sobota, 11 lipca 2020

ЎЎЎ Сімха Палудзёньнік. Эстэр Кагановіч у Якуцку. Койданава. "Кальвіна". 2020.



    Эстэр /Эсьфір, Ірына/ Айзікаўна /Аляксандраўна/ Кагановіч – нар. 5 траўня 1916 г. у павятовым месьце Рагачоў Магілёўскай губэрні Расейскай імпэрыі.
    Пасьля заканчэньня рабфаку паступіла ў Менскі пэдагагічны інстытут, які скончыла ў 1939 г.
    Па разьмеркаваньні была накіраваная ў Нерчынскі раён Чыцінскай вобласьці і прызначаная дырэктарам васьмігадовай школы с. Олінск. У 1940 г была пераведзеная дырэктарам школы ў с. Ніжнія Ключы.
    У 1942 г. была пакліканая нерчынскім РВК Чыцінскай вобласьці. Служыла санітаркай у 365 эвакашпіталі Забайкальскай ваеннай акругі Далёкаўсходняга фронту, брала ўдзел у баявых дзеяньнях з Японіяй. Дэмабілізавалася ў верасьні 1945 г. у Чыце.
    Увосень 1945 г. паехала адведаць родных у Беларусь, але нікога ў жывых не засьпела. Каб сысьці ад гэтай страшнай трагедыі, зьвярнулася ў Міністэрства асьветы СССР з просьбай накіраваць яе працаваць у самую аддаленую кропку СССР. Міністар адукацыі ЯАССР Васіль Назаравіч Чэмезаў запрасіў яе ў Якуцкую АССР.
    У сьнежні 1945 г. Кагановіч была ўжо прызначаная настаўнікам геаграфіі сярэдняй школы № 2 места Якуцк. Дырэктар школы Раман Міхайлавіч Паскачын вылучыў ёй пакой у школьнай бібліятэцы, настаўнікі дапамаглі хто чым змог у самым неабходным.
    За доўгія гады сваёй пэдагагічнай дзейнасьці Кагановіч працавала ў пэдагагічных калектывах СШ №№ 2, 26, 3, 25 м. Якуцка. Таксама яе прыцягвалі па сумяшчальніцтве для ўзмацненьня выкладчыцкай дзейнасьці не толькі ў школы №№ 8 і 7, але і ў пэдвучылішча, каапэратыўна–фінансавы тэхнікум, у вячэрнюю ваенную школу ды ў іншыя навучальныя ўстановы места. Загадчык мескага аддзелу народнай адукацыі Андрэй Леанідавіч Кугаеўскі прызначыў Кагановіч загадчыцай мескім мэтадычным габінэтам, дзе яна працавала ад 1962 па 1965 г.
    Эсфір Кагановіч кавалер ордэну Вялікай Айчыннай вайны II ступені, таксама узнагароджаная мэдалямі “За перамогу над Японіяй” ды “Дваццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», выдатнік народнай асьветы.
    Эсфір Кагановіч у Якуцку зрабілася заснавальнікам пэдагагічнай дынастыі Кагановіч — Еўсікавых. Са ўспамінаў Тамары Гаўрылаўны Еўсікавай: “Мы з ёй пазнаёміліся, калі сям’я пераехала ў Якуцк. Я вучылася ў 2-й школе, бацькі жылі ў Сайсарах. Пасьля заняткаў я часта заставалася ў яе начаваць. Ірына Аляксандраўна была вельмі ўважлівая і клапацілася аб мне, як аб роднай, дапамагала ва ўсім. Мы так зрадніліся, што калі далі кватэру, туды пераехалі з Ірынай Аляксандраўнай разам з маімі бацькамі. Яна і ў сталым жыцьці была апорай і мудрым дарадцам. Мае дзеці не ведалі, што яна не родная бабуля. Даведаліся толькі, калі пасталелі, і ўсё адно ім не верылася”.
    Літаратура:
*    Каганович Ирина Александровна. // Педагогическая энциклопедия. Т. II. Якутск. 2003. С. 151.
    Сімха Палудзёньнік,
    Койданава









Brak komentarzy:

Prześlij komentarz