можна сказаць, вуглом адбіцьця. Ідучы на тэрор, я абараняла інтарэсы народа, выконвала свой суровы партыйны абавязак. Я першая зьяўляюся праціўнікам тэрору, як толькі Расія ўступіць на шлях ляяльнасьці, справядлівасьці і права. Не па добрай волі, не з закаханасьці да крывавых спосабаў барацьбы ўзялася партыя за зброю... Партыя спыніць тэрарыстычную тактыку, як сыстэму палітычнай барацьбы тады, калі дасягне палітычных устаноў, якія робяць волю народа крыніцай улады і заканадаўства”.

    На ліст арыштанткі міністар адказу не прыслаў, а магілёўскія ўлады непакоіліся, як бы хутчэй ад яе пазбавіцца. Начальнік магілёўскай турмы Дубяга неяк зайшоў у жаночую камору і стаў гаварыць Лідзіі Паўлаўне штосьці брыдкае і непрыстойнае. Аб рэакцыі гордай жанчыны сьведчыць І. Брыльён: “Тая ўляпіла яму аплявуху. Ён стаў яе ўсяляк прыніжаць. Язерская, пратэстуючы, аб’явіла галадоўку. Мы даведаліся і падтрымалі яе. Прагаладала шэсьць дзён. Але Язерскую Дубяга больш не чапаў”.

    Да яе ў турму прыходзілі сын, сваякі, сябры. Яны маглі б арганізаваць ёй уцёкі, але высакародная Лідзія Паўлаўна не згадзілася толькі таму, што за яе хтосьці будзе моцна пакараны. Адчувала яна сябе дрэнна, стан яе здароўя пагаршаўся. Але не падала духам, маральна падбадзёрвала сябе, у пісьмах на волю выказвала веру ў лепшае будучае і ў тое, што паліцэйская тыранія хутка разваліцца.

    І вось настаў змрочны час расставаньня з магіляўчанамі, сваякамі. 2 чэрвеня 1906 года ў суправаджэньні паліцэйскага канвою Язерская была дастаўлена на чыгуначны вакзал, ачэплены войскамі, і адпраўлена ў Маскву. Услед за ёй турэмшчыкі паслалі апісаньне зьнешняга выгляду небясьпечнай злачынкі: “Вочы карыя, твар смуглы, валасы цёмна-русыя з сівізной, лоб выпуклы, авальны, нос кірпаты, рост 2 аршыны 14 вяршкоў”. На кароткі тэрмін Лідзію Паўлаўну зьмясьцілі ў маскоўскую перасыльную турму, дзе ўжо знаходзіліся іншыя гераіні рускага тэрору Аляксандра Ізмайловіч, Марыя Спірыдонава, Марыя Школьнік (са Смаргоні). Праз некалькі дзён усіх іх разам адправілі этапным шляхам, самым цяжкім і небясьпечным. Але калі амаль на кожнай станцыі арыштанты бачылі, як да іх імкнуліся дарослыя, навучэнцы, як шчыра віталі, на душы станавілася лягчэй і, здаецца, сіл прыбаўлялася.

    По диким степям Забайкалья”... Хто з нашых сучасьнікаў не ведае гэтай пакутніцкай песьні, але многія не чулі пра цэлую сыстэму турмаў Нерчынскай катаргі, якая знаходзілася ў Забайкальскай вобласьці. У адну з іх — Акатуйскую турму — былі зьмешчаны зьнясіленая Лідзія Язерская і яе спадарожніцы. Першая рэвалюцыя яшчэ не была разгромлена, і ўмовы турэмнага ўтрыманьня не выклікалі пратэсту. Па словах відавочцы, “акатуй” больш напамінаў палітычны клюб, чым турму: лекцыі, чытаньні, гутаркі і дыскусіі на палітычныя і філязофскія тэмы. Апроч гэтага Язерская стварыла яшчэ агульнаадукацыйны гурток, у якім займаліся рабочыя, салдаты, матросы. Дні праходзілі хутчэй і напаўняліся хоць нейкім сэнсам.

    Аднак хутка ўсё зьмянілася, і катарга паказала свой безчалавечы твар. Рэвалюцыя пайшла на спад, начальнікам турмы быў прызначаны сумна вядомы Барадулін, жорсткі і грубы служака. У лютым 1907 года ён увёў агульны крымінальны рэжым для палітзьняволеных, а найбольш свавольных рэвалюцыянэрак Лідзію Язерскую, Марыю Спірыдонаву, Аляксандру Ізмайловіч, якая рабіла замах на мінскага губэрнатара П. Р. Курлова, і іншых псравёў у мальцаўскую жаночую турму. І тут магіляўчанка старалася трымацца весялей, праявіла сваю таварыскасьць, групавала вакол сябе зьняволеных. Яна заўсёды была на віду, з кім-небудзь штосьці чытала ці вывучала, жартавала, жыла, па словах Спірыдонавай, “по привычке, по инерции”. На другі год моцна захварэла на тубэркулёз, ужо не дыхала, а хрыпела. Яе зьмясьцілі ў зарантуйскую турэмную бальніцу. Хутка сюды прывезьлі і Марыю Спірыдонаву, якая таксама пакутавала на тую ж хваробу. Гэта вельмі ўзрушыла чыцінскіх чыноўнікаў, якія загадалі вярнуць абедзьвюх жанчын у мальцаўскую турму.

    І тут адбылося нечаканае. Зарантуйцы аб’явілі галадоўку ў знак рашучага пратэсту. Разгневаны эсэр Прош Праш’ян пачаў рыхтаваць групавое самазабойства. Крывавая драма магла б разгуляцца ў любую хвіліну, калі б не своечасовыя і памяркоўныя дзеяньні Спірыдонавай. Яна ўгаварыла галадаючых падпарадкавацца. Хворых Язерскую і Спірыдонаву адвезьлі ў мальцаўскую жаночую турму.

    Высакародная, элегантная ў абыходжаньні, Лідзія Паўлаўна ўмела пастаяць за сябе, але меры сябровак-катаржанак былі больш выніковымі. Яны патрабавалі ад “багадульскай” (інваліднай) камісіі, якая тады існавала ў турме, перагледзець тэрмін катаргі Язерскай, жыцьцё якой было пад пагрозай. Рашэньне камісіі ўзрадавала і абнадзеіла. Наша зямлячка была вызвалена з турмы, і ёй было дазволена жыць на вольным пасяленьні ў горадзе Верхняудзінску, недалёка ад возера Байкал. Не так даўно тут, у даліне ракі Селенгі, ля вусьця Верхняй Ангары праходзіла геалягічная экспэдыцыя славутага дасьледчыка Івана Чэрскага.

    Вядома ж, Язерскую не вельмі хвалявалі геаграфічныя загадкі Забайкальля. Яна думала толькі аб тым, як выжыць, дзе здабыць хоць нейкія грошы. І калі яе перавялі ў сяло Пятроўскі Завод, яна ўспомніла аб сваёй прафэсіі і адкрыла свой зубалячэбны кабінэт. Да яе прыходзілі самыя розныя людзі, якія адводзілі ад яе смутак і давалі хоць які заробак. Людзі хінуліся да яе, і разам з імі яна дапамагала тым, хто рыхтаваўся ўцякаць ці хацеў схавацца ад паліцыі.

    Дапамога ссыльным лічылася злачынствам, і паліцыя не даравала яго Язерскай. Разьюшаныя жандары ўварваліся ў яе кватэру і распачалі вобыск. Ніякіх доказаў не знайшлі, але абвінавацілі яе ў агітацыі мясцовага насельніцтва. Лідзію Паўлаўну арыштавалі і адвезьлі ў іркуцкую перасыльную турму. Хутка паступіла распараджэньне выслаць яе ў Якуцкую вобласьць, дзе мала хто выжывае. Але ж чалавек павінен жыць і ў самым гіблым месцы.

    У халодным Якуцку, дзе пасялілася магіляўчанка, яе выратоўвалі чалавекалюбства і адукаванасьць. Дзесяткі палітссыльных заходзілі да яе на кватэру. Часта бываў літаратар Мікалай Афанасьеў, вучань У. Караленкі. Ён дрэнна бачыў, і Лідзія Паўлаўна ахвотна чытала яму мастацкія творы. З Паўлам Кулікоўскім, старым сябрам па акатуйскай турме, яна разважала аб прызначэньні мастацтва, наладжвала музычныя вечарынкі. Па яе прапанове быў створаны літаратурна-музычны гурток, які павінен быў абудзіць інтарэс да шматлікіх пытаньняў мастацтва, адцягнуць ссыльных ад шэрага, змрочнага жыцьця.

    Сэрца Язерскай заўсёды балела за сына, які ў той час быў у Пецярбургу, вучыўся ў кадэцкім. корпусе, магчыма, таму яна зьдзейсьніла пастаноўку п’есы Жукоўскага “Дзеці”. Яе спроба рэжысёра атрымалася, праблема дзяцей, будучага грамадства хналявала ўсіх.

    Чаму магіляўчанку паважалі ссыльныя, цягнуліся да яе? Адказ дае эсэр-журналіст Іосіф Іванавіч Жукоўскі-Жук, ураджэнец Слонімскага павета: “Ёсць людзі, якія быццам створаны самой прыродай, каб выпраменьваць вакол сябе цеплыню і сьвятло, любоў і ласку. Язерская была менавіта такім чалавекам. Яе кватэра была цэнтрам палітычнай ссылкі не толькі эсэраўскага накірунку, але і наогул сацыялістычнага лягеру. Тут бывалі ўсе: эсэры, сацыял-дэмакраты і анархісты. Чулая, ласкавая, спагадлівая, з шырокім разумовым кругаглядам, яна ўмела прыцягваць да сябе тых, хто быў з ёю побач. Дарэчы, яна была ў вялікай дружбе з “бабуляй рэвалюцыі” К. Брэшка-Брашкоўскай, высланай з Кірэнска, і некаторы час жыла з ёй на адной кватэры”.

    Жукоўскі-Жук называе яе сацыялісткай. Ці была яна ёй? Здаецца, не, не пасьпела. Язерская валодала сапраўднай прагай да культуры і справядлівасьці, вышэй за ўсё ставіла становішча чалавека, і яе вялікі запас любові да жыцьця перавышаў запас нянавісьці да лжывых улад. Яе зьневажалі і змучвалі пакуты “нізоў”, і яна гатова была не толькі філязофстваваць, але і дзейнічаць, каб выратаваць іх чалавечую годнасьць. Адукаваная і гуманная жанчына, якая ўсьвядоміла, як сказаў бы М. Бярдзяеў, “неправду и уродство” існаваньня, мела права на рызыку і не магла спыніцца. І яна стрэліла ў падман і крывадушнасьць, у няправеднае грамадзтва, якое нараджае беспрацоўе і галечу, амаральнасьць і злачыннасьць. Улады, якія загналі Язерскую на край сьвету, спадзяваліся, што ад яе высокіх памкненьняў у далёкай ссылцы нічога не застанецца. Яны памыліліся.

    Язерская жыла надзеяй на хуткую сустрэчу з сынам. Грыня (Грыша) пойдзе на канікулы і прыедзе ў Якуцк. Колькі будзе радасьці ў маці! Але мары не збыліся. Прыйшла страшэнная вестка: памёр Грыня. У кадэцкім корпусе яму цяжка было перанесьці жорсткі рэжым, і ён страляўся, але выжыў. Раненьне ў галаву выклікала псыхічныя адхіленьні. 20-гадовы юнак пайшоў на апэрацыю, якая ў 1913 годзе і зьвяла яго ў магілу.

    Зьнешне Язерская трымалася, не паказвала сваіх сьлёз. Толькі яе лепшыя сяброўкі-ссыльныя Любоў Арлова, Людміла Арэстава, Ася Шчукіна ведалі, што ёй каштавала перажыць сьмерць сына, сваёй апошняй надзеі. Каб хоць неяк заглушыць страшэннае гора, яна ўзяла на сябе безьліч самых розных спраў. Выкладала музыку і францускую мову, шмат чытала мастацкай літаратуры, пісала свайму знаёмаму Сымону Сікорскаму — ураджэнцу Гродзенскай губэрні, былому вязьню Петрапаўлаўскай крэпасьці. Дарэчы, у лісьце ёсьць такія радкі: “Здароўе маё, Сымон, не вельмі добрае. Асабліва дрэнна сябе адчуваю, калі няма работы”.

    Калі не было чым заняцца, Лідзія Паўлаўна клікала сваіх добрых сябровак, і ўсе разам яны ішлі ў лес. Там было прывольле: усхваляваныя жанчыны, як нешта незвычайнае, разглядалі лістоўніцу, кволыя таежныя расьліны, валуны; палілі вогнішча, свабодна размаўлялі і нават сустракалі ўсход сонца. Вольны кавалачак зямлі збаўляў змардаваных людзей ад смутку і гора. Такія выхады на прыроду былі рэдкімі, а калі астматычная хвароба Язерскай узмацнілася, яны наогул спыніліся. А неўтаймаваная натура шукала справы, якая б падтрымала яе інтарэс да жыцьця і дала б магчымасьць пракарміцца.

    Лідзія Паўлаўна паспрабавала іграць на піяніна ў гарадзкім кінэматографе. Гэта было яшчэ цяжэй, чым даваць хатнія ўрокі. Язерская моцна стамлялася. Яна перажыла некалькі цяжкіх прыпадкаў астмы. Сяброўкі адводзілі яе дамоў і гадзінамі праседжвалі каля яе пасьцелі. 1 кастрычніка 1916 года Л. П.Язерская памерла ад бранхіяльнай астмы на руках у сваёй рускай сяброўкі Людмілы Арэставай.

    Пахавалі яе ў Якуцку, на ўзьбярэжжы шумнацечнай Лены, побач з магіламі многіх змагароў за лепшае жыцьцё, якія знайшлі сабе тут вечны спачын.

    [С. 41-51.]

 











 

    ЕЗЕРСКАЯ (урожденная Казанович) Лидия Павловна (1868 г., г. Могилев - 01. 10. 1916 г.) - участница революционного движения в России, эсер. Из семьи помещика-дворянина. Училась в Могилевской и Минской гимназиях. С 1892 г. в Петербурге на зубоврачебных курсах при Военно-медицинской академии, работала в лечебном кабинете, приобщилась к революционной работе. С 1901 г. в Москве, открыла зубоврачебный кабинет, примкнула к партии эсеров, ее квартира служила местом явок. Для налаживания нелегальных связей выезжала в Смоленск, Минск, Могилев и другие города. 29 января арестована по делу о покушении на министра В. К. Плеве, около года содержалась в Таганской тюрьме, участвовала в двухдневной голодовке. В это время Е. Д. Стасова из тюрьмы писала о ней В. И. Ленину. 30 марта 1905 г. Судебная палата приговорила ее к 1 году крепости с зачетом предварительного заключения. 29 октября 1905 г. покушалась на Могилевского губернатора Н. М. Клингенберга. 7 марта 1906 г. Киевская палата приговорила ее к 13,5 годам каторги. Наказание отбывала в Акатуе и женской Мальцевской тюрьме. В 1909 г. специальная комиссия освободила Л. П. Езерскую из тюрьмы, однако она была выслана на поселение в Забайкальскую область - в Верхнеудинск, потом Петровский завод. За помощь ссыльным арестована в Иркутске, заключена в пересыльную тюрьму.

    В 1912 г. выслана в Якутск, где и умерла от бронхиальной астмы. Похоронена на Якутском кладбище.

    Лит.:

    Брильон И. М. На каторге. Воспоминания. М.-Л., 1927. С. 23-25,34.

    Кара и другие тюрьмы Нсрчинской каторги. Сборник. М., 1927. С. 242-243.

    Карніловіч Э. Л. Яе вабіў світанак // Маладосць. 1998. № 2. С. 185-195.

    Орестова Л. П. Лидия Павловна Езерская// На женской каторге. М., 1930. С. 191-198.

    Переписка В. И. Ленина и руководимых им учреждений РСДРП с партийными организациями, 1903-1905 гг. Т. 3. М., 1977. С. 202, 259.

    [С. 191.]

                                                 ИМЕНА, ВОШЕДШИЕ В КНИГУ

     Езерская Л. П.   191

    [С. 402.]

 






Brak komentarzy:

Prześlij komentarz