środa, 20 stycznia 2021

ЎЎЎ 3. Уладзя Паўловіч. Якуцкі адцінак БАМу. Ч. 3. Койданава. "Кальвіна". 2021.







                                                         ДЗЕ СТАНЦЫЯ ЗАЛАЦІНКА

                                                                             НАРЫС

    Радыё перадало, што ў Беларусі ідуць дажджы, а тут, у Якуціі, на небе ні хмурынкі, і сонца, быццам апраўдваючыся за халодную зіму, пячэ бязьлітасна.

    Аголены схіл вялікай сопкі, ля падножжа якой будуецца чыгуначная станцыя Залацінка, з раніцы да вечара пад яго сьпякотнымі прамянямі.

    Яшчэ няма і дзевяці гадзін, а над вільготнымі, пакрытымі мохам схіламі ўжо клубіцца пара, і будаўнікі здымаюць кашулі, майкі, але ўсё роўна абліваюцца потам. З зайздрасьцю пазіраюць яны з вышыні сваёй сопкі ў бок ракі і невялікага, запоўненага чыстай вадой азярца, дзе плавае, плёскаецца, нырае мясцовая дзятва.

    Будаўнікі якраз пачалі закладку фундамэнта. На дапамогу прыйшлі самазвалы і бульдозэр. Але неўзабаве высьветлілася, што не ўсюды яны могуць падступіцца. Давялося перакідваць сёе-тое рыдлёўкамі і раўняць мокры, камяністы грунт. Справа, вядома, не з лёгкіх. Працавалі моўчкі, засяроджана. Толькі той-сёй з хлопцаў не вытрымліваў, падыходзіў да бачка, набіраў у каску вады і выліваў яе на сябе. Падумалася: калі загартоўваюць мэталь яго таксама спачатку разаграваюць, а затым абліваюць халоднай вадой.

    Ужо тры гады працуюць у паўднёвай Якутыі, на будаўніцтве самага паўночнага ўчастка БАМа, пасланцы камсамола Савецкай Беларусі.

    Здаецца, зусім нядаўна, 3 красавіка 1975 года, старшыня выканкама сельскага Савета Ганна Паўлаўна Герасімава, захоўваючы ўсе паўночныя цырымоніі, уручыла ў старым эвенкійскім пасёлку Залацінка хлеб-соль першаму дэсанту атрада беларускіх камсамольцаў імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі.

    Пра станцыю тады яшчэ не было і гаворкі. Пра яе, вядома, думалі, з цікавасьцю разглядалі яе эскізныя праекты. Але неяк у глухой тайзе, сярод ягадных зараснікаў і няроўнага рэдкалесься даўніх пажараў, яшчэ не ўяўляліся бліскучыя ў касых прамянях сонца стальныя жылы рэек.

    Трывала, з размахам і гаспадарскай кемлівасьцю абгрунтаваўся ў тайзе будаўніча-мантажны поезд. Зьняўшы прамоклыя ад поту курткі, хлопцы ўпарта штурмавалі вечную мерзлату, убівалі ў непадатлівы грунт смалістыя палі, уручную падносілі цяжкія шчыты.

    Неўзабаве ў ЦК камсамола Беларусі прыйшла з Якуціі ляканічная тэлеграма: “Пасёлак закладзены. Назвалі Залацінкай”. Кожны новы аб’ект — ці то жылы дом, сталовая або склад — патрабаваў вялікіх намаганьняў. Але кожны з іх станавіўся новым крокам наперад, да мэты. І адзін за адным працягвалі паступаць ад першапраходцаў у штаб камсамоліі рэспублікі рапарты-данясеньні:

    “Брыгада Васіля Жураўскага заклала інтэрнат, а ў вольны ад работы час пабудавала клюб і агітпункт. Часовыя, з вялікіх палатак. Але нічога, вечары адпачынку — цікавыя...”.

    “Брыгада Аляксандра Дзідзенкі выйшла ў тайгу рабіць прасеку для чыгункі”.

    Сёньня гэтыя рапарты ўжо гісторыя. Залатымі літарамі ўпісаны яны ў гераічны летапіс ударных спраў беларускіх камсамольцаў на будоўлі веку — БАМе. Асабліва яркай старонкай яе стаў дзень 24 ліпеня 1977 года, калі на станцыю Залацінка прыйшоў першы поезд. Доўгім і нялёгкім быў яго шлях на поўнач, у Якутыю.

    Самым непрыступным бар’ерам на будаўніцтве магістралі Тында — Беркакіт быў Станавы хрыбет. Трэба было ў найкарацейшыя тэрміны прабіць у ім тунель. Маркшэйдэрская служба вызначыла: даўжыня яго — 1239 мэтраў 75 сантымэтраў. Гэта першы з тунэляў магістралі, якая пракладваецца ў зоне вечнай мерзлаты.

    Шмат сюрпрызаў паднёс ён будаўнікам. Аказалася, што побач з крохкім гранітам залягаюць мацнейшыя кварцыты. Розныя па цьвёрдасьці пароды паводзілі сябе пры выбуху неаднолькава і да нораву іх нялёгка было прыстасавацца. Нечаканасьцю для ўсіх зьявіліся і падземныя крыніцы. Вада аказалася смачнай, але яна прыносіла шмат клопатаў і непрыемнасьцей. Замярзала, утвараючы наледзі. А калі мароз быў бясьсільны, узровень яе ў тунэлі дасягаў 30 сантымэтраў. Пароды адтайвалі і адслойваліся. Мацаваць забой было цяжка. Калі разаграваўся бэтон, узьнімаўся густы туман, бачнасьць рэзка пагаршалася і працаваць нярэдка даводзілася навобмацак. Праходчыкам на першым часе ніяк не ўдавалася за шасьцігадзінную зьмену пераадолець нават 50 сантымэтраў скалы. Тым не менш яны працягвалі штурм. Праходка вялася адначасова з паўднёвага і паўночнага забояў. Людзі працавалі ў чатыры зьмены.

    — Мы яшчэ слаба ведаем асаблівасьці мясцовасьці. Пакуль не даводзілася будаваць падобныя тунэлі ў такіх складаных умовах, — гаварыў начальнік атрада №16 упраўленьня “БАМтунэльбуд” Мікалай Канстанцінавіч Амяльяненка. — Дайце тэрмін, навучымся пракладваць іх удвая хутчэй.

    У ліпені 1977 года праходка за зьмену часам складала 140 сантымэтраў.

    Набліжаўся дзень “збойкі” тунэля, або, як кажуць, сустрэчы праходчыкаў паўднёвага і паўночнага забояў. У Залацінцы з нецярпеньнем чакалі гэтай падзеі.

    Новы сакратар партыйнай арганізацыі БМП-578, у мінулым данецкі шахцёр Іван Фёдаравіч Шамякін, які толькі што прыняў справы, вырашыў у першую чаргу пабываць у будаўнікоў тунэля. Суботняй раніцай мы выехалі туды.

    Вось і пасёлак Нагорны. Ён разьмешчаны на вышыні 1400 мэтраў над узроўнем мора. Гэта самая вяршыня Станавога хрыбта. Унізе праходзіць тунэль. Суправаджаць нас у забой падахвоціліся інжынэр-геоляг Анатоль Машукоў і малады рабочы Віктар Адамовіч.

    — Пасьля сканчэньня тэхнікума я працаваў майстрам у Плешчаніцкім леспрамгасе, — расказвае Віктар. — Шчыра кажучы, мне і ў сьне не сьнілася, што калі-небудзь буду пракладваць тунэль. Але вось давялося і не шкадую.

    Анатоль старэйшы за Віктара, належыць да кагорты старажылаў якуцкай зямлі. Яшчэ ў 1965 годзе скончыў факультэт геалёгіі і разьведкі карысных выкапняў Якуцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэта і з той пары працуе ў тайзе і гарах, раскрывае таямніцы падземных кладовак. Я пацікавіўся, ці няма ў яго жаданьня памяняць прафэсію, пасяліцца дзе-небудзь у цёплай гарадзкой кватэры.

    — Нізавошта! — адказаў, як адрэзаў, Анатоль. — Хоць, як бачыце, — працягваў ён, — у нашай справе ўсякае здараецца.

    Я зразумеў, аб чым ідзе гаворка: на шчацэ ў яго быў сьвежы шрам.

    — Нядаўна вяртаўся з тайгі да сваёй палаткі і на вузенькай сьцяжынцы сустрэла мяне мядзьведзіца з малышом, — з вінаватым выглядам расказваў ён. — Ну, не зразумелі мы адзін аднаго. А ў выніку я атрымаў аплявуху і паляцеў у бок, а разгневаная мама як ні ў чым не бывала пасунулася сваёй дарогай.

    ...Кожны дзень на вялікім маляўніча аформленым стэндзе, устаноўленым на плошчы пасёлка, абнаўляўся надпіс: “Да Залацінкі засталося ўкласьці столькі-та кілямэтраў рэек”.

    11, 8, 5... Брыгада манцёраў з атрада «Якуцкі камсамолец», якую ўзначальвае кавалер ордэна “Знак Пашаны” Аляксей Іванчанка, крок за крокам ішла наперад. Здавалася, яшчэ адно намаганьне — і поезд будзе на станцыі Залацінка. Але “апошні штурм — ён самы цяжкі”. На ўчастку даўжынёй 11 кілямэтраў трэба было пабудаваць дзевяць мастоў, з іх пяць буйных, а таксама прабіць у скале глыбокі калідор працягласьцю тры кілямэтры, прадоўжыць аддзелку землянога палатна і г. д. Байцы атрада імя М. Кедышкі з гонарам вырашылі ўсе гэтыя задачы.

    Кожны дзень роўным стосам кладуцца пісьмы на стол камітэта камсамола поезда. Пішуць людзі розных узростаў і прафэсій, вэтэраны вайны і працы, камсамольцы 70-х гадоў, піянэры і школьнікі. Па-добраму зайздросьцяць бамаўцам, захапляюцца іх подзьвігам, імкнуцца мець дачыненьне да іх вялікай справы.

    “Дарагія мае дзеці, — з любоўю піша камсамольцам атрада Вера Паўлаўна Кедышка, якая,.. дарэчы, калісьці сама працавала на будоўлі. — Я ведаю, што вам там, у Якутыі, Не ў мамы дома, але вы мужна пераадольваеце цяжкасьці і ўпэўнена ідзяце да перамогі. Ганаруся, што вы працуеце і за майго сына Мікалая, які аддаў сваё маладое жыцьцё за свабоду нашай любімай Радзімы”.

    “Я дні і ночы мару пабываць на БАМе, хоць мне хутка «стукне» 75 гадоў. Пасылаю вам, дарагія бамаўцы, свой верш, прысвечаны Залацінцы”. Подпіс: “Ветэран камсамола з 1919 года, член КПСС з 1924 года Хадзькоў Уладзімір Яўменавіч”.

    “Спаборнічаем за прысваеньне званьня «брыгада імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі”, — паведамляюць рабочыя мінскага аб’яднаньня “Гарызонт”. — Сустракаліся з маці героя Верай Паўлаўнай і яго сястрой Надзеяй Аляксандраўнай. Высылаем вам нашу заводзкую газэту, там расказваецца пра вас і пра нашу дружбу”.

    А шафёр Уладзімір Паўлавіч Шымко даслаў такое пісьмо:

    “Не так даўно я бачыў па тэлевізары перадачу пра вас, пра ваш калектыў, і зарадзілася ў мяне думка папрацаваць у вашых краях. Я ўжо знаёмы з Поўначчу. Дванаццаць гадоў аддаў Чукотцы, у Певеку працаваў шафёрам і бульдазэрыстам, а таксама маю навыкі кампрэсаршчыка, цесьляра і піларамшчыка. Карацей кажучы, я згодны на любую работу і, слова гонару, лішнім не буду. Працаваць буду, дзе спатрэбіцца, здароўе ў мяне выдатнае”.

    Вопыт работы камсамольскіх арганізацый Беларусі на Цэнтральным участку Байкала-Амурскай чыгуначнай магістралі быў адобраны ЦК ВЛКСМ, а таксама высока ацэнены кіраўнікамі будоўлі.

    — Асноўнай, ударнай сілай на лініі Тында — Беркакіт зьяўляюцца пасланцы камсамола Беларусі, — сказаў у пярэдадзень 60-годзьдзя Вялікага Кастрычніка намесьнік міністра транспартнага будаўніцтва СССР начальнік Галоўбамбуда Уладзімір Канстанцінавіч Мохартаў. — Яны вельмі добра нам дапамагаюць. Беларускія камсамольцы ўвесь час папаўняюць нашы атрады. І мы можам сказаць толькі адно — яны выдатна працуюць. Прычым, Беларусь заўсёды ўважліва сочыць за сваімі пасланцамі, дапамагае ім. Прыемна, што існуе гэта добрая сувязь, што хлопцы-беларусы не адчуваюць сябе ў адрыве ад сваёй рэспублікі. Гэта сувязь служыць прыкладам для астатніх арганізацый, якія шэфствуюць над будаўніцтвам БАМа.

    29 кастрычніка 1977 года была атрымана рашаючая перамога — рэйкі БАМа на год і два месяцы раней намечанага тэрміну дасягнулі станцыі Беркакіт. Потым стала вядома, што рэйкавы шлях у Беркакіце не спыніцца, а пройдзе далей на поўнач, да Алдана і Тамоту, выйдзе да Якуцка, накіруецца на захад і ўсход, утвараючы новую паласу гаспадарчага асваеньня Паўночнай Азіі. Будаўнікі ўзялі абавязацельства ўжо сёлета, да першай гадавіны новай Канстытуцыі СССР, забясьпечыць перавозку вугалю багацейшага Нерунгрынскага месцанараджэньня і амурскага лесу для патрэб народнай гаспадаркі краіны, здаць у пастаянную эксплюатацыю магістраль ад Транссыба да Беркакіта, укласьці пуці і адкрыць рабочы рух паяздоў у заходнім напрамку да станцыі Усьць-Нюкжа. Яны з гонарам трымаюць сваё слова.

    Усяго пракладзена больш як 2.500 кілямэтраў прытрасавых аўтамабільных дарог, больш як 1.100 кілямэтраў стальных рэек БАМа здадзена ў рабочую эксплюатацыю. Пабудаваны вялікія масты цераз Лену, Амур і іншыя рэкі. У зоне магістралі ўступілі ў дзеяньне заводы, леспрамгасы, зьявілася каля 50 новых пасёлкаў для будаўнікоў. Узводзіцца шмат жылых, культурна-бытавых і вытворчых памяшканьняў пастаяннага тыпу. Толькі летась было ўведзена ў эксплюатацыю 94.300 квадратных мэтраў жыльля, школ на 2.232 вучні, дзіцячых садоў на 540 месцаў, прафэсійна-тэхнічнае вучылішча, паліклініка на 750 наведваньняў у дзень.

    Дастойны ўклад у агульную справу ўносіць і першы беларускі камсамольска-маладзёжны атрад імя Мікалая Кедышкі. Ён ударнымі тэмпамі працягвае работы па будаўніцтву станцыі Залацінка і пастаяннага пасёлка чыгуначнікаў, у якім будзе жыць больш як тысяча чалавек.

    Уладзімер Паўловіч

    /Беларусь. № 10. Мінск. 1978. С. 6-7./

 

 


Brak komentarzy:

Prześlij komentarz