niedziela, 12 lipca 2020

ЎЎЎ Марлена Кібарг. Аляксандар Раковіч ды Якуцкая АССР. Койданава. "Кальвіна". 2020.


    Аляксандар Гаўрылавіч Раковіч - нар. 28 лістапада 1926 г. у в. Лясок Наваградзкага ваяводзтва [Województwo Nowogródzkie] Рэчпаспалітай Польшчы [Rzeczpospolita Polska].
    У 1939 г. вучыўся ў Наваградзкай беларускай гімназіі, дырэктарам якой у той час быў Барыс Кіт. У 1942 г. скончыў у Наваградку 6-месячныя настаўніцкія курсы і ў 1944 г. беларускую настаўніцкую сэмінарыю.
    Ад 23 ліпеня 1944 г. у Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Ад 1945 г. служыў артылерыстам (камандзірам гарматы) у Паўночна-Каўкаскай ваеннай акрузе. 30 чэрвеня 1948 г. арыштаваны ў м. Новачаркаск Растоўскай вобласьці РСФСР. Раковічу прыгадалі ранейшую вучобу ў Наваградку і абвінавацілі ў імкненьні да адрыву Беларусі ад СССР. 16 жніўня 1948 г. ён быў асуджаны Ваенным трыбуналам войскаў МУС Паўночна-Каўкаскай ваеннай акругі па арт. 53-1 /здрада радзіме/ на 25 гадоў пазбаўленьня волі /заканчэньне тэрміну ў 1973 г./ і 5 гадоў паразы ў правах з канфіскацыяй маёмасьці. Паколькі ўласнай маёмасьці не меў, то была канфіскавана жывёла з бацькоўскай гаспадаркі.




    Да 1953 г. знаходзіўся ў Алданскай турме Алданскага раёну Якуцкай АССР, працаваў на залатамыйных рудніках.
    З ягоных лістоў:
    г. Алдан, 4. 04/1951. ... Для мяне Ваш ліст — вялікая радасьць. Пры дапамозе яго я хоць на хвілінку злучуся з усім тым, што мне так дорага і міла, з зямлёй, дзе я радзіўся, узгадаваўся і ўзрос, дзе пачуў першыя подыхі жыцьця...”
    Ліст да сястры яго бацькі ў суседнюю вёску Краснае: “г. Алдан, 10. 09. 1951. Тётя Катя! Спасибо за письмо, за хорошую память и мнение обо мне и вообще за всё-всё, чем Вы желаете порадовать меня и поддержать мою упадающую иногда в сентиментально-пессимистическое состояние психику. Однако, не будучи адептом фатализма, я верю, что фортуна, эта деспотическая повелительница людских судеб, так злорадно насмеявшаяся надо мной в розовой юности, подарит в скором будущем доброжелательную улыбку и даст возможность пробыть себе путь к апогею Славы. Вы можете, конечно, не поверить мне, или правильнее выражаясь, счесть эту мою писанину за бессмысленный бред буйствующего юноши, но говорят «верить и желать — это мочь, это быть”.
г. Алдан, 2. 10. 1951. Родненькая мамачка! Нізка кланяюся Вам і цалую Вашу спрацаваную ручку... Глыбока ўдзячны Вам, што Вы змаглі выхаваць мяне такім, якім я ёсьць. Вы з самага дзяцінства прывілі мне любоў да людзей, да нашага акружэньня, навучылі цаніць жыцьцё, адрозьніваць дабро ад зла. Гэта Ваша заслуга, што цяпер у мой нялёгкі жыцьцёвы пэрыяд, як і ў мінулым, пройдзеным жыцьці, я ніколі не быў пагарджаным у грамадзтве і сяброўскай кампаніі. Гэта Вы мяне ўзьвялі ў такія рамкі, якія дазваляюць мне, юнаку з сярэдняй асьветай, лекка праходзіць за граматнага і дасьведчанага чалавека ў асяродзьдзі сталых людзей, маючых за сабой часта ўнівэрсытэты і нярэдка навуковыя дыплёмы...
    г. Алдан, 25. 12. 1952. Хай мама верыць у сустрэчу. Яна адбудзецца. Сустрэнемся ўсе ў добры новы жыцьцёвы час, які раз і назаўсёды высушыць сьлёзы ўсіх вякамі крыўджаных, абражаных і зганьбаваных. Грошы з пасылак трачу на пакупку хлеба, часам цукру ў нашым ларку, зь іх жа раблю некаторыя ўтрыманьні на неабходнае для навукі, з якой я і цяпер “у цяжкія” хвіліны жыцьця не разлучыўся. Так, напрыклад, за апошні час я зрадніўся з матэматычнаю навукай аб будове і рухах нябесных цел — астраноміяй і магу пахваліцца, што маю ў гэтым напрамку нядрэнныя посьпехі...”
    Калі няма працы, то ўвесь дзень складаецца з работы над кнігамі, ну і часткова з гутаркі з сябрамі. г. Алдан, 7. 02. 1953”.
    г. Алдан, 12. 02. 1953. ..Асабліва надоўга прыкаваў да сябе маю ўвагу фо-таздымак Ірачкі [пляменьніцы Алеся, дачкі брата Георгія. Тады ёй было 3 гадочкі. Яна скончыла філфак БДУ і працавала намесьнікам дырэктара аднаго з інстытутаў Міністэрства адукацыі Беларусі]. Бачу, што дзёрзкая і што галоўнае, судзячы па форме ілба, разумная дзяўчына павінна вырасьці з яе. Я бы раіў Вам (ды хаця і Юрка сам павінен знаць аб гэтым) па меры магчымасьці прадстаўляць ёй найбольш выпадкаў пасьмяяцца. А гэта штосьці ў яе выражэньне твару рана пакуль сурова-задуменнае. Яе цяпер не павінна цікавіць нічога, што можа зрушыць дзіцячае сэрца, вызываючы сум. Гэта надта важна для яе будучыні...”
    пас. Лебядзіны, 2. 05. 1953. Адносна да Куранахскага клімату тут значна халадней і наогул суровей. Ужо травень, а тут яшчэ ўсё падсыпае сьнег. Сьнегу ўсюды па калена, і здаецца, гледзячы на ўвесь гэты зачараваны адвечным холадам край, што вясна і лета ніколі не пакажа тут свайго прыемнага аблічча. Чуюся фізычна і маральна нядрэнна, толькі вось сум па роднай страчанай старонцы, якая для мяне як быццам сьвятыня, што засела глыбока ў душы, не пакідае ніколі. Але гэта дарэчы. Так павінна дзеяцца ў кожнага на сэрцы, хто многа чаго пакінуў у раньнім юнацтве, каб потым узмужнелым мужчынам вярнуцца на родныя гоні... Кілямэтраў за пару цягнуцца ланцугом горы, на якіх няма ні лесу, ні травы, а толькі зімой і летам ахутвае халодная белая коўдра сьнегу”.



    25 верасьня 1953 г. Раковіч убыў ў УИТЛК (п. Балей Чыцінскай вобласьці 1953-1954 гг.), затым працаваў на лесараспрацоўках у Кузбасе (Барзас Кемераўскай вобласьці 1954-1956).
    Згодна амністыі паводле Указу Прэзыдыюма ВС СССР ад 17 верасьня 1955 г. тэрмін пакараньня Раковічу быў зьменшаны напалову.
    28 сакавіка 1956 г. рашэньнем камісіі Прэзыдыюма ВС СССР Раковіч быў вызвалены ад пакараньня са зьняцьцем судзімасьці.
    Паколькі пасьведчаньне пра сканчэньне настаўніцкай сэмінарыі ў 1944 г. не залічылі за сярэднюю адукацыю, Алесь паступіў у Карэліцкую вячэрнюю школу рабочай моладзі, якую скончыў у 1957 г. з сярэбраным мэдалём.
    У 1957-1963 працаваў на Менскім падшыпнікавым заводзе, адначасова завочна вучыўся ў Беларускім лесатэхнічным інстытуце, потым перавёўся ў Беларускі політэхнічны інстытут, пасьля сканчэньня якога ў 1963 г. быў запрошаны на работу ў Інстытут матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН БССР.
    Ад 1965 г. працаваў у новаадкрытым Інстытуце тэхнічнай кібэрнэтыкі АН БССР. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР у 1970 г. За комплекс навуковых работ па тэорыі аўтаматызаванага праектаваньня ў машынабудаваньні ў 1978 г. зрабіўся ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. Доктар тэхнічных навук (1986 г.), прафэсар (1987 г.).
    Аўтар шматлікіх артыкулаў, манаграфій, брашур, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Займаўся грамадзкай дзейнасьцю, быў намесьнікам старшыні акадэмічнай рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны
    Памёр 22 лютага 2000 г. у Менску, пахаваны ў в. Лясок Красьненскага сельсавета Карэліцкага раёну Гарадзенскай вобласьці Рэспублікі Беларусь.




    Літаратура:

*    Савік М.  Узыходжанне Аляксандра Раковіча // Голас Радзімы. Мінск. № 33. 14 жніўня 1997. С. 1, 3.

*    Савік М.  Узыходжанне Аляксандра Раковіча // Голас Радзімы. Мінск. № 34. 21 жніўня 1997. С. 4.

*    Каржанеўская Г.  А Беларусь – жыве! // Літаратура і мастацтва. Мінск. № 36. 4 верасня 1998. С. 14-15.

    Савік Л.  Космас беларуса. 2-е выд. Мінск. 1998. С. 261-267.

*    Савік М.  Аляксандр Раковіч. // Голас Радзімы. Мінск. № 18. 3 мая 2000. С. 4.

*    Савік М.  Варта жыць дзеля Радзімы. Жыццё і лісты Аляксандра Раковіча. // Літаратура і Мастацтва. Мінск. № 38. 22 верасьня 2000. С. 14-15.

*    Раковіч Аляксандр Гаўрылавіч. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Карэліцкага раёна. Мінск. 2000. С. 507-508.

*    Савік М. П.  Зямлі сваёй адданы сын. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Карэліцкага раёна. Мінск. 2000. С. 508-509.

    Савік М. П.  З верай у перамогу дабра. // Звязда. Мінск. 20 лютага 2001.

*    Савік М.  Да кібернетыкі праз ГУЛАГ. // Гродзенская праўда. Гродна. № 54-55. 7 красавіка. 2001. С. 10.

*    Савік М. П.  Раковіч Аляксандр Гаўрылавіч. // Беларуская энцыклапедыя. У 18 тамах. Т. 13. Мінск. 2001. С. 284-285.

    Марлена Кібарг,

    Койданава



                                                                  Пад Пілсудскім
    Маё дзяцінства прыпала на час так званай Вэрсальскай, міжваеннай Польшчы. Жылі мы ля Карэлічаў у вёсцы Лясок (тады гэта быў Наваградзкі павет). У тых мясьцінах, як і ва ўсёй Заходняй Беларусі, выразна праявілі сябе дзьве сілы: камуністычны бальшавіцкі рух, які дзейнічаў праз агентуру і быў прывабным для маламаёмасных, і нацыянальны беларускі рух з цэнтрам у Вільні. Многія адраджэнцы верылі, што БССР і ёсьць ідэал незалежнай Беларусі. За што і паплаціліся пазьней... Маю сьвядомасьць разбудзілі, можна сказаць, самі абставіны, ды і сям’я паспрыяла. Члены КПЗБ усе былі беларусамі. Калі вяскоўцы падазравалі ў кімсьці шпіка-канфідэнта, г. зн. асьведаміцеля польскай палітычнай паліцыі, то ладзілі яму сапраўдны байкот. Такія людзі нават кароў пасьвілі асобна, а не ў агульным статку.
    Заканчваў я шэсьць клясаў польскай школы. Першы год, заўважце, вучыўся па-беларуску, што мела для мяне важнае значэньне. У трэцім, польскім клясе стаў сьведкам і ўдзельнікам школьнага бунту, як цяпер сказалі б — страйку. Старэйшыя вучні пад уплывам беларускай і прасавецкай палітыкі вырашылі баставаць супроць польскамоўнага навучаньня. Школа ў Запольлі была, па цяперашнім разуменьні, базавая, для ўсіх, яе наведвалі ўсе дзеці з бліжэйшых вёсак. І вось вучні (а іх пад 300) з 1-га па 7-ы кляс сабраліся ў двары і ў школьны будынак не заходзяць. Першы, другі званок — ніхто не кранаецца з месца. Выходзіць “кіроўнік”, г. зн. дырэктар, і кажа: “Дзеці, заходзьце ў школу”. Старэйшы высокі хлопец робіць нам знак, і мы хорам прамаўляем: “Мы дамагаемся беларускай школы, беларускай мовы навучаньня”.
    Кіроўнік зноў запрашае, і мы паўтараем тое самае. “Ад мяне тое не залежыць, — тлумачыць ён. — Я скажу павятоваму інспэктару пра ваша патрабаваньне, а вы ідзіце на заняткі”. Мы трэці раз дружна прагалёкалі сваё, начапілі на кій чырвоны берэт і пайшлі са сьпевамі цераз вёску. А сьпявалі мы чамусьці... “По долинам и по взгорьям”.
    Як і трэба было чакаць, зьявілася паліцыя. (Прычым апэратыўна, хоць тэлефоннай сувязі тады не існавала.) Мы разьбегліся па дамах і школу мо тыдні два не наведвалі. Паліцыянты пачалі хадзіць па хатах, разьбірацца. Мая маці схітрыла: адзін, кажа, хворы (я пад коўдру схаваўся), а другога ў школу адправіла. Шмат каго потым штрафавалі з бацькоў... Настаўнікі чапіліся, маглі і на калені паставіць, як што не па іх. Затое ў 4-ым клясе гісторыю, геаграфію і “рахункі” выкладалі ў нас па-беларуску. У 5-ым, на жаль, пайшло тое самае...
                                                              Вучоба і настаўнікі
    У гімназію паступаў я ў чэрвені 39-га. Цікава, што ўсе экзамэны, вусныя і пісьмовыя, здаваліся за адзін дзень. Выехалі з бацькам на кані ноччу, каб раніцою быць у Наваградку. Па польскай мове сачыненьне пісалі на такую прыблізна тэму: хто з вялікіх герояў-палякаў найбольш падабаецца і чаму. Думаю, скіроўвалі на асобу Пілсудскага, бо пра яго нам многа гаварылі. Я пісаў пра Уладзіслава Варненьчыка — сына Ягайлы (15 ст.), які быў запрошаны на пасад у Вэнгрыю. Калі туркі штурмавалі Балканы, ён загінуў пад Варнай. Каля 11-ці вечара я даведаўся, што паступіў. 1 верасьня падаўся на вучобу, і тут пачалася Другая сусьветная.
    Праз два тыдні прыйшло чырвонае войска (згодна пакта Молатава—Рыбентропа заходняя частка Беларусі адыходзіла да СССР). Нас, маладых, каму Беларусь была ужо ўкладзена ў галаву і сэрца, прыход чырвоных не асабліва ўзрадаваў. Мне асабіста яны перашкодзілі вучыцца — як пазьней і немцы. А вучыцца я надта любіў. Усе яркія ўражаньні дзяцінства зьвязаны ў мяне выключна з вучобай. Настаўнікам быў вельмі ўдзячны — нават тым, што на калені ставілі. Трэба сказаць, што польскія настаўнікі былі вельмі падрыхтаванымі, ведалі сваю справу, цікава расказвалі. Многіх з іх мабілізавалі на вайну з немцамі, і яны пасьля бясьсьледна загінулі. Ці не ў Катыні косьці злажылі.
    У беларускай гімназіі, якая пераехала з Вільні і куды я перавёўся, вучыцца было ганарова. Дырэктарам працаваў знакаміты Барыс Кіт, які стаў вядомым вучоным у галіне астранаўтыкі ў ЗША, выкладалі людзі з унівэрсытэцкімі дыплёмамі.
    З прыходам чырвоных у 39-м зьвязаны такі запамінальны эпізод. У Карэлічах танкі, мітынгі, на бальконах людзі, якія пацярпелі ад польскіх уладаў... Я ў гімназісцкай форме, у шапцы з кукардай. Падзывае мяне рускі афіцэр і цікавіцца, што гэта за форма. Потым кліча: “Старшина, звездочку!” Забраў ён маю кукарду (мусіць, на сувэнір), а мне на шапку прышпіліў чырвоную зорку. Праз тыдзень з гэтай зоркай я і зьяўляюся ў гімназію. Там пакуль усё тое самае, толькі вучняў паменела. Дырэктар паглядзеў на мяне, распытаў дый кажа: “Каб заўтра знайшоў кукарду. Ты гімназіст”. Сьмелы быў чалавек, як я цяпер разумею... Дзе яе, думаю, узяць? Старэйшы сябра выручыў: аддаў сваю са старой шапкі...
    У 41-м, як прыйшлі немцы, вучобы не стала зусім. Сяку буракі, кармлю карову — так да лютага і пракантаваўся. Тым часам у Наваградку адкрылі шасьцімесячныя курсы, бо паадчыняліся нарэшце беларускія школы, а настаўнікаў не хапала. У мяне нават пасьведчаньне захавалася, што маю права выкладаць у беларускай пачатковай школе. Але выкладаць не давялося, мне не было яшчэ 16-ці, а тут і сэмінарыя адкрылася настаўніцкая. Праўда, пэдагагічнай жылкі ў мяне не аказалася. Ні ў школах не выкладаў, ні цяпер лекцый не чытаю. Адно што курсы вёў па кібэрнэтыцы ў расійскіх гарадах.
                                                              Там, дзе вечная мерзлата
    Пасьля вызваленьня Карэлічаў мяне прызвалі на службу ў Чырвоную Армію. Быў курсантам снайпэрскай, а пасьля палкавой школы, пабываў у Югаславіі і Вэнгрыі. З 45-га служыў камандзірам гарматы ў Новачаркаску, артылерыстам пры кавалерыі. Мая гармата лічылася снайпэрскай і здабыла мне славу: у вайсковых газэтах і часопісах пра мяне пісалі, здымкі зьмяшчалі... Мабыць, гармата трапілася добрая, я тут ні пры чым... Арыштавалі мяне 30 чэрвеня 1948-га года. Прыяжджае неяк “паренек” з асобага аддзела. Не столькі малады, колькі дробненькі. Можа, сто анкет перад тым я запаўняў, і ўсе ведалі, што быў пад акупацыяй. Пацярпеў я за беларускую справу, за патрыятызм, які прывіла мне ў маленстве маці і які разьвіўся, узмацнеў падчас вучобы ў настаўніцкай сэмінарыі. Вядома, што патрыятызм, нацыянальная сьвядомасьць нідзе і ніколі не лічыліся злачынствам, але толькі не ў СССР. Сьледчым давялося пастарацца, каб, зачапіўшыся за факт вучобы ў сэмінарыі і актыўны ўдзел у розных імпрэзах (літаратурныя вечары, драматычныя пастаноўкі і да т. п.), сфабрыкаваць мне абвінавачваньне ў адрыве Беларусі ад Саюза. ...Дык вось, зрываюць з мяне пагоны, абшукваюць. А ў мяне іконка матчына ў кішэні і кніжка беларуская на лацінцы, п’еса (як ездзіў дадому ў водпуск, знаёмы падараваў). Задаў я работы сьмершаўцам гэтай лацінкай! “Зьнішчыць праз спаленьне”, — канстатавала спэцыяльна створаная камісія.
    Мне прысудзілі 25 год зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. А паколькі ў мяне, вайскоўца, маёмасьці як такой не было, то ў бацькі апісалі карову і сьвіньню.
    Больш за тысячу вязьняў на ўскраіне Растова пагрузілі ў таварныя вагоны (цялятнікі) Для адпраўкі ў Якуцію. Цэлы месяц пад канвоем везьлі да станцыі “Большой Невер”, што ў верхнім Прыамур’і. Падчас прыпынкаў вартавыя правяралі, ці не робяць вязьні спробаў выламаць у вагоне дошкі, каб уцячы. Кантроль выконваўся з дапамогай драўляных малаткоў з доўгімі ручкамі, якімі абстукваліся ўсе дошкі вагона. Гэты страшэнны стук малаткоў цалкам разбураў аслабелую нэрвовую сыстэму вязьняў, даводзячы іх амаль да вар’яцтва.
    Не менш невыносным выглядаў 700-кілямэтровы этап да якуцкага Алдана, дзе здабывалі золата. Быў канец сьнежня, і мароз ціснуў добра. У невялікі грузавік заганялі па 50 чалавек і па камандзе садзілі ўсіх на дно кузава. Падняцца можна было толькі праз шэсьць гадзін на перапынку, і ногі, заціснутыя целамі вязьняў, моцна дранцвелі. Едучы па калдобінах, аўтамабіль вытрасаў вантробы. Енк быў страшэнны. Праз нейкі час нехта высілкам волі і астаткам сіл вырываўся з гэтага калектыўнага сіла на галовы бліжэйшых, за ім другі, трэці... Брызэнт кузава выпінаўся, канвой пускаў у ход прыклады карабінаў, зьбітыя людзі шукалі ратунку на дне кузава, выціскаючы астатніх. Тое ж адбывалася і ў іншых машынах. Каб навесьці парадак, спынялі калёну, і зноў узнаўлялася апэрацыя пасадкі.
    Важней за ўсё у лягерах Якуціі было золата. Яно было ўсім, чалавек, асабліва вязень, — нічым. Праца ручная, цяжкая. Прылады: кайло (род кіркі), лапата, тачка. Як кармілі, вы ведаеце з літаратуры. Зімой мучыў мароз (да 60-ці градусаў), летам — дарога з працы і на працу. Лета было пэрыядам, спрыяльным для ўцёкаў, часам “зялёнага пракурора”, таму шматкроць павялічваўся канвой, сьпераду і ззаду калёны - кулямёты, сабакі, найбольш папулярная каманда — “лягай”. Увесь час гучыць брыдкая лаянка і брэх сабак. Часам стралялі проста ў калёну альбо ў групу вязьняў. Адным словам — рабская праца, рабскія правы, рабскае ўтрыманьне. Раб XX стагодзьдзя пад электрычнымі лямпачкамі і гучнагаварыльнікам на слупе. Нявольніку — нічога. Усё — золату, якое сотнямі кіляграмаў штодзень плыло ў Маскву.
    Чытаць, павышаць узровень адукацыі да сьмерці Сталіна было нельга, і ўсё-такі мы гэта рабілі. Удалося прыдбаць кнігу па вышэйшай матэматыцы, падручнік па англійскай мове (у школе і сэмінарыі вывучаў нямецкую). За апошні мяне перавялі ў штрафную брыгаду з узмоцненым рэжымам. У яе складзе — вяршкі крымінальнага сьвету. Палітычным быў я адзін, астатнія засуджаны за бандытызм, забойствы, грабяжы — зэкі з вялікім тэрмінам пакараньня, шматкротнымі судзімасьцямі, уркі ў законе. Між імі я аказаўся як авечка сярод ваўкоў. У брыгадзе ўзьнікалі частыя спрэчкі і закалоты, бойкі, нават забойствы. Як ні дзіўна, саломкай збаўленьня для мяне сталі веды, і набытыя ў школе, сэмінарыі, арміі. Бо ўсё, чаго не мелі самі, крымінальнікі цанілі. Іх спрэчкі тычыліся пытаньняў навукі, гісторыі, геаграфіі, рэлігіі, літаратуры, і яны шукалі ў мяне сьцьверджаньня альбо аспрэчваньня той ці іншай ісьціны. З-за маёй настаўніцкай адукацыі мяне трактавалі як “учителя”, гэты назоў за мной захаваўся ўсе два гады знаходжаньня ў брыгадзе.
    Вечнай мерзлаты амаль не сустракалася ў другой кропцы ГУЛАГа — забайкальскім горадзе Балей, дзе таксама здабывалі золата. Клімат там крыху цяплейшы, чым у Якуціі, а шахты вельмі глыбокія, да двухсот і больш мэтраў пад зямлёю. І вось у маторным аддзяленьні вадзяных помпаў палітычныя вязьні абсталявалі фоталябараторыю. Апарат зрабілі самі з лінзаў маркшэйдэрскага прыбора. Фотаматэрыялы здабывалі праз вольных людзей, якія працавалі з намі ў шахце. Гэта ўжо быў 1954 год, лягерны рэжым крыху памякчэў. Фотаапарат працаваў усе тры зьмены, а захоўваўся ў тайніку, да якога не мелі доступу ні варта, ні наглядчыкі. Было зроблена некалькі соцень розных фотаздымкаў, якія звычайна мы праз вольных пасылалі родным ці блізкім. Некалькі такіх лягерных фота захавалася ў мяне да гэтага часу.
    Усяго я адбыў восем гадоў, апошнія з іх - на лесапавале ў Кузбасе. Там мяне пасьля XX зьезда і вызвалілі. Дасюль сьняцца лягерныя кашмары — што некуды вязуць, што пайкі не стала... Ускрыкну і прачнуся.
                                                                         Пераадоленьне
    Канчаткова мяне рэабілітавалі ў 70-ым На той час я ўжо быў загадчыкам лябараторыі аўтаматызацьіі праектаваньня сродкаў тэхналягічнага аснашчэньня. Мае першыя крокі ў навуцы падтрымаў заснавальнік і першы дырэктар Інстытута тэхнічнай кібэрнэтыкі Георгій Гаранскі. (Нашмат пазьней я даведаўся, што ў яго ў 38-ым расстралялі бацьку.)
    Кібэрнэтыка — калі проста — гэта навука аб кіраваньні — у грамадзтве, тэхніцы, экалёгіі, мэдыцыне і г. д. Літаральна — “уменьне кіраваць лодкай”. На сёньня, як я лічу, самая патрэбная з навук. Але перш чым абараніць кандыдацкую і сьцьвердзіцца як спэцыялісту, давялося зноў прабівацца праз вечную мерзлату — ідэалягічных забабонаў, чыноўніцкіх звычак, людзкога недаверу.
    — Што будзеце рабіць? — пытаюцца ў камісіі Прэзыдыюма ВС пасьля вызваленьня і зьняцьця судзімасьці.
    — Вучыцца.
    — У выпадку чаго зьвяртайцеся да нас, — сказалі там. І давялося зьвяртацца, бо на кожным кроку ўзьнікалі перашкоды. Па-першае, узрост не студэнцкі. Па-другое, мне не залічылі Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі, таму давялося ісьці ў 10 кляс Карэліцкай вячэрняй школы. Скончыў яе з сярэбраным мэдалём, адной коскі не хапіла да залатога. Здаў экзамэны ў Тэхналягічны інстытут па спэцыяльнасьці мэханічная апрацоўка драўніны, прыходжу — у сьпісках паступіўшых мяне няма. Я ў прыёмную камісію. Дырэктар інстытута і кажа: “Вам 30 гадоў, як вы з блазнамі гэтымі вучыцца будзеце?” Я ў ЦК іду, у Маскву пішу, потым зноў заяву пакідаю цэкоўскаму міліцыянэру. Адказ быў кароткім: “Вучыцеся завочна”. Ну, а завочна — значыць, працаваць трэба.
    Пайшоў на Мінскі падвалкавы завод. Не ведаеце, што такое падвалак? У нас сяляне заўжды так называлі: падвалак (падшыпнік), тулейка (утулка), трыба (шасьцярня). Завадчане-студэнты неяк вельмі хутка пачалі ў мяне кансультавацца. Як толькі вызвалілася месца канструктара, узялі мяне туды. Займаўся мэталям, а вучыўся на драўніну. Перавёўся ў політэхнічны. У АН тым часам пачаліся досьледы ў галіне аўтаматычнага праектаваньня ў машынабудаваньні, і мяне за руку прывялі да Г. Гаранскага, загадчыка лябараторыі Інстытута матэматыкі і вылічальнай тэхнікі. На базе лябараторыі і стварылі Інстытут тэхнічнай кібэрнэтыкі, дзе працую і цяпер.
    — Унікальная зьява, — сказалі масквічы, калі я абараніў доктарскую. — Прафэсар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі — і былы зэк?!
    Слабасьць адна ў мяне ёсьць — не люблю ў прэзыдыюмах сядзець. Іншая справа, калі даводзіцца весьці навуковую нараду, сэкцыю ці сэмінар: парадак павінен быць... Што цаню ў людзях? Праўдзівасьць і сумленнасьць. І працавітасьць, вядома. Калі супрацоўнік здольны працаваць, ды не працуе, я адпаведна рэагую. Не злуюся ўнутрана, не — проста ведаю яму цану. Кожны чалавек — гэта часьцінка людзтва, адсюль і ступень патрабавальнасьці.
                                                                      Маці і Беларусь
    Самы дарагі для мяне чалавек — мая маці, Кацярына Аляксандраўна. Усё, што цаню ў іншых, было і ў ёй. Бежанкай падчас Першай сусьветнай яна пабывала ў Пецярбурзе, на памяць Пушкіна дэклямавала, Крылова. З немаведама адкуль узятай кніжкі чытала Купалу, Коласа, Чарота, навучыла мяне да школы чытаць, выконваць чатыры арытмэтычныя дзеяньні. За неканфліктны характар, добразычлівасьць і веды яе паважалі вяскоўцы. Маці нам, малым, першая сказала, што мы беларусы. Малітваў шмат ведала і нас далучала да царквы. У жыровіцкія сьвятыя мясьціны штогод хадзіла з жанчынамі, так што і беларускасьць, і вера ўва мне прачнуліся з дзяцінства. Таму і абразок пры сабе ў арміі насіў. Прафэсарам ужо ў часы засільля атэізму на службу хадзіў — то ў царкву Аляксандра Неўскага, што на вайсковых могілках, то ў сабор. Спавядацца, каб асабліва не “засьвечвацца”, даводзілася езьдзіць на раёны. А галоўнае — мне страшэнна не хапала беларускага асяродзьдзя. Я і на мітынгі хаджу толькі для таго, каб пачуць жывую беларускую гаворку. Я тады душой адпачываю. На працы заўжды размаўляю па-беларуску. Сына назваў Усяславам, а дачку Рагнедай.
    У няволі падчас узьнікала неадольнае жаданьне бачыць Бацькаўшчыну. Здавалася, што калі б хоць на паўгадзіну мяне прывезьлі пад Воршу ці Вілейку, Калінкавічы ці Пружаны, Стоўбцы ці Лепель — усё роўна куды, — я б тады прыціснуўся да зямлі, увабраў у сябе водар любога краю, а пасьля хоць на доўгія пакуты ў лягер, хоць на сьмерць...
    Але надараліся хвіліны, калі ў мяне ўзьнікала страшная думка, што Беларусь існуе толькі ў маім уяўленьні. Бо хоць землякоў-беларусаў у лягеры было шмат, аднак большасьць з іх слаба разьбіралася ў нацыянальным пытаньні, мела невысокую адукацыю, размаўляла па-руску. Іншыя нацыянальнасьці з гэтага боку выглядалі лепш. Як тут ні страціць веру! Але напрыканцы 1955-га года ў Барзаскі лягер (Кузбас) прывезьлі Міколу Асіпенку, засуджанага як лідэра пастаўскай маладзёвай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў, што існавала ў пасьляваенны час у вучэльнях Глыбокага і Пастаў. Як я абрадаваўся, калі даведаўся ад Міколы аб існаваньні гэтай арганізацыі! Пасьля шматгадовага расстаньня з радзімай я чуў ад яго чысьцюткую родную мову, меў магчымасьць амаль штодзень сустракацца з чалавекам майго ўзросту, улюбёным у Беларусь. Ён верыў у лепшыя дні нашага народа, разважаў аб нашай гісторыі, мэтах, памкненьнях, культуры. Ён быў тады днявальным у памяшканьні будаўнічай брыгады, большасьць якой складалі сібірскія немцы, а я працаваў нарміроўшчыкам, і гэта спрыяла нашым стасункам і сустрэчам. У рэдкі вольны час мы бясконца гутарылі, дэклямавалі вершы, сьпявалі свае песьні... І Беларусь перастала здавацца мне адбіткам нейкай надта жаданай нерэальнасьці. Я дасюль дзякую Богу, што ён паслаў Міколу Асіпенку ў наш менавіта лягер і тым дапамог мне ў апошнія месяцы няволі пазбавіцца горкіх пачуцьцяў. Бо сам факт існаваньня Асіпенкі бясспрэчна сьцьвярджаў, што Беларусь — ёсьць, што яна жыве.
    /Літаратура і Мастацтва. Мінск. № 36. 4 верасьня 1998. С. 14-15./
 




    Раковіч Аляксандр Гаўрылавіч, нарадзіўся 28. 11. 1926 г. у в. Лясок. Доктар тэхнічных навук (1986), прафесар (1987), правадзейны член Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій (1993). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1978). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1963). Працаваў на Мінскім падшыпнікавым заводзе, у Інстытуце матэматыкі і вылічальнай тэхнікі (1963-1965), Інстытуце тэхнічнай кібернетыкі (1965-1998) Акадэміі навук Беларусі. Аўтар шматлікіх навуковых прац. Памёр 22. 2. 2000 г.
                                                                 Зямлі сваёй адданы сын
    Імя Раковіча як буйнога спецыяліста па аўтаматызацыі канструктарска-тэхналагічнага праектавання аб’ектаў і працэсаў, вырабу аснасткі ў машынабудаванні добра ведаюць у Беларусі і за яе межамі. Ён распрацаваў тэарэтычныя асновы алгарытмічнага сінтэзу канструкцый, метады, мадэлі і пакеты прыкладных праграм аўтаматызаванага праектавання тэхнічных сістэм.
    У 1942-1944 гг. ён скончыў у Навагрудку 6-месячныя настаўніцкія курсы і беларускую настаўніцкую семінарыю. 3 23 ліпеня 1944 г. служыў у Чырвонай Арміі. Бацькі атрымлівалі. пахвальныя лісты ад камандавання. Яго фота было надрукавана ў часопісе “Советский воин”. Але 30 чэрвеня 1948 г. камандзіра “снайперскай гарматы” Паўночна-Каўказскай акругі беспадстаўна рэпрэсіравалі ў Навачаркаску Растоўскай вобласці і адправілі ў сібірскі ГУЛАГ, дзе ён працаваў на рудніках у Якуціі і Забайкаллі, лесараспрацоўках у Кузбасе. 28 красавіка 1956 г. рашэннем Камісіі Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР быў вызвалены, пазней поўнасцю рэабілітаваны Вярхоўным Судом.
    Мара аб набыцці адукацыі прывяла яго спачатку ў Карэліцкую вячэрнюю школу рабочай моладзі, якую ён скончыў з сярэбраным медалём (1957), а потым у Беларускі лесатэхнічны інстытут, адкуль ён перавёўся ў Беларускі політэхнічны інстытут. Адначасова ў 1957-1963 гг. працаваў на Мінскім падшыпнікавым заводзе галтоўшчыкам, старшым інжынерам-канструктарам, інжынерам-тэхнолагам. Пасля сканчэння БПІ ў 1963 г. па спецыяльнасці “Тэхналогія машынабудавання, металарэжучыя станкі і інструменты” перайшоў на працу ў Акадэмію навук у лабараторыю пад кіраўніцтвам заснавальніка Інстытута тэхнічнай кібернетыкі, члена-карэспандэнта АН БССР Г. К. Гаранскага, дзе пачаў займацца аўтаматызацыяй праектавання сродкаў тэхналагічнага аснашчэння (у 1963-1965 гг. у Інстытуце матэматыкі і вылічальнай тэхнікі, а з 1965 г. у Інстытуце тэхнічнай кібернетыкі). Тут спатрэбіліся яго веды і ярка раскрыўся талент даследчыка, удумлівага навукоўца. Прайшоўшы пасады галоўнага інжынера, кіраўніка групы, старэйшага навуковага супрацоўніка, ён у 1968 г. быў абраны загадчыкам лабараторыі, якой кіраваў 30 гадоў.
    За комплекс навуковых прац па тэорыі аўтаматызацыі праектавання ў машынабудаванні ў 1978 г. яму прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі. У 1970 г. выдадзена першая манаграфія, потым яго кнігі рэгулярна друкаваліся ў Маскве і Мінску. Сааўтар шырока распаўсюджанага двухтомнага даведніка “Станочные приспособления” (М., 1984). Яго даклады гучалі на міжнародных канферэнцыях у Чэхаславакіі, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы і іншых краінах.
    У 1980-я гады ў Маскве выдадзены падручнік па сістэмах аўтаматызаванага праектавання тэхналагічных працэсаў, прыстасаванняў і рэжучых інструментаў, вучэбныя дапаможнікі, манаграфіі. Распрацаваныя ім метады і праграмныя комплексы ўкаранёны на многіх прадпрыемствах СССР.
    У 1993 г. А. Г. Раковіч быў арганізатарам і першым акадэмікам-сакратаром Беларускага аддзялення Міжнароднай акадэміі інфармацыйных працэсаў і тэхналогій, на базе якога была створана ў 1996 самастойная Міжнародная акадэмія інфармацыйных тэхналогій.
    Валодаючы высокім навуковым патэнцыялам, ён працягваў інтэнсіўна і плённа працаваць над стварэннем праектуючых і вытворчых камп’ютэрных сістэм у машына- і прыборабудаванні да апошніх дзён жыцця.
    М. П. Савік
    /Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Карэліцкага раёна. Мінск. 2000. С. 508-509./
 





                                                                          [С. 284-285.]





Brak komentarzy:

Prześlij komentarz